РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Уцекачы
1
        Снег яшчэ не выпаў, але вуліцы былі мёрзлыя і надвор’е дужа сцюдзёнае.
        Неяк увечары, ішоўшы спусцелаю ўжо вуліцаю, быў я вельмі разжалены, калі на рагу неспадзявана ўзбіўся на якогась няшчаснага хлопчыка, што туліўся ля сценкі і прасіў:
        – Падайце капеечку!
        – Што ты кажаш?! – дужа голасна спытаўся я ў яго, каб пачуць яшчэ якія словы.
        – Дзядзечка, што ласка ваша...
        Бедны – убогі, у лахманах, азызлы на сцюжы, прасіў ён ужо добрым жабрачым тонам. Гаворка ж у яго была беларуская.
        Я даў яму залатоўку і папрасіў яго завесці мяне туды, дзе ён жыве. Жаданне маё зусім яго не здзівіла, – мусіць, ён прызвычаіўся да ўсякіх людскіх жаданняў і прызвычаіўся ціха і слепа пакарацца ім.
        
        
* * *

        
        Цесная і нячыстая каморка была недалёчка ад рогу, на якім хлопчык прасіў. У ёй было душна і парна. Маладая дзяўчына нешта гатавала на вячэру ці то на плітцы, ці то проста на трэсачках і трыножках у чалесніку. I напусціла поўна пары з лёгкім чадам.
        Каля сценкі супроць печы сядзеў, разваліўшыся на тапчане, лускаў семечкі і глядзеў на дзеўку адзаду салдат у расшпіленай паношанай шьшельцы. Ён выглядаў у хаце жаніхом ці зусім блізкім чалавекам.
        Тут жа, трошку воддаль ад печы, на ложку, у рыззі, вохала старая. Мусіць, матка. Пабачыўшы мяне, новага чалавека, яна прыслухалася. Пачуўшы сваю родную мову і здзівіўшыся, зараз яна яшчэ болей аджылася.
        – Няўжо ж, няўжо ж... бяжэнцы мы, галубочку! – не ўцерпіла яна ўрэшце і падала свой голас. Але дужа закашлялася, хаваючы худое цела бруднаю дзяругаю. – На ліха было і ўцякаць... Старога пахавалі ў дарозе, кінулі, беднага, у яму, не раўнуючы, як якога сабаку. Хай свят ляжыць! Спалохаліся немаведама чаго, паехалі і мы следам за ўсімі, у вір галавою, на край свету. От дурныя мы...
        – Бросьце, мамаша! Ім вовсе не інцересно... – перабіў старую салдат і звярнуўся да мяне, на пасяродак хаты: – Вам, сопствена, чыво укгодна? – сказаў ён грубаватым, няласкавым голасам і перавёў падазроны погляд з мяне на дзяўчыну.
        Тая капалася ля свае пліткі і нават галавы не павярнула.
        Я пачуў сябе ніякава і прамарматаў нешта, абы сказаць:
        – Думаў... гарачую вячэру тут даюць...
        – А скуль жа, мой саколіку, сам? – улучыла-ткі старая хвілінку спытацца ў мяне.
        Салдат не даў мне адказаць. Ён ціха, але вельмі выразна і зласмешна буркнуў:
        – Не туда-с трафілі...
        
        
* * *

        
        Я барзджэй выйшаў, заглушаючы дзіўную, мімавольную і неспадзяваную зайздрасць, што гэты салдацюга забраў тут сабе права.
        Хлопчык застаўся коўкаць гарачую бульбу. Яго месца на рагу было цяпер пустое.
        Як бы на ўцеху мне, першы снег засцілаў белым чысценькім абрусам пустую мёрзлую вуліцу.
        Пасля таго чаду і парнасці было мне лёгка на паветры.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.