РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Курыла
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Як варта любіць жыццё
1
        Незадоўга да круглай даты – свайго 50-гадовага юбілею, які я адзначаў 2 студзеня 2006 г., неяк само сабой атрымалася занатаваць вось такія вершаваныя радкі пра родную вёску:
        
І зноў прысніліся Зафільцы,
Мясціны – таямнічыя:
Там мае мары-навальніцы
І раніцы сунічныя...
І помню ўсё я да драбніцы:
Парэчак пах...
І касачы...
Хачу даўно ў свае Зафільцы
Ад тлуму горада ўцячы.
        
        Але ад горада нікуды не ўцячэш, як не ўцячэш ад жыццёвых абставін. Тым больш што ў горадзе Валожыне, пачынаючы з 1986 года, на пастаяннай аснове жыве мая сям’я – лепшая палавіна мая: жонка і надзейны сябар мой – Таццяна Аляксееўна – і сын наш Максім, які зараз заканчвае пяты курс Мінскага вышэйшага авіацыйнанага каледжа, асвойвае «ваенныя» маршы, але пра родны дом не забываецца ніколі.
        Два гады назад Максім ажаніўся, і цяпер у нас з Таццянай Аляксееўнай агульная радасць: дапамагаем дзецям гадаваць маленькага Кірыла – адзінага пакуль што дарагога ўнука (не хапае Мяфодзія) -- «асветніка» нашай дружнай славянскай сям’і...
        Жыццё, такім чынам, не стаіць на месцы. Слаўны род мой папаўняецца, а лёс дорыць «такія-сякія» радасці... Мая сям’я – гэта тое, чым я заўжды ганаруся, што дае мне жыццёвыя сілы, акрыляе мяне, натхняе на творчасць. Менавіта ад іх, ад блізкіх і дарагіх мне людзей, ? і ідуць «імпульсы» першаадкрыцця:
        
Ўсё, як бачыш, ад Бога,
Калі нават грашу.
Не судзі мяне строга,
Што не часта пішу.
Ў моры слоў, параўннняў --
Немалы іх улоў,
Але верш -- пра каханне
Самы лепшы -- без слоў.
А цунамі накрые --
Уратую радком...
Ці фрамужку адкрыем –
Прабярэ скразняком.
        
        Так я звяртаюся ў вершы да любай Таццяны Аляксееўны, жадаючы паняць – адкуль што бярэцца, як яно ўсё пачынаецца?..
        Мая лірыка – мой настрой – пачынаецца, як і ўсё на зямлі, з любові: крыніцай творчасці для аўтара служыць перш за ўсё аб’ектыўнае (чытай – духоўнае) асяроддзе, што ўздзейнічае на яго суб’ектыўнае «Я».
        Вытокі маёй творчасці -- вясковыя краявіды дарагіх майму сэрцу мясцін Валожыншчыны, нашы лясы і пушча -- «...край валошак, спелай мяты, край легендамі багаты, дзе за гаем новы гай...» ? і лёс беларускай вёскі ў цэлым. Прыгажосць валожынскай зямлі, яе руплівыя, добрыя людзі – мой неспакой і маё прасвятленне, мой роздум пра чалавечае існаванне і пра некаторыя заканамернасці таго, што адбываецца ў свеце насамрэч ці ў аўтарскай «інтэрпрэтацыі».
        А гадаваўся я кемлівым, цікаўным хлапчуком, даверлівым да наіўнасці і вельмі ўжо шкадлівым да ўсяго жывога. Шкада было дамашніх жывёлін, асабліва чамусьці -- любіў я коней. Мой родны дзед на той час пасвіў іх, быў калгасным конюхам і вельмі самаадана служыў гэтай справе: я ніколі не бачыў, каб ён паганяў пугай, сцябаў, спацелага ў дарозе каня, а, калі чынілі здзек над жывёлінай іншыя, – вельмі злаваўся на такіх людзей.
        Я хадзіў у дзеда ў «падпасках», асабліва на летніх канікулах, ? ганялі коней «у начное», аралі з дзедам і касілі траву, рыхтавалі сена. У час сенакоса вазілі з ім – вялікія, як воблакі, ? духмяныя вазы, дапамагалі іншым людзям сенаваць на зіму. І няхай памочнік з мяне быў слабы, але пачэсная фізічная сялянская праца, якой старанна «абучаў» мяне дзед, яе няпісаныя нормы маралі — праляглі «глыбокай баразной» праз усю маю творчасць:
        
Вясна. Сцяжынай палявою
Нацянькі дамоў шыбую.
Высока ў небе над зямлёю
Жаўрук пра лецейка шчыруе.
Жыву. Крывіць душой не ўмею.
І сею хлеб, гадую дзетак...
Не ўсё магу, ды ўсё сумею,
Бо гэтак жыў калісьці й дзед мой.
        
        Паўтаруся: на мой светапогляд аказвала вялякае ўраджанне родная прырода, яе каларыт і фарбы. Любая жывая істота, нават прыдарожны куст, будзілі ў душы спачуванне, а дзіцячае ўяўленне ад сустрэчы з нечым незвычайным вырастала ў замілаванасць.
        Не скажу, што ў дзяцінстве я быў абдзелены ўвагай і цяплом з боку дарослых. Проста быў прадастаўлены сам сабе, абыходзіўся без лішняй апекі, бо бацька і маці ўвесь час прападалі ў полі: шчыравалі на калгасным палетку, каб зарабіць нейкі рубель.
        Мне, падлетку, было прыемна бачыць, на якой аснове будаваліся іх узаемаадносіны ў сям’і. Бацькі ўсё жыццё кахалі адно аднаго, а -- каханне, давер, спагада – такія патрэбныя рэчы ў жыцці!..
        На адкрытых, даверлівых пачуццях чалавечых узаемаадносін грунтавалася маё юначае ўяўленне пра любоў і каханне ўвогуле (таксама «вечная» тэма паэзіі). Плюс – кнігі: вершы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, Марыі Цвятаевай і Яраслава Смелякова, многіх іншых лірычных аўтараў ? чытаў для душы... Паэзія не толькі ўзор для падражання, яна, можа, і ёсць самы лепшы настаўнік і дарадца ў жыцці... Так паступова нараджалася мая творчая асоба, а затым пачалі праяўляцца, прабівацца, як парасткі на свет, і літаратурныя здольнасці: душа выпраменьвала «іскаркі таленту», што мусілі разгарэцца...
        Да таго часу я ўжо вучыўся ў Сёмкава-Гарадокскай сярэдняй школе-інтэрнаце Мінскага раёна, калі галоўны неўрапатолаг абласной дзіцячай бальніцы вынес вердыкт: «Ты хутка зусім перастанеш хадзіць. Думай, як жыць далей».
        Атрымаўшы такі прысуд урачоў і інваліднае крэсла ў 18 гадоў, я тым не менш не разгубіўся, а, працуючы над самаадукацыяй, рашыўся паступаць на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта г. Мінка. Гэта быў памятны 1976 год. У 1982 годзе атрымаў-такі дыплом прэстыжнай сталічнай установы. Я слухаў і запісваў лекцыі паэта Ніла Гілевіча (раздзел літаратуры «Беларускі фальклор»), паэта Алега Лойкі (раздзел «Паэтыка»), літаратуразнаўцу, доктара філалагічных навук, прафесара Сцяпа Хусейнавіча Александровіча (раздзел беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.) ? вучыўся ў іх, чым вельмі ганаруся сёння.
         Адразу пасля вучобы ва універсітэце раённыя ўлады рэкамендавалі мяне Валожынскаму аддзелу культуры загадчыкам Лужанскай сельскай бібліятэкі. Гэта было даволі «рызыкоўнае» мерапрыемства – прыняць на сябе такую матэрыяльную адказнасць (недзе на 10 тысяч савецкіх рублёў было толькі кніжак ў бібліятэцы), але я пагадзіўся, і, праявіўшы характар, даказаў сабе і некаторым чыноўнікам, што і пры маіх фізічных магчымасцях можна працаваць, прыносіць карысць людзям. Асабліва паважалі мяне вяскоўцы: я не толькі падбіраў ім кнігі для чытання, я быў для іх – і лектарам, і лекарам, і юрыдычным кансультантам, і шмат яшчэ кім. Святло ў вокнах бібліятэкі не гасла да паўночы: людзі шукалі нейкай «адтуліны» ад будзённых праблем – ішлі да мяне за парадай. Моладзь ладзіла ў бібліятэцы дыскатэкі, арганізоўваліся цікавыя сустрэчы з заслужанымі людзьмі – ветэранамі вайны і працы, мясцовымі самадзейнымі артыстамі, ? людзі цягнулася да культуры і ведаў, што, адкрыта скажу, мяне вельмі радавала.
        Галоўнае, што дала мне праца ў Лужанах, -- упэўненасць у сабе. Была знойдзена мэта і сэнс жыцця – тая жыццёвая сцяжынка, на якой мне сустракалася шмат добрых людзей, з кім я не парываю сувязей і сяброўскіх адносін да гэтага часу. Тут напаткаў сваё каханне, тут завязалася сям’я. Кніжкі з той пары сталі спадарожнікамі маіх клапатлівых будняў, а творчая праца прыносіць нямала задавальнення. З кнігай і вершамі не разлучаюся і сёння, працуючы спачатку ў Валожынскім цэнтры дзіцячай творчасці (кіраўнік гуртка «Мастацкае Слова» (1989 - 2001 гг.), а зараз – метадыстам народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» пры РЦК.
         Мой першы верш быў надрукаваны ў 1975 годзе ў райгазеце «Працоўная слава». Скажу, што і зараз працягваецца творчае супрацоўніцтва з гэтай газетай, куды я часта дасылаю свае допісы і вершаваныя радкі.
        Недзе ў 1980 годзе ў рэдакцыю раёнкі (рэдактарам быў С. У. Ломаць) прыйшоў працаваць тады малавядомы паэт, наш зямляк – Віктар Анатольевіч Шніп, ? ці проста Віктар, як яго называлі ў рэдакцыі. Ён пачаў весці «Літстаронку», не абмінаючы ўвагай нікога, хто спрабаваў сябе як творца. Прыхільна ставілася да самадзейных мясцовых «паэтаў» і журналістка Галіна Шаблінская, голас якой чуем зараз на рэспубліканскм радыё, а тады – супрацоўніцы райгазеты.
        Па ініцыятыве Віктара і Галіны было неўзабаве створана літаб’яднанне «Рунь», членамі якога сталі вядомыя сёння людзі: П. І. Бітэль, Г. Рубацкая, А. Гедроіць, В. Гіруць-Русакевіч, В. Шніп і інш. Я таксама прымаў пасільны ўдзел у працы гэтай суполкі. Нас аб’ядноўвала цяга да творчасці, любоў да роднага слова, гарачае жаданне быць пачутым. Як вынік агульных намаганняў: пасяджэнні сталі праводзіцца рэгулярна, у цёплай сяброўскай атмасферы, нас сталі друкаваць, а ў самых адароных – выйшлі першыя зборнікі: у В. Шніпа, П. Бітэля, напрыклад.
        Мае ўласныя творы ў «ЛіМе» з’явіліся ажно ў 1986 годзе, -- да гэтага, праўда, была «Чырвоная змена». Прачытаў іх, і даў «дабро» да друку слаўны беларускі пісьменнік Юрась Свірка. Ён напісаў мне тады літаральна наступнае: «...тое-сёе выбраў да друку. Патрэбны Ваш фотаздымак. Астатнія вершы хай застаюцца для будучага зборніка». Як жа я быў удзячны паважанаму літкансультанту за такія словы!..
        Словы аказаліся прарочымі. Хай не адразу, але ў 1996 годзе пабачыў свет мой крылаты «Белы птах» -- мая першая кніжка, выдадзеная ў прыватным выдавецтве на спонсарскія грошы Барысаўскага шпалапрапітачнага завода. Кніжка зроблена неяк наспех, без належнага падыходу да справы, слаба адрэдагавана, затое – першая!..
        Памятаю, колькі радасці было ад здзейсненага. Гэтая кніжка дала мне пуцёўку ў Саюз пісьменнікаў Беларусі (1998 г.).
        І толькі праз пяць гадоў у выдавецтве пры часопісе «Нёман», дзякуючы майму даўняму рэдактару, крытыку і сябру В. Шніпу, мне ўдалося выдаць яшчэ адзін зборнік вершаў пад паэтычнай назвай – «Асенні ренесанс». Зборнік прыхільна сустрэты аматарамі паэзіі, разышоўся імгненна, карыстаецца попытам у чытача. А гэта для аўтара – немалаважна...
        Такім чынам, як мог, я заявіў пра сваё існаванне ў свеце. Плён маёй працы -- мая творчасць – мой лёс!.. Гэта і ёсць адказ на пытанне – як варта жыць, як неабходна любіць жыццё, якое ніколі не канчаецца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.