 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Захаваньне параметраў
|
Чытаючы кнігу, кожны раз спрабую запомніць старонку, на якой спыняюся і, здаецца, запамінаю, але разгортваючы тамок праз нейкі час, хутка ўпэўніваюся ў адваротным. Засяроджана прабягаю вачыма тэкст і не магу вырашыць ці чытаны гэты кавалак, ці некрануты, побач з нібы знаёмымі сказамі раптам узьнікаюць новыя радкі, бы дапісаныя пасьля таго, як я загарнуў кнігу. Прызнаючы мізэрную верагоднасьць апошняга, даю сабе вымову, маўляў, з-за хуткага няўважлівага чытаньня і адбываюцца такія рэчы. Гэткая сітуацыя паўтараецца ўвесь час, але прынцыпова ніколі не карыстаюся закладкамі. Упартасьць дае магчымасьць, не чытаючы твор двойчы, усё ж нібы дубляваць некаторыя абзацы, па-новаму іх успрымаючы. Не спыняючыся на банальнай канстатацыі карысьці паўтарэньня ці знаходжаньня новага ва ўжо знаёмым, дадам, што такая метода проста неабходная для чытаньня ўрыўкамі пад час вандровак па справах у грамадскім транспарце ці чаканьня, якое непазьбежна надараецца ў розных месцах. Бясспрэчна, чытаньне, абстаўленае такім чынам, шмат каму падасца малапрыгожым і наогул ганебным учынкам, але чытаць кнігу ў ціхай хатняй атмасферы неяк не атрымліваецца. А прымаючы ва ўвагу ляноту, што бясконца прагрэсуе, і хранічную стому, уласьцівую і добра знаёмую амаль усім бяз выняткаў ахвярам крызісу заканчэньня атрыманьня вышэйшай адукацыі, можна сумленна сказаць, што наогул няма ніякай мажлівасьці рабіць усё па-ранейшаму рацыянальна і правільна. Звыклыя заняткі ператвараюцца ў нешта цяжкае ды непрыемнае і не праз іх складанасьць, а толькі праз іх звычайнасьць. Вось таму, каб дадаць яркіх уражаньняў, і такая інтымная справа як чытаньне кнігі зараз з нейкай падсьвядомай эксгібіцыянісцкай асалодай адбываецца на вачах чужых людзей у мала прыдатных месцах. Нават калі зьмест захоплівае і прыцягвае ўвагу, нешта не дазваляе працягнуць чытаньне лежачы на ложку, пры запаленым утульным начніку. Чакаю таго моманту, калі заўтра давядзецца ізноў некуды ехаць і ўяўляю, з якой асалодай буду чытаць далей з няпэўна запомненага месца. Наогул усё становіцца з ног на галаву і падаецца жудасна чужым. Слухаючы блюз ці гледзячы Еўраньюс і рыфмуючы бяз сэнсу абы рыфмавалася, чакаю нечага адмысловага знакавага, спадзяюся, што вось ня сёньня дык заўтра сябра, які разумее ўсю глыбіню і неруш маей апатыі, запытае таямніча і шматзначна нешта кшталту таго, што спытаў Гётэ ў Хэмінгуэя пры сустрэчы на нябёсах - Кундэра, "Бясьсьмерце".');">1. Я пачую і, нават без удакладненьняў на рытарычны запыт, ажыву, і пачну новы этап свайго быцьця, ня ведаю як, але правільна і так, як цяпер толькі мару... Магчыма, канечне, і ня будзе зьменаў, як няма і сябра і самое тае апатыі, ад якой мне трэба пазбавіцца, і ня мару я ні аб чым. А можа сам сябра пакутуе на гэткую ж невымоўную, і праз тое яшчэ больш цяжкую, форму самавызначэньня. Сядзіць і скрушна дасылае камусьці брутальна-прытарныя SMS2, не спадзяючыся атрымаць адказ. Верагодна, усе развагі выкліканыя толькі бязглуздай мітусьлівай думкай-вірусам, што імкнецца пакручастай траекторыяй да адзінага лагічнага заканчэньня свайго шляху – зьвядзеньня мяне ў ложак і поўнай маёй перазагрузкі з адключэньнем ад крыніцы энергіі. У такім выпадку ўсе мае максімы, выкладзеныя вышэй, зьяўляюцца ня болып чым захаваньнем назапашанай за дзень інфармацыі, якая, калі яе не занатаваць, пасьля выключэньня можа быць страчаная.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|