РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скрыжаваньне
 
Вершы
 
*** жах...
 
Скрыжаваньне
 
Воўк
 
Чарга
 
Атрута
 
Рост
 
Тастамэнт
 
Беларускія краявіды
 
Зімовы лес
 
Бібліятэка
 
Ноч
 
Паплечніку
 
Цыган
 
Сон
 
Браты
 
Сьцяна
 
Слуп
 
Антон
 
Кароль
 
Смутак
 
Аксамітныя танцы
 
Нашчак
 
Развагі
 
Хоку
 
Мастак
 
1989. Менск. Траецкае прадмесьце
 
1939. Вiльня. Слова беспрацоўнага
 
Сабака
 
Квадрат
 
Беларускi рух
 
Звышнадзейнасьць
 
Ёсьць
 
Ты
 
Дамоў
 
Спроба малітвы
 
*** Прачынаюся...
*  *  *

жах
жах
жах
увесь сьвет у крыжах, увесь сьвет
жах
жах
увесь сьвет у крыжах, увесь сьвет
жах
жах
жах
жах
 
 
 
 
Скрыжаваньне
Адчынiце ўсе дзьверы,
Паламiце замкi,
Адпусьцiце ўсе душы
На чатыры бакi.
Паляцелi ўсе душы
На чатыры бакi,
Зачынiлiся дзьверы
І ржавеюць замкi.
Я стаю на крыжы
Беларускiх дарог
І ня бачу дзьвярэй,
За якiмi ёсьць Бог.
 
 
 
 
Воўк
Узыдзi на гару,
Абярнiся ваўком
І ляцi праз чатыры гады, –
Сваю мацi забудзеш
І родны свой дом,
Не сустрэнеш нiколi бяды.
 
А яшчэ сорак дзён,
Не шкадуючы ног,
Ты ляцi па пяску, па вадзе,
Па асфальце, па пыле,
Па бруку дарог,
Не спыняйся, крый Божа, нiдзе.
 
А калi на мяжы
Памiж ноччу i днём
Перакулiцца ўвесь белы сьвет,
Будзе ў цемры сьвяцiць
Ярка-чорным агнём
Непатрэбны i воўчы твой сьлед.
 
 
 
 
Чарга
Я стаяў учарзе па хлеб,
Дастаяўся, а тамака соль.
Я прасiў: «Дайце мне мой хлеб!».
Мне далi ўкамянелую соль.
 
Ты стаяў у чарзе па хлеб,
Дастаяўся, а тамака сьпiрт.
Ты прасiў: «Дайце мне мой хлеб!».
А табе налiвалi сьпiрт.
 
Мы стаялi ў чарзе па хлеб,
Дастаялiся, тамака сьмерць.
Мы спыталi: «А дзе наш хлеб?».
Нам у вочы глядзела сьмерць.
 
 
 
 
Атрута
У мяне ёсьць атрута –
Вельмi лёгкая сьмерць.
Можна зьнiшчыць пакуты
Волю-вольную мець.
 
Лепей спаць у закутку
Цi пайсьцi жабраваць,
Лепей выпiць атруту,
Чым людзей забiваць.
 
Не палохайся, дружа,
Самагубства, дальбог –
Гэта зброя для мужных,
А не для рабоў.
 
 
 
 
Рост
Удасканальваюцца мантажы,
За схемай распрацоўваецца схема.
Расьце тэхнакратычная сiстэма,
Вось так на могiлках растуць крыжы.
 
Цiкава ўсё ж, а да якой мяжы
Нас давядзе закона тэарэма,
Калi замест iскрыстай хрызантэмы
Квiтнеюць бiтумныя капяжы?
 
 
 
 
Тастамэнт
Глыну крышталёвай, халоднай атруты,
У студнi-лядоўнi здраньцьвее мой лёс,
І сыдуцца ў кропкi зямныя пакуты.
Труна прыплыве па рыпеньнi калёс.
 
Але пачакайце, ня трэба мне долу,
Ня трэба чаўна машыстовай труны.
Мяне панясiце з ампiрнага дому,
Туды, дзе па хмарах грымяць перуны.
 
Пад небам, на вежы мяне пакладзiце,
Хай вострыя дзюбы арлоў, груганоў
Разблытаюць нэрваў блакiтныя нiцi,
А даўгiя кiпцi iх зблытаюць зноў.
 
Хай велькая зграя чарцей i анёлаў
У трубы i дудкi напружана дзьме,
А ў грукаце сонечна-месячных колаў
Хай лета зруйнуецца ў чорнай зiме;
 
Вясна пераробiцца ў сонную восень,
Планета астыне ў крыклiвай мане.
Калi й застанецца ў шарасьцi просiнь.
Вы там не шукайце нiколi мяне.
 
 
 
 
Беларускія краявіды
На глыбока-блакiтных нябёсах акрэсьлiўся шара-сухi элеватар.
Прыдарожны пануры валун бессаромна квiтнеў лiшаямi.
У высокае шорсткае жыта набегла i стала валошак багата,
Нiбы зорак у жнiўнi. Татарнiк сачыў, як салдат, за палямi.
 
Ядлаўцовыя дрэўцы нiяк не падыдуць адно да другога.
Каляiны лясныя ня здатны пазбавiцца лiпкага, коўзкага мулу.
У лагчыне пяском непралазным разлазiцца ўшыркi дарога.
Люстраныя завоiны раска зялёнай лускою наўсьцяж зацягнула.
 
Курасьлеп, што яечны жаўток, на паляне разьлiўся, расьцёкся.
На далёкiх пагорках сiнее палоса дагледжанай лесапасадкi.
На дарожных адхонах трава закурэла да колеру воўчае поўсьцi.
І ўсё роўна вяскоўцы там пасьвяць свае нешматлiкiя статкi.
 
 
 
 
Зімовы лес
Што нi раблю – адны памылкi спрэс.
Я сам сабе ўтвараю перашкоды,
Працуючы, калi патрэбны продых, –
І праца ў рэшце рэшт губляе сэнс.
 
Зьбяруся i паеду ў зiмнi лес,
Дзе iснуюць гармонiя дый згода,
Спакойна сьпiць зьнямелая прырода,
У белай форме – самы чысты зьмест.
 
Ня ведаю, цi дастаткова слоў,
Каб зьнiкла спрацаванасьць i маркота,
А на душы зьявiлася сьвятло?
 
Але я спадзяюся i прашу:
Лясная цiша, дрэвы i сумёты,
На хвiлю апалiце мне душу.
 
 
 
 
Бібліятэка
490
Мацi

 
Паклiча ў падарожжа таямнiца
Схаваная ў недачытаны твор.
Паклiча да сваёй першакрынiцы
Выдатны i шматтомны кнiгазбор.
 
Пайду да запаветнае палiцы
Праз каталожны доўгi калiдор.
Пайду нясьпешна, нiбы па жывiцу,
У велiчны, сасновы, дзiўны бор.
 
Зноў трапiцца разгорнутая кнiга
Пра мiтусьню, пра марнасьць i настрой
Няўстойлiвы, часовы, як адлiга.
 
І знойдзецца старонка, на якой
Нясе паводка зрушаныя крыгi
У акiян, у бездань i спакой.
 
 
 
 
Ноч
470
Брату

 
Да брата завiтаў пад вечар,
Бо разуменьня не хапала,
Цi спачуваньня не ставала,
А мо’ зычлiвае сустрэчы...
 
Ён гаварыў пра недарэчнасьць
Заўчаснай гiбелi Купалы,
Пра англамоўную навалу,
Пра Дух i кантаўскiя рэчы...
 
Сядзелi мы да позьняй ночы.
Гадзiньнiк бiў працягла глуха,
Спачатку раз, а потым двойчы...
 
Ён разважаў, ды я ня слухаў,
Глядзеў у братавыя вочы,
А ў iх утойвалася скруха...
 
 
 
 
Паплечніку
Нашто, скажы, каму такое трэба –
Каб рагатаў узброены вар’ят,
Калi працуе да зьнямогi кат,
А сквапны самагубца лiчыць срэбра?
 
Ты крыкнеш: «А такое без патрэбы!»
Але з нажом iдзе на брата брат,
Сумленныя глядзяць з-за тоўстых крат,
Няўклюдны блуд ня лiчыцца ганебным...
 
Дык што рабiць, калi i быў, i ёсьць
Нязгасны жах прад пашчаю пачвары,
Калi наўсьцяж ашчэрваецца злосьць?
 
Скажу табе, няхай сабе i марна, –
Змагайся, каб сьвятое не зьвялось,
Ідзi на бой, iдзi самаахвярна!
 
 
 
 
Цыган
Я душу на пясок растаўку,
Не прадам гадам-цмокам волю,
І траву апяку кроўю-сольлю,
Нож халодны аддам жабраку.
 
Упаду пад сухую сасну,
Пад самотную ў чорным полi,
З хрустам сьцiсну кулак да болю,
Вып’ю воцату i засну...
 
Я прайду праз уласны скон,
Як сьвятло працiнае сон
І як падае зь неба камень.
 
Я прачнуся, вятры гудуць...
І зацiсну я голаў рукамi,
Каб сьмяротнага крыку ня чуць.
 
 
 
 
Сон
Засынаю, iзноў засынаю,
Бо надзеi нiякай ня маю,
І ў жыцьцi ўжо нiшто не трымае...
Засынае душа, засынае,
Перарэзаная трамваем;
А вар’яцтва душу абдымае,
Закалыхвае i спавiвае
Чорна-мутарным дымам адчаю...
Сон iзноў не прыходзiць ноччу,
Цемра выела мае вочы,
Пэўна, злыдзень мяне сурочыў.
Зазьвiнеў палахлiвы званочак...
 
Прыпынiўся драпежны трамвай,
Невыносны навокал адчай.
 
 
 
 
Браты
На гары валуны гудуць.
Хмары шарая каламуць
Зьверху падае на зару,
Абдымае, хавае гару.
Пад гарою гарыць агонь.
Праз агонь скача чорны конь.
На канi тым сядзiць салдат.
Пад гарою ляжыць яго брат.
Клiча коньнiк: «Мой брат, устань!
Будзем разам змагацца са злом,
Назавём нашу справу дабром!»
Узьнялася чырвоная здань,
Засiпела зьмяёю зямля,
Брату брат крыкнуў: «Зло гэта ж – я!»
 
 
 
 
Сьцяна
Ляцiць душа –
Гудзе шаша.
Стаiць сьцяна,
Дзьвярэй няма.
Мая душа
Ў сьцяну ўвайшла,
Як чортаў нож.
Чаму наўскос
Ляцiць душа?
Чаму наўпрост
І на пагост
Імчыць шаша?
 
Сьцяна стаiць,
Душа балiць.
 
 
 
 
Слуп
Эх, пайду
Дуб знайду.
Сьсяку дуб,
Зраблю слуп.
 
Слуп стаiць.
Дол грымiць –
Бяда вакол.
Вазьму кол,
Заб’ю бяду,
Кiну ў ваду.
Сплыве вада –
Згiне бяда.
 
Час мiне –
Слуп згнiе.
 
 
 
 
Антон
Асфальт гарыць,
Шыпiць зямля,
Бэтон трашчыць –
Паўзе зьмяя,
На той зьмяi
Сядзiць Антон.
Зьмяя паўзе...
«Эгэй, Антон!
Куды паўзеш?
Куды зьмяю
Сваю вядзеш?»
«Туды вяду,
Дзе сьпiць мой брат,
За далягляд...»
 
 
 
 
Кароль
Страцiў розум вялiкi кароль
І завыў у парожнюю бочку.
І качаецца ў бочцы гул-боль,
І вiруе i ўдзень i ноччу...
 
Рэха рухаецца: праз замок,
Праз акно, па-над пляцам, на горад...
І грымiць памiж хмар, нiбы рок,
Неразумнай iстоты той рогат.
 
Вушы слухаць стамiлiся вой,
Але цяжка паверыць людзям –
Што ня клiча кароль на бой,
А вар’ят розум крыкам студзiць.
 
І чакае глухая зямля,
Хто ўсiм скажа: «Няма караля!»
 
 
 
 
Смутак
Вецер вые. Вецер стогне,
Вербы хiлiць да вады.
Вецер гонiць мiма поўнi
Хмаркi, поўныя нуды.
 
Вецер стогне. Вецер вые.
У вакне старой царквы
Плачуць сьвечкi залатыя.
Сьвечкi плачуць. Плач i ты.
 
 
 
 
Аксамітныя танцы
Танчыць чорная котка
На кухонным стале.
Аксамiтныя танцы
Падабаюцца мне.
 
Лашчаць лёгкiя лапы
Тонкi глянцавы цень.
У духмянай цямрэчы
Палымнее агмень.
 
На дварэ халадэча,
Сьвет належыць зiме.
Котка, цемра i чарка
Суцяшаюць мяне.
 
 
 
 
Нашчак
Так моцна пахне апельсiнам,
Ажно дыханьне заняло.
Здраньцьвеў язык i згоркла сьлiна –
Так моцна пахне апельсiнам,
 
Што сьвет сьцямнеў – зрабiўся сiнi,
I ўмомант скiвiцы зьвяло.
Так моцна пахне апельсiнам,
Ажно дыханьне заняло.
 
 
 
 
Развагі
Невядома, якую з дарог давядзецца прайсьцi i праехаць.
Невядома, якая пакута-жалоба ў дарозе чакае.
Але ведаю, што не чакаю, ня прагну басяцкай уцехi,
А чакаю сяброўскай сустрэчы, схаванае за небакраем.
 
Не патрэбна сустрэча з анёлам, тым болей, прарокам.
Не патрэбна падтрымка ад моцных, тым болей, вялiкiх.
На сябе спадзяюся i веру пясчаным дарогам.
Спадзяюся на сябра, якога няможна паклiкаць.
 
Непатрэбнае ўчора, назаўтра патрэбным здаецца;
Неабходнае сёньня губляе свой кошт неўзабаве;
Так букеты сьвяточныя ператвараюцца ў сьмецьце;
А насеньне чакае ў зямлi, спадзяецца на травень.
 
Ёсьць дарога, няма ў той дарогi канца i пачатку;
Можа, ёсьць, толькi я iх нiколi ня ведаў, ня бачыў.
Я iду, каб дарога прасьцейшай здавалася брату;
Над пуцiнаю рогат крыжуецца зь енкам i плачам.
 
Неразумна iсьцi i ня бачыць хоць нейкае мэты;
А цi варта iсьцi да сьвятла не свайго, а чужога?
Можа, каменем лепей ляжаць на зямлi запаветнай?
Пэўна, лепей, ды не адпускае цяжкая дарога.
 
 
 
 
Хоку
1

 
Гладыёлусы,
Захутаныя ў марлю,
Едуць на кірмаш.
 

2

 
У зеляніне
Аранжавыя зоры –
Кветкі гарбуза.

 
3

 
Чапіў анучу –
Спалохаў шалахвоста...
Няма спакою.

 
4

 
Старыя сосны
На сакавіцкім сонцы
Заружавелі.

 
5

 
Стаю на вежы
З выбітымі шыбамі
Над усім сьветам.
 

6

 
Самаахвярна
Паперадзе парады
Гартую загад.

 
7

 
Памажыце мне
Каханую забыць, кля-
новыя лісты.

 
8

 
Дзеці зьбіраюць
Каштаны на асфальце
Холодны ветрык.
 

9

 
Чужы завулак.
Тут нават чырвань цэглы
Цяпла ня мае.

 
10

 
Сіні кіпарыс,
Ці чакаеш ты мяне?
Столькі год прайшло...
 

11

 
Побач з дарогай
Доўгія нежывыя
Трубы ляжалі.

 
12

 
Знайшоў у лесе,
Зьбіраючы суніцы,
Драўляны гузік.

 
13

 
Шорстка-срэбны сьнег
Вечаровае сонца
Пазалаціла.

 
14

 
Набліжаюцца
Хмурынка і маладзік
Аддаляюцца.
 

15

 
Гляджу на поўню
Праз агеньчык запалкі –
Маленечкая.

 
16

 
Легкаважны дым
Не магу ніяк схапіць
За блакітны хвост.
 

17

 
Бяз дайпатрэбы
На аловак насадзіў
Катушку нітак.

 
18

 
Каля дзяржбанку,
На пыльным тратуары
Знайшоў капейку.
 

19

 
Лялька ў калюзе –
Нерухомыя вочы
Глядзяць з-пад вады.

 
20

 
Не магу заснуць,
Скразьняк у электрычцы –
Няспынны холад.
 

21

 
Стаміўся ехаць.
Нарэшце, той прыпынак,
Дзе ўсе сыходзяць.
 

22

 
Верш на паштоўцы
Запісваю алоўкам,
А потым – тушшу.
 
 
 
 
Мастак
Ён жыве на прыватнай
Безвыгоднай кватэры.
Ён малюе выдатна
На шалёсткай паперы.
 
Мастаку дастаткова,
На яго разуменьне,
Самы просты аловак,
Аркуш i асьвятленьне.
 
Ён вялiкi аматар
Паспрачацца за словы,
Бо шануе заўзята
Паэтычную мову.
 
Ён ня робiць халтуры,
Зарабляючы грошы.
Як малюе з натуры,
Абыходзiць раскошу.
 
Ён надзiва спакойна
Адмаўляе спакусы.
Ён працуе ў пакоi
Невялiкiм i вузкiм.
 
Ён нiкуды ня лезе
І нiчога ня просiць.
Ён малюе прадвесьне
І графiчную восень.
 
 
 
 
1989. Менск. Траецкае прадмесьце

У 1972 годзе я з аднаклясьнiкамi гуляў
на вулiцы Нямiга i шпурляў каменьнi
ў вокны пустых дамоў.
У 1982 годзе я працаваў на рэстаўрацыi
Траецкага прадмесьця.

 
У Траецкiм прадмесьцi зьбiраюцца вольныя людзi.
Мастакi абгаворваюць вартасьцi новых заказаў.
Музыканты нудзяцца, пакуль вецер каву астудзiць.
Аўтагоншчыкi, нiбы вайскоўцы, трымаюцца разам.
 
Букiнiсты аспрэчваюць кошт факсiмiльных выданьняў.
Прастытуткi жадаюць злучэньня мастацтва з навукай.
Хiпаны апяваюць спакой, талакоўцы – змаганьне.
Лiтаратары апавядаюць пра стан самадруку.
 
Мухi гойдаюцца над агульнахарчоўскай талеркай,
На якой засыхаюць пляскатыя булкi з карыцай.
Прыбiральшчыцы ўпотай гандлююць вiном i гарэлкай.
Пры жаданьнi, калi не выдурвацца, можна й напiцца.
 
Афармiцелi п’юць больш за ўсiх, i чамусьцi з папамi;
Менш за ўсiх п’юць географы сьцiплыя ды iнжынеры.
Рэкецiры любуюцца сьцiснутымi кулакамi.
У Траецкiм прадмесьцi гасьцiнна пагрукваюць дзьверы.
 
 
 
 
1939. Вiльня. Слова беспрацоўнага
Мы яшчэ будзем доўга зацята глядзець з-пад iлба на сумёты,
На бэтонастваралку, насiлкi, рыдлёўкi ды шуфлi...
Па кутах будуць курчыцца, сохнуць, псавацца рабочыя боты.
Памутнеюць i будуць пылiцца ў бытоўцы сьвяточныя куфлi.
 
У цьвiкi, у балты, у шурупы ўваб’ецца, улезе карозiя.
Скарабацяцца бочкi з-пад вапны i вёдры з-пад фарбы парожнiя.
 
Нехта будзе бадзяцца, шукаючы праўду i радасьць у стоме.
Нехта стане малiцца, забыўшыся, што ён ў Бога ня верыць.
Нехта будзе пацiху сьпiвацца, а нехта – канаць у дурдоме...
Толькi прыйдзе адлiга i мы павымаем з-пад лавы цяжкiя сякеры.
 
 
 
 
Сабака
Іржа гарыць на ланцугу.
Няхай гарыць... Што я магу?
Магу скакаць, магу брахаць,
Магу я ўзяць i разадраць!
Магу кроў пiць. Яшчэ магу
Сядзець i выць на ланцугу...
 
Іду туды, куды вядуць.
Бягу туды, куды пашлюць.
Я сплю тады, калi ня б’юць.
Грызу тады, як нацкуюць.
Я ем тады, калi даюць.
Я п’ю тады, калi нальюць.
 
А хто зрабiў зь мяне раба?
Каму сьвярбiць мая бяда?
Я сам аддаў, крый Бог збрашу,
Я сам прадаў сваю душу.
А што я мог яшчэ прадаць?
І дзе мой Друг, каб ратаваць?
 
 
 
 
Квадрат
Як парад без салдат – не парад,
Так квадрат без вуглоў – не квадрат.
Як футболу патрэбны галы,
Так квадрату патрэбны вуглы.
 
У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялiкi цi самы малы,
А ўсё роўна, як нi павярнi, –
У квадрата чатыры вуглы.
 
Нi адзiн, i нi тры, i нi пяць...
Можаш плакаць, а можаш скакаць,
Можаш бiцца аб стол галавой, –
Ты ня зьменiш сiстэмы старой.
 
Так вучылi i будуць вучыць.
Нi зьмянiць, нi стрымаць, нi спынiць
Гэты добраахвотны палон,
Гэты самы грунтоўны закон.
 
У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялiкi цi самы малы,
А ўсё роўна, як нi павярнi, –
У квадрата чатыры вуглы.
 
Час iдзе, час ляцiць, час iмчыць.
Нi стрымаць, нi спынiць, нi разьбiць...
Росквiт вызначыць заняпад.
Застанецца нязьменны квадрат.
 
 
 
 
Беларускi рух
Мы – беларускi рух!
З намi крывiцкi дух.
Покi сумленьне ёсьць,
Мы – беларускi лёс!
 
Я праклiнаю тых,
Хто ачырвонiў штых
Сьмерцю маiх братоў.
Я не дарую кроў.
 
Брат, мой брат – беларус,
Годзе трываць прымус,
Стань пад штандар са мной,
Разам абвесьцiм бой
 
Процi сваёй брыды,
За вызваленьне зь бяды,
Супраць варожых зграй,
За беларускi край!
 
Мы – беларускi лёс,
Покi сумленьне ёсьць.
З намi крывiцкi дух.
Мы – беларускi рух!
 
 
 
 
Звышнадзейнасьць
Звышнадзейна жывуць звышнадзейныя людзi.
Звышнадзейна садзяцца ў вагоны мэтро.
Іх нiхто не аблае, нiхто не асудзiць, –
Не цiкавiць нiкога iх лёс i настрой.
 
Звышнадзейна працуюць маторы i колы.
Звышнадзейна гудуць на сьцяне правады.
Звышнадзейна вядуць звышнадзейнае сола
Звышнадзейныя нэтры тунельнай трубы.
 
Распаўсюджваецца пад зямлёй звышнадзейнасьць.
Парцэлюецца i парцэлюецца рытм.
А за стольлю, у глебе, ляжыць безнадзейнасьць,
Неабходная подзьвiгам нова-старым.
 
 
 
 
Ёсьць
Ёсьць людзi, што пахнуць, як рыбы, вадою.
Ёсьць рыбы, што пахнуць халоднай крывёю.
 
Ёсьць холад, што пахне сьмяротнай атрутай.
А ёсьць яшчэ сьмерць, што касуе пакуты.
 
Ёсьць косы, што пахнуць у садзе пагостам.
Ёсьць сад, што запросiць усiх нас у госьцi.
 
Ёсьць вы, вашы тэлеантэнныя рогi,
І ваш тэлевiзар... Няма толькi Бога.
 
 
 
 
Ты
Ты прыходзiш у цёмна-зялёныя днi.
Ты прыходзiш у цёмна-зялёныя ночы.
Ты прыходзiш, i мы застаемся адны.
У халодным пакоi ратуемся моўчкi.
 
Асалода лунае ў люстэрку крывым.
Асалода, што зрушыла лёс Леверкюна.
Пальцы ў цемры знаходзяць напятыя струны.
Асалода пульсуе ў агульнай крывi.
 
Ты сыходзiш у цемру чырвоных агнёў.
Забiраеш адно безнадзейную стому,
Пакiдаеш падзеньне з высокае стромы.
На паверхнi пульсуе агульная кроў.
 
 
 
 
Дамоў
Ён шукае дарогi да белых палёў,
Над якiмi адно толькi новае неба,
Там уласная сьмерць выглядае ганебнай.
Ён шукае сабор, а прыходзiць дамоў.
 
Ён шукае сьцяжыны да белых лясоў,
Дзе вандроўныя душы знаходзяць прытулак,
Дзе сканала нянавiсьць, а злоба заснула...
Ён шукае спакой, а прыходзiць дамоў.
 
Ён шукае напрамак да чорных грудоў,
Над якiмi стаiць нерухомая поўня,
Там нiхто не будуе вязьнiцы й катоўнi.
Ён шукае любоў, а прыходзiць дамоў.
 
 
 
 
Спроба малітвы
Божа, забяры маё жыцьцё,
Выратуй зьнямелую Айчыну,
Выратуй ахвяры i злачынцаў...
Божа, забяры маё жыцьцё.
 
Ты адзiны вольны i вялiкi,
Ганарлiвым адпусьцi грахi.
Веру – да цябе вядуць шляхi.
Ты адзiны вольны i вялiкi.
 
Я слабы, з атручанай душой,
Брудны гад, скалечаны, нiкчэмны...
Веру ў розум сьветлы i надземны.
Я слабы, з атручанай душой.
 
Божа, забяры маё жыцьцё.
Іншага ня маю, каб адзьдзячыць.
Ну хiба што гэтым цiхiм плачам.
Божа, забяры маё жыцьцё.
 
 
 
 
*  *  *
Прачынаюся,
п’ю халодную ваду
i засынаю.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.