 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Хвіліна роздуму
|
Шырокім спэктрам вычуваньня Цябе я, слова, пазнаю. I смак, і пах, і гукаў граньне, I радасьць творчую маю, I розных хварбаў пералівы, I маладосьці эліксір, I залатыя нашы нівы, I жар, і неспакойны вір – Я ўсё тут бачу, адчуваю, Ствараю словам навіну. Я чую голас майго краю, Жывых эмоцыяў вайну. Узяць на смак, напрыклад, слова Такое горкае – «палын». Здаецца, вуліцай вясковай Настой травы паўзе паўз тын. А нехта цэдзіць слоў рыцыну. Ды ёсьць салодкія, як мёд... Цябе я, слова, не пакіну, – Люблю я твой крылаты ўзьлёт: Ты падымаеш чалавека I ў сьвет загадваеш ісьці. Ты лечыш хворага спрадвеку, Б'еш злога ворага ў жыцьці. I зьзяеш яснай бліскавіцай, I вееш цёплаю вясной... Вянком па сьмерці будзеш віцца, Гарэць агнём, жыцьцём і мной.
|
Роднай мовай я зноў, па прывычцы старой, Прывітаю жывую прыроду. Словы з гукамі створаць рытмічны настрой – У мастацтве чароўную згоду. Пабягуць ручаямі радкі з-пад рукі, Засьпяваюць аб сініх валошках, Аб Радзiме маёй, дзе зьвіняць жаўрукі, I аб мілых малых босых ножках. Памяць лепіць мне вобразы: летні начлег, I вячоркі, і мэндлікі ў полі. Там заўсёды бывалі забавы і сьмех, Забываліся клопаты, болі. Маладосьці мінулай маланка ўваччу. Смутак – хмарай. I шлях канчатковы. А пакуль я жыву – неспакойна хачу, У хаценьні цьвітуць мае словы. Мне здаецца, плыве ціхамройны туман, Белых прывідаў лёгкае цела. I я грэшныя вершы пушчаю ў той стан, Дзе каханьне яшчэ не сатлела, Дзе гараць пачуцьцём гэтым нават дзяды, Дзе гарачыя іскры і ў дыме... Я праходжу праз дым і агонь – праз гады. I душа мая там, на Радзіме.
|
Праз пакорныя цярпеньні I спякотныя пакуты На высокія ступені Вобраз выбраўся раскуты: Беларусь зусім ня тая, Як паэты апявалі; I прастора ня пустая, I сама яна ў крышталі. Ня сухенькія таполі, Не панурыя бярозы. Бэз у садзе, грэчка ў полі, Панад рэчкай – вербалозы. Клён клянецца каля хаты, Што на ім анёлаў крыльле, I яму каштан кашлаты Паліць сьвечкі ў пахкім пыле. А пад восень арабіна Прыбіраецца ў каралі. Пладаносная краіна У праменістым крышталі. Сонцам пешчаныя сьлівы, Вішні, яблыкі, ігрушы. Край гаротны, а шчасьлівы, Бо людзкія цешыць душы. Бяз хэмічнай апрацоўкі, Бяз мічурынскай апекі Нашы бэры і хунтоўкі Хай праславяцца навекі. Я пяю праўдзівы выснаў. Сввет прайдзі – нідзе, здаецца, Садавіны тэй карыснай Каштаваць не давядзецца. Хай было часамі пуста – Гадавалі сілы нашы Міска квашанай капусты I гаршчок бульбянай кашы. Той цаніць свайго ня можа, Хто сядзіць заўсёды ў хаце. На чужыне дні трывожна Нам прыгадваюць аб страце. Мы згубілі ўсё, што мелі. Але дух яшчэ трывалы – Звоняць струны ў нашым целе, Слаўных прадзедаў цымбалы. Прынясеце журавіны, Горыч смагі я ўтаймую, Абразок мае краіны Ў лятуценьнях дамалюю. Не кажэце мне, што ў пекле Беларусь мая счарнела, Што лясы і пушчы сьсеклі... Як была, так будзе белай. Я цяпер вандрую ўсюды I мне кожны край гасьцінны. Бачу дзівы, бачу цуды, Маляўнічыя мясьціны. Хараства багата звонку, Ды мілейшыя, прызнацца, Наша родная старонка, Наша песьня, наша праца.
|
Сыпле пахучыя зоры Бэзавы цьвет, і ў гальлі – Месца птушыных гамонак... Дзесьці паблізу ў разоры, Зьмятая скібкай зямлі, Сьціплая кветка рамонак. Бэз па вясьне адцьвітае, Пышных галінак аблом. А для рамонка на полі Лета – пара ня пустая: Вудзіць ён сонца паволі Тонкім падцятым сьцяблом. Прагне расьліна-калека Кветкай да восені жыць. Можа, на зёлкі, на лекі Ляжа ў вітрыну аптэкі, Каб памагаць чалавеку, I пасьмяротна служыць.
|
Душа распусьціцца ў пустэчы, – Тады згушчаецца туман, I ўсе зьвіняць навокал рэчы, Як недарэчны вечны зман. Тады над сьветам ілюзорным Чужая думка сном плыве. I верш карункам шматвузорным Зіхціць у цьмяным харастве. Хвіліна роздуму ў зацішшы. Я ў творчых муках трапяткі. Мая душа паэму піша, А я бяру ня ўсе радкі. I ліст паперы я камечу... Ня бачу радасьці ў радкох. Малюся шчыра, каб пустэчу Ператварыў у сад мой Бог. Той сад прыгожых лятуценьняў! Там сьпеюць песьнямі плады, Там дух імкненьняў і хаценьняў Непераможны, малады.
|
У парку казачная быль: Трава адзвоньвае трамваем, Матляе крылцамі матыль I краску ласкай спавівае. А дрэва шэпча... Так мой дзед Шаптаў набожна час малітваў. Ізноў, пачуўшы мілы сьвет, Я маладосьць маю распытваў: – А ці ня ў лес пайшла ў грыбы? Суніцаў сьпелых назьбірала? А мо здушыў цябе грубы Той культ эпохі цемрашала?.. Я перажыў з табой гады Трывогі, голаду і гора. Цяпер – паўторна малады – Спаткаў я сонца каля мора. Цябе, былая маладосьць, Вітаюць памяць і ўспаміны. Але і сёньня сілы ёсьць, Я маю палкія хвіліны.
|
Я гляджу на мілую маю I чульліва край мой пазнаю; У цябе бялявая каса, А я ў думках кужаль расчасаў. Мне здаецца, у вачох тваіх – Сіні цьвет валошак палявых. Ты ўзбудзіла песьняй мой пакой. Дзе-ж мая цьвярозасьць і спакой? Я хмялею ўцешна бяз віна. Ці ня ў гэтым ёсьць твая віна? Я укленчыў... Я з табой пяю. Бацькаўшчыну ў мілай пазнаю.
|
Я пазнаю ў вачох тваіх Мой сьмех далёкай маладосьці, Той сьмех яшчэ ў грудзёх ня сьціх. Ты памятаеш? Там – на мосьце... Мы там на Случчыне, калі Вясны зьвіваліся каралі, Лакцямi поручні гнялі I ў рэчцы нераст назіралі. Цьвіла няўрымсьлівая сінь, Яна здавалася густою. Там зіхацелі карасі Сваёю срэбнаю лускою. I мітусіліся ў вадзе. I тая хваляў таямнiца Аж праз гады да нас ідзе I Случ з дзяцінствам нашым сьніцца. I не забыцца як і мой і твой На мосьце сьмех гайдаўся. Была ад рыбiны нямой У рабаціньні скрозь вада ўся. Мы мелі свой утульны кут, Хаванку хітрую між паляў. Ня зналі злыдняў і пакут, Нырца давалі супраць хваляў. Плылі, плылі і даплылі... А берагі цяпер ня тыя. Дзе гоман роднае зямлі? Дзе нашы звычаі сьвятыя? I толькі сьмех яшчэ ня сьціх, Ён на чужым, на іншым мосьце... Я пазнаю ў вачох тваіх Мой сьмех далёкай маладосьці.
|
Вось ізноў загучэлі Струны віялянчэлі. Напамiнам званчэлі На далёкай чужыне Мне аб роднай сьвятыні, Аб пакінутым краі. На хвіліну здалося мне, Што вясна ў нашай восені Нам санату іграе. У блакітныя вокны – Дажджавыя валокны. Ды на шыбінах Завіваюцца, Раздрабняюцца, Разьлятаюцца Дыямэнтамі-кроплямі... Вобраз мякка пантоплямі Шамаціць па падлозе I чаруе паэта... Гэта – Радасьцi сьлёзы Адсьпяванага лета. Хай надвор'ем пахмурым Павявае над мурам, – Мне выбраньніца Усьміхаецца Добрай раніцай. I тараніцца Маё сэрца пачуцьцямі... Шмат вады ўскаламуцілі. А паэзіі мала. Сёньня мроіцца-сьніцца Залатая навала, Звонкіх слоў навальніца. У блакітныя вокны – Дажджавыя валокны: Кропля падае, На шкло падае, Сьлёзы радасьці Мне нагадвае. З іншай коціцца кропляю – Павялічанай, Цёплаю... I радкі на паперы, Нібы сонца праменыні. Бяз любові і веры Не гарэць у натхненьні. Ты са мной, дарагая! I паэма другая Нараджаецца, Афармляецца, Разьвінаецца... Вунь зьліваецца Кропля з кропляю дробнаю... Штосьці вечна-падобнае... Гэтак я, ты і словы – У адзіную вязку. Выйдзе верш адмысловы, Ператвораны ў казку.
|
Мой вечар сноў і ўцех, Дажынкі з роднай нівы! На пешчах плешча сьмех, Твой сьмех гарачы, кплівы. Сьмяешся ты, што лёс Малодзіць наша цела. Пачуцьці ўсе ўнахлёст, – Гарэзіць закарцела. Гарэзьлівым хвала! Я зноў табой угрэты... Ці краска адцьвіла? Ці адзьвінелі леты? Ці згінула руно Астрыжаных авечак? Няўжо і нам адно Паліць агаркі сьвечак? Ды сьмех твой, як шамкі, Рассыпаўся па хаце. Гады – не жабракі, Ня згублена багацьце. Як быццам і цяпер Тых вёснаў васемнаццаць Аберуч ашчапер, Каб мог і я сьмяяцца. I ў тзлескоп гадоў Глядзець на сонца толькі, Ды сьцерці пыл сьлядоў Старой самоты-болькі. Зьвярок жаданьняў лёг На радасьцi, на мукі... Нам соладка ўдваёх Пасьля даўгой разлукі.
|
Крыўда болем выводзіць крывую, Пакрываючы шчасьце журбою. А я слова бяру і чарую, Ходзіць сонцам яно над табою, Каб скрозь сьлёзы сьмяялася ты, Каб твой позірк быў чысты, сьвяты, З цяплынёю жаночай, з мальбою. Тое слова ў пакрыўджаным сэрцы Можа выпрастаць, згладзіць крывую. На канцэрце яно. I ў канвэрце. Гэтым словам цябе я чарую. Весяліцца прамень на сьцяне. Твая ўсьмешка ў высокай цане, Яна ў песьні. I я трыюмфую.
|
А няўжо я жаданьнем запозьненым Пазіраю у вочы твае? Iскры сьмеху красаеш ты позіркам, З гэтых іскраў пажар паўстае.
|
Я веру ў чыстае каханьне, Яно і ў справе і ў забаве. З табой мядовае спатканьне У снох, у думках і наяве.
|
За сілу пачуцьцяў, за сонечны сьвет Эротыку лае сухі пустацьвет. Нікчэмная лірыка! Сьпеў дзікуна Аб тым, што за цёмнай фіранкай вакна! Паклёпы растуць і рыхтуюць турму. I людзі маўчаць, не пярэчаць таму. Здаецца паўстала сьляпая пара – Яны пагарджаюць свайго песьняра. А нехта ўздыхае ў галоднай цішы: Ты – наш адгалосак. Ты – арфа душы.
|
Гэта ўсё, што ня мог і ня сьмеў я сказаць, Накіпела ў маёй неспакойнай душы. А ці варта імя дарагой выразаць На бярэсьце чужой і бязьлюднай глушы? Ці пакіну я мрояў няспынены рух? Маё сёньня ці ляжа ў стагодзьдзі мастом? Кажуць, стаў на вятры прыдарожны лапух, Б'е цьвярдую зямлю аблавухім лістом.
|
Нехта сорам за грошы прадаў, Заняпала павага жанчын: Абвівае танцорку удаў... П'юць шампанскае, віскі і джын. Вар'етэ вар'яцее пад джаз, Чадам кадзіцца бар-кабарэ. Юрам – дрыжыкі! дражніцца час, Позны час на свой пожаг бярэ. Ачмурае дурным хараством I мяне маладзіц чахарда. Гвалт сумленьня, душэўны надлом... У нудызьме сьмяецца нуда. I ламаецца ціхі спачын... Гэткай ганьбы у нас ня было. Мы калісьці у шатах ляшчын Мелі чыстай уцехі цяпло. Мы хмялелі з крынічнай вады. Бор зялёны, як ветлівы бар, Абуджаў наш імпэт малады, – Танцаваў з намі родны абшар.
|
Калі ў душы крычыць палітык, – Паэтаў голас нікне, гiне. I вершы вэрхалам агітак Пяюць партыйнай верхавiне. Баліць паэту... Доля злая Яму прысватала цэнзуру. Ён іншым полымем палае... I толькі ў чарцы сьпеліць буру. Ня тонкай віткай белых нітак, – Ён смольнай дратвай боль свой цягне... Крычыць і крочыць пан палітык, А сэрца ўпотай красак прагне.
|
Мне здалося: ў дзьвярах Тупат злога, чужога. Гэта даўнiшні страх I былая трывога. Гэта здань уначы Перажытага часу... Зноў лятуць крумкачы На мой сад, на тэрасу. Зноў пачуліся брэх, Стук і грук ля парога. Да дзьвярэй я падбег, Адчыняю – нiкога.
|
З далёкай поўначы сівымі Вярнуліся мае сябры. Пакуты вязьня разам з імі I сэнс раскрытай кабуры... Іх сустракалі на вакзале. Букеты кветак. Поціск рук. Тых рук, што сець на іх вязалі, Даносы ціскаючы ў друк. I крыўда скардзіцца нямая, Няма спагадных, дарагіх... Адных улада абыймае, Зямля чужацкая – другіх. I набліжаецца паволі Ізноў цяжкі, халодны змрок. Ізноў сябры мае ў няволі, I слова ўзята на замок. I не раскажуць аб нягодах, Аб тым, што тоіцца ў душы. Як ганьбавалі іх на сходах, На палітычным кірмашы. Як уначы аўтамабілі Іх везьлі ў роспачы, тузе, Як маладосьць і цьвет згубілі Ў глухой, бязьлітаснай тайзе. Маіх сяброў я разумею, Я чую іх... А злосны час У сьцюжу гоніць і ў завею Мільёны – непакорных – нас.
|
Хай ня будзе бязладзьдзя на добрай зямлі: Пладаноснай – спакой у падзяку, Каб на ёй, дзе руіны травой парасьлі, Ня было-б аніякага знаку. А злыбедай – выбух... Ізноў быльнёг выбег. Страх, якое прадоньне на люднай зямлі! Так, фатальнае тое прадоньне! Людзі космас – здаецца ім – перамаглі, А разьюшаны атам – на троне. А злыбедай – выбух... Ізноў быльнёг выбег.
|
На блудным балі блазнаў Сяброў я не знайду. Там кот дзьвярыма бразнуў I ўскрыкнуў какаду. I ўсе крывыя маскі – Аслы і бараны, Мурынкі, папуаскі, Русалкі, лясуны Прыціхлі, як ад бомбы, Глядзяць, як на пажар: – Здаецца, ты казлом быў, Цяпер адкрыты твар.
|
Гляджу я на тыя палотны, Дзе ў плямах уяўны абраз, Дзе талент аерам балотным Чакае, як Сёмуху, нас. Ён песьціў ідэю і трызьніў, На вуліцу вынес, на суд. У новым сьвятле – дальтанізьме Мастацтва паказвае цуд. Дзіўлюся. Ружовыя сьвіньні, Падпасак, як чорны цыбук, I выган засмужаны, сіні, I сонца – зялёны павук. Ёсьць мілае ў гэтым матыве I згадка дзіцячай пары. А вунь на запененай грыве Грамадкай сядзяць камары... Бялілы пусьцілі завею Ў рудую іржу-каламуць. I я мастака разумею: Ў балоце лілеі цьвітуць.
|
Сьвятло ламаецца праз прызму – Вясёлых колераў сьцяжкі... Паэт пад шыльдай мадэрнізму Хавае часам зрух цяжкі. Ён у свае радкі пустыя Ссыпае словы-медзякі. Іх выдае, як залатыя, Як скарб няведама які. Адно бліскучыя бразготкі Як боль заселі ў галаве. Верш бяз душы – напеў кароткі, На чулым сэрцы ня жыве. Дармо стараецца музыка, Нікога песьня не кране. I скрыпка ўсхліпвае бяз смыка, Дурэюць пальцы на струне. Струна скавыча, наракае: У словах сэнсу не знайсьці. ...Ці падабаецца такая Круць-верць у сьведамым жыцьці?..
|
Пяшчотных пачуцьцяў сасьпела маліна, Ужо разгараецца сьветлае пекла. I песьні зрываюцца з пругкіх трамплінаў, Каб слова дубовыя душы пасекла. Звычайныя душы ёсьць нават і ў мушак. Заростаюць душы густою травою... Мы сушым прысыпкай паэзіі смушак, А дзе тая вільгаць, што поіць жывое? Дзе тая крыніца з празрыстым струменем? Мы хочам напіцца, умытымі выйсьці, Каб кроў маладзела і сьлёзы натхненьня Зігценьнем казалі аб радасным прыйсьці, Аб прыйсьці таго, што жыве ў лятуценьні... Уяўнае станецца хай асалодай, I ўцешна, як дзецям кітайскія цені, Прадставіцца літаратурнаю модай. Наш дух не ў палоне, і розум ня скуты. I музыка з рызыкай сэнсу і гукаў. Там космас – дзе гінуць зямныя пакуты. Пратэст у замкнёную браму застукаў. I тыя, што маюць звычайныя душы Ня ўсё разумеюць, ня чуюць так чыста. Тут нехта спакой вольнай думкай парушыў: Сьмяецца, сьпявае, крычыць урачыста. Абстракцыя ў практыцы. Значыцца, будзе Яна задавольваць мастацкія густы. Стаіць хараство і ў утончаным блудзе Далёка ад розных рэклямаў распусты.
|
Гітара бездакорная I пад рукой пакорная, – Гавайская, гавайская. Душа на струнах райская. Гавайская гітара гудзе вясёлым енкам. Трымценьне струнаў, траваў, рук, постацяў, вянкоў. Іграе сонца ў танцы. I зыбленым каленкам У такт вуркочуць хвалі, далоні маракоў. I гукі ў заціханьні... Падобна – на жалейцы Мой край сьцінае смуткам збуцьвелы злы бур'ян. ...Гавайская гітара галосіць і сьмяецца; Здаецца, наша гора сплывае ў акіян. Ласкава і гульліва гітара сны рысуе, I трызьніць і сьпявае ў трывожнай цішыні. Танцуюць і трапечуць, як матылі, красуні. I тонуць ліхалецьці ў завеях цяплыні. Убоства пахавалі палёсткі архідэяў, Дзявочыя усьмешкі і косаў чорны вір. I скача захапленьне на вогнiшчы ідэяў – Дзівоснае, жывое вядзе ў спакой і мір.
|
Намі ўсё ўспрымаецца па рознаму... На абрусе – з цукрам сухары. А яна мне гнеўна і бяз розуму: – Што за пачастунак, чорт бяры! Гэта ці ня музаў тваіх выбрыкі? А раскоша прыйдзе ў дом, ці не? Пiшаш вершы. Верыш... Маеш вынікі? Ці-ж твая прадукцыя ў цане? Анічога – ні жыцьця шыкоўнага, Ані зерня шчасьця не здабыў. Ты ў гучаньні вобразу чароўнага, А мой сказ наўсуперак грубы: Мы жывем, як тая пацярушына, Што ў праменьні сонца з-пад гразі. Горкаю гаворкаю уэрушаны, Я прашу: "Сухарык пагрызі".
|
Ім далі бязьмежныя правы, Ім – заканадаўцам новых модаў. А яны праводзяць шлях крывы Ў звычкі і традыцыі народаў. Пачалі наш белы сьвет чарніць... I чаго цяпер не нарабілі! Прыдушылі душы чараўніц, I мужчыны ў муках і ў бясьсільлі. На мадэлях новых дзікі зьвiх, I – фасон сарочкі! Мо з Гвінэі? Ці з прычыны клопатаў якіх? Ці як вынік выклятай ідэі: Распрануць і вырваць у кабет Сарамлівасьць і самапашану? Сёньня мілым паказалі сьвет – Сьвет распусты, грубасьці і зману. Так няўзнак пакрыўдзілі мы іх. Галізна, як той тавар на рынку, На паказ, на меркаваньне ўсіх... Гэта сьмех ідзе на вечарынку. I скупы натоўп прынадных ног. Уваччу – і шулы, і крывулі. I няма ні палу, ні трывог, I пачуцьці ў холад патанулі. I паэт ня бачыць хараства. У яго аголенае слова. I яно, як жорсткая жарства, Шаргаціць бяздушна і сурова. Дзе жывая лірыка твая? Дзе паклон твой нізкі ў прывітаньні? Хто і ў чым састарыўся ўдвая I ня мае шчырасьці ў спатканьні? Дзе твой палкі шэпт, гарачы дых? Дзе пяшчоты поступ дабрачынны? ...Не тапчэце шчасьця маладых, Не крадзеце радасьці ў мужчыны! Палатном укрыйце маладзіц, Аксамітам, шоўкам ці паркалем. Мы ня хочам цела верадзіць, Мы агню апошняга ня спалім. У японак бачым кімано, У індусак доўгія спадніцы. Прычыняюць сьветлае акно Ад чужых паглядаў аканіцы. I расьце цікавасьць. I ў той час Захапленьні, прагнае жаданьне. I хвалюе нас, і цешыць нас Годнае, народнае убраньне. А яно нязьменнае было, Чыстае і сьцiплае, да пятак. I каханьне ціхае цякло, Аднаўляўся радасны пачатак. Так спрадвечным стаўся той уклад. Хай мінецца час шматка-сукенкі, З-пад якой, бадай, на добры лад Выглядаць ня мусілі-б каленкі. Хараству жанчын – закрыты сход, У пакровах цнота нас вітае. Гэту мудрасьць выпесьціў Усход. Там жанчына ходэіць, як сьвятая.
|
Вуліца вяліцца. Дым і дамы. Вуліца пыліцца, Вузьліць вугламі, Прорваю валіцца ў грукат. А мы – Душы на мыліцах, Сунемся самі Ў гэтае пекла, дзе туліцца Тлусты закураны тлум. Вуліца! Сёрбаеш, вуліца, Гора ці радасьці шум? Ці плошчаў плач? Вуліца гораду! Вуліца-блудніца, Нам растлумач.
|
Аўтар з марамі: Аўта-аварыя! Аўтамабілі Фары пабілі... А пад фарамі? Аўтаматы таматы душылі... Шум машыны. Шоргат шыны. Піск мышыны... Аўтамабілі Веру забілі.
|
Літара «У», чаму Стаіш на аднэй назе, Падняўшы рукі ўгару? Воўчым выцьцём грызе Восеньскую пару Доўгае у-у-у! Сумны, тужлівы гук. Роспач паднятых рук. I я далоні ўзьнiму, Трымцеючы: – У – У – Усявышні, чаму Ў мове так поўна «у»? Чуюцца ў словах сум, Смутак, пакута, глум. Гулка гудзе струна: Скруха, згуба, труна... А ёсьць і сузорны рух – Музыка, мудрасьць, дух.
|
Карузэляй дзень дагарэў. Сьмех і вясёлы крык. I кружыліся кроны дрэў, Тата ў натоўпе зьнік. Захапляюцца дзеці Ў кругалётнай карэце: Глядзеце, глядзеце, Вунь тата!.. Ў бэрэце! А я ціхутка Стаю ў мінулым, Кружуся смуткам На слове чулым. О, дзеці! хутка Прыціхнуць гульні...
|
Я ў музэі, а там фарызэі – Гіды – жывяцца словам завучаным, Экскурсантам шрубкі закручваюць. I старанна каравай анучынай Біты быт прыкрываюць і раны. Мне балюча. Іду пакараны – Вечны вучань – пакорны, рахманы. Гіды згодныя з гідкім зманам, I сумленьне хіба ня грызе іх. Сьвет звужаецца нудна ў музэі I здаецца малым, паламаным. ...Я ня слухаю вас, фарызэі!
|
Малы праменіцца экран: На ім бушуе акіян. Ірве праменьня валакно. Вялікі сьвет плыве ў вакно. Чаруе, надзіць ён мяне. Я сёньня бачу ў тым вакне Маё вандроўнае жыцьцё I пасьмяротнае быцьцё.
|
Хацелі ў таямніцы Вучоныя сычы Жывой вады напіцца I сьмерць перамагчы. Дрыжачымі рукамі Хапалі з нябыцьця I філязофскі камень, I эліксір жыцьця. Ідэя ў лятуценьні! Няма жывой вады... Дарэмныя імкненьні Быць вечна маладым. А камень мудры ў змане. Ён пацяшае тым, Што медзь хвальшыва гляне Кавалкам залатым.
|
Пачынаюцца ў сьвеце цудоўныя спробы: Трансплянтацыя сэрца, мазгоў і вантробы. З перасаджаным сэрцам, з чужымі мазгамі Ці пазбавіцца сьмерці, ці выйсьці багамі? А пачуцьці і розум няўжо-ж пад пінцэтам? Цуд пад вечным марозам і страшны пры гэтым.
|
Горад. Там шмат дарог. Гонар. Атара ног. Маса. А сам Я аматар. Трата мая – Сачу час. I марамі Я сунуся: Я – і лаза і азалія.
|
Шчодрасьць – сіла. I з гэтай прычыны Чэрпай радасьць ня з іншых, з сябе. Сьпее добрае зерне ў сяўбе. Сьмех дзіцяці і позірк жанчыны, I расчулены голас бабулі, I гаротніка поціск рукі... Значыць, босае шчасьце абулі. Значыць, радасьць бяжыць напрасткі.
|
Зялёныя прапэлеры кляноў, Як матылі ўскружыліся ізноў; Крылатае малое шкумацьцё Нясе насеньне... Зерне – у жыцьцё. За грунт зямлі чапляецца яно. А прарасьце мо з тысячы адно.
|
Гэтак станецца... Вочы заплюшчым свае, Мы іх рана ці позна заплюшчым. Будзе вечная ноч. Тая ноч не пяе Ні прасторам жытнёвым, ні пушчам. А пакуль што кароткія ночы... І ў іх Абуджэньні і сэрца малебны. Мы чытаем, Мы бачым уласны свой штрых, Маем радасьць. I сум непатрэбны.
|
На маленькай прыкрай плямцы Засьпявала навіна. Патанула моль у шклянцы Балеарскага віна. Крылцы лёгкія прысталі, Лёг драбочак спарыша. На рубінавым крышталі Молі моліцца душа. Мне шкада слабой істоты. – Шкодзіць? Вопратку псуе? Чыняць большыя турботы Людзі быццам-бы свае.
|
Сьвет прыгожы – не варожы, Ахвяруючы яму Дарагія падарожжы, Ўсё я сэрцам абыйму. I на цёплых паваротах Адпадуць туга і млосьць. Я ў вандроўках і палётах Аднаўляю маладосьць.
|
Барані мяне, Божа, памілуй. Адвядзі ад злавесных вятроў. Дай мне песьні, і радасьці з мілай, I ў дарозе адданых сяброў.
|
Дарагая соль быцьця... Адчуваю боль біцьця, Абмiнаю золь ныцьця. Больш любові, пачуцьця.
|
Змагаўся Давід з Галіяфам і злом, А Я гатоў ісьці за Давідам. Я – сіла З розумам і хараством, Арыгінальны Я індывідум. Я ўціснуты ў слова, хварбу і гук, У зьлепак, разьбу, нават абрубак. Я – гэта сотні і тысячы рук, Розумы, Зьлітыя ў адзін кубак. Ад семя, ад зерня, ад плоці – Я... Сям'я! I ўсім – Я, Я ганаровы. I ўсё тут маё, і зямля мая, I словы мае – шчыт і пакровы. Бароніцца Я ад шэрага Мы I выстаўляе свой талент масам. Я – гучнагалосы, Я і нямы, I ўзьняты, I зганьбаваны часам. I ў космасе Я, I на морскім дне, I ў дыханьні жывым, нясуцішным. Душа-бунтарка пярэчыць мане I хвалюецца даўнім і прышлым. I кідае ўладна яна: Я на! На сьвеце Я Хай будзе ў пашане. У кожнай прачулай душы вайна, Пратэст і крык, і енк, і маўчаньне. Я – выбраны твор. Я – выразны твар. Даецца дар і шмат і патроху. Азъ есмь Господь. Я Гаспадар. Я з братнім Я Ствараюць эпоху.
|
Мастацкае слова, Маўлянае міла – Ад ліха замова, Чароўная сіла. А з роднае мовы – Гаючае слова: Як росы на травы, Як сонца на пляжы, Як позірк ласкавы. Нядолю разьвяжа Магутнае слова, Уцешнае слова. Я чую размову I подых вясновы, I цёплыя словы: Бывайце здаровы! ...Кладзецца ў аснову Мастацкае слова.
|
Сасьпела слова сакавітае, як сьліва. I слава – слову, сіла у якім. Няхай гучыць яно прыгожа і шчасьліва, Бо шчыры Бог у роздуме маім. Бог хараства, дабра! Бог мрояў і каханьня! Натура не захутана ў халат. Прыймаю прымхі, радасьць сьветаадчуваньня I чары слова, і напеўны лад. Нясу я слова ў сьвет. I сам я ў слове новым Знаходжу захапленьне, сэнс жыцьця. Жыву – пяю. Я – ў коле каляровым Маіх пачуцьцяў, думак, адкрыцьця.
I Як-жа я верш напішу, Калі пачуцьці нямыя? Слова – сьвятлом у душу Хлыне і цьмянае змые. Шэрыя плямы зьвядзе, Шчырасьць ушыркі разгорне. Не падвядзе і ў бядзе, I запяе на валторне. Слова галосіць, і гук Просіцца ў літары-знакі. Слова працуе бяз рук, Сьвету прыносіць прысмакі. Горка. Салодка. Растуць I хваляваньні, і мукі. Чыстае ці каламуць? Простае ці ад навукі? Часам ад сэрца ідзе Слова з любоўю, настроем. Але-ж чуваць дзе-ні-дзе Брыдкае, з бросьняй, пустое. Слоў расьцярушаны хлуд: Добрыя, мілыя, злыя... Словы! Лаўлю гэты цуд Нератам думкі з імглы я. Вечны нязьведаны рух Творыць істота жывая. Слова – матэрыя? Дух? Цела ці здань гукавая? Як мне яго зразумець? Як з ім прыгожа зрадніцца? Слова патрапіла ў сець. Звоніць жыцьця таямніца.
II Як мне яго зразумець, Зьведаць у межах закону?.. Слова патрапіла ў сець Радыё і тэлефону. Слова бяз крыл і бяз ног Сьвет абыймае, праходзіць Безьліч нябачных дарог, З гукам чужым карагодзіць. Музыка, сьпевы і звон, Розныя лёзунгі ў масу Ўзятыя сёньня ў палон Тэхнікай бурнага часу. Гукі мы ў рукі ўзялі I павялі закілзаных. Плешчацца песьня зямлі – Блізкіх, далёкіх, нязнаных. Чуем і голас таго, Хто ўжо даўно ў дамавіне – Гэта уцеха з тугой. Песьня жыве і ня гіне, Выйшла з навеяных сноў, – Б'е, працінае прасторы. Круціцца шпулька... Ізноў Гукі старыя ў паўторы. Гукі лятуць у эфір. I ўжо ня вусны ў размове – Бурны, народжаны вір З ціхім прышэптам на слове. Слова ў пакоі маім Зьнекуль глушылі наўмысна, А падалося важкім. Пільна паслухаць – карысна.
III У цішыні кагадзе Ўспыхнула думка-маланка: Космас сьпявае, гудзе – Гукаў і слоў саматканка. Тысячагодзьдзі прайшлі Грукатам, сьмехам і плачам... Сёньня на нашай зямлі Слова ня ў зрэб'і жабрачым – Моцнае і ў харастве, I на высокім узьлёце. Слова ў ракеце жыве, I прабягае па дроце. I ў падзямельлі яно, I паміж зорак зьнямела. Я пазнаю ўжо даўно: Слова – спрадвечнае цела. Добрых і гідасных слоў Процьма ў сусьветным змаганьні. Гул на мільёны вузлоў, Гукі ў чароўным ваганьні. Зданямі, мроіцца мне, Кружацца ў вечным блуканьні. Добрае слова кране – Будзеш здаровым, у зьзяньні. Ды апануюць калі Брыдкія словы кагосьці, – Цяжка таму на зямлі, Лезе хвароба у косьці. Гукі – і лекі, і труць. Гукі эпохаў і эраў Дзесьці лунаюць, лятуць. Я гэтай казцы паверыў. Прыйдзе ў наш век гукахват, Дзіва пакажа вучоным. Зробіць, складзе апарат I назаве архафонам. I апарат-чарадзей Мовай старой загаворыць. Словы вялікіх людзей Зловіць і ўголас паўторыць.
|
Я прыходжу ў захапленьне, Калі ўсё сьпявае ў лад. А маё цішком сумленьне Мне дае такі загад: – Ты глядзі на верш прыгожы Вокам крытыка-судзьдзі. У радок – Пракрустаў ложак – Слова моцнае кладзі. I няхай балюча вершам, А таксама і табе, Ды затое выйдзеш першым, Як бахматка на вярбе. Дзень вясновы, вялікодны. Рунь і ў думках і ў палёх... Дай-жа Бог пачатак годны I шчасьлівы эпілёг.
|
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|