РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жалейка
 
*** Грай, мая жалейка...
 
Я не паэта
 
Да песень
 
Зь песень аб сваёй старонцы
 
Зь песень беларускага мужыка
 
Я мужык-беларус...
 
Зь песень нядолі
 
Пашкадуй мужыка!
 
Гоніш мяне, панічок...
 
Лапці
 
Саха
 
Вось тут і жыві...
 
А ты, браце, сьпі!
 
Ня рвіся к багатым
 
Мая хатка
 
Так... не...
 
Ах, ці доўга...
 
З маіх песень
 
На старую ноту
 
*** Ой дана, ой дана!..
 
Паніч і Марыся
 
Вясна
 
Зь песень аб вясьне
 
Засьвяціла цяпло...
 
Восень
 
З асеньніх напеваў
 
Зіма
 
Да дзяўчатак
 
Касцу
 
А хто там ідзе?
 
Любімось, мае суседзі!
 
Шавец
 
Песьня аб песьнях
 
Плачуць мае песьні
 
Дзяўчынка, галубка мая!
 
Эй, скажы, мужычок!..
 
Люді, люлі, мужычок!
 
Перад вясной
 
Песьня вольнага чалавека
 
Зь песень а бітвах
 
Песенька для некаторых маладых людзей
 
*** Хоць ты, сэрца, лопні, трэсьні...
 
Дзе ні вылеці зь няволі...
 
Нуда
 
Песьня жней
 
Да сваіх думак
 
Думкі
 
Дзе б і праўда жыла...
 
Па жыцьцёвай пуцявіне
 
Я ня сокал...
 
Канюх. Паданьне
 
Над магіламі
 
Спрасоньня
 
Як пайду я, пайду...
 
Ой, чаму на хаты гэтыя?..
 
Чаго б я хацеў
 
На добры стары лад
 
Нябожчык
 
Шчасьце
 
Адзін
 
Над сваёй Айчызнай
 
Вольха
 
Я бачыў
 
Ліпа
 
З украінскага Шаўчэнкі:
Думкі
 
З польскага М. Канапніцкай:
Пара
 
З польскага М. Канапніцкай:
На жалейцы
 
З польскага М. Канапніцкай:
Каму?
 
З польскага Іды Пілецкай:
Сон на куцьцю
 
З Крылова:
Шчупак, Лебедзь і Рак
 
Насьледаваньне:
Над калыскай
 
Чаго нам трэба
 
Змачу пёрка...
 
Пры скаціне
 
Падарожны
 
Працуй
 
Сяўцу
 
Кепска...
 
Гэта крык, што жыве Беларусь
 
Сватаная
 
Маладым на вясельлі
 
Зь Някрасава:
Агароднік
 
Сьцёпка Жук
 
Бабулька – прадаўчыца зёлак
 
Старцы
 
Касьба
 
Град
 
Гарэлка
 
*** Я відзеў душы сільныя...
 
І як тут не сьмяяцца...
 
Я ня сокал...
 
Каму вас, песьні?..
 
Адповедзь
 
Эпіграма
 
Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»
 
«Нашай долі». Першай беларускай газэце
 
Беларускай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца»
 
Адплата каханьня. Паэма
*  *  *
Грай, мая жалейка,
Пей, як салавейка!
Апявай нядолю,
Апявай няволю
I грымі свабодна,
Што жыве край родны!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Я не паэта
Я не паэта, о крый мяне Божа!
Ня рвуся я к славе гэткай німала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
      Завуся я толькі – Янка Купала.
 
Славу паэтаў разносяць па сьвеце,
Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,
Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?
      Ат! ведама, зь вёскі – Янка Купала!
 
Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсьць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж ня маюць,
      Няхай жа хоць будзе Янка Купала.
 
Доляй убогі, ён ціхі, нясьмелы,
Бяда, яго маці, узгадавала,
Сьлёзы пагарды п’е толькі век цэлы,
      От, ведама, просты Янка Купала.
 
Песьні пачаў пець той мовай убогай,
Якой пагарджаюць горка, нядбала,
Пэўна і песьняў счураюцца многа,
      От, ведама, здумаў Янка Купала.
 
Шчасьце так рэдка над сьветам усходзе;
Усё ж досыць бывае меці хоць мала, –
Долю каб бачыў у родным народзе,
      А быў бы шчасьлівы Янка Купала.
 
Эт, з часам людзі ўпадаюць на сіле,
Сьмерць скосе, глядзі – і больш крыжам стала;
Нехта спытае: хто ў гэтай магіле?
      А напіс пакажа: Янка Купала.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Да песень
Песьні мае, песьні!
Смуткаў маіх дзеці,
Калі ж вам час прыйдзе
Весела запеці?
 
Ой! сваю ды з вашай
Роўну долю бачу:
Плачаце вы, песьні,
І я з вамі плачу.
 
Хацеў бы вас, песьні,
Зрачыся, пакінуць, –
Сілачкі ж мне мала,
Буду ўжо так гінуць.
 
Выплакаў вас сэрцам,
Высьніў вас душою,
Б’ючыся зь нядоляй,
Б’ючыся зь бядою.
 
I цяпер за мною
Ходзіце вы ўсюдах –
I вясной патраўцы,
I ўвосень па грудах,
 
Па сьнягу зімою,
Па загонах летам;
Вы мяне спазналі
З горам, зь людчым сьветам.
 
Шмат чаго нагналі
Мне ў душу смутную,
I йшчэ знаю, знаю,
Шмат чаго пачую.
 
І так мне здаецца,
Колькі ні тужыці,
Са мной вы, я з вамі
Вечна будзем жыці.
 
Толькі, мае песьні,
Смуткаў маіх дзеці,
Калі ж вам час прыйдзе
Весела запеці?!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Зь песень аб сваёй старонцы
Невясёлая старонка
      Наша Беларусь:
Людзі – Янка ды Сымонка,
      Птушкі – дрозд ды гусь.
 
Поле – горы ды каменьне,
      Потам зьліта ўсё,
Сенажаць – адно карэньне,
      Сівец ды куп’ё.
 
Родзе шнур несамавіта,
      Колькі б працы ўнёс, –
Ячмень з сажай, з званцом жыта,
      Зь сьвірэпкай авёс.
 
Небагатыя і вёскі,
      Садоў ў іх ня знаць,
Толькі часам дзе бярозкі,
      Як тычкі, стаяць.
 
А па вёсках люд убогі,
      Век бяда ў крук гне,
Вечна ў лапцях гное ногі,
      Зрэб’е сьпіну тне.
 
Цёмны, цёмны народ гэты,
      Трудна і сказаць,
Абарваны, неадзеты,
      Ня ўмее чытаць.
 
Зь яго кожны насьмяецца,
      Назаве дурным...
Бедны люд... так бы, здаецца,
      Плакаў разам зь ім.
 
Так няміла, як магілай,
      Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
      Дый люблю ж яе.
 
Я, калі б зь ёй разлучыўся,
      Плакаў з усіх сіл...
Эй, бо дзе воўк урадзіўся,
      Яму куст той міл!
 
Дома голаду дазнаю, –
      Зьем хлеба, вады...
Горай жыці ў чужым краю,
      Болей сьлёз, нуды.
 
Там ня знойдзеш братніх сэрцаў,
      Там кожны чужым,
Будзеш жыць з нудой у спрэчцы
      Ды адзін-адным.
 
Песьню родную зацягнеш,
      Хто пачуе, хто?
Там любіць свой край прысягнеш
      Лепей, як жыцьцё.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Зь песень беларускага мужыка
Я – багач, я – магнат! –
Усім рад, усім сыт!
Што мне пан, што мне кат?! –
Цэлы сьвет мне адкрыт!
 
Я усё закляну,
Усё сілай папру, –
З гор зраблю даліну,
А з далінкі гару!
 
Затрымаю ваду,
Цёмны бор павалю,
А як з сошкай пайду, –
Увесь сьвет накармлю!
 
Кажуць, кволы дух мой...
А ўсё ж я маладзец:
Замахаю касой –
Трупам ляжа сівец!
 
Кажуць, крыўджу людзей...
Ах, каб іх жа багі! –
Ці ж ня з працы маей
Карыстае другі?!
 
Эй, дуж я да ўсяго –
На ральлі, на лугу!
Толькі гора свайго
Я змагчы не магу!..
 
Толькі шнур мой вузкі
Град аполе, пажне,
I залом ведзьмакі
Заплятуць на мяне.
 
Толькі ў хатцы маей
Зімой сьвішча віхор,
Хлябок вынесе зьмей,
Дроў ня дасьць панскі бор.
 
Толькі, як памру я,
Прападаю, як мыш, –
Няма хоць бы гнільля
На труну і на крыж...
 
Толькі, як памру я,
Не ўмірае бяда, –
Хоць з магілкі маей
Насып змые вада.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Я мужык-беларус...
Я мужык-беларус, –
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.
 
Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў,
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.
 
Хоць пагарду цярплю, –
Мушу быць глух і нем;
Хоць сьвет хлебам кармлю, –
Сам мякіначку ем.
 
Зь цяжкай працы маей
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма дзякуй нідзе.
 
Глянь, высокенькі бор,
Вокам нельга прабіць;
Загудзеў мой тапор, -
Як блін поле ляжыць.
 
Сошку з вышак сьцягнуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Плечы трохі прыгнуў, –
Лес на пахань зрабіў!
 
Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў...
Пан пшанічкі тачок –
Люба глянуць – наклаў.
 
Дык вось, людцы, які
Я мужык-беларус!
Пад ілбом сінякі,
Цёмен сам, белы вус.
 
Эй, каб цёмен ня быў,
Чытаць кніжкі умеў, –
Я б і долю здабыў,
Я б і песенькі пеў!
 
Я б патрапіў сказаць,
Што і я – чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Зь песень нядолі
Шумныя бярозы
      Пабяліў мароз.
Хацеў бы я плакаць,
      Дый ня маю сьлёз.
 
Хацеў бы я пеці
      Аб сваёй бядзе,
Дый мне сэрца ные,
      Песенька ня йдзе.
 
Хацеў бы, каб зімаў
      Строгіх не было,
Каб зарэла цягам
      Летняе цяпло.
 
Хацеў бы, каб доля
      У хатцы жыла,
Каб з бурлівай рэчкай
      Нядоля сплыла.
 
Хацеў бы, каб воля
      Гуляла са мной,
Каб сонейка грэла,
      Як грэе вясной.
 
Але, Божа мілы!
      Долі не відаць, –
Кайданы няволі
      На руках зьвіняць.
 
Няма вясны, сонца,
      Сьветлых дзён няма, –
Марозам марозіць
      Строгая зіма;
 
Марозам марозінь,
      Сьнегам адзяе,
На работу гоніць,
      Есьці не дае.
 
Эх, пайду я ў поле
      Долечкі шукаць
З востраю касою,
      Як на сенажаць.
 
Ой, пайду я ў поле,
      Як бы на вайну,
Шукаючы волю,
      Шаблячкай махну!
 
Ой, пайду я ў цэркаў,
      Сьвечачку куплю, –
Можа, згіне гора,
      Якое цярплю.
 
Можа, ўзойдзе доля
      Ясьненькай зарой,
Можа, блісьне сонцам
      Воля нада мной!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Пашкадуй мужыка!
Пашкадуй мужыка-бедака,
Ты, што вечна адзеты і сыт,
Пашкадуй – не адсохне рука,
Бо яму сьвет да шчасьця закрыт.
 
Як асеньняя ноч, як туман,
Цёмны сам, цёмна ў хатцы крывой;
На плячох абарваны лахман,
Ногі ўкручаны цьвёрдай лазой.
 
Холад, голад, хваробы цярпіць
Ён за кроў і за працу сваю.
Прыйдзе ў хату – ў парозе стаіць,
За сталом яго мейсца – з краю.
 
І ласкавых ён слоўцаў нідзе
Не пачуе, ня кінуць яму;
Не ўспаможа ніхто у бядзе,
Ня дасьць хлеба і дроў на зіму.
 
Пашкадуй жа ты, брат, мужыка,
Каб было яму жыць весялей!
Пашкадуй – не адсохне рука,
Пашкадуй, не чакай, а хутчэй!
 
Пашкадуй, бо зь яго цемнаты
Кожны рад карыстаць заўсяды.
Пашкадуй ты яго, сіраты, –
Бо на сьвет многа прыйдзе бяды.
 
Бо за крыўду сваю адамсьціць,
Сьвіньням будзе крыві не пабраць! –
Адамсьціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць.
 
[Да 7(20).IV.1906]
 
 
 
 
Гоніш мяне, панічок...
Гоніш мяне, панічок,
Ды ня ў пору з хаты,
Што я бедны мужычок,
Доляй не багаты.
 
Гоніш з хаты, хаця я
Плаціў акуратне,
Хоць за гонькі, дом з гнільля
Драў ты грош астатні.
 
Ці ж на тое табе Бог
Даў багацьця болей,
Каб ты бедных душыць мог,
Як быкоў у полі?
 
Гэй, з табой жа мы браты,
Як лічыць з Адама,
А ты гоніш?! Каб жа ты
Цягаўся таксама!
 
Каб цягаўся рабаком, –
Бо рабак ты зь сьмецьця, –
I пазнаў, як бедаком
Кепска жыць на сьвеце!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Лапці
Не праклінайце
Лапцяў ліповых,
Не пагарджайце
Лапцяў лазовых.
 
Зь імі шануйце
Цяжкую працу, –
Лапатнік корміць
Пана з палацу.
 
З часам жа лапці –
Гаю, ой, гаю! –
Выпра дастатак
З нашага краю.
 
Людзі абуюць
Боты, камашы;
Прыйдзе загуба
На лапці нашы.
 
Але адзін хоць
Мусіць застацца,
Ў цэркве завісьне
Дый на падкладцы.
 
Вушкам, аборай,
Скурай пад сподам
Памяткай будзе
Прышлым народам.
 
Будзе ён сьведчыць,
Як у няволі
Кепска жывецца
Ў хаце і ў полі.
 
Як людзей сотні
Лапці цягалі,
Каб багачы ўсе
Ў золаце спалі.
 
I пройдуць леты,
Многія векі,
Зьменяцца людзі,
Можа, і – рэкі.
 
Лапаць жа будзе
Ў цэркве вісеці,
Люд аб ім будзе
Песенькі пеці.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Саха
Друг мой неадчэпны,
Саха ты крывая,
Хоць корміш сьвет цэлы,
Сама ж век худая.
 
Вяровак, жалеза,
Адрэва найболей
Пайшло, каб пажытак
Зь цябе быў у полі.
 
От рэзьні-нарогі,
Паліцу – ўзьнімай роль –
Мне выкаваў ў кузьні
З жалеза каваль Сроль.
 
Палічнік, прыполак,
Падсошнік-крывуля
Прыладжаны мною
З дубочка-сынулі.
 
На пласе зь бярозы,
Ў рагач увязанай
Падвоямі туга,
Нарогі ўзагнаны.
 
Рагач жа яловы –
Ў ім мыліца ўбіта –
Зь ярмом змацаваны
Прызьмом з дубцоў вітым.
 
Ў ярмо і кульбакі
Капаныя ўткнёны,
А такжа й занозы
На ўсе дзьве староны.
 
Такіх вось прыладаў
Сабраць сасе трэба,
Каб здатнай была ўжо
Дабыці нам хлеба.
 
Як гэта ўсё умелай
Рукой і здаровай
Прывёў да парадку –
I сошка гатова.
 
Валоў запрагаеш,
Кульбакі прымерыш
I – валь баразною!
К сабе, «Бур», к сабе, «Рыж»!
 
К сабе, «Бур», к сабе, «Рыж»,
Ідзі, сошка, ёмка,
Мы ж гора забудзьма,
Запейма а громка.
 
Запейма, як дужы,
Каб сьвет аж затросься,
На ўсе каб староны,
Як гром, гул разьнёсься...
 
Ты, сошка, худая,
Я пан твой – араты,
Век бедны, галодны,
Хоць пан наш багаты.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Вось тут і жыві...
Няма хлеба, няма солі, –
          Чужому рабі;
Няма шчасьця, няма долі, –
          Вось тут і жыві!
 
Во зіма, – мароз вялікі, –
          Дровы ў Менск цягні;
Дзеткі зьмёрзлі: енкі, крыкі, –
          Вось тут і жыві!
 
Прайшла зімка, цёпла стала,
          Вясна на зямлі,
А тут корму, хлеба мала, –
          Вось тут і жыві!
 
Вясна, лета – час рабочы:
          Ары, касі, жні;
Пот крывавы заліў вочы, –
          Вось тут і жыві!
 
Прайшло лета, прыйшла восень, –
          Падаткі нясі,
А дзяцей абдзёртых восем! –
          Вось тут і жыві!
 
Вот і будзь шчасьлівы, браце,
          Долі не кляні:
Холад, голад, бяда ў хаце, –
          Вось тут і жыві!
 
Працуй цяжка дні і ночы,
          Пагарду цярпі;
Сказаў праўду – дзяруць вочы, –
          Вось тут і жыві!
 
У палацы п’юць, гуляюць,
          Сьвецяцца агні;
Мяне ж з хаты выганяюць, –
          Вось тут і жыві!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
А ты, браце, сьпі!
Вясна. Сонца узыходзе,
          Сьвеце на зямлі;
Дух збудзіўся у народзе, –
          Усталі, пайшлі.
 
Ёсьць і працы, ёсьць і поту, –
          Спаць няма калі!
Дружна валяць на работу, –
          А ты, браце, сьпі!..
 
Сьпі, на сьлёзы і на гора
          Рукою махай;
Хоць зрабіў бы ты зь іх мора,
          А кажы: няхай!
 
Няхай тыя уставаюць
          Рана да зары,
Што свабодачку кахаюць! –
          А ты, браце, сьпі!..
 
Недастатак госьце ў хаце,
          З крыўдаў дух замёр;
Дзеці, жонка шлюць пракляцьце...
          Ты ж, як той тапор!
 
Дрэмле сошка, і адлогам
          Шнур ляжыць даўгі;
Ржа касу есьць над парогам...
          А ты, браце, сьпі!
 
Сьпі, а можа, хто заблудзе
          У твой бедны край
I цябе з душой разбудзе, –
          Крыкне: «Уставай!»
 
Ты на гоман той народны
          Паходню бяры
I другіх будзі з паходняй!..
          А мо лепей... сьпі?!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Ня рвіся к багатым
Ці пойдуць пажары, хваробы пад стрэхі,
Ці голад, ці холад, ці смутак у хаце, –
Ня йдзі да палацу шукаці пацехі! –
Там толькі пачуеш зласьлівыя сьмехі.
Ой, раю – ня рвіся к багатым, мой браце!
 
Ня рвіся к багатым ты, доляй убогі,
Ня нойдзеш сэрц братніх, дзе толькі багацьце!
Там будзеш сабой выціраці парогі,
Табе, як сабацы, косьць кінуць пад ногі...
Дык слухай! – ня рвіся к багатым, мой браце!
 
Багаты гуляе, адзеты і сыты,
Багатаму цэлы век сьвята па сьвяце, –
Ты ж вечна працуеш, век потам абліты!
Дык будзь чалавекам, бо ты ж не забіты!
Падшэптаў багацьця ня слухай, мой браце!
 
[Да 7(20).IV.1906]
 
 
 
 
Мая хатка
I старая, і крывая
      Хатачка мая, –
Уся зьлеплена, як будка,
      З аднаго гнільля.
 
На страсе, як на балоце,
      Зрос зялёны мох;
Каты, часам і сабакі
      Лазяць па вуглох.
 
Па дзьве шыбы у ваконцы,
      І тыя з лучын,
Адны нізенькія дзьверцы,
      Ганачак адзін.
 
І ў сярэдзіне у хатцы
      Бедна, хоць ты плач:
Непачэсна выглядае,
      Бо я ж не багач.
 
Яе сьцен не склютавана,
      Няма ў ёй сьвятліц,
З друзу выбіта падлога,
      Столь яе з драніц.
 
Як увойдзеш – пры парозе
      З гліны печ стаіць, –
На ўсю хату, як ураднік,
      З-пад ілба глядзіць;
 
А пад печкай – маіх курак
      Хаткі-катухі,
Там, як трэба мне ўставаці,
      Пяюць петухі.
 
Напроць печы зь дзьвюх пліт жорны,
      Ля жарон – палок,
Над палком тарчыць пад бэлькай
      Коска і брусок.
 
На куце пад абразамі
      Стол стаіць, як пан;
Дзьве пры ім таўстыя лаўкі
      I адзін тапчан.
 
Дык во, знайце ж маю хатку,
      Родную маю! –
У ёй цэлы век жыву я, –
      Ем, працую, сплю,
 
Хоць старая, хоць крывая,
      З аднаго гнільля, –
Не аддам яе нікому,
      Бо яна мая!
      Бо яна мая!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Так... не...
Так-не, так-не,
Загарак гамоне,
Так-не, так-не,
Учора й сягоньня.
Так-не, так-не,
Плакаць ці сьмяяцца,
Так-не, так-не,
Скарэй сьлёз даждацца,
Так-не, так-не,
Ёсьць і ў нас свабода,
Так-не, так-не,
Но не для народа.
Так-не, так-не,
Ё свабод, як хмараў,
Так-так, так-так,
Но толькі для...
Так-не, так-не.
Ё зямлі нямала,
Так-так, так-так,
Ўсім бы досыць стала,
Так-не, так-не.
Шмат зямлі паханай,
Так-не, так-не,
Но толькі у пана.
Так-так, так-так,
Дзе гора шукаці,
Так-не, так-не.
У мужыцкай хаце,
Так-так, так-так.
Учора й сягоньня
Так-не, так-не,
Загарак гамоне.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Ах, ці доўга...
Ах, ці доўга, брацьце, будзем
Пад няволяю стагнаць?
Ах, ці доўга сваё шчасьце,
Сваю долю праклінаць?
 
Ці так цягам, як сягоньня,
Цярпець будзем мы бяду?
Ці ж нам горкая нядоля
Напісана на раду?
 
Жыцьцё нашае, нас, бедных,
Заганяных мужыкоў,
Горш за ўсякае стварэньне,
За сабак і чарвякоў.
 
Хоць мазольнымі рукамі
Ты працуеш кожны дзень,
Хоць у гэтай цяжкай працы
Сохнеш з голаду, як цень, –
 
Але твае жонка, дзеці
Хлеба просяць у людзей,
Але тваім жонцы, дзецям
Няма чым прыкрыць грудзей.
 
Ці мароз, ці сьнег вялікі,
Басяком бяжыш на двор,
Бо такая твая доля,
Такі яе прыгавор.
 
Калі часам дзе двузлотку
Зарабіў ты ў пана дзе,
Дык на чынш і на падаткі
Яе воласьць забярэ.
 
Ходь нам гэту зямлю-матку
Бог бясплатна дараваў
I плаціць чыншоў, падаткаў
За яе нам не казаў, –
 
Дый на гэта тут няомняць
І, як могуць, так дзяруць,
А пасьледнюю кароўку
За падаткі прададуць.
 
Хто тут вінен, разгадайце,
Ці тут Бог, ці чорт пракляты? –
Але толькі, што ні байце,
Самі ж многа вінаваты!..
 
[1905–1907]
 
 
 
 
З маіх песень
Што нахлыне ў душу,
Што сасьню вечаром,
Праз што вочы рашу, –
Усё выльлю пяром.
 
Усё выльлю і ў сьвет
Песьняй лётнай пашлю, –
Няхай зь віхрам усьлед
Аблятае зямлю!
 
Хай лятае ўвакруг
Над скаванай зямлёй,
Дзе сьпяць сіла і дух,
Дзе брат свой, як ня свой!
 
I тых будзіць, хто сьпіць,
Хто цярпіць безь віны;
Няхай гулка грыміць,
Як званы, перуны!
 
Можа, гэтакі звон
Даляціць да нябёс,
Аддасьць Богу паклон,
Скажа, сколькі лью сьлёз!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
На старую ноту
Сьвеце месяц, сьвеце
Зь вечара да рана,
Арэ мужык поле
Не сваё, а пана.
 
Не сваё так поле
Мужычок пахае,
Бо сваёй зямелькі
Так нямнога мае.
 
Пахае, пахае
І галосіць песьні,
Ўвесь потам пакрыты,
Ўвесь крывавай плесьняй.
 
У даль у шыроку
Гоне думкі роем,
Гоне іх і ў прышласьць
Глядзіць зь неспакоем.
 
Вось надыйдзе восень,
Двор багацьце зложа,
Будуць поўны торпы
I сена, і збожжа.
 
Весела пан з паняй
Едзе за граніцу,
Мужыку ж хоць зубы
Злажы на паліцу.
 
Аручы чужое
Ад Юр’я да Спаса,
Сабе й не згарусьціў
К восені запасаў.
 
Бясхлеб’е глухое
На стале засядзе,
Яго зь дзецьмі, з жонкай
Пасвара, павадзе.
 
У карчму загоне
На гора-забаву,
Кажушок, бравэрку
Даць скажа ў заставу.
 
Сьвісьне ў хаце холад,
Сьвісьне папацёмку,
А ў бары у панскім –
Сосна у сасонку.
 
I шумяць сасонкі
Мужычку над вухам:
Кінь смутныя думкі,
Кінь ды будзь ты зухам.
 
Надыйдзе гадзіна, –
Зямелькі прыбудзе,
Запануе доля
У бедным у людзе.
 
Мужычок сасоньнік
Чуе і ня чуе,
Арэ й ціха плача,
Аб долі бядуе:
 
Не шумі, бор панскі,
Так удзень і ўночы,
Пакуль сонца ўзыйдзе,
Раса выесьць вочы.
 
Раса выесьць вочы,
Пот цела паране,
Пакуль будзе ў хаце
Долі панаваньне.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
*  *  *
Ой дана, ой дана!
Пейце старцы, дзеці,
Добра меці пана,
А лепей ня меці.
Пан за тваю працу
Нібы то й заплаце,
Знай плату з палацу!..
Зьбярэш зь ей багацьця!
За гадзін семнаццаць
Трудоў ў дзень нязьменьня
Выйдзе грошаў дваццаць,
Або й таго меней.
Ой! ды лёгкай служба
Нідзе не бывае,
Бо служба ня дружба, –
Няволя цяжкая.
Трэба ведаць, знаці
Службы гараваньня,
Позна легчы спаці,
А устаць зараньня.
На слаце й марозе
Рабіці зь зіханьнем,
Дрыжэці ў парозе
Перад злосным панам.
Заціркай найболей
Гавець, адгаўляцца,
Як сьвіньні на поле
З блахамі валяцца.
Лае пан багаты
А ты цярпець мусіш,
Хоць не вінаваты,
Языка прыкусіш.
Горш якой скаціны
Спаганяць, зьняславяць,
Кляцьбой бяз прычыны
Спаткаюць, адправяць.
Ой дана, ой дана!
Пейце старцы, дзеці,
Добра меці пана,
А лепей ня меці.
Ў службе гора болей,
Як якіх выгодаў,
Хто ня любіць волі,
Ня нашага роду.
 
 
 
 
Паніч і Марыся
Сьвеце месяц, сьвеце,
Як дзюрка ў сярмязе;
Паніч за мужычкай
Безустаньня лазе.
 
Дваццаць год Марысі,
Кроў іграе ў целе,
З панскім сынам ночкі
Каратае, дзеле.
 
«Марыся, Марыся! –
Гавора ёй маці: –
Кінь на паніча так
Вачыма міргаці».
 
Яна як ня чуе
Матчыных мараляў:
Спусьці маці з вока, –
Дзеўка й загуляла.
 
Падлясок, за вёску,
Бы далей ад дому,
Ляціць на спатканьне
К панічу ўдалому.
 
Што з сабой там робяць,
Як час каратаюць? –
Гэта хіба толькі
Муж і з жонкай знаюць.
 
Сьвеце месяц, сьвеце,
Як лысіна ў пана;
Мусіць быць нарэшце
Песьня дасьпявана.
 
Ад пакус і ўцехаў
Крок адзін к пакуце, –
Быці бабай дзеўцы
Часам чорт паплуце...
 
Панічу з паненкай,
З багатай Амэляй,
Ужо рукі хусткай
Ксёндз вяжа ў касьцеле.
 
Панічова ж любка,
Марыся ўдалая,
На прылёты бусла
Сьлёзна паглядае.
 
Марыся, Марыся!
Галоўкі ня чухай, –
Ня слухала маці,
Бабкі цяпер слухай.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Вясна
Ой, вясна, ой, вясна!
За душу ты мілей, –
З табой доля ясна,
З табой жыць весялей!
 
Як зьявілася ты,
Лес іначай шуміць,
Узлажыўшы лісты,
Як пан, думны стаіць.
 
Ты зялёнай травой
Скрыла чорну зямлю
І прызвала сабой
Усіх к працы, к жыцьцю.
 
Гоман птушак-пяюх
Льецца ў вушы твае,
На жалейцы пастух
Галасіста пяе.
 
Чуць заняўся усход
Неба яснай зарой,
Прэ на поле народ
З бараной і сахой;
 
Працавітай рукой
Засявае шнурок...
Ой, радзі, Божа мой,
На пацеху хлябок!
 
А далей паглядзі, –
Там дзяўчаткі стаяць,
І зь дзявочай грудзі
Песьні громка ляцяць.
 
Адным словам, кругом,
Вясна, права тваё!
Зь цябе долю бяром
І салодзім жыцьцё.
 
Засьвяці ж ты, вясна,
Сваім бляскам для нас,
Калі сэрца, душа –
Сьпяць у чорненькі час!
 
Засьвяці, калі мы
Абліёмся сьлязьмі,
Разбудзі нашы сны!
Душу, сэрца вазьмі!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Зь песень аб вясьне
Сьвяціла сонца, птушкі пелі,
Была вясна ўжо дзьве нядзелі, –
      Гняздо клаў бусел-клекатун;
Лясы ўжо пукацца хацелі,
I песьні весела шумелі;
      Шукаў ахвяр сваіх каршун.
 
Але зьбірацца сталі хмары,
Крукі паселі на папары,
      Запеў аполудні пявун;
I сівер з поўначы павеяў,
Сьнягамі ўсю зямлю абсеяў;
      Азябшых птушак б’е каршун.
 
I будзе так са дзьве нядзелі:
Заціхне птушчына капэля,
      Замоўкне бусел-клекатун, –
Ажно устане зноў з пасьцелі
Цяпло – і сьвет сабой засьцеле, –
      Загіне з выстралу каршун.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Засьвяціла цяпло...
Засьвяціла цяпло бляскам радасьці яснай,
Разбудзіла ўвесь сьвет ад зімовага сну;
Эх, напрасна віхор енча ў плоце, напрасна:
Бачым сьветласьць кругом, бачым сонца-вясну!
 
Як з вадзіцы сьвянцонай нячыстая сіла,
Паляцелі растаўшы і сьнег, і мароз;
Вясна холад змагла, вясна сьвет ажывіла,
Зь вясной меней на сьвеце і смутку, і сьлёз!
 
Ва ўсіх шчасьце на твары вясёлкай гуляе
Ды ахвоцідь да працы, да праўды сьвятой,
Невясёлыя думы і сны разганяе, –
Аж так хочацца жыць усяёю душой!
 
Аж так хочацца жыць і жывую надзею
Калыхаць у душы, думку сьніць аб адном:
Што вясна наша гора, як сьнег і завею,
Пахавае ў рацэ, спале сонца агнём!..
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Восень
Эй, восень, восень,
Скуль ты ўзялася?
Песьняй няўдалай
Так разьляглася?
 
Хоць адным шчасьце,
Восень, прыносіш,
Для другіх жудка
Горам галосіш.
 
Для адных ясна
Цяпла навееш,
Лінуць багацьцем
Не пажалееш.
 
Збожжам насыплеш
Поўна аруды, -
Будзе, ой, будзе
Золата груды.
 
Дзіка ж ты б’есься,
Восень, аб шыбы
Беднай мужыцкай
Хаткі-сялібы.
 
Хатка старая
Стогне, трасецца,
Туж-туж бясьсільна
Рухне, здаецца.
 
Бедныя людцы
Крыюцца ў хатцы, –
Страшна ім, страшна
З холадам знацца.
 
Дзеці худыя
Туляцца к печы:
Босыя ногі,
Голыя плечы.
 
Да іх палезла
Ніткі сукаці
Ў зрэбнай спадніцы
Хворая маці.
 
Ўсеўся на лаве
Згорблены бацька
I ўвесь аддаўся
Думцы бядацкай.
 
Вот нібы восень, –
Думае гэтак, –
А тут няма, бач,
Хлеба у дзетак.
 
Цэлае лета
Біўся, ня жарты,
Ну і труды ўсе
Што былі варты?
 
Хоць шнур вузенькі
Ня дасьць шмат хлеба,
Ды чынш вялікі
Выбраці трэба.
 
З поля сабраў вось
Коп пяць бяз мала,
Як змалаціў жа, –
Воласьць забрала.
 
Ну, засталося
Ад чыншу нешта,
Бач, магазыньнік
Вывалак рэшту.
 
Вось і жыві тут,
Будзь ты шчасьлівы,
Будзь ты багаты
Восеняй зь нівы. –
 
Холад у хаце,
Голад у хаце,
Ды во й скацінцы
Корму ня хваце.
 
Кепска, эй, кепска
Жыці ў няволі,
Ня лепей жыці,
Як няма долі.
 
Гэткія думкі
Мучаць старога...
Бедны, гаротны, –
Шкода такога.
 
Каля хацінкі ж
Вецер заводзе:
Знай ты, няшчасны,
Стужа надходзе.
 
Знай ты, няшчасны,
Знай ты, убогі,
Будзеш марозіць
Рукі і ногі.
 
Да места возік
Дроў будзеш везьці,
Сівер табою
Будзе ўсё трэсьці.
 
Будзеш калеці
Ночкай у полі,
Каб здабыць дзеткам
Хлеба, круп, солі.
 
Вушы скастнеюць,
Плечы спацеюць,
Ногі у лапцях
Акачанеюць.
 
Будзеш ты сеяць
Сьлёзы па полю
Дый праклінаці
Горкую долю.
 
I змучан гэтак
Працай, марозам,
Знойдзеш магілу
Недзе пад возам.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
З асеньніх напеваў
Не гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Не крываўся, сэрца,
Зь нядолі вялікай.
 
Цяжанька марнеці
У жыцьця паняверцы;
І восень на сьвеце,
І восень на сэрцы.
 
Штогод вясну бачым,
Гуляючы ў полі,
Дый вясны на сэрцы
Ня знаў я ніколі.
 
Ня даў ты мне, Божа,
Зазнаць шчасьця, волю, –
Забяры ж ты, Божа,
I маю нядолю.
 
Моладасьць, вясёласьць
Не жылі са мною;
Пейце ж хоць вы, песьні,
Зь няшчаснай душою.
 
Не гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Не крываўся, сэрца,
Зь нядолі вялікай.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Зіма
Прыйшла зіма халодная,
      Нягодная зіма, –
Цярпі, зямелька родная,
      Няма жыцьця, няма.
 
Прыцьмілась сонца яснае,
      Прыціх шум баравы;
На полі пустка страшная –
      Ні збожжа, ні травы.
 
Сьнег белы мёртва сьцелецца
      Пасьцеляй грабавой,
Сапе, шуміць мяцеліца,
      Мяце сьнег, як мятлой.
 
Мароз, як кат бязжаласны,
      Ў лёд рэчкі акаваў,
Стральбой сваёй бязрадаснай
      Па сьценах біць пачаў.
 
Стральбой сваёй праклятаю
      Ў лёт слабых птушак б’е,
Пры хаце і за хатаю
      Спакою не дае.
 
Хаваюцца ў будоўліны
      Жывёла і народ, –
У сьнег зямлі абноўленай
      Ня міл для іх паглёд.
 
Ваўкі па сьцежках шляюцца
      I ночкаю, і днём
I жудка разьлягаюцца
      Магільніцкім выцьцём.
 
О, гора падарожнаму
      Іх стада напаткаць!
Ня жыць неасьцярожнаму,
      Радні не аглядаць.
 
I вырвуць вочы ясныя,
      I выхлебаюць кроў,
I пойдуць далей, страшныя,
      Шукаць ахвяр ізноў.
 
Ой, жудасна-халодная
      Ўзгулялася зіма,
Цярпі, зямелька родная,
      Няма жыцьця, няма.
 
Цярпі, старонка родная,
      Мучэньне пі да дна, –
Міне зіма нягодная,
      І ўскрэсьне зноў вясна!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Да дзяўчатак
Ой, дзевачкі, любанькі!
          Люблю, люблю вас,
Я ў вашых, галубанькі,
          Сетачках увяз.
 
Ох, мае вы сонейкі,
          Ня знаю, з чаго
Ня мілы мне гонейкі
          Шнурочка майго.
 
Ня мілы мне хатачкі
          Родненькай куток,
Ня мілы мне матачкі
          Слоўцы: «мой сынок»!
 
Ня міла, як волікаў
          Рог забушаваў;
Ой, ой, для саколіка
          Час благі настаў!
 
Сэрца б’ецца, корчыцца,
          Кроў пайшла гуляць,
Днём рабіць ня хочацца,
          А ночкаю – спаць.
 
Нападае часьценька
          Нейка дзіўна млось,
I так шчасна-шчасьненька
          Хочацца чагось.
 
Вочы неўспадзевачкі
          Ўсё туды бягуць,
Дзе сонейкі-дзевачкі,
          Любачкі жывуць.
 
Ой, ой, не ў цікавую
          Сетку, знаць, забрыў,
Хоць бы з добрай славаю
          Ўжо яе пазбыў.
 
Голуб, як з галубкаю,
          Весела вурчыць;
Пэўна хлопцу зь любкаю
          Лепей, як так, жыць.
 
Бачу, так здаваецца,
          Што мне, бедаку,
Таго штось жадаецца,
          Чаго й галубку.
 
Адну ненаглядачку
          За жонку вазьму,
Тады, можа, радачку
          Дам гору свайму.
 
Тругі, тругі, трубачкі!
          Грайце ў добры час;
Дзевачкі-галубачкі,
          Люблю, люблю вас!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Касцу
Стукі, стук, стук, малаток!
Кляпі коску, мужычок,
Кляпі востранька сваю,
А я песеньку сьпяю.
          Гоп, гоп, гоп!
          Я табе сьпяю.
 
Быў даўней народ хітрэй,
Ня знаў стрэльбаў, дык аей!
Коскі шаблямі былі,
Ваяваць зь імі ішлі.
          Гоп, гоп, гоп!
          Ваяваць ішлі.
 
Касу ў шыйцы адагне,
I насадзіць, і махне;
Сьмерць таму, хто не сышоў:
Касой рэзалі ўрагоў.
          Гоп, гоп, гоп!
          Рэзалі ўрагоў.
 
I гарматаў быў ня страх,
Грамада вялікі гмах:
Адзін ляжа, сто ідзе,
А хто ж роўны грамадзе?!
          Гоп, гоп, гоп!
          Роўны грамадзе?!
 
Дык і ты касу вастры,
I так хутка – раз, два, тры!
Ідзі зь ёю на вайну,
А я йначай пець пачну.
          Гоп, гоп, гоп!
          Пець інакш пачну.
 
На вайну з травой ідзі,
Касі гладзенька, глядзі!
Перуны, грымоты б’юць, –
Ты касі, адважным будзь,
          Гоп, гоп, гоп!
          Ты адважным будзь.
 
Пяюць птушкі пад вакном,
Лепшай долі даўно жджом...
Ну, досьць коску ўжо кляпаць,
Час з калодкі уставаць.
          Гоп, гоп, гоп!
          Час ужо ўставаць!
 
[1907]
 
 
 
 
А хто там ідзе?
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
                – Беларусы.
 
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крыві, на нагах у лапцях?
                – Сваю крыўду.
 
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю?
                – На сьвет цэлы.
 
А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?
                – Бяда, гора.
 
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
                – Людзьмі звацца.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Любімось, мае суседзі!
Любімось, мае суседзі!
          Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
          Адной нашай маткі!
 
Што ты маеш з сваёй звадкі,
          Зь дзікай ненавісьці?
Людзі толькі насьмяюцца,
          І ўсёй той карысьці.
 
Людзі толькі насьмяюцца,
          Ўрагі скарыстаюць,
Над душой чорт запануе,
          Ўнукі цябе злаюць.
 
А пачнема жыці ў згодзе
          Ў пачцівай, харошай, –
Знойдзем долю, знойдзем волю,
          На зваротак – грошы.
 
Ўрагам нашым прыступіцца
          Трудна тады будзе,
Ды ў суседзяў ласку маюць
          Згодлівыя людзі.
 
Дык любімася, суседзі!
          Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
          Адной нашай маткі!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Шавец
Я шавец-маладзец,
Знаю дзела сваё,
Слухаць мусяць мяне
Капыльлё і скур’ё.
 
Пры варстаце маім
Дружна праца ідзе:
Жонка дратву прадзе,
Вучань суча яе.
 
Я сам «крой» намачыў,
На капыл нацягнуў;
Стукі-стук малатком,
Шылам, дратвай махнуў,
 
Падашву прылажыў,
Нагнаў штыфтаў кругом,
Абцас гладка прыбіў
Ды падкоўку на ём;
 
Капыл выдзер, і вот
Бот на траме вісіць;
Эй, дзівуйся, панок! –
Добра будзе насіць.
 
Эй, дзівуйся, хто жыў,
Які майстар я, зух!
Бот, камаш, чаравік
Вам састрою удруг.
 
I багат бы я быў
(Хоць ня бедзен і так),
Каб лапцей не насіў
Наш мужык-небарак.
 
Ой было ж бы, было
Заработку, трудоў,
Часьцей сотку б злавіў,
Угасьціў бы дружкоў!
 
Но ён хіба тады
Стане боты насіць.
Як ня будзе з чаго
Лык на лапці лупіць.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Песьня аб песьнях
Туды-сюды, там ды сям
З думкай зьлётаў ўслужнай,
Во й гатова песьня вам!
Пейце толькі дружна.
 
А жыла ж каб век вяком,
Сьпішу на паперы,
Бо што сьпісана пяром,
Ня выйме й сякера.
 
Песьні, знайце, – сэрца дар,
Шанаваць іх трэба;
Кепскі з нас той гаспадар,
Што ня мае хлеба;
 
I бязь песень жа народ
Што ён варт быць можа?
Ён і цёмны, як той скот,
I бяды ня зможа.
 
Газэт, кніжак мовай чэй
Найболей друкуюць,
Паважаюць тых людзей,
Любяць і шануюць.
 
Так і вы ж, людцы мае,
Ўстаньце, ачуняйце,
Аб чым песенька пяе,
Хутка пераймайце.
 
Пейце, пейце а дружней,
Брацьці-беларусы,
Барукайцеся сьмялей
Зь няпраўдай, з пакусай.
 
Блізкі той дзянёк, калі
Шчасна запануем,
Станем самі мы людзьмі
I край адбудуем.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Плачуць мае песьні
Жудка стогнупь рэкі,
Ўзбураны вясною;
Плачуць мае песьні,
Галосяць са мною.
 
Не стагніце, воды
Паводкі бурлівай,
Кіньце плакаць, песьні,
Горка, нешчасьліва.
 
Хто ўстрымаў паводак
Разгульнае мора?
Хто заглуша песьні,
Як іх вызьве гора?
 
Вялікае ж гора
Часам людзей муча,
Наўча ненавідзець
І плакаць навуча.
 
Як дубок, з карыцы
Пастухом абдзёрты,
Як той салавейка,
У клетку запёрты, –
 
Так я прападаю,
Ня маючы долі,
Як дуб, усыхаю,
Плачучы ў няволі.
 
Не дало жыцьцё мне
Ні поля, ні хаткі,
Па чужых кутах век
Сіл гублю астаткі.
 
Там, гэт, за гарамі,
Дзе памчыцца вока,
Сьвет гучны, вялікі
Сьцелецца шырока.
 
Сокалам бы вольным
Паляцеў ў сьвет гэты,
Дый мне крыльлі ўцяты!..
Доля, дзе ты, дзе ты?
 
Так бы весяліўся,
Пеў аб шчасьці песьні,
Як той верабейка
Ў садзе на чарэшні.
 
Гулка стогнуць рэкі,
Ўзбураны вясною;
Плачуць мае песьні,
Галосяць са мною.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Дзяўчынка, галубка мая!
Дзяўчынка, галубка мая!
Кінь весела вочкам ка мне,
Табой зачарованы я,
Любуюся ў яве і ў сьне.
 
Дзяўчынка, галубка, хадзі
Ка мне, бо цябе я люблю,
Сагрэю на белай грудзі,
Уцехай каханьня прысплю.
 
Дзяўчынка, галубка, тады
Забудземся сьвету, людзей,
Забудземся гора, бяды,
Нядолі забудзем сваей.
 
Дзяўчынка, галубка, сьлязой
Як скропіш павеку сваю,
Я вытру, пацешу, як свой,
I песьню табе запяю.
 
Дзяўчынка, галубка, ня дам
Зь цябе жарты строіць жыцьцю:
Дзяліць буду я папалам
Нядолю і долю тваю.
 
Дзяўчынка, галубка, мой друг,
Саўём мы ціхое гняздко,
Дзе створым душу адну зь дзьвюх,
I думы, і сэрца адно.
 
Дзяўчынка, галубка, мы так
Па хвалях жыцьця паплывём,
З каханьнем за знамя, за знак,
На зайздрасьць цярпеньню, ўрагом.
 
А толькі, галубка мая,
Мяне, сірату, пажалей:
Любі, як цябе люблю я,
Мілуй і цалуй агнісьцей.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Эй, скажы, мужычок!..
Эй, скажы, мужычок,
Дзе ты долю падзеў? –
Ці ўтапіў ў ручаёк,
Ці прапіў, ці праеў?
 
Ці змарозіў ў мароз?
Ці у лапцях стаптаў?
Ці на рынак завёз, –
На хлеб дзецям прадаў?
 
Ці зарэзаў касой?
Ці сахой заараў?
Ці рыдлёўкай цяжкой
У зямлю закапаў?
 
Ці на жэрдку у плот
Сьпілавала піла?
Ці загрыз яе пот?
ЦІ сьляза заліла?
 
Мо ў заставу аддаў,
Як падаткі плаціў?
Можа, пан не дадаў,
Як за працу плаціў?
 
Ці адбіў яе град,
Як жытцо адбіваў?
Ці табе яе Бог,
Як радзіўся, ня даў?
 
Дык скажы, мужычок,
Дзе ты долю падзеў? –
Ці ўтапіў ў ручаёк,
Ці прапіў, ці праеў?
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Люді, люлі, мужычок!
Шуміць шумненька барок
          Песьняй жаласьнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
          Сьпі – ўставаць зарана!
 
Яшчэ поўнач, – петухі
          Першыя ня пелі;
Твае коні-валахі
          Сена не паелі.
 
Шыпяць, сьвішчуць па лугах
          Вужы, скарпіякі,
А па стайнях, па хлявах
          Лазяць ваўкалакі.
 
Ведзьмы, совы, кажаны
          Круцяцца, лятаюць,
На сваіх бацькоў сыны
          Залом заламляюць.
 
Зьмей панёс чараўніком
          Грошы ад скупога;
Ваўкі выюць пад лясом,
          Аж ляціць трывога.
 
Шуміць шумненька барок
          Песьняй жаласьнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
          Сьпі – ўставаць зарана!
 
Яшчэ вокал цемната
          Над сьветам пануе, –
Яшчэ міласьць, дабрата
          Людзей не раўнуе...
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Перад вясной
Рушыўся сьнег, зашумела вада,
Раскаваліся рэкі ад лёду,
Хлынула вон зімавая нуда,
Сонца ўносе цяпло і пагоду;
Шумныя песьні іграюць лясы,
Павявае вятрок цеплаваты,
Белая ніва ад сьнежнай расы
Ўбіраецца ў чорныя латы.
Трушанкай зморана ў цёмных хлявах,
Адзываецца рыкам скацінка;
Конікі ў стайнях іржуць пры жлабах;
Бацян праляцеў над адрынкай.
Будзіцца посьле зімовага сну
Па хацінках людок працавіты,
Скорынька цягне саху, барану,
Глядзіць, ці шыны на колах узьбіты.
Высыпе гэты на поле народ
I сеяць будзе сьвянцонае збожжа...
Добры ўраджай, спорны ўмалот
Працавітым людзям пашлі, Божа!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Песьня вольнага чалавека
Дарэмна сьвістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны,
Нагнаўшы чорных соцень шаек,
Акулі рукі ў кайданы, –
          Душой я вольны чалавек,
          І гэткім буду цэлы век!
 
Ня страшны мне Сібір, астрогі,
Меч катні над шыяй маей,
Хоць і скуюць мне рукі й ногі,
Хоць зрэнкі выдзеруць з вачэй, –
          Душой я вольны чалавек,
          І гэткім буду цэлы век!
 
Нам есьці хочацца тым болей,
Чым горай голад прыгняце,
Тым рвёмся больш мы і да волі,
Чым меней к нам яе ідзе.
          Душой я вольны чалавек,
          І гэткім буду цэлы век!
 
Дарэмна гіканьне нясецца
Дэспотаў подлых над зямлёй,
Што воля ў путы акуецца,
Згняцецца сілаю, пятлёй.
          Душой я вольны чалавек,
          І гэткім буду цэлы век!
 
Ці ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць, як сьвечку, яснасьць дня?
I волі ж дэспаты ня змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
          Душой я вольны чалавек,
          І гэткім буду цэлы век!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Зь песень а бітвах
Іграюць сурмы баявыя,
Віхор разносе іхні звон, –
I песьні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.
 
Аб славе цуднай граюць сурмы,
Аб шчасьці люду усяго;
Завуць змагаць няволі штурмы,
Завуць... ой, многа да чаго!..
 
Дый дарма звоняць сурмы гулка,
Народ абманены прыціх, –
Той сьпіць, той ходзе без прытулка,
А жаль і роспач ува ўсіх.
 
Мучыцель толькі рад, снуецца,
Як шакал дзікі па трупах, –
З ахвяр сваіх ваўком сьмяецца,
З ахвяр, што мруць у ланцугах.
 
I відзець страшна ў путах сілу,
Людскі ўвесь з жалю енк і плач,
Аж хоць кладзіся у магілу
I сьвету гэтага ня бач.
 
I ходзіш так, як пагарэлы,
I хочаш людзям скаргі слаць,
Азвацца крыкам на сьвет цэлы:
Дзе праўды, волі дзе шукаць?!
 
А сурмы граюць баявыя,
Віхор разносе іхні звон, –
I песьні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.
 
30.III.1906
 
 
 
 
Песенька для некаторых маладых людзей
У нас маладых людзей дужа вучоных
              Цяпер надта шмат разьвялося,
Праўд нейкіх шукаюць на сьвеце нясьнёных,
              Над бедным зь іх кожны галосе.
 
Да працы да роўнай, да волі шырокай
              Ахвочы крычаці, ўзываці;
Іх шумныя песьні нясуцца далёка,
              Што ўсе людзі – родныя брацьці.
 
Як дзіўна, як складна бразджыць усё гэта!
              Шмат праўды, а шмат тут і жартаў;
Пакуль песьня іхніх хаценьняў ня сьпета,
              Прыгледзецца к ім самім варта.
 
Адзін з вас, паночкі, хітрыя галоўкі,
              На доктара выйдзе і будзе
Зь няшчасных схварэлых цягнуць паўрублёўкі,
              Лячыцца ў яго будуць людзі.
 
Другі будзе з вас брахунцом-адвакатам,
              Як трэба судзіцца, парадзіць,
А больш каб карысьці мець, брата ён з братам
              За нібыта праўду павадзіць.
 
А трэці, што больш усіх рваўся к свабодзе,
              Напэўна, ён будзе йнжынерам,
Як ставіць астрогі, планы павыводзе,
              Збагаціцца гэткім манерам.
 
Чацьвёрты зь між вас, вальнадумцы, у судзе
              Расьсядзецца членам вяльможным,
Галодных, нявольных судзіці ён будзе,
              Караці Сібірам марозным.
 
Во, пяты банкірам, а той зноў судзьдзёю,
              А той там аптэку заложа,
І кожны сыт будзе, багацьце чужою
              То крыўдай, то працай размножа.
 
Так будзе з вас кожны сьлядамі йсьці дзедаў,
              Ня знаючы гора ніколькі,
I ўсе вы, і ўсе вы палкі дармаедаў
              Сабой павялічыце – й толькі.
 
I скажаце гэта вы некалі самі,
              Як вам спухнуць каркі ад сала,
Што песенька песьняй, чужымі ж трудамі
              Жыць лёгка дый чэсьць і пахвала.
 
24.VI.1906
 
 
 
 
*  *  *
Хоць ты, сэрца, лопні, трэсьні,
Хоць ты выгані, пан, з хаты, –
Буду пець я свае песьні
Ці то ў будні, ці то ў сьвяты!
 
Думкі, оды пець я буду,
Каб усякі весяліўся,
Каб для гэтага тут люду
Сьвет інакшы адчыніўся!
 
Каб на полі ці на лузе,
Ці працуючы ля дому,
Ці у лесе, ці пры плузе
Пеў ён песьні па-сваёму!
 
Каб ніколі не чураўся
Сваёй родненькае мовы,
У якой узгадаваўся,
Хоць забыўся дзеля новай.
 
Дык пець буду табе, людзе,
Каб працёр свае ты вочы! -
А шмат лепей табе будзе,
Як адрозьніш дзень ад ночы.
 
Бо ты ж надта цёмны, браце,
Як ты тут у табакерцы, –
Хоць ня воўк – жывеш у хаце,
Хоць ты маеш душу, сэрца.
 
О, я знаю: сэрца маеш,
Бо па сьвінцы нават плачаш, –
А што мовай пагарджаеш,
Дык ты гэтага ня бачыш.
 
Гэй, прасьніся, беларусе!
Усе людцы паўставалі.
Гэй, прасьніся, беларусе!
Усе праўдачку пазналі.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Дзе ні вылеці зь няволі...
Дзе ні вылеці зь няволі,
Ад пачатку да канчатку,
Ўсюды ўбачыш сваё поле,
Ўсюды ўбачыш сваю хатку.
 
Ўсюды ўбачыш чалавека,
Што цямнотай цябе разіць,
Зь сьлязой вечнай пад павекай,
Вечна ў лапцях і сярмязе.
 
Хоць жа сэрца, што за сэрца!
Лганьня, хцівасьці ня знае,
Жывучы ж у паняверцы,
Толькі гора к збыцьцю мае.
 
Горам чорным, ой, багата
Надарыла люд наш доля;
Гора ў хаце і за хатай,
Гора ў полі і за полем.
 
Вецер хаткаю калоце
I па шчылінах галосіць,
Гаспадар зьлёг ад калоцьця,
Зь дзяцьмі жонка есьці просіць.
 
Пустка ў сьвірні і ў адрынцы,
Сьвінка хоча штось здыхаці,
Вые сучка на дзядзінцы –
Памрэ нехта ў гэтай хаце.
 
А у полі на загонах
Аруць віхры, барануюць,
Хутка, дружна, не натужна
Шнуры вузкія руйнуюць.
 
Далей – паркай сытай шпарка
Праляцеў пан у карэце,
А за ім паштовай паркай
Прэ чыноўнік на расьсьвеце.
 
А на пустцы апаўночы
Ведзьмы, чэрці пяюць, граюць,
То сьмяюцца, то рагочуць,
Знахароў-вужоў склікаюць.
 
I ўсё гэта, хеўра гэта:
Ветры, віхры і сабакі,
Ведзьмы, чэрці з таго сьвету,
Пан, чыноўнік, ваўкалакі, –
 
Ўсе навыперадкі пруцца,
Гікам, сьмехам чартаўскімі
Заліліся і нясуцца,
Аж зямля стогне пад імі.
 
А за імі, нібы хмара,
Йдзе мужыцкае ўсьлед гора,
Праз пасевы, праз папары,
Так сягоньня, як учора.
 
I мужык – пан у старонцы –
Гора гэта вечна бача,
Бача, што толькі ў карчомцы
I ў магіле ён ня плача.
 
10.VIII.1906
 
 
 
 
Нуда
Будзь ты дуж, як вада,
Як жалеза, цьвярды, –
Калі ж нойдзе нуда,
Ты ня зможаш нуды!
 
Як благая напасьць,
Атуманіць сабой
I спакою ня дасьць,
Аж заныеш душой,
 
Аж заплачаш душой,
Жаль ахопе такі!
I ня прыйдзе спакой
Да магільнай даскі.
 
На сьвет будзеш глядзець
Ашалелым ваўком;
Песьні ўздумаеш пець, –
Адазьвешся выцьцём.
 
Стане пеклам жыцьцё,
Людзі – горш ад зьвярэй;
Думаць будзеш усё,
Як памерці скарэй.
 
Эй, дзянькі каратаць
Трудна зь ёю, бяда! –
Ня дасьць ночкаю спаць
Усё гэта нуда!
 
Змуча, хоць ты вазьмі
I ня пі, і ня еш;
Вочы зойдуць сьлязьмі,
I свой лёс праклянеш.
 
Адно шчасьце людзей,
Толькі змога тады, –
Калі працай сваей
Зваляць камень нуды;
 
Калі мысьль адна іх
У жыцьці павядзе:
Працаваць за траіх,
Каб ня дацца нудзе.
 
10.III.1906.
 
 
 
 
Песьня жней
Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны,
Сярпом махаючы крывым,
Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны,
Пры доўгай постаці стаім
 
          І дружна жнём,
          І паддаём
          Адна адной
          Ахвоты больш,
I песьню жаласна пяём.
 
Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан-дабрадзей,
А над усімі злы аконам
Стаіць, ганяе жаць бардзей.
 
          І мы ўсё жнём,
          І паддаём
          Адна адной
          Ахвоты больш,
I песьню жаласна пяём.
 
Агніста сонца прыпякае,
Ў губах язык засох, як косьць,
Пот горкі вочы залівае,
Змачыў кашулю ўсю як ёсьць.
 
          А мы ўсё жнём,
          І паддаём
          Адна адной
          Ахвоты больш,
I песьню жаласна пяём.
 
Серп прыбаўляе ранаў косых,
Павеку рэжуць асьцюкі,
Як п’яўкі, смокчуць кроў з ног босых
Аржоньня вострыя сукі.
 
          Але мы жнём,
          І паддаём
          Адна адной
          Ахвоты больш,
I песьню жаласна пяём.
 
Мы жнём, растуць снапы і мэтлі,
Мы жнём людзям, адно пабач:
Гаротным нам хоць лезь у петлі, –
Працуй на полі – дома плач.
 
          І ўсё ж мы жнём,
          І паддаём
          Адна адной
          Ахвоты больш,
I песьню жаласна пяём.
 
Гэй, жнема, бабкі і дзяўчынкі,
Гаруйма: гора – не напасьць;
Пан справіць гучныя дажынкі:
За пот, кроў, сьлёзы – водкі дасьць!
 
          Мы будзем піць,
          Як гора п’ём,
          Паноў хваліць
          І дружна ім
Скрозь сьлёзы песьню прапяём.
 
2.IX.1906
 
 
 
 
Да сваіх думак
Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?
 
Ці навеяў вецер вольны,
      Што па горах скача,
Што у плоце, як бяздольны,
      Па сіротках плача?
 
Ці бурлівыя паводкі
      З вадой вас прыгналі,
Што вясною час кароткі
      Зямельку змывалі,
 
Затаплялі, залівалі
      Даліны і горы,
Аж сябе ў моры схавалі,
      У глыбокім моры?
 
*

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?
 
Ці зрадзіў вас дух збадзяны
      У хатцы дзюравай,
На зямельцы акаванай,
      Бязвольнай, бясправай?
 
Ці ў калысцы у ліповай
      Са мной узрасьлі вы,
Як дзіцём вучыўся мовы,
      Вясёлы, шчасьлівы?
 
Сьвет здаваўся ясным раем,
      Людзі – без аблуды,
Не калолі у няволі
      Жыцьцявыя груды!
 
*

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?
 
Ці навеяў віхар з поля,
      Як лісткі зь бярозы?
Ці зрадзіла вас няволя,
      Ці гора, ці сьлёзы?
 
Ці прыгожая дзяўчынка
      У вуха нашаптала,
Што вачыма, як лучынка,
      Міленька міргала?
 
I бажылася кахаці,
      Век не пакідаці,
Разам гора гараваці,
      А потым... ну, што там?!
 
*

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?
 
Ці вас выараў сахою
      На шнуры вузенькім?
Ці вас выкасіў касою
      На сіўцы сівенькім?
 
Ці вас выкапалі людзі,
      Як праўду хавалі?..
Ачарнілі фальшам грудзі
      I помстай шакаляй.
 
Відмы сьмерці і разлукі
      На скаваных сеюць,
Ў крыві братняй мочаць рукі,
      На трупах шалеюць!..
 
*

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?
 
Гэй жа, думкі, громка пейце,
      Покуль сэрца б’ецца!
Громка пейце, не жалейце,
      Што там хто сьмяецца!
 
Прыйдзе хвіля, і вас міла
      Нехта прывітае,
Можа, хоць дзяўчынка тая,
      Што мяне любіла!
 
Прыйдзе хвіля, – поймуць людзі,
      Дзе праўда зарэе...
Пейце ж, думкі, шчасьце будзе,
      Ночка разаднее!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Думкі
Зь неспакоем думкі роем
      Верцяцца ў душы,
На сьвет Божы, сьвет прыгожы
      Рвесься ўвесь з глушы.
 
За высь гораў, за цьму бораў,
      Там за рэчкі шум
Мкнуў бы птушкай-весялушкай
      За палётам дум.
 
Сэрца б’ецца, к жыцьцю рвецца,
      К нейкім сьветлым снам;
Гэй ты, гора! скора ж, скора
      Цябе ў брак я здам?
 
К долі, к волі, гэт, па полі,
      Як леў, пабягу;
Спаці, ждаці ў курнай хаце
      Ўжо больш не магу.
 
Сьвет вялікі, песьні, крыкі
      Мкнуць з усіх старон;
Звоніць штосьці, – к славе ў госьці
      Кліча гэты звон.
 
Ідуць людзі, ў крыві грудзі,
      Паходні ў руках,
Няма ночаў, жарам вочы
      Зьзяюць, ажна страх!
 
Са сну будзяць, душу цудзяць
      Надзеяй старой,
Узьнімаюць, зазываюць,
      Гэй, на нейкі бой!
 
Думкі ходзяць, чымсьці зводзяць,
      Тым, што долю дасьць...
Згіне гора і сьлёз мора, –
      Не вечна напасьць!
 
Пакірую думкі ў тую
      Старонку свае,
Скуль з прасьветам мне прыветам
      Праўда запяе.
 
Далей, вышай памкну, гэй жа:
      Ўжо праложан сьлед;
Трудна, маці, ў курнай хаце, –
      Паляту у сьвет!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Дзе б і праўда жыла...
Дзе б і праўда жыла, дзе б і доля цьвіла,
Не стагналі б дзе людзі над горам-бядой,
Сьлёзаў дзе б не цякло, кроў бы дзе не плыла, –
Паляцеў бы туды, паляцеў бы з душой.
 
I запеў бы там песьню, эй, думу сваю,
Нібы той салавейка у цёмным бары,
Каб той сьвет мяне чуў, як шчасьліва пяю,
Сьлёз ня лью, як цяпер, ад зары да зары.
 
Дый ня мне сьніці, пець аб шчасьлівых краёх:
Кругом бачу і сьлёзы, і кроў, і бяду;
Неспакойнай душой надарыў мяне Бог,
I з такой у магілу, напэўна, сыйду.
 
Пакуль волі ня ўбачу над роднай зямлёй,
Ці ж бы радасьцяй песьні азвацца маглі?
І пакуль буду бачыць, як плача брат мой,
Мне праўдзівага шчасьця ня знаць на зямлі.
 
Шуміць вецер, лісты абівае зь бяроз,
Абламляе гальлё, не цярпіць, а гудзіць.
Хто сьмяецца са сьлёз – сам прычынай тых сьлёз,
Хто ня ўмее будзіць – сам зато крэпка сьпіць.
 
Прэч з дарогі, мужык, абарванец ліхі!
Што? паноў не пазнаў са двара ты сваіх?
Ну, хамула, набок! а што? выйшаў сухі?!
Чорт ляціць, і крычыць, і быдляча ўсё, ўсіх.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Па жыцьцёвай пуцявіне
Па жыцьцёвай па цярністай
      Пуцявіне йду,
А за мной мая нядоля
      Гоне ўсьлед бяду.
 
Бяда чорная такая
      Сунецца, бяжыць,
Сьлёзы, жаласьць насылае,
      Аж трудненька жыць.
 
Смутна, смутна, цурком сьлёзы
      Льюцца з-пад павек,
Хоць бы йшла ўжо сьмерць-магіла,
      Чымся так жыць век!
 
Эй, пайду я ў бор шумячы,
      Песьню запяю,
Перад лесам выльлю скаргу
      Горкую сваю.
 
Дзе ты, доля, дзе ты, воля?
      Ня знаць, не чуваць;
Глуха стогнуць дубы, хвойкі,
      Галіны трашчаць.
 
Каб, здаецца, абняў елку,
      Сагрэў бы сабой,
А зь людзьмі так неяк зімна,
      Жудка, Божа мой.
 
Акавала сонца праўды
      Няпраўды зіма,
I як жыці, што чыніці?
      Разгадкі няма.
 
Толькі чорная нядоля
      Сунецца, плыве,
Хоць змагаюцца зь ёй, гоняць,
      А яна жыве.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Я ня сокал...
Я ня сокал зоркавокі,
      Не арол адважны,
Што так думна за аблокі
      Ўзносіцца зь іх кажны.
 
Нават я не салавейка,
      Што пяе так слаўна,
А я толькі верабейка,
      Ўзрошчаны пад Гайнай.
 
Як ён, край шаную родны,
      Не ляту ў чужыя,
I зь зімой б’юся халоднай,
      Хоць-та сэрца ные.
 
Як ён, сеў бы дзе на плоце
      І песьні чырыкаў,
Людцаў родных бы ахвоціў,
      К лепшай славе клікаў.
 
Як ён сад – я хатку, поле
      Люблю, хоць ня маю,
Зь верабейкавай і доля
      Мая роўна, знаю.
 
Верабейку стужа з мора
      Або ястраб схваце,
Мяне ж зломе маё гора,
      Ў зямлю кіне спаці.
 
Над магілаю крыж з хаткай
      Паставяць мне людзі,
Верабейкава ж дзіцятка
      Нада мной пець будзе.
 
I мне будзе смуткаў меней,
      Лежачы ў заперці...
За жыцьця – сьлёзы, цярпеньне,
      А песьні па сьмерці.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Канюх
Паданьне
Ёсьць, браткі мае вы, у нашым народзе
З даўнейшага часу паданьне адно, –
Зь дзядоў на унукаў ідзе, пераходзе,
I мне гэтаксама дайшлося яно.
 
Навукі паданьне, ой, шмат захавала
Для грэшных, трусьлівых і цёмных людзей,
Ў ім бачым, што шчасьця зазнае той мала,
Хто праўды ня хоча пазнаці бардзей.
 
Гадоў таму многа, бязь ліку, бязь меры, –
За часу, калі сатвараўся наш сьвет,
Былі ужо створаны людзі, і зьверы,
І птушкі-пяюхі усякіх прымет.
 
І людзі ўжо мелі усё, што хацелі:
Даліны, і горы, і поле, і луг;
Лясы ўжо шумелі, дзярны зелянелі,
I пекна, і міла было ўсё ўвакруг.
 
Адной толькі рэчы яшчэ не хапала:
Ні каплі вады на зямлі не было;
Праз гэта было бяды, плачу нямала, –
Усё піць хацела, што толькі жыло.
 
Ўсе сталі зьбірацца і радзіцца з гора,
Як гэтай пазбыцца вялікай бяды, –
Аж сам Бог, урэшце, усім так гавора:
«Я вас навучу, як дастаці вады.
 
Ваду вы мець будзеце цягам навекі;
Зьбярыцеся разам, хто жыў на зямлі,
I ямы капайце на студні, на рэкі,
А толькі к рабоце усе каб ішлі!
 
I помніце: кожны, хто з вас астанецца,
Ня выйдзе у гэтай супольнай бядзе, –
Піць, піць будзе вечна такому хацецца,
I ён жа ня знойдзе вадзіцы нідзе!»
 
Вот рвуцца да працы агромністай людзі,
I зьверы, і птушкі, і кожны жучок;
I цяжка працуюць, зрываючы грудзі,
Капаюць, цягаюць жвіровы пясок.
 
Ну! Будзе ім добра: дастануць вадзіцы,
Больш сохнуць ня будуць, як сохнуць цяпер;
Вот зробяць азёры і рэкі, крыніцы
І студні, а к студням – і зруб, і асьвер!
 
Але хоць так шчыра паслухалі Бога
Усе і за працу узяліся ўсе,
Канюх адзін толькі ня робіць нічога,
Ён гульма гуляе, к рабоце ня йдзе.
 
Убачыў Бог гэта з высокага неба,
Пазваў канюха і гавора тады:
«Няўжо ж піць ніколі табе не патрэба?
Чаму не працуеш, дастаць каб вады?»
 
«Я піць не хачу! – так канюх кажа Богу. –
А як захачу, дык нап’юся расы».
I тут ён пусьціўся назад у дарогу,
Аж енкнуў віхор, зашумелі лясы.
 
А зь неба грамлівы ўсьлед голас раздаўся:
«Навекі ты будзеш жыць толькі расой!
I хоць бы ты млеў і з жыцьцём расставаўся, –
«Піць, піць!» – будзеш клікаць ты летняй парой!»
 
Вот скончана праца, найшліся крыніцы,
I мора бушуе, і рэчка бяжыць;
Хто колькі захоча, нап’ецца вадзіцы,
Адзін канюх просіць, лятаючы, піць.
 
Жалобна ён просіць так, як бы клянецца,
Як моліцца Богу, каб грэх дараваць,
I толькі часамі расіцы нап’ецца,
А самай жарой мусіць ён усыхаць.
 
Крычыць ён так, як бы людзям для навукі,
Што боская кара ўсіх мусіць спаткаць
Тых, хто, баючыся цярпеньня і мукі,
Ня хоча па праўдзе для ўсіх працаваць.
 
Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай
З вас рук прылажыць не захоча сваіх, –
Такому Бог скажа: «Піць!» цэлы век клікай
I будзь праклінаны ад брацьцяў сваіх».
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Над магіламі
Сьпіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Сьпіце, бяздольныя,
Горам забітыя!
 
Як вам зямелькаю
На вочы кінулі,
Зь людское памяці
Марна загінулі.
 
Над косцьмі вашымі,
Па-над курганамі
Сьлёзы узносяцца
Мглою, туманамі.
 
Крыжы яловыя
Набок скрывіліся,
Наспы пасьмертныя
Вадой размыліся;
 
Два-тры зь іх сьвецяцца
Кветкай жычліваю,
Рэшта скрываецца
Лазой, крапіваю.
 
Самі ж вы зданямі,
Бледнымі, сінімі,
Летам усходзіце
Па-над магіламі.
 
Начніцы чорныя
Ночкай зьлятаюцца,
I совы шэрыя
Пераклікаюцца.
 
Ваўкі зьбіраюцца
Парой зімоваю
I пяюць, выючы,
Песьнь паграбовую...
 
Сьпіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Сьпіце, бяздольныя,
Горам забітыя!..
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Спрасоньня
...Не! досыць, досыць! трудна далей
Цярпець, ціхія сьлёзы ліць!
Нічога мне, ой не, ня далі,
А ўзялі ўсё, чым мог бы жыць.
 
Нявольнік, кланяцца век трэба
Людзям; век з потам кроў цячэ,
Няма патолі і ад неба:
То студзе, то сьпекай пячэ.
 
Пярун у хатку б’е крывую,
Пасевы нішчыць суш і град,
Авечку воўк задраў старую,
Скрыпіць нямазан панарад.
 
Худзее жонка ў сьлёзах, працы,
Трасе дзюравым каптаном...
Гэй, ты, што песьцішся ў палацы,
Меў ж літасьць над маім жыцьцём?!
 
Я сам... мне ногі гное лапаць,
Аборы ўелісь да крыві...
О, кроў! калі ж ты кінеш капаць?
О, доля, раны зажыві!
 
Грызецца зрэбная кашуля,
Зь сярмяжкай трудна пагадзіць, –
Зімой ад сьцюжы не атуле,
А ўлетку горача хадзіць.
 
Аблазяць спрэўшыя ад поту
Пад шапкай дрэннай валасы,
Нажыў удушша і ламоту
Ад тапара, сахі й касы.
 
На ўгры пабіў мазоль мне рукі,
Век цэлы пыл за акрыцьцё...
О, колькі гора, колькі мукі
Нясеш, паганае жыцьцё!
 
Ніхто й пацех мне не гавора
За долю горкую маю,
Нясецца толькі рэха з бору,
Як песьню скрозь сьлёзы пяю.
 
Гэй, растлумач, выродзьдзе ўражжа,
Трутні, зладзеі пчольных прац!
Чаму, дзе труд крывавы ляжа,
Цьвіце загон, стаіць палац?
 
Чаму я сею, а другія
Зь сяўбы маёй зьбіраюць плён?
...О, досыць, досыць! сэрца ные,
Грыміць пагудкі новай звон.
 
Чакаў і днём, чакаў і ночай,
I ўжо абрыдала чакаць,
Устаю, іду, куды йдуць вочы,
За крыўды плату адшукаць.
 
10.IX.1906
 
 
 
 
Як пайду я, пайду...
Як пайду я, пайду па загонах,
Па мазольным аратых сьляду,
Па лугах і па борах зялёных,
І па сёлах убогіх пайду.
 
На жалейцы сваёй, на гудлівай
Там я песьні пачну расьпяваць;
Прыслухайся, шчасьліў, нешчасьлівы,
Думкі лепшы хачу вызываць!
 
Я для нівы пагудку зайграю,
Каб радзіла спарней дабрыну,
Каб – баронку стаўляй к жытцу з краю –
I ўтрымала жытцо барану.
 
Я грудзямі прыльну к сенажатцы,
Маліць стану даваць больш сянца,
Вечна ў кветках каб ёй красавацца,
Кветкі шчасьцем цьвілі б для касца.
 
Пушчы гукну, каб гордай, скупою
Не была, дроў давала людзям,
Памагла ваяваць ім зь зімою;
Шумаў бору падслухаю сам.
 
А прыйду к свайму ў вёсачку люду,
Пачну з хаткі да хаткі хадзіць,
Жалець сэрца, душы там ня буду,
Буду пець, буду йграць і будзіць.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Ой, чаму на хаты гэтыя?..
Ой, чаму на хаты гэтыя
Сышла восень з халадамі,
Калі людцы несагрэтыя
Трасуцца пад лахманамі?!
 
Ой, нашто, нашто няшчаснага
Парадзіла мяне маці,
Калі долі, шчасьця яснага
Не магла з жыцьцём мне даці?!
 
Цяжка зь віхрам жыцьця біціся,
Горш, як з бурай хвойцы ў полі,
Дый цяжэй жыцьця пазбыціся,
А яшчэ цяжэй – нядолі!
 
26.VII.1906
 
 
 
 
Чаго б я хацеў
Мне ня трэба багатых другоў:
Даўно знаю пахлебствы я іх,
Іх малітвы да ўсякіх багоў
I з пагардай пагляд на другіх!
 
Не хачу зь імі быць за сталом,
На сваё паніжэньне глядзець,
Як, мінаючы чаркай зь віном,
Ад парогу накажуць сядзець.
 
Не хачу я дзявочай красы,
I пяшчот іхніх белых грудзей:
Рэжа сэрца мне горай касы
Зьменнасьць, хітрасьць агністых вачэй!
 
Не магу я цярпець, паглядаць,
Як іх сталасьць зьнікае, што мгла;
Тут душу табе рада аддаць,
Тут другога шчырэй абняла!
 
Не хачу я гуляць, дзе народ
Толькі гора цярпіць на вяку,
Дзе сіротка стаіць ля варот,
Есьці просіць, падняўшы руку.
 
Не хачу весяліцца, гуляць,
Дзе бяда, сьлёзы, скаргі ўвакруг,
Дзе другія ў няволі сядзяць,
Дзе замёрлі і сіла, і дух!..
 
Эй, сказаць жа, чаго я хачу?
За што нават бы сэрца аддаў?
З чаго твар я сьлязамі мачу?
Ці ж хто з вас калі гэта згадаў?
 
Дык жа знайце, чаго б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае:
Каб мой люд маю песьню запеў
I пазнаў, аб чым песьня пяе!
 
1905
 
 
 
 
На добры стары лад
Забудзься і працуй!
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх ня чуй;
Ці ў шуме, ці ў глушы, –
Забудзься і працуй!
 
Хоць хаткаю тваёй
Трасуць штодзень вятры
I песьняю сваёй
Разносяць стогн стары
Над хаткаю тваёй, –
Забудзься і працуй!
 
Нуды пажар тушы,
На вір жыцьця ня злуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, –
Забудзься і працуй!
 
Хоць ночка цемнатой
Заслала сьцежкі ўсе,
Праходзіш ты кудой
Па сьлёз сваіх расе
З адвечнай цемнатой, –
Забудзься і працуй!
 
Прашкоды ўсе крышы,
На долю не крыўдуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, –
Забудзься і працуй!
 
Хоць гора ўсьлед бяжыць,
А каменем-гарой
На сэрцы жаль ляжыць,
Хоць смутна, Божа мой, –
Забудзься і працуй!
 
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх ня чуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, –
Забудзься і працуй!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Нябожчык
Надаела чалавеку
      Жыці, пажываці;
Пекаў сваё гора, пекаў,
      Дый трэба ўміраці.
 
Хоць хацеў бы, можа, трошка
      Жыць, павесяліцца, –
Сьмерць благая кладзе ў ложка,
      Кажа не будзіцца.
 
I памёр. Цяпер шчасьлівы,
      Не баіцца ліха...
Эй, глядзіце: дзівы, дзівы!
      Сьпіць спакойна, ціха...
 
Але везьць гной трэба з хаты,
      Каб чэрві ня елі;
Скідай, браце, свае шаты!
      Вады ўжо нагрэлі...
 
Змылі троху вочы, сьпіну, –
      Што болей наразе?!
Палажылі ў дамавіну,
      Як пана, як князя.
 
З дамавінай на калёсы
      Нясуць, як сьвятога;
Разявякаў, салапякаў
      Сабралася многа.
 
Кожны стогне, уздыхае,
      Галосе, заводзе, –
Нібы плача, сэрца мае...
      Годзе лгаці, годзе!
 
Ну, кабыла, ну, худая,
      Паволі цягніся!
Ты, істота нежывая,
      Ляжы, не зваліся!
 
Вот і цэрква, поп з крапілам
      Чакае на ўзятку,
Пакурыў труну кадзілам,
      Дзяк запеў ў астатку.
 
I на могілкі панесьлі
      Труну, як павалу;
Ой, ой, каб жа не растрэсьлі!
      Нясіце памалу!
 
Званы гучна загудзелі
      Галасістай песьняй;
Ой, сколькі б вы там ні пелі,
      Нябожчык ня ўскрэсьне!
 
Ну, грабару, капай яму
      Локцяў тры бяз мала;
Пахаваем тут мы краму,
      Што труд прадавала.
 
Ужо выкапаў? – ну, ладна!
      Труп спускаць пачалі,
I спусьцілі так парадна,
      Зямлёй закапалі;
 
Насып вылажылі дзёрнам,
      Крыж на ім – з каменьняў.
Вот і меней непакорным,
      Адным меней, меней.
 
Праплывае многа летак,
      Няма чалавека...
I пляцецца у нас гэтак
      Ад веку да веку.
 
Як сьмерць возьме, усё гіне:
      Нядоля, няволя, –
Спакой толькі ў дамавіне,
      Ў дамавіне доля!
 
18.III.1906
 
 
 
 
Шчасьце
Мы гонімся часта за мараю блуднай,
          Якая ў нас шчасьцем завецца.
Дый трудна яе нам злавіці, ой, трудна,
          Хоць блізка, туж блізка, здаецца...
 
Аднымі рай-шчасьце завецца багацьце,
          Што сьвеціцца грошы машонкай;
Другімі – парадак і згода у хаце,
          А іншымі – ўдалая жонка.
 
Той рвецца да славы шырокай, вялікай.
          Той – жыці нязнатна, як дзеці;
Той – песьняй азвацца нясвойскай і дзікай,
          Той – родную думку запеці...
 
І роім у думках так цэлымі днямі,
          Ды шчасьце ня роіцца ройна...
А сьлёзы другіх, што ліюцца прад намі,
          Ці ж могуць даць спаць нам спакойна?..
 
18.VIII.1906.
 
 
 
 
Адзін
Ці йду я вясёлай дзянінай
З касой ці з сахой за сяло
Й ня бачусь з пахілай хацінай,
Пакуль чую сонца цяпло,
I ў полі, працуючы ў поце,
Бядую над горам сваім, –
Дарэмна шукаю, хто шчыра б
Пацешыў ў цярпеньні цяжкім.
 
          Душа мне і шэпча, і плача:
          Адзін ты, адзін, небарача!
 
Ці з поля гадзінкаю шэрай
Вярнуся, сяджу за сталом,
Краплюся паціху вячэрай,
Лучынка міргае агнём,
А зьеўшы адно, паглядаю,
Ці хто больш чаго падліе, –
Дый дарма!.. Пры лаве, пры печы
Ўсё твары снуюць не свае.
 
          Душа мне і шэпча, і плача:
          Адзін ты, адзін, небарача!
 
Ці ночкай панурай к падушцы,
Ўвесь змучан, прыльну аддыхнуць,
А сэрца, як ліст той на грушцы,
Трасецца, калышацца грудзь.
I жду так – вось прыйдзе хтось любы,
Абніме, атуліць сабой;
Дый дарма!.. Нікога, нікога, –
Хтось кажа, – няма тут з табой!
 
          Душа мне і шэпча, і плача:
          Адзін ты, адзін, небарача!
 
Ці йду ў беларусаву хату
Са сну прывітаць на зары,
I рукі там выцягну к брату
I кіну вачыма к сястры,
Ці, ўсеўшыся ціха на прызьбе,
Зайграю там песьню сваю, –
Дарэмна прывету чакаю,
Дарэмна вітаю, пяю.
 
          Душа мне і шэпча, і плача:
          Адзін ты, адзін, небарача!
 
28.V.1906
 
 
 
 
Над сваёй Айчызнай
Божа! гэткі сьвет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе мой люд?
Дзе айчызна мая?
 
Дзе той час, у яком
Тут кіпела жыцьцё?
Свой народ быў кругом
I любіў сваё ўсё!
 
Сваю песьню ўлад свой
Не стыдаўся запець
I сярмяжкі сівой
Не стыдаўся надзець!
 
Весяліўся народ,
Аж грымела сяло!
Ва ўсіх сьветлы паглёд,
Ва ўсіх шчасьце цьвіло.
 
А цяпер, а цяпер
Не відаць ясных зор,
Хоць сабе сам ня вер, –
Зьнікла ўсё, як віхор!
 
Зьнікла ўсё, як імгла,
Няма славы таей;
Злая доля змагла
І мой край, і людзей!
 
Адны ў шар курганы –
Сьвёдкі бітваў – стаяць;
Косьці к ім груганы
Прылятаюць зьбіраць.
 
Прашмыгаюць вужы,
Канюх моліцца «піць»,
Воўк прабег па мяжы,
Далей сьпіць усё, сьпіць!
 
28.VIII.1906
 
 
 
 
Вольха
Шуміць маркотна вольха
Над рэчкаю бурлівай,
Аброслая на доле
Бадылямі, крапівай.
 
Над ёй сінее неба
I сее непрыветы:
То студзяць яе зімы,
То паляць яе леты.
 
Абломлівае вецер
Галіны без сумленьня,
Падточывае рэчка
Жылястае карэньне.
 
Пацешыцца, як птушкі
Пяюць вясной агнісьце;
Жалобу жаляў носіць,
Як разьдзяецца зь лісьцяў.
 
Дні многія праходзяць,
Найбольш непагадліва,
Шуміць маркотна вольха
Над рэчкаю бурлівай.
 
14.VIII.1906
 
 
 
 
Я бачыў
Я бачыў як вецер па полі гуляў,
Зямлю ўзрываў і бярозкай хіляў,
Заносіў пяском сенажаткі, лагчынкі,
Ламаў на бярозцы жывыя галінкі.
 
Я бачыў, як ястраб галубку забіў,
I выклеваў сэрца, і цёплу кроў піў;
Віхор яе пер’е і косьці разьвеяў;
Галуб варкаваў, галасіў без надзеі.
 
Я бачыў дзяўчынку няшчасну адну,
Як бегла да рэчкі, нырнула ў ваду!
Нагнаў вецер хвалі і сьлед той загладзіў;
На беразе вольхі шумелі аб здрадзе.
 
Я бачыў ўсё гэта й душою цярпеў
Застыў сьмех на губах і песьні ня пеў,
Заплакаў, заліўся маркотнай сьлязінкай
Адзін над бярозкай, галубкай, дзяўчынкай.
 
15.VIII.1906
 
 
 
 
Ліпа
Высока, разлажыста
Расьселася пры хаце
Стара-старая ліпа,
Паважная, як свацьця.
 
Сто лет ужо старусе,
А можа, нават болей,
Ад віхраў і ад бураў
Ня мела век патолі.
 
Сто лет – кавалак часу,
Ня сто дней, ня сто тыдняў,
Якіх зайшло праменаў
Збадаці ўсё абрыдне.
 
Няшчасьцяў, кляцьбы, плачу
Было, што, Божа мілы!
Нябожчыкаў бязь ліку
Сыходзіла ў магілу.
 
А ліпа ані дбае,
Жыве, стаіць пры хаце
Высока, разлажыста,
З павагай, нібы свацьця.
 
15.VIII.1906
 
 
 
 
З украінскага Шаўчэнкі
Думкі
На што ж чорныя мне бровы
      І карыя вочы,
На што ж леты маладыя,
      На што ж твар дзявочы?
Леты мае маладыя
      Марна прападаюць;
Вочы плачуць, чорны бровы
      Ад ветру ліняюць,
Сэрца вяне, нудзе сьветам,
      Як птущка бяз волі;
На што ж мне, краса мая, ты,
      Калі няма долі?
Цяжка, цяжка сіратою
      На сьвеце мне жыці:
Свае людзі – як чужыя,
      Не з кім гаварыці!
Няма каму распытаці.
      Чаго плачуць вочы!
Няма каму расказаці,
      Чаго сэрца хоча!
Чаго сэрца, як галубка,
      Дзень і ноч варкуе, –
Ніхто яго ня пытае,
      Ня знае, ня чуе!
Людзі ж мяне ня спытаюць,
      Дый на што ж пытаці? –
Няхай плача сіраціна,
      Няхай леты траце!
Плач жа, сэрца, плачце, вочы,
      Пакуль не заснулі,
Плачце, моцна галасіце.
      Каб ветры пачулі!
Занясьлі каб ветры буйны
      За сіняе мора,
Маю цяжкую нядолю,
      Маю бяду-гора!..
 
* * *

 
За думаю дума роем вылятае,
Тая цісьне сэрца, тая разьдзірае,
А трэйцяя ціха, ціхусенька плача,
Аж там на дне сэрца, дзе ніхто ня ўбача.
          Каму ж тут іх пакажу я?
          І хто тую мову
          Прывітае, угадае
          Вялікае слова?
Глухім кожны тут радзіўся,
Кожны з гора тужа:
Ты сьмяешся, а я плачу,
Вялікі мой дружа.
А што прыйдзе з таго плачу?
Боль галоўкі, браце...
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Што там!.. будзем лепш сьмяяцца,
Хоць голад у хаце!..
 
 
 
 
З польскага М. Канапніцкай
Пара
Раз-другі сохі-крывулі
Зямлю вашу падвярнулі.
А па ўсякай скібе чорнай
Жджэцца севу, жджэцца зёрнаў.
          Гэй, сяўцы, пасьпешны час!
          А чаму ж ня відна вас?
Грамы ўстрэсьлі зямлі лонам,
Прамкнуў вецер над загонам,
Зьляцеў зь неба дождж на нівы.
А дагэтуль не пашлі вы.
          Гэй, сяўцы, на ваш прыход
          Жджэ зямелька, жджэ народ!
Бацькоў косьці, што ў магіле,
Наша поле удабрылі,
Сонца сходзе к нам паволі,
Ўжо за ценяў бляскаў болі,
          Гэй, сяўцы, гарачы час!
          Зямля маці жджэ на вас!
 
9.VII.1906.
 
 
 
 
З польскага М. Канапніцкай
На жалейцы
Ой! чаму мглой палі росы
          Халоднай,
Калі я голы і босы
          Й галодны?
Ці ж ня досыць, што мы плачам
          Зь нядолі,
А йшчэ гэта ночка сыпе
          Сьлёз болей?
Ой! каб зрэнкаю, здаецца,
          Саколей,
Зьлічыў, сколькі сьлёз ліецца
          На поле,
Страх было бы зь сяўбы гэтай
          Жаць жніва,
Бо сноп кожны б быў крывавы,
          На дзіва!
Ўзойдзе сонца, пусьце косы
          Зьмянліва,
На лугочках вып’е росы
          Й на ніве,
Но сьлёз высушыці мора
          Ці ж можа?
Хіба сьвет увесь запаліш,
          Мой Божа!
 
28.VII.1906.
 
 
 
 
З польскага М. Канапніцкай
Каму?
Тым саху, плуг толькі здаці,
Хто прырос к зямельцы-маці,
Хто загон свой наскрозь знае,
Каго холад не пужае;
Хто радзімых сваіх ніў
Знае час сяўбы і жніў.
Таму толькі з бараною
На ральлю пайці вясною,
Хто лапцями топча поле,
Знае нэндзу цьвёдай долі,
Працягнуў хто, як свой брат,
Двое рук да ўбогіх хат.
Таму толькі серп і коска,
На начлезе хто за вёскай,
Снуе думкі пры агнішчы,
Й вера ў прышлай долі йгрышча,
Каму ў полі труд – закон,
А чужыя зь нівы вон!
 
11.VII.1906.
 
 
 
 
З польскага Іды Пілецкай
Сон на куцьцю
Сюды, ка мне, за стол, хто другам,
Хто свой, ўсе сядзьма разам;
Ты, жонка, дзеткі, брацьця, кругам,
Во гэтта – пад абразам.
Ка мне, дружкі! хай вас угледжу,
Вітаю хлебам, соляй.
Куцьця сягоньня, сам ня ўседжу
Адзін з сваею доляй.
На стол, як чынім вякоў многа
Сенца паслаў, глядзіце.
Падблісьцеся ж!.. вянком старога
Свае ўсе акружыце!
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Стол доўгі, ў круг свае ўсе самі,
Твар кожны весел, ясны,
У кожнага душы раямі
Снуюцца думкі шчасны.
І разам слуг людок нясьмелы
Нам пасадзіці трэба,
Ўсіх братняй згоды анёл белы
Благаславіць хай зь неба.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Падайце ўборы мне яркія,
Ў жалобных нахадзіўся,
Пры мне сягоньня ўсе блізкія,
Сягоньня Бог радзіўся.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Пуста кругом!.. Гэй, гэй, свае дзе?..
Дзе анёл захаваўся?..
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Снуюцца цені... сэрца брэдзе,
Ня чуюць... Сам астаўся...
 
24.VIII.1906.
 
 
 
 
З Крылова
Шчупак, Лебедзь і Рак
Там, дзе еднасьці і згоды
Няма шчырых у людзей,
Праца іхняя заўсёды
Ліха, марна прападзе.
      У калёсы запрагліся
      Раз Шчупак, Лебедзь і Рак;
      З усіх сіл вязьці ўзяліся.
      Воз ня рушыцца ніяк.
Пад нябёсы Лебедзь рвецца,
Шчупак цягне у ваду,
Распусьціўшы клюшні, пхнецца
Рак назад, як на бяду!
      Хто зь іх вінен, хто нявінен,
      Ня нам гэта разьясьняць,
      Но калёсы і дагэтуль
      Як стаялі, так стаяць!
 
25.VII.1905.
 
 
 
 
Насьледаваньне
Над калыскай
Сьпі, маленькі мой сыночак!                 
      Вочкам не міргні;
Сьвеціць месяца кружочак,
      Ты ж аб долі сьні.
 
Сьпі і слухай песьні гэтай,
      Ды ўспомні калі;
Сьпі, пакуль ня знаеш сьвету,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
Падрасьцеш, дазнаеш гора,
      Папіваеш сьлёз,
Твае сілы зломіць змора,
      Сьпёка ды мароз.
 
I спаткаесься на сьвеце
      3ь няпраўдай, зь людзьмі.
Сьпі, сыночак! Месяц сьвеце,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
Падрасьцеш – і мусіш ногі,
      Як кожны мужык,
Укруціць ва ўбор убогі,
      Ўбор зь ліповых лык.
 
У ім помачы папросіш
      Для сябе людской;
Сьпі, пакуль лапцей ня носіш,
      Люлі, родны мой!
 
Павяду цябе да пана,
      Пастаўлю служыць.
Там ад вечара да рана
      Будзеш ты рабіць.
 
За сьвіньмі ды за сахою
      Будуць пхнуцца дні;
Сьпі, пакуль ты не слугою,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
Хлеба, грошы ты слугою
      Мала будзеш мець,
Аплявухаў жа за тое
      Ня будуць жалець.
 
Крывёй вочы заліюцца,
      Ты ж працуй, цярпі!
Сьпі, пакуль не зьдзекуюцца,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
З часам пойдзеш у салдаты –
      Слуга ўжо цару,
За трыццатую ад хаты
      Загоняць гару.
 
На вайне ж, як забіяка,
      Паліеш крыві;
Сьпі, пакуль ты не ваяка,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
Дамоў вернесься да бацькі,
      Бацька бедзен сам,
Пойдзеш зноў на хлеб батрацкі
      Служыці панам.
 
Штось ня ўгодзіш, пан багаты
      Гікне: вон ідзі!
Сьпі, пакуль ня гоняць з хаты,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
Ты ж ня рынесься ў канаву
      З гора ды зь бяды, –
Красьці выўчышся на славу,
      Пан будзеш тады...
 
Што? з напасьці не прапасьці...
      Гулі, гулякі!
Сьпі, пакуль ня ўмееш красьці,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
У вялікія ты людзі
      Выйдзеш зь беднаты, –
Шаблю зьвесіш цераз грудзі,
      Стражнік будзеш ты.
 
Будзеш катам ты над братам,
      Бяз жалю ані!
Сьпі, пакуль яшчэ ня катам,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
Будзеш пан вялікі зь віду
      І шэльма душой,
Спатыкаць цябе я выйду,
      Ты махнеш рукой.
 
Чужаком будзеш ты ў хаце,
      На роднай зямлі.
Сьпі, пакуль ты тут пры маці,
      Люлі, люлі, сьпі!
 
26.VI.1906
 
 
 
 
Чаго нам трэба
Трэба нам, трэба перш-наперш хлеба,
Хлеба, каб стала на цэленькі год,
Дроўцаў палена, конікам сена,
Капейку якую сабе на зварот.
 
Трэба нам, трэба, як сонца зь неба,
Лепшы, даўжэйшы зямелькі шнурок,
Сытай скацінкі, новай хацінкі,
Каб красаваўся пры хатцы садок.
 
На сьвята скварку, часам і чарку,
Булкі і сыра гасьцей частаваць,
Цэлы адзетак, кніжак для дзетак,
Трэба нам школы па вёсках прыдбаць.
 
Роўнай дарогі, ботаў на ногі,
Мультану жонцы на лепшы каптан;
Жыць сьмела ў хатцы і не баяцца,
Каб не ганялі у воласьць, у стан,
 
Доктара трэба, шпіталь нам трэба,
Дарма лячыліся б дзе бедакі;
З торбай жа ў старасьць каб не цягацца,
Трэба устроіць прытулак такі.
 
Ой, многа, многа для вёскі ўбогай
Трэба ўчыніці, каб добра жыла, –
Ня плакаць толькі, ня раніць болькі,
Болькі, якую нядоля дала.
 
Працай ўсё зможам, новы быт зложым,
Гора затопчам сільнай нагой,
Зможам нядолю, зможам няволю,
Сьветач запалім шчасьця свайго!
 
Зьясьнеюць ночы, высахнуць вочы,
Зьлітыя горкай бядноты сьлязьмі;
Голад загіне, бяда пакіне!
Долю мець будзем, – эй! будзем людзьмі!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Змачу пёрка...
Змачу пёрка ў атрамэнту
Ды як чыркну па паперы, –
Крэнту-мэнту, крэнту-мэнту, –
Як быкі, стаяць літэры!
 
Глянем, у адной зь іх кучы
Прачытаем: «усе брацьці!»
У другой – гоман траскучы:
«Няма невукаў у хаце!»
 
А ўжо ў трэцяй дык свабоду
Бачыш вольную пад неба;
А ў чацьвертай – «для народу
Досыць грошы, досыць хлеба!».
 
А хто гэта прачытае,
Скажа: добра напісана;
Скажа: нешта й мужык знае,
Дарма, што бядней ад пана!
 
Дык калі вось атрамэнту
Крыху выльлю на паперы, –
Крэнту-мэнту, крэнту-мэнту, –
Як быкі, стаяць літэры.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Пры скаціне
Яшчэ і сонца не ўзышло
Людзей на днеўны труд будзіць, –
Тру-гу, тру-гу! на ўсё сяло
Труба пастырская гудзіць.
 
Тру-гу, тру-гу! ўставай,
Хто жыў, адзін, другі,
Вароты адчыняй,
Скаціну выганяй!
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
 
Устае сяло на трубны гук,
Сьпяшыць к жывёліне сваей,
I вот раздаўся рык і грук
Кароў, авечак і сьвіней.
 
Тру-гу, тру-гу! ідзі
На поле, на лагі,
Скацінка, і глядзі,
Той тая не бадзі!
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
 
Ідзе ўсё войска на папар;
Прыйшло, скланіла галаву,
I дружна, дружна мал і стар
Скубець вільготную траву.
 
Тру-гу, тру-гу! дзяры
Травіцу з-пад нагі,
Даждаўшыся пары,
Нап’есься ты вады.
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
 
Скубець скаціна, а пастыр
Пасе, пільнуе ад ваўка,
Снуе вакол, удоўж і ўшыр,
То цёлку злае, то быка.
 
Тру-гу, тру-гу! з трубы
На сьвет шырок, даўгі
Мкне адгалос грубы,
Аж стогне лес, дубы.
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
 
I вось наеўся ды ідзе
Рагаты сыты полк у хлеў,
Пастух за ім у грамадзе,
Але пастух ці сыт, ці еў?
 
Тру-гу, тру-гу! й ня сьніў...
Пастыр – слуга слугі,
Свой полк кармі-пасі,
Сам посьле пад’ясі!
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Падарожны
Дарогай шырокай, з дарогі далёкай,
      Дый многа бязь ліку гадзін,
На кій абапёрты, стары і абдзёрты,
      Ішоў падарожны адзін.
Ішоў ён да вёскі, што блізка дарожкі
      У полі пад лесам была;
Там некалі даўна ён жыў добра, слаўна,
      Там моладасьць-радасьць прайшла;
Там кінуў ён хатку, і бацьку, і матку,
      І жонку пакінуў сваю,
І дзетак маленькіх, прыгожых, міленькіх,
      Пакінуў усю там радню.
У дальняй старонцы лет многа, бяз конца
      Пражыў ён у нэндзы цяжкой;
Ні шчасьця, ні долі ня бачыў ніколі,
      Бядуючы сьлёзна парой.
Цяпер на зямельку, сваю карміцельку,
      Прыйшоў, каб пабачыць сваіх,
Убачыць каб хатку, і бацьку, і матку,
      І дзетак калісь-то малых.
Ідзець ён, падходзіць і вёску знаходзіць,
      Таксама, як жыў ў ей, глядзіць;
І хаты такія ж, гнілыя, старыя,
      Карчомка таксама стаіць...
Тут хата Захаркі, там Ёскі, Ганчаркі,
      Там Янкава жонка жыве,
Тут кум Давыдзёнак, там сват Міхальчонак,
      Там Сорка, што соль прадае...
А вот і садочак, а вот і дамочак
      Даўнейшы яго тут відаць,
Бо ганак той самы, зь нізкімі дзьвярамі, -
      Будынкі таксама стаяць.
Уходзіць у сенцы, аж гнуцца каленцы,
      А сэрца трасецца, баліць;
Штось будзе тут скора, ці радасьць, ці гора...
      Вось дзьверы адпёр, і глядзіць.
Ушоў, паглядае, сваіх пазнавае...
      Ах, што ж? ці пазнае калі?
Заплакаў нябожа, і глянуць ня можа:
      Чужыя ужо там былі!..
 
 
 
 
Працуй
Працуй, бедачышча, гаротна,
Ці прэеш ад поту, ці мерзьнеш!
Гні плечы свае ты ахвотна,
Бо прыйдзе гадзінка – і шчэзьнеш.
 
Ой, шчэзьнеш, а толькі ня бойся,
Што ўжо і засыпяць зямлёю:
Як з горам у дружбу завёўся,
Яно йшчэ паходзіць з табою.
 
Цяпер, малады і ахвочы,
Ты рвесься, як птушка там з клеткі,
Да працы і ўдзень, і уночы,
Дый зможа крывавы труд гэткі.
 
Бяз часу прыжме, апануе
Цябе неадчэпная старасьць
I моладасьць скрыша ўдалую,
Адгоне ад працы няздарасьць.
 
Пахіляцца плечы ад горбу,
Удушша дыхнуць не пазволе,
Надзенеш старэцкую торбу
I пойдзеш у сьвет, на прывольле.
 
А мусіш жа ўперад наўчыцца
Ты пацераў доўгіх, дзядоўскіх,
Бо як не патрапіш маліцца,
То выганяць гэткага зь вёскі.
 
Ты мусіш наўчыцца, бо маці
Даўжэйшых наўчыці ня ўмела, –
Ды ў беднасьці часу ці ж хваце
За гэткае браціся дзела.
 
Дык вось, як узброішся гэтак
У пацеры, торбы і пугі,
I ўрваны старэцкі адзетак, –
Павер, будуць брамы на ўслугі.
 
З пагардай, як лішняй сабацы,
Швырнуць табе лустаю хлеба;
Дзіця цябе будзе пужацца,
Пачне непагодай выць неба.
 
А ты?.. Ты цані й гэту працу,
Хоць збыцца яе і нялёгка;
Ня йдзі жабраваці к палацу,
Бо стуль цябе выгане лёкай.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Сяўцу
Збліжаецца лета к адходу, –
Дзе-нідзе зьляцеў ліст чырвоны;
Павесіўшы лубку на шыі,
Выходзе сявец на загоны.
 
I поўнай мазолістай жменяй
Жытцо па ральлі раскідае,
Хавае ў зямельку надзею,
Што возьме зь сяўбы? – не згадае.
 
Ці, можа, цяпер вот, увосень,
Чарвяк яго працу падточыць,
Ці сьнег у разводзьдзе падпарыць,
Ці ўлетку грады падрузгочаць,
 
Ці зьнішчыцца ў пуньцы пажарам,
Ці так ад якой-будзь прыгоды. –
Такія, ах! горкія думкі
Сяўца абсядаюць заўсёды.
 
А ён не зважае на гэта, –
То ўвосень, то цёплай вясною
Арэ, барануе і сее
Сваёй мазалістай рукою.
 
Тут кожны, сяўца хто пабача,
Стары, ці малы, ці кабета,
– Радзі, памажы, Божа! – кажа,
А лёгка ж на сэрцы чуць гэта!
 
– Радзі, памажы, Божа! – скажам
I мы сяўцам ўсякага роду,
А зь зерня, што добрага севу,
Зьбяруць яны й добрую ўроду.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Кепска...
Кепска, браткі, жыць нам стала!
Няма шчасьця, добрай долі;
Калі хлеб ёсьць – няма сала,
Хоць гарэлкі дык даволі.
 
Ой, гарэлка, як з крыніцы,
Да нас цягам прыплывае;
I п’е кожны, не журыцца,
Хто які грош толькі мае.
 
П’юць усе, хоць бяда дома,
Хоць льюць сьлёзы жонка, дзеці,
Хоць хлеб – зёлкі ды салома,
I таго няма у клеці...
 
П’юць, хоць грош крывавым потам
На гарэлку здабываюць;
П’юць, хоць посьле дзе пад плотам
Сваю долю праклінаюць...
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Гэта крык, што жыве Беларусь
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, –
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
          Сваю матку-зямлю – Беларусь.
 
Хоць гарыста яна, камяніста яна,
Вераб’ю па калена, што сею, расьце,
Дый люблю ж я яе, шкода хаткі, гумна:
          О, такіх няма, мусіць, нідзе!
 
З саламянай страхой мая хатка, гумно;
Непачэсна, што праўда, віднеюць яны,
Дый на іх жа сваёй клаў рукой бервяно
          I зямлю раўнаваў пад зьвяны!
 
З саламянай страхой мая хатка, тачок!
Многа чутак наводзяць і дум на душу;
Я ў сьне бачу іх, помню кожны разок
          I у сэрцы, як веру, нашу.
 
Хатка сьведкай была, як пазнаў Божы сьвет;
З хаткі бегаў да школы вучыцца чытаць;
Пры лучыне ня раз гаварыў казкі дзед;
          У двор з хаткі хадзіў зарабляць.
 
У тачок збожжа, сена я клаў кожны год;
У ім першы раз Зосі сказаў, што люблю...
У ім зь дзеткамі посьле зьбіраў умалот,
          I цяпер пры ім лазьню таплю.
 
А хоць гора зазнаў, зьнікла доля навек,
Зося парыць зямлю, у сьвет дзеці пайшлі, –
Тут жа неяк прывык да ўсяго чалавек,
          Прырос неяк, як корч да зямлі!..
 
Тут усякая рэч як гавора з табой:
I крывая бярозка, і столетні дуб,
Сьнег халоднай зімой, траўка летняй парой,
          I асьвер, і абцінены зруб...
 
А бурлівы ручай і зялёненькі сад! –
Хоць, брат, сэрца аддай і душу хоць аддай!..
Сам садочак садзіў гадкоў дваццаць назад,
          А цяпер жа вялікі, як гай!
 
З садам гэтым я зжыўся, як з хаткай сваей;
Знаю, колькі зь яго маю яблык і сьліў;
Ночак шмат скаратаў у ім з Зосяй даўней,
          Шмат чаго у ім я перасьніў!
 
Ой, бывала, як сонейка блісьне вясной,
То ж то рай, далібог! – захліпаецца дух, –
Як на ўсе на лады, на садок увесь той
          Засьвяргоча рой птушак-пяюх!
 
Тут кукуе зязюля, ці шмат пражыву;
Там чырыкае шпак, там пяе салавей;
Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву;
          А на ўсё сонца грэе цяплей і цяплей!..
 
Цяпер глянь, браце, вокам на поле, на луг,
На сівец-сенажаць, на вузкія шнуры,
Дзе сьвістала каса, барабаніў дзе плуг,
          Дзе з зары працаваў да зары:
 
Тут даўгі-даўгі шнур зелянее з аўсом;
Бліжэй гоні адны, на іх – бульба у шар;
А там далей даўгі шнур віднее з жытцом;
          А там голы, як бубен, папар.
 
Пасяродку аўса галавісты лянок
Зелянее, інакш адбівае сабой;
Там вусаты ячмень, а там далей набок
          Ад ячменю – дзірванчык з лазой.
 
Ды і што гаварыць! – дзе я толькі гляджу,
Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
Тут і людзі... ат... што!.. аб іх посьле скажу...
          Долі іх надта ж я не люблю!..
 
А вот як не любіць гэта поле, і бор,
I зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, –
          Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Сватаная
Прыстройся, дзяўчынка-нябожа,
      Так, як у дзянёчак сьвяты,
Галоўку ўчашы ты прыгожа, –
      Сягоньня прыедуць сваты.
 
З гарэлкай прыедуць сягоньня
      Й запоіны будуць твае...
Падумай, куды цябе згоне,
      Куды цябе злы лёс пашле.
 
Падумай, як прыйдзецца жонкай
      Вайсьці да хацінкі чужой,
Зазнацца з чужою старонкай,
      Зьлюбіцца з чужою сям’ёй.
 
Дасьць бацька пасагу: цялушку
      Й свіньню ці авечку зь ягнём;
Дасьць маці выправу: падушку
      Ды кубел стары з палатном.
 
Усё гэта возьме твой мілы,
      Як з купленай, возьме з табой,
А ты будзеш аж да магілы
      I жонкай яму, і слугой.
 
Павінна служыць ты і мужу,
      I ўсёй яго слухаць радні;
На працу, на голад, на стужу
      Зважаць не павінна ані.
 
Ня будзеш чуць ласкавых словак,
      I сьвёкар палае, й сьвякроў;
Прытыкаў ятровак, заловак
      Нап’есься і ўгроз – дзевяроў.
 
Цярпець будзеш многа, ды часам
      Паскардзісься мужу свайму, –
Багаты й сваіх крыўд запасам,
      Ня дасьць рады гору твайму.
 
А гора тваё, напачатку
      Малое, пачне прыбываць,
Як станеш ты зваціся маткай,
      Дзіцё пачне грудзь тваю ссаць.
 
Жаць пойдзеш далёка ці блізка,
      Муж пойдзе араць ці касіць,
З табой йдзе дзіцё, – і калыска
      На полі на козлах вісіць.
 
А вернесься з поля дадому,
      Гаротнае гора тваё!
Пачнеш паглядаць пакрыёму,
      Ці хлеба хоць трохі йшчэ ё.
 
Слуга, жонка, ўрэшце і матка,
      Ўжо знаеш, што трэба рабіць:
Спаўеш у пялёнкі дзіцятка
      I станеш вячэру варыць.
 
I вечна ня знойдзеш спакою
      Ў замужнім бязвольным жыцьці;
Нядоля усьлед за табою,
      Як здань тая, будзе ісьці.
 
Ў дарогу ты выправіш мужа,
      Пачнеш яго з страхам чакаць,
А хоць ня раз поўху і ўдружа,
      Павінна п’янога спаткаць.
 
Каса твая доўгая п’яным
      Патузанай будзе ня раз,
Наб’е сінякоў пад каптанам,
      Зрачэсься дзявоцкіх прыкрас.
 
Прытухнуць ад сьлёз ясны вочы,
      Завяне, паморшчыцца твар,
А ў сэрцы, сягоньня ахвочы,
      Замрэ твой мілосны ўвесь жар.
 
Нявольніка з краю нядолі –
      Гаротнай нявольніцай ты,
Ахвярай ты век без патолі
      Трудоў, беднаты, цемнаты.
 
Ну, што там смутнееш, нябожа?
      Гарэлку пап’еш зараз ты!..
Ідзі ж і прыстройся прыгожа,
      Каб не адракліся сваты.
 
Ўпадоба быць мусе нязьменьне,
      Каб з дому барзджэй паляцець,
Бо дома... і дома ня меней,
      Як замужам, мусіш цярпець.
 
Званкі ўжо зьвіняць па дарозе,
      Вот госьці пад брамай крывой,
Ідуць, вот ужо на парозе...
      Ты плачаш?! Чаго? Бог з табой!
 
Дзяўчынка, ці я цябе песьняй
      Разжаліў панурай сваей,
Што гэтак ліюцца балесна
      Сьлязінкі з прыгожых вачэй?
 
Кінь плакаць і сьмейся! Хай плача,
      Хто песьню нядолі запеў,
Сьвятла хто і ласкі ня бача,
      Хто змалку дзён шчасьця ня меў.
 
Жалобных ня слухай ты шумаў,
      У сілы свае цьвёрда вер
І лепшую долю прыдумай,
      Як гэта, што маеш цяпер.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Маладым на вясельлі
Ужо зьвязалі рукі вам
Прад алтаром навекі,
«Сама» ўжо – жонка, мужам – «сам»,
Ня трэба вам апекі.
 
Каб хлопец – маці кіне ўчыць –
К «самой» не падсукаўся;
«Самога» бацька ня збурчыць,
Каб па сялу ня шляўся.
 
Вы самі будзеце ўжо знаць,
Што годна, што ня годна,
Адно другога пільнаваць
Лепш маткі, бацькі родных.
 
Як, што там далей будзе ў вас –
Ня нам тут раздумляці!
Вясельле ў вас, а ў гэты час
Мы хочам пагуляці.
 
Гарэлку п’ём мы, як ваду,
Ядзім сыр, масла, сала,
Загналі ў кут нуду-бяду,
Чуй!.. музыка зайграла.
 
Уседзець трудна за сталом,
Аж ходзяць – так здаецца –
І ногі, й плечы хадыром,
I сэрца б’ецца, б’ецца.
 
Хутчэй, хутчэй, яду набок!
Набок сталы і лавы!
Гульнём, дзяўчынка, мой дружок!
Часьцей такіх забаваў!
 
I шчасьце – дым, і праўда – дым,
А клёк – гульня, пахмельле.
Гукнём мы «дзякуй» маладым,
Што ўстроілі вясельле.
 
Разгул такі гады ў рады
Пацешыць прылятае...
А гэта што? Хмур малады
I плача маладая?
 
Чашы каменьне ў сто сякер,
Ня выстругаеш крэсел;
Я плакаў некалі... цяпер.
Глядзі, – няма сьлёз – весел!
 
I ты, злучона пара, пей,
А я вот павіншую:
Мець спор вам зь любасьці сваей,
Мець долю не благую!
 
Мець клеці поўныя з дабром,
Мець міласьць, згоду ў хатцы,
Й так жыўшы, жыўшы ўдваём,
Унукаў дачакацца!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Зь Някрасава
Агароднік
На людзей нападаць, забіваць не хадзіў,
Не хадзіў, куды ночкай ідуць цемнякі,
Празі дзяўчыну-красу я свой век загубіў,
Згінуў з ласкі паненкі, шляхоцкай дачкі.
      Працаваў я у садзе у панскім вясной;
Вот раз неяк зграбаю сучкі ды пяю,
Глядзь, дачка майго пана стаіць прада мной!
Гладзіць зорка, ды слухае песьню маю.
Агароднік дасьціпны, я швэндаўся шмат;
Па дварох, па мясцох я багатых бываў,
І нагледзіўся там многа пекных дзяўчат,
А такой жа ні разу нідзе не відаў.
Бровы чорныя, стройна й прыгожа была.
Стала жутка, я песьні сваей не дапеў.
А яна?... што ж яна?... пастаяла, пайшла.
Яж за ею у сьлед, як шалёны, глядзеў.
Ня раз чуў на сяле ад сваіх маладзіц,
Што і сам я прыгож, на пагляд не брыдкі,
Як той сокал гляджу, круглаліц, белаліц,
Валасы нібы лён, сам ўвесь стройны такі.
Разыгралася сэрца зь вясёлай душой,
Но, як глянуў я тут на пакоі яе,
Засьвістаў і махнуў маладзецкай рукой,
Дый скарэй за мужыцкія думы свае.
А прыходзіла ж часта яна з той пары,
Пагуляць, паглядзець на работу маю,
І сьмяецца са мной, і крычыць: гавары,
Чаму неяк прыўныў і даўно не пяю.
Яж маўчў, ад чаго смуцен стаў, не кажу,
Галаву зівешу толькі на белую грудзь.
«Пазволь, яблынку я за цябе пасажу;
Ты умарыўся, пара, знаць, табе аддыхнуць». -
«Што ж такое, паненка, вазьмі, на, паўчысь
Памажы мужыку, папрацуй крыху й ты!»
Ды як брала рыдлёўку ў мяне сьмяючысь,
Тут пярсьцёнак убачыла мой залаты.
Ад пахмурнага дня вочы сталі цямней,
На губах, на шчаках разыгралася кроў.
«Што з табою, паненка? чаму на мяне
      Непрыветна глядзіш, хмурыш чорную броў?» –
«Скуль узяў, скажы мне, ты пярсьцёнак такі?» –
«Скора будзеш старой, як усё будзеш знаць».
«Дай мне! я пагляджу, нізгаворны які!»
І за палец мяне ручкай беленькай хваць!..
Пацямнела ў вачох, душу кінула ў дрож,
Я даваў, не даваў ей зь пярсьцёнкам руку,
Дый прыпомніў тут, знаць, што і сам я прыгож,
І, ня знаю ўжо як, цмок паненку ў шчаку.
З таго часу зь ей шмат скаратаў я начэй,
Многа шчасьця зазнаў, ў ясны вочы глядзеў,
Расплятаў, заплятаў касу сьветлую ей,
Цалаваў, мілаваў, песьні родныя пеў.
Мігам лета прайшло, ночы сталі сьвяжэй,
Пад дзень шэрань, мароз пад нагамі скрыпыць.
Вот раз неяк скрадаўся ў пакоі я к ей,
Аж хтось, цап! і «зладзея дзяржы!» тут крычыць.
Так злавілі мяне, на дапрос прывялі;
Я стаяў і маўчаў, гаварыць не хацеў.
Красату з галавы вострай брытвай зьнясьлі,
І жалезны убор на нагох зазьвінеў.
Асьцябалі сьпіну і пагналі дружка
Ад радзімай старонкі у дальні краёк
На бяду і нуду. Знаць любіць не рука
Мужыкам, нам хамулам, ды панскіх дачок.
 
 
 
 
Сьцёпка Жук

#1
Сьцёпка Жук, па бацьку Ёсцы,
Гаспадар усім надзіва,
Ўсімі хвалены на вёсцы,
Жыве згодна і пачціва.
 
Абычай стары шануе,
Не чураецца сярмягі,
Хаты дзедаўскай пільнуе,
Ад суседзяў шмат павагі.
 
Ён прыкладам для ўсёй вёскі,
Добра знае, калі трэба
З сахой выйсьці на сьвет боскі,
Калі дожджык пойдзе зь неба.
 
Дзе якое сеяць збожжа, –
Трудна лепш ад Сьцёпкі знаці;
Знацца лепш ніхто ня можа
На ральлі, на сенажаці.
 
Дзе якая звадка, схопка,
Годзіць, рае ў полі, ў хаце, –
Адным словам, як наш Сьцёпка,
Рэдка нойдзеш гэткіх, браце.

 

#2
Вечарынку як састрое,
Бо ўжо дзеці падрастаюць, –
Ёсьць і сёе, ёсьць і тое,
Музыканты гучна граюць.
 
За сталом Сьцяпан садзіцца,
Пры ім жонка і суседзі,
Чым паслаў Бог – рад дзяліцца, –
Ўсіх частуе, ўсіх прыгледзе.
 
Хлопцы-зухі і дзяўчаты
Пагуляць тым часам рады,
Сталі ў пары сярод хаты
I далей жа у прысяды!
 
Нуце, хлопцы, дзень далёка,
Пагуляйце, колькі воля!
Дый Сьцяпан ня зводзе з вока, –
Лішніх жартаў не пазволе.
 
Там і сям Сьцяпан бадзяўся,
Распазнаў сьвет доўгім векам;
Хто распусьце раз аддаўся,
Кепскім будзе чалавекам.

 

#3
Жыве, праве, шыкам пана:
Крупаў, сала мае многа,
Хлеб вядзецца ж у Сьцяпана
Круглы год, як у нікога.
 
А хлеб веяны, ўсё белы...
Эй, што там казаць далёка!
Шнур зямлі ён мае цэлы,
Значыць – поўная валока.
 
З усёй вёскай ён у згодзе:
«Кепска, кажа, жыці звадай».
Ён і ў воласьці на сходзе
Многа можа словам, радай.
 
Жывуць, скажа хтось вучоны,
За граніцай лепш народы;
Кормяць люду міліёны
Шахты, фабрыкі, заводы;
 
I у нас мінула б ліха,
Каб настаў лад гэткі ў людзях;
Сьцёпка ж бухне пад нос сьціха:
«А ўсё ж бедны бедным будзе!»

 

#4
Сьцёпкі жонка – вёртка баба,
I язык... эй, што казаці!
А з рукамі і мазгамі
Трудна лепшай дзе спаткаці.
 
Ненаўды, што жонкі гэткай
Сьцяпан трохі і баіцца,
А найбольш, хоць то і рэдка,
Калі з сватам падхмяліцца.
 
У такую тады хвілю
Знае жончыну ён плату;
Гатоў кругу даці мілю,
А цьвярозым прыйсьці ў хату.
 
Жонцы справіў чаравікі,
Сам жа ў лапцях ходзе болей,
А пачуе дзе прытыкі,
Што ня меў ботаў ніколі, –
 
Сьцёпка скажа: «Эй, там, што ты!
Лепш па зімцы лета меці,
Пасьля лапцяў – насіць боты,
Як па ботах лапці ўзьдзеці».

 

#5
У Сьцяпана лад між дзетак,
Лад на полі, лад у хаце;
Адным словам, жывуць гэтак
Цяпер мала, пане браце.
 
Ад Сьцяпанавай хацінкі
Не адойдзе так убогі,
Пагарэлы – без асьмінкі,
Сірата – без дапамогі.
 
Сьцёпка працы не баіцца,
Ці нуда гняце якая,
Песьняй роднай весяліцца,
Вечна весел, не ўздыхае.
 
Стане хтось там наругацца,
Што так весел, хоць цьвярозы, –
«Лепей, скажа ён, сьмяяцца,
Як дарэмныя ліць сьлёзы».
 
Да ўсяго Сьцяпан ахвочы,
Як то ёсьць прыпеў шляхочы:
I да танцу, і ружанцу,
Да выпіткі і выбіткі.

 

#6
Плывуць леты, нібы рэкі,
Не варочаюцца болей,
Нішто жыць ня можа векі –
З сваёй, з божай нікне волі.
 
Сьцёпка выдаў замуж дочак,
Пры малодшым жыве сыне;
Як асінавы лісточак,
Ўвесь трасецца, горб на сьпіне.
 
Старасьць – слабасьць падасьпела,
Стаў нядуж к рабоце ўсякай,
Неяк ходзе ўжо нясьмела,
Нос распушыла табака.
 
Часам пойдзе ў лес і лыкаў
Надзярэ якіх зь пяць пукаў
З браку ботаў, чаравікаў
Лапці керзае для ўнукаў.
 
Старасьць, старасьць – смутны весьці!
Ўжо і «вушка» не прымеце,
Скора, пэўна, будзе плесьці
З сваім дзедам на тым сьвеце.

 
[1905–1907]
 
 
 
 
Бабулька – прадаўчыца зёлак
У Менску на рынку,
Ў канцы агароды,
Бабулька старая
Садзіцца заўсёды.
 
Усякія зёлкі
На рынак прыносіць
I людцаў прахожых
Купляць у ёй просіць.
 
Ляжаць перад бабкай,
Ці вечар, ці ранак,
Пучкі дзівасілу,
Чабор і румянак.
 
Ад кожнай хваробы
Ё зёлкі, карэньне;
Лячыць можа імі
Падвей, парушэньне.
 
І любчыку нават
Дасьць вам пад сакрэтам
Ды наўча, як зводзіць
Любізьнічкам гэтым.
 
I ўсякіх, усякіх
Дастанеце лекаў,
Якіх толькі людзі
Ня зналі ад векаў.
 
Шмат летак бабульцы:
Трасуцца ўжо рукі –
Ёсьць пэўна унукі,
Э! нават праўнукі.
 
Усяк ёй жылося
На сьвеце на Божым –
I смутна, самотна,
I з хлопцам прыгожым.
 
I сьлёзы ліліся,
I песьні зьвінелі,
Малойцавы грудзі
Туліла ў пасьцелі.
 
Ды ўсё ж праляцела,
Як яснай маланкай;
Сьпяць думкі і песьні,
Ў магіле сьпіць Янка.
 
Эй, моладасьць-радасьць
Мінула ўдалая!
А старасьць-няўдаласьць
Ніяк не мінае.
 
I кепска бабульцы:
Сівая, худая,
Брак сіл працаваці,
Дык зёлкі зьбірае.
 
Нясе іх да Менска,
На рынку садзіцца,
Збывае і вуча,
Як трэба лячыцца.
 
А можа, паможа
Душы хоць адной дзе,
I праца бабулькі
На марна ня пойдзе.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Старцы
З торбай кажны, з думкай важнай:
          «Дадуць – не дадуць»,
Даўным сьледам дзед за дзедам
          На кірмаш ідуць.
 
Як дарога к хаце Бога,
          Або й так аб што,
Не пытаюць, добра знаюць,
          Звон пачулі – й до!
 
Быццам горбы, іхні торбы
          Выдаюць парад;
На кірмашы старцы нашы
          Садзяцца у рад.
 
Кожны прэцца ў лепша мейсца...
          Чуй! аж во калі,
Ўтройцы, ўпарцы хрыпла старцы
          Песьню завялі.
 
Той там зь лірай у тры шчыра
          Струны задае,
Той з кантычкі, той з прывычкі
          Модлы дзьме свае:
 
За змарлыя, за жывыя
          Душкі, за жыцьцё,
За скацінку, за збажынку
          І за ўсё, за ўсё...
 
Гэй, малітвам, быццам бітвам,
          Стар’ё аддалось,
А з-пад воку глядзяць к боку,
          Ці дадуць хто штось.
 
Во пасьледні у абедні
          Кончыўся «падай»;
Сыплюць людзі, што-та будзе, –
          Старча, намагай!
 
Неспакойна зь сілай двойнай
          Песень гул памкнуў,
I ўвесь гэты рой расьпеты
          Рукі працягнуў.
 
Дыдак густа й хлеба лусты
          Сыпяцца, прычом
Разам з хлебам – за што трэба
          Маліцца дзядом.
 
Час праходзе... Годзе, годзе
          Глядзець на полк наш!
Пайшлі людзі, што-та будзе, –
          Кончыўся кірмаш.
 
З торбай кажны, з думкай важнай:
          «Ці дзе больш дадуць»,
Даўным сьледам дзед за дзедам
          Зь кірмашу ідуць.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Касьба
Бяжыць час дзень за днём, – скуль вазьміся Пятрок
Наляцеў і пагнаў к касьбе жыва людзей;
Пайшлі ў ход малаток, і каса, і брусок, –
Стукі-бразь, маху-шась, а дружней, а бардзей!
 
Сьвішччуць косы ў траве, проста дзіва, гульба;
Размахаліся рукі, ўзыгралася кроў,
Сонца паліць агнём, пот ліецца зь ілба –
Абмахнуў рукавом ды і далей пайшоў.
 
І пракос у пракос вырастае, як стой, –
Пан з карэтай бы пэўна праехаў між іх.
Эх, аддаўся рабоце люд бедны з душой!
Калі есьць – як Бог даў, як рабіць – за траіх.
 
Махай дружна касой, пакуль згіне раса –
Куй жалеза, пакуль не астыне яно!
Рэж аселіцу, брат, калі зрэзаў гумно,
А там далей – на лог няхай мчыцца каса.
 
Люба выйсьці, прайсьці па лагу, па гумне:
Гоман нейкі стаіць, сенам пахне укруг;
Ляжыць трупам трава, як народ на вайне,
А ў траве конік шастае, радуе слух.
 
Вось падвяла крыху. Жыва, бабы, на лог!
Трэба скошанае разьбіваць, аграбаць.
Сюды-туды!.. глядзі, ўжо пракосы ў валох;
Глядзь... і копамі ўбралі усю сенажаць.
 
А тым часам ізь неба пасыпаўся страх:
Дожджык пырскаць начаў, гром азваўся глухі.
Шчыра цешацца людзі, што сена ў капах,
Бо ў пракосах счарнела б, ды й спор не такі.
 
Сена кожны шануе, бо ведама ўсім,
Калі хлеба няхват, то знасіць ўсё ж лягчэй,
Чымся б корму ня стала прадвесьнем зімным
Для скацінкі; тады... хоць душой загавей.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Дружна йдзі, бедны люд, калі сонца к касьбе
Кліча зь неба ды голадам мучысься ты;
Рэж траву, дабывай долю сілай сабе,
З часам выйдзеш і ты зь беднаты, зь цемнаты.
 
Дружна йдзі, бедны люд, і з зары да зары
Працуй, біся, ня гніся пад лямкай цяжкой,
І за праўду сваю, дачакаўшы пары,
З касой вострай сваёй дружна, сьмела пастой!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Град
О вы, што век цэлы адзеты і сыты,
I з думкай адной, каб пражыць весялей!
Ці бачылі гора у вёсцы забытай?
Ці бачылі працу загнаных людзей?
 
Ці гнуўся з вас хто над сахою у полі?
Ці вёз з вас каторы да места дроў воз
На фунт які крупаў, на фунт які солі?
Ці пёкся на сонцы, ці мёрз у мароз?
 
Палац ваш сьмяецца зь нядолі бядачай, –
Век музыка, песьні і сытасьці крык.
А там гэт, у вёсцы і стогне, і плача
Ваш брат, пагарджаны галодны мужык.
 
Пад потам арэ, барануе і сее,
Каб белага хлеба прыдбаці для вас,
А хто ж з вас яго у бядзе пажалее?
Паслухалі ж песьні яго вы хоць раз?
 
Эй! песьня ад вас, як ад пнёў, адаб’ецца;
Вы рады б і песьню здушыць, апляваць,
Бо ў песьнях шмат скаргаў на хціўцаў нясецца,
А ў скаргах бяздольных шмат праўды чуваць.
 
Гуляйце да часу уцехай шалёнай,
А можа, і памяць надойдзе калі.
Эй! каб не спаткала вас доля Нэрона!
Рым можных шаленствы к упадку зьвялі...
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Зайшоў я раз к пану за нейкай патрэбай;
Сяджу, аж тут зь вёскі прыходзе мужык,
Худы, чуць жывы, знаць, даўно ня еў хлеба,
Хоць, праўда, к бясхлеб’ю зь іх кожны прывык.
 
Уйшоў, ўвесь трасецца, стаіць у парозе,
Баіцца йсьці далей, ат, ведама, гад!
Ён толькі адважны дрыжаць на марозе,
Крывавы пот ліці, каб пан быў багат.
 
Стаіць, і ўздыхае, і сьлёзы ўцірае,
З нагі на нагу праступае ўсё так,
Гняце, знаці, думка яго неўдалая.
Аж пан запытаўся: «Што скажаш, бядак?»
 
«Паночку міленькі! – той гэтак азваўся. –
Будзь ласкаў, зьмілуйся над горам маім –
Дай хлеба ці жыта, я ўсюдых цягаўся,
Нідзе не дастаў, сам галодны зусім.
 
I дома сямёра дзяцей засталося,
Нятоплена печка, няма што варыць,
А дзеткі заводзяць, а жонка галосе...
Ня йдзі хоць у хату, так цяжанька жыць.
 
Будзь ласкаў, паночку! Як будзе работа,
Я ўдвое за ласку табе адраблю.
Дай з пудзік, мей літасьць над нашай бядотай,
Пазыч, бо ці ж буду я грызьці зямлю?!»
 
I моліцца гэтак, і жаліцца гэтак,
А колькі сьлёз выліў, сам хіба ня знаў,
Клянецца на жонку, клянецца на дзетак,
Што ён не гультай, а што Бог гэтак даў,
 
Што град выбіў збожжа усё да каліўка,
Так зьбіў, нібы конь пакачаўся ў траве...
А добра ж была так абсеяна ніўка, –
Як глянеш, здаецца, па ёй штось плыве.
 
«Эй! шчыра, паночку, – ён гэтак гавора. –
З сахой, з бараной увіваўся я ў полі;
Ару, бараную да поту, а скора,
А ўсё каб зрабіці, а ўсё як найболей.
 
Аж глянуці люба – абсеяў шнур цэлы:
Лялее пшанічка, авёс і ячмень,
Лялее другі шнур з жытцом, ужо белы;
Хаджу і любуюся кожненькі дзень.
 
Вот, думаю, будзе і крупак, і хлеба,
Што лішняе – ў Менск павязу і прадам;
Вот будзе і солі, эй, ласкаў Бог зь неба!
Аддам ў магазын і падаткі аддам.
 
Дарэмныя ж думкі былі усё гэта:
Нядолі праўдзівай, знаць, родны я сын!
Дарэмна я біўся вясну так і лета:
Усю маю працу дзень зьнішчыў адзін.
 
Раз неяк на небе зьявілася хмура;
Усякі з нас летняму дожджыку рад,
Але тут шла летняя страшная бура...
О, Божа, хаця б не пасыпаўся град!
 
Гром глуха грахоча пад небам высокім,
Прыціхнулі птушкі, схаваўся каршун,
Мігнула маланка адблескам далёкім,
Ударыў у елку гняўлівы пярун.
 
Сьвет пеклам здаецца, зямля раве дзіка,
А неба, сыпнуўшы маланак агнём,
Азвалася бурай шалёнай, вялікай,
Лясы затрашчэлі, дождж лінуў ліўнём.
 
Пайшоў я назаўтра к пасевам на поле;
Падходжу, дзе жыта, дзе шнур зь ярыной,
Хацеў бы вярнуцца, ня йсьці ужо болей:
I смутна, і жудка, сам неяк ня свой.
 
Прыйшоў, і... затрэсьліся ногі і рукі,
Хацеў бы заплакаць – дый сьлёз не дастаў:
Дзе столькі ўлажыў я і працы, і мукі,
Мае ўсе пасевы зь зямлёй град зьмяшаў»...
 
Так скончыў няшчасны свой жаль выліваці,
Па твары ж сьляза за сьлязою бяжыць,
Як дзе летняй раніцай на сенажаці
Раса на травіцы вісіць і блішчыць.
 
Заплакаў бы, браце, я разам з табою,
Дый сьлёзаў цяперашні сьвет не ўзнае;
Сіл трэба магутных змаганьню зь бядою,
А сьлёзы, брат, высьмеюць толькі твае.
 
Вы скажаце, пэўна, што пан зьлітаваўся,
Даў хлеба ці збожжа, памог у бядзе?
Ці ж знае, чым гора, хто з горам ня знаўся?
Паноў такіх добрых няма, брат, нідзе.
 
Паны толькі могуць гуляці да поту,
I беднаму гэты пры мне сказаў там:
«Плаціў я улетку табе за работу,
Плаці ж і за хлеб мне: я дарма ня дам!»
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Гарэлка
Атрутай маею
Хто стаў залівацца,
Астаўце надзею
Мець шчасьце у хатцы,
 
Мець шчасьце, багацьце,
Жыць згодна з раднёю,
Спакою зазнаці,
Ня плакаць душою.
 
Я зь дзеткамі, з жонкай
Дзень кожны паваджу,
Зазнацца з палонкай
Пад’юджу, параджу.
 
Маёй як атрутай
Душу атуманіш,
I мысьлі паплутаў,
I сьветла ня глянеш.
 
Ўсе людзі – дружочкі,
Ня людзі – анелі!
Адрокся б сарочкі,
Каб толькі хацелі.
 
Такім добрым будзе
Той п’яны бязь меры,
Хоць будуць жа людзі
Глядзець, як на зьвера.
 
Хоць будзеш ты горай,
Як зьвер, выглядаці,
О, зьвер без пакоры,
Што шоў бы кроў ссаці.
 
На лоб павылазяць
Чырвоныя вочы,
I воблік твой сказяць,
Твар плямы абскочаць.
 
Расхрыстаеш грудзі
Ты, п’яны гуляка,
Язык жа твой будзе
Брахаць, як сабака.
 
О, дзікім, о, страшным
Зраблю без прагляду.
Га! бойся, няшчасны,
Быць пад маёй ўладай.
 
Сягоньня шчасьлівы,
Як мною зальешся,
А заўтра, о, дзівы!
Піць больш заклянешся.
 
I каяцца будзеш,
Мяне праклінаці,
I сам сябе злудзіш, –
Карчомкі ня знаці.
 
Парваць жа ня меціў
Маіх, брат, кайданаў
Прыходзе дзень трэйці,
Ты йдзеш ужо п’яны.
 
Атрутай маею
Хто стаў залівацца,
Астаўце надзею
Калі-будзь расстацца.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
*  *  *
Я відзеў душы сільныя,
Якім віхры ўсьміхаліся
I пелі песьні дзіўныя,
Каб выйшлі і змагаліся;
 
Змагаліся зь няпраўдаю,
Змагаліся з кайданамі,
З кайданамі пякельнымі,
Зь людскіх касьцей каванымі.
 
I выйшлі людзі сільныя
На бітву на крывавую,
Дый сьмерцяю акрыліся,
Хоць несьмяротнай славаю.
 
I толькі плакаць хочацца
Над гэтымі ахвярамі,
Над гэтым краем змучаным,
Над гэтымі цяжарамі.
 
I толькі плакаць хочацца,
Прад цэлым сьветам жаліцца,
Што так зямелька родная
З ног ад нядолі валіцца!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
І як тут не сьмяяцца...
На нашым хітрым сьвеце
        Ўсяляк жыве народ:
Адзін жыве па-людску,
        Другі жыве, як скот.
 
Адзін другім гандлююць,
        Купляюць, як той квас, –
Падноскі падбіваюць
        Стаячаму ня раз.
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Вось мчыцца пан на парцы,
        Упражка зіхаціць!
І конікі абмыты,
        I панскі лоб блішчыць.
 
На цэлы сьвет з пагардай
        Дзікім глядзіць казлом,
А быў жа ён нядаўна
        Авечак гандляром.
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Вось хцівец грошы многа
        З працэнтаў назьбіраў.
I фабрыку паставіў –
        Людзям заробак даў.
 
Працуе душ галодных
        Там соценькі са дзьве,
А ненасытны хцівец
        Крывавы пот гняце.
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Вось доктар, пан вяльможны,
        Лякар мужчын, кабет,
Вядзе убогіх, хворых
        Ў асобны кабінет.
 
Пукнуў, паслухаў троху
        I кажа рубля даць,
А сам, як быў студэнтам,
        Шоў бедным памагаць!..
 
І як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Вось ксёндз, служэбнік Божы,
        Ўвесь навучае люд,
Каб у касьцёл хадзілі,
        Каб не грашылі тут.
 
Каб к жонкам на вячоркі
        Ня бегалі чужым,
Бяднейшым памагалі;
        А сам?.. ну, Бог і зь ім!
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Вось аканом пузаты,
        На чым ёсьць сьвет, раве,
Хоць клёку за капейку
        Ня мае ў галаве.
 
I лае так сусьветна
        Вясковых ён людзей;
А пасьвіў жа нядаўна
        У вёсцы той сьвіней.
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Вось шляхціц, марны шэршань,
        Той выскачак адзін,
Душу заціркай муча, –
        Ужо ён гаспадзін!
 
Бяднейшаму ўжо брату
        Рукі не падае,
Хоць сам такія ж лапці
        На ногі надзяе.
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Вось мужычок быў хітры, –
        Абралі старшыной;
Як чорт перамяніўся,
        I свой яму ня свой!
 
З ураднікам у шайцы
        І зь пісарам у лад
Ён мужыкоў, як ліпак,
        Абдзёрці ва ўсім рад.
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
*

Цяпер свае прыпеўкі
        Я кіну да пары,
Бо шмат каму, напэўна,
        Яны не па нутры.
 
Бо, як там кажуць: шапка
        На злодзеі гарыць
Ці – парасё хто ўкрадзе,
        Таму ў вушах пішчыць...
 
I як тут не сьмяяцца
I праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.
 
12.V.1906
 
 
 
 
Я ня сокал...
Я ня сокал зоркавокі,
      Не арол адважны,
Што так думна за аблокі
      Ўзносіцца зь іх кажны.
 
Нават я не салавейка,
      Што пяе так слаўна,
А я толькі верабейка,
      Ўзрошчаны пад Гайнай.
 
Як ён, край шаную родны,
      Не ляту ў чужыя,
I зь зімой б’юся халоднай,
      Хоць-та сэрца ные.
 
Як ён, сеў бы дзе на плоце
      І песьні чырыкаў,
Людцаў родных бы ахвоціў,
      К лепшай славе клікаў.
 
Як ён сад – я хатку, поле
      Люблю, хоць ня маю,
Зь верабейкавай і доля
      Мая роўна, знаю.
 
Верабейку стужа з мора
      Або ястраб схваце,
Мяне ж зломе маё гора,
      Ў зямлю кіне спаці.
 
Над магілаю крыж з хаткай
      Паставяць мне людзі,
Верабейкава ж дзіцятка
      Нада мной пець будзе.
 
I мне будзе смуткаў меней,
      Лежачы ў заперці...
За жыцьця – сьлёзы, цярпеньне,
      А песьні па сьмерці.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Каму вас, песьні?..
Каму вас, песьні, я нясьмелы
Тут буду пець, снаваць з душы,
З душы няшчаснай, набалелай,
Аж, змучан, згіну дзе ў глушы?
 
Ці для тых цёмных, нешчасьлівых,
Што не патрапяць  прачытаць,
Ці для тых сьветлых, а зласьлівых,
Што не захочуць вас і знаць?
 
О! веру, веру, што загнаны
Мяне ня здрадзіць мой народ,
Але ён цёмны й акаваны,
I бедны думак яго ўзьлёт.
 
I вы, душы маёй тварэньні,
Ў нязнаньні будзеце марнець;
Таптаць вас будуць без сумленьня,
Пацук рукопісі патнець.
 
Аж нейкі ўчоны моль з прыпадку
Натрапіць, з пылу абтрасе,
Пачне чытаць вас ад пачатку
З-пад акуляраў на насе.
 
Прагледзе й скажа: «Матар’ялу,
Каб прасачыці быт людзей
На Беларусі, тут нямала;
Жаль толькі, што няма усей,
 
Усей рукопісі панурай.
Хвалько паэта, знаць, ня раз
Цаніць даваў яе для шчураў;
А шчуры – спраўджана і ў нас –
 
Істоты подлыя, нізкія, –
Пяўцоў ім думкі не ў карысьць;
Ім праў навукі хоць якія,
Дабро чужое рады грызьць.
 
Ды ўсё ж рукопісі я гэтай
Так не астаўлю і вазьму, –
Аб ёй і кім быў той паэта,
Складу артыкул па-свайму.
 
Часьць вершаў ў друку апыніцца,
Ня зьнішчаць мышы іх зусім;
Пясьняр «з народа» ўзьвесяліцца,
Што ё ў газэтах і аб ім»...
 
Так будзе думаць моль вучоны
І рэшты аркушаў шукаць.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Спалі вас, песьні, дым чырвоны,
Чым мае гэткі лёс спаткаць!
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Адповедзь
Вы, паны, мяне зь песьняй к сабе прызываеце, –
Майго люду апець справядлівую справу;
Рай, ніколі нясьнёны, вы мне адкрываеце;
Знайду, кажаце, ў гэтым і долю, і славу...
 
Шумна вецер пяе песьню дзікую, жвавую
Над зямлёй, зьлітай потам людскім і крывёю;
Не ганюся, паночкі, ой не, я за славаю:
Чую – доля ня ўзыйдзе мне сьветлай зарою.
 
Чую я, чуе сэрца маё жаласьлівае,
Душа ные, а болем здымаюцца грудзі:
Як радзіўся, ішло ўсё са мной нешчасьлівае, –
Не пацешылі ў смутку і добрыя людзі.
 
Мяне маці мая не пацешыла родная;
Над калыскай пяяла аб цяжкай нядолі;
Яе песьням зіма ўтуравала нягодная,
Віхар гэтыя песьні разносіў па полі.
 
Як падрос, дужы стаў, пазнаў сьвет, не пацешыла
Мяне моладасьць, поўная зводных надзеяў:
Холад, голад, бяду на маіх плячах вешала,
Ласк за гора сваё зь ёй ня бачыў нідзе я.
 
Не было для мяне на куце мейсца вольнага,
На маю беднату паглядала з насьмешкай,
У парозе было маё мейсца, бяздольнага,
За парогам калючкамі слалася сьцежка.
 
Не пясьцілі мяне ручкі дзевачак белыя,
Не шаптала мне слоўцаў сардэчных каханьне;
Як пустэльнік, забыты людзьмі, я дні цэлыя
Жыву так і маркочуся з раньня да раньня.
 
Як цыган той, па сьвеце век цэлы бадзяюся
Без прытоньня, бяз родненькай, цёпленькай хаткі;
Над чужой працай зь сіл маладых выбіваюся,
Сьветлай веры у будучнасьць нікнуць астаткі.
 
Так, паночкі, у будучу славу ня верыцца,
I пустых абяцанак мне слухаць няміла;
А што ў сэрцы маім і душы цяпер дзеецца,
Буду пець, громка пець, пакуль возьме магіла.
 
Буду пець не за славу, праз вас абяцаную;
Буду пець, бо люблю свайго краю паляны.
Буду пець, бо люблю сваю песьню загнаную;
Буду пець, бо мне дар гэты доляй пасланы.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Эпіграма
Што клёпкі трэцяй не стае
      У галаве яго,
То гэта, родныя мае,
      Чуў шмат я ад каго;
Але каб ў пекле аж на дне
      Сядзеў, хто лгаць пасьмеў:
Ён іх і з роду, верце мне,
      Ніводнае ня меў.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»
Чутка йграеш, гулка йграеш
Ты на скрыпачцы сваей,
К небу з думкай падлятаеш,
Шчасьця зычыш для людзей.
 
Ўперагонку з салаўямі
Пайсьці голас можа твой.
Грай жа, грай жа паміж намі!
Ваюй песьняй зь цемнатой.
 
Крэпкі струны тваёй скрыпкі,
Ў тваей скрыпцы душа ё,
Ў руцэ сільнай смычок ліпкі
Лёгка ходзіць, як пярцо.
 
Павядзеш ты ім, і песьня
Льецца – проста б слухаў век:
Неяк шчасна, то балесна
Сябе чуеш, чалавек.
 
Аб чымсь сьветлым, аб чымсь новым
Твая скрыпка грае нам;
Грае, грае, а ў ёй мова
Наша чуецца бяз плям.
 
Беларуса й яго жонку
Называеш ты людзьмі,
Беларусь, яго старонку,
Славіш песьнямі сваймі.
 
Аж так хочацца, хоць сьціха,
Тваёй скрыпцы ўтараваць, -
Піць з таго, што й ты, кяліха,
Аб чым граеш, апяваць.
 
Гэй, пясьнярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край.
 
Бедна нашая старонка,
Яе ж люд бядней яе:
Не апеты песьняй звонкай,
І цяпер хто ж апяе?
 
Хто? - як кінеш так прыгожа
Для сваіх ты йграць людзей.
...Эх! іграй жа той, хто можа:
Плакаць будзе весялей.
 
[1906]
 
 
 
 
«Нашай долі»
Першай беларускай газэце
Гэй! ўсе разам без патолі,
      Беларусы-дзеці!
Пашлём дзякуй «Нашай долі»,
      Родненькай газэце.
Нам яе, радзімай, далей
      Ня будзе ўжо браку;
Шмат гадкоў шчыра чакалі,
      А цяпер – ой, дзякуй!
Дзякуй тым, хто нашу мову
      Родную ўскрашае;
Хто цямноты ў родным слову
      Нашы распрашае.
Дзякуй! і хай «Наша доля»
      Часьцей к нам прыходзе;
А зь ёй праўда і зь ёй воля
      Зажыве ў народзе.
Праўда, шмат расьце бадыляў
      Нам на сьцежцы нашай;
А магіла пры магіле
      Дзікай лусткай страша;
Але «Доля» хай адважна
      Ляціць к нам, загнаным,
К грамадзе нашай сярмяжнай,
      К горам гартаваным.
Ўрагоў нашых рык шакалі
      Ня страшан і ўгрозы,
Бо, бо нас узгадавалі
      Кнут, кроў, пот і сьлёзы.
Прыкупіўшы солі, хлеба,
      Прывітайма «Долю»,
Як анёла Бога зь неба,
      Як сьвятую волю!
 
[1906]
 
 
 
 
Беларускай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца»
Прывет вам, прывет з найцямнейшай старонкі,
Ад брацьцяў, ад сёстраў загнаных сваіх,
Шлю радасьці поўны, шлю зь песьняю звонкай:
Вітайце, сяўцы, нам збажынак такіх!
Мяцеліцы нашу айчызну зглушылі;
Найлепшых авечак уносяць зьвяры;
Жыцьцё тут заціхшы, як сон у магіле:
Тут цёмна, ня знаці ні дня, ні зары.
Тут крыўды няшчасных галосяць а мшчэньні;
Для духа і цела бракуе тут хлеба.
А мора сьлёз вечных, гэй, вечных цярпеньняў,
Пажараў – сто сонцаў, каб высушыць, трэба!
Хоць сілаў гартоўных ня стаць тут ня можа:
Іх голад, і холад, і кнут гартаваў;
Но сон іх, ах! крэпкі, хто сьмелы стрывожа:
Сябе хто б такім усясільным назваў?..
Вы зоркаю яснай над гэткай зямлёю
Усходзіце сьцежкі цямнот асьвятляць;
Выходзіце зь сьветлага знаньня сяўбою,
Вы хочаце ўсьпёных будзіць, паднімаць,
О, каб жа цяпер вы, ясьнеючы зоркай,
Мільёнамі сонцаў зардзелі для нас!
I гэтыя сонцы ды ў нашы ваконцы
Унесьлі з сабою шчасьлівасьці час.
Нас восем мільёнаў! – эх! бі нам паклоны,
Чужнік ўсяк, прыліпшы да нашай зямлі!
Нас восем мільёнаў... зьлічы хто, шалёны!
А гора чаму ж мы й кайдан не змаглі?!
Но досыць нарэкаць, як калісь за прыгону!
Зычэньня да вас лепш адно йшчэ ляці:
Каб гэтыя восем і зь чымсь міліёнаў
Ўсе ў вашай Суполцы сябрамі былі.
Гэй, дзівы над дзівы, мкне гоман грамлівы!
Глядзіце, ўстае беларускі народ;
Айчызну будуе на борах, на нівах.
Што гэта? – то йдэі, то праўды прыход.
 
[1906]
 
 
 
 
Адплата каханьня
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.