 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Талісман
Вершы. Публіцыстыка
|
Талісман, ты мяне беражы, Беражы, талісман, беражы, I на самым крутым віражы Затрымай на апошняй мяжы. Я так веру ў цябе, талісман! Я цалую цябе, талісман!.. Талісман, ты мяне беражы I мацьней да жыцьця прывяжы. На зямлі, дзе радзіўся і рос, Дзе паверыў аднойчы ў свой лёс, Не аддай у бязьвер’е і зман, – Ты адзіны мой бог, талісман!.. Талісман, ты мяне беражы, Беражы і яшчэ паслужы: На разьвілку дарог у глушы, Дзе бялее рушнік на крыжы, – Пераймі ад кашчавай ганца – Каб я песьню дапеў да канца
25.XІ.1993.
|
Сябры мае! Браты і пабрацімы! Я ўспамінаю вас усіх дабром. Калі ж прыедзеце ў мой край гасьцінны? Калі мяне запросіце ў свой дом? Чаго чакаем? Покуль нас зусім Не перасвараць злыдні-звадыяшы? Чаму ж як непрытомныя маўчым? Дзе нашы розумы і сэрцы нашы? Ці ж для таго, Каб жыць раздрай-разборам, Віталі мы свабоду ў добры час?.. Ня ведаю, як вам, А мне – дык сорам, Што я ня бачу і ня чую вас.
27.XІ.1993.
|
Вы ўсё – аб дэмакратыі? А дзе яна? Ну дзе яна? Што песьня не за кратамі – Ад сьвету не адзьдзелена? Ня ходзіць падканвойнаю? I не вісіць на почапцы? Што можа птушкай вольнаю Ляцець, куды захочацца? Чаму ж, стуліўшы крылачкі, Зьнямоглая, аціхлая, Пад шэлест нейчай выручкі Яна ледзь чутна ціўкае? I ўжо жыцьцю ня радая, Глядзіць на сьвет калекаю... А вы – пра дэмакратыю!.. А вы – пра волю нейкую!..
27.XІ.1993.
|
Ты кпіш з маіх пакут? З маёй бяды вялікай – Маёй і многіх? Што ж! Пасьмейся! Пахіхікай! Цябе ня мог працяць Разрыўны боль пякучы. Ты маску зьняў – і ўсё: I ўсе твае пакуты!..
5.XІІ.1993.
|
Кветкі маміны – вяргіні: Аж бел-чырвана ў двары! Ці не гэтым дарагімі Сталі мне вы з той пары? Пэўна, горкі, пэўна, кепскі Быў бы лёс мой, каб ня вы. Кветкі мамінай нявесткі. Сымбаль сьвятасці жывы.
12.ХІІ.1993.
|
Люся Шульман, мой сябрук-равесьнік Ты быў першы ў нашай Слабадзе, Хто... Я помню, як узбоч ад весьніц Ты ляжаў на жухлай лебядзе; Як цямрэлі ў роспачы слабодцы: «Ну за што? I што тут трэба ім?..» Ты быў першы... Па квітках забойцы Я тым летам мусіў быць другім. Ці анёл мой кулю перастрэціў? Ці сьцярог мяне мой зорны знак?.. Брат мой Люся, ў дзевяноста трэйцім Ты прысьніўся мне ня проста так.
12.XII.1993.
|
Вярнуўшыся з прагаліны лясной, Дзе сонечна было, нібы вясной, I сосны жоўтыя тым сонцам мыліся, I гурбы сьнежныя наўсьцяж іскрыліся, I хмаркі белыя, ну не інакш, Як з пашаноўнай думаю аб ім, Усё ў абмін плылі, усё ў абмін, Не засланілі сонца і на міг, – Я гэта бачыў па вачах дзяўчат, Вясёлых лыжніц, позіркі якіх Такім сьвятлом ясьнелі, што й цяпер, Вярнуўшыся ў свой пасмурны пакой, Я жмуруся – як быццам мне няўсьцерп Ад зыркасьці, і цяжкаю рукой Міжброўе заціскаю. I маўчу. Хто я ў сьвятле тым? – зразумець хачу.
12.XІІ.1993.
|
У слаўным горадзе Францыска, Дзе я сьвяткую сьвята Слова, – Твае вытокі і калыска, Твой лёс, пачаты звыш сурова. Вось тут ты, гордая ад роду, На плынь Дзьвіны штодня глядзела, I аб адным снавала крозу, I аднаго ў жыцьці хацела: Каб родны край быў вечна вольны, Ня знаў палону, ганьбы рабства; Каб твой народ, пракляўшы войны, У мужных сэрцах песьціў брацтва. I час настаў: зь імглы далёкай Нам зорыць дзей тваіх пачатак!.. Таму так молада, так лёгка I я хаджу тут, твой нашчадак. У слаўным горадзе Францыска Шапчу: «Жыве і не загіне!..» I ўдзячна кланяюся нізка Табе, прасьветлая княгіня.
13.XІІ.1993.
|
Я да сьляпой ня клічу помсты, Ды калі ўсё ж наступіць час – I выбух грымне векапомны, – Я шкадаваць ня буду вас – Вас, павукі, у кім апошні Праменьчык людскасьці пагас.
14.XІІ.1993.
|
З эпасу маленства
|
Штрых да біяграфіі
|
Зноў стужку памяці кручу – Гляджу сваё маленства. Як страшна хлеба я хачу! Калі яго наемся? Ці на двары стаіць паўдзён, Ці раніца, ці вечар – Чаму я так яму жадзён? Чаму галодны вечна? Вось адвячоркам на грудку, Дзе жніўны дух гарачы, Сястра мне сунула ў руку Малюсенькі акрайчык. Хоць пахнуў паранкай праснак I быў зямліста-шэры – Я і дагэтуль помню смак Сіроцкай той вячэры... Вось у дзічы, пад купай лоз, Ляжу цішком, як мёртвы. А цётка – о, шчасьлівы лёс! – Дае мне хрушчык з морквы. I я па трошачку зусім Адкусваю з-пад пальца – Каб як мага даўжэй мне зь ім, Даўжэй зь ім не расстацца... Куды ні ткнуся ў памяць тых Далёкіх дзён мінулых – Усё адзін і той жа штрых, Адзін і той малюнак. Зь ім да сівых дажыў гадоў. А ў старасьці пачэснай – Здаецца... скора буду зноў Жадзён скарынцы чэрствай.
23.ХІІ.1993.
|
Пракляўшы рынак безгаловы, Я ўспамінаю з болем наш – Былы, мясцовы, местачковы, Багаславёны фэст-кірмаш. О, колькі ён зьбіраў народу! I пачуваўся кожны там – Нібы прыйшоў па ўзнагароду Ці ўзнагародзіць хоча сам. Усё там сьведчыла пра сьвята, Усё высокі брала строй. Там кожны меў Хрыста за брата, А Багародзіцу – сястрой. Там кожны быў другому рады, Як свату сват, як кум куме. А прыніжэньня ці няпраўды Там не магло быць і на ўме. Сам Бог там чаркаю налітай Вітаў усіх і меціў знак. «Ну не прадам – бяды вялікай! Ну не куплю – пабуду так!..» Усякі торг любоў вянчала. Жыцьцё сьвяцілася ўваччу. А што за мова там гучала! Якую там я мову чуў!.. Не, гэта быў зусім ня гандаль, Ня продаж-купля душ праз торг. Была свабоды прапаганда. Быў выхад сэрца на прастор.
25.ХІІ.1993.
|
За ўсе свае памылкі і грахі Перад людзьмі і Богам, За тое, што, нібы сьляпы-глухі, З анёлам блытаў погань, – Кускамі сэрца кожны дзень плачу. Чаго ж, панок, кісьлісься? Падазраеш, што зьбегчы я хачу? Ня ўсё сплачу – баісься? Дарэмна! Мог бы ўжо і ведаць-знаць, Што я не з дэзерціраў I ад жыцьця ня кінуся ўцякаць: Сплачу да кроплі шчыра.
25.ХІІ.1993.
|
Які ўжо год цынічны зброд Спраўляе шабаш на экранах, У храмах тлуміць, як у крамах, Каб зьвесьці корань наш на звод. Які ні высьвечу канал, Любой парою, дзень-адодні – Крыўлякі, выхапні, падонкі Крычаць: «Канай, мужык, канай!» Каб без душы, бяз крыл, бязь сіл Я задыхнуўся ў гэтай багне I не пачуў, як гром бабахне – Той, што на ўвесь на небасхіл.
30.ХІІ.1993.
|
н.г. Ёсьць усё ў нас – I нават на здраду прычыны. Ёсьць за ўсё апраўданьне – За ганьбу, за зьдзек... А яшчэ – Ёсьць, на шчасьце, Такія жанчыны, Безь якіх Беларусь Не ўваскрэсла б вавек.
2.I.1994.
|
«Сыпце радасьць ім поўнаю жменяй!» – Гэты кліч я ўспрымаю праз боль, Бо дзіцячага сьмеху ўсё меней, А дзіцячага суму ўсё больш. Суму тых, што падобны на Бога, Калі ўсьмешкай адорваюць сьвет... Для каго ты патрэбна, свабода, Калі мы не ўратуем іх сьмех?
2.І.1994.
|
Так карупцыйна-мафіёзна У нас ідзе грабеж-разбой – Што мушу ў рэйку біць трывожна: Ратуйце, людзі, выбар свой! Ці вы яшчэ не зразумелі, Хто час наважыў асядлаць? Якія выпаўзьні усьселі На горб мазольны – кроў смактаць? Ці не відно ў цісках пагарды, Куды, зьмяніўшы колер фраз, Зьмяніўшы цэшкі і кукарды, Вядуць пярэваратні нас? Ці, звыкшы несьці крыж пакутны, Мы так і будзем жыць-цярпець, Пакуль наш дух, калісь магутны, Не перастане нават тлець? Дык не маўчыце ж! Станьце грозна Жывой сьцяной, у поўны рост, – I рушце ўсе, пакуль ня позна, За вольны край, за новы лёс!
14.І.1994.
|
Суд над ім учынілі, I ў тым паядынку няроўным Ён ад іх бараніўся як мог Словам праведным родным. Мовай маці-зямлі Ён прабіцца хацеў у іх сэрцы, Ды яго зразумець не маглі, Бо былі... іншаземцы: Ні адзін, хто яго Вінаваціў у цяжкай крамоле, Ані слова ў судзе Мовай гэтай зямлі не прамовіў!
26.1.1994.
|
Ну, вось і зноў засьведчылі Сваё нераўнадушша Мае сябры-дасьледчыкі: Узрушыў я іх дужа. Сьпярша адзін прымерыўся I ў гонг ударыў раптам: «Гэй, гэй! Паэт зняверыўся I здрадзіў дэмакратам!» Пасьля другі – прыслухаўся I першага паглыбіў: «Крывой дарогай рухаўся – Таму і ў песьні схібіў!..» Бадай вас качкі, хлопчыкі! Усё жыцьцё на крэслах Мазоліце вы копчыкі, Капаючыся ў тэкстах. I ўсё мой грэх знаходзіце – Як вось і гэтым разам... Сябры! Ня мне вы шкодзіце. Шчыруйце, добрым часам! Прыгнуты горкай ношаю, Я вам усё дарую – I ўсю лухту найноўшую, I ўсю лухту старую. I дзякуй вам, што ў пространі Скупой на сьмех эпохі Мяне сягоньня проста вы Павесялілі трохі.
13.ІІ.1994.
|
Сыны і дочкі матухны-зямлі! Вы бачыце, як сатанеюць тыя, Што ў нашых душах так і не змаглі Усьмерціць мовы зернеткі жывыя? I ад таго, што сёньня на сяўбе Мы марым пра жніво, пра песень копы, – Ажно равуць, выходзячы зь сябе, Гвалтаўнікі яе і далакопы. Ім мала ёй адмовіць у правах, Ёй – чыстай, зіхаткой, як сонца ў росах. Ім трэба ўнізіць, збэсьціць, апляваць, Пазьдзекавацца ў самы розны спосаб. Што ж! Дзіўнага нічога тут няма: Яны прывыклі мець на гэта права. Ім гэта можна! Хіба ж задарма Шануе, цэніць, любіць іх «дзяржава»? Ім можна ўсё! – Упэўнены яны. I нават мову камяніць астрожна. А нам што можна, дочкі і сыны? Ці думаеце вы: а нам што можна? Ці ў нас усіх правоў, што шапку зняць I подлы страх адкашляць перад п’яўкай: «Панок, дазвольце мне паначаваць У роднай хатачцы маёй, пад лаўкай».
19.ІІ.1994.
|
На чым ад роду ў род Праз доўгі-доўгі час Трымаўся наш народ? Вы – маеце адказ? Не, не на трох кітах. Не на слупах сямі. Народ наш у вяках Трымаўся на сям’і. На сьвятасьці яе Няпісаных зарук. На тым, што не дае Парушыць вечны круг. Што не дае сынам Па-над сумленьнем стаць – Старых бацькоў, як хлам, У дом убогіх здаць. Што ад дзіцячых сэрц Адводзіць блуд і гвалт, Пагрозу страціць сэнс I абярнуцца ў малп. Сям’і распад, сям’і – Прычына нашых бед. А ён настаў, калі Перакуліўся сьвет Калі на дол, да ног, Лягло сьвятло нябёс – I наш над намі Бог Пакрыўдзіўся да сьлёз. «Душу, – узьняў Ён перст, Зваліўшы на зямлю, Вы зрынулі найперш I ўгробілі сям’ю. Вось і кажу вам я: За годам сыдзе год – I гэтак, як сям’я, Разваліцца народ. Спадуць у пыл і прах, Пад нейчы феерверк, I ваш дзяржаўны сьцяг, I ваш дзяржаўны герб».
20.11.1994.
|
Прысьніўся ты гэткі – як помню З апошняга лета твайго: Ідзеш, учарнелы ад болю, З мальбою да сьвету ўсяго. Такі ў цябе змучаны выгляд Што болю і я не стрымаў. Ён – крыкам скрозь сэрца, навылет: Завошта нас Бог пакараў? Няўжо Ён ня мог запабегчы Хваробы падступнай удар Каб браў ты і сёньня на плечы Народнага лёсу цяжар? Належачы родным нябёсам, Ты бачыш, што робіцца ў нас? Няйначай як страцілі розум Нязваныя пастыры мас. Належачы роднаму долу, Ты чуеш, як нэтры дрыжаць? Стратэгі і творцы расколу Задумалі буру пажаць. З табою, хто лета па леце Трымаў нашу веру, як сьцяг, У гэтым растурзаным сьвеце Сьмялей бы глядзеў я ў прасьцяг. Сярод халуёў недалужных, Сярод пашлякоў і сквалыг, З табою, надзейным і мужным, Быў меншы б трывогі ўскалых. Пра гэта сказаць я рвануўся Табе, ды як водзіцца ў снах, Ты толькі балюча ўсьміхнуўся – I зьнік у натоўпе няўзнак.
|
Не, не бяда, што, як калісьці, Я не патраплю ўжо, відаць, На веснавую хвалю выйсьці I па-юнацку сьвет вітаць. Мне і таго зусім даволі, Што верыць сыну родны край, Што на бацькоўскім плодным полі I я ня лішні аратай. I што магу за вольным плугам Гукнуць, змахнуўшы пот зь ілба: Жывей, сябры! Ня падаць духам! Багаты плён нас дасьць сяўба!
20.V.1994.
|
Пагорак. Лагчына. Кусты. Курасьлеп. Рачулка і мосьцік. Дарога. Усё, што калісьці, Прыйшоўшы на сьвет, У спадчыну ўзяў ён ад Бога. Ад бацькі і маці. Ад добрых людзей. Усё, з чым адроду радніўся, У чым раствараўся душою Штодзень I ўрэшце зусім растварыўся. Хаджу па наўкольлі, Дзе ён сіратой Хадзіў, заварожаны сьпевам – То моладзі ў лузе, Вясьнянай парой, То жнеяк – у жыце дасьпелым. Гляджу, узіраюся... Толькі – дарма! Пагорак застаўся, ня зьнесьлі. А духу паэта – ня чую. Няма! Ні ў полі. Ні ў долі. Ні ў песьні. Усё, чым калісьці я сэрца гаіў Ад скрухі, ад лёсу разгадак – Усё абяздушыў, Усё амярцьвіў I вытравіў мудры нашчадак.
21.V.1994.
|
У сорак трэйцім выжылі, Ад ран крывёй сьцякаючы, У сорак шостым выжылі, Плуг на сабе цягаючы, А праз паўвека, старцамі У сытых хлеба просячы, Надзею выжыць страцілі Ад крыўды і ад роспачы.
22.V.1994.
|
Родная, мілая, любая! Сьвет заімгліўся журбой. Непагадзь страшная, лютая Нас не мінула з табой. Зь яснае пэўнасьці выбіла. Згасла вясёлка-дуга. Вочы праменныя выпіла Чорная скруха-туга. Мілая, любая, родная! Як ты далёка была! Як, непрытульна-халодная, Вечнасьць марудна плыла! Днямі пустынна-вятрыстымі Стыла ў самоце душа, Покуль, як лодка да прыстані, Радасьць да сэрца ішла. Любая, родная, мілая! Зноў я адчуў, што жыву. Ясьніцца далеч імглівая. Сьвет разганяе журбу. Холад далоняў ня выстудзіў. Сівер ня выдзьмуў цяпла. Д’ябал у Бога ня высудзіў Тое, што ты мне дала.
22.V.1994.
|
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|