РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Някляеў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вынаходцы вятроў
 
 
 
Станцыя выратаваньня
Вершы

 
 
*** Уступаю ў пару лістапада...
 
*** Сьцішэла...
 
Станцыя выратаваньня
 
*** Аднавяскоўцы мае...
 
Аблачынка
 
*** Туды адгэтуль не дабрацца...
 
*** Бывае боль гаючы...
 
Намаганьне
 
Вынаходцы вятроў
 
Сола на саксафоне
 
*** Залатая зала тая...
 
Горад
 
Паўднёвая Поўнач
 
Аюдаг
 
Перавал
 
Галубіная пошта
 
Мост Шандара Пецёфі
 
Скрыпка Маціуша
 
Перачытваючы Багдановіча
 
Чужая станцыя
 
*** Міколу Сідаровічу...
 
Гай
 
Круг
Баляды

 
 
Баляда дзяленьня
 
Дыктант
 
Баляда першага кроку
 
Баляда пакінутага сэрца
 
Тэатральная баляда
 
Дарога дарог
Паэма

 
 
Дарога дарог. Паэма
СТАНЦЫЯ ВЫРАТАВАНЬНЯ
ВЕРШЫ
*  *  *

Людміле

 
Уступаю ў пару лістапада.
Дай руку.
Аціхае зялёная музыка звадаў,
Пад якую скакаў я,
Як цэп на таку.
 
Прадчуваньнямі сэрца зайшлося.
Падрыхтоўваю споведзь лясам.
Вось збылося...
Што збылося – ня ведаю сам.
 
Выпраўляе нас лета,
Выпраўляе – назад не чакае...
 
Ведай, любая, ведай:
Немінуча кахаю.
 
Дай руку, хай спаткаюцца
Акіяны пяшчоты і млосьці...
Маладосьць прадаўжаецца
Успамінамі аб маладосьці.
 
Гэтай сумнай высновы
У наступныя дні
                                      не бяры.
 
Недзе цень мой сасновы
Шчэ шуміць у бары.
 
Недзе твой, тапаліны,
Атуляе чаромху і бэз...
Можна жыць з успамінамі.
Можна без.
 
Ранак наш – верагоднасьць...
Непазбыўна планету цяжарыць
Непарыўная роднасьць
Пладоў і пажараў.
 
Ты абрана прыродай,
Яна табе права дае
Таямніцай валодаць –
I ня знаць пра яе.
 
Спачуваць?..
                              Ці зайздросьціць?..
Твайго болю збаўленьня
Ня ўспомню!
Маладзік маладосьці
Акругляецца ў поўню.
 
I прыходзіць гадзіна
Не зьбіраць і раскідваць каменьні,
А прад любай, адзінай
Стаяць на каленях.
 
Празь яе парадніцца
З кожным дрэвам, вадою, травою...
 
Дай руку,
Дай мне зноўку зьявіцца ўратаваным табою...
 
 
 
 
*  *  *
Сьцішэла.
Зь велічных вышынь
Сышлі хмарыны сьнегавыя.
Што мы з табою?.. Як ні кінь –
Дзьве лініі берагавыя.
 
Над стромамі ракі ў сьнягох
Здаецца: берагі самкнёны.
Нашто ж (для самаабароны?)
Лязо расколінкі ў вачох?
 
О лістабой! Грымі трубой!
Ня дай на сьвет зірнуць цьвяроза.
Сьцішэе – і чуваць пагроза
Жаданай еднасьці людской...
 
Я зводаў, шлях прайшоўшы свой
Расчараваньняў цёмнай пушчай:
Дабро – абняць рукой сьляпой,
Бяда – караць рукой відушчай.
 
І я люляю на плячы
Твае далоні дарагія,
Каб хоць на ноч (маўчы... маўчы...)
Лязо расколінкі (маўчы...)
Упала кладачкай (маўчы...)
На лініі берагавыя.
 
 
 
 
Станцыя выратаваньня
1

 
Ляцяць аблокі ў вырай тайны.
Бары над Нёманам маўчаць.
На станцыі выратаваньня
Матросы сьпяць.
 
Матросы сьпяць магутна, весела;
На сон
                прыняўшы на траіх, –
Матросы сьпяць, як ходзяць зь песьнямі
Ў страі.
 
Матросы сьпяць. Ім сны ня сьняцца.
Не пераплыць празь Нёман снам.
I калі трэба ратавацца –
Ратуйся сам.
 

2

 
Гісторый
                      вострых і салоненькіх
Здаралася ў жыцьці нямала...
Было: хапаўся за саломінку –
Трымала.
 
...На плёсах лёс гуляе з ломікам.
Матросы сьпяць і сноў ня бачаць.
I круціцца ў віры саломінка
Маёй удачы.
 

3

 
Як рукі нашыя сашчэплены!
Нібы замкі.
Салодка адчуваю
                                      шчэлепы
I плаўнікі.
 
Ад усяго і ўсіх свабодныя,
Імкліва, коса
Плывём, на сон ракі падобныя,
У сны матросаў.
 
Нас хвалі выкінуць на раньні,
Як рыб, па бераг...
 
На станцыі выратаваньня
Ня рыпнуць дзьверы.
 
 
 
 
*  *  *
Аднавяскоўцы мае.
Аднавякоўцы мае.
 
Сёлета ніва ўрадзіла.
З чаркаю бацька ўстае.
Вечар... Сузор'і... Радзіма...
Аднавяскоўцы мае.
 
Бохан чарнее прыгаркам.
Голад чарнее нічым.
Вып'ем паднятую чарку,
Пусьцім па кругу цыгарку
I памаўчым.
 
Цесна ў бацькоўскае хаце.
Ды ў цеснаце – не ў бядзе.
– Суньцеся, дзядзька Ігнаце!
Цётка Данута ідзе.
 
Лава дугою прагнута.
Чар-
          кі
                ляцяць са стала.
– Мо засьпяваеш, Данута?..
I павяла, павяла...
 
«Ой аддалі маладую
  На чужую старану...
      Ой, бяду я адбядую,
          Ой, зіму я адзімую,
              Ой, жыцьцё я аджыву...»
 
– Сумна сьпяваеце, бабы.
Дзе там гармонік? А ну!..
Бабы ўспрацівяцца слаба:
– Зноў мужыкі пра вайну...
 
Сыплецца позьняя квецень.
Позна гармонік пяе.
Песьні...
                  Жыцьцё...
                                          Ліхалецьце...
Аднавякоўцы мае.
 
 
 
 
Аблачынка
Дзесьці ў Крэве, на высокіх могілках,
У буяньні руты і гарквы,
У зямлі змаганай, ды ня зможанай,
Дзед з бабуляй – тварам да царквы.
 
Іх жыцьцё падманамі і звадамі
Праплыло, як месяц па вадзе.
I ляжаць Іван з Алімпіядаю...
Дзе іх душы? Невядома дзе.
 
У хмурынках тых вунь?.. У тумане?..
На губе крывінку прыкушу...
Як твая душа, мой дзед Іване?
Ці знайшла Алімпіну душу?
 
Не збалела, крылы не намуліла
Над царквой маўкліваю кружыць?..

Вымытай хусьцінкаю бабулінай
Аблачынка сохне на крыжы.
 
 
 
 
*  *  *
Туды адгэтуль не дабрацца.     
Огдэн Нэш

 
Загаманілі, загрукалі колы
Спадам трывожным...
Што замаркоціўся, што невясёлы,
Мой спадарожнік?
 
Як пакідаеш, каго пакідаеш,
Сябра, дзяўчыну?
Суму свайго не дазваляеш
Ведаць прычыну.
 
Мусіць, абодвум нам сёньня ня трэба
Сьлёзнай спагады.
Кружыць за вокнамі нізкае неба
Колеру здрады.
 
Рвецца цягнік з-пад яго, падмінае
Вёрсты за вёрстамі.
Там праясьнее... Там нас чакае
Добрае. Простае.
 
Толькі вось памяці шлях – адваротны,
Даўняя справа.
Гэтак паўзе скатаваны, гаротны
Трус да удава.
 
Гэтак забойцу да мейсца злачынства
Цягне няўмольна...
Мой спадарожнік! Наперадзе чыста!
Сьветла! Прывольна!
 
Мой спадарожнік, мы не галернікі,
Не прыкаваны!
Нашы надзеі, нашы амэрыкі
Не адкрываны.
 
Будзе жыцьцё з карагодам і танцамі,
Зь песьнямі ў згодзе!..
Гэта яшчэ не апошняя станцыя,
Што ж ты выходзіш?!
 
Што ты ў вакенца зачыненай касы
Цісьнеш рублёўку?..
Бліснуў сустрэчны, як з-пад абцаса
Падкоўка.
 
Туга хіснуў на слупах правады
Вецер імклівы...
Нехта сьпяшаецца, рвецца туды,
Адкуль уцяклі мы...
 
 
 
 
*  *  *
Бывае боль гаючы,
Як траў карані...
Крані мяне балюча,
Пякуча крані.
 
Пра лёс гадаць
                                  ня трэба,
Чаму збывацца – збыцца...
Крані мяне, як неба
Кранае бліскавіца.
 
Дарую ўсё, удзячны,
Што ноччу балявой
Згарэў я –
                      і гарачы
Хоць попел мой.
 
 
 
 
Намаганьне
Прабіцца раптам зь цемры да сьвятла,  –
Як матылю да лямпы, як вадзіцы
Прабіцца з-пад камлёў і стаць крыніцай,
Што нёманскім вытокам кроў дала,
 
Прабіцца, як травінцы скрозь каменьне,
Як караням да сокаў скрозь жарству,  –
Ад несьвядомасьці
Да разуменьня
I выдыхнуць шчасьлівае:
«Жыву!»
 
 
 
 
Вынаходцы вятроў
Рыгору Барадуліну
 
Вынаходцы вятроў!
Міжсусьветныя стаеры!
Вы на гонцы вякоў
На які век паставілі?
 
Калі вам – або мне –
У кнігарні ці ў булачнай
Хцівы смоўж шаптане:
«Стаў на будучы...», –
 
Да спакусных высноў
Не скраніцеся душамі.
Вынаходцам вятроў
I ў сучасным ня душна.
 
Душна тым, хто як цень
Быць пры Сонцах прыручаны.
 
Кожны ветравы дзень –
Ваша будучае.
 
Покуль раю рабы
Мрояць сьветлыя далі,
Цяжка гніце гарбы,
Каб вятры не змаўкалі.
 
 
 
 
Сола на саксафоне
Ота Наважылаву
 
Гаворыць сябар мой:
– Разбагацею
I саксафон куплю, і буду граць
У рэстаране.
Ты сабе таксама
Купі тады якую-небудзь дудку,
Ці бубен, ці гармонік –
I прыходзь.
Мы будзем граць для выпівох вясёлых,
Якім пляваць на тое, як мы граем
I што мы граем, і таму ўвесь вечар
Мы зможам граць ня ім, а для сябе,
I гэта іх ніколькі не пакрыўдзіць...
 
Так ён гаворыць мне, мой добры сябар,
I я ўжо бачу сябра з саксафонам,
Падобным на слановы белы бівень, –
Нібыта ён ляціць на дыску цырка,
Дзе крыкне дрэсіроўшчык:
«Гоп-ля-ля!» –
I сумны слон уздыме ўверх свой хобат,
Падобны на прырослы саксафон,
I весела ў яго затрубіць
Песьню:
 
«Граў на трубе у цырку сумны слон,
А ён хацеў бы граць на саксафоне,
Ён і сягоньня той жа бачыў сон,
Нібы нарэшце граў на саксафоне.
Ды крыкнуў дрэсіроўшчык: гоп-ля-ля!
I слон трубою весела зайшоўся.
Была труба заўсёды – гоп-ля-ля! –
А саксафон ні разу не знайшоўся.
I пад апладысмэнты сумны слон
I прысядаў, і кленчыў у паклоне,
I хіба хто падумаць мог, што ён
Хацеў бы граць на саксафоне...»
 
– Дык што, – пытае сябар, – купіш дудку?
I я ківаю галавой: куплю...
Я ведаю, што заўтра зноў мой сябар
Пацягне, быццам вол, сваю работу,
А сёньня
Хай гарыць яна агнём...
Бо сёньня мы сустрэліся, каб выпіць
Віна кілішак і крыху памарыць:
Ён купіць саксафон, а я дуду –
I будзем разам граць у рэстаране.
 
 
 
 
*  *  *
Залатая зала тая
Залачае папацёмку,
Як скарбонка залатая,
Поўная тваіх пярсьцёнкаў.
 
Ты на сцэне – б'юць у ладкі,
I кідаюць кветкі з ложаў,
I між намі змыты кладкі,
Спалены масточкі...
                                              Божа!
Колькі згублена скарбонак,
Колькі кветак не пасеяна!
I адзіны твой пярсьцёнак
Падае на дно басейна...
 
Шчэ журбець табе аб страчаным.
А пакуль ка мне, на пальчыках,
Ты ідзеш, дзіця русалчына,
Ад людзей – адзін купальнічак.
 
 
 
 
Горад
1

 
Сумую па табе, мой горад.
Як ні напоўнена душа
Палёў прасторам, шумам лесу
I плёскатам крыніц і рэчак, –
Сумую па табе, каменным.
 
Гады глыбеюць. Не злучыць
Карэньні зь вершалінай стромай,
Якую толькі ледзь хістае
Вяртаньняў нашых нізкі вецер.
 

2

 
Пагоркамі, дзе грае рэха,
Працяглым звонам касавіцы
Працуе ліпень... На вазах
Плывуць зялёныя аблокі.
 
З дарогі падыму травінку –
I загарчыць на вуснах лета,
I пошук страчанага часу
Патрэбным здасца і дарэмным.
 
Дзяўчо на возе засьмяецца
I кіне недасьпелы яблык,
Які ўпадзе, як узарвецца,
У босы сьлед майго маленства,
У пыл гарачай каляіны.
 

3

 
У горад мой, да сьцен каменных,
Вяртаюся з палёў і рэчак,
Сьвятлее ўсход паловай сонца,
Мінулым і наступным днём,
 
I час, які не захаваць,
Не зьберагчы ў сабе навечна,
Сухой травінкай касавіцы
Шапоча пад чаравіком.
 
 
 
 
Паўднёвая Поўнач

                                                    А ў час гэты зоркавы
                                                    Дарогай спатканьняў
                                                                              бязьлітасна позьніх
                                                    Прайшла, затуманіла зрок мой
                                                    Паўднёвая Поўнач.
З раньніх вершаў

 
У асьцярогу хутацца.
Лаяцца сыта.
О, забароненай хуткасьці
Смак пазабыты!
 
Навошта, нібыта ў сподачку
Рыбка пад марынадам,
Ты прыплываеш з Поўначы?
Страўнік мой радаваць?
 
Курортны гастрытык
Пад гэту закуску
                                    кіліх налівае
Не поўны. Вясёлы і спрытны –
Я сьпёкся...
                          Разыдземся,
                                                      Поўнач!
 
Усе твае белыя гамы
Я граю на памяць!
Што ж горача, як пад нагамі
Тарфянікі паляць...
 
Гуляю на Поўдні, –
А ў небе, як краб у палонцы,
Высушвае промні
Тваё зьледзянелае сонца,
 
I поўня
                на воблака ўскрайку
Сьвятлее над ночы мазутам
Так, быццам
                            у ноч гэту ўкраўся
Твой, Поўнач, лазутчык.
 
Між намі прастора,
Якой на краіну хапае.
А цёплае Чорнае мора
Раптоўна сьцюдзёнай запеніцца хваляй.
 
А сыдуцца хмары –
I градзіны скачуць на пляжах.
Якую ахвяру
Яшчэ патрабуеш,
                                      ня скажаш?
 
Прынцэса ў карунках,
Зьлічы мае страты і згубы,
Твае пацалункі
Навек апалілі мне губы.
 
Кахала сурова,
А сэрца забрала
                                    палову.
Ці так ганарова,
Што я твой палонны?
 
Разыдземся, Поўнач!
Туга невыносная поўніць.
Што трэба мне помніць –
Я помню:
        ...На спідомэтры стрэлка гакала,
        Калі з поўнай калодай тузоў
        Я ляцеў у расхрыстаным "газіку"
        Не кранаючы тармазоў...
 
 
 
 
Аюдаг

                                                      Нашто халодныя сумненьні?
                                                      Я веру: быў тут грозны храм...   
А. Пушкін

 
На плячы тваім воблакі плачуць,
Аюдаг, сьвятая гара...
Грымне гром – гэта таўры, няйначай,
Ля ахвярнага кружаць кастра,
Б'юць у бубны, вятрамі напятыя...
 
Ні кала тут цяпер, ні двара.
Што хаваеш, дзікунства ці антыку,
Аюдаг, сьвятая гара?..
Адкажы мне:
Твая таямніца
Па Таўрыдзе, ад сонца рабой,
Праляціць залатой калясьніцай,
Пракульгае разьбітай арбой?
Адкажы:
Штармавыя напевы,
Што страсалі абвалы ў гарах,
Несьлі прах са сьвяцілішча Дзевы
Ці шаманскага котлішча прах?
Адкажы мне...
 
Ніводнага водгуку.
Б'е сумненьняў халодны прыбой.
I праносіцца прывід у воблаках –
З кучараваю галавой.
 
 
 
 
Перавал
Стрэч бясхмарных ня зычу.
Пахілю галаву –
I бядою паклічу,
I сьлязой пазаву.
Сярод прорваў і скал
За вялікую плату
Я набыў перавал,
Дзе ня сорамна плакаць.
Падымайся сюды
Слухаць клёкат арліны,
Паглядзець, як гады
Застываюць лавінай.
Ад няпэўнага покладу
Млосных жаданьняў
Падымайся на покліч
Вышыні і каханьня.
Падымайся пад хмары,
Што грамамі равуць.
Не жалобнай ахвярай,
А паплечніцай будзь.
Над абрывам адчаю,
Над безданьню болю
Я цябе прысьвячаю
Палёту і бою,
Каб да рэшты спазнаць,
Што я страчваў памалу...
Перавал адстаяць.
Не сысьці зь перавалу.
 
 
 
 
Галубіная пошта
Блакіт галубіных палётаў.
Сінеча настыглай вады.
Адчынены ў восень вароты.
Засыпаны ў лета сьляды.
 
Іржышчам, па колішнім жыце,
Бяжыць басанож дзетвара...
I ўсё-ткі: хто знае – скажыце,
Якая ў сусьвеце пара?
 
Скажыце: куды і навошта –
Над пожняй, над полем пустым
Гадоў галубіная пошта
Нясе расьцярэблены дым?..
 
 
 
 
Мост Шандара Пецёфі
Паэт ня той, хто вершы піша, не.
Каб так было – усе былі б паэты.
Паэт сябе стварае, як камета
Сьлед самагубны, –
Самагубнасьць гэта
Сапраўднага паэта
Не міне.
Яна адна правы яму дае
Сумленьнем быць і праўдаю народа.
Паэт ня той, хто апяе свабоду,
А той, хто ў бітве згіне за яе.
З такою доляй ці пашчасьціць мне?..
Вадой маўклівай, часам замучонай,
Плыве Дунай – і раптам уздыхне
То хваляю зялёнай, то чырвонай.
Яго дыханьне запаўняе Пешт
I заціхае ў вузкіх вулках Буды...
Ня страшна думаць мне, што ў рэшце рэшт
Заціхну я...
                      закончуся...
                                                  ня буду...
Што не бясконцы дзён маіх сувой...
Мне страшна не счакаць хвіліну тую,
Калі, сарваўшы ў сечы голас свой,
Паэты шчодра плацяць –
Галавой –
За слова, што нічога не каштуе!
Мне гэткай платы будзе не шкада,
Хай толькі лёс прыняць яе захоча...
Пецёфі мост пагрозьліва ракоча.
Цямней за ноч дунайская вада.
 
 
 
 
Скрыпка Маціуша
Іграй нам, Маціуш, іграй.
Ня так, як заплацілі грошы,
А так, як ветрам ліст палошча,
Шпачыных сьпеваў поўны, гай,
 
Над качарэжкамі галоў,
Над гаманой коснаязыкай –
Ня трэба нам вялікіх слоў,
Даволі музыкі вялікай.
 
Іграй нам, Маціуш, іграй!
Ня стане музыка таварам,
Пакуль па чардах у мадзьяраў
У чарках холадна мядзьвяных
Бурштынава бруіць такай.
 
Паўней жа чаркі налівай!
Іграй нам, Маціуш, іграй.
 
Хай твая скрыпка –
                                            часу ўзбоч –
Вядзьмуе
                  дамаю піковаю...
Са мной такая чарнабровая,
Што пада мной сьвятлее ноч.
 
Як абдымае – не пытай.
Іграй нам, Маціуш, іграй.
 
Не замірай
                        на тонкай той,
Шчымлівай той,
                                    дзе сьлёзы просяцца.
Такая ў сьвеце безгалосіца –
Лепш пакараньне нематой.
 
Ты нематою не карай,
Іграй нам, Маціуш, іграй.
 
Ну хто
              грашыма шапацець!
Панакуплялі за валюту
Сьвятых, што пазіраюць люта,
Крыжоў пазелянелых медзь.
 
Цяпер і музыку купіць
Прыйшлі на рэшту –
                                              ды музыка
Ад струн не адрывае смыка,
Ня купіш тое, што гучыць!
 
Ня хопіць золата на рай.
Іграй нам, Маціуш, іграй.
 
Іграй нам –
                          рукі чарнабровай
Па шчоках рэкамі цякуць,
Іграй –
                прасторам чабаровым
Праз дым і чад я змог дыхнуць.
 
Ужо ўва мне ўвесь сьвет шырокі,
Рык горада, мальба сяла...
 
Пайшла Эўропа
                                    рукі ў бокі,
У скокі Азія пайшла!
 
Хто зможа паяднаць людзей,
Даць веру ім і даць надзею?..
 
Іграй,
Іграй жа, чарадзей,
Дай Божа сілы чарадзею!
 
Хай не змаўкае скрыпкі сьпеў
Да той хвіліны прасьвятленьня,
Калі здаецца: ты пасьпеў
На душ людскіх перасяленьне,
 
Калі нябёсы, як званы,
Гудуць сьвяточна, і,
                                            зьні-
                                                      ка-
                                                              ю-
                                                                  чы,
Ты абдымаеш шар зямны,
Мадзьяркі плечы абдымаючы...
 
 
 
 
Перачытваючы Багдановіча
Ведаю тое, што ведаў:
Вынішчу памяці сад –
I паплыву, і паеду,
I не паклічуць назад.
 
I на зямлю Беларусі,
Наканаванай парой,
Толькі травою вярнуся,
Цёмнай магільнай травой.
 
 
 
 
Чужая станцыя
Гэта станцыя чужая,
Гэты горад мне чужы.
Хто ж праз ноч мяне гукае:
«Любы мой, дапамажы!
Любы мой, мой невядомы...»
Над аціхлаю зямлёй
Голас плыў, амаль знаёмы,
Знаны, ды забыты мной.
«Любы...» Памяці прагалы.
«Любы...» Што ў былым, зьбяры:
Выпадковыя вакзалы.
Выпадковыя сябры.
Дык адкуль жа ён, таемны,
Знаны, ды забыты мной,
Над маім жыцьцём дарэмным  –
Голас станцыі чужой?
«Любы мой...»
                                  Вось-вось сарвецца,
Змоўкне рэхам у вушах,
I яму не адгукнецца
Аніводная душа!
Аніводная зь мільёнаў
Чалавечых, родных душ!..
I разгублены, зьдзіўлёны
Абарваўся голас... Руш!
Руш мой быт уладкаваны,
Як навала, як вайна,
Голас станцыі нязнанай,
Дзе крычыць
                              мая віна.
 
 
 
 
*  *  *
Міколу Сідаровічу
 
На берагох гадоў,
Што гаснуць, быццам гукі,
Люблю вітаць сяброў
I паціскаць ім рукі.
 
Шчасьлівы тым, што ў час,
I сьветлы, і завейны,
Знаходзіў іх ня раз,
Няздрадлівых, надзейных.
 
За гэта рэштай слоў
Не разьлічыцца зь лёсам...
Сумую безь сяброў
Крывёю безгалосай.
 
 
 
 
Гай
1

 
Пра што шапочаш, гай,
Празрысты, верасьнёвы?..
Пара спраўляць абновы.
Чакай мяне. Чакай.
 
Жывыя мы з табой.
Звычайная падзея.
Адкружыць лістабой,
I сьнегавей адвее.
 
Накінеш на плячо
Зялёны шоўк маёвы.
Вясёлае дзяўчо
Гукнеш сакрэтным словам.
 
Ня сьцерпіць, прыбяжыць,
Прытуліцца травінкай...
Ах, жыць ды не тужыць,
Не выпускаць з абдымкаў!
 
Не паслабляць вузлы,
Што пальцы паспляталі!..
 
Жытнёвыя вазы
На ток пашыбавалі.
 

2

 
За гаем зноў пачаўся гай.
Ня ўспомню, што было да гаю.
Усё наперад забягаю
Сабе самому...
                                  А, няхай!
Дальбог, нічога не шкада.
Бывае вось пара такая,
Калі жывеш, нібы сьцякае
З палёў напоеных вада.
Што знаць, куды яна цячэ, –
Гадаць, куды бяжыць дарога!..
Ніхто на сьвеце не ўцячэ
Ад лёсу, ад сябе самога.
I мне з самім сабою жыць,
Які ўжо ёсьць я, дзе тут дзецца.
Жыць, як шчасьлівае сьмяецца,
Жыць, як балючае баліць.
 
 
 
 
КРУГ
БАЛЯДЫ
Баляда дзяленьня
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Дыктант
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Баляда першага кроку
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Баляда пакінутага сэрца
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Тэатральная баляда
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
ДАРОГА ДАРОГ
ПАЭМА
Дарога дарог
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.