РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Сыс
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нізка абаранкаў
1
        
(Быль, якая здарылася са мной)

        
        Павесіў на шыю нізку абаранкаў, бацьку купіў катанкі і пешкам цераз усю Беларусь іду да Айчыны. Пад Ваўкавыскам у пагудастай баравіне сустрэў бабульку, зарослую вехатнікам і вужоўцам, зь цяжарнаю ваўчыцай пад лядачым крысом.
        – Хто гэта выў? – пытаю палажніцу.
        – Мы, – сказала ваўчыца і пяшчотна зьлізала самасейку-сьлязу з бабульчынай шчакі.
        – Пэўна, галодныя. Калі апошні раз сілкаваліся?
        – На пахаваньні Вячкавым, – адказала ізноў ваўчыца.
        Шкада дрымучую бабульку, шкада цяжарную ваўчыцу, анёж шкада і нізкі абаранкаў, што нясу матулі. Але зьняў яе з шыі і паклаў каля жывога чэрава.
        – Як назавеш дзіцёнка?
        – Імя яму дасьць народ наш.
        – А дзе ён, народ ваш воўчы?
        – Паснуў па бярлогах ды логвах.
        – Ну, бывайце! I мне вельмі трэба пасьпець да сваёй Айчыны.
        Ці доўга ішоў, ці мала, але на паўдарозе сустрэў босую падчарку, яна, прытуліўшыся да заблуднай цялушкі, грэла маленькае цельца. Прыйшлося і яе абуць у катанкі, што купіў бацьку.
        А вось і Айчына, а каля яе рыпучых весьніцаў стуленыя бацька з маці, як тыя два птахі пад кастрычніцкімі зябамі.
        – Матуля, нёс я табе на шыі нізку абаранкаў – не данёс. Бацька, нёс я табе цераз плячо катанкі – не данёс. Колькі было веставых крыжоў на шляху, столькі сустрэў пакутнікаў. А вы ж самыя ўсё жыцьцё мяне вучылі: не абміні гаротніка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.