РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дабрадзейныя
1
        Няма такой дабрадзейнай жынчыны, якой не абрыдла б яе дабрадзейнасць.
Ф. Ларашфуко
        
        Няма жанчыны няшчаснейшай, чым дабрадзейная.
        Асабліва калі табе за трыццаць, і ты ўжо ...наццаць гадоў жонка мужа, які не адрознівае Пікаса ад Маціса, і восень сёлета загасцілася, і сунуцца колы твайго лёсу па выбітай каляіне – і, можа, ніколі, ніколі не збочаць...
        Лілія Іванаўна, дызайнер па інтэр’ерах, стаіць на ўласнай кухні, падперазаная фартухом у буйныя гарохі, і падазрона вывучае аркуш, які дастала з прыгожага канверта з выявай залатой кветкі. Гэта запрашэнне на чарговае пасяджэнне клуба дабрадзейных жанчын «Белая лілея». Лілія Іванаўна ніколі не чула пра існаванне такога клуба... Але месца пасяджэння ўказана самае прэстыжнае – там, дзе, як вядома з газет, бываюць зоркі і куды прыходзяць высокапастаўленыя асобы. Надрукаваны і тэзісы клуба – кактэйль цытатаў з Бібліі, Агні-ёгі ды модных філосафаў. Трэба ж, які тытул – дабрадзейныя жанчыны! Самі сабе яго прысвоілі?
        Калі не розыгрыш, дык тутэйшая мадыфікацыя сініх панчох. I Лілія Іванаўна хавае канверт на кухоннай паліцы, між кніг па кулінарыі.
        
        Пакуль Лілія Іванаўна рыхтуе вячэру мужу і дачцэ, давайце бліжэй пазнаёмімся з гэтай, трэба прызнацца, досыць шараговай кабетай. Лілія Іванаўна працуе ў адной так званай сумеснай фірме. Праўда, не так даўно. Да гэтага сядзела ў дзяржаўным праектным інстытуце. Праекты яе рэгулярна перамагалі на прафесійных конкурсах, але зарплата затрымлівалася не менш рэгулярна... Да таго ж пагроза скарачэння... Вось і пайшла на вольны хлеб. Пра афармленне Ліліяй Іванаўнай адной прэстыжнай крамы нават двойчы згадвалася ў газетах. Атрыманую валюту за гэтую працу Лілія Іванаўна аддала мужу. Той схаваў нязвыклыя для сям’і зялёныя паперкі на чорны дзень... I яна забылася на іх. Бо не належала да тых жанчын, што купляюць сабе французскія духі і сумачкі з кракадзілавай скуры за кошт сямейнага бюджэту. I ўвогуле аддавала мала ўвагі свайму знешняму вобліку, наконт якога не мела, дарэчы, ніякіх ілюзій. Не ўсім жа быць каралевамі прыгажосці!.. Прывыкла ад часоў студэнцкага юнацтва да самаробных упрыгожанняў са скуры і дрэва, сумачак-торбачак, някідкай касметыкі. Абутак і адзежу можна купіць і ў дзіцячай краме – там ёсць «дарослыя» памеры, толькі мадэлі прасцейшыя і таннейшыя... Па-літо дзесяць гадоў – накінула зверху шаль, надзела капялюшык – вось і шарм! Хоць пры жаданні магла і апрануцца – муж, пабадзяўшыся беспрацоўным, уладкаваўся наладчыкам тэхнічнага абсталявання ў Палацы сучаснай моды... Але – ну, якая такая глабальная розніца між памадай за сем тысяч і сто тысяч, ботамі з натуральнай скуры і штучнай... I нашто залатыя пярсцёнкі, калі срэбныя высакародней?
        Не разумела Лілія Іванаўна і тых сваіх сябровак, што хваліліся любоўнымі прыгодамі. Іх вазілі на іншамарках, вадзілі ў рэстараны, частавалі цукеркамі з шампанскім...
        Не тое каб Лілія Іванаўна не хацела цукерак з шампанскім... Але ў яе была натуральная грэблівасць да лёгкіх паводзін. Дапусціць да сябе чужога мужчыну – усё роўна што пакарыстацца чужой зубной шчоткай. Нехта зробіць гэта без рэфлексій, другога – званітуе...
        Не дзіва, што Лілію Іванаўну практычныя людзі лічылі наіўнай дурнічкай: не ўмее жыць...
        Хоць і зайздросцілі ўпотай гэтай дурнічцы... Ой, як зайздросцілі!.. Усе гэтыя модныя прыгажуні, не абцяжараныя сям’ёй, разумніцы і ганарліўкі. Проста самотныя кабеты... Хоць Лілія Іванаўна пра іх зайздрасць нават і не здагадвалася.
        – Мама, есці давай!
        – Жоначка, з голаду паміраю! – даносяцца з вітальні галасы.
        I Лілія Іванаўна таропка падае на стол.
        Снег усё не выпадаў. Гараджане паныла тупалі па мокрым асфальце, які люстраваў іх шэрыя твары. Лілія Іванаўна забылася пра таямнічае запрашэнне. Але неўзабаве ўвечары да іх у каватэру патэлефанавалі. Трубку ўзяў муж. Пасля некалькіх слоў ён змяніўся з твару, чамусьці пачаў вольнай рукой падцягваць свае спартовыя штаны, прыгладжваць рэдкую чупрыну. Страціў усю мужчынскую паважнасць.
        – Зараз, зараз... Адну хвіліначку... Я яе паклічу...
        Па энергічнай мужавай жэстыкуляцыі Лілія Іванаўна зразумела, што тэлефануе нехта асабліва важны. Сапраўды – гэта аказалася Леакадзія Сямёнаўна, дырэктар Палаца сучаснай моды, дзе працаваў муж. Дырэктарку за вочы звалі Цэрберка, і ўсе баяліся яе, як агню.
        – Вы не забыліся, Лілія Іванаўна,– нечакана салодка гучала кантральта дырэктаркі,– што заўтра пасяджэнне клуба «Белая лілея»? Спадзяюся, запрашэнне атрымалі своечасова? Я – сябра праўлення клуба. Будзем рады вас бачыць.
        Цяпер ісці трэба было абавязкова...
        
        У горадзе аказалася не так ужо мала дабрадзейных жанчын. Не менш за паўсотню. I выглядалі яны менавіта так, як павінны былі выглядаць,– ніякіх міні, ніякіх дэкальтэ, яркай касметыкі. Прычоскі – строгія вузлы на патыліцах ці немудрагелістыя стрыжкі. У многіх – акуляры. Што ж, прынамсі, знешне яна не вылучаецца... Лілія Іванаўна сядзела за кутнім столікам з шэрага мармуру і спалохана разглядала невядомыя далікатэсы: нешта падобнае на марскую капусту, загорнутую ў чырвоныя скрылёчкі, рознакаляровыя жэле ў металёвых ракавінах, маленькія бутэрброды, нанізаныя на шпількі,– канапэ яны называюцца, ці як? Адзінае, што можна было браць, не баючыся парушыць этыкету,– высокая шклянка з кактэйлем... Кактэйль аказаўся безалкагольны і даволі гідкі на смак. I ўвогуле ўся зала была такая халодная, вялікая, няўтульная... Шэры мармур сцен, люстраныя калоны... Цьмянае святло белых пляскатых плафонаў... Не, імпрэза ніяк не прыпадабнялася да звычайнай вечарыны. Хаця б таму, што наводзіла сум нягучная арганная музыка. I тое, што ў зале прысутнічалі адны жанчыны. I засяро-джаныя абліччы, і строгая вопратка. I незразумелае адчуванне нейкай... тэатральнасці таго, што адбываецца. Вось і дырэктар Палаца сучаснай моды, мажная, гучнагалосая, у чорным касцюме з белым кантам... А вось... ну так, гэты твар Лілія Іванаўна неаднойчы бачыла на экране тэлевізара. А гэта... Ну так, жонка... не будзем называць чыя.
        Вызначыла яна і яшчэ адну заканамернасць: у клубе не было занадта старых і маладых. Усе – кабеты так званага сярэдняга ўзросту.
        Між тым арганная музыка заціхла. За маленькі столік з мікрафонам у цэнтры ўселася жанчына ў белай сукенцы, з тварам прыемным і прыветным, але занадта ўладным. Лілія Іванаўна вырашыла, што гэта старшыня клуба.
        Жанчына ўпэўнена загаварыла:
        – Вітаю шаноўных сяброў клуба «Белая лілея» і кандыдатаў у сябры! Дазвольце нагадаць, што клуб аб’ядноўвае жанчын, якія адпавядаюць высокаму цэнзу па трох паказальніках: маральнасць, інтэлектуальнасць, грамадская значнасць. Мэта клуба – супольнымі намаганнямі спрыяць выратаванню грамадства. У космасе жаночы і мужчынскі пачаткі – «інь» і «янь» – злучаны непадзельна. Толькі іх сінтэз спараджае гармонію светаўладкавання. Сёння ў нашым хворым свеце стваральная энергія «інь» амаль не запатрабаваная. Мужчыны стварылі свой агрэсіўны свет са сваімі каштоўнасцямі. I горш за ўсё, што гэтыя каштоўнасці сталіся адзіна рэальнымі для большасці жанчын, патэнцыяльных носьбітаў энергіі «інь». Так званае вольнае каханне, якое марнуе вялікую таямніцу нараджэння жыцця, узаконілі яны, мужчыны, бо «янь» па прыродзе сваёй – хаос, неўпарадкаванасць, экстрапаляцыя. Улада зброі і грошай – гэта фетышызм мужчын... А жанчына прывыкла глядзець на сябе як на частку мужчынскага свету і недахоп у сабе якасцей, уласцівых мужчыне, лічыць сваімі недахопамі. А якасці, уласцівыя толькі жанчыне, таксама лічацца яе недахопамі... Поспех жанчыны ў грамадскім жыцці, творчасці ў першую чаргу сустракаецца непрыязна жанчынамі! Існуе пагроза выраджэння энергіі «інь». I тая, што хоча зрабіцца яе носьбітам і правадніком, выканаўцай місіі сусвету, мусіць адрознівацца высокімі маральнымі якасцямі. Сям’я і мацярынства павінны быць для яе непарушнымі святынямі – вялікі грэх траціць энергію «інь» па-за арэолам сямейнага агменю. Адначасова жанчына мусіць выявіць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял у карысным для грамадства рэчышчы, заняць пэўнае месца ў соцыуме і спрыяць у выкананні місіі такім жа носьбітам энергіі «інь». Як бачыце, наша арганізацыя моцна адрозніваецца ад прымітыўных феміністычных арганізацый, таму што толькі дабрадзейнасць і крышталёвая чысціня ставяць жанчыну на вяршыню светастварэння, а зусім не вольнае каханне і перайманне мужчынскіх якасцяў.
        Зразумела, знайсці асоб, якія б адпавядалі гэтым патрабаванням, а значыць, і прынцыпам нашага клуба,– вельмі і вельмі нялёгка. Кожная кандыдатура падлягае пільнаму вывучэнню. Любое парушэнне аднаго з прынцыпаў – аўтаматычнае выключэнне з клуба. Таму на сёння ў клубе налічваецца шэсцьдзесят чатыры паўнавартасныя сяброўкі, уключаючы філіялы клуба ў іншых гарадах, – і ўсяго тры кандыдаткі...
        Лілія Іванаўна ўся сцялася, бо была ўпэўнена, што на яе звернуць увагу... Але старшыня толькі прапанавала даць слова музыкам і запрасіла ў залу струнны квартэт з Аўстрыі.
        У квартэце таксама аказаліся адны жанчыны.
        Лілія Іванаўна пацягвала свой гідкі кактэйль і не магла даўмецца, у чым сэнс гэткіх занудных пасяджэнняў. Дакладна, сінія панчохі, як яна і думала... I чаго яе так настойліва сюды запрашалі? Увесь вечар праседзела ў цёмным кутку... Праўда, пэўна, ад хвалявання, мроілася нечая пільная ўвага да сваёй сціплай асобы... Але, апроч імгненных выпадковых позіркаў, Лілія Іванаўна прыкмет увагі не выявіла.
        Вечарына скончылася нечакана хутка. Пасля выступу струннага квартэта прысутныя палюбаваліся слайдамі пра старажытныя абразы Божай Маці, праслухалі кароткую лекцыю і пачалі разыходзіцца. Ужо на выхадзе Лілія Іванаўна азірнулася і заўважыла, што некаторыя жанчыны знікалі за невялікімі дзвярыма між дзвюма люстранымі калонамі... Што ж, якая ёй справа... Няма ў яе жадання ўступаць у гэты клуб...
        
        Жыццё не змянялася. Хіба што аднойчы ў паштовую скрынку ўкінулі асобна выдрукаваныя правілы ўступлення ў клуб «Белая лілея» – тое самае, пра што гаварыла старшыня. Жартам Лілія Іванаўна ўжо не магла гэта лічыць, але ставіцца сур’ёзна... Нават мужу не магла як след пераказаць, што чула на пасяджэнні,– нейкія «інь», «янь»...
        Пасля першага поспеху з’явіліся заказы на афармленне інтэр’ераў самых розных устаноў, і Лілія Іванаўна пачала браць працу дахаты. Хто не спрабаваў залезці ў перапоўнены тралейбус з двума планшэтамі метр на метр – не зразумее, наколькі Лілія Іванаўна была аднойчы ўдзячная незнаёмаму блакітнавокаму мужчыне, які заходзіў у тралейбус перад ёй, падхапіў ейныя планшэты і трымаў над галавой на выцягнутых руках аж пяць прыпынкаў. Шчасце яшчэ, што ён выходзіў разам з ёю.
        Не варта заводзіць знаёмства з жанчынай, якая толькі што выйшла з грамадскага транспарту. Капялюш у яе набакір, двух гузікаў на паліто не хапае, і крылцы яе анёла-ахоўніка пакамечаныя.
        – Вы павінны ездзіць на машыне.– Незнаёмец аддаў планшэты Ліліі Іванаўне.– Бачыць вас у натоўпе – усё роўна што трапічнага матыля ў адзежнай шафе...
        I пайшоў. Лілія Іванаўна толькі цяпер разгледзела, што незнаёмец высокі і дужы і надзіва элегантны. На машыне!.. «Ха-ха-ха» тры разы... Паправіла капялюш, планшэты пад паху – і наперад, да сваіх каструляў...
        На наступны дзень Лілія Іванаўна зноў сустрэлася на прыпынку з тым... блакітнавокім. Шчыра кажучы, паспрабуй ён неяк загаварыць, пазнаёміцца, Лілія Іванаўна без ваганняў адшыла б яго. Уся яе адпрацаваная сістэма самаабароны мабілізавалася б... Але мужчына стаяў на другім канцы прыпынку і нават не глядзеў на выпадковую спадарожніцу. Неяк само сабой атрымалася, што ён зноў падхапіў яе планшэты. Прычым асаблівай радасці з гэтага не выявіў. Яна нават адчула сябе вінаватай – стварае абставіны, калі добрае выхаванне прымушае чалавека займацца цяжкай, няўдзячнай працай... Бо сама Лілія Іванаўна, відаць, сёння не справілася б са сваёй ношай і, як часта даводзілася рабіць, прайшла б два прыпынкі да тралейбуснага кальца, дзе лягчэй сесці.
        Незнаёмец без усякіх каментарыяў аддаў Ліліі Іванаўне планшэты, ветліва развітаўся і пайшоў у свой бок. Так што ёй нават зрабілася крыўдна – мог бы нешта й сказаць...
        Усю ноч ішоў нудны дождж, які па логіцы прыроды даўно мусіў быць снегам. Вецер шпурляў у акно мокрыя лісты, ужо не жоўтыя, а цёмна-карычневыя, амаль чорныя,– нібыта стукаліся ў шыбу прывідныя рукі... Штучная скура боцікаў патрэскалася, і Лілія Іванаўна дарэмна шукала на прыпынку – спрэс лужыны – месца, дзе праз ненадзейныя падэшвы не прасочвалася б вада... Незнаёмца на прыпынку не аказалася. Лілія Іванаўна адчула такое расчараванне, што сама сабе здзівілася. I яшчэ больш засмуцілася з сябе, калі ўзрадавалася, пабачыўшы яго праз дзень... Спадарожнік зноў дапамог Ліліі Іванаўне несці планшэты, але не развітаўся на прыпынку. Сёння яму трэба было зайсці ў краму, што каля яе дома, і яны пайшлі разам.
        – Прабачце за нахабства, але хацелася б даведацца, што за таямнічыя прадметы выпала мне несці. Вы мастак?
        – Не, дызайнер... Афармляю інтэр’еры.
        – Як цікава... А я – музыкант, віяланчэліст.
        Размова завяла Лілію Іванаўну і яе планшэтаносца ў такія інтэлектуальныя вышыні, калі сама сабе радуешся – якая ж ты разумная ды эрудзіраваная...
        Ля крамы мужчына развітаўся, не зрабіўшы ніякіх закідаў на далейшае знаёмства. Нават імя не папытаўся...
        Надышлі выхадныя. Муж Ліліі Іванаўны праводзіў іх перад тэле-візарам – глядзеў усё запар, аддаючы перавагу баевікам. А яна адводзіла душу – займалася інтэр’ерам уласнай кватэры. Уласна кажучы, Лілію Іванаўну нельга было назваць добрай гаспадыняй. Пра што ніколі не забывалася нагадаць свякруха. Не ляжала ў ейных шафах адзенне роўнымі стосікамі, не без плямаў былі кашулі ейнага мужа... Дый мыў іх найчасцей ён сам. Затое аздабленне кватэры было адмысловым. Нібыта нічога шыкоўнага – але адчуванне шыку... Вока не ведае, на чым спыніцца. Збаны з непаліванай гліны, сухія кветкі, самаробныя дыванкі, карункавыя сурвэткі, плеценыя з лазы крэслы, неверагодныя накідкі з кавалачкаў скуры і футра... Галоўная цяжкасць для Ліліі Іванаўны была не ў тым, каб стварыць такую абстаноўку, а адстояць самое права на яе існаванне... I вольны час яна траціла не на прасаванне, гатаванне ці цыраванне, а на выраб новых сурвэтачак ці фігурак з саломкі і лёну, маляванне карцін ды іншае... Тут бы і разжыцца капейчынай з пабочнага промыслу, але кожны свой выраб Лілія Іванаўна неверагодна ашчаджала, кожны здаваўся ёй непаўторным, часткай сябе, таму і дарыла з цяжкасцю, адрываючы... I ніколі падоранае не забывала. Хутчэй на апошнія грошы купіць падарунак...
        Але цяпер, перабіраючы стракатыя шматкі, думала яна не пра тое, што з іх прыфантазіруе, а пра блакітнавокага незнаёмца... Міжволі параўноўвала яго з мужам... Упершыню за ...наццаць гадоў шлюбу падумалася: а што, каб той, другі, быў на месцы гэтага?..
        Фу, сарамацішча... Захоўваць столькі гадоў цнатлівасць (па вы-значэнні Эмануэль, цнатліўка – жанчына-аднамужніца), каб загарэцца выпадковым чалавекам, закруціць думкі вакол нічога, фантазіі, пустэчы... Намарыць сабе можна такое, што пасля не выблытаешся з уласных думак. Ну што было? Міжвольны дотык рук, размова пра мастацтва...
        У яе хопіць сілы волі, каб выкінуць з галавы гэтае насланнё...
        А ў панядзелак ён сустракаў яе на прыпынку з букетам жоўтых лістоў.
        Яго звалі Валерый Паўлавіч.
        На развітанне ён пацалаваў ёй руку.
        Лілія Iванаўна руку вырвала і заявіла, што яна прыстойная жанчына і няхай ён не спадзяецца на нешта... I ўвогуле няхай лепш не трапляецца ёй на вочы... У яе сям’я... Любімы муж... I не трэба ўскладняць жыццё ні сабе, ні іншым...
        Прыйшла дадому і расплакалася.
        
        З клуба «Белая лілея» рэгулярна дасылалі літаратуру ў падтрымку і прапаганду жаночай дабрадзейнасці. З мужам надарылася некалькі надарэчных сварак. Дачка прынесла са школы двойку па рускай літаратуры. I колькі ні называй сябе дурніцай, нічога не зменіцца...
        Раніцай нарэшце выпаў снег. Ён сыпаўся мокрымі камякамі, і не было ў ім нічога ад карункавай зімовай казкі, адно нежыццёвая, нялюдская туга... На прыпынку тапталася некалькі чалавек, некаторыя яшчэ ў асенніх паліто, змерзлыя і злыя... Валерыя не відаць... Хаця... За пластыкавым шчытом нібыта знаёмая сіняя куртка... Ён...
        Але неяк дзіўна стаіць, нібыта ногі не трымаюць... П’яны? Абсеў на зямлю... Лілія Іванаўна, з некаторай грэблівасцю, падышла да яго... I сэрца яе абрынулася. Валерый са скрываўленым тварам, у падранай куртцы, але – зусім не п’яны, толькі надзвычай бледны, спрабаваў узняцца на ногі, адысці ад яе, схавацца...
        – Прабачце, я не хацеў парушаць слова... Затрымаўся тут выпадкова... З нагой нешта...
        Лілія Іванаўна з жахам глядзела, як Валерый Паўлавіч заціскае насоўкай глыбокую драпіну на лбе і кроў цячэ па пальцах, капае на снег...
        – Вы... вы пабіліся? Вас абрабавалі? Трэба «хуткую дапамогу», міліцыю...
        – Міліцыю?! – ён нечакана рагатнуў.– Прабачце, Лілія... Якраз з міліцыяй нядаўна і сустракаўся... Не, я не бандыт. Мы ўчынілі пікет з патрабаваннямі прыбраць адну ваенную базу... Я – пацыфіст...– Валерый Паўлавіч прадэманстраваў значок на куртцы – нешта падобнае на перавернутае дрэва ў крузе. – Не палохайцеся, нічога страшнага не адбылося. Ва ўсім свеце пацыфісты ўчыняюць падобныя акцыі, і ва ўсім свеце іх б’юць...
        Лілія Іванаўна слухала і халадзела. Нешта новае, незвычайнае ўваходзіла ў яе жыццё. Ніколі не мела яна дачынення ні да якіх палітычных суполак, чужымі здаваліся ўсе мітынгі і дэманстрацыі... Чаго мітусіцца? Улада – брудная справа, палітыка – таксама. I трэба як мага далей трымацца ад іх. Адзіная рэальнасць – сям’я і творчасць... I вось, калі ласка,– скрываўлены пацыфіст з разагнанага пікета, якому міліцыянт выкруціў нагу і разбіў лоб...
        – Трэба патэлефанаваць каму з вашых сямейных... – Лілія Іванаўна ўсё не наважвалася ўзяць на сябе клопат пра гэтага... гераічнага, але ўсё-ткі чужога мужчыну.
        – Няма каму тэлефанаваць.
        – Вы... нежанаты? – пытанне вырвалася мімаволі.
        – Быў... Не, мая былая жонка – цудоўны чалавек... Проста яна знайшла лепшага. У яго свая фірма, ён можа забяспечыць ёй тое жыццё, якога яна заслугоўвае...
        На працу Лілія Іванаўна ў гэты дзень не паехала.
        
        Кватэра Валерыя Паўлавіча месцілася на апошнім паверсе дзевяціпавярховіка непадалёк ад дома Ліліі Іванаўны – ягоны дах быў відаць за дрэвамі скверыка... Валерый Паўлавіч, распрануты па пояс, нахіліўся над ваннай, а яна змазвала ёдам яго баявыя драпіны. Валерый Паўлавіч, нягледзячы на пякучы боль ад ёду, сыпаў жарцікамі... I Лілію Іванаўну прыводзіла ў замілаванне, што яе нечаканы пацыент чырванеў і саромеўся яе і пад жарцікамі ягонымі хавалася відавочная няёмкасць...
        Валерый Паўлавіч накінуў кашулю і даскакаў да канапы – нага, хоць і не відаць было пашкоджанняў, балела... Лілія Іванаўна ўсведамляла, што выканала свой доўг, што трэба зараз жа ісці... Але як даўно ў яе гэтак жа замірала сэрца – гадоў ...наццаць таму! I ў Валерыя Паўлавіча такія дужыя, пяшчотныя рукі... I вочы яго такія блакітныя... I... хоць будзе што ўспомніць!
        
        Лілія Іванаўна вярталася дадому ўжо прыцемкам. Першы снег даўно стапталі, змяшалі з апалым цёмным лісцем...
        Смяротны грэх... Яна адчувала яго цяжар, зусім няўяўны – але фізічны... Ну чаму яна такая дурная... Мільёны жанчын, у тым ліку і яе сяброўкі, маюць каханкаў, мяняюць мужчын, як пальчаткі, абсалютна натуральна... А яна... Як прыйсці дадому, дакрануцца да дзіцяці грэшнымі рукамі, цалаваць мужа тымі ж вуснамі, што нядаўна так горача цалавалі іншага мужчыну?! Яна заўсёды была такая... праз-рыстая. Цяпер – на ёй пляма, якую, здаецца, убачыць кожны...
        Адно суцяшае – гэта не звычайны адзюльтэр, гэта вялікае, неадольнае пачуццё... Магчыма, яе шчасце. Магчыма, няшчасце. «Я сам пагавару з тваім мужам,– сказаў Валерый на развітанне.– Не дакарай сябе, гэта лёс. Хутка мы будзем неразлучнымі».
        Усё цудоўна, узнёсла, высакародна... Але чаму ж не чуваць тае ўзнёсласці? Чаму так гняце пачуццё віны? Божа, як гэта нязвыкла, як гідка – быць грэшнай...
        Дома Лілію Іванаўну чакаў торт «Птушынае малако», шампанскае і радасна ўсхваляваны муж. Ён дапамог жонцы зняць паліто і нават расшпіліў боцікі. Правёў, разгубленую, да фатэля, падаў бакал...
        – Пазнаёмся,– стукнуў сябе ў грудзі,– намеснік дырэктара Палаца сучаснай моды па гаспадарчай частцы! Так, так! Усяго дзве гадзіны, як на новай пасадзе! I ўсё дзякуючы таму, што мая жонка – дабрадзейная... Дырэктар так і сказала – ведаючы ваш выдатны сямейны мікраклімат і асаблівую надзейнасць!..
        Муж радаваўся, хадзіў па пакоі, планаваў, як лепей распарадзіцца адчувальнай прыбаўкай да сямейнага бюджэту, і Лілія Іванаўна баялася спудзіць гэтую яго радасць... Няхай не адчуе сёння, што ўсё ў іх скончана і не мае ніякага сэнсу гэтая ягоная радасць і планаванне... Але... Няўжо ён не адчувае? Няўжо не бачыць, як гараць на яе вуснах пацалункі другога? Ніколі не мелі яны адно ад аднаго таямніц. Няўжо не заўважае ён, што не ўсмешка на яе твары – маска?
        Муж урачыста працягнуў Ліліі Іванаўне белы канверт з залатой кветкай.
        – Заўтра пасяджэнне клуба. Сама Леакадзія Сямёнаўна перадала. I касцюм табе падабрала – шык-мадэрн!
        Клуб дабрадзейных жанчын! Лілія Іванаўна ледзь не рассмяялася. Цяпер яна не належыць да ліку дабрадзейных жанчын. Аб чым не шкадуе. Не... Зусім не шкадуе!
        Але муж, калі ўсвядоміў, што жонка не збіраецца ісці ў клуб, так засмуціўся, так зазлаваў, што яна мусіла паабяцаць пайсці. Пакуль канчатковае слова не сказана, трэба падтрымліваць відочнасць ранейшых адносін... Прынамсі, дзеля дачкі.
        У знаёмай зале, шэра-мармуровай з люстранымі калонамі, пася-джэнне клуба «Белая лілея» адбывалася па ранейшым сцэнарыі. Даклад пра міжнародную канферэнцыю жанчын-палітыкаў з вы-ступленнямі дэлегатак, справаздача нейкага жаночага фонду, канцэрт арганнай музыкі... Нудота. Але калі Лілія Іванаўна ўжо сабралася сыходзіць, яе затрымала за локаць высокая кабета з выбеленымі валасамі:
        – Лілія Іванаўна, пасяджэнне клуба працягваецца ў малой зале... Вас чакаюць.
        I Лілія Іванаўна прайшла за тымі, хто застаўся, у дзверы між калонаў. Там цягнуўся доўгі вузкі калідор, яшчэ адны дзверы – і вінтавая лесвіца, стылізаваная пад старажытнасць. Хоць і занятая асабістымі перажываннямі, яна міжволі ўсхвалявалася ад здагадкі, што даведаецца пра сапраўдную сутнасць клуба... Няўжо ўсё зводзіц-ца да тых панылых прадстаўленняў у шэрай зале?
        Што ж, залу, куды цяпер трапіла Лілія Іванаўна, аніяк нельга было назваць шэрай... ні ўрачыстасці, ні халоднай адчужанасці... Каму, як не ёй, было ацаніць вытанчанае спалучэнне кармінавага аксаміту мэблі, кветкавых габеленаў у барочным стылі, кітайскай парцэляны і пушыстых дываноў – нібы жывыя газоны на светлым паркеце... Галасы тут гучалі мацней, некаторыя кабеты знялі строгія пінжакі і засталіся ў рамантычных блузках. Са здзіўленнем заўважыла Лілія Іванаўна і некалькі мужчын, надзіва прадстаўнічых – нібы з часопісных вокладак. Прысутныя – каля трох дзесяткаў–расселіся ў мяккія фатэлі, паўкруглыя канапы, разабралі з нізкіх белых столікаў кактэйлі, і дырэктар Палаца сучаснай моды Леака-дзія Сямёнаўна ўзяла слова:
        – Дарагія сябры! Сёння ў нас свята. Мы прымаем у правадзейныя сябры клуба кандыдатку, якая паспяхова прайшла ўсе тэсты і выпрабаванні, вядомага дызайнера Лілію Іванаўну!
        Усе павярнуліся да Ліліі Іванаўны і заапладзіравалі. А дырэктарка працягвала:
        – Як заўсёды, мы пільна правяралі і гэтую кандыдатку. Нас задавальняе яе інтэлектуальны ўзровень, творчы патэнцыял. А маральную ўстойлівасць Ліліі Іванаўны ахарактарызуе наш найлепшы эксперт. Прашу!
        Лілія Іванаўна ўся сцялася... А з дальняга фатэля падымаўся і выходзіў на сярэдзіну пакоя высокі, дужы, блакітнавокі мужчына са шнарам на лобе... Валерый Паўлавіч! Не можа быць...
        Эксперт асляпляльна ўсміхнуўся:
        – Пры маім непасрэдным удзеле кандыдатка ў сябры клуба прайшла псіхаэмацыйнае выпрабаванне на ўстойлівасць маральных арыенціраў. Засведчваю...– (Лілія Іванаўна ў жаху заплюшчыла вочы) – вытрымала праверку на выдатна! Ад сябе дадаю, што з задавальненнем працаваў з такой цэласнай і чыстай асобай, як шаноўная Лілія Іванаўна, і выказваю ёй сваё шчырае захапленне!
        Эксперт пацалаваў халодную руку Ліліі Іванаўны.
        – Віншую! Цяпер мы разам!
        Лілія Іванаўна неўразумела азірнулася. Ён... не выдаў яе! Ён падмануў усіх! Кабеты глядзелі на Валерыя Паўлавіча... На яе... I само сабой нарадзілася веданне: яны ўсе прайшлі праз гэта! Усе, дабра-дзейныя, спакусіліся, як і яна... Сур’ёзныя дзелавыя жанчыны з бездакорнай рэпутацыяй, добрыя жонкі і маці... Іх роднасць і агульная таямніца – скрыты грэх... Усе ведалі адна пра адну. I іншага шляху сюды не было... Божа, а яна думала пра злом лёсу, неверагоднае пачуццё... Прынц, якога кожная жанчына чакае да старасці! Герой! Пацыфіст пабіты! Майстар сваёй справы... Дасканала ведае падыходы да такіх закамплексаваных дабрадзейных дурніц... I ўласнага лба не пашкадуе.
        Лілія Іванаўна адчула, што зараз расплачацца на вачах ва ўсёй шаноўнай кампаніі. Нечая клапатлівая рука паднесла да яе вуснаў высокую шклянку з напоем... Так, гэта ўжо быў зусім не безалкагольны кактэйль...
        Да яе падыходзілі, усміхаліся, цалавалі, давалі візітныя карткі.
        – Дарагая Лілія, прыходзьце ў мой салон прыгажосці. Адмысловую прычоску зробім! Сама вамі займуся...
        – Лілія Іванаўна, давайце ў наступным месяцы зладзім выставу вашых твораў у нашай галерэі.
        – Закажу вам афармленне свайго офіса...
        – А мне б хацелася, каб ваша творчая фантазія папрацавала над маім лецішчам!
        – Заўтра прышлём вам набор касметыкі «Арыфлэйм» – на прэзентацыі атрымалі на ўсіх сяброў клуба...
        – Лілія Іванаўна, мне расказвалі пра вашы цудоўныя аплікацыі са скуры...
        Два прыслужнікі ў зялёных ліўрэях з залатымі галунамі запалілі свечкі. Электрычнае святло амаль патухла. Загучала музыка. Некалькі пар узняліся – танцаваць... Да Ліліі Іванаўны падсеў Валерый.
        – Ты цудоўна трымалася, дарагая. Іспыт – жорсткая рэч, але, павер, ты не расчаруешся, што прайшла праз яго...
        Лілія Іванаўна непаслухмянымі вуснамі прамовіла:
        – Я хачу пайсці адсюль...
        – Разумею, не хвалюйся.– Валерый Паўлавіч дапамог ёй устаць, прашаптаў некалькі слоў старшыні клуба і павёў Лілію Іванаўну ўніз, прыгожы, дужы, далікатны і чуллівы, ідэальны каханак для дабрадзейнай жанчыны.
        
        Дачка спала. Муж зноў сустрэў Лілію Іванаўну ў вітальні.
        – Хадзем на кухню. Я ўжо трэці раз чайнік падаграваю.
        «Бедны мой чалавек.– Лілія Іванаўна ўпершыню за колькі гадоў уважліва паглядзела на мужа.– Які ён добры, ніколі нічога дрэннага мне не зрабіў, ні разу не здрадзіў... А я...»
        Муж наліваў гарбаты, а Лілія Іванаўна тужліва думала: няўжо няма чыстых жанчын, якіх нельга спакусіць? Яна ж лічыла такой сябе. Не, вядома ж, ёсць. Гэта і тыя, хто сыходзіў пасля афіцыйнай часткі пасяджэнняў клуба ва ўпэўненасці, што спрыяюць адраджэнню грамадства...
        I як мала аказалася ў яе таго, што дазваляе вытрымаць любое спакушэнне! Як самаўпэўнена яна спадзявалася на сваю моц!
        Позна?! Ці хопіць сілы вырвацца з гэтага кола разумных драпежніц? Якая яна ідыётка! Муж, дачка, праца – гэта і было ейнае шчасце! Рэдкае, асаблівае, не-паў-тор-нае...
        Між тым муж, не хаваючы радаснай усмешкі, працягнуў жонцы канверт, на гэты раз сіні, з выявай дзіўнай жывёлы.
        – Глядзі, даражэнькая, што мне сёння даслалі!
        Лілія Іванаўна машынальна дастала з канверта аркуш мелаванай паперы.
        «Клуб дабрадзейных мужчын «Срэбны грыфон» запрашае вас на чарговае пасяджэнне... Мэта клуба – аб’ядноўваць носьбітаў духоўнасці, маральнай чысціні, спрыяць аздараўленню грамадства... аднаўленню ідэалаў рыцарскага служэння...»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.