РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Супакой
1
        Пан Сташэўскі быў меланхолік, і таму тапіў сваю нуду ў гарэлцы, пасля чаго яму лягчэла.
        Найгоршы настрой бываў у яго перад запоем. Тады пан Сташэўскі найвастрэй адчуваў, што ён не толькі расійскі ўрадовец, але таксама – віленскі паляк, шляхціц з роду ў род, значыцца, павінен штось рабіць на карысць укаханае мацеры Польшчы.
        Тады ён за абедам пачынаў лаяць папоў і ўсіх схізматыкаў, коса пазіраючы ў бок свае праваслаўнае жонкі, а ўрэшце з невінаватым зрокам пытаўся ў яе па-польску, хоць зазвычай размаўлялі па-расійску:
        – Поведзь мне, кохана Лёлю, чы то уніятэм был твуй дзед чы прадзед?
        – Яшчэ дзед быў уніятам, – з ціхаю пакораю адказвала жонка.
        – Чэму ж то он пшынял вяру ад казакув, а не ўцалілся да найсвянтшэго папежа?
        – Або я ведаю? – яшчэ цішэй прамаўляла тады яна.
        – Ненавідза схізматыкув!! – раптам стукаў пан Сташэўскі лыжкаю аб брыж талеркі і ў страшэннай злосці падымаўся і выходзіў з застолля.
        Ён накідаў пальто на плечы, моцна бразгаў дзвярмі і выходзіў з дому. Паліто апранаў у рукавы на сходах, а зашпільваўся выходзячы на вуліцу.
        Прападаў ён на цэлы дзень і позны вечар.
        
        
* * *

        
        Пані Сташэўская з той жа ціхаю пакораю супакойвала дзяцей: Ядзеньку, старэйшага – Казю і самага меншага – Мечыка, смялей клала ім на талеркі недаедзеныя мужам кавалкі мяса і задумліва глядзела на іх, сама не маючы апетыту. Хлопчыкі прагавіта, без боязі, глыталі, цмокалі і абсмоктвалі, а Ядзенька старалася цішком паглядзець маме ў вочы.
        Тады мамачка брала яе да сябе на калені, леваю рукою трымала асцярожна пад ручкі, каб не пакамячыць сукеначкі, а праваю – гладзіла яе альняныя валосікі. Ядзя прыпадала да грудзей задуманае мамы і моўчкі сядзела з ёю, пазіраючы ў бяздумную далечу, аж пакуль хлопчыкі не пад’ядалі і трэба было прыбіраць са столу.
        Па абедзе хлопчыкі беглі з нянькаю на падворак, на вуліцу, у сад, а Ядзя з мамаю заставаліся ў хаце, бо хадзілі гуляць да абеду.
        Агледзеўшы цесненькую кватэру, ці ўсё ў парадку, праверыўшы, ці зачынены надворныя дзверы, пані Сташэўская ішла з дачушкаю ў спальны пакой і клалася адпачыць.
        Пры ёй ляжала Ядзя – і ў дрымотнай цішы, надыхаўшы цяпла ля мякенькіх маміных грудзей, дзяўчына засынала.
        Пані Сташэўская накрывала соннае дзіця шэраю вялікаю хусткаю, з негасцю прыгладжвала жменьку валаскоў на сіняй жылцы на вісочку, цалавала там, і ў лобік, і ў дробненькую ручку. А пры гэтым супроць волі ўспамінала праўдзівага Ядзінага бацьку, маладзенькага белакурага падпаручыка, забітага на японскай вайне, думала пра п’янага мужа – і змагалася з радасцю, што ніхто ў цэлым свеце пра тое не ведае.
        Яна ляжала і пазірала ў кут, дзе вісеў яе праваслаўны абраз Канстантына і Галены побач з каталіцкім Маткі Боскай. Такі самы, толькі малюсенькі, абразок Канстантына і Галены дала яна яму, калі выязджаў на вайну... Яна звала яго Косця, а ён яе Леначка... Усё тое даўно мінулася. Яна часта ляжала так па абедзе, на шырокай і мяккай пасцелі, бо не было ёй куды пайсці і да іх ніхто не хадзіў, за тое, што пан Сташэўскі п’яніца. Ёй прыемна было ляжаць і ўспамінаць белакурыя валасы і ўвесь той шчаслівы час, калі саграшыла... Цяпер гады яе праходзяць, і спаміж знаёмых няма нікога, хто б за ёю паўхажваў – ласкава і далікатна, цалуючы ў ручкі, а часам, па дружбе, і ў губы. Большага яна не жадала. Яшчэ ёй хацелася, каб муж яе меней піў і каб былі здаровы дзеці.
        Ядзя хутка прачыналася, але потым ціхенька гуляла з лялькамі ў другім пакоі, каб мамачка спакойна адпачывала. Мамачка ж не спала, толькі ляжала, і ўжо слухала, ці не ідзе хто па сходах.
        Прыходзіла нянька з хлопчыкамі, прыносіла з імі шум, свежасць і водгалас людскога старонняга жыцця.
        
        
* * *

        
        Марудна цягнуўся вечар, хоць троху і было баўнага занятку ў тым, што супакойвалі крыклівых і бітлівых Казю і Мечыка, рыхтавалі вячэру і гутарылі на хаду з пані Міхаловаю, старой і беднай паняю, што жыла на адным з імі падворку і кожны дзень прыходзіла пазычаць не тое, дык гэта.
        Пры Міхаловай хвалілася навінамі і маўклівая нянька-ліцвінка. А навіны чула яна ў скверы ад знаёмае пані, што прыводзіла гуляць сваю дзяўчынку.
        – Карошую, як наша Ядзюнька, – заканчала свае размовы ліцвінка, і ўсе тры субяседніцы разыходзіліся па сваіх кутках.
        Калі ўжо спалі ўсе дзеці і з імі нянька-ліцвінка, калі ўжо пані Сташэўская не ведала, што б ёй такое пачытаць, лёгшы ў ложак, і думала, што Стась яе сёння зусім не вернецца, – ён прыходзіў... Грукаў нагамі па сходах, мацаў рукамі па сценцы, каб не зваліцца, бо йшоў моцна выпіўшы.
        Жонка асцярожна зачыняла дзверы, каб не дужа дзвінкнуць замком і не ўзбудзіць дзяцей і нянькі, а пан Сташэўскі хапаўся, хістаючыся, за яе шыю, лез да яе вуснаў з сваімі мокрымі абвіслымі вусамі і неслухмяным голасам, падыхаючы страшэнна брыдкім пахам віна, марматаў ёй ласкавыя і вінаватыя словы:
        – Моя кохана Гэлю! Я люблю! Я і схізматыкаў люблю, і папоў люблю... Лю-блю, дда!
        – Добра, добра, Стасік... Распранайся.
        – Добра? Ну, то найвэнцэй то цебе, кохана Лёлю, жалую! Дда. За ўсё даруеш, Лёленька? Прасці міня, да-ра-гая Гэлю! Я свіння, я выпіў, да!
        Яна клала яго спаць. Але, трошку паляжаўшы, ён перапаўзаў на яе ложак, лашчыў яе, хоць і не меў ужо вялікае ахвоты лашчыцца.
        А яна гладзіла яго маруднаю рукою па галаве, па шчацэ.
        I ўсё было ціха і супакойна...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.