РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Змагар
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мой жыцьцяпіс
...
        Перад тым, як пачаць апiсваць свой жыцьцяпiс, я мушу коратка спынiцца на радаслоўнай маiх дзядоў, якiя мелi вялiкi ўплыў на ўсё маё жыцьцё.
         Прадзед майго бацькi, якi пасьля першага падзелу Рэчы Паспалiтай (Польшчы й Вялiкага Княства Лiтоўскага) быў моцна пакрыўджаны маскалямi, ратуючы сваё жыцьцё, падаўся ў Запарожскую Сеч. Валодаючы надзвычайнай сiлаю, ён хутка здабыў сярод запарожцаў вялiкую пашану. Ды нядоўга яму давялося красавацца сярод запарожцаў. Цераз пару гадоў маскоўская царыца Кацярына выкарыстала нагоду й зруйнавала Запарожскую Сеч. I павандравалi запарожцы на Кубань пад чэчэнскiя кулi. Там нарадзiўся мой прадзед i вырас моцны, як дуб. Ваяваў з туркамi, быў у Пэрсii ды, вярнуўшыся на Кубань, не паладзiў з атаманам, стаўленiкам i вялiкiм халуём маскоўскага цара, i выехаў на Беларусь у Слуцкае Палесьсе, у дрыгву якога не дасягала нага маскаля. Празь якi час мой дзед, Тарас Яцэвiч, купiў у засьценку Збудзiшчы Грэскай воласьцi 100 дзесяцiн зямлi. Ён быў такi самы асiлак, як i ягоныя дзяды, з дубiнаю хадзiў на мядзьведзя й ненавiдзеў маскалёў. Быў ён спрытным коньнiкам i пачаў вучыць мяне коннай язьдзе, калi мне было толькi 4 гады. Не забыцца ягоных слоў: «Будзе й тут бяда, i табе гэта прыдасца. Калi вырасьцеш, падавайся на Кубань. Там ёсьць беларускiя станiцы. А калi й там будзе бяда, то валi ў Чэчню. У чэчэнскi аул нi адзiн маскаль ня ступiць».
         Што датычыцца майго дзеда па мацеры, то хоць ён i не валодаў такою неймавернаю сiлаю, як дзяды па бацьку, але ён быў таленавiты красамоўца -- баечнiк. Апавядаў ён вельмi цiкавыя байкi, часта пераплятаючы з гiстарычнымi слаўнымi падзеямi Вялiкага Княства Лiтоўскага.
         «Ведайце, дзеткi, -- казаў ён, -- што мы ня рускiя. Мы й не беларусы. Мы -- лiцьвiны. Наша слаўнае калiсь магутнае Валiкае Княства Лiтоўскае заваявалi маскалi, назвалi сябе рускiмi, а нам далi назоў "беларусы" дзеля падабенства з рускiмi. Не забудзьце гэтага, як вырасьцеце. Любеце волю».
         Нарадзiўся я ў 1903 г. у вёсцы Цараўцы Слуцкага ўезду ў сям'i вясковага хвэльчара. У 4 гады быў аддадзены да бабкi ў засьценак Збудзiшчы Грэскай воласьцi. Там дзед Хведар апавядаў цiкавыя байкi, а дзед Тарас вучыў верхавой язьдзе, што мне вельмi падабалася, i ў 10 гадоў я зь лёгкасьцю скакаў цераз канавы, кусты й нават цераз невысокiя жэрдачныя платы, што мне потым, як быў у казачым войску, вельмi прыдалося. Маючы 8 гадоў, паступiў у народную трохклясавую пачатковую школу, якую ня скончыў, бо ў 10 гадоў бацька аддаў мяне ў падрыхтоўчую клясу Слуцкае клясычнае гiмназii. Вучыўся я вельмi добра, любiў чытаць розныя прыгоднiцкiя апавяданьнi, асаблiва забароненыя для гiмназiстаў, пра Ната Пiнкертона, Нiка Картэра, Шэрлака Холмса, Тэхаскага Жака i iншых. Асаблiва мне падабаўся герой Дзiкага Захаду, галава племенi сiўксаў Вiцi Бэр. У мiжчасе бацька навучыў мяне плаваць, i я лёгка пераплываў Случ. У 1915 г., падчас калядных вакацыяў, мы мелi заданьне апiсаць iх. Замiж аднаго лiстка я напiсаў цэлы сшытак, красачна абмаляваўшы беларускiя Каляды на Случчыне. Успомнiў я i «зорку», i «казу», i «мядзьведзя з жоравам», i «цыгана з кабылаю», i калядныя пачастункi, i гаданьне пад Новы Год. Апiсваў я па-руску, але песьнi й гутаркi пiсаў па-беларуску. Мой сшытак зараз-жа быў перададзены iнспэктару гiмназii А. А. Вазьнясенскаму, i на другi дзень я быў вызваны ў ягоны габiнэт. Зайшоў са страхам, бо думаў, што будзе гутарка пра забароненую лiтаратуру. Але ён мяне адразу супакоiў, аддаў мой сшытак, зрабiўшы свае заўвагi, пахвалiў ды парадзiў чытаць Лермантава й Пушкiна, дадаўшы, што зь мяне можа выйсьцi добры пiсьменьнiк.
         Перад рэвалюцыяй абшарнiкi пачалi прадаваць свае маёнткi, i мой бацька купiў 24 дзесяцiны. Занялiся сельскай гаспадаркаю.
         Радасна сустрэлi апавяшчэньне 25 Сакавiка -- Дня Незалежнасьцi. Гiмназiсты выдалi першы свой часапiс «Прамень» i зьмясьцiлi мой першы верш «Прамень».
         У Слуцку на чале з Жаўрыдам працуе Камiтэт. Войскi чужынцаў -- немцаў, палякаў, чырвоных маскалёў, руйнуючы беларускiя сялiбы, перакачваюцца па нашай бацькаўшчыне. Баронячыся ад чужынцаў, беларусы хапаюцца за зброю, а ў 1920 г. уся Случчына паўстала супраць крывавай навалы маскоўскiх чырвоных катаў i зацята абаранялася ў няроўнай барацьбе. Бацька з аддзелам у 80 стралкоў апэраваў у тылу чырвоных, зьнiшчыў iхны карны аддзел Цыганкова ды, ранены, трапiў у палон. Я i iншыя юнакi былi ў разьведцы. Бацьку i iншых, узятых у палон, расстралялi, а мне пашчасьцiла ўцячы. Трапiў да «зялёных». Каля мяжы новапаўсталае Польшчы я й мой сябра Iльлюк Кобер былi злоўлены й трапiлi ў Слуцкую вязьнiцу. Амаль год нас там катавалi. Паспытаў я й жудасны халодны карцар (2 тыднi прабыў у цёмных лёхах вязьнiцы), але, як вялi на расстрэл, зноў меў шчасьце ўцячы. Зноў -- да «зялёных». Былы камандзiр аднаго з аддзелаў балахоўцаў Якаў Трухан радзiць мне i Iльлюку Коберу паступiць у Беларускi Дзяржаўны Ўнiвэрсытэт.
         Спачатку я арганiзаваў у Цараўцах гурток СБМ, а потым у 1924 г. зрабiў фiкцыйны падзел маёмасьцi зь сям'ёю ды перадаў належныя мне 4 дзесяцiны зямлi ў Цараўскую воласьць, за што атрымаў паперы, што я пралятар i ня маю нiякае ўласнасьцi, а Iльлюк дастаў паперы, што ён -- батрак.
         Я здаў iспыты на «выдатна», Iльлюк-жа, ня маючы закончаных 4 клясаў, нiчога ня здаў, але як батрак быў прыняты ўмоўна, што зь цягам часу iспыты здасьць, а мяне не прынялi, бо хоць пралятар, але ня меў спраўкi аб працы. Наступнага году я такую даведку дастаў i паступiў у БДУ. I то з дапамогаю Iльлюка, якi пасьпеў пралезьцi ў камсамол. Атрымаў стыпэндыю -- 17 рублёў у месяц, зь якiх 12 вылiчвалi на абеды, адзiн на выпiску газэты «Правда» або «Известия», адзiн -- на МОПР i iнш., 4 рублi выдавалi на рукi для закупу хлеба, солi, цукру цi паперы або алоўка. Лазьня i iнтэрнат былi бясплатныя. Жыў упрогаладзь. Летнiмi вакацыямi пайшоў на чорную работу ( капаць канавы. Акрамя грошай, атрымаў даведку як чарнарабочы ды заадно й характарыстыку аб сумленным выкананьнi работы.
         У 1927 г. шырока разгарнулася нацдэмаўская праца й пачалiся арышты. Iз студэнтаў БДУ першаю ахвяраю быў вельмi здольны студэнт 2-га курсу лiтаратурна-лiнгвiстычнага аддзелу сябра Крывiцкi.
         Насоўвалася пагроза арышту, а таму раней напiсаныя каля паўтысячы вершаў з тэматыкай Бацькаўшчына, Слуцкае Змаганьне, каханьне -- давялося схаваць, каб потым пры нагодзе перадаць для друку за мяжу.
         Уключаюся ў нацдэмаўскую краязнаўчую працу, прымаю актыўны ўдзел у выступах «Сiняе Блюзы», навязваю сувязь з былымi слуцкiмi паўстанцамi ды, каб мець рабочыя дакумэнты, iду на будаўнiчыя працы, спачатку -- абутковай хвабрыкi, а потым Унiвэрсытэцкага гарадка. Дома не начую.
         Маючы характарыстыкi з будаўнiчых работ як «ударнiк», у 1929 г. паступiў на працу ў мэханiчны аддзел вагона-рамонтнага заводу «Полымя Рэвалюцыi», адкуль, каб мець дакумэнт сярэдняй школы, паступiў на 2-i курс электратэхнiчнага аддзелу Вячэрняга Рабочага Ўнiвэрсытэту, куды прымалi выключна рабочых. Цяпер, маючы ў кiшэнi два харошыя дакумэнты з фотаздымкамi (школьны сьведчыў аб маiм пралятарскiм паходжаньнi, а завадзкi даваў права бясплатна ехаць прыгарадным поездам), я адчуваў сябе больш-менш бясьпечна на выпадак уцёкаў зь Менску.
         У 1930 г. адбылося раскулачваньне хутаранцаў, арыштавалi матку, брата Валодзю, сясьцёр Лiду й Любу й выслалi за Урал, пачалi шукаць мяне. Не знайшоўшы дома, пакiнулi картку, каб я зьявiўся ў НКВД. Прачытаўшы ранiцаю вызаў, я доўга не марудзiў, сеў на прыгарадны цягнiк, ад'ехаў ад Менску ды купiў бiлет да Батуму, блiжэй да турэцкай мяжы. У Харкаве была перасадка. Чакаць трэба было да ночы. Перад адыходам цягнiка была аблава, i я выратаваўся толькi дзякуючы бяспрытульнiкам, якiя выключылi сьвятло й церазь невялiчкую бакоўку вылезьлi ў вакно й дапамаглi пралезьцi мне. Назаўтра даехаў да Ўладзiкаўказа, вылез з вагона й вырашыў iсьцi пешкi па Ваенна-Грузiнскай дарозе да Тыфлiсу. Прайшоў 110 кiлямэтраў, вельмi змарыўся, пару дзён адпачываў у парку, даехаў да Батуму, перабрацца за мяжу не ўдалося, успомнiў дзедаву параду, вярнуўся на Кубань у Краснадар, потым у Цiхарэцкую, дзе паступiў на працу на паравоза-рамонтны завод ды як кубанскi казак завербаваўся на працу ў Данбас (у гэты час на Кубанi быў голад), а потым 11 студзеня 1932 г. трапiў як курсант-аднагадзiчнiк у 34-ы Растоўскi Кавалерыйскi полк 6-й Чангарскай дывiзii, адкуль, як сярэднi камандзiр запасу, 19 лiстапада 1932 г. дэмабiлiзаваўся.
         Паехаў у Менск. Праходжу паўз будынак НКВД. Вартавыя салютуюць мне. Бачна, кубанская папаха й камандзiрская хворма маюць нейкi ўплыў. Пасьмялеў i вырашыў паехаць на Случчыну, зiрнуць на свой хутар. Прыехаў. Будынкаў ужо не было, а выскачыўшы з-за куста чырвонаармеец адказырнуў маёй камандзiрскай хворме, запытаў пропуск ды сказаў, што без дазволу хадзiць пабочным асобам тут забаронена, бо гэта ваенны палiгон. Я хутка варочаюся назад у Менск.
         У пошуках настаўнiцкае працы зьвяртаюся ў Менскi Гарадзкi Аддзел Народнай Асьветы. Не памагла й вайсковая хворма, бо назаўтра сказалi, што працы ня маюць. Не знайшлося працы, нават часовай, i па «лiкбезу». Па знаёмству трапiў на мясакамбiнат, дзе арганiзаваў спачатку групу, а потым цэлую школу з трыма настаўнiкамi па лiквiдацыi непiсьменнасьцi. А плата за працу йшла не ад ГарАНА, а ад Наркамату харчовай прамысловасьцi.
         У 1934 г., не жадаючы мець блiжэйшага знаёмства з НКВД, выяжджаю ў Кiеў. На маё шчасьце, у гэты час у Кiеве адчыняюцца дзевяцiмесячныя Ўсесаюзныя курсы сьпiртавое прамысловасьцi з аддзелам хiмiкаў, куды я, дзякуючы дакумэнту з Рабочага Ўнiвэрсытэту, лёгка ўладкоўваюся. У прыгожых лябараторыях Кiеўскага цукровага iнстытуту на Саломенцы курсанты вывучалi хiмiю й мiкрабiялёгiю.
         Ледзь пасьпеў скончыць курсы, як атрымаў позву ў НКВД. Палажыўшы яе назад у паштовую скрынку, я тэрмiнова пакiнуў Кiеў. Зноў Менск. Па знаёмству -- праца ў якасьцi зьменнага iнжынэра на дражджавым заводзе. Адначасна -- асьпiрантура. Дацэнт.
         31 жнiўня 1937 г. прызначаны дырэктарам 14-й сярэдняй школы дарослых, адначасна працую ў завочным сэктары Менскага пэдвучылiшчы, а таксама ў Iнстытуце гаспадарнiкаў.
         Зноў позва ў НКВД i ўцёкi на Каўказ, а там -- Нальчык. 24 чэрвеня 1938 г. -- Бячайскi перавал, зварот назад у Менск, рэгiстрацыя ў ваенкамаце, дванаццацiдзённы практычны збор, а ў хуткiм часе -- шасьцiдзесяцiдзённы вучэбны збор КУКЗ у Новачаркаску, пасьля якiх, атрымаўшы званьне сотнiка, дэмабiлiзаваўся як камандзiр запасу. Сувязi з школамi ня трачу й належную мне зарплату, як настаўнiку, атрымлiваю таксама са школ.
         16 сьнежня 1940 г. зноў мабiлiзаваны й накiраваны ў 69 Аддзельны Разьведбатальён. Зноў дэмабiлiзаваны, але ў хуткiм часе ў студзенi 1941 г. зноў прызваны й накiраваны ў 145 Казачы полк 4-й Данской Казачай дывiзii. У маёй сотнi былi чэчэнцы, iнгушы, лезгiны ды iншыя каўказкiя iнародцы, якiя люта ненавiдзелi маскоўскiх парабацiцеляў i царскiх, i савецкiх часоў.
         28 жнiўня 1941 г. я зноў у Менску. Намесьнiк Менскае акругi Р. Астроўскi прапануе мне вельмi выгадную гаспадарча-харчовую працу ў Менску. Я адмаўляюся. Тады накiроўвае ў Смалявiцкi раён дапамагчы старшынi Пятровiчу арганiзаваць раённую Ўправу.
         29 верасьня 1941 г. еду на працу раённага школьнага iнспэктара ў Радашкавiцкi раён, дзе адчыняю 50 народных школаў i гiмназiю. Паколькi немцы дазвалялi адчынiць толькi адну гiмназiю на акругу, дык дыпляматычна была астаўлена адна гiмназiя ў Радашкавiчах як гiмназiя Вялейскай акругi, а тры iншыя (у Ракаве, Гарадку i ў Алёхнавiчах) перайменаваныя ў Агульна-адукацыйныя курсы з гiмназiяльнаю праграмаю. Разам з гэтым адчыняю Завочныя настаўнiцкiя курсы.
         29 кастрычнiка 1941 г. адчыняю Беларускую народную школу ў Раёўцы Iльлянскага павету.
         17 лiстапада 1941 г. Галоўны iнспэктарат накiроўвае мяне на пасаду акруговага школьнага iнспэктара ў Вялейку, ад чаго я адмовiўся i атрымаў вымову.
         25 жнiўня 1942 г. Галоўны iнспэктарат накiроўвае мяне на пасаду акруговага школьнага iнспэктара ў Лiду, я адмаўляюся, тады прызначаюць спачатку Н. Мядзейку, а потым -- палкоўнiка М. Дзямiдава. Я еду ў Васiлiскi павет на месца iнспэктара, замардаванага польскiмi тэрарыстамi, i ўключаюся ў школьную й нацыянальную працу.
         1 сакавiка 1943 г. атрымлiваю прызначэньне ў якасьцi школьнага iнспэктара на Жалудоцкi павет, дзе польскiя тэрарысты таксама замардавалi школьнага iнспэктара, ягонага сакратара й старшыню павету.
         У жнiўнi 1943 г. працую ў якасьцi кiраўнiка акруговых настаўнiцкiх курсаў ў Лiдзе ды дапамагаю палкоўнiку М. Дзямiдаву арганiзаваць Беларускую самаахову ў Лiдзе.
         3-га сьнежня 1943 г. прымаю справы яшчэ й Шчучынскага школьнага iнспэктарату ды пераяжджаю ў Скрыбава.
         У вольны час пiшу вершы ды часам газэтныя артыкулы. Арганiзую ўшанаваньне нашых нацыянальных i рэлiгiйных сьвятаў, гурткi дэклямацыi, хор i рэфэраты.
         27 чэрвеня 1944 г. быў дэлегатам ад Лiдзкае акругi на Другiм Усебеларускiм Кангрэсе.
         Хутка насоўваюцца на Менск чырвоныя маскалi. Беларуская Цэнтральная Рада выяжджае. У Скрыбаве Лiдзкай акругi падарвалi iхны цягнiк. На шчасьце, вагон БЦР застаўся цэлы. Наведваю сяброў БЦР ды атрымлiваю «шутцбрыф». Маючы на руках такi важны дакумэнт, захоплiваю таварны вагон ды пачынаю пераносiць свае пакункi, асаблiва з кнiгамi. Адначасна ўладжваю ў вагон вiцебскага вэтэрынара з кароваю ды сям'ю са Смаленшчыны, таксама з кароваю. Забягаю ў Мажэйкаўскi, паўкiлямэтра ад Скрыбава, спiртзавод ды, на ўсялякi выпадак, набiраю бiклажку сьпiрту.
         Прапусьцiўшы цягнiкi зь Менску й Лiды, наш цягнiк са Скрыбава адыходзiў астатнiм i мог трапiць у рукi чырвоных, што мы цяжка перажывалi. Едзем па маршруту на Вiльню. Вiльня ўжо захоплена ворагам. Паварочваем на Варшаву. Не жадаючы ехаць у Нямеччыну, выладоўваемся, не даяжджаючы Варшавы, у Скрудзе. Наведваюся ў Беларускi Камiтэт у Варшаве, там сустракаю былога аднакурсьнiка па БДзУ Плашчынскага. Аднойчы, вярнуўшыся з Варшавы, даведаўся, што савецкiя партызаны, спаткаўшы Смаленца, пыталi, цi не нацдэм я й цi ня ўдзельнiк Другога Ўсебеларускага Кангрэсу. Тагды-ж уначы перабiраемся ў Варшаву, адкуль немцы вязуць нас у Лiцманштат.
         Уцякаем у пусты вагон iншага цягнiка й трапляем у Петрыкаў, а потым у Чэнстахоў. Цягнiк iдзе ў Чэхаславакiю, куды i я хачу, але немцы адчапiлi наш вагон, i мы трапляем у лягер зь сем'ямi ўкраiнскiх палiцаяў i цэлым статкам кароў. Жывецца вельмi добра, бо мяса й малочных прадуктаў дастаткова. Праз колькi месяцаў напраўляюць мяне на працу ў якасьцi бухгалтара на ваенную фабрыку, а жонку -- у «люфт-вафэ». Зноў уцёкi. Непрыемнасьцi з жандармэрыяй. Заступнiцтва нейкай знатнай нацысткi, i мы -- у Вене. Тут-жа i атаман Штоўхань.
         14 жнiўня 1944 г. трапляем у лягер Штрасгоф. Кругом калючы дрот i вартавыя. Пару глыткоў сьпiрту, i я прапушчаны за вароты. Даведваюся ўнiвэрсытэту, рэгiструюся як навуковец, атрымлiваю прадуктовыя карткi, раблю закупы й варочаюся назад. Вартавы атрымлiвае пару сiгарэт.
         29 жнiўня пераяжджаю ў Дзюрхгангслягер.
         18 верасьня маю накiраваньне ў Грац на працу па славiстыцы ва ўнiвэрсытэце. Я рыхтуюся. Да мяне падышла якаясь славутая на ўсю Польшчу гадалка й выгадала мне сьмерць падчас паездкi. Паездку адкладаю на суткi й застаюся жывы, бо цягнiк быў ушчэнт разбамбардаваны ангельскай авiяцыяй.
         Пераяжджаю ў iншы лягер, зь якога на дзень выпускаюць, каб самi шукалi сабе работы, але кормяць добра, i работы нiхто не шукае. Аднойчы зьявiлiся эсэсаўцы, каб усiх нас арыштаваць i паслаць на фронт капаць акопы. За дзьверы нiкога не выпускаюць. Чарка сьпiрту адчынiла мне дзьверы. Зьяўляюся да беларускай арганiзацыi, каб дапамаглi нам у нашай бядзе. Тэлефануюць. Адказваюць, што нiчым дапамагчы ня могуць. Еду ў штаб казакаў. Тыя хутка акружаюць наш лягер, кольбамi вiнтовак адчыняюць дзьверы i ўсiх вызваляюць з-пад стражы.
         12 кастрычнiка 1944 г. я на прыватнай кватэры ў Швадорфе, Вена. Маючы дакумэнты школьнага iнспэктара беларускiх школ на Беларусi, iду да дырэктара ваеннай фабрыкi з прапановаю адчынiць пры фабрыцы дзiцячую беларускую школу. За тыдзень было ўсё арганiзавана, i школа пачала працаваць.
         23 кастрычнiка 1944 г. паведамляю ў Бэрлiн БЦР.
         25 кастрычнiка 1944 г. атрымлiваю з БЦР ад кiраўнiка аддзелу прапаганды, прэсы й культуры Аўгена Калубовiча ўпаўнаважаньне для адчыненьня ў Вене беларускай пачатковай школы. Адчыняю яшчэ тры школы й прызначаю настаўнiкамi паэта Алеся Салаўя, мастака Пятра Мiрановiча й былую настаўнiцу Радашкавiцкага павету Паплаўскую.
         9 сьнежня 1944 г. школьны рэфэрэнт БЦР доктар А. Орса высылае мне другi дакумэнт.
         Час iдзе, i насоўваецца з Югаславii савецкае войска. Мiнула 2 месяцы, а настаўнiцкай зарплаты не атрымалi. Асiнскi й Кiт зь Вены выехалi, а разам зь iмi, пэўна, i настаўнiцкая зарплата, а мы яе чакаем. У стале запiска, каб я прыняў iхныя справы. Раптам заскочыў зьвязны прэзыдэнта Астроўскага лейтэнант Анатоль Плескачэўскi. «Уцякайце, -- прапануе, -- хутка рускiя зоймуць Вену». -- «Ня маем за што ехаць, чакаем на зарплату». -- «Вам выслана». -- «Не атрымалi». -- «Чакайце. Еду да прэзыдэнта. Заўтра вярнуся». I, дзякуй яму, назаўтра мы атрымалi грошы.
         Цягнiкi перапоўнены. Трэба ўцякаць пешкi. Я, Алесь Салавей i нашы жонкi ўпраглiся ў каляску з нашымi рэчамi. Па дарозе заскочыў у канцылярыю Нацыянальнай Нямецкай Рабочай партыi, бяру «маршбэфэль» з дазволам праезду з каляскаю на Аахэн, а адтуль -- на далейшы праезд. Патрэбу запiсу далейшага праезду я вытлумачыў таму, што, пакуль мы даедзем да Аахэну, там будзе ўжо варожае войска.
         Дарога ў цэнтар Вены забiта хурманкамi. Дарога ўлева на поле свабодная. Жандары. Паказаў пропуск. Прапусьцiлi, але папярэдзiлi, што ў тым кiрунку рухаецца рускае войска зь Югаславii, i трэба сьпяшацца. Едзем усю ноч. Справа ад дарогi гараць аўстрыйскiя сялiбы, зьлева -- канава й кустарнiк. Назаўтра даведалiся, што амаль поруч з намi, 200-300 мэтраў зьлева, рухалася савецкае войска. Карыстаючыся iхнаю перадышкаю, мы перасеклi дарогу й накiравалiся на Бадэн, мяркуючы папасьцi на поўдзень да казакаў. Не ўдалося, i мы павярнулi на Пёльтэн, а потым на Рыд (Верхняя Аўстрыя). Спыняемся ў Кiрхгайме. Амэрыканцы.
         12 чэрвеня 1945 г. з дазволу амэрыканскай вайсковай улады арганiзую Беларускi Камiтэт Непаваротцаў i шмат каго ратую ад прымусовай высылкi на Радзiму або ад сьмерцi. Зьвязваюся з кiраўнiком Беларускага Камiтэту ў Зальцбургу сп. Уладзiмерам Гуцькам, дапамагаю ўкраiнцам арганiзаваць Украiнскi Камiтэт у Рыдзе, навязваю лучнасьць са старшынёй Беларускага Камiтэту ў Лiнцы пастарам Янам Пятроўскiм, арганiзую беларускую школку, хор, чытаю рэфэраты, пiшу вершы й раман «Случчына ў вагнi».
         1946 г. Канчаю 1-ую квадру рамана, выдаю апрацаваны вершам казачны абразок «Рэпка». Праводжу нацыянальную працу, як i раней.
         1947 г. Выдаю апавяданьне «Случчакi», у Рыдзе пры IРО канчаю курсы й здаю экзамен на майстра па вырабу лялек, перапiсваюся зь Лявонам Рыдлеўскiм, былым слуцкiм паўстанцам, ды пасылаю скаргу аж у Жэневу на апанаванае маскалямi лягернае кiраўнiцтва за адмову запiсаць у анкеце маю нацыянальнасьць -- беларус. Адчыняю ў лягеры беларускую дзяцiнную школу.
         1948 г. Рыхтуюся да выезду ў Францыю.
         23 травеня 1949 г. у лягеры «Жывэт», на мяжы з Бэльгiяй.
         2 лiпеня 1949 г. падпiсваю кантракт на сельскагаспадарчыя працы ў мiльянэркi -- фармаркi Дуршон Iвон у вёсцы Сантэны, правiнцыi Сайн-Уаз. Кожнае нядзелi еду ў Парыж на беларускiя сходкi. У хуткiм часе мяне абiраюць на старшыню Беларускай сэкцыi Французкага Хрысьцiянскага Саюзу, i я зноў уключаюся ў актыўную нацыянальную працу.
         Быў прыняты ў сябры Рады БНР. Выконваю абавязкi першага сакратара Рады БНР, кiраўнiка Французкай сэкцыi Рады, арганiзоўваю пры Сындыкаце з дапамогаю артыста Аўгена Кавалеўскага беларускi драматычны гурток, хор, гурток народных скокаў, дэклямацыi, уваходжу ў рэдкалегiю часапiсу «Баявая Ускалось», чытаю рэфэраты, адкрываю беларускую школку.
         1-га сакавiка 1951 г. пераяжджаю на працу да Профiта ў Вiнант пар Жуар.
         Пачынаюцца мае непаразуменьнi з прэзыдэнтам БНР Абрамчыкам. Я, былы прыхiльнiк БАПЦ, радзiў Абрамчыку аднавiць яе, але не рабiць зь яе палiтычнага прыдатку ягонага палiтыканства. Дый палiтычнай эмiграцыяй ён лiчыў толькi чырвоных, а нашу эмiграцыю лiчыў калябарантамi, у той час як я лiчыў усiх тых, хто вырваўся з чырвоных кiпцюроў ад сьмерцi й трапiў за мяжу, палiтычнымi эмiгрантамi. Па сваiх паглядах ён быў «ружовы». Не чырвоны (iнтэрнацыянальны), а ружовы (нацыянальны камунiст), а я быў антыкамунiст, нацыянал-дэмакратычны анархiст, працiўнiк усялякае дыктатуры.
         У Парыжы я пазнаёмiўся зь вельмi здольным студэнтам гiстарычных навук Сарбонскага ўнiвэрсытэту Янкам Фiлiстовiчам, кiраўнiком беларускай моладзi.
         1952 г. Працую ў якасьцi першага мэтрдатэля ў палацы буйнога мiльянэра Мэтэталя (Шато дэ Пэроз). Пiшу апавяданьнi й вершы.
         1-га лютага 1953 г. залiчаны ў склад сяброў Беларускага Вызвольнага Руху й прыпiсаны да афiцэрскага корпусу. Пасада -- культрэфэрэнт пры штабе БВР.
         Рыхтуюся да эмiграцыi ў Злучаныя Штаты Амэрыкi, працую мэтрдатэлем, у вольны час пiшу раман «Случчына ў вагнi».
         Увесь час майго перабываньня ў Францыi супрацоўнiчаю з часапiсам «Моладзь». Быў неафiцыйным рэдактарам газэты «За Волю», але, пасьля таго, як абрамчыкавая цэнзура не прапусьцiла маiх артыкулаў «Лiстапад» i «За незалежнасьць Беларусi», я ад удзелу адмовiўся. Напiсаны ў 1952 г. верш «Да згоды», паслаў у бэнээраўскую й бэцээраўскую прэсу, але нi адна зь iх майго верша не надрукавала, тагды паслаў Хмары, i той надрукаваў. Прапанову Абрамчыку i Астроўскаму прыйсьцi да паразуменьня ды спачатку чаргавацца прэзыдэнцтвам i вiцэ-прэзыдэнцтвам, а свае Рады злучыць у адну Раду, якая з часам i абярэ сабе прэзыдэнта Рады, Абрамчык катэгарычна адкiнуў.
         Перад ад'ездам у ЗША мяне наведаў сьвятар Фiнкоўскi, ведамы мне яшчэ зь Беларусi, калi пад Менскам iрвалiся бомбы, а ён адважна адкрываў цэрквы, правiў Богаслужбы ды масава хрысьцiў дзяцей i дарослых.
         1 сакавiка 1956 г. у Нью-Ёрку (ЗША). Ад беларусаў прыгожа сустрэла мяне юначка Галiна Ганчарэнка.
         2-га сакавiка я ў Клевеландзе, дзе на мяне чакаў сябра Аўген Каханоўскi. Ён вельмi дакладна азнаёмiў з жыцьцём у Амэрыцы.
         Уключаюся ў нацыянальную працу, выступаю на сходцы Аб'яднаньня Беларускiх Нацыянал-Дэмакратаў (АБНД), затым на сходцы аддзелу БАЗА. Еду ў Саўт Рывэр.
         У Нью-Ёрку сустракаюся з М. Паньковым, I. Плашчынскiм, Н, Мядзейкай i Паплаўскай.
         Запрошаны старшынёй Нацыянальнай Беларускай Рады Мiкалаем Дзямiдавым, еду ў Чыкага, знаёмлюся з жонкай былога сакратара беларускага ўраду Варонкавай, са Змагаром-Чарапуком, зь якiм моцна падружыўся, ды з другiмi актывiстамi старой эмiграцыi. Выступаю па радыё. Лена Кузьмiцкая й Валя Ламакава зачытваюць «Шляхi Беларускага Вызвольнага Змаганьня», на сцэне Лена з Валяй танцуюць «Лявонiху».
         Запрошаны Хмараю ў Таронта на ўшанаваньне ўгодкаў Слуцкага паўстаньня, выступаю з успамiнамi.
         У Клевеландзе падтрымлiваю сьвятара Крыта ў ягонай абароне праваслаўя ад вунiяцтва.
         У 1962 г. выдаю зборнiк вершаў «Да згоды». Выступаю з рэфэратамi на сходах. Працую ў БВР.
         У 1963 г. працую настаўнiкам у беларускай суботняй школе. Пiшу драматычныя п'ескi «25 Сакавiк», «Купала», «Коляды» для арганiзаванага знанаю беларускаю сьпявачкаю Iрай Калядою драматычнага гуртка, а для школкi -- «Калядныя сьняжынкi», «Школьныя хiбы» й шэраг вершаў.
         У 1965 г. выдаю кнiгу «Вызвольныя Шляхi» й газэту «Незалежная Беларусь».
         У 1967 г. выдаю кнiжку «Лесавiкi».
         У 1973 г. працягваю выдаваць газэту «Незалежная Беларусь» i выдаю кнiжку «Пражэктар». Падрыхтаваны да друку: «Па крывых каляiнах» -- апавяданьнi, «Кветка шчасьця» -- драматычныя творы, «Жыве Беларусь» -- вершы, «Пад чаромхай» -- вершы, «Край дзiваў, песьнi й красы» -- 1-ая квадра рамана «Случчына ў вагнi».
         У 1978 г. пераяжджаю ў Флёрыду, купляю хату, канчаю пiсаць раман «Случчына ў вагнi» ды працягваю нацыянальную працу, выступаю ў школах для iншанацыянальных студэнтаў з рэфэратамi пра Беларусь, выступаю ў Дзень Паняволеных Народаў, а таксама выкарыстаў радыё «Вольны Кабул» для прызыву беларускiх жаўнераў не зьнiшчаць адважных афганскiх патрыётаў у iхнай барацьбе за вызваленьне Афганiстану.
         Пiшу ў беларускiя газэты «Беларускi Голас» i «Беларускi Час», а таксама ў казацкiя часапiсы «Казачье Слово» й «Казачья Жизнь».
         Што да майго сямейнага жыцьця, то на Бацькаўшчыне я меў блiзкiх прыяцелек, але афiцыйна жанiцца ня мог, каб не нараджаць iх на небясьпечныя спатканьнi з НКВД. Жанiўся я падчас нямецкай акупацыi. Быў шчасьлiвы. Жонка Валя дапамагала мне ў нацыянальнай працы як на бацькаўшчыне, так i ў Аўстрыi, Францыi i ў ЗША, аж пакуль у 1957 г. не адышла ад мяне. Празь якi час я зноў пачаў выступаць з рэфэратамi, а для дапамогi, асаблiва ў сьпевах па-беларуску, пачаў запрашаць студэнтак -- японак, кiтаянак, в'етнамак, мэксiканак, пэруанак, калумбiек, гватэмалак ды iншых з Паўдзённай Амэрыкi, якiх я навучаў пець па-беларуску за два тыднi. Выступы нашы карысталiся надзвычайным посьпехам. Асаблiвым посьпехам адзначыўся выступ прыгожае маладое японкi, апранутай у народнае беларускае адзеньне, у ролi багiнi Шчодры.
         Цяпер маю клопат, каб выдаць мае падрыхтаваныя да друку творы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.