РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чужая школа
...
         Некалі, як аціхла ваенная калатэча й бацька, - працавіты, цяглавуты й руплівы, як пчала, - вярнуўся з далёкага "Пітраграду" ды пачаў абжывацца гаспадаркай, пабудаваў на акраіне вёскі вялікі дом "на два канцы", з калідорам, які называлі сяньмі, пасярод. У ваднэй палове хаты, падзеленай на тры пакоі жыла Качанова сям'я, а іншую польская гміна наймала для школы. І цяпер стаіць у вачох вялікая белая дошка на прыгожай, на зялёна памаляванай стрэшцы ганку, а на ёй напіс:
        POLSKA SZKOLA POWSZECHNA
         Зьверху, у цантральным месцы, над напісам - вялізная дзярлівая птушка, намаляваная чырвоным колерам, із каронай і павернутай на захад разяўленай дзюбай.
         Школу наведвалі дзеткі з нашай вёскі ды вакольных засьценкаў, маёнткаў і фальваркаў. На дзьве зьмены вучыліся аж чатыры клясы - другая й чацьвертая перад абедам, а першая й трэцяя пасьля паўдня.
         Пад дзьвярмі падслухоўваю як бэкаюць і мэкаюць малыя ў нейкай няўцямнай мове. А матка, із суровым тварам, перасьцерагае:
         - Глядзі, сынок, пойдзеш і ты некалі ў школу дый цябе вучыцелька за вушы накруціць.
         - А чаму яна за вушы, мама?
         - Ды калі вучыцца добра ня будзеш.
         - Ай-яй-яй!
         Нарэшце прыйшоў вялікі дзень, калі пачалося падарожжа ў той сьвет, дзе "бэкалі й мэкалі", за белыя, запэцканыя дзіцячымі карэлымі рукамі дзьверы.
         Маці вымыла-вышаравала вушы й шыю, загадала добра вымыць ногі, што аказалася найцяжэй, бо на іх даўно "пяялі пеўні".
         Настаўніцу Раманоўскую, векам гадоў каля пяцідзесяці, якая паходзіла недзе спад Лодзі, дзеткі даўно празвалі ведзьмай. Яна была вялізнай уладай, яе баяліся. Яе рудыя вочы сьвідравалі цябе насрозь.
         Прыгадаю сустрэчу зь ёю.
         - Лобузе едэн, вытры нос! - злосна бліснула рудымі вачмі "ведзьма".
         Што такое "лобузе" - мая галава ня цяміла. Нейкае брыдкое слова. Раманоўскую і ў пераказваных казках дзеткі ведзьмай празывалі. Ад яе ўцякаць трэба было, а гэтта родная мама вышаравала-вымыла, - вушы, ногі й шыя аж смыляць, - ды да гэтай крыклівай ведзьмы цягне. Жах!
         На мяне глядзелі якіх сорак пар вачэй і сяброў, і няпрыяцеляў, якіх ці раз стараўся крапівой-жгучкай пекануць. Гэта ня жарты. Усе змоўклі, мяне на воку трымаюць. А перад самым маім тварам колкія рудыя вочы, навокал іх - шырокія гусіныя лапкі зморшчын. Твар - камень. Ніколі, памятаю, ня бачыў на ім усьмешкі. Лепш-бы яе, гэту ведзьму, вязьняў паставілі вартаваць, а ня дзетак у ейныя рукі.
         Калі зялёныя вочы сьвідравалі мяне, вузкія зморшчаныя вусны паварушыліся. Між парудзелых зубоў паказаліся два залатыя. Зубы парудзелі ад дыму, бо ўсе ведалі, што "ведзьма" курыла.
         - Як се называш? - спытаў шорсткі голас.
         Язык ацяжэў, як палена, паветра ў лёгкіх не хапала, сэрца замянілася ў малаток і кроў біла ў скроні.
         - Якся называш, - паўтарыў я, нічога не разумеючы.
         - Лобузе, як твое іме? - дамагаўся грозны голас, а рудыя вочы пранізвалі мяне наскрозь. Я намагаўся схавацца за падол матчынай спадніцы, але маці наўмысна трымала мяне за руку на вачах усіх дзетак і гэтай непрыязнай жанчыны.
         - Вучыцелька пытаецца як завесься, - ператлумачыла маці.
         - О, ага... - ачуняў я із страху.
         - Скажы, сынок, вучыцельцы, - ласкава падахвоціла маці.
         - Аляксандар, - голасна сказаў я.
         Седзячы пры стале, настаўніца яшчэ раз зірнула мне ў вочы, паволі намачыла ў чарніле пяро ды на чыстай бліскучай паперы радочкам вывела нейкія крывулі.
         - Назьвіско? - дамагаўся шурпаты голас.
         Я зноў пазіраю на матку.
         - Кажы Качан.
         Неўзабаве "ведзьма" дала мне алавік і паперу ды пасадзіла на пярэдняй лаўцы, побач дзяўчынкі й загадала рысаваць сабачую будку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.