РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Непаўторная вясна
I
II
III
IV
V
VI
I
        
I

        
        Пятро «прагаласаваў». Машына не спынілася. Мабыць, выгляд падарожнага не зрабіў на шафёра належнага ўражання. Але сам пасажыр думаў аб сабе інакш: у свае васемнаццаць год ён быў поўны высокіх мараў і надзей, без гонару і зазнайства лічыў, што ён чалавек цікавы і апрануты для студэнта прыстойна, а таму мае права на ўвагу людзей. Аднак ён не пакрыўдзіўся і не ўзлаваўся, хоць і не першы вадзіцель так няўважліва праехаў міма. Правёўшы позіркам машыну, ён зноў з прыемнасцю разлёгся на прыдарожнай лаўцы ў цені сосен, паклаўшы галаву на свой пацёрты цыратавы партфелік, напакаваны марамі, надзеямі і рознымі думкамі гэтак жа поўна, як і галава студэнта. Але ў партфелі яны ляжалі ў выглядзе дзённікаў, у якіх добрая палавіна розных здарэнняў і падзей была выдумана, і вершаў – простых, наіўных, але шчырых, бо ўсе яны прысвячаліся ёй.
        Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Ён думаў пра яе. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Але сёння Саша ўяўлялася так ясна, быццам увесь час стаяла перад ім, пакуль ён ляжаў тут, за горадам, чакаючы спадарожнай машыны. Можа, праз гэта хлопец і не надта спяшаўся хутчэй дабрацца да месца: хораша думаць так! Не, ён марудзіў і не пабег трыццаць кіламетраў пехатой адразу з цягніка, як часта рабіў гэта пазней. У душы было тое дзіўнае пачуццё, якое мы часта перажываем, асабліва ў юнацтве, калі разам з моцным жаданнем, з імкненнем хутчэй дасягнуць мэты пасяляюцца трывога, няўпэўненасць. Трывогу гэтую адчуваў і Пятро. Адна рэч – сустракацца вечарамі на адной з цёмных вуліц
        Гомеля, гаварыць аб самых высокіх матэрыях, цалавацца і зусім іншае – прыехаць да яе ў вёску, на кватэру, дзе яна сама гаспадыня. Да таго ж тры месяцы, якія яны не бачыліся, здаваліся яму вельмі доўгім тэрмінам. Колькі сплыло вады за гэты час! Ён ездзіў на практыку ажно ў Сібір і вярнуўся па-ранейшаму студэнтам, а яна скончыла школу і паехала на працу вось у гэтую далёкую вёску, куды яму трэба неяк дабрацца. Яна ўжо самастойны чалавек, фельчар. у яе новыя знаёмыя – колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Непрыемнае пачуццё запякло ў грудзях – наіўнае і страшнае пачуццё беспадстаўнай рэўнасці. Чаму яе два пісьмы былі такія кароткія? «Даруй, няма вольнай хвілінкі». Здавала экзамены – знаходзіла час пісаць па некалькі старонак. А тут, у вёсцы, раптам не хапае часу, быццам ва ўсім сельсавеце – адны хворыя. Праўда, яна сама яго запрасіла ў апошнім пісьме прыехаць у госці. Але якое гэта запрашэнне – адзін сказ у канцы, як бы між іншым, для ветлівасці; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць. Пятро ад такіх думак ажно ўсхапіўся і абышоў вакол лаўкі. Ён пачаў думаць аб той нечуванай у гісторыі чалавецтва страшэннай помсце, якую ён здзейсніць, калі – не дай Божа! – яна здрадзіць яму.
        Крыху супакоіўшыся, ён лёг зноў. Перад ім лёгка гойдалася галлё сосен. Над самым вухам пранізліва закрычаў паравоз – побач праляскаў таварны састаў. Пятро ўсміхнуўся: жахі зніклі, ён зноў бачыў яе вочы, блакітныя і ласкавыя, адчуваў на вуснах цеплыню яе пацалункаў. Не, яна добрая, шчырая, і яна кахае яго назаўсёды.
        Пачуліся галасы і смех, ён схамянуўся. Вялікая група жанчын з кошыкамі. бітонамі і чаравікамі ў руках вярталася з горада і таксама размясцілася адпачыць пад соснамі.
        – Цёткі! Да Холмеч далёка? – баючыся натрапіць на людзей з той вёскі, дзе працуе яна, яго Саша, бо такія людзі абавязкова пачалі б дазнавацца, да каго ён едзе, Пятро хітра пытаўся пра адлегласць да суседняга мястэчка. Пытаўся проста так – для забаўкі, бо ўжо дакладна ведаў ад гаваркога стрэлачніка, колькі кіламетраў не толькі да Холмеч, але да кожнае вёскі па гэтым шляху.
        – Да вечара паляжы – бліжэй будзеш,– засмяялася адна з маладзіц.
        – Відаць, дадому так спяшаецца, а маці недзе чакае не дачакаецца,– з дакорам сказала старая. Мабыць, яны бачылі яго тут, на гэтай лаўцы, калі яшчэ ехалі ў горад, бо самая маладая зноў пажартавала:
        – Да нявесты нябось даўно пяшком дабег бы.
        Словы яе ўкалолі хлопца, яму стала сорамна за тое, што ён ляжыць. Пятро ўзяў партфелік і адышоў убок, каб не чуць іх смеху і жартаў. Але неўзабаве пад’ехаў і спыніўся грузавік, і жанчыны, загрымеўшы бітонамі, пачалі шумна залазіць у кузаў. Пятро падышоў і спытаў у шафёра. ці можна пад’ехаць.
        – Пяць рублёў,– буркнуў тоўсты чырванатвары чалавек, больш падобны на дырэктара маслазавода, чым на шафёра.
        Гэта было дорага, а тым больш для беднага студэнта. у якога ў кішэні ляжала ўсяго нейкая дзесятка; за гэтыя грошы яму трэба было вярнуцца са свайго няблізкага падарожжа назад. Таму ён уедліва сказаў чырванатвараму вадзіцелю:
        – Дзякую за ласку,– і рушыў назад, да пераезда. Жанчынам, мабыць, стала шкада юнака. Яны нешта сказалі шафёру і паклікалі:
        – Ідзі садзіся. Чаго там! Можа, пасватаешся да нашых дзяўчат!
        Шафёр таксама лагодна крыкнуў:
        – Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу.
        Пятро не азірнуўся. Толькі калі машына рушыла і крыху асеў пыл, ён павярнуўся і шпарка закрочыў следам за ёй, туды, дзе канчаўся невялікі сасняк і адкрывалася шырокае поле.
        Хто ішоў па дарозе ад Рэчыцы на Лоеў, той ведае, якая гэта сумная і цяжкая дарога, асабліва ў летнюю спёку. Яна цягнецца па голай, як стэп, раўніне і нават першыя трыццаць кіламетраў – да Холмеч – абмінае зялёныя аазісы вёсак, дзе падарожны мог бы напіцца з калодзежа сцюдзёнай вады і адпачыць у цені вербаў ці вішняку. Ні дрэўца, ні кустоў, ніводнай рачулкі, ёсць некалькі равоў, па якіх сцякае ў Дняпро вясновая вада, ды ў жніўні яны заўсёды сухія. Але самае пакутлівае на той дарозе – гэта ўвесь час бачыць недалёка злева густую сцяну лесу, а з узгоркаў, бліжэй лесу, паміж яркай зеляніны лугу,– паласу вады, што спакусліва наблісквае на сонцы. Але да Дняпра – два-тры кіламетры. I, вядома, не ў кожнага пешахода хапае волі падоўжыць свой шлях на некалькі кіламетраў, каб пакупацца. Раней дарога вяла паўз самы Дняпро, праз вёскі Жмураўка, Заспа, Левашы, але нейкі дарожны начальнік, які, мабыць, ніколі не хадзіў пехатой, вырашыў пракласці яе полем. каб зрабіць больш простай, кароткай і нібыта больш праезджай вясной і ўвосень. Ды ад гэтага яна не стала ні карацейшай, ні больш праезджай у непагоду. Добра, што ў наш шчаслівы час, калі ўсюды столькі машын, нават закаханыя паэты не ходзяць пехатой. А ці добра? Прайсці аднаму па добрай дарозе і ў добрым настроі – хіба не прыемна гэта? Колькі перадумаеш усяго, як хораша памарыш, паспрачаешся са сваімі праціўнікамі! А колькі варыянтаў новай рэчы – я маю на ўвазе нашага брата, пісьменніка,– можа з’явіцца ў выніку гэтага роздуму, колькі нечаканьк і цікавых сюжэтных ходаў раптам знаходзіш. Ніхто табе не перашкаджае, ты можаш размаўляць са сваімі героямі, гаварыць за іх, прыслухоўвацца да іх галасоў, спяваць, не маючы слыху, складаць вершы, не маючы таленту,– адным словам, можаш рабіць, што хочаш. Амаль нідзе не адчувае чалавек сябе больш вольным, як у дарозе, і асабліва сярод шырокага поля, калі ўсё відаць далёка навокал і ты ўпэўнены, што ніхто не чуе тваіх думак.
        Пятро, як і кожны ў яго гады, быў паэт у душы, і ў яго хапіла занятку на добрую палавіну дарогі. Ён не заўважаў ні спёкі, ні аднастайнасці пожняў, ні пылу, нават Дняпро не вабіў яго. Першая празаічная рэч, на якую ён мусіў звярнуць увагу, былі ўласныя парусінавыя чаравікі. Пра іх нельга было не падумаць, бо гэта была самая ненадзейная частка яго ўбрання. Пятро прысеў на запыленую ўзбочыну, разуўся і, загарнуўшы чаравікі ў газету, паклаў іх у партфель побач са сваім духоўным скарбам.
        Але самы шчаслівы закаханы і самы натхнёны паэт урэшце стамляецца. Тады знікае жаданне марыць, чалавек пачынае чытаць лічбы на кіламетравых слупах і адразу заўважае, якая па сутнасці гэта аднастайная і цяжкая дарога і як гола і сумна на полі ў жніўні: убрана збажына, пажоўк бульбоўнік, пачарнела няскошаная грэчка.
        У Пятра гэтая стомленасць прыйшла разам са смагай – вельмі захацелася піць. Ён дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць.
        Але калі ён вызначыў па слупах, што патрэбная яму вёска ўжо недалёка, то адразу забыўся на стомленасць і смагу; іншыя турботы апанавалі яго: нельга паявіцца перад Сашай у такім выглядзе – запыленым, з бруднымі рукамі і нагамі, засмяглымі губамі. На шчасце, яму ўдалося знайсці пад адным мостам цераз роў лужыну дажджавой вады. Наўрад ці згадзіўся б ён у іншых абставінах мыцца ў такой вадзе, але тут іншага выйсця не было. Пятро старанна выбіў пыл са штаноў і някепска памыўся.
        У поўнай форме – зашпілены на ўсе гузікі, абуты – набліжаўся ён да вёскі, ахутанай залатым пылам: заходзіла сонца, вяртаўся з поля статак. Боязь і радасць. трывога і лепшая надзея, няўпэўненасць і юнацкая задзірыстая рашучасць перамяшаліся ў дзіўнае і вельмі салодкае пачуццё. Нялёгка было яму спытаць у жанчыны, якая вельмі цікаўна аглядала яго, дзе кватаруе фельчарыца Траянава. Жанчына паказала на вялікую хату са старым клёнам пад акном.
        У двары Пятра сустрэла дзяўчынка год васьмі, якая на ганку скрэбла бульбу.
        – Скажыце, Саша дома? – нясмела спытаў Пятро, быццам перад ім была не малая, а нехта сталы і суровы з выгляду.
        – Хто? – не зразумела дзяўчынка.
        – Аляксандра Фёдараўна, Траянава,– яшчэ больш разгубіўся хлопец.
        – А вунь – у садзе,– і гукнула: – Цёця Шура! Да вас прыйшлі!
        Пятро ўподбег кінуўся ў сад, нібы спалохаўся, што Саша можа некуды знікнуць.
        Саша ў знаёмай сукенцы ляжала пад яблыняй і чытала. Яна не ўзняла галавы, быццам нічога не чула. Пазней, значна пазней яна прызналася, што ўбачыла Пятра яшчэ за вёскай, на дарозе, і таксама спалохалася. Нават спачатку падумала схавацца, а дачку гаспадыні папрасіць, каб тая сказала, што яе няма дома. Але, зразумеўшы, што гэта і наіўна, і непрыгожа, і жорстка, яна, каб не выдаць свайго страху, свайго хвалявання, засталася ляжаць, глядзець у кнігу і слухаць спалоханыя ўдары ўласнага сэрца, размову Пятра з Нінкай, яго паспешлівыя крокі.
        Пятро спыніўся за колькі крокаў ад яе. Недзе ў глыбіні душы ўспыхнулі крыўда і рэўнасць. «Пісала, што часу няма, а сама ў садзіку кніжачкі чытае». Але крыўду гэтую захліснула гарачая хваля пяшчоты. Ён шэптам паклікаў:
        – Саша!
        Яна ўзняла галаву і шырока расплюшчыла свае вялікія прыгожыя вочы; у водсвеце вячэрняй зары зусім пунсовым зрабіўся яе твар.
        – Ты-ы?
        Пятра ашаламіла такое яе здзіўленне, і ён стаяў разгублены, бездапаможны, варты жалю.
        Саша зразумела, што ён адчувае, і хутка ўзнялася, села на коўдры, на якой ляжала, паправіла сукенку і працягнула руку:
        – Ну, добры вечар. Будзь госцем.
        Ён паціснуў яе руку і зморана апусціўся побач.
        – Стаміўся? – I гэтае яе такое простае і ласкавае запытанне расчуліла да слёз сапраўды страшэнна зморанага хлопца. Ён з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі і, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Але яна адняла руку і адсунулася ад яго.
        – Не трэба. Нінка падглядае... I наогул – ведаеш што?.. Ты будзеш маім братам...
        – Братам?
        – Але, я скажу, што ты мой брат.
        – Навошта?
        – Я не хачу, каб у вёсцы загаварылі, што да доктаркі прыязджаў жаніх.
        Раней яна ніколі не гаварыла такіх слоў, як «жаніх», «нявеста»: юнацтву яны здаюцца занадта грубымі. Але цяпер слова гэтае не абразіла Пятра, а, наадварот, узрадавала, і ён ахвотна згадзіўся:
        – Добра. Буду братам... кім хочаш, абы толькі быць з табой, Сашок.
        – Я не думала, што ты прыедзеш. Хоць мне вельмі-вельмі хацелася, каб ты прыехаў... Ты галодны, праўда? – магчыма, ад разгубленасці ці адчування сваёй віны перад ім яна рабіла такія нечаканыя пераходы.
        Некалі ён кляўся, што ніколі не скажа ёй няпраўды. Але тут чамусьці схлусіў:
        – Не, я абедаў нядаўна ў Рэчыцы. Я на машыне ехаў. Саша шпарка падхапілася і ўзяла ў адну руку яго партфель, у другую коўдру.
        – Хадзем у хату,– і гарэзліва бліснула вачамі.– Ты прывёз дзённікі, праўда? – Яна любіла чытаць яго дзённікі, хоць верыла не ўсяму ў іх.
        Па дарозе падскочыла і сарвала яблык. Дзіўна, але гэта неяк адразу супакоіла Пятра. У першыя хвіліны ў яго з’явілася адчуванне, што за тры месяцы, як яны рассталіся, Саша вельмі змянілася, пасталела і ад гэтага як бы стала больш далёкай і чужой. Адчуванне такое палохала яго. I раптам па тым, як яна сарвала яблык, ён пазнаў сваю Сашу. Некалі на спатканнях яна часта рабіла так: сярод сур’ёзнай размовы аб самых высокіх матэрыях раптам падскаквала, зрывала каштан, ці галінку ліпы, ці проста ліст, клала яго на руку і «страляла». Або, калі яны часам выходзілі ўвечары за горад, раптам прапаноўвала: «Давай навыперадкі!»
        А як хораша адчуў сябе юнак, калі яны селі за стол, адно супроць аднаго, і пачалі есці пахучае халоднае малако з чорным хлебам, у якім трапляліся неразмолатыя зерні і хрумсцелі на зубах. Як шмат хто ў яго ўзросце, Пятро ў кожнай з’яве шукаў сімвалічнага. Дагэтуль ён ніколі не сядзеў з ёй за адным сталом. За два гады амаль штодзённых сустрэч у іх ні разу нават і думкі не ўзнікала, каб зайсці разам у сталоўку ці рэстаран. Не, яны нават у кіно не хадзілі: Саша ўпарта не згаджалася. Пасля яна прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці.
        I вось яны сядзяць за адным сталом. Пятро не зводзіў позірку з твару дзяўчыны. У хаце гусцеў змрок, але ён бачыў яе любыя вочы, цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Яна падлівала малака і ціха прасіла:
        – Пі. Не саромейся. Дзіўны ты які.
        Ён не пытаў, чаму дзіўны, ды яна і не змагла б адказаць. Ёй было радасна, што ён прыехаў, што не толькі гучнымі словамі ў пісьмах, вершах і дзённіках, але справай даказваў сваё шчырае каханне. Але было і неспакойна на душы. Яна з трывогай чакала гаспадыні.
        I гаспадыня нарэшце прыйшла. Гэта была жанчына год трыццаці пяці, худая, рухавая і не вельмі гаваркая. Муж яе трагічна загінуў на лесараспрацоўках. Яна засталася з двума дзецьмі, працавала даяркай у калгасе, і сям’я жыла не горш за тыя, дзе былі мужчыны. Дачка, безумоўна, паведаміла ёй яшчэ на вуліцы, што «да цёці Шуры прыехаў брат». Гаспадыня стрымана прывіталася кароткім рускім «здрасте» і хуткім позіркам агледзела з галавы да ног невысокую шыракаплечую постаць хлопца.
        Саша збянтэжылася і няўпэўнена сказала:
        – Знаёмцеся, Аня, гэта мой брат.
        Рук адно аднаму не падалі. Пятро разглядаў гаспадыню без асаблівай цікавасці. Яны сабраліся з Сашай пайсці пагуляць за вёску, далей ад людскога вока, і ён хацеў, каб хутчэй скончыліся ўсе гэтыя фармальнасці. «Гаспадыня як гаспадыня, і што ёй да ўсяго іншага?» – разважаў ён.
        Вусны жанчыны скрывіліся ў іранічнай усмешцы:
        – Брат?
        Нават пры слабым святле лямпы было відаць, як успыхнуў Сашын твар: яна ўспомніла, што яшчэ напачатку расказала гаспадыні ўсё пра сваіх сястру і малога брата, нават паказала фотакарткі. I яна ўдакладніла ўпаўшым голасам:
        – Стрыечны.
        – А-а,– працягнула гаспадыня і, схапіўшы дайніцу, выбегла з хаты.
        – Ты думаеш, яна паверыла? – спытаў Пятро, калі яны выйшлі на вуліцу.
        – Няхай. Я пасля раскажу ёй. Яна добрая. Абы маўчала цяпер. I каб дзеці не разносілі па вёсцы... Гэта такое радыё!..
        
        Яны мінулі крайнія хаты, прайшлі паўз могілкі, дзе раслі бярозы, старыя і панурыя, і адразу апынуліся ў чыстым полі, залітым святлом поўнага месячыка.
        Ноч была ціхая, душная, і паветра моцна пахла пылам, узнятым адвячоркам збажыной і яблыкамі. Вёска стаяла сярод поля, блізка не было ні лесу, ні рэчкі, ні нават балот, калі не лічыць невялікай сажалкі на выгане. Але хаты танулі ў зеляніне садоў, якіх, на жаль, цяпер так мала – пасля ваенных пажараў.
        Калі адышлі далей ад вёскі, Пятро горача абняў Сашу і пацалаваў. Яна прымала яго пацалункі, як заўсёды: ніколі не цалавала сама, але ласкава абвівала рукамі шыю, прыціскалася, і ён чуў, як часта-часта пачынала біцца яе сэрца.
        – Сашок, каб ты ведала, як я сумаваў гэтыя тры месяцы! Як многа і хораша думаў пра цябе! А ты яшчэ здзівілася, што я прыехаў. Ты прачытаеш у дзённіку, як я перажываў...
        – О, пісаць ты ўмееш!
        – Ты не верыш мне? – прытворна пакрыўдзіўся Пятро. Яна ласкава дакранулася плячом да яго пляча:
        – Раскажы лепш, як вы там жылі, у Сібіры...
        Яны ішлі, узяўшыся за рукі, па палявой дарозе, і ён расказваў доўга і падрабязна.
        Саша маўчала.
        Пятро зноў з трывогай зазначыў, што ўсё-такі яна перамянілася – стала нейкая больш стрыманая, паважная. Ён разлічваў, што Саша пасмяецца з расказу аб тым, як у іх не хапіла грошай, каб прыехаць назад, і яны доўга вырашалі – што прадаць, і як прадавалі яго, Пятрову, аўтаручку, аднаго сябра чамадан, другога, самага багатага, пінжак. Але Саша не засмяялася. Яна сказала:
        – Ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе грошай. У мяне ўпершыню сабралася столькі – і пад’ёмныя, і зарплата!.. Не ведала, што з імі рабіць...
        Ніколі раней яны не гаварылі пра такія рэчы, як грошы, і, безумоўна, ён нізавошта не адважыўся б прасіць іх у Сашы, калі б нават апынуўся ў самым цяжкім становішчы. А яна вось гаворыць так проста. I ў гэтым таксама відаць, што яна змянілася, але да лепшага ці да горшага такая змена – Пятро не мог вырашыць.
        Яму ўвесь час здавалася, што Саша не падобна да іншых дзяўчат, што яна асаблівая, і ён баяўся, што з гэтай «матэрыяльнасцю» яна страціць сваю незвычайнасць і стане, як усе. Але разам з тым ён адчуваў, што такая простая яе прапанова, як і тое, што перад тым яны сядзелі за адным сталом, неяк вельмі ўжо збліжала і радніла іх. Усё гэта было супярэчліва і неяк па-новаму хвалявала. Пятро забыўся на свой смешны расказ аб тым, як яны насілі на «таўкучцы» рэчы. Ды і Сашы, напэўна, было нецікава гэта, яна думала пра нешта сваё. Хвіліну яны маўчалі. Потым Саша сказала:
        – Да мяне прыходзіў бацька, і я аддала ўсе грошы яму,– і пасля паўзы дадала: – А пасля пашкадавала. Я даведалася, што ён збіраецца жаніцца. Дзесяць год прайшло, як памерла маці, і раптам... надумаў стары... Я напісала яму злоснае пісьмо.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.