РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Усевалад Сьцебурака
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзень N
1
        Усё стала зразумела напэўна тады, калі ён выйшаў з «Цэнтральнага» добра абліўшыся кефірам, які тлустымі струменямі павольна сьцякаў па чорнай замшы курткі. А можа нават і хвіліны на дзьве раней, калі ён яшчэ толькі вырашыў выліць на сябе на тры чвэрці недапіты кефір. Як да гэтага ён не дапяў раней?..
        Павольна і страшэнна задаволена ён дэфіляваў па вуліцы. Дзьмуў халодны вільготны вецер, сьвяціла сонца, блішчэў мокры ходнік. Людзі глядзелі на яго з непрыхаванай цікавасьцю. Але гэта не назаляла, бо глядзелі яны і раней, толькі зараз гэта мела дакладнае тлумачэньне і таму не дзівіла.
        Наогул, нечакана стала неяк прыемна і ўтульна. Зьявілася жалезная ўпэўненасьць, што сёньняшні дзень добры. Добры настолькі, што з Верхняга гораду зьехала ахутаная калючым дротам вайсковая камендатура, і самі па сабе засыпаліся брудныя траншэі бясконцых будоўляў. На працу з абеду хацелася ісьці бясконца. Пераступаць лужыны і ручаіны, чакаць зялёнага сьвятла ля пераходаў і, як мага павольней, ісьці, ісьці... Ісьціна недзе побач. Пабач яе!
        Як ішоў Калумб па сваёй зямлі пасьля доўгага плаваньня, дыхаючы напоўніцу і не зважаючы на тое, што нязвыкла кружыцца галава, і ногі вязнуць у вільготным пяску. Ну ён хай ішоў і ня так, як Калумб, але дакладна так, як першы, хто ішоў за ім.
        Глядзеў вачыма галкі на жоўтае лісьце, якое вісела на дрэвах разам з раньнім кастрычніцкім сьнегам, і адчуваў холадам у далонях вышыню і хісткасьць тонкай галінкі, што дрыжэла пад птушынымі лапкамі.
        I вяртаўся на ходнік, каб пераступіць чарговую шэрую лужыну і зноў удыхнуць рэзкага халоднага паветра-ветру.
        У кожным кроку па зямлі ён рабіў яшчэ безьліч крокаў у сьвядомасьці, па той дарозе, што ішла ў другім вымярэньні, якое ня можна абмежаваць ніякімі адлегласьцямі, але трэба прайсьці. Прычым, менавіта сёньня, калі ўсё гэтак невымоўна празрыста, што наскрозь бачныя будынкі, чорныя салоны службовых аўтамабіляў, і адчуваецца ледзяны смак кроплі, што яшчэ толькі зьбіраецца, разьвітаўшыся з ледзяшом на схоне даху, сарвацца ўніз...
        Дакладна такім усё было ў снах, калі абмежаваны часам, ён хутка праглядаў іх, не спыняючыся на падрабязнасьцях праз боязь раптам прачнуцца і не даведацца, што далей зробіць ён сам. У чыёй асобе нарэшце спыніць хаду і ператворыцца ў маўклівую дэкарацыю на шляху нейкага іншага вандроўніка, які таксама калісьці зразумее, што знайшоў свой дзень.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.