РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шчасьце
 
Вершаванае апавяданьне
1
Хтосьці па лесе ідзе і сьпявае,
Хустка між соснаў высокіх бялее,
Песьня зьвініць, як згубіўшы надзею,
Сонцу і небу укор пасылае...
 
Сонца усходзіць... Зьбялеўшыя зоры
Тонуць у рожавым полымі-моры,
Ў чырвань малююцца соснаў вяршыны,
Рожавай робіцца мгла над лагчынай.
Ў лесе паўцёмна. Ільлёвыя змрокі
Ў гушчы хаваюцца соснаў высокіх.
Бор, прачынаючысь, ціха шапоча
Сны-маячэньні канаючай ночы.
Хтосьці па лесе ідзе і сьпявае,
Небу і сонцу жальбу пасылае:
– «Хто ў нас з заранкай на поле выходзіць,
Сілы за працай цяжкой пераводзіць?
Эх, сірацінка так раніцай ходзіць,
Буйныя сьлёзкі на постаць раняе,
Горкую долю сваю праклінае!
Хто ў нас палуднем на ніўцы хінецца,
Дробнымі сьлёзкамі плача-ільлецца?
Эх, сірацінка так з працаю б’ецца,
Белаю ручкаю пот уцірае,
Сьпіну да чорнай зямлі нагінае,
Горкую долю сваю праклінае...»
Цяжка на сьвеце, ой цяжка, бяздольнай,
Хочацца волі шчасьлівай, раздольнай,
Хочацца ласкі, а людзі сьмяюцца,
Людзі чужыя ваўкамі здаюцца.
 
                                                 *
 
Матка Галіны ў рацэ утапілася,
Бацькі ня ведала нават дзяўчына...
Так і расла, бы ў лагчыне каліна,
Доля інакшая Гальцы ня сьнілася.
Людзі ўзялі сірату, ўзгадавалі,
Людзі кармілі... А болей што... годзе...
Болей дасьць Бог, кажуць гэта ў народзе
Дзеці дражнілі... Пасьля перасталі.
Думнай дзяўчынай Галіна ўзрастала,
Год за гадом прыгажэй расьцьвітала:
Цёмныя косы, ружовыя шчочкі,
Вочы-пралескі ці два васілёчкі,
Белыя, гладкія рукі і плечкі,
Голас, бы плюскат крынічанькі, рэчкі.
Толькі маркотна жылося дзяўчыне,
Плакаць штоноч выпадала Галіне:
Воля, вядома, сірочая воля,
Мачыхай злою была яе доля.
Моўчанькі Галя ўсе крыўды цярпела,
Жаліцца на’т у душы ня умела...
Толькі любіла уночы сядзеці,
Ў цёмнае неба з тугою глядзеці,
Зоркі лілі у душу маладую
Нейкую цішу і згоду сьвятую...
Год за гадом хвойкай вырасла Галя...
Вернай нядзелькай семнаццаць мінула,
Праца цяжкая яе не сагнула:
Стала вышэйшаю, – косы – як хваля...
Сьлёзы вачэй-васількоў не згасілі,
Шчокаў ружовых ня зьмялі, ня змылі,
Крыўды надзеі ў людзей не зламалі,
Злога ня ведала сэрцайка Галі...
 
                                                 *
 
Хтосьці па лесе ідзе і сьпявае –
Гэта Галінка чаромху ламае.
Ў лесе на краю зялёнай паляны,
Сьветлай расой, як сьлязамі прыбранай,
Сонца з-за цёмнага бору ірвецца,
Скора імгла над зямлёй распаўзецца,
Цень, між камлёў пасплятаны, вузорны,
Сіні, халодны, мясцамі йшчэ чорны,
Зьнікне у золаце раньняга сонца,
Ў ласках вясеньніх, гарачых бясконца...
Ходзіць дзяўчына, чаромху зрывае,
Песьню маркотную ціха сьпявае,
Ходзіць і ходзіць... а дрэвы дарогу
Моўчкі ёй кажуць да гушчы ў разлогу,
Кажуць дарогу да тоні-балота,
Тоні, дзе сонца блішчыць пазалота
Ў плямах рудое, іржавай вадзіцы,
Тоні, аер дзе зялёны хіліцца,
Качкі ўюць гнёзды, маленькіх выводзяць,
Дзівы дзе лес гулам жудасным родзіць.
Там, над балотам, як чула Галіна,
Рэшткі згніваюць старуткага млына,
Мхом зарастаюць, а ў ім, між асокі
Век дажывае млынар адзінокі.
Можа зайсьці варажыці? Ён мае
Сілу дзіўную і моц нялюдзкую,
Чортаву, кажуць... вужакаў гадуе,
Лечыць, варожыць, урокі зьнімае.
Сэрцайка Галі калоціцца, б’ецца,
Так-бы дамоў і пабегла, здаецца.
Ціха ідзе па імховай пасьцелі,
Твар пахаваўшы ў чаромхавай белі.
Холад іголкамі колець у грудзі,
Вось і балота... Хай будзе, што будзе...
 
                                                 *
 
Госьцю стары чараўніча вітае,
Зь дзіўнай усьмешкай яе аглядае.
Белы, высокі, калматыя бровы,
Ссушаны твар, пажаўцеўшы, васковы,
Белая вопратка, пояс сатканы
Зь ніцяў грубых, кутасамі прыбраны,
Лапці зь ліповага лыка, аборы...
Самае дзіўнае – вочы, як зоры,
Цёмныя, цёмныя – неба уночы.
Ўсё пахаваюць, што знае, што хоча,
Добрае, злое, насьмешку ці ласку,
Долю праклятую, долю, як казку,
Нейкі агонь у тым поглядзе дзіўным.
Голасам ціхім, глухім, зауныўным
Госьцю стары чараўніча вітае,
Што яна, красная, хоча, пытае.
Шэптам штось кажа старому Галіна.
Шчокі зьбялелі, бы сьнег, палатніна,
Хоча аб долі сваёй запытацца,
З будучым часам таемным спазнацца.
Мо’ ужо любіць дзяўчына кагосьці,
Мо’ ўжо заняў яе сэрцайка хтосьці?
Не, не аб тым, пэўна, кажа Галінка,
К дзеду схіліўшысь, бы ў полі калінка.
Любіць... ня любіць... а трудна прызнацца,
Сэрца даўно пачынае мо’ рвацца,
Хочацца ўсё, усё выліць, сказаці –
Сорамна неяк, ну й трэба маўчаці...
Моўчкі стары чараўнік адыходзіць,
Кій свой бярэ, кола кіем абводзіць,
Коўшык прыносіць сьцюдзёнай вадзіцы,
Жменю ў ваду сыпле чорнай зямліцы,
Кажа дзяўчыне у коўшык глядзеці,
Золкі прыносіць тым часам ды з клеці,
Крышыць іх, сыпле таксама ў вадзіцу,
Ў коўшык, куды і Галіна глядзіцца.
Ціха у чорнай закуранай хатцы...
Моўчкі стары пачынае хістацца,
Штосьці нячутна і глуха шапоча,
Доля-нядолю пытае, прароча:
– «Ўстану я і вайду ў лес-бор паволі,
Зь лесу-бору выйду ў чыстае поле
Сьпінаю устану я там да заходу,
Стану чыстым тварам я да усходу...»
Слухае Галя... чуць дыхае... душыць...
Звон быццам б’е, аглушаючы, ў вушы...
Круціцца хата... Туман ад парогу
Ўстаў... спавівае... ня помніць нічога...
Шэпча вядун і ў ваду заглядае,
Зёлак у коўшык сухіх падсыпае,
Сыпле і кажа ціха, паволі,
Жудасна, глуха, што далей, то болей:
– «Абвяжуся я хмарамі сівымі,
Падпаяшуся ранічнай зарою,
Паабтычуся зоркамі малымі,
Абмачуся чыстаю расою,
Абсушуся сонейка касою...»
Шэпча ўжо толькі губамі аднымі
Тайну вялікую... водзіць вачымі...
– «Ні зьмяніць тых слоў, ні даказаць нікому,
Ні старому чалавеку, ні малому,
Іх замкну я дзесяцьцю ключамі,
Зачыню я дзевяцьцю замкамі,
А ключы па лесе раскідаю,
Ў ціне возера-балота пахаваю...»
Скончыў... Прамовіў вялікія словы,
Словы апошнія ўжо, ключавыя.
– «Будзеш шчасьліваю», кажа Галінцы,
«Дзякуй кажы тэй шчасьлівай хвілінцы,
Як радзіла да жыцьця цябе маці,
Лепшае долі людзём не спазнаці.»
Кажа стары так, яе аглядае,
Зь дзіўнай усьмешкай у твар заглядае.
Дзіўна дзяўчыне... Крывёю гарачай
Ўся залілася і ледзьве ня плача...
Хлеба ня мае, каб дзеду падаці,
Яек і сыру сіротцы дзе ўзяці? –
Краскі чаромхі яна сарамліва
Дзеду дае і бяжыць палахліва
Вузкаю сьцежкаю ў вёску ціхую
Зноў працаваць на сямейку чужую...
Сонца, што ўстала, усьлед ёй сьмяецца,
Сэрца дзяўчыны калоціцца, б’ецца.
Верыць, ня верыць ёй сонейка ласкам,
Тэй варажбе, чараўнічым тым казкам?
Мгла распаўзлася, радзее і тае,
Сьветласьцяй раніца Галю вітае.
Звонкая песьня да сонца ільлецца,
Сэрца шчасьлівым прадчуцьцем ірвецца.
 
                                                 *
 
Доля і шчасьцейка, хто вас пазнае,
Тайну жыцьця на зямлі адгадае?
Шлеце надзеі і вабіце марай,
Нам дакляруеце шчасьце, а хмарай
Наша жыцьцё спавіваеце, б’еце
Сэрца штодзень, адпачыць не даеце.
Жыта на ніве яшчэ не дажалі, –
Галю ў гаёчку за вёскай хавалі.
Доўгае жыцьце ёй доля давала...
Эх, на гадочак яго не дастала.
Стаяла ў тыдзень, бы ў цэркаўцы сьвечка,
Хутка схудзелі і шчокі і плечкі,
Вочы-пралескі зусім патускнелі,
Косы адны, як вясною, цямнелі.
Моўчкі дзяўчына цярпела, хварэла,
Моўчкі, нячутна яна дагарэла.
Ўсё варажбу у паўсьне ўспамінала,
Шчасьця і будучай долі чакала,
Лес ўспамінала, і сонца, й фіялкі,
Ўдаль ўсё глядзела паглядам русалкі.
Верыла Галя, што шчасьце ўжо блізка,
Так і сканала, як сонейка нізка,
Нізка стаяла і першыя зоры
Ўжо запаляліся ў небным прасторы...
 
                                                 *
 
Доля і шчасьцейха, хто-ж вас пазнае,
Вашую тайну хто зглыбіць, хто знае?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.