РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вольга Гапеева: «Дадому – у тапках...»
        

        
        – Прывітаньне! У эфіры «СучБелЛіт», з вамі Ася Паплаўская і наш сёньняшні госьць, якога вы толькі што чулі ў эфіры NETradio, паэтка, перакладчыца Вольга Гапеева. Мы павінныя патлумачыць слухачам, што грала ў эфіры. Воля, што гэта было?
        
        – Добры вечар. Вельмі прыемна быць сёньня з вамі. Дзякуй, Ася, што запрасіла на перадачу. Толькі што граў трэк «Малако», які мы рабілі сумесна з Уладам Бубнам.
        
        – Хто такі Улад Бубен? Патлумач людзям…
        
        – Улад Бубен – гэта культавая фігура беларускай электроннай музыкі! (сьмяецца) Спадзяюся, ён не пакрыўдзіцца, што я яго так абазвала.
        
        – Ён яшчэ выкладае псіхалогію,так?
        
        – Так. Мы з ім калегі ў гэтым плане. Ён выкладае ў Лінгвістычным універсітэце псіхалогію.
        
        – Распавядзі, што ты выкладаеш?..
        
        – Я выкладаю на дадзены момант у тым жа Лінгвістычным універсітэце тыпалогію англійскай, рускай і беларускай моў, практычную граматыку на трэцім курсе і краязнаўства на другім курсе. Раней яшчэ выкладала пераклад і вуснае маўленьне.
        
        – Так што Вольга Гапеева ня толькі піша вершы, займаецца перакладамі, яна яшчэ актыўна выкладае розныя тыпалогіі… Воля, мы з табой перад эфірам размаўлялі пра тое, што ў цябе была нейкая страшэнная група замежных студэнтаў, у якіх ты выкладала. Раскажы пра іх. Чаму ты іх вучыла?
        
        – Так, сапраўды, быў у мяне такі выпадак у жыцьці. У якасьці практыкі на пятым курсе мяне пакінулі ва універсітэце і я выкладала для замежнікаў англійскую мову. Патрапілася мне група першага курса, якая складалася з людзей усялякіх розных нацыянальнасьцей: і вьетнамцы, і іранцы, і кітайцы, і кіпрыёты, і нават з Аўганістану быў адзін чалавек… Узровень веданьня англійскай мовы быў у іх вельмі розны.
        
        – Так жа, як і рускай…
        
        – Так… Праўда, некаторыя ведалі рускую мову лепей, чым англійску, некаторыя – наадварот. Цяжкасьцяў было шмат, але багата было і цікавага, вясёлага. Цяпер я заўжды згадваю гэты досьвед з усьмешкай. Такі досьвед, хоць і траўматычны ў некаторым плане, усё адно прыемны.
        
        – Да нас паціху далучаюца нашыя слухачы. Зямеля, Балахонаў, Рэліз… Усім прывітаньне. Рада, што вы нас слухаеце. Нагадваю вам, што эфіры мы робім разам з вамі, таму будзьце актыўнымі, задавайце пытаньні нашай сёньняшняй госьці! А мы працягваем размову з Вольгай Гапеевай, паэткай, перакладчыцай, выкладчыцай, прыгожай дзяўчынай, якая сарамліва пасьміхаецца…
        Вольга, давай вернемся да сумеснага праекту з Бубнам, трэк зь якога мы чулі. Як у вас зьявілася ідэя зрабіць ці то аўдыёкнігу, ці то кружэлку… Што гэта для цябе?

        
        – Я не магу сказаць, што гэта кніга. Я ўяўляю кнігу з аўдыёдадаткам па-іншаму. Гэта, я думаю, музычны праект. Ідэя ўзьнікла ў Зьміцера Пляна. Ён аматар запісваць розныя гукі, падсадзіў і мяне на гэта - мы зь ім пахадзілі пазапісавалі, шмат цікавага даведаліся… Ён таксама вырашыў рабіць трэкі на маю паэзію… У Зьміцера больш harsh noise накірунак і непадрыхтаванаму слухачу цяжка вытрымаць, калі на працягу шасьці хвілін грукоча трактар, напрыклад, і толькі дзесь напачатку гучыць колькі маіх радкоў...
        Улад жа, як ён мне тлумачыў, стаміўся ад усяго канцэптуальна-авангарднага і вырашыў зрабіць штось лёгкае, у стылі сhill out, каб народ проста мог расслабіцца. І чамусьці падумалася яму, што мая паэзія змагла б для гэтага падысьці. А, можа, і ня так яму падумалася, можа, проста я пад рукой апынулася (сьмяецца)… Альбом напісаўся хутка. Я Уладу вельмі ўдзячная, бо я ня думала, што мае вершы могуць так гучаць у музычным афармленьні…
        
        – Тут нам Сяргей Балахонаў піша, што трэк цікавым атрымаўся. Яшчэ нам у аську пішуць, каб ты не хавалася за мікрафонам, бо цябе ня бачна ў нашую вэб-камеру…
        Ты сказала, што Бубен падумаў, быццам твая паэзія расслабляе. А мне падаецца, што наадварот – загружае мозг…

        
        – Сказаўшы гэта, я падумала. Што ты зараз задаш гэтае пытаньне. Я не лічу, што ён так падумаў. Проста ў яго як у музыкі ўзнікла жаданьне паказаць, што нават такую паэзію можна адлюстраваць музычна, паказаць іншы бок…
        Нядаўна я была на фестывалі ў Брно разам зь іншымі беларускімі літаратарамі. Пасьля майго выступу да мяне падыйшла жанчына і сказала: «Вашы вершы такія змрочныя! Ад іх проста пахне Беларусьсю! Не пішыце такіх дэпрэсіўных вершаў!..» Я так расстроілася, але пасьля іншыя людзі, сказалі, што гэта іх мясцовая блазанка, каб я ня слухала яе… Я заўжды думала, што мае вершы нельга назваць аптымістычнымі, але Уладу ўдалося паказаць іншы бок. Для мяне гэта цікавы досьвед.
        
        – Ці любіш ты цягнікі?
        
        – Не, напэўна, ня вельмі люблю. Зь дзяцінства я лётала на летаках. Такі плеаназм атрымаўся. І да нараджэньня лётала, і пасьля – з чатырох месяцаў. І ў мяне была мара: хачу на цягніку! А то ўсё на самалёце ды на самалёце. А калі квіткі на самалёты значна падаражэлі, давялося езьдзіць толькі на цягніках, і я зразумела, што люблю самалёты (сьмяецца)
        
        – Хоць ты і ня любіш цягнікі, зараз мы паслухаем песьню гурта ULIS «Цягнік на Нясьвіж».
        
        
»З блогам у мяне ня склалася…»
        
        – А мы вяртаемся ў «СучБелЛіт». З вамі Ася Паплаўская і паэтка, перакладчыца Вольга Гапеева.
        Зямеля задае пытаньне Вользе: «Чытаў вашу біяграфію на сайце Саюза беларускіх пісьменьнікаў і быў вельмі напалоханы сказам: «…дасьледуе феномен цялесных мадыфікацый і самапашкоджаньняў». Падрабязьней, калі ласка, што гэта і навошта «гэта» дасьледваць?»

        
        – Што гэта? Па-першае, гэта калі людзі зь нейкіх прычынаў пачынаюць крэмзаць сваё ўласнае цела альбо цела суседа. (сьмяемся) Жартую пра суседа. Маё дасьледваньне было менавіта пра самапашкоджаньні. Дзеля чаго гэта рабіць? У прынцыпе, такое пытаньне можна задаць адносна ўсяго: навошта дасьледваць назвы птушак, напраклад…
        
        – А чаму ты зацікавілася гэтай тэмай?
        
        – Гэта ўжо іншае пытаньне! Усялякі інтарэс у навуцы прыходзіць зь нейкага ўласнага досьведу. І гэтая тэма ня сталася выключэньнем. Мяне зацікавіла, чаму гэта адбываецца зь людзьмі, я напісала магістарскую працу на гэтую тэму, каб для сябе нейкім чынам гэта вытлумачыць…
        
        – А на якой мове ты пісала працу?
        
        – Пісала па-руску, бо вучылася ў магістратуры ЕГУ.
        
        – А я падумала, што гэта твая магістарская праца ў лінгвістычным універсітэце, таму ў мяне нарадзілася шчэ адно пытаньне…
        
        – Не, там была іншая тэма.
        
        – Якая ж?
        
        – Гэндэрная лінгвістыка. Формулы гендэрнай персаніфікацыі ў мужчынскім і жаночым маўленьні на прыкладзе англійскай, нямецкай і рускай моў.
        
        – Мы разабраліся, што такое самапашкоджаньні. А што такое феномен цялесных мадыфікацый?
        
        – Ёсьць такое меркаваньне, зьвязанае з паліткарэктнасьцю, што слова «самапашкоджаньні» – не зусім карэктнае. Некаторыя антраполагі лічаць, што лепш, нават калі ты сама робіш штось са сваім целам, называць гэта мадыфікацыямі. Нават калі гэта шнараваньне, напрыклад. Слова «самапашкоджаньне» утрымлівае ў сабе трошку негатыўную семантыку: маўляў, ты шкодзіш свайму целу. Некаторыя люді, якія гэтым займаюцца, лічаць, што яны сябе ўпрыгожваюць альбо атрымліваюць ад працэсу задавальненьне.
        Мадыфікацыі бываюць розныя: паўсядзённыя: падстрыганьне пазногцяў, напрыклад – таксама цялесная мадыфікацыя, як ні дзіўна.
        
        – Мэйк-ап – таксама?
        
        – Так. Тут можна далёка сягаць: ад пазногцяў і валасоў да пластычнай хірургіі…
        
        – Зьмена полу – гэта ўжо кардынальная мадыфікацыя (сьмяемся)
        Была такая сітуацыя: падыйшоў да мяне аднакурсьнік і кажа: Ася, дай мне, калі ласка, адрэсу блога Вольгі Гапеевай. Я кажу: здаецца, няма, ў яе блога… І бачу ў вачох зьдзіўленьне: як так сталася? Воля, чаму ў цябе няма блога? Ці ёсьць, але ты хаваесься?

        
        – На самой справе, няма… Я, канечне, прытрымліваюся ўсіх новых тэндэнцый і тэхналогій, але чамусьці з блогам, з ЖЖ у мяне ня склалася. Мне гэта нецікава, у мяне няма абсалютна на гэта часу. Я лепш напішу новы верш, штось перакладу. Можа, блог зьявіцца пазьней, але на дадзены момант у мяне няма патрэбы ў ім.
        
        – Слухачы пішуць: «Трэба тэрмінова завесьці ЖЖ!»
        
        – Ня буду я заводзіць ЖЖ… (сьмяецца)
        
        – У нас з вамі ёсьць шанц да канца эфіра пераканаць Волю ў неабходнасьці блогу…
        
        – Напішыце мне 10 пунктаў за ЖЖ! (сьмяемся)
        
        – Воля, ты курыруеш замежныя праекты (пераклады) і займаесься прамоцыяй беларускай літаратуры за мяжой…
        
        – Цяпер я займаюся ўласным праектам. Я курыравала зборнікі сучаснай нямецкай паэзіі «Лінія фронту» і «Лінія фронту-2», пасьля з калектывам аўтараў мы перакладалі вершы Барадуліна на англійскую мову, калі ён высоўваўся на Нобелеўскую прэмію. Гэта вельмі цяжкая праца… Удзельнічала ў круглых сталах, прысьвечаных малым літаратурам і малым мовам, а беларуская літаратура і беларуская мова падпадаюць пад гэта… Калі казаць пра малую мову – беларускую – тут рэч ня ў тым, колькі людзей на ёй размаўляе (хаця гэты фактар таксама трэба ўлічваць), рэч ў продажах кніг, якія на гэтай мове прадаюцца, наколькі мова папулярная, колькі людзей яе вывучае… На такіх канферэнцыях імкнуся гаварыць, што акрамя ўсяго іншага, ў нас развіваецца і літаратура, даволі цікавая. Пранамсі, паэзія, як мне здаецца.
        
        – У чаце пытаньне, што проста перасьледуе маіх гасьцей з эфіра ў эфір: ці заўсёды размаўляе Вольга па-беларуску?
        
        – Не, не заўсёды. Я лінгвіст і мая праца – размаўляць на розных мовах. Я да гэтага стаўлюся абсалютна спакойна і не лічу, што гэта нейкая загана.
        
        – На якіх мовах, акрамя беларускай, ты размаўляеш?
        
        – Па-руску, па-англійску (яна – мая першая мова на Інязе), па-нямецку (другая), па-французску (трэцяя), і па-кітайску трошку.
        
        Зямеля пытаецца, дзе можна пачытаць тваю п’есу «Калекцыянер», і ці выдавалася яна?
        
        – Яна апублікаваная ў маёй першай кніжцы «Рэканструкцыя неба». І я выкладала гэтую п’есу на сайце «Другі фронт мастацтваў».
        
        
»Я ня вельмі люблю сіметрыю»
        
        – У працяг тэмы згубленай завушніцы… Вольга, ты заўсёды ходзіш з адной завушніцай (у левым вусе)?
        
        – У мяне ёсьць дзірка і ў правым вусе (сьмяецца). Мне здаецца, калі я апранаю дзьве завушніцы – гэта занадта сіметрычна. А я ня вельмі люблю сіметрыю.
        
        – Пытаньне ад Алеся Мазаніка: «Мне як кнігараспаўсюдніку, цікава, колькі кніжак было выдадзена, якія вашыя біжэйшыя творчыя планы,хто вам падабаецца з сучасьнікаў?..»
        Давай пачнем з пытаньня, які твой любімы сучасны беларускі аўтар?

        
        – Мне падабаецца паэзія Арцёма Кавалеўскага, Сяргея Верацілы… Ён, канечне, нестандартны чалавек…
        
        – Арцём Кавалеўскі – таксама… (сьмяемся)
        
        – Так. Я люблю нестандартных людзей. Сяргей Вераціла вельмі харызматычна чытае свае вершы, цяжка ад гэтага ўяўленьня адрабіцца. З празаікаў… Я люблю паэзію. З прозы… Я слоўнікі чытаю. (сьмяеемся) Шчыра скажу, я больш чытаю спецыялізаваную літаратуру. Не магу сказаць, што ў мяне ёсьць любімы сучасны празаік.
        
        Алесь пытаееца, што ты чытаеш зараз?
        
        – Падручнік па тыпалогіі. (сьмяемся)
        
        Алесь шчэ пытаўся, колькі кніг было выдадзена…
        
        – Дзьве: «Рэканструцыя неба» і «Няголены ранак».
        
        – Давай прычэпімся да назваў: «Рэканструцыя неба», «Няголены ранак». Як нараджаюцца такія назвы?..
        
        – Мне не падабалася тое неба, што было нада мной. Я вырашыра яго разбурыць і скласьці наноў, так, як мне падабаецца…
        
        – А пасьля – пагаліць ранак…
        
        – Ранак – такі спецыфічны, кранальны час, калі, прынамсі для мяне, павінна стаяць ідэальная цішыня … У той жа час раніца непрычасаная, трошку калючая…
        Я наагул вельмі не люблю прыдумляць назвы. Некаторыя кожнаму вершу даюць назоў, для мяне ж гэта проста катастрофа.
        
        Перарываемся на «Тры сонцы» ад гурта «Indiga»
        
        
«Зь вясельля Ільі Сіна вярталася ў тапках Сержа Мінскевіча»
        
        – Мы зноў у «СучБелЛіце». У чаце Салодкая N і Bess вырашаюць, хто пойдзе на боўлінг. Воля, ты іграла ў боўлінг?
        
        – Даўно, гадоў дванаццаць таму, калі я была ў Ірландыі. Мне падабаецца такая ігра: па стале фішкай «шух-шух-шух»… (сьмяемся) Я забыла, як яна называецца…
        
        –Фрызбі – падказваюць чатлане. Гэта было фрызбі?
        
        – Так. Дакладна! (сьмяемся)
        
        – Якія яшчэ віды спорта любіш глядзець ці іграць?
        
        – Гляджу толькі вялікі тэніс – пад яго добра працуецца. Люблю плаваць. У футбол іграць – глядзець не люблю.
        
        – А ў дзяцінстве чым займалася?
        
        – Музыкай. На піяніне грала. Таньчыла трошку. Думала пайсьці ў харэаграічную вучэльню, а пасьля вырашыла, што замежныя мовы – лепш.
        
        – Ці чытаеш ты глянцавыя часопісы?
        
        – (задумалася) Я люблю чытаць толькі слоўнікі. (сьмяецца) Глянцавыя часопісы я люблю глядзець.
        
        – Ці любіш фарбавацца?
        
        – Мэйк-ап ці валасы?
        
        – Мэйк-ап.
        
        – Я фарбую максімум вейкі і тое, я іх расчэсваю… Астатняе – не. Памаду на вуснах не пераношу, бо я яе зьядаю…
        
        – Ці затаплівалі цябе калісьці суседзі?
        
        – Так! Было аднойчы страшнае. Маці зьехала, я засталася адна, а гэта быў адзін з першых досьведаў заставаньня адной дома… І акурат ў тыя выходныя мяне затапілі суседзі. Я заўважыла на кухні пляму, якая расла. Суседкі, вядома ж, не было, яна была на лецішчы, дазваніцца было праблематычна… Карацей, была цэлая гісторыя.
        
        – Распавядзі, як цябе аднойчы зьбілі?..
        
        – Гэта было некрыважэрна. Калі я вучылася на першым курсе, у раёне Плошчы Перамогі падыйшлі і папрасілі грошай людзі неафашысцкага выгляду. Я не захацела аддаваць свае заробленыя грошы, за што і атрымала на твары, па назе… Пасьля гэтага выпадку я доўга не глядзела людзям у вочы, замкнулася.
        
        – Ці любіш ты абцасы?
        
        – Не ўмею на іх хадзіць. Я сябе на іх адчуваю няёмка, некамфортна. Аднойчы апранула пантофлі з абцасамі, калі хадзіла на вясельле Ільі Сіна. Калі мы з Сержам Мінскевічам вярталіся і стаялі на станцыі метро «Магілёўская», я плюнула на ўсё, зьняла абцасы і пайшла басанож, у калготках па асфальце. Мы зайшлі да Мінскевіча, ён мне даў свае тапачкі… (сьмяецца) І я ў тапачках пайшла дадому…
        
        – Нам пішуць: «Фота ў Вікіпедыі – проста супер!» Дарэчы, гэтае фота рабілася для нейкага праекту?
        
        – Гэта тая фотка, дзе, як адзін хлопец сказаў, у мяне роўныя зубы? (сьмяемся) Не, не для праекту. У мяне ёсьць сябра Тарас, які займаецца фотамастацтвам, і ён неяк прапанаваў: «Давай я цябе пафоткаю». Мы каталіся на роварах, ён сказаў: сядай на лаву, я буду цябе тут фатаграфаваць. Атрымаліся класныя здымкі, за што я Тарасу вельмі ўдзячная, як і за вокладку сваёй другой кнігі, якую ён рабіў.
        
        – Наш эфір падыходзіць да канца. Хутка мы зь дзяўчынай з рознымі зубамі разьвітаемся. Воля, скажы колькі слоў нашым слухачам…
        
        
        – Вялікі дзякуй, што вы былі сёньня з намі, што вам не хацелася спаць, што дасядзелі да канца, задавалі пытаньні. Я ўдзячная, канечне, Асі, што яна робіць такую перадачу, папулярызуе таксама беларускую ліатаратуру…
        
        – Дзякуй!
        
        – Вельмі хацелася б спадзявацца, што гэта сапраўды зробіць плён як у нашай літаратурнай журналістыцы, так і наагул у журналістыцы. Дзякуй і дабранач усім.
        
        – Дзякуй усім, хто быў з намі. З вамі была перадача «СучБелЛіт», Ася Паплаўская і Воля Гапеева. Пачуемся праз тыдзень, пакуль!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.