РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вольга Гапеева
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калекцыянэр
АСОБЫ
        Пекла – гэта іншыя людзі.
Жан Поль Сартр
        
Прадмова да п’есы
        
У пакоі дом будуецца
Для мятлушак-зелянушак
Дзе нехта
Хацеў спакусіць надзею чакалядкай белай
Пасадзіў у няволю маленькую волю
На веру глядзеў – зьесьці хацеў
Сьпіртаваў у слоіках
Ружовых слонікаў
Прызнавайся,
Калекцыянэр з цукеркамі ў лапах,
Я адпомшчу табе адным махам
Падпілую ножкі
У твайго ложка
Зьем усё печыва
Паб’ю вокны
I пайду сьвяткаваць вызваленьне сваёй рэспублікі
Я – нацыянальны герой
Люблю бублікі
        
        
Дзеючыя асобы
        
        Д у м к а – асоба жаночага полу.
        Ё н – асоба мужчынскага полу.
        С у п р а ц ь г а з – асоба ніякага полу.
        М у ж ч ы н а   з   в а з к о м 
        Ж а н ч ы н а   з   к е й с а м 
        Ж а н о ч ы   г о л а с 
        
        Ложак пасярод прасторы. Сьцяна, да якой прыкутая дзяўчына за рукі, паднятыя ўгору. Ейныя вочы перавязаныя чорнай стужкай. Збоку асобна стаіць Ён, апрануты як пажарны, у руках трымае супрацьгаз. Глядзіць уперад. Тэкст прамаўляецца безэмацыйна.
        
        
        
Дзея I
        
        Ё н. Я пажарны. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву адзін. (Паварочвае галаву да дзяўчыны.) Амаль што адзін. (Уздыхае, зноўку глядзіць уперад.) А гэта — мая думка. Яна яшчэ зусім маленькая, але надзіва нахабная. Тыдні тры таму яна прыперлася ў маю галаву. (Рэзка хапаецца за галаву і лямантуе што моцы. Гэтак жа рэзка спынявцца і прамаўляе звычайным голасам.) Мабыць, памылілася адрэсай, але я не жадаў, каб яна сыходзіла, і таму прывязаў яе да сьцяны. Маленькая паршыўка, яна ня ведала, што я зусім не пажарны. О, не, зусім не пажарны. Я калекцыянэр. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву адзін. (Паварочвае галаву да дзяўчыны.) Амаль што адзін. (Уздыхае, зноўку глядзіць уперад.) А гэта — мая жонка. Яна яшчэ маленькая, але надзіва нахабная. Тыдні тры таму яна прыперлася ў мой пакой і (дзявочы лямант) пабачыла мой труп. Варта дадаць, што быў аўторак. Мабыць, яна памылілася днём тыдня? — скажаце вы. Глупства — скажу я. Як можна памыліцца днём тыдня, калі ў тыдні ўсяго адзін дзень... аўтарак. Таму дзеля прафіляктыкі я прывязваю яе да сьцяны, але гэта толькі па аўторках, я ж не садыст. Я пасажыр, таму з абавязку службы я вымушаны карыстацца грамадзкім транспартам. Але я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву...
        
        Ён застывае ў адной позе і стаіць так да заканчэньня дзеі.
        
        Ж а н о ч ы   г о л а с   а д н е к у л ь   з ь в е р х у . Атаньсьён, атаньсьён. Запаволены цягнік нумар 521 адыходзіць зь пятае пляцформы праз б месяцаў і 31 дзень. Просьба спазьніўцаў падысьці да адміністрацыі чыгункі... (Голас паступова заціхае, чуецца шум цягніка.)
        
        Уваходзіць мужчына з вазком, сядае на ложак, дастае з кайстры плеціва, пачынае калупаць пруткамі, зусім не зважаючы ні на Думку, ні на Яго.
        
        М у ж ч ы н а (кажа нэрвова, з раздражненьнем, азіраецца час ад часу). Учора, калі я ехаў у трамваі, на сядзеньні для двух, бо ведаеце ж, ёсьць яшчэ і на аднаго, акурат ля мяне сядзелі дзьве кабеты. Ну і сьпёка ж тады была, і трамвай быў перапоўнены як і заўжды.
        
        Дзіцё ў вазку пачьгаае раўсьці, мужчына ўстае, нахіляецца над калыскаі: і пачынае душыць дзіця, пакуль яго плач не пераходзіць у хрыпеньне. Мужчына абцірае рукі аб вопратку, сядае й працягвае.
        
        М у ж ч ы н а. Я падумаў: добра яшчэ, што яна сядзіць, ну, тая, што з краю. Уяўляеце, што было б, калі б яна церлася тут, стоячы ля мяне. Гузікі ейнае сукенкі былі зашпіленыя, але тканіна проста не вытрымлівала такога сьвінства й разыходзілася, агаляючы ейную бялізну. Ад яе сьмярдзела потам, малаком і таянай парфумай. Цікава, што яна адчувала? Ейнае цела большае за маё. (Са шчырым задуменьнем, нават прыпыняе сваё плеціва.) Мабыць, яна ўяўляе сябе Маці ўсіх сваіх знаёмых ці (задумліва) самкайпавучыхай. Натуральна, (як быццам бы зразумеўшы ўсё) яна ж займае больш прасторы. (Падхопліваецца й сыходзіць разам з вазком, прыгаворваючы.) Ну-ну, цішэй-цішэй.
        
        
Зацямненьне.

        
        
Дзея II
        
        Ложак. На ім сядзіць Ён у супрацьгазе.
        
        Д у м к а. А табе што больш даспадобы, дзейнік ці выказьнік?
        Ё н. Мгыыплдлшўшуле. (Нічога не разабраць, кажа праз супрацьгаз.)
        Д у м к а. Ты што, не падлічваеш колькасьці ўжытых табой дзейнікаў і выказьнікаў за дзень?
        Ё н. Ыгмыыквыгаквые.
        Д у м к а. А я лічу, што яны павінны мець роўныя правы. Таму кожны вечар, кладучыся спаць, я лічу свае дзейнікі й выказьнікі. I калі раптам кагосьці я ўжыла болей, наступным днём я рэабілітую таго, каго пакрыўдзіла ўчора. Сухі матэматычаы падлік, — скажаш ты. Раўнапраўе, — скажу я. Яны ж такія крыўдлівыя. Ну, акурат муж з жонкаю.
        
        Ён стогне.
        
        Д у м к а. Ой, выбачай, я забылася. Гаротнік ты мой, адзін, зусім адзін. (Спачатку спачувальна, потым паступова — зьдзекліва.) Ніхто не разглядае з табой газэт й фатаздымкаў тых спаленых целаў, якія ты выцягнуў з затолленага дому падчас вясновае паводкі. Табе нават не абавязкова здымаць твайго сябра-супрацьгазу дома, усё адно ніхто не папракне цябе за непаголенае падбародзьдзе. (Ён пачынае мітусіцца па пакоі.) Няма з кім лаяцца. Няма каго ўшчучваць за патаўсьцелыя сьцёгны. Жах. (Ён ужо не знаходзіць сабе несца.) Трэба абавязкова паведаміць належным органам. Я ж Думка. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся паведамляць камусьці пра штосьці, бо хтосьці й дзесьці ўжо забыўся на кагосьці калісьці.
        
        Ён ня ў стане болей трываць і пачынае паволі, але з усёй моцы рытмічна біцца галавой аб сьцяну. Думка адначасова зь ім б’ецца патыліцай аб сьцяну, да якой прыкаваная. Думка губляе прытпомнасьць, Ён, змарнелы, здымае супрацьгаз.
        
        Д у м к а (апрытомнеўшы, зьдзекліва). Гм. Бачылася я з тваёй... як там яе — свабодай. Яна ж нават макароны ня здолее прыгатаваць. Я ўжо не кажу пра сьвяточны пірог.
        Ё н. У той дзень, калі на вуліцы, паралельнай маёй, мянялі лямпачку ў чацьвертым зь левага
        боку ліхтары...
        Д у м к а. ... я вярталася з сусэдняе крамы...
        Ё н. ... я адпусьціў сабе бараду й прысьвяціў яе табе...
        Д у м к а. ... у той дзень, калі на вуліцы, пэрпэндыкулярнай маёй, згасла лямпачка ў пятым з правага боку ліхтары...
        Ё н. ... каб ты не сумавала і пляла мне па вечарох коскі.
        Д у м к а. А чаму яна рудая?
        Ё н. (Бярэ люстэрка і ўважліва глядзіцца ў яго. Ніякай барады ў яго няма.) Ну-у. Гэта ж маскіроўка. Каб агонь не распазнаў мяне.
        Д у м к а. А-а. Традыцыя.
        Ё н. Мг.
        Д у м к а. Прафэсійная?
        Ё н. Сямейная. (Паўза.) Я хачу падарыць табе вершык. Ён належаў маёй бабулі, але зараз я хачу, каб ён быў твой.
        (Чытае вершык.)
        
        Агонь ахутвае твае валасы
        рукі сьцёгны
        сонечным зьзяньнем
        ты пахнеш падсмажанай куркай
        мы п’ем гарбату з попельных кубкаў
        ты — мая думка
        
        Д у м к а (крычыць). Я не твая думка. Я мая думка. Ма-а-я-а-а...
        
        Ён хапаецца за голаў і зьбягае. Чуецца бум-бум-бум, як сыгнал небясьпекі. Убягаюць мужчына з калыскай, жанчына з кейсам, становяцца ў шэраг, за імі два крэслы, на якія яны й сядаюць.
        
        Д у м к а. Дзяцей заводзяць таму, што адно адному яны надакучылі і паступова зьяўляецца прага чаго-небудзь новага.
        Мужчына з калыскай (падымаецца). Я хачу сына (сядае).
        Жанчына з кейсам (падымаецца). А я дачку (сядае).
        Д у м к а. А як жа ваша гульня «Трэці залішні»?
        Мужчына з калыскай (абурана ўстае). Як ты можаш? (Сядае.)
        Жанчына з кейсам (устае). Ну і ну. (Сядае.)
        Д у м к а. А потым яны не разумеюць, адкуль бяруцца комплексы. (Быццам тлумачачы. нешта і так зразумелае.) Адкуль і дзеці бяруцца.
        Мужчына з калыскай (устае). Амаралка. (Сядае.)
        Жанчына з кейсам (устае). Эгаістка. (Сядае.)
        Д у м к а. Прабачце, я, мабыць, памылілася дзьвярыма
        Я н ы (у адзін голас). Дзівачка. Тут адны дзьверы.
        
        Зноўку чуецца «бум-бум-бум». Усе падхопліваюцца й зьбягаюць.
Зацямненьне.
        
        
Дзея III
        
        Думка так і вісіць на сьцяне. Ён сядзіць на ложку тварам да яе і чытае газэту.
        
        Ё н ... калі раптам вы забыліся на малако і яно ў вас зьбегла, не ўсчыняйце панікі, набярыце нумар 000-000 — і наш дзяжурны падкажа, што трэба рабіць ў гэтай надзвычайнай сытуацыі. Ні ў якім выпадку ня дзейнічайце самастойна. (Задуменна.) Ой, трэба гэта выразаць. Такую інфармацыю нельга губляць. (Выразае кавалак з газэты і прышпіляе яго на Думку. Сядае й чытае далей.) Учора грамдзянін Грамадзкі Грамада Грамадавіч пры напісаньні чарговага ліста свайму брату не адступіў належныя тры а паловай сантымэтры ад краю паперы, (жахліва) ня можа быць!!! тым самым парушыўшы ўсе найважнейшыя нормы й стандарты напісаньня лістоў. Па словах ягонае жонкі, грамадзянін Грамадзкі ўжо неаднаразова ігнараваў правілы ў нейкіх дробязях, але да ўчорашняга выпадку гэта не набывала такіх сусьветных маштабаў. Прысуд быў вынесены адразу ж — сьмяротнае пакараньне. (Рукой прыкрывае рот.) Божа мой! (Сядзіць задуменны і занепакоены.)
        Д у м к а (як у ліхаманцы). ... Дзе цукар?.. Дзе-е-е?.. Мая кава-а-а-а (плача), чаму яна з цукра-а-ам? Гам-гам-гам ...Ён жа хацеў.
        Ё н. Цішэй, ты. Цішэй. (Азіраецца вакол, каб ніхто не пачуў.)
        Д у м к а ..хацеў..каб я сталася ягонай....ягонай..
        Ё н (вельмі хвалюецца і шкуматае яе эа плечы). Я прашу цябе: ня трэба гэтак крычаць...
        Д у м к а ... ягонай і толькі ягонай... асабістай (Ён затыкае ёй рот, але яна, матляючы галавой, вызваляецца й крычыць) ... д-у-м-к-а-й !!!
        Ё н (хапаецца за галаву, адбягае й крыныць што моцы). А-а-а-а-а-а-а!.. (Трошкі супакойваецца, потым зноў пачынае енчыць і хаваецца пад ложак...)
        
        Уваходзіць жанчына з кейсам, на ёй гарнітур і гальштук, яна сядае на ложак. Ёй нязручна сядзець, бо пад ложкам — Ён. Жанчына нахіляецца і выцягвае яго адтуль, супакойваючы... Дастае з кейса вяроўку, абвязвае ягоную шыю, а другі канец прывязвае да ножкі ложка. Галубіць яго па галаве. З-пад ложка дастае вялікі плякат, на якім напісана: «ПАНЕНКІ! АБАРОНІМ БРАТОЎ НАШЫХ МЕНШЫХ !» і ставіць побач зь ім.
        
        Ж а н ч ы н а. Хутчэй за ўсё у маёй жонкі была б палюбоўніца. Ну, і ў мяне вядома ж. Я шмат думаю пра сваю будучую жонку. (3 замілаваньнем.) Пра тое, якая яна павінна быць і ці ўмее яыа пячы блінцы. I колькі ў яе радзімак, і ці істотны для яе памер майго абутку. Я павінна думаць пра свайго будучага мужа, — скажаце вы. Бздуры, — скажу я, думала адна такая. (Дастае з кейса вяроўку і пакуль абвязвае яе вакол шыі, нэрвова прамаўляе.) Што пра яго думаць. (Зьдзекліва.) Ці ўмее ён пекчы блінцы? Колькі ў яго радзімак? I ці істотны для яго памер майго абутку? (Падыходзіць да лямпачкі, завязвае другі канец вяроўкі на ёй.) Я не магла гэтага больш трываць і... шчоўк. (Торгае вяроўку — сьвятло гасьне. Вакол цёмна і
        толькі ейны голас.) Я скінула з наццатага паверху ягоную калекцыю засьпіртаваных спэрматазоідаў. (Торгае за вяроўку, лямпачка ўключаецца.) I што вы думаеце? Ён пачаў зьбіраць новую. Я не магла гэтага больш трываць і... шчоўк. (Торгае вяроўку — сьвятло гасьне.) I я падсмажыла на патэльні ягоную калекцыю. (Торгае за вяроўку, лямпачка ўключаецца.) I што б вы думалі? Ён быў зьдзіўлены маёй незалежнасьцю і маёй катэгарычнай незацікаўленасьцю ягонай каштоўнай калекцыяй і папрасіў мяне стацца ягоным мужам. Ну, я, натуральна, падзякавала, але адмовілася, бо ў мяне ўжо ёсьць жонка. Ён ня мог гэтага больш трываць і... шчоўк. (Торгае за сяроўку, сьвятло зьнікае.)
        
        
Дзея IV
        
        Чуецца сыгнал небясьпекі, усе дзеючыя асобы выбягаюць, мітусяцца, трапляюць адно адному пад ногі, шукаючы супрацьгазы. Знаходзяць і нацягваюць іх на твары. Становяцца у шэраг, рукі па швох.
        
        Ж а н о ч ы   г о л а с   а д н е к у л ь   з ь в е р х у .  Атаньсьён! Атаньсьён! У сувязі зь перапаўненьнем слыхавых органаў галюцынацыямі невядомага паходжаньня, а таксама па незалежных ад нас прычынах зь сёньняшняга дня пачынае сваё дзеяньве новы антывіруcны Загад. Пункт першы: хлусіць павінны ўсе. Для падтрыманьня нормаў асабістай гігіены раім спалучаць выкананьне Загаду з абліваньнем сьцюдзёнай вадой. У мэтах прафіляктыкі — тры-чатыры дробныя хлусьні на дзень. Пункт другі: будзьце асабліва пільныя пры кантактах зь нявашым полам. Штраф за невыкананьне Загаду — 0,5 ад мінімальнага заробку.
        
        Усе здымаюць супрацьгазы.
Зацямненьне.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.