РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сны
1
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Граюць гусьлі-самагуды,
Песьня-скарга з струнаў рвецца,
То – бы родзіць сны-прычуды,
То – адразу абарвецца...
 
То – нясецца стогнам смутным
Над паснулымі лясамі,
То – зьнікае дзесь нячутна
За вазёраў паясамі.
 
Поўна дзіўнае задумы
Ў далях будзіць адгалоскі...
I плыве, радзіўшы сумы,
Тая песьня зь вёскі ў вёскі...
 
Як бяз сонца не пражыці,
Без начы ня знаць спакою, –
Так бязь песьняў цяжка жыці
Ўрань і позьняю парою.
 
Зь песьняй можна злой часінай
Смуткі выліць, плакаць, рвацца,
Разам з стайкай жураўлінай
Ў край чужы ляцець, сьмяяцца...
 
Кажуць казкі: прад вякамі
Не радзілісь вольна песьні.
Думкі вострымі цьвякамі
Рвалі сэрцайка балесьне.
 
Чалавек, пяюньні – птушкі,
Не пяялі, залівалісь,
Спалі песьні-весялушкі,
Словы ў сэрцах пахавалісь...
 
Пахавалісь... ды паволі
Ўсе расьлі яны і ўрэшце,
Ўрэшце вырвалісь зь няволі,
Зазьвінелі: «сэрца цешце!
 
Вылівайце моц каханьня,
Каб усе вас зразумелі,
Вылівайце ў гэтым граньні
Ўсё, што моўчанькі цярпелі!»
 
Й песьні-скаргі, песьні-думы,
Песьні жарты-сакатушкі,
Паплылі, радзіўшы шумы,
Заліваючысь, як птушкі...
 
Граюць гусьлі-самагуды,
Песьня-звон са струнаў рвецца.
То – бы родзіць сны-прычуды,
То – адразу абарвецца...
 
                                   *
 
«Дзесь за морам-акіянам
Ёсьць старонка дум няясных,
Сноў прыгожых, зорак ясных.
Ў полі, сонцам абліваным,
Ў тэй старонцы прамяністай
Ёсьць высокі белы хорам..
Прыгаством, красою чыстай
Там, падобны ясным зорам,
Расьцьвітаюць у сьвятліцы
Пяць дзяўчынак, пяць сястронак:
Стан прыхільны, гібак, тонак,
Мараў чар з вачэй глядзіцца,
Твары белыя, а косы –
Зьзяньне месяца палосаў...
Ткуць дзяўчына, ткуць ад раньня,
Ткуць вузоры срэбнай пражы...
Хто зь іх песьню, казку скажа,
Хто пачуець птушкаў граньне
Ў час вясеньняга сьвітаньня,
Хто зь іх выйдзе у садочкі
Дзе стаяць чаромхі ў белі,
Дзе ў пагожыя нядзелі
Сонца ўе сабе вяночкі...
Ткуць дзяўчыны, нахіліўшысь
Над дубовымі станкамі
Залатымі абрусамі,
Паясамі з срэбра, зьвіўшысь,
З-пад рукі плывуць умелай
Ніці золата старога,
Срэбра, шоўку ценявога,
Воўны чорнай, воўны белай...
Ткуць дзяўчыны у пакоры
Шматкалёрныя вузоры...
Іх цалуе ясна сонца,
Заглядаючы ў ваконца,
Ім сьпяваюць салавейкі
Свае песьні срэбналейкі.
А вясёлых думкаў хоры,
Тых, што век ня знаюць гора,
Устаюць і вабяць: “Годзе,
Годзе, шэпчуць, працаваці,
Ябрусы шаўковы ткаці,
Пагуляйма на свабодзе!”
Ткуць дзяўчыны сны у кроснах,
Сны прыгожыя, ціхія.
Ў іх і зоркі залатыя
Заплятаюць кветкі з росных
Сенажацяў, і праменьні
Сонца сьветлага, і цені...
І хавае ноч зайздросна,
Ўсё, што выткана у кроснах...
 
                                   *
 
Сны тчэ першая дзяўчына,
Шматкалёрных сноў тканіны:
Сны вясёлыя, як дзеці, –
У ружовых ніцяў сеці;
Сны гарачыя каханьня –
Ў чырвань яркую згараньня.
Крые нудных сноў тканіны
Ніткай шэрай павучыны,
Затыкае сны, як казкі
Ў мілы тон пралескі-краскі,
А сувоі сноў прыгожых –
Крые беляй белых рожаў.
 
Тчэ другая па калеі
Чуць-зялёны шоўк надзеі...
Тая – сіняй грой адценяў
Тчэ чароўнасьць лятуценьняў,
Гэна зноў, ў правідным ценю,
Разлажыўшы на калені,
Чорным шоўкам, срэбрам старым
Ўсьцяж пляце начныя мары...
 
А астатняя маўкліва
Заканчае ночы жніва:
Хваляй белых аксамітаў
Тчэ спакой душы, ўжо сытай...
 
Ткуць дзяўчыны, ткуць сястрыцы
Ўсё, што можа нам прысьніцца,
І, зайздросна ноч хавае
Ўсё, што з кроснаў выплывае...
 
                                   *
 
А як згасьне дзень між хмараў
Туманы спаўюць зямліцу, –
Ноч нясе ў імглу абшараў
Ўсё, што выткана ў сьвятліцы...
 
Шляхам месячных праменьняў,
Пуціной дрыжачай зораў,
На зямлю, у сьвет імкненьняў
Йдзе з-за сьветавых прастораў
 
І распальвае настроі
Бліскавіцаю між хмараў,
Разьвівае сноў сувоі,
Расплятае ніці мараў.
 
Ўсіх замучаных, прыстаўшых,
Ўсіх, спрагнёных адпачынку,
Шчасьця ў шэры дзень ня знаўшых, –
Заварожыць на хвілінкі.
 
Хай забудуць дзень галодны,
Хай у сьне зазнаюць ласкі,
Заліе іх горам зводным,
Занясе ў краіну казкі..
 
Ўсю зямлю крылом абыйме,
Закалыша, залюляе,
З сэрцаў важкасьць гора здыйме,
Боль вясьняным сьнегам стае...
 
I над змучаным паэтам
Затрымаецца... схінецца...
А назаўтра сьпеў пальлецца,
Сьпеў, што вытканы за сьветам»...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.