РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Спадчына
 
 
 
I

 
 
Спадчына
 
Як цені
 
З дня ў дзень...
 
Валачобнікі
 
Брату-беларусу
 
Свайму народу
 
Час!
 
Будзь сьмелым!..
 
Годзе...
 
Беларушчына
 
Моладзі
 
Матцы
 
Роднае слова
 
Родныя песьні
 
Усе разам
 
Калі пачнуць...
 
Не шукай...
 
Жар ня згас
 
Праявы
 
Апекунам
 
Песьні вайны
 
1914-ты
 
Вясна 1915-ая
 
Новы год
 
Сярод разьюшаных сатрапаў...
 
На сход!
 
Цару неба й зямлі
 
II

 
 
Сявец
 
Поле роднае
 
Зь песень нядолі
 
Зь песень мужычых
 
Куды ты рвешся!..
 
Бяспутнасьць
 
Зь сіроцкай долі
 
Песьня. З народнай
 
Аб мужыцкай долі
 
Навука
 
Думка
 
Хай жа вам так не здаецца...
 
*** Сумна, сумна жыць на сьвеце...
 
*** Можам часта мы плакаць...
 
Тут і там
 
У хорамах
 
З думак жабрака
 
Ідзе вясна
 
На полі тае
 
Зь вясной
 
Вясна
 
Запела вясна сваю песьню
 
Летам
 
Ўсюды лета...
 
Дунулі сіверы...
 
У вырай
 
У дарозе
 
Асеньнім вечарам
 
Плача восень
 
Удосьвітак
 
Віхор загуляў
 
Паязджане
 
III

 
 
Млечны Шлях
 
Званы
 
Станогае ліха
 
На прызьбе
 
А ты, сіраціна...
 
Дзьве долі
 
Песьня
 
Крыўда
 
Коціцца крыніца...
 
Сон
 
Для Бацькаўшчыны
 
Бацькаўшчына
 
Пчолы
 
Наша гаспадарка
 
Чаму?
 
Маё цярпеньне
 
Таварыш мой
 
Сярод магіл
 
На суд
 
Па шляху
 
Зь вячэрніх дум
 
На вуліцы
 
Вечар
 
Мой цень
 
Нашто?
 
Сьмейся!..
 
У бяссонную ноч
 
Ўвесь да дна...
 
Блізкім і далёкім
 
Мая вера
 
Песьняй толькі
 
Першыя песьні
 
Песьня
 
Мусіць, трэба было
 
Дайце мне...
 
Рвіся, думка!..
 
Куды ні ўцякаю...
 
Я казак – не казак...
 
Я і воля мая
 
Мая навука
 
IV

 
 
Яна і я. Паэма
 
Пахаваньне
 
Быў гэта сон...
 
Ўспомні!..
 
*** Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея...
 
Не судзіла доля
 
А яна...
 
Ночцы
 
Не глядзі...
 
У зялёным садочку
 
V

 
 
Магіла льва. Паэма
 
Бандароўна. Паэма
 
Зімою. Паэма
 
Страшны вір
 
Казка аб песьні
 
«Братка і Сястрыца». З народнага
 
Песьня. З народных матываў
 
Адступнік
 
Рунь
 
Забытая карчма
 
Забытая карчма
 
Буслы
 
Першы сьнег
 
VI

 
 
Разлад
 
Паэзія
 
Праступнік
 
Песьня
 
Янка Канцавы
 
Тутэйшы
 
Няма грошы
 
Дрэмле Юрка
 
«Ня ўсе дома»
 
Душачка, шынкарка...
 
Пры выпіўцы
 
Благая жонка...
 
Кацярына
 
Прыпеўка
 
З нуды
 
Фэлькава вясельле
 
Лякарства. Байка
 
Дзе ні кінь – дык клін!
 
Буралом
 
Сваякі
 
Ястраб, лісіца й певень
 
Кажух і вата
 
Расейскія чыгункі
 
Дэпутаты й грамадзяне
 
Селянін і конь
 
Груган і салавей
 
Асёл і яго цень
 
Сьвінапас і стрынатка
 
Пчолы і трутні
 
«Чын», гэрб і лапаць
 
Груганы
 
На ўсе рукі
 
*** Днём і ночкай працаваў ён...
 
Эпіграма на самога сябе
 
*** Жыў музыка Налім...
I
Спадчына
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
 
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеньнія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены.
 
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
 
I тое нуднае ягнят
Бляяньне-зоў на пасьбішчы,
I крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
 
I ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня зьедзены.
 
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны сьветач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне сьвеціць між вандоламі.
 
Жыве зь ім дум маіх сям’я
I сьніць зь ім сны нязводныя...
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
 
1918
 
 
 
 
Як цені
Ідуць народы зь лета ў лета
К жыцьцю, к сьвятлу зь бяды, з жуды,
А мы, як цені з таго сьвету,
Ідзём, ня знаючы куды.
 
Ні нас свабода прыгалубе,
Ні доля весела зірне;
Паўзём і стогнем у загубе
Зь ярмом на шыі, ў вечным сьне.
 
Не на пацеху дзеці даны
Матулі, што іх сьцеражэ, –
Усё адно сусед паганы
У плуг жалезны запражэ.
 
Не на прыбытак сеем нівы
I паліваем потам іх,
Нахлынуць трутні пражарлівы,
I мы ня ўбачым жніў сваіх.
 
Пад непрагляднай марай ночы
Нам не дабачыць нашых крыўд.
На сьвет падняць баімся вочы,
Сабе сам кожны ўжо абрыд.
 
Як мы жывём, чаго чакаем, –
Ня знаем мы, ня знае сьвет;
Ня то ўжо мром, ня то ўскрасаем,
Змагчы ня ў сілах мук і бед.
 
Зайграе шумам лес зялёны,
Аб хвойку хвойка затрашчыць,
I пойдзе шум той к небасклону,
А неба каменем маўчыць.
 
Маўчым і мы і, як сьляпыя,
Як цьмы, снуёмся з кута ў кут,
Адно віхор падчас завые
Ды зьмей прамкнецца там і тут.
 
На курганох засьвецяць росы –
Крывавы росы – сьведкі мук...
А ў хатах сьпяць цапы і косы –
Усё чакаюць ёмкіх рук.
 
[1918]
 
 
 
 
З дня ў дзень...
Жывём з дня ў дзень мы столькі лет,
А ўсё тым ладам, як жыў дзед,
                Галовы клонячы з пакорай;
 
Адвечных крыўд, адвечных бед
Ня бачым мы, ня бачыць сьвет,
                I не пабачым, мусіць, скора.
 
Праз столькі лет, праз столькі зім
Цьвіце ў вачах пацёмкаў дым,
                I зьвесьці не хапае сілы;
 
Відаць, сьвятла ня знаці тым,
Хто нарадзіўся ўжо сьляпым, –
                Такім ён дойдзе да магілы.
 
Жыві з дня ў дзень, цягні ярмо,
Ў крук плечы гні, кажы: дармо!
                Ня так яшчэ умею, браце.
 
Ямчэй сабе сам ладзь прызьмо,
Каб не парвалася само,
                Бо як ярмо тады цягаці?!
 
Ці быў прыгон, ці ёсьць прыгон, –
Шануй закон – матай паклон,
                Бо вылеціш і з роднай хаткі.
 
Пачуеш звон – кажы, што стогн, –
Знай, брат пакінуў свой загон,
                На той сьвет складывай манаткі.
 
[1918]
 
 
 
 
Валачобнікі
Штогод, вясной, у дзень, вялікім званы,
Зьбіраюцца яны, як буслы ў вырай,
I йдуць пад вокны гурмай абарванай
Набожную жальбу заводзіць шчыра.
Паны атласныя і зрэбныя сяляны
Вітаюць іх, як послаў з тога міру:
Той кіне сьвенчана яйцо, а той – мядзяк:
Як жабракоў іх дарыць свой брат і чужак.
 
Журбой ноч іхні блаславіць напевы,
Бо ходзяць валачобнікі па ночы,
Шыпяць над імі галінамі дрэвы,
Глядзяць на іх начніц сьляпыя вочы,
А ўсё, як быццам сіверу павевы,
Як валачобнікі, цямрыцу славіць хоча.
О ноч! о бесканечны твой над намі ход!
Калі ж пакінеш ты туманіць наш народ!
 
Ні там, дзе дзікія зімуюць гусі,
Ні там, дзе дрэмле поўначы краіна,
Ні з добрай сваёй волі, ні ў прымусе,
Ніхто, нідзе ня чэз такой жывінай,
Як чэзьнеш ты, няшчасны беларусе,
У валачобнікі запісаны судзьбінай...
Штогод ты ходзіш дабравольным жабраком
I рабства вечнае ўсхваляеш пад акном.
 
Ці ж нас такое зроду ўжо пракляцьце
Зачаравала чарамі сваімі,
Што мусім мы пад вокнамі стагнаці,
Губляці пад крыжамі сваё імя,
Й ня знаючы век Бацькаўшчыны-маці,
У ёрмах валачыцца між чужымі?..
Ці ж нам ніколі ўжо прасьветласьці ня знаць -
Гібець, гнісьці й, ня жывучы, канаць?
 
Вялікі дзень зь вялікаю надзеяй
Лет тысячы са дзьве таму ўжо будзе,
Як між людзьмі то гасьне, то ясьнее,
I толькі ж торг вядуць, б'ючыся ў грудзі,
Прадажны кніжнікі і фарысеі
Сьвяшчэнным іменем Яго... А людзі?..
Гудзяць званы, гул медны прэцца да нябёс,
Ды валачобнікаў прыпеў: «Хрыстос васкрос!»
 
1914
 
 
 
 
Брату-беларусу
Ляж, прытуліся да зямлі,
Паслухай шчыра, што гавора
Табе, сям’і і ўсёй радні,
Калі запаліць неба зоры.
 
Пачуеш дзіўную аповесьць
Мінуўшай славы і жыцьця,
Аб чым згубіў ты ўжо даўно весьць,
Блукаючыся без пуцьця.
 
Пачуеш, як шмат лет таму
Тваё было тут панаваньне;
Паслушна голасу твайму,
Цябе ня кратала скараньне.
 
I запытаецца зямліца
Тваёй душы і тваіх дум:
Чаго ты блукаеш начніцай?
Чаму свой край аддаў на глум?
 
*

Стань, нахіліся над ракой,
Ў плакучы ўгледзься пералівы:
Ў іх адаб’ецца воклік твой,
I ўбачыш незабыты дзівы.
 
Як там русалкі – твае дзеці –
Днём аддыхаюць у жальбе,
Каб ночкай, блудзячы па сьвеце,
Шукаці долі для цябе.
 
Ад хваль, што шэпчуцца так міла,
Ты дойдзеш праўданькі усёй,
Што рэчкі – гэта зямлі жылы,
Вада ў іх – кроў зямлі тваёй.
 
I запытаецца вадзіца,
Як не пытаў ніхто ў жыцьцю:
Чаму яе п’е чужаніца,
Яе, кроў родную тваю?
 
*

Ідзі у лес, што стаў кругом
Тваіх нязьмерных ніў на стражы,
Што толькі думаў аб адном...
Але паслухай, што лес кажа:
 
Я бараніў твой дух ад плесьні,
Аб думы шчыра твае дбаў,
I паўтараю водклік песьняў
Што прадзед зь ветрамі складаў.
 
А ты, змарнелы чалавек,
Нікчэмны пасынак былога,
Сваю пушчаеш песьню ў зьдзек,
Чужою славіш нават Бога!
 
Прывучан кланяцца, ўніжацца,
Паганіш скарб свой дарагі.
I знаеш толькі там сьмяяцца,
Дзе кроўю плакаў бы другі.
 
*

Ідзі на ўзгор, на камень сядзь,
Што пашчапаў пярун на часьці;
Глядзіся ўзоры, што мігцяць
На небе ў радасьці і ў шчасьці.
 
Яны агністымі іскрамі
Ў душы распаляцца, як сталь;
Бо неба сочыць за людзямі,
Зямлі пільнуе яго даль.
 
Зямлю ў сваёй адвечнай казцы
Трымае без граніц і мер...
Калісь і ты ў яго быў ласцы –
Меў зь неба долю. А цяпер...
 
Цяпер яно сваймі сьлязамі
З табою плача над табой;
Шле буры, громы зь перунамі,
Каб сон збудзіць магільны твой!
 
[1913]
 
 
 
 
Свайму народу
Табе, народ мой, згібнуты ў аковах,
З-пад сэрца песьню гэтую пяю
I, ускрашаючы мінуўшчыну нанова,
Выказваю цяпершчыну тваю.
 
Сягні ў даўно заснуўшыя сталецьці,
Заслону дзён уцёкшых адхілі
I глянь, як сёньня твае жывуць дзеці,
Як ты жывеш на прадзедаў зямлі.
 
Дняпро і Сож, Дзьвіна, Вільля і Нёман
Шмат могуць што у памяці збудзіць,
Ды пушчы Белавескай сумны гоман –
Паслухай толькі, што ён гаманіць.
 
Тваймі рукамі ўзьнесены замчышчы,
Глянь, зарастаюць дзікім палыном,
Па сьцен астатках вецер дзіка сьвішча,
Як бы пяе памінкі быўшым днём.
 
Пяе аб тым, як гэтыя байніцы
Край сьцераглі на захад і на ўсход,
Як з поўначы разбойны чужаніца
Ня мог замчыскавых скрышыць варот.
 
Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сьцярог ад чужака й законы укладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
I сход аб шчасьці Бацькаўшчыны дбаў.
 
Сягоньня ўсё сьпіць і зарастае зельлем,
Сьцярэч свой край няма ні сьцен, ні рук;
Званы вячовы змоўклі, анямелі,
Ў ярме сагнулі людзі плечы ў крук.
 
Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.
 
Сыноў тваіх расьсеяў па ўсім сьвеце,
Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;
Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці
Сярод магіл шукаюць і канаў.
 
I мерцьвякоў знаходзяць... А жывыя...
Як мерцьвякоў пагляд іх і жыцьцё,
Праклёны толькі шэпчуць векавыя
Ды вечнае чакаюць небыцьцё.
 
Упаў народ. Змарнеў народ, забыўся,
Як Бацькаўшчыну, як яго завуць;
Як падарожны без пуцьця, зьнябыўся,
Як сірата, якой нідзе заснуць...
 
Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!
 
Паўстань і глянь, як зьзяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ўсясьветных зьмен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цьвет зацьвітае новае зары!
 
Паўстань, народ! Для будучыны шчасьце
Ты строй, каб пут ня строіў больш сусед;
Ня дайся ў гэты грозны час прапасьці, –
Прапашчых не пацешыць шчасьцем сьвет.
 
Сваю магутнасьць пакажы ты сьвету, –
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!.. З крыві і сьлёз кліч гэты...
Цябе чакае маці-Беларусь!
 
1918
 
 
 
 
Час!
Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
          На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважа,
Слова цьвёрдае хай скажа,
          Скажа сам народ!
 
Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
          Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
          Новы ўзьнесьць пасад.
 
Доўга людзі ўдзень блудзілі,
Крыўду, сьлёзы, кроў пладзілі,
          Ўсё ня ўмелі жыць, –
А сягоньня ўжо ня тое, –
Ўсходзе сонца залатое
          Роўна ўсім сьвяціць.
 
Ходзіць ходырам сьвет цэлы,
Сьмела ў бітву йдзе нясьмелы,
          Ў бой за лепшы час.
Дык і нам цапы і косы
Час браць з вышак, покі росы
          Воч ня згрызьлі ў нас.
 
Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музыка ў струны ўдара!
          Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
I за Бацькаўшчыну-маці
          Йдзі, народ, на сход!
 
1918
 
 
 
 
Будзь сьмелым!..
Будзь сьмелым!.. Магутна ярмо друзгачы!
Ідзі сам наперад, другіх ведучы!
 
Будзь сьмелым!.. Ня вер у людскую брахню,
Вер толькі ў адвагу і сілу сваю!
 
Будзь сьмелым, хоць путалі б злыдні ўвакруг, –
Адважным ваякам ня страшны ланцуг!
 
Будзь сьмелым, як вецер, як воля сама!
Знай, сьмелых ня чэпе ні крыўда, ні цьма!
 
Будзь сьмелым, як бура, што крышыць дубы,
А будзе твой верх, тваё права ўсягды!
 
1913
 
 
 
 
Годзе...
Годзе брахні ўжо, падкупленых зводаў!
Годзе таптаньня праўд вечных, сьвятых!
Сьцежку свабоднаму духу народа,
Сьцежку да сонца і зор залатых!
 
З году у год мы жылі, як жывёла,
З году да году чакалі сьвятла...
Што ж нажылі мы, як глянуць наўкола,
Што нам апека тут наша дала?
 
Тыя, ў дагонцы за блескам часовым,
Брацьцяў запрэглі ў нявольнічы плуг,
Тыя, таргуючы імем Хрыстовым,
Цемру і здраду спладзілі ўвакруг.
 
*

Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!
Для беларуса цана ім адна,
Усе вы, панове, аднакай натуры:
З сэрца чужога кроў ссалі б да дна.
 
Вашу карысьць нам і вашы заслугі
Добра ўжо скеміў таптаны народ;
Добра вядомы і путы і пугі,
Песьціў якімі ваш Захад і Усход.
 
Мы не пакінем свае папялішчы,
Зь сьцежкі – наперад, ня пойдзем назад.
Сьмела здрузгочам старыя бажышчы,
Новым законам збудуем пасад.
 
*

Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць
Дзецьмі, багацьцем радзімай зямлі!
Нашы загоны даўно ўжо нас клічуць,
Нашы загоны, што зельлем зрасьлі.
 
Досыць ішлі на чужым павадку мы
Доўгія векі бязь веры ў сябе;
Мы ўжо ня тыя, – інакшыя думы
Вырасьлі з намі, завуць к барацьбе.
 
Станем к змаганьню мы зь ведзьмаю-крыўдай
Дружна, адважна, плячо ў плячо:
Рухне старое, хоць крэпкае зь віду,
Яснае, вольнае створым жыцьцё.
 
*

Годзе нам есьці аб’едкі і косьці,
Злыбядзе ўсякай паклоны дарыць!
Гаспадары мы ў сябе, а ня госьці,
Час к панаваньню нам сьлед церабіць!
 
Тое, што ўзята маною дачэсьне,
Вечна ня будзе душыць, як прыгон;
Наша вярнуцца к нам мусіць канешне, –
Гэткі ўжо быту народаў закон.
 
Гібне памрока душыўша ад векаў,
Сонца і зоры к сабе сьвет завуць...
Сьцежку свабоднай душы чалавека!
К вольным дням вольныя людзі ідуць!
 
1912
 
 
 
 
Беларушчына
Сотні лет, непрыяцелем-братам прыбітая,
Зарастаючы зельлем чужым, як лазой сенажаць,
Ты ляжала, няпамяці пылам пакрытая,
А народ твой быў змушан маўчаць і табой пагарджаць.
 
I круцілі цябе, як каму падабалася,
Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад;
Ажно часам жальба, як кляцьба, разьлягалася,
Ды нячутай ляцела, ўміраючы, ў грудзі назад.
 
Спаў народ, і ты спала, і ворагі верылі,
Што ніхто не разбудзіць цябе, што заснула навек.
I дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі,
Што памерла ўжо ты, – не адзін так казаў чалавек.
 
Час ішоў. К жыцьцю новаму клікі пачуліся;
Ўсе народы паўсталі на бітву за права сваё.
Ты – як спала – ўскрэсла, твае дзеці прачнуліся.
Твой народ, ты сама ўсталі новае строіць жыцьцё.
 
I цяпер хоць прыблудаў даносы ў ход пушчаны,
Хоць пад права тваё падрываецца шмат хто, як крот, –
Як жыла і жывеш, будзеш жыць, Беларушчына:
Зразумеў і успомніў цябе твой мільённы народ.
 
Сьціхнуць віхры, заціхне пара непагодная,
Сілы грозныя ўстануць, акрэпнуць к другому жыцьцю;
Панясуцца, як звон, песьні вольныя, родныя,
Апяваючы долю, нядолю, народзе, тваю.
 
1908
 
 
 
 
Моладзі
На цябе, наша моладзь, надзея
Нашай сумнай забранай зямлі;
Твой арліны палёт цьмы разьвее
I запаліць веквечны агні.
 
Ты разбудзіш прыспаныя сілы
I на вольны паклічаш прастор
З забыцьця беспрасьветнай магілы
Да бліскучага сонца, да зор.
 
Ты на бацькаўскім, моладзь, кургане
Узьнясеш нездабыты пасад,
Што расточыць сваё панаваньне
На ўвесь край, дзе сягне твой пагляд.
 
Табе будуць ня страшны заломы,
Злыя ворагі, іх варажба:
Долю, праўду з маланак і громаў
Твае выкрасяць гарт, барацьба.
 
Схамянайся ж ты, моладзь арліна!
Ў бок другі віхры веяць прымусь,
Бяры сьветач, ідзі за судзьбінай,
Ідзі з словам сьвятым: Беларусь!
 
1914
 
 
 
 
Матцы
Ты гадуй сынка, матуля,
У пялёнкі спавівай,
Калышы, пей люлі-люлі,
Пей паціху баю-бай!
 
Над калыскай зь бегам ночак
Песьні роднай не жалей,
Каб, як вырасьце сыночак,
Верным вечна ён быў ей.
 
Як навучыцца хадзіці,
Маткі мову разумець,
Ты вучы яго любіці,
Ўсё сваё ў пашане мець.
 
Бай яму даўнейшы казкі,
Аб бацькох сваёй зямлі,
Як жылі без чужой ласкі,
Як слугамі не былі.
 
Як на веча сход ззывалі
I тварылі свой закон,
Як жылі ды панавалі,
Покі ўпалі у палон.
 
Як жа ў розум убярэцца
Твой сынок, як мак у цьвет,
Дужым стане, што, здаецца,
Павярнуў бы цэлы сьвет, –
 
Выпраўляй яго у людзі,
На дарогу блаславі,
Разам з крыжам дай на грудзі
Роднай вузельчык зямлі:
 
Каб ня даўся ў крыўду зьдзекам,
Не забыў сваіх старон,
Каб вярнуўся чалавекам
К роднай Бацькаўшчыне ён.
 
Ды узяўся шчыра, міла
Сеяць шчасьце, гнаць бяду,
Стаў адважна словам, сілай
За свой край і грамаду.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙

Гэта ўсё ўпаі дзіцяці
З малаком сваіх грудзей,
Бо іначай пойдзеш, маці,
Жабраваць хлеб у людзей.
 
[1918]
 
 
 
 
Роднае слова
Магутнае слова, ты, роднае слова!
        Са мной ты на яве і ў сьне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
        Ты песень наўчыла мяне.
 
Бясьсьмертнае слова, ты, роднае слова!
        Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
        Дый дарма: жывеш, як жыло!
 
Свабоднае слова, ты, роднае слова!
        Зайграй ты сьмялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы
        Жывеш ты на хвалу людзей.
 
Загнанае слова, ты, роднае слова!
        Грымні ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
        Мілей найбагатшай чужой!
 
1908
 
 
 
 
Родныя песьні
Гэй, родныя песьні! Вы ў суме і ў горы,
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, –
Для роднай зямелькі вы – сьветлыя зоры,
Для роднага краю вы – райскія гімны!
 
У вас адаб’ецца нядоля і доля,
Ўздыханьні, што ходзяць з сахою, зь сякерай,
I холад, і голад, няволя і воля,
I ў будучнасьць ясну надзея і вера.
 
На сьвеце на белым і праўдай, і чэсьцяй
Гандлююць, збываюць за фальш і няславу;
Вы ж, песьні, і сьветам маглі бы затрэсьці,
Паклікаць к змаганьню за добрую справу.
 
На рукі людскія наложаць аковы,
Край стопчуць, заграбяць чужыя народы, –
У песьнях жа родны край, родныя словы
Жылі, і жывуць, і жыць будуць заўсёды,
 
Гэй, песьні, гэй, звон Беларусі загнанай!
Зайграйце пацехай на родным загоне,
Што ўжо няма болей няволі, кайданаў
I людзі ня стогнуць, як стогнуць сягоньня!
 
1906
 
 
 
 
Усе разам
Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам,
          Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
          Аб жыцьці сваём!
 
Аб тых хмарах, што так ходзяць
          Над нашай зямлёй,
Аб той хатцы, што дзюравай
          Сьвеціцца страхой.
 
Аб той зорцы, што так часта
          Ажыўляла нас
I душу надзеяй сьветлай
          Вабіла ня раз.
 
Вабам шчасьця і дастатку
          Падклікала ўсяк,
Аж ізноў тачыць стаў сэрца
          Нядолі чарвяк.
 
*

Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам
          Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
          Аб жыцьці сваём!
 
Аб той славе небывалай
          Нашае зямлі,
Дзе мы долю пахавалі,
          Скуль бяду ўзялі;
 
Аб той працы неаплатнай,
          Крыўдзячай ня раз,
Што так потам, мазалямі
          Пацяшае нас.
 
Як нядолю сваю бачыць, –
          Не магчы ж змагаць, –
Думы, сілы маладыя
          Дарма марнаваць.
 
*

Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам
          Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
          Аб жыцьці сваём!
 
Хай імчыцца наша песьня
          Птушкай па-над гай,
Дзе бяжыць бурлівы Нёман,
          Дзе наш родны край!
 
Хлопец стройны коні пое
          Тамака ў браду,
А прыгожая дзяўчынка
          Чэрпае ваду.
 
I адно так на другое
          Міленька глядзяць,
Аж іх вочкі, быццам зоркі,
          Ясна мігацяць.
 
*

Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам
          Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
          Аб жыцьці сваём!
 
Даляціць мо наша песьня
          Да забытых сёл,
Дзе яе сусед пакліча,
          Павядзе за стол.
 
Хлебам, сольлю прывітае,
          Чарку паднясе...
Будзе песьня красавацца,
          Як жытцо ў красе.
 
Нам тады ўсім будзе слава,
          Не было якой...
Дык запейма, хай імчыцца
          Нашых песень рой!
 
1906
 
 
 
 
Калі пачнуць...
Калі пачнуць зьбірацца хмары
I неба ўсьцелюць чарнатой, –
Тады ўсплываюць буйны ветры
I віхрам гоняць над зямлёй.
 
Адвечным борам закалышуць
Сухі ліст зь лесу гоняць проч,
Ніштожаць хмар калматых горы
I ясным днём зьмяняюць ноч.
 
Калі прыгнецены няпраўдай
Які зьнябудзецца народ, –
Тады зьяўляюцца прарокі
I ўсенародны клічуць сход...
 
Расьце на сходзе недавольства,
А дудароў магутны хор
Пяе аб крыўдах і ўсіх кліча
Да новых праўд, да новых зор.
 
1912
 
 
 
 
Не шукай...
Не шукай ты шчасьця, долі
На чужым, далёкім полі,
Гэт, за шумным лесам-борам,
За шырокім сінім морам
Не шукай ты шчасьця, долі!
 
Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
Там, дзе маці над калыскай
Табе песьні напявала,
Як малога калыхала,
Толькі ўмей шукаці блізка!
 
*

Не шукай сабе дружакаў
Між чужынцаў, між піяўкаў,
Ні у месцы, ні ў палацы,
Ні пры лёгкай панскай працы, –
Не шукай ты там дружакаў!
 
Ты іх знойдзеш вельмі блізка,
Каля хаты, каля нізкай,
Дзе ганяў жывёлу змалку,
Дзе касой махаў на ранку,
Толькі ўмей шукаці блізка!
 
*

Не шукай сабе, мой братку,
Зь ветрам Бацькаўшчыну-матку
Ні на сушы, ні на моры,
Ні у шчасьці, ні у горы,
Не шукай яе там, братку!
 
Яе знойдзеш вельмі блізка,
Як знаходзіць лес вятрыска,
Толькі ў сэрца глянь сваё ты
I ў душу заглянь з ахвотай,
Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка!
 
1913
 
 
 
 
Жар ня згас
Цяжка, горка мы жылі
З году ў год, ад веку к веку,
Столькі на сваёй зямлі
Церпім, выцерпелі зьдзеку!
 
Хто змагаўся, а хто спаў,
Хто ліў сьлёзы, хто сьмяяўся,
Ды з нас кожны не прапаў –
Тым, чым быў, далей застаўся.
 
Хай там віхры стрэхі рвуць,
Хай там ёрмы чэшуць злыдні, –
Нашы праўды не памруць,
Ночы царстваваць абрыдне.
 
Хоць і гоніць небарак
Кат з дамоўкай жыць сам-насам, –
Нашы маткі нам ваяк
Новых выгадуюць з часам.
 
Ў сэрцах нашых жар ня згас –
Бухне ў сьвет калісь яскрава,
Бо наперадзе йшчэ ў нас
Барацьба, жыцьцё і слава!
 
1913
 
 
 
 
Праявы
– Што за плач такі здаецца
Там на лузе, там на рэчцы,
Бы хто сьлёзы ліў паводкай?..
Ці то маці, ці сіротка?
 
– Гэта маці, маці плача
Над сынамі, не іначай,
Што яе ў зямлю схавалі,
А сябе ў палон аддалі...
 
*

– Што за звон бразджыць, скрыгоча,
Як бы сьвет зьніштожыць хоча
I зьвясьці ў канец астатні?
Ці то Божы, ці то братні?..
 
– Гэта путы-сковы звоняць
I дух вольны к нэтрам клоняць,
Скрыгацяць свае літаньні,
На пагібель, на скананьне.
 
*

– Што за голас ходзіць, бродзіць,
Сказы дзіўныя заводзіць,
Ажно йдзе па целе шорах?
Ці то друг наш, ці то вораг?
 
– Гэта ходзіць кліч па полі
З прыкліканьнем к новай долі,
Пад акнамі станавіцца
I заве, заве збудзіцца.
 
*

– Што за віхар закруціўся –
Ў зямлю ўрыўся, ў неба ўзьвіўся,
Бухнуў іскрамі пажару
На сялібы, на папары?
 
– Гэта бітва йдзе сусьветна
Між сьвятлом і апраметнай.
А хто ускрэсьне, а хто ляжа...
Глянь на сонца – сонца скажа!
 
1914
 
 
 
 
Апекунам
I трудна ж, трудна, знаць, прыйшлося
Шмялям струхлеўшага дупля,
Як наша слова праняслося,
Як наша дрогнула зямля!
 
Загаманілі, зашыпелі
Вось так, па-своему «вовсю».
Яшчэ паказ – пазнаць на дзеле
Ваўка, і ліса, і зьмяю.
 
Няварта гэтак расьпінацца,
Мае шмялькі, ў чужым вульлі.
Зацесна вам у нашай хатцы –
Гайда! туды, адкуль прыйшлі!
 
Што вы прынесьлі? Што?.. Загляньце
Да беларуса сумных хат...
З тых самых лык пляце ён лапці,
Якія плёў сто год назад.
 
Вы песьню хочаце спаганіць,
Якой адвечнасьць не змагла,
I свой паступак затуманіць
Брахней – з дабра, а не са зла!..
 
Мы верым, што жывога слова
Ня пойме цёмны ваш хаўрус,
Але у дружбы вашай сковы
Ўжо не паверыць беларус.
 
Як трутні, ласыя на соты,
Вы к нам прыйшлі ў гадзіну бед;
Чуць толькі сталі да работы,
А груганам гатоў абед.
 
Цямніц і вісельняў асновы,
Слугі нагайкі і штыха,
Сумленьне, край прадаць гатовы
За бліск нагруднага значка.
 
I з думкай носячысь шалёнай,
Вы! вы! жадаеце зь людзей,
Каб вам паверылі мільёны,
Каб вам карысны стогн гудзеў.
 
Ня вам, ня вам! гасіць паходні,
Што распаліў жывы народ!
I праўда возьме верх нязьводне:
Такі ўжо сонца вечны ход.
 
1909
 
 
 
 
Песьні вайны
400
Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей, маці, на каменю.
Як прыжджэшся зь пяску ўсходу,
Тады верне сын з паходу.
#З народнае песьні

 

#I. Варожбы
На ўзьбярэжжы, над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
– Што то будзе, што то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі!
 
Па зямлі пайшлі пажары –
Неба дымяць дыму хмары,
Тут і тутака вагнішча,
Над вагнішчам вецер сьвішча.
 
Па сялібах – пошасьць хваляй...
Гэты хвор, таго схавалі,
Тому чэшуць дамавіну...
Жыці, мерці няма ўпыну.
 
А па небе ў гэта лета
Ходзіць ходырам камета, –
Хвост яе – ня дай Ты Божа...
На дабро нам не варожа.
 
Далей вокал – як магіла...
Сонца круг свой зацямніла,
Ночай глянула ў дзень белы
На жыцьцё ўсё, на сьвет цэлы.
 
I груган аднекуль выплыў,
Штосьці гыркнуў дзюбай хрыпла,
Як заклён праклённы кінуў,
Дый дзесь згінуў ці ня згінуў.
 
За варожбамі варожбы,
Як нячысьцікавы божбы,
Ад варотаў да варотаў
Ходзяць, стукаюць ля плоту.
 
Засяюць трывогі, страхі
На ўсе сьцежкі, на ўсе шляхі,
Дзе начніцы косым вокам
Пазіраюць ненарокам.
 
Ой, нездарма над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
– Што то будзе, што то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі!

 

#II. Перад бурай
Грамадзяцца цёмны хмары,
Грозяць сьвету страшнай карай,
Не супыняць ужо бітваў
Ні ўздыханьні, ні малітвы.
 
Сталі ўсюды ўсімі трэсьці
Неспакойства поўны весьці,
Што, забыўшы людзі ўвагі,
Пад крывавы пойдуць сьцягі,
 
Меч уздыме брат на брата,
Стане брату брат горш ката...
Зуб – за зуб, за вока – вока...
Як і сказана ў прарокаў.
 
Ўсё свой к гэтаму шлях знача,
Што так будзе – не іначай,
Бо шукаць ўжо праўды нечым,
Толькі порахам ды мечам.
 
Бо ёсьць сіла і на сілу,
Што магілай за магілу
Водкуп дасьць, як сьлед, з паклонам
Ды прымкне крыжом сьвянцоным.
 
Бо ёсьць воля і на волю,
Што сваю з тэй возьме долю,
Не загубіць, не ўваскрэсіць, –
За ланцуг – ланцуг павесіць.
 
Так ўсё горшы ад граніцаў
Ад далёкіх слух імчыцца;
Штораз болей - менш надзеі,
Што віхор гразу разьвее.
 
Чуткі йдуць, плывуць журбою,
Родны краю, над табою;
Ты ж ня гніся ў завіруху:
Вокам бач і вухам слухай.
 
Хто за славу выйдзе з славай –
Тых ня зломіць бой крывавы;
Хто за праўду праўдай стане –
Тых сустрэне зьмілаваньне.

 

#III. Склік
Напрарачыў, наваражыў
Бяды сабе квол чалавек, –
Крывавых бур ня збыў, ня зжыў,
Заломаў не прарваў, ня сьсек.
 
Ад самагубнасьцей дзікіх,
Ад трупам значаных дарог
Не пастрымалі сэрц людскіх
Ні права іхняе, ні Бог.
 
Ударыў гром, завыў пажар,
Склікаюць трубы на паход;
Йдзе край на край, на цара – цар,
Народ падняўся на народ.
 
Скрозь сьвету йдзе аружны склік
Паставіць сілу проці сіл;
Жадае сьвет, як сьвет вялік,
Даўно варожаных магіл.
 
Устань, хто жыў, устань, хто дуж,
Нясьці аружжа, ў бітвы йсьці!
Кінь матку сын, кінь жонку муж
I хату кінь у забыцьці!
 
Устань, устань тачыць штыхі,
Знамёны шоўкавы сьвянціць!
Яшчэ жыве закон такі –
За сьмерці – сьмерцямі плаціць.
 
Адважна ў бой рыхтуйся, брат,
Баяцца нечага крыві, –
Твой продак выліў яе шмат,
Ты памяць продкаў аджыві!
 
Каня буланага сядлай,
У стрэльбу крэпка ўбі набой
І, блаславіўшы бацькаў край,
Едзь па загаду ў грозны бой!
 
Як дасягнеш чужацкіх гонь,
Патопчаш ворагаву рунь, –
Ты Матку-Бацькаўшчыну ўспомнь
I ўбок кінь вокам сваіх пунь.
 
А чалавечае на цэль
Жыцьцё узяўшы на прасьцяг,
У грудзі сьвенчаныя стрэль,
Адно ня цэль ў крыж на грудзях!
 
Адважна ў бой!.. Вайна вайну
Спладзіла – хай жа бітва йдзе
За шчасьця лепшага вясну,
За волю вольнай грамадзе!
 
Аб долі роднай стараны
Нам сьведчыць не адзін курган,
Дзе дрэмлюць слаўныя сыны;
А страж дзяржыць ноч ды туман.

 

#ІV. Разлука
Вецер завыў па сялібах, –
Звоніць дый звоніць па шыбах;
Лыска на прызьбе якоча;
Ў хаце ўдзень сумна, як ночай.
 
Над сталом бацька журбуе,
Галаву зьвесіў сівую,
Маці у кубле штось шнырыць,
Жонка дзіцё ціха мірыць.
 
Янка зьбіраецца ўпрочкі...
Ой, не на радасьць дні, ночкі
Сына старая пясьціла,
Каб рос у розум і сілу!
 
Ой, не на помач ў бядноце
Даў стары склад у рабоце,
Дый не на ўцехі вялікі
Згралі вясельле музыкі.
 
Цераз палеткі, палоскі
Склік дакаціўся да вёскі, –
Кліча на збор «запаснога»,
Бо на ўсім сьвеце трывога.
 
Новыя лапці, аборы,
Новыя шаты-уборы
Стаў на сябе напінаці,
Кланяцца родным у хаце.
 
Кланяўся нізка татулю,
А яшчэ ніжай матулі,
Прашчаўся з жонкай, зь дзіцяткам,
Сьлёзы ўціраючы ўкрадкам.
 
Ціха, маркотна ў сьвятліцы,
Кожны азвацца баіцца,
Як бы над імі ў спакою...
Сьмерць калыхала касою...
 
А як ён з хаты выходзіў:
«На, хай бароне ў прыгодзе!» –
Гэтак матуля сказала
Ды штось на шыю ўвязала.
 
Матчына гэта ахвяра –
З нашых прыдбана папараў:
З роднай вузельчык кудзелькі,
Ў ім – жменька роднай зямелькі.
 
I выйшаў з хаты ваяка,
Не уздыхнуў, не заплакаў,
Выйшаў, заціснуўшы зубы,
На тыя бітвы, на згубы.
 
Вецер адно не ўнімаўся,
Як бы варожбай займаўся:
Верне дамоў Янка болей
Ці ўжо ня верне ніколі.

 

#V. Засталіся нівы, сёлы
Выйшлі роднай вёскі дзеці
Паміраць на белым сьвеце,
Расьсяваць па сьвеце косьці
Праз кагосьці, за кагосьці.
 
Засталіся нівы, сёлы
На той сум-жаль невясёлы,
Засталіся, ой, сіроты,
З горкім горам, з адзінотай.
 
Не палыне сошка ў полі
З добрай долі, з добрай волі;
Не пачуюць кос пакосы, –
Ржа паесьць сталёвы косы.
 
Ночкай, вечарам, зараньня
Маці-ўдоўка выйдзе, гляне,
Выйдзе, гляне – стане досіць...
Просіць Бога... не дапросіць:
 
«На каго ж Ты нас пакінуў?
Чаму ж лепей дамавіну
За калыску, за ліпову,
Ты ня даў нам дзеля хову?
 
Для каго ж Твае законы
Разьвялі на ўсе староны,
Што брат братам ад прадвеку
Чалавек для чалавека?
 
Як авечак, як ягнятаў,
І ў хаце, і за хатай
Ты мальбу людскую любіш,
Нашто ж Бацькаўшчыну губіш!»
 
Так лунае ўдзень і ўночы
Той за жалем жаль сірочы
І мальба да ласкі боскай
Каля вёскі і над вёскай.
 
А за вёскай, дзе магілы,
Дзе ляглі, заснулі сілы,
Пахіліўся крыж да крыжа –
Гэты вышай, гэты ніжай.
 
На крыжах сава якотам
Гаманіць адказ сіротам
Ды пытаньнем страшным страша:
«Га! дзе ж Бацькаўшчына ваша?»

 

#VI. Пабоішча
Ноч ня спаўшы, дзень ня еўшы,
Прымадзеўшы, прыкалеўшы,
Меціць куляй, прэцца з штыхам,
Косіць шабляй, мчыцца ліхам;
            Вокам, сэрцам не дрыгне...
            Сьмерць яму або сьмерць мне!
 
Стрэлы сьвішчуць, дыміць порах,
Зьбіўся ў кучу свой і вораг,
Юшка брызгае у вочы,
Гэты стогне, той рагоча,
            Той зваліўся, топча той, –
            Не глядзіць – свой ці ня свой.
 
Ад крыві зямля чырвона,
Неба чорная заслона
Засланіла, як магіла,
А пад ёю сілу сіла,
            Ўсполку зь сьмерцяй, сьмерцяй тне, –
            Верх таго, хто не засьне.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Гу-га-га! як бой удаўся!
Вораг дрогнуў, вораг здаўся,
Не прамог, злажыў аружжа;
Як быў дужы – стаў нядужы:
            Той уцёк, той у палон
            Здаў сябе, як у прыгон.
 
I вось жніва, што за жніва!
Бокам, сторчам, проста, крыва –
Труп ля трупа, як калоды...
Што за сон, што за выгоды!
            Не на сьмехі, не на жарт,
            Ката – брат, кат брата варт!
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Ціха дрэмле поле бітвы,
Шэпча блізкі лес малітвы;
Выбрыў воўк з сваёй бярлогі,
Выць пачаў на ўсе разлогі.
            Выць пачаў ў хаўтурны тон,
            Зубы скалячы на плён.
 
А разьняўшы кіпці-клешчы,
Ў высі ўсплыў груган злавешчы
I закракаў, як бы ведаў:
– Кра-кра, кра-кра! то ж пабеда!..
            Кра-кра-кра! рыхтуй набой, –
            Па пабедзе – зноў у бой!..

 
1914
 
 
 
 
1914-ты
Сыходзіш ты туды, скуль не прыходзяць,
Але сваіх не забярэш сьлядоў...
О год! такіх, як ты, час рэдка родзіць,
О год! ты першы гэткі зь між гадоў.
 
Прыйшоў ня з згоды і свабоды весьцяй
I – не ўзьвялічыць праўду між людзьмі, –
Жыцьцё мільёнаў ты прыйшоў затрэсьці,
Шлях вымасьціць свой трупамі, касьцьмі.
 
Кастлявай зморай з гібелі сталецьцяў
Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць,
I будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той – хто ўздумае ўміраць.
 
«Не забіваці» – ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму;
Людзей на зьвераў пошасьцяй крывавай
Ператварыў і здаў насьледніку свайму.
 
Га! Хай жа льецца кроў, дымяць пажары,
Няхай пад крыжам плача сірата!
Крывавы бог крывавыя ахвяры
Сабраць павінен зь сьвету дачыста.
 
Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Агледзіны рабіці новых дзён,
Дзе меч нявідзімага Бога-рока
Напіша бескрывавы свой закон.
 
1914
 
 
 
 
Вясна 1915-ая
Дык вось жа як прыйшла яна – жаданая вясна –
Ў кароне зь зелені і кветак, з пошаптам бяроз!
Ядыная з паміж былых сясьцёр сваіх яна:
Не разьвясельвае душы і не ўцірае сьлёз.
 
Ня росы зіхацяцца брыльянцістыя на ёй,
Ня росамі палеткі збожны сьвенціць на зямлі,
А йрдзіцца ўся гарачаю чырвонаю крывёй,
Крывёй палошча ўсходы, што ўзышлі і... не ўзышлі!
 
Ня з сонцам выйшла блаславіць аратага арбу,
Ня сонцам туліцца да скрыўджаных сяліб і хат,
А грознымі пажарамі распачала сяўбу,
Пажарамі-зьніштожаньнем сьвяткуе сьвята сьвят!
 
Ня выйшаў сейбіт на загон, як ён калісь ішоў,
Каб зь верай і надзеяй кінуць зерне на прыплод, –
А сее... от, абы!.. бо сеяць звык ён з прадвякоў,
Хоць і ня знае, хто пажне, хто зьесьць яго ўмалот.
 
I хаты майскім дзераўцом ня ўмаіў селянін,
Як прадзеды умайвалі, як вучыць абычай...
Спытай: Чаму аб спадчыне бацькоў забыў так сын?
Адкажа: Ведама – жалобу носіць наскі край!
 
Перапалохана кабеціна зь дзяцьмі на шлях
Ідзе штодзень пад крыж і пазірае ўдаль;
Прагледзела ўжо вочы – ўсё ж надзея тліць ў грудзях,
Праслухала і вушы ўжо, а слухае нажаль...
 
Дзяўчына, распусьціўшы косы, вылецела ў бор
І, прытуліўшысь к дрэву, песьню жудкую пяе, –
Ня то падладжваючыся пад хаўтурны хор,
Ня то спраўляючы ў бары заручыны свае.
 
А бусел, што на пірамідах зімку зімаваў,
А лета летаваць у любы край свой прыляцеў, –
Зьдзівіўся, пасмутнеў... сваёй мясьціны не спазнаў
I не знайшоў гнязда свайго, што летась яшчэ меў.
 
Адно балюе баль зьвяр'е з сну збуджана ў лясох.
Пажывы на пабоішчах скрозь маючы ўдаволь,
Ды груганы, што костачкі зьбіраюць па палёх,
Не пашкадуюць, што жылі ў такі ўсясьветны боль.
 
Дык вось жа як прыйшла вясна жаданая на сьвет,
Калоцячы, як ліпай, змучанай зямлёй да дна.
Крывёй, пажарам, пошасьцяй – людзям яе прывет,
А напіс на яе агнёвым знамені:  В а й н а!
 
1915
 
 
 
 
Новы год
Са звонам пут, са сьвістам пугаў,
З брахнёй, з грызьнёй у чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым самым кругу
Стары сышоў, а Новы йдзе.
 
Ідзе. А вылюдкі марочаць
Маной мазгі адны адным,
Што будзе сьветамі варочаць
I сеяць зьмены скрозь усім.
 
Што будзе годам пераменаў,
Тым на дабро, а тым на зло;
Сьляпым і зрачым неадменна
Таго ня будзе, што было.
 
Кляцьбой, мальбой, дзе хто як можа,
Рабы і іх гаспадары
Карысьці ўсякія варожаць,
Якіх ня кінуў ім Стары.
 
А хто каго ямчэй скатуе,
Ахвотна роюць сны свае,
Той на другіх пятлю рыхтуе,
Той сам сабе вяроўку ўе.
 
Той на таргоўлю выстаўляе
Свае сумленьне і душу,
А той па тым зьвярам спраўляе
За грошы чорную імшу.
 
За ліхалецьцем ліхалецьце
Так без канца йшло тут і там;
Гібелі людзі на ўсім сьвеце,
Гібець прыходзіцца і нам.
 
I гэты год паходкай сьмелай
Спляце, як той, такі ж ланцуг;
Цябе, народ асірацелы,
Чакае зь ім адно із двух:
 
Або загляне ў нашы хаты
Дабра і радасьці паслом,
Сьвятлом апамятуе катаў,
Нам панаваньне дасьць над злом.
 
Або зь літаньнем пут і пугаў,
З брахнёй, з грызьнёй у чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым самым кругу,
Як шоў Стары, і Новы йдзе.
 
1912
 
 
 
 
Сярод разьюшаных сатрапаў...
Сярод разьюшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус.
 
Дыхнуць свабоднымі грудзямі
Й зірнуць арліна не дадуць, –
На ўзьлёты дум кладуць аковы,
Як на рабоў сьляпых кладуць.
 
Здушылі, збэсьцілі ўсё чыста
У чорнай яве, ў зводных снах,
Што ад прыроды шлях свой мела,
Што к сонцу мела вольны шлях.
 
На зьдзек прадажныя прарокі
I на гніцьцё у царсьцьве цьмы
Вядуць аплучаныя тоўпы
Пад стогны вечныя турмы.
 
Над пакаленьнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой
Груган з начніцаю сьляпою
Банкет спраўляюць чорны свой.
 
Таўкуцца душы скамянелы,
Крывавы пот цячэ са шчок,
А ўсьлед над імі і за імі
Імчацца гібелі наўскок.
 
Нідзе ні ладу, ані праўды,
Званы хаўтурныя зьвіняць...
О Божа! Ты хоць заступіся
Й ня дай дарэшты нам сканаць!
 
1914
 
 
 
 
На сход!
На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
 
Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў
Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў.
 
Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы
I пакажы на курганы і на крыжы.
 
I аб раскопаных магілах не забудзь,
Дзе груганы тваіх там продкаў косьці рвуць.
 
Як гналі пот зь цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.
 
I як крываўляць раскаваныя рабы,
Як ты ўпадаеш зь непасільнай барацьбы.
 
Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі.
Як гібнеш зь дзецьмі ты ад катняе рукі –
 
Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
 
1918
 
 
 
 
Цару неба й зямлі
За што, о Божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?
Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы,
На стогн, што да Цябе йдзе з году ў год?
 
За што над намі даў перамаганьне
Табою створанай бядзе і цьме,
Спладзіўшы быт сірочага кананьня
Сынам і іхняй матцы-старане?
 
*

Ты перунамі крышыш горы, скалы,
І пушчам гібелі Твой шле пажар,
А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай
Зьмяніць ня можаш, сьвету Уладар!
 
Зямлю услаў Ты ў моры-акіяны,
Штогод разводзьдзем мыеш рэк сваіх, –
Чаму ж ня змыеш Ты цярпеньняў раны
З душы і сэрца верных слуг тваіх?
 
*

Вачамі сонейка і зор агністых
Агляд Ты робіш дзень і ноч міроў,
I толькі сьцежак нашых камяністых
Ня бачыш Ты, ўсясільны цар цароў.
 
Ня бачыш тых магіл, што путы родзяць,
Магіл, расьсеяных, як мак, Табой,
Скуль цені прадзедаў выходзяць
I ўзносяць рукі ўвысь к Табе з мальбой.
 
*

 
Ты ў цьвет сваіх нялічаных народаў
Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,
А ў нас – караючы чужой свабодай –
Мінулае – і тое адабраў.
 
Бадзяцца кінуў па бязьмерным сьвеце,
Нявольнікамі кінуў нас гібець
За тую веру, што бацькі і дзеці
Лет сотні ў моц Тваю вучылісь мець.
 
*

Паўзводзіў царствы, даў ім панаваньне
I над пасадамі ўзьнёс свой пасад,
А нашу Бацькаўшчыну на’т прыстаньня
Пазбавіў, выгнаў чэзнуць сярод крат.
 
Прадаў на глум і годным, і нягодным
Усё, што ёсьць сьвятым для нас і ў нас;
Мы дома – як ня дома, правам родным
Сваім ня сьмеема пажыць хоць раз.
 
*

I Ты глядзіш на гэта ўсё, і неба
Тваё маўчыць, як падзямельля мур;
Мальбы няшчасных: долі, праўды, хлеба!
Ты глух паняць, паслаць маланкі бур.
 
Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы, –
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі Ты цар і неба, і зямлі!
 
[1910, 1919]
 
 
 
 
II
Сявец
На заўтра, к налецьцю
Свой сею загон, –
Ад бацькі прыкмеціў
Так сеяць, як ён.
 
Лубянку-сявалку
Дзед сплёў мне даўно,
Ў сявалцы бяз малку
Бурштын-сам зярно.
 
Знаток сваёй рэчы,
Іду к старане,
Каб вецер у плечы,
Ня ў вочы, дзьмуў мне.
 
Прывычнаю жменяй
Зярняты кладу, –
Дзе болей, дзе меней
Сьляджу на хаду.
 
Сьляджу, каб абсевак
Ня кінуці дзе,
Бо зь ім неспадзевак
Благіх шмат ідзе.
 
Кулёвай саломай
Дасеў прысьцялю,
Ад злога залому
Сяўбу бласлаўлю.
 
Ляжыце, зярняты,
Ў парадак, у рад,
Усходзьце багата,
Каб сейбіт быў рад.
 
Абходзь ты наўкола
Рунь, Юр'я сьвяты!
Ты, добры Мікола,
Пільнуй ад слаты.
 
Дай, хмарка-вясёлка,
Жывучай расы,
Маланкай-агнёўкай
Ня зводзі красы.
 
Свой град, Градавіца,
Ў пару сутрымай;
Пярун, Грамавіца,
Ў жніво сунімай!
 
1918
 
 
 
 
Поле роднае
Ты і пелікай,
Ты і каменем
Апрыгожылась,
Поле роднае.
 
Ты і вёскаю,
Ты і горадам
Абнядолілась,
Поле роднае.
 
Зь непагодаю
I зь няўродаю
Ты змагаешся,
Поле роднае.
 
Хоць куды, куды
Ты багатае,
Ты і ўбогае,
Поле роднае.
 
Ты багатае
Горам, сьлёзамі,
Ты убогае
Шчасьцем, доляю.
 
Ашалелыя
Віхры носяцца
Над табою век,
Поле роднае.
 
Людзі мучацца
Беспрасьветнасьцю,
Праклінаючы
Поле роднае.
 
Гэй, папраўся ты,
Адмяніся ты,
Разбудзіся ты,
Поле роднае!
 
1907
 
 
 
 
Зь песень нядолі
Колькі жудкага,
Колькі горкага
Зла ўсялякага
Ходзіць, поўзае!
 
І як цяжанька
Сэрцу чуткаму
З гэтай брыдасьцю
Сустракаціся!
 
Вось канвой брыдзе,
Шаблі бліскаюць,
Людзі бедныя
Звоняць путамі.
 
Вось сіротанька
Пад варотамі
Плача з голаду,
Стыне з холаду.
 
Там над працаю
Бескарыснаю
Сілы губяцца
Неакрэпшыя.
 
Там збыдлеўшыя
Брацьці родныя
Забіваюцца,
Рэчкай льецца кроў.
 
А там дзеванька,
Хлопцам-зменьнікам
Ашуканая,
Прэцца к поламцы.
 
Чутны воклікі
Ўсё хаўтурныя,
Совы толечы
Сьвішчуць радасна.
 
Эх, і як тут жыць
Сэрцу чуткаму,
Адчуранаму,
Адзінокаму!
 
1906
 
 
 
 
Зь песень мужычых
Гора нам, бедным, гора загнаным,
Мучаць нас чорныя долі,
Стогнем пад царам, стогнем пад панам,
Стогнем мы дома і ў полі.
 
Вечна ня знаем суду і права,
Цёмны народ мы сярмяжны.
Б’ёмся, працуем сьлёзна, крывава,
Едзе па карку нам кажны.
 
Нас самавольна земскі карае,
Душыць, саджае ў адседкі,
Крыўдзіць ураднік, поп абірае,
Воласьць з нас цягне пасьледкі.
 
Гляньце: паліц’я, войска, астрогі,
Цэрквы, чыгунка, палацы! –
Гэта наш труд, падаткі, налогі,
Наша мужыцкая праца.
 
Плача ў няволі край наш радзімы,
Самі ж ня знаем спакою:
Паляць нас леты, студзяць нас зімы,
Мучыць нас голад вясною.
 
[1922]
 
 
 
 
Куды ты рвешся!..
Куды ты рвешся ў зьнемажэньні,
Дзіцё нядолі, цемнаты!
Цярпі, няшчаснае стварэньне, –
Цярпець бо толькі ўмееш ты!
 
Забудзься бацькаўскіх наказаў,
Што шчасьце будзеш колісь мець, –
Як ты радзіўся, ты адразу
Асуджан доляй век марнець.
 
Цягай ты зрэбную кашулю,
Цягай ты лапаці з лазы;
Зімы ня слухай грозных гуляў,
Ад летняй сьпекі не бяжы!
 
Працуй ярэмнаю скацінай
На сытых ворагаў тваіх;
Хай сохнуць грудзі, чахне сьпіна,
Забудзься думак удалых!
 
Ідзі схварэлы на работу,
Гаруй, бядуй, як год вялік;
Маўчы, хоць сьлепнуць вочы з поту, –
Замрэ твой, як у пушчы, крык.
 
Гавораць – ноч, хоць дзень на сьвеце,
I ты з усімі так крычы:
Крычаць: галей! Ідзі галеці,
Крычаць: маўчы! I ты маўчы.
 
Ідзі, куды нядоля гоне,
Рабі, што скажа ўсё яна;
Будзь рад, калі пад’еў сягоньня;
Мучэньня чарку пі да дна.
 
Павер папам, што там па сьмерці,
За мукі рай мецьмеш свае,
Бо пекла лепшага і чэрці,
Як тут, ня вынайдуць нідзе!
 
1907
 
 
 
 
Бяспутнасьць
Дзе сонца, дзе сонца прытульнага трэба, –
Там хмары, там золкія хмары снуюцца;
Дзе плакаць, дзе сьлёзы крывава ліць трэба, –
Там людзі, там людзі жывыя сьмяюцца.
 
Дзе песьні, пагудкі прызыўнай дзе трэба, –
Там жальбы там нуднай разносяцца стогны;
Дзе жыць, дзе тварыць жыцьцё новае трэба, –
Там сыплюць магілы, там – сьмерць, пахароны!
 
[1920]
 
 
 
 
Зь сіроцкай долі
Блудзіла сіротка па полі,
Блудзіла, шукаючы долі,
      Якой яна зроду ня мела.
I дарма бядачка хадзіла, –
Забрала сіротку магіла;
      Так долі пабачыць ня ўсьпела.
 
Нічога ўжо беднай ня трэба:
Ні хаты, ні сьвіткі, ні хлеба,
      Ні людскага жалю, прывету.
Ня крыўдзіць жыцьцё ў беспрытоньні
Сіроткі гаротнай сягоньня,
      Ўдалі ад няпраўды, ад сьвету.
 
Сьпі ў вечнай, сіротка, хатулі,
Дзе тата сьпіць твой і матуля,
      Ты лепшай ня мела пасьцелі!
Ой, каб ты ў дамоўцы ня спала,
Цябе я, мяне б ты пазнала,
      Мы роўную песьню б запелі.
 
Запелі б так шчыра, балесьне,
А гулка сіроцкая песьня
      Па сьвеце нясецца з трывогай.
Мы пелі б, маліліся сьмела,
Каб наша малітва ўзьляцела
      Аж там, аж пад неба, да Бога!
 
Ў малітве ляглі бы ўсе справы,
Якія стварае крывавы
      Наш быт у жыцьцёвым пакосе;
Малілі б, прасілі, каб болей
Шукаці ня трэ’ было долі,
      Каб лепей сіроткам жылося.
 
1906
 
 
 
 
Песьня
З народнай
Каб была я перапёлкай,
          Каб я волю мела, –
Дзе б хацела, паляцела,
          Дома б не сядзела.
 
Ці па ягады ў бор шчыры,
          Туды, за сялібкі,
Ці ў лес цёмны па арэхі,
          Дзе ляшчэўнік гібкі.
 
Ці ў зялёны луг, дзе рэчка
          Ўецца і лялее,
Па каліну па чырвону,
          Што ў тым лузе сьпее.
 
Ой, ня быць мне перапёлкай,
          Крылейкаў ня меці,
Ні ў бор шчыры, ні ў лес цёмны
          Мне не даляцеці!
 
Найгарчэйшыя у лузе
          Ягады каліны,
Найцяжэйшая на службе
          Доля у дзяўчыны.
 
Як я выйду, маладзенька,
          За вароты ў поле,
Паліюцца самі сьлёзы
          Зь цяжанькай нядолі.
 
Ой, крывава паліюцца
          Мае горкі сьлёзы,
Бы расіца ў летню ночку
          Зь беленькай бярозы.
 
Плачуць вочы век да веку
          Дома і на полі –
Не па добрым чалавеку,
          А па добрай волі.
 
[1913]
 
 
 
 
Аб мужыцкай долі
Ходзяць гутаркі па сьвеце
      Летам і зімой,
Ад вашэці да вашэці
      Ходзяць чарадой.
 
Па балючай па вячыстай
      Б'юць усё струне:
Абяднеў мужык дачыста,
      Аж чуць-чуць дыхне!
 
Зьвёў сваю нядолю-долю
      У казіны рог,
Цёплай хаты, ўдоваль поля
      Крыў бяднязе Бог.
 
Скарб адвечны – гаспадарку
      Пераеў, прапіў,
Цемнату, бяду на карку
      Возіць, як вазіў.
 
Думкі славы, долі, волі –
      Як і не былі, –
Дрэмлюць недзе ў чыстым полі...
      Ўзыдуць жа калі?
 
Трэба злое ўсё растрэсьці,
      Сонных разбудзіць,
Трэба новае ўсё ўзьнесьці,
      Новы шлях адкрыць.
 
...Ці што знаюць, ці ня знаюць,
      Вось, абы зь бяды!
Так пяюць, так адпяваюць
      На усе лады.
 
Чуе ўсё мужык наш гэта,
      Чуе кожны дзень,
Ды ўздыхае зь лета ў лета,
      Ды снуе, як цень.
 
Ой, ня грэе, хоць і сьвеціць,
      Месяц над зямлёй...
Ходзяць гутаркі па сьвеце,
      Ходзяць чарадой.
 
1908
 
 
 
 
Навука
Знаем мы навуку,
Знаем не адну:
Дзедаў дзед праўнуку
Перадаў свайму...
 
Ўстаці рана-рана,
Позна легчы спаць,
Працаваць дап'яна,
Ў поце працаваць.
 
Што было учора,
Мець ва ўсім гаду,
Сеяць зерне-гора,
Жаць жніво-бяду.
 
Абіваць парогі
Сыценькім людзям,
Кланяцца у ногі
Злыдням і трутням.
 
Беспрыпыннай зданьню
Мераці зямлю,
Віць па прыказаньню
Сам сабе пятлю.
 
Ў брэдняў верыць кучы,
Ў што ня вера той,
Хто нас гэтак вуча
Летам і зімой.
 
Ў родным краю, ў хаце
Быці чужаком,
Праўданькі шукаці
Ў брата кулаком.
 
I душу, і сэрца
Весяліць карчмой,
А як ліха ўпрэцца,
Падружыць з турмой.
 
З боскага суджэньня
Без пары сканаць,
За ўсе тут мучэньні
Ў пекле мук чакаць.
 
Гэткую навуку
Знаем не адну,
Дзедаў дзед праўнуку
Перадаў свайму.
 
1913
 
 
 
 
Думка
– Эх, мой братка, эх, мой родны,
        Што так спахмурнеў:
Ці ты зьбіўся з пуцявіны,
        Ці саўсім ня меў?..
 
– Як жа мне вясёлым быці,
      Як жа не тужыць:
Доля наша, доля цёмных,
      Каменем ляжыць.
 
Глянь на нашы хаты, вёскі,
      На шнуры, на край,
На народ зірні сярмяжны
      I тады пытай.
 
Столькі той крыві чырвонай,
      Столькі сьлёзных рэк
Разышлося, разьлілося –
      Крыўдна зь веку ў век.
 
А заплатай, а падзякай
      За мільёны ран –
Ўсё крыжы і наспы тыя
      Ды нямы курган.
 
– Не сумуй, брат! Бліснуць зоры,
      Шчасьця ўскрэснуць дні;
Долі, волі ўзойдзе кветка
      Са сьлёз і крыві!
 
1908
 
 
 
 
Хай жа вам так не здаецца...
Хай жа вам так не здаецца,
      Што бяда ўжо і зацісьне.
Знайце, ліха ператрэцца
      I маланкай доля блісьне.
 
Праўда, поўны сумаў весьці
      Буйны вецер нам прыносіць,
Што як з гора, як з балесьці
      Каля нашых хат галосіць –
 
I галосіць, і заводзе,
      Плача, як па дзетках маці,
Аж бы крыкнуў: годзе, годзе!
      Годзе сэрца жалем рваці!
 
Але ўсё ж, хай не здаецца,
      Што бяда ўжо і зацісьне, –
Наша ліха ператрэцца,
      I маланкай доля блісьне.
 
1906
 
 
 
 
*  *  *
Сумна, сумна жыць на сьвеце,
          Жыць, ня меўшы долі;
Ой, сумней жа долю меці,
          А ня меці волі!
 
Дык завабма ў нашы сеці
          Ясна зорку волю,
Што людзям, як сонца, сьвеціць
          У радасным прывольлю.
 
Аб нядолі тады пеці
          Ўжо ня будзем болей,
I так шчасьце будзем меці:
          Воля будзе доляй!
 
1907
 
 
 
 
*  *  *
Можам часта мы плакаць
            У вялікай бядзе,
Можам часта мы плакаць
            У вялікай нудзе.
 
Але ёсьць жа такі жаль,
            Нанясе благі лёс, –
Што хацеў бы заплакаць,
            Дый ня выцісьнеш сьлёз.
 
[1922]
 
 
 
 
Тут і там
Вы тут гуляеце, панове,
У сытай, п'янай чарадзе,
А там – што робіцца у вёсцы,
I ў думку вам не набрыдзе.
 
Тут у крыві людской скупана
Капейка сходзіць за дармо,
А там, у вёсцы ў непацешнай,
Расьце, вялічыцца ярмо.
 
Тут вы прыйшлі разьбіць аб чаркі
I чэсьць, і славу напалам;
Там горы ўзносяць, рыюць ямы,
Каму? – згадаць пара ўжо вам!
 
1909
 
 
 
 
У хорамах
Узносілі муры,
Каб княжыці ў мурах;
Ад зоркі да зары
Купаліся ў іграх.
 
Зьвінела серабро,
I золата, і медзь;
На зло і на дабро,
На ўсё – ўсё ўмелі мець.
 
Ня ў страх ім ноч і гром,
Зямля, сьвет цэлы – рай;
Кані-арлы віхром
Імчалі з краю ў край.
 
Салодкі мёд пілі,
Жыць соладка было,
Забылі адылі,
Што йнакш жыло сяло.
 
1918
 
 
 
 
З думак жабрака
Я чалавечак жабрачай натуры –
Жыць не судзілі іначай багі.
З выгляду важан я: косьці ды скура,
Не далічуся рукі і нагі.
 
Важна іду ад парога к парогу,
Спора акрайцаў у зрэбным мяху;
На чалавечую добру ўспамогу
Мушу я меці надзеі крыху.
 
У дабрадзеяў або ў дабрадзеек
Грошы ня сьмею шмат вельмі прасіць.
Дайце мне толечы колькі капеек,
Каб мог сабе я вяроўку купіць.
 
Рэшту прыладаў сабе сам дастану –
Ў лесе асіну ці дзе які слуп...
Ці ж не пацеха пані і пану
Бачыць, як нейкі ўскалышацца труп?!
 
Глянеш, і воку аж робіцца міла!
Жыў вось людзіна і шчасьця дарос.
Братняе сэрцайка штось ды зрабіла,
Хоць і не так мо’, як баіў Хрыстос.
 
[1918]
 
 
 
 
Ідзе вясна
Ідзе вясна... На белым полі ложыць плямы!
Вада цурком цячэ з-пад сьнегу ў долы, ў ямы,
Зьлятаюцца ды дзіка гракаюць вароны...
Ідзе вясна... каб быццам сьвет збудзіці сонны.
 
А будзе толькі з гэтага ўсяе карысьці,
Што лес на час – каб скінуць посьле – ўзьдзене лісьце,
Ды зацьвітуць і адцьвітуць адзін раз лішні
У садзе маладжавым яблыні і вішні;
 
Ўсё тую ж песьню адшчабеча салавейка,
Малітву адгалосіць сонейку жалейка...
Ах, пражывеш ты, чалавеча, не напрасьне –
Яшчэ адна вясна ў душы навек загасьне.
 
1915
 
 
 
 
На полі тае
На полі стаяў бледны сьнег,
      Вясна абходзіць поле...
Пакінь у хаце свой начлег,
      Устань са сну, саколе!
 
Паводка б'ецца ў берагі
      I ў шляхі б'е нямыя,
Яшчэ разгон адзін, другі –
      І ложа тваё змые.
 
Плакуча шумам стогне бор,
      Пракляцьцем бор заводзе,
На тых нясе свой прыгавор,
      Што сьпяць назло прыродзе,
 
Па небе сонейка дугой
      Заносіць круг паволі...
Пакінь начлег у хаце свой,
      Устань са сну, саколе!
 
1914
 
 
 
 
Зь вясной
Як сышла сьвятая
Вясёласьць вясны, –
Цэлы сьвет скідае
Зімавыя сны.
 
Сэрца шчасьцем б'ецца,
Кроў кіпіць агнём,
Песьня раздаецца:
Болей не засьнём!
 
Песьня ўвысь імчыцца,
Як званоў біцьцё;
Кожны весяліцца,
Блаславіць жыцьцё.
 
Гаманяць народы,
Як тэй пушчы шум..
Колькі тэй свабоды!
Колькі сьветлых дум!
 
Згінуў сон нягодны,
Дзе ні паглядзіш...
Чаму ж ты, край родны,
Як забіты сьпіш?
 
1913
 
 
 
 
Вясна
Згінулі сьцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей ня мерзьне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленьню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.
 
Рэчкі бурлівыя, ўчора санлівыя,
Сёньня усталі, плывуць і бурляць;
Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,
К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.
 
Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,
Радасна песьні зайгралі свае;
Лісьці зашасталі, птушкі зачыркалі,
Сьвішча салоўка, і дзяцел клюе.
 
Поле травіцаю сочнай адзелася,
Выйшла скацінка і дружна скубе,
Каля скацінкі падпасьвіч з жалейкаю
Ходзіць навокал ды йграе сабе.
 
Грай, грай, жалеечка! грай, грай, вясёлая!
Выйграй зь вясною і долечку мне;
З пушчаю, з птушкамі, з вольнымі ветрамі
Грай мне аб шчасьці, грай аб вясьне!
 
1906
 
 
 
 
Запела вясна сваю песьню
I шумам задумнага лесу,
I шчэбетам птушак шчасьлівых
Запела вясна сваю песьню,
Запела на збуджаных нівах.
 
Выходзіць сялянін на поле,
Зямлю уздымае сахою...
О, колькі тэй веры, надзеі!
О, колькі сьвятога спакою!
 
Вачыма расістымі водзіць
Па скропленым потам надзеле;
За думкаю думка снуецца,
Як нітка за ніткай з кудзелі.
 
Хоць буры і сьцюжы гулялі,
Хоць мор сабіраў сваё жніва, –
Жыве ён, як жыў тут спрадвеку,
Жыве яго хатка і ніва.
 
Вось дрэмле курган на узьмежку,
Ігруша шуміць на кургане, –
Расказвае былі былыя,
Мінуўшаму шэпча літаньне.
 
А жаўранак звоніць над грушай,
Свой кліч селяніну сьвяргоча:
– Сьмялей, беларусе-араты!
Сьмялей уздымай к сонцу вочы!
 
1914
 
 
 
 
Летам
Выйду, сяду каля саду
У зацішнай старане
I дзівіцца буду цуду,
Што цуднее ўкруг мяне.
 
Як для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця;
Бласлаўленьне небам, хлебам
Шле сам Бог, сама зямля.
 
Звоніць поле доляй, воляй,
Звоніць поле ў каласкі;
Ў буйным лузе зьзяюць, граюць
Кветкі, мошкі, матылькі.
 
Рэчка ўецца і сьмяецца
Да зялёных лоз і вольх,
А ў вадзіцы шыбка рыбка
Шмыгаціць на паплаўкох.
 
Лес адвечны бесканечны
Цягне, цягне гоман свой;
Між хвой скачуць птушкі-ўюшкі
I пяюць, што моцы той.
 
А на небе сьлед цярэбе
Сабе сонца залаты,
Сьвеціць, грэе долы, горы,
Ў сэрцы шле агонь сьвяты.
 
Так для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця...
Чаму ж мне ў ім стала мала
І пацехі, і жыцьця?..
 
1913
 
 
 
 
Ўсюды лета...
Ўсюды лета, лета,
Гулі строіць сонца,
Шалясьціць зялёны
Колас на саломцы.
 
Выйдзі, закрасуйся,
Як зара да ўсходу,
Пакажыся сьвету,
Сьвету ды народу!
 
I з праменьняў яркіх,
Яркіх, зіхацістых,
Ты сатчы апратку,
Як бы з кос агністых.
 
З васілёчкаў сініх,
З муравы зялёнай
Ты спляці вяночак,
Ты спляці карону.
 
Ў серабрысты росы,
Бы ў брыльянты тыя,
Ты ўцьвяці убор свой,
Шаты залатыя.
 
Заясьней, зардзіся
Ў славе неразьвеўна,
Нібы дзіва тое –
Ў казцы каралеўна.
 
Пакажыся сьвету,
Сьвету ды народу,
Родная старонка,
Як зара да ўсходу!
 
1913
 
 
 
 
Дунулі сіверы...
Дунулі сіверы з поўначы,
Кроў касьцянела у жылах;
Людзі, благаючы помачы,
Шлі за німашто ў магілы.
 
Выскачыў вецер палудзенны,
Зь ім – і вясеньнія шумы;
Дрогнулі сэрцы разбуджаны,
Ўдарылі ў сьветлыя думы.
 
Міла цяпло расплываецца,
Лёгка жывёліне ўсякай,
Зеленьню нівы ўсьміхаюцца,
Хмараў на небе ні знаку.
 
Шаты паўсюды нядзельныя,
Ў песьнях Вялікдзень чуваці,
Згінула доля бясцэльная,
Сонца над хатай і ў хаце.
 
Думалі душы – ўжо вольныя –
Дні ўсешчасьлівасьці блізка,
Дый, знаць, гаротным бяздольнае
Суджана з роду, з калыскі.
 
Дунулі сіверы з поўначы,
Кроў касьцянее у жылах,
Людзі, благаючы помачы,
Сходзяць бясчасна ў магілы.
 
1908
 
 
 
 
У вырай
Зашумела нудна восень
Шумам лісьцяў, шумам сосен
        Даўшы волю хмурамі
Ажно з гоняў Беларусі
Ў вырай вылецелі гусі,
        Паплылі ўдаль шнурам.
 
Сьледам з выраем, з гусямі
Паляцелі думкі самі,
        Сэрца ўскалыхнулі;
Ўскалыхнулі долі плесьняй,
Азваліся казкай-песьняй,
        Ў смутку патанулі...
 
Ой, вам, гусі-вырайніцы,
Жыць нядоўга ў чужаніцы,
        Зноў к нам прыплывеце,
Зноў вас будуць сустракаці
Нашы рэчкі, сенажаці,
        Наша сонца ў цьвеце.
 
Ой, вы, гусі-гудзіцелькі,
Не забудзеце зямелькі,
        Дзе дзяцей пладзілі,
Дзе вы месячык страчалі,
Дзе вы зоркі падлічалі,
        Плавалі, хадзілі.
 
Знаю, зложыце тут косьці,
Толькі зьлётаеце ў госьці
        Асьвяжыце грудзі:
Вы ня ўмееце йшчэ, гусі,
Выракацца Беларусі,
        Як умеюць людзі.
 
1918
 
 
 
 
У дарозе
Цёмна, сумна ў сонным полі,
Як скрозь сіта ймжыць імжака;
Воддаль прэе ў лесе лісьце,
Як шкілет, тарчаць галіны.
 
Скрыгатаюць грудзі больлю,
Сэрца сьсе нуда-вужака,
Звод скрабе ў душы агнісьце, –
Будзіць буднія ўспаміны.
 
Еду, пхнуся бітым шляхам,
Па балоце конь плюскоча,
А ноч крадзецца паціху,
Сыпле чары ўлева, ўправа.
 
Пхнуся ўдвойчы з жудкім жахам,
Злыдні зіркаюць у вочы...
Ах, хаця б ня дацца ліху!
Но, мой косю!.. Стой!.. Канава!..
 
1918
 
 
 
 
Асеньнім вечарам
За хатай асеньнія шумы,
Чуць сьвеціцца ў хаце газьніца,
А думы, гаротныя думы,
Плывуць і плывуць, як крыніца.
 
Пяюць аб мінуўшым памінкі –
Бязрадасны гімн пражытому...
Быцьця свайго бачыш дажынкі,
Падводзіш рахунак былому.
 
I лічыш, і лічыш паволі
Удачы свае і няўдачы –
Чаго меў на сьвеце найболей,
Чым сьцежку жыцьця абазначыў.
 
I думка адна, злыбядніца,
Назойліва цісьне пытаньне:
Ці ж варта было і радзіцца,
Каб толькі цярпець безустаньне?!
 
[1913]
 
 
 
 
Плача восень
Плача восень за вакном,
Сьлёзы плюскаюць аб шыбы,
Абняла трывожным сном
Непрытульныя сялібы.
 
Плача восень, стогне ў сьне,
З пушчай, зь ветрамі галосіць,
Як бы дзе каго кляне
Ці аб шчасьці моліць, просіць.
 
Плача восень ноч і дзень,
Сьлёзы плюскаюць аб вокны,
А па хаце чорны цень
Лазіць, тчэ свае валокны.
 
Гэта ходзіць, бродзіць сум,
Душу мучыць ў сваіх сетках
I трывожыць сказы дум,
Дум аб шчасьці і аб кветках.
 
1915
 
 
 
 
Удосьвітак
Яшчэ певень пець не масьціцца
Ня згасла ніводная зорка, –
У хаце дыміцца газьніца,
У хаце ўжо чутна гаворка.
 
За прасьніцай зь мяккай кудзеляй
Папрадуха сучыць пры сьценцы,
За нітачкай нітачку сьцеле,
Вурчыць і вурчыць вераценца.
 
Хоць мілы сон клеіць павекі,
Хоць будзіць пасьцель успамінак
Дзяўчына сон гоніць наўцекі,
Расьце і таўсьцее пачынак.
 
*

А ў полі заходзіцца бура,
Разносяцца жальбы і стогны,
Страхою калоціць віхура,
Дождж хвошча па шыбах сьцюдзёны.
 
Пуцінай брыдзе падарожны;
Куды ён брыдзе, не згадаці,
Паглядкаю сочыць трывожнай
Сьцяжыну ў балоцістай гаці.
 
Над ім неба з хмарамі вісьне,
Цямрыца, дзе вокам ні кінуць;
Няўжо ж вогнік з хаты ня блісьне,
Няўжо ж падарожнаму гінуць?
 
*

Папрадуху зморы абселі,
Ў руках вераценца ня скача;
Галоўку схіліла к кудзелі,
I дрэмле, і сон дзіўны бача.
 
Ёй сьніцца, што зьнекуля хтосьці
Сьпяшыць у дарозе дахаты,
Што ён так сьпяшыць к ёй у госьці,
Такі малады і багаты.
 
I ўсьмешка ўсьцьвіла маладая,
I кроў забурліла крыніцай...
Ёй сьніцца... Дый хто там згадае,
Што ўдосьвіт папрадусе сьніцца?..
 
1918
 
 
 
 
Віхор загуляў
Гэй, шумна у боры
Віхор загуляў;
Аб сьлёзах, аб горы
Завыў, запяяў.
 
Аж хіляцца сосны,
Аж стогнуць дубы
Ад гэтай жалоснай
Віхорнай кляцьбы.
 
Вавёркі-грызухі
Заселі ў дуплох,
Мядзьведзь ад разрухі
Палез у бярлог.
 
А людзі, што бор той
На дровы сяклі,
З душою разьдзёртай
У хаты ўцяклі.
 
І пуста, і дзіка
Пад борам кругом,
Як помсты вялікай
Заплёў хто залом.
 
Як дзе па пажары –
Жыцьця ані чуць...
Касматыя хмары
Па небе паўзуць.
 
Віхор жа у боры
Гудзе і гудзе
Аб сьлёзах, аб горы,
Аб людскай бядзе.
 
1906
 
 
 
 
Паязджане
Распаўзлася па абшары
Сьцюжным пухам, сьцюжнай марай
Папаўзуха-завіруха –
Злога духа злыбядуха.
 
Ў полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні упыньня,
Як у вечнай дамавіне.
 
Як у моры, ў белым сьнегу,
Без дняваньня, без начлегу,
У бездарожжа, ў беспрыстаньне
Едуць, едуць паязджане.
 
Едуць, едуць, ані сьледу,
Ні праслуху, ні прагледу,
Ні прасьвету, ні надзеі, –
Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.
 
Папаўзуха-завіруха
Шэпча, шэпча штось да вуха
Аб музыцы-дудаграі,
Аб пшанічным караваі.
 
Сьнежным надзячы начлегам,
Пасыпае сном і сьнегам,
Лазам лезе ў сэрца, ў вочы,
Зазірае патарочай.
 
Маладога к маладусе,
Свата к свацьці-пасядусе,
Да закосьніцы закосьню
Жах прытульна прыкаросьніў.
 
Прытуліліся, як дзеці,
Як галубкі на расьсьвеце,
Як нішто ні знаць, ні ведаць,
I ўсё едуць, едуць, едуць.
 
А над імі зьбеядуха,
Папаўзуха-завіруха,
Сьнежнай хустаючы вехай,
Захліпаецца ад сьмеху.
 
1918
 
 
 
 
III
Млечны Шлях
Лёг па небе Шлях Млечны, шлях зьлепленых зорак,
Паясом-серабром без канца і пачатку
I цікуе, як месяц, з узгорку на ўзгорак
Пад ім лазіць, мяняючы штоноч апратку.
 
I галубіць шлях бледны зямлю яснавіцай,
Сочыць вочак мільёнамі долю людскую,
То сьвятлей, то мглісьцей зацьвітае, мігціцца,
Сее скрозь ня то сон, ня то яву такую.
 
Людзі кажуць, што птушкам, зблудзіўшым уночы,
Млечны Шлях служыць сьцежкай-пуцінай у вырай.
Яшчэ кажуць, што гэта сьлязінкі сірочы
Замяніліся ў зоркі ды сьвецяць так шчыра.
 
1918
 
 
 
 
Званы
Гудуць званы, з дня ў дзень гудуць мядзяныя званы,
Як стогн, гуд-водгульле гучыць мальбою жудзі;
Дрыжыць званіцы мур сьцюдзёны, цагляны,
Дрыжыць званар, надорваныя рвучы грудзі.
 
Наводзіць гэта музыка нязводны звод нуды, –
Скрабе душу, як сенажаць жалезныя бароны,
Па сэрцу б'е, як дождж па шклянай шыбе ў халады,
Гадуе ў думах сказ бадучы, забабонны.
 
Ў мазгі залазіць жах, што гэты буйны звон званоў –
Хаўтурны гэта звон спакон нямых сталецьцяў,
Што гэтая званіца – мерцьвяковы вечны схоў,
Званар – грабар, што косьці згортвае па сьвеце.
 
1918
 
 
 
 
Станогае ліха
Станогае Ліха-Нядоля
Валочыцца з поля на поле;
А вочы ў яго – што ў начніцы,
А рукі ў яго – чараўніцы.
 
Дзе ступіць – там кроў выступае,
Дзе гляне – там крыўда сьляпая
Народы хіне, як калосьсе,
Каго ж абымае – сьмерць косе.
 
Трымае сьвет цэлы ў парадку,
Ня мае канца і пачатку,
Ня знае граніцы і меры,
Ня гіне ад кос і сякераў.
 
Так блукае з поля на поле
Станогае Ліха-Нядоля;
Над ім жа сам Бог зь перунамі
Дзяржыць страж, спавіты імгламі.
 
1913
 
 
 
 
На прызьбе
Сядзіць на прызьбе бледны дзед
I пазірае сьлёзна ў сьвет.
 
Старэчай думкай ўдаль бяжыць, –
Як жыў, жыве, як будзе жыць.
 
За успамінам успамін
У грудзі лезе, як той клін.
 
Шлях немалы прайшоў ў жыцьці,
А йшчэ ці многа перайсьці!
 
Ўсё разважае на свой лад,
I, што збудзіў ўспамін, ня рад.
 
У думкі прэцца стада мар –
I двор, і пан, прыгон і цар.
 
Бадзяньні тыя, што ўсьлед шлі,
Па роднай, па чужой зямлі,
 
I тыя новы ўладары,
Што пруць к яму ў гаспадары;
 
Ўсё важыць розумам дзядуль
I не здыбе дабра зьнікуль,
 
Адно, ад назалістых дум
Што раз, то горшы цісьне сум.
 
I сам ня бачыць, як расой
Сплыла сьлязіна за сьлязой,
 
З сухім зьмяшалася пяском
I заблішчэла аганьком...
 
А дзед на прызьбе ўсё сядзіць
I ў дальню даль глядзіць, глядзіць!
 
1918
 
 
 
 
А ты, сіраціна...
...А ты, сіраціна, жыві,
Як ветрам лісток адарваны, –
          Ні мейсца табе на зямлі,
Ні радасьці зь песень жаданай,
 
          Нясі сваю ношку жыцьця
Між наспаў-курганаў магільных,
          Бязь веры ў свой цэль, без пуцьця,
Расплаканы ў жальбах бязьсільных.
 
          Як цень з таго сьвету, ідзі,
Ня знаючы ў долі сірочай
          Ні сэрца зь дзявочай грудзі,
Ні сонечнай ласкі дзявочай.
 
          Жыві і сьні сны аб вясьне,
Ды думай адно, сіраціна.
          Што нават ніхто не ўздыхне
Калісь над тваёй дамавінай.
 
1913
 
 
 
 
Дзьве долі
Расьце бярозка серад поля,
Ўдалі ад лесу, сіратой;
Жыве пясьняр з сваёй нядоляй,
З сваёй маркотнаю душой.
 
Ваюе з бурамі бяроза,
Мароз, слата сячэ яе;
Пясьняр зь няпраўдай б’ецца ў сьлёзах,
За ўсіх цярпіць, для ўсіх пяе.
 
Зь бярозкі сьвежыя галіны
Віхор зрывае, коціць ўдаль,
А песьняровы думкі-гімны
Ламочыць крыўда, гора, жаль.
 
Жыла бярозка, годзе жыці:
Сячэ на дровы дрывасек...
Ідзе пясьняр пад дзёрн злажыці
Сваю галованьку навек.
 
Бярозка ў печы ўжо вуглямі...
Дымы пад неба ўжо бягуць;
Памёр пясьняр, забыт людзямі,
А песьню ўсе яго пяюць.
 
[1919]
 
 
 
 
Песьня
Там, гэй, на ліпе на расахатай
        Птушка гняздо ўе, будуе;
Там, у хаціне, там, у пахілай
        Маці сыночка гадуе.
 
Вецер наскочыў, вецер нячулы
        Птушцы гнязьдзечка раскінуў;
Выгнала доля, выгнала сына
        З матчынай роднай хаціны.
 
Цьвіркае птушка, жаліцца птушка,
        Вецер, жыцьцё праклінае;
Плача матуля, плача, галосіць,
        Сына ў вакне выглядае.
 
Там, за хацінай, там, каля плоту,
        Ліпа шуміць у гародзе
I аб той птушцы, і аб матулі
        Песьню ў пашуме заводзе.
 
Ходзяць там людзі, ходзяць грамадай,
        Б'юцца, ўпіваюцца, скачуць, –
Ані той птушкі, ані матулі,
        Ані той ліпы ня бачаць.
 
1908
 
 
 
 
Крыўда
Цягалася Крыўда па сьвеце,
Ад хаты да хаты блудзіла;
Тым строіла вечныя сеці,
Тых гнала бяз часу ў магілы.
 
Ад хаты да хаты йшла з хвалай,
Ўзьвялічвала троны, кароны;
Нявольнікам путы кавала,
Пладзіла сусьветныя стогны.
 
Здавалася, ноч не пяройдзе,
Іржа не згрызе вечных путаў, –
Аж бліснуў пажар на усходзе,
I дрогнулі рабскія скруты.
 
I дрогнула Крыўды ўся ўлада,
Разьлёгся скрозь кліч перуновы;
Апалі кароны, пасады,
Зь нявольнікаў спалі аковы.
 
I мілай пацехай зазьзяла
I доля і слава людская,
Дый толькі, знаць, слава і хвала
Недаўгавечнай бывае.
 
Раскованы раб сябе выдаў –
Ня ўзьнёсься ўвысь дух чалавечы, –
Нявольнік пабратаўся з Крыўдай
I ў помач ёй даў свае плечы.
 
1918
 
 
 
 
Коціцца крыніца...
Коціцца крыніца,
Коціцца далёка,
А над ёй бядуе
Вольха адзінока:
 
– Ой, плывеш ты, рэчка,
Бурна і прасторна,
А я прыкавана
Да зямелькі чорнай!
 
Рэчка адказала:
– Хоць плыву, ня ўстою,
Але берагі мне
Не даюць спакою.
 
Жалілася вольха
Ветру сваёй доляй:
– Ты – свабодны, вецер,
Я жыву ў няволі.
 
Зашумеў ёй вецер:
– Хоць гуляю вольна, –
Выдзірае лес мне
Вочы беспатольна.
 
Вольха плача далей,
Плача чалавеку:
– Ты жывеш, як хочаш, –
Я марнею ў зьдзеку.
 
Голас чалавечы
Вольсе адазваўся:
– Ты йшчэ хоць бядуеш, –
Я ж – адбедаваўся.
 
Ты хоць ажыўляеш
Выгляд свой вясною, –
Я сплю адналькова
Летам і зімою.
 
1913
 
 
 
 
Сон
Загдянь, сынок, у соньнік,
Сон мела я пусты:
Прысьніўся мне сасоньнік
Такі густы-густы.
 
Па ім ішла я ўночы.
За мною зводы йшлі,
І зазіралі ў вочы,
I ціснулі к зямлі.
 
Шапталі штось над вухам,
Спляталі плот зь імгліц,
Абхутывалі пухам
Сасонічых ігліц.
 
Вадзілі па канавах,
Заломах, бадылях,
Па хворастах крывавых,
Распаленых вуглях.
 
Далей вялі адтуля
Між пнёў гнілых, кам’я,
Дзе сьпіць твая бабуля,
Дзе маці сьпіць мая.
 
Кіўнулі на абліплы
Сплясьнеўшым мохам крыж,
Захіхаталі сіпла
I счэзьлі недзе ўзвыш.
 
За імі і сасоньнік
Захіхатаў глухі.
Дык глянь, сынок, у соньнік,
Што значыць сон такі?
 
1918
 
 
 
 
Для Бацькаўшчыны
Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў:
Ці хопіць сьветлых, звонкіх думак-слоў,
Ці гладка пойдзе песьня-дабрадзейка?
 
I пачынаю йграць з трывогай нейкай,
Хоць песьня як і з даўных б'е часоў, –
Зьвініць, як вецер паміж верасоў,
I ўперагонкі рвецца з салавейкай.
 
А ўсё ж як тамка сваякі-суседзі
Яе паймуць, хацелася бы знаць, –
Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?
 
Адно, снуючы з сумам па прасьледзьдзі,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!
 
1918
 
 
 
 
Бацькаўшчына
Зь зямлёй і небам зьвязывае мяне ніць –
Неразарваная веквечна павуціна:
Зямля мяне галубіць, як вернага сына,
А сонца мне душу ня кідае туліць.
 
Яшчэ ў калысцы я наўчыўся зь песень сьніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясьцінах:
Што роднай нівы я мільённая часьціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.
 
Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе бяз злосьці,
Узрос зь яе й чужых зь яе ня скінуў косьці,
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.
 
I калі зьдзекваецца нада мною хтосьці –
Над Бацькаўшчынай зьдзекваецца ён маей.
Калі ж над ёй – мяне тым крыўдзіць найцяжэй.
 
1915
 
 
 
 
Пчолы
Мой сад калодамі абведзен мёдных пчол,
Што гаманяць, як неўгамонныя музыкі;
Іх зь лета ў лета звоняць звончастыя зыкі
I далятаюць да блізкіх і дальніх сёл.
 
Я дбаю аб вульлёх, – куру, сьвянчу наўкол,
Запасу ўвосень мёду кідаю вялікі,
Сьляджу зімою, каб чарвяк ня ўбіўся дзікі,
Вясною шчыра падчышчаю верх і дол.
 
Але як дойдзе час выходзіць рою ў сьвет,
Ён не садзіцца, дзе назначу я пасадку,
А коціцца, чужы дзе зацьвітае цьвет.
 
Або як мёд пайду я падглядаць у кадку,
I тут бяда – ня ўсё ў парадку і даглядку:
Як рой, і мёд падгледзеў ўжо сваяк-сусед.
 
1918
 
 
 
 
Наша гаспадарка
Спрадвеку мы ў родным краю гаспадарым, –
Свае загоны сеем, пасьцім статак свой,
З надзеяй сустрачаем выраі вясной,
З надзеяй ўвосень іх праводзім над папарам.
 
Спрадвеку ходзім пад панамі і пад царам
На недруга й на бліжняга свайго вайной,
Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной –
Крыжы і хаты нашы скошаны пажарам!
 
Так гаспадарым мы і дома і за домам,
Усё ждучы пацехі зь севу і жніва,
Ждучы дарма, як летам жджэ расы трава.
 
Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам
І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская і царская Масква.
 
1918
 
 
 
 
Чаму?
Няма для духа вольнага граніцы, меры,
Дзе б ён сягнуць ня сьмеў, дзе б ён не узлунаў;
У хаосе быцьця, у цьме ўсясьветных зьяў
Ён не ніштожыцца, ў сябе ня губіць веры.
 
Яму да тайнаў душ і сэрц адкрыты дзьверы,
Ўсё тое спазнае, што бег сталецьцяў не спазнаў;
Як фенікс з попелаў, узносіцца з канаў,
На дно якіх яго сьпіхаюць цемраў зьверы.
 
Магутны, векавечны, створан з сонц мільёнаў
Гром, перуны ў руках трымаць, спыняць ня слаб,
Хоць бы ў вагні кіпеў, ў віхрах марозаў зяб...
 
Аднак чаму ж ты там нішто, дух непрыгонны,
Дзе, дружна звонячы ў кайданы ўсімі тоны,
Крывёй, пажарамі частуе раба раб?
 
1915
 
 
 
 
Маё цярпеньне
Маё цярпеньне, мой крывавы боль –
Што значаць перад мукамі мільёнаў,
Дзе безнадзейны стогны родзяць стогны,
А сьлёзы грызуць вочы ўсім, як соль!
 
Хоць дух мой ўзносіцца пад неба столь, –
Як галавой аб мур, там б'е паклоны.
Але як мал мой гэты ўздых шалёны...
Мой крык перад малітвай сьвету – ноль!
 
І веру я, што я нішто ў быцьці –
Іначай думаць не дае сумленьне, –
Аднак чаму ж здаецца мне нязьменьне,
 
Што меж майму цярпеньню не знайсьці,
Што так вяліка мне яно ў жыцьці,
Як міліёнаў разам ўсіх цярпеньне!
 
1915
 
 
 
 
Таварыш мой
Ідзе за мной усьлед касьцісты, бледны труп, –
Як цень, – за мной, пры мне, куды я ні ступлю;
Ці я устану, ці ў пасьцелі мёртва сплю –
Са мной заўсёды ён, заўсёды гэты жывы слуп.
 
Вакруг мяне пабудаваў жалезны зруб,
Ператварыў ў турму бязьмежную зямлю,
Садраў чуцьцё – ці я цярплю, ці не цярплю,
Здушыў вужача грудзі ў сто сталёвых шруб.
 
Таварыш шчыры мой, люблю, люблю цябе!
Ні час, ні чалавеча злосьць цябе ня зьесьць;
Ты – пасланец мой, ты – сама аб шчасьці весьць!
 
Цябе, мой труп, я ў сьне і ў явы барацьбе
Ня кіну, як ня кінеш ты мяне ў жальбе...
О, чэсьць табе, маё ты Адзіноцтва, чэсьць!..
 
1915
 
 
 
 
Сярод магіл
Сярод магіл, на плечы ўзьняўшы крыж свой, стану,
Як пасланец з магіл ад сьпячых там прарокаў,
I ў даль сягну, дзе толькі можа сягнуць вока,
I скрозь туды, дзе вольнай думкаю дастану.
 
I кліч пушчу скрозь ад кургану да кургану,
Як віхраў лёт па ўсёй бязьмежнасьці шырокай,
Кліч заклінаньне векавечнага зароку,
Што ў гусьлях толькі дрэмле, ў песьню ўчараваны.
 
Прадсьмертнаю кляцьбой канаючага раба,
Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,
Зьвярнуўся к сонцу, сонцу без канца й пачатку.
 
Хай спаліць мне душу, як ствол разьбіты граба,
Хай вочы высмаліць, як кветку ў лільі слабай,
Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!
 
1915
 
 
 
 
На суд
На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю,
Судзіце па стацьцях, як піша ваш закон;
Было ж жыцьцё мне – узаконены прыгон,
Хоць я ня даў вам і ня дам стаптаць душу сваю.
 
Мінаў я вашу фарысейскую сям'ю,
Мяне ня збэсьціў вашым ідалам паклон,
Калі ж з грудзей і вылятаў пракляцьця стогн,
То кляў я сам сябе і мук сваіх зьмяю.
 
Нічым грашыць ад вас грашнейшым я ня ўмеў, –
Піў чарку крыўды і цярпеньня – ўсё да дна.
I не спаганіла мяне аблуда ні адна.
 
Адзін грэх толькі лёг мне на душу, як леў,
Праступак, судзьдзі, мой: я сэрца, сэрца меў!
Але ці ж гэта так страшэнная віна?!
 
1915
 
 
 
 
Па шляху
Ляжыць, уецца ў бел-сьвет, як вужака,
Стары, утоптаны вякамі шлях,
Сьнючы былыя сказы, небарака,
Што перачуў на змучаных грудзях.
 
Бярозы – плачкі сумныя – павісьлі
Абапал, як нямая варта-страж,
Ня дбаючы, чаго стаяць, скуль выйшлі,
Адно ківаючы на шлях – ты наш!
 
А вецер ім бязбожныя напевы
То ціха шэпча, то гудзіць, як зьвер,
Галубячы, цалуе іх, як дзеваў,
I кліча іх на радасны бязьмер.
 
Паміж бярозаў-плачак гэтым шляхам
Іду я з ношкаю разьбітых дум,
Адзін іду, а падганяе тайным жахам
Прыяцель верны мой – бязьсьмертны сум.
 
Я – шлях, якому век няма спакою
Ні ў чорны дзень, ні ў месячную ноч,
Пасьвенчаны нядбалаю рукою
Жадобнае жыцьцё вясьці апроч.
 
Я – тая плачка сумная – бяроза,
Увосень абгалечана зь лістоў,
Дрыжачая зімою ад марозаў
I ад бушуючых разьюшаных віхроў.
 
Я – вецер той, што сьлёзна ў сонным полі
I ў буйным лесе вые сіратой,
Начлегу не знаходзячы ніколі
З сваёю горка-жаласнай журбой.
 
Іду па шляху я і пазіраю,
Як сфінкс, у сфінксаву нямую даль,
I не знаходжу мукам сваім краю,
I сіл ня маю вырваць з сэрца жаль...
 
Закалыхаўся ястраб быстравокі,
Між небам і зямлёй, як лунь, завіс –
Мяне і дзень мой сочыць адзінокі,
З насьмешкай мерачы вачамі ніз.
 
О, каб ён вылушчыў душу мне зь цела
I затрымаў на хвілю у высях,
Каб раз, адзін раз толькі паглядзела
Адтуль, з-пад сонца, на зямны свой шлях!
 
1914
 
 
 
 
Зь вячэрніх дум
Як нябеснае згасьне за лесам сьвятло,
А ноч крыльле распусьціць па ўсёй Беларусі,
Штось мне шэпча: ідзі! Я іду за сяло
I на ўзгорку пад крыжам паклонным саджуся.
 
Счараваны вячэрняй глухой цішыной,
Прыслухаюся шэпту далінаў і гораў;
Недзе-недзе губляюцца нікла са мной
Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.
 
Тонуць думы ў спакоі трывожна-сьвятым,
Над зямлёй расплываюцца з сумнай цямрыцай
Аж да высі, што макам мігціць залатым –
Мільёнамі зор без канца, без граніцы.
 
Ночна-сонная даль мае мову сваю,
Былі зьяўныя шорахам тайным складае,
Песьню зь небам снуе – праслаўляе зямлю;
Ў песьню лучыцца гэту душа маладая.
 
Аб квяцістым зямнога жыцьця харастве,
Аб праменьнях, што долю галубяць людскую,
I аб зь сілай благою пабеднай бітве
Чую голас прарочы і ў думках мяркую...
 
Гледзячы, як загон наш калосьсямі сьпеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песьню далі і неба таксама я пеў,
А калі?.. Знаць, тады, як яшчэ не радзіўся!..
 
1913
 
 
 
 
На вуліцы
Блудзіў па вуліцы я тэй, дзе сустрачаў яе,
Яе – ня ўцямлю – шчасьце ці сваё няшчасьце...
Час быў такі, калі ўжо першы певень устае,
А злодзей сьмела з ложа выпаўзае красьці.
 
На небе месяц бледны, як нябожчыкавы твар,
З-над воблакаў сьцікаўся, быццам бы ён шляху
Свайго ня мог знайсьці паміж расплаканых там хмар,
Ці, каб стуль не зваліцца, блукаўся так з страху.
 
Паволі горад на сябе ўскладаў аковы сну,
Сьвятло ў акнах адно ўсьлед за адным канала;
Дзе-недзе ржавы ключ пужаў скрыготам цішыну
Ды спозьнена павозка дзіка ляскатала.
 
У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж,
Як бы напяты былі там людскія жылы,
Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож;
Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы.
 
Здалёку ад чыгункі данасіўся сьвіст-выцьцё,
Упіваючыся ў сэрца вытачанай стальлю,
Як бы з тым сьвістам адлятала шчасьце і жыцьцё.
Ці гінуў нехта наймілейшы там – за дальлю.
 
Аб сьцены рэха стукалася ад хадзьбы маей, –
Цагляны мур сачыў за мною безупыну;
Цень ад ліхтарняў мой ўсё то даўжэй, то карацей
Выцягваўся, дваіўся, то зусім дзесь гінуў.
 
Лічыў за крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань,
На заміраючы да заўтра горад грэшны,
І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань, -
Такі бязьсільны, пазабыты, безуцешны!
 
За думкай думка джалам сьвідравала галаву:
Што ёсьць, няма, – судзіў суды і перасуды,
І думаў ўсё: за што, нашто сябе на часьці рву,
Калі за гэта маю толькі камняў груды?
 
Так сноўдаўся па вуліцы і сам згараў ў сабе...
...Іду і чую: тут з-за муру, ў сутарэньні,
Рагоча музыка, як сумашэдшая ў кляцьбе,
Пад музыку – бразджаньне ног, грудзей хрыпеньне...
 
I жудка стала!.. Ёсьць жа яшчэ людзі на зямлі,
Што могуць дзіч сабой зьмяніць і весяліцца,
Ня бачачы сваіх бяспутнасьцей, што іх змаглі
I душаць адусюль, як зьмеяў навальніца!
 
Зь нявольніцай нявольнік тут танцуе на забой,
Пад зьдзекам рабскія свае сагнуўшы шыі,
А там, на акрываўленых палях крывёй людской,
Нявольнік для нявольніка грабніцу рые.
 
Стыд спанаваў мяне, што я на вуліцы тэй быў
I аддаваўся нейкай візьі ўсёй душою, –
Тым горкім думам аб сабе і сэрцу тым, на зьдзіў
Так заўладаўшым маім сэрцам-сіратою.
 
1915
 
 
 
 
Вечар
Мой вечар, знаю, блізка, недалёка –
      Ёсьць раніца – павінен й вечар быць,
Але ня счэзну я з-пад долі вока –
      Дзень, вечар, ноч, а трэба, буду жыць!
 
Зямлі і сонцу нізка пакланюся –
      Я сын зямлі і сонца вольны сын!
Як з братам, зь ветрам шчыра абымуся –
      Я – ветру, а мне вецер друг адзін.
 
Сум вечны пасаджу свой на пасадзе –
      Ён заслужыў даўно ў мяне на трон, –
Ўзлажу карону зь сьлёз яму ў парадзе –
      Така карона ўсіх важней карон.
 
Слугой яму прызначу адзіноту –
      Яна сама вярнейша з слуг – бяз здрад;
Асьветлю хорам сваіх дум яснотай –
      Дум шмат я маю, ах, як шмат, як шмат!
 
Душы дам волю, заручуся зь песьняй –
      Душа і песьня – сьвет мой, скарбы ўсе мае
Хай раніца жыцьця майго ускрэсьне,
      Хай вечар мне жыцьця ноч дапяе!
 
1915
 
 
 
 
Мой цень
Як прыйдзе дзень майго збаўленьня,
З крывавых церняў вызваленьне, –
      А веру, прыйдзе гэткі дзень, –
Зь імглы адвечнасьці паўстане
I крыжам стане на кургане
      Майго жыцьця бязьсьмертны цень.
 
Бяз воч, бяз косьці, жыл і сэрца,
Сам крыж, на крыж ён абапрэцца
      I, ўвесь удумаўшыся ўдаль,
Сачыць пачне ўвесь ад пачатку
Мой шлях, якім шоў да астатку,
      Які мне толькі кінуў жаль.
 
Сачыці будзе, як арліца
Дабычу сочыць над крыніцай,
      Чаму з жыцьцём ня ўмеў я жыць;
I наракаць, клясьці ня будзе,
Што я, што мне зрабілі людзі,
      Ня будзе плакаць ён і выць.
 
Ня будзе нават уздыхаці, –
Адно мо’ вырвецца пракляцьце,
      Якім я жыў ад малку лет,
Адно сам аб сабе цень скажа
Крыжам, адвечнай сваёй стражы:
      Каб не радзіўся лепш на сьвет!..
 
[1919]
 
 
 
 
Нашто?
Нашто губляць парывы чыстыя
Таемных дум сваіх, сваёй душы
Для тых, што стопчуць іх бязьлітасна
Ці высмакчуць зь цябе іх, як вужы?
 
Нашто трывожыць сэрца беднае,
Жаданьнем ласк, сардэчнага цяпла? –
Ўсё роўна збэсьцяць тваё сэрцайка,
Сьвятое вырвуць зь яго ўсё датла.
 
Нашто, як жабраку, вымаліваць
Ўсё тое, што ты заслужыў жыцьцём?..
Знай, доля к тым не прысуседзіцца,
Хто жабранінай гоніць дзень за днём.
 
Ідзі празь сьвет з вачмі адкрытымі,
Ў грудзёх гадуй, як сталь, і моц, і гарт,
Глядзі ўвакруг свабодным сокалам
I крэпка знай, чаго ты ў сьвеце варт!
 
Не паніжай сам духа вольнага
I ў паніжэньне іншым не давай;
Над рабскаю таўпой асьлепленай,
Над злом зямлі увысь, да зор сягай!
 
1915
 
 
 
 
Сьмейся!..
Ха-ха-ха-ха! Будзь весел, кінь хныкаць,
Ўпіцца кроўю сваёй не спадзейся!
Можаш сэрца рваць, выці і клікаць, –
Можаш з сэрца свайго молат выкуць,
Толькі ўдарыць ня сьмей ім, а сьмейся!
 
Сьмейся сьмехам-сычэньнем праз скрогат
Перадсьмертны зубоў і расьсейся
Ў гразь жыцьця, ў пекла Дантава рогат!
Каб аж косьці ўстрасаў дзікі дрогат, –
На пацеху сьляпой дзічы, сьмейся!
 
*

Вырывай зь сябе жылу па жыле,
Ві ў вяроўку, ў пятлю і павесься,
I, пакуль у зямлю не зарылі,
Хоць дух будзе шыпець у бязьсільлі, –
На сваіх вісі жылах і сьмейся!
 
Сьмейся сьмехам-скавытам вядзьмачым,
У віхровым пасьвісьце разьвейся,
I над сьветам разьюшаным, сьпячым,
Над жывымі трупамі і плачам
Ты лунай, вочы рві сабе... й сьмейся!
 
*

Ха-ха-ха-ха! Душу сваю выні,
Палажы на далонь і надзейся,
Што павераць табе, што ня згіне
Ўся прысяга твая ў чорнай ціне
Перасудаў людскіх... Ха-ха! Сьмейся!
 
Сьмейся сьмехам – хрыпеньнем быдляці
Зь перарэзаным горлам, і грэйся
Ў гэтым храпе скрозь стогн і пракляцьце,
I ня важся да сэрца ўздыхаці,
Ласкі ждаць... Хоць крывёю, а сьмейся!
 
1915
 
 
 
 
У бяссонную ноч
Ах, як страшна мне гэта бяссонная ноч!
Колькі мукі, цярпеньня прыносіць з сабой!
Я змагаюся зь ёй, ад сябе ганю проч,
Дый самлела ўпадаю з сваёй барацьбой.
 
Разарваў бы, здаецца, я грудзі свае,
Сэрца б вырваў і кінуў на ўцеху ўрагом...
Дайце сьмерць, хай ня чую, што ноч мне пяе!
Дайце сілы!.. О Божа! Нікога кругом!
 
Ах! што гэта? – Раскрылася неба й зямля,
Рай і пекла зьмяшаліся ў процьму ў адну,
Здань за зданьню паўзе, кожна здань – як зьмяя,
Тая прэцца уверх, тая цісьнецца к дну.
 
Абняліся з сабой у шалёну гульню,
Вочы прыскам зіяюць, з губ коціцца дым...
Гэй, дружкі, што сьпіцё? Дайце жыва агню!
Скуль іх столькі ўзяло, што ім трэба усім?
 
Путы звонка бразджаць і ўгары, і ўнізу,
Жудка вісельні граюць, сьлізгоча пятля;
Той абліўся крывёй, той сьцірае сьлязу...
Што за людзі – зьвяр'ё?! Ах, якая сям'я!
 
Мілы братка ты мой, ці ты жыў, ці памёр?
Што так плечы сагнуў, як нявольнік дрыжыш?
Грудзі ўпалі твае, рукі цягнеш да зор,
Над табой, прад табой, ах, які чорны крыж!
 
Служка польскага пана, твой брат і мой брат,
Зь бізуном над табою, як кат той стаіць...
Божа праведны, Божа! над братам, брат – кат!..
I за што ж катам той, а той гэтак цярпіць?
 
А што тут? Разам тут і дзяўчынка-краса...
Я галубіў калісь... Твар чаму твой бляды?
Пакрываўлены грудзі, зблытана каса...
I чаго ж і зашто ты папала сюды?
 
Брат, паэт! I ты тут – як быдлё, ў ланцугах...
Дзе свабодны твой дух, што ня рвеш ты кайдан?
Божа! Золата йскрыцца ў кастлявых руках...
Песьняй роднай таргуе, як коньмі цыган.
 
Адбіваючы тут жа паклоны плашмя,
Нейкі нехрысьць крапідлам махае, пяе
Ды шыпіць, як гадзюка, Хрыстова імя,
I за золата гэта імя прадае...
 
I там здань і тут здань, закружыліся ўкрут,
Кругам труцень у бляшках бліскучых спавіў,
Усіх іх у жалезны ржавелы ланцуг,
Сэрцы рве і грызе, шнурам шыі здавіў.
 
Цень пры цені, над ценьмі тон крыж у крыві,
Чорны крыж, як бы змора лунае ў высі,
Як бы змора вісіць... Стогн адно: не даві!
Не губі, да Хрыста сьцежку дай, данясі!..
 
Разыграліся гурмай за зданяю здань,
Як вужакі ў гаршку, мітусяцца яны,
Песьню выюць хаўтурна: ты ляж, а ты ўстань!..
Здалі чутна, па-воўчаму выюць званы.
 
І пачатку няма і канца ім няма!..
Ці тут ява, ці сон?.. Проч, вы здраднікі, проч!
Ах, скарэй бы дзень вечны, ці вечная цьма!
Яна згубіць мяне, бессанлівая ноч!
 
1913
 
 
 
 
Ўвесь да дна...
Ўвесь да дна трэба выпіць свой келіх жыцьця,
      Ці з вадой жыватворчай, ці зь ядам;
З роўнай меркай чакаць вечнаты й небыцьця,
      Заадно абымацца з анёлам і гадам.
 
Не мяркуйся свой быт давясьці да канца,
      Не скрывіўшы ні каплі душою, –
Не сягоньня, то заўтра ўпрагуць малайца,
      Запішчыш і здружышся з таўпою.
 
Днём з вагнём не задумай ты праўду знайсьці,
      Паспытаць, што за смак гэтай праўды, –
Бо што зробіш, як знойдзеш, ты зь ёю ў жыцьці?
      Сам спужаешся гэтакай знайды!
 
Хтось там скажа, што церні на шляху ляглі,
      Што сіротам дзьме вецер у вочы –
Ну, дык будзь цернем сам, будзь сын верны зямлі,
      Віхрам будзь і бушуй сярод ночы!
 
Кажуць, кветку стаптала быдляча нага...
      Няхай топча, і ты рабі тое;
Сам Антыхрыст ня пойме, што нельга, што льга...
      Ты ня стопчаш – цябе стопчуць ўдвое.
 
Мо' захочацца сэрца, каханьня, пяшчот...
      Плюй, бо йнакш аплююць і самога.
Ліжы золату рукі і карк гні, як скот,
      Купіш ўсё: сястру, брата і Бога.
 
З сонцам, з зорамі ўздумаеш збратацца, жыць,
      Вольнай птушкай лунаці па сьвеце...
Сьмейся!.. Лепш вось старайся ты з катам здружыць,
      Калі горшых ня хочаш пут меці.
 
Бачыш, косьці па полі зьбірае груган
      I твае так калісь зьбіраць будзе...
Дык жыві ж з сабой сам ці цьвярозы, ці п'ян
      I зь людзьмі так жыві, як і людзі.
 
Ўвесь да дна выпівай чорны келіх жыцьця,
      Ці з вадой жыватворчай, ці зь ядам;
З роўнай меркай чакай вечнаты й небыцьця,
      Заадно абымайся з анёлам і гадам.
 
1915
 
 
 
 
Блізкім і далёкім
Вам, цемратворцам блізкім, далёкім,
Шлю свой прывет і ласку ад сэрца;
Дзякуй шлю вам, шмялям сьлепавокім,
Дзякуй! Хай далей моц ваша прэцца!
 
Піце, смакчыце кроў маю з жылаў,
Будзе хай сьліўням, піяўкам завідна,
Рыйце, капайце брату магілу, –
Вам толькі гэткай працы нястыдна!
 
Можаце рыці, віцца, кусацца, –
Мне ўжо ня страшны рык ваш зьвярыны -
Вырвіце жылы, сэрца ня дасца,
З вашай крывавай вырвецца ціны.
 
Мне ўжо ня страшны крыўды аковы,
Любасьці братняй ясным пажарам
Кіну у попел цемры асновы
Гніць пад нагамі лозным папарам!
 
Жыў і бяз вас, жыў і між вамі,
Толькі, як воблак, быў я свабодны,
Спутаць ня даў я дум ланцугамі,
Не аплуціў іх сьвіст ваш нязводны.
 
Дух мой свабодна з вашых цянётаў
Выйсьці здалее к яснасьці Божай,
Не апаганен выйдзе з балота,
Далей к высотам, шлях свой праложа;
 
Далей, дзе йшчэ беларуская думка
Зоркай сягнуці часу ня мела,
Дзе толькі злосна чорны птах крумкаў,
Дзе хітры зьвер паношыўся сьмела.
 
Дзе торг з адвечнай праўды зрабілі,
Сьлёзамі ўткалі радасьць і шчасьце,
Дзе толькі сонца звод не асіліў...
...Сонца ня вашай чэрні раскрасьці!
 
Славу маю ня вам, падваротні,
З гразьзю мяшаці хлысцьбай падлыжнай, –
Сам я судзьдзёю! Й прышлых лет сотні
Выдадуць суд свой правы, ня кніжны.
 
Вы мне маіх год не гадавалі, –
Летаваў сам я, зімку праводзіў;
Віхры і буры сілу давалі,
Крыльле даў новы промень на ўсходзе.
 
А хоць бяз часу ўдасца вам нэтрай
Вычасаць гроб мне, косьці скрышыці,
Я не памру ўвесь, як ня мруць ветры, –
Будзе пракляцьце вам усім жыці.
 
Цень з таго сьвету ўстане мой ноччу,
Прыйдзе пад вашы сховы гнілыя
І засьмяецца грозна у вочы,
Аж ваша хеўра гібельна ўзвые.
 
1911
 
 
 
 
Мая вера
Ня веру ідалам паганым,
Што выразаюць разьбяры,
Бажкам ня веру маляваным,
Што мажуць фарбай маляры.
 
Ня веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.
 
Ня веру ў фокусьнікаў цуды
Усіх народаў і вякоў,
Што ў ход пускаюць хітра ўсюды
Туман на цёмных сьлепакоў.
 
Ня веру ў каменны багоўні,
У людской асьвенчаны крыві,
Дзе толькі вяжуць, бы ў прыгоне,
Жывому духу ланцугі.
 
Ні за якую плату, меру
Ня дамся гэтай варажбе...
Ў народ і край свой толькі веру
I веру ў самаго сябе.
 
[1918]
 
 
 
 
Песьняй толькі
Песьняй толькі на сьвеце жыву я,
Празь яе тапчу толькі расу;
Пасьцігаю, як ёй запаную,
Недасьціглую быту красу.
 
Са сьвятламі бязьмежна ўсясьвету,
Як сьвятло сам, лунае мой дух;
Аглядаю міры, як у сьне тым,
І жыцьцё абымаю ўвакруг.
 
Над душамі, што шчасьця даўцо весьць
Загубілі з адвечных нягод,
Я тварыў бы нягадану повесьць
Вечных радасьцей, вечных яснот.
 
Перуны залатыя хапаў бы,
Што у хмарах бушуюць агнём,
I страламі народны дух слабы
Развагняў, патрасаў бы, як гром.
 
Млечны Шлях, што нябесны дзядзінец
Засьцілае, я б зьняў на зямлю
I масьціў бы ім новы гасьцінец
Цераз родную ніву сваю.
 
Сонца ўзяўшы агністае ў рукі,
Што гарыць над бязьмерам палёў,
Я па Млечным тым Шляху бяз мукі
Чалавека да шчасьця бы вёў.
 
Гэтак песьняй мой дух маладзіцца,
I на сьвеце жыву толькі ёй,
Хоць пішу кроўю гэты страніцы,
З свайго сэрца гарачай крывёй.
 
1913
 
 
 
 
Першыя песьні
Першыя песьні – першыя чуткі
Шчасьце зазнаці хаценкі нясьмелай,
Першыя думкі вольнай мінуткі
Птушкамі вымкнуць на сьвет гэты белы.
 
Што іх чакае, што іх спаткае,
Чым блаславяць маладога музыку:
Ці прыгалубіць ласка людская,
Ці заплююць яго сьмехам, прытыкай?
 
Грошы за песьню рэдка хто плаце,
Часта акінуць нямілым паглёдам;
Песьня паэту ўсё тут багацьце, –
Цешыцца, плача у песьні з народам.
 
Што людзі скажуць, што зробяць зь песьняй,
Бог зь іхнім судам, насьмешкай, пахвалай!
Зганяць – дык будзе трохі балесьне,
Выхваляць – шчасьце хоць раз бы спаткала.
 
Вечна рвучыся думкай да сонца,
Кепска нікому ня думаў ніколі,
А калі й кінуў лішняе слоўца, –
Гэта знак толькі жыцьця у нядолі.
 
Сьмерць пяўца возьме мо і сягоньня,
Чорнай зямелькай накрыюць павекі,
Песьня жыць будзе, ў магіле ня ўтоне,
Блага ці добра – жыць будзе навекі!
 
1906
 
 
 
 
Песьня
Як крыніца, льецца, рвецца
З сэрца песьня ў сьвет, за сьветы;
Сьветла йскрыцца, рэхам прэцца,
Тутка, тамка, дзе я, дзе ты...
 
Скрозь гамоніць, звоніць звонка,
З сэрца ў сэрца б'е, ірдзіцца,
То ўжо ў хаце, то ўжо вонках
Маладзіцца маладзіцай.
 
Скочыць к сонейку, ўсхахоча,
Пацалуецца лісьліва;
Ясну месячыку ў вочы
Зіркане тугой тужлівай.
 
Стрэціць зорку-зараніцу,
Прасьлязіцца зь ёй сьлязою
I сплыве ўплаў на зямліцу,
Разаўецца дзермязою.
 
Ў полі здольна зь ветрам разам
Зажартуе, ў танок сходзе,
Згодна з борам важным сказам
Завурчыць аб непагодзе.
 
Ў лесе лісьцем зашалесьце,
З птушкай птушкай зашчабеча,
Па пуціне кіне весьці
Суму, шчасьця хаце нейчай.
 
І лунае, так лунае
Гэта песьня па ўсім сьвеце,
Плоту, путаў ані знае
Ад сталецьця да сталецьця!
 
1918
 
 
 
 
Мусіць, трэба было

Пасьвячаю Ул. Станкевічанцы

 
Ці на небе не мільён зорак льсьніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі ж мейсца там ня стала
Для аднэй, што мне б міргала...
            Мусіць, трэба было!
 
Ці то мала ўдоўж і ўшыр вырас сьвет? –
Для ўсіх даў ён і прыпын, і прывет.
А я век, як тое зданьне,
Не знайшоў сабе прыстаньня...
            Мусіць, трэба было!
 
Ці дарожак і на захад і ўсход
Легла мала на зямлі з году ў год?
Бо сьлед к шчасьцю на ўсім сьвеце
Не судзіў мне Бог сустрэці...
            Мусіць, трэба было!
 
Ці то вецер толькі ў волі жыве –
Дзе захоча і ляціць, і плыве?
Я ж куды ні пасуліўся,
Ўсюды ў путах толькі віўся...
            Мусіць, трэба было!
 
Ці зямелька не гадуе людзей, –
Ці ў іх сэрца ястраб выпіў з грудзей?
Бо дзе з сэрцам ні зьвяртаўся –
Я на камень натыкаўся...
            Мусіць, трэба было!
 
Ці дзявочы ручкі зьвялі ў бядзе?
Ці ж нікога не галубяць нідзе?
Каб я лёг і ў дамавіне –
Воч ніхто мне не зачыне...
            Мусіць, трэба ўжо так!
 
[1915]
 
 
 
 
Дайце мне...
Дайце мне волю, дайце арліную,
        Вырвіце з путаў, аковаў!
Душу напасьціць перад сканчынаю
        Дайце шчасьлівасьці новай!
 
Дайце мне долю, дайце багатую,
        Вызвальце з горасьці чорнай;
Дайце пацесе ў хаце, за хатаю
        Быці ўва ўсім мне пакорнай!
 
Дайце мне сонца, сонца агнёвае,
        Выведзьце зь цёмнасьці ночнай;
К знаньню, к навуцы сьцежкі шчасьлівыя
        Мне пакажыце нязбочна!
 
Дайце мне праўду дня ясьней яснага,
        Дайце прасьветласьці Божай;
Выражце з сэрца, сэрца няшчаснага
        Ўсё то, што мучыць, трывожа!
 
1907
 
 
 
 
Рвіся, думка!..
Покі старасьць неўдалая
Костак з ног ня вале,
Рвіся, думка маладая,
Туды, вышай, далей!
 
К таей праўдзе ненапраснай,
К шчасьцю і свабодзе;
Рвіся, покі будзе ясна,
Покі будзе годзе!
 
Гарапашна, непрасьветна
I ў душы, і ў хаце,
Стане горай непрыветна,
Калі будзем спаці.
 
Дык жывуча, скокам-бокам,
Покі сэрца точыш,
Рвіся, думка, ненарокам, –
Знойдзеш, чаго хочаш!
 
Рвіся! рвіся! дый старайся
Нуду адалеці,
Заглушыцца не давайся
Ні за што на сьвеце.
 
[1906–1912]
 
 
 
 
Куды ні ўцякаю...
Куды ні ўцякаю
Ад долі сваей,
Усюды спаткаю –
Раней ці пазьней.
 
Надзеі ўсе скруціць,
Засьвішча бядой,
І сэрца засмуціць,
I ліне сьлязой.
 
Магільную песьню
Ў душы запяе,
Нашле нуды плесьню
На думкі мае.
 
I б’юся ж напрасна,
Як рыба аб лёд,
Ад долі няшчаснай
Няма мне варот!
 
1906
 
 
 
 
Я казак – не казак...
Я казак – не казак,
Што нагайкай сьвісьціць,
А казак, што калісь
Знаў, як волю любіць!
 
Што гуляў за Дняпром
Ад зары да зары,
Ў вольнай Сечы грымеў,
Як парогі ў Дняпры.
 
Што на бел-сьвет сьпяваў
Песьні з поўных грудзей
І гасьцінна прымаў
Зь сьвету вольных людзей.
 
Што умеў пастаяць –
Паляцець у паход –
І за волю сваю,
I за ўвесь бедны род.
 
Што кароны пікой
I пасады ўстрасаў
А законы крывёй
Самаўладцам пісаў!
 
1911
 
 
 
 
Я і воля мая
Мы радзілісь на сьвет –
Я і воля мая;
Шчыра нас прыняла
Ўся людская сям'я.
 
Мы расьлі удваём –
Я і воля мая;
Небу міла было,
Мела радасьць зямля.
 
Мы жывём удваём –
Я і воля мая;
Воля песьні пяе,
Разумею іх я.
 
Толькі ўмром не ўдваём –
Я і воля мая;
Я памру, – воля век
Не пакіне жыцьця!
 
1909
 
 
 
 
Мая навука
Мне мудрасьці кніжнай ня даў Бог пазнаці,
Мой бацька ня мог даць раскошаў такіх –
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
I дум беларускіх бяз школы і кніг.
 
Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.
 
Душу акрылялі прыгожасьці сьвету,
Па гонях пад небам лунала яна,
Купалася ў сонцы вясёлкай расьпетай,
Сама, як вясёлка, як казка-вясна.
 
І п'яная чарамі, п'яная песьняй,
Як сон заварожаны райскіх мясьцін,
Шаптала мне дзівы цьвітучых прадвесьняў
І песьняй лілася з паходам часін.
 
Бурлівая рэчка і млын гутарлівы
Адмерным, раскоцістым плюскатам вод
Складалі мне рытму мастацкія зьвівы,
Парадквалі складаў раскоцісты ход.
 
Цяністыя бітага шляху прысады
I ў вырай лятучыя гусяў шнуры
Гармонію ўводзілі ў песельным складу,
Сачылі нязгоднай зваротак ігры.
 
Зялёнае поле рунеючым збожжам,
Цьвітучая ў сонечны цьвет сенажаць
Мне песьню квяцілі узорам прыгожым,
Вучылі, як словы ў вянок завіваць.
 
Ад шопату сьпелых пшанічных калосьсяў,
Ад шэлесту лісьцяў узьмежных ігруш
Музычнае водгульле ў песьню лілося,
Зьлівалася з жальбамі скрыўджаных душ.
 
Шум бору адвечнага казкавым сказам
Нашэптываў смутную повесьць жыцьця
I песьню ў шум-гоман захопліваў разам,
Заснуўшыя думы будзіў зь небыцьця.
 
А сонца, скрозь сеючы іскры па сьвеце,
Мне песьню іскрыла нябесным сьвятлом,
А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,
Даў волю і крыльле лунаці арлом.
 
Каса, і сякера, і цэп малацьбітны
Магутную волатаў сілу далі;
Марозы і сьпекі далі гарт нязбытны –
Мне песьню, як звон, як пярун, адлілі.
 
Так іншай ня знаўшы навукі і школы,
Ў пацёмках шукаў і знайшоў Божы дар;
Цяпер маймі скарбамі – думы-саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.
 
1919
 
 
 
 
IV
Яна і я
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Пахаваньне
Пахаваў я сярод злому
      Ў пушчы песьню аб шчасьці –
Так глыбока, скуль нікому
      I ніколі ня ўкрасьці.
 
А каб хто аб гэтай справе
      Не сказаў дрэнным сказам, –
Хаўтуры-памінкі справіў
      З пушчай, з ночкаю разам.
 
Быў і вецер на магіле
      На абрадку бядачым,
I русалкі не забылі –
      Шчырым плакалі плачам.
 
А цяпер адно паставіць
      Толькі памятку важну,
Каб нябожчыцу праславіць,
      Каб праславіць, як княжну.
 
Хай прыходзіць ка мне тая
      Чараўніца-дзяўчына,
Празь якую так спраўляў я
      Гэты сховы-ўспаміны,
 
I з грудзей маіх гарачых
      Няхай выдзярэ сэрца,
Ды на трох нажах стаячых
      Хай нясе і сьмяецца.
 
Як паложыць на магіле,
      Дзе аб шчасьці сьпіць песьня,
Само сэрца ў той жа хвілі
      Загарыцца, ускрэсьне.
 
І гарэці вечна будзе
      На тым схове-пасадзе,
I дадуцца дзіву людзі,
      Як кахаў я папраўдзе!
 
1915
 
 
 
 
Быў гэта сон...
Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маей,
Што сярод бледных будных дзён
Я сьвята меў, глядзеў сьвятлей.
 
Быў гэта толькі сумны сон,
Што у вачох яе скрозь сьмех
Чытаў сьвяты сабе закон
Каханьня шчырага і ўцех.
 
Быў гэта толькі сумны сон,
Што вось інакшая яна
I пойме болю майго стогн,
Зірне ў душу маю да дна.
 
Быў гэта толькі сумны сон,
Што разьвяду я зь ёй бяду,
Што пад яе напеваў звон
Лягчэй к магіле дабрыду.
 
Ўсё для мяне быў гэта сон;
Хтось іншы яву меў ў жыцьці, –
Ён ёй і мне стварыў прыгон,
А сам сышоў, каб... не прыйсьці!
 
1915
 
 
 
 
Ўспомні!..

Ул. Станкевічанцы

 
Ўспомні, як згубіш крыльлі арліны,
Што моц у высях даюць лунаць,
I сіл ня хопіць табе, дзяўчына,
Сьвет і самую сябе змагаць!
 
Ўспомні, як сетку з пут павуціных
Мачыха-доля спляце у жыцьці, –
Як на расстайных станеш пуцінах
I не згадаеш, кудой пайсьці!
 
Ўспомні, як згубіш ворага й друга, –
Жыць пачнеш ценем з-пад курганоў
Бязь веры ў шчасьце, бязь верных слугаў –
Думак дзявочых, дзіцячых сноў!
 
Ўспомні, як ночка ляжа навокал,
Вецер засьвішча ў хаўтурны тон,
А сэрца дрогне, бы ў клетцы сокал,
I ў душы ўскрэсьне здань быўшых дзён!
 
Ўспомні, ня ў хвілю радасьці дзіўнай, -
Зь іншым разьдзеліш радасьць сваю, -
I не мяне ты ўспомні, дзяўчына, -
Ўспомні, от... гэту думку маю!
 
1914
 
 
 
 
*  *  *

Ул. Станкевічанцы

 
Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея,
Вольная птушка сумнай зямліцы!
Сееш ты сьлёзы, думак уроду,
Сьлёзы-брыльянты яснай крыніцы.
 
Буйнай расіцай сыплюцца, льюцца,
Ніву багацяць... а што за жніва?!
Крыўда іх топча, гора марозіць,
Ведзьма-насьмешка п\'е іх лапчыва.
 
Суд негадзівы жаласьць-гадзюка
Судзіць над шчырай сьлёзаў малітвай, –
Розум бязбожны над сэрцам сьлёзаў
Поўніць чын ката точанай брытвай.
 
Зорка, што бітвы й згоды варожыць
Зь неба нямога гэтаму сьвету,
Толькі яна йшчэ іх не пакрыўдзіць,
Сьлёзы атуліць у промень прывету.
 
Ды што планеты гэтай аковы
Скінуў і воляй вечнай маяча,
Дух такі вольны вольнага духа
Пойме і так жа ўкрадкам заплача.
 
1914
 
 
 
 
Не судзіла доля
Не судзіла ты мне, доля,
Быці рэчкай сярод скалаў,
У якой яна бы вочкі
На паранку умывала.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Быці сонцам над крыніцай,
У якім яна б сушыла
Ад сьлёз беленькае ліца.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Быці ветрам з-пад нябёсаў,
Аб які яна б часала,
Заплятала свае косы.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Быці птушкай у садочку,
Да якой яна б паслухаць
Песьню выйшла зь церамочку.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Хоць далёкай зоркай быці,
На яку яна б зірнула
Мо' хоць раз, хоць раз у жыцьці.
 
1915
 
 
 
 
А яна...
Гэткім шчырым каханьнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, –
Як і сонца ня туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!
 
Так пясьціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, –
Як і маці ня песьціць дзіцё – як спаўе,
Як і вогнішча зьзябнутых грэці ня будзе!
 
Столькі песень над песьнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, –
Як і бор гэтак зь ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
 
Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
I такую ўзлажыў ёй з каханьня карону, –
Як і неба зь зямлёю, на Божы загад,
Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!
 
Так уславіў яе ў славу сонца і зор,
Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў, –
Як і мудрасьць ня ўславіць ўсясьвету прастор,
Як і каня ня моліцца ўлетку да росаў!
 
Утварыў зь яе шчасьце з-над шчасьцяў сваё –
Чарадзейную княжну з аповесьці дзіўнай,
I пад ногі ёй кінуў жыцьцё сваё ўсё...
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..
 
1915
 
 
 
 
Ночцы
К табе, мая ночанька цёмная,
І к вам, мае зоранькі-кветкі,
З паклонам іду, непрытомны я,
I клічу вас, клічу за сьведкі.
 
Пасьведчыце, як мне тут маецца
У маёй адзіноце, нядолі,
Як сэрца ў грудзях разрываецца,
Як плача душа без патолі.
 
Пасьведчыце там перад мілаю,
Як тутка па ёй я журбую...
Мо' хоць над маёю магілаю
Я водклік ад мілай пачую.
 
К табе ж, брат мой, вецер, зьвяртаюся
З закляцьцем-прысягай такою:
На сьмерць і жыцьцё прысягаюся,
На шчасьце сваё маладое:
 
Мілей мне яна і ад сонейка,
Мілей ад маіх сноў дзяціных,
Ад красак квяцістага гонейка,
Ад песень вясной салаўіных.
 
Вось гэты заклён з загаворамі,
Ты, ветру, мой шчыры дружача,
Дамчы к маёй мілай за горамі
I кінь ёй пад ногі – хай бача!..
 
1915
 
 
 
 
Не глядзі...
Не глядзі на мяне, не глядзі, адыйдзі,
Не чаруй так сабой і на яве, і ў сьне!
Ты сьмяешся зь мяне... Дык ідзі ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!
 
Погляд вочай тваіх душу змучыў маю, –
Празь яго я сябе не змагу аніяк:
То я рвуся к табе, то, як слуп той, стаю,
То жалею цябе, то кляну горка так.
 
Ты ж ня любіш мяне, ты шукаеш другіх,
Туды пнешся, дзе звоняць дукаты, рублі!..
А што я табе дам? я ж бядней ад усіх,
У бадзяньні цяжкім жывучы на зямлі.
 
Бедзен я, дык чым я за цябе заплачу?
Знаю – мала табе душы, сэрца майго:
Ты за грошы сябе прадасі панічу, –
Будзеш блізкай яму, будзеш жонкай яго.
 
Будзеш паняй ты жыць: смачна есьць, доўга спаць,
Шапкі будзе зьнімаць прад табою народ,
А я буду цярпець і свой дзень праклінаць,
Праклінаць і цябе, і твой гэты паглёд.
 
Дык ідзі, не глядзі! Я баюся цябе;
Не мая ты цяпер і ня будзеш маей.
Дык ідзі, бо загубіш мяне і сябе,
Бо кіпіць мая кроў, сэрца рвецца з грудзей!
 
1906
 
 
 
 
У зялёным садочку
Ой, ня раз удваёчку
Пад шырокай вярбой,
У зялёным садочку,
Мы сядзелі з табой.
 
Друг на дружку глядзелі
Па днях цэлых, даўгіх,
Салаўі песьні пелі,
А мы слухалі іх.
 
Вецер шумны у поле
Песьні гэтыя нёс,
Нёс у поле, дзе воля,
Дзе няма гора, сьлёз.
 
I з табой мы кляліся
Дружку друг век любіць,
Хоць бы людзі ўзяліся
Нашу любасьць згубіць.
 
Ой, так думкі снавалі
Залацістыя мы,
Покуль нам не сагналі
Беды гэтыя сны.
 
Цябе выгнала з хаты
Ведзьма-мачыха вон;
Мяне ўзялі ў салдаты,
У чужацкі палон.
 
Так навек адляцела
Любата ў неспадзеў, –
Ты мяне больш ня стрэла,
Я цябе больш ня стрэў.
 
1905
 
 
 
 
V
Магіла льва
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Бандароўна
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Зімою
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Страшны вір
Ёсьць мейсца, дзе ў поўнач над рэчкай
Пакуль йшчэ пявун не пяе,
Выходзе здань дзіўная зь віру
I творыць варожбы свае.
 
Таемныя знакі рукамі
На ўсход і на захад кладзе,
Як быццам каго заклінае
Ці песьню на мігі вядзе.
 
Сьцюдзёная льецца вадзіца
Па целе з распушчаных кос,
А вочы блішчаць, як дзьве зоры,
А вочы глядзяць да нябёс.
 
I рыцар у тую часіну
На белым вагністым кані
Над вірам зьяўляецца зьнекуль
Ці проста выходзіць зь зямлі.
 
З каня свайго злазіць і к здані
Падходзіць, галубіць яе,
У мокрыя косы цалуе,
Яна ж толькі нема пяе.
 
Хто ў час той заблудзіць тудою, –
Спужаецца сам, задрыжыць,
I здань ад яго уцякае,
У віравы сховы бяжыць.
 
А рыцар маланкай садзіцца
На быстрага свога каня
I нікне у цемры паўночнай,
А зь ім – і трывога уся.
 
Шмат чутак аб віры і зданьнях
Чуваць у народзе здаўна;
Што праўда, няпраўда – ня знаю...
Мне ўспомнілась чутка адна.
 
Былі сабе ў бацькі тры дочкі,
Як кветкі, прыгожы былі,
А меншая ўсіх прыгажэйша,
Другой не знайсьці на зямлі.
 
Жылі і нядолі ня зналі –
Свабодна, як рыбкі ў вадзе,
А толькі малодшай паціху
Зайздросьцілі старшыя дзьве.
 
Раз неяк тудою князь ехаў,
Што бітвамі славу прыдбаў;
Заехаў да іх на папаску,
Заехаў – і іх спадабаў.
 
Адну з трох за жонку ўзяць хоча,
Катору – ня знае і сам,
I князя яны спадабалі...
Ручыць, як то кажуць, князям.
 
Вось ён ім і кажа загадку,
Работу такую дае:
Вазьму я з вас тую за жонку,
Каторая лепей сьпяе.
 
Запелі дзьве старшыя князю,
Запелі, як той салавей;
Запела малодшая князю,
Запела ад тых прыгажэй.
 
I меншую выбраў за жонку,
Чакаці ёй кажа сватоў;
Сам ладзіцца едзе к вясельлю,
Склікаці гасьцей і дружкоў.
 
А старшыя думаюць сёстры,
Як зьвесьці малодшу сястру, –
Атрутай няшчасную пояць
I кідаюць цела ў віру.
 
Як страшнае скончылі дзела,
Напаў і на іх саміх страх:
Адна паляцела на захад,
Другая на ўсход знайшла шлях.
 
Князь едзе з дружынай у сваты
І з скарбамі княства свайго...
Находзіць маркотнага бацьку, –
Дачок не знаходзіць яго.
 
Дружыну сваю князь кідае,
Пушчаецца ў сьвет сам адзін
Шукаці сваёй наймілейшай,
Шукаць да апошніх часін.
 
За годамі годы плятуцца...
Што далей, ня знаю, было,
Адну толькі чутку аб віры
Сказаць вам на памяць прыйшло.
 
1914
 
 
 
 
Казка аб песьні
Даўно ўжо, даўно з тэй пары адбылой
          Сталецьцяў мінула нямала, –
Між небам блакітным і чорнай зямлёй
          Сьвятляная думка лунала.
 
Яна аглядала бязьмежны прастор,
          І пасынкаў бачыла долі,
Што рукі зь зямлі працягалі да зор
          І ў цемры каналі паволі.
 
Быў жыць адзінока надзел бедакоў,
          Нішто іх з сабой не лучыла –
Ні крыльлі свабоды, ні скруты акоў...
          Адна толькі маці-магіла.
 
Ня ўмелі змагаць грамадою нягод
          І Бога хваліць грамадою;
Па шчасьці нязьведаным грэшны народ,
          Як каня, ўздыхаў, за вадою.
 
I шкода зрабілася думцы людзей,
          Што чахлі, як чэрві у плесьні, –
I з высі зышла к ім, як дух-яснавей,
          І вольнай зьмянілася песьняй.
 
У тысячы сьветачаў, сонц залатых
          Яна разьлілася між імі,
Разьвеяла цемры, ўзьлячыла сьляпых,
          Сваё, іх праславіла імя.
 
Пры песельным звоне народ акрылеў,
          Зарухаўся шчасьцем, свабодай,
У бітвах верх браў і свой боль адалеў,
          Ня страх быў змагацца з прыродай.
 
I многа лет цешыўся, ў радасьці цьвіў
          І ў долі, і ў волі бязь меры,
Аж покуль ён песьні сваёй не ўгнявіў
          І сьветлай ня здрадзіў ёй веры.
 
За ласыя словы, за золата звон
          Чужацкай шукаць стаў апекі;
Чужынцы запрэглі народ у прыгон,
          А песьню аддалі на зьдзекі.
 
Як славай празь песьню палаць стаў, так згас, –
          Хілеці ізноў стаў памалу;
Папробуе песьню – йшчэ звоніць падчас,
          Толькі ня так, як бывала.
 
Гібелі зноў людзі у сьпеку, ў мароз
          І долі і волі збыліся,
I страшная кара пасьцігла іх лёс:
          Народ сваёй песьні забыўся.
 
Мінае сталецьце, другое ідзе,
          Ня песьняй, а путамі звоне,
I вечную гібель народу вядзе,
          Народ жа ўсё стогне і стогне.
 
Зь лет бегам патомкі, пасьля доўгіх бед,
          Аднекуль зноў песьню дасталі, -
I думалі зь ёй, як калісь, дзівіць сьвет,
          Палаць зноў у даўнешняй хвале.
 
А толькі іх душ ажывіць не магла
          І к шчасьцю масьціці гасьцінец...
Бо думка, бо песьня... чужая была...
          Зь ярмом даў і песьню чужынец!
 
[1913]
 
 
 
 
«Братка і Сястрыца»
З народнага
Ой, у лузе у зялёным,
      Каля быстрай рэчкі,
Маладзенькая дзяўчына
      Пасьціла авечкі.
 
Залатое сонца зь неба
      Грэла, спаць гарнула,
Аж пастушка у цянёчку
      Лягла і заснула.
 
Па гасьцінцы жаўнеранька
      Зьнекуль заблудзіўся,
Ён к дзяўчыне маладзенькай
      Зь сядла нахіліўся:
 
«Ўстань, галубка, маё сэрца,
      Годзе спачываці,
Кладзі ножкі у страмёна,
      Будзем вандраваці!»
 
Уставала маладзенька,
      Ножкі ў стрэмя клала
I з малойчыкам удалым
      У сьвет вандравала.
 
Едуць поле і другое,
      Ўзьехалі на трэцьце,
Пад дубочкам пад махнатым
      Селі пасядзеці.
 
Прытуліўся жаўнеранька
      Да грудзей дзявочых,
Абдымае і цалуе
      Губанькі і вочы.
 
Гэтак песьцячы галубку,
      Стаў яе пытаці:
«Скуль, дзяўчынка, будзеш родам,
      Хто твой бацька, маці?»
 
А яна яму гаворыць,
      Пахіліўшысь нізка:
«Старшыні я дочка буду
      З гэтай вёскі блізкай».
 
Спахмурнелі ясны вочы
      Ў хлопца маладога;
Ён адказу ад дзяўчыны
      Не чакаў такога.
 
«І я, – кажа жаўнеранька
      Да таей дзяўчыны, –
З той жа самай вёскі родам,
      Сын таго старшыні!»
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Зацямнілі хмары неба
      Чорнымі крыламі,
Пачалася шура-бура
      З громам, зь перунамі.
 
I ударыў перуночак
      У два сэрцы тыя,
Што пасьмелі снаваць грэшна
      Думкі маладыя.
 
Пад тым дубам іх абое
      Пахавалі людзі,
Насып сыпалі жвіровы
      На вочкі і грудзі.
 
На тым насьпе ўзышлі кветкі,
      Як вясной сьнег стаяў, –
Адна жоўценькая кветка,
      Сіняя – другая.
 
Хто ў магілцы сьпіць, усьпелі
      Людзі ўжо забыцца, –
Тыя ж кветкі ахрысьцілі:
      «Браткай і Сястрыцай».
 
1913
 
 
 
 
Песьня
З народных матываў
Ах, адкуль жа гэта вестка,
Што удовіна нявестка
Мужа роднага зраклася
I чужому прадалася,
      Як пайшоў муж на вайну
      У чужадальню старану?
 
Спадабала маладога,
Як яшчэ ў жыцьці нікога, –
У садочак зь ім хадзіла,
Зоркі ясныя сачыла.
      Не знаходзіла аднэй,
      Што сьвяціці мела ей.
 
А удоўка сыну піша,
Што нявестка ўжо калыша
У калысачцы малое
Не яго, але чужое...
      Прыязджай хутчэй, сынок
      Бяры жонку пад замок!..
 
Не бядуй, удоўка-маці, –
Ўсёй бяды не зьбедаваці –
З чужадальняе старонкі
Сын твой вернецца да жонкі,
      Будзе суд над ёй судзіць,
      Як з другімі ў сад хадзіць.
 
Стаў пісьмо сынок чытаці,
Што пісала ўдоўка-маці;
Каня быстрага сядлае
I дахаты пасьпяшае,
      Дзе яго чакае ўжо
      Маці, жонка і дзіцё.
 
Як прыехаў ён дадому,
Ня йшоў кланяцца нікому,
Толькі жонку сваю ўбачыў,
Як над дзіцем горка плача, –
      Даставаў ён востры меч,
      Галаву зьнімаў ёй з плеч.
 
З маткай роднаю страчаўся,
Не вітаўся, не прашчаўся,
Не маліўся Спасу-Богу,
Зноў каня сядлаў ў дарогу, –
      Зь ветрам буйным ехаў жыць,
      Галаву навек злажыць.
 
1913
 
 
 
 
Адступнік
Дажывае стара маці
Сірацінаю у хаце,
Ў соннай волі, ў чорнай долі,
Як та груша сярод поля,
 
Мела сына, але сыну
Захацелася ў чужыну:
Ён пайшоў шукаць там шчасьця
Або згінуць, запрапасьці.
 
Мела дочак, але дочкі
Пабрылі таксама ўпрочкі:
Тая замуж, тая ў службу
На нядолю, на нядружбу
 
Дажывае веку маці, –
Ужо ня можа з ложка ўстаці,
Кліча дочак, кліча сына, –
Але пуста ўсё хаціна.
 
Сабраліся добры людзі,
Гаманілі: што то будзе?
Са старою мала ладу –
Трэба даць якую раду.
 
I да сына лісты пішуць:
– Прыязджай, бо ўжо чуць дышыць
Маці стара і маячыць:
Цябе хоча ўсё пабачыць.
 
Сын варочаўся з чужыны
Да матулі, да хаціны
Ня то князем, ня то панам,
Ня то трэзвым, ня то п'яным.
 
Падышоў да ложка бліжай:
Маці сьпіць, як зьнята з крыжа;
Пахіліўся над ёй нізка,
Як яна здаўн над калыскай.
 
I старую разбуджае,
Нейкім словам пацяшае, –
Штось гаворыць і гаворыць, –
Тая слухае, як зморы.
 
Прыглядаецца матуля,
Што зрабілася з сынуляй;
Ён ці не – стаіць у хаце,
Усё сіліцца згадаці.
 
I згадала, ой, згадала!
Енкнуць голасу сабрала,
Бы та каня над крыніцай:
– Чужаніца, чужаніца!
 
Легла маці ў дамавіну;
Сын зноў ехаў у чужыну,
А за ім шумелі людзі:
Што то далей зь яго будзе?
 
1914
 
 
 
 
Рунь
Абходзіў зважна гаспадар
Свае абсеяныя межы,
Глядзеў, ці добра Божы дар
На сьвет зірнуў зь зямелькі сьвежай.
 
На небе воблачная сінь
Лягла пасьцілкаю махнатай,
А на зямлі, дзе вокам кінь,
Цьвіце, рунее рунь багата.
 
Над ёй круг сонца залаты
Плыўнём плыве, палае, йскрыцца,
За ёй, трывожачы кусты,
Бурліць, плюскочыцца крыніца.
 
На ўзьмежку, збыўшыся кары,
Тырчыць ігруша, як сухотнік,
Над грушай ястраб угары
Цікуе кінуты заплотнік.
 
Як вучыць нас варожбаў лунь,
Як варажыў і летась гэтак, –
Лёг гаспадар плашмя на рунь,
Стаў слухаць сёлета палетак.
 
Абняўшы рунь, ляжыць, як сноп,
Жывых і мёртвых вызваў ў сьведкі,
Прысьмерціў сэрца, зморшчыў лоб...
I чуе руні шопат гэткі:
 
«Забіў ты бацьку, каб на рот
Адзін паменшала у хаце, –
Прыйшоў твой сёлета чарод,
Жніва табе не дачакаці!»
 
Ўстаў гаспадар! Як дурнап'ян,
Сказ руні раны разварушыў...
Ён, зьняўшы пояс-саматкан,
Павіс над руняю на йгрушы.
 
1918
 
 
 
 
Забытая карчма
Павыбіты вокны, сарвана страха,
            Паўлазілі  ў гліну вуглы,
Абдымлены комін тырчыць, як вяха,
            Як здань, вызірае зь імглы.
 
Стаіць, як абскубаны зьверам шкілет,
            Забытая сьветам карчма,
Начніцы пяюць ёй магільны прывет,
            Галубіць пракляцьцямі цьма.
 
Разьбітая напал калісь перуном,
            Асіна ўздыхае над ёй,
Калыша, матае кастыльным гальлём,
            Шыпіць, уздыхае зьмяёй.
 
Як вісельнік, зьвісла галіна адна,
            Бы цэпам, калоціць камель,
I сьведчыць, што некалі, вельмі здаўна,
            На гэтай галіне...
                                                  Як шмель,
 
Шумела, гудзела карчма усю ноч,
            Музыка рваў струны і смык;
Бяда і нуда адыходзілі проч, –
            Рашаў гаспадарку мужык.
 
Вось поўнач... Звон чарак... Сьмех, крыкі, кляцьба...
            Ня сьцяміш, дзе свой, дзе чужы..
Гахх!.. цьвякнуў тапор... Міг, зьнямела гульба...
            Ляжыць труп, як крыж на мяжы...
 
– Мярцьвяк!! – загудзеў разбуялы народ
            I рынуў зь сьвятліцы пад тын...
– Дзе убіўца?.. На горкай асіне, бы кнот,
            Хістаўся нябожчыкаў сын...
 
Мінула гулянка... Замёрла жыцьцё...
            Канае карчма у журбе;
Навокала блудзіць зданьнё, страхацьцё,
            Па шчылінах вецер скрабе.
 
І толькі у поўнач адзін раз у год
            Карчма ажывае на міг:
Музыка іграе, гамоніць народ,
            Кружыць за кяліхам кяліх.
 
I ў саму гульню, наганяючы жах,
            Зьяўляюцца госьці туды:
Стары – з тапаром у кастлявых грудзях,
            На шыі зь пятлёй – малады...
 
1918
 
 
 
 
Забытая карчма
Ля дарогі, ля далёкай,
      Каля крыжавой,
Сьпіць карчма там адзінока
      З злупленай страхой.
 
Пахілілась на старонку,
      Прылягла к зямлі;
Невясёлыя карчомку
      Думы прыгнялі.
 
Аб мінуўшай славе, дзівах –
      Як была п’яна, –
Аб дзяньках былых шчасьлівых
      Думае яна.
 
Як ня думаць пра былое,
      Поўнае прыкрас!
Перайшло, і ўжо ня тое,
      Ўжо ня той, ох, час!
 
Калісь гоманам шумела,
      Людна ў ёй было,
Падарожных многа мела, –
      Ўсё ня раз сяло.
 
I жылося, і вялося,
      Гэй, інакш карчме! –
Рэха рогату няслося
      Улетку і ўзіме.
 
Адбывалісь вечарынкі
      I вясельлі ўраз,
Захапляючы дзянінкі
      Ў ночны добры час.
 
Рэжа музыка званліва,
      Топат ног такі!
Разгуляліся надзіва
      Дзеўкі, дзецюкі.
 
Кругам старшыя пры чарцы
      Селі, люлькі цьмюць,
Аб пагодзе, гаспадарцы
      Гутаркі вядуць.
 
А гарэлка рэчкай льецца,
      Бегае шынкар,
Песьня ўдалая нясецца,
      З твару сыпле жар.
 
Ой, дзянёк так кожны праве
      У карчме шум, крык...
Шчэ зла доля пазабаве!
      Час вясёлы зьнік.
 
Усё прапала, згібла недзе,
      Як сон, як туман;
У карчму ўжо не заедзе
      Ні мужык, ні пан.
 
У стадоле ня ржуць коні,
      Коз ня бэчыць зброд,
Не гамоніць пры шынкоўні
      Выпіўшы народ.
 
Косьці парыць у магіле
      Ўжо шынкар даўно,
Аб нячыстай людзі сіле
      Баюць на адно.
 
Кажуць: поўнач як настане
      І сяло засьне, –
Адбываецца гуляньне,
      Як здаўна ў карчме.
 
Чэрці, ведзьмы, ваўкалакі
      Сходзяцца гуляць;
На стол зьявяцца прысмакі,
      Музыка чуваць.
 
Бліск сьвятла заблісьне яркі,
      Пойдзе ходам клум,
Звоняць міскі, пляшкі, чаркі...
      П’янства, скокі, шум.
 
Жэняць ведзьму з ваўкалакам,
      Сватае шынкар,
Попам – рабін, ведзьма – дзякам,
      А чорт – гаспадар.
 
Так гуляюць, покуль недзе
      Ня кігне пятух...
Гіне ўсё, і па бяседзе
      Пуста, сумна ўкруг.
 
Цень са сьцен плыве пануры,
      Як зь якой турмы,
Кот зьдзічэлы ловіць шчуры
      У сянях карчмы.
 
Крыльлі ў цемнаце лапочуць
      Кажаноў, начніц;
Віхры ў коміне хіхочуць –
      Жудка без граніц.
 
Жах карчма ўвесь чуе гэты
      І думу снуе
Пра мінуўшыя дні, леты
      Лепшыя свае.
 
1907
 
 
 
 
Буслы
Падчысьціла Ўзьвіжаньне ўсю зямлю шчыра,
            Ліст зводзе хмызьняк заскаруслы...
Зьлятаюцца буслы к адлёту у вырай,
            На сходку сыходзяцца буслы.
 
Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган,
            За прасла пашчэпліваў прасла, –
За выганам буслы рашаюць суд мігам,
            Пакуль дню лучына ня згасла.
 
Хто Млечны Шлях ноччу дагледзіць ня зблудзе,
            Хто мора адмерыць крыламі, –
Той вылеціць толькі ў далёкія людзі,
            Той вылеціць ў вырай з бусламі.
 
Клякочуць, хлапочуць. I крыльлі, і скабы
            Сусед аглядае суседа,
Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы,
            Хто болей, хто меней сьвет зьведаў.
 
Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду,
            К канцу прыбліжаецца сходка,
Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і складу,
            Сьціхае гамонка-клякотка.
 
Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крыльлі...
            Бач, бусел адзін стаіць хмуры, –
Яго аднаго усе неяк забылі,
            Адзін ён ня зьмесьціўся ў шнуры.
 
Стаіць і чакае сабе прыгавору, –
            Знаў – буслава сходка ня сьмешкі...
Ой, болей яму не пабачыці мора,
            Ня бачыці выраю сьцежкі!
 
Ізноў ўсклекаталі крылатыя сябры:
            – Ён слабы, ня наскага міру!
Хай гіне, хто слабы, згнілі ў каго жабры!
            Сьмерць буслу, няздатнаму ў вырай!
 
Сьмерць! сьмерць!.. Задымела пуховае пер'е,
            З-пад сэрца кроў хлынула стужкай...
I, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязьмер'е,
            Ўзьняліся за дружкаю дружка.
 
Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым,
            Плыў з клекатам далей і далей,
Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых,
            Спавіўся ў туманныя хвалі.
 
А там, а за выганам сьцелецца поле,
            На полі рассыпаны косьці;
Над косьцямі вецер гуляе, скаголе,
            Груган залятае у госьці.
 
А там, ля касьцей залаціцца пярсьцёнак,
            А надпіс чужой на ім мовай:
«Як вернецца бусел зь нязнаных старонак –
            Ка мне мілы вернецца ўзнова...»
 
1918
 
 
 
 
Першы сьнег
Халоднай пабелай магільна залёг
На зжатае поле, на скошаны лог.
 
Лёг пухам на лесе, на жоўтых лісьцях,
Абсеяў, абсыпаў прысады і шлях.
 
Так высыпаў зьзябна, бязрадасна сьнег
У першы папас свой, у першы начлег.
 
Ад стада адбіўшыся, птушка адна
Квіліць і квіліць сярод бела радна.
 
На небе на сьнежным ні сонца, ні зор,
На гонях на сьнежных ні груд, ні разор.
 
Абсьнежаны сьвет без канца, без граніц,
Душа ажно тлее, як сьвечка з грамніц.
 
На хаце, за хатай махнаціцца бель,
На белі за тынам, як нітка з кудзель,
 
Чырвоная стужка скрозь бель зіхаціць,
I ў сажалцы тубіць свой сьлед гэта ніць.
 
Ад раньня скараньнем бурліць варажба:
Што значыць такі сьлед, такая хадзьба?
 
Хто сьмеў першы сьнег асьвянціці крывёй?
Крывавай ён веры – чужы ён ці свой!
 
Дагадка шыбае ў лядзянай імгле,
Паўзе і прысуд-перасуд па сяле.
 
Па полі па бледным снуе бледны цень,
А птушка квіліць і квіліць цэлы дзень...
 
У гэты сьнег першы брат брата засек
I ў сажалку трупа валок церазь сьнег.
 
1918
 
 
 
 
VI
Разлад
Куды ні глянеш – людзі, людзі,
Куды ні глянеш – шэльмы, шэльмы,
Куды ні глянеш – б’юцца ў грудзі,
Што значыць: правільныя вельмі.
 
Адзін накраў – багацьце ўмножыў,
Другі згалеў, галей сабакі...
Бяду нажыці ўсякі можа,
Бяды пазбыціся – ня ўсякі.
 
Аслу з напоўненай машною
Леў акаваны лапы ліжа...
Рака затоўчана крывёю,
Ўдава заводзіць каля крыжа.
 
Дабро і зло – ў аднолькай мерцы;
Сьвіньня сьвятыя думы блоце,
Вужакі сыкаюць на сэрцы,
Душа валяецца ў балоце.
 
Крутым хвастом на ўсе староны,
Як сучка, доля меле, дзеле:
Адным спраўляе пахароны,
Другіх склікае на вясельле.
 
Няпраўда праўду акялзала
I едзе людскасьці па сьпіне,
А чалавек – ком гною, сала –
Быдлём, сьляпнём жыве і гіне.
 
Адзін чорт весел, зубы скаліць,
Загаціў некла да варотаў;
Рад шэльма: польку зь ведзьмай валіць...
Такі разлад – яго работа!
 
1907
 
 
 
 
Паэзія
Праўду зь няпраўдай,
Цноту з гарэзіяй
Вымешай спрытам, –
Будзе паэзія.
 
Лета, ноч, месяц,
Клёнік, чарэсьня,
Хлопец, дзяўчына, –
Вось вам і песьня.
 
Шэпты, прысяга,
Вечная згода,
Вечная любасьць, –
Вось вам і ода.
 
Пуня, дзяўчына,
Сена-прынада,
Хлопец пад пуняй, –
Вось сэрэнада.
 
Пуня падперта...
Голас: сусед я!
Бацька з дубінай, –
Вось вам камед’я.
 
Зімка. Зьнік хлопец,
Дзеўка ўжо «мамай»,
Сьлёзы... Палонка, –
Вось вам і драма.
 
Сьвет, людзі-шэльмы
Крадудь, лгуць шчыра,
Чэсны паэта, –
Вось вам сатыра.
 
Двор, хорам панскі;
Рада-парада, –
Добрасьць, пачцівасьць, –
Вось вам балада.
 
Сьвіньні, падпасьвіч,
Лапаць, парцянка,
Непагадзь, золка, –
Вось і сялянка.
 
Добры пан, пані;
Корміць іх ласка
Бедных, галодных, –
Вось вам і казка.
 
Пан, хам і поле,
Праца, нястатак...
Тры аплявухі, –
Вось і канчатак.
 
1906
 
 
 
 
Праступнік
Судзіце мяне ў ссылку,
Закуйце ў ланцугі, –
Праступнік я вялікі,
Папоўніў я грахі.
 
На хату сухастойку
У панскай пушчы сьсек,
На дзірванок на дворны
Я езьдзіў на начлег.
 
У воласьць не аддаў я
Падаткаў у пару,
Схадзіць раз на абедню
Я не пасьпеў ў царкву.
 
Раз перад земскім шапкі,
Здурэў, забыўся зьняць,
Урадніку, падпіўшы,
Хацеў касьцей намяць.
 
Чытаць люблю я кніжкі,
Газэтку раз знайшлі,
Крычаў з другімі з гора:
Свабоды і зямлі!
 
Я грэшнік, я праступнік,
Мой Божа дарагі!
Судзіце мяне ў ссылку,
Закуйце ў ланцугі!
 
1907
 
 
 
 
Песьня
Гнаны Янка доляй,
Змушаны патрэбай
Цягне ў места дровы,
Каб купіці хлеба.
 
А дзе кісьне пуня
Панская старая,
Прэцца Янукова
Жонка маладая.
 
П’е мужык на рынку
Барышы за дровы,
А паніч гуляе
З жонкай мужыковай.
 
Накупіў за дровы
Янка хлеба, солі
І вясло баранкаў
Для сваёй Антолі.
 
I гасьцінцам дома
Жонку ён частуе,
Паніча з палаца
У руку цалуе.
 
[1922]
 
 
 
 
Янка Канцавы
Янка Канцавы –
Гаспадар ня злом,
Гэткай галавы
Пашукаць з вагнём.
 
Што ні зробіць ён –
На дзівы усім:
Дзівіцца Лявон,
Дзівіцца Яўхім.
 
Сонца на паўдня –
Ён тады ўстае,
Рухне, як сьвіньня,
Сядзе – пазяе.
 
Змыўся, рукавом
Выцер нос і, вот,
Бульбай з праснаком
Надзяе жывот.
 
Сяк ды так пад’еў,
Вылез з-за стала,
Вопратку ўзьдзеў,
Шапку зьняў з кала;
 
Падышоў к вадзе –
Хочацца, знаць, піць –
І к рабоце йдзе,
Чуць нагой вурзіць.
 
«Сьлепака» запрог
У саху з дугой, –
Пугай шлёг ды шлёг, –
Ну, ваўкі з табой!
 
Як шнур запахаў
Гэты наш Янук, –
Ня знаць, ці араў,
Ці парыў парсюк.
 
Вытухшых зярнят
Па ральлі патрос;
Будзе збожжа шмат –
Мо і больш за воз.
 
Ну, во ўжо і час
Выбрысьці з касой, –
Хто ж ахвоцен з нас
Уставаць з зарой?
 
Янка ж – маладзец!
Рана рад устаць.
Каб – пусты канец!
Не цягнула спаць.
 
Як там ні было –
Неяк пакасіў;
Жніва навярзло –
Зжаў і павазіў.
 
Янка сяк, то так
Лета прамадзеў,
Стаўжыць не ’бы як, –
Стаў есьць больш, як еў.
 
Хутка, да Пакроў,
Збожжа змалаціў,
Але чорт падвёў –
Чыншу не плаціў.
 
Стараста, як кнут,
Хоць як ні прасі, –
Штодня тут і тут:
Чынш плаці, нясі.
 
Магазыньнік, той –
Ані адагнаць:
– Ссып мне, што вясной
Браў шнур засяваць.
 
Янка рад, ня рад,
Адыхнуць ані,
Быццам той скурат, –
Круціцца ў вагні.
 
Толькі ўсё яму
Гора як ні ў чом:
Прэцца у карчму
З поўненькім мяшком.
 
Еўна – хітры жыд,
Шмат жыў на вяку...
Цэлы рай адкрыт
Янку-бедаку.
 
Шумна ў карчме,
Янка водзе рэй, –
Гэтым рукі жме,
Тым піць лье скарэй.
 
Тыча пад бакі
Сойкі для другіх;
Весялы такі,
Абдымае ўсіх.
 
Лоўка падгуляў,
Выбрыў за карчму;
Гразі і канаў
Ўжо няма яму.
 
Мчыцца, быццам пан,
Колы трах-тарах!
У вачох туман,
Немач у нагах.
 
Прыляцеў на двор,
Зьлез, у хату йдзе,
Дзьверы ўжо адпёр,
Песьню ўжо вядзе,
 
Песьню-крык гу-га!
Увайшоў, глядзіць,
Аж тут качарга,
Як зь нябёс, ляціць.
 
Ня ўсьпеў што сказаць, –
Трудна, – хлоп ды хлоп!
Ой, шалёны, знаць,
Хрысьціць бабаў поп!
 
Неяк жонку змог,
Выгнаў дзеці вон,
Спаць на печы лёг...
Май жа райскі сон.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Дзівіцца ўвесь сьвет,
Што так гол Янук,
Дзіваваўся дзед,
Дасца дзіву ўнук.
 
1906
 
 
 
 
Тутэйшы
На чужы розум я ня ўмею браць,
Па-свойму я мяркую аб усім;
Трапляю дровы сеч, касіць, араць
І сеяць – штось сабе, а штось другім.
 
Я не чыноўнік і ня граф, ня князь,
Таксама – я ня турак і ня грэк,
I нават не паляк і не маскаль,
А проста я тутэйшы чалавек!
 
*

Ў сьвятую веру моц, здароў ці квол,
Набожна ў цэркаў і ў касьцёл хаджу,
Хаця ў царкве крычаць: ня йдзі ў касьцёл,
А у касьцёле – не хадзі ў царкву.
 
Калі ж каго бы стрэліла спытаць:
Якой ты веры? ужо ж бы так адсек:
Тутэйшай веры я, каб не салгаць,
Бо я і сам тутэйшы чалавек!
 
*

Мяне Бог не пакрыўдзіў языком
(У жонкі ж меле ён, як калаўрот),
Мне з прадзедаў застаўся ён з жыцьцём,
Зь ім ведае мяне чужы народ.
 
А вось якой я мовай гавару,
Хоць пры, каб сьцяміць, к знахару па лек...
Ну што? скажу: тутэйшая яна,
Як я і сам тутэйшы чалавек!
 
*

Ад прадзедаў і Бацькаўшчыну ўзяў –
Вялікая, багатая яна! –
Граніц ніхто йшчэ вокам не абняў,
Як Бог адзін – яна ў мяне адна.
 
А як завуць край гэты родны мой –
Забыўся ўжо праз свой прыгон і зьдзек;
Мабыць, забраны, ці тутэйшы ён,
Я ж сын яго – тутэйшы чалавек!
 
*

Вось так ня то жыву і не жыву,
Сваім, што бачу, ня веру вачам,
Што чую – не бяру у галаву,
I што я знаю – ўжо ня знаю сам.
 
Спаўняючы, што трэба, а што не,
Сяк-так мой цягнецца на сьвеце век,
А як памру, то буду спаць, як пан,
I сьніць, што я тутэйшы чалавек!
 
1913
 
 
 
 
Няма грошы
Кожны гэта пэўна скеміў,
Што ня ўсё ў нас так, як трэба,
А ня лжэ і біты ў цемя,
Што і сходзіць ня ўсё зь неба.
      Ёсьць на ўсё прыпеў харошы:
      «Трэба грошы – няма грошы!»
 
*

Шнур у Сьцёпкі штось вузіцца...
Дзеці... Крута з хлебам, з сольлю;
Б’ецца, рвецца, не ляніцца;
Эх! каб так, ды ніўкі болей!
      А адсюль прыпеў харошы:
      «Трэба грошы – няма грошы!»
 
*

Дзеці вырасьлі ў Сьцяпана;
Чуў, ёсьць школы, ёсьць навука.
Добра ўзяць прымер ад пана...
Ці ж то ўчыцца вельмі штука?
      А тут зноў прыпеў харошы:
      «Трэба грошы – няма грошы!»
 
*

Жэніць сына, хрысьце ўнука, –
Пойдзе з просьбай к пану, к «чыну»...
Посьле працы, посьле мукаў
Адпачыў бы сам часіну...
      А зусюль прыпеў харошы:
      «Трэба грошы – няма грошы!»
 
*

Жонка штось ня выйдзе з хаткі:
Зьлегла, крэкча і... ўмірае;
Цісьне стараста падаткі;
Фэльчар, поп, – бяда такая!
      Аж тут на, прыпеў харошы:
      «Трэба грошы – і ёсьць грошы!»
 
[1922]
 
 
 
 
Дрэмле Юрка
Ёсьць старонкі, дзе ў народзе
        Беды не гуляюць:
Хлеба годзе, сьвятла годзе,
        З волі карыстаюць.
А у нас жа, што за дзіва?
        Бяздольнасьць такая!..
Дрэмле Юрка ў заканурку
        І долі чакае!
 
*

Пахілілася хаціна,
        У хлявочку пуста;
Толькі латы – кажурына,
        Хлеба – хоць бы луста.
Кепска жыці, што ж такое,
        Хто аб гэтым дбае?..
Дрэмле Юрка ў заканурку
        І долі чакае!
 
*

Чутны воклік пахаронны,
        Крыж стаўляюць новы;
Дзень і ноч у кузьнях-горнах
        Ладзяць, клеплюць ковы;
Беспрасьветна, беспуцінна,
        Як магіла тая!..
Дрэмле Юрка ў заканурку
        І долі чакае!
 
*

Дабрадзеяў, як на тое,
        Хоць прудзі ты рэкі!
Слаўна, Юрка! Што ж такое?
        Мае шмат апекі.
Хоць яму апека гэта
        Косткаю у горле...
Дрэмле Юрка ў заканурку
        I чакае долі!
 
[1920]
 
 
 
 
«Ня ўсе дома»
Мы ад дзеда аж да ўнука,
Як дзе бачым што ня так,
Зь вечнай тычымся навукай, –
I гаворым, хоць няўзнак, –
      Ці сваёму, ці чужому:
      «Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
 
*

Знаў хлапца, Арцёмам зваўся,
Меў тады семнаццаць год;
Бедзен, нерахман здаваўся,
Кемкі ж быў, каб яго звод!
      А плялі ўсе на Арцёма:
      «Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
 
*

Ад стыдлівасьці ён нейкай
Да карчмы ня знаў дзе сьлед;
За апошнюю капейку
Купіць кніжак ці газэт.
      I тут валяць на Арцёма:
      «Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
 
*

Вось сабе дзяўчыну мае, –
Стаў вяселейка спраўляць;
Беднавата маладая,
Гаспадыня ж – пашукаць!
      Тут ізноў ўсе на Арцёма:
      «Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
 
*

Стаў жыць з жонкай удваёчку
Працавіта небарак –
На сям’ю сваю дзень, ночку,
Як мурашка, проста так...
      А ўсе валяць на Арцёма:
      «Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
 
*

Вось і ў школу ходзяць дзеці, –
Кожны чыст, абмыт, абшыт,
Сам ня хвор і лапці ўзьдзеці
I заціркаю быць сыт.
      I тут валяць на Арцёма:
      «Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
 
*

Сходзяць годы за гадамі,
I Арцёма хоць на «ўра!».
Ён з сынамі, як з дубамі,
Статак, коні, моц дабра!
      Аж сягоньня на Арцёма
      Штось ня кажуць: «Ня ўсе дома!»
 
[1920]
 
 
 
 
Душачка, шынкарка...
Душачка, шынкарка,
Калі ў Бога верыш,
Дай, дай пахмяліцца,
Хоць чарку, хоць трошкі!
 
Кепска трохі: грошы
Ня маю сягоньня,
Але ж мяне знаеш, –
Я круціць ня ўмею.
 
Ўрэшце і заставу
Дам, калі захочаш;
Гэтага замала, –
Шчыра пацалую.
 
Эх, каб яго немач
З гэтакім і шчасьцем!
Ты і ўцям ня возьмеш,
Што спаткаці можа.
 
Так учора цьвёрда
Меціўся ня ўпіцца, –
Бач, сваяк сустрэўся,
I глядзі, што выйшла:
 
З сваяком пабіўся
Чуць дамоў заплёўся,
Ўхлёпаўся ў балота
I пасеяў шапку.
 
А пасьля пахмельля
Смак ці знаеш гэты? –
I ў грудзёх трасецца,
І лоб як ня трэсьне.
 
Дык, шынкарка-сэрца,
Калі ў Бога верыш,
Дай, дай пахмяліцца,
Хоць чарку, хоць капку!
 
[1922]
 
 
 
 
Пры выпіўцы
Вось і карчомка –
Вясёлы наш край!
Жыва, гэй, Шлёмка,
Гарэлкі давай!
 
Што там марудзіш
Ты, гэткі, такі?
Ў крыўдзе ня будзеш,
Як п’юць бедакі!
 
Наша багацьце
Нямоцна ні ў чым, –
Грошы ня хваце –
Заставу дадзім.
 
Толькі нам водкі
Давай, не жалей!
Век наш кароткі,
Зато п’ём часьцей.
 
Дарма мы рвёмся
Нядолю змагаць, –
Водкі нап’ёмся,
I гора ня знаць.
 
Там каля хатаў
Плач ходзіць зь бядой...
Менск наш багаты –
Ён збавіць, як стой.
 
Возік каменьняў –
Тры злоты ўжо ёсьць,
Воз дроў, паленьняў –
Рубельчык – як госьць.
 
Вось і няскупа
Ўскашэліцца голь, –
Ёсьць штось на крупы,
А трохі на соль!
 
Рэштку ў сівусе
Мы ўтопім навек;
З чаркай, з Марусяй
Вясёл чалавек.
 
П’ём водку, браце,
П’ём ня ’бы як, –
Мей больш багацьця –
Пілі бы ня так.
 
Жыва ж, гэй, Шлёмка,
Гарэлку стаўляй,
Чаркай ды ёмкай
Ты нас надзяляй!
 
Весела, гучна
Час будзе ляцець,
Будзем піць дружна
I песенькі пець.
 
Ночка за чаркай
Пяройдзе, як стой,
Раніца ярка
Зардзіць над зямлёй.
 
Дымкай чырвонай
Зара замігціць,
Чарку чароўна
Сьвятло развагніць.
 
1906
 
 
 
 
Благая жонка...
Апляла мяне нядоля
          Зь неспакойнай бабай;
Ледзьве цягне ногі з поля, –
          Вадзіцца ж ня слаба.
 
Хоць яе мужык я родны, –
          Цягам мучыць звадай;
Ці то годны, ці нягодны, –
          Прычапіцца рада.
 
Як даўгі язык разваліць, –
          Сам чорт не запрэча;
Век радню сваю ўсю хваліць,
          А маю нівеча.
 
Што яна мяне здатнейшай, –
          У адным б’е чыне, –
Разумнейшай, дасьціпнейшай,
          Лепшай гаспадыняй.
 
Часта паласаваў пугай,
          Валасы патузаў;
Скураной ня раз папругай
          Наляпіў ёй гузаў.
 
Стану біць, запёршы ў клеці:
          Дружна поўха скача;
I што ж? Плачуць толькі дзеці,
          I сама ўсьцяж плача.
 
I нічога, ой, нічога
          Ёй не памагае, –
Век браханьня абрыднога
          Баба не кідае.
 
Слухай, малец, будзь прыкладным,
          Раджу не за грошы, –
Не паддайся вочам здрадным
          Дзеўчыны харошай!
 
Не бяры жонкі выбрэднай
          Ды ў багатай скуры,
Хай сабе ўжо будзе беднай,
          Ды добрай натуры!
 
1906
 
 
 
 
Кацярына
Ох, як гэта Кацярына
      Спрытная ўдава,
Дык другая і дзяўчына
      Пры ёй дрэнь-трава!
 
Кожны хлопец аж трасецца,
      Вокам як міргне,
А як губай засьмяецца –
      Доўга не засьне.
 
Кацярына – гаспадыня,
      Словам – баба-зух!
Мае ўсякае начыньне
      I курэй катух.
 
Не якая там няздара
      На руку яна:
Пале ў печы, есьці вара
      I усё адна.
 
Наварыла чамярухі,
      Ладак напякла,
Паляцела і сівухі
      Пляшку прынясла.
 
Маладзенькага Захарку
      Садзіць за сталом,
I гарэлку чарка ў чарку
      П’юць сабе ўдваём.
 
Закурылася чупрына...
      Спаці хоча госьць.
Знае дзела Кацярына...
      Дзе ж такая ёсьць?
 
Госьцю ложак памасьціла
      Наша удава;
Пад вакном жа, колькі сілы,
      Гукае сава.
 
1906
 
 
 
 
Прыпеўка
Нашто бабе агарод,
Калі баба стара,
Калі бабе са сто год,
Кіпне пэўна зара.
 
Лепш аддаць гэты садок
Дзяўчынцы прыгожай,
Хай гусьценькі вішнячок
У садку размножа.
 
Будзе надна у цяньку
Летам паляжані,
Зь пекным хлопцам пад руку
Ўдвойчы пагуляці.
 
Будзе вішанькі зрываць
Дзяўчынка насьпелы
I дружочка частаваць
I туліць нясьмела.
 
1906
 
 
 
 
З нуды
Нудна... Штосьці ломіць косьці,
      Ныюць жалем грудзі,
На надвор’е выйду, гляну,
      Мо уцешней будзе.
 
Ўзяў апратку, кінуў хатку,
      На сяло выходжу,
Там-сям лажу, свата, свацьцю,
      То куму знаходжу.
 
Пад ваконца, дзе больш сонца,
      Дзевачкі сышліся –
Дружка ў дружку, як сасонкі,
      Пазірай – дзівіся!
 
Бровы, вочкі, губкі, шчочкі
      Аж завуць к пакусе,
Грудзі пульхны, як пампушкі,
      Не адходзь – любуйся!
 
Ой, дзяўчаткі! хоць вы гладкі,
      Быццам маляваны, –
Не хацеў бы я папасьці
      Ў вашыя кайданы.
 
З вамі жарты – не з паўквартай,
      Згінуў – толькі глянуў,
Будзь пры памяці, цьвярозы, –
      З вамі будзеш п’яны.
 
З сэрца ранак і жаданак
      Ня збыць і сякерай;
Ці быў з вамі, а ўжо гінеш, –
      Любіш вас бязь меры.
 
I ахвоты да работы
      Не прыдбаці з вамі...
Ох, сваю вяліку сілу
      Знаеце вы самі!
 
1907
 
 
 
 
Фэлькава вясельле
Вось і вяселейка
Ў нашага Фэлькі!
Ў дзела захоплены
Міскі, бутэлькі.
 
Што называецца,
Музыка рэжа;
Полька, лявоніха,
Знай, не залежа!
 
Хлопцы зь дзяўчатамі
Ў жарты заходзяць,
Бабы шлюбоўнікам
Песьні заводзяць.
 
Людам паўнюханька
Хата набіта...
Гоман, таўпеханьне –
Пекла, і квіта!
 
Вось, каб дзе дзеўчынку
З гора абняці,
З чарачку выпіці
Дый пайсьці спаці!
 
1908
 
 
 
 
Лякарства
Байка
Было гэта так, мой сватка:
Ляжала празь Нёман кладка,
      Па ёй
      З адной
Стараны йшоў Паляк,
А з другой – шоў Ліцьвяк.
I вось праз час – ня помню ўжо які –
Сустрэлісь бедакі.
 
Запаланелісь вочы:
Ні той, ні сёй ня хоча
      Ні адступаць,
      Ні ўніз скакаць.
Абодва ў гвалт і крык,
Як боскі сьвет вялік,
Нават поўхі ў работу
Пусьціць маюць ахвоту.
 
Аж тут, ні стуль, ні сьсюль вазьміся
Ды Мураўёва цень зьявіся!
Хоць цень, а ўсё ж крапяч ухваткай:
Чапні ды бухні ўрэчку кладку
      I зь ёю так –
      Абодвух задзірак...
 
*

Чытач, ты толькі не пужайся:
Ліцьвін і Лях жывым застаўся,
Яшчэ дазналісь, што ў нязгодзе
Вада халодная ня шкодзе.
 
1909
 
 
 
 
Дзе ні кінь – дык клін!
– Ну, а як табе на службе:
      Ці работы многа? –
Так сусед пытаў, між іншым,
      Янку Канцавога.
 
– Ах, ня дай Бог за чужою
      Поўзаць гаспадаркай!
Дзень і ноч, як лунь, таўкуся,
      Як у пекле Марка!
 
А сусед яму навучна
      Ды пабожна клепе:
– Хоць тут трудна жыць, – затое
      Будзе ў небе лепей.
 
– Знаю, знаю! – так суседу
      Адчыкрыжыў Янка. –
Бокам вылезе мне ў небе
      Гэта абяцанка!
 
Як паткнуся, – ўраз пагоняць
      Да ўсякай работы:
То сядлай каня для Юр’і,
      То чысьць яму боты.
 
Або ў поўнач ўстань і сонца
      Запалі да золка,
Вытры з пылу усе зоры,
      Месяц выбель лоўка.
 
Завядзі машыну зь ветрам,
      Папраў з дожджам сіта,
Натаўчы у ступе граду,
      Ды яшчэ ня квіта:
 
– Папіхай хутчэй, гад, хмары!
      А пярун дзе кінуў?
Набівай, страляй! Маланкай
      Сьцёбай, каб ты згінуў!
 
Янка тутка, Янка тамка,
      Хоць ты ў пехла прыся!
А прыдзірак ад сьвятых ўсіх
      Колькі нацярпісься!..
 
[1913]
 
 
 
 
Буралом
Пахіліўся дуб да дуба
            Ды бурчыць, гамоне:
– Што-та вецер вельмі груба
            Загуляў сягоньня!
 
Паглядзі, сусед, на пушчу,
            Як трашчаць галіны, –
Там у самую ўжо гушчу
            Вецер сілы кінуў!
 
Вунь, прымець, старуха-хвойка
            Сскочыла з карэньня,
А вунь там зь бярозы бойкай
            Валіцца паленьне.
 
Пакацілася удоўжкі
            І асіна-сваці...
Фу, ты! аж мяне у дрожкі
            Пачало кідаці!..
 
Што? Ня ўстояла і ліпа –
            Рухнула, бядачка!..
Ці ж быць можа? Ўжо захліпаў
            I стары твой бацька.
 
Ах! што гэта?.. Праз узгоркі..
            Ці ж то к нам?.. Ой, ногі
I, ня скончыўшы гаворкі,
            Рынуў дуб, як доўгі.
 
1918
 
 
 
 
Сваякі
Раз абселі Беларуса
      Маскалі ды Ляхі,
І давай яму сваяцтва
      Тыкаці з-пад пахі:
 
– Ты мой ісьціны браточак! –
      Маскалёк бармоча;
– Ты мой хрэсьнік, мой сыночак! –
      Юда-Лях сакоча.
 
Беларус жа ім на тое:
      – Сваячкі мае вы:
Смачны жолудзь вам на каву,
      Дый высока дрэва!
 
1914
 
 
 
 
Ястраб, лісіца й певень
Неяк, стрэўшыся няўмысьне
Ястраб і лісіца зь пеўнем
Пачалі яго прасіці,
Каб быў ласкаў ды што сьпеў ім.
 
– Ты, – так кажуць, – як мы чулі,
Маеш голас, бы жалейку;
Дык запей нам – мы заплацім,
Не паскупімся капейкай!
 
Певень выслухаў, дый кажа,
Як прыстала ў яго стане:
– Ўсё гатоў вам сьпець, паночкі,
Нават... «вечна спачываньне!».
 
1913
 
 
 
 
Кажух і вата
Заспрачаўся кажух з ватай,
      Адагнаўшы згоду,
Хто зь іх лепшы, карысьнейшы,
      Хто якога роду.
 
Вата кажа: «Што ты значыш
      Мне, кажух касматы?
Я чужыя знаю землі –
      Ты ж – сяло ды хату!»
 
«Праўда, праўда, – тут гаворыць
      Ёй кажух-маруда, –
Я жыхар зусім тутэйшы,
      Ты ж адно – прыблуда!»
 
1913
 
 
 
 
Расейскія чыгункі
Кожны ведае ў Расеі,
Што, як вол прыплоду, –
Так расейскія чыгункі
Не даюць даходу.
 
I мазгі «чыны» ўсё сушаць
Над такой праявай,
Ды ніяк ня ўцямяць праўды
У чым схавана справа.
 
А рэч проста: катастрофы
Зводзяць гаспадарку;
Бо які ж паедзе дурань
На зламаньне карку?!
 
1913
 
 
 
 
Дэпутаты й грамадзяне
Селі ў Думу думаць думы
      Паны-дэпутаты
I, як шэршні, між сабою
      Спор вядуць заўзяты.
 
Той крычыць: такіх нам трэба
      Ладаў і парадкаў!
Той гудзіць: ня трэ' нічога –
      Ўсё ў Русі йдзе гладка!
 
Хто зь іх праў, а хто ня правы, –
      Трудна адгадаці, –
Адно толькі – грамадзяне
      Змушаны маўчаці.
 
1913
 
 
 
 
Селянін і конь
Пад гарою ў селяніна
      Конь прыстаў дарэшты:
Бедны змучыўся, ні зь мейсца,
      Хоць яго зарэж ты!
 
Селянін ужо і ласкай:
      «Но! Цягні, вашэця!
Бо інакш напішуць брыдка
      Аб табе ў газэце...»
 
А яму конь: «Няхай пішуць,
      Раз такой натуры,
Адно ты пакінь пісаці
      На маёй жа скуры!»
 
1913
 
 
 
 
Груган і салавей
Груган, сустрэўшы салаўя,
З сваяцтвам лезьці стаў к таму.
«Ты родны мне, як бачу я, –
Хадзі ж, як брата абыму!
 
У нас з табой адзін фасон –
Як глюгі, крыльлі і насы,
Птушына ў нас быцьцё і сон,
Птушыны маем галасы.
 
Дык што ж нам жыць так па сабе?
Пры том табою не гарджу,
Хоць я шмат большы ад цябе
I ў чорнай вопратцы хаджу».
 
«О, вельмі дзякую за чэсьць! –
Адпеў салоўка з-над палян, –
Мо' ў нас і адналькова шэрсьць,
А ўсё ж такі ты, брат, – груган!»
 
1914
 
 
 
 
Асёл і яго цень
Асёл, убачыўшы ў вадзе
Ў крынічнай свой асьліны цень,
Зьдзівіўся, стаў, далей ня йдзе,
Глядзіць ды думае, як пень.
 
Які тут чорт намаляваў
Мяне інакшым, як я ёсьць?
Такія вушы падаваў,
Так пакрывіў на сьпіне косьць!
 
I, каб сябе не аглядаць
Ды разагнаць сваю нуду,
Ён капытом давай мяшаць
З гразёю чыстую ваду.
 
1914
 
 
 
 
Сьвінапас і стрынатка
Сьвінапас, злавіўшы здрадна
      У сіло стрынатку,
Стаў чытаці ёй маралы
      (Меў таку ўжо ўхватку).
 
«Ты пяюшка, – так ён кажа, –
      Сорам мей і ўвагу:
Шмат ня пей, ня пей і мала,
      Ня дай з клеткі цягу!
 
Аб маім пастырскім чыне
      На'т ня думай брыдка,
А тым болей – мей шацунак
      Над маёю сьвіткай».
 
А стрынатка: «Ягамосьцю!
      Чым ты – знаю болей,
Дык пакінь сабе маралы,
      Мне дай толькі волю!»
 
1914
 
 
 
 
Пчолы і трутні
Стаў даводзіць селяніну
      Нехта нейкі ў чорным:
Як павінен быці ўслужным,
      Згодлівым, пакорным.
 
– Бо і пчолцы, – кажа ў чорным, –
      Мёд гадуюць кветкі,
Ў згодзе з пчолкамі і трутні
      П'юць той мёд, як дзеткі.
 
А сялянін тут пад тое
      Буркнуў запытаньне:
– Ну, а хто пчала, хто труцень –
      Я ці ты, васпане?
 
1913
 
 
 
 
«Чын», гэрб і лапаць
Заспрачаліся «чын» з гэрбам
Раз, як п'яны з п'яным:
Хто зь іх лепшы і над кім хто
Быць павінен панам.
 
Лапаць доўга слухаў, слухаў
Ды буркнуў бяз жартаў:
«Кіньце спрэчку: вы абодва
Вісельніцы варты!»
 
1913
 
 
 
 
Груганы
Адзін з захаду груган,
А другі з усходу
Прыляцелі на сяло,
На чужую шкоду.
 
I давай паміж сабой
Гутарыць, хваліцца:
– Круму! Круму! Што за рай!
Ёсьць чым пажывіцца!
 
Дасюль елі мерцьвякоў,
А цяпер затое
Будзем піць мы кроў жывых,
Мяса есьць жывое!
 
[1914]
 
 
 
 
На ўсе рукі
Ён з начальствам знае дзела:
Па-расейску валіць сьмела;
Ліжа, выйшаўшы за вёску,
Ласку панскую па-польску.
Нават жыду – ў доўг як просе –
«Гутэ-моргэн!» – буркне ў носе.
Калі ж сядзе у кутузку,
Ўсіх кляне па-беларуску.
 
[1911]
 
 
 
 
*  *  *
Днём і ночкай працаваў ён
І за хатаю, і ў хаце,
А памерці як прыйшлося,
Не было ў чым пахаваці.
 
1911
 
 
 
 
Эпіграма на самога сябе
Завуць мяне Янук Купала,
Зь бяды я песенькі складаю,
Пазнаў людзей і сьвет ці мала,
Вось дзе радзіўся, дык ня знаю!
 
[каля 1911]
 
 
 
 
*  *  *
Жыў музыка Налім,
Крэпкі быў, як тапор,
Полькі граў ён людзям,
А сам з голаду ўмёр.
 
Гэткі самы цяпер
Атрымоўвае дар
За заслугі свае
Не адзін наш пясьняр...
 
[1913]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.