РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віка Трэнас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цуд канфіскаванага дзяцінства
 
Вершы
 
*** даруй грахі мне, чужая сьвятасьць...
 
*** Няма нічога...
 
*** мой самотны задумлівы сьмех...
 
*** ап’янелы ад суму паэт любаваўся сабой...
 
Я ў краіне цудаў
 
Анёлу. Брату
 
Памяці Андруся Белавокага
 
Тужлівая баляда
 
*** сьсівелыя вейкі твае прымрояцца ў сьне...
 
Ловы
 
*** у роспачы ламаю крылы...
 
Белы бэз
 
*** Чытаюць вершыкі. Бяруць адбіткі пальцаў...
 
У тваю адсутнасьць
 
Замова
 
Лятунак
 
Чужынец
 
*** Я безь цябе, як верш недапісаны...
 
*** Я створана дзеля таго, каб люляць на руках...
 
*** я ў пекле, што хтось неабачліва страціў...
 
Здрайцы
 
Ня тое
 
*** шчасьлівыя шчасьця нікому ня зробяць...
 
Палова
 
*** Скрозь сьцяну майго маўчаньня...
 
*** Мы жывем – гэта значыць, што мы вар’яты...
 
Каляровы верш
 
Народжаныя ўверсе
 
П’еса
 
*** ВОСЬ ТАК...
 
Бездань
 
*** Я ДУРНАЯ...
 
Потым
 
*** НЕ ПІШЫ...
 
Уяўленьне
 
Superstar
 
Iмя
 
Мэханiка
 
Лесьвiца
 
Image
 
Chvilina
 
Addanaść
 
Pasłuchaj
 
Маруднае мора...
 
Паданьне
 
Сумленьне
 
Апошнi
 
Жудасьць
 
*** Я карыстаюся сьляпымi й куцымi словамi...
 
Пластылiн
 
*** мацьнею пад лязом сякеры...
 
Рух часу
 
Калыханка
 
У самоце
 
Hsyaod
 
Малітва
 
Споведзь укльгавага ценю
 
Канстатацыя маёй адсутнасьці
 
Сьпякотай апаленая скура
 
На Каляды
 
Атрута
 
Посттрыялет
 
Невыносная здрада
 
*** знайдзi мяне сярод забытых рэчаў...
 
Зямля анёлаў і самагубцаў
 
Вязьні
 
*** сны да аранжавай падушкi...
 
*** Квітнее сонца. Хочацца сьпяваць...
 
*** Ты ня кліч мяне, не заві...
 
Безгаловы санэт
 
Ідыёма ідэала
 
Гэроі маіх сусьветаў
 
Патрыятычны трыпціх
 
Назаўжды
 
Маё вар’яцтва
 
Спустошанасьць
 
Белы попел
 
Эсэ № 7
 
*** да цемры цяпер праз церні...
 
На Вялікдзень
 
*** Я склала зброю. Стаптала боты...
 
Быцьцё
*  *  *
даруй грахі мне, чужая сьвятасьць,
сьвятло, прывабленае вагнём,
у вочы гледзячы вінавата,
упалы лашчыць цябе анёл.
а недзе ў нечых прыгожых снох
наплакаў возера зор трысьнёг
 
 
 
 
*  *  *
Няма нічога.
Ёсьць толькі колер тваіх вачэй.
Маўчаньне робіцца ўсё званчэй,
Вясновы ветрык як цёплы дотык.
Няма брыдоты.
Адно аблокі бягуць хутчэй,
Зямная крыўда зь нябёс цячэ,
Я пазбаўляюся сноў употай,
Што будуць потым.
 
 
 
 
*  *  *
мой самотны задумлівы сьмех
засынае пад гушканьні ветру
і зямлю працінае сьнег
і сьвятлу далёка да сьвету
прасьпявай манатонны матыў
толькі ты толькі ты толькі ты
 
 
 
 
*  *  *
ап’янелы ад суму паэт любаваўся сабой
ён вясновым дажджом па старонках чужых пацячэ
ты абернешся болем і табою абернецца боль
цалавацца з пустэчай нахабных вачэй
каб запомніць зьмярцьвелыя рухі забітай душы
каб знайсьці, дзе са шчырасьцю ейнай зьнікае зіма
дзе чароўныя сны не імкнуцца цябе задушыць
пошук шляху туды, дзе нікога няма
 
 
 
 
Я ў краіне цудаў
чэзьлі вочы ад вясновае вабноты
навастрыў свае шыпы калючы сьнег
ўсё сумнеўнае магчыма па вясьне
неспадзеўку гэты сьвет прысьніцца мне
ажывае мёртвы сьлед ды толькі зноў ты
не захочаш пазбаўляцца адзіноты
з ласкі ветру думак колішніх павеў
зьзяе ранішняй расою на траве
і блукае па лязе гітарных вен
разам з пальцамі сумнеў і стогнуць ноты
 
 
 
 
Анёлу. Брату
У сэрцы Бога, быццам кроў, пульсуюць душы.
                                                                                                      Успамінаў
Праданы сьмех, і за Нішто ў вачах чужых ізноў загіну.
Бягуць дажджы, і кроплі слоў – палонныя на доўгіх
                                                                                                                  вейках.
Зьявіўся час, любі сябе, шукай сябе – у новых леках,
У новых снох. Пакуль ты сьпіш, Бог зь неба разьлівае
                                                                                                                      слоту.
Любіць цябе. Шукаць цябе. Укрыжаваць сваю самоту.
 
 
 
 
Памяці Андруся Белавокага
ператвары ў мае сьлёзы гэтую сьмерць
я буду біцца з жыцьцём я буду гарэць
танклявая сьвечка ў руках паўночных вятроў
крываўлю вусны свае, фарбуецца кроў
у колер бясхмарных нябёс, і скрыўлены жах
бяжыць па вясновай траве як па вострых нажах
калі ты дазволіш вятрам у душы аслабець
ён прыйдзе каб больш не пакінуць ніколі цябе
 
 
 
 
Тужлівая баляда
Паэтка параненым зьверам глядзіць на вясну
Маўклівыя дзьверы цябе не пакінуць адну
Дождж крапае часта сьлязьмі невыноснага шчасьця
Ты млееш ад шчасьця такое здараецца часта
Калі за вакном зграбны клён, расхістаны і голы
Пяе непрыстойныя песьні, ты слухаеш голас
Табе падаецца, ахвяра хваробы і стомы,
Што ён да драбнюткае ноты знаёмы знаёмы
Праменьчык, засохлы ад слоты, зьнясілены – ты
Зіхоткай вясёлкай падхопіш няхітры матыў
 
 
 
 
*  *  *
сьсівелыя вейкі твае прымрояцца ў сьне
сарвецца душа з ланцуга схуднелага цела
ізноў на далонях маіх засьпявае сьнег
зноў нечая ціша абернецца цішай суцэльнай
параняцца вусны аб вусны, і позіркам воўчым
сустрэне забойцу анёл – вочы ў вочы
 
 
 
 
Ловы
Мною дыхаюць сьцены. Боль сьвідруе паветра.
Забывайся на позіркі-дотыкі. Вета.
Ад маіх пацалункаў атруцяцца словы
Пачынаюцца ловы пачынаюцца ловы
 
 
 
 
*  *  *
у роспачы ламаю крылы
нашто анёлу іх расьціць
калі да д’ябла ці магілы
і так магчыма дапаўзьці
ты апрытомнееш ад ранаў
прымройся ў шэрым сьне, малю
мы будзьма, як надыдзе ранак
крыламі біцца аб зямлю
 
 
 
 
Белы бэз
маркотны вершык ціўкае ласкава
мой белы бэз забіты згорклай кавай
паэт аб кнігу вострыць кіпцюры
усе сьцяжыны не вядуць у Рым
ня будзе болей сонца прамянець
усе дарогі прыйдуць да мяне
 
 
 
 
*  *  *
Чытаюць вершыкі. Бяруць адбіткі пальцаў,
Каб бессаромна рагатаць у цішыні.
Пялёсткі з ружаў пачынаюць асыпацца.
Мы не адны.
Сьпяваюць дрэвы. Мне ня чутны пошчак птушак,
Я бы ў пустэльні, бы ў пустэчы, бы ўва сьне,
Валошка чэзлая сярод памерлых душаў,
І сьціплы д’ябал крочыць проста на мяне.
 
 
 
 
У тваю адсутнасьць
калідорнай пачваркай паўзьці па лязе далоняў
і з пакутамі-путамі, словамі-ловамі жыць
ты пякучым праклёнам расьцеш у самоце клёна
паглядзі, мы цяпер як крыжы, звар’яцелі дажджы
 
мы – грыпозныя дрэвы, і лісьцяў апалых насоўкі
усьцілаюць і лаюць бадзяжны паэтавы шлях
верш, захутаны ў шалік, зьмяняе пігулкі на золкі
кожным золкам па нас несуцешна галосіць зямля
 
 
 
 
Замова
кожны раз, як сыходзіш сьляпы ў павуціньне вулкаў
я ў гаркавым дажджы шукаю сабе прытулку
мне зламаныя пальцы нечы boyfriend цалуе
я крычу праз завею словаў «алілуя»
і пажоўклае лісьце ўпадзе зямлі на грудзі
і ня ўбачыць яна, як пальцы ламаюць людзі
як тугой абрастаюць радкі, як сівеюць вейкі
як засохлыя дрэвы мне ахвяруюць лекі
ты – далонямі і душой у чужой мярзоце
я – чырвонай травой на здохлай адзіноце
я – кульгаваю Музай у абадраных строях
ты – нязмушаны дэзертыр зь імём гэроя
твой бяскрылы анёл спакойна падлічыць шнары
пакладуцца ў яго кішэню пiгулкi мараў
покуль поўня ваўком штоночы самотна вые
покуль кветкі на падваконьні цьвітуць жывыя
 
 
 
 
Лятунак
расквітнелі далоні паэткі лятункам жоўтым
мінаком выпадковым здаецца азызлы дзень
як сапраўдны злачынец ня мае сваёй згрызоты
так тужлівы малёнак ня бачыць сябе ў вадзе
і чакае аблічча свайго шэравокі д’яблік
і апалай лістотай умыўся чырвоны яблык
 
 
 
 
Чужынец
Ты мне чужы. Як першы сьнег, што хутка тае.
Ты мне чужы, як выпадковыя дажджы,
І кроў мая, сваёй ахвярнасьцю сьвятая,
На твой каўнер зусім па-здрадніцку імжыць.
Тваю пятлю з замілаваньнем стрэне шыя,
Ды покуль кроў мая дажджыць, хачу дажыць.
Ты мне чужы, бо ўсе табе чужыя,
Бо мне чужыя ўсе, ты мне чужы.
 
 
 
 
*  *  *
Я безь цябе, як верш недапісаны,
Нібы каханкам паламаны бэз,
Як выкляты анёл, з табой ці без
Загіну з ранай
Незабінтаванай.
 
Сплятаю словы гнуткія старанна.
Нішто ня вечна, створанае мной,
Адно нібыта ты нібыта мой,
І вершык – ранай
Незабінтаванай.
 
 
 
 
*  *  *
Я створана дзеля таго, каб люляць на руках,
Каб лашчыць маўклівага белага шчанюка.
Малітвы свае ахвярую яму. Амін.
Таму, хто заўсёды са мной, хто паўсюдна адзін.
Імкніся спаліць успаміны, як паляць лісты,
Бо ў постаці кожнай, у голасе кожным – ты.
Ізноў, ап’янелы віном і цьвярозы віной,
У белым, у дзіўным абліччы прыходзіш за мной.
 
 
 
 
*  *  *
я ў пекле, што хтось неабачліва страціў
я ў пекле, што выпала зь нечай кішэні
з твайго пагляду патроху красьці
па слоўку-сьлязінцы балюча страшэнна
душы і вершу, лязу і скуры
маёй крывёю зіма сплывае
лятункі ў вырай у небе шнурам
і я ў люстэрку яшчэ жывая
 
 
 
 
Здрайцы
заўтра буду грукаць галавою ў неба 
шлях наш быў дадому, збочыла ты ў Рым, а
тут перад маімі вершамі ганебна
злосныя анёлы бразнулі дзьвярыма
 
хлопец лёс свой крэсьліць на счарнелым сьнезе
ён – лязо і сьлёзы, ён – мой кот і кат,
нечым зьнэрваваны, заблукалы недзе
некалі сканае на маіх руках
 
ад цябе таксама лекі не ўратуюць
бо з тваёй талеркі я жыцьцё каштую
 
 
 
 
Ня тое
Я – кропля болю, што паўзе па лязе,
Я – белы зьвер, загнаны ў вусьціш.
Дзяўчаткі вершы выразаюць з газэт,
Маёй крывёй фарбуюць вусны;
Яны завабліваюць сьмерць у крысо,
Ня любяць жабак ды вустрыц,
Падлік пасечаных вядуць валасоў,
Баяцца твараў у люстры.
Сярод прыгнечаных страшэннай красой
Табе – тае, мне – ня тое.
Прадаць дазволена разумным усё,
Усё для дурняў – сьвятое.
 
 
 
 
*  *  *
шчасьлівыя шчасьця нікому ня зробяць
ты дзе, мой каханы, дзе?
пачуцьці свае разьмяняю на дробязь,
каб кідацца імі ў людзей
ня бачна празь белую цемрадзь завеяў
праз шкло захварэлай зімы
сагрэю твае зьледзянелыя веі
гарачымі я сьлязьмі
 
 
 
 
Палова
Ты прыйдзеш, каб сабе забраць сябе
З маіх усьмешак, позіркаў і рухаў,
Ды мне ня трэба напалову скруха,
Ты цалкам мне належыш у журбе.
 
Ніякіх pro et contra, так ці не...
Вядома, што з табою можа стацца,
Вядома, прыйдзеш ты, каб тут застацца,
Адно тваёй паловы мала мне.
 
 
 
 
*  *  *
Скрозь сьцяну майго маўчаньня
Куляй прабiваецца слова
Гiнуць параненыя зданi
Iзноў
 
 
 
 
*  *  *
Мы жывем – гэта значыць, што мы вар’яты.
.
 
 
 
 
Каляровы верш
480
Ахвярую Т.

 
балiць галава балючая галава кепска
быць ёлупам і вызнаваць аптымiзм
тут зьмешчаны аўтабiяграфiчныя зьвесткi
гэта стыль суiцыдальны авангардызм.
адкуль на небе зьявiлiся аранжавыя аблокi?         
Нашто ўжывала апельсiнавы напой!
усё на сьвеце мае каляровыя вытокi
але толькi ня мы але толькi ня мы
але толькi ня мы з табой
 
 
 
 
Народжаныя ўверсе
Першы сьнег на далонях неба памiраў, як кранаўся
                                                                                                                  паветра,
Сьвятыя шматкi маёй мовы каналi ў пачвар на вуснах,
Нiкому не здагадацца, што нашы душэўныя нетры
Зьлiлiся ў адзiн праклён... Бяжыце па белых трупах.
 
Самлела зямное вакно ад позiркаў, пахаў i дотыкаў,
Народжаныя ўверсе гiбеюць у сноў пад нагамi,
На шкле толькi людзi бачаць выявы бязглуздай эротыкi,
А мы адчуваем – ткуць словы сваё павуцiньне мiж намi.
 
 
 
 
П’еса
П’еса чырвоных мрояў адзiнокаму сьнiлася дрэву,
На магiле Паэта кветкi ўзышлi пахiлымi крыжамi,
Дрэва мае карэньнi, я маю крылы i сьпевы,
Някепска было б абмяняцца, да зямлi прырасьцi нагамi.
 
I я стаяла б нямая, Радзiма б мяне абдымала,
З паперы-зямлi чырвоныя словы цягнулiся б, як кветкi...
Галiны сумнага дрэва крышылi мой твар са сталі,
Мой сьвет – ягоныя мроi, мой сьвет – металiчная клетка.
 
 
 
 
*  *  *
ВОСЬ ТАК
ЧЫРВОНЫ ЗЕЛЯНЕЕ
І ЗЯЛЁНЫ ЧЫРВАНЕЕ
 
 
 
 
Бездань
скавытаньне скуголеньне
галашэньне
шмат гукаў пахавала ў сабе цiшыня
сумненьне апраўданьне сумленьне
абгрызенае ўяўленьне
растаптанае ўспрыманьне
вершаванiтаваньне
складаньне – дзяленьне
памнажэньне
і сьцены.
 
 
 
 
*  *  *
Я ДУРНАЯ
ТЫ ДУРНЫ
I НАШТО НАМ ДЗЕЦІ
?
 
 
 
 
Потым
цуд канфiскаванага дзяцiнства
жвавасьць недасканалай iстоты
кожны з нас зрабiў калiсьцi сьвiнства
вы бачылi размаўляючыя боты?
вы чулi крокi звар’яцелай цiшынi?
трава плача пад нагамi iдыёта
я i мае думкi тут не адны
гэта слова гэта зараз гэта потым
 
 
 
 
*  *  *
НЕ ПІШЫ
ЧУЖЫМІ РУКАМІ
МОЙ ВЕРШ
 
 
 
 
Уяўленьне
Сабака спужаўся  поўнi
У жыцьця пасiвелi скронi
Навошта нам ведаць хто
Прымушае расьцi траву
Але калi я бачу ГЭТА
Схiляюся перад Сусьветам
I намаляваны прастор
Уяўленьнем iрве галаву...
 
 
 
 
Superstar
Цаглянае цела Пластылiнавыя сьцены
Брыдкi сталёвы гук удару
Яна ўявiла сябе Пiтэрам Пэнам
Чорныя мары Белай ахвяры
 
Спалi, калi ласка, позiркам, подыхам
Гэты металiчны гук удару
Зь неба, скiнутыя нейкiм волатам,
Ляцяць крыштальныя «супэрстары»
 
I разьбiваюцца аб яе галаву
Зьлiваюцца з прыкрым гукам удару
Ёй хацелася ўпасьцi ў траву
I марыць.
 
 
 
 
Iмя
трызьнiла слова Паэтам, як зямля, пэўна,
трызьнiць травою,
пабачыўшы гэта, зраблюся сабакам i надрыўна
завыю вясною.
сыходзiлi чорныя думкi, прыходзiлi белыя песьнi,
я любiмае Слова пасаджу на каленi, буду доўга
лашчыць i песьцiць.
падарую Яму сваю кнiгу, i ня зьбегла каб – зьем
Яго крылы,
усё роўна пачварнае сонца немаўлятка маё прапалiла,
i замест брыдкай дзiркi трэба новае скласьцi Iмя.
 
 
 
 
Мэханiка
Падаруй мне свае новыя вынаходнiцтвы,
Я залью iх сьпiрытусам ды аднясу ў музэй,
У маёй скарбонцы цудоўныя каштоўнасьцi,
Бясконцыя каштоўнасьцi нязьдзейсьненых падзей.
 
У маiм сьпiрце жывуць твае гойсаньнi
I бадзяньнi сярод мэханiчных людзей,
Сярод нелягiчнае бессэнсоўнасьцi...
Да мяне ты заходзiш ўсё радзей i радзей.
 
 
 
 
Лесьвiца
лесьвiца маёй падсьвядомасьцi
вядзе ў пакой пад страхою
там схаваны: мая памяркоўнасьць
пыльныя лялькi i мроi
 
там шматкi чырвоных шпалераў
помняць гiсторыю сьценаў
i жывуць вымярэньнi старажытных кватэраў
аскепкамi маiх сьпеваў
маiх таямнiчых сьпеваў
 
 
 
 
Image
Nie ?akaj mianie na hetaj nieviadomaj
sumnaj vulicy biaz nazvy,
Ja ?nikaju razam z u?asnymi ?ladami
na b?akitna-ru?ovym ?niezie,
Patanaju?y ? tvajim kubku siarod chvala?
fijaletava-?ornaj kavy,
Ja kali?ci prasi?a ab lita?ci: «Nie  ?astuj mianie
pryjemnymi s?ovami.Bol? nia lezie».
Mo??ki siedzia?y na tvajoj ciop?aj, ?ahodnaj daloni,
?nia?ynki, nape?na,
Tabie achviaruju? svaje du?y, nia dumaju?y
pra pakinutuju ?ornuju isna??,
I drevy schilaju? ha?ovy pierad pod?viham mu?nych…
U ?atyroch ?cienach,
Prabivaju?y mocaj pa?u?cia? vakno, ja  ? toj ?as
praklinaju svaju cia?kakry?a??.
 
 
 
 
Chvilina
Nie zabivaj ci?yniu –         
Jana ?yvie nie adnu
Chvilinu.
 
 
 
 
Addanaść
Pakli? miane, jak niema?latka kli?a maci,
Zaplu??u vo?y, vylju ?lozy j pryjdu.
 
 
 
 
Pasłuchaj
Pa?ukaj moj zab?ytany pozirk
Ja cha?u padarava? tabie nieba
Ja cha?u achviarava? tabie ?y?cio
Ad majho sumu knihi robiacca py?am
Ad majoj samoty s?ovy ?ajucca na papieru
Mah?yma heta ad?uvaje ko?ny
Ale nia ko?ny zdolny
Padarava? tabie nieba
Achviarava? tabie ?y?cio
Pas?uchaj
 
 
 
 
Маруднае мора...
д
            з
            і
            ц
            я
        к  ч
м о р  а                   
а      ы й
р      в
у      і
д
н
а
е
 
 
 
 
Паданьне
У прыгожай краiне, створанай з пылу i бруду,
Дзе, як кажуць паданьнi, сыходзiцца клiнам наш сьвет,
Не бывае нiколi нi сьвятаў, нi казачных цудаў,
Толькi дзiва – там кожны жабрак i там кожны паэт.
 
Вершы паляць, як восеньню лiсьце, попел робiць iмгненьне,
А зь iмгненьняў разьюшаны вецер складае гады,
Праз стагодзьдзi блукаюць паэтаў ледзь бачныя ценi,
Словы лiсьцем барвовым на зямлi пакiдаюць сьляды.
 
 
 
 
Сумленьне
Пафарбаваныя ўсьмешкi ляцяць на мяне з вашых тва-
раў, як кроплi дажджу зь неба ўвосень. Забярыце iх сабе, я
не карыстаюся грымам, не ўжываю рэшткi чужога сора-
му. Я кожную ранiцу, адчыняючы вакно, бачу, як выкiдаеце
вы праз форткi сваё сумленьне.
 
 
 
 
Апошнi
Твой першы, як мой апошнi,
I зноўку ўсьмешка поўнi,
I смак у паветра горкi...
Хадзем,
Пахаваем забiтыя зоркi.
 
Дзiўна, ты ведаеш, як,
У завулку крадзецца маньяк,
Толькi ня ведаеш, пра што...
Бачыш,
Яго цень лiжа нашу столь.
 
 
 
 
Жудасьць
У тваiх вачах палае нямая адзiнота
Калi я гляджу на цябе, мне робiцца страшна
Нiбыта сьвет апанавала ўнутраная слота
Нiбыта жудасьць точыць кiпцюры апантана
 
Аб нашыя душы, мой здраднiк-дружа,
Аб нашыя думкi, якiх не было й ня будзе
Шукаеш, узiраешся ўдалячынь напружана
Красавiк сакавiк люты студзень
 
 
 
 
*  *  *
Я карыстаюся сьляпымi й куцымi словамi
зь сябе я шукаю выйсьця
хiстаючыся, яны з адсечанымi галовамi
кладуцца на паперу, як барвовае лiсьце
 
Сплываюць крывёю, набываючы новыя формы
мае вершы – могiлкi выкшталцоныя
пазяхаючы, заплюшчыўшы вочы ад стомы
я выцягваюся на ложку, прадчуваючы бяссоньне
 
 
 
 
Пластылiн
Вершыкам хочацца спаць – пластылiнавыя лiтары
Зусiм не балючы летаргiчны сон у лядоўнi
Тым часам нехта ўжывае каву лiтрамi
Ад залiшняй гэнiяльнасьцi сiвеюць скронi
 
 
 
 
*  *  *
мацьнею пад лязом сякеры
я не для вас, паны, о не:
ня мне ў вас такіх паверыць
ня вам паверыць у мяне.
сплываючы крывёй нябёснай,
сьпяваючы санэт чужы,
каб у вачох блакітных сьлёзна
схаваць чырвоныя дажджы.
ня знае ваша літасьць меры.
ў жыцьці, як у чароўным сьне,
мацьнею пад лязом сякеры.
я не для вас, паны, о не.
 
 
 
 
Рух часу
Апошнiя хвiлiны сьцякаюць па маiх скронях
Упершыню я адчуваю, як рух валодае часам
Вершаваная iржа пануе ў срэбных мроях
Мяне зразумець складана – застанься са мною сам-насам
Магчыма, боль дадасьць моцы тваiм дыстрафiчным крылам
Шчырым пафiгiзмам прасякнутая iронiя
Прымушае мой фотаздымак пакрывацца сумам i пылам
Апошнiя хвiлiны сьцякаюць па маiх скронях
 
 
 
 
Калыханка
Сьцiплы бог паглядаў адрачона, як сьпiць чалавек,
Сьцiпла падалi вейкi з заплюшчаных шчасьцем павек,
Поўня бляклаю плямай на чорнай цьвiла прасьцiне,
I зьлiваўся з асфальтам нiкiм ня спынены сьнег.
I блукалi балесныя сны, наводзячы жах,
Ды бадзялiся псэўдаёгi па нажах.
Падавалася: толькi ты нiяк не засьнеш,
Гэтаксама, як нiкiм ня спынены сьнег.
 
 
 
 
У самоце
на тваiх далонях узрасьлi расьлiнкi
прыклаўшы да iх вуха пачуеш крыкi
крануўшы пальцам атрымаеш раны
яны выкрываюць чалавечыя заганы
але я iмкнуся (гэта значыць даб’юся)
у самоце, у нябыце, у тузе, у скрусе,
у глыбакосьцi, у жудасьцi
узрасьцi
на чырвонай зямлi з чорнай скурай
дурань дурань дурань
 
 
 
 
Hsyaod
Самотны чалавек! Глядзi, з дрэваў сьцякае блакiтная кроў,
Кроплi зьбягаюцца ў велiзарныя лужыны,
Нечая постаць, скурчаная пад нападамi чырвоных зьвяроў,
Ад адчаю i болю кожны мускул нэрвова напружаны.
 
Самотны чалавек! Назiральнiкi, падобныя да
                                                                                                    мармуровых сьценаў,
Пазбаўленыя ня толькi пацыфiсцкiх iдэй,
Дый у брудных лужынах хiба ня нашыя ценi
Яшчэ ўчора казалi: «Hope to see you again one day»?
 
 
 
 
Малітва
неба перапэцкала свае далонi ў атруце
накрапала сьмярдзючай вадкасьцю на твар
дрэва бiлася галавой аб зямлю ў скрусе
пазбаўляючыся разам зь лiстотай вычварных мар
 
растапчу свае думкi раскiданыя па падлозе
расплюшчаныя вочкi – калодзеж непаразуменьня
гэй той хто сядзiць у нябёснай бярлозе
падары сваiм гадам хаця б трошачкi сумленьня
 
 
 
 
Споведзь укльгавага ценю
мой кульгавы цень iдзе па сьцяне
кожны ягоны рух нараджае боль
мяне адлюстравала нябёсная столь
дый ты – гэта ўсё, што ёсьць у мяне
праўда паэта патанула ў вiне
як сонечнае лета ў крывавых аблоках
як белыя шпалеры ў адбiтках крокаў
дзе мой кульгавы цень iдзе па сьцяне
 
 
 
 
Канстатацыя маёй адсутнасьці
чэзлыя кветкi словаў тваiх
трупянеюць на стракатых шпалерах
шляхам сваёй непаўторнасьцi псiх
сьцьвярджае мудрагелiстасьць веры
у сваёй адзiноце я стануся першай
калi ў вочы твае заглыбiцца жаль
калi кнiгу сваiх акрываўленых вершаў
я цьвiкамi прыб'ю да крыжа
 
 
 
 
Сьпякотай апаленая скура
блакiтнавокiя вершы з залатымi вейкамi
робяцца ўва мне высакагорнымi рэкамi
iстоты з апаленай скурай
у небе цягнуцца снурам
i кожны дотык паветра гарачы
працiнае цела чырвоным плачам
сонца сьляпога ахвяры
на зямлi барвавеюць шнары
схiляюцца дрэвы ў самоце
молячыся сьпякоце
 
 
 
 
На Каляды
у вялiзным насьценным люстры
я ўбачыла цень Заратустры
сны спаўзалiся мне на плечы
ад сябе так няпроста зьбегчы
а паэту не трэба многа
толькi стаць невялiчкiм богам
у ягоным цяжкiм дыханьнi
стогне боязь мяне паранiць
мысьляры ля сьвяточнай елкi
патаналi ў моры гарэлкi
родных вуснаў сьвятая здрада
нараджэньне сьвятла. Каляды
 
 
 
 
Атрута
нечы сум пазiрае тваiмi вачыма
кожны дзень я праходжу няшчасьцяў мiма
i за вейкi чапляюцца нечыя сьлёзы
дзiўна! срэбныя дрэвы глядзяць несур'ёзна
гэты дзень з шакаладным салодкiм смакам
я скармлю бадзяжным калматым сабакам
на маёй маленькай далонi знову
застанецца атрутных некалькi словаў
 
 
 
 
Посттрыялет
пачвара з задуменнымi вачыма
угледзела самоту за вакном
ад скрухі трэба лекавацца сном
пачвара з задуменнымi вачыма
на дне азёр, напоўненых вiном,
схавалася цьвярозая радзiма
пачвара з задуменнымi вачыма
угледзела самоту за вакном
 
 
 
 
Невыносная здрада
сьнег чырвонаю здрадай цалуе брудны асфальт
невыноснаю здрадай пакрылiся дрэвы i вулiцы
у зiмовым паветры iскрыцца дзiвосны баль
i вяртаюцца пчолы ў свае бэтонныя вульлi
толькi ты не сьпяшаешся жыць да такога скону
небасхiл чакае зьяўленьня апошнiх зорак
на далонькi мае згодна зь нечым вечным законам
упадзе забiты табой аксамiтны золак
 
 
 
 
*  *  *
знайдзi мяне сярод забытых рэчаў
зьляпi мяне зь няшчасьцяў i пустэчы
i я прыйду, i сьцiхне ўсё наўкола
i я прыйду, i зноў замкнецца кола
ды зразумець у зацемках няможна
цi гаспадар ты ёсьць, цi падарожны
 
 
 
 
Зямля анёлаў і самагубцаў
стаю на даху, гляджу я ў далеч
застылы водгук былой вайны
мы – дзецi, зробленыя са сталi
мы – проста сны
 
як заiнеюць мае павекi
шалёны крык падштурхне мяне
памiж душою i чалавекам
крывавы сьнег
 
ва ўлоньне мацi змагу вярнуцца
зямлi спакутаваным дзiцём
вучыць анёлаў i самагубцаў
любiць жыцьцё
 
 
 
 
Вязьні
як вязьнi некалькiх прыступак
нясьмела прыпыняем крок
нябёсы ахiнае смутак
нябёсы абдымае бог
калi бяжыш, не спатыкнiся
сьляды на травеньскай траве
пакуль са мною будзе ў кнiзе
самотны верш
 
 
 
 
*  *  *
сны да аранжавай падушкi
схiляюць лысыя галовы
хутчэй ратуйце нашы душы
мы – носьбiты нiчыйнай мовы
я – цень, што поўзае па сьценах
да вуснаў прыпадае моўчкi
i пазiраюць летуценна
напаўрасплюшчаныя вочкi
 
 
 
 
*  *  *
Квітнее сонца. Хочацца сьпяваць.
Празь неба прабіваюцца дажджы.
На пальцы праліваецца трава,
І нават нежывыя прагнуць жыць.
 
Паэтка крэсьліць словы на вакне,
Паэтка на вясну глядзіць праз шкло.
Хаваецца ў вачох расталы сьнег.
Паэткі ў гэтым сьвеце не было.
 
 
 
 
*  *  *

Ты пакліч мяне, пазаві.   
#Я. Янішчыц

 
Ты ня кліч мяне, не заві
Памаўчы, зямля,
Зарасьце павуціньнем травы           
Лёгкіх крокаў шлях
Паляцець на калючы дрот
Болем сьвет спавіць
Апячы брыдкім крыкам рот
Не мяне заві
 
 
 
 
Безгаловы санэт
Ня плачце... Не таму, што сьлёз шкада
Бо не ад іх трава расьце вясною
Узрошчаная сном і цішынёю
Сьцякае зь веяў марная вада
 
Ня будуць болей сонечныя промні
Ружовыя ад шчасьця і ад стомы
На шчоках палымнець расталым сьнегам
 
Ня плачце. Усьміхаюся балесна
Я не таму, што хутка стану небам
Мне сьлёз шкада, якім у зрэнках цесна
 
 
 
 
Ідыёма ідэала
на зiмовае сонца вочы прымружыўшы
прапускае сьвятло ў душу празь сiнiя зрэнкi
чарнавокi спадар што iмкнецца сябе сагрэць
ён бялейшы за першы сьнег i крылы анёлаў
я гляджу на яго i моўчкi кусаю вусны
толькi хто вiнаваты, мой любiмы колер – чырвоны
устрывожаны ранак птушкай сарваўся з галiны
дай пад’есьцi свабодзе трошкi апалага лiсьця
дайце мне пад’есьцi трошкi вашай свабоды
маё сэрца стане вялiкiм як гэтыя вочы
 
 
 
 
Гэроі маіх сусьветаў

#1
я адчуваю сябе гэроем сьвету
сонца тваё падобнае на манету
маё – на канцэнтрацыю крывавых кропель
пакаштуй майго салёнага сiропу
сьлязлiвыя дзяўчыны глытаюць кветкi
яны – усяго толькi вантробы вялiзнай клеткi
 
ешце, бессаромнiцы, частуйцеся,
iначай не атруцiцеся!
дрэвы замяняюць паэтам сяброў
ды астатнiя на вiно зьмяняюць кроў
вы, ахвяры валтузьнёвай мiтусьнi!
вы, стваральнiкi трызьненьняў i фiгнi!
 
хто дажыве да наступнага лета
той праглыне сусьветную катлету
я не iмкнуся змагацца з лайном i брудам
не станецца чараўнiк iмiтатарам цудаў
я буду Iудам у наступным жыцьцёвым сьне
я радзiму прадам за семнаццаць срэбных манет

 

#2
ты ня ведаеш беларускай мовы
напладзiлася вакол словаловаў
па старонках маршыруюць папяровыя шкiлеты
мы пра тое, пра сьвятое, вы пра вечнае, ПРА ГЭТА!
вы, нахабныя пахавальнiкi й каты,
адшукаць бы атруту для вашай гарбаты!
 
задыхнуўшыся ад сонечных ванiтаў
iдыёты рыхтавалiся да iспытаў
а на нашыя галовы няшчадна плявалiся хмары
а пад нашымi ботамi кожнай травiнцы хацелася марыць
я ня стану пытацца, дзе твае бадзяюцца ценi,
бо сьвятога ад забойцы складана адрознiць па адзеньнi
 
што iснуе знутры? гармiдар пачуцьцяў?
твой голас у зарасьцях болю зусiм ня чуцен
выключна пафас, разьдзьмуты на хлусьлiвай паперы,
дасягае неверагодных памераў,
дзе кожны будзе лiчыцца гэроем сьвету
тваё сонца падобнае на дзiравую манету
 
 
 
 
Патрыятычны трыпціх

#1
раскоша ў вясковым садзе
зьлiлося ўсё ў маiм паглядзе
жанок залiвiстыя сьпевы
i жоўты яблык перасьпелы
што зараз ападае долу
накшталт яго хачу на волю
прыгожы твар сканае зьбiтым
я ж рызыкую быць забiтай
сябе паводзiць трэба цiха
бо мне няма дазволу дыхаць
дуб беражэ сваё карэньне
палаю, стоячы на сцэне
мацьнее пад лязом сякеры
я – скурчаны шматок паперы

 

#2
панк, валацуга i эстэт
насраць хацеў на цэлы сьвет
цi доўга жыць мы будзем з вамi
калi на Сьвiслачы – цунамi?
сьвет адыграў чужую ролю
паэт павесiўся ад болю
сьвет ванiтуе ад напасьцяў
паэт застрэлiўся ад шчасьця
не, не пустыя напалову
дурныя нашыя галовы
мы пераблыталi ў цемры
iмёны, твары i манеры
Свабоды, Роўнасьцi i Веры...
я – скурчаны шматок паперы

 

#3
калi пад полымем штандараў
мы пазбаўлялi сэрцы шнараў
зямля плявала нам у вочы
лямантавала, якiя мы сволачы
не запавольваючы хады
забойцы трушчылi гарады
пустыя вулiцы i дамы
казалi пра тое, што гэта – мы.
бразгала восень дзьвярыма i вокнамi
дрэвы кiдалiся сшыткамi нотнымi
сьпявалi «Магутны Божа»
каб сьветла было й прыгожа
ад лiхаманкi й даверу
скурчаны стос паперы 
 
 
 
 
Назаўжды
Пухiры блакiтна-празрыстых вачэй Мяне няма
Дзьве кроплi патанаюць адна ў адной
Калi неба злучаецца зь зямлёю – утвараецца турма
Не iрвiся з сусьветнай клеткi Застанься са мной
 
Самотныя твары дрэваў Нi дзень нi ноч
Дождж Што ён бачыць у глыбiнях чырвонай вады?
Штодзённасьць шэра-плямiстых сноў Iзноў
Неiснуючы сябра Застанься са мной Назаўжды
 
 
 
 
Маё вар’яцтва
За гэтай шэрай сьцяной, што завецца неба, ты ёсьць,
Бо я б’юся аб яе ўсёй кволай істотай,
І крывавыя сьляды ад мяне на ёй – твой лёс,
Рабі свае справы саранна, але ўпотай.
 
Бо калі яны ўбачаць, бо калі яны пачуюць мой плач,
Больш ня будзе існаваць сапраўднага мастацтва,
Трэнас, што дзіўнае ты ў сваіх вачох знайшла,
Ты – мой боль, мой бязьмежны боль, маё вар’яцтва.
 
 
 
 
Спустошанасьць
зямля апусьцiла цяжкiя павекi
дрыжаць у паветры танюткiя вейкi
рыхтуй для мяне антысонныя лекi
бязглузды спакой – нiшто для нас
 
адчуючы ветру засьмяглы подых
чужых валасоў сьветларусых слодыч
блукае па вiхлястых бясконцых сходах
спустошанасьць
 
 
 
 
Белы попел
я бегла па вясьне, і плакаў боль
апалаю чаромхай на траву
імкнуўшыся ўвесь сьвет прыкрыць сабой
мне белы попел лёг на галаву
у зрэнках стомленых квітнее бэз
пустое зерне хутка прарасьце
ці ёсьць магчымым  забіваць сябе
каб быць крывёю на чужой красе
 
 
 
 
Эсэ № 7
Колькi каштуе твая засьпiртаваная душа? Я набуду яе
зь вялiкiм задавальненьнем для таго, каб праводзiць
фiлялягiчныя экспэрымэнты. Алькаголь не ўратуе ад болю,
таму твая сутнасьць будзе адчуваць кожны пяшчотны
дотык майго адвечна ненажэрнага пiнцэту. Штодзень я
буду праводзiць невялiчкiя апэрацыi. Мае асыстэнты – твае
сябры. Я ня помсьлiвая, але справядлiвая. Высакарод-
насьць вышэй за ўсё – калi цябе гэтаму не навучылi, прый-
дзецца ўводзiць падобны панятак ў тваю падсьвядомасьць
мэханiчна. Я паэтка, але не хiрург, прычым хутчэй пры-
родная нахабніца, чым штучная графаманка. Празь
некалькi год зь мяне будуць выдаляць прагу велiчы. А па-
куль што мы зоймемся высьвятленьнем твайго дыягназу,
сьветлы мой i непахiсны.
 
 
 
 
*  *  *
да цемры цяпер праз церні
ад жыцьцяў цяпер праз жыта
з пакорай цяпер у мора
бязь веры пад суд сякеры
 
на золку зьбірайма зёлкі
пад вечар зьбірайма веча
з-за кратаў зьбірайма катаў
мне зраньня сьпяклася рана
 
 
 
 
На Вялікдзень
тое, што скажу яму
тое, што скажу Табе
ўсё – трагэдыя Муму
між Табой ды ім прабел
бо які ж у вершаў смак,
гатаваных на крыві?
штосьці зь іх я зьем сама
рэшту вып’е красавік
Твой ад шчасьця сьветлы твар
нараджаецца трава
славіш Вечнасьць і Красу
Твой са мною Страшны Сум
Я – працятая наскрозь
І напраўду, Ты ўваскрос
 
 
 
 
*  *  *
Я склала зброю. Стаптала боты.
Зламала кіпці. Пайшла дадому.
Бо хто шчасьлівы, бо хто журботны
Адчыніць дзьверы майму малому?
Дзяліўшы, рэзаў мяне на вершы,
Ня знаўшы, шкодзіў сабе самому.
Праз колькі дзён безгаловы вершнік
У дом, бы котку, запусьціць стому.
Лязо далоняў
Вастрыла сёньня
Паслала сон на
Паслала ўсё
 
 
 
 
Быцьцё
сьцякала па вопратцы кроў
начных навальнічных вятроў
я ўсіх прадчувала нутром
гэроі ўжывалі ром
гуляліся ў лябірынце
каналі ў бінтах і быце
ня бойцеся і забіце
на зайздрасьць і злосьць забудзьцеся
а ты падстаўляеш шчаку
сьлязою па ёй сьцяку
і мне дастануцца ад скрухі
твае ап’янелыя рухі
твае зьледзянелыя рукі
і рызыкі-выбрыкі-крыкі
твой сон у маю галаву
сьмерць блізка, лаві love you
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.