РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зорка
1
        Сюжэт узяты з апавяданьня
        А. Амфіцеатрава «Лятавіца»
        
Заплятаюць зоры белыя вузоры
У бяздоньні неба... Ціша... цішыня...
Поўныя пакуты стромкіх хвояў хоры
Гімн сьпяваюць ночы... Ціша... цішыня...
 
Не шумяць галіны маладой асіны
Аб адвечных страхах, векавой жудзе,
Толькі у лагчыне, дзе туман лёг сіні,
Часам ночны вецер глуха загудзе.
 
Ўслухайся у словы ветравае мовы,
Ўслухайся у шэпты хвояў маладых:
Многа казкаў дзіўных, песьняў пераліўных
Чуткаю душою зразумеў бы ў іх...
 
                                              *
 
– Тут былі калісьці, – зварухнуўшы лісьці,
Пачынае вецер, – не лясы-палі.
Над ракою дзесьці, год таму ўжо дзьвесьце,
Між высокіх жытаў вёскі заляглі.
 
Там, у нізкай хатцы, жыў хлапец пры матцы,
Сам прыгожы, сьветлы – нібы дзень вясной,
А пяяў так звонка, што аж чула сонка,
Голас меў жаўронка, птушкі палявой.
 
Чуць сьвітае ранкам, а у полі Янка
Ўжо ідзе за плугам і папар арэ...
Паліць сонца з вышы, ўсё замрэ – ня дыша,
А яму і люба, толькі йдзе, пяе.
 
Ўвечары да хаты цягнецца араты
Адпачыць на сене ці пад кажухом,
А Янук гуляе, дзеўкі забаўляе,
Песьні ім сьпявае недзе за сялом.
 
Посьле, ноччу, ў поле пад лісьцё таполі
Прывядзе ён коні, сядзе на зямлі,
Коней даглядае, месячык вітае,
Дзівіцца і лічыць зорныя вагні...
 
Часта ў Божым моры ірваліся зоры,
Як збліжалась восень, маці горкіх мар.
Ўніз яны зьляталі, гасьлі, прападалі
У бяздоньнях неба між калматых хмар.
 
Кажуць, што ня зоркі, ангелаў пацёркі
Ў восеньскую ночку сыплюцца дажджом:
Гэта лятавіцы, злыя чараўніцы
На зямлю зьлятаюць, ой, не за дабром!
 
Зоры ёсьць такія – ясныя, ціхія...
Душы праклятыя там жывуць, чуваць...
I за крыўду гэту да сканчэньня сьвету
Пакляліся мсьціцца – людцаў чараваць.
 
Спрыкрыцца праклятай жыці незанятай,
Засумуе часам – зоркаю зьляціць.
Скінецца дзяўчынай і брыдзе пуцінай
Грэх па людзях сеяць, хлапчукоў звадзіць.
 
                                              *
 
Варажыла ночка, жаляў, чараў дочка,
Агарнуўшы мглою сіняю прастор,
У душу прасіўся, сьпевам дзіўным ліўся
Смутных ночных гукаў ціхі перабор...
 
Лёг хлапец у полі пад лісьцём таполі
I цягучай песьняй скалыхнуў цішу.
Выліваў маркоты, сумы адзіноты,
Разьядаў сьлязамі горкімі душу...
 
У нябесным полі ярка, штораз болей
Зігацелі зораў белыя вагні,
Разрывалісь зоры, гінулі ў прасторы,
Гасьлі над зямлёю, гасьлі на зямлі.
 
Вось агнём зарніцы зорка-чараўніца
У вачох бліснула і зьляцела ўніз.
Толькі сьлед бліскучы, агнявы, мінучы
На мамэнт празь неба ніткаю павіс.
 
Глянуў хлопец – дзіва: пасьвятлела ніва,
Зорка над зямлёю, над лісьцём ляціць.
Глянуў і падняўся, ледзь перажагнаўся,
А ўжо тая зорка перад ім стаіць.
 
Зь цемры непрыветнай твар дзяўчыны сьветлай
Выплывае моўчкі і глядзіць, глядзіць,
Апусьціўшы вочы, мо спытацца хоча:
«Што сумуеш, хлопча, што табе баліць?»
 
Вочы у дзяўчыны – возера глыбіні,
Ад павек кладзецца сіняваты цень.
Валасы дзяўчыны – зорныя тканіны,
Сэрабрыста-белы месяца прамень.
 
Лёгкае убраньне з мглы правіднай раньня
Абвілося хмаркай каля белых ног...
Ўся яна ірдзіцца, квола сэрабрыцца,
Як адна з тых зораў, што раскідаў Бог.
 
«Хто ты?» – «Я дзяўчына з хмарнае лагчыны, –
Зазьвінела ціха, бы званкі ў траве, –
А пачула песьні, вабяць так балесьне, –
I прыйшла у поле... слухаць... да цябе.
 
Пей гучней, я сяду»... Слухае загаду,
Засьпяваў, заліўся, сэрцайка дрыжыць...
А дзяўчына-зорка ўсё сьмяецца горка
I вачмі-бяздоньнем жудасна блішчыць...
 
Скончыў Янка граньне: «Дзеўчынка-каханьне,
Для цябе пайду я на мучэньні, зьдзек.
Будзеш мая жонка – аджыве старонка,
Расьсьвятлее доля: палюбіў навек!
 
Пэўна, знаеш чары, калі таюць хмары,
Калі гінуць цені ад тваіх вачэй.
Безь цябе мадзеці не магу на сьвеце,
Будзь маёю, любка, падыдзі бліжэй».
 
Не жалейка плача, стогне небарача,
Не, ня ночны вецер жаласна гудзе, –
А з грудзей дзявочых сьпеў ліецца ўночы,
Кроіць сэрца болем, сьлёзы гора лье...
 
Пабялелі сеці месяца на вецьці,
Паляцелі зоры з чорных Божых рыз,
Тонкія таполі застагналі з болі,
Апусьцілі вецьце распачліва ўніз.
 
А душа канае... Але тут зьмяняе
Сваю песьню дзеўча на вясёлы тон...
Расплыліся хмаркі, выплыў месяц шпаркі,
Зазіялі зоры белым жамчугом.
 
Белыя бярозы, што гублялі сьлёзы,
Загудзелі сьветла, радасна, як сьмех.
Прабудзілісь кветкі, аджылі палеткі,
Ўсё пайшло круціцца, як узімку сьнег.
 
Скача месяц белы, скачуць зоркі сьмела,
I дзяўчына скача зь Янкаю, пяе...
Валасы сплятае, нібы птушка тая,
Ўсё лягчэй нясецца, ўсё вышэй плыве.
 
Ад зямлі паволі сілай дзіўнай волі
Адлятае... ўецца сінім матылём,
Над густой пшаніцай зьзяе зараніцай,
А хлапец трымае, зь ёй імкнецца й ён.
 
«Ой, пусьці, хлапчына, – просіцца дзяўчына, –
Не сваёю воляй я ляту да зор!»
Але дарма б’ецца, яго страшыць, рвецца:
Як каршун з галубкай, праляцелі бор.
 
«Ой, пусьці!» – «Загіну, а цябе, дзяўчына,
Не пушчу, хай будзе, што захоча Бог».
Ды запелі пеўні дзесь у вёсцы, пэўне,
Ірванулась любка – затрымаць ня мог...
 
Шуганула ў неба залатыя глебы,
Задрыжэла зоркай – чыстаю расой.
I дагэтуль зьзяе, ночкамі гуляе,
Аж пакуль не ўбачыць сонца над сабой.
 
А хлапец рвануўся – ў небе апынуўся.
За плячамі крыльцы шэрыя ўзрасьлі.
Жаўранкам, што золкам будзіць нівы, долкі,
Жаўранкам узьняўся ў вышу ад зямлі.
 
Сьпяць яшчэ пракосы, дрэмлюць ніў палосы,
А малы жаўронак ўжо ляціць, ляціць:
«Цірлі, цір, вярніся, цірлі, адзавіся!»
Да зары вячэрняй жаласна зьвініць.
 
Толькі, як у горы, сном нялёгкім зморы
Ён засьне у ценю жытніх каласоў, –
Выплывае зорка і сьмяецца горка,
І хлапца-жаўронка зводзіць, злая, зноў.
 
Бо як сьпіць – сьмяецца, але чуць прачнецца,
Зь песняю памкнецца ў неба, да яе, –
Ў зораў карагодзе, ў золаце усходу,
Ў чырвані аблокаў зорка прападзе...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.