РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маёй бабусі
1
1
        
Прыгонная бабка з Чамяроў, зь сяла,
гэта ты каханьне ў сэрца мне ўліла
 
да людзей, да песьні, да сваіх палёў,
да радзімых весьніц, да тваіх сьлядоў.
 
Навучыла прасьці, з квецьця варажыць,
навучыла думы вечарамі віць
 
і снаваць палотны, і на кроснах ткаць,
і сваю старонку над усё кахаць...
        
        
2
        
Не адшукаць ужо даўніх тых дзён
у веку прыбояў бурлівых,
косаў тваіх, як расчэсаны лён,
і песьняў з тугі пералівам.
 
Белая, стройная, зь лесу, як лань,
ты дзеда майго пакахала.
Дзетак за руку вяла на курган,
юнасьць сваю ўспамінала.
 
Пад кожнай вясны раскалыханы звон
ты, ўжо не сялянка, а пані,
расказвала ім пра пакутны прыгон,
пра крывавыя будні паўстаньня.
 
Дня не хапала для працы, ўначы
ты шпулю сваю дапрадала.
Жаль, не магла я табе памагчы,
бо я яшчэ не існавала.
 
I не пачула праз горыч і сум,
як зь лесам прыйшлі разьвітацца,
дзе прадзед мой, колісь адважны лясун,
праводзіў праз нэтры паўстанцаў.
 
У печы сялянскай з паленьнямі дроў
згаралі пад раньне паперы,
ды капалі сьлёзы паўстанцаў і кроў
у попел на прыпечку шэры.
 
Я думы снаваць прыняла ад цябе,
лес родны, як ты, пакахала,
і накіп вясны, і зімовую бель,
і песьні, што ты напявала.
 
I сэрца лякоча праз цэлы мой век,
калі я цябе ўспамінаю.
I сьняцца паўстанцы, што вынесьлі зьдзек,
і ты каля іх, маладая.
 
Бабусенька Марфа мая з Чамяроў,
хоць ў школах цябе не вучылі,
ты ўвабрала ў сябе дабрыню і любоў
і мне, ўнучцы, пакінула крыльлі.
 
Недзе ў Крынках апошні твой дом,
магілка, якую забылі,
сямейная лучнасьць празь песьні зь сялом
ды сьлёзы на ўнучкіных крыльлях...
        
        
3
        
Гады плечы дадолу мне гнуць,
жыцьцё скроні даўно пабяліла.
Напісала б, як ўнукі жывуць
ды шчабечуць, як ты гаманіла...
 
Напісала б пра сьлед маіх дзён
і пра дум непакорных узвышшы,
і пра песьні з тваіх верацён...
Толькі сёньня табе не напішаш.
        
        
4
        
Зноў вясна, ладзяць гнёзды бусьліхі,
і Пэгасы вушамі стрыгуць.
Мой Пэгас наравісты крыху.
Што ж, за нораў Пэгасаў б’юць...
 
Неразумны наш век барадаты.
Куды ехаць – Пэгасу відней,
ён ня змыліць з дарогі дахаты,
лейцы б толькі пусьціць вальней.
 
Хай ляціць, вышэй хмараў узносіць
і выкраша з будняў агонь.
Мой Пэгас не ламовы кося –
алімпійскі, няскораны конь!
        
        
5
        
Вечар жыцьця ўжо ступіў на парог,
моўчкі да нас прабіраецца ў сені.
Ляснуў зьнячэўку ля клямкі замок,
аж вушакі задрыжалі у сьценах.
 
Зь печы кафлянай паленьні трашчаць,
сум і цяпло, цішыня у пакоях.
Сьцены старыя надзейна стаяць,
вартуюць наш вечар і рэшткі спакою.
 
Кніжкі навокал, ў душы дабрыня,
прысела дастойна за стол чалавечнасьць,
А дзесь за дзьвярамі грыміць мітусьня,
што розуму, праўдзе і сэрцу пярэчыць.
 
Праўда прыціхла, яна не крычыць,
моўчкі сядае за стол з намі радам.
Хто сябе звык чалавекам лічыць,
той адсявае з агідай няпраўду.
 
Сьцішана боль адплывае з душы.
Дом наш – прыпынак радзімае мовы
і веры ў народ наш, якой не скрышыць
ніякім няпраўдам, ніякім аковам.
 
Часамі ўрываецца зло на парог,
пенай хлусьліваю хітра бушуе
і замаўкае, бо ў покуці Бог,
ласкавы і мудры, які нас вартуе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.