РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясна
...
        Вясна, вясна красная!
        На ўзгорках ужо праталінкі, а ўніз бягуць цуркі звонкія, на сонейку блішчаць.
        А ўверсе - неба сіняе, чыстае! А ў паветры свежанькім, веснавым - жаўроначак, нябачны ў вышыні: цюр-цюр!.. цюр-цюр-цюр!.. цюрлі-рлі!..
        Вясна, вясна красная!
        Астатнюю губачку на кросенцах ткалля-дзяўчына: тах-тах! трах-лях! А зірне-зірне ў акенца на сонейка: вясна, вясна красная! А губачка статняя... У гаёк песні пяяць, красачкі рваць, на кірмашы хадзіць, вяселлі гуляць... Ах, яшчэ ж губачка на кросенках.
        
        
* * *

        
        Гэй вы, шчасныя веснавыя дні!
        Ганначка, сястрыца! Пойдзем у таўкачыкі, а на лагу там ля балота жоўтых красачак нарвём.
        І дзеразы зялёненькай, лахматай надзяром, і яленцу наламаем, і шышачак набяром: азелянім, ахарошым сваю хатку старэнькую.
        Макравата яшчэ ў полі, зямелька не высахла...
        А ты лапцікі абуй.
        
        
* * *

        
        Гэй, вясна, вясна!
        Гудзе вясна рана-рана, у цёмныя досвіткі. На ўсходзе стужка чырвоная расцягнулася, а наўкола - чуткі сон. Дрэмлюць выраі клапотныя, адны крыгі там усё крэхкаюць - далёка там, дзе вада шуміць, несумоўчна і скрозь сон. Гаёк зялёненькі ў тумане там стаіць, а бліжэй, на канаве, вербы пушыстыя сівеюцца.
        Пялешчацца і крукае нехта-нейкі пад гайком на рацэ. Жораў дзетак сваіх купае на вольным паветры веснавым.
        Вясна сёлета не позная. Учора добры цёплы дожджык пакрапіў, агрэст і смуродзіна дужа яркенька зазелянеліся. Сёння зязюльку, ішоўшы ў лазню раненька, пачуем - дадушы!
        
        
* * *

        
        Гоман у плятнёвым прымыльніку, дзе сувалка і мялле белае, колкае, і мяліцы-раскірэкі заваленыя. Гоман там над рэчкаю паўнаводнаю, бурнамутнаю. Не крыгі - ільдзінкі толькі бягуць. Чэрпаюць ваду ў лазню голыя людзі, а тыя льдзінкі з вадою сцюдзёнаю ў вядзерца цякуць-набіраюцца. Многа вады, не тое, што ўлетку, у пякоту жніўную.
        Мыюцца людзі, гоман... Выбегуць хлопчыкі з лазні на лажок, бягуць голыя з лісцем прыліплым, уцеха іх бярэ, радуюцца, бо там унізе, за гайком, крэхкаюць крыгі астатнія.
        Ох, ты, лазня ты наша нехалюзая, сёння ж ты чыстая - на палку саломка чыстая пасцелена. Унізе вадзяначка з вадою сцюдзёнаю і цугун вады цёплае.
        
        
* * *

        
        Ох, дайце мне, дайце венічак шаўковенькі, мыльненькі, каб ён гладзіў па целу гарачаму: змыю нуду сваю! Буду махаць венікам, шукаць духам лёгкім, гарачым: нуду з цела і з думак змываць. Цёп-цёп-цёп!.. У-хва! Пячэ! Добра вадзіцу жаданую, сцюдзёнаю ліць на галаву. Добра тут распарыцца, распесціцца і ў салодкай млявасці - кво-ох! - ляжаць ды ляжаць з прыліплаю лісцінкаю на баку, пакуль дзесь там Нью-Ёркі будуюцца...
        Пераеў ты, клопат, сэрца маё, што было ж некалі дзяцінае. Даўно-даўно тое было... І жорава пачуць можна было, і зязюлю-кукунь шэрую. А цяпер... Гора мне, гора мне - дзе вясна мая?
        Бегаў з лазні, проста з палка, на лажок, аж да канавы, і сцюдзёнаю вадою абдаваўся там. А цяпер не пабягу. Эх, вясна, вясна красная!..
        Вясна, вясна красная!
        Добра ўжо, добранька грэе сонейка з гары, а ля ног яшчэ цягне халадком. Снегу на полі і ўгледзець няма дзе: вясна, вясна! Відзіма-відзіма траўка-мураўка на праталінках прабіваецца, рунее-зелянее, - на сэрцы весялей.
        Пайду я ў адным жупане, новым паясом падперазаўшыся.
        Гоман, гоман ля мяне... Б'юцца галінкамі пушыстымі... "Хвароба ў лес, здароўе ў косці!"
        А нашто вы, людцы нядобрыя на слаўненькі лясок хіру сваю насылаеце? Ад вашае хіры пасохнуць бярозачкі, ад вашае хіры трава пагарыць...
        Біце сёння, хлопцы, вярбою дзяўчат: сёння дазваляецца. Біце здаровых, маладых...
        Люблю цябе, прыгожая, за тое, што на грудзёх у цябе красачкі прышпілены. Ах, люблю я красачкі!
        І аб чым ты, дзяўчынка мая, так задуманая? Чаго твае вочачкі чыстыя засмуціліся? Кволыя пралесачкі... Нейкае трывогі не схаваць, не схаваць.
        
        
* * *

        
        З горак вецер вее. Снег у равох, на дне, чорны. Жаўранкі заліваюцца на ўсе галасы. Жыта зялёнае. Мятлушачка ляціць... Мітусіцца першая мятлушка...
        А ў балоце, за шляхом, разлягаецца веснавое: ква-а! ква-а! ква-а!
        Вясна!
        Ах!
        Веснавыя красачкі цвітуць - прыхарошу сабе грудзі, буду глядзець на красачкі!
        Радуйся той, каму нехта любы красак прынясе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.