РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ганна Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сумёты агню
1
*  *  *
Давай пагутарым, Паэце,
Cашлем маркоту … у Сібір!
Здаецца, спяць усе на свеце,
Мы ж баламуцім гэты вір.
 
Халодна. Ноч. Цягнік. …Як зорна!
Купэ асветлена ледзь-ледзь.
Не супакоіць дух вандроўны,
Праз змрок густы ляцець, ляцець.
 
У шклянку кіпень, Lipton, цукар
І бразнуць лыжачкай… Цішэй;
Размовы нашы, спрэчкі, гумар
Не для аўтсайдэрскіх вушэй.
 
Накрэмзай верш мне на сурвэтцы,
Апошнім стрыжнем напішы.
Пра тое, што ў цябе на сэрцы,
Што надакучылі дажджы,
 
Што Муза зноў кудысь зваліла,
Што хочаш аднаго — тварыць…
…На спіне шнары. То ад крылаў.
Я ведаю: табе баліць.
 
 
 
 
Світальны фрэш
Калі забуяе знявер не на жарт,
У бездань пакліча —
Хадзем у світальны заснежаны парк
Па шчэбет сінічы.
 
Хай сонца складае сінквейны для нас
Аб нечым, аб вечным.
Забудзься, што ўвосень па сцежках не раз
Адзін атумечыў,
 
Што рытмы цягнік дыктаваў цішыні —
Мінорныя ноты,
І ледзь патыхала ад волкай зямлі
Дажджом і лістотай,
 
На зорках настоены хвалі былі;
І, мост адштурхнуўшы,
Не раз нырцаваў у халодную глыб
Па нечыя душы…
 
Хай шчыпле і пальцы, і твар халадок,
Хай шыю казыча.
Хадзем  на світанні па шчасця глыток
І шчэбет сінічы.
 
 
 
 
Запавет
Вазьмі асадку і пішы
Насуперак вятрам і змроку.
Ты не адзін ў імгле глыбокай,
Вазьмі асадку і пішы.
І розгалас нясе далёка
Малітву змучанай душы.
Вазьмі асадку і пішы
Насуперак вятрам і змроку.
 
 
 
 
*  *  *
Хай заўтра будзе шэра. Што ж,
Твая пара, нястрыманая слота.
З зямлёю неба зноў знітуе дождж,
І ў думках запануе адзінота.
 
Хай будзе заўтра… Вечар, пачакай,
Я замалюю ў памяці імгненні:
Цяпельца. Спевы. Камарыны рай.
І зораў таямнічае мігценне.
 
 
 
 
*  *  *
Праз сотню дажджоў задухмяніцца восень
І рэкі ліхое цячэнне суцішаць.
Хтось зноў паклянецца быць побач сто вёснаў,
Каб некалі кінуць сам-насам у цішы.
 
А вечар сароміць да чырвані дрэвы,
На іх крумкачоў незлічонае мноства.
Вы заўтра не пусціце ў дом у залеву,
А сёння п’яце брудэршафт за сяброўства.
 
 
 
 
*  *  *
Пра восень шапталі старонкі,
Шапоткім быў кожны твой крок.
Фрагменцік пергамену волкі —
Між аркушаў светлы лісток.
 
На шэры асфальт апускаўся
За дробным дажджом наўздагон.
І пазлам святочным здаваўся,
Мазаікай восеньскіх дзён.
 
 
 
 
*  *  *
Ахрыплы голас звонкай цішыні.
Дыханне апякае халадэча.
У шэрай слоце патанулі дні,
Спавітыя тугой нечалавечай.
 
Асфальт лістотай жоўтай не сагрэць.
У лужынах канае ціхі  шэлест.
І ёсць спакуса ў вырай паляцець
Ці слухаць, як спявае дзікі верас.
 
У парку змрочным не будзіць слядоў
І ледзь не растварацца у тумане.
Страсаць самоту з плеч. І зноў, і зноў
На памяць пералічваць кволых зданяў.
 
У цёмных хвалях загасаць лістом.
Сцякаць з галінаў. Верасню не верыць.
Люляцца на вятру. Збраць аскепкі сноў.
Стаць клёнам і знікаць у змроку шэрым.
 
 
 
 
Сумёты агню
Назьбіраць спалымнелых лістоў —
О спрадвечны кастрычніцкі клопат!
Крочыш ціхай алеяй ізноў
Пад навязьлівы шэпт адзіноты.
 
Далячынь апранула туман,
Бы стары і паношаны швэдар.
Ад спакою ўратуе падман,
Ад сьвяточнасьці — прыцемак шэры.
 
А пасьля будзе дождж. Назаўжды
Ці на некалькі дзён — невядома.
І на хвалях загаснуць сьляды,
І імгненні асыплюцца долу.
 
Каб праз сотні дажджынак — ня менш —
Засмуціліся думкі употай.
І азяблы кастрычніцкі верш
Грэўся ў яркіх, стракатых сумётах.
 
 
 
 
*  *  *
Ахіні мяне, восень,
Лістападам, дажджамі.
Паміж хмарамі просінь,
Туманы на світанні.
 
Дай свабоду мне  плыні,
Адпусці мяне з голля…
…Палымнею ад стыні….
Палячу!
                Ды не сёння.
 
 
 
 
*  *  *
Простыя словы,
Простыя рэчы.
Зноўку на горад
Спусціцца вечар.
 
Сціпла павісне
Месяца коска.
Злепіцца існасць
З цёплага воску.
 
Насцеж акенца
Для цемры і ценяў.
Смутак у сенцах,
Агню шапаценне...
 
 
 
 
На іншым канцы лістапада
Аловак ламаецца з трэскам,
Лянота і слота хвілін…
Партрэты ў пакойчыку цесным,
Дрыготкія цені галін.
 
Духмяны букет хрызантэмаў
І свечка. Бадай гэта ўсё,
Што ломіцца ў вокны са сценаў,
Каб месяца слухаць выццё.
 
Між сквераў,праспекта і плошчы,
Дзе згаснуў апошні ліхтар,—
Туды, дзе Сож зоры палошча
І мроіць асілак-вясляр.
 
На самы высокі узгорак
Забрацца, бясконца глядзець,
Як спіць абсавечаны горад
І поўня ўсміхаецца ледзь…
 
…І раптам зусім недарэчна
Трывожным званком прыпячэ
Далькажык! — адзіная рэч, што
Яднае ужо і яшчэ.
 
Сем кнопак націсні заўзята.
Святла — ні ў адзіным акне.
…На іншым канцы лістапада
У слухаўку скажуць:”Але…”
 
 
 
 
*  *  *
На горад наш, суздром пазбаўлены агню,
Нібы квіток на архаічную іголку,
Наколе прыцемак сухую цішыню,
Самотна рушыць зноў няўцямным лёгкім крокам.
 
І ты заўваж праз сто імгненняў, ты заўваж
Пад грукат колаў мерны ў цягніку таропкім:
Гуляюць хмары з поўняй, нібы ў мяч,
І тая крышыцца на дробненькія зоркі.
 
Хай срэбнай куляй шпаркі дождж праб’е вагон,
Астудзіць чай з лімонам, кіпневыя думкі.
…Табе разгублена ўсміхнуцца наўздагон
І паляцяць далей у іншым накірунку.
 
 
 
 
Поўня
Не больш чым блішчастая кнопка
Прышпільвае ноч да зямлі,
Каб сны праглядалі таропка
І крылы ў іх мераць маглі,
 
Каб ты на прасторах рунета*
Чытаў графаманствы — і кпіў,
І спраўна шукалі паэты
На донцах бутэлек радкі.
 
 
 
 
*  *  *
Не падзялілі блогеры рунета,
Сышліся ў перапалцы на ЖЧ.
Дагэтуль яны сварацца яшчэ —
Не падзялілі блогеры рунета!
Сарказм, іронія ракой цячэ
(як добра — толькі ў межах інтэрнета).
Не падзялілі блогеры рунета,
Сышліся ў перапалцы на ЖЧ.
 
 
 
 
Эцюд
Спажыўцы інфармацыі
Патанулі у сеціве.
Цені цемру абмацвалі,
Ды мяне не прыкмецілі.
 
І з дажджовымі кроплямі
Цішыню смакавала я,
Як пацеркамі дробнымі
Яна з прыцемкаў падала.
 
Спалі вершы і вірусы
У кампутары змучаным.
Вецер здзьмуць зоры сіліўся
У сцюдзёныя лужыны.
 
Згаладалымі пашчамі
Хмары поўню надкусвалі,
І зязюля час лашчыла
У драўляным дамку сваім.
 
 
 
 
*  *  *
Давайце канатную зладзім дарогу
Ад прыцемкаў шэрых да ранішніх зорак:
На атумкі часу трацім замнога
Праз поўню і бессань, самоту і сполах.
 
Ну што, рызыкнем? Бо хто не рызыкуе —
Вядома ж, не п’е, Мендэльсона не танчыць.
Смялей адштурхніся! Яшчэ нас пачуюць,
Як сонца абсягі залье памаранчам.
 
Пабачаць! Пачуюць! І нат зразумеюць,
Хай заўтра, не сёння…пазней, ды калісьці!
…Зноў вечар…Заспаміць сябрыну надзеяй
І ў парку паслухаць, як жаліцца лісце.
 
 
 
 
Лісток
У кнізе забыты лісток
Яшчэ помніць цёмныя ночы,
Калі сад стары кожны крок
Усмоктваў, да шуму ахвочы.
 
Як яблык апошні нырца
Даваў, як у вір, у сумёты,
Касцёр дагараў да канца,
Самоціўся месяц употай.
 
Як ліпнуў туман да бакоў,
А вецер уводзіў у сполах…
Зляцеў. І прытулак знайшоў
Між цёплых шапоткіх старонак.
 
 
 
 
*  *  *
Думак забытых, скамечаных рэшткі
Ты пад падушкаю знойдзеш уранні.
Шмат разоў крэслены.  Воскам ад свечкі
Капае поўня. Аблокі, бы здані.
 
Аркуш упусціш, рукою не зловіш,
І белыя рыфмы пасыплюцца долу.
Час іх патрушчыць, калі не адновіш
Уласны рэцэпт ад маральнага скону.
 
 
 
 
Атлянтыда
Туляецца змрок без патрэбы
У склепе закінутых думак.
Самлелае  нізкае неба,
Антэны высмоктваюць смутак.
 
У прытарным фальшы-фаворы
Дзень новы адзначан бязволлем.
Тут кожны жыве апрыёры
І ў сеціве тоне павольна.
 
Тут трызняць спакоем балотным,
Тут кожны — і кат, і ахвяра.
І здраджваюць марам ахвотна,
Сумленне танней за даляры.
 
Тут шал абурэння і гневу
Усмоктаны прагнаю багнай.
Тут самыя сумныя спевы,
Тут самыя тлумныя жарты.
 
Тут свята мяшаецца з горам,
Суседа сусед не пачуе.
…І крыўдай забытаю мора
Ля сценаў ля самых бушуе…
 
 
 
 
Атрэсці з крылаў луску
Нібы косткі са смажанай рыбіны,
З дум
Адбіраюць свядомасць.
Толькі вер: ані здзекі, ні кпіны, ні
Тлум
Душаў нам не спустошаць.
 
Мы не рыбы з халоднай крывёю, не
Нам
Заплываць у мярэжы.
Хай смяецца над нашымі мроямі
Хам,—
Адно праўду рэжам.
 
Дэманструйце ж з запалам
Вы свой
Прыстасавальніцкі нораў! —
Ды адно вашы душы запалім
Святой,
Забытаю мовай.
 
 
 
 
Мова
Распляжылі. Патрушчылі.
Знявечылі. Забыліся.
Аскепкі неўміручыя
Усё-ткі зліцца сіляцца.
 
Пакуль не могуць. Множацца
І ў сэрцы колюць дзідамі.
Аж покуль дыхаць можацца,
Не забывай радзімую.
 
 
 
 
Разам
У келіх наліце віна — не атруты,
Паходні паліце, а не фіміям!
Хай будуць сумневы навечна закуты.
Я зычу трывання і мужнасці вам.
 
Адметных прыгод і шляхоў невядомых,
Што нададуць і гарэння, і гарту.
Натхнення! Сустрэчаў. Уражанняў новых,
Вітаць кожны ранак усмешкай і жартам.
 
Шукаць — і знайсці, быць праклятым — і верыць,
Што плён калі-небудзь заменіць паразу.
Як верыш — расчыняцца кожныя дзверы.
Кахайце! Шукайце! Трымайцеся разам!
 
 
 
 
Развітанне з кастрычнікам
Неразборлівым почыркам
Крэмзаў дождж эпіграмы.
Мякка прыцемкі крочылі,
Ахіналі туманам.
 
Галубы мілаваліся
Пад страхой драмтэатра,
Думкі дзесьці хаваліся
І маўчалі упарта.
 
Пахла змрокам, і свежасцю,
І лістотаю прэлай.
І,самлелыя, рдзеліся
Арабіны нясмела.
 
 
 
 
У смузе
У гэтай блакітнай смузе
Цяпло загасае паволі.
Ты побач маўкліва ідзі,
Прывязаны тысяччу ніцяў.
 
Сцяжына да хваляў вядзе,
Рабіны на голлях даволі,
У мроях, душы і жыцці —
Самота ўпярэмешку з лісцем.
 
Не вер жураўліным клінам,
Гарэзлівым снам лістапада,
Кляновай, бярозавай цішы,
Чаўнам, што ля прыстані дрэмлюць.
 
Сцяжыну — шапоткім слядам,
Смугу — птушкам вольным, крылатым.
Самоту абдымкамі знішчыць…
Сум знікне, калі ў гэта верыць.
 
 
 
 
Лірычнае
Вітаю. Я да Вас на кубачак цяпла —
Няўдалы нігіліст і здзеквацель прыстойны.
Я схлушу, дакажу, нібыта Вас няма,
Вы ж толькі вып’еце за глупства гэтых словаў.
 
Я закатую Вас у восеньскай начы
Драбнюткай крыўдаю, а можа, і зняверам.
У Вас ад апраметнай ёсць усе ключы,
Ды толькі ім не падуладны мае дзверы.
 
Заб’ю сарказмам не адзіны раз,
Вы ж на нябёсы нумар 7 мяне сашлеце.
У Вашых словах як не вынайсці прыкрас —
Так у маіх зайшоўся дзікім плачам вецер.
 
І запар сотні год (о, немалы наш век!)
Чаерасхлёб ўсё цягнецца без меры.
І па трыванню Вы зусім не чалавек…
Ваш антыпод, я — [закаханы]  дэман
З Другога кола пекла.
 
 
 
 
Крыжыкі-нулікі
Халоднае неба дзялю на квадраты —
Згуляем! Някепска прабавім свой час.
Няможна заўжды быць самотай аклятым,
Хай крылы падымуць над горадам нас.
 
Не нулік малюеш — зіхоткую поўню.
Я — зорку…яшчэ… эх, шкада, што прайграла!
Азарт, захапленне ўсяго цябе поўніць,
І восеньскай ночы здаецца замала.
 
Хай выйгрышам — спалены том “Мёртвых душаў”.
Нябёсы зноў крэсліш па пэўным узоры.
Ты не здаешся? І я (што ж!) не мушу.
…І множацца месяцы. Множацца зоры.
 
 
 
 
*  *  *
Мірыяды агнёў
На тым беразе ночы.
Ціха стынуць сляды
На сухіх, шэрых хвалях.
 
Водар восені зноў
Праз суцэльны змрок крочыць.
Лісце ўспыхне — тады
Завагаюцца шалі.
 
Адарвешся з галін
Чакалятным каштанам,
Туманом праплывеш
Праз фіранак узоры.
 
Ад спакою хвілін
Патыхае падманам.
Ліставеем жывеш,
Сонца страціўшы ўчора.
 
 
 
 
*  *  *
Бессюжэтны, ды зваблівы змрок
На апошніх прахожых палюе.
Я б да вас прыляцела здалёк,
Каб акрыленасць мела былую.
 
Каб не слаўся па вуліцах снег,
Не рыпеў уначы пад абцасам,
Каб святло ў самым цёплым акне
Не пакінула з цемрай сам-насам.
 
…Ноч на шыбы дыханнем лягла,
Мяккім, зорным ахутвала шалем, —
Ды адно не ставала цяпла,
Думкі поўнілісь змучаным жалем.
 
І агеньчык у вокнах згасаў.
Кпілі ў небе халодныя зоркі.
Ад шалёных шляхоў наўздагад
Рассыпаліся крылы на пёркі.
 
 
 
 
Слота
З вільготных галінаў злятае пажар,
Мазаікай яркай на хвалях, асфальце.
Бы ў пральнай машыне, рыззё шэрых хмар
Выкручвае ранак. Памкневы, прабачце…
 
Лянотай ахоплены вера і мары.
…Анёлы ля шапіка піва каштуюць.
У слоце сівой патанаюць абшары
І модлаў цяжкія нябёсы не чуюць.
 
 
 
 
Сябрына
Не кожны анёл мой заўважыць балкон
У засені шумных каштанаў.
Ды некалькі іх залятае здавён,
Упэўнена і апантана.
 
На гаўбцы пакінуць красоўкі свае,
Пратруць німб, чупрыны расчэшуць,
“Вітанкі”, — яны усміхаюцца мне
І ў шчочку цалуюць, канешне.
 
Гавэнды вядуць, пад гітару пяюць,
П’юць шэйкі, гарбату з лімонам.
І часам здаецца, нібыта я сню —
Так танчаць яны утрапёна.
 
І знікнуць, напэўна, у Горадзе сноў
Каб  люд ратаваць ад зняверу і млосці.
І хтось на красоўкі забудзецца зноў —
Была каб нагода для госця.
 
 
 
 
*  *  *
...Хай клін выбіваецца клінам —
Спаднічным; дубовым; бусліным,
І восень хай шэрыя кпіны
Нам сыпле ў пляцакі за спіны.
Хай будуць благімі навіны,
Але ты і я — мы павінны
Сачыць, каб не зніклі бясслынна
Анёлы над нашай Радзімай.
 
 
 
 
*  *  *
На цішыню ўвялі тарыф:
За хвілю — зорак мех.
“Мо звар’яцелі без пары?”—
Хавалі людзі смех.
 
Але заводы загулі,
Машыны і мятро,
У шуме патанулі дні
І ночы — як адно.
 
І, праклінаючы загад,
Штоночы ходзяць ўсе
У той нябесны дзіўны сад,
Дзе маладзік расце.
 
І выдаюць ім цішыню
Усім — амаль штосон.
…А з зорак ціснуць мітусню
Ці добры самагон.
 
 
 
 
Калыханка
Мо вам сумуецца? Не. Спіцца.
Пад коўдрай. З коткаю ці без.
А мне б спагадаю напіцца,
На ўсе няўзгоды пазабыцца….
Вясна, вясна пануе спрэс!
Што вам, спадарства, сёння сніцца?
Ноч, камары, паркан і бэз?
Ля вокнаў вашых мне б спыніцца
І з енкам у дубэльты біцца…
Ды мёртвым сновідам спіць крэс
Усходні.
 
 
 
 
Начному суразмоўцу
Абвешчана сетцы анафема,
Баланс на далькажыку нуль.
Да ночы рыфмую прагаламі.
Няцяжка — патэлефануй.
 
Заспееш за смачнай гарбатаю
І скрылікам сыру. …Але!
Сам дзесь за дажджовымі кратамі
Бы кактус, прысеў на акне.
 
Спытай, як настрой; не памерла ці
Ад мноства канспектаў і кніг.
Завочна  загушкай у нераце
Начных разважанняў сваіх.
 
Каб заўтра сасніла на лекцыі:
Сесійна-шалёныя дні,
Экзамен, ты нешта там крэмзаеш…
А тут… званок!!! ТРУБКУ ЗДЫМІ!!!
 
 
 
 
*  *  *
Праз чатыры гадзіны будзільнік
Адзічэла ўстрывожыць паўзмрок.
Задухмяніцца кава гулліва,
Бразне лыжачка, нібы знарок.
 
Ціха шоргнуць, зачыняцца дзверы…
На прастор? На шырокі прастор!
І вядуць ногі да універу,
Дзе знікацьмем ізноўку да зор.
 
 
 
 
Ай ды Пушкін…
Сяджу на галёрцы за партаю хісткай
І крэмзаю рыфмы рукой непахіснай.
Выкладчык за катэдрай весела brzenczyc’,
А я пазяхаю, а мне недарэчна.
Бо сіняя птушка, мая каляжанка,
У вокны лекцыйнай  пастукала зранку,
І кліча, і вабіць:”Давай жа, сяброўка,
Замест нуднай пары кавярнічаць зноўку,
Давай праляцім па праспектах і скверах,
Дзе крамаў, вяселля, сустрэч да халеры;
Давай дакранемся крылом набярэжнай
І “Тры чарапахі” уголас урэжам!”
 
…Ды толькі заклеены вокны на зіму,
І мне не прарвацца праз тоўстыя шыбы.
 
 
 
 
Абстракцыя
Абстрактныя думкі ў абстрактным канспекце,
У плэеры дрэмлюць абстрактныя песні.
Мой любы абстрактны выкладчык , паверце  —
Я шчыра запісваю нудныя тэксты.
 
Абстрактныя словы абстрактнай асадкай
Абстрактна кладуцца на аркуш паперы,
Абстрактныя рыфмы ў блакноціку крадкам,
Абстрактная муха паўзе па шпалерах.
 
Абстрактна дэкана вітаем падскокам,
Абстрактныя чэргі ў абстрактным буфеце,
Абстрактна з вакон дзьме, парыпваюць кроквы,
Абстрактна спазняемся, мчымся, як чэрці.
 
Абстрактна натацыю вы мне чытаеце…
Шаноўны выкладчык, ці маеце рацыю?
Эх позна…”За дзверы!” Аж рэха матляецца…
А я — у буфет! Гэта ўжо не абстракцыя.
 
 
 
 
Гурманскае
Кагось натхняе ўласнае натхненне,
Хтось Музе вушы сваймі вершамі забіў…
Мяне ж натхняе сала, і пельмені,
І шашлыкі, і з воблай чарнасліў.
 
Пячыста, і салата, і каўбаска,
І галубцы ўпрыкуску з вінегрэтам.
Капусту перадайце, калі ласка,
І калі можна, тую вунь катлету.
 
З гарбатай, папрашу вас, пачакайце,
Я шчэ відэльцам цэлю ў халадзец.
Мачанка! Бульба! Скумбрыя ў тамаце!
Не паспытаю — прыйдзе мне канец.
 
А селядцы пад свежым маянэзам,
А агуркі — ласунак для багемы…
А за гарбатай, калі тая ўлезе,
Пра пачастунак ваш складу паэму.
 
 
 
 
Чытач
Сто год адзіноты — гэта няшмат.
…Старонак пад дзвесце, не болей.
Ты — мегацікаўны, ты — кніжны вар’ят,
Усё праглынуць за дзве ночы здолеў.
 
Затым аблізнуўся і хочаш яшчэ —
“Дэсерт, калі ласка, падайце-с!”
З талеркі тваёй аніяк не ўцячэ
Зашмальцаны, змучаны Маркес.
 
 
 
 
*  *  *
На стале апельсінная кава,
Некранутая, стыне.
Крочыць дождж перавулкамі млява
Па заснежанай стыні.
 
У каміне страляюць паленцы —
Мо вашэцю сагрэць?
Застудзіўшы душу ў паняверцы,
Усміхаецца ледзь.
 
Ды з жывою тугой ваяўніча
Прамаўляе нябёсам:
Я сагрэюся, толькі са знічам
Памяняўшыся лёсам.
 
 
 
 
Паэт
Сам-насам
будзеш сам сабе сабою.
Рэч у сабе,
язык паказваючы Канту
спарадычна,
 
згуляеш з часам
у кавараспіццё. Зімою
па пошце снег,
па sms-ках — вартасць.
І для сінічак
рытмы.
 
 
 
 
Перазвон
Адзінь дзень надзеі. Адзін дзень сумневу.
Адзін дзень салодкага, цёплага болю.
Адзін дзень  нянавісці лютай і гневу,
Адзін дзень майго  ільдзянога спакою.
 
Адзін на руплівасць.  Адзін на ляноту.
Адзін на блюзнерства.  Адзін на адвагу.
Адзін на сяброў і адзін на самоту.
Адзін  на ўсе лаўры. Адзін  на знявагу.
 
Адзін на усмешкі.  Адзін дзень на кпіны.
Адзін дзень на промні. Адзін дзень на хмары.
Змяняюцца дні. І, як кадры у фільме,
Змяняемся мы. І пачуцці. І мары.
 
 
 
 
Трыялет
На тэлефон прыйшло натхненне
Адной з мільёну смс.
Не спам, не трэш, што лезуць спрэс —
На тэлефон прыйшло натхненне.
Калега скажа : ” Ды ты Крэз!
Пазыч мабілу на імгненне”.
На тэлефон прыйшло натхненне
Адной з мільёну смс.
 
 
 
 
*  *  *
Па пояс у хвалях і сонечным ззянні,
Па вушы у птушках, па вочы ў світанні,
Па сэрца ў вясновым цяпле ненадзейным —
Чакае абсяг весялосці нядзельнай.
На дамбе прысесці і прыгаршчы спеваў
Апошнім ільдзінам кідаць ашалела,
І чуць, як цягнік выбівае прасторы
Бадзёрыя, пругкія такты-мажоры.
…На гэтым затопленым беразе Сожа
Цябе дзед Мазай уратуе, быць можа…
 
 
 
 
Сімулякры
Ты запомні
                        гэты ранак:
Кубак з каваю
                              без кавы,
Шклянка з ружаю
                                без ружы,
Дождж за форткай
                              без калюжын,
Горад шумны
                              без праспектаў,
Пляж з дзяўчынамі
                              без лета, —
Тое, што было
і будзе.
Ты запомні…
                            …і забудзься.
 
 
 
 
Як стаць паэтам
У паэтаў крылаў мноства.
Падлічыце. Без маны.
На адных ляцяць у гнёзды
Свае родныя яны.
 
На другіх імчаць да музаў,
Дома кінуўшы жанок.
Гонар завязаўшы ў вузел,
Здаюць трэція ў шынок.
 
На чацвертых добра брацца
Ў рогі з крытыкам ліхім,
Недзе пятыя пыляцца —
Так, на выпадак які.
 
Пара крылаў лёгкіх, летніх,
На зіму  tezh пара ёсць…
Па законах пракаветных,
Калі ты жаданы госць,
 
То дадуць памераць крылы
І навучаць нат лятаць.
Вось тады хапай ты рыфмы
І лаўчыся
      у  ц  я  к  а  ц  ь!
 
 
 
 
*  *  *
Ноч на ноч
Памнож
І збоч.
Шляхам Продкаў басанож
Крочаць згубленыя шчасці.
Заўтра дождж і ўчора дождж.
Быццам масла — востры нож,
Кроіць змрок цягнік на часткі
Проста збоч
У гэту ноч.
 
Цень на цень
Каторы
Дзень.
Каляндар губляе пёры.
Філіжанка інтэрнэту
У кавярні. Стынуць горы
Крыжаванак. Тлум. …Бадзёры.
І тралейбус на край свету
Ў гэты дзень,
Бы сонца цень.
 
Крок на крок
Каторы
Змрок.
У заплечніку сем жыццяў.
Зніч на лёд
І лёд на зніч.
Мо ў дрыгве ўскрасуе жыта?
Хто ўвядзе на веру мыту?
Ты прыйдзі, ізноў пакліч.
Тае змрок.
Бліжэй на крок.
 
 
 
 
Імкліва
Распавядзіце, нібыта
Дрыгва не расквеціцца жытам.
Прыдумайце плётку такую.
…Не ўчую.
 
У вочы звініце сляпнямі:
Ёсць мы, і патоп хоць за намі.
Ад злосці заходзьцеся плачам.
…Не ўбачу.
 
На мове святой адмаўчыце —
Маўляў, хай сканае ў нябыце.
Яна ж век стаіць увушшу.
…Змаўчу?
 
Хай прыйдзе час! Рунь маладая
На ветлівым сонцы заззяе.
Усё ажыве — вам на дзіва.
…Імкліва.
 
 
 
 
*  *  *
Патрэскваюць шышкі — лясныя гранаты
Ды сучча адно храбусціць пад нагой.
П’янкога ляснога паветра аматар,
Вярніся світаннем стамлёны дамой.
 
Так рыбаю маняць зарослыя плёсы,
Арэхаў на голлі — не злушчыць усіх…
Галоднаму — ежа, цікаўным — дзівосы,
Турыстам — о’кэй, вось дзе чым закусіць.
 
Іду абяззброены — без запальніцы.
Да першых упэўненых кропляў хачу
Сачыць, як зарніцы — начныя нажніцы —
Раскройваюць спрытна кашулю дажджу.
 
 
 
 
*  *  *
...Падвяду прыгожа бровы,
Вусны трэ падфарбаваць —
У дрымучыя дубровы
Вожыкаў пайду гукаць.
 
Гэй, калючыя, зірніце —
Майстар-клас вам правяду —
Як у джынсавай спадніцы
Зграбна, пекна я іду.
 
І пазвоньваюць пацеркі
Пры манернай той хадзьбе…
…Вожыкі, ці вы паснулі,
Ці хаваецеся дзе?..
 
 
 
 
*  *  *
Марыць бадзягам і жнівеньскай поўні,
Слухаць альтанкам расейскі шансон…
Струнам гітарным сагрэцца ў далонях
І пад медыятарам, сплаўленым з зор.
 
Гэй, шасціструнная, звонка выспеўвай,
Гэй, шасцікрылая, лётаць пакліч,—
Адваяваная ў процьмы залеваў,
Ледзь не разбітая ў трэскі на зніч.
 
Безліч шляхоў. Ты палову прайшла з іх.
Безліч акордаў. Ты зведала ўсе.
Плач перапёлкі ў густых чаратах сціх,
Крочма далей басанож па расе.
 
Гэй, шасціструнная, звонка выспеўвай,
Гэй, шасцікрылая, лётаць пакліч, —
Адваяваная ў процьмы залеваў,
Ледзь не разбітая ў трэскі на зніч.
 
Хай недзе спіць,уздыхаючы,горад,
Хай паліваюць машыны асфальт,
Наша сябрына і заўтра з гуморам
Пойдзе спяваць на ўвесь страчаны рай.
 
Гэй, шасціструнная, звонка выспеўвай,
Гэй, шасцікрылая, лётаць пакліч,—
Адваяваная ў процьмы залеваў,
Ледзь не разбітая ў трэскі на зніч.
 
 
 
 
Ліхтар
У невядомым горадзе
Краіны Дажджоў
жыве безыменны ліхтар.
Удзень ён пазіруе турыстам,
мастакам і ўласнаму ценю,
а ноч з яго робіць саломінку,
праз якую п’юць прагныя зоры
кіпучы алей, і агонь, і абпалены стогн
матылёў.
А яшчэ ёсць паўзмрок —
час, калі невядомы ў цыліндры
спаць кладзе й абуджае ліхтар.
І колькі было такіх шарых гадзінаў,
не знае ніхто:
ні прыцішаны горад,
ні зоры, заўсёды галодныя,
ні матылі, што, губляючы крылы,
надаюць ліхтару
доўгалецце,
ні Краіна Дажджоў,
што жыве толькі ў мроях.
 
 
 
 
Вокны
Яны бываюць у Еўропу,
І адтуль часта дзьме сівер.
Бываюць чортавымі
І, як казаў адзін уратаваны,
Праз іх бачна, як у пекле
П’юць і закусваюць райскімі яблыкамі.
І ёсць безліч такіх,
Што не маюць імя
Удзень,
Абыякава сочаць
Праз шкляныя свае акуляры.
І толькі зоры, што нядаўна самі прачнуліся,
Будуць гукаць іх пайменна:
Акно, густоўна аздобленае ліштвамі,
Акно з мармытлівым катом,
Акенца, захутанае ў цюлі,
Акно з водарам смажанай рыбы,
Акно з песняй Маўзэра… —
І не здолеюць вокны змаўчаць,
І да апошняга ліхтара будуць
Абменьвацца сваімі таямніцамі,
Не зважаючы ні на скразняк з Еўропы,
Ні на бясконцае “Будзьма!”
З пекла.
 
 
 
 
Тралейбус
Недастаткова рагаты —
Нат нізкую, нізкую, нізкую поўню баднуць
Не сумеў —
Рэйсам апошнім адвозіць стамлёных анёлаў дахаты,
Пакуль ва ўсіх скверах і парках не сціхнуў
Малінаўкі спеў.
 
“Гэй, зачыняюцца дзверы!
Прабіце талоны, яшчэ падыміцеся вышай
На крок”.
І бачыць сябе ён ні многа, ні мала —
Самім Люцыферам,
Бо сёння заместа Эдэму кіруе ў бліжэйшы
Шынок.
 
 
 
 
Дзікае паляванне
Колькі можна цалавацца
З прыдарожнымі слупамі,
Колькі можна біць з разгону
У закляты мой ліхтар!
 
Толькі зоры заірдзяцца —
Горад робіцца бы раллі,
Першы-лепшы без разбору —
Усіх Трасаў Уладар.
 
Храбусціць пад колам жарства,
Плавяцца пад колам рэйкі,
Крылы б’юць заместа колаў,
Свішча за акном абшар…
 
Лепш садзіцеся, спадарства,
На іржавыя “капейкі”,
Бо ахвяр шукае новых
Паляўнічы мой ліхтар.
 
 
 
 
*  *  *
Іртуць пад 30 зранку.
Расклейваю аб’явы.
Вавёркі і альтанкі,
Фантанаў цёплых млявасць.
 
Два “крабавых берэты”
Знішчаюць мінералку.
Mediocritas лета,
Mediocritas парку.
 
І птушкам не да гнёздаў,
І пчолам не да вулляў.
Сіноптыкаў нябёсы
Ізноўку падманулі.
 
А мне і так няблага…
Расклейваю аб’явы:
“Увага, гэй, увага!
Прадам затанна хмары.
 
Матэрыял — паветра
З вадой, а колер шэры.
Сюды ж ідуць камплектам
Грамы,  маланак стрэлы.
 
Гарантыя на тыдзень.
Прыходзь, бяры,валодай!”
…Абвесткі дворнік-злыдзень
З драпежнай асалодай
 
З д з і р а е …
…Паліць сонца.
На кожным твары млявасць.
З упартасцю бясконцай
Расклейваю аб’явы.
 
 
 
 
Лясное люстэрка
Так мала шляхоў.
Найпрыемнейшы з іх у крыніцы.
Чаму — адкажа іртуць на 35-й рысцы,
А яшчэ вадзянік,
Ззелянелы ад процьмы вякоў.
Ён надта не любіць, што сонца
Штовечар паветраным шляхам
Ірвецца сюды,
Каб тапіцца,
Ды апроч сонца і сузор’я Рыбаў
Ніхто да яго не завітваў спрадвек.
І хай чараты дзень за днём
Сеюць чуткі,
Нібыта
Мільён год назад
Жыў паэт па суседству
З люстэркам, і сонца умольваў:
Тапіся павольней…
І неяк назваў сябе сонцам —
І замак займеў у таемных глыбінях.
…Вадзянік адное смяецца
З чароту
І Дзень нараджэння святкуе
У лютым,
Калі ўсе паэты
Сядзяць па шынках.
 
 
 
 
Пень
На дрыгвяністым імшаніку
Ля самае Лысай гары
Расце пень трухлявы
Ушыркі.
Гнілушкі, што лічаць яго
Сваёй камунальнай кватэрай,
Заўсёды смяюцца ў адказ на размовы
Пра крызіс дэмаграфічны.
І пню не шкада больш
Апошняга кволага парастка,
Змерзлага ўзімку,
І цішыню
Ён сабе ўяўляе ні мала ні многа
Пажарам лясным,
Хай ніколі не стрэтым.
Калі каляндар скіне пёры да лічбы 13,
А круг ананасу на небе прашамкае:
Пятніца, —
Ц і не апошні з чартоў,
Прысеўшы на пень і смакуючы піпку, раскажа
Легенду
Пра тое, як тысячу вёснаў таму
Ён танчыў мазурку на самым апошнім
Шабашы,
А потым гару разам з пеклам
На бястэрміновы рамонт зачынілі…—
І пню стане чорта шкада аж да слёзаў трухлявых.
Калі ўсё імжыць,
Прылятае да пня процьма сініх
Балотных агнёў — разам грэцца.
І пень уяўляе сябе ліхтаром,
Катораму шэнціць
Адно толькі ў непагадзь.
 
 
 
 
*  *  *
Да восені пара паштовак
З тваім паўустаўным “вітанкі”,
І некалькі шумных вандровак,
Ледзь-ледзь салаўіных змярканняў,
 
Крыху невыцерпнай спякоты,
Бакал танканогі з кактэйлем,
І колькі хвілінаў блазноты,
Салёныя пырскі на целе.
 
І трошкі кавуннага фрэша,
І кропля бадзянняў самотных,
Драбочак папсы найсвяжэйшай
З чыіхсьці расчыненых вокнаў.
 
А там хай зажурыцца неба,
Хай слота з імжой надыходзяць.
…О, дзякуй за доўгае лета:
Лістуеш мне раз на стагоддзе.
 
 
 
 
Імя яе
Прывялая Ружа-
                                      Ля-Манітора,
Прывялая Кветка-
                                        Побач-З-“Крыніцаю”,
Разам з пялёсткамі
                                      вычурны водар
Скінь у даніну
                                забытай традыцыі.
 
Ружа маўчыць,
                                ашчаджаючы словы,
Ружа маўчыць,
                                праклінаючы спёку.
Я паўраскрытым
                                  засохлым бутонам
У зімнюю сцюжу
                                  парадую вока.
 
 
 
 
Усходняя Україна
Я мора з Сожам не бяруся
І параўнаць, ды хоць згары —
Тут, як і ў роднай Беларусі,
Гудуць пад вечар камары,
У цёплых хвалях прыбярэжных
Таксама спее маладзік
І, як заўжды, кавун разрэжам
На непазбежных на траіх.
І параўнанняў мноства, мусіць,
І жудасней адно з усіх:
Тут, як і ў роднай Беларусі,
Rosyjska мова рэжа слых.
 
 
 
 
Развітальная
Бывай, утульнае бунгала!
І ты, што з чайкамі, бывай.
Аўтобус з’есць нас раннім ранкам
І дэпартуе ў іншы край.
Там спрэс лядовыя палацы,
Дажджоў няспынны карагод…
Але штурхае штось вяртацца,
Хоць праз дзесяткі сотняў год.
 
 
 
 
Ты
Ты стаміўся і збег басанож
У густую-густую сінечу
Без жадання ці з ім, але ўсё ж
Цалаваць загарэлыя плечы.
 
На фано стыне кавы глыток,
Ад маланак тваіх ацалелы.
Свечка. Прыцемкі. Нотны лісток.
Зноўку трызніцца дзікай залевай.
 
Ты стаміўся і збег басанож
Лашчыць
                    сонцам абмытыя спіны.
Ты мяне падмануў сёння, дождж:
Хмары цяжар правезлі свой міма.
 
 
 
 
*  *  *
Адрэжце мне кавалак сыру...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Людзі
Для іх агнём не станеш
І не сагрэеш разам.
Кагосьці фарт чакае,
Ну а кагось — параза.
 
Хтось уладар балота,
А нехта — вязень неба.
Той светлы, той самотны…
І ўсім спагада трэба.
 
Матляюцца, бы здані,
Ад раніцы да ночы.
Для ўсіх агнём не станеш.
…Але пякельна хочаш.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.