РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зялёнка
        Курсістка Зялёнка з кожным днём нікне. Пецярбургскі клімат, шчыры валакіта, дабівае слабагрудых. Зялёнка кашляе, гарыць уся, на твары выпечаны румянец. Часам гэтак мімаходам зазірне да люстэрка: «А мамачкі мае, да каго я падобна?» – задзівіцца, ды далей за работу. На свае лекцыі бегае, у школе з дзецьмі гадзіны з чатыры працуе, а вечарамі і сама яшчэ вучыцца, чытае...
        Збоку гледзячы, жыццё ідзе, роўна вада плыве. Лішэнь перад доктарам мусіла прызнацца, што ўся радня вымерла ад сухоты. А на пытанне, ці сама хварэла ў малалетку на якія хваробы, адказала, што добра не ведае, бо гадавалася ў вёсцы, а прастацтва ў дзяцей прызнае толькі такія хваробы, як падвей, перапалох, урокі і лечыць іх хатнімі толькі спосабамі: замовамі ды падкурваннямі. Праўда, солі, помніць, драбінкі давалі глытаць, нейкія вузялкі на нясуканай нітцы насіла гэтак гадоў пяці-шасці. А после, як помніць, то ўжо была здарова, як рыба, і толькі апошнімі часамі нейка слабасць аблягла.
        – Гм!.. – адбуркнуў, нічога не сказаўшы, доктар і крэпка задумаўся.
        Аднак слухі хадзілі аж запрошлую зіму, што Зялёнка труцілася, што выбягала, спацеўшы, у адной сарочцы на мароз, усё, каб набавіцца якой ліхой хваробы. I што цяпер толькі супакоілася, калі мэта стала ясней...
        Зялёнка – вельмі скрытная дзяўчына.
        – Якая ты цяпер высокая стала за апошні год, – дзівуюцца таваркі.
        – А бывае, што ў апошні год жыцця людзі падрастаюць, толькі мо не ў рост, – горка дакончыць таварышак гутаранне Зялёнка і чуць-чуць усміхнецца куткамі спаленых губ. Чорныя косы далікатна абвіваюць дробны тварычак... У пасінеўшых кругах вочы блішчаць двума распаленымі вуглямі.
        – Наша Зялёнка быццам не з гэтага ўжо свету, – перапалохаўся Мацюк – медык, спаткаўшы Зялёнку ў сталовай.
        – Зялёначка мілая, я прыйду цябе паслухаю.
        – Прыйсці – прыйдзі, калега, але я не спявачка, каб вы мяне слухалі.
        – Ну-ну, Зялёначка, перцу сёння зашмат з'елі. – I дактарчук адышоў, як змыты.
        Зялёнка блізка што заўсёды задуманая, часта не адразу адкажа, калі яе спытаеш.
        – Зялёнка, дзе ты? – часам смутна зажартуюць курсісткі.
        – Тут, пры вас, – ціханька адкажа, прачнуўшыся ад задумкі.
        – Ой, Зялёначка, Зялёначка! ты зусім выйшла з каляіны нашага будняга жыцця. Усё недзе блукаеш за светамі.
        – Ды што з вамі? працую, як усе вы, ем і шчэ больш ад вас, сплю, смяюся... А што цяпер задумалася, так аж сорамна прызнацца да такой глуздзячыны: глянула праз акно на асенні дзень ды гадаю, ці ўжо ў нашай старонцы лісце з дрэваў асыпалася, ці яшчэ не, бо ў нас восень пазнейшая.
        – Вось табе на, куды Зялёначка паехала! Грачыха цвіце, што аж у лабараторыі пахне, а яна: «ці лісце ўжо апала». Яшчэ прыйдзе пара на холад... Рыхтуй толькі футра.
        Нібы смяюцца курсісткі з Зялёнчыных думак, але добра разумеюць, што гэта значыць: «ці лісце апала», бо, як пыталі доктара, то сказаў дабітне, што, пэўне, восені не ператрывае.
        Паўтары нядзелі Зялёнка не паказвалася на лекцыях. Закраталася маладзёж, што станцыя ў Зялёнкі сырая і цёмная, што не кожны дзень Зялёнка абедае.
        У суботу ў Зялёнкі бітком набіта. Зялёнка спярша ляжала, а пасля не вытрымала і ўстала. Усе такія ласкавыя, вясёлыя, блізкія, што аж міла глядзець, – радня раднёй. Зялёнка крыху сланяецца, але ходзіць, загаварвае з кожным... П'юць гарбату, смяюцца. Але смех нейкі недасмеяны, гоман недагамонены. Цень скрытага смутку то тут, то там мільгне праз вочы гасцям. Усе могуцца на вясёласць. Гутарка чапляецца сяго-таго.
        Украінец Хведарчук нат бандуру прывалок. Рыжаватая чупрына аж па струнах вехаціць, ён выкідвае рамёнам, запяваючы: «Ах, мамка, мамка, нашчо мене народыла?» Так галосе шчыра, што быццам сапраўдны сірата ўбіваецца на памінках роднай мацеры.
        – I я шкадую, калега, што цябе мамка нарадзіла, – пагладзіў па чупрыне Вішняк-мінчук: – Але маеш, пі гарачую гарбату і цешся з жыцця, покі час.
        – Ха-ха-ха! верна сказана, – паддакнула Зялёнка:–Покі час... ха-ха... каху-каху! – і зайшлася сухім кашлем.
        Вясёлая кампанія прыблекла, сціхла.
        – Піце, налівайце, – паспяшае вінаватым голасам загаварыць Зялёнка, – шчэ не ўміраю.
        - Не пляціце небыліцу!–нехта буркнуў.
        – А ведаеце, Сабаноўскага з хіміі асеклі, – прыдумвае Вішняк на скорую руку, каб пачаць гутарку.
        – О-о-о! на апошнім экзаманце?
        – Чаго-о ж? У-а! вялікая штука, байкі.
        – А ля байкі сядзі зноў дні і ночы. Е-е! у кудлатага галава ўёміста: за тыдзень, другі ўсю хімію перагрызе на рэпу...
        – Ага, багабоце, чуць не забыла, – перапыніла Берабейка.
        – Го-го! чуць «багабоце» не забыла, а калі тое было святое ніколі, калі Берабейка помніла? Вам па галаве толькі снуюцца ноты і ноты ды біры-бам-бам-бом партэпіяна.
        – Я-я, багабоце, механік такую дзіч пляце, аж вушы, багабоце, пухнуць, – Берабейка падстаўляе далонь к роту тэхнолага. – Ледач механіка – ні-ні... тс! А то за «багабоце» вочы выдзеру.
        – Дык не кажыце сваёй пагаворкі, бо гэтага мала. Але калісь выйду на Неўскі і ва ўвесь голас закрычу: «багабоце! багабоце!» – і не проста закрычу, а ў кулак затрублю, аж покі вас не адвучу.
        Берабейка чырванее па вушы ад праклятай прывычкі, бо што слова, то яна ўплятае «Бога бойцеся», і так скора, так гладка рве, што, з боку слухаючы, адно і разбярэш з яе гутаркі «багабоце», «багабоце»... Затое механіка сёння лішэнь азлавала Берабейка, зараз пачаў дапякаць.
        – Даруй на гэты раз, пракляты чалавеча, – просіць Берабейка, – больш не буду, бо справа важная. Пасуляніс піша, багабоцеся (гы-гы), з Якуцка, што нашы, багабоцеся, галадуюць, зіма ідзе, багабоце, а іх адзенне хоць па ветры пускай.
        – Ну што ж, трэба падаткам сябе аблажыць і зараз выслаць хаця крыху, – параіў мінчук.
        Хто пры сабе меў грошы, зараз палез да кішэні. Зялёнка тож рубля выбрала з століка.
        – А скажыце, ці хто кніжкі ў перасыльную занёс? Бо я ўзялася гэта сама зрабіць, але захварэла...
        – «Любви все возрасты покорны!» – загрымеў густы бас за дзвярыма.
        – У-у! Кульгач-сірата, паспяшай, а то Нойка самавар, як бач, у канцах забярэ!
        Студэнт, грубы, у выпаланеўшай куртцы, светла-русы, як канапляны куль, уваліўся ў цесную станцыйку.
        – Зялёначка, Шаляпін прыязджае! – крыкнуў адным духам.
        – Цыт, басіста! заўтра іду дзяжурыць на «Дэмана».
        – «Любви все возрасты покорны», – спяваючы, акруціўся на пяце і кінуў шапку ў кут, аж са два разы перакулілася.
        – Ты што стральбу адкрываеш?
        Кульгач, ні на што не зважаючы, рукі пацірае не то з холаду, не то з радасці. Здароўем і моладасцю ад яго б'е.
        – I так за тыдзень буду сядзець, як верабейка, высока, высока і Дэману (Шаляпіну) біць брава-брава-ва-ва!
        – Кульгачыку, калега, і я заўтра з вамі пайду дзяжурыць, зайдзіце толькі па мяне, – умаўляецца Зялёнка.
        – Згода! рэхт! толькі а пятай будзьце гатовы, трэба додніка прыйсці, а то тысяч пяць заўтра будзе дзяжурыць.
        – Публіка! – бразнуў бандурай Хведарчук. – Хто пасміе таварышку Зэленку вывесты заўтра ў горыд, тай того оштрафуем!
        – Аш-тра-фуем! – засвістала тоненькім галаском маладзенька бястужаўка Маня.
        – Тай Бога бойся, не пышчы, дытыно!
        – Публіка, слухайце! – Маня стала на крэсла. – Пры мне доктар прыказаў Зялёнцы хоць паўтара тыдня не выходзіць з хаты.
        – А калі так, то аштрафуем, – годзяцца ўсе з тонкагалосай Маняй.
        – Аштрафуем, – рыкнуў спознена Уладзімір з прозвішчам Сібіра.
        – Гэй, Сібіра, ты што спіш?
        – Хра-хра, – прыкідваецца Сібіра спячым, доўгія ногі выцягнуў упоперак усёй станцыйкі.
        Адзін са студэнтаў, убачыўшы, што Сібіра прымкнуў вочы, схапіў за ножкі крэсла. Сібіра паляцеў бы, каб у пару не заступілася Зялёнка.
        – Сібіру дайце спакой, Сібіра часу не марнуе, глядзіце, як печ нагрэў! (Хухнула ў паветра – пары ані знаку, а толькі ногі, ногі выцягнуў ад сцяны да сцяны.) Сібіра, мы скакаць будзем – месца! – засмяялася.
        Шусь! – і скурчыў доўгія цыбы Сібіра. Брр-брр! –пасыпаліся яблыкі з кішэні.
        – Гэта для вас, я і забыў, – засаромеўся, як дзіця, Сібіра і пачаў падбіраць.
        – Мне до! во, два ўжо трымаю. Бярыце, Берабейка, Маня, Хведар.
        Сібіра, здараваны, выпрастаўся, згарнуўшы густыя валасы з чала, паходзіў на зубра, замашысты мужчына, з дзіцячым немаль шчэ ліцом, дабрадушны, запусціў зубы ў яблык і пачаў кратацца каля самавара.
        Сібіра з Зялёнкай жывуць у вялікай зажыласці. Усе смуткі і радасці Сібіра павярае Зялёнцы. Зялёнка нат часта дапісваецца на пісульках да Олі, дзеўчука Сібіры: «Сястра і друг вашага Уладзіміра цалуе вас крэпка, крэпка». Нейкі нястрыманы язык пусціў пагалоску, быццам сакрэтна чытаў драму, супольна напісаную Зялёнкай і Уладзімірам, што галаўная асоба ў той драме – гэта Сібіры дзед, калісь у Акатуй высланы з таго сяла, адкуль Зялёнка, недзе з-пад Нарава ці якога іншага месца, адным словам, каля Белавежскай пушчы развіваецца дзея.
        Ці праўда гэта, ці няпраўда – трудна верыць на слова. Але Зялёнка і Уладзімір любяць тэатр абое, у Марыінку чорнымі-светлымі ходамі прабіраюцца.
        Найпазней прыйшоў Шмулька.
        – Як маецеся?
        Шмулькі струкавата галава, як лахмата вольха, матляхаецца ў паклонах ва ўсе староны.
        – Ці жывы, ці здаровы?
        – Што ж так позна? – азываецца прыязліва рознагалосае пытанне.
        – Не меў часу!
        – Шмулечка, я хвора, я ўміраю, а ты вачэй не пакажаш, – прымільваецца Зялёнка да Шмулькі.
        – Выбіраўся, ды ўсё работа стрымлівае, і сёння пільную кінуў, каб білет прынесці. У панядзелак пойдзем у дваранскую.
        – Шмулька, на гэты канцэрт? Маніш, грэшніку... Я ўжо два тыдні таму назад была ў касе, пайшла толькі гак, для пацехі, што нібы на такі важны канцэрт магу пайсці я – Зялёнка-курсістка. Ведама, аказалася такая цана білетам, што нам, вучашчымся, нат грэшна туды свой нос ткнуць.
        – Во-во! гэта вам, але не мне. – ІІІмулька важна ўлажыў рукі ў кішэні і прайшоўся па станцыі, надуты, як індык. – Што вы, то не я! Я Шмулька, толькі за пачотным білетам згадзіўся пайсці паслухаць.
        – Тгы, – рагатнулі.
        А Шмулька, няздатны далей круціць, махлюе, каб Зялёнка не дагадалася, што для пацяшэння яе, хворай, Шмулька эканоміў доўга, покі сабраў, каб купіць білеты на гэты канцэрт!
        – Не пытайце! не дурыце галавы!
        – За што вам пачотны? – прыстае Зялёнка.
        – А хоць бы за тое, што я – Шмулька, што мой бацька – Меер, а бацькі бацька – Ёсель...
        Трэба ведаць, што Шмулькі манія – гэта прапаганда музыкай, літаратурай, тэатрам народным паміж яўрэяў. Шмулька свята верыць, што яўрэі хутка зразумеюць сваю ганьбу, каторая няволіць іх запірацца ўсяго свайго роднага і падшывацца пад апраткі чужых, сільнейшых кулыур... Прыйдзе час, – Шмулька немаль прысягае сваім натхнёным голасам, – што яўрэі звернуць з дарогі асіміляцыі! Сам Шмулька, так сказаць, стаіць яшчэ толькі-толькі ў дзвярах храміны кампазіцыі, а ўжо задзівіў прафесараў арыгінальным узяццем біблейнага тла для сваіх твораў...
        ...Нездаровіцца Зялёнцы. Так баліць у правым баку, што не падняць рукі, каб закруціць валасы. Запляла і пусціла двума пляцёнкамі па плячах. Ідзе праз залу, у вачах ад слабасці ўсё круціцца.
        – Косы, косы, –дзівуюцца мужчыны.
        Публіка мітусіцца, скрыпяць крэслы.
        – Малады ці стары? – пытае нехта з публікі.
        Шмулька прысланіўся да сцяны, рукі залажыў і глядзіць некудысь у сваю думку. «Сібілія Шмульку сніцца», – падумала Зялёнка і села на сваё месца. Задрымдзеў званок...
        Выйшаў артыст, не пакланіўся, ані глянуў, каму будзе іграць. Стаіць шчэ дзіця-хлопчык, ліцо натхнёна. Паволі скрыпку падносіць на рамяно. Смычок чуць-чуць даткнуўся, азваліся струны... Ціхая мелодыя, як першы ўздых дзіцяці, палілася, ідзе, вядзе некуды ў засветныя разлогі чыстага лірызму. Маладая душа верыць у шчаслівыя далі, узнімаецца, рвецца да іх смелым лётам. Мераць у яе адзін за другім громы абману, зла... Змагаецца з цёмнымі сіламі прозы, б'е скрыдламі ў нябесныя скляпенні паэзіі. Бой даходзіць фазы смерці і жыцця. Белая шата паволі пакрываецца крывавай расою. Скрыдлы апускаюцца. I ўжо смяртэльна раненая моладасць плача, стуліўшыся ля варот шчыльна зачыненага раю шчасця...
        – Вялікая трагедыя схоплена тонамі, – шэпча Зялёнка, тулячыся губамі да поруча крэсла.
        – Пля-пля-пля! –латашыць далонямі публіка.
        – Шалёная тэхніка, тэмперамент, – галдзяць.
        Артыст стаіць з апушчаным смычком, прыціскаючы да грудзей скрыпку, бо яшчэ апошнія тоны толькі адыходзяць ад струн.
        – Пля-пля-пля! – па-хамску дабівае рэха тхнення слова Божага.
        Зялёнка закрывае вочы, каб дагнаць скрываўленага лебедзя-песню... Плачуць у вачах Зялёнкі свежыя росы на пракосах, папараць-кветка расцвітае... Зялёнка бяжыць успамінам да сваіх дзіцячых днёў, як кароўкі пасвіла на пожні, а маці-сухотніца калыхала малога брата-сухотніка пад снапамі зжатага жыта.
        – З-з-з-з! – ізноў пачаў. – З-з-з-з! – ляцяць з-пад смычка галоўкі чырвоных сцятых руж, а артыст успінаецца ўсё вышай, вышай: па скалах, каменнях уводзіць у пустыню, спаленую сонцам, засыпаную пяском. Пустоша дзікай гразой дыша. Зверы мруць. Птушкі нежывыя падаюць. Толькі артыст сам-самютанькі ўпаў каленамі на распаленыя каменні, заве нахіліцца за сваім натхненнем. Жджэ аб'яўлення і дрыжыць ад страху, ці хваце яму сілы, каб увекавечыць выснены ідэал красы ў скончанай форме. Во, во, здаецца, дасца, прымкнуў векі, стрымаў дыханне. Шугнула хімерна мана скрыдламі і знікла... – І-і-ій ой-й-й! – уздыхнуў страшлівым болем. – А-а-а-а! – спачуваючы, адказвае і змаўкае скрыпка.
        «Божа, якая ты страшная, творчасць! Роўна вогненна мора падыходзіць з усіх старон да апутанага табою чалавека. Бяссмертная слава такому плачу, што не згіне ў тваіх тонах!» Усё гэта думае Зялёнка і сіліцца ўстаць з крэсла. Пля-пля-пля!.. Падносяць букеты, вянок срэбны з надпісам. Шмулька стаіць, як крэйда, збялелы, упіўшыся вачыма ў артыста.
        Зялёнка хустачкай абцірае губы, у вачах ёй муціцца: здаецца Зялёнцы, што адплывае з залай кудысь углыб, а чырвоныя кветкі сыплюцца ёй пад ногі (кроў з рота бухае). Зялёнка нагінаецца адну з іх падняць.
        – Кроў, кроў, паддзяржыце, упадзе! – крычыць нейкая пані, бегучы да Зялёнкі.
        Публіка ціснецца:
        – Доктара!.. вады!..
        Зялёнка ўзмахвае рукамі і падае.
        – Душна, душна! – азіраецца шырока блуднымі вачыма і заціхае.
        – Разбілася жывая ліра, – шэпчуцца нейкія тайныя цені, збегшыяся на залу.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.