 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Замова ад страху
Новая кніга паэзіі
|
Дзе мой Бог? Ён са мною. А храм? Храм мой там, дзе сьвятую імшу Правяць нашаю моваю, – там, Там я лекую сэрца й душу. З тысяч розных плямёнаў людскіх Бог для мовы, якую любіў Наймацьней, можа быць, ад усіх – Выбраў нас. Збаўца знаў, што рабіў. Што ж за магія тоіцца ў ёй – У мэлёдыях гукаў яе, Што такою шчымлівай сьлязой Узьбягае на вейкі мае? Нам ня дадзена знаць таямніц, Што вядомыя толькі Яму, І чаму так мілосна шчыміць У душы – я ня знаю, чаму.
2009, красавік.
|
Сямнаццаць ёй. Вясна. Дарога ў полі. Пагляд – за неба чыстае чысьцей. Дык дзіва што! Душу яшчэ ніколі Не ахінаў зьняверу чорны цень. У гэты ж час, няйначай прадпісана, І я іду вітаць свой весьні дзень. І мне сямнаццаць, і душу таксама Яшчэ не ахінаў зьняверу цень. І ад таго, што сонца льецца ў грудзі, Усім сустрэчным аддаю паклон. Я веру вам! І вы мне верце, людзі! Я жыць хачу пад вернасьці крылом! Я спраўджу ваш давер. Абавязкова! Таму зарукай – гэтая вясна. Хоць і ня знаю і яшчэ няскора Дазнаюся, што нейдзе ёсьць Яна.
2009
|
Век не забудзецца гэны зазімак. Ціхі, бязьветраны ранак у Мінску. Ціхае паданьне першых сьняжынак. Ціхія чары вачэй тваіх зблізку. Ціхія крокі па вулачцы ціхай. Ціха-нясьмелае рук дакрананьне. Ціхія словы і ціхія ўздыхі. Ціхае нейдзе цымбалікаў граньне.
29.IX.1983.
|
Спаткаўшыся з табой на люднай вуліцы, Пацалаваць цябе хацеў – ды так, Каб аж сьцямнелі дзецюкі ад зайздрасьці, Так, каб аж Бог зажмурыўся ад радасьці – За нас шчасьлівых... Ну, а ты? А ты Так грозна пальчыкам мне паківала, Так намякнула позіркам пра штосьці, – Што я ашлях і скіс... А Бог? А Бог Усё ж зажмурыўся, але... ад злосьці, І прабурчаў: "Ну й дурні ж вы абое! Ты – што збаялася, А ты... І ты – за тое!"
1985
|
"Як Бог на небе!" – пры выпадку Клялася мама, Каб людзі верылі, што ў словах Няма падмана. Я кожны раз успамінаю Бажбу сьвятую, Калі тваіх гарачых вуснаў Адданасьць чую. І паўтараю, нібы ў храме, Дзе йдзе малебен: Усё – хлусьня, а гэта – праўда, Як Бог на небе!
1988
|
І зноў палынная прыправа У чашы той, якую п'ю. А ўжо ж зусім ня маю права На міласэрнасьць на тваю. Калі і быў ліміт якісьці – Яго я вычарпаў даўно. Чаму ж бязвольна, як калісьці, Я выпускаю з рук стырно? І што з таго, што з разам кожным Мне ўсё цяжэй і балючэй Трываць прысуд бездапаможны Тваіх заплаканых вачэй.
1992
|
Ад сьвету стварэньня, адвеку вякамі Змагацца з прыродай людзей заклікалі. І сотні паэтаў уторылі хорам: Пакорым балоты! І стэпы пакорым! І пушчы з зубрамі! І рэчкі з бабрамі! Сьмялей жа рыдлёўкамі і тапарамі! Гані экскаватары, меліяратары! Усё перавернем мы к чортавай матары! Здавайся, прырода! Здавайся, прырода! У гонар прагрэсу! Для шчасьця народа! Прырода, ну што ж ёй? Прырода – здаецца. І ўжо ад прыроды сям-там застаецца Адзін успамін... Бо ці ж выжыць бяспраўна? У нейкай краіне дык нават нядаўна Быў кінуты заклік у страху панічным: "Паловім усіх вараб'ёў і панішчым! Калі не падвесьці пад лёсам іх рысу – Мы ўсе застанёмся бяз каліва рысу!" Аднак жа дурноцце пануе ня вечна. І сьвет схамянуўся: "Так нельга, канечна!" І новыя лёзунгі вывесіў храбра: "Шануйма прыроду! Прырода – наш сябра! Шануйма прыроду! Прырода адвеку Дарыла для шчасьця дары чалавеку! Хто губіць прыроду – той нелюдзь і злыдзень! З такімі мы ў сьветлае заўтра ня прыйдзем!" Ага! Ну вось гэта – праграма! Цудоўна! І мудра й дыхтоўна! Але... ці надоўга?
1970
|
Тым, хто тужыцца зьнішчыць беларускую мову
|
Вы, З патугамі вашымі Злобна-бясконцымі, Перастаньце Дурноту ў сабе растраўляць. Гэта ж вам Не паветраны шар з навукоўцамі: Гэта – мова! Слабо вам яе расстраляць!
1996, ліпень.
|
Страхалюднае чучала У суцэльна-бліскучых пагонах Патрабуе рашучага Павароту ў карысьць палігонаў; У карысьць тэрмаядзерных Установак і боегаловак – Паўтырканых і складзеных У палескіх барах і дубровах; У карысьць настальгічнага, Незабыўнага "сьветлага раю" І на зьдзек зь безаблічнага, З анемічна-бязмоўнага краю... Страхалюдзіна-чучала Ад нянавісьці лопнуць гатова – Ад злабы да жывучага, Да пявучага нашага слова. Толькі гэтым і дыхае, Толькі лютасьцю чорнай клякоча. З праімпэрскаю пыхаю Нізавошта расстацца ня хоча. І зямелюхну наскую Успрымаць без пачварнай натугі Можа толькі пад назваю Беларускай Ваеннай Акругі.
1997, чэрвень.
|
Мой паклон жыхарам Клецка
|
Мне сонечную вестку Прынёс эфір, панове: "Усе тры школы ў Клецку – На беларускай мове!" Падумайце вы толькі: У гарадах наводдаль – Дык беларускай школкі Ужо няма ніводнай. Усе паруйнавалі – Каб зь цемратой у сэрцы Саміх сябе ня зналі Няшчасныя "туземцы". А тут, у Клецку слынным, Народ, на зло вандалам, На ўсходзе дня сьвятлынным Пранікся Божым дарам. Усьведаміў да болю, Што толькі ў слове родным Ён будзе сам сабою, Шчасьлівым і свабодным, Што слова – гэта семя, Зь якога ў долах лонных Узыдзе мужных племя, Паўстане род нязломных. За гэту лучнасьць зь небам І з духам продкаў повязь – Кляччанам незьнямелым Я кланяюся ў пояс.
1997, верасень.
|
Калі хоць кропля гонару жывая Ёсьць у тваёй істоце, беларус, – Скажы: няўжо душа твая стрывае Над ёй, жывою, гэты гвалт-прымус? Няўжо й далей цярпець ты будзеш зьдзекі – Над горам Маці дзікуноў азарт? І прымеш стан нікчэмца-недарэкі, Які нічога сам сабой ня варт? О, братка мой! Якой віхурай-бурай Цябе ўзбудзіць, ускалыхнуць, падняць, Каб ты расстаўся зь немаччу панурай, Каб ты свой лёс у рукі змог узяць?
1997, кастрычнік.
|
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|