РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лістаючы бачыны мінулага
1
        Усё далей сплывае ўдалеч, у змрок
        Той край, дзе люба усё...
        О, Беларусь! Хай так, мы зь верай
        Цябе і ўдалеч панясём!
«Разьвітаньне»
        
        Не адно паэт, што пісаў гэтыя радкі, але, плывучы ў далёкую, нязнаную Амэрыку, думала гэтак і бальшыня ыгнаньнікаў-уцекачоў, «перамешчаных асобаў», ДП, як афіцыйна называлі нас тады акупацыйныя ўлады у зруйнаванай вайной Нямеччыне. I сапраўды: апынуўшыся тут, мы неяк не пачуліся разгубленымі, цалкам самотпымі між чужымі, бо згуртаваці нас яшчэ ў Нямеччыне ў большыя ці меншыя грамадкі гэтак званыя лягеры ДП, арганізаваныя дабрадзейнымі арганізацыямі дзяржаваў-пераможнікаў у трох акупацыйных зонах Нямеччыны – амэрыканскай, ангельскай і французскай.
        Адным зь першых найбольшых гэткіх лягераў быў лягер у Рэгенсбургу, старым і прыгожым нямецкім мейсце над Дунаем. Побач зь «перамешчанымі асобамі» з амаль усіх краінаў Усходняе Эўропы знайшла тут прытулак і вялікая беларуская група.
        У складзе ейным былі навукоўцы, пісьменьнікі й паэты, выдатныя кампазытары, опэрныя сьпевакі, артысты сцэны ды балета, а што, можа, было найважнейшым для нас у тую пару, – група вельмі добрых пэдагогаў-пастаўнікаў. Было ў ёй і ці мала дзяцей ды моладзі. Трэба было даць ім нейкую «спажыву для душы», для духу ў дадатак да «спажывы для цела», аб чым рупіліся прыгаданыя ўжо вышэй дабрадзейныя арганізацыі.
        I вось у Рэгенсбургу была неўзабаве адчынена нашымі энтузіястамі, на чале з др. Аляксандрам Орсам, Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы.
        Як некалі, гады таму, адчыненую ў Вільні напрыканцы 1919 года Першую Віленскую Беларускую Гімназію ахрысьцілі пазьней ейныя гадунцы, а за імі і ўсё беларускае грамадства, «кузьняй беларускага духу», гэтак і Беларускую Гімназію імя Янкі Купалы сьмела можна назваць гэтым самым слаўным іменем. Бо хто ведае, ці б мелі мы сёньня на чужыне гэткуго моцную творчую грамаду, што годна рэпрэзентуе Беларусь ужо больш чым паўвека, каб не яна?
        Сталася гэта вельмі проста. У 1946 годзе, неяк пад восень, беларуская група была перанесена зь перапоўненага шматнацыянальнага лягера ў Рэгенсбургу ў меншы, але паводле складу ўжо чыста беларускі лягер Міхельсдорф каля невялікага баварскага гарадка Кам. Пераехала з намі ў Міхельсдорф і Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы. У склад ейных настаўнікаў запрасілі й мяне выкладаць нямецкую мову ў 2-й і 3-й клясах і французскую ў старэйшых. З падручнікамі было сьпярша цяжкавата, але неўзабаве праца наладзілася. Міналі дні й тыдні, і я шчыра палюбіла сваіх вучняў. Дапамагло мне як настаўніку яшчэ й тое, што я была вызначана ў нашым лягеры г. зв. культурным рэферэнтам, што планаваў і праводзіў, у згодзе з пэдагогамі гімназіі, лягерную культурную працу, а гэта – сцэнічныя выступы, лекцыі ды канцэрты. У кожнай гэткай імпрэзе брала вялікі ўдзел і нашая моладзь, амаль выключна вучні гімназіі. Гэтыя якраз пастаноўкі неяк задзіночвалі, лучылі мяне з маймі хлапцамі й дзяўчаткамі, што было мне вялікай дапамогаю і ў клясе.
        Воляю добрага лёсу ў нашым лягеры апынулася шмат выдатных працаўнікоў мастацтва, між імі кампазытары Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Мікола Равенскі, опэрная сьпявачка Барбара Вержбаловіч, Натальля Чэмярысава, артысты драмы й балета, пісьменьнікі ды паэты. Усе яны вельмі ахвотна ўлучыліся ў культурнае жыцьцё лягера, бо ж «не адным хлебам жыве чалавек». А побач з прафэсійнымі артыстамі ў культурным жыцьці лягера заўсёды брала ўдзел і нашая моладзь, вучні малодшых і старэйшых клясаў гімназіі імя Янкі Купалы.
        Памятаю, як яшчэ ў Рэгенсбургу было зладжана, пад кіраўніцтвам нашых прафэсійных мастакоў, вельмІ ўдалае Купальле, з удзелам, можна сказаць, не толькі нашае школьнае ды гімназіяльнае моладзі, а ўсяго нашага лягера: хто, з дазволу, ведама, лягерных уладаў, цягнуў зь недалёкага лесу елачкі ды бярозкі, каб упрыгожыць сцэну, хто пасыпаў ейныя негабляваныя дошкі пахучым аерам, нарваным у балотцы за лягернымі будынкамі, хто майстраваў на сцэне сапраўднае вогнішча, бо якое ж гэта Купальле без вогнішча! А вучні старэйшых клясаў гімназіі, пераважна дзяўчаты, лёталі за сцэнай, як тыя матылі, прымяраючы сьвежаадпрасаваныя вышываныя беларускія кашулі ды хвартушкі.
        I якое ж прыгожае атрымалася, памятаю, гэтае Купальле і ці мала спрычынілася да гэтага якраз і нашая гімназіяльная моладзь!
        А якую казу змайстравалі пры дапамозе кампазытара Равенскага старэйшыя вучні гімназіі на Каляды 1946-га, здаецца, года, і як весела пад музыку, адмыслова напісаную кампазытарам, каза гэтая тупала, трасучы галавой, па лягернай залі!
        Асабліва, аднак, запамяталася мне адна гэткая нашая імпрэза – мантаж, падрыхтаваны намі з кампазытарам Куліковічам з нагоды чародных угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 года.
        Ужо, як далёкі сон, бачу я нашую больш чымся сьціплую лягерную залю-сталоўку, прымітыўную сцэну, а на ёй, разьмешчаны паўколам, наш лагерны вучнёўскі хор. Пад гукі музыкі, напісанай нястомным кампазытарам Куліковічам да мае «Песьні каліноўцаў», рады хору паволі разыходзяцца і на цёмнай сцэне відаць сьцяну, закратаванае турэмнае вакенца, а пад вакном стол зьблізу дапаленай ужо сьвечкай і пахіленую над ім постаць... Кастуся Каліноўскага.
        – Беларусы, браты мае родкыя, – паволі пачынае чытаць нізкаватым пранікнёным голасам «Каліноўскі» – вучань нашае гімназіі Вітаўт Кіпель, – з-пад шыбеніцы маскоўскай даводзіцца мне сягоньня да вас пісаць, і, можа быць, раз астатні... – і цёмная заля замірае... Не памятую ўжо, хто даручыў яму гэтую ролю, хто вучыў яго дэклямаваць гэтыя словы, але й голас і інтанацыя ягоныя былі гэткія натуральныя, гэткія праўдзівыя, што ўсім нам у сьціхлай залі здавалася, што не наш Вітаўт, а сам ён, Кастусь Каліноўскі, чытае тут нам свой апошні «Ліст з-пад шыбеніцы». І калі прагучэлі апошнія словы ліста, у змрочнай залі было ціха, як не было ў ёй, хіба, ніколі...
        Незвычайную гэтую цішыню парушылі, аднак, гукі музыкі, і хор пачаў паволі выходзіць ізноў на сцэну, засланяючы і турэмную камеру, і постаць таго, хто аддаў за народ свой жыцьцё.
        
Палыном і быльлём парасьлі нашы нівы,
Як ні б’ёмся, ні гнёмся над імі у крук,
Плён зьбіраюць паны з маскалямі, не дзіва,
Што гаруе народ Твой і Ты, Беларусь!
        
        Гукі песьні мацьнелі:
        
Але годзе! Мы ўстанем! Ціхім раньнем, на ўсходзе,
Ссыплем, згорнем у шапкі залатую зару
І ў сталёвым ад кос і ад песьняў паходзе
Возьмем волю сабе і Табе, Беларусь!
 
Гэй, сьмялей, гэй, далей, не лякаймася сьмерці!
Нашы целы і славу сыны падбяруць,
Хоць і зложым на пожнях гарачыя сэрцы,
Але Ты будзеш жыць і расьці, Беларусь.
                                    («Песьня каліноўцаў», Менск, 1942)
        
        Мінула шмат гадоў ад гэнага памятнага вечара, ды мне здаецца, што каб не яно, не слова «Беларусь», якім жылі тады мы ўсе, і настаўнікі, і гадунцы Беларускае гімназіі імя Янкі Купалы, не было б на амэрыканскай зямлі, ані ў іншых далёкіх краінах сьвету гэткае жывое й дзейнае беларускае эміграцыі.
        Так, «кузьня беларускага духу» – інакш гімназію імя Янкі Купалы не назавеш!

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.