Прома-група ВЮ
Аповед пра “трохгаловага цмока”
|
Дарагія сябры! У мяне апошнім часам зьявілася нядобрая звычка не тлумачыць нічога ў сваіх залішне інфарматыўных допісах, дзе, па шчырасьці, дастаткова шмат новага, складанага і цьмянага :) як для вас, так і для мяне самой :) (жартую, канечне, бо ніколі не пішу пра тое, чаго ня ведаю). У дадзены момант я тут, каб выправіць сваю фатальную памылку і адказаць на важныя для мяне і, спадзяюся, для вас таксама, пытаньні. Дык вось. На старонках майго блога пару дзён таму ў сувязі з праэктам “Выявы-2009: Дыялог зорак” (якім мы літаральна трызьнім ужо некалькі месяцаў – настолькі ён грандыёзны) зьявілася дзіўная і не знаёмая вам дагэтуль назва “прома-група ВЮ”. Некаторыя мае сябры, скажу вам па сакрэце, пачалі прапаноўваць свае, у тым ліку самыя неверагодныя, вэрсіі адносна таго, што гэта такое. Насамрэч французскае слова “vu” перакладаецца як “убачанае”. Што ж, урэшце, можна ўбачыць у гэтым самым ВЮ, калі прыгледзецца?  Спачатку ў поле вашага зроку, сябры мае, мусіць патрапіць бялявая шэравокая літара В, якая пры дэталёвым разглядзе акажацца дзяўчынай Вікай, г.зн., без залішняй сьціпласьці, мной :). В, аднак, далёка не галоўная літара ў алфавіце, як вы разумееце, таму яна з прыемнасьцю саступае мейсца вытанчанай, чарнявай, з вачамі шакаладнага колеру літары Ю – Юліі Новік. Для таго, каб больш ня ўводзіць вас у зман і не ствараць ілюзіі зроку :), прызнаюся, што прома-група (дарэчы, упершыню менавіта такое азначэньне нашай бурлівай мэнэджэрскай самадзейнасьці, нашай прыватнай ініцыятыве дала найцудоўнейшая, найталенавіцейшая Таня Беланогая) складаецца з трох чалавек. Побач зь літарамі ВЮ увесь час віртуальна прысутнічае прыгожы сілуэт Дар’і Бельскай, прафэсійнага дызайнера, якая жыве ў Варшаве, але душою і думкамі :) заўсёды ў Менску, у цэнтры культурных падзей. Такім чынам, ВЮ у сапраўднасьці прадстае ў выглядзе “трохгаловага цмока”, і гэтыя сьветлыя галовы :) штодзень вырашаюць складаныя задачы, зьдзяйсьняюць “мазгавыя штурмы” дзеля таго, каб вам было прыемна, цікава і карысна наведваць імпрэзы, што арганізоўваюцца і праводзяцца прома-групай. Паколькі галоваў тры, то, суадносна, і асноўных мэтаў у прома-групы тры: 1. Рэалізацыя доўгатэрміновых літаратурна-мастацкіх праэктаў, у тым ліку міжнародных, 2. Арганізацыя і правядзеньне культурных мерапрыемстваў: сустрэч, дыскусій, прэзентацый, майстар-клясаў з мэтай актуалізацыі беларускамоўнай культуры ў нашым грамадстве, 3. Адкрыцьцё і падтрымка маладых талентаў, выданьне электронных кнігаў і дыскаў. Стварэньне агульнай моладзевай прасторы для творчасьці, дыялогу, абмену вопытам. Варта адзначыць, што чым галоваў у цмока больш, як вы ведаеце зь беларускіх народных казак :), тым больш ён разумны і трывушчы, таму прома-група ВЮ абвяшчае адкрытасьць сваёй суполкі і запрашае да супрацоўніцтва альтэрнатыўных творцаў, электронныя і друкаваныя СМІ, ЖЖ-камьюніці, - карацей, усіх тых, каму неабыякавае актуальнае беларускае мастацтва. Створым культурную прастору разам! Мы гатовыя адказаць на любыя, нават правакацыйныя пытаньні :), па падрыхтоўцы і правядзеньні нашых праэктаў. 
|
|
|