РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Мальбара»
1
        – Яўген Іванавіч, дык колькі вам гадоў?
        Яўген сядзіць на лаўцы ў гародчыку за густым кустом бэзу, што аддзяляе яго ад вуліцы. Бэз ужо зацьвітае, сярод лісьця вісяць набрынялыя сокам гронкі. Вясновы дзень з ранку выдаўся цёплы, у небе над шыфернай суседскай дахоўкай клубяцца прыгожыя аблокі – пад вечар можа нават здарыцца дождж. Праз расчыненае акно з хаты чуюцца ня дужа цьвярозая гамана, сьмех, малады бесклапотны рогат – гэта сватаюць Яўгенаву ўнучку Сьветку. Зрэшты, Яўгена тое мала крапае, ён ужо там выпіў і цяпер выйшаў на вуліцу. Тым болей паявілася не абыякая нагода – да Яўгена прыехаў карэспандэнт.
        – Гадоў? – перапытвае Яўген, і яго зморшчаны, невядома калі голены твар напружваецца – Яўген прыпамінае ці лічыць. Ці, можа, не хоча адразу ашаломіць чужога чалавека нсмалым лікам сваіх гадоў, зацягваецца цыгарэтай і быццам нехаця абвяшчае: – Дык, значыцца, калі з Вялікадня, дык пайшоў семдзесят шосты год.
        – Нямала, аднак, – кажа карэспандэнт і нешта памячае ў сваім разгорнутым на калене блакноціку.
        Яўген ветэран, удзельнік вялікай вайны – фронту і партызамкі, адзнакі якой пазначаны на борце ягонага даўно ня новага суконнага пінжака: тры крывавата прышпіленыя бланкі стракацяць нясьвежымі колерамі юбілейных узнагародаў. Менавіта як да ветэрана да яго і прыехаў сёньня карэспандэнт з раёнкі, – набліжаўся дзень Перамогі, спатрэбіліся сьвежыя ўспаміны пра вайну. Але ветэранаў заставалася з кожным годам усё меней, ужо трэба было падумаць, да каго паехаць, каб зрабіць варты матэрыял. Карэспандэнту параілі Яўгена Матусеню, і ён сёньня прыехаў.
        Тым часам гамана ў хаце трохі прыпыняецца, і з акна высоўваецца віхрастая галава Сьветчынага свата Сяргея, які разам з яе жаніхом Вакулёнкам сёньня прыехаў з мястэчка. Вясёлы, счырванелы Сяргееў твар сьведчыць, што яны там добра ўжо ўзялі, і Сяргей цяпер курыць, пускаючы дым у гародчык.
        – Што, дзед, расказваеш карэспандэнту, як на Прарыве немцаў грамілі? Ці немцы грамілі вас? Усё роўна карэспандэнту цікава...
        Прыплюшчыўшы вока, Яўген пускае ў ягоны бок воблачка дыму.
        – Цікава! – кажа ён з прыхаваным дакорам. – А во мне не цікава.
        – Ну то ж табе! Столькі разоў, мусіць, расказваў – надаела.
        – Надаела, – лёгка пагаджаецца Яўген і пазірае на вуліцу, дзе паўз гародчык тупаюць каровы – пастух гоніць нешматлікі вясковы статак. Размова за акном прыпыняецца.
        – Яўген Іванавіч, а колькі ў вас урадавых узнагародаў? - пытаецца карэспандэнт, каб узнавіць патрэбную размову.
        – А хто іх ведае. Я дык не лічыў.
        – Вунь на пінжаку бачу дзевяць.
        – Дык то было да перастройкі. А пасьля яшчэ давалі. А два медалі дык я не палучыў – у бальніцы ляжаў.
        – Тады раскажы пра партызанскую любоў, – раіць з акна Сяргей. – Хай карэспандэнт надрукуе, як вы ў бары любіліся.
        – А што ж, – пагаджаецца Яўген. – Была і на вайне любоў. Толькі не такая, як зараз.
        – А якая ж?
        I Сяргей у акне, і карэспандэнт прыціхаюць, чакаючы, што Яўген нарэшце пачне расказваць. Але Яўген хвіліну маўчыць, а пасьля абвяшчае:
        – А й то ня вам слухаць.
        – Чаму ж ня нам? Вунь хай Сьветка паслухае, ёй будзе цікава. I карэспандэнт надрукуе.
        – Не надрукуе, – ціха пярэчыць Яўген.
        Карэспандэнт не пагаджаецца:
        – Не, чаму ж? Калі матэрыял цікавы...
        – Мацер’ял... У нас раней пра крамніну казалі: мацер’ял, – зазначае Яўген. – Ці мацерыя. Праз гэтую мацерыю ў брата жыцьцё наперакасяк пайшло.
        – Праз мацерыю? – дзівіцца Сяргей, але не зразумець, ці на самой справе, ці хлопец блазнуе.
        – Ну. Тады ж ня тое, што зараз – пайшоў, купіў. Трэба было на пай, па тры метры ў гаду. Ды ў чарзе пастаяць. А ў вайну дык і таго ня стала. Во братава Марыля і ўзьелася на мужыка, бо не хапіла мацер’ялу. Вядома ж, на каго жонка можа ўзьесьціся, калі якія непаладкі. Ці няхваткі. Зьвяглівая была баба. А брат Ягор увогуле быў чалавек цярплівы, але пакуль ня вып’е. А як вып’е, можа даць добрага дыхту. Во раз і даў ёй дыхту.
        У акне паявіліся аж тры галавы разам – побач з Сяргеем кучаравая галава жаніха Вакулёнка, які ўвогуле жыў у горадзе, але часьцяком наязджаў да бацькі-пчаляра па грошы. I між імі выбеленыя патлахі нявесты – Сьветкі.
        – Дык калі тое было? – сьмяшліва пытаўся Сяргей. – Яшчэ да Акцябра?
        – Да якога табе Акцябра? У сорак першым, як немцы прыйшлі. Восеньшо. Пра партызанаў яшчэ ні слуху, ні духу не было. Немцы на Маскву пёрлі, а да нас у мястэчка прыехаў камендант, усё доктарам звалі. Пастой, як жа яго фамілія – забыўся. Памяць стала дурная, і не прыпомніш. Адно дык дужа помніцца, а другое – хоць забі. Учора некуды малаток паклаў, сёньня шукаў, шукаў... Пайшоў, у суседа пазычыў.
        – Мусіць, таму, дзед, што ўчора добра паддаў? – зьедліва ручыць з акна, і Яўген незадаволена моршчыцца.
        – А я яе ніколі дужа і не падабаў. Ну, так калі... А цяпер дык і саўсём... Гары яна гарам. Хіба ўжо якая нагода...
        – Нагода, а як жа, – кажа Сяргей. – Унучку сватаем.
        – Каторы ўжо раз сватаеце? – з дакорам зазначае Яўген.
        – А нам што – абы жаніхі былі.
        – Жаніхі... Абы выпіць вам...
        Яўген, відаць па ўсім, яўна незадаволены такім паваротам у размове, – усё ж хацеў бы болей павагі да сваёй сустрэчы з карэспандэнтам, а гэтыя гагатуны ўсё зводзяць да жарцікаў. Карэспандэнт, малады хлопец з капешкай белых валасоў, якія неслухмяна рассыпаюцца на галаве, турботна перабірае на калене свой пакамечаны блакноцік. Ён хоча запісваць, ды запісваць, падобна, няма чаго.
        – Гэта ж яны ўжо чацьвёрты раз, – кіўнуўшы на акно, паведамляе яму Яўген. – Сватаюць! Вып’юць, закусяць, перасьпяць на паддашшы. А праз месяц зноў у сваты.
        – А мы, каб ужо моцна было. Каб не заржавела, – шчэрыць белыя зубы Сяргей. Ягоны сябра Вакулёнак насьцярожваецца.
        – Сьветка, чуеш? Цябе дзед крытыкуе.
        Сьветка ганарліва закідвае галаву, матлянуўшы скудлычанымі патламі, і вымаўляе працяжна:
        – Ну і што? Падумаеш...
        Відаць, яна таксама паддала ўжо сёньня і цяпер курыць цыгарэту за цыгарэтай. Здаецца, да сёньняшняга сватаньня адносіцца надта спакойна, калі не абыякава – ёй тое не ўпершыню. Сьветка ўжо выходзіла замуж аж тройчы, двойчы разводзілася, дзяцей ня мела. Апошні яе муж – прапаршчык – недзе прапаў у Прыднястроўі, куды яго нейкая халера загнала, і Сьветка яго не чакае – выходзіць замуж.
        – Во, чуў? – зьвяртаецца Яўгеп да карэспандэнта. – Гэта ж такая парода – Гулькевічаў. Аняго ж! I яе бабка Марыля гэткая ж была. А то і горшая. I замужам, і як адна засталася. Як брат пагіб.
        – Пагіб? – устрывожана пытаецца карэспандэнт.
        – Пад Варшавай. Зямляк расказаў – на міну наступіў. А ён і мог наступіць, бачыў кепска. Можа, каб акуляры... Хто іх яму дасьць? А я во цяпер без акуляраў ні газеціны не прачытаю, ні сярнічак не знайду. Зрок зусім кепскі стаў.
        Карэспандэнт, перагарнуўшы свой блакноцік, напомніў:
        – Дык тады, у гады вайны, вы былі ў партызанах...
        – Быў, быў, за брата Ягора пайшоў. Ну таго, што пагіб. Ён жа што мог у парцізанах – хіба хамуты пачыняць. А я ўсё ж, хоць малады, ды граматны быў, восем класаў скончыў. На значок «Варашылаўскі стралок» нормы здаў. Ну і пайшоў.
        – За брата?
        – Ну.
        Карэспандэнт ня мог чагось сьцяміць, і тады з акна падказалі:
        – Гэта як немцы яго адлупілі. За жонку.
        – Немцы?
        – Немцы, ага, – паволі выдыхнуў дымам Яўген. – Ну я ж кажу, гэта яго Марыля такая вужака была, узьелася з-за нейкай лахманіны, што ня даў грошай, не было ў яго грошай. Брат доўга зважаў тое, маўчаў, а пасьля ну й даў дыхту. Відаць, добрага дыхту. Упярод, да вайны, дык тая пасьля ў прочкі бегала, як маці была жывая. А тут матка памерла, куды пабяжыш? Дык яна, дурніла, – у мястэчка да гэнага каменданта. Пастой, як жа яго фамілія? – напружыў аслабелую памяць Яўген і, раптам, успомніўшы, узрадваўся: – А, Мільх, во як! Доктар Мільх. Прыехаў гэты доктар у мястэчка на пачатку восені ў сорак першым, з ім дванаццаць немцаў, пасьля паліцаяў прыбавілася. Клопату вялікага ў іх не было, у раёне ціха, фронт улетку прайшоў, парцізаны яшчэ не паявіліся. Гэта ўжо пасьля, перазімаваўшы, парцізан набегла ў лясах. Знаеш, скажу табе, каб гэтыя немцы былі разумнейшыя, дык, можа б, і парцізанкі ў нас не было.
        – Як не было? – зьдзівіўся карэспандэнт і пагартаў блакноцік. – Во: у раёне ў сакавіку сорак трэцяга года дзейнічала дзьве брыгады і трынаццаць баявых групаў.
        – Дык гэта ўжо ў сорак трэцім. Тады ўжо ім лацьвей было паяўляцца. Тут такое дзела... Ну, нашыя некаторыя і асобенна акружэнцы сабраліся на зіму і сядзелі, як мышы, па хатах. Некаторыя прыжаніліся, за гаспадарку ўзяліся. Ды яшчэ як узяліся – немцы ж калгасы распусьцілі, зямлю назад аддалі, трэба было пахаць-сеяць, дзяцей карміць. I знаеш, кармілі ня тое што раней у калгасе: і немцам здавалі, план жа ранейшы быў, і парцізан забясьпечвалі, але і сабе хапала. Тады хлеба наеліся – што значыць: аднаасобна. Вайна там недзе пад Масквой грыміць, а тут ціха. Дык гэтыя дурні-немцы аддаюць загад, каб усе акружэнцы, ну і там чужыя – усе прыбылі на рэгістрацыю. За невыкананьне – расстрэл. Ну хто, скажы, пойдзе на тую рэгістрацыю, з якой, можа, у лагер загрыміш? Пабеглі ў лес і пачалі ствараць парцізанку.
        Усе гэтыя расповеды цікавыя, думаў карэспандэнт, але абсалютна непрахадныя, што толку было іх запісваць. I каб скіраваць Яўгена ў патрэбнае рэчышча, ён зважліва папытаўся:
        – Але ж вы пайшлі добраахвотна?
        – Я – дабравольна, – з прыхаваным гонарам адказаў Яўген і ўсьміхнуўся. – Дабравольна, але абязацельна. Як на заём! А як жа. Хоць і малады быў, сямнаццаць гадоў меў, але мусіў. Бо Ягор куды пойдзе – счытай, сьляпы. А да яго вясной з лесу – ідзі ды ідзі, немцы усё роўна стрэльнуць, бо скампраметаваны. Ці нават зьвязаны з немцамі, – што таксама расстрэл, толькі з другога боку. Ужо ад сваіх.
        – А ён што – сапраўды быў зьвязаны?
        – Гэ! Так лічылася. Усе мы былі зьвязаныя, бо пад немцамі жылі, не пад саветамі ж. Саветы ж нас кінулі, куды нам было падацца? Дык гэта камендант, доктар, як яго... Зноў забыўся...
        – Ну, Мільх, малочнік, – падказаў карэспандэнт.
        – Ага, малочнік, тоўсты такі, усё па мястэчку хадзіў з ад’ютантам – высокім, бы жардзіна, у акулярах і з рудой аўчаркай на повадзе. Баяліся яго, ага. Праўда, тады яшчэ нікога не застрэліў, толькі яўрэяў некуды вывезьлі. Куды? Тады ж ніхто ня ведаў, казалі, у гета, у горад. Пабралі з сабой цёплыя апраткі, грошы, прадукты, думалі: значыць, недзе жывуць. Пасьля аказалася – пастралялі.
        – А вы можаце сказаць, дзе пастралялі?
        – А хто ж іх ведае. Можа, у раёне, можа, у Менску. Ці па часьцях. Каб следу не засталося. Але гэта пасьля ўжо, як сьнег лёг. А сьпярша ціха было. Дык гэтая Марыля пасьля адной пачосткі ад брата пабегла ў мястэчка і – да каменданта: дай рады, пан немец, муж з парцізанамі зьвязаўся, у лес да іх бегае. Во дурная баба! Трэба ж было так на мужыка плявузгаць. Дай яшчэ сігарэціну, калі ёсыдь, – зьвярнуўся ён да карэспандэнта.
        – Ёсьць, калі ласка, – пасьпешліва працягнуў той пачак «Мальбара», з якога Яўген каравымі пальцамі вылузнуў адну, заклаў за вуха.
        – Я дык больш «Прыму» абажаю. А гэтыя «мальбары»... у тэлевізары глядзеў неяк, пачалося здорава – коні, дзецюкі такія зубатыя, ну, думаю, пра бандытаў будзе, цікава. Аж толькі рэклама...
        – Табе лепш махру курыць, – азваўся з акна Сяргей. Там ён застаўся адзін, Сьветка з жаніхом ужо зьніклі. За вуглом прарыпела драбіна на паддашша, і ў хаце зрабілася ціха.
        – А што – махра неблагое курыва. У вайну яшчэ як курылі. Нават немцы ўпадабалі. Лепей за гэтыя «мальбары».
        – Дык Марыля паскардзілася каменданту, – нецярпліва напомніў карэспандэнт, з прыкрасьцю адчуваючы, як марудна рухаецца яго інтэрв’ю.
        – Паскардзілася, ага. Думала са злосьці, што ўдавой будзе. Некаторыя ж жанкі толькі і мараць, каб удавой стаць. Сьпярша замуж выйсьці, пасьля пенсіі дачакацца, а затым удавой стаць. Так і Марыля.
        – А што камендант?
        – А камендант гэны, доктар... Ага, Мільх кажа: яволь. I падае каманду ад’ютанту, той – іншым. I во ўжо падкатвае брычка і конных некалькі і – у дзярэўню. I да Ягора. Той якраз бульбу на гародзе выбіраў, дык яго, не памыўшы рукі, – ком! А затым да старасты нашага – быў такі гаваркі актывісьцік у калгасе, дык яго старастам паставілі, каб народ да канторы сабраў. Ну чалавек дваццаць сабралася, і я там быў. Чую, мужыкі кажуць, што Ягора будуць вешаць за сувязь з парцізанамі. Якімі парцізанамі – ніхто ня ведае. Але прывялі Ягора, і Марыля тут, гэтая аж цьвіце – яе перамога. Можа, трохі і баялася, але не відно. Прыцягнулі з канторы лаву, на лаву ўзьлез камендант. Народ стаіць кучкай, чакае. I во камендант пачаў гаварыць, а перакладчык, нядаўні наш вучань, праўда, трохі старэйшы за мяне, Юрка Паўшонак перакладае. I што ж атрымліваецца? Атрымліваецца, што Марыля зрабіла наўмысны паклёп на мужа з намерам увесьці ў зман нямецкія ўлады, бо парцізан у раёне няма, не было і ніколі ня будзе. А таму за паклёп ёй належыць трыццаць Розгаў, якія сй даць тут жа.
        Ну, мужыкі ўздыхнулі, – значыць, Ягора вешаць ня будуць. А бабу варта павучыць, хай гэтак не жартуе. Два паліцаі хапаюць Марылю ды на лаву. Тая крычыць, выкручваецца, ды паліцаі, здаровыя мужыкі – адзін з акружэнцаў, камандзір нейкі, а другі міліцыянер наш раённы, немцы сьпярша такіх бралі. Нават начальнік НКВД стаў нейкім паліцэйскім чынам у Полацку. Пасьля яго парцізаны застрэлілі.
        Карэспандэнт уважліва слухаў, хаця нічога не запісваў, мусіць, не было чаго, і ён усё чакаў. У акне, пасьміхаючыся, сядзеў Сяргей. Гэты Яўгенаў расповед хлопец слухаў не ўпершыню і цяпер толькі курыў і таксама маўчаў. Да Яўгена падбегла яго рыжанькая вяртлявая сучачка, але, адчуўшы побач незнаёмага чалавека, адбеглася на вуліцу. З вуліцы да гародчыка падышлі двое малых, стаялі, зважліва пазіраючы цераз кветнік.
        – Павалілі бабу на лаву, задралі спадніцу і дзержаць. А трэці ў нямецкай форме розгаю ёй па задзе. Тая галосіць, бы на хаўтурах, а гэты хлешча. Камендант лічыць – айн, цвай... Мы ўсе гледзімо – цікава. Трохі шкада, але і варта гэтай Марылі, будзе навука. Ягор таксама тут жа стаіць зьбялелы, гэтаму не да цікаўнасьці, мусіць. Тым болей, што бабы ўжо пачалі воўкам пазіраць на яго – ведама ж, бабам болей бабу шкада. Адсьцябалі яе, паднялі за рукі – каціся прэч, вэк, значыць. Народ уздыхнуў, але расхадзіцца не далі. Новы прысуд. Камендант аб’яўляе, што і Ягору таксама належыць уляпіць. За тое, што кепска выхоўвае жонку – дваццаць розгаў. Ягор стаіць нерухома, бы не разумее, мы таксама мала што разумеем. Тады паліцаі яго за рукі, як нядаўна жонку, – лажыся. Той няспрытна так лезе на лаву. Э, не, браце, – скідывай порткі. Расьпяразваецца, бы ў непрытомнасьці кладзецца, паліцаі яму порткі да калень ссоўваюць, каб зручней было, і ўсё той жа немец пачынае хвастаць. Добра даў, ня горш чым Марылі.
        Народу аж шкада стала – завошта? Але немец ведаў, завошта: не распускай жонку, бо наробіць клопату.
        – Гэта... Я хачу запытаць, – перапыняе Яўгена карэспандэнт. – А як прозьвішча вашага брата?
        – А навошта ягонае прозьвішча? У газету? Ня трэба ў газету. Прозьвішча яго на камені пад Варшавай, там не сатрэцца. Ага... А каменданта ўвесну парцізаны падстрэлілі. Выйшаў уранку да туалета, ну там зарадку пачаў рабіць, як паложана, а з ляска Коля, малодшы Варончын хлопец, яму з вінтоўкі – прама ў скрошо. Во снайпер, халера. У блакаду ля Сухадольля забілі.
        – А помнік? – запытаўся з акна Сяргей.
        – Які табе помнік! – незадаволена азваўся Яўген, прыкурваючы «Мальбара». – Гэта на захадзе помнікі, кожнаму асобны. А ў нас хто тады помнікі ставіў? Адзін на ўсіх. Пасьля вайны паставілі бетоннага пастуха ў накідцы – вунь і цяпер ля сельсавета стаіць. Ну і словы – вечная памяць і так далей.
        Карэспандэнт зноў разгарнуў блакнот.
        – Але ж мые непанятна – Ягор гэты ваш, мяркуючы па ўсім, чалавек блізарукі, у партызаны не ўзялі, а ў войска?
        – А ў войска ўзялі. Ды ён і ў парцізанах быў. Як я пайшоў, ну і да яго прыляпіліся – ідзі ў лес, бо ўжо скампраметаваны – ня немцы, дык нашы застрэляць. Як прыйшла брыгада Селязьнёва, дык жонка і туды зьбегала, на яго накапала. Ну асабісты і ўзялі. Думалі, застрэляць, не – паставілі ў строй. У атрадзе кулямётчыкам быў.
        – Блізарукі – кулямётчыкам?
        – Кулямётчыкам. Праўда, ня тым, што страляе, а тым, што станок на горбе носіць.
        – Панятна, другім нумарам, значыць.
        Карэспапдэнт зноў нешта пазначыў у сваім блакноце і змоўк, бьтццам задумаўся. У той час у акне паявіліся ўжо адсутныя да таго Сьветка і яе жаніх Вакулёнак. Сьветка гукнула да Сяргея:
        – Пасунься. I дай прыкурыць.
        Сяргей толькі павярнуў галаву.
        – Хай табе той дасьць, каму ты давала.
        – Ахламон! – кінула Сьветка і зьнікла з акна.
        – Во якія яны, цяперашнія, – сказаў Яўген. – Усё Марыліна племя...
        Карэспандэнт аж прыўстаў з лаўкі, каб зірнуць у хату,
        дзе схавалася Сьветка. Але яе там не было відаць, толькі аднекуль здаля, можа, з сенцаў, пачуўся яе бесклапотны пявучы голас:
        – А што такога? Падумаеш...
        – Немца на вас няма, – сказаў Яўген. – Ён бы вам паказаў, што такога...
        З акна, па-сяброўску абдымаючыся, пазіралі на гародчык і вуліцу Сяргей з Вакулёнкам, і Сяргей сказаў:
        – Дзе ж цяпер возьмеш немца? Вы ж яго перамаглі. А цяпер во хутка і жраць ня будзе чаго.
        – Эх ты – перамаглі. Многа ты панімаеш, – з дакорам сказаў Яўген. – Можа, гэта ён нас перамог...
        Карэспандэнт, між тым, то разгортваў, то складваў свій блакноцік. Чагось ён усё ня мог сьцяміць. На хлапечым твары яго ляжаў ранейшы клопат – трэба было вяртацца ў раён, а матэрыялу пра гераізм у яго – кот наплакаў. Не надрукуеш жа гэтыя Яўгенавы байкі. Значыцца, ёсьць адно выйсьце – ехаць да Грыгаровіча, былога парторга брыгады Селязьнёва. Гэты, праўда, ужо зусім аглух і, бадай, зьдзяцінеў, але наконт гераізму – артыст! Толькі папытайся пра гераізм, ён табе нагаворыць, хоць на паласу, хоць на дзьве. Кепска адно, што яго ўжо растыражыравалі – і ў раённай, і ў абласной, і ў менскіх газетах, на кожнае сьвята – Грыгаровіч. Але нічога ня зробіш – трэба ехаць да Грыгаровіча.
        Карэспандэнт хуценька разьвітаўся з Яўгенам, які, дакурваючы «Мальбара», застаўся ў гародчыку.
        Маладых у акне ўжо ня стала відаць...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.