РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошнія гастролі Агасфера
0
        Вечны Жыд, Агасфер – персанаж сярэдневяковай заходне-еўрапейскай легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле іншых версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра Вечнага Жыда звярталіся ў літаратуры Х.К. Андэрсен, І.В. Гёте, Э. Сю, П.Б. Шэлі, В.А. Жукоўскі і інш.
Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах, т.4
        
Дзеючыя асобы
        
        А г а с ф е р, ён жа Р а з е н к р а н ц – асоба, якая ўносіць элемент містыкі, у дадзены адрэзак часу выконвае ролю рэвалюцыянера-агітатара, адначасова – агента-асведамляльніка. Узрост невызначаны.
        Г у б е р н а т а р – Эрдэлі, Якаў Рыгоравіч – Менскі губернатар, ліберал, вызначаецца прапольскім накірункам – бярэ хабар з тутэйшых паноў; у астатнім – тыповы царскі чыноўнік. Мае чын сапраўднага стацкага саветніка, маладую жонку, малых дзяцей і 40 год амаль бездакорнага чыноўніцкага жыцця.
        А д э л і н а – Эрдэлі, Адэліна Янаўна – жонка губернатара, узвышаная натура. Любіць белага пудзелька па мянушцы Атос, каву з вяршкамі і ваніллю па-венску і мужа – асветніка забітага цёмнага краю.
        
        Акцёры антрэпрызы П. Струйскага з Вільні, гастралюючыя ў Менскім гарадскім тэатры:
        
        Р а м а н – Раман Гарэвіч – 20 год, прыгожы, рамантычны, пачынаючы рэвалюцыянер; да ўсіх, хто не мае адносін да "сапраўднага змагання", ставіцца паблажліва; амплуа героя-любоўніка; любімая роля – Карл Маор.
        Ю р а с ь – тыповы правінцыйны акцёр; высокіх ідэалаў не мае, але здымае з Раманам Гарэвічам адну кватэру. П’е, курыць, брыдкасловіць і ўчыняе астатнія мужчынскія грахі. Амплуа злодзея, узрост сярэдні.
        К л а р ы н д а, яна ж Клаўдзя – актрыса другіх роляў. Упрыгожвае жыццё за кошт падарункаў шматлікіх паклоннікаў. Не карыстаецца павагай, цвёрдымі жыццёвымі прынцыпамі таксама.
        
        Сябры рэвалюцыйнага гуртка:
        
        П я т р о – 38 год, займаецца сумнай працай у сумнай канторы, таму прагне ўключыцма ў "сапраўдную барацьбу"; адзіны з гуртка, хто мае сувязь са "старэйшымі" таварышамі, таму адчувае гістарычнасць сваей місіі; па разгледжанні – шараговы няўдачнік.
        З о с я – выпускніца Менскіх курсаў сясцёр міласэрнасці, працуе ў земскай бальніцы; небрыдкая, але, на жаль, разумная; носіць кароткую стрыжку і гранічна някідкую вопратку; прэтэндуе на ролю "таварыша Зосі", але часам ператвараецца ў мілую дзяўчыну.
        
        Дзеянне адбываецца ў 1910 годзе, у Менску (цэнтры Мінскай губерні, Паўночна-Заходняга краю Расейскай імперыі).
        
        
        
Дзея 1
        
        На Віленскім вакзале Менска стаіць з валізамі Вечны Жыд. Яму холадна.
        
А г а с ф е р 
 
Які праклён! Які святы прысуд –
На бессмяротнасць!
Неба, я смяюся!
Дарэмна я пасвараны з Ісусам –
З праклёнам – вечнасць атрымаць!
            О, цуд!
Нібы праз сон: спякотная Юдэя,
Дурная праца, жончына сварня...
Як весела – радзіму памяняць!
Не мець ніякай – боская ідэя!
Куды ж цяпер нястомны геній мой
Мяне прывёў?
      Які жахлівы клімат!
Не параўнаць з Мадрыдам альбо Рымам.
I неба– як нябелены сувой,
I вецер працінае...
      Што ж, тым лепей,
Чым горай...
Будзе вогнішча ярчэй
З паўночным ветрам.
Не хавай вачэй,
Пахмурны дзень!
Агонь цябе аслепіць...
            (Дрыжыць)
Што за найменне мае гарадок?
            (Дастае карту, разглядае)
Менск... На самой ускраіне Расеі...
Пры ўладах жорсткіх будзе мне пасеяць
Лягчэй у душы смелыя сурок.
О, юнакі, натхнёныя, дурныя,
Гатовыя на ўсё за ідэалы,
Вам смерці – мала, і жыцця вам – мала,
Амаль забойцы і амаль святыя...
Так, адчуваю – буду мець забаву.
За столькі год на гэта маю права!
        
        Да Агасфера падыходзіць Пятро, хвалюецца, таямніча шэпча.
        
П я т р о 
 
Таварыш Разенкранц?
 
А г а с ф е р 
(з халоднай цікавасцю)
 
Так, гэта я.
 
П я т р о 
(азіраецца)
 
Мы вас чакалі!
 
А г а с ф е р ,
які надалей называецца
Р а з е н к р а н ц а м
 
Нездарма, юнача!
Вы неафіт у партыі, як бачу?
Што ж, праца пачынаецца мая!
Як вас завуць, мой сябра?
 
П я т р о 
 
Я – Пятро...
 
Р а з е н к р а н ц 
 
Апостала імя...
       Вы – з атэістаў?
 
П я т р о 
 
Вядома, як і ўсе сацыялісты.
 
Р а з е н к р а н ц 
 
Ну што ж, мой юны сябра,
            мой герой,
Хадземце! Рэвалюцыя нас кліча!
(Пятро ідзе наперад з валізамі)
Прыўлашчваю чарговае аблічча.
(Ідзе за Пятром)
        
        
Дзея 2
        
        За кулісамі Менскага гарадскога тэатра пасля спектакля "Разбойнікі".
        
         Р а м а н
         (у касцюме Карла Маора,
         паўтарае словы свойго героя)

        
        "Дух мой прагне подзвігаў, дыханне – волі! Забойцы, разбойнікі! Гэтымі словамі я тапчу закон. Людзі захінулі ад мяне чалавецтва, калі я заклікаў да чалавецтва... Прэч ад мяне, спачуванне і чалавечая міласэрнасць! У мяне няма болей бацькі, няма кахання. Дык няхай жа кроў і смерць навучаць мяне забыцца на ўсё, што было мне дорага калісьці! Ідзем! Ідзем! О, я знайду для сябе жахлівае забыццё! Вырашана – я ваш атаман!"
        
        Чаму цяпер няма такіх людзей?
        Напэўна, я запозна нарадзіўся.
        Як там жылі!
         Адвага, меч – і біся!
        I подзвігі здараюцца штодзень...
        
         Ю р а с ь
         (у касцюме Франца Маора)
        
        Акцёр – герой на сцэне; праз яго
        Героем на гадзіну будзе кожны,
        Хто за білет заплоціць.
        Воляй Божай
        Акцёры мы. I хопіць з нас таго.
        
         Р а м а н
        
        Юраська, ты –
         прыроджаны мяшчук.
        Душа чакае, прагне гераізму!
        
         Ю р а с ь
        
        Ты на жыццё яшчэ глядзіш
         скрозь прызму
        Любімых роляў.
         Сам жа ты – хлапчук.
        
         Р а м а н
        
        Хіба на сцэне толькі ёсць прыгнёт,
        Забойства,здрада?
         З кім я размаўляю...
        Цябе адно на выпіўку хапае,
        I не хвалюе, як жыве народ.
        
         Ю р а с ь
        
        Ты, беглы гімназіст,
         ужо і зведаў,
        Як маецца народ? Акцёрскім хлебам
        Ледзь-ледзь паспеў
         памучыць свой жывот,
        А ўжо туды: ён ведае народ!
        Ты вось што, можа, маеш сёння грошы?
        За хату гаспадыні заплаці.
        А начаваць не буду.
         (Паказвае на горла)
        Тут гарыць...
        Няхай з’ядуць антрэпрэнёра вошы...
         (Адыходзіць. Спявае песню.)
        Ад панядзелка да панядзелка
        Дробны дождж ілье.
        Сабралася бедна басота
        Ды гарэлку п’е.
        П’ем мы гарэлку, п’ем мы вішнёву,
        Будзем піць віно.
        А хто прыдзе, з нас пасмяецца,
        Будзем біць таго...
         (сыходзіць)
        
         Р а м а н
        
        Хутчэй, хутчэй таварышаў сустрэцьі
        Да тых, што разумеюць, падзяляюць
        Святыя мроі... Тых, што давяраюць
        I сэнс жыцця дапамаглі займець.
        
        Да Рамана падыходзіць Кларында ў сярэднявечнай вопратцы.
        
         К л а р ы н д а
        
        Раман, паслухай...
        
         Р а м а н
        
        Што такое, Клава?
        
         К л а р ы н д а
         (з крыўдай)
        
        Кларында!
        
         Р а м а н
         (насмешна)
        
        Ах, прабач, Кларында ты!
        Увасабленне цноты й пекнаты.
        
         К л а р ы н д а
        
        Не смейся над дзяўчынай,
         будзь ласкавы.
        Прабач, не марнатраўца ты, Раман,
        Як наша ліцадзейская парода.
        Ці не пазычыш, скажам... на паўгода
        Рублёў пятнаццаць?
         Гэта не падман –
        Вярну пасля Каляд, Хрыстом клянуся.
        Бо выганіць мяне антрэпрэнер.
        Ну хто такі ў правінцыі акцёр?
        А пра актрыс і гаварыць баюся...
        Ты ж ведаеш – хварэла я, спектакль
        Сарваўся з-за маёй хваробы... Трэба
        Мне штраф за гэта заплаціць...
        
         Р а м а н
        
        О, неба!
         (Корпаецца ла кішэнях).
        
Чырвонец ёсць – і, на вялікі жаль,
        Больш ні рубля.
        (Аддае Кларындзе)
        
         К л а р ы н д а
         (цмокае Рамана ўшчаку)
        
         Раман, ты проста душка!
         (Адыходзіць)
        
         Р а м а н
        
        Мяне, напэўна, падманула шлюшка,
        Надзене, пэўна, новы ўбор на баль.
         (Урачыста)
        Але любы рэвалюцыянер
        Не грошы цэніць, а людскі давер!
         (З’яўляецца Зося)
        
         З о с я
        
        Раман! Нарэшце ты ізноў у Менску!
        
         Р а м а н
        
        Таварыш Зося! Я цябе чакаў.
        
         З о с я
         (сарамліва)
        
        "Разбойнікі" –
         любімы мой спектакль.
        Каб ведаў ты! У нас такія звесткі!
         (Адыходзіць)
        
        
Дзея 3
        
        Менск, вуліца Шырокая ў раёне Камароўскага выгана. На доме – шыльда "Пунктъ осмотра привознога мяса". З дому выходзяць канспіратыўнага выгляду людзі. Паважна выходзіць Разенкранц-Агасфер. Ля яго – Пятро, Зося і Раман.
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Забіць забойцу – вось выдатны лёс.
        Няма граху на помсце справядлівай.
        На полі бойкі смерць сустрэць не дзіва,
        Але свой крыж пранесці...
        
         П я т р о
        
        Як Хрыстос!
        
         Р а з е н к р а н ц
         (незадаволена моршчыцца)
        
        I прад натоўпам злосным і глухім
        Ахвяраваць сабой – вось гэта – слава!
        
         П я т р о
         (узнёсла)
        
        I ўзнімецца народ
         на бой крывавы!
        
         Р а м а н
        
        Адпомсцім катам! Хай не спіцца ім!
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Вы зразумелі ўсё. Крывавы бой!
        I заўтра здзейсніцца ваш подзвіг слаўны!
        Няхай герой наш толькі стрэліць трапна.
         (ляпае Рамана па плячы)
        Раман! Рашучы момант – за табой!
        
        (Дае Раману пісталет. Раман глядзіць на зброю як зачараваны)
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Адладжаны як след. Сам правяраў,
        Сам зараджаў. Не схібіць гэта зброя.
        
        (Раман цэліцца ў прастору. Разенкранц хапае яго за руку, прымушае апусціць пісталет)
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Ты што, ты што! Усё сваёй парою!
        Сапраўдны вой страляе толькі раз.
        (сам сабе)
        А пада мной ужо зямля гарыць...
        Мой лёс ісці... Нястомна і бясконца...
        Пазаўтраму ад’еду ўслед за сонцам.
        Бывайце, даражэнькія сябры!
         (адыходзіць)
        
         З о с я
        
        Які цудоўны чалавек!
        
         Р а м а н
        
        Герой!
        
         П я т р о
        
        Нам прыкладам яго бясхібнасць будзе
        Ну вось і ўсё. Пара па хатах, людзі.
        Раман! Рашучы момант за табой!
        Шкада, не я спазнаю зорны міг.
        Падобны подзвіг сніўся мне гадамі.
        Якія далягляды перад намі!
        (усё больш і больш захоплена)
        Пра нас напішуць кнігу! Сотні кніг!
        Нас з мармуру зваяюць! На вякі...
        (заўважае, што Зося не вельмі яго слухае)
        Таварыш Зося, вы куды? Дадому?
        Нам па дарозе... Ніцшэ вам знаёмы?
        Я прачытаў нядаўна. Ён такі,
        Такі змагар! Перакажу дарогай...
        
         З о с я
         (раўнадушна)
        
        Не, дзякую, Пятро...
         Мне ў іншы бок.
        
         П я т р о
         (безнадзейна)
        
        Я б кнігі вам
         паднесці дапамог...
        (дарэмна чакае адказу)
        Ну, добра...
         (зноў узнёсла)
        З намі будзе перамога!
        (Сыходзіць.)
        
         З о с я
        
        I я табой, Рамане, ганаруся.
        Ты на сябе такую ролю ўзяў!
        
         Р а м а н
         (узбуджана)
        
        Ніколі я яшчэ не забіваў
        Па-за тэатрам... Заўтра навучуся...
        Падумаеш, навука... Паф – і ўсё!
        
         З о с я
        
        Ты смелы...
        
         Р а м а н
        
        Ці акцёр... Не ў гэтым справа.
        Чытанне, балбатня пра левых, правых –
        Не сэнс жыцця, а проста эпізод.
        Наперадзе – сапраўдныя падзеі.
        
         З о с я
        
        Сказаць па-праўдзе,
         страшна мне, Раман.
        Дзе кроў ліецца – нейкі там спадман...
        
         Р а м а н
        
        Забіць забойцу – добрая ідэя.
        Даў пісталет таварыш Разенкранц
        Мне не здарма...
        (дастае з кішэні пісталет)
         Я смерці не баюся!
        На сцэне я ўміраў стакротна, мусіць.
        Скажу сабе: дык смейся ж ты, паяц!
        (Прыцэльваецца, удае стральбу)
        
         З о с я
        
        Схавай яго! Што заўтра – будзе заўтра.
        А сёння ў нас, Рамане, цэлы дзень.
        На яблынях – нібы ружовы цень,
        I вечары празрыстыя, як мары.
        Давай жыцця нап’емся сёння ўсмак.
        Па горадзе паходзім да світання!
        
         Р а м а н
         (ажыўляецца)
        
        Палёт жа сёння на аэраплане
        Паказваюць для менчукоў-гуляк.
        
         З о с я
        
        О, як цікава! Дзе?
        
         Р а м а н
         (паказвае рукою)
        
        За Камароўкай.
        Ляціць Манфельд – ці немец, ці француз.
        Далучыцца нарэшце беларус
        Да самага прагрэсу – хоць здалёку.
        
         З о с я
        
        Бяжым хутчэй! У нас не многа часу –
        Ці давядзецца ўбачыць іншым разам?
        
        (Узяўшыся за рукі, бягуць. Раман губляе пісталет, вяртаецца за ім, хвае ў кішэню і бяжыць за Зосяй.)
        
        
        
Дзея 4
        
        Кабінет Менскага губернатара Эрдэлі. Сам губернатар усхвалявана ходзіць па кабінеце, кратае каштоўныя забаўкі, якіх багата вакол настаўлена, каб дотыкам да ўвасаблення свайго багацця і сацыяльнага статуту вярнуць душэўную раўнавагу. У крэсле ўтульна рассеўся Агасфер-Разенкранц, ён спакойны і іранічны. Перад ім на стале вялізны барочнага стылю гадзіннік з чарнільным прыборам, на якім буйна выгравіравана: "От благодарнаго купъчества".
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Пан Разенкранц, паслугу не з малых
        Аказваеце вы для ўлады нашай.
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Як і для ўладаў іншых...
        
         Г у б е р н а т а р
        
        I не страшна
        Вам зараз між сацыялістаў тых?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Мне на зямлі нішто не пагражае.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Але ж якую маеце карысць
        Ад дзейнасці сваёй?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Прадаць-купіць
        Душу, дзе іскра Божая жывая,
        Прымусіць нат апостала Пятра
        Зло сатварыць у пошуках дабра,
        Сябе адчуць амаль звышчалавекам –
        Вось гэта ўзнагарода небяспекі.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Ну, гэта нешта з містыкі, бадай..
        Дык, кажаце, забіць мяне гатовы?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Так, юнакі – гарачыя галовы.
        Як Робін Гудам – помсту ім давай.
        Так што чакайце стрэла заўтра ўвечар.
        У гарадскім тэатры будзе стрэча.
        Прыдумана амаль што геніяльна:
        Пад занавес разбойнік Карл Маор
        Страляе ў вашу ложу. Прыгавор,
        Што мог належаць Шылеру па плане.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        А што, калі пацэліць?
        
         Р а з е н к р а н ц
         (з дакорам)
        
        О, мой пан!
        Той пісталет (падкрэслена) напэўна дасць асечку.
        Затое козыр маеце навечна –
        Ахвяра тэрарыстаў! Дзе спадман?
        Забойцу схопяць проста там, на месцы.
        (з намёкам)
        I ў Пецярбурзе ўзрадуюцца вестцы.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Не першы раз у гэтым гарадку
        Страляюць у начальства...
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Не апошні...
        Хоць мяшчука ў гадах спалохаць можна,
        Што сілаю дакажаш юнаку?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Асуджаны на смерць... Ніякавата -
        Нібыта і на справе вінаваты.
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Нічога, пройдзе.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Толькі мне здаецца,
        Што гэтыя блазны – так, драбяза.
        Няцяжка будзе выкрыць іх, звязаць.
        А сэрца бунту – недзе побач б’ецца.
        
         Р а з е н к р а н ц
         (суха)
        
        Што маю – тое маю.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Хто ж такі
        Забойца мой?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Юнак.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        А падрабязней?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Жадаеце знаёмства звесці з вязнем?
        Раман Гарэвіч – хлопец неблагі,
        Але, на жаль, занадта рамантычны.
        Гімназію пакінуў, нешта там
        З начальствам падзяліць не змог,а сам,
        Падзякаваць прыгожаму абліччу,
        У антрэпрызу Струйскага прыняты.
        У Вільні, з невялікаю аплатай,
        Затое на геройскім амплуа.
        Іграе не без таленту. Даволі?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Артыста... Не падумаў бы ніколі...
        
         Р а з е н к р а н ц
         (устае, кланяецца)
        
        Ну вось і ўсё.
        Пакорны ваш слуга.
        
         Г у б е р н а т а р
         (з палёгкай)
        
        Хіба вы пакідаеце наш горад?
        
         Р а з е н к р а н ц
         (іранічна)
        
        Застацца б рады...
        Толькі вось... Ніяк.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Куды ж цяпер?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Туды, дзе неба знак.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        А самі вы, шаноўны, скуль жа родам?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Не помню.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Колькі ведаеце моў?
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Усе.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Мне нават неяк непамысна.
        Схавана ў вас загадкавая існасць.
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Дазвольце нагадаць вам, пане, зноў,
        Што мне пара ісці.
        
         Г у б е р н а т а р
         (задумліва)
        
        Ну што ж, бывайце...
         (Разенкранц адыходзіць)
        Ці можна верыць? Ён прадасць і маці...
        
        (Пераходзіць у другі канец пакоя, да фартэпіяна. Пачынае адной рукой наігрываць паланез. Збоку павольна расчыняюцца дзверы, адразу чуваць дзіцячыя галасы. Незаўважна для Эрдэлі да яго падыходзіць Адэліна, яго жонка, і пачынае разам з ім наігрываць на фартэпіяна. Эрделі ласкава цалуе яе.)
        
         А д э л і н а
        
        Ты нечым заклапочаны, ма шэр?
        Хто да цябе прыходзіў, гэткі... смешны?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Або святы, або вялікі грэшнік –
        Сам разабрацца не магу яшчэ.
        
         А д э л і н а
        
        Ты не забыўся, заўтра – у тэатр
         (гаворыць звыкла-узнёсла)
        Тваёю воляю пабудаваны.
        Ты адраджаеш горад занядбаны,
        Цябе шануе кожны ў ім жыхар.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Паслухай, даражэнькая, мяне...
        Ты заўтра з дзецьмі застаешся дома.
        
         А д э л і н а
        
        Смяешся? Я сказала ўсім знаёмым,
        Што ўбачаць мой парыжскі туалет.
        Мне што, яго паказваць у гасцінай?
        Ці праз вакно?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Паслухай, Адэлін...
        Мне не да жартаў. Заўтра я адзін
        У ложы тэатральнай быць павінны.
        
         А д э л і н а
        
        Фантазіі! Ці ты прызначыў там
        Спатканне з прымадонай?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Будзь сур’ёзнай.
        Капрызіць і свавольнічаць запозна.
        Я мушу быць у ложы заўтра сам.
        
         А д э л і н а
        
        Ах! Таямніцу адчуваю тут.
        Прызнайся – ёсць якаясь небяспека.
        Там будзе бомба? Мітынгоўшчык нейкі?
        Нас выкрадуць? Найгоршая з пакут –
        Няведанне. Ма шэр, ва ўсім прызнайся.
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Твой рамантычны склад усім вядомы.
        
         А д э л і н а
         (злосна)
        
        Раз маніш мне – не застануся дома,
        Паеду на спектакль!
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Ну вось няшчасце!
        Паслухай, добра... Звесткі атрымаў,
        Рыхтуецца замах тэрарыстычны.
        
         А д э л і н а
        
        Супроць цябе?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Зусім не рамантычна.
        Каму – магіла, а каму – турма.
        
         А д э л і н а
         (задумліва і вельмі сур’ёзна,
         пакінуўшы капрызна-свецкі тон)

        
        I ты паедзеш, ведаючы гэта?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Мой доўг – злачынцаў выкрыць і злавіць.
        
         А д э л і н а
         (нібы сама сабе)
        
        А ты баяўся некалі крыві...
        Страляць не навучыўся з пісталета...
        (рашуча)
        Прабач, усведамляю, што цябе
        Дасюль не зразумела, не спазнала.
        З табою побач буду заўтра ў зале.
        З табой – у рызыкоўнай барацьбе.
        
         Г у б е р н а т а р
         (зусім разгублены новай акалічнасцю)
        
        А з дзецьмі?..
        
         А д э л і н а
        
        Дзеці колісь зразумеюць,
        Што маці ў самы небяспечны час
        Была з іх бацькам побач. I для нас
        Выпрабаваннем станецца падзея.
        (ціха)
        Магчыма, можна выправіць усё...
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Пра што ты кажаш?
        
         А д э л і н а
         (сумна і ціха)
        
        Пра сугучча душаў.
        Пра тое, што прыгожы, слаўны, дужы
        З гадамі траціць болей слоў, чым слёз.
        I грошы любіць болей, чым пачуцці...
        Ды ты не слухай... Гэта страшны сон.
         (горача)
        Мы пройдзем праз агонь – і згіне ён!
        (Цалуе мужа ірашучым крокам сыходзіць)
        
         Г у б е р н а т а р
         (хапаецца за галаву)
        
        О Божа мой, што ж гэта заўтра будзе!
        
        
        
Дзея 5
        
        Зося і Раман стаяць на мосце цераз Свіслач у Губернатарскім садзе, прыгнечаныя і задуменныя.
        
         З о с я
        
        Як цяжка на душы...
        
         Р а м а н
        
        I мне не лепей.
        Вось горад наш прагрэсу й паспытаў...
        
         З о с я
        
        Глядзі, якая чорная вада...
        
         Р а м а н
        
        Напэўна, не чарнейшая за неба.
        
         З о с я
        
        А ведаеш, калі бабулька тая
        Пайшла з кадзілам на аэраплан,
        I пачала хрысціць яго, была
        Мне толькі смешнай сцэначка такая.
        Але калі пад крыкі "сатана",
        "Трымайце", "Не пускайце", – наляцелі
        На апарат гайнёю – я змярцвела...
        Натоўп... Глухі, няўмольны, як сцяна...
        О, гэта страшна...
        
         Р а м а н
        
        Так, у цьмянай сіле
        Пагромшчык не зважае ні на што.
        Знявечыць! Зацкаваць! Інстынкт хартоў...
        Я чуў, дваіх прапелерам забіла...
        
         З о с я
        
        На крылах павісалі, як ваўкі,
        Метал рукамі рвалі... Ну а лётчык?
        Жывы ці не застаўся? Гэтай ноччу
        Мне не забыць узмах яго рукі...
        А перад тым, як ён упаў, ты чуў,
        Ён нешта крыкнуў?
        
         Р а м а н
        
        Пэўна, па-французску.
        Накшталт "Не ўзняцца ў неба гэтым рускім..."
        
         З о с я
        
        Не, ён крычаў: "Я ўсё-ткі палячу!"
         (паўза)
        А заўтра можаш апынуцца ты
        На месцы авіятара... Напэўна
        Паўторыцца ізноў дурная сцэна...
        
         Р а м а н
        
        Але яе запомняць на гады!
        
         З о с я
        
        Забіць... А раптам – схібіш? Ты наўчыўся
        Страляць прыстойна?
        
         Р а м а н
        
        Як табе сказаць...
        Я ў ціры трапна цэлю...
        
         З о с я
        
        А страляць
        У чалавека спрабаваў калісьці?
        
         Р а м а н
        
        Не... (патэтычна)
         Губернатар ваш – не чалавек,
        Забойца ён, прыгнёту ўвасабленне.
        За ім стаяць скрываўленыя цені...
        
         З о с я
        
        Забойства... Першы наш смяротны грэх...
        Ці помніш ты замах на Аляксандра?
        Ад выбуху загінулі ў той дзень
        Жанчына, хлопчык... Іх крывавы цень
        Хіба не паўстае прад намі зараз?
        
         Р а м а н
        
        Але таварыш Разенкранц казаў,
        Што ў кожнай справе мусяць быць ахвяры...
        
         З о с я
        
        А ведаеш, пра што я зараз мару?
        
         Р а м а н
         (жартаўліва)
        
        Вяночак шлюбны каб на валасах...
        
         З о с я
        
        Дурны... Не ладзяць шлюбныя вяночкі
        З астрыжанымі косамі... Але
        Хачу, каб кожны заўтра ацалеў.
        Мне ўсіх шкада чамусьці... Пойдзем прочкі.
        (хоча ісці, але Раман затрымлівае яе)
        
         Р а м а н
        
        Табе на працу ў твой шпіталь калі?
        
         З о с я
        
        Дзяжуру сёння з поўначы.
        
         Р а м а н
        
        Не цяжка?
        
         З о с я
        
        Такім, як я – ў вядзьмаркі ці манашкі,
        Абы не жыць, як бабы век жылі.
         (паўза)
        А ўсё-ткі дзіўна: ў партыі мы ўсе
        Нядаўна, не выконвалі дагэтуль
        Сур’ёзных даручэнняў... Дзіўна гэта–
        Чаму раптоўна гэтакі давер?
        
         Р а м а н
         (урачыста абвяшчае лозунг эсэраў)
        
        "У барацьбе свае здабудзеш права!"
        
         З о с я
        
        I ўзнімецца народ на бой крывавы...
        I ўсё-ткі... Разэнкранц прыйшоў да нас,
        Не ў лес Ваньковіча–дзе штаб-кватэра...
        
         Р а м а н
        
        Але на тое, Зося, мы й эсэры –
        Я ганаруся, што настаў мой час.
        Цябе правесці?
        
         З о с я
        
        Ну, калі спытаўся –
        То лепш не трэба.
        
         Р а м а н
        
        Што ж, тады бывай, таварыш Зося...
        (Развітваецца з Зосяй за руку, адыходзіць)
        
         З о с я
         (горка)
        
        З таварышкай таварыш развітаўся
        Без сантыментаў... Так і трэба мне!
        Гляджу на ўсё я сёння, як у сне.
        
        
        
        
Дзея 6
        
        Кватэра Юрася і Рамана. Цёмна, але відаць, што абстаноўка "спартанская". На адным ложку ляжыць Юрась. Да другога прабіраецца Раман, губляе пісталет.
        
         Ю р а с ь
         (прачынаецца)
        
        Прыйшоў,
         герой-любоўнік? Не шумець,
        Пабудзеш гаспадыню – будзе лямант.
        Ты ж ёй не заплаціў?
        (Раман маўчыць)
        I я таксама.
        Дзе швэндаўся? Па дзеўках? Што, знямеў?
        
         Р а м а н
         (незадаволена)
        
        А ты ўжо атрымаў
         зямнога шчасця...
        
         Ю р а с ь
        
        Што зробіш, сам не возьмеш –
         не дадуць.
        Хаця... пілі якуюсь каламуць,
        I ў галаве – як на вяселлі ў хаце.
        Але затое зарабіў рубель.
        
         Р а м а н
        
        Напэўна, ў карты...
        (Шукае, куды пакласці пісталет, хавае пад падушку).
        
         Ю р а с ь
        
        Вось і не, за спевы.
        Купчышкам заспяваў "О девы, где вы..."
        Так грымнуў – што саскочыў з іх і хмель.
        (Спявае раманс. У сценку грукае гаспадыня, іншыя начлежнікі лаюцца)
        Гімназістка румяная
        Да мяне прыйшла п’яная
        I гаворыць: "Шампанскае
        Ты, гусар, мне налі..."
        З аксаміту манжэцікі,
        У тэатр білецікі
        I сама быццам кветачка,
        А завуць – Наталі.
        Я наліў ёй шампанскае
        За жыццё халасцяцкае
        I за шчасце гусарскае
        Я бакал ёй паднёс.
        Яна зняла пальчатачкі,
        Цалаваў я ёй пальчыкі,
        А яна без пальчатачак
        Зноў пайшла на мароз.
        А цяпер на магілачку
        Я хаджу гімназістачкі
        I нашу туды кветачкі
        I шампанскае п’ю.
        Гімназістка румяная,
        Не хадзіла б ты п’яная,
        Не піла б ты шампанскае,
        Не казала б "люблю"!*
        
         Р а м а н
        
        Эх, каб не піў ты – не губляў бы голас.
        
         Ю р а с ь
        
        Галоўнае – галовы не згубіць.
        У гэтым свеце варта толькі піць
        Ды з дзеўкамі забавіцца раз-пораз...
        
         Р а м а н
        
        Якую пошласць кажаш ты, Юрась.
        
         Ю р а с ь
        
        Бач, далікатнік! Спі давай, кладзіся.
        
         Р а м а н
         (паэтычна)
        
        I жыцці нашы –
         як увосень лісце...
        
         Ю р а с ь
        
        Ну хто ўсё там дзвярыма лясь ды лясь...
        
        (Рыпяць дзверы. Раман лезе пад падушку, шукае пісталет. Уваходзіць Кларында.)
        
         К л а р ы н д а
         (шэптам)
        
        Раман, Юраська, вы шчэ не спіцё?
        
         Ю р а с ь
        
        Кларында? Ашалела ты, сяброўка?
        Чаго прыйшла апоўначы? Хоць вока
        Заўважыць – і бяздомны ты, акцёр.
        
         К л а р ы н д а
        
        Прабачце, хлопцы, пільная патрэба.
        Там, ля маіх дзвярэй, антрэпрэнёр,
        Напіўся, не пускае, тлусты тхор.
        Ці грошы аддавай, ці з ім...
        
         Р а м а н
         (дасадліва)
        
        О, неба!
        Чаму ж да нас прыйшла, не да купцоў,
        З якіх збіраеш спрытна падарункі?
        Ці прадала б пярсцёнкі ды карункі...
        (Паказвае на Клаўдзіны ўпрыгожванні. Клаўдзя выглядае вельмі жаласна).
        
         Ю р а с ь
        
        Нічога, Клаўдзя, не сярод звяроў
        (Устае, загарнуўшыся ў коўдру, вытрасае грошы са сваіх нагавіц, пінжака, збірае, аддае Клаўдзі).
        Трымай...
        
         К л а р ы н д а
        
        Юраська, я ж усё, што хочаш,
        Чым хочаш...
        
         Ю р а с ь
        
        Дзеўка, не круці хвастом.
        А гэнаму скажы, што ён калом
        Па спіне будзе колісь мець, не грошы.
        
         К л а р ы н д а
        
        Бягу... Бо на спектакль у "Цівалі"
        Сам губернатар прыдзе. Спаць ахвота...
        А заўтра трэба быць прыгожай...
        (Какетнічае з Юрасем і Раманам)
        
         Р а м а н
        
        Цнота –
        Вось прыгажосць жанчыны на зямлі.
        
         К л а р ы н д а
        
        Ах, жартаўнік...
         (Адыходзіць)
        
         Р а м а н
        
        Нашто ты ёй пазычыў?
        Яна ж ва ўсіх бярэ – не аддае.
        
         Ю р а с ь
         (нечакана злосна)
        
        Дык што ж, і не пашкадаваць яе?
        Прад Богам мы ўсе на адно аблічча.
        
         Р а м а н
         (здзіўлена)
        
        Ты ёй аддаў
         апошняе... Хаця
        Сам ведаеш: Кларында – проста шлюха,
        Бяздарная актрыса і ілгуха...
        
         Ю р а с ь
         (сур’ёзна)
        
        I, нам падобна, Божае дзіця.
        
         Р а м а н
        
        Вось не чакаў паблажлівасці гэткай...
        
         Ю р а с ь
        
        А сам яшчэ пячэшся пра "народ".
        Што для цябе за гэтым словам? Лёд!
        Абстракцыя! А нейкая субрэтка
        З правінцыяльнай трупы – проста вош.
        I твой дэмакратызм – гульня, не больш.
        
         Р а м а н
        
        Але... Паслухай...
        
         Ю р а с ь
        
        Хопіць! Трэба спаць.
        (буркае)
        Хадзіць не ўмее – вучыцца лятаць...
        
        (Раман моўчкі сядзіць на ложку, дастае пісталет, глядзіць на яго, кладзе назад.)
        
        
        
        ––––––––––––
        * Тэкст Віктара Шніпа.
        

        
        
        
Дзея 7
        
        Перад домам губернатара на Саборным пляцы стаіць Раман, глядзіць у вокны другога паверху, туды, дзе жыллёвыя памяшканні.
        
         Р а м а н
        
        Каштоўнасць чалавечага жыцця...
        Як вызначыць яе, не памыліцца?
        Над горадам наспела навальніца...
        (успамінае словы Юрася)
        "Хадзіць не ўмее – вучыцца лятаць..."
        П’янтос мяне гуманнасці вучыў...
        Што скажа ён пасля... пасля спектаклю?
        А што, калі кагось параню ў зале?
        Каштоўнасці не маюць гледачы?
        А можа, паміж іх Бетховен? Шылер?
        Ды што там... Хай мясцовы вершаплёт...
        Ці то народ у зале – не народ?
        Як сёння завішчаць яны: "Забі-ілі!"
        "Трымайце!" "Гвалт"... Што робіць зараз ён,
        Пан губернатар? Можа, адчувае...
        (Урачыста)
        Не, то не я – народ яго карае!
        Піф-паф – і ўсё... Нібыта страшны сон...
        (прыслухоўваецца да гукаў з дому)
        Дзіцячы смех... Што, у яго ёсць дзеці?
        (зноў узвышаным голасам)
        А ў вязняў у Пішчалаўцы – няма?!
        I я спазнаю, што там за турма...
        Мы вязні ўсе на гэтым грэшным свеце...
        
        (Падыходзіць Пятро)
        
         П я т р о
        
        Я быццам ведаў, дзе цябе шукаць.
        Рыхтуешся да ролі? Разумею...
        Няма як рэпетыраваць падзеі –
        Але вядзе да ўдачы кожны шанц.
        Паўторым. Ты выходзіш на паклон,
        Страляеш – і адразу за кулісы,
        Праз чорны ход – чакае там рамізнік.
        То будзе Янка. I бывай, палон.
        Каб шлях заняць да сцэны – у праходзе
        З букетам стане Зося; я ў другім.
        Мы на цябе з надзеяю глядзім.
        Карай забойцу. Думай аб народзе.
        
         Р а м а н
        
        А той народ складаецца – з каго?
        Хто ёсць народ?
        
         П я т р о
        
        Вось дзіўнае пытанне.
        
         Р а м а н
        
        Табе здаецца план наш
         паляваннем,
        Прыгодай? Стрэліў звера – і бягом?
        Злачынец – той, каго не пакаралі.
        Паслухай, ці баішся ты – граху?
        
         П я т р о
        
        Пра гэта нават думаць не магу.
        Мой бацька быў святар. I так старанна
        Штодня выпытваў пра мае грахі,
        Што назаўжды абрыдлі мне багі.
        Абрыдла ўсё.Я вечна быў – ніхто,
        У класе гімназічным, у канторы.
        Я – той, каму паблажліва гавораць:
        "Падай-ка, браце Пётра, паліто",
        "Пятрусь, на грошы,
         збегай за шампанскім",
        "Пятрок, цыдулку Насці перадай"...
        А хто мне ў душу зазірнуў да дна!
        Хто зразумеў, што знешнасць –
         толькі маска,
        Лічына? Што ў душы я, можа быць,
        Смяюся над натоўпам, і палаю
        Я прагай волі! Толькі доля злая
        Мне не дае паўней, іначай жыць!
        Заганы свету выпраўляе куля!
        А прабачае ўсім няхай татуля.
        
         Р а м а н
        
        Сын святара... А я вось і не ведаў -
        А мой татулька – шляхта! Хоць жабрак,
        А гонару не скіне аніяк –
        Нібы свой капялюш – зімой і летам.
        П’янтос... Магчыма, я й таму не п’ю...
        А ты заўважыў – мы маўчым пра маці...
        
         П я т р о
         (няёмка)
        
        Я тры гады сваю не бачыў...
        (з жорсткай насмешкай)
        Сядзем –
        Жандары знойдуць кожнаму сям’ю.
        
         Р а м а н
        
        Глядзі, жанчына ля вакна... У белым.
        
         П я т р о
        
        Надзене хутка чорнае...
        
         Р а м а н
         (адварочваецца)
        
        Пайшлі...
        Хай думаюць, ці добра мы жылі,
        Нашчадкі перад помнікам ссівелым.
        
         П я т р о
        
        Прабач, ісці з табою не магу –
        Чакаюць у маёй канторы клятай.
        Як цяжка жыць між паўзуноў – крылатым!
        Каб падазрэнняў не было – бягу...
         (сыходзіць)
        
         Р а м а н
        
        Няўжо такі слабы я ?
         (дастае пісталет, разглядае)
         Гэта штука
        Распаленай здаецца... Хоць узяць
        Ды кінуць... I ні ў кога не страляць...
        Ну далібог, што абпаляе рукі...
        Званы гучаць... Так ясна, так прыгожа...
        Схаджу да Зосі...
         Бог – ці дапаможа...
        
        
        
        
Дзея 8
        
        Ля земскай бальніцы. Зося – у касцюме сястры міласэрнасці, вельмі стомленая, падыходзіць да Рамана.
        
         З о с я
        
        Раманка, ты? Прабач, я не ў настроі.
        Цяжкая ноч была ў бальніцы ў нас.
        Жанчына памірае там адна...
        
         Р а м а н
        
        А ад якой хваробы?
        
         З о с я
        
        Ад пабояў.
        
         Р а м а н
        
        Вось зверскі свет...
        
         З о с я
        
        I ведаеш, здаецца,
        Яна актрыса, як і ты... А можа,
        Ты ведаеш яе? Кларында...
        
         Р а м а н
        
        Божа...
        Ды што ж такое робіцца на свеце?
        
         З о с я
        
        Знаёмая?
        
         Р а м а н
        
        Так, з трупы мы адной.
        Актрыса другарадных роляў... Клаўдзя,
        А не Кларында, зваць яе па-праўдзе...
         (рашуча)
        Хто біў яе – адкажа галавой!
        Хто ён такі?
        
         З о с я
        
        Нікому не адкрыла.
        Сказала: "Хай яго карае Бог..."
        
         Р а м а н
         (стрымлівае слёзы)
        
        Як недарэчна пунсавее глог
        Ля белай сценкі – быццам кроў на крыллях.
        
         З о с я
        
        Пакутуеш, Раман?
        (паўза)
        Я што скажу...
        Мы марылі пра шчасце, справядлівасць,
        Чыталі кніжкі, ганілі цярплівасць,
        I вось – нібыта перайшлі мяжу.
        Я ведаю, што гэты... Разенкранц
        У партыі – вялікая асоба.
        Што ён прыехаў нездарма з Еўропы...
        Але ён вучыць толькі забіваць.
        Ты не зважай на словы... Гэта стома...
        Я здрадніцай не буду. Ад цябе
        Тым болей не адмоўлюся цяпер...
        Праз поўгадзіны вось прыду дадому,
        Пасплю... А потым на спектакль пайду.
         (Ціха, сама сабе)
        А потым? Потым – камнем у ваду...
        
         Р а м а н
        
        Прабач... Я йшоў, напэўна, перакласці
        Свой цяжар на цябе... Але – дарма.
        Ні ў кога слоў для гэтага няма.
        I, ведаеш, (рашуча) хачу пабачыць маці.
        Прыходзь жа на спектакль, таварыш Зося,
        Кларынду бедную заменіць хтосьці.
        
        (Зося сумна вяртаецца ў бальніцу. Раман, адыйшоўшы, дастае пісталет, цэліцца ў нікуды).
        
         Р а м а н
        
        Піф-паф – і ўсё... Я круглы ідыёт.
        Магчыма, здраднік. Можа, баязлівец.
        Хто цераз стрэл мой зробіцца шчаслівым?
        Я? Зося? Разенкранц?
        (іранічна)
        А мо "народ"?
        Смерць за сабою цягне смерць... Ніколі
        Яна не скажа: "Не забі! Даволі!"
        Ізноў званы... О Госпадзе, ты ёсць!
        Твой першы запавет, як на скрыжалях,
        На сэрцах, пэўна, высек ты без жалю.
        I нездарма так лёгка знішчыць плоць.
        Чаму іначай грэшная акцёрка
        Не хоча помсты ў свой смяротны час?
        Чаму так прыгнятае зараз нас
        Рашэнне замяніць сабою Бога?
        I авіятар гэты, пан Манфельд,
        Напэўна ж, біць нікога не захоча...
        А бацька паглядзеў бы так у вочы:
        (удае ганарыстага шляхцюка)
        "Страляй, калі вайна альбо дуэль,
        Але для шляхты ганьба – стрэл у спіну
        Або ў бяззбройнага. Запомні, сынку."
        Вось Карл Маор сумненняў бы не меў.
        "Піф-паф" – і ўсё... I напляваць, што потым.
        Не, прага волі для мяне – не мода,
        Ды прагі смерці мне не зразумець.
        
        (Раман дастае пісталет, нейкі час глядзіць на яго, потым закідвае ў кусты ля бальнічнай сцяны і ўцякае. З кустоў устае Юрась.)
        
         Ю р а с ь
        
        Халера... Свінства... Галава і так
        Трашчыць і без нябёсных падарункаў...
        (Падымае пісталет, разглядае)
        Ну што за навалач дзіцёнку ў рукі
        Дадумалася зброю даць, аднак?..
        (Стамлёна сядае на зямлю, разважае)
        Удала ж я заснуў... Чакай... Шынок...
        Адтуль ледзь вынес Клаўдзю небараку...
        I сам парадкам атрымаў у карак...
        Пасля яе ў бальніцу завалок,
        Тады – прыклаўся за здароўе беднай...
        Прачнуўся – ад Раманавых прамоў.
        Вось здохнеш між бальніцай і турмой,
        I на хрэн не патрэбны Мельпамене.
        (зноў разглядае пісталет)
        Зараджаны... Аднак тут хіба ёсць,
        Падробленая кімсьці адмыслова.
        Не да душы мне гэта ўсё, панове...
        А ну, успомнім нашу маладосць...
        (Разбірае пісталет, спявае)
        Раненька-рана
        Сонейка ўстало,
        Сонца краснае.
        А ў маіх вачах
        Ночка цёмненька
        Светлым днём.
        Ночка цёмненька,
        Дзевачка мая
        Замуж за мяне не ідзе.
        Замуж не ідзе,
        Бо няма ў мяне
        Ні кала няма, ні двара.
        Нічога няма,
        Акрамя каня,
        Акрамя каня вернага.
        Я сядлаў каня,
        I праз цёмны лес
        Да ведзьмы старой ехаў я,
        Да ведзьмы старой...
        Тая кажа мне:
        "Злата дам табе за каня."
        У мяне цяпер
        Лепшы дом ў сяле,
        Повен двор дабра,
        Прыгожа жана.
        Прыгожа жана,
        А дабра няма.
        Коню ж ты мой конь,
        Я цябе прадаў.
        
        
        
        
Дзея 9
        
        Гледачы разыходзяцца пасля спектаклю ў Менскім гарадскім тэатры. У аддаленні стаіцьпан Разенкранц.
        
         Р а з е н к р а н ц
         (з застарэлай тугой)
        
        Куды цяпер мяне вядзе мой лёс,
        Няўмольны і таемны, як нябёсы?
        Рыпяць, рыпяць сялянскія калёсы,
        Праходзць пешкі па пяску Хрыстос...
        I зноў ён – пераможца над страсцямі...
        Што ж адбылося? Дзе я схібіў, дзе?
        Юнача мой не апраўдаў надзей.
        (стрымліваючы спалох)
        А вось ідуць і губернатар самі...
        
        (Да свайго экіпажу прабягае раз’юшаная Адэліна, за ёй – збянтэжаны Эрдэлі).
        
         А д э л і н а
        
        "Герой"! А аказалася – жандар!
        А я так спадзявалася на цуда.
        Як я глядзець сябрам у вочы буду!
        Аблога! Вобыск! Увасабленне мар...
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Паслухай, Адэлін, ты не права...
        Я надзяржаўнай службе... Абавязан
        Агрэсію гасіць у цёмных масах...
        
         А д э л і н а
         (саркастычна)
        
        А ты ж хацеў
         асвету ім даваць...
        (Адыходзіць, Губернатар заўважае Разенкранца, падыходзіць да яго.)
        
         Г у б е р н а т а р
         (са стрыманай раз’юшанасцю і насмешкай)
        
        Што ж, паглядзеў... Цудоўны быў спектакль.
        Артыст таленавіты. Мноства кветак.
        
         Р а з е н к р а н ц
         (з няёмкасцю)
        
        А вы не адшукалі пісталета?
        
         Г у б е р н а т а р
        
        Не адшукалі, на вялікі жаль.
        (з пагрозай)
        I ведаеце, пане Разенкранц...
        
         Р а з е н к р а н ц
         (хапаецца за валізы)
        
        Я зараз на цягнік бягу... Прабачце...
        
         Г у б е р н а т а р
        
        У Мінску спадзяюся вас не бачыць.
        Падняў усю паліцыю, паяц...
        (Хоча сыходзіць. Разенкранц у роспачы кідае свае валізы, затрымлівае губернатара, спрабуе пернаканаць яго)
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Са мной у першы раз канфуз такі...
        Чакайце... Заўтра трупа ад’язджае...
        Перанясем у іншы горад жарты!
        Мне паддадуцца тыя юнакі.
        Я ведаю, як закранаць іх сэрцы.
        Не адступлю, ніводны не ўцячэ.
        Я ім іспыт прыдумаю яшчэ.
        Мне трэба рэпутацыю пацвердзіць.
        
        (Вывальваецца п’яны Юрась, ідзе з распрасцёртымі абдымкамі да Разенкранца, абдымае, становіца перад ім на калені, выказвае перабольшаныя знакі пашаны)
        
         Ю р а с ь
         (раве так, што аглядаюцца нават далёкія
         прахожыя, а да губернатара падбягае ахова)

        
        Мой даражэнькі пане! Мой герой!
        Чаму ж мяне вы ўвагай абмінулі?
        Я б так пацэліў – проста куля ў кулю!
        
         Р а з е н к р а н ц
         (спрабуе вызваліцца ад п’яных
         абдымкаў Юрася)

        
        Прэч ад мяне, пусці, асліны гной!
        
         Г у б е р н а т а р
         (смяецца)
        
        А гэта што, таксама тэрарыст?
        А можа, гэта Рабесп’ер, панове?
        Так, Разенкранц? Ваш вучань гэта новы?
        
         Р а з е н к р а н ц
         (Юрасю)
        
        Пусці! Прыстаў жа,
         быццам мокры ліст...
        
         Ю р а с ь
         (выпростваецца)
        
        Ды я б пусціў,
         ты зноўку – у аўсы,
        Наробіш, дзядзька, шкоды... Я прапашчы,
        А маладых шкада, якіх прыўлашчыш...
        I без цябе паганыя часы...
        
        (Юрась нечакана страляе ў Разенкранца. Ахова хапае Юрася. Адзін з аховы падыходзіць да Разенкранца.)
        
         Г у б е р н а т а р
         (з разуменнем)
        
        Асечка...
        
         П е р ш ы а х о ў н і к
         (разглядае Разенкранца, з жахам)
        
        Панства, далібог, наскрозь!
        
        (Другі ахоўнік падбягае да Разенкранца з іншага боку)
        
         Д р у г і а х о ў н і к
        
        Наскрозь прабіла куляй! Матка боска!
        
         П е р ш ы а х о ў н і к
        
        I ні крывінкі – быццам цела з воску!
        
         Г у б е р н а т а р
         (хрысціцца)
        
        Прэч, д’ябал! Хай бароніць нас Гасподзь!
        
        (Усе хрысцяцца, з жахам глядзяць на Разенкранца).
        
         Р а з е н к р а н ц
         (зласліва)
        
        Чаго глядзіце? Не ілюзіон.
        
         Ю р а с ь
        
        Ну што ж, цяпер хаця б цябе пазналі...
        
         Р а з е н к р а н ц
         (бярэцца за валізы)
        
        Развітваюся з панствам. I без жалю.
         (сыходзіць)
        
         Э р д э л і
        
        Не, гэта сон! Вядома, толькі сон!
        
        (Эрдэлі сыходзіць. Юрася цягнуць ахоўнікі. Ён спявае "Ад панядзелка да панядзелка..." З тэатра выходзяць радасныя Раман, Зося і Пятро.)
        
         З о с я
        
        З маёй душы нібы камень зваліўся.
        
         П я т р о
        
        Які правал! У партыі цяпер
        Ужо не затрымацца нам, павер.
        
         З о с я
        
        Пятро, нашто так сумна, усміхніся!
        Мы можам столькі вартага зрабіць –
        Вучыць, лячыць, пісаць, іграць, даследваць.
        Супрацьстаянне злу – наш лозунг крэўны.
        Не ў тым яго здзяйсненне, каб забіць.
        
         Р а м а н
        
        Хай будзе ўсё, што лёс прысудзіць нам.
        Дарослым трэба ж некалі рабіцца –
        Каб крылы не ламаць сваёй сініцы,
        Не пагражаць няўлоўным жураўлям.
        
         П я т р о
        
        Благія мы рэвалюцыянеры...
        
         Р а м а н
        
        А ведаеш, напэўна, гэта Бог
        Нас утрымаў..
        
         З о с я
        
        Ён сёння быў з табой.
        I ў тое, што Ён ёсць, цяпер я веру.
        
        (Сыходзяць. Разенкранц выходзіць на авансцэну, падымае вочы ўверх, гаворыць з нябачным суразмоўцам.)
        
         Р а з е н к р а н ц
        
        Што, сцэна ў гусце зроблена тваім?
        Калядная гісторыя, няйначай...
        Фу, сантыменты! Паглядзіш, заплачаш...
        А мы глыбей, панове, паглядзім...
        Мне трапіўся матэрыял няўдалы,
        Для дзейства несаспелы – вось і ўсё.
        Апостальскае бруднае рыззё
        Заразу міласэрнасці схавала.
        Я проста памыліўся! Бо наўкол
        Хапае тых, што не баяцца зброі.
        Гадуюцца сапраўдныя героі,
        I шмат каго звядуць з сабою ў дол.
        Наперад, час!
        Круціся, кола-сонца!
        Перада мною –
         шлях і шлях бясконца...
         (Вечны Жыд адыходзіць).
        
        
К а н е ц


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.