РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Курыла
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзе зімуюць сьнегіры
 
 
На першапутку

 
 
Падарунак
 
Пушча
 
*** Край, дзе родзіць...
 
Мой паклон
 
Песня пра хлеб
 
Дзед
 
Паэт
 
*** Патанулі ў шэрані дамы...
 
Купалле
 
Курганная кветка
 
Місія
 
Святое
 
Бацькоўскі край
 
Шчасце
 
*** Шукай ў дробязях празрэння...
 
Муза
 
Кастры
 
Бераг маленства
 
*** Басаногім яшчэ хлапчуком...
 
*** Цяпер у модзе магістралі...
 
Не мінайце
 
*** Спрадвеку ў свеце так вядзецца...
 
*** Мясцін мілей няма на карце...
 
Сшытак
 
Славянскі рух
 
Гарады
 
Фаліянт
 
*** Паграбае лісце лістапад…...
 
На мове арфы гаварыць
 
Мае песні
 
Чаму
 
*** Старэе вёсачка карэннем…...
 
*** Заўсёды так: як дрэнна штось...
 
Малітва за край
 
Дробязі
 
Мілашы
 
Лес
 
Вязы
 
Салавей
 
*** Куды ні кінь – лясныя ўсё імшары...
 
Бальшакі

 
 
Дарога
 
Маё прадзіва
 
*** Дзе мой казачны край?..
 
Дзівак
 
Студня
 
*** Помніш, калі мы з табою...
 
*** Пакуль рыпіць зямная вось...
 
Позьняе прызнаньне
 
*** Улагоджаны палеткі...
 
*** Мы, магчыма, вернемся ў пару...
 
*** Шыпшыны куст палае ў свеце...
 
*** Жыву прашатым… Бо пад восень...
 
*** Не шукай...
 
Эцюд даверу
 
*** Святочны дзень. А ці да святаў?..
 
*** Вяжа дзядзька венікі...
 
*** Скупое лета на цяпло...
 
*** Край Валожынскі наш не багаты...
 
*** Хачу я ў Мір – да ліпаў старасвецкіх...
 
Паэзія
 
*** Рыжая восень над рыжым Нясьвіжам...
 
Прагноз
 
*** Агонь апошняй сьвечкі...
 
Апошні здымак
 
*** Гляджу на глобус – шар жывы...
 
*** Як слаўна раненька прачнуцца...
 
*** Спіленая ліпа па вясне...
 
*** Не ўсе скрыжаванні развязаны...
 
*** На вачах бяднее...
 
Вяргіні
 
Парасткі
 
*** Ўсё пакінем, чым Сусвет багаты...
 
*** Паміж летам і восенню...
 
Два бакі
 
*** Маці...
 
Дзякуй
 
Чысты вобраз
 
*** О не пытайце вы мяне пра шчасце...
 
*** Як сад ад квеціні дурэў...
 
Аблокі
 
*** Пакуль жыве рака маёй надзеі...
 
*** Сонца чырвоным пеўнем...
 
*** Яшчэ не восень, не, не восень...
 
*** Сагрэты дыханнем лугоў я квяцістых...
 
*** Цікае гадзіннік...
 
Белы птах
 
Налібокі
 
Бусел
 
Беларусь
 
Лістабой
 
Бывайце
 
Жах
 
*** Па дарозе да вясны...
 
Айчына
 
*** Жанчына – клумбу палівае…...
 
Удава
 
*** «Песню бярыце з сабою!»...
 
Зіма
 
Студзень
 
*** Марозным ранкам я люблю...
 
Прагрэс
 
*** Вяршыць зіма зямны кругазварот...
 
Трыялеты
 
Вышыванка
 
Беларусы
 
Як мы ў госці сабіраліся
 
*** На зямлі, дзе гонкія яліны...
 
Раманс
 
Зафільцы
 
*** Світае. Світак промнеў...
 
*** Восень – дзіўная пара...
 
*** Абудзіць певень загуменьне...
 
*** Вось і ўсё... Вось і ўсё...
 
Астры
 
*** Мой ранак не засмучаны...
 
Слухаючы Брамса
 
Не раз у роздуме вярнуся
 
Супрацьстаянне
 
Птушка
 
Дзе зімуюць снегіры
 
*** У доме пад сонцам – жыве немаўля...
 
Шкада
 
Жанчына ў чорным
 
Рыжы ліс
 
*** Пісаліся вершы на тэму адну...
 
На зваротным шляху
 
Укралі зіму
 
Напрадвесні
 
Прыляцелі шпакі
 
Першы гром
 
Апошні сьнег
 
Баляда сьняжынкі
 
Баляда першага сьнегу
 
Баляда паэта
 
Баляда музыкі
 
Баляда Ядвігіна Ш.
 
Баляда Дуніна-Марцінкевіча
 
*** Цёця Уладзя... Цёця Уладзя...
 
*** У свеце нашых блізкіх зносін...
 
Даруйце
 
Безь цябе бэз цьвіце
 
На вераснёвай мяжы
 
*** З зімы, яе акоў, я вырвуся аднойчы…...
 
*** Пад музыку дажджу – сціхаюць нават гуслі…...
 
Існасьць
 
*** Вярні жанчыне неба...
 
Трыпціх
 
*** Раз’ехаліся – разышліся…...
 
*** Зноў прыгалублю – пашкадую...
 
Зорка Венеры
 
З росных сьцяжынак

 
 
Каравай
 
У альбом Т. А.
 
Сьляды
 
*** У суме мне лёс падсумуе...
 
Рунее «Рунь»
 
Навагоднія віншаванні
 
Да дня настаўніка
 
Настаўнікам
 
Прывітальнае слова мітрапаліту
 
Сябру-юбіляру
 
З юбілеем
 
Дай Бог!
 
Нішто ў жыцці не выпадкова
 
З юбілеем!
 
В. П. Рагойшу. З нагоды знаёмства
 
Аднаклясьнікам
 
Юнай беларусачцы
 
Адамава рабро
 
Час травастою
 
*** Шчэ жыў прадчуваннем прыгожага...
 
Сустрэча ў верасні
 
Баляда душы
 
Сарамлівая
 
Маёвая мяцеліца
 
*** Адлятаў у вырай...
НА ПЕРШАПУТКУ
Падарунак
На зямлі, дзе б’ецца ў бераг Іслач,
Запрашае ў бор Бярэзіна –
Ведаў шмат сьцяжынак я сунічных,
Ведаў шмат людзей я сімпатычных,
Ведаў – дзе ёсьць праўда, дзе мана...
 
Тым ня менш, я не сьпяшаўся ў судзьдзі,
Помніў, што жыцьцё заўжды мудрэй.
Кожны твор мой – падарунак людзям,
Хто душой імкнецца быць дабрэй.
 
І таму – ніколі не забыцца,
Як ля вокан пахне бэз вясной,
Як натхнёна ціўкае сініца
Ля крыніцы ў засені лясной!..
Як вусаты колас – ды далонь шчакоча,
Калі прывітацца зь ім рашыў;
Як ласкава ў бераг хвалямі пляскоча 
Іслач, дзе я ногі арашыў!..
 
 
 
 
Пушча
Валожынскі край – Налібоцкім завуць,
Падзей адбылося тут гушча.
Тут Іслач з Бярэзінай вольна плывуць,
А край акаляе наш – Пушча.
Спрадвеку карміла яна мужны люд,
Ад ліха-бяды бараніла.
Свабодны народ каб не ведаў пакут,
У сонца спагады прасіла.
Гады ліхалецця з вадою сплылі,
Сучасныя рытмы паўсюду:
Мы працаю множым красу на зямлі,
Мы верым прыродзе, як цуду!..
 
 
 
 
*  *  *
Край, дзе родзіць
Бульба спорная ды збожжа,
Спее новы важкі каравай,
Край – красой лясной прыгожы –
Гэта ўсё валожынскі мой край!..
Акрамя пяску ды клейкай гліны,
Больш няма запасаў кладавой,
Але соснаў гонкія галіны –
Дастаюць да неба галавой!..
Шмат дарог праз край наш пралягала,
Шмат чаго з вадой Бярэзіны сплыло…
Гэты край хваліў яшчэ Купала,
Услаўляла ў песнях – і Буйло.
Тут паэт  Стары Улас  радзіўся,
Пётр Бітэль, шаноўны наш, настаўнічаў…
Дзе радзіўся – там і прыгадзіўся,
Кожны з іх легендай жывой стаў!..
Тут працуюць здольныя паэты,
Мастакі, майстры мастацтваў ёсць –
Людзі, хто жыве духоўным светам,
Хто шануе ў свеце Прыгажосць!..
Тут мінулае сустрэлася з сучасным,
Цесна сплецена стагоддзямі… Але:
Верым мы ў наш новы ранак ясны,
Верым – як у Хлеб, што на стале,–
У сваю удачу – у людское шчасце –
Без сумненняў верым, без трывог…
Край радзімы – вось наша багацце,
Што сам час бязлітасны збярог!..
На яго красу нам і маліцца –
На красу – паэзію зямлі:
Чысціню нябёсаў і блакіт крыніцаў,
Нашы урадлівыя палі!..
 
 
 
 
Мой паклон
За хлеб – прадукт высокай пробы,
За хлеб, што маем на стале, –
Паклон шлю нізкі хлебаробам,
Паклон вам, людзі, на сяле!..
 
Вялікі дзякуй – хлебапёкам,
Хто булкі смачныя пячэ, –
Хай справа лічыцца нялёгкай,
Аднак – пачэсная яшчэ!..
 
Спраў і мужчынскіх, і жаночых,
Карысных спраў – не палічыць,
Але й прафесар, і рабочы –
Імкнуцца часам даражыць.
 
Працуе кожны ў нас сумленна
(Сумленне ставіцца ў залік!),
У працы – вопыт пакаленняў
І сэнс жыцця наш на зямлі!..
 
Ты агляніся – палюбуйся,
Як родны край памаладзей,
На ўсёй прасторы Беларусі
Няма нядбайства анідзе.
 
І тут, і там – кіпяць новабудоўлі,
Грукочуць цягнікі да станцый,
Гудуць камбайны на жніве ў полі
(А дзеці – вучацца ў школе!),
Для ўсіх зханятак ёсць і праца.
 
А будзе праца – будзем з хлебам,
А будзе хлеб – і песня, ведай, будзе!..
За шчасце жыць пад мірным ясным небам
Бясконца ўдзячны часу нашы людзі.
 
 
 
 
Песня пра хлеб
Так з даўніны ў баку нашым вялося,
Што лепшыя ўсе песні ў нас – пра Хлеб…
Бач, нездарма – жытнёвае калоссе
Вянчае золам Дзяржаўны Герб!..
І я на Хлеб, як творца, памалюся:
Успомню светла – і сяўню, і серп…
Сімвал Беларусі – гэта белы бусел,
Сімвал дабрабыту – гэта чорны хлеб.
…збіраючы ў дарогу маці сына,
Акрайчык хлеба ў сумку пакладзе,
І гэты хлеб для сына – як святыня,
З чым ён, юнак, нідзе не прападзе…
Хлеб на пачэсным месцы ў кожнай хаце,
Дзе ваза з кветкамі…
Дзе ільняны абрус…
Хлеб – знак любові і духоўнага багацця,
З чым і жыве пад сонцам беларус!..
 
 
 
 
Дзед
Дзед ладзіў з плугам,
Ладзіў і з касою,
Дзед жыў заўсёды з мазаля.
Зямной аднойчы ўзрушаны красою,
Красу і ў чалавеку ухваляў!..
Перш добра помніў: скуль сам родам,
Гады маленсмтва дзе прайшлі…
Меў гонар-званне, дзед мой, –
Хлебароба,
Што й бараніў ашчадна на зямлі.
Ён рупнай працай дабрабыт свой множыў
І славу дарагіх сэрцу мясцін.
І чалавекам быў на дзіва ён прыгожым,
І так прыгожа да канца дзён жыў!..
Яго душа вандруе паміж важкіх,
Вясенніх, з дымкай, аблакоў…
Мне без падтрымкі дзеда цяжка,
Хоць дзед – дзівак быў з дзівакоў!..
 
 
 
 
Паэт
Жыве ў правінцыі паэт,
Прыгожая жанчына,
Сама – як зладжаны санет,–
Вачэй адвесці немагчыма,
І піша вершы – ад душы,
Нібыта храм яна будуе…
Чароўнай рыфмаю чаруе
Усіх, хто любіць у цішы
Пабыць даўжэй – у задуменні –
Каля каміна, дзе паленні
Гараць, як мокрыя каменні
На сонцы – нібы гладышы,
Як сам гару ад дум парою –
Гару, каб шлях твой асвяціць,
Не чынячы бяды нікому,
Дапамагчы – дайсці, даплыць
Да берага свайго, дадому…
 
Ад Бога талент дадзен ёй,
Прыгожай той жанчыне:
Усё, што скажа,– з цеплынёй,
Нібы акно расчыне
Насустрач свету, каб ляцець
Ажно да небасхілу…
Часамі мог бы я глядзець
На твар жаночы мілы
І слухаць голас, каб услед
Красой дзявочай любавацца,
Чароўнай рыфмай ачышчацца…
 
Жыве ў правінцыі паэт,
Прыемна ў тым прызнацца.
 
 
 
 
*  *  *
Патанулі ў шэрані дамы,
І прысады шэрыя ў тумане…
Сярод адзіноты і зімы –
Ты прызнач мне новае спатканне,
Нагадай вясеннюю пару,
Дай суняць душэўную трывогу…
Нетаропка рэчы сабяру,
За табой адпраўляся ў дарогу,
Дзе брысці мы будзем да зары,
Слухаць шэпат палкага дыхання…
Гавары са мною, гавары,
Як гавораць птушкі да змяркання!..
Мы з табой – невыпадкова… Мы –
Бы маяк, што згіне ў тумане…
Сярод адзіноты і зімы –
Цешуся ўсё ж думкай пра каханне.
 
 
 
 
Купалле
Стагнала купальскае вогнішча,
Махала крывавым крылом.
Ў язычніцкім гэтым відовішчы
Штось грэшнае вельмі было.
 
Бы чэрці, памерацца сілаю
Сабраліся з богам агню –
Хто з пікай скакаў тут, хто з віламі
І ў вочы глядзеў – Перуну…
 
Ігрышча мацней разгаралася,
Жывіла душу варажбой…
Вяселлем душа ачышчалася
Не горш, чым святою вадой.
 
 
 
 
Курганная кветка
Паэт – дзіця сваёй эпохі…
Але ў эпохі запыты свае,
Дзе не бывае шлях да мэты лёгкім,
Дзе нітку лёсу – кожны сам снуе.
Паэт – дзіця сваёй эпохі…
Прайшла праз церні і Канстанцыю Буйло
(Нас раздзяляе, як пліта, стагоддзе),
Лёс паспрыяў жанчыне трохі:
Яе паэзіі святло –
Курганнай кветкай прарасло,
Жыве, як песня, у народзе,–
Няхай даўно гэта было!..
Дзіўлюся смелай рыфме я паэта,
Натхненню, таленту, якіх хапала:
“Люблю наш край – старонку гэту…” –
Так мог сказаць ці Колас, ці Купала…
А свежы вобраз рупна адшукала
(Няхай даўно гэта было)
17-гадовая дзяўчына,
Паэт – Канстанцыя Буйло!..
 
 
 
 
Місія
Бы лодку старую, душу пачыніў:
У храме на ўзгорку паставіў тры свечкі,
Нібы прабачэння ў людзей папрасіў,
Каму ненарокам я боль прычыніў,
Каб весці з Сусветам адкрытыя спрэчкі.
 
Зноў грэшныя думкі даверу агню,
На лад меладычны я ліру настрою:
Што мілаваў сёння – заўтра казню,
Не пазайздросціш майму ты герою!..
 
У супрацьстаяння стаяць на мяжы –
Такая ўжо місія, знаю…
Ды ты пачытай і другім пакажы
Радкі, чым душу саграваю.
 
 
 
 
Святое
З якіх ні вярталіся б толькі дарог,
Вяртаемся мы да духоўных вытокаў:
Легенд ды паданняў, што час нам збярог,
Паэзіі мудрай – як неба, высокай.
Вяртаемся ў казачны край небыліц
Часой палявання на дзікага тура,
Да нашых традый і ведаў крыніц –
Гняздоўяў культуры, як Полацк ці Тураў…
Сябе адчуваць пачынаеш наноў
Зямлі патрыётам – свабодным і годным…
…Святое – яно зразумела без слоў!..
Святое – яно ў Слове родным!..
 
 
 
 
Бацькоўскі край
Бацькоўскі край – радзімая зямля…
Вільготны ранак коціцца гасьцінцам.
А я прашу дазволу ў Жураўля  –
З крыніцы жыватворнай прычасьціцца!..
Даешся дзіву: колькі тут красы –
Вакол дарог, вакол сядзіб прыціхлых!..
А кінеш вокам – пушча ды лясы
І сінь нябёс, зь нясьпешным іхнім рытмам…
Плывуць аблокі ў мора цераз край,
Лагодны ветрык статак падганяе…
Зямля бацькоў – рабін чырвоных рай!..
Зямля бацькоў – зямля мая сьвятая!..
Як напамін – царкоўныя званы…
Як добры знак – гаворка роднай мовы…
Тут вывучаем скарбы даўніны,
Тут адчуваеш лучнасьць з часам новым.
Усё тут блізка, дорага душы:
Знаёмыя прасёлкі і пагоркі,
І яркі куст шыпшыны ля шашы,
І пах бульбоўніку ля студні на падворку!..
А здарыцца гасьціць дзе за мяжой,
Дзівосны сон вандроўніку прысьніцца:
Ружовы ранак грае ў свой ражок,
Ружовы сьнег лажыцца за гасьцінцам…
 
 
 
 
Шчасце
Шлях на Парнас для паэта быў лёгкім,
Як і прыступкі радкоў вершаваных.
А адшукаў ён натхнення вытокі
Там, дзе валожынскі край сінявокі,
Край, што Купалам яшчэ ўшанаваны!..
З радасцю прымуць паэта ў абдымкі
Сцежкі маленства, прапахлыя бэзам.
Прымуць, як сына, – лясныя сцяжынкі,
Што пралягаюць ля вёскі Лягезы…
Гэта пасля Пугачы будуць сніцца,
Клікаць здалёк з мітуслівай сталіцы.
Будуць чакаць яго, бы для забавы,
Мілыя сэрцу малюнкі і з’явы!..
З гэтых сцяжын браў у свет ён напрамак,
Шчасця шукаў, як дарогу да Храма,
Толькі не скажаш, што ім упіваўся,
Бо летуценнікам так і застаўся!..
 
…мабыць, аднойчы ранкам лагодным
Стане мой сябра – паэтам народным…
Кім бы ні стаў ён пасля ў Беларусі,
Я даражу ім і ганаруся!..
Я яму зычу – вандроўнага шчасця,
Чыстай любові, што нібы прычасце,
Зычу такім заставацца заўсёды,
Хто не ганяўся за славай ці модай,–
Не мітуслівым, не мнагаслоўным…
Майстрам лірычным і адмыслоым!..
 
Шлях на Парнас для яго быў не мэтай,
Проста такая ўжо доля паэтаў:
Хоць на вяршыні, навідавоку, –
Толькі заўсёды паэт адзінокі,
Як пілігрым, што падобны на Круза…
…Шчасце, што побач ёсць ціхая Муза!..
 
 
 
 
*  *  *
Шукай ў дробязях празрэння,
Дзе свежай думкі ёсць палёт.
Дзе ёсць краса – там ёсць натхненне
(Азарт, прыгоды і здзіўленне!),
Пачуццяў ёсць – КРУГАЗВАРОТ!..
 
 
 
 
Муза
Бяжыць дзяўчо сцяжынкай палявою
(Як матылёк…)
І – ловіць матыля.
Дзяўчынка – 
З белабрысай галавою –
Прычына радасці маёй
І неспакою, – 
Вакол якой і верціцца зямля.
Гляджу я ўслед ёй –
Не дастаць рукою,
Баюся, што спужаю матыля...
Дзяўчынка
З белабрысай галавою
(Сябе на тым і супакою) 
І стане Музай звонкаю пасля!..
 
 
 
 
Кастры
Выбіты з будзённай каляіны,
Мяне нясуць пад воблакі вятры,
А ўздоўж шашы – палаюць арабіны,
Асеннія самотныя кастры.
 
Ляту над краем – чую лязгат зброі…
Іржанне, чую, коней у начы…
На конях мажных бачу мужных вояў,
Хто здолеў край бацькоўскі зберагчы 
Ад нехрысці… І паўшы ў сечы страшнай,
Збярог святое – гонар і сцягі…
 
Гараць кастры. І, дымам іх прапахшы,
Я думаю пра час, на водгукі глухі.
 
 
 
 
Бераг маленства
У кожнага ноша свая. І свой Бог.
Не будзем пра Бога... А толькі:
Вытокі дарогі – бацькоўскі парог,
Бераг маленства далёкі.
 
Ды не такі і далёкі ўжо:
Як бацькава ўсмешка…
Як голас матулін…
Як сцежка лясная 
Пад жоўтым дажджом,
Як пах залатой пад застрэшкам цыбулі!..
 
Помню – магілку,
Прадзед мой дзе
Яшчэ да вайны пахаваны…
Адбудзецца ў свеце шмат новых падзей,
А бераг маленства − ён не бызымянны!..
 
 
 
 
*  *  *
Басаногім яшчэ хлапчуком
Бег вясну сустракаць каля весьніц,
Зь нецярпеньнем чакаў я шпакоў,
Каб на ліпе ім “домік” павесіць.
 
Прыляталі ў мой сад малады 
Белахвостыя ранкам сарокі,
Вывучаў я іх мову тады – 
Вывучаў сьвет адносін шырокі.
 
І ад радасьці проста дурэў, 
Калі ўсё ажывала жывое…
Палюбіў песьні птушак і дрэў,
Што й нашу я ў душы як сьвятое.
 
Пастарэў вось – вярнуўся к вадзе,
Пасяліўся, як ліс, ля затокі…
Ў пераменлівай плыні падзей
Сквапна п’ю далягляд сінявокі.
 
 
 
 
*  *  *
Цяпер у модзе магістралі:
Імклівы век – імклівы рытм...
Аднак здзіўляць не перасталі
Нябёс бязвоблачныя далі,
Пажар малінавай зары...
Душу хвалююць хвалі рэкаў,
Дзе зоркі вечнасці дрыжаць,
Згубіўся след дзе чалавека,
Які наўрад ці адшукаць...
 
А сонца – як валун вялікі –
Насустрач коцяць нам вятры...
Не, рана ўсё ж рабіць падлікі,
Пакуль будуем свой мы Рым.
 
 
 
 
Не мінайце
Край лясны чабору, мяты,
Іслач дзе бяжыць за гай,
Край пагоркамі стракаты –
Налібоцкі родны край!..
 
Тут, на бойкім раздарожжы,
Шмат гадоў таму назад 
Вырас слаўны і прыгожы
Горад з назваю Валожын,–
Горад-казка, горад-сад.
Ім валодалі вяльможы,
А цяпер – працоўны люд,
Любіць кожны свой Валожын,
Хто радзіўся, вырас тут.
 
Кожны славу яму множа,
Хто працоўны мае плён.
Прачынаецца Валожын
Пад царкоўны перазвон.
 
Б’юць званы на раздарожжы,
Б’юць, як шмат гадоў назад, −
Не старэе наш Валожын,
Не прыйшоў у заняпад!..
 
Край − паэтамі апеты, –
Дзе ні глянеш – прыгажосць!..
Ёсць у нас свае паэты
І майстры мастацтваў ёсць.
 
Край на таленты багаты,
Маем што мы паказаць.
У нас хлопцы і дзяўчаты
Добра ўмеюць працаваць…
(А яшчэ, скажу, у свята
Любяць гожа 
                                заспяваць!..)
 
Госць у хату завітае –
Рады госцю мы заўжды,
Хлебам-соллю прывітаем
Ад імя ўсёй грамады.
 
Абагрэем – заначуе
Госць шаноўны на куце,
Песню звонкую пачуе,
Што не чуў ён анідзе!..
 
Малады ды не жанаты?
Мілавідных шмат дзяўчат.
Галі, Гэлі ды Агаты –
Вам падыдуць акурат!..
 
Не мінайце край прыгожы,
Край гасцінны... так і знай.
Прыязджайце ў наш Валожын
(Разгавецца дапаможам),
Не мінайце дзіўны край!..
 
 
 
 
*  *  *
Спрадвеку ў свеце так вядзецца,
Вядзецца так ад веку ў век:
Красы шукае чалавек
І да красы душой імкнецца.
Чаго рука майстры кранецца,
Шэдэўрам гэта назавецца
І цешыць вока будзе век.
Спрадвеку ў свеце так вядзецца:
Любові прагне чалавек!..
 
 
 
 
*  *  *
Мясцін мілей няма на карце
Юнацтва светлых берагоў,
Дзе зведаў я адкрыццяў шчасце,
Ды не аддаў – святых даўгоў...
 
Зноў кліча роспытам сцяжынка,
Вядзе, бы Арыядны ніць,−
На луг, дзе маміна хусцінка
Ярчэй куста шыпшын гарыць.
 
А ў садзе дзеда наліліся
Духмяных грушаў крамяні;
Імкнуцца ластаўкі ў высі,
Прарочаць сонечныя дні...
 
Дзень да заходу пахіліўся, −
Царкоўны, чую, звон званоў...
Не заблуджуся, бо не збіўся
З дарог да родных курганоў!..
 
 
 
 
Сшытак
Душа жаночая спявала 
Ў дарозе,
                      дома,
                                    на таку…
Калі зацірку гатавала
Ці шыла нешта мужыку.
 
Душа спявала ад любові
Да родных ніў 
Ды сенажацяў;
Спявала – калі цвіў бульбоўнік
Ці – пахла хлебам печаным ў хаце...
 
Душа спявала ўжо з тае прычыны,
Што сонца ўстала – разбудзіла птушак;
І кожны ранак радаваў жанчыну,
Як заплятала косы 
У малых пястушак...
 
Спявала – белючы палотна,
Ірвала  лён ці жала жыта...
Таму заўжды, як на душы маркотна, 
Гартаю зноў бабулі Ганны сшытак.
 
 
 
 
Славянскі рух
Славянскі рух – рух да сябе,
Да мовы матчынай і веры,
Да хат вясковых, што ў журбе
Чакаюць клопату між цемры...
 
Славянскі рух – здзяйсненняў рух,
Шлях у часы Сярэднявечча,
Калі славян бунтоўны дух
Шукаў свой воблік чалавечы.
 
…ад працы пальцы ў мазалях,
А рукі – цягнуцца да неба,
Нібы намацваючы шлях,
Які ў сям’і прайсці нам трэба,
 
Каб не забыцца пра сябе –
Адкуль і хто мы ў гэтым свеце...
Славянскі рух бярэ разбег,
І сонца ясна ўсім нам свеціць.
 
 
 
 
Гарады
Пакуль жывуць – наш слаўны Мір і Тураў
І Полацк прадаўжае над Палатай ззяць –
Не прападзе славянская культура,
Не дасць нікому ў часе сумаваць!..
 
Ёй на прасторах – толькі пашырацца,
Бо ў нас на таленты багатая зямля.
А талент (ды памножаны на працу) 
Усходы добрыя дае пасля.
 
І кожны майстра, творчая натура,
Самааддана творцы крыж нясе.
Не прападзе славянская культура – 
Там, дзе дабро тварыцца пакрысе!..
 
Удзел яе – каб быць на стрыжні зносін,
Не руйнаваць
Ні гнёздаў, ні святынь;
А колькі ўратаваць ёй удалося 
Пачэзлых душ, – 
Растоптаных пры тым...
 
Пакуль жывуць – наш слаўны Мір і Тураў
І Полацк у званы Сафійкі б’е, –
Не прападзе магутная культура
І будзе вечна жыць народ яе!..
 
 
 
 
Фаліянт
Я рэдкую кнігу трымаю ў руках,−
Кірыліцы почырк дакладны.
Яе напісаў, мабыць, сталы манах –
Пра час, не зусім каб парадны.
А што там няпраўдай, што праўдай было –
Не варта цяпер хвалявацца…
 
Галоўнае – Слова й праз век ажыло,
Галоўнае – творчая праца!..
 
 
 
 
*  *  *
Паграбае лісце лістапад…
Дзень бы з промняў пяшчоты сатканы.
Гэткіх дзён у жыцці выпадае няшмат, 
Калі ты ў цэлы свет  закаханы.
 
Ўсё на радасць душы: бег ракі й мурагі,
Бераг левы і бераг правы;
І, здаецца, няма больш – ні слёз, ні тугі,
Як няправых няма, так правых.
 
Узнікае жаданне жыццё услаўляць,
А яно – раптам ставіць падножку…
Я ля плыннай ракі буду доўга стаяць,
Ад муты ачышчацца патрошку.
 
 
 
 
На мове арфы гаварыць
На мове арфы гаварыць 
Не кожны, мабыць, можа.
Але калі душа баліць,
На мове арфы гаварыць –
Дапамагае Божа.
 
На мове арфы гаварыць –
Сягаць у свет аблокаў,
На мове арфы гаварыць –
Вяртацца да вытокаў:
 
Туды, дзе каня просіць піць...
Гады зязюля лічыць...
На мове арфы гаварыць –
Пяшчоту некаму дарыць,
Не кажучы слоў лішніх!..
 
На мове арфы гаварыць –
Нібы Ікар сябе спаліць,
Але агонь душы данесці,
Каб іншым шлях іх асвяціць
І навучыць дабро тварыць, –
На мове арфы – мове песні…
 
Як плынь ракі не супыніць,
Назад нішто не вернеш...
На мове арфы гаварыць –
Бы вартавым адказным быць:
І сумнявацца і любіць,
Пакуль у талент верыш!..
 
 
 
 
Мае песні
З новай песні да роднай старонкі
Пачынаўся мой ранак не раз.
І для кнігі – нібы для скарбонкі 
Іх сабраўся трывалы запас.
Запасаў, быццам сейбіт насенне,
Песні з водарам траў ды бароў,
Песні з золатам лісця асенняга,
З майскім подыхам весніх вятроў.
Гаварыў –  і адкрыта і шчыра –
Пра вытокі душэўных трывог,
Незнарок падаспелы ўжо вырай,
Незабыты бацькоўскі парог...
Прыжыліся у вершах рамонкі,
Як і ружы – сярод што зімы...
Пагартай жа, мой дружа, старонкі,−
Мо з табою падружымся мы?..
 
 
 
 
Чаму
Нядаўна быў у тых краях,
Дзе басаногім бегаў.
Там родзіць жыта на палях,
Што ўзімку спіць пад снегам.
 
Раздолле, вольніца кругом, 
А хат жылых нягуста…
І запытаць няма ў каго,
Чаму ў астатніх пуста?..
 
 
 
 
*  *  *
Старэе вёсачка карэннем…
Моладзь асядае ў гарадах.
Як рыба ў возеры, дурэее
Па барах ды па кабаках.
 
Старэе вёсачка, старэе…
І нарастае ў сэрцы боль.
Ляжыць зямля папарам, прэе,
Нам не патрэбная з табой.
 
На нас таўро – “Перасяленцы”,
Не вытравіць і не адмыць.
Адно пытанне застаецца:
Вось як з сумленнем толькі быць?!
 
 
 
 
*  *  *
Заўсёды так: як дрэнна штось,
Не скарджуся нікому,
Імчу туды, дзе я не госць,
Спяшаюся дадому.
 
Зноў уяўляю, як здалёк
Мне падміргнуць прысады.
І ў полі росны васілёк
Сустрэчы будзе рады.
 
Чародка галак сон страсе,
Сарвецца ў невядомасць.
І лёгкі на хаду сусед
Мяне спаткае дома…
 
І толькі тата 
                            не знайшоў
Сіл сына прычакаці...
Як самы светлы шлях дамоў –
Мой успамін пра маці...
 
Радней нічога больш няма.
Вісіць замок на студні.
І на душы даўно зіма
І ў святы мне, і ў будні.
 
 
 
 
Малітва за край
Зайду ў свой храм – на бераг рэчкі,
Дастану – хлеб… Пастаўлю – свечкі…
Укленчу ў травы – памалюся
За светлы вобраз Беларусі.
 
Слоў лішніх неба не пачуе,
Назад – у жыце заначую;
Нарву букет хмяльных валошак
І думаць буду – аб харошым.
 
Мая малітва – верш на памяць,
Нашчадкі нешта ў ім паправяць.
Мне гэты свет заўсёды новы,
Шапчу яму малітвы словы:
 
“Даруй грахі, ласкавы Божа.
Даруй і бедным, і заможным…”
Перад табой мы ўсе адзіны,
Адна на ўсіх у нас – Радзіма!
 
 
 
 
Дробязі
Люблю ціш хат і іх ваколіцу,
Дасціпны жарт – вясковы люд.
Пакуль дабро на свеце водзіцца,
Сляды яго шукаю тут –
 
Ля гэтых хат, дзе цешаць нават дробязі:
Масток драўляны… 
Млын калгасны… 
Стаў…
І белы конь, што пасвіцца на повязі,
Даўно прыяцелем мне добрым стаў.
 
Ў стаўку лавілі карасёў мы з Косцікам,
А ён баяўся, помніцца, вады…
Мінула сёння трыццаць недзе 
(з хвосцікам),
А сэрца ные, просіцца туды –
 
Да тых сядзіб, прапахлі што парэчкамі,
Дзе мне не быць шчаслівым, маладым.
Няма даўно той вёсачкі над рэчкаю…
І толькі дым… Кастра гаркавы дым.
 
 
 
 
Мілашы
Прапалі з карты Мілашы
(Прапалі – бы са свету),
Але гайдаюцца ў цішы 
Бярозкі – дрэвы-спарышы – 
Цвітуць вясной ранеты.
 
На ранку ў росным вішняку
Зязюля маладая
Мне падае як земляку
Сваё знаёмае “ку-ку”,
Аб будучым гадае…
 
І хоць навокал ні душы, 
Тут свет лунае боскі…
Не, не прапалі Мілашы,
Бо гэта – вобраз вёскі!..
 
Бо гэта блізкая зямля,
Дзе кожны кусцік родны.
Сюды вярнуся я здаля, 
Як дождж на грады дробны. 
 
Вярнуся, каб сказаць даруй, 
Зязюлі (што гадае) 
За тую дзіўную пару, 
Дзе асачыў рабін зару…
Дзе мама маладая.
 
 
 
 
Лес
Рос за вёскай лес кудлаты,
Для дзяцей – свабодны лаз.
Меў дзівосаў лес багата,
Чым і радаваў ён нас.
 
Лес дарыў нам таямніцы,
Кожны сцежку сваю знаў.
А арэхі, а суніцы –
Хто ў дзяцінсве не збіраў?..
 
Нёс я ягады для маці,
Поўны водару збанок.
Найвялікшым было шчасцем,
Калі чуў:
− Дзякуй, сынок!
 
Гэта “дзякуй” акрыляла,
Памагло стаць на крыло:
На паэзію натхняла,−
І натхняла, і спрыяла
У жыцці тварыць дабро.
 
Час прайшоў. І лес кудлаты
Пастарэў, што не пазнаць,
Але я ўжо тым багаты,
Што было з кім сябраваць.
 
 
 
 
Вязы
Спякота спала. Ціхі вечар.
Аблок сплаўляюцца вазы.
Нам зноў прызначылі сустрэчу
(Нібы паклікалі на веча)
Заўгодзь – вясковыя вязы.
 
Ну што сказаць? Лаві лагоду,
З вышынь гадоў на ўсё зірні:
Успомні, брат, адкуль мы родам,
Адкуль шляхецтва карані.
 
Сустрэча з сябрам – бы дарэчы,
Сіл прыдае яна ў разы.
–  А помніш, як мы ў цёплы вечар
Грузілі сена на вазы?..
 
Як смех дзяўчат гучаў паўсюду
У сенакосную пару?..
Забавы нашы, перасуды,
З чым сустракалі мы зару?..
 
– За лёгкім хлебам не ганяцца б…
– Пра тое думаю штодня:
Струхнела дзедава сяўня,
Няма куды цяпер вяртацца…
 
– Сам прыкмячаю, год ад году,
А трэшчын – болей на кары
Вязоў старых… (Адкуль мы родам),
Як больш маршчынак на твары.
 
– На вёсцы мы сягоння – госці,
Як ні круці, ад думак сум…
– Тут цяжка выправіць нам штосьці,
Хоць ёсць прастор яшчэ для дум.
 
– Пад кронаю густога лісця
Пакурым лепш… І памаўчым,
Пра што мы марылі калісьці…
 
– Усё прайшло, як дым, лічы,
 
Але штогод нас на сустрэчу
Завуць здалёк, бы на прызыў,
Як некалі склікалі веча,
Завуць – вясковыя вязы!..
 
 
 
 
Салавей
Толькі сонца прагляне – 
Ладзіць баль салавей,
Ухваляе ён ранне
Шчырай песняй сваей.
 
З цэлым светам у згодзе,
Ладзіць баль вольны птах.
І за гэта ў прыродзе
Салаўя любяць так!..
 
Мы яму давяраем
Нашых дум грэшных рух,
Мы душой – заміраем,
Як спявае дзе зух.
 
 
 
 
*  *  *
Куды ні кінь – лясныя ўсё імшары,
Прасёлкаў гул
І пыл ад трактароў...
І хмызнякоў зялёныя пажары,
Вазы аблок над роскашай бароў.
 
Не ўсё відаць 
Мне ў шыбіну вагона,
Таму па памяці я маляваў не раз –
Напружаны
І нервам агалёны,
Вясковы беларускі наш пейзаж.
 
 
 
 
БАЛЬШАКІ
Дарога
Зноў селавой брыду дарогай,
А следам цень цяжкі брыдзе.
Цень – і сумненні, і трывога:
Куды дарога прывядзе?..
Яе нямала патапталі
І вось – схавалі пад асфальт.
І разам з тым сляды схавалі – 
Сляды падзей вялікіх, дат…
Ды як схаваць, скажы, руіны
Ці курганы – след змагароў?..
На Беларусі шмат рабіны,
Здалёк здаецца – продкаў кроў…
Крыві  і здзекаў аж замнога,
Хай тут не быў ніколі рай,
Гляджу на свет заўжды з трывогай:
О, колькі гора зведаў край!..
Цяпер у модзе магістралі,
Другая хуткасць, іншы рытм…
Ды, помню, мудрыя казалі:
“Дарогі ўсе вядуць у Рым!”
 
 
 
 
Маё прадзіва
– Паміраеш – жыта сей,–
Гаварыў дзед Аляксей…
 
Я родам з сялянскага роду,
Не маючы іншай радні,
Я родам, як кажуць, – з народа,
На вёсцы мае карані.
 
І дзед мой, і бацька – ад вербаў,
Спрадвеку  жылі з мазаля;
Святое для нас – наша Вера,
А клопат – радзіла б зямля!..
 
Пасля, калі з’ехаў у горад,
Дамоў бы на крылах ляцеў:
І ў радасным стане, і ў горы
Спаткацца з маленствам хацеў...
 
Мяне спатыкала наўколле,
Ды нешта змянілася ў ім,
Змяніліся – лес наш і поле,
І сам стаў, напэўна, другім...
 
Другім, ды святому не здрадзіў,
Бо вёску – любіў і люблю.
І яблыні ў дзедавым садзе – 
Я зноў па вясне пабялю!..
 
 
 
 
*  *  *
Дзе мой казачны край?..
Дзе ніколі не жыў.
Толькі марыў аб ім
Ды начамі тужыў.
Па барах, па лугах
Па яго не блукаў,
Гэты казачны край –
Я ў душы адшукаў.
Невядомы пакуль
Далягляды  яго,
Але рэкі цякуць –
Ўсе да сэрца майго...
І здаецца парой,
Што аднойчы там жыў,
Што мой казачны край
Мне даўно не чужы!..
 
 
 
 
Дзівак
Той юнак быў дзівак,
Гожа мог ён спяваць.
І пра талент яго
Шмат дзе й сёння чуваць.
 
Ладзіў лодку з вяслом,
Быў ён сябрам ракі.
Не мірыўся – са злом,
Як і ўсе дзівакі.
 
Мала верыў, аднак,
Свет мірскі ў юнака…
А памёр ён, дзівак –
І памерла рака.
 
 
 
 
Студня
Вялікі сад квітнеў за домам,
Дзе бегаў хлопчык галышом
І піў са студні мне вядомай,
Якая стала ўжо чужой...
 
Няма ні зруба, ні вядзерца,
З якога б смагу наталіў...
Няма нічога. А здаецца –
Адчуў бы новых сіл прыліў,
 
Каб апынуўся раптам дома...
І чую рып я палазоў –
Па снезе, ўсланаму саломай,
Да студні, стала што чужой.
 
 
 
 
*  *  *
Помніш, калі мы з табою
Прысак рабіны збіралі –
Вецер рваў лісце рабое,
Долу пускаў па спіралі?..
Золка было ў свеце надта,
Час прыпыніў нібы бег:
З высяў, паволі ды раптам,
Падаць пачаў белы снег.
Падаў – на пушчу, на гоні,
Свет наш змяняючы ўміг;
Браў я твае далоні
І саграваў у сваіх…
Помніш,
                  аціх зараз вецер,
Сонца ўзышло з-за мяжы?..
 
…Праўда, былі мы шчэ дзеці,
Чыста было на душы.
 
 
 
 
*  *  *
Пакуль рыпіць зямная вось,
Надзеі нітка не парвецца:
І праўды парастак праб’ецца
І праз стагоддзяў пліты скрозь.
І ў наш завулак дабрыдзе
Вясна – хаўрусніца падпаску…
Падзеям новую развязку
Падорыць заўтра новы дзень.
 
 
 
 
Позьняе прызнаньне
500
Т. А.

 
Лячу з дарогай – у нябёсы…
А крылы дома засталіся.
Я часта думаю пра лёс свой:
Ці ўсе жаданьні хоць збыліся?..
 
Кахаў Жанчыну і кахаю
І Ёй удзячны да магілы
За подых весьні, зелень маю,
Зь якіх я п’ю жыцьцёвы сілы.
 
Лячу з дарогаю празь вецер…
Мне Бог паслаў у век імклівы –
Яе, адзіную на сьвеце,
І толькі зь Ёю я шчасьлівы!..
 
 
 
 
*  *  *
Улагоджаны палеткі,
Абмалочаны стагі,
А на ранку – белай кветкай
Выпаў снег на берагі.
 
Пад снягамі спіць рачулка,
Недакошаны пракос…
Нешта сэрца б’ецца гулка,
Іней сыплецца з бяроз...
 
Ці па тых мы сцежках ходзім?..
Ці за тым сядзім сталом?..
Маладзік на азяродзе  –
Цэдзіць зыбкае святло.
 
 
 
 
*  *  *
Мы, магчыма, вернемся ў пару
Спелых траў і разважанняў смелых,
А пакуль – прашу, чытач, даруй
За маўчання позняга прабелы!..
 
Нас, магчыма, апраўдае час…
І плакаты зменяцца і варта;
Надта многа бруду вакол нас,
Шмат таго, пра што казаць не варта.
 
Тым не менш, даруй ты мне, чытач,
Што, калі валодаў сілай Слова, –
Не пачуў за смехам нейчы плач…
Гэтага для ганьбы дастаткова.
 
І таму яшчэ раз – прамаўчу
І пачну свой дзень з малебнай песні…
Вецер травы спелыя качнуў –
Разагнаў пахмуркі ў паднябессі.
 
 
 
 
*  *  *
Шыпшыны куст палае ў свеце,
Трапеча – нібы матылёк…
Не пагасіў ні дождж, ні вецер
Надзеі колай вугалёк.
 
Шыпшыны куст палае ў свеце,
Хоць сцежкі ўсе перамяло…
Мо, і мяне хто так прывеціць
І прыме пад сваё крыло?..
 
 
 
 
*  *  *
Жыву прашатым… Бо пад восень,
Як выпраўляю ў вырай журавоў,
Заўсёды іх даймаю просьбай:
“Хутчэй, сябры, вяртайцеся дамоў!”
 
“Ты не марудзь, – прашу я ў Бога,
Хай  кіну зерне ў мяккую раллю. –
Не дай загінуць ім, нямоглым,
Пашлі ў час дожджык спорны на зямлю!”
 
Жыву прашатым я ў світання,
Каб плённым быў працоўны дзень;
Жыву прашатым – у кахання:
“Не пакідай хоць у бядзе!..”
 
У мамы, хто заўжды вачыма
Праводзіць аж за паварот…
Жыву прашатым – у Айчыны,
Малю за бедны свой народ.
 
 
 
 
*  *  *
Не шукай,
Не знойдзеш апраўдання
Позняму візіту на парог,
Дзе цябе чакалі да змяркання,
Каб бядзе хоць словам дапамог…
 
Без цябе
Астыла ў кубку кава,
Выкашана ў полі лебяда…
Што далей? А гэта не цікава.
Проста ты давер не апраўдаў.
 
 
 
 
Эцюд даверу
Вечар туліць павекі,
Спаць пайшла далячынь.
Паланянкай у Мекку
Спіць Давер на плячы.
 
Помню, некалі  мама
Словам боль мой лячыла;
Сэрцу трэба так мала,
Каб яно адпачыла.
 
Вось і бойся – у вечар
Ні святло адключыць,
А спужаць (нібы вечнасць)
Ты Давер на плячы.
 
 
 
 
*  *  *
Святочны дзень. А ці да святаў?..
Над пожняй позняй дождж імжыць.
Душу Купалам зноў падлатаў
(А заўтра будзе, мо, зарплата)
І страпянуўся: “Будзем жыць!..”
 
 
 
 
*  *  *
Вяжа дзядзька венікі
На узмежку лета,
Сонца ў памагатых –
Добрая прыкмета.
 
На высокім ганку
Дзядзька, 
Як на троне – 
Ўсё дубцы стругае,
Спавівае промнем.
 
Дзе азарт – там хватка,
Добрая прыемета:
Ў рукі венік возьмеш,
А ён пахне летам...
 
 
 
 
*  *  *
Скупое лета на цяпло,
Але было яно, было ,
Хапала сонца квецені.
Буяла, пеніла, цвіло
І прабівалася, расло,–
Хоць  і не ўсе прыкмецілі!..
Прастор быў перш для ластавак,
Для слоў прыгожых, ласкавых;
Насенаваць стараліся,
А горача – купаліся...
На лецішчы, на леташнім –
Збылося ўсё найлепшае…
 
І вось – кастры гараць...
І дым – у вочы есца маладым,−
Сабрана ўсё калоссе…
Стаім мы моўчкі ля вады,
Цячэ рака – цякуць гады…
На носе хутка халады…
Не за гарамі – восень!..
 
 
 
 
*  *  *
Край Валожынскі наш не багаты – 
Каб на залежы каменных руд,
Слаўны тым, што жыве там заўзяты,
Працай рупнаю вечна заняты,
Памяркоўны й геройскі ўвесь люд.
 
Як умее, ён моц памнажае
І Дзяржавы, і ўсёй грамады,
Працай плённай зямлю праслаўляе,
За што кроў пралівалі дзяды.
 
На зямлі сваёй сам гаспадарыць:
Сее жыта – гадуе дзяцей,
Пра іх шчасце вялікае марыць
Ў пераменлівай плыні падзей…
 
 
 
 
*  *  *
Хачу я ў Мір – да ліпаў старасвецкіх,
Бы час ісці мне ў рыцарскі паход;
У караля штось выгляд не важнецкі,
Але за Вітаўтам-то пойдзе ўвесь народ!..
 
Хачу я ў Мір,
Дзе камяні – як свечкі…
Глядзяцца вежы вокнамі байніц.
Царкоўны звон
У роздуме аб вечным
Не саступае рэху навальніц…
 
Хачу я ў Мір,
Бы да вяршынь Эльбруса…
На пару дзён (ці некалькі хвілін),
Абы адчуць сябе зноў – беларусам,
Героем-волатам паданняў
Ды былін!..
 
 
 
 
Паэзія
Паэзія? Так, драбяза.
Адказу не мае прамога.
Пачуццяў чыстая сляза,
Дарога нейчая да Бога.
Чароўных гукаў, фарбаў свет,
Птушыны шчэбет на світанні.
І пацалункаў перашацвет
І поціск рук пры развітанні.
Прыкмеціш часам сілуэт,
Не спіш начамі потым…
Паэзія? Той след, 
Што ўзнік і знік за паваротам.
Парой хапае пару слоў –
А радасцю павее…
Паэзія? Любоў…
Рака – што руслам не мялее.
 
 
 
 
*  *  *
Рыжая восень над рыжым Нясьвіжам.
Сіняе неба над восеньню рыжай.
Рыжыя думкі як рыжае лісьце.
Рыжыкі ў травах... (Усё як калісьці).
Рыжая восень...
 
 
 
 
Прагноз
За акном – нялётнае надвор’е,
Халады ўваходзяць у азарт.
Дэсантуе
                      восень на падвор’е,
Пацягнула вільгаццю ля хат.
 
Ад дажджоў нікуды больш не дзецца,
Валуны прамоклі ля вады.
Над травой пажухлай, над азерцам –
След непрыхаванае жуды.
 
Там, 
          дзе нас даверлівасць вадзіла,
Бераг апусцеў без рыбакоў.
І папрэлым лісцем, жоўтым пылам
Сцежкі зацярушаны вакол.
 
І пакуль дажджліва на планеце,
Будзе час курснаткаю чадзіць…
Як антэны,
                          дрэвы голым веццем
Будуць промні выраю лавіць.
 
 
 
 
*  *  *
Агонь апошняй сьвечкі
Ня згас пакуль, гарыць.
І месяц Шляхам Млечным
Шчэ прадаўжае плыць.
 
І доўжацца шчэ спрэчкі
Пра побыт наш і час.
Агонь апошняй сьвечкі –
Гарыць пакуль, ня згас.
 
А жоўты ліст, вандроўнік,
Над поплавам ляціць,
Павяў-засох бульбоўнік
І пыл дарог – курыць…
 
Расходзяцца кругамі
Сумненьні па вадзе…
Ды новыя надзеі
Нам дорыць новы дзень.
 
У роздуме аб вечным
Знаходжу сіл запас…
Агонь апошняй сьвечкі
Гарыць пакуль, ня згас.
 
 
 
 
Апошні здымак
У графскім парку спальваюць лісьцё…
Што перажыта – адлятае з дымам.
Ды нейкім 
                      неабдымным пачуцьцём
Раблю апошні чорна-белы здымак.
 
На фоне шэрых будняў – зь небыцьця –
Паўстаў
                  палац вангогаўскі… Альтанка…
Фантан разбураны... І – як працяг
Ансамбля – львы,
                                        ледзь сонныя,
                                                                      ля ганка.
 
Калісьці, мабыць, гэтых вось ільвоў
Прывёз сюды Тышкевіч аж з-пад Рыма...
Пушчанскі край ня чуў такіх зьвяроў,
Бо ў нас для іх – занадта строгі клімат.
 
А, глянь, – і прыжыліся... І жывуць.
Вартуюць графскі дом з калёнай арак.
Анёлы ў замку – болей не пяюць,
А як утульна тут, 
                                      ля ног ільвінай пары!..
 
 
 
 
*  *  *
Гляджу на глобус – шар жывы –
І чую шэпат я травы,
І бачу, як на паплавы
Лятуць вясною журавы,
Куды ўслед цяпло імкнецца…
 
Гляджу на глобус – шар жывы, –
П’ю чысты водар баравы...
А сэрца – плача і смяецца.
 
 
 
 
*  *  *
Як слаўна раненька прачнуцца,
Спыніць аўто на бальшаку –
У водар лета акунуцца,
Нібы з абрыва ды ў раку!..
 
Кіпіць жыццё вакол, стракоча,
Гудзе над кветкай авадзень;
І кожнай красачкаю хоча
Цябе прывеціць светлы дзень.
 
Як слаўна раптам апынуцца
Сярод гасціннасці зямной – 
Нябёсам ветліва ўсміхнуцца,
Адчуўшы крылы за спіной!..
 
 
 
 
*  *  *
Спіленая ліпа па вясне
Маладыя парасткі пускае,
А вачыма ў высі яна мкне,
Гаварыць з нябёсамі жадае.
Калі так, цвязора, паглядзець:
Ліпа аджыла сваё, старая,
А ўсё роўна – хоча зелянець,
Галаву ўздымае, як жывая…
Што ж яе трымае на зямлі,
Акрамя знявечанай ажыны?..
Дожджык, мабыць, што святло праліў
На жаўцюткі жвір лясной сцяжыны.
 
 
 
 
*  *  *
Не ўсе скрыжаванні развязаны
І боль чалавечы расказаны.
 
Як жыта ў жніво перавясламі,
Мы лёсам  адзіным – павязаны.
 
Хадзіць – дык шляхамі яснымі,
Лятаць – дык высокімі трасамі.
 
Арбітай любові, дарогай спагады
Заглянеш ты ў дом мой – і я буду рады.
 
 
 
 
*  *  *
На вачах бяднее 
Наш раслінны свет,
І гэта – дрэнная прыкмета.
Меней радасці – красак букет –
Пакідае нам кожнае лета.
Не зрываю красак лугавых
І дарыць іх нікому не буду,
Я нямею прад шчырасцю іх,
Пакланяюся краскам, бы цуду!..
А ў душы – нейкі жаль…
Неспакой…
Зноў мне лета “бывайце” сказала.
…Рамонкам раздушаным
На маставой 
Прырода пра боль пракрычала.
 
 
 
 
Вяргіні
Цяпла няма і ў напаміне.
Галінкі голыя дрыжаць.
І толькі – гонкія вяргіні
Красуюць буйна… Не спужаць
Апошніх кветах халадамі,
Яны пазіцый не здаюць:
Сваім дыханне ціхім раннем
Прадроглы свет абаграюць.
 
 
 
 
Парасткі
Садзіцца дзень за лес стамлёна,
Апошні круг зрабілі жураўлі
Над полем, дзе зярняткі клёна
Пусціла парасткі з зямлі…
 
Пасееў вецер кволае заўчора,
А лёс паслаў − кароткі век:
І лягуць клёны пад разоры 
І не падняцца ім павек.
 
…Нас вучыць мудрая прырода:
Радзіся − парасткі пускай 
На той зямлі, адкуль ты родам,
А мяккай глебы не шукай!..
 
 
 
 
*  *  *
Ўсё пакінем, чым Сусвет багаты –
Азярын і неба чысціню,
Пах парэчак ля бацькоўскай хаты,
Дошак пах,
                          струганых на труну…
Ўсё пакінем, чым Сусвет стракаты:
Смех унукаў,
                              поціск рук сяброў;
Трэск маланак і грымот раскаты,
Цішыню асочаных бароў…
 
З лепшымі сябрамі расстаёмся –
Праважаем човен па рацэ; 
У асадзе часу застаёмся
З посахам вандроўніка ў руцэ.
 
 
 
 
*  *  *
Паміж летам і восенню
Ёсць пара – Спачуванне.
Спачувае лес возеру,
Лесу – я спачуваю.
Мы пад небам адзіным
Тры жывыя істоты.
Нас яднае – Радзіма,
Нас яднае – самота...
Верым добраму позірку,
Добрым справам людскім…
Паміж летам і восенню –
Цяжка быць гарадскім.
 
 
 
 
Два бакі
Чырвонае і Чорнае Стэндаля,
Як два бакі, што ў медаля…
Каму якая роль прыпала –
Такую й граем мы пасля.
Свет падзяліў не Бог, а людзі,
Прымаў, мо, й чорт у тым удзел.
Ты не спяшайся заўтра ў суддзі,
Тым больш – вяршыць свой перадзел…
Час сабярэ за нас каменне,
Як малако, працэдзіць нам –
Учынкі, помыслы, памкненні,
Трывогі нашыя, сумненні –
Раздзеліць цяжар папалам.
Свет падзяліў не Бог, а людзі,
Сярод якіх няма святых.
Дзесь убыло – а дзесь прыбудзе
Прарокаў мудрых ды сляпых.
Жыві ж як роўны сярод роўных,
Умей і слухаць і маўчаць…
А сэнс? І ў Чорным, і ў Чырвоным:
На ўсім таемнасці пячаць.
 
 
 
 
*  *  *
Маці
Прынесла галінку вярбы,
Паставіла 
Ў слоік з вадою…
Увесь мой пакой асвяціўся тады –
Промнямі
Радасці і неспакою.
 
 
 
 
Дзякуй
Дзякуй за лета
І дзякуй за восень,
Дзякуй за ранак
І вечар 
                бясхмарны!..
Дзякуй за ўсё,
Што ў жыцьці адбылося, –
Шлях мой пакутны – ня марны.
Шчасьце чакала заўжды мяне дома,
Часта блукаў я па бездарожжы...
Дзякуй за Веру –
І самасьвядомасьць, – 
Дзякуй, ласкавы мой Божа!..
 
 
 
 
Чысты вобраз
Нічога дзіўнага няма:
Устану – зорам памалюся...
А за акном маім зіма −
Бы белыя ўсё гусі!..
 
Снег белізной запаланіў 
І межы, і таможні.
Снег чысцінёй прастор ўкрыў – 
Аж на душы трывожна...
 
Па першапутку санны след...
(Набожным станаўлюся.)
Я бласлаўляю белы свет
І светлы вобраз Беларусі!..
 
 
 
 
*  *  *
О не пытайце вы мяне пра шчасце,
Я не хадзіў да шчасця на паклон.
Не ўмею я – ні варажыць, ні красці,
Не ўмею я і плакаць ля ікон.
 
О не пытайце вы мяне пра шчасце,
Яно ў мяне на пенсіі даўно…
Вось толькі гнёзд птушыных – не чапайце,
Павінна ж быць святое штось адно.
 
 
 
 
*  *  *
Як сад ад квеціні дурэў,
Я палюбіў вясну за тое:
За песню птушак, песню дрэў,
Бо зразумеў – яно святое!..
 
Як птах, не ведаў я жуды,
Як асачыў сад ля затокі,–
Яго наведвалі тады
(Мой вінаграднік малады) 
Сініцы ды сарокі…
 
Я не пакінуў родны плёс,
Не забываў сюды дарогі!..
Любоў да роднага пранёс
Я праз жыцця парогі.
 
І стаў мудрэй, як Судны дзень,
І на пад’ём  шчэ – лёгкі...
З разуменнем гляджу на людзей,
З аптымізмам – гляджу на аблокі.
 
 
 
 
Аблокі
Для лёгкіх для аблокаў
Няма канца ні краю,
Плывуць яны высока
Над родным нашым краем.
 
Над тым – што перажыты,
Над тым – чаго ня знаем;
Над побытам і бытам –
Над Пеклам ці над Раем…
 
Пастух аблокаў – вецер – 
На месяцы гарцуе,
Маланкамі, як плецьцю,
Аблокі ён лупцуе...
 
Плывуць, плывуць аблокі,
Чародамі, па пары –
Нясуць свой сэнс глыбокі
Людскія будзяць мары.
 
 
 
 
*  *  *
Пакуль жыве рака маёй надзеі –
Гарыць у хаце бацькавай святло,
І памяць ходзіць сцежкаю былой –
Пакуль жыве рака маёй надзеі.
 
Пакуль жыве рака маёй надзеі –
Ўздымаюць крылы ветракі-млыны,
Вяртаюцца на вёсачку сыны,–
Пакуль жыве рака маёй надзеі.
 
Пакуль жыве рака маёй надзеі –
Спяшаемся пасеяць і пажаць;
Буслы спяшаюцца зноў гнёзды будаваць –
Пакуль жыве рака маёй надзеі!..
 
Хіба ж сабе мы, людзі, ліхадзеі –
Каб загубіць свой род на карані?..
Лятуць буслы да нас, як да радні, –
Пакуль жыве рака маёй надзеі.
 
 
 
 
*  *  *
Сонца чырвоным пеўнем 
За копы садзіцца,
Пахне навокал сенам,
Травой-медуніцай.
 
Тата касу наладзіў,
Правёў па лязу “брывою”;
Рукі пружацца сілай,
Душа – дабрынёю…
 
Так вось, пракос за пракосам
І закасіліся ў вечар…
Зоркі глядзяцца ў росы,
Дыхае сенам вечнасць.
 
 
 
 
*  *  *
Яшчэ не восень, не, не восень,
А з рэчкі – вее халадком.
Вось пацямнее лесу просінь,
А там – зіма махне крылом.
 
Прыціхлі шэрыя імшары,
Дрыжыць над сажалкай віхла,
Стажок саломы абшарпаны –
Адно прыпірышча цяпла...
 
Ды цешыць думка: “Шчэ не восень…”
Пасецца статак за ракой.
А мы атаву з бацькам косім,
Каб грэцца ўзімку малаком.
 
 
 
 
*  *  *
Сагрэты дыханнем лугоў я квяцістых,
Сагрэты усмешкай вачэй прамяністых;
Апошняй сустрэчай – і першым растаннем,
Сагрэты слязою бярозкі світальнай,
Сагрэты святлом я, бы новым адкрыццем,
Духмяных бароў і валошак у жыце, −
Віхурыць зіма хай – сляды замятае,
А вобраз Айчыны – у лета вяртае...
 
 
 
 
*  *  *
Цікае гадзіннік,
Тчэ чакання дзень.
Нацянькі ад лесу,
Бачу, хтось брыдзе.
Снегу – аж па пояс,
Ды й мароз – лютуе…
Хто ён – госць?..
Вандроўнік?..
Мо ў мой двор скіруе?..
Можа, мае вестку
Часам мне ад Вас?..
Цікае гадзіннік,
Тчэ чаканння час.
 
 
 
 
Белы птах
Белы птах робіць плаўныя ўзмахі
І губляе свой пух на зямлю.
Пух лажыцца – на поплаў, на дахі,
Белы пух у далоні лаўлю.
 
Узлятаю за ім пад аблокі,
Быццам першыя крокі раблю...
Сквапна п’ю далягляд сінявокі,
Вусны шэпчуць міжволі: “Люблю!..”
 
Хай жа згінуць і войны, і жахі,
Дай спакою нам, Божа, малю...
Белы птах робіць плаўныя ўзмахі
І губляе свой пух на зямлю.
 
 
 
 
Налібокі
Налібокі, Налібокі –
Маляўнічы родны кут,
Пералескі, лес, аблокі
Ды прасёлкаў вязкі грунт.
Жыватворныя крыніцы,
Жвавых рэчак рукавы,
Крыж пахілы ля бажніцы,
На пагорку – здань царквы.
Па-над лугам крык вароні,
Гоні бульбы на палях,
Збожжа выспелага промні,
Прахалода – у гаях…
Месяц ясны, ясны зоры –
Супачынак для душы;
Налібоцкія прасторы –
Пакаяння рубяжы!..
 
 
 
 
Бусел
Спадзяюся – жыць на Беларусі…
Мо таму, што ўвесь мой род тут жыў.
Тут над светлым храмам 
Плаўна кружыць бусел,
Так, як і калісьці ён кружыў.
 
Бы анёл, 
Птах доўжыць шлях вандроўны,
Каб вярнуцца зноў да азярын,
Дзе на золку – плача дожджык дробны,
Чырванеюць гронкі арабін…
 
Час ляціць… 
І ў радасці, і ў скрусе
Кожны мкне з нас на сваю шашу.
Тут над светлым храмам
Плаўна кружыць бусел,
Чым і растрывожыў мне душу.
 
 
 
 
Беларусь
Беларусь – зямля такая:
Пушча, лес ды курганы;
А за полем, а за гаем –
Сьпяць сівыя валуны.
 
Купаламі залатая
Пад вясёлкавай дугой,
Беларусь – зямля сьвятая,
І ня трэба нам другой!..
 
Сьвеціць сонца, сьвеціць ясна
Над дарогай палявой, –
Тут мінулае з сучасным 
Ніткай зьвязаны адной.
 
Каб клубок разблытаць гэты,
Больш даведацца пра край,
Ты зьвяртайся – да асьветы,
Кніжак мудрых больш чытай!..
 
Шлях да ісьціны пакутны,
Ды ў навуках толк пазнаў 
Наш славуты Сымон Будны,
Чалавек вялікіх спраў.
 
…Пасяліўшыся у Лоску
Пяць вякоў таму назад,
Ён праславіў гэту вёску
Тым, што кніг тут выдаў шмат.
 
Ўсёй Эўропе – і яскрава! –
Беларус паднёс урок,
Каб асьветніцкая справа
Адкрывала людзям зрок.
 
Каб гучала маці мова,
Паважаць яе маглі;
Мова – ўсіх асноў аснова,
Лепшы скарб наш на зямлі!..
 
Беларусь – зямля такая:
Незалежны вольны край…
А легэндаў тут хапае:
Слухай – думай – вывучай.
 
 
 
 
Лістабой
І зноў лістае восень лісце
І гасіць дождж рабін кастры,
А ля муроў, як і калісьці,
Гуляюць рыжыя вятры.
 
А на шашы – равуць машыны,
Нас за маторам – не чуваць;
А неспакой і крык птушыны –
Гатовы высі разарваць!..
 
Чаму ля храмаў столькі птушак, –
Павінна ж болей быць людзей?..
А можа, гэта – продкаў душы,
Якім сабрацца няма дзе?..
 
Пералістае вецер памяць.
І замяце сляды кастроў.
Ды будуць птушкі баль свой правіць,
Як і калісьці, – ля муроў.
 
 
 
 
Бывайце
Бывайце, лецейка! Бывай,
Пах палыну духмяна-горкі.
Бывай і ты, прыціхлы гай,
І вы – пажухлыя пагоркі!..
 
Вазы аблок вязуць вятры
У невядомым нам напрамку,
Рабін халодныя кастры
Палаюць чырванню на ранку.
 
Зноў развітальны крык гусей
Абсяг гасцінца патрывожыў;
Крык як узняўся – так асеў,
Бы прагрымеў цягнік апошні...
 
Бывайце, лецейка, бывай!
Ды абяцай вярнуцца толькі 
У жывапісны гэты край,
На нашы нівы і пагоркі!..
 
 
 
 
Жах
На планеце Зямля – неспакойна.
Ды ці быў на планеце спакой?..
Не канчаюцца звадкі і войны,
Кроў людская ліецца ракой.
 
Хам у Храме куты сабе меціць.
Свечкі плачуць… Іконы маўчаць.
А ў суседзяў − ваюць вунь дзеці…
Навучыў жа іх нехта страляць?!
 
Анікога судзіць не бяруся,
Ды сляза накаціла сама:
Дзякуй Богу, што на Беларусі
Гэтых жахаў, крывавых, няма!..
 
 
 
 
*  *  *
Па дарозе да вясны,
На левабярэжжы,
Сняцца лёгкія нам сны,
Ды не нам – належаць.
 
Там ні здрады, ні маны,
Толькі снег іскрысты.
Па дарозе да вясны –
Смех дзявочы чысты!..
 
Маладымі мы былі –
Горача кахалі,
Лёгка воблакі плылі,
Лёгка мы ўздыхалі…
 
Не трывожылі нас сны
На левабярэжжы, –
Па дарозе да вясны
На прасторы снежным.
 
 
 
 
Айчына
Мая Айчына – стог саломы
І куст шыпшыны ля шашы,
Дарога сталая дадому
І – вершы, вершы для душы!..
 
Мая Айчына – шум дубровы
І луг вясёлкавы, з пчалой,
І ліст – з пражылкамі кляновы,
Што на пісьмовы лёг стол мой.
 
Азерца з вывадкам качыным,
Драўляны мосьцік...
Човен на вадзе –
Таксама ўсё гэта Айчына,
Што ўжо  ня згіне анідзе,
 
Бо назаўжды са мной зжылося
І пойдзе разам у зямлю;
Любіў вясну – люблю і восень,
Бо родны край я свай люблю!..
 
Бо безь яго я не ўяўляю
Жыцьця ні ў радасьці, ні ў скрусе;
На мове арфы размаўляю,
Сьлязой Айчыны апякуся.
 
 
 
 
*  *  *
Жанчына – клумбу палівае…
Знайшла ў звычайным сваю нішу.
Жанчына, мабыць, не ўяўляе,
Што ўдзел актыўны прынімае
У тым, пра што паэты пішуць:
У нечым важным і узнёслым,
На што іх Божа бласлаўляе…
А ўчынак-то надзіва просты:
Жанчына – клумбу палівае…
 
 
 
 
Удава
Няўмольна прыспешвае час адзінота.
Намыла бялізны – завесіла шнур…
Субота, здавалася б, – толькі субота,
Калі б ні самоты калючы кіпцюр.
Жанчыне ахвота пяшчоты і кветак,
І сняцца ёй сны пра рамонкавы луг…
Аднак, толькі раз – за цэлае лета –
Была на прыродзе, дзе сум, як пастух.
Што мілым было шчэ нядаўна – няміла,
Пагляд пацямнеў, пацяжэў Яе крок…
Зноў цэлую ванну бялізны намыла,
Нібыта нябёсам – жаночы папрок.
 
 
 
 
*  *  *
«Песню бярыце з сабою!»
Гэтак казаў мне мой дзед.
Песня, як хлеб, найсвятое,
З песняй радней цэлы свет.
 
Песня на многае здатна,
Нават калі і без слоў.
Песня – як ранак крылаты
З клёкатам мірным буслоў...
 
Песня – стыхія прыбою,
Мара, пакіне што след...
“Песню бярыце з сабою!”
Першы мой вам запавет.
 
 
 
 
Зіма
Вярнулася сцюжай на сцежкі зіма,
Малюе на шыбах узоры.
І стог саламяны, і велічны гмах –
Ўсё дрэмле ў зіхоткім уборы.
 
Павее вятрыска – асыпле з бяроз
Бліскучае долу аблічча;
Шуткуючы, шчыпле за шчокі мароз,
Лыжня за ваколіцу кліча.
 
І кожны паверыць гатовы ў падман,
На шыбах крыштальных каторы…
Вярнулася сцюжай на сцежкі зіма
І дыхае вольна ў прасторы.
 
 
 
 
Студзень
Студзіць 
                  студзень
                                        вёрстам грудзі,
Неспакой галактык будзіць,
Правіць саньмі – сее смутак
Па табе, мой першапутак.
Студзень – месяц сінявокі –
Кліча сцежку пад аблокі,
Сцежцы цесна між завулкаў,
Спачываць пад снегам – мулка…
Сцежка вырвецца за горад,
Па прасторы чуе голад.
І ўжо ў полі – страпянецца,
Пабяжыць – і засмяецца…
Маладзеюць вёрсты ў полі.
Студзень – месяц маёй долі.
 
 
 
 
*  *  *
Марозным ранкам я люблю
Карміць сініц (што і раблю).
Рубіны яркае рабіны
Яны дзяўбуць, нібы даніну –
Даніну памяці, цяпла,
Чаго зіма не дадала…
 
Зіма – трашчоткаю трашчала
І шмат чаго нам абяцала,
Стаяла ценем пры акне,
Перашкаджала часта мне,
Пакуль – вясну я маляваў…
Ды я зіме ўсё дараваў,
Як каралеве… Бо люблю
Карміць сініц. І іх кармлю.
 
 
 
 
Прагрэс
Чакалі снежнай мы зімы,
Нарэшце – дачакаліся:
Дарогі, дрэвы і дамы
У кужаль белы ўбраліся.
 
Нам скінуць бы пяток гадкоў,
Былі б пацехі смешныя –
Ляпілі б мы снегавікоў,
Кідаліся бы снежкамі!..
 
А зараз − ціха у дварах,
Жывём нібы на хутары:
Сядзіць па хатах дзетвара,
А забаўка – камп’ютэры…
 
Няма той радасці з зімы,
Якой мы захапляліся.
Ці пастарэлі дужа мы,
Ці моладзь памянялася?..
 
 
 
 
*  *  *
Вяршыць зіма зямны кругазварот
І вабіць графікай пакінутых алеяў.
І ёсць усё. Але – пад Новы год 
Зноў не хапае музыкі лілеяў!..
 
Ці не таму мяняем бальшакі
На неразменнасць ціхіх першапуткаў,
Што надакучыў тлум нам гарадскі, 
Што кліча край блакітных незабудкаў?..
 
Ляцім к святлу... Згараем на агні...
Паразумення між сяброў шукаем.
І ёсць усё. І толькі – дабрыні,
Як красак летніх, людзям не хапае.
 
 
 
 
Трыялеты

#1
Палю за волю сёння свечку,
Злучаю часу берагі.
На правым – людзі косяць грэчку,
На левым – звезены стагі.
Палю за волю сёння свечку,
Не ўсе аддадзены даўгі.
Злучаю часу берагі,
Палю за волю сёння свечку.

 

#2
Калі не радуюць нас кветкі,
Яны ж у тым не вінаваты,
Што недзе б’юць яшчэ гарматы,
Што дым пажарышч – вельмі едкі.
Калі не радуюць нас кветкі,
Паэта рот тады зацяты… 
Калі не радуюць нас кветкі.
Яны ж у тым не вінаваты,

 

#3
На гарышчы вецер свішча
І газет старых шматкі.
На гарышчы вецер свішча,
На гарышчы – скразнякі.
Вецер буйны дом калыша,
Дом калыша – цёмны бор.
На гарышчы вецер свішча,
Ды адсюль бліжэй да зор.
 
 
 
 
Вышыванка
Намаляваць і вышыць –
Гэта яшчэ паўсправы.
Трэба, каб кожны крыжык
Стаў незвычайнай з’явай.
 
Гэтак вось нашы бабулі
Сграбны узор падбіралі,
Нашым дзядулям – кашулі
Зрэбныя вышывалі…
 
 
 
 
Беларусы
Мы ад ніў зялёных, вербаў,
З-пад вясковых стрэх… Адтуль,
Дзе жыве сьвятая вера
Ў казкі добрыя матуль!..
 
Ад легэнд мы ды паданьняў,
Дзе над гонямі – буслы,
Нашых дум і пажаданьняў,
Краю вольнага паслы!..
 
Мы ад пушчы ды ад бору
(Хай нікога не бянтэжыць),
Ад легэндаў і паданьняў,
Што навокал Белай вежы.
 
Як працуем – то і маем,
Так і молімся мы нанач;
Мы – ад плёсу і блакіту
Мора, з назвай дзіўнай – Нарач!..
 
Ад зімы марознай, белай,
Зь яе доўгаю кудзеляй,
Што бабулі пралі ўмела,
Каб радня не парадзела.
 
Хоць няблізка – як здаецца,
Ад ліцьвінаў мы, з-пад Вільні...
Ад князёўны – ад Прадславы,
Хрысьціянкі Еўфрасіньні!..
 
Мы ўсе добрыя тут людзі,
Як наўчылі – так гаворым;
Наш характар памяркоўны
І рахманы, ціхі нораў…
 
На чужое не, ня квапім,
Бо ня ў тым асноў аснова,
Карані й карона роду –
Беларуская ўсё мова!..
 
Можа, некаму мы ў воку,
Паважаць нас не прымусім...
А аклікнуць:
                            Скуль ты, браце?..
Бойка кіну:
                        Зь Беларусі.
 
 
 
 
Як мы ў госці сабіраліся
Як мы ў госці сабіраліся,
Доўга коні запрагаліся,
Доўга торбы пакавалі –
Добрых спонсараў шукалі.
Накармілі мы гнядога,
Задалі скацінцы,
Вёз калдобістай дарогай,
Парастрос гасцінцы.
Што давезлі – што данеслі,
Хай не панацэя,
Нашы гумар, нашы песні 
Гэта скарб бясцэнны!..
Трошкі перцу, трошкі солі...                   
А мукі? Не намалолі.
Ад сурокаў-забабонаў – 
Цэлы струк вам шальбабону!.. 
Везлі дыні гаспадыні, 
Дыні папракіслі,
Засталіся ад тых дыняў 
Грэшныя ўсё мыслі...           
Везлі круп амаль паўмеха,
Мех – латаны густа,
Як прадзёрлася прарэха –
Засталося пуста!.. 
Што давезлі, што данеслі?
А хіба што – песні.
 
 
 
 
*  *  *
На зямлі, дзе гонкія яліны
Дастаюць да неба галавой, –
Думаць  аніколі не пакіну
Пра свой край – блакітную Айчыну – 
І пра час, ляціць які стралой.
 
На зямлі, дзе ёсць дзівосаў безліч,
Шмат што прад вачыма ажыло.
Думаю – пра пушчы вечнай веліч,
Што ўкрывае край сваім крылом!..
 
Б’ецца ў бераг хмызняковы Іслач,
Коціць воды ў даль Бярэзіна − 
Гэта ўсё красы жывой аблічча,
Гэта ўсё Паэзія... Яна –
 
Не, не за заслугі нам даецца,
Проста ўсім на радасць існуе,
Як і край, радзімым што завецца,
Як і мары светлыя твае!..
 
...На зямлі, пагоркамі стракатай,
Сам нямала пратаптаў дарог.
Бачыў прыгажосці я багата,
Без якой і дня пражыць не мог.
 
З новай песні, нібыта малітвы,
Пачынаўся мой працоўны дзень.
Кожны верш, з любові ён адліты,
З думкаю пісаўся для людзей –
 
Землякоў, хто працай памнажае
Славу дарагіх сэрцу мясцін:
Нашы звычкі, мову паважае,
Бо ў душы – і ён хрысціянін!..
 
І  радкі, як струны, зноў звінелі,
Славіў я ў свеце − Прыгажосць,
Каб душой ніколі не чарсцвелі,
Каб на свет адкрыта мы глядзелі,
Шанавалі тое – што ў нас ёсць.
 
 
 
 
Раманс
Нішто ў жыцці не выпадкова –
Ні час растання, ні сустрэчы.
Але мне ведаць дастаткова,
Што Вас убачу ў ціхі вечар.
 
Не знаю, ці скажу хоць слова,
Калі пагляд кране за плечы,−
Жыць пачынаю бы нанова
(І ўсё прыму абавязкова)
І волі лёсу не пярэчу.
 
Узыдзе месяца падкова –
Дзе й дробны дождж − і той дарэчы...
Усё ў жыцці нашым часова,
А думаць хочацца аб вечным.
 
 
 
 
Зафільцы
І зноў прысніліся – Зафільцы,
Мясціны таямнічыя:
Там мае мары-навальніцы
І раніцы сунічныя...
 
І помню ўсё я да драбніцы:
Парэчак пах...
І касачы...
Хачу даўно ў свае Зафільцы
Ад тлуму горада ўцячы.
 
Ды ад абставін – дзе падзецца,
Куды ад смутку уцячэш?...
Зіма за горадам кладзецца,
Як на паперу белы верш.
 
Верш нехта кемны прачытае
І іншым зможа паказаць,
А снег за вокнамі растае,
Як і тугі маёй пячаць –
 
Па тых мясцінах таямнічых,
Дзе мне шчаслівым больш не быць...
Зафільцы... 
Свечачкай грамнічнай
Гарыць святло ўспамін, гарыць.
 
 
 
 
*  *  *
Світае. Світак промнеў
Гняздо звіў на застрэшку.
Такім дзень і запомню – 
Нібы тваю усмешку.
 
Ля ціхае затокі –
Стаю я,
Ля вады...
Вакол трашчаць сарокі,
Спявалі дзе дразды...
 
Але я ў шчасце веру −
Што лёс паслаў, прыму,
Мае адкрыты дзверы −
Сустрэць каб і зіму.
 
 
 
 
*  *  *
Восень – дзіўная пара:
Па кустах, па клёнах
Разгараецца зара
Золата са звонам.
 
Ранак выгане туман
Да ракі пасціся,
Жураўліны караван 
Растрывожыць высі.
 
Яркі веер сабярэ
З лісця ціхі вечар,
Лёгкім шорахам парве
Веер гэты вецер.
 
Паслухмяна, ветру ўслед,
Ліст на дол спадае…
Па іржышчы – жоўтым шкле –
Верасень ступае.
 
 
 
 
*  *  *
Абудзіць певень загуменьне,
І зазьвіняць у лузе – росы…
Якое дзіўнае імгненьне:
Ступаць па росах гэтых босым!..
 
«На вадапой!..» – гукае статак
Пастух, зрываючы суніцы… 
Адсюль у сьвет я браў напрамак,
Баяўся некуды спазьніцца.
 
А на рацэ – жыве маленства,
Купаюцца са сьмехам дзеці…
Шукаў пачуцьцям падабенства 
І не знайшоў я ў тлумным сьвеце.
 
 
 
 
*  *  *
Вось і ўсё... Вось і ўсё...
Ссох-павяў агурочнік.
Зачасцілі даджы
Ліць на мой агародчык.
Зачасцілі даджы –
Халадзеюць світанні,
Стала меней сустрэч,
Стала больш расставанняў.
З кім вячэру дзяліў,
Сэрца тых не забудзе.
Толькі іх больш няма,
І няма – і не будзе.
 
 
 
 
Астры
Зноў астры позьнія цьвітуць
У задуменнасьці наўкола,
Лісты пажоўклыя лятуць –
Бы мабылі над частаколам.
 
Вазы аблок вязуць вятры
У невядомым ім напрамку.
Рабін халодныя кастры
Палаюць чырваньню на ранку...
 
Асеньнім астрам маладым,
Бы паннам, пішуцца санэты...
Ёсьць нешта сумнае заўжды
Ва ўсьмешцы кветак позьніх гэтых.
 
 
 
 
*  *  *
Мой ранак не засмучаны
Таропкасцю сустрэч,
Мой ранак не заручаны
Раскошай белых плеч.
Пявучы і мядовы,
Ён поўны – пачуцця
Да любай, чарнабровай,
Паненкі ганаровай, –
Чужой пакуль хаця…
 
 
 
 
Слухаючы Брамса
Паклон маўклівы – следам у адказ
Пурпурны смех і лёгкі цік шчакі.
Аднак сустрэча гэта мела рэзананс:
Гарачы поціск не астыў рукі….
Так паяднаць нас мог хіба што Брамс
Ці класіка шчымлівыя радкі…
 
…Гучаў вакол – асенні ренесанс…
Кароткі міг, а памятны які!..
 
 
 
 
Не раз у роздуме вярнуся
Зямной красой жывуць паэты,
Каб услаўляць красу нябёс...
Удзячны кожны ім за гэта, 
За творчасць іхнюю, іх лёс.
І сам у думках я імкнуся
На скрыжаванні тых дарог –
Святых мясцін на Беларусі,
Што час бязлітасны збярог.
І перш – у Вязынку дарога
Мяне як творцу прывядзе:
Зямлі куточка дарагога,
Каб прыгажэй – няма нідзе!..
 
Вякамі Вязынка ўрастала 
У памяць-голле даўніны,
Яна Купалу ўзгадавала, 
Як вестуна жывой вясны.
Пачуў паэта бойкі голас
Другі пясняр (аж з-пад Стаўбцоў),
І завязаўся дружбы колас
Вядомых свету мудрацоў!..
Іх галасы ў адзін зліліся, 
Як руслы рэк, і – паплылі...
Святло і згода прыжыліся 
На беларускай вось зямлі...
 
Пагоркі ўрочышча Акінчыц
І Вязынкі лясны масіў –
Не раз да роздуму паклічуць
І прыдадуць нам творчых сіл!..
 
 
 
 
Супрацьстаянне
Ранкам дворнік пад акном з лапатай
Сабірае снег шурпаты
І спакойна грузіць на машыну,
Быццам снег – праблем першапрычына…
(Можа, й замінае снег каму?)
Зноў за горад вывезуць зіму,
А зіма – нам пуху сыпане,
Белай ружай вырасце ў акне,
І навокал – зробіцца святлей…
Жыць з зімою неяк весялей!
Чысты снег, як хлопчык зухаваты,
Не баіцца дворніка з лапатай…
 
 
 
 
Птушка
Гадую птушку радасці,
Што стрэў я напрадвесні.
Люблю з пернатай радзіцца,
Пра што спяваць мне песні.
 
У іншых – іншы клопат
І інтарэс, напэўна…
Аслаб на Слова попыт,
А нам і ўзімку – спеўна.
 
 
 
 
Дзе зімуюць снегіры
Дзе зімуюць снегіры?
На левабярэжжы,
Ля руінаў 
Белай вежы,
Дзе рабін гараць кастры
На прасторы снежным...
 
Снегіры клююць зару
І з зарой – знікаюць,
А ў халодную пару 
(Вам адкрыта гавару) –
Ў сад мой прылятаюць.
 
Сумаваў я да пары,
Доўга іх не бачыў…
Прыляцелі снегіры,
Нібы даўнія сябры, – 
Мабыць, 
                  на ўдачу?..
 
 
 
 
*  *  *
У доме пад сонцам – жыве немаўля,
Цёпла, утульна ў тым доме,
Дзе пасялілася
                                  дабрыня,
Побач – і шчасце, вядома.
 
У доме пад сонцам – страчаюць людзей
Словам лагодным, падзякай.
Часта начуе там маладзік
На мяккіх шпалерах, бадзяга.
 
У доме пад сонцам
                                          жыве і шчаня
Гаспадарам на ўцеху.
А за вячэрай збярэцца радня –
Жартаў наробяць і смеху…
 
У доме пад сонцам – блакітны абрус
Стол сагравае,
                                  з букетам валошак.
У доме пад сонцам жыве беларус
З раённага цэнтра Валожын.
 
 
 
 
Шкада
Я шкадаваннем, як Ясенін, не хварэю,
Калі ў далечыні малюся на Цябе.
З гадамі боль свой – болей разумееш,
Больш давяраеш спозненай журбе.
 
Яе паўсюль навокал прыкмячаеш:
У крыку галак,
                                ранішняй смузе…
Журба ляжыць на лісці малачаю,
На аддалённым левым беразе…
 
Адзін з журбою справіцца не ў сілах,
І гэта ўжо – не жартачкі, бяда…
Шкада цяпла, якое Ты любіла,
Шкада цяпла, якога не дадаў.
 
 
 
 
Жанчына ў чорным
У век вар’яцтва і насілля
(Не важна, колькі панне год!)
Жанчына ў чорным – страшны сімвал
Сучаснай драмы і нягод.
 
Пасля чарнобыльскай навалы
Мы выміраем з кожным днём,
Нібы пад чорным пакрывалам,
Мы пад Чарнобылем жывём.
 
Зямлі вакол хапае ворнай,
Ды што на “бруднай” узрасце?..
Убачыш дзе жанчыну ў чорным,
Падумай светла аб Хрысце!..
 
 
 
 
Рыжы ліс
У вячэрнім парку голым
Падаў ліст асенні долу.
І пакуль кружыўся, падаў – 
Ты быа сустрэчам рада.
Рыжы ліст цераз дарогу
Учыніў, як ліс, аблогу,−
Рыжы ліс – ці рыжы вецер...
Нешта здарылася ў свеце.
Дождж на плечы дрэвам капаў,
А здавалася, што плакаў...
У вячэрнім парку голым 
Ні душы было наўкола,
Толькі – ліст і рыжы вецер...
Пачарнела ў дрэва вецце,
Вараннё крычала “Мала”,
Дзе зязюля кукавала, –
Шмат нам шчасця абяцала...
У вячэрнім парку голым
Мне тваё гучала сола.
 
 
 
 
*  *  *
Пісаліся вершы на тэму адну:
Пра восень, пра лета і пра зіму...
Ды ім не хапала тандэма:
Ніводнага верша – каб пра вясну...
 
(Для аўтара, мабыць, закрытая тэма?)
 
 
 
 
На зваротным шляху
На зваротным шляху дарогу
Па пустэльнаму краю вядзе.
Следам ціха пляцецца знямога
У чаканні ўтапіцца ў вадзе.
Недзе побач, я знаю, крыніца,
Што ў юнацтве згубіў незнарок…
А са студні чужой не напіцца,
Сцеражэ яе ржавы замок.
 
 
 
 
Укралі зіму
Не тыя і зімы, брат, зараз пайшлі,
Не тыя – размовы і спрэчкі…
Падкіне сняжку нам калі-нікалі,
Гібеюць ад холаду голыя рэчкі.
 
За акіянам – наадварот,
Стыхія снягоў накруціла:
Закрыты вакзалы, аэрапорт –
Вось жаху зіма напусціла!
 
Такая там нацыя – слаб яе дух:
Як можна ад снегу замерзнуць?..
Вось наш беларус –
Залез бы ў кажух…
Ды ўкралі зіму ў нас. Ці вернуць?..
 
 
 
 
Напрадвесні
Сумёты шчэ вышай акон,
А промень праб’ецца да шкла,
З аконнага срэбра ікон –
Скупая сляза пацякла.
 
І рушыцца чысты крышталь.
Я фарбы згусціў “пад вясну”.
Не грае больш белы раяль,
Пад шэры – ніяк не засну…
 
Плыву недзе ў цёмную даль,
Стэндаль – самы блізкі з сяброў…
І падае вобзем крышталь,
І льецца – зара, нібы кроў.
 
 
 
 
Прыляцелі шпакі
Абудзіўся блакіт,
Ён святочны сягоння –
Прыляцелі шпакі
З афрыканскага поўдня.
 
І пакінуў я скіт,
Непатрэбныя рэчы –
І іду да ракі,
Я чакаў з ёй сустрэчы.
 
Пастаю ля вады,
Дзе калышацца поўня…
Хто не быў маладым,
Той не ладзіў 
                                  шпакоўні!..
 
 
 
 
Першы гром
Над лесам голым – над гасцінцам
У гуслі ўдарыў першы гром.
Не ўпела рэха ўгаманіцца,
Як ажыла зямля кругом.
Прачнуўся гай, лясок, прасёлкі…
А дожджык далу паскакаў.
Павыляталі з вулляў пчолкі
Паслухаць песню жаўрука…
 
Пара выводзіць плуг у поле
І дбаць пра новы каравай.
Для хлебароба доля – поле,
Адно вярцецца паспявай!..
 
Надзённых клопатаў хапае,
Не ўлежыш, братка, на баку…
А першы гром і дождж у маі –
Знак да ўмалоту на таку!..
 
 
 
 
Апошні сьнег
Сьнег апошні – рэдкі рэкардсмэн,
На вачах ён чахне, прападае,
Бо ніхто ніякіх перамен
Ад яго візіту – не чакае.
Сьнег ляжыць, як пудзіла, ў двары
І пужае галіцаў грамады…
Хоць бяры – на сьметнік сабяры,
Нават дзеці сьнегу больш ня рады.
 
 
 
 
Баляда сьняжынкі
Сьвятло сьняжынкі зь неба ўпала
На поплаў – грэшную зямлю...
Пакуль сьлязой сьняжынка стала,
Пасьпела вымавіць «Люблю».
 
«Люблю, люблю...» – прашапацела
Зусім пажухлая трава.
«Люблю, люблю...» – вада запела
І захмялела галава.
 
І слова птушкай узьляцела,
Каб чуць маглі ня толькі тут...
І вуснам вымавіць карцела
«Люблю» ў адказ на твой прысуд.
 
 
 
 
Баляда першага сьнегу
Без таможняў розных і бязь віз
Першы сьнег зваліўся на карніз.
Нібы голуб адпачыць прысеў,
Ды малюнак бачылі ня ўсе...
 
Мой знаёмы мала гаварыў.
Паглядаў на сьнег – і ўсё курыў...
А натоўп таптаўся на двары,
Ён варыўся у сваім вары.
 
Сьнег сарваўся – паляцеў уніз.
Так яго закончыўся капрыз – 
Як баляда, драма, эпізод…
Некаму – усё надварот.
 
 
 
 
Баляда паэта

Памяці П.І. Бітэля

 
Ён жыў прадчуваньнем сьвятла,
Уласны меў погляд на сьвет, – 
Настаўнік, сьвятар і паэт...
А доля – нялёгкай была.
 
Аднак не скарыўся тытан
Ні долі, ні волі варожай.
І сёньня – па волі ўжо Божай –
Легэндай зямлі гэтай стаў.
 
Глядзіць на рабінаў пажар
Зь бязважкіх высокіх нябёсаў, – 
Між траў, між сьвітальных бярозаў
Лунае Паэта душа...
 
Душа не пакінула сьвет,
Душа – ў яго вершах, паэмах...
А значыць: ён жыў не дарэмна –
Настаўнік, сьвятар і паэт!..
 
 
 
 
Баляда музыкі

Памяці Хведара Чэрні

 
Яго вяла па сьвеце музыка –
Сустрэч, растанньяў ды трывог...
Была спачатку сьцежкай вузкаю,
А стала – Музыкай Дарог.
 
На вулках горада гублялася,
Шукала музыка прастор
І ў край пралескавы вярталася,
Да ціхай завадзі азёр.
 
Гучала музыка акордамі
Вясеньніх лёгкіх аблакоў,
Была ласкавай і лагоднаю,
Як і вятры зь яго Лінкоў!..
 
Такі-сякі свой быт наладзіўшы,
Ля вокан грушай прарасла...
Па белах гурбах – белах клавішах –
Ільецца Музыка сьвятла.
 
 
 
 
Баляда Ядвігіна Ш.
Звычайна пешшу, не ў карэце,
Хадзіў паэт, блукаў па сьвеце,
Адкрыцьцяў прагнула душа...
І іх шукаў Ядвігін Ш.
 
...Пасьля Масквы ў Карпілаўку вярнуўся
І з галавою акунуўся
У рух грамадскі Адраджэньня,
Знайшоў сяброў, знайшоў натхненьне,
Сярод якіх быў сам Купала,
Бядуля, Цётка і Буйло –
Людзей вядомых нам нямала
Празь лёс Ядвігіна прайшло!..
 
А ён – рамантык – ганарыўся,
Што ў Марцінкевіча вучыўся:
Што ў “школцы” ў Люцінцы, пад ліпай,
Правёў хлапчук шчасьлівы ліпень.
Пяршаі бачыў часта ў сьне,
Бо як пісаць сваё пачне,
У думках зноў ён вандраваў
І ў Марцінкевічаў бываў.
Успамінаў, як іх Каміла
Музычнай грамаце вучыла.
І помніў – рух гаспадара
І яго цягу да пяра;
Яго пакой – яго “куфэрак”,
Набіты сьпісанай паперай...
 
Сам на пакуты быў гатовы.
Хвароба лютая даймала
(А зь ёй цікавага, брат, мала).
Паклаў для творчасьці ў аснову
Матулі роднай сваёй мову:
Пісаў на ёй не пад прымусам,
Не дзеля славы ці забавы,
А дзеля добрай важнай справы, –
Лічыў, што лёс у беларуса
Павінен лепшым стаць з асьветай,
Калі заняцца справай гэтай,
А не малоць ваду у ступе…
 
І ведаў край свой не здалёку,
Дзе сустракаў на кожным кроку –
Ганеньне, невуцтва, абразу.
І разумеў Ядвігін Ш.,
Што іх ня вынішчыць адразу...
Таму й пакутвала душа.
 
...Гады сплылі, як хмары ў высі,
На жаль, ня ўсе мары збыліся.
Было няўтульна на зямлі,
Хоць і сябры побач былі,
А пераменаў – вельмі скупа:
Таго, што прагнула душа,
Не прычакаў Ядвігін Ш...
 
І толькі творы засталіся
На беларускай роднай мове,
З зачынам сьветлым у аснове...
 
 
 
 
Баляда Дуніна-Марцінкевіча
Вінцук Марцінкевіч – зямляк мой славуты –
Ніколі крамолы цару не чыніў,
Аднак быў сасланы царом на пакуты
Далей ад сталіцы, дзе люд бараніў 
У царскім судзе выступаў адвакатам,
Пры тым безкарысьліва гэта рабіў,
За што і кляймілі яго «дэмакратам»,
Хаця па натуры рамантыкам быў...
У сталым узросьце к пяру пацягнуўся,
Пісаў на той мове, што чуў, разумеў,
Народ усхваляць, яго годнасьць  імкнуўся,
На што ад улады дазволу ня меў.
Таму яго п’есы нідзе не пускалі, – 
Ні славы, ні грошай... А толькі адчай
І думкі-трывогі, што ў сэрца запалі, 
Ня столькі за ўласны лёс, колькі за край –
Зьбяднелы і цёмны, бы ў путы закуты,
На роднай зямлі – як на целе нарыў...
Вінцук Марцінкевіч, зямляк мой славуты,
Пры гэткіх абставінах жыў і тварыў.
 
 
 
 
*  *  *
Цёця Уладзя... Цёця Уладзя...
Шлях твой жыццёвы – шлях праўдалюба,
Хто аніколі не жыў у суладдзі
З часам, які парушаў правы груба
Вашага мужа – паэта ад Бога,
Сэрцу адзінага і незабыўнага,
Як і той радасці, што было многа
Ў вас пры сустрэчах – 
Пеннага шчасця – 
Юнага,  шчырага, −
Чым не падзелішся з мілай сяброўкаю,
Што засталася ў хаце пад вішнямі...
 
Цёця Уладзя...  Доля нялёгкая,
Толькі гаворым пра гэта мы сцішана:
Як і калісьці, − бо радасці мала
Цёця Уладзя ў жыцці гэтым ведала,
Як і паэт наш Янка Купала,
Рана забіты... Кім? Добра ведама.
 
 
 
 
*  *  *
У свеце нашых блізкіх зносін
Гуляе лета па двары.
І мы сустрэч не пераносім
Да больш спрыяльнае пары.
Мы рады кожнаму спатканню,
Якіх не надта шмат было.
Мы рады нашаму каханню,
Што позняй кветкай прарасло.
Кране ж лістоту пазалота,
Самота сэрца ахіне –
Я атулю цябе пяшчотай,
Самота хутка праміне…
У свеце нашых блізкіх зносін
Пакуль – цудоўная пара...
Пачуццяў не азмрочыць восень,
А пажадае нам дабра.
 
 
 
 
Даруйце
Я Вашы пальчыкі цалую,
Дыханнем лёгкім саграваю,
Шкадую Вас – нібы малую,
Калі ў гасцях у Вас бываю.
Жыночай Вашай прыгажосцю
Збянтэжаны і акрылёны,
Віхурай спелай маладосці,
Як песняй-казкай, паланёны.
Калі падоўгу Вас не бачу,
Я не знаходжу сабе месца.
Мо ля кастра такой удачы
Нам разам суджана сагрэцца?..
Але не знаю – лёс ці можа
Падараваць крыху нам шчасця?..
Даруйце мне, што патрывожыў,
І за ад’езд мой – выбачайце.
 
 
 
 
Безь цябе бэз цьвіце
Халоднай гронкай бэзу
Пад гукі паланэзу
Сагрэў душу мне погляд
Задумлівых вачэй…
Баяўся: “Апякуся…”
Баяўся: “Памылюся…”
А вочы – разгараліся
Ярчэй усё, ярчэй.
 
Да слоў я неахвочы,
Хоць чалавек і творчы,
Тады яшчэ ня ведаў –
А што такое рай…
І прыгубіў я згубы
Пад шэпат вуснаў:
“Любы!
Запомні гэты вечар,
Запомні гэты май!”
 
…Я зноў стаю ля вокан.
І пахне бэз навокал.
І водар кружыць голаў,
І думка зноў гняце:
“Эх, дзе ж вы, тыя ночкі?..
Эх, дзе ж вы, тыя вочкі?..”
Чужы я чую шэпат:
– Бэз цьвіце…
 
 
 
 
На вераснёвай мяжы
На вераснёвае мяжы
Пра Вас я думаю з пяшчотай,
Пра Вас – хто ўмее даражыць
Прыроды першай пазалотай.
І гэты міг (што ні кажы)
Пакіне ў сэрцы след глыбокі…
На вераснёвае мяжы −
Зусім шчэ лёгкія аблокі.
 
 
 
 
*  *  *
З зімы, яе акоў, я вырвуся аднойчы…
Святлом машынных фар пастукаюся ноччу
У вокны да цябе… І сны парцьер парушу.
І ажыве пакой – ад свежых белых ружаў… 
Мы пабудуем Рым (што быў да разбурэння),
Дзе рыцары й рабы шукалі прымірэння.
Мы навядзём масты – раздзелім боль
                                                                                  пароўну –
Пашкоджаныя ў час усобіц нашых дробных.
І ціхае “даруй”, што кожнаму па сіле,
Нам верне цеплыню – зару на небасхіле.
Ідучы на зару з дарогі ўжо не збочыць…
З зімы, нібы з турмы, я вырвуся аднойчы.
 
 
 
 
*  *  *
Пад музыку дажджу – сціхаюць нават гуслі…
Пад музыку дажджу і мы цішэй быць мусім.
Чароўных пара нот – і небасхіл бліжэй.
Чароўных пара слоў – вузельчык наш тужэй.
У коле перамен, нібы ў апошні раз,
У коле перамен – гучыць нам парафраз…
 
Пайшла даджу сцяна. Так пойдуць і сябры.
Стаіш ты ля акна – як восень у двары.
 
 
 
 
Існасьць
Як лісьце залатое
У сонечнай алеі,
Твая – прысутнасьць, мілая,
Патрэбна на зямлі.
Хай сьвет наш вар’яцее,
Хай непагадзь шалее –
Апошні жар свой клёны,
Як існасьць, зьбераглі.
 
Я веру, што змагу,
Я ведаю, сумею
(Хоць містыкай, хоць глупствамі
Хтось мару нарачэ) –
Цябе спаткаць ізноў
У сонечнай алеі,
Дзе цёпла і ад лісьця –
Апалага яшчэ...
 
 
 
 
*  *  *
Вярні жанчыне неба,
Блакіт над галавой.
І большага не трэба
Самотнай Ёй.
Жыве ў душы патрэба
Мудрэйшым быць з людзей −
Вярні жанчыне неба,
Кахання дзень.
 
 
 
 
Трыпціх

#1
Дарыце любым – васількі,
Як цуд зямны, дарыце.
Збярыце ў жыце ля ракі,
Ў вяночкі запляціце – 
Дарыце любым васількі,
Як шчасця міг – дарыце!..
 
Дарыце любым – шум ракіт,
Зязюлі кукаванне,
Абшар нябёсаў, іх блакіт –
Надзею на каханне!..
 
Закружыць восень… Вы знарок
Ліст цёплы напішыце,
Як добры знак – вы васілёк
На памяць засушыце… 
 
Зіма наступіць. І адчай,
А вы тут – пазваніце –
У васільковых у вачах
Дабра агеньчык – запаліце!..
 
Ён разгарыцца (прыйдзе час),
Хай доўга вы маўчалі…
Якое шчасце іншы раз –
Дарыць душы абшары!..

 

#2
Вы прыязджайце на дзянёк
(Хаця б на міг – а трэба!),
Я падару Вам – васілёк,
Як сімвал краю – Неба…
 
Ніякі гэта не намёк,
А проста – кветка гэта
Мне падабаецца… Здалёк
Напамінае лета.
 
Яна, як лёгкі матылёк,
Трапеча прад вачыма.
А Вы – надзеі вугалёк,
Жаданая Жанчына!..
 
Дык прыязджайце на дзянёк,
З прычыны – без прычыны…
Я падару Вам – васілёк,
Кавалачак Айчыны.

 

#3
Блакітны факел – васілёк –
Зарой блакітнай прад вачыма
Напамінае – аб жанчыне,
Чые лісты ішлі здалёк…
 
Лісты – як зёлкавы напой –
Дапамаглі устаць з пасцелі,
Яны – як ластаўкі – ляцелі
І неслі вырай у дом мой…
 
І ў кожным – веры вугалёк,
І ў кожным – яе вершы…
А у канверце (мабыць, першым)
Быў падарунак – васілёк!..
 
О, гэта быў – каскад святла,
Адказ яе на ўсе пытанні.
Душа наноў бы ажыла,
Калі пазнаў запал Кахання.
 
І вось убачу дзе здалёк
Жанчыну з сінімі вачыма –
Быць раўнадушным немагчыма:
Тугі маёй першапрычына –
Блакітны факел, васілёк!..
 
 
 
 
*  *  *
Раз’ехаліся – разышліся…
Жывём на розных астравах.
І кожны ўжо з уласных высяў,
Як птах, забыўшыся на страх,
Цераз пакуты мкне да славы,
Каб першым быць… 
Каб даказаць…
Каму і што?.. О Божа правы,
Бяскрыламу мне не лятаць:
Наўрад ці мара стане явай…
Не ведаў большых я шчадрот, 
Пачуццяў тых, мацней што славы!..
Дык – пазвані... (Хоць раз у год).
Не насміхайся ты над лёсам, 
Хоць мы з табой цяпер на “Вы”,–
А ўзыдзе сонейка над лесам, 
Сагрэе душы-астравы!..
 
 
 
 
*  *  *
Зноў прыгалублю – пашкадую
Цябе, бярозку маладую;
Хай сад асенні ўздыхае:
“Ой – не кахае, не кахае…”
Ты – гарадская, а я – з вёскі:
Перацалую твае коскі;
Ты – гарадская, я – вясковы:
Перацалую твае бровы…
Зноў прыгалублю – пашкадую
Цябе, паненку маладую.
Хай сад ад сцюжы анямее,
Я ўсё змагу з табой, сумею!
Пасля, як клінам жураўліным
Зямлю я грэшную пакіну,
Успомніш светла мае словы:
“Ты гарадская – я вясковы”.
 
 
 
 
Зорка Венеры
Пражытых гадоў не памераць,
Не ўзважыць на шалях ніяк,
А я прадаўжаю ўсё верыць
У зорку Венеры, дзівак...
Калі ўжо магла разгарэцца,
Даўжэй хай гарыць над зямлёй,
Святлом яе поўніцца сэрца,
Як вочы твае дабрынёй!..
Я веру, што цемра адступіць,
Дзе зорка Венеры гарыць.
Дазволь мне цябе прыгалубіць,
Дазволь да грудзей прытуліць.
Усмешку, пагляд твой ласкавы
Ніколі мне больш не забыць...
Магічнай, чароўнаю з’ явай
Нам зорка Венеры гарыць.
 
 
 
 
З РОСНЫХ СЬЦЯЖЫНАК
Каравай
Прыслала восень каравай,
Руплівай працы шчодры плён;
Яго ўзрасціў прыгожы край –
Валожынскі раён
Хлеб сілу сонца увабраў
(І спеласць каласоў)
І жыватворны водар траў,
Напоеных расой.
У ім – блакіту небакрай,
Суніц духмяных смак...
Прыміце, людзі,– каравай,
Любові шчырай добры знак!..
 
 
 
 
У альбом Т. А.
У росах купаецца раніцы
І твой салавей на світанні.
Паслухаў яго я з радасцю
І вось што скажу ў хваляванні:
Пялёсткамі язміну
Сцежкі вакол зацярушаны…
Я думаць пра Вас не пакіну,
Хоць межы між намі парушаны.
 
 
 
 
Сьляды
На ўсім – таемнасьці пячаць,
На ўсім сьляды пад слоем пылу…
Такое можна адкапаць,
Што лепш было бы не чапаць…
А выгляд мае – мілы.
 
 
 
 
*  *  *
У суме мне лёс падсумуе
Страты-знаходкі,
Палічыць гады.
Магчыма, тады й засумую
І горка заплачу тады.
Пакуль жа – я толькі сяную…
Густыя ўсё травы кашу…
Я з Музай капрызнай сябрую,
Я ласкі ў нябёсаў прашу:
Для здольных і таленавітых,
У помыслах чыстых заўжды…
Хай тое, што працай здабыта, 
На радасць будзе маладым!..
 
 
 
 
Рунее «Рунь»

Народнаму літаб’яднанню
Валожынскага РЦК


 
Рунее рунь у ранішніх палях,
Сцяжынка 
Краем поля 
Сцелецца…
Нам дорыць радасць родная зямля,
Нам кожнаму у шчасце светла верыцца.
 
І першы гром, і квецень па вясне –
Як першае каханне – не забудзецца...
Рунее “Рунь”... 
А думаецца мне 
Пра маладое племя нашых “рунеўцаў”.
 
Не першы год, як разам мы, сябры,
З задуманага многае што здзейснена.
Не згас пакуль да творчасці парыў,
Кіпіць жыццё – за вершамі, за песнямі…
 
Спрыяе творчасці – спагада і святло,
Спрыяе нам любоў да Слова роднага.
Аднак –  паваяваць трэба было:
Паваяваць – за званне,
                                        за народнае!..
 
Як вынік працы рупнай – кніжкі дзве,
І шмат чаго наперадзе задумана...
Усё, што робім – робім для людзей,
Як сейбіты 
                            разумнага, культурнага!..
 
Жадаю, хай квітнее родны край,
З высокіх помыслаў у кожнага ўсё спэўніцца.
Няхай жывуць – Паэзія і Май, 
І наша “Рунь” 
У промнях славы 
Грэецца!
 
 
 
 
Навагоднія віншаванні
Што пажадаць пад Новы год
Сумленным добрым людзям?
Прыемных, казачных прыгод,
Якіх мы не забудзем.
 
Хай не скупіцца Дзед Мароз
На радасць нам, на шчасце;
Каб дабрабыт дзяржавы рос,
Быў лад у кожнай хаце.
 
Не забывалі каб сяброў,
Добрасуседскіх зносін;
Сямейных цёплых вечароў 
Больш новы год прыносіў.
 
Хай будзе ўсё як мае быць,
Але аб лепшым марце.
Як самі бы хацелі жыць,
Другім таго жадайце!..
 
 
 
 
Да дня настаўніка
Настаўнік! Ты – як Бог:
Сляпых відушчыш,
Даючы ім вочы.
З калень 
Падняцца многім дапамог,
Хто да навукі змалку быў ахвочы.
 
Кароткі твой засвоіў сёння ўрок,
Калега мой, –
Ў даўгу я прад Табою неаплатным,
Што Ты і мой
Азорыў словам зрок,
Даў зразумець у час – на што я здатны.
 
Заўсёды помню цесны Твой пакой
(Бы іншага не заслужыў, бач, ад улады),
Як там збіраўся шалапаяў рой
І кожны рады быў пачуць Твае парады.
 
У невялічкім нашым гарадку,
Дзе ўсе і ўсё – заўжды навідавоку,
Табе
З паклонам я падам руку
І ціха выслухаю,
Быццам на ўроку!
 
 
 
 
Настаўнікам
Калі ўжо лёс наканаваў
Настаўнічаць у школе,
Жадаю – каб не сумаваў
Ніхто з вас тут ніколі.
Расціце парасткі святла,
Хай родзіць ваш палетак.
Удачы творчай вам, цяпла,
Удзячнасці ад дзетак.
Заўжды каб хлеб быў на стале,
Было й да хлеба штосьці.
І каб – хацелася далей
Служыць дабру і прыгажосці.
 
 
 
 
Прывітальнае слова мітрапаліту
Прыміце хлеб-соль і паклон да зямлі,
Што шле праваслаўны Валожын,
Каб з Божае ласкі Вы доўга жылі
І помнілі край наш прыгожы!
 
Прыміце хлеб-соль ад усёй грамады,
Ад вернікаў – шчырых, сумленных,
Каб нам асвятляла Дарогу заўжды
Святая царква 
                                  Канстанціна й Алены!..
 
 
 
 
Сябру-юбіляру
Віншую з круглай датай
Цябе мой слаўны юбіляр.
Дабрабыту табе ў хату,
Здзяйснення помыслаў і мар!
Каб на падворку ўсё вялося,
Царыў лад-згода у сям’і.
Што не ўдавалася – ўдалося,
Вяліся долары й рублі.
Усё астатняе – ад Бога,
А вось павага – ад людзей...
Хай будзе светлаю дарога,
Што па жыцці цябе вядзе!
 
 
 
 
З юбілеем
Пяршайскаму народнаму тэатру
 
Віншую з важнай датай
Майстроў народнай сцэны
Пяршайскага тэатра
І ўсёй культуры ў цэлым.
Спачатку было цяжка,
Пакуль тэатр вучыўся, – 
Ды побач быў Ганчарык,
Пра ўсё і клапаціўся...
Героі «Пінскай шляхты»,
Геройскі Вася Цёпкін –
За плённы творчы шлях ваш
Вам ставяць дзве «55».
Нямала працавалі,
Рабілі ўсё з душой,
Таму й заваявалі
Аўтарытэт вы свой.
Няхай тэатр – дзівацтва,
А ў сэрца б’е прыцэльна.
Пакуль жыве мастацтва –
Жывуць майстры на сцэне!..
Ні дня без пастаноўкі,
Цікавага рашэння, – 
Хапіла б моцы толькі,
Натхнення ды цярпення.
Больш гледачоў бы ўдзячных,
Прыхільнікаў далей, – 
Дабра вам і ўдачы
Не толькі ў юбілей!..
 
 
 
 
Дай Бог!

В. Гіруць-Русакевіч

 
У Ваш асенні юбілей,
Хоць мы не побач, бач, але:
Жадаю жыць, любіць, здзіўляцца.
Жадаю верыць і кахаць,
Умець парыць – умець лятаць,
Тварыць і захапляцца!..
 
Дай Бог, утульных вечароў,
Адкрыццяў новых і сяброў,
Што і раней бывала.
У Ваш цудоўны юбілей
Я веру: лёс яшчэ пашле
Прыемных момантаў нямала!..
 
Жыцця асвоіўшы урок,
Яшчэ напішацца радок,
Якіх паэт чакае...
А як напішацца той верш,
Пакажаш – сябру, мо, найперш,
Унуку, хто верш пачытае?..
 
Дай Бог, ніколі не хварэць,
Дай Бог, душою не старэць,
Каб лад царыў у хаце.
Каб і наступны юбілей
Сустрэць у згодзе і цяпле...
Дабра адно Вам, шчасця!..
 
 
 
 
Нішто ў жыцці не выпадкова

Галіне Марцінкевіч

 
Нішто ў жыцці не выпадкова –
І думаць хочацца аб вечным…
На шчасце дадзена падкова,
Але – і Слова дастаткова,
Каб след падзеі ўвекавечыць.
Мы ў тых нябёсах шмат кружылі,
Дзе Белы Птах парыць над лугам.
Агульнай справе мы служылі,
Таму лічу Вас даўнім другам!..
 
Натхнёна зборнік Ваш гартаю –
Знаходжу Словы прасвятлення…
Любіць і верыць пачынаеш – 
Дзе бачыш творчае гарэнне.
 
Паэты – людзі адзінокія,
Аднак іх помыслы высокія,
А вершы… Вершы Вашы лёгкія,
Свабодныя і мелагучныя,
Дзе шмат разумнага агучана.
 
Я так і бачу Вас – за працаю…
(Руплівым быць не ёсць загана!)
З нагоды першай прэзентацыі –
Скажу: казаць 
                              пра поспех 
                                                      рана,
Аднак знаходкі (думкі смелыя)
Парой удалыя, умелыя…
І іх у кніжцы – дастаткова…
Душой вітаю Ваша Слова!..
Нішто ў жыцці не выпадкова.
 
 
 
 
З юбілеем!
450
А. Т.

 
Зноў – вясна!.. 
Дык як пры гэтым
У душы не быць  паэтам?..
Калі ў квецені сады – 
Кожны сэрцам малады!..
 
Май паслаў і мне натхненне,
Каб у Ваш дзень нараджэння,
У святочны юбілей – 
Пажадаць мог Вам – далей
Жыць і радавацца небу,
Сонцу, кветкам і нашчадкам…
(Усяму, ў чым ёсць патрэба)
Жыць у шчасці і ў дастатку!
 
Быць прывабнай, быць прыгожай,
Дужай, слабай, – быць Жанчынай;
Хай тут Божа дапаможа,
Ну й, вядома ж, – Ваш мужчына!..
 
…Калектыў наш дружны, творчы,
Калі й сварымся – дык рэдка,
Сёння кажам Вам у вочы:
“ Класны  ўсё-ткі ў нас дырэктар!..”
 
Цэнім! Любім! Разумеем!
І дзе трэба – падтрымаем.
А з нагоды юбілею
Аднаго – дабра жадаем:
Заставацца, як вясною
Нашы ў квецені сады!..
Быць руплівай, маладою
Яшчэ доўгія гады!..
 
 
 
 
В. П. Рагойшу
З нагоды знаёмства
Паэт, асветнік, педагог –
Рамантык вечны па натуры,
Прайшоў нямала звілістых дарог,
А ўсё жыццё служыў, як мог,
Мастацтву і  літаратуры!..
 
З маленства здольны да навук,
Калі падрос, стаў трошкі большым – 
Не выпускаў больш кнігі з рук
(Бо добра помніў, чый унук!..)
Студэнт-юнак – Рагойша...
 
Куды б ні трапіў ты пасля,
Валодаў Словам спелым, трапным,
Якім, як пэндзлем, маляваў
Мясціны родныя пасля, 
І асабліва –  Ракаў!..
 
Ні разу гонар не ўраніў,
Не жыў чужым прымусам:
І сярод мноства ўласных кніг
(Бадай, у кожнай будзе з іх) 
Душэўны боль і роздум там – пра беларуса...
 
Калі пасля падняўся ўверх,
Набыў заслужаных рэгалій –
Сярод удумлівых калег
(Дзе, мо, й зайздроснікі бывалі)
Цаніў і цэніш – гумар, смех...
Яны і моцы прыдавалі.
 
Людзей удумлівых любіў
І праўдалюбам быў не горшым...
І сёння ты такі, як быў:
Прыгожы, статны, малады 
(І з барадою – ні бяды!) – 
Інтэлігент па сутнасці, Рагойша!..
 
 
 
 
Аднаклясьнікам
Птушка моцная, мабыць, крыламі,
Зьвер – інстынктам за дваіх...
Моцны я – сябрамі мілымі
І малітвамі за іх.
 
Разьляцеліся па сьвеце…
А – ці ўбачымся?.. калі?..
Падрастаюць нашы дзеці,
Кім нядаўна мы былі.
 
Хто якімі жыве ідэаламі?..
У груповак якіх на чале?..
Ў асабістым жыцьці – ці удала ўсё?..
Ці заўсёды ёсьць хлеб на стале?..
 
Нехта, мабыць, падаўся ў камэрцыю,
Іншы нехта даўно за мяжой...
Нехта, слабы, плыве па інэрцыі…
Я ж за ўсіх вас хварэю душой!..
 
 
 
 
Юнай беларусачцы
Пятнаццаць табе (ці ўсе 20),
Не буду дарэмна гадаць.
Адно пажадаю: трымацца!
І марку, як кажуць, трымаць!..
Любіць сваіх бацьку і маці,
Радзіму і мову любіць,
Жыць рупна – у працы і ў шчасці
І ўсё для іх плёну рабіць!..
Хай толькі здароўе спрыяе
Рупліваю быць, трапяткой,
Бо іншай цябе – не ўяўляю,
А бачу – заўжды маладой!..
Хай свецяцца радасцю вочы,
Нішто не азмрочыць душу,
А ліст мне напішаш аднойчы,
На памяць зноў верш напішу!..
 
 
 
 
Адамава рабро
Сьпеліць верасень насеньне,
Меліць верасень муку
І выстужвае ён сені –
Вецер з поўначы асеньні, –
І гуляе
Скразьнякамі на таку.
А павее вецер з поўдня –
Над калодзежам 
Вядро
Серабрыцца, быццам поўня,
Ці – Адамава рабро?..
 
 
 
 
Час травастою
Каму пара якая дадзена,
А травастой час скарыстаў.
Стагі ўжо свезены і складзены,
Іх прычакаў студзёны стаў.
 
Нам лета шмат цяпла адмерала,
Цяпло і травам – на карысць…
Красы ў прыродзе не паменела,
Але матыў – другі якісьць.
 
 
 
 
*  *  *
Шчэ жыў прадчуваннем прыгожага,
Шчэ ружа-краса не цвіла,
А сны юнака растрывожыла
Паненка, што побач прайшла.
Мінулі часы. Ды блізкімі
Здаюцца – зарніцы й затонь,
Якія наіўных нас зблізілі,
Святла распаліўшы агонь.
 
 
 
 
Сустрэча ў верасні
…табе, разумею, не верыцца,
Што верасень вершамі вернецца…
Аднойчы,
Ў цішы не пачутая,
На беразе левым
Спатканая,
Ты – стала маёй пакутаю,
На правым,
Людзьмі спаптаным.
 
Як звер, у дабро паверыўшы,
Па ветру іду радзімым.
І знаю, што быў не першым
(Ні першым – ні самым лепшым!),
Ды веру: застаўся – адзіным!..
 
Світанак наш човен вынесе
Да кладак – цярпення высяў,
Нас выкупае – у верасе
Доўгачаканага  верасня,
Што іншым, мабыць, не сніўся…
 
 
 
 
Баляда душы
Душа,
Загнаная ў пацёмкі,
З крывавай ранай у баку,
Шукала – шнура 
Ці цясёмкі,
Каб удавіцца на круку.
Ды крук той
Іншаю душою
Заняты быў, як бы на зло,
Таму душа і стала злою,
Калючай, быццам памяло.
Душа
Хадзіла па прытонах,
Калола моладзь наркатой,
Піхала порна па вагонах,
Прасіла
Хлеба сіратой…
Па ранах ножыкам крамсала,
Начамі енчыла у сьне,
Пакуль вось...
Сябра не спаткала
І не ўсялілася ў мяне.
 
 
 
 
Сарамлівая
Ты схілася па-над люлькаю
І туліла дзіця да грудзей,
Нібы верба – танюткая,  гнуткая,
Калі цень аддае свой вадзе…
 
А пасля ты згубілася ў горадзе,
Спатыкаліся мы незнарок.
Вочкі ты апускала – гордая, –
Сарамліва адходзіла ўбок.
 
Час няўмольны… Я часта думаю,
Дай білет у твой горад куплю…
І, як мячык, вярчуся я, гумавы,
Што нічога, аднак, не раблю.
 
А жыццё, нібы рэчка імклівая,
Човен кідае – на вірах…
Не забыць мне цябе, сарамлівую,
Калядуеш ты ў маіх снах.
 
 
 
 
Маёвая мяцеліца
Н. К.
 
Сады ад цвету пеняцца,
А ледзь павее вецер –
Пурпурная мяцеліца
Зноў кружыць нас у свеце.
 
Расходзяцца – сыходзяцца,
Як лёс, дарожкі нашы.
Люблю я Вас, вандроўніца,
Люблю – як май, Наташа!..
 
Хай лёгкім пухам квецені
Сляды зноў зацярушаны,
Святкую я адведзіны –
Душы, вясной узрушанай…
 
І вып’ю, як і водзіцца,
За зелень – маю ветразь.
Хай шчасціць Вам, здаровіцца!
Хай будзе лепш, чым летась.
 
А прыйдзе час – і вернецца
І ўспеніць вішняў вецце –
Маёвая мяцеліцца,
Мой неспакой у свеце!..
 
 
 
 
*  *  *
Адлятаў у вырай
Прахалодай вечар,
Змрок гайдаў ледзь травы
Перазвонам рос,
Як табе ў каханьні
Я прызнаўся шчырым,
Пасьцяліў пад ногі
Скошаны пракос…
 
Дыхаў сенам Нёман,
Дыхаў лес спакоем.
І было так блізка –
Да нябёс, да зор…
І было нас толькі
У Сусьвеце двое…
Галава кружылася –
Пах вакол чабор!..
 
Асядаў у згустках
На Шляху на Млечным
Пыл дарог няблізкіх,
Горыч пекнаты…
Нібы прад іконай,
Прад Табой я ўкленчыў…
Зоркай – незгасальнай –
Зьзяла ў высях ты.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.