РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзеці настаўніцы
1
        Віка стаяла каля акна. На дварэ кружыла мяцеліца. У шалёным віхры сняжынак плылі і кружыліся хаты на другім баку вуліцы. Увесь свет кружыўся ў снежнай каламуці. І снег быў не белы - Віка бачыла яго з мноствам вясёлкавых адценняў: чырвоных, зялёных, жоўтых. Плывуць хаты... Незнаёмыя. Фантастычныя. Гойдаюцца. З боку ў бок, зверху ўніз... Дзяўчыне пачало здавацца, што і сама яна некуды плыве. Куды? У целе - дзіўная лёгкасць, быццам яно страціла вагу. І ў галаве лёгка, замест думак пра маці - радкі добрых, прыгожых вершаў. Яна прачытала іх ціха і выразна:
        
        На холмах Грузии лежит ночная мгла;
        Шумит Арагва предо мною.
        Мне грустно и легко...
        
        Не скончыла: вершы не пераставалі звінець самі, і яна ўслухалася ў іх чароўную музыку.
        Павел, які сядзеў на канапе і прагна курыў, чамусьці хаваючы папяросу ў рукаве, уздрыгнуў і баязліва паглядзеў на сястру. Яна стаяла на фоне белага акна ў чорнай сукенцы. Дзіўна не пасавала да гэтага жалобнага адзення белая-белая марля, якой была абвязана Вікіна шыя, і прыгожыя, непатрэбныя ў такі час валасы, якія, здавалася, ажно ззялі ўрачыстым святлом.
        Мама яшчэ пазаўчора сказала ім, старэйшым: «За вас я спакойна. За Віку баюся, яна такая ўражлівая. Не крыўдзіце яе». А некалькі год назад ён, Павел, гаварыў сваім сябрам: «Віцька ў нас самая дурная». Старэйшая сястра папрасіла яго паўгадзіны назад: «Паглядзі за Вікторыяй. Яна зусім хворая. Суцеш». Але як суцешыць? Чым? Ён нахіліўся і прыкурыў другую папяросу, недакурак расцёр пальцамі і сунуў у кішэнь ватоўкі.
        - Мне грустно и легко, - нечакана зноў паўтарыла яна.
        Павел не на жарт спалохаўся. Што яна вярзе? Што з ёй?
        Баялізва паклікаў:
        - Віка!
        Яна не адгукнулася, толькі як бы прыслухалася да нечага - напружылася ўся. А потым раптам стукнулася лбом у раму, ажно зазвінелі шыбы.
        - Ма-ма! Ма-мачка! Навошта? Навошта ты пакінула нас?
        Павел супакоіўся. Падышоў, нясмела абняў сястру.
        - Віка, не трэба...
        - Мама, родная...
        - Нельга, дурная, так. Вазьмі сябе ў рукі. Гору не паможаш. Можа, табе лепш легчы?
        Ён прыклаў сваю вялікую шурпатую далонь да яе гарачага лба, прыцягнуў яе галаву да сябе. Яна паслухмяна павярнулася, гаротна глянула на брата праз заслону слёз і ўпала тварам яму на плячо, на ватоўку, ад якой пахла саляркай.
        - Паўлік! Чаму мы такія няшчасныя?
        Ён хацеў адказаць, што не лічыць сябе няшчасным, бо, здалося яму, Віка мае на ўвазе не толькі смерць маці. Але зразумеў, што сказаць так у гэты момант - жорстка. Хіба ён менш любіў маці? Проста яму лягчэй таму, што ён падрыхтаваў сябе і што ён - мужчына.
        Асцярожна, як цяжка хворую, адвёў сястру ад акна на канапу. Сам сеў побач.
        Яна закрыла твар далонямі і доўга сядзела моўчкі.
        Паўлу вельмі хацелася закурыць, але чамусьці здавалася, што гэта непрыстойна - курыць каля яе.
        - Не, не, не! - Віка сціснула кулакі, стукнула імі сябе па каленях, прашаптала: - Я не магу пагадзіцца!.. Не магу паверыць! Няма мамы? Нашай мамы? - і зноў надрыўна крыкнула: - Мама! Чаму ты? Ты, разумная... добрая... патрэбная... Усім патрэбная. Нам! Людзям! Цябе так любілі, мама, родная. Усе любілі. - Яна павярнулася да брата, схапілася за рукавы яго тоўстай мяккай ватоўкі. - Не, ты скажы мне! Чаму мама? У сорак сем год... Пражыўшы такое жыццё!.. Дзе ж справядлівасць? Няўжо нельга было ўратаваць? Такая навука!
        - Рак, - коратка і сумна сказаў Павел.
        - Рак, - памаўчаўшы, паўтарыла яна, як бы згаджаючыся ўрэшце, што ратунку не было.
        - Нам доктар сказаў месяц назад.
        - Месяц? - Яна паглядзела на яго з дакорам і страхам: «Вы ведалі месяц назад, што мама памрэ, і так спакойна паводзілі сябе, спакойна працавалі? Чэрствыя ў вас сэрцы!»
        Яна не сказала гэтых слоў. Яна заплакала зноў:
        - Вы ўсё ведаеце. І хаваеце ад мяне. Вы ўсё яшчэ лічыце мяне маленькай. А гаворыце пра дружбу. Якая ж ваша дружба? Чаго яна варта?
        - Не трэба, Віка, - разгублена папрасіў Павел. - Мы любім цябе. У цябе кволае здароўе.
        - Кволае! Яны шкадавалі маё здароўе! О божа...
        - Баліць горла?
        У чырвоных заплаканых вачах яе бліснулі іскры злосці.
        - Я не разумею вас! Не разумею! У такі час у вас быццам адзін клопат - пра маё здароўе. Ага! Цябе паставілі вартаваць мяне? - Яна ўсхапілася, ірванула павязку на шыі. На падлогу ўпала кампрэсная папера і жоўтая ад лякарстваў вата.
        - Я пайду! - Яна знергічна махнула марлевай касынкай.
        Але Павел прытрымаў яе за руку.
        - Я прашу цябе, - прамовіў ён ціха і мякка, нахіліўшыся, каб падняць з падлогі вату і паперу; выпрастаўшыся, сказаў больш сурова, уладна: - Не рабі глупства. Пачакаем Зарыну, - асцярожна, але настойліва пацягнуў за руку, прымусіў зноў сесці побач з ім.
        Віка ўпала на канапу, зноў заплакала, бязгучна, але - адчуваў ён - цяжка, несуцешна. І ў Паўла больш не было слоў суцяшаць яе. Ён, ледзь дакранаючыся, гладзіў яе плячо і думаў, што яна - слабая дзяўчына, характарам слабая, бязвольная, што яго, напрыклад, ніхто не здолеў бы ўтрымаць, ён даўно пайшоў бы, папоўз, які б хворы ні быў, каб пабачыць маці. Маці? Не, тое, на што ён глядзеў гадзіну назад, - гэта не маці ўжо. Незнаёмы васковага колеру нос і сінія сціснутыя вусны - вось што запомнілася. І яго больш не цягнула туды. Яму хацелася, каб маці ў яго памяці засталася жывая. Дурненькая Віка, яна не ведае, як гэта добра, каб можна было не бачыць яе мёртвую. Цераз галаву сястры ён глядзеў у дальні паўзмрочны куток пакоя, дзе вырысоўвалася кніжная паліца, і... убачыў маці, жывую.
        Убачыў у той момант іх жыцця, калі ён прычыніў ёй боль, нечакана і рашуча заявіўшы, што не пойдзе ў дзесяты клас, а паступіць на курсы трактарыстаў. Яна не злавалася, не крычала, не адгаворвала. Але ён помніць, як раптам упалі яе маленькія рукі... Яна сядзела там... Не, яна сядзела вунь там, каля грубкі. Ён перавёў туды позірк. І голас яе ўпаў таксама. Яна сказала амаль шэптам:
        - Падумай, сынок.
        Пасля, калі загаварылі аб перабудове школы, а ён паступіў у вячэрні дзесяты клас, маці сама згадзілася і ўсім казала, што Павел зрабіў разумна. Але прыгадаўся чамусьці толькі смутак - калі яна, напэўна, падумала, што сын не апраўдаў яе надзей. І такой засмучанай бачыў яе цяпер: яна сядзела каля грубкі ў старым плеценым крэсле, знясілена апусціўшы рукі... Ён жахнуўся: мёртвыя рукі. Акрамя носа і вуснаў ён убачыў яшчэ там, у бальніцы, яе рукі, таксама чужыя, незнаёмыя, белыя і сухія.
        Павел заплакаў, па-свойму, па-мужчынску: у горле рос, распухаў салёны і горкі камяк - ажно цяжка стала дыхаць, а грубка і дзверы раздваіліся і паплылі ў туманную далячынь. Ён успомніў іншыя выпадкі, калі быў непаслухмяны, упарты, шкадлівы, прыносіў мацеры шмат непрыемнасцей, і стала яму балюча, ён ненавідзеў сябе ў гэтую хвіліну.
        Яны абодва ўздрыгнулі, пачуўшы, што стукнулі дзверы. Адарваліся адно ад аднаго, застылі ў чаканні.
        Але, гэта яна, іх старэйшая сястра Зарына. Яна ўвайшла ў пакой, не абмёўшы снег з чорных валёнак, не атросшы сняжынак з каўняра і хусткі. Стомленай, села каля стала. Маўчалі. Вікін позірк прыцягнуў снег на Зарыніных валёнках - як ён хутка пачаў раставаць, на чырвонай дывановай дарожцы ўтвараліся малюсенькія люстэркі вады. Віка падумала, што Зарына заўсёды была надзвычай акуратнай - да педантычнасці. Як бы яна раней накінулася, каб хто з іх, малодшых, зайшоў у такім выглядзе ў пакой.
        Кроплі расы заблішчалі на каўняры і на яе апушчаных бровах: яна сядзела з заплюшчанымі вачамі. Яны нецярпліва чакалі. Чакалі ад яе незвычайных слоў. Яна сказала:
        - Труну паставяць у фізкультурнай зале.
        Пакутліва перасмыкнуліся Вікіны вусны: яе абразіла, што цела маці паставяць у той зале школы, дзе заўсёды было шумна і весела.
        «Чаму ў фізкультурнай?» - хацела спытаць яна, але чамусьці не адважылася. Паглядзела на брата, спадзеючыся, што нешта скажа ён. Павел панурыў галаву і камячыў у руках вату яе кампрэса.
        Зарына сказала:
        - Трэба даць тэлеграму бацьку.
        - Але. Трэба зараз жа даць яму тэлеграму! - горача падтрымала Віка, ускочыла з канапы, усхваляваная, ступіла да старэйшай сястры, быццам тая сказала нарэшце самае галоўнае - тое, чаго яна, Віка, так напружана чакала.
        Павел са здзіўленнем паглядзеў на малодшую сястру.
        - Схадзі, Паўлік, на пошту, - ласкава папрасіла Зарына.
        Ён злосна шыбануў скамечаную вату. Падняўся, адвярнуўся да акна. Адсек:
        - Не пайду! Не хачу!
        - Паўлік! - са страхам і дакорам прашаптала Віка.
        - І не завіце мяне Паўлікам! Які, да чорта, я вам Паўлік? - сярдзіта крыкнуў ён.
        «Але, так зваць яго мела права толькі маці. Які ён Паўлік?» - падумала Зарына, гледзячы на шырокую спіну брата. Яна ўздыхнула:
        - Добра, Павел... Паша... Не злуйся. Не трэба... Я сама.
        Яна паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Ён адвярнуўся ад акна і паглядзеў на яе. І раптам убачыў, як змяніўся яе твар: пабялелі шчокі, углыбіліся вочы, пацямнелі. Зарына пастарэла за адзін дзень.
        Паўлу стала сорамна. Ён прайшоў да дзвярэй, спыніўся там, сказаў, не ўзнімаючы вачэй:
        - Добра, я пайду. Дай адрас.
        Віка падбегла да этажэркі, схапіла тоўсты том слоўніка расейскай мовы, разгарнула і падала Паўлу канверт.
        Зарына сказала:
        - Напішы: «Памерла мама. Дзеці».
        Але, калі ён ужо адчыніў дзверы, спыніла яго.
        - Не, не трэба так. Напішы: «Памерла Арына Паўлаўна». І ўсё.
        
        Віка заціснула далонямі вушы, каб не чуць шматгалосага гоману, што далятаў з суседняга пакоя. Людзі абражалі гора. Навошта гэтыя недарэчныя памінкі? Пахаваўшы маці, яе маці, назаўсёды засыпаўшы матчыны ясныя вочы мёрзлай зямлёй, яны п'юць гарэлку. Якая пачварнасць! Гэта ўсё Зарына, яна ні ў чым не хоча адступіць ад звычаяў. «Так робяць усе», - адказала яна на яе, Вікіны, пярэчанні. Але хіба мала неразумных звычаяў?
        Віка на міг адняла далоні ад вушэй. О божа! Хутка яны заспяваюць! Успомнілася, як у школе расказвалі: калі памерла дырэктарава цешча, справілі такія памінкі, што пад канец старшыня сельпо і выкладчык фізікі Рыгор Навумавіч зацягнулі «Шумел камыш». Старшакласнікі смяяліся з гэтага выпадку. І яна, Віка, таксама смяялася. Яна смяялася? Цяпер ёй стала страшэнна сорамна за той смех. Яна павінна была абурыцца! Яна павінна была настойліва запярэчыць і супраць гэтых памінак. Але яна слабая, бесхарактарная. Яшчэ маці казала: «У цябе, Віка, характар - што разагрэты воск. З яго што хочаш можна вылепіць».
        Мама! Дзяўчына праглынула слёзы. Балюча глытаць. Яна нацягнула коўдру на галаву. Пасля пахавання ўрач і Зарына сілком паклалі яе ў пасцель.
        Здаецца, яны трохі сціхлі там. Хутчэй бы разыходзіліся!
        Скрыпнулі дзверы. Увайшоў бацька. Магчыма, ён не ведаў, што яна ляжыць у гэтым пакоі за шырмай. Ці забыўся. Задумлівы і засмучаны, ён прайшоўся ад дзвярэй да акна, спыніўся там, заклаўшы рукі за спіну. Віка падумала, што ён прыгожы, іх бацька: сярэдняга росту, каранасты, у генеральскім мундзіры, які вельмі яму да твару. А потым, на фоне акна, дзяўчына ўбачыла, што ў яго амаль зусім белая галава. І пашкадавала яго. Падумала: «Ён усяго на чатыры гады старэйшы за маму, а ўжо сівы. А ў мамы не было сівых валасоў. Мабыць, нялёгка яму жывецца...»
        Ён пастаяў каля акна і зноў прайшоўся. І раптам пачаў разглядаць малюнкі - яе, Вікіны, малюнкі. Іх многа на сценах, і для кожнага яе эцюда, эскіза, замалёўкі Павел зрабіў прыгожыя рамкі - і з розных парод дрэва, рознай формы. Павел любіў яе малюнкі і шчыра казаў, што зайздросціць яе таленту.
        Бацька адышоў да другой сцяны, і Віка з-за шырмы не бачыла яго, але па асцярожнаму скрыпу ботаў чула, дзе ён ступіў, які малюнак разглядае. Яна напружана ўслухалася, забыўшыся на галасы за сцяной, на памінкі. Ён дайшоў да шырмы і заглянуў за яе. Віка не здолела прыкінуцца, што спіць. Яна сустрэла яго позірк расплюшчанымі вачамі.
        - Ты тут? - спытаў ён і як бы разгубіўся.
        Яго цягнула да малодшай дачкі. Ён на пахаванні быў увесь час побач з ёй. І тут пакінуў памінальны стол, каб знайсці Віку. У яго нарадзіліся нейкія асаблівыя пачуцці да яе. Можа таму, што яна адна, калі ён прыехаў, абняла яго і заплакала. Не, хутчэй таму, што яна больш, чым Зарына і Павел, падобна на маці. Ён глянуў на дачку, як толькі зайшоў у дом, і ў яго скаланулася сэрца: як яна падобна на Арыну! - на тую маладзенькую студэнтку педтэхнікума, з якой ён сустрэўся амаль трыццаць год назад... У той міг ён востра адчуў сваю віну перад ёй. Дагэтуль ён лічыў, што вінавата яна сама, яе ўпартасць, непрымірымасць. Яму здавалася, што яна павінна была зразумець і дараваць. Вайна. Ён быў начальнікам палітаддзела. Ліда - яго памочнікам па камсамолу. Яму было ўсяго трыццаць чатыры гады. Калі гэты раён у сорак трэцім вызвалілі, ён прыехаў і некалькі дзён жыў дома. Арына расказвала, як яна жыла ў час акупацыі з двума дзецьмі - батрачыла. Ад той пабыўкі нарадзілася яна, Віка. Ён не прызнаўся тады, што там, у арміі, яго чакае Ліда. Ён напісаў пра гэта Арыне пазней, калі ў Ліды нарадзіўся сын - Валерый. Ліда не трымала яго. Наадварот, яна адсылала яго да сям'і. «Там трое дзяцей, а ў мяне - адно, і я маладая». Але Арына не магла прыняць, дараваць: занадта многа яна пакутавала, чакаючы яго. Гэта ён зразумеў толькі цяпер, калі яе няма. Гордая ў сваім горы, яна спачатку нават вяртала яму назад грошы, якія ён высылаў на дзяцей. Потым грошы не вярталіся. А год пяць назад яна напісала, што пабудавала за іх дом. Вось гэты вялікі дом, на чатыры пакоі.
        Ён глядзеў на Віку і зноў бачыў Арыну. Успомнілася пахаванне. На ім было вельмі многа народу. Сабраліся не толькі местачкоўцы, але прыйшлі і з многіх навакольных вёсак. Арына дваццаць пяць год настаўнічала тут, і яе любілі. Жанчыны, вучаніцы плакалі. Ён чуў размовы за спіной, калі ішлі да могілак.
        «Цяжкае жыццё пражыла нябожчыца», - уздыхнула нейкая старая.
        «Але прыгожае! Сумленнае!» - адказаў малады голас гучна, падкрэслена; генерал зразумеў - гэта знарок для яго.
        Жанчыны ўвогуле пазіралі на яго не вельмі прыязна.
        Чамусьці ён уявіў там, на могілках, сваё пахаванне. Ваенны аркестр, салют. Будуць гаварыць прамовы генералы. Але хто заплача па ім? Ліда? Сын? Ці заплача Валерык? Хлопец адбіваецца ад рук, у яго дзіўныя захапленні.
        Яму зрабілася холадна ад думкі пра сына, пра сваё пахаванне. Ён увесь задрыжаў. Віка ўпала на труну. Жанчыны паднялі яе. Ён абняў дачку, яна адчула, як ён дрыжыць, і гэта яшчэ больш зблізіла іх.
        Генерал баяўся, што мог прастудзіцца ў дарозе, - ляцеў да Мазыра ў халодным ваенным самалёце. Яму не хацелася захварэць тут. За сталом ён выпіў поўную шклянку гарэлкі (даўно ўжо не выпіваў гэтулькі), каб сагрэцца. І - дзіўна! - цяпер адчуваў сябе зусім хораша.
        Жывы думае пра жывое. Ён пра Валерыка і Віку. Ён яшчэ ўчора падумаў, калі яна прыпала да яго грудзей, што гэта сур'ёзная чулая дзяўчына магла б добра ўплываць на таго шалапута; яны - аднагодкі. Не, ён не думае пра сына. Нічога з ім не зробіцца. Ён думае пра Віку. Яна здольная. Трэба развіць яе здольнасці. Навошта ёй марнець у гэтай палескай глушы?
        Віка не зводзіла з бацькі чырвоных, запалёных ад плачу вачэй, крыху здзіўленая і ўражаная, што ён так доўга маўчыць. Няўжо яму няма чаго сказаць?
        Ён паклаў сваю вялікую руку на яе гарачы лоб, пагладзіў валасы. Ёй захацелася ўзяць і прыціснуць да сваёй шчакі гэту дужую руку, ад якой пахла тытунём і яшчэ нечым незнаёмым. Але яна стрымалася. Ён спытаў:
        - Баліць?
        Яна глытнула.
        - Здаецца, не так.
        - У цябе часта бывае ангіна?
        - Не часта, але бывае. Мы працавалі на ферме. Я распацела і напілася вады. У Паўла ніколі не бывае ангіны. Мама не помніць, каб у яго балела горла. Мама... - Яна асеклася, пакутліва здрыгануліся вусны. Ён суцяшальна пагладзіў яе галаву і перавёў размову:
        - Гэта твае малюнкі?
        Яна кіўнула галавой.
        - Ты добра малюеш.
        - Што вы! - Яна не ведала, як казаць яму - «ты» ці «вы», і пазбягала звароту, хоць ёй вельмі хацелася сказаць гэта дарагое слова - тата. Цяпер, калі няма мамы... Ён угледзеў малюнак над ложкам - першы жоўты кляновы ліст падае з дрэва - і падумаў, што ў малюнках пераважаюць асеннія матывы. Чаму? Ён сказаў:
        - У цябе амаль усюды восень.
        - Я люблю восень.
        Недарэчна было пытаць, чаму яна любіць іменна гэту пару года. Ён хацеў быў сказаць, што Пушкін таксама любіў восень, але адчуў, што гэта будзе наіўна - паведамляць тое, што агульнавядома. Сказаў пра сябе:
        - Малады я пісаў вершы. І таксама больш пра восень.
        Віка здзівілася.
        - Вы пісалі вершы?
        - Уяві сабе. Я марыў стаць паэтам. А жыццё зрабіла мяне ваенным. Жыццё і вайна, - уздыхнуў ён; дзяўчыне зноў стала шкада яго. - Тваё пакаленне будзе шчаслівым, яно не будзе ведаць вайны. Я ваенны - і веру ў гэта. І нішто не перашкодзіць кожнаму з вас выбраць сваю дарогу. Ты будзеш вучыцца!
        - Пасля дзесяцігодкі я паспрабую паступіць у мастацкі інстытут. Калі ў мяне ёсць хоць нейкі талент... Ніхто з сапраўдных мастакоў не бачыў маіх малюнкаў. Мама кажа, што гэта, можа, проста дзіцячае захапленне. Каб я не вельмі думала пра сябе...
        - Мама была добры педагог.
        «Мама была», - адразу прыгадаўся жоўты курганчык на заснежаных могілках.
        Яна закрыла рукамі твар. За сцяной чуліся сапраўды вясёлыя галасы. Яны, галасы гэтыя, стрымалі рыданні, бо з'явілася злосць на людзей, што п'юць на памінках яе мамы, на Зарыну, якая дазваляе ім вясёлую размову. «Яна павінна выгнаць іх. Выгнаць прэч! Трэба папрасіць тату, каб ён пайшоў і сказаў ім, што нельга так!»
        Але бацька ўзяў яе руку, правую; левай яна закрыла вочы і, зноў забыўшыся на памінкі, з незразумелым хваляваннем чакала, што ён скажа нешта незвычайнае. Ёй была прыемна гэта простая ласка: ён трымаў яе руку ў сваіх вялікіх мяккіх далонях і пяшчотна гладзіў тоненькія пальцы. Яна не памылілася - ён сказаў гэта незвычайнае:
        - Віка, я хачу, каб ты паехала са мной у Маскву.
        Колькі яна думала пра гэта! Колькі разоў ляцела туды - у марах і ў снах. Як чэхаўская Ірына. Толькі нікому не выказвала - баялася, каб мама, Павел не падумалі, што ёй хочацца да бацькі. Але цяпер... Зарына, напэўна, выйдзе замуж, да яе ўжо сватаўся механік РТС, перашкодзіла хвароба маці... Павел? Павел жыве сваім жыццём. А ёй трэба вучыцца!.. Няхай бацька вінаваты перад імі, але ж ён бацька. Жыццё такое складанае. Вунь у яго зусім белая галава і смутак у вачах. Яму таксама, відаць, нялёгка. Можа, праз сваю віну ён многа пакутаваў... І цяпер так шчыра просіць яе... А галоўнае - ёй трэба вучыцца! Вучыцца ў Маскве! Хто адмовіцца ад такой магчымасці?!
        Бацька казаў тое ж, пра што яна думала:
        - Я хачу, каб ты зразумела мяне. Ты не маленькая і разумная дзяўчына. Але, я вінаваты... перад мамай, перад вамі. Колькі я перажыў, каб ты ведала... Мне балюча было думаць... Ты зразумей мяне. Я ўвесь час хацеў, каб хто-небудзь з вас быў са мной. Я прасіў маці адпусціць Зарыну, Паўла. Цяпер я хачу, каб ты, ты была са мной. Каб я радаваўся, гледзячы на цябе. Я дапамагу табе вучыцца. Адразу ж сапраўдныя мастакі паглядзяць твае малюнкі... Паступіш у студыю, потым - у акадэмію. Але... Я веру, што ў цябе талент.
        Генерал доўга яшчэ ўгаворваў дачку паехаць з ім. Віка не ўсё чула - яна ўжо хадзіла па музеях Масквы. Ён убачыў, што позірк яе блукае недзе ў прасторы, і спыніўся. Паглядзеў на яе, пакуль яна не вярнулася аднекуль здалёк, нясмела спытаў:
        - Ну як, Віка?
        - Я параюся з Зарынай і Паўлам.
        У яго радасна ёкнула сэрца: дачка згаджалася.
        
        Снедалі позна.
        Генерал некалькі разоў у прысутнасці старэйшай дачкі нецярпліва паглядаў на гадзіннік, не разумеючы, чаму яна не падае снедаць. Потым зразумеў: чакалі Паўла. Зарына чакала. Ёй хацелася, каб за сталом сабралася ўся сям'я.
        Павел на досвітку пайшоў на працу - трэба было прывезці з лугу сена.
        Пакуль ён не вярнуўся, у доме панавала жалобная цішыня. Зарына маўкліва поркалася на кухні. Бацька паўшэптам расказваў Віцы пра Маскву, каб замацаваць яе згоду.
        Павел прынёс радасць працы і жыцця. Загрукаў на ганку, абабіваючы снег з валёнак, кінуў у сенцах нейкую цяжкую рэч, ад чаго ажно ўздрыганула ўся хата. Гучна павітаўся з Зарынай:
        - Добрай раніцы, Зорка.
        Генерал не стрымаўся - выйшаў у пярэднюю, каб паглядзець на сына. Павел кіўнуў яму, як малазнаёмаму госцю. Шапка і каўнер яго зашмальцаванага кажушка былі зацярушаны сенам. Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. І - дзіўна - яны не перамешваліся, гэтыя пахі, яны нібы напластаваліся адзін на адзін: унізе, каля самай падлогі, - снег, зіма, угары - сена, тонкі водар лета. Толькі слабейшыя з іх хутчэй знікалі, быццам раствараліся ў цеплыні пакоя. Натуральна, што першы «растаў» снег. Самым трывалым быў пах машыны - саляркі.
        Павел мыўся на кухні і на поўны голас расказваў Зарыне:
        - Ты ведаеш... ехалі цераз рэчку і раптам - як бухне... Як з гарматы. Лёд трэснуў. Ты не ўяўляеш, як бубухнула. Я ніколі не чуў, каб так... Хлопцы мае - Іван і Ціхан - як зайцы... Быццам ветрам здзьмула іх з трактара на бераг. Спалохаліся, што правалімся.
        - А ты, вядома, застаўся?
        - Не кіну ж я трактар.
        - А каб сапраўды праваліўся?
        - Ды ну, глупства! Паўметра лёду.
        За стол селі моўчкі.
        І адзін Павел адразу накінуўся на ежу. Віка глянула на яго варожа - такім апетытам ён абражаў яе жалобу. Быццам з галоднага краю з'явіўся! Быццам не ўчора пахавалі маму!
        Зарына сказала:
        - Можа вып'еце, мужчыны? - і паставіла на стол пачатую паўлітэрку гарэлкі. Віка і на яе паглядзела са здзіўленнем. Павел, запхнуўшы ў рот вялікую падсмажаную бульбіну, у адказ сцвярджальна прамычаў. Бацька на правах старэйшага ўзяў бутэльку, наліў яму і сабе. У Зарыны спытаў:
        - Табе наліць?
        - Не, я не буду.
        Бацька падняў чарку. Хацеў сказаць: «За светлую памяць маці нашай», але глянуў на Віку, убачыў, што вочы яе напоўнены слязамі, што яна вось-вось разрыдаецца, і нічога не сказаў. Моўчкі зрабіў невялікі глыток. Павел гэтак жа моўчкі выпіў чарку да дна.
        Віка нічога не ела. Зарыну гэта хвалявала. Зусім можа змарнець хворае дзяўчо. Але сказаць сястры, папрасіць, каб тая з'ела хоць што-небудзь, баялася: скажы - заплача і ўцячэ з-за стала.
        Доўга сядзелі моўчкі. Гэта рабілася пакутлівым. Віка нервова качала далонямі па стале хлебны камячок. Павел, з'еўшы каўбасы і сала, зліў сабе на талерку з патэльні тук і апетытна макаў бульбай. Віка раптам адчула, што ёй таксама хочацца есці, і кепска падумала пра сябе і пра ўсіх людзей - што яны, як жывёлы: страўнік мае ўладу над усімі пачуццямі, самымі святымі. Зрабілася так пагана і балюча, што захацелася памерці. Упершыню яна падумала, што смерць - гэта зусім не страшна. Але ў той жа час адчула, што па спіне быццам прагуляўся скразнячок. Не, істота яе пратэстуе супраць смерці! Хіба маці жыла не дзеля таго, каб даць жыццё і шчасце ёй, Паўлу, Зарыне, каб усе разам яны прадоўжылі матчына жыццё? Дзяўчына паклялася ў думках, што ва ўсім будзе падобна на маці.
        Зарына, якая пільна сачыла за сястрой, убачыла, што тая варушыць вуснамі - нешта шэпча сабе.
        І тады старэйшая сястра сказала тое - самае галоўнае, да чаго яна рыхтавалася ўсю раніцу. Сказала Паўлу:
        - Бацька кліча Вікторыю ў Маскву.
        Павел падняў ад талеркі галаву і паглядзеў на бацьку, ды так пранікліва, быццам хацеў пераканацца, ці шчыра ён кліча. Генерал не вытрымаў сынавага позірку і, каб схаваць вочы, наліў у чаркі яшчэ. Ён хваляваўся.
        - У госці?
        - Не. Каб яна вучылася там.
        Павел узяў сваю чарку, выплеснуў гарэлку ў рот і жорстка сказаў Зарыне:
        - А што, ты і твае таварышы - дрэнныя настаўнікі?
        - У Вікі - талент. Яна малюе. Ёй трэба вучыцца, і яна хоча вучыцца. Ты - культурны чалавек, Павел, і табе не трэба доўга тлумачыць, - горача, але яўна разгублена, без бацькоўскай цвёрдасці, пачаў даводзіць генерал. - Каб яна мела магчымасць развіваць свой талент, ёй акрамя звычайнай школы патрэбны спецыяльныя настаўнікі - мастакі. Ты...
        Генерал хацеў сказаць, што ён, Павел, і Зарына ўжо дарослыя людзі, а Віка - яшчэ дзіця, што - вельмі можа здарыцца - Зарына выйдзе замуж, ажэніцца ён, Павел... Пачаў нават казаць, але асекся: не ён выгадаваў іх!
        Павел паглядзеў на Віку. Сястра маўчала, нават на твары яе нічога не адбівалася, рысы быццам скамянелі.
        Павел сказаў з грубай абыякавасцю:
        - Што ж, калі яна хоча... пажыць з мачыхай - няхай едзе.
        Віка ўздрыгнула, бліснула на яго вачамі. У бацькі пачырванелі залысіны і вушы. Ён абразіўся за жонку. Пастараўся сказаць як мага спакайней:
        - Так нельга, Павел. Калі хто вінаваты, дык гэта я. А Лідзія Яўгеньеўна тут ні пры чым. Яна культурная, разумная жанчына...
        - Яшчэ б! Падчапіць генерала...
        Ён прапусціў злосныя словы сына і дакончыў думку:
        - ...Кандыдат навук. Працуе ў інстытуце... Піша зараз доктарскую. Рэдка і дома бывае. Ты, Віка, будзеш галоўным чынам з Валерыем.
        Дзіўна, як ён, вопытны чалавек, выхавацель, які не раз выхваляўся, што ведае шляхі да сэрца любога салдата, не разумеў, што гаворыць зусім не тое. Словамі сваімі ён закранаў самае балючае ў сэрцах дзяцей. Павел хмыкнуў і з'едліва кінуў Віцы:
        - Давай, сястра, ляці! Будзеш няньчыць ёлупа ў вузкіх штоніках. Бацькам, бач, няма калі...
        Віка скінула са стала шклянку і пабегла ў другі пакой. Генералаў твар пабялеў, а шыя налілася крывёю. Яшчэ больш, чым за жонку, ён абразіўся за сына - можа таму, што Павел сказаў горкую праўду. А яшчэ больш яго абразіў тон. Даўно ўжо ніхто з ім так не гаварыў. Ён адвык ад такіх слоў і ад такога тону. І таму з натугай стрымаў гнеў. У думках, праўда, закрычаў: «Шчанюк! Малакасос! Не забывай, хто я і хто ты. Нішто не дае табе права забываць, што я твой бацька, а Валерый - твой брат...» Але сказаць гэта ўголас не пасмеў. Ён баяўся сына. Гэта боязь з'явілася з моманту сустрэчы, калі Павел, як чужому, працягнуў яму руку і больш не выявіў ніякіх пачуццяў. Генерал сказаў спакойна:
        - Цяжка табе, Павел, будзе ў арміі з тваім характарам.
        Зарына з болем падумала: «Няўжо ён не ведае, не помніць, што Паўлавы аднагодкі даўно служаць, а яго не ўзялі з-за скалечанай нагі?»
        Яна была ўпэўнена, што Павел скажа пра гэта. Але ён сказаў іншае:
        - А гэта будзе залежаць ад таго, хто будзе камандаваць мной. Напрыклад, пад ваша камандаванне я не хацеў бы трапіць.
        Бацька глынуў паветра. На дужай шыі напяліся сінія вены. Зарыне стала шкада яго, і яна сказала брату з дакорам:
        - Павел!
        Хлопец моўчкі выцер ручніком вусны і падняўся з-за стала. Пайшоў на кухню.
        Бацька паківаў галавой і ўздыхнуў.
        - Ён добры - Павел, - па-мацярынску ласкава сказала Зарына. - Яго любяць у калгасе. Ён лепшы трактарыст.
        Бацька не адказаў: ён думаў пра Віку. Пачулася, што яна плача. Ён паспяшаўся, каб супакоіць. Але Віка не плакала. Яна стаяла каля акна і глядзела на вуліцу. Зноў ішоў снег. Генерал стаў побач і таксама доўга ўглядаўся ў белую каламуць. Мяцеліца супакойвалася.
        Ён паклаў руку на плячо дачкі, каб гэтай ласкай падмацаваць словы, якія хацеў сказаць. Плячо яе ўгнулася, вызваляючыся ад яго рукі. Яна адступіла ўбок і сказала першая, нясмела, але цвёрда:
        - Я не паеду.
        Ён не чакаў гэтага, не падумаў нават, што Павел мог так адразу зрабіць на яе такі ўплыў. Разгубіўся. Сказаў павучальна:
        - Трэба быць гаспадаром сваіх слоў, Віка.
        Яна рэзка павярнулася да яго і... закрычала:
        - А вы... вы былі гаспадаром сваіх слоў? Вы...
        Не скончыла - пабегла да ложка, упала тварам на падушкі, і худыя яе плечы затрэсліся ад плачу.
        Генерал згорбіўся, быццам баючыся яшчэ аднаго ўдару, постаць яго ўраз пастарэла. Ён наблізіўся да ложка, паклікаў:
        - Віка!
        Папярэджваючы яго ўгаворы, яна паўтарыла:
        - Я не паеду! Я не магу паехаць!
        У пакой зайшла Зарына. Следам за ёй - Павел, зноў у сваёй ватоўцы, ад якой пахла саляркай.
        - Я пайшоў, - сказаў ён Зарыне. - Трэба яшчэ два рэйсы зрабіць, - і павярнуўся, каб выйсці.
        - Я паеду сёння, Павел, - ціха паведаміў бацька і як бы пачаў апраўдвацца: - Я вымушаны. Праз два дні мне трэба ехаць у далёкую камандзіроўку. Такая служба ваенных, - і цяжка ўздыхнуў. Павел вярнуўся ад дзвярэй і першы, проста і ахвотна, працягнуў руку:
        - То бывайце. Шчаслівай дарогі.
        Генералу нясцерпна захацелася абняць сына, прыціснуць да грудзей. Але ён баяўся, што заплача, а яму не хацелася паказваць сыну сваю чалавечую слабасць.
        Віка падняла галаву і глядзела на бацьку і брата сумнымі вільготнымі вачамі. Паціснуўшы бацькаву руку, Павел падышоў да яе, абняў, чмокнуў у гарачую шчаку і сказаў:
        - Ты малайчына, Віцька. Я люблю цябе.
        Генерал зразумеў: гэта ўхвала таму, што яна адмовілася ехаць, і цяпер ужо ніякія яго ўгаворы не дапамогуць. Падумаў чамусьці пра тое, што і Павел, і Віка кажуць яму «вы», як чужому, далёкаму чалавеку. Сціснулася, балюча зашчымела сэрца. У яго быў ужо раней сардэчны прыступ, і ён вельмі баяўся, каб нешта падобнае не здарылася тут, у хаце дзяцей. Ён асцярожна сеў на канапу і доўга сядзеў у глыбокай задуме, адчуваючы сябе адзінокім і няшчасным.
        Схамянуўся - у пакоі нікога не было. Дочкі сядзелі на кухні, абняўшыся.
        Генерал паглядзеў на свой кішэнны залаты гадзіннік - падарунак Лідзіі Яўгеньеўны да дня нараджэння.
        - Мне пара.
        - Я збегаю папрашу ў старшыні машыну, - сказала Зарына.
        - Не трэба. Я пайду пехатой.
        - Перамятае дарогу.
        - Нічога. Тут недалёка.
        Яму раптам захацелася прайсці па той дарозе ад мястэчка да станцыі, па якой ён многа разоў хадзіў малады, калі Арына Паўлаўна прыехала сюды настаўнічаць. Можа, яшчэ таму хацелася аднаму, што дарога вяла міма могілак.
        Развітацца з ёй без сведак...
        Укладаючы ў невялікі чамаданчык піжаму, нэсэсэр, ежу, якую падрыхтавала на дарогу Зарына, ён казаў амаль весела:
        - Я чакаю вас у госці. Віка павінна пабачыць Маскву. Абавязкова. Не адкладаючы. На вясновыя канікулы, добра?
        - Добра, тата, мы прыедзем, - паабяцала Зарына.
        Але ён чамусьці не верыў больш старэйшай дачцэ, залішне памяркоўнай, разважлівай. Дзіўна! Раней ён часта ўспамінаў Зарыну і адчуваў, што любіць яе мацней, чым іншых дзяцей, - можа таму, што маленства яе прайшло пры ім. А цяпер раптам уся любоў яго перайшла на Віку. Ён хацеў, каб яна, Віка, згадзілася прыехаць на канікулы ў госці, - тады ён паверыў бы. Але Віка маўчала. І яму стала балюча.
        Віка выявіла свае пачуцці, калі ён пачаў развітвацца.
        Апрануў шынель, прайшоўся па пакоі, як бы ўспамінаючы, што забыўся. Спыніўся, каб сказаць - не апошнія словы, не «бывайце» - зноў нешта пра іх паездку. А Віка кінулася да яго, моцна абшчапіла за шыю, не пацалавала, а прыціснулася тварам да пляча, да пагона і прашаптала:
        - Даруй, тата.
        «Ты даруй мне, дачка. Вы ўсе даруйце...» - падумаў, але не сказаў, лічыў, што нельга ў дзяцей прасіць даравання. Многа ён за вайну пахаваў сяброў, блізкіх людзей, але ніколі не было так цяжка, а тым больш ніколі не было так пакутліва развітвацца з жывымі. Нясцерпна пакутліва. І ён заспяшаўся развітацца хутчэй. Тройчы пацалаваў Віку, абняў Зарыну, схапіў чамаданчык і выйшаў не аглянуўшыся.
        Віка падышла да акна. Гусцеў снег. Сняжынкі кружыліся перад шыбамі ў дзівосным танцы. Але хаты больш не плылі. Толькі праз пялёнку мяцпліцы яны здаваліся прыгажэйшымі.
        Бацька выйшаў з двара і рушыў цераз вуліцу. Сняжынкі адразу забялілі чырвоны верх яго папахі, пагоны на плячах, шэры шынель на ссутуленай спіне.
        Віка глядзела яму ўслед і... не думала пра яго. Яна раптам пачула дзіўную музыку, сумную і ўрачыстую. Здалося, што звіняць, спяваюць сняжынкі. Яна прыслухалася з бояззю. Раней яна толькі бачыла прыгажосць фарбаў у навакольным свеце, умела адрозніць у белым снезе іншыя колеры і адценні. Але ніколі не чула, каб снег і ўсё наваколле пачало гучаць такой вось незвычайнай музыкай. Што гэта? Чаму гэта?
        - Падаюць сняжынкі... - прашаптала яна, і голас яе, знаёмыя словы ўліліся ў гэту музыку. Яна гучна паўтарыла другія радкі: - На холмах Грузии лежит ночная мгла...
        Зарына абняла яе.
        - Слаўная ты мая дзяўчынка! Не гаруй! Загоіцца наша рана... Сыдзе снег. У палісадніку, вось там, зацвітуць півоні... Прыйдзе шчасце. Я веру: у нас многа будзе шчасця. У цябе. І ў мяне. І ў Паўла. Ты ведаеш, мне раптам вельмі захацелася, каб хутчэй прыйшла вясна. Я ўночы думала пра вясну. І сніла кветкі. Колькі мужнасці ў Паўла! Ты помніш, як ён закрычаў: «Не завіце мяне Паўлікам!» Мы заўсёды будзем жыць дружна. Вось так... Я клянуся табе ў сваёй дружбе.
        Словы сястры не ўліваліся ў гэту музыку, як радкі вершаў і яе асабістыя думкі. Словы сястры жылі асобна, і Віка пачала ўслухоўвацца ў іх. Гэта было цяжка - слухаць адно і другое.
        - Шчасце - у дружбе і вернасці. Як узрадаваўся Павел, калі зразумеў, што ты не паедзеш. Ён шчыры і добры, наш брат.
        Постаць бацькі непрыкметна растала ў снежнай каламуці. І сціхла музыка...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.