РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвіст
1
        Пра народ у краіне хадзілі дзьве супрацьлеглыя пагалоскі, кожная з якіх увогуле мела рацыю. Нядаўна абраны дыктатар ды ягоныя памагатыя лічылі народ самым разумным, самым правільным і працавітым. Іхнія ж супраціўнікі сьцьвярджалі, што народ дурны і сьляпы, нібы крот. Бо каб быў разумны і працавіты, дык нешта б умеў, а гэты ня ўмеў нічога, як нічога і ня меў. Пэўна, тая акалічнасьць і змусіла дыктатара да пошукаў нейкіх сродкаў стабільнага існаваньня яго і народу. Але новыя сродкі ня так лёгка было знайсьці, а час катастрафічна мінаўся. Неяк дыктатар з прыкрасьці ад чарговай разумовай няўдачы гучна сьвіснуў, як сьвістаў у дзяцінстве, пасьвячы сьвінячы статак. Шсар, што з нейкага часу запісваў за ім кожнае слова (для гісторыі) застыў з пяром у пальцах – ён ня ведаў, як запісаць сьвіст. Заўважыўшы тое, дыктатар зьверавата ўставіўся ў пляшывага пісца, які, каб неяк улагодзіць пана, проста голасна войкнуў, быццам бы ў захапленьні ад сьвісту: маўляў, як прыгожа! Іншыя, што ў той час былі ў пакоі, таксама дружна падтрымалі пісца: і прыгожа, і зьмястоўна, а галоўнае – даходліва для народу, – кожны зразумее. Ведама ж, кожны быў дзіцёнкам, хоць і ня кожны дзіцёнак пасьвіў калгасных сьвіней.
        У той жа адвячорак урад прыняў адмысловы дэкрэт аб значэньні дыктатарскага сьвісту, а газеты ў хуткім часе пачалі друкаваць артыкулы пра тое, як гэта важна наогул – сьвістаць. У краіне пачаў разгортвацца рух за высокаідэйны і высокамастацкі народны сьвіст. Праўда, як бадай і ў кожнае справе, знайшліся тыя, што не пагадзіліся з дзяржаўным значэньнем сьвісту, але яны былі меншынёй, а меньшыню, як вядома, бязьлітасна душаць. Хутка задушылі і праціўнікаў сьвісту.
        Праз нейкі нядоўгі час рух нечуванага пашырэньня сьвісту стаўся ўсенародным, яму ўжо ня шкодзіў ніхто. Вучыць прафесійна сьвістаць пачалі ў школках, сьвіст увялі ў якасьці абавязковага прадмету на экзаменах у ВНУ, дзе былі тэрмінова створыны кафедры сьвісту. Адпаведна, бы грыбы пасьля дажджу, зьявіліся высокакваліфікаваныя сьпецыялістыя па сьвісту, актыўна рыхтаваліся і пасьпяхова абараняліся кандыдацкія ды доктарскія дысертацыі на тэмы сьвісту. У краіне рэгулярна праводзіліся конкурсы і спаборніцтвы па сіле, працягласьці і мадуляцыі сьвісту, наладжваліся канцэрты. Неўзабаве зьявіліся і рэкардсмэны – асобна па розных жанрах сьвісту, ствараліся ансамблі, якія езьдзілі па гарадах і вёсках і сьвісталі на ўсю электронную моц свае апаратуры. Тыя няблага зараблялі, сплочвалі казьне немалыя падаткі і карысталіся прыязнасьцю ўлады і народу. Нечуваная папулярнасьць сьвісту зрабіла папулярнай краіну, пра якую яшчэ нядаўна мала хто ведаў у сьвеце. Тады дыктатар ды ягоныя памагатыя сьцямілі, што нягожа было б тым не пакарыстацца і вырашылі распаўсюдзіць ідэю сьвісту як мага далей у сьвеце. Была створана новая праграма заваёвы сьвету праз космас, у які запускаліся талеркі-спадарожнікі, адбітыя імі хвалі пранікалі ва ўсе куточкі планеты. Людзі на зямлі ўведалі пра незвычайна плённую справу сьвісту і як маглі пераймалі яго. Дзякуючы сіле сьвісту народ, краіна і яе дыктатар зрабіліся самымі славутымі ў сьвеце.
        Натуральна, добра было пачувацца славутымі, але яшчэ трэба было і есьці, а во ежы катастрафічна не хапала. Захапіўшыся сьвістам, людзі адвучыліся араць зямлю, пасьвіць коз і нават саджаць бульбу. Эканоміка, спрэс стаўшы касьмічнай, усё болей хірэла, і хутка ў людзей нават на добры маладзецкі сьвіст ня стала ставаць моцы. Дзеля эканоміі людской сілы была адмененая родная мова, пра якую хутка забыліся ўсе – гараджане, сяляне і нават пісьменьнікі. Пісьменьнікі, праўда, забыліся апошнімі, чым увогуле ганарыліся. Болей ім ганарыцца ўжо не было чым.
        Краіна неўпрыцям усунулася ў страшэннае правальле татальнае крызы, калі пачала беззваротна хірэць нават сама ідэя дзяржаўнага сьвісту. Дзеля яе паратунку стварылі некалькі дадатковых міністэрстваў, каардынацыйны над імі камітэт, Савет бясьпекі, узмоцнены аддзел секурытаты. Падвысілі ролю адукацыі – усе ПТВ ператварылі ў тэхнікумы, тэхнікумы ва ўніверсітэты, а універсітэты ведама ж у акадэміі. Павялічылі колькасьць дактароў ды акадэмікаў, зарплату якіх таксама падвысілі, прыраўняўшы да сяржанцкае зарплаты амапаўцаў. I ўсёроўна сьвіст марнеў, ягоная ідэя апынулася пад сьмяртэльнай пагрозай. Апазіцыя ж толькі мацнела. Праўда, апазіцыянеры пакуль што выступалі ня супраць самой ідэі, а супраць сродкаў і метадаў яе выкананьня. Ідэя ж, казалі, зусім неблагая, калі яе з розумам ажыцьцяўляць. Дыктатар назваў тую апазіцыю сьмехатворнай і казаў, што варта яму хоць раз добра сьвіснуць, як яе бы ветрам садзьме. I праўда, некалькі самых заўзятых апазіцыянераў ужо зьнікла – бяз знаку і сьледу, бы праз зямлю праваліліся. Але і дыктатар зьнемагаў ад шэрагу няўдач і мог намагчыся хіба на адзін добры посьвіст на тыдзень. У сьвеце пачалі губляць цікавасьць да краіны – радзімы сьвісту. Рэтрансьлятары-спадарожнікі, бы восеньскія каштаны, адзін за адным сыпаліся долу і згаралі у шчыльных слаях атмасферы. Запушчаць новыя не было за што. У космасе запаноўвала касьмічная ціша.
        Затое на зямлі бушавала бура.
        За апошнія грошы дыктатар мацаваў сілы секурытаты – паліцыю ва ўніформе і ў штацкім, суды і пракуратуру, якім падвысіў заробкі і падвоіў нагрузку. Арыштоўвалі, судзілі і саджалі найперш праціўнікаў сьвісту. Ды таго аказалася недастаткова. Было заўважана, што некаторыя сьвісталі няправільна, чужым падрыўным сьвістам, – гэтых рэпрэсавалі таксама. Затым зрабілі чыстку вучоных шэрагаў, перагледзелі тэматыку іхніх дысертацый. Выявілася, што некаторыя з вучоных-гісторыкаў няправільна лічылі, быццам гісторыя краіны пачалася не з запачаткаваньня ідэі сьвісту, а значна раней. Секурытата з тым катэгарычна не пагадзілася, а ў краіне яе думка заўжды была аканчальнай, і тую канцэпцыю выкаранілі. Як пэўная рэакцыя на тыя зусім натуральныя захады, у народзе пачала самахоць сьпець новая нечуваная ідэя – ідэя маўчаньня. Вядома, яна пляжыла выдатную, выпрабаваную ў часе ідэю сьвісту, але як было з ёй змагацца? Як было ўведаць, што выношваюць маўчуны? I як прадухіліць усенародную маўчанку, якая пагражала краіне ўсеагульнай нематой?
        Тым часам маўчанка шырылася з неверагоднай хуткасьцю. Зьняможаны шматгадовым посьвістам люд маўчаў з задавальненьнем. Рабіць тое было проста і лёгка тым болей, што ўсе даўно адвыклі ад роднае мовы, і гаварыць наогул не было патрэбы.
        Яшчэ праз нейкі час краіна аканчальна змоўкла, ніхто ўжо ня мог нават слаба сьвіснуць. Праўда, з тае нагоды ніхто асабліва не перажываў, апроч хіба пенсіянераў. Для гэтых за даўгія гады іхняга жыцьця сьвіст стаў адзінай прафесіяй, бо іншага яны ня ўмелі. Але супраць іх працавала прырода, і гэтых людзей у краіне хутка менела. Як і належыць паводле няўхільных законаў быцьця.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.