РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На Куцьцю
1

 
 
I

 
 
На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срэбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
 
          Глуш абнялася зь цішыней
          І спавівае ўсё у чары,
          Паўзуць і сеюць шорах свой
          Старым парадкам цені-мары.
 
Вылазіць зь цемры бледны звод,
Глядзіць сьліўнём на долы, горы
I тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.
 
          І тут і тамка свой прыгон
          Распасьцірае царства ночы;
          Салодкі сон, магільны сон
          Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.
        

 
 
II

 
 
Заныла ўсё, замёрла ўсё, –
Ня сьпіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыцьцё
Ў вагнёх старога папялішча.
 
          Іскрыстым, бліскатным сьвятлом
          Заліты княжскія сьвятліцы,
          Дружына вольная кругом
          Сталоў дубовых варушыцца.
 
Залататканы абрусы
З сталоў зьвісаюць дыванамі,
На абрусох чысьцей расы
Віно красуецца каўшамі.
 
          Духі мінуўшчыны Куцьцю
          На старасьвецкі лад спраўляюць.
          Даўно бываламу жыцьцю
          Дары належныя складаюць.
        

 
 
III

 
 
На беласьнежны на пасад
Усходзіць князь, усходзіць княжна;
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць задумліва, суважна.
 
          Агні брыльянтаў, як зарніц:
          Зіяюць з княжацкай кароны, –
          Краса б’е з князеўных зраніц,
          Як бліск маланак развуглёны.
 
Зьвярнулі вочы ўсе ў іх бок,
Прымоўклі гоманы дружыны;
Ўсіх званых зблізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.
 
          Бярэ коўш соладка віна,
          П’е за дружыну маладую,
          І княжна з князем п’е да дна;
          Князь гутарку павёў такую.
        

 
 
IV

 
 
«Адзін, адзін раз толькі ў год
Зьбірацца можна з ласкі рока,
Каб год іржавы карагод
Зганяць зь мінуўшчыны далёкай.
 
          Нас не кранулі косы зьмен:
          Царым мы ў дум жывых гэйнале,
          Хоць на падмурах гэтых сьцен
          Другія наш пасад занялі.
 
Багі другія верх бяруць,
Суды вядуць над нашым краем,
Сьвяцільні ж нашы не замруць,
Што ў сэрцах вольных расьсьвятляем.
 
          Прашу паклікаці ганцоў
          І мейсца даці ім па чэсьці:
          Ад нашых стоптаных капцоў
          Якія нам прыносяць весьці?..»
        

 
 
V

 
 
Закончыў князь, махнуў рукой;
Уходзяць тры ганцы ў сьвятліцу,
Ідуць суважнаю ступой
I князю й княжне пакланіцца.
 
          А першы гэткі сьветлы быў,
          Як небам сланыя прамені:
          Ў руцэ меў сьветач, што на зьдзіў
          Усе усюды зводзіў цені.
 
А быў другі і з ног і з рук,
Як гром з жывымі перунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук,
I лук стальны меў за плячамі.
 
          А трэці быў і раб і цар,
          І слаб і дуж ва ўсякім дзеле,
          Як вечнасьць, молад быў і стар:
          Меў гусьлі – на грудзёх віселі.
        

 
 
VI

 
 
I першы князю гэткі сказ
I княжне скажа міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
I відзеў, што яшчэ ўсе жывы.
 
          А толькі ўсё той самы лад:
          З вачэй ня зьняты йшчэ павязкі,
          Ці йдуць уперад ці назад,
          Відны сьляды цямрычнай ласкі.
 
А як ішоў між іх зь сьвятлом,
Яны пачулі, ах, пачулі:
Сьляпым замораныя сном,
Худыя рукі ўвысь цягнулі.
 
          За мною ўсьцяж, і тут і там,
          Іх вусны бледныя шапталі:
          «Аддайце сонца наша нам!
          Нашто схавалі-расхапалі?»
        

 
 
VII

 
 
Другі першым князю сказ
І княжне міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
І відзеў, што яны ўсе жывы.
 
          А топчуць толькі ўсё той сьлед,
          Валочаць ёрмы за сабою;
          Ці ўбачаць корч, ці ўбачаць сьвет,
          Аднэю жаляцца сьлязою.
 
А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прасоньні,
І столькі, столькі крэпкіх рук
К маей паціснулася броні.
 
          За мною ўсьцяж, і тут і там,
          Іх вусны бледныя шапталі:
          «Аддайце славу нашу нам!
          Нашто схавалі-расхапалі?»
        

 
 
VIII

 
 
І трэйці князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
І відзеў, што яны ўсе жывы.
 
          А толькі торг усё ідзе
          Над іх душою патаптанай;
          Яны, як цені, ў грамадзе
          Маўчаць і йдуць на пір паганы.
 
А як я ўдарыў па струне,
Замітусіліся як пчолы,
І на гарэ і нізіне
Мне падавалі голас кволы.
 
          За мною ўсьцяж, і тут і там,
          Іх вусны бледныя шапталі:
          «Аддайце песьню нашу нам!
          Нашто схавалі-расхапалі?»
        

 
 
IX

 
 
Сказаўшы так, маўчаць ганцы,
Маўчыць і князь крыху часіны
I дасьць адказ такі ў канцы
Ганцом на іхнія навіны:
 
          «Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
          Раз хочуць сонца, славы, песьні;
          Заб’юць ім зычныя званы
          Прабудным звонам напрадвесьні.
 
Сваёй забранай старане,
Скаванай мучальніцы-княжне,
Ўзьнясуць пасад на кургане
На панаваньне недасяжне.
 
          На дзеле – кожны йшчэ слугой,
          У думках – вольныя ўжо людзі;
          Над сэрцам іх, над іх душой
          Наш дух лунаці вечна будзе.
        

 
 
X

 
 
Вы, другі верныя, ганцы,
Як летась, сёлета, налета
Ўсе пагранічныя капцы
Абходзьце зноў з маім прыветам.
 
          Гусьлямі, лукам і сьвятлом
          Будзіце, клічце і сьвяціце
          І так спануйце іхнім сном,
          Каб сон іх шчэз і ўсталі жыці.
 
А покуль поўнач не прыйшла,
Вясьці бяседу будзем далей;
Засядзьце ўсе кругом стала,
Хай зьвініць віно ў крышталі.
 
          А чарку першую ўзьнясём
          За цень мінуўшчыны у сеці,
          Другой к цяпершчыне прап’ём,
          Праславім будучыню трэйцяй».
        

 
 
XI

 
 
Садзіцца княжна, князь, кругом
Садзіцца вольная дружына;
Шуміць бяседа за сталом,
Плыве часіна за часінай.
 
          І разгараецца ясьней
          Паходня радасьці забытай
          І сьветазарнасьці сваей
          Вясёлкі сее самавіты.
 
Ямчэй нацягваецца лук,
Цэль расьсякаюць агнястрэлы,
Дрыжыць паўчына і павук,
Дрыжыць прыблудак ачарнелы.
 
          Ракочуць гусьлі звон у звон,
          На бел-сьвет розгалас нясецца,
          Як бел-сьвет, коціцца разгон
          І ў думцы казкай раздаецца.
        

 
 
XII

 
 
Плыве шумліва, як рака,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач адзначае.
 
          Залопаў крыльлямі пятух, –
          І ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;
          Замоўк разгул, агонь патух,
          Старое згасла папялішча.
 
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамерыў...
А быў тут хто або ня быў, –
I так і гэтак мала веры.
 
          І так і гэтак свой прыгон
          Распасьцірае царства ночы:
          Салодкі сон, магільны сон
          Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.