РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З дарогі
Еду лячыцца
        
        Выпечаны румянец на твары, кашаль сухі і схварэлае цела адразу людзям кажуць пра маю цяжкую хваробу. Пасажыры ахвотна ўступаюць месца. У вачах іх я бачу, што шкадуюць маёй маладосці. Закрываю векі. Не хачу відзець іх жаласці, бо веру, што ашукаю ваш жаль, людзі добрыя, што змагу цябе, смерць лютая, а цвёрдае жыццё вазьму ў свае рукі і буду з яго прасці доўгую нітку быцця, унізываючы, як белымі перламі, працавітыя дні неслухмянай долі...
        
        
У вагоне
        
        Стукае машына, калышацца вагон, еду ў чацвёртай клясе праз Нямеччыну. У вагоне публіка – усё немцы: работнікі, дробныя мяшчане, адзеты чыста, гавораць ціха, зважна, не кураць. На ўсенек вагон толькі дзве лаўкі стаяць ля сцен, а так вагон цэлы пусты, публіка стаіць або сядзіць на сваіх багажах. Цягнік (поезд) у тры разы шыбчэй ляціць, чым у нас. На станцыях затрымліваецца на мінуту, пасажыры ледзь паспеюць ускочыць у вагоны, а машына ўжо далей прэцца, як разгуляны вецер у полі.
        Праз акно відно нямецкія вёскі і поле. «Божа, што за лад!» – зайздросна шэпча да сябе чалавек. Ва ўсіх вёсках брукаваныя вуліцы, дамы пекныя, сады чысценькія, гародчыкі ўпраўленыя, і нідзе ля хаты ні дрывотні не відно, ні лужы пры карыце, і навокала ўсё падворка градкамі абкопана, на градках – засеяны кветкі, засаджана варыва, і праз падворак толькі бягуць вузенькія сцежкі.
        Дзеткі чыстыя, адзеты, абуты ідуць у школу.
        Дарогі, дарожкі ўсе шашэйныя, на іх масты жалезныя, з абодвух бакоў абсаджаны грушамі, яблынямі, сліўкамі. Ніхто там галля не ламае, фруктаў не рве. Праўду сказаць, закон нямецкі добра сцеражэ гэтых дрэваў: напрыклад, падарожны, ідучы, можа з’есці колькі хоча, але няхай толькі спрабуе хоць адзін яблык палажыць у кішэнь, зараз заплаціць вялікую кару або сядзе ў арэшце.
        Нідзе, едучы праз Нямеччыну, не ўбачыш скаціну на полі. Усюды сенажаць прагноена і густой шчоткай высыпаецца трава. Немец заміж нашых трох кароў трымае толькі адну, затое круглы год корміць яе ўброд гатовым кормам. Хлеўчык відны, чысты, на падлозе, праветраны. Скаціна шчоткай вычасана і – такая кароўка дае ў тры разы больш малака.
        Закрываю змучаныя вочы і бягу думкай у родную старонку да вас, кароўкі нашы палавенькія, замучаныя голадам... Кажуць людзі, што адзін раз у год на Куццю, а дванастай гадзіне ўночы, жывёла гаворыць людскім языком. Гаспадарыку, суседзе, пайдзі да хлева і паслухай, што табе твае кароўкі скажуць.
        
        
3 Нямеччыны
        
        Хоць доктар забараніў затрымвацца на дарозе, казаў ехаць проста на мора, але я не вытрывала, каб не паглядзець на горад Дрэздна. Вельмі пекны горад над ракою Эльбай.
        Суботні вечар перад урачыстым святам. Званы гудуць. Кірхі стаяць побач з касцёламі. Іду на пляц тэатральны: з аднаго боку – каралеўская катэдра, уся прыбраная разьбой, з другой – вельмі пекны гмах тэатра, і з трэцяй – вялізны палац Цвінгер-музей.
        Заўтра пайду туды глядзець Сікстынскую мадонну.
        Сядаю на лаўцы, гляджу на творы рук людскіх. На душы стае сумна і радасна: надзея жыцця змагаецца с(а) страхам смерці.
        Неба чыстае, па ім плывуць стады белых авец-аблакоў, такія самыя, як калісь, калі я маленькай дзяўчынкай была і гусі ганяла ў поле, не ведаючы яшчэ нічога аб смерці.
        Думкі сілай ціснуцца да галавы: «Жыць, жыць!» «Памрэш», – нейкі жалосна слабы голас адказвае з хворых грудзей.
        Ах, чаму я ведаю аб сваёй хваробе! Варта было мучыцца, дабівацца, вучыцца, каб цяпер свядома ўміраць. Ха-ха-ха...
        Медыцына, а чаму ж для мяне ты такая мсцівая? I ці не за тое мсціш, што я хацела цябе пазнаць, зглыбіць, каб пасля лячыць сваіх бліжніх. «Вылечы перш сябе», – адшэптывае нейкі таемны голас у сэрцы. «Не! Я буду жыць, я не хачу ўміраць! Чуеш, медыцына? Не хачу ўміраць... Дай раду, пашкадуй маёй маладосці».
        Старая маці ўбіваецца, прадучы кудзельку, як неасвечаная прастацкая мысль. Нават не можа абхапіць той далі, на каторай цяпер плача дачка-едыначка; але беднае старое сэрца чуе і, пэўна, таксама плача.
        О мамачка, чуе твая душа справядліва, як калісьці чула, калі я была смяртэльна галодная і ты мне зашывала ў цвікель сарочкі, каб паслаць праз людзей, што ішлі ў Кальвару.
        
        Мамачка, павароту не... Смерць блізка...
        
        
Дрэздна
        
        Дзень сягоння пекны, усякі і ўсячына купаецца ў праменнях сонца поўнымі прыгаршнямі.
        Дзіўна мне, што я так учора раскісла. Няведама, адкуль такі страх узяўся. Я ж не такая ўжо кволая.
        Мамачка, я яшчэ табе цэлы свет заваюю, усе з яго скарбы кіну табе пад ногі...
        Толькі ты там па начах не плач: я не хачу, каб на выбалелых разорах твайго старэнькага твару слёзы сплывалі... Мамка, я буду жыць... Гукаю да цябе, – хай вецер вольны занясе мае словы праз выбітыя шыбы.
        Нядзеля. 10 гадз.
        Мамка, ужо маё сэрца чуе, што ты супакоішся. Я ўжо абышла берагі Эльбы і цяпер пайду ў музей глядзець на ўвесь свет слаўныя малюнкі.
        Музей яшчэ зачынены, народу мала. Усе, як відна, мясцовыя, чужынцаў мала.
        Культура! Тут работнік часць свайго святочнага дня праводзе, гледзячы на бяссмертныя творы.
        Работніку, і ты, кожан просты чалавеча. У сэрцы тваім крыецца доля ўсясветнага змагання, яна гэта і творыць хараство жыцця, з яе-то і родзяцца ў суме ўсясветныя геніі чалавечаства.
        Музей адчынілі, народ рассыпаўся па зале, і абвіслая целам нека тлустая дама, учапіўшыся за падпаху высокаму мужчыне – арыстакрату, голасна крытыкуе малюнкі. Дзве паджарыя францужанкі шпарка абягаюць залі, здаецца, быццам яны іх абнюхіваюць, вылецяць пасля на вуліцу, забалбочуць... Ніякая вялікая творчасць не ў сілах затрымаць гэтых жвавых маламысльных у сваім жыццёвым бегу жывін. Кудлаты, абарваны, у кутку сядзіць малады хлопец, ні то булгар, ні то якой іншай нацыі, і вачыма ўпіўся ў тыцыянаўскага «Фарысея». Расказала б, апісала б гэты абраз, каб льга было словам абняць той абшар у ім векавога дабра і зла.
        Душа мая яго разумее, але вусны не ў сілах выказаць, толькі родзіцца думка:
        – Бачу, як абквечанымі палямі ў далёкім часе ідзе малы хлопчык-дзіця. За сінім небам ад нізін зямлі сабіраюцца хмары... Гром упатайне грыміць. Дзіця адно ў полі... Страшная бура ідзе, збліжаецца... 3 дзіцяці вырастае чалавек-гігант, аж пад самае неба...
        Гэта самая думка, а абраз зусім іншы. Сікстынская мадонна. Малюнак – абраз сусветнай славы – для маёй душы не мае чароўнага слова. Яшчэ калісь, як была я ў Рыме, каля твораў Рафаэля прайшла з сэрцам спакойным, затое перад Анджэла Буанароці і Леанарда да Вінчы анямела ўсімі сваімі чуццямі, думкамі склепілася і стаяла гадзінамі, акамянелая з задзіву...
        
Дрэздна
        
        Дзікія горы, скалы, кручы, пропасці, птушку кінуць, здаецца, не даляцела б, забілася б, а машына ляціць берагам гор – то ўскаквае, то выскаквае з тунеляў, глуха скіргіча, віхры гудзяць у пасівеўшых мохам тхланях. Паразрываныя хмары таўкуцца на небе, холадна, і людзі неспакойна сядзяць на лаўках. Зараз будзе тунель Сенгатардскі, найдаўжэйшы на свеце. Розумам ніхто не баіцца праз гэты тунель ехаць, аднак чуццём, як і я, так і другія, бачаць перад сабою ў сваіх гадках высокую дзікую сцяну пакрытых вечным снегам Альп; а за гадзіну ці за дзве наш цягнік, як рабак, упаўзе ў нетра гэтых снегавых гор і выйдзе толькі з другой стараны Альпаў, дзе зусім іншы характар краю; кажуць, што там ужо ўпалы, цытрыны спеюць, мігдалы цвітуць, а з гэтай стараны пуста, дзіка, глуха, ледзь пачынаецца канец зімы.
        Мы ўжо ў тунелі, электрычаства гарыць, тук-тук машына стукае востра, рве шпарка, во-ю, здэцца, калі не вырвецца ў гэту мінуту на прастор, то разарвецца на кускі, разляціцца, задушыцца.
        Часць пары пранікае ў вагон; блядыя твары пасажыраў у мутным святле двояцца; людзі глядзяць, па сабе стараюцца адзін у другога адгадаць думкі. «Гг-ух, гг-ух!»–уздыхнула лакаматыва, знаць, ужо вырвалася на волю.
        Праляцелі Альпы; баюся адкрыць вочы: людзі, а як гэта ўсё казкі, што вы мне казалі... А я хворая, сухотніца, адна ў маткі, мне патрэбна цяпло, мора... Страшна...
        
        
У вагоне
        
        Мамачка! Мама! Я буду жыць, буду!.. Няхай ластаўка нясе табе весць дарагую, кінь верацяно, слухай, даражэнькая, твая Анелька будзе жыць.
        У цябе за акном мяцеліца вые, мароз трашчыць, а тут лета. Кветак дзірваны, вінаград, імшары.
        3 поўначы снегам горы пакрытыя стаяць, у далінах рэчкі шумяць, пальмы, мірты растуць. «Гг-ух! гг-ух!» – спяшыць машына хутчэй тваю дачку на мора завезці, ад смерці выратаваць...
        Мамачка, няпраўда, твая Анелька памылілася, як скардзілася табе, што свет суровы, што людзі нягодны.
        Мамачка, і свет пекны, і людзі добрыя, і варта жыць, радзіцца, каб убачыць красу, рассыпаную па шырокаму свету.
        
        
Генуя
        
        Кашляць перастала, гарачка меншая, сілы больш. Цэлыя дні ляжу на скале над морам. Цёпла, сонечна.
        Блізка што нікога не маю знаёмага. Не хачу траціць сіл на пустыя гутаркі знаёмасці. Жыву з морам і часта табе, мамачка старэнькая, апроч лістоў пасылаю на мора хвалях жывыя словы, бачу, як яны да цябе шпарка плывуць белымі лебедзямі, як перамяняюцца пасля ў шэрыя зязюлькі і кукуюць за рэчкай у дуброве.
        Наша старэнькая хатка паміж белых расцвіўшых вішань адчыняецца, і ты, мамка, стаіш на парозе, глядзіш на вішні і ў кожнай кветачцы іх бачыш тварык сваёй Анелькі.
        Мамачка, Анелька здарова, Анелька вернецца. Старасць ты сваю глыбокую датчэш на Анельчыных руках, апошні вузялок табе Анелька завяжа, гарачай даччыной слязой яго абалье...
        
        
Ментона
        
        Ліст ад цябе, мамачка, дастала. Дзякуй Богу, што ён спакойны.
        Твой, мамачка, ліст спакойны, як спакойнае сягоння мора, ляжыць яно ціха, як дзіця пасля купелі, лагоднае, як твой, мамачка, погляд, сіняе, як Анельчыны вочы. А што ж, мамачка, ці ж не пекнае мора?
        Мамулечка дарагая, дай хоць у думцы пацалую твае сумныя вочы.
        Мамачка, каб табе лапаць стары паказалі і ўверылі, што ён да мяне падобен, то і той быў бы для цябе пекны.
        Але мора, мамачка, сапраўды пекнае: мяняецца яно кожну мінуту. Колькі я тут жыву, яшчэ ні разу не бачыла, каб яно было адно і тое.
        То гладкае, гладкае, як мае шчокі, і праменні сонца ўздоўж па ім кладуцца і спяць залатымі ніткамі. Неба, адбіваючыся, тчэ ўзоры ўсягусенькія. Караблі бяспечна ідуць па ім, моў твая, мама, Анелька; помніш, як ты палола лён, а я хадзіла па роўнай дарожцы, на каторай цвілі белыя густыя румянкі, і я іх расхіляла, каб не патаптаць.
        Гэтаксама карабель ідзе, белай пенай ваду разгортвае, яшчэ не адыдзе, а ўжо за ім вада спакойна спіць.
        Але як падымецца бура, страшна тады глядзець на мора, уся публіка ўцякае з берага, і я адна астаюся.
        Не гневайся, мама, і не бойся, бо мне нічога ліхога не стане, я люблю глядзець, я люблю слухаць, як хвалі стогнуць, шумяць, рагочуць. Усенек бераг заліты, скала, на каторай сяджу ў спакойную пагоду, тады недзе далёка хаваецца пад вадой кіпучай. Пена рве высокі слуп марской ліхтарні, здаецца, што зністожыла б яго, каб цемнату зрабіць і пасля свабодна гарцаваць па сярдзітаму мору.
        Але ліхтарня не падаецца, яна ўпорна кідае снапамі святло на мора, каб караблі, захопленыя бурай, маглі ўгледзець бераг і шукаць ратунку і прыстанішча.
        
Ніца
        
         Мамачка, варочаюся да цябе іншай дарогай і не чыгункай, а морам, кожную мінуту ўсё бліжай і бліжай да цябе.
         Мора цікавае, лётаюць белыя чайкі, падаюць грудзьмі на сіняе мора, падплывуць, зноў узнімуцца, ляцяць; выглядаюць, як тыя лілеі, што калісьці ў гарачцы мне сніліся.
         Помню, ты, мамачка, недзе плачаш, седзячы на канцы ложка, хачу я да цябе рукі выцягнуць, не магу – сыплюцца кветкі-лілеі
        мне на твар, на грудзі, на рукі, ужо поўнае ложка, сыплюцца на зямлю, устаюць, падлятаюць, ізноў падаюць...
        Каля мяне сядзіць жыдовачка з Гродны, ехала ў Амерыку, але забракавалі вочы. Не пытаю, чаму назад варочаецца такою крутою дарогай. Гледзячы на гэту дзяўчыну, мамачка, відна адразу, што лёс яе таксама круты, як і яе паваротна дарога. Яшчэ маладая, а будзе нешчасліва; чаму нешчасліва, не магу, мамачка, сказаць, як не магу сабе сказаць, калі прадчуваю сваю будучыню або як адгадваю яе іншым людзям.
        Мамачка, твая Анелька-чараўніца вернецца да цябе, зараз стане весялей у хаце.
        3 старой, згорбленай мамкі зробіцца вясёлая маладая мама.
        Вераб’ёў наляціць на наша падворка, сабака схудзелы прыб’ецца, кот-прыблуда замяўкае ля парога.
        
        
Трыест
        
        Мамачка, хачу нешта табе сказаць, але не паверыш так адразу пасля маіх лістоў, дай хіба вушка: мамачка, нідзе так не пекна, як у нас. Прымерам, калі седзімо мы з табою на нашым прыгорачку ў даліне, ля рэчкі, бягуць загоны сівага аўса, па ручаю ляжыць палоска бела-ружовай грачыхі, і ніжэй вусаты ячмень упіраецца пазалацеўшымі загонамі ў канюшыну. Або як бульба наша сінімі кветкамі ківаецца на сонцы. Чырвоныя шчаўі бягуць межамі. Мядункі, смалянкі, іскры гудуць пчоламі, купальскае зеллечка кругом пахне, сіняя мацярдушка ў купінах крые свае лекі, сардэчнікі чырвонымі ніткамі пераскакваюць ручайкі, а васількі ў нашым жыце.
        Тут іншая краса, там іншая, а ў нас, мамачка, яшчэ іншая – свая, мясцовая.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.