Гарыслава
|
«Не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду!»
| З адказу Рагнеды – княжны полацкай, Уладзімеру – князю ноўгарадскаму |
Прадмова Гэй, павейце, разгуляйцеся, Ветры вольны, лёгкакрылыя, Над старонкай над крывіцкаю Зашуміце, неўгамонныя. Паміж небам і зямліцаю Віхрам-птахам пранясіцеся Леты даўна прамінуўшыя Уздымайце з чорна попелу. Ўскалыхніце сэрцам каменным, Звонам-вечам ды ўсё полацкім – Хай звон звонка разгамоніцца Дый раскажа быль бывалую. Быль бывалую пра доч князеву, Ту красавіцу ненаглядную, Пра ту княжну пра свабодную, Што Рагнедай называлася, А пасьля, што з гора горкага Стала зваціся Гарыславаю, А гардыняй недаступнаю Кругом-вокала праславілась. Пра яе вы, звоны вечавы, Ветры буйныя, свабодныя, Раскажыце сьвету цэламу Быль бывалу ў землях Полацкіх.
|
I Даўно-даўно было ўжо гэта, Як там у запісах стаіць, Дзе пішуць: вось такога лета Было, павінна тое быць. Шмат хмары вылілі вадзіцы, Навек заснуў бор не адзін I шмат павысахла крыніцаў За гэты час. Патомак-сын Бацькоў, застыўшых у магіле, Забыўся ўжо аб іх жыцьці – Аб тым, як дома лад вадзілі, Як на вайну умелі йсьці І як у славе уміралі За чэсьць і волюшку сваю. Забыўся сын аб быўшай хвале, Ў прыгон прадаў сябе, сям’ю. Расою здоблючы чырвонай Свае загоны і лугі, Прыблуднай чэрні б’е паклоны, Куе сабе сам ланцугі. На батракоў здаліся ўнукі На вольнай прадзедаў зямлі, Пайшлі ў няволю без прынукі, Як па вяровачцы пайшлі. I праслаўляюць мазалямі Парабаціцеляў сваіх, Сябе згубіўшы між людзямі, Паміж мучыцеляў глухіх. Няма нікому заступіцца, Збудзіць заснуўшыя званы, Прызваць к жыцьцю жывой расіцай Нямыя сьведкі-курганы. Так растачыла зьніштажэньне Сваё ўладарства ў старане, Што воляй рдзела неадменьне, Як тое сонца ў вышыне. Адно падчас у сумнай песьні Або у казцы дзе якой Край праўды выгляне з-пад плесьні І ўскалыхне жывой душой. Нямыя вербы над ракою Зашалясьцяць сухім лістом, А далей дрэме ўсё ў спакою, Ўсё сьпіць магільным рабскім сном. Калі ж, калі ты, родна маці, Старонка бедная мая, Пачнеш ізноў выводзіць раці, Да нова збудзішся жыцьця?..
|
|
|
|