РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Антон Янкоўскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Белыя рамонкі
1
Вершы
Цішэй…
Чытаючы вершы,
шукай між радкоў
сэнс патаемны
паэта слоў.
У вобразе кожным
пачуццяў сугучнае рэха
і думак магутная хваля
гаворыць аб вечным
з табой!
 
Цішэй…
У кожным асобным вершы
трапеча жывое сэрца,
душа ажыўляе прастору –
і ціха пяе наваколле
у вершах:
нібыта у марах дзіцячых
ўздымаюцца крылы ў аблокі,
і ты заўважаеш – навокал
жыць робіцца з вершамі
лёгка!
 
Цішэй…
Цябе запрашаюць вершы
на спатканне
з вечнасцю…
 
11.1.2012г
 
 
 
 
Мама
Мама –
даруе святло нараджэння,
жыць вучыць адно па-сумленню,
жыццё напаўняе цярпеннем,
надзеяй і верай, здзяйсненнем,
 
і нават калі памірае,
то побач душу пакідае,
Анёлам прыгожым лятае,
у думках жыццё прадаўжае –
мама.
 
11.1.2012г
 
 
 
 
Ірына
Ірына,
Ў вачах людзей была ты добрым чалавекам,
У татавых вачах – каханай жонкаю,
Ў вачах сыноў – пяшчотнай і ласкавай маці,
А Бог забраў, бо у яго вачах
                                              была Анёлам ты …
 
 
 
 
Слова "мама"
Мама –
слова
бязмежнае,
вечнае,
добрае,
шчырае,
светлае,
мудрае,
пяшчотна-
ласкавае…
 
Наша жыццё
сэнсам напаўняе –
мама.
 
11.1.2012г
 
 
 
 
Белыя рамонкі
Любілі кветкі
Пяшчоту мяккіх рук матулі,
І з гэтага яны цвілі –
Штодзённа!
 
Дарылі кветкі
Сваю падзяку, бо адчулі:
На падваконніку жылі
Не бессэнсоўна!
 
Завялі кветкі –
Калі вясеннім днём матуля
Душу на неба адпусціла
Назаўсёды…
 
Ды кажуць ветры,
Што на нябёсах ёй утульна –
І заквітнелі ля магілы
Рамонкі!
            Белая рамонкі…
 
15.12.2011г
 
 
 
 
*  *  *
Мама, цябе няма –
і гэта мы усведамляем,
знаходзім сілы
жыць далей,
між спёкі і сярод завей
ісці наперад
і ніколі не здавацца,
дню новаму ўсміхацца,
вітаць людзей,
памылкі дараваць –
і калаўрот жыцця
круціць,
аднак заўсёды
у роднай хаце на парозе
успамінаем,
як некалі на ім
нас сустракала мама…
 
І на прыступках
дня наступнага
прыносім кветкі
на магілу да цябе,
мама…
 
20.11.2011г
 
 
 
 
Любіце маму
Любіце сваю маму,
Цаніце сваю маму,
Бо заўтра матулі не стане…
Даруйце сваёй маме,
Званіце сваёй маме,
Бо заўтра матулі не стане…
 
Часцей прыязджайце дадому,
Кажыце прыемныя словы,
Даруйце ёй сэрца праменні –
І зробіцца маме прыемна!
Бо мама заўжды вас чакае,
Хвалюецца, успамінае,
Жадае вам лепшае долі,
Кахання і веры, спакою.
Вы слухайце мамы наказы,
Яна вам не зробіць абразы.
Яна вас адно прыгалубіць,
І зноў пацалункам пабудзіць.
Яна – найсвятая крыніца,
Навучыць як трэба маліцца,
Калі вас бяда напаткае –
І мамы раптоўна не стане…
 
Любіце сваю маму,
Шануйце сваю маму,
Бо заўтра матулі не стане…
Кажыце сваёй маме,
Як любіце маму,
Бо заўтра матуля
                Анёлам стане…
 
31.7.2011г
 
 
 
 
*  *  *
Прыснілася матуля
З усмешкай, як заўжды!
І тыдня не мінула,
Як я на выхадны
Па добрай завядзёнцы
Прыехаў да сям’і – 
Развешвае бялізну 
Яна на правады.
І я яе вітаю,
Кажу, што сумаваў.
Матуля абдымае:
“З дарогі мо устаў?”
За стол сям’ёй сядаем:
Мачанка і бліны – 
Сняданак пачынаем
З малітвы, як заўжды…
 
…і молімся за маму
І бацька, і сыны…
Цяпер нас ўсіх вяртаюць
Да мамы толькі сны…
 
5.4.2011г
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.