РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Усевалад Сьцебурака
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кім я хачу стаць пасьля сьмерці
 
альбо Сачыненьне на адвечную тэму
1
        Паміраючы, упэўнгся,
        што жыцьцё скончанае.

        
        Учора хадзіў па квартэры і паліваў з распырсквалкі, якой карыстаюцца хатнія гаспадыні пры прасаваньні, свой пакой. Было занадта суха.
        Так робяць. Ня ўсе, але тыя, хто лічыць гэта неабходным. Можна так рабіць ці не – я не зьбіраўся думаць над гэтым пытаньнем усур’ёз, тым больш, што дзень быў нядрэнны і ўвечары не хацелася распачынаць скандал, даводзячы самому сабе сваю рацыю.
        Разам паліў і кветкі. Хоць апошні раз рабіў гэта зусім нядаўна. Зямля ў гаршках была невільготная. Ня тое, каб я вёў сталыя назіраньні за расьлінамі, але з таго часу, як яны зьявіліся ў хаце (рознымі шляхамі), мушу не даваць ім стаць гербарыем. Узгадваю пра неабходнасьць клапаціцца пра іх найчасьцей тады, калі чую гутаркі пра нягегласьць мужчынаў у вядзеньні хатняе працы. Узгадваю і пачынаю паліваць. Вось стаіць «дрэва міру», яно падгрэбла пад сябе каранямі ўсю зямлю і стаіць зараз нібы хатка Бабы Ягі, адно, што не варочаецца. А можа і варочаецца, толькі непрыкметна. А, можа, і прыкметна – папраўдзе, я ня надта сачу за ім.
        Вышэй за кветкі, што стаяць на шафе, – абраз Спаса. Гэта той, хто сочыць за мной. Ён ведае, што я баюся паміраць, і таму, паліўшы кветкі, іду на кухню правяраць ці перакрыты газ, пасьля – ці зачыненыя ўваходныя дзьверы.
        Таксама туга закручваю краны. Гэта не ад страху сьмерці, хутчэй ад нежаданьня мець клопат з суседзямі зьнізу. Апошняя пільнасьць у адносінах да кранаў дае падставы ўсумніцца наконт высноваў пра боязь замагільнага сьвету. Можна аднесьці ўсе мае вечаровыя клопаты на рахунак гаспадарскай звычкі. Сапраўды, такую рэвізію перад сном праводжу з дзяцінства, гадоў з дзесяці. Але гэта марны самападман. Я, вядома, баюся і не хачу паміраць.
        Што мы будзем там рабіць? Каб ведаць гэта, шмат хто аддаў бы ня тое што грошы, але і рэшту жыцьця. Прынамсі, мне так падаецца. Яшчэ падаецца, што ўяўляю тамтэйшы лёс іншых, бо прасьцей разважаць не пра сябе.
        Мая матуля, якая заўсёды ў хаце нешта прыбірае і парадкуе, падмятае і мые, трапіўшы на той сьвет будзе хадзіць і падбіраць белае бязважкае пер’е, што губляюць, лётаючы па справах, анёлы. Пух трэба зьбіраць, з яго робяць аблокі, хмары і навальнічныя хмарыны. Бяз іх ня можа існаваць неба. Аблачыны закрываюць ад нашых нахабна-цікаўных вачэй тонкі сьвет.
        Дзед, які ўсё жыцьце поркаўся з жалезінамі, балтамі, машынным маслам і іншай бруднай субстанцыяй і пры гэтым, як сапраўдны пралетар, ня верыў ні ў якіх анёлаў, там таксама пабачыць іх. Ён і там будзе займацца звыклай працай. Напрыклад, змазваць дзьвярныя завесы, якія рыпяць ад стварэньня сьвету. Праца гэтая бясконцая, бо брамаў там безьліч. Кожны ідзе туды сваім шляхам і праходзіць, хто трыумфальнай аркай, а хто нізенькай садовай брамкай.
        Чамусьці ня ведаю, які занятак будзе бацьку. Можа таму, што я не ўяўляю яго адарваным ад зямлі. Што ж тата будзе рабіць там, дзе яе няма? Ці, можа, яна ёсьць, толькі не такая, як тут?.. Ці будзе ён сядзець пасьля працы на нагрэтым за дзень камені і назіраць, як заходзіць сонца над нашым лецішчам, калі камарыкі таўкуць мак і ружавее знаёмы далягляд?
        Пра брата наогул змаўчу. Ён усё ж маладзейшы і найперш, пэўна, я задаволю цікаўнасьць і даведаюся пра сваю справу. Толькі ня надта хочацца даведацца пра ўсё ў хуткім часе, лепш – калі-небудзь пасьля... А пакуль дапісваю радок і іду закрываць краны. Каб не цякла вада, каб нічога не зьмянялася.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.