РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вядзьмак
1
        Расказваюць людзі: было неяк раз у Налібоцкай пушчы паляваньне. Пазьязджаліся паны, сабралі лесьнікоў, зрабілі вялікую аблаву – шмат ваўкоў забілі. Дык вось, як пачалі пасьля з ваўкоў скуры зьдзіраць, – у аднаго ваўка і знайшлі пад скурай сукенку белую, вэлюм, вяночак міртовы, – усё, як у маладой; а другі ізноў воўк быў пад скурай, як сват, ручніком падперазаны. Кажуць, што гэта даўно некалі адзін злы чараўнік – вядзьмак, раззлаваўшыся, што не папрасілі яго на вясельле, – абярнуў усю свадзьбу ў ваўкоў.
        
Сонна ківаецца вецьце сасонак,
Гінуць у змроку камлі залатыя,
Вецер паветра нагрэтае мые
Сьвежасьцяй вечара... Ціха і сонна...
 
Ціха і сонна у змрочным гушчары.
Шэрай вужакаю сьцежка спаўзае
З мхоў заплясьнелых, зь вячорнага гаю
Й гіне ў лагчыне глыбокай – у яры.
 
Цёмна у яры-лагчыне нат летам.
Неба блакітнага там не відаці,
Нават ня шле туды сонейка-маці
Косаў бліскучых, нагрэтых.
 
Дзікія травы, шыпшына, маліньнік,
Ягаднік буйны і лопух шырокі
Ночкаю летняй, ціхой, чарнавокай
Яр той заткалі, расшылі...
 
Там, пад крывою скрыпучай асінай
Ў хаце падгніўшай хавае аблічча
Знахар магутны, вядзьмак-чараўніча,
Зь дзіўнае зьлеплены гліны.
 
Злы ён вядзьмака... Ягоныя вочы
Шлюць на нябачных усякае ліха,
Жудасна нават прамовіць паціху
Імя ягонае ўночы.
 
Моцны ён знахар... нячыстая сіла
Чорнай душою яго заўладала,
Зь сілай нялюдскай вядзьмаку спазнала.
Ў злым – уладар ён, асілак...
 
Кажуць паціху, што ў цёмным гушчары
Ён як празь пень ці калоду кульнецца, –
Шэрым ваўком-ваўкалакам памкнецца
Ў нэтры... Вялікія чары!
 
Ў жыце ён круціць улетку заломы,
Быдла марнуе, людзей уракае,
Жоўтаю сьвечкай васковаю тае
Той, на кім гнеў ён спагоніць...
 
Трудна й дзівіцца, што кожны сыходзіць
Злому з дарогі, гасьцінцы падносіць,
Пільна на свадзьбы, на хрэсьбіны просіць,
Нізка схіляецца, годзіць...
 
Толькі ж гадзі не гадзі, а заўсёды
Знойдзе няшчасьце да людцаў дарогу.
Пройдзе дзянёчкаў ці мала, ці многа, –
Кожны зь бядой у заводзе.
 
                                       *
 
У весцы далёкай, ля самых магілак
Новая кузьня стаяла і хата.
Жыў там каваль, да работы заўзяты,
Лоўкі, здаровы, асілак...
 
Сьмелы ён быў, не баяўся нічога,
Кпіў сабе з гора, сьмяяўся зь нядолі.
Эх, не гадзіў ён, як кажуць, ніколі
Віламі чорту, а сьвечкаю Богу!
 
Вось і надумаў каваль ажаніцца
(Знудзіцца ж век дзецюком векаваці),
Просіць даўно ўжо старэнькая маці.
Цяжка ёй з працаю біцца.
 
Добра... із стрэчным сабраліся братам,
Медны званок пад дугой падвязалі,
Новыя сьвіткі наклалі і далей –
Вечарам ціхім у сваты!
 
Ў хату ўвайшлі, ўсім далі «пахвалёны»,
Селі на лаве... Вядомае дзела...
Сват тут пачаў аб скацінцы нясьмела
Гутарку клеіць, аб лёне...
 
Слова за словам... Што ж, ясная справа!
Чыстую хустку на куце паслалі,
Пляшку з глыбокай кішэні дасталі...
Выпілі... будзе забава!
 
Выпілі болей... Што ж, будзе вясельле,
Хлопец – як явар, дзяўчына ж – як ліпка,
Стан яе гнуткі, а сьмех яе сыпкі,
Эх, прыварожыць бязь зельля!
 
                                       *
 
Свадзьбу гуляці ўзялісь на Пакровы.
Цэлую вёску ў царкоўцы бы згледзіў,
Ўсіх папрасілі, радню і суседзяў,
Толькі вядзьмаку – ні слова.
 
«Будзе ўжо, досыць чмута нагасьцілі, –
Кпіў малады, – хай бурчыць у бярлозе,
Ногі ён зломіць на нашым парозе,
Глупства ўсё, казкі ці былі!»
 
Праўда, прасіла сынка каваліха
Ў свадзьбу паклікаць вядзьмаку старога...
Толькі ж ідуць маладыя дарогай
Іншаю... кпяць яны зь ліха.
 
Так і прайшоў безь вядзьмакі, на згубу,
Першы дзянёчак, вясёлы і хмельны.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Шпарка шнур госьцяў разгульных, вясельных
Едзе з музыкай ад шлюбу.
 
Мкнецца вясельле па гразкай дарозе,
Мокры пясок раскідае й камечыць.
Гойкае сват з ручніком цераз плечы –
Сыплецца ліст зь вербалозьзя.
 
Коні званкамі мядзянымі звоняць
Ў возе, прыбраным у кветкі, істужкі.
Рэжуць музыкі прыпеўкі-частушкі,
Свадзьба пяе і гамоніць...
 
Гучна, вясёла... ды раптам ірвуцца
Песьні ў паветры... Зьбялелыя твары
Пільна штось сочаць у цёмным гушчары,
Коні храпуць і грызуцца!
 
Жудасным зданем, пануры, высокі,
З пушчы выходзіць... гасьцей аглядае,
Йдзе да калёс, дзе сядзіць маладая,
Злосны вядзьмар чарнавокі.
 
– Што, не хацелі на вашым вясельлі
Меці вядзьмаку, дурныя галовы?
Хрыпла шапнуў ён, і гэтыя словы
Дзіўнай жудой зазьвінелі.
 
– Што, не хацелі? Дык я, маладыя,
Ў госьці прашу вас з раднёю, з музыкай,
Гэй жа, вылазьце! – Загойкаў, засыкаў...
...Выючы глуха, ваўкамі рудымі
 
Скочыла свадзьба і ў змроку вячорным
Ўсьлед паняслася за злосным вядзьмакам,
Шэрым мацёрым ваўком-ваўкалакам,
Пушчай разьбеглася чорнай...
 
Кажуць, што й сяньня, ў асеньнія ночы,
У хрыплай мэлёдыі воўчага вою
Сьпеў-прычытаньне чуваць маладое,
Поўны распачы, нямочы.
 
Кажуць, што воўчая свадзьба над гацяй
Плача па-людску... Таму мо і раніць
Нашае сэрца, хвалюе й туманіць
Воўчага вою пракляцьце.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.