РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вершы
 
Рукапісны зборнік з 1945-47 гг.
Spiritus flat ubi vult
 
Кусочак неба
Мяне сьвет ласкі не сустрэў –
апошні блеск пагас учора,
а сэрца тысячамі стрэл
йзноў злосна пранізала гора.
 
Б’юць у грудзі хвалі мне із дна.
Паміж запененых прыбояў
стаю прад бураю адна
з глыбокай верай, што ўстою.
 
Навісла цяжасьць чорных хмар,
шалее бура, сіл мне трэба...
Уздымаю з болем угору твар,
там у цьме бліснуў кусочак неба.
 
 
 
 
Удар
Учора сурова падбілі мой лёт,
песьні паранілі ясныя крыльлі,
гэтак часамі вясною гальлё,
бура шалёная глуміць і хіліць.
 
Заўтра мо’ большы, страшнейшы ўдар
целам маім страсяне чалавечным.
Потам пакрыецца змораны твар
гледзячы сумна ў вір небясьпечны...
 
Толькі мой вольны ня зломіцца дух,
Божая іскра ў целе бязрадным.
Голаву ўзьняўшы там у цемень пайду,
сэрцам у небе пытаючы праўды.
 
 
 
 
Чужыя хвоі
Пад чужым небам шапочуць хвоі,
дзіўную песьню штодня тут чую,
пытаюць ціха скуль я, хто я,
адкуль прыходжу, па чым сумую.
 
Стрункія хвоі чужога краю,
добра мне голаў аб Вас аперці.
Вецер аб долі ж хай не пытае,
словам ня скажаш таго, што ў сэрцы.
 
Словам ня скажаш аб тых цярпеньнях,
што сум на душы пластамі сьцеле,
што сонца крые магільным ценем,
а расказаць Вам, вы пасівелі б...
 
Лепш загудзеце, сумныя хвоі
вольна, свабодна, вы жа ня людзі...
Зялёным шумам сэрца ўспакою
ад вольнай песьні лягчэй мне будзе...
 
 
 
 
У асеньні дзень
Йду ціхім, асумелым садам,
Шмат лісьця вецер ужо аднёс,
толькі, як жменя буйных сьлёз,
вісіць галінка вінаграду.
 
Над траў зялёным вадападам
ня чэшуць вербы сваіх кос,
ня вабіць ліпа мёдам кроз,
ня кліча груша сесьці разам.
 
Ня белы бэз пахучым чадам,
а на кустох зацьвіў мароз,
і градам буйных горкіх сьлёз
зьвісае жменя вінаграду.
 
 
 
 
Цуд
Весяліўся, сьмяяўся агонь,
чарванеў як зара-зараніца,
і згараў на ім белы мой конь,
і згараў на ім мужны мой рыцар.
 
Як з паганскіх курганных часоў,
ішлі ўдовы на вогнішча сьмерці,
я, найболей няшчасная з удоў,
свайму рыцару кінула сэрца.
 
Узьняўся ў табе ахвярны мой дым,
рос із сэрца майго агнявіцай,
і скрозь сьлёзы я бачыла ў ім,
як ажыў йзноў конь белы і рыцар.
 
I сярод найцяжэйшых пакут
я паверыла сэрцам гаротным,
што з ахвяраў нам зродзіцца цуд,
што наш Рыцар і Край нясьмяротны.
 
 
 
 
Б’юць хвалі прыбоем
Б’юць хвалі прыбоем з радзімых крыніц,
ажыўчыя воды ракочуць задорныя,
і вольная песьня, ня знае граніц,
б’е звонам у небе з грудзяў непакорных.
 
Хто спутае хмары і зьменіць іх бег,
хто воблакам плысьці іначай раскажа,
і, глянуўшы ў душу людзкую глыбей,
хто дум пераніжа натхнёную пражу.
 
Шляхотныя рукі магчыма скаваць,
сумленьне бывае, грашамі заплацяць,
а думаў арліных нам сьмерцю стрымаць
найбольшы ў сьвеце тыран не патрапіць.
 
Іх вольнаму лёту бязьмежны прастор,
ля хат разальюцца як рэкаў разводзьдзе,
з прыземных нізінаў імкнуцца да зор,
то сонцу насустрач у расплаўлены поўдзень.
 
І вольнае песьні, што служыць багом
ніхто не зьняволіць, ніхто не заплаціць,
захоча, шле словаў караючы гром,
захоча, лялее сумуючых брацьцяў.
 
А крыльлі параніць ля дротаў чужых,
памостам расьсьцеле міражныя гоні,
йдзе звонка палём зарунелым служыць
і ласкаю вернаю любых агорне.
 
То быццам бы бура, то лёганькі ўздох,
а сэрцы людзкія і говіць і раніць,
разжаліцца просьбаю – слухае Бог
раззвоніцца праўдай, баяцца тыраны.
 
 
 
 
Яшчэ ня час...
Яшчэ ня час і я яшчэ ня ценем
ізноў жыцьцёвы разьбіваю стан,
яшчэ ня час, яшчэ паведамленьня
аб маёй сьмерці вецер не паслаў.
 
Яшчэ ня час, хоць восень горка плача,
і да зямлі бярозам косы гне,
у глыбокай цьме канца жыцьця ня бачу,
і гэты жаль васеньні не па мне.
 
То не па мне асіны ломяць рукі,
ў паўночных ветраў просячы цяпла
асеньні дзень канае доўга ў тучах,
і горкі дождж сьлязьмі кранае шкла.
 
Яшчэ ня час, хоць хочацца спакою,
як гнаны ветрам на чужыне лісьць,
прыпасьці б так, гарачай галавою
на вечны сон, да роднае зямлі...
 
Яшчэ ня час, яшчэ то бездарожжа,
бяздольных больш як у маім сэрцы ран,
трэ’ песьні віць для іх із польных рожаў,
успаміны ўзьняць, няхай агнём гараць,
 
і цешаць тых, якіх ня цешыць неба.
Уплятаю сэрца разам у вянок,
і у цемру дзён, гдзе шчырай песьні трэба,
пашлю і я крылатую здалёк.
 
Яшчэ ня час прасіць у Бога сьмерці,
калі ў бядзе чакаюць брацьця нас,
калі ня згас агонь дабра у сэрцы
для родных ніў, дык паміраць ня час...
 
Ясьнейшых дзён у Бога дачакаем,
і пройдзе час нялюбасьці і зла,
О, знай тагды што для Цябе мой Краю
мой шматпакутны, для Цябе жыла...
 
 
 
 
Ля чужых варот
Хоць доля б’е і ў сэрцы лёд
усё ж думы не ў аковах.
Праходзе ля чужых варот
мой жнівень васільковы.
 
Хоць вяне мак, душа у сьне
калісьць, забытым маем,
вітала віхрамі мяне
краіна дарагая.
 
Уздымаўся Нёман, гнуўся бор
і топаль вабіў вочы,
а пры дарозе цьвіў чабор
пясьнярцы па вяночак.
 
У закуты край біў долі град,
сьлязьмі снаваў вясельле,
усё што зраніў цёмны брат
спавіла з межаў зельле.
 
Калі ж душу зьлівала кроў
а думы голаў гнулі,
глыбокі боль праменьні слоў
замовіла бабуля.
 
Сягоньня зрываў дум ні кроз
ні ран ніхто ні говіць,
і гэты боль, што у сэрцы урос,
бабуля не замовіць...
 
Блукаю ля чужых варот,
Хоць думы не ў аковах,
і сум душы і сэрца лёд
гарачым плаўлю словам.
 
Загнаны лісьць, як птах здалёк
у чужыне толькі ценем.
Зьвіваю ў залаты клубок
успамінаў павуценьне,
 
каб песьні новыя тварыць
і словам Край кунежыць,
той Край, гдзе вецер гнуў бары,
гдзе цьвіў чабор на межах.
 
 
 
 
Божа...
Божа, малітваў прачыстая мэта,
сьветлая песьняў натхнёных крыніца,
глянь, як у адкрытае сэрца паэта
б’е безупынна жыцьцё навальніцай.
 
Сьлёзаў чужых ужо поўныя жмені
кроў разьлілася струёй ля весьніц,
мушу для іх я ў бязьмерных цярпеньнях
выкупіць сілу натхненае песьні.
 
О, я слоў пэрлы дастану із тоняў,
сэрца іх звонкі шнурок пераніжа
толькі ня дай мне у крывавае «сёньня»
ўпасьці бясьсільна дарогай пад крыжам.
 
Крыж, мой адполькава цяжкі і мілы.
З гоняў дзірванных яго за субрацьцяў
буду ахвярна нясьці да магілы,
толькі не дай мне пад Ім заламацца.
 
Зь ніў я Яго падняла, без прымусу.
Нельга каханьне над сіламі мерыць.
Жоўці пякучай налі мне на вусны,
буду цярпець за Радзіму і верыць.
 
Буду аб долі адкупленай крозіць
сяньня цяжкой, непагнутай як камень,
буду ісьці па цярністай дарозе,
потам змываючы кроў і сьлязамі.
 
Сэрцам натхнёным, Табой абагрэтым
дай мне на’т з жоўці стварыць асалоду.
Дай адкупіць мне цярпеньнем паэта
волю і долю, і шчасьце народу.
 
 
 
 
Жаль...
Пачуцьці зарыліся ў сэрца на дно,
а з хмарамі думы качуюць,
як жаль, што мне сьцежкі да Вас ня відно,
што сілы слоў братніх ня чую.
 
З пустых шляхоў вецер жальліва шуміць,
вось быццам бы крыўды зьбірае,
боль – прысак на рукі, ападае сьлязьмі
над пошасьцю змораным краем.
 
Крывавых і страшных зямлі нашай ран
ніхто не заплаціць, ня зьлічыць;
зьбіраецца ў сэрцы пачуцьцяў вулькан,
адказы замучаных клічыць...
 
Успамінамі вецер шуміць за вакном,
ў даль цяжкія хмары качуюць.
Як жаль, што мне сьцежкі да Вас ня відно,
Што сілы слоў братніх ня чую.
 
 
 
 
Як вернае сэрца
Божа, народ свой пакутны, убогі,
як вернае сэрца ў адданых грудзёх,
кладу Табе сяньня пад божыя ногі,
каб Ты не забыўся, каб Ты дапамог.
 
Усе сьлёзы й раны, што землю пакрылі,
супроць чалавека намераны чын,
і зьдзек безупынны і безьліч магілаў,
каб Ты не забыўся, каб ты палічыў.
 
Тугу ад гнязда сваяго адарваных,
дзіцячую долю і мацеры плач
і мочы закутых нявінны у кайданах,
галодных мучэньне, о Божа, убач!
 
Узглянь на чужымі стаптаныя нівы,
прыдзі паглядзець да разьбітых сьвятынь.
О, будзь міласэрдны, о, будзь справядлівы,
і слуг Тваіх верных ты больш не пакінь.
 
Ты быў чалавекам і Ты жа меў маці,
і сам ад людзей Ты цярпеў на крыжы;
ня дай больш нявіннай крыві праліваці,
у адчаі народу майму памажы.
 
З крыві і нядолі падняў Ты народы,
і мудрасьцю божай іх волю сьцярог;
і нам пашлі долю, і нам дай свабоду,
й да нас прыдзі ў госьці на скромны парог.
 
За мукі народу, за сьлёзы паэтаў,
за сьмерць нашых юных братоў на крыжы,
за нашы малітвы, о, Ойча сусьвету,
дай волі народнай на нівах ажыць.
 
Няхай абагрэе паш край небагагы,
пацешыць ніколі нязнаючых ласк,
асьвеціць сумныя, счарнелыя хаты
пазнаньнем, што ты не забыўся аб нас.
 
Як чыстае сэрца, пад божыя ногі,
кладу Табе сяньня палі і лясы.
і гоняў каберцы, сады і дарогі,
і межаў квяцістых сьцялю паясы,
 
І зьлітае потам агаранае поле,
забытыя хаты, курганы, бары,
і сэрцы у путах, і ліхую долю,
і з нашай крывёю Твае аўтары.
 
О, Ты найласкаўшы сын Бога жывога,
што сьмерць адкупленьнем сваім перамог.
Кладу Табе край свой пад божыя ногі,
каб Ты не забыўся, каб Ты дапамог.
 
 
 
 
М. А.
Калі сум маю душу спаўе,
і з кутоў выпаўзае трывога,
тагды верныя вочы Твае
майму сэрцу гавораць так многа.
 
На паперы ня могуць ажыць,
на паперы ня могуць заплакаць,
усё-ж іх погляд ласкава дрыжыць,
і спакой расьсьцілае іх мякасьць.
 
I хоць рукі шукаюць дарма
Твае блізкасьці вечарам шэрым,
і хоць братняга сэрца няма,
усё-ж са мною ачэй тваіх вера.
 
 
 
 
Гдзе радасьць?
Пытае вецер сумны чагосьць,
гдзе радасьць, рэдкі сягоньня госьць.
чаму ня прыдзе гору ў дакор,
не засьмяецца іскрамі зор?
 
Нельга начамі ўсьцяж сумаваць
пакуль брат-вецер можа пяяць,
весьці прыносіць з розных шляхоў,
у вочы сьмяецца долі ліхой.
 
Чаму сум горкі, бы на загад,
адбіў мне думы як здрадны гад?
Чаму спыніўся дум творчы бег,
замер прадчасна на вуснах сьмех?
 
Хай сыпле доля па сэрца град,
са мною-ж вецер мой родны брат,
са мною сьведка ўздыму і мук
прыяцель верны месяц дзяцюк...
 
 
 
 
На бруку чужом
Сьветлай руні дзіця, сябра вольных вятроў,
што звон сэрца разгайдалі песьняй,
быцам птах, у сьценах вогкіх муроў
б’юся ў клетцы скрываўленай, цеснай.
 
Краскі скромныя часом у хвілі дзіўнай тугі,
лісьця ласку нясьмела трапешчуць,
а на бруку чужом у ноч крывавіць душа,
глядзеўшыся нема ў вечнасьць.
 
I здаецца часом у хвілі дзіўнай тугі,
што няма ні граніц ні аковаў,
свой ясны хрыбет і свае берагі
Нёман зь небам злучыў васільковым.
 
Што няма ланцугоў на народных руках,
што няма ўжо ні зьдзеку ні кратаў,
і ў начной цішыне ня спыняецца страх
на парозе сялянскае хаты.
 
 
 
 
Трывога
Ужо ня буду Цябе калыхаць,
сумных песьняў ня буду пяяць,
каб ня плакаў, каб ціхенька змоўк
ноч крадзецца ізь цемры як воўк.
 
Аб заклятай красуньні вярбе
ужо на’т баяць ня буду Табе,
не магу ўжо найсьці у сабе слоў,
каб спакой Табе даць і любоў.
 
Пакуль злую пазнаеш зямлю,
лепш да сэрца Цябе прытулю,
няхай б’е Табе праўду як звон,
няхай ціхі старожыць Твой сон.
 
Ні вядзьмар, ні дзікія ваўкі
не страшныя, як брат твой людзкі;
ён ад матчыныя родных грудзёў
адарваць Цябе, сынку, гатоў.
 
I крывёю пасьцельку абліць.
і абоім жыцьцё загубіць.
Не, ня буду ўжо песьняў пяяць,
моўчкі будзеш на сэрцы мне спаць.
 
Пакуль стук яго чуцьмеш у ноч,
будзь спакойны саколік-сынок,
вечнай ласкай і негай б’ючы,
будзе верна Цябе сьцерагчы.
 
 
 
 
Матуля
Ветры вербу сівую нагнулі
ясным гольлем ажно на пясок.
Гэдак доля стан мае матулі
пахіліла ў дробны аблучок;
 
горам у ніз апалі гольлі-крыльля,
дагараюць сумна над дзярном,
без пары і ты лягла бясьсільна
на дарозе стоптаным сьцяблом.
 
Галавы цяжкае не падымеш,
сэрца слабне, ногі хочуць млець,
і скрозь сьлёзы сумнымі ачыма
жаль на неба срогае глядзець.
 
Гдзе малітвай ласкі ня ўпросіш,
не прыклічаш помачы ў бядзе,
аж травой падцятай на пакосах
на шляху скрываўленым упадзеш.
 
Пахіліўся квола над ракою
вярбы ціхай перагнуты стан,
быццам нехта сэрца супакоіў,
боль замовіў незажытых ран.
 
Гэй, шуміць вада, пераплывае
сіняй стужкай з гораў і далін,
а вярба старушка дакранае
шоўкам косаў ажно да зямлі.
 
 
 
 
Воля
Доля пароду як камень цяжкі,
верныя грудзі гняце і змагае,
сумныя думкі рвуць ноч на кускі
месяц надзеяй блядой дагарае...
 
Воля і праўда, аднака ж, ня нам.
Голас заціх наш малітвай у пустыні,
мы бы пілі яе брагу да дна,
мы збудавалі б для праўды сьвятыні.
 
Мы сьцераглі бы іх аж па скон
сілай няўтомных, сялянскіх далоняў.
У нас бы цьвіла васількова як лён,
сьпела б калосьсем па родных загонах.
 
 
 
 
Там...
Там гдзе сонца сьвеціць на даліны,
гдзе гуляе вецер па лясох,
там на буры, гдзе на небе сінім
тчэ вясёлка цудны паясок.
 
Там гартаць хацела б бесканечна
усё з душы, што Бог калісьці даў,
усё пад гоман ветлівы, сэрдэчны
на сялібах жменямі раздаць.
 
Хараство пазнанае расьсеяць,
гдзе сівы атручаны палын,
і разьліцца хвалямі надзеі
ля цьвярдое нёманскай скалы.
 
 
 
 
Зямля
Дарагая матуля зямля,
Бог па тое мне даў дзьве далоні,
каб я гладзіць ласкава магла
Твой дыван машастова зялёны.
 
Знай, згараная скіба мая,
ціхім шчасьцем пранятая маці
можа, гэдак аддана як я,
гладзіць толькі галоўку дзіцяці.
 
Мне жыцьця для Цябе не шкада,
паэтыцкім мы зроднены духам,
Бог і сьлёзы на тое мне даў,
каб цябе заліваць у час засухі.
 
I на тое мо’ сэрца ў грудзёх,
каб сагрэць цябе словам і чынам,
і на тое натхненьне даў Бог,
каб Цябе апяваць безупынна.
 
 
 
 
Пакажы дарогу
Праходзяць дні і цяжкасьцю грабовай
і ўсюль спадае усенародны боль,
і цёплае і грэючае слова
у нутры мне моўкне чорнаю журбой.
 
Ад цёмных зданьняў сьвет кругом цямнее
бяздольным брацьцям нельга памагчы,
у топкіх пальцах крышыцца надзея
і сьцюжай неба сіняе маўчыць.
 
Тагды о Ты, што ўсім раздаў так многа,
а толькі нас пакінуў як сірот,
пачуй мяне і пакажы дарогу
якой ісьці каб пацяшаць народ.
 
 
 
 
Братнія рукі
550
Р. Т.

 
Дзьве сілы крыніцы, дзьве братнія рукі,
сталёвыя рукі ў адчай без хістаньняў,
два сонца праменьні ў дзень цяжкай дакукі,
хто выцягне сьмела насустрач мне сяньня.
 
Каб сіла жывая, крынічная сіла,
што панцыр астылай зямлі прабівае,
збалелае сэрца агнём запаліла
і збавіла душу фіялкавым маем.
 
Дзьве рукі, два пасмы радзімай асновы,
дзьве красак галіны, што з маем ня вянуць,
дзьве родныя струны із скрыпкі ліповай
прыдзеце насустрач мне зморанай сяньня.
 
 
 
 
Вецер гойдае
Вецер гойдае лёгка карамыслам,
зь вёдзер плёскае сіньню вада,
дзеўка рожава ў твары сароміцца,
дзіцюк просе вадзіцы падаць.
 
Серабрыцца халодна-крынічная,
адбівае дзяўчынанькі твар,
дзіўна сэрцы пяюць пераклічкамі,
вада смагі не гасіць на жаль...
 
З ачэй небам пагодным напоўненых,
з вуснаў сьпелых, пахучых малін,
ніці доўгія, ніці чароўныя
сэрца хлопцу тугой спавілі.
 
Нават конь не заглушыць капытам,
не уцішыць на’т вецер тых дум
гдзе краса і вада недапітая
серабрыцца крыштальна ў саду.
 
Не бяроза ветрамі расчэсана,
не пакінуты, ветлівы сад
толькі сінія вочы пралескамі,
дзіўнай смагаю вабяць назад.
 
Калі выйдзе дзяўчынанька сумная
над крыніцай галоўку нагне,
вочы сьпелыя ў твары задуманым
толькі бачыць скрозь сьлёзы на дне.
 
I пытаецца птушак над сёламі,
і пытаецца вольных вятроў,
калі рук сваіх лілеямі кволымі
сакалу згасіць смагу ўзноў.
 
Калі сочнымі вуснаў малінамі,
пацалункам ягоны аддасьць,
калі слова пачуе адзінае,
што ўмее, што будзе кахаць...
 
Над палямі, лясамі, загонамі,
над гасьцінцаў шырокай смугой
плывуць хмары ўсьцяж перагонныя,
і дзявочыя вочы з тугой...
 
 
 
 
Сонца
Празорая неба паляна,
сонца сьмяецца ўгары.
Не, у жыцьці не пагана,
калі яшчэ сонца гарыць...
 
Калі сонца сіньню пралескаў
вясёла над намі цьвіце
ламаючы тысячы блескаў
адважна на ясным шчыце.
 
У душэ маёй болем згараным
лянамі з далёкай зямлі
сягоньня, зусім нечакана,
йзноў сінія дні зацьвілі.
 
Ад моцных удараў успамінаў
ад цёплых прыліваў надзей,
ад дум маіх узьлётаў няўпынных
стала і мне весялей...
 
О не, у жыцьці не пагана,
калі неба лёнам цьвіце,
і вочы на сіняй паляне
у даль яшчэ могуць ляцець...
 
І думаў шляхом недаступным
уздымаецца на яснай мяжэ
ад болю, ад зьдзекаў, ад путаў
да добрага Бога бліжэй.
 
 
 
 
Я не сама
Я ж не сама, красуюцца галіны,
золата лісьцяў сыплюць незнарок:
я не сама, на небе шнур птушыны
насустрач мроям выляцеў здалёк.
 
I вабіць у далі да магутных узьлётаў
у паднебны край, гдзе крыўд няма і зла.
Я не сама, паходняю ля плоту
у асеньні дзень юргіня зацьвіла.
 
І сонцэ глянула, прабіўшыся праз хмары,
каб даказаць, што сьвет яго ня згас,
на холад рук рабіна дробнім жарам
рассыпала асеньніх жменю крас.
 
Я не сама, бо вецер лісьць асеньні
узорнай тканьню сьцеле на зямлі,
і гне трысьцё, і пражай павуціньнем
снуе ля ног сухія бадылі.
 
А калі ночы не запаляць зораў,
і ўдарыць сьцюжай лютая зіма,
і віхры ў полі загалосяць горам,
усё ж буду плакаць зь імі не сама.
 
 
 
 
Ноч
Ноч, цемені вечнай таемная пані,
выходзе, крадзецца із крышаў нязнаных.
Ідзе пэўна на ьзмену дня яснай сьвятыні,
ніхто не стрымае, ніхто не запыніць...
 
Чалом ясным сонца дзень нізка сагнуўся,
яшчэ міла глянуў, яшчэ асьмяхнуўся,
праменьнямі бліснуў і ў чырвані згінуў,
бы ясную голаў сьцяла гілётына.
 
Заціхла зямелька ў час сумнага скону,
да гнёздаў трывожна прыпалі вароны,
і людзі ў сёлах, і зьверы між бору,
схаваліся ў хаты, зарыліся ў поры.
 
I толькі пугач, рыцар ночы адзіны,
сьмяяўся і плакаў з сухое галіны.
Ноч-пані ўсе сэрцы слабыя маніла,
брыльянтамі зоры ўгары запаліла.
У даверра людзкое скрадалася ценем
і вабіла душы ў бездну, у цемень.
 
Йшлі людзі бяз сьмеху за цёмнаю паней,
забыліся ў горы, што прыдзе сьвітаньне
і выплыве сонца. Не газьніцай зораў,
а праўдаю вечнай расьсьвеціць прасторы.
 
 
 
 
Кір
Любоў і праўду я бяру за шчыт,
і зь імі йду бясстрашна ў цяжкі час;
я не пяром, а гастрыём душы,
пішу крывёй зчарнелаю да Вас.
 
Жалобны кір над маім прошлым лёг:
ня ўчую больш матулі цёплых слоў –
на вуснах ёй заціх апошні ўздох
як тысячам замучаных рабоў...
 
Равы братоў, цяжкія сёстраў дні,
страшэнны боль апошніх бацькі год,
людзкія душы, сёла ў агні,
а на крыжы замучаны народ.
 
Хоць неба сяньня срогае маўчыць,
я ў адраджэньня веру ясны цуд:
любоў і праўду, свой магутны шчыт
уздымаю сьмела прад панамі пут.
 
Ня страшна мне іх мсьцівасьці і кар,
бо ў маім сэрцы вера, не сумлеў –
ў маёй душэ не попел, але жар,
ў маіх ачох ня сьлёзы, але гнеў.
 
 
 
 
Я ня буду
Я ня буду пісаць аб каменьнях,
славіць песьняй красу пірамід,
калі сілай людзкога цярпеньня
ўздымаўся нячулы граніт.
 
Песьняры куюць гімны з жалеза,
славяць працу зьняволеных рук,
іх ня вабіць куст белага бэзу,
не чаруе зялёная рунь...
 
Знаю рогат шалёны турбінаў
зброю, гонар падзеяў людзкіх,
знаю моц дасягненьняў няўпынных,
усё ж пяяць я ня буду аб іх.
 
Пакуль лёну маленькае семя
на зямлі будзе небам сіпець,
пакуль зоры сьвяціцьмуць у цемень,
а сасонкі закоўвацца ў медзь.
 
Пакуль зморшчанай, цёплай рукою
маці будзе нам сэрцы бяліць,
пакуль рэкі вадою напояць
а зямля будзе хлебам карміць.
 
Быццам лільяў цудоўных бярэмя
дабра водгульлі ўсюды зьбяру,
буду віць зь іх начамі паэмы,
як сачыстая, нашая рунь.
 
Прыдзе дзень як крыло галубіцы,
сьвет на зьмену крывавых начэй,
прыйдуць брацьця напіцца з крыніцаў,
каб было ім на сьвеце ясьней.
 
 
 
 
Дзяды
Дождж падае вонку прыцішаным звонам,
дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,
балючы стон ветру даносіцца з даляў,
і зоркі на небе нам ноч не запаліць.
 
У сьвятынях сьціх гоман малітваў нядзельных,
на могілках сьвечкі даўно дагаралі.
А ў краі, гдзе думы маі безупынна,
чакаюць у хатах дзядоў на гасьціну.
 
Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;
хопіць малітваў у мяне і яды
зь сёлаў забытых, з лагчын і бароў,
і з наднямонскіх старых цьвінтароў
 
У дом мой плывеце на сьвятло агню,
вокны шырокія Вам адчыню;
гэдак прыходзьце як колісьць жылі,
весткі прыносьце із роднай зямлі.
 
Душу Вам вышлю насустрач сваю,
палкай малітваю Вас напаю,
сэрца маё каля Вашых магіл,
там, гдзе сумуе мой край дарагі.
 
У вечар таемны, у поўначы час
з Божае волі чакаю на Вас;
разам мы просьбаў гарачы наш жар
слаць будзем шчыра прад Божы аўтар.
 
Сумна і пуста ў вокнах маіх,
ніхто ня прыдзе сюды з жывых;
кругом пустыня, навокал цьма
над горнай прорвай стаю сама.
 
Будзем прасіць за тых, хто не забыў
ні роднай мовы, ні родных ніў.
Хто мёртвых уваскрошваў сьвятою рукой,
той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.
 
 
 
 
Брату Р.
Ты казаў калісьці: не сумуй, сястронка,
над пакутным Краем зьлітуецца Бог.
Барані і цеш Ты родную старонку,
а я буду бацькаў сьцерагчы парог.
 
Ты казаў: пяі нам соладка і звонка,
раскідай праменьні жменямі наўкруг,
я-ж з усходам сонца роднай баразёнкай
весела сталёвы пакірую плуг.
 
Да Радзімы-маці разбудзі каханьне,
запалі сэрцы вольнасьці агнём.
Хай народ прачнецца, хай зь няволі устане,
я ж засею гоні залатым зярнём.
 
Ты гары натхненьнем для братоў, для краю,
ахвяруй ім душу палкую сваю.
Я ж з дзікой Сібіры сэрцам прычакаю
і сустрэну хлебам родную сям’ю.
 
Не згадаў ты долі, наймілейшы браце,
горыччу бязьмернай пакараў нас Бог,
не вярнецца бацька, не вянецца маці
із зямлі сырое на пусты парог...
 
Ня ўціх над сьветам зьдзек пакутаў люты,
у збураных руінах не спыніўся бой,
мне на душу ўчора налажылі путы,
а цябе прыкрылі чорнаю зямлёй.
 
Не змаглі мы гора, сокале, з табою,
плача маё сэрца, стогне цэлы край.
Паплыве у Нёман кроў яшчэ струёю
із народных ранаў... Ах, бывай, бывай!!!
 
 
 
 
Ударыў вецер
Ударыў вецер халоднай завеяй
проста у вочы, у сэрца, у твар,
спарахнела на векі падзея,
пахіснуўся сьвяты мой аўтар.
 
Мілы Божа дык я-ж ня устою,
глянь, заместа зялёнай мяжы,
места роднай сям’і прада мною
як расьпяцьці, самыя крыжы.
 
I над доляй пакутных субрацьцяў
не галосяць свабодай званы,
а народ ізноў ідзе па расьпяцьце
і гучаць, у цішыне кайданы.
 
У безнадзеі пакутных часін,
грозных ўзрываў нягоднага болю,
цяжкі жаль расплываецца ўсінь
ў хмары сьлёзаў цярпеньняў бяздольных.
 
Каб у пору апасьці далоў
звонкім градам адплаты і сьмерці,
на ўбогасьць туманных галоў,
што паранілі людзкасьці сэрца.
 
Каб прыпомніці злым і слабым,
што ёсьць моцы людзкое граніцы,
і што зло не разьвеецца ў дым,
а вярнецца назад навальніцай.
 
Дзень і ноч, і жыцьцё ёсьць, і сьмерць,
жар і холад, і восень, і лета,
ёсьць тыраны пакрыўджаных сэрц,
ёсьць і помста страшная за гэта.
 
 
 
 
Дзьве маці
500
Брату Р.

 
Два праменьні былі юных гадоў,
дзьве матулі дало яму неба,
меў жыцьцё ад адной, ласку любую слоў,
ад другой кусок чорнага хлеба.
 
Ад адной мілы сьпеў, жар каханьня ў грудзёх,
дотык гладзячых рук па чупрыне,
ад другой пах вясны на бязбрэжных палёх,
пояс Нёмана, шаўковы і сіні...
 
Із аднэю ішоў бездарожжам жыцьця,
у далоні зьбіраючы сьлёзы.
Із другою валок закрываўлены сьцяг,
як Хрыстос калісьць крыж на дарозе.
 
Дарагую адну адарвалі ў начы,
зацягнулі ў сібірскія далі,
Бог малітваў ня ўчуў і ня даў памагчы
тым грудзём, што жыцьцё даравалі.
 
Зь белай сьмерцю яна ў іншы сьвет адышла,
анямела мучэньнем прадчасна,
з незаговяных ран адляцела душа,
як апошняя зорачка згасла.
 
Не падаў ёй вады, не пагладзіў рукі
у гарачцы цяжкой, на прашчаньне,
і ня ведаў, што труп адкапалі ваўкі
ізь зямлі ледзяной прад сьвітаньнем.
 
Дзьве матулі Ён меў, дзьве сардэчна кахаў,
кожна зь іх дзяцюка гадавала,
калі з болем адну ў жыцьці пахаваў,
дык другая яго пахавала.
 
Не глядзела яна, што на сьвеце ня жыў,
не кахаў, не сьмяяўся да зораў,
гдзесьць на грудзі вясной голаў ёй палажыў,
ясны сноп у крыві на разорах...
 
Прыгарнула яго, з ранаў выпіла кроў,
скрыла цела магутнае у нэтрах,
гдзе часамі зь сьлязьмі над насыпаны роў
нагінецца вербалка зь ветрам,
 
I замерла сама пад ударам чужым,
мест вянкоў апранулася кірам,
і чахае адна, сярод мук на крыжы,
тых дзяцей, што ўзьляцелі ў вырай.
 
 
 
 
Дзядок
Вышаў у поле дзядок на саслаблых нагах,
на’т з кісчкам хадзіць цяжкавата;
і авеяў яго зь ніў чаромухі пах,
сустрэў вецер з палёў зухаваты.
 
На дарозе зярнё. Пахіліўся дзядок,
у калдобіне стаў на калені;
і пагладзіў ральлю, ды засеяў радок
ужо нядужай, паморшчанай жменей.
 
У зямельку няхай ляжа Божа зярнё,
хай узыдзе, узрастае як трэба,
ды дасьпее людзям благаслаўленым днём
на кусочак пахучага хлеба.
 
 
 
 
Брату А. на магілку
Топалем ля хаты вырасьцеш зялёным,
сонейкам заглянеш рана праз вакно,
із ачэй разьвееш боль і задумённасьць
залатых праменьняў ясным валакном.
 
Як паклічу ў гаі, адазьвешся рэхам,
зоркаю засьвеціш у цемру маіх дзён,
сэрца успамінаў грэць будзеш пацехай,
ды прыдзеш начамі як чароўны сон.
 
Песьняю сутоньнем прыляціш сумною,
пацалуеш вусны цёплым вецярком,
чыстаю на грудзі ападзеш сьлязою,
лёгкім, гнуткім ценем прыдзеш у мой дом.
 
Ах прыдзі, мой родны, думкаю пуцінай,
расплывіся вокал як сьвятло ці сінь,
успамінам душу агравай няўпынна
ў цяжкае маўчаньне ўсіх маіх гадзін.
 
 
 
 
Магіла
480
Брату А.

 
Сьціхла жыцьцё над дзярном,
ўсюды крыжы і магілы,
белай рукой у чарназём
кветкі сястра насадзіла.
 
Сьцелецца воўнай трава,
кветкі растуць пад крыжамі,
ходзе сястра заліваць
і рана, і вечар сьлязамі.
 
Будуць ірдзець і цьвісьці
раньнем вясьняным дзяўчаты,
будуць тудэю ісьці
і засьмяюцца да брата...
 
 
 
 
Брат мой А.
Брат мой, кажуць, ад кулі памёр
гнаны доляй у чужыне загінуў.
Усё ж Ён срогаму сьвету ў дакор
ясны сьмех свой званочкам пакінуў,
сінь вачэй адказаў васільком,
мілы голас жывым ручайком.
 
Нёс надзею і радасьць для нас...
вастрыё засталося ўспамінаў.
І адзіны, крывавы адказ:
мэдалі із-пад Монта-Касіна,
і кашуля з засохшай крывёй
і кусочак зямелькі чужой.
 
Лёг у дваццаць вясьняных гадоў,
сярод красак цьвітучай Італіі,
бы ўчадзеў у пахучых садох,
бы расплыўся ў чаруючых далях,
у кіпарысах трагічна-сумных,
абарванай падзеяй заціх.
 
 
 
 
Сэрца
На разрытай аружжам зямлі
на скрываўленых, шэрых загонах,
раны йзноў зарасьлі, зажылі
пад кашуляю траваў зялёных.
 
Із шматлікіх магільных капцоў,
із прасяклых крывёю разораў,
вырас мак пурпуровы ізноў,
прыгажэйшы, буйнейшы, як ўчора.
 
Толькі сэрца ня можа ажыць,
як вясною загон ажывае.
Калі ўсенька пад крыжам ляжыць,
а зямля сьцеражэ, не вяртае.
 
I бацькоў і братоў ужо няма,
сэрцы вырвалі ім перадчасна.
Ужо жыцьця не раз’іскрыцца май
над магіламі полымем ясным.
 
Із руінаў падымецца дом,
на пажарышчы вырасьце топаль,
толькі ў сэрцы, у сэрцы людзком
застанецца боль вечны і попел...
 
 
 
 
Брату Р.
Гдзе Ты сьпіш, гдзе магіла твая,
той канец усіх надзеяў і мукаў,
гдзе крыжы панад Вамі стаяць
разьцягнуўшы бясьсільныя рукі?
 
У які дзень, пры дарогах якіх,
палажыў ты магутнае цела?
На далонях дзявочых, мяккіх
тваю голаў я бачыць хацела...
 
Хто закрыў Твае вочы як лён,
валасоў Тваіх споп залацісты.
Ці пачуў хто апошні твой стогн,
бачыў блеск пагасаючых іскраў?
 
Столькі згасла малітваў у палёх.
Столькі думаў вятры перабралі.
А Табе зь іх ніхто не памог,
ні вятры, ні малітвы, ні далі...
 
Шмат багацьцяў сьвет людзям дае.
Мне-ж, сумных маіх дзён асалоду,
сэрца братняе, сэрца Твае
даў, каб заўтра забраць назаўсёды.
 
 
 
 
Чайкі
Прыляцелі чайкі на валтаўскі бераг,
раньнім вішняцьветам нізенька апалі;
хочацца так зь імі ў вясьнянай веры
разам прытуліцца да шумлівых хваляў.
 
Ці ляцець свабодна над палі і рэкі,
узьвіцца аж насустрач сонцу вясьняному.
Гэдак надаела быць мне чалавекам,
скованым стварэньнем, безь зямлі, бяз дому...
 
 
 
 
Учора
Учора празь сіні кусочак аконца
па сумныя вочы, на рукі як з воску
сонца паслала маленькую коску.
– А мо’ не было гэта яснае сонца.
 
Мо’ з даляў, мо з гробу аж, поглядам мілым
матуліны вочы сюды заблудзілі.
Як водгульле шчасьця прышлі нечакана,
каб жарам незгаслым ад болю і плачу
пацешыць гаротнае сэрца дзіцяці?
А мо’ то не матчымы мілыя вочы,
то можа крывёю край родны абліты
прыклаў прывітаньні дачцэ незабытай?
А мо’ то ня край мой як сьвятасьць каханы.
Мо’ Бог пасылае мне праменьчык мілы
каб у буру устояці хапіла сілаў?
 
Учора празь сіні кусочак аконца
мо’ прамень, мо’ іскра з каханага вока,
штосьць глянула у душу глыбока, глыбока.
 
 
 
 
Заўтра
Поўны тугі, поўны красы
сэрцаў народу адданых
край, гдзе жывуць Беларусы
сьпяць змагары на курганах.
 
У сэрцах расьце волі зярнё
у полі красуецца збожжа.
Гоні пажнём радасным днём,
Бог здабыць волю паможа.
 
Вятры гудуць зьдзеку ў адказ
моладзь на веча склікаюць,
заўтра з за хмар узыдзе для нас
сонца над змораным краем.
 
Воляй шумяць сосны ў бары,
воляй гамоніць калосьсе,
зь ціхіх сяліб верны парыў
Богу малітвы даносіць.
 
Дні ў кайданах – думы ў агне,
сэрцы хвалююцца верай.
Прыдзе для нас гору канец,
прыдзе на нёманскі бераг.
 
Дрэвы гудуць, вёскі ня сьпяць,
звоніць надзеяй калосьсе,
сьпевам вятры ў неба ляцяць,
Богу малітвы даносяць.
 
 
 
 
Малы перапынак
Ачамі да воблакаў сініх прыпаўшы
п’ю кволасьць праменьняў у парыве вясьняным,
на’т заўтра здрадлівым ударам ня страшыць
і голкамі сэрца ўспаміны ня раняць.
 
Вось проста ў дарозе малы перапынак,
усё, што дадзела на бок адкладаю,
любуюся бельлю вішнёвых галінаў,
запененай руньню, чакаючай дальлю.
 
Гляджу, як гуляюць вятры на свабодзе,
як рэкі на хвалях калышуць праменьні,
як дзень замірае, як ноч надыходзе
з балотных лагчынаў трывожачым ценем.
 
Праз плечы ёй месяц на золаце зораў
бліскучы і ясны ляніва зьвісае.
Штурмуючы хмары адважным напорам,
з выцьцём і адчаем вятры прылятаюць.
 
Ўстаю, ужо мне нельга вакольле галубіць,
бяру сваё гора, дарога чакае...
Ноч доўга, трывожна ў рой месяца трубіць,
і зоры вятрамі ў засекі згаляе.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.