РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Усевалад Сьцебурака
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мой дом
1
        Дзіўна, што так не бывае ў Менску, а толькі тут, у бацькоўскай хаце. Прачынаюся сярод ночы, каб занатаваць тое, што сьню. Толькі падняўшыся з ложку разумею, якія розныя сюжэты ў маіх начных гісторыяў і прыходжу да высновы, што складнага расповеду з іх не атрымаецца. Супакойваюся і кладуся ізноў. Ды вось заснуць па-сапраўднаму не магу: і ня сьпіцца, і ня пішацца. Гэтак варочаюся з боку на бок рэшту ночы. Да ранку ўсё пераблытваецца, і падаецца, што гэта я ў сьне спрабаваў запісаць падзеі рэчаіснасьці. У галаве, як у астылай лазьні ранкам, – цёмна, таямніча і пахне палыном...
        Зьбіраюся і выходжу з хаты вонкі. Халодная восеньская раніца вісіць вільготным туманом над паркам, кірмашом і рэчкай. Месьцічы, падняўшы каўняры, соўгаюцца па справах уздоўж харчовых шапікаў. Магнітафон гандляра касетамі нудзіць нешта невыразнае, хрыпата крумкаюць вароны ў гольлі парку. Кастрычнік разьбіў яешню жоўтага лісьця на чорную патэльню асфальтаванай шашы. Задуменны парк глядзіць на звычайную нядзельную мітусьню мястэчка напаўзаплюшчанымі вачыма і пад маруднае гойданьне ветру рыхтуецца да працяглага сну. Яму трэба спаць у халады, каб ня ведаць, што дрэвы ўзімку становяцца дровамі...
        Доўга гуляць халодна. Іду дахаты, каб пасядзець у калісьці дзіцячым, а цяпер проста сваім пакоі, дзе на паліцах даўно прачытаныя кнігі, на сьценах карціны, такія знаёмыя, нібы самім мной і намаляваныя. Саджуся за вялікі пісьмовы стол і гартаю старыя сшыткі з шуфлядаў. Спакой майго пакою ахутвае і спыняе бег часу, які нібы блытаецца сярод рознага рарытэтна-антыкварнага начыньня, бутляў з хатнім віном, стосаў газетаў і яшчэ Бог ведае чым, што бесьсістэмна і таму вельмі маляўніча расстаўлена татавай рукой. У нашую з братам адсутнасьць пакой ператвараецца ў маленькі хатні музей і мы, прыязджаючы, радыя быць у ім ганаровымі экспанатамі.
        Мне заўсёды лёгка ехалася да хаты, і гэтак жа лёгка ад’язджалася. Сем гадоў жыцьця ў сталіцы, на шчасьце, яшчэ не ператварылі мяне ў госьця ў бацькоўскім доме. Можа, таму толькі тут я не магу сказаць з упэненасьцю што лепш: спаць і бачыць сны, альбо ня спаць і быць нібы ў сьне. Абодва варыянты існаваньня тут – працяг адно аднаго. Гісторыя, якая распавядае цябе. Казка, якую хочацца слухаць і баіць іншым.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.