РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Усевалад Сьцебурака
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Да заўтра
1
        Сёньня я ў горадзе ў якім ўсё як заўсёды. Хаджу па вуліцах, якія даўно не хаваюць таямніцаў. Мне добра вядомыя ўсе павароты і завулкі з кантэйнерамі сьметнікаў ў дварах дамоў з пад’ездамі, да якіх не пад’едзеш, хіба што на ровары, дзіцячымі пляцоўкамі ў атачэньні машынаў і цаглянымі каробкамі ўсялякіх кацельных і іншых тэхнічных пабудоваў. На вуліцах кавярні, а ў дварах за імі прыбіральні. Апошнія ў асноўным імправізаваныя, таму нязручныя і брудныя.
        Сёньня горад гэткі ж жвавы як і ўчора, толькі падаецца, што і яму трохі надакучыла дзённая мітусьня і ён сьпяшаецца запаліць ліхтары і вітрыны, каб ускосна і як бы незаўважна, але настойліва, паведаміць мінакам аб надыходзе вечару. На мяне хітрыкі ня дзейнічаюць. Таму не бягу на прыпынак і ня пхнуся ў чарговы аўтобус як у апошні. Я за адно з горадам, таксама хачу, каб як мага болей людцаў разьехалася па хатах і вызваліла стаптаныя за дзень ходнікі.
        Выходжу з кнігарні, заўважна сьцямнела. Я на прасьпекце. А дзе яна? Яна гэта зусім ня нейкі зьбіральны вобраз таямнічае незнаёмкі, яна канкрэтны чалавек і таму мне цікава абсалютна канкрэтна, дзе яна. Можна, канешне, проста паразважаць аб верагодных месцах знаходжаньня аб’екту маёй цікавасьці, а можна даведацца дакладна. Можна. Вось толькі з пэўнага часу мы ніхто адзін адному, праз тое мне неяк складана пазваніць і запытацца.
        Але я ведаю, што рабіць – стану ў кутку схаваным ад ветру і, зьняўшы пальчатку, пачну набіраць SMS.
        Вельмі хутка мне надакучвае гэты ўрэшце бессэнсоўны занятак і я тэлефаную сябру.
        Мой сябра – гэта чалавек, з якім мы сябруем з дзяцінства, але пабачыліся чамусьці ўпершыню толькі год пяць таму. Мы маем шмат падабенства ў проста дрэнным і ў тым дрэнным, што мы прызвычаіліся лічыць за добрае. Праз такія лучнасьці мы няблага бавім час, ці лепш сказаць марнуем яго, выдумляючы розныя падставы, каб не пісаць дысертацыяў. Мы сядзім па корчмах, блукаем па горадзе, ходзім у госьці. Пры гэтым труцім адзін аднога квазіфіласоўскімі нудотнымі размовамі і вершамі, лепшымі з якіх зьяўляюцца ўсё роўна чужыя.
        Набіраю яго нумар... сувязь пайшла...гудок... яшчэ...
        – Здароў! Што парабляеш? Планы на сёньня? А можа ня трэба на ангельскую ісьці? Ну, вось. Тым больш, што не рыхтаваўся. Выдатна. Давай не праз гадзіну. Давай зараз. Ок!
        Мы сустракаемся і крочым па вуліцы, гаворачы пра сваё і слухаючы сваё, згодна запавету злосных нацыяналістаў. Час ідзе павольна ў тых месцах куды мы завітваем, праз тое да іх закрыцьця мы звычайна пасьпяваем абмеркаваць ня толькі асабістыя дробязі, але і агрэсіўную палітыку некаторых задужа разьвітых краінаў, а, таксама, прэвентыўна выказаць свой рашучы пратэст
        глабальнаму пацяпленьню і іншым сусьветным жудасьцям.
        З надыходам ночы на апошніх прадстаўніках сямейства грамадскага транспарту разьязджаемся па сваіх спальных і ня надта раёнах і кладземся, каб заўтра ізноў недарабіўшы справаў, не даседзеўшы і недапісаўшы, недагледзеўшы і не нагледзеўшыся сустрэцца абцяжараным няскончанымі і дужа важнымі заняткамі і забыцца на іх. Да заўтра...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.