РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віка Трэнас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тлумачэнне невытлумачальнага Альгерда Бахарэвіча
 
Рэцэнзія на кнігу Альгерда Бахарэвіч "Праклятыя госьці сталіцы"
        Імя Альгерда Бахарэвіча – еўрапейскага беларускага пісьменніка (менавіта так можна назваць аўтара, прызнанага не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі, самадастатковага, канцэптуальнага творцу; гэтае азначэнне нарадзілася ў ходзе гутаркі з Альгердам – інтэрв’ю з’явілася летась на старонках пятага нумару часопіса актуальнага мастацтва “pARTisan”) – вядомае шырокаму чытацкаму колу не па чутках. З ягонай прозай можна было пазнаёміцца дзякуючы кнігам “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў”, “Натуральная афарбоўка”, “Ніякай літасьці Валянціне Г.”. Першыя дзве з іх, дарэчы, ужо сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, што, безумоўна, сведчыць пра папулярнасць гэтых твораў: як паказвае вопыт прыватных і публічных апытанак, асабліва сярод студэнцтва і ўвогуле сярод так званай прагрэсіўнай моладзі.
        Калі меркаваць па вышэй згаданых выданнях, найбольш плённа пісьменнік працаваў у жанры апавядання і аповесці. І ў той час, калі літаратурныя крытыкі ўжо стаміліся казаць пра адсутнасць у нас якаснага сучаснага інтэлектуальнага рамана, пабачыла свет новая кніга Альгерда пад назвай “Праклятыя госьці сталіцы”. Аднак чым прывабіла пісьменніка праца над вялікай жанравай формай, наколькі ўдачна з пункту гледжання літаратуразнаўцаў і чытачоў яму ўдалося яе засвоіць?
        Па шчырасці, адказаць на пастаўленыя пытанні няпроста, улічваючы тое, што раман “Праклятыя госьці сталіцы” структурна, ідэйна, стылістычна, эстэтычна відавочна больш развіты за папярэднія творы Альгерда. У першую чаргу пра гэта сведчаць яскравыя адзнакі постмадэрнісцкай мастацкай сістэмы, такія, як множнасць інтэрпрэтацый рамана, шматузроўневасць яго прачытання, складаны хранатоп (суадносіны часу і прасторы), прынцып іроніі, алюзійнасць і многае іншае. Шматаблічнасць (калі можна так выказацца) “Праклятых гасьцей сталіцы” можа збіць з панталыку нават самага абазнанага крытыка. Мяркуйце самі: дзеянне ў рамане нібыта пабудавана па прынцыпе лабірынту – яно адначасна адбываецца ажно ў дзевяці адрозных мастацкіх вымярэннях, якія існуюць самастойна, і, што самае цікавае, у выніку аб’ядноўваецца ў адной, дамінантнай прасторы. Якраз пра яе варта пагаварыць больш падрабязна.
        Па сутнасці, калі разважаць найбольш агульна і спрошчана, у цэнтры рамана Альгерда Бахарэвіча “Праклятыя госьці сталіцы” – даволі каларытны і таямнічы персанаж па імені Назар Мінус (не пакінем без увагі яго “гаваркое” прозвішча), жыццё якога пачалося ў савецкім грамадстве, а працягнулася ў перабудовачныя і постсавецкія часы. Так, менавіта: ён увасабляе людзей, выхаваных у жорсткасці, расхлістанасці, няпэўнасці, амаральнасці, ханжастве прамінулага стагоддзя, ён – твар гэтай эпохі, ён увабраў у сябе самыя непрывабныя душэўныя якасці. Чым не герой нашага часу? І розум гэтага знешне непрыкметнага, але ўнутрана вельмі неардынарнага чалавека спрадукаваў ідэю тэатра, дзе падмянялася будзённае, рэальнае, на выдуманае, няіснае, і наадварот. Акторамі былі самыя звычайныя людзі, а спектаклем называліся, на першы погляд, шараговыя жыццёвыя падзеі (сход нацыяналістаў, рок-канцэрт для падлеткаў, мясцовы конкурс прыгажосці ці проста чарговая сустрэча аматараў сеткавага маркетынгу). Але там, па той бок нябачнай празрыстай сцяны, абраныя, пасвечаныя гледачы пад усеўладным кіраўніцтвам Назара Мінуса маглі зразумець, наколькі абсурднымі насамрэч выглядаюць думкі, учынкі, паводзіны людзей у паўсядзённасці.
        Першая мастацкая прастора, з якой сутыкаецца чытач у “Праклятых гасьцях сталіцы”, сімвалізуе савецкую эпоху (па словах пісьменніка, “гэта быў час, калі ветэраны вайны яшчэ не кусалі людзей у цёмных завулках, і марозіва рабілі з малака”). Усё дзеянне тут звязана з дзяцінствам і сталеннем Назара Мінуса. Даволі пазнавальнымі і праўдападобнымі выглядаюць многія эпізоды і апісанні. Аўтар характарызуе бацьку свайго галоўнага героя, партыйнага работніка, наступным чынам: “Таварыш Мінус быў вольны ад сваіх неадкладных грамадзкіх справаў толькі па суботах – па нядзелях ён пісаў скаргі ды актуальныя артыкулы для газэтаў, ягоная пішучая машынка даводзіла да гістэрыкі дачку, суседзі грукалі ў сьценку. Па суботах жа таварыш Мінус выконваў бацькоўскі абавязак: вёў сына ў кіно”.
        Другое эстэтычнае вымярэнне звязана з гісторыяй існавання кінатэатра імя Жданава, які быў зачынены ў гады перабудовы (канечне, у творы не называецца канкрэтны гістарычны перыяд, але ёсць алюзіі, што ўказваюць на яго), а пазней стаў прыватнай уласнасцю Назара Мінуса.
        Дзейным персанажам трэцяй мастацкай прасторы – горада, з якога раптоўна зніклі ўсе жыхары, -- з’яўляецца Даражок, малады чалавек, маргінал, страчаны для рацыянальнага жыцця інтэлігент. Ён колькі дзён самотнічае ў абсалютна апусцелым горадзе, карыстаючыся ўсімі магчымымі выгодамі свайго адзіноцтва, пакуль нарэшце не сустракае ў нумары шыкоўнага гатэля галоўнага героя – Назара. Вымярэнне няіснага места дазваляе чытачу зразумець глыбока закладзены філасофскі канцэпт рамана, у якім асноўнае значэнне маюць не характары персанажаў і не сюжэтныя перыпетыі, а сама прастора, што абумоўлівае развіццё дзеяння і ўчынкі герояў.
        Чацвёртае і пятае вымярэнні ў рамане маюць пэўную агульнасць: па вялікім рахунку, яны існуюць паралельна асноўнай плоскасці твора, асноўнаму сюжэтнаму кірунку, і з’яўляюцца ірэальнымі. У адным выпадку маецца на ўвазе аповед пра маладую журналістку Іру Агіеўскую, якая вар’яцее і пачынае называць сябе карэспандэнтам Асірыйскага тэлебачання -- прастора, дзе яна дзейнічае, паступова ператвараецца ў плод фантазіі хворай гераіні. У другім выпадку варта згадаць трагікамічную гісторыю пра вадоўцу аўтобуса, які страціў розум і еў грошы, закусваючы даляравымі банкнотамі літры выпітай ім гарэлкі. Прычым мяжа паміж усвядомленымі ўчынкамі герояў і іх неадэкватнымі ўчынкамі не вызначана, што сведчыць пра імкненне аўтара паказаць множнасць прачытанняў аднаго і таго ж сюжэта і шматузроўневасць мастацкай прасторы.
        Ідэя няіснага горада, у якім аказваецца адзінаўладным гаспадаром Даражок, трансфармуецца ў яшчэ адно, шостае вымярэнне рамана “Праклятыя госьці сталіцы”. Яно ўяўляе сабой той самы, здаецца, горад, аднак паказаны вачыма немудрагелістага героя Кармушкіна – маладога супрацоўніка музея Івана Хруля. Горад гэты населены ценямі велічных постацяў савецкай эпохі, вядомых культурных дзеячаў, да якіх, зрэшты, сам Кармушкін ставіцца іранічна: “Кармушкін паказаў язык партрэту Івана Хруля, дастаў нейкую газэтку за семдзесят дзявяты год і пагрузіўся ў чытаньне”. Не менш смяшліва думае пра “забранзавелага” класіка і сам аўтар: “У суседнім пакоі музэю знаходзіўся яшчэ адзін партрэт: Іван Хруль на палубе цеплаходу, прысланіўшыся да парэнчаў, сьпявае пад уласны акампанемэнт – рот кампазытара раскрыты, і ў глотцы можна заўважыць хвосьцік непражаванай музы”. Аднак прывіды мінулага ўрэчаісніліся і адпомсцілі небараку Кармушкіну, калі той, выпадкова замкнуты ў музеі, вымушаны быў там начаваць.
        Таямніцу тэатра “Мінус” раскрывае новы персанаж (ён вядзе свой аповед ад першай асобы), які становіцца сведкам эксперыменту Назара, па волі лёсу трапіўшы ў асяродак абраных гледачоў, што назіралі за чарговым дзействам на сцэне па той бок нікому не бачнай сцяны. Якраз прастора (умоўна названая сёмай), створаная дзеля гэтага героя, максімальна набліжае чытача да аўтарскага светабачання, да пазіцыі самога пісьменніка: “Мы глядзім на іх, а яны ня бачаць нас. І музыка працягваецца. І кожны падобны да кагосьці – хаця б звонку. Як штатны мастак уплывовай заходняй газэціны на скандальным судзе, я сяджу трохі ўбаку ад уважлівага глядацкага кола і адчайна намагаюся ўвасобіць іхныя нібы толькі што выраслыя над чорным падвоччамі зрэнкі, іхны заціснуты ў кулаках ціхі кашаль, іхныя пахілыя сьпіны”.
        Гісторыя пра Надзіманага чалавека і двух маладых мастакоў, якія стварылі яго па заказу адміністрацыі на свята горада, уваходзіць у восьмую мастацкую прастору новага рамана Альгерда Бахарэвіча. Як можна заўважыць, канцэпты тэатра і горада яднаюць усе шматлікія вымярэнні, што ёсць у творы, а вобраз Надзіманага чалавека (ці то жывой, ці то нежывой бясполай істоты) азначае пэўную незавершанасць хаатычнага дзеяння, яго бясконцы працяг па-за самім раманам, у экзістэнцыі.
        У апошняй частцы “Праклятых гасьцей сталіцы” пад назвай “Дзейныя й нядзейныя асобы” персанажы ўсіх вымярэнняў, як фрагменты пазлу, збіраюцца ў адну, цэлую мазаіку вобразаў, сустракаюцца ў адной прасторы, дзе цяжка разабрацца, што рэальнасць, а што – міф.
        Хто ж такія праклятыя госці сталіцы? Магчыма, гэта ірэальныя героі (напрыклад, Назар Мінус, або Кармушкін, або карэспандэнтка Асірыйскага тэлебачання), якія дзейнічаюць у матэрыяльным свеце. Яны ўвасабляюць чалавечыя комплексы, падсвядомыя жахі, гістарычную памяць. Яны -- насельнікі душы кожнага шараговага жыхара кожнага шараговага места.
        Застаецца толькі падзякаваць Альгерду за магчымасць шматлікіх інтэрпрэтацый яго новага рамана, за верагоднасць атрымаць сапраўдную інтэлектуальную асалоду ад прачытання твора, за ўпэўненасць сцвердзіць, што ў беларускай літаратуры ёсць якасны сучасны інтэлектуальны раман.

Крыніца: http://www.n-europe.eu/article/2008/06/13/tlumachenne_nevytlumachalnaga_algerda_bakharevicha
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.