РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прымакі
 
Сцэнічны жарт у адным акце
1
Асобы
        
        М а к с і м   К у т а с.
        П а л а н е я – яго жонка.
        М а ц е й к а – іх сын.
        Т р а х і м   С і н і ц а.
        Д а м і ц э л я – яго жонка.
        К а ц я р ы н а – іх дачка.
        У р а д н і к.
        С о ц к і.
        С я л я н е,   с я л я н к і.
        
        Дзея адбываецца ў часе, калі былі манаполькі, на другі дзень Сёмухі, у хаце Трахіма Сініцы.
        
        
Зьява I
Максім адзін

        М а к с і м (ляжыць на ложку і разглядаецца па хаце). Цьфу, каб цябе паляруш! Куды мяне, самдзеле, загнала нядобрае? Ці гэта я жыву, ці гэта я не жыву, ці гэта я толькі сон сьню? Папрабую сам сабе па носе стукнуць, ану ж пазнаю, на каторым я сьвеце. (Ударае сябе па твары рукой.) Ай, баліць, каб цябе немач! Значыцца, я на гэтым сьвеце і нават ня сплю. Але як тут споўзаць па розум да галавы і навясьці спраўку, куды мяне ліхаманка з сваёй хаты перавалакла? Бо ж такі хата гэта не мая, як сабе, мае міленькія, хочаце. У маёй хаце павуціньне па ўсіх чатырох кутках, а тут бачу толькі на трох... У маёй – абразы: Юры на белым кані з доўгаю пікаю і Мікола ў бляшанай шапцы; а тутака, праўда, Юры ёсьць, але на месцы Міколы вісіць "Страшны суд". Брр! Які ён, самдзеле, страшны, гэты "Страшны суд"! I давялося ж мне папасьці ў хату з гэтым судом страшным! Пачакайце! Як гэта выйшла? Учора была, здаецца, нядзеля? Так, такі ж нядзеля, ды першая ў гэтым тыдні. Раніцай еў бліны. Пасьля спаў да паўдня; устаўшы, паабедаў ды йзноў хацеў легчы, але тут і выйшла закаклюка. Мая Паланея, як распаланелася на ўсю сваю моц, дык і сон мой прапаў аж да часу, калі я – ужо ня помню як – апыніўся на гэтым вось чужым ложку. Дзе ж! Трэба ведаць! Прычапілася – канечна, каб я вёў кабылу пасьвіць. Найшла пастуха! Я кажу – не павяду! Яна кажа – павядзеш! Я кажу – не мяшайся ў маю гаспадарку! А яна і паехала-паехала: а ты сякі-такі, а ты – ламака, а ты абібока, а ты... а ты! Каб цябе ня знала, а пайшла за Трахіма Сініцу, як ён да мяне сватаўся, дык бы паняй была, а за табой, дурнем... Як сказала яна "дурнем", ну дык, мае міленькія, хто ж гэта вытрымае? Калі б хто і папраўдзе быў дурань, дык не засмакуе, каб яму ў вочы гэткі чын давалі – ды яшчэ хто? Родная-раднюсенькая жонка! Ну, як яна, значыцца, сказала, самдзеле, дурань, дык мяне аж за самыя вантробы забрала. Усхапіўся я, самдзеле, з ложка, адшпіліў дзягу і ўжо думаю сабе... А яна – ня тут успамінаючы, ня дзяга, а мая жонка – вазьмі ды схапі мешалку. Ох, мае міленькія! Сам Люцыпар, відаць, выдумаў гэтыя мешалкі, як падсоўваў нябожчыцы Еве яблыкі ў раі. Бо дайце ж рады! Паліў я гэта яе – значыцца, мешалку, а ня Еву – колькі раз, на добрыя кусочкі сек, і ўсё роўна: як прыйдзе што да чаго, дык – на табе, і ёсьць! I каб цябе ліхаманка, яшчэ выдумалі стаўляць гэтыя мешалкі ў качарэжніку, каля парога. Значыцца, як угледзеў я, што мая баба бярэ гэты – згінь-прападзі! – пісталет бярозавы, ну, а я... што ж я? Бачу, што непераліўкі, схапіў бравэрку пад пахі і, трымаючыся за паясьніцу, – гэта, каб ня спутала мяне самая патрэбная рэч, – ды гэтак: скакель праз акно! Балазе што хоць было адчынена. Ня думайце, мае міленькія, што гэта я зь перапугу задаў так лататы. Гэта я так сабе, як вам сказаць, на далікатны манер пусьціўся. Я ж, як самі бачыце, пэўна што яе не баюся. Ды што ж бы было, каб даведаліся суседзі, што я ў сваёй аздабулькі пад хвартухом сяджу? Я не такі трус, як гэты Трахім Сініца: чуць яго Даміцэля мешалкай памсьціцца, дык ён са страху аж дрыжыць. Ну, значыцца, як гэта я спакойна сабе выбег з хаты, узяў ды пайшоў памаленьку на сяло. Дзягу на сваім месцы замацаваў, бравэрку на плечы накінуў – гэта, значыцца, каб форсу больш было, – іду сабе па вуліцы, як нішто ні ў чым. Падходжу пад манапольку, глядзь – сядзіць мой Трахімка Сініца на ганку і трымае паўквартачкі ў руках, – гарэлачка й шкло аж пераліваюцца на сонцы! "А мой жа Кутасок! – гэтак ён да мяне: – садзіся, кумочак-галубочак! А то я думаў-думаў, з кім бы гэту палавінку ды яшчэ на палавінку перакрышыць?" Ну, а я, канечна, чалавек натуры няўпарчывай: чаму ж, думаю сабе, ад добрага суседа ласкі не прыняць? (Пазяхае.) Ха-ха-ха! Нешта зноў спаць хочацца. (Сонна.) Селі мы гэтак сабе – я і Трахімка – асушылі паўквартачкі – адну, другую, трэйцюю. Сядзелец – каб яму і ў пекле здароўе было ды панаваньне – вельмі падатлівы ў нас: і ў нядзельку гарэлачкай таргуе, хоць гэта, кажуць, закон і забараняе. Вось цяпер, значыцца, і ня помню, як я ў гэту не ў сваю хату папаў. Ведаю, што за нешта рукі пабілі, барыш нейкі пілі, цалаваліся. Трахімка сьлязу пусьціў, і я ня вытрываў, размасьліўся, а там.... а там, хаця лопні, нічога ня ведаю!.. (Праз сон.) Можа, як засну, дык прысьню, хто я і дзе я?..
        
        
Зьява II
Максім, Кацярынка

        К а ц я р ы н к а (адзеўшыся па-сьвяточнаму, у руках кветкі і з кветак вяночак на галаве; убягае у хату, напяваючы).
        
Ой, чуць, маці, чуць,
Дзе малойцы п’юць!
Вясёлая там вуланька,
Куды яны йдуць.
 
А знай, маці, знай,
Дачку замуж дай!
Ня дай мяне за п’яніцу, –
Посьле ж будзе жаль.
 
Дачушка мая,
Родная мая,
Шукай сабе, выглядывай –
Яшчэ ж малада!
 
Матулька мая,
Родная мая!
Я й шукала, выглядала
I ўжо выбрала.
        
        (Круціцца перад люстэркам і прышпільвае да грудзей кветкі.) Ха-ха-ха! Якраз як маладая да шлюбу, сягоньня я паднядзелілася! Як убачыць Мацейка, дык ота ж уцешыцца! Ох, і ўмее ж ён абнімацца і цалавацца! А каб было каму? Ці даўно разам у бабкі гулялі і ў поле ганялі, а ўжо – на табе! За дзявочымі спадніцамі так і бегае як падсмалены. I нячысьцік яго ведае, адкуль гэта ўсё ў яго бярэцца? Так абніме, так да грудзей прыцісьне, ажно неяк млосна-млосненька робіцца. А як пачне цалаваць і цалаваць без канца, дык, даліпантачкі, твар гарыць, проста, як хто яго крапівой высек. Ох, Мацейка, Мацейка! Штосьці зашчыльна ты ка мне прыліпаеш, каб не наварылі гэтак мы з табой якой саладухі. (Максім храпе.) Ай, гэта ж тата на ложку! А я думала, што ўжо пайшоў. Ну, добра, што хоць сьпіць, як апошняе ў печ усыпаўшы, а то было б паранкі і мне, і Мацейку за такую маю гутарку. (Далей круціцца перад люстэркам, прымярае, як лепей, вянок і напявае.)
        
У гародзе качка,
За гародам качка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не дварачка!
 
У гародзе мята,
За гародам мята.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не багата!
 
У гародзе птушка,
За гародам птушка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не падушка!
 
У гародзе вішня,
Ля вішні – чарэшня.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не яешня!
        
        Ха-ха-ха! Хоць я не яешня, а, пэўна, як глядзіць на мяне, дык сьлінкі так і цякуць. Каб толькі папусьцілася, дык зьеў бы мяне і не аблізаўся б нават.
        
У гародзе дзічка,
За гародам дзічка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я невялічка!
        
        Ой, ой! Хоць я і невялічка, але добра ўжо ведаю, чаго хлапцам ад мяне хочацца.
        
У гародзе хатка,
За гародам хатка,
(Глянуўшы ў акно.)
Ой, ідзе ўжо мая мамка –
Будзе вайна з таткай.
        
        
Зьява III
Максім, Кацярынка, Даміцэля

        Д а м і ц э л я (уваходзіць з судамі вады і стаўляе іх каля парога на прылаўку. Да Кацярынкі). А ты гэта, сарока, чаго так ухмыляешся да люстэрка, як серада на пятніцу? Звалаклася недзе, а тут адной мне хоць падарвіся: ні вады каму прынесьці, ні ў хаце прыбраць. Зараз жа мне хату замятай! (Порацца качаргой у печы.)
        К а ц я р ы н к а (замятаючы хату). Чаго, мамка, разьехалася, як прачыстая на сенажаці? Я ж не сядзела рукі злажыўшы. (Расьцягваючы.) У-ста-ла, па-мы-ла-ся, павяла ця-луш-ку, напасьвіла, назьбірала кве-та-чак і вяночак спляла! (Кідае венік, зьнімае вянок і хоча надзець яго матцы.) Паглядзіце, які харошанькі! А як ён мамцы ідзе да твару! Даліпантачкі, хоць да шлюбу мамку вядзі! Каб татка ўгледзеў, вота б пацалаваў зь любасьці!
        Д а м і ц э л я (зрываючы вянок). Адчапіся, назола! Я ўжо на каптур замяніла свой вянок у царкве, а ты, зь вялікай рызыкі, каб толькі не згубіла свайго дзе пад плотам.
        К а ц я р ы н к а (зноў налажыўшы сабе вянок на галаву, замятаючы хату). А скажыце, мамачка: ці гэта ня ўсё роўна будзе, ці вянок у царкве на каптур прагандляваць, ці згубіць яго пад плотам? А мо і мамка перш згубіла, а пасьля памяняла?
        Д а м і ц э л я. Замятай вось лепей, а не мялі языком, як калатоўкай! Яшчэ молада ўсё ведаць – што трэба і што ня трэба.
        К а ц я р ы н к а (круцячыся зь венікам і прыпяваючы).
        
Сама хату падмяла,
Сені выпратала;
Сама сябе палюбіла,
Сама высватала.
        
        Д а м і ц э л я. Пацеры ці згаварыла, што так выкручваешся, як скурат на агні. Бяры настольнік і засьцялі стол! Сьнедаць даўно ўжо пара.
        К а ц я р ы н к а (засьцілаючы стол). А, мамка, тату будзіце, а то ўсю гаспадарку сваю прасьпіць.
        Д а м і ц э л я (стаўляючы на стол яешню і бліны). Глядзі, каб ты толькі сама сябе не праспала, а за бацьку ня бойся!
        К а ц я р ы н к а (глянуўшы на яду). Ого! Мамка сягоньня бліноў і яешні напякла.
        Д а м і ц э л я. А нешта ж ты ня ведаеш, што сягоньня толькі другі дзень Сёмухі? (Ідзе да ложка і будзіць Максіма.) Трахім, Трахім! Уставай! Годзе табе адлежваць бакі! Паўдня ўжо на дварэ! На стале сьнеданьне! Уставай! (Прыглядаючыся да бравэркі.) Адкуль ён гэту бравэрку сьцягнуў? Гэта ж ня наша! Паглядзі, Кацярынка!
        К а ц я р ы н к а (прыглядаючыся). Але ж, ня наша! Мусіць, тата памяняў зь некім, як мамка вянок на каптур.
        Д а м і ц э л я. Ды ўжо ж недзе памяняў, бо ўчора, апоўначы, п’яны прыйшоў, чуць памагла на ложак узабрацца. (Тузаючы Максіма.) Уставай жа, каб ты ня ўстаў! А то зараз мешалкай...
        М а к с і м (усхапіўшыся і хрысьцячыся). Цьфу, ізноў мешалка! Каб яе пярун пашчапаў!
        
        Даміцэля і Кацярынка адскакваюць ад ложка, зьдзіўленыя, перапужаныя.
        
        Д а м і ц э л я. Гэта ж не Трахім!
        К а ц я р ы н к а (разам з Даміцэляй). Гэта ж ня тата!
        М а к с і м (праціраючы вочы, убок). На табе! Хата чужая, баба чужая, а заместа майго ўласнаручнага сына – нейкае спаднічнае стварэньне! Вось так папаўся ў нерат – ні ўзад ні ўперад! Ну, Максім! Ламі мазгі, каб не прапаў саўсім.
        Д а м і ц э л я (прыгледзеўшыся). Ды гэта ж наш кум – Максім Кутас!
        К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! Татка на дзядзьку Максіма перакуліўся! Ха-ха-ха! Тата – ваўкалак, ваўкалак!
        М а к с і м (ахіліўшыся бравэркай, садзіцца на ложку). Што я тут бачу? Гэта ж Трахімава хата і яго баба. (Да Даміцэлі.) А мая ж Даміцэлька! Ці ня ведаеш, якім-такім манерам я сюды папаўся?
        Д а м і ц э л я. Я зараз манеры выганю васпану з галавы! Дзесятаму закажаш, як чужых жонак поначы ашукваць. (Ідзе ў качарэжнік і бярэ мешалку.)
        К а ц я р ы н к а (убок). Быў адзін тата, а цяпер аж два! (Да Максіма.) Мусіць, дзядзька сягоньня кепска з мамкай вянок на каптур гандляваў, дык яна хоча прыдатку даць.
        М а к с і м (чухаючы галаву). I ўпутала ж мяне нядобрае ў гэту авантуру! Яшчэ з гэтай бабай, можа, і дам як-колечы рады, але што будзе, як мая Паланея ды Трахім даведаюцца? А тут яшчэ гэты, як на безгалоўе, "Страшны суд" вісіць на сьцяне! (Да Даміцэлі.) Кумачка, Даміцэлька! Кінь ты гэту мешалку, я сваёй маю аж вось пакуль! (Паказвае на шыю.)
        Д а м і ц э л я (прыступаючы да Максіма зь мешалкай). Я цябе пытаюся: чаго ты ўбіўся ў чужую хату? Га?
        М а к с і м. А я ў свацьці пытаюся: чаго я ўбіўся ў чужую хату?
        К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! А я ў мамкі і дзядзькі папытаюся, чаму ў мяне цяпер два таты?
        Д а м і ц э л я (чуць не галосячы). А божухна мой, бацюхна! I собіла ж, каб гэтакае ліха ні за што ні пра што звалілася на маю галаву?! Гэта ж як даведаюцца на сяле, на вуліцу нельга будзе паказацца: вочы заплююць. Ды яно і варта: маю, дзякуй Богу, свайго чалавека, хоць у гадах, але хай так яшчэ і малады дакажа; дачку аддавай хоць у пятніцу замуж, а тут – на табе! – гэты чорт! I каб я хоць пальцам на яго калі кіўнула. (Трасучы мешалкай.) І-і, лабідуда няшчасны! Чаму ты, ідучы сюды, галавы сабе не зьбяёдаў або кастылёў сваіх не павыкручваў?!
        М а к с і м. Чаму лепей мяне маці малога, у начоўках купаючы, не ўтапіла, чымся я меў дачакацца гэтакага сораму? Сам я, дзякуй Богу, не маладзёначак, сын каля дзевак юрыць ды свая кабеціна яшчэ ня зломак, хоць, не раўнуючы, палі забівай, а тут – на табе! Яшчэ гэта зь мешалкай, ведзьма кіеўская!
        К а ц я р ы н к а (убок). Ужо мы з Мацейкам сваякі!
        Д а м і ц э л я. Што я скажу – як даведаецца – свайму Трахіму?
        М а к с і м. Куды я дзенуся – як даведаецца – ад сваёй Паланеі?
        К а ц я р ы н к а (убок). Як гэта я, пасьля такога сваяцтва, буду цалавацца з Мацейкам?
        Д а м і ц э л я (з рызыкай). Гэта ты ўсё, гад, наварыў гэтай саладухі, каб цябе зямля не насіла, абібок пракляты! Бяссорамнік! А яшчэ – кум! Хоць бы пайшоў, злыдзень, дамоў у сваёй пары, каб мае і людскія вочы ня бачылі!
        М а к с і м. Ня я, а ты, ведзьма, вінавата! Нарабіла пекла і маёй, і сваёй хаце ды яшчэ рызыкуе. Нашто пусьціла на свой ложак, калі бачыла, што гэта я – ня я?
        К а ц я р ы н к а (убок). Шкода, што мамка дзядзьку падсаджвала!
        Д а м і ц э л я (заламаўшы рукі, сьлязьліва). I што тут рабіць, што чыніць? Не будзе ўжо мне жыцьця з Трахімкам, на векі вечныя ня будзе! Прапала маё сумленне кабечае, за нямашто прапала! Асталася адна сьцежка-дарожка: пайду ўтаплюся, ды ўсё тут! Хай мяне ўжо цяпер халодная вадзіца галубіць, а ня мой саколік Трахімка. (Плача, абапёршыся на мешалку.)
        М а к с і м. Страшны суд будзе дома, ох, на ўсё жыцьцё маё страшны! Не зазнаць ужо мне на векі вечныя дабра і спакою са сваёй Паланейкай. Які я цяперака, к чорту, муж яе? Як там ні было, а ўсё-такі перажыў век паводле боскага прыказаньня, хоць мо і былі якія грашкі тайныя, але не такія ж ужо яўныя! А цяпер... цяпер адно збаўленьне асталося для сьвятога яе і майго спакою: дзяга ёсьць, пайду і павешуся. Хай пятля раменная маю шыю абыме заместа ручак цёпленькіх маёй Паланейкі. (Зьвесіў галаву і задумваецца.)
        К а ц я р ы н к а (убок). На табе, баба, груцы з бобам! Да нашага сваяцтва з Мацейкам прыбудзе яшчэ жалоба.
        Д а м і ц э л я. Нічога-такі іншага не выходзіць: пайду тапіцца! Апошнія мінуты прыйшлі майго жыцьця. (Да Кацярынкі.) Як прыйдзе татка, то скажы, дзетка, што ўтапілася вось праз гэтага... Дзе мая толькі хустка? (Шукае хустку.)
        М а к с і м. Няма інакшае рады: пайду павешуся. Апошні канец на мяне прыйшоў. (Да Кацярынкі.) Як убачыш, Кацярынка, маю Паланею, дык скажы, галубка, ёй, што я павесіўся вось праз гэту... Дзе толькі мая шапка? (Шукае шапку.)
        Д а м і ц э л я (закручваючы хустку). Бывай здарова, дзеткі. Кланяйся тату! (Хоча выходзіць.)
        М а к с і м (надзяваючы шапку). Бывай здарова, Кацярынка! Кланяйся маёй Паланеі! (Хоча выходзіць.)
        К а ц я р ы н к а (убок). Я думала, што яны жартуюць, ажно такі папраўдзе шукаюць гуза. (Забягаючы ад парога да Максіма і Даміцэлі.) Што гэта вы? За ноч клёпкі ўсе ў галаве пагублялі? Мала аднаго грэху, дык хочаце яшчэ другі на душу браць! Вось лепей памірыцеся ды думайце, як з гэтай бяды выкараскацца, каб воўк быў сыт і каза цэла. Сьнеданьне на стале застыне, зглуміцца, а яны скарэй вешацца,тапіцца! Калі ўжо так ня хочаце мірыцца, то хоць бязь міру пад’ешце, тады і работа складней пойдзе, як пацяжэеце. А па-мойму, лепш не сьмяшыце людзей, і ўсё тут!
        Д а м і ц э л я. А мо і праўду кажаш, Кацярынка? Што ты, кумок, на гэта?
        М а к с і м. Дый, па-мойму, свацейка, гэтак лепей будзе... У жываце маім ужо даўно салаўі пяюць. Пасьнедаем, а там...
        Д а м і ц э л я. Такі ж пасьнедаем, а там...
        К а ц я р ы н к а. А там мамка новы каптур пашые для таты, а дзядзька новую мешалку зробіць для цёткі.
        
        Усе садзяцца за стол і сьнедаюць.
        
        Д а м і ц э л я (пакручваючы скавараду). Вось, кумок, з гэтага боку лепшая скварка! Не саромся, бяры і еш на здаровейка!
        М а к с і м (пакручваючы скавараду). Не турбуйцеся, кумка! Лепей ты яе бяры. Мне пасьля ўчарашняга неяк ні сёе ні тое. Адным словам, праўду свацьці скажу: залішне выпіў.
        Д а м і ц э л я. Праўду, кумок, кажаце! Я сама гэта заўважыла, што трохі слаб быў на нагах. Куму пахмяліцца б ня шкодзіла.
        М а к с і м. Сам анёл-пацяшыцель падсказаў кумцы гэту думку! Усё роўна, як бы ты, Даміцэлька, у маёй душы сядзела і падслухала, чаго ёй хочацца.
        Д а м і ц э л я. Ай! Уто ж я дурная! Гэта ж і ёсьць чым чарвячка замарыць! Мой учора з прычыны першага дня Сёмухі прызапасіў паўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася. Прынясі ты, Кацярынка, пляшку і чарку: там – у лыжачніку знойдзеш.
        К а ц я р ы н к а (прыносячы паўквартоўку і чарку. Убок). Вот і салодкую гарэлку будзем піць!
        Д а м і ц э л я (наліваючы і падсоўваючы чарку Максіму). Выпі, кумок, каб на сэрцайку палягчала! Я ж дык і зроду не піла і ня п’ю.
        М а к с і м. А мая Паланея часам любіць пацягнуць. (Выпіваючы.) За тваё здароўе, кумка, і тваё, Кацярынка! (Маргаючы да Даміцэлі.) Можа ж, некалі сваяўство якое зьвядзём. У мяне – Мацейка, у цябе – Кацярынка, а там (штурхаючы Даміцэлю ў бок), як ведаеш, кумка, і да царквы недалёка.
        Д а м і ц э л я. Яно ж так! Што каму суджана, дык і пехатой таго не абойдзеш, і з канём не аб’едзеш. Што ж? Мая Кацярынка, як сам, кумок, бачыш, нікому не ўступіць – і з розумам, і з рукамі.
        К а ц я р ы н к а (закручваючыся хвартухом). А я яшчэ замуж не хачу, і Мацейка, я ведаю, жаніцца ня хоча!
        М а к с і м. А я нешта другое заўважыў па табе і па Мацею там, у садзе. Помніш? Ха-ха-ха! Засаромелася!
        Д а м і ц э л я. Трэ было, кумок, кіем даць хлуду добра аднаму і другому. Занадта рана пачалі ўжо нюхацца з сабой. Яшчэ малако матчына на губах ці абсохла.
        М а к с і м. А, кумка, помніш, як мы гэта калісь... у поле яшчэ ганялі... Хэ-хэ-хэ!
        Д а м і ц э л я. Ужо, кум, выпіў чарку і пачаў брахаць. Скажу Паланеі.
        М а к с і м. Толькі, кума, перш мешалку ад яе адкрадзь.
        К а ц я р ы н к а (убок). Але дзе ж гэта прапаў мой першы татка?
        Д а м і ц э л я. Што ты кажаш?
        К а ц я р ы н к а. Я кажу, дзе падзеўся тата наш?
        Д а м і ц э л я. А такі ж праўда: дзе ён падзеўся? Гэта ўсё кум мне нарабіў! Як загаварылася, дык і на свайго забылася.
        М а к с і м. Ды і я тут пры куме задлякаўся, а мая Паланейка недзе даўно прачакалася.
        Д а м і ц э л я. Зьямо, кумок, ды пойдзем: я – шукаць свайго Трахімкі, а ты – сваёй Паланейкі. Ужо я раздумалася – не пайду тапіцца: вада яшчэ такая халодная.
        М а к с і м. I я ўжо раздумаўся – не пайду вешацца: дзяга яшчэ парвецца.
        К а ц я р ы н к а. І я раздумалася: пайду замуж за Мацейку, а то, чаго добрага, пасьля адрачэцца.
        Д а м і ц э л я. Бач ты яе, чаго захацела! А пацеры ўмееш?
        М а к с і м. Нічога, кумка! Пацеры ня воўк – у лес не зьбягуць. А мой Мацейка – хлопец хоць куды! Яна смак чуе ў ім.
        Д а м і ц э л я. Ну, кум ізноў пачынае сваё! Выпівай ды ідзём ужо. Дзе мая толькі мешалка?
        М а к с і м (выпіўшы). Ідзём, кумка. Удваіх усё-такі сьмялей крыху.
        
        Выходзяць; Даміцэля зь мешалкай.
        
        
Зьява IV
Кацярынка адна

        К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! Вось так камедыя! Мамка тату згубіла, а дзядзька цётку згубіў! Ха-ха-ха! Як знойдуць адно аднаго, ужо будуць мешалкі ў рабоце! Ха-ха-ха! Каб цяпер Мацейка, барані божа, прыйшоў, то ж бы разам пасьмяяліся. (Скача і прыпявае.)
        
Хто у боб, хто ў гарох,
А хто ў саладуху.
Там, дзе двух, будзе трох;
Дасьць дзед бабе духу!
(Круцячыся перад люстэркам.)
А на дварэ курта брэша,
Ка мне міленькі мой чэша.
Ой, ці чэша, ці ня чэша,
А мне сэрцайка пацеша!
А мо трэба ўжо і мне
Да Мацейкі часаць?
А мо лепей, а мо лепей
Пачакаць, пачакаць?
(Папраўляе пасьцель на ложку.)
        
        Трэба пакуль што хоць ложак у парадак прывесьці, а то раскулдычаны, як бы тут рота салдатаў спала! Ха-ха-ха!
        
Падушачкі, падушачкі,
Мае пухавыя!
Малодачкі, малодачкі,
Мае маладыя!
(Скача.)
Каго люблю, каго люблю,
Таго пацалую,
Пухавую падушачку
Таму падарую!
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі позна,
Параскідаў, параскідаў
Падушачкі розна.
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі зь места,
Паскладаў ён, паскладаў ён
Падушачкі ў месца.
(Чуваць ігру на скрыпцы,
Кацярынка, прыслухаўшыся.)

На вуліцы скрыпка йграе,
Мяне ж маці не пускае;
Пусьці, маці, пагуляці,
Калі хочаш меці зяця!
(Ідзе к дзьвярам.)
Нашто тое а, бэ, цэ,
Нашто тое слова, –
Калі мілы пацалуе,
То і я гатова.
        
        
Зьява V
Кацярынка, Мацейка

        К а ц я р ы н к а (адскочыўшы ад дзьвярэй). Гэта ты, Мацейка?!
        М а ц е й к а (са скрыпкай). Гэта я, Кацярынка!
        К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! Мацейка прыйшоў да Кацярынкі!
        М а ц е й к а. Ха-ха-ха! I Кацярынку Мацейка дома адну застаў! (Абымаючы.)
        
Кацярына рана ўстала,
У суседа запытала:
Ці ня відзеў, ці ня бачыў
Хто хвартух мой паскудлачыў?
 
К а ц я р ы н к а
(абымаючы Мацейку)
 
Мацей, не дурэй,
Не дзяры сарочкі, –
Ня ты праў, ня ты ткаў,
А паповы дочкі.
        
        Ха-ха-ха! А чаго ты прыйшоў, Мацейка?
        
        М а ц е й к а. Да Кацярынкі ў госьці прыйшоў і... гарэлачкі прынёс! (Паказваючы паўквартоўку.) Во!
        К а ц я р ы н к а. А за гэта сухой лазьні не дастанеш ад мамкі і таткі?
        М а ц е й к а. Гэта толькі татка сягоньня дастане ад мамкі лазьні, бо дома не начаваў.
        К а ц я р ы н к а. I мой дастане, бо таксама дома не начаваў.
        М а ц е й к а. Ха-ха-ха! Вось так аказія! Затое ж мы вып’ем з табой за іх здароўе.
        К а ц я р ы н к а. Вып’ем, Мацейка! Але і за здароўе мамак нашых, бо каб не яны, дык як жа б мы тут з табою выпівалі. Бачыш, і закуска нават гатова!
        
        Падыходзяць да стала і выпіваюць.
        
        М а ц е й к а. Вып’ем па адной!
        К а ц я р ы н к а. А пасьля і па другой!
        
М а ц е й к а
(абняўшы Кацярынку, прыпявае)
А, дзевачкі, і я ваш!
Пойдзем разам на кірмаш,
А з кірмашу дадому
Ды ў ярную салому!
 
К а ц я р ы н к а
(таксама)
 
Па саломе качалася,
Нічога мне ня сталася;
Зялёнае сена –
Яно мяне зьела.
        
        М а ц е й к а. А цяпер вып’ем па другой!
        К а ц я р ы н к а. А пасьля і па трэйцяй!
        
М а ц е й к а
Дзяўчыначка чарнаброва
Паехала ў лес па дрова,
Паехала чорным бычкам,
Завязаўшы пастол лычкам.
 
К а ц я р ы н к а
 
Я на ганачку стаю,
Сьлёзы коцяцца;
Дзеўкі замуж ідуць,
I мне хочацца.
        
        М а ц е й к а. А цяпер вып’ем па трэйцяй!
        К а ц я р ы н к а. А пасьля і па чацьвёртай!
        М а ц е й к а. Ужо не астанецца па чацьвёртай.
        К а ц я р ы н к а. Дык і будзе годзе на расходзе!
        
М а ц е й к а
 
Чаму Каську ня любіць,
Калі Каська ладна;
Хвартух новы, паркалёвы,
Спаднічка ядвабна!
 
К а ц я р ы н к а
 
Цераз рэчку, цераз стаў
Любіў мяне Станіслаў;
I я яго любіла,
Ды спаднічку згубіла!
        
        М а ц е й к а. Ха-ха-ха! Як добра без старых загуляць трохі і пасьмяяцца!
        К а ц я р ы н к а. Але каб толькі з гэтага сьмеху ня выйшла якога грэху?
        М а ц е й к а. Як не захочаш, то і ня выйдзе. Але ведаеш што? – пойдзем з табой "таўкачыкі"! Бо як трошкі я лыкну, дык тады бярэ мяне ахвота паскакаць.
        К а ц я р ы н к а. I мне таксама хочацца. Сып, Мацейка!
        М а ц е й к а. Давай, Кацярынка! (Мацейка скача "таўкачыкі", а Кацярынка толькі памагае прыпяваць.)
        
Шах-мах, таўкачыкі!
Шах-мах, асіновы!
А работы Максімовы!
Сем год валяліся,
Пакуль к ступе дабраліся,
Шах-мах, таўкачыкі!.. і г. д.
То ў ніт, то пад ніт,
То у бердачка, –
Прыбівай, прыбівай,
Маё сэрдачка!
Не сядзі ля мяне
Ды ня братайся;
За ручанькі не трымай
Ды ня радуйся!
        
        К а ц я р ы н к а (разахвочаная). А цяпер – "цыганку", Мацейка!
        М а ц е й к а. Сып "цыганку", Кацярынка!
        К а ц я р ы н к а. Лаві! (Надзявае шапку Мацееву і скача "цыганку". Мацей даганяе.)
        
Я – цыганка маладая,
Я – цыганка не старая,
Знаю варажыць!
Э-эх! Знаю варажыць!
О, падай, Мацейка, ручку
Ды насып мне грошай кучку, –
Усю праўду скажу!
Э-эх! Усю праўду скажу!
        
        М а ц е й к а (злавіўшы Кацярынку і цалуючы). Ха-ха-ха! А што, такі злавіў! Ужо з маіх рук ня выкруцішся!
        К а ц я р ы н к а (цалуючы). Паглядзім! Гэта яшчэ, як я захачу!
        
        Уваходзяць Трахім і Паланея зь мешалкай.
        
        
Зьява VI
Тыя ж і Трахім, Паланея

        Т р а х і м (убачыўшы, як Мацейка з Кацярынкай цалуюцца, да Мацейкі). А ты гэта, шэльма, што вырабляеш з маёй Кацярынкай?
        М а ц е й к а (адскочыўшы). Я... я... нічога! Гэта мы... гэта мы з Кацярынкаю "цыганку" скачам.
        К а ц я р ы н к а. Так, так, татачка! "Цыганку" з Мацейкам скакалі. Вось яшчэ і шапка ў мяне на галаве.
        Т р а х і м. Каб толькі гэтак часам вы цыганят без пары не наскакалі? Глядзіце ў мяне!
        К а ц я р ы н к а. Татачка, я добра гляджу!
        М а ц е й к а. І я ў шапку ня сплю!
        П а л а н е я (да Мацейкі). Ты таты ня бачыў?
        М а ц е й к а. Я спаткаў – як татка зь цёткай Даміцэляй пад нашу хату пайшлі.
        Т р а х і м. А мы з кумой пайшлі пад манапольку і такім манерам, значыцца, разьмінуліся. (Падыходзячы да стала.) А гэта што за пляшкі?
        К а ц я р ы н к а. Гэта... гэта мамка зь дзядзькам Максімам частавалася; ён у нас сягоньня начаваў.
        П а л а н е я (убок). Ну, дзякуй Богу, ня я адна набралася грэху!
        Т р а х і м (убок). Эге! значыцца, і мая Даміцэля ня без таго, што і я? (Да Паланеі.) Хадзем, кумка, пагасьці трохі ў мяне. Ужо твой недзе падзеўся, калі тут быў сягоньня.
        П а л а н е я. А чорт яго бяры, калі ён пусьціўся ў бадзяцкую скуру і дома не начуе!
        Т р а х і м. Ціха, ціха, кума! Лепей не ўспамінай! Вось садзіся ды вып’ем па чарачцы.
        
        Дастае паўквартоўку, і частуюцца з Паланеяй. Мацейка з Кацярынкай у старане між сабою жартуюць.
        
        П а л а н е я. І собіла ж куму ў нашу хату забрацца?
        Т р а х і м. Так, так! Але і куме надало ўпусьціць мяне?
        П а л а н е я. Як гэта выйшла – розуму я не прыстаўлю?
        Тр а х і м. I я, хоць не з дурнога заводу, але нічога ня ўкемлю.
        М а ц е й к а. Адным словам, без паўкварты не разьбярэш. Ха-ха-ха!
        П а л а н е я (да Мацейкі). А да цябе, паўкварта, калі ня п’юць, то і не кажы "здароў будзь".
        Т р а х і м. Затое ж, кумка, будзь здарова!
        П а л а н е я. На здароўе, кумок, на здароўе! (Выпіваюць.)
        Т р а х і м. А цяпер, можа, паскачам, кумка? Мацейка пайграе нам.
        П а л а н е я. Ды ўжо ж, кумок!.. Ці за адну нагу вісець, ці за дзьве – адна ласка. (Да Мацейкі.) Іграй, Мацейка!
        М а ц е й к а. Мамка, як ня стыдна? Гэта ж ужо мне з Кацярынкай лепей уходзе, як табе зь дзядзькам...
        Т р а х і м. Не тваё дзела, блазьнюк! Іграй, калі кажуць! Бач ты яго, як разласаваўся да Кацярынкі!
        М а ц е й к а. Ну, ужо буду! А што іграць?
        П а л а н е я. Рэж лявоніху!
        М а ц е й к а (убок). Папілі салодкую гарэлку, а цяпер і вясельле ім іграй. (Іграе лявоніху, а Трахім з Паланеяй скачуць.)
        
Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Несалоная капуста твая!
Ліха мачыха на пасынка была,
Несалоную капусту дала;
А пасынка дык і чорт не бярэ,
Несалоную капусту жарэ!
        
        
Зьява VII
Тыя ж і Максім, Даміцэля

        Д а м і ц э л я (кідаючыся зь мешалкай да танцуючых). А гэта што такія за гоцы ў маёй хаце?
        Т р а х і м   і   П а л а н е я  (пакідаючы гульню). Мы... мы... так сабе... паскакаць хацелі!..
        Д а м і ц э л я (да Трахіма). Ты дзе гэта ўсю ноч прападаў?
        Т р а х і м. А ты, як мяне няма дома, дык з гэтым валочышся!!
        Д а м і ц э л я (трасучы мешалкай). Я цябе пытаюся, бясстыднік! Чаму дома не начаваў?
        М а ц е й к а. Цётка, так не крычыце на дзядзьку: ужо мамка на яго накрычала і мешалкай настрашыла. Дзядзька ў нас начаваў.
        П а л а н е я (схапіўшы мешалку сваю, да Максіма). Ну, кавалерчык! Гавары мне, дзе ты сягоньня на начлезе быў? Га?
        К а ц я р ы н к а. Цётка, так не пужай дзядзьку, ужо яму мамчына мешалка далася ў знакі. Ён у нас начаваў.
        П а л а н е я (да Даміцэлі). Дык гэта ты мне, імасьць, зводзіш майго старога? Як табе стыду няма! Усё ведаю: яешняй частавала, бессаромніца, і гарэлкай. Бач, якая гасьцінная!
        М а ц е й к а. Мамка! I ты ж дзядзьку частавала таксама – яешняй і паўквартай.
        Д а м і ц э л я (да Паланеі). Ага! Дык вось якая, ясна пані, з сорамам! Чужых мужыкоў адбівае ды яшчэ на вока выкідае, калі чалавек праз памылку зайшоў і заначаваў.
        Т р а х і м. Але ж, міленькая, але, – праз памылку ў кумаву хату папаў. Прабудзіўся гэта я раніцай, а кума, каб ёй здароўе, будзе мяне мешалкай. I скажы, што я вінават?
        М а к с і м. Знаю тваю натуру, зладзюга! Праз памылку! Праз памылку! Напаіў мяне, а сам пайшоў у маю хату начаваць.
        Т р а х і м. А ня ты прынёс другую паўкварту, каб мяне спаіць? Га?! Можа, скажаш – няпраўда? А тады – дзе ж цябе нячысьцік занёс, як я добра выпіў?
        П а л а н е я (да Даміцэлі). Я думала, што маю куму і суседку дарэчную. Прыляціць, бывала: пазыч рэшата, пазыч чапялы! Усё давала, а яна вунь якія падступкі мне робіць. Мужа роднага адбівае!
        Д а м і ц э л я. Але ж, але! Добранькая, нечага сказаць! То ёй Даміцэлька пажынай, то памажы гной растрэсьці – і Даміцэлька, як магла, памагала. А яна адплацілася: каб каго – гаспадара апошняга звабіла! Варопаўка! Чаму яшчэ зямля цябе носіць?
        П а л а н е я. П’яўка чорная! Чаму яшчэ на цябе сонца сьвеціць?
        Д а м і ц э л я. Маўчы, бо бельмачы павыдзіраю!!
        П а л а н е я. Калі табе ня зойме, кудлы ўсе выкудлычу!
        Д а м і ц э л я. На табе! на табе! (Тыцкае хвігі.)
        П а л а н е я (таксама). На! на! А што? – смачна?
        Д а м і ц э л я (учапіўшыся за Паланеіны валасы). Ня будзеш ты болей гэтых каўтуноў насіць!
        П а л а н е я (таксама). Вылышу шэльму, як ліпку!
        Т р а х і м (учапіўшыся за Паланею). Пакінь, кумка, пакінь! Ці табе справіцца з гэтай язычніцай? Яна ж мяне ўжо да паўсьмерці загрызла.
        М а к с і м (адцягваючы Даміцэлю). Не турбуйцеся, кумка! Я сам ня дам ёй рады, а не то што каб ты... Балазе што хоць мешалку кінула. (Разбароньваюць.)
        П а л а н е я (трасучы на Даміцэлю кулаком). Я табе яшчэ ўпомнюся. Хіба я жыва ня буду!
        Д а м і ц э л я (таксама). Пазнаеш ты ў мяне, дзе ракі зімуюць!
        Т р а х і м (да Максіма). А ты і тут ня вытрываў, каб за маю не ўчапіцца?
        М а к с і м. А ты чаго першы, схапіўшы ўпол, маю цягнуў? Га?!
        Т р а х і м (трасучы кулаком). Паткніся ты толькі другі раз – дам паранкі!
        М а к с і м (таксама). Папрабуй, кацэрнік, палезь – спушчу юху!
        Т р а х і м (прыступаючы). Ану, хоць крані?!
        М а к с і м (таксама). Паткніся?!
        Т р а х і м (счапіўшыся за грудзі з Максімам). Крані хоць пальцам, дык зь зямлёю зьмяшаю!!
        М а к с і м. Хоць толькі замахніся, дык на блін зьляплю!
        П а л а н е я (схапіўшы мешалку і замахваючыся на Трахіма). Гэта ты, кум, усяму прычынай!
        Д а м і ц э л я (таксама замахваючыся на Максіма). Гэта ты, кум, нарабіў гэтакай калатухі!
        М а ц е й к а (адцягваючы Даміцэлю). Цётка! ня бі майго тату!
        К а ц я р ы н к а (адцягваючы Паланею). Цётка! не чапай таты!
        П а л а н е я   і   Д а м і ц э л я  (у адзін голас). Гвалт! Ратуйце! Забіваюць!
        
        
Зьява VIII
Тыя ж і Ураднік, Соцкі. Пасьля сяляне, сялянкі

        С о ц к і. Гэта што за разбой сярод белага дня, ды яшчэ ў сьвята?!
        У с е (кінуўшы калатню, бабы толькі трымаюць мешалкі, як посахі). Мы нічога! Мы так сабе!..
        У р а д н і к. А гвалт гэты хто спраўляў? А мешалкі гэтыя нашто ў руках?
        П а л а н е я. Гэта я свайго бараніла.
        Д а м і ц э л я. А я свайго не папускала ў крыўду!
        М а ц е й к а. Ваша бродзіе! Мой тата і яе (паказвае на Кацярынку) тата мелі гонар біцца за нашых мамак.
        М а к с і м (паказваючы на Трахіма). Гэты гад сягоньня ў маёй хаце начаваў.
        Т р а х і м (паказваючы на Максіма). Гэта сухая пятніца ўсю ноч сваёй асобай маю хату паганіў.
        П а л а н е я (паказваючы на Даміцэлю). Гэта мокрая серада майму мазгі закруціла, і ён, ня тут гаворачы, у яе хаце начаваў.
        Д а м і ц э л я (паказваючы на Паланею). Гэта ветраніца майму вочы пылам засыпала, і той, ня тут успамінаючы, у яе хату папаў.
        У р а д н і к. Нічога не панімаю!
        У с е. I мы нічога не разумеем!
        М а ц е й к а. Рассудзіце, ваша бродзіе, усіх, і ўсё тут будзе.
        У с е. Рассудзіце! Рассудзіце! Не разумеем!
        С о ц к і. Я, ваша бродзіе, панімаю!
        У с е. Ну?
        У р а д н і к. Дык як дзела абстаіць?
        С о ц к і. А так, ваша бродзіе: учора пад вечар Трахім і Максім выпівалі...
        М а к с і м (паказваючы на Трахіма). Ён болей, ваша бродзіе.
        Т р а х і м (паказваючы на Максіма). Каб ён толькі дыхаў! Я з чарачку, можа, выпіў, а ён усё вытрубіў.
        П а л а н е я. Каб не Трахім, то мой і ніколі б ня піў.
        Д а м і ц э л я. Мой жа бы ніколі і не панюхаў, каб не гэты зьвядзісьвет, Максім яе!
        М а ц е й к а. Мой татка і яе (паказвае на Кацярынку) татка п’юць гладка – лепей яшчэ, як мы з вамі, ваша бродзіе!
        У р а д н і к. Маўчыце ўжо вы! Хай адзін гавора!
        С о ц к і. Дык, значыцца, яны выпівалі і выпівалі. Пасьля я іду вуліцай, дык яны і мяне паклікалі.
        У р а д н і к. I цябе?
        С о ц к і. Але, ваша бродзіе. Я – чалавек падатлівай натуры, ды, у суседстве жыву(паказваючы на Даміцэлю)чы, мусіш з усім гадзіцца. Ну, значыцца, мы... яны выпівалі і выпівалі – а ўжо і ноч падышла. Тады сталі, значыцца, яны хваліцца, у каго жонка горшая. Максім кажа, што ў яго горшая...
        М а к с і м. Праўда, ваша бродзіе!
        С о ц к і. А Трахім кажа, што яго горшая!
        Т р а х і м. Так, так! Такі ж горшая!
        С о ц к і. Тады, значыцца, мы... яны выпівалі і выпівалі...
        У р а д н і к. Годзе табе ўжо гэтага – выпівалі!
        С о ц к і. Слухаю, ваша бродзіе! Значыцца, яны вып... тады яны ў такую спрэчку залезьлі, што аж я мусіў мірыць іх, і вып... і... пасьля таго Максім кажа Трахіму, а Трахім – Максіму: памяняймася жонкамі, калі мая, кажа адзін, для цябе лепшая, а калі мая, кажа другі, для цябе лепшая! Гэта, значыцца, вазьмі яны, такім парадкам і памяняй жонкі, як, не пры вас кажучы, ваша бродзіе, цыганы кабыл. Значыцца, памяняўшы, тады ізноў вып... Ня вытрымаю, ваша бродзіе. Максім купіў яшчэ прыдатку паўкварты за сваю, а Трахім паўкварты за сваю, тады вып... тады кажа Максім Трахіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. Трахім кажа Максіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. I, значыцца, яшчэ вып... пацалаваліся і пайшлі, барануючы нагамі. А Максім прыпяваў забароненую песьню: "Ой ты, мая гарэліца, ой ты, весялушка!" I Трахім пацягваў таксама забароненыя прыпеўкі: "Курыць, веець мяцеліца!" А далей нічога я ня ведаю. Толькі – гэты гвалт... ды мы яго разам з вамі, ваша бродзіе, пачулі, ідучы вуліцай, і сюды зайшлі.
        У р а д н і к. Ну, што вы скажаце на гэта?
        У с е. Нічога, ваша бродзіе!
        М а ц е й к а. Ваша бродзіе! Ды тут усё ясна: мой тата прыстаў у прымы (паказваючы на Кацярынку) да яе мамкі, а яе тата да маёй мамкі...
        С о ц к і (паказваючы на Кацярынку). А ты, можа, верхалоз, хацеў бы да яе ў прымы?
        У р а д н і к. Ну, што, прымакі! Можа, так і астаніцёся ў прымах?
        М а к с і м. Хай мяне Бог крые! Усё роўна, як відаць, няма жонак на сьвеце безь мешалак.
        Т р а х і м. Не хачу, ваша бродзіе! Мая цнотка добрая, а яго то, мусіць, і маю перагнала.
        П а л а н е я. Чымся зь яе п’яніцай век гараваць, дык лепш хай свой чалавек трэзвы астаецца.
        Д а м і ц э л я. Які ён ёсьць стары, а ўсё-такі ня тое, што новы.
        М а к с і м. Каб не Трахім, то нічога б гэтага і не было.
        Т р а х і м. Каб ня гэты Максім, то ўсё добра б скончылася.
        П а л а н е я. Каб гэта шэльма, Даміцэля, хвастом не круціла, дык мой ніколі б мяне не мяняў.
        Д а м і ц э л я. Каб яна, гэта ахмістрыня, бельмачамі за маім не сачыла, ён жа б ніколі да яе ў прымы не пайшоў.
        М а ц е й к а. Каб, ваша бродзіе, мой татка і яе (паказвае на Кацярынку) татка гарэлкі ня пілі, дык і мамак не пускалі б у гандаль.
        У р а д н і к. Ну, дык, па-вашаму, хто тут вінават?
        У с е. Усе, ваша бродзіе!
        М а ц е й к а. I манаполька!
        У р а д н і к. Як я ўважаю, то гэтыя вашыя прымы падходзяць пад стацьцю, што судзіць за незаконную зьдзелку. Памірыцеся лепей, каб не дайшло дзела да суда!
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Яно ж можна!
        У р ад н і к. А каб мір мацьнейшы быў, дык пацалуйцеся!
        У с е. I гэта можна, ваша бродзіе! (Бабы цалуюцца між сабой, пасьля – мужы з жонкамі.)
        М а ц е й к а. Пазвольце, ваша бродзіе, і мне памірыцца зь ёй! (Паказвае на Кацярынку.)
        У р а д н і к. Што? і ты ў прымы да яе прыставаў?
        М а ц е й к а. Ды не яшчэ! Але мы хочам наперад зь ёй памірыцца!
        У р а д н і к. Гэтага вы пытайцеся ў бацькоў сваіх: я ў такіх справах не судзьдзя.
        М а ц е й к а (зьвяртаючыся да Трахіма). Дзядзечка! Можна мне зь ёй так, як вы зь цёткай, памірыцца?
        Т р а х і м. Бач ты яго! чаго яму зажадалася? А не гуляў жа сягоньня без майго пазваленьня зь ёй у "цыганку"? Дык вось пытайся затое свайго бацькі!
        К а ц я р ы н к а (да Максіма, паказваючы на сябе і на Мацейку). Пазвольце, дзядзечка, мне да яго, а яму да мяне ў прымы пайсьці!..
        М а к с і м (да Ўрадніка). А гэткія прымы, ваша бродзіе, ня будуць незаконнай зьдзелкай?
        У р а д н і к. Здаецца, што не!
        М а к с і м   і   Т р а х і м  (да Мацейкі і Кацярынкі). Ну, дык мірыцеся! што з вамі зробіш?
        
        Мацейка і Кацярынка цалуюцца.
        
        Т р а х і м. А цяпер давайце гуляць іх прымацкія заручыны, а нашы – прымацкія разлучыны!
        У с е. Давайце! Давайце!
        М а к с і м (да Мацейкі). Рэж, сынок!
        Г о л а с (з прысутных). Я буду іграць, а ён няхай скача свае заручыны.
        
        Пачынаецца гульня, у якой найбольш выдзяляюцца Мацейка з Кацярынкай. Танцуюць лявоніху, "мяцеліцу", "мікіту" і іншыя танцы. Хор пяе "Ой ты, мая гарэліца!", "Дуду-весялуху" і іншыя. У часе самага разгару гульні апускаецца
 
Заслона


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.