РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Казкі
 
1
1
1. Шэры шкілет
        
        У адной шэра-шэрай краiне ёсць шэра-шэры горад. У тым шэра-шэрым горадзе стаiць шэра-шэры парк. У тым шэра-шэрым парку круцiцца шэра-шэрая карусель з шэрашэрым канём. На тым шэра-шэрым канi сядзiць Шэры шкiлет i шэрым голасам шэпча: «Жыву, жыву, жыву…»
        
        
2. Ружовая манекенніца
        
        Уначы на праспекце Ружовая манекеннiца спынiла таксоўку. «У радзiльны дом!» – загадала яна. «У якi?» – удакладнiў таксоўшчык. «Той, што стаiць насупраць могiлак». Таксоўка прывезла клiентку да дзвярэй радзiльнi. Манекеннiца папрасiла таксоўшчыка пачакаць. Той чакаў больш за гадзiну, а калi сабраўся з’ехаць, пабачыў у дзвярах сваю клiентку. «Вы так цудоўна выглядаеце. У вас такая цудоўная фiгура i такая ружовая скура… Вачэй не адарваць!» – сыпаў камплiменты таксоўшчык, пакуль вёз клiентку на праспект. «У мяне такая выдатная фiгура i такая ружовая скура, бо я знайшла найлепшую крынiцу харчавання. Я п’ю кроў свежанароджаных дзяцей!» – сказала манекеннiца таксоўшчыку, калi той спынiў машыну на праспекце. – Кажаш, ад мяне вачэй не адарваць?» – «Не адарваць!» – пагадзiўся таксоўшчык. I тады Ружовая манекеннiца вырвала яму вочы.
        
        
        
3. Залатая каса
        
        Хлопец пакахаў дзяўчыну, а тая ўзяла ды памерла напярэдаднi вяселля. Так вяселле ператварылася ў хаўтуры. Жанiх горка плака ў над труною нявесты, ён яе моцна кахаў, асаблiва моцна ён любiў яе доўгiя i залатыя валасы. Уначы, калi нiхто не бачыў, хлопец адрэзаў валасы ў нябожчыцы i схаваў iх у шафу. Нявесту везлi на клады ў вясельнай сукенцы, а на галаве ў яе была фата, таму нiхто не заўважыў, як дзяўчыну пахавалi без валасоў. Над магiлаю жанiх сказаў, што не можа жыць без сваёй золатавалосай дзяўчыны i заплакаў, а за iм усе госцi, што iшлi на вяселле, а патрапiлi на хаўтуры, таксама горка заплакалi. Плачучы, яны вярнулiся ў дом, дзе мусiла быць весялосць, а здарылася жалоба. Там яны селi за стол, каб памянуць нябожчыцу. Не паспелi яны разлiць гарэлку па чарках, як з грукатам адчынiлася шафа. Залатыя валасы выпаўзлi з шафы на падлогу i заплялiся ў Залатую касу. Тая каса, што змяя, папаўзла да скамянелага жанiха, абвiлася вакол шыi i задушыла яго.
        
        
        
        4. ЧОРНАЯ ТРУНА З БЕЛЫМI КРЫЛАМI
        
        Муж, сыходзячы на працу ў начную змену, сказаў жонцы, каб не ўключала тэлевiзара, бо ён сапсаваны i можа выбухнуць. Жонка не паслухалася мужа i ўключыла тэлескрыню. На экране з’явiлася худая дыктарка i загаварыла бляклым голасам: «Жанчынка, выключы тэлевiзар, бо Чорная труна з белымi крыламi ўздымаецца з магiлы!» Жанчына не паслухалася парады. «Жанчынка, выключы тэлевiзар, бо Чорная труна ўжо ляцiць на сваiх белых крылах над нашым горадам!» Жанчына слухала агiдны голас, але тэлескрыню не выключала. «Жанчынка, выключы тэлевiзар, бо труна плыве па нашай вулiцы!» Жанчына спужалася, але тэлевiзар не выключыла i пабачыла, як лакаваная труна з лебядзiнымi крыламi заляцела ў тэлестудыю. Труна адчынiлася i праглынула тэледыктарку. «Дзякуй табе, жанчына, за тое, што ты не выключыла тэлескрыню, i я змагла з’есцi агiдную дыктарку!!!» – сказала Чорная труна i пакiнула тэлестудыю.
        
        
        
5. ШЭРАЯ РУКА
        
        Тоўсты мужчына курыў цыгару. Дымныя пасмы вiлiся ў пакоi. Калi таўстун загасiў недакурак у мармуровай попельцы i гучна кашлянуў, дымныя касмылi закруцiлiся пад столлю. Яны круцiлiся, як рачны вiр у паслянавальнiчную паводку. Яны закручвалiся ўсё хутчэй i хутчэй. Яны зрабiлiся непразрыстымi i шчыльнымi. З самай сярэдзiны дымнага вiравання выплыла Шэрая рука. Яна схапiла мужчыну за тоўстую шыю i задушыла.
        
        
        
6. АРАНЖЫКАВЫ ГАЛЬШТУК
        
        Муж з жонкаю пайшлi набываць сабе навагоднiя падарункi. Жанчына прыдбала крэм для рук, а мужчына выбраў Аранжыкавы гальштук. «У цябе няма нiводнай кашулi, каб пасавала да яркага гальштука!» – дзiвiлася жонка. «Сам не ведаю, нашто я на такi гальштук паквапiўся. Я нiбыта аслеп, а цяпер зноў бачу…» Дома мужчына паспрабаваў падабраць да гальштука кашулю, за гэтым заняткам яго i заспеў сусед. На суседзе была жоўтая кашуля. «Ты мне гальштука не пазычыш? Мяне запрасiлi на афiцыйны прыём у iтальянскую амбасаду, а гальштука няма». Мужчына ўзрадаваўся, што можа пазбавiцца ад аранжыкавай праблемы i аддаў суседу самападараваны гальштук. Жонка паспрабавала спынiць альтруiстычны парыў шчодрага мужа, але той быў непахiсны ў прынятым рашэннi. Радасны сусед у Аранжыкавым гальштуку да iтальянскай амбасады не дайшоў. Каля метро ў падземным пераходзе яго перанялi п’яныя хулiганы i папрасiлi на пiва. Сусед адмовiўся ахвяраваць грошы. Хулiганы пачалi яго бiць. Яны збiлi яго з ног, прыцiснулi да цэментавай падлогi i задушылi Аранжыкавым гальштукам.
        
        
        
7. ЧОРНЫ ЖУРНАЛIСТ
        
        Журналiст-наймiт купiў у высокапастаўленага чыноўнiка iнфармацыю. Чыноўнiк запэўнiў журналiста, што iнфармацыя каштоўная i з’яўляецца дзяржаўнай таямнiцаю. Журналiст залiчыў сябе ў абраннiкi, бо валодаў звышкаштоўным сакрэтам. Той сакрэт журналiст нiкому не паказаў, ён насiў яго ў сабе на самым сподзе памяцi i цешыўся са сваёй далучанасцi да невялiкага кола абраных. Праз нейкi час сакрэт сапсаваўся, ён пачаў гнiсцi i смярдзець. Праз гэта журналiст i ператварыўся ў гнiлога чалавека – Чорнага журналiста. Усе яго так i называлi – Чорны журналiст. Нiхто не хацеў мець з iм нiякiх стасункаў. Неўзабаве ад свайго смуроду i ўласнай гнiласнасцi ён здох. Чорнага журналюгу крэмiравалi, каб на могiлках не смярдзеў сваёй дзяржаўнай таямнiцаю, якая, насамрэч, нiякай таямнiцаю i не была, бо хiтры i прадбачлiвы чыноўнiк прадаў амбiтнаму журналiсту iлжывыя звесткi.
        
        
        
8. ЧОРНАЯ МЯСАРЭЗКА
        
        Афiцэр любiў тэатр i хадзiў на прэм’еры. Аднойчы, калi афiцэр прыйшоў на паказ кабарэ-дэтэктыва «Чорны квадрат», доўгавалосая касiрка вельмi ветлiва прапанавала яму 13-е месца ў 13-м радзе. Афiцэр не верыў у забабоны i ўзяў квiток. У той момант, калi ў зале цалкам пагасла святло i барабаншчык грукнуў у вялiзны барабан, абвясцiўшы пачатак дзеi, крэсла з афiцэрам правалiлася. У цёмных сутарэннях афiцэр выпаў з перакуленага крэсла i грымнуўся на чорную мармуровую плiтку. Ён моцна ўдарыўся галавою i страцiў прытомнасць. Калi свядомасць вярнулася да афiцэра-тэатрала, ён быў ужо звязаны тоўстымi вяроўкамi. Чарнавокая касiрка ў чорным скураным фартуху нахiлiлася да ахвяры i спытала: «Цяпер ты верыш, што 13-е месца ў 13-м радзе не прыносiць шчасця?» – «Веру», – прашаптаў палонны афiцэр. «А зараз ты яшчэ даведаешся, што 13-е месца ў 13-м радзе прыносiць косткаломны боль i невыносныя пакуты!» – з гэтымi словамi чарнавусая касiрка пацягнула афiцэра да Чорнае мясарэзкi. Там iх чакаў барабаншчык у чорных пальчатках. Барабаншчык i касiрка паднялi афiцэра i кiнулi ў Чорную мясарэзку. Тая запрацавала, i з яе пачаў вылазiць i падаць у жалезную труну салёны фарш.
        
        
        
9. АРАНЖАВЫ КОЛ
        
        Студэнты не любiлi свайго рэктара i радавалiся, калi той здох. Пасля пахавання студыёзусы зладзiлi святочны банкет. Падчас балявання адзiн студэнт сказаў, што рэктар – вупыр, а таму трэба загнаць у ягоную магiлу асiнавы кол. Балявальшчыкi вырашылi не адкладаць важнае справы i пайшлi да могiлак. Па дарозе яны знайшлi асiнку i зрабiлi з яе вастрадзюбы кол. Калi кара з кала абадралася, ён з белага ператварыўся ў аранжавы. Перад могiлкавай брамаю студыёзусы спынiлiся. Iсцi ўначы на клады нiкому не хацелася. Нехта прапанаваў кiнуць жэрабя. Не пашанцавала таму студэнту, якi першы прапанаваў загнаць кол у магiлу. Студыёзус узяў Аранжавы кол i зайшоў у могiлкавую браму. Астатнiя засталiся чакаць. Праз нейкi час з могiлак даляцеў жудасны крык. Студэнты так спалохалiся, што разбеглiся ў розныя бакi. Толькi ранiцай яны вярнулiся на клады i пабачылi каля рэктаравай магiлы мёртвага студэнта з аранжавымi рукамi. А ўначы адбылося вось што… Калi студэнт прайшоў праз могiлкi i спынiўся каля рэктарскага капца, ён доўга не мог наважыцца ўбiць Аранжавы кол у дол. Але потым нахiлiўся i глыбока ўсунуў кол у руды магiльны пясок. Здзейснiўшы задуму, студэнт развярнуўся i паспрабаваў сысцi, але шалiк на ягонай шыi пачаў сцiскацца. Студэнт закрычаў на ўсе могiлкi i рвануўся прэч ад магiлы рэктара-вупыра, але шалiк сцiснуўся так, што перахапiў дыханне. Студэнт падумаў, што гэта рэктар вылез з труны i душыць яго. Ад гэтага страху студэнт i памёр. Насамрэч, ён проста сваiм Аранжавым калом прыбiў да зямлi ўласны шалiк. Самае страшнае ў гэтай гiсторыi пра асiнавы кол было тое, што ў труне студэнт-нябожчык ляжаў з аранжавымi рукамi, якiя колькi не мылi, а так i не змаглi адмыць ад брудных слядоў Аранжавага кала.
        
        
        
10. РУЖОВЫ АНЁЛ
        
        Пыць любiў Моцю. Моця кахала Пыця. Пыць называў сваю ўлюбёнiцу Моцячка. Моця клiкала свайго каханага Пыцiк. У Пыця з Моцяю нiчога не было, i жылi яны ў яблыневым садзе, якi належаў вялiкаму Яху. Пыць i Моця даглядалi той сад, але не мелi права есцi яблыкi. Усе яблыкi належалi Яху. Моця любiла Пыця больш, чым Яха, i Пыцiк любiў Моцячку больш, чым Яха, таму яны i пачаставалi адно аднаго яблыкамi. Магутны Ях даведаўся ад свайго стражнiка – Ружовага анёла, што Пыць з Моцяю ядуць яблыкi. Раззлаваўся Ях i даў Ружоваму анёлу вогненны меч, i загадаў выгнаць Пыця з Моцяю з яблыневага саду. Ружовы анёл паляцеў у сад, вогненным мячом выгнаў Пыця з Моцяю i сказаў iм на развiтанне: «Вы – нiкчэмныя Моця i Пыць – павiнны палюбiць Яха больш, чым адно аднаго, i толькi тады зможаце вярнуцца ў сад!» Пыць i Моця спрабавалi палюбiць Яха больш, чым адно аднаго, i больш, чым самiх сябе, але не змаглi, бо i ў выгнаннi Пыцiк любiць Моцячку, а Моця кахае Пыця.
        
        
        
11. ШЭРЫЯ КАПЫТЫ
        
        Муж з жонкаю селi вячэраць. Жонка расказвала мужу пра свой цяжкi працоўны дзень, а той еў i маўчаў. Калi жонка накладала на мужаву талерку смажаныя перцы, дык зачапiла локцем нож. Падымаючы нож з падлогi, жонка пабачыла пад сталом, што замест мужавых ног там стаяць Шэрыя капыты. Ад страху жонка паспрабавала як найхутчэй выпрастацца, каб уцячы ад Шэрых капытоў. Спроба атрымалася няўдалай. Жанчына разбiла патылiцу аб стол i памерла на месцы.
        
        
        
12. БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ ЧАЛАВЕК
        
        У шэрай краiне забараняюць бел-чырвона-белае колеразлучэнне. Так здаралася i здараецца, што ў асобных дзяржавах забараняюць той цi iншы колер. У адной забаронены зялёны, у другой абмежаванае выкарыстанне жоўтага, а ў трэцяй – пурпуровага. Ёсць яшчэ краiны, дзе забараняюць пэўныя словы i геаметрычныя фiгуры, накшталт шасцiканцовай зоркi, але гэтым разам гаворка iдзе пра колеразлучэнне, забароненае ў шэрай краiне. Забараняюць i забараняюць, што зробiш… Здзiвiшся, калi пабачыш, як па вулiцы iдзе чалавек у бел-чырвона-белай шапцы. Яшчэ больш уразiць цябе iншы чалавек, апрануты ў бел-чырвона-белае з галавы да ног. Потым ты ўбачыш шмат людзей у бел-чырвона-белай вопратцы. Iх будзе так шмат, што яны будуць iсцi вялiкай калонаю па галоўным сталiчным праспекце шэрай краiны. А дома ты пабачыш у тэлевiзары выступ самага галоўнага Бел-чырвона-белага чалавека. Ён скажа: «Я прашу вас, мае дарагiя таварышы, не напiвацца i не палохаць дзяцей. Вы павiнны несцi радасць, а не страх. Дзецi чакаюць вас, яны вераць у дабрыню Дзеда Мароза!»
        
        
        
13. ШЭРАЕ МЯСА
        
        Жанчына затрымалася на працы i позна забрала сына з дзiцячага садка. Дома яна ўбачыла: адна шчака ў хлопчыка большая за другую. «Што здарылася? Што ў цябе са шчакой?» – захвалявалася жанчына. Хлопчык сагнуўся напалам i выплюнуў на падлогу вялiкi кавалак Шэрага мяса. «Гэта што яшчэ такое?» – мацi зазлавала на сына. «На абедзе нас прымушалi есцi мяса, а я ўзяў мяса за шчаку i не стаў глынаць…» – «Ты паўдня пранасiў кавалак мяса за шчакою? Чаму?» – «Гэтае Шэрае мяса – чалавечае, а я не магу есцi людзей!»– «Чаму ты вырашыў, што мяса чалавечае? Хто табе такое сказаў?» – жанчына шчыра засмяялася. «Калi мы пасля сняданку гулялi ў двары, я бачыў, як кухар засунуў у бачок з харчовымi адкiдамi чалавечую галаву!» Жанчына прыбрала з падлогi выплюнутае мяса: «Не хачу слухаць глупствы!» – «А я не хачу есцi людзей! Не хачу i не буду есцi чалавечае Шэрае мяса!» – «Супакойся! Вось прыйдзе з работы твой бацька, i разам сходзiце да таго бачка з харчовымi адкiдамi, знойдзеце там чалавечую галаву i выкрыеце людаедаў!» Так з-за аднаго кавалка Шэрага мяса, якое хлопчык пранасiў паўдня за шчакою, i была злоўленая i знiшчаная банда канiбалаў.
        
        
        
14. СЛУП КОЛЕРУ ХАКI
        
        Афiцэр спяшаўся ў вайсковую частку. Была ноч, але афiцэр вырашыў пайсцi праз цёмныя могiлкi. Ён дайшоў да сярэдзiны закiнутых кладоў i там убачыў, як з магiлы невядомага салдата ўздымаецца Cлуп колеру хакi. Афiцэр дастаў з кабуры пiсталет. Слуп пасунуўся на вайскоўца. Той паспеў некалькi разоў стрэлiць у Слуп колеру хакi. Ранiцай на старых могiлках знайшлi мёртвага афiцэра з пiсталетам у руцэ. Яго завезлi ў морг вайсковага шпiталя. Патолагаанатам зрабiў заключэнне: афiцэр памёр ад разрыву сэрца.
        
        
        
15. БЕЛАЯ ГАЛУБКА
        
        Да мужчыны прыйшоў сябра i прынёс бутэльку гарэлкi. Мужчына ўзрадаваўся дармовай выпiўцы, але жонка ўсчынiла скандал i сказала, што памрэ, а не дазволiць iм п’янстваваць у яе дома. Мужчыны пакрыўдзiлiся i сышлi ў сквер, дзе селi на лаўку i пачалi акуратна выпiваць. Яны апошнiмi словамi клялi ўсiх жанчын на свеце i пацiху кулялi ў сябе вогненную вадзiчку. Каля мужчынскiх ног хадзiла акуратная Белая галубка. П’янiцы накрышылi той пташцы хлеба, якiм закусвалi жывую вадзiчку. Галубка не стала есцi хлеб. Гэта раззлавала мужчыну, i ён забiў галубку пустой гарэлачнай пляшкай. Сябра прапанаваў сысцi са сквера, узяць яшчэ гарэлкi i пайсцi ў парк. Так i зрабiлi. За другой пляшкай куплялася трэцяя. Калi наранiцу мужчына на слабых нагах вярнуўся дахаты, дык пабачыў у кватэры страшэнны рэзрух, а пасярод вялiкага пакоя ляжала на падлозе ягоная белавалосая жонка з праломленым чэрапам. Побач з нябожчыцай валялася пустая пляшка з-пад гарэлкi. Мужчыну судзiлi за ненаўмыснае забойства, хоць ён i не забiваў жанчыны, ён забiў толькi птушку, якая не захацела дзяўбцi накрышаны хлеб. Хiба ж ён ведаў, што ягоная жонка перакiнулася ў Белую галубку?!
        
        
        
16. БЕЛЫ ДЖОКЕР
        
        Карты бываюць чорныя i чырвоныя, а ёсць яшчэ чырвона-чорны арлекiнiсты джокер. Толькi мая гiсторыя пра чароўную карту – Белага джокера. Адзiн гулец так любiў карты, меў такi спрыт у шальмаваннi, што роўных яму проста не сустракалася. Колькi б ён нi выйграваў, яму было замала. Таму i не дзiва, што гулец пайшоў на змову з д’яблам, каб выйграваць яшчэ часцей i яшчэ больш. Пасля падпiсання крывёю д’яблавай дамовы гулец меў фантастычныя выйгрышы i праз шэсць начных гульня ў стаў найбагацейшым гульцом на свеце. У сёмую ноч ён паставiў на кон усю сваю велiзарную маёмасць, а калi раскрыў карты, дык пабачыў сярод iх Белага джокера. «Злодзей! Шэльма! Шулер!» – крычала абураная публiка на знябожанага гульца. I таму нiчога не заставалася, як уцячы ў гатэльны нумар, зачынiццана ўсе замкi ды засiлiцца ў пятлi. Неўзабаве з’явiўся д’ябал, каб забраць загадзя набытую душу. «Бог мяне пакараў?» – спыталася душа, выходзячы з яшчэ цёплага цела. Д’ябал засмяяўся: «Ён тут не пры справах. Ты, падпiсваючы дамову, так хваляваўся, што не акрэслiў тэрмiн, на якi будзе дзейнiчаць нашае пагадненне. Я мог бы забраць душу пасля першай гульнi, але я вялiкадушна чакаў ажно шэсць начэй! А яшчэ мне хацелася паназiраць, якi эфект зробiць на заўзятараў картачнай гульнi маё новае вынаходнiцтва – Белы джокер. Ён мяне парадаваў, эфект каласальны – раз убачыш Белага джокера i сам залезеш у пятлю! Ха-ха-ха-ха…»
        
        
        
17. ШЭРА-ЗЯЛЁНАЯ ГУМКА
        
        Мастак-пачатковец любiў гумкi. Ён шанаваў гумкi-ластыкi больш за алоўкi. Баязлiвы быў той пачатковец, увесь час баяўся накрэслiць недакладную рысу. Шмат разоў сцiраў гумкаю намаляванае i катаваў ластыкамi паперу, працiраў да дзiрак. Настаўнiк малявання параiў пачаткоўцу выкiнуць гумкi, пераадолець страх i крэслiць рысы ўпэўненай жалезнай рукою. Мастак пабойваўся настаўнiка, але яшчэ болей ён баяўся сваёй недакладнасцi ў маляваннi, а таму працягваў карыстацца ластыкамi. Аднагрупнiкi малявальнiка-баязлiўца вырашылi дапамагчы настаўнiку. У анатамiчным тэатры яны адрэзалi ў нябожчыка другую фалангу паказальнага пальца гэтак, каб была без пазногця, i замест заўсёднай гумкi падклалi кавалачак чалавечыны непаслухмянаму навучэнцу ў пiнжачную кiшэню. Малявальнiк-пачатковец не заўважыў падману i, дастаўшы Шэра-зялёную гумку, пачаў церцi ёй свой чарговы малюнак. На аркушы з’явiлiся тлустыя брудна-шэрыя пiсягi. Малявальнiк падумаў, што ягоная гумка проста моцна запэцкалася ў графiт, i паспрабаваў яе адчысцiць, церучы аб драўляны планшэт. Але i на планшэте з’явiлiся тлустыя брудныя плямы. Тады пачатковец паднёс гумку да самых вачэй i адчуў цяжкi дух трупа з фармалiнам. Ён вiсклява ўскрыкнуў, кiнуў Шэра-зялёную гумку на падлогу i выбег з майстэрнi. Сапсаваны малюнак разам з планшэтам у плямах ад чалавечыны давялося выкiдаць, але мастак-пачатковец такiм чынам навучыўся маляваць жалезнай рукою i зусiм без гумкi.
        
        
        
18. ЧЫРВАНАВОКАЯ ПРАДАВАЧКА
        
        Муж паслаў жонку па мяса для шашлыкоў, а сам пайшоў па гарэлку. У краме жанчына падышла да Чырванавокай прадавачкi. Тая сказала, што мяса скончылася, але ёсць яшчэ запасы ў лядоўнi, а калi жанчына сходзiць з ёю i дапаможа прынесцi падносы, яна дасць ёй найлепшы i найсмачнейшы кавалак свежага мяса. Пакупнiца зайшла за прадавачкаю ў лядоўню, а вось з лядоўнi выйшла толькi Чырванавокая прадавачка з падносам свежанiны. Муж вярнуўся з гарэлкай, сядзеў, чакаў i сам не заўважыў, як выпiў цэлую бутэльку ды без закускi. Ап’янеўшы, на непаслухмяных нагах ён пайшоў у краму i спытаў у прадавачкi пра сваю жонку. Тая сказала, што жонка выбiрае мяса ў лядоўнi, i павяла туды мужчыну. Вялiзная, як цэлы пакой, лядоўня была поўная чалавечыны. Адсечаныя галовы, ступакi i ручыцы ляжалi на падлозе ўздоўж сценаў, а безгаловыя тулавы, начэпленыя на крукi, звiсалi са столi. Ад такога вiдовiшча мужчына iмгненна працверазеў, вырваў сякеру з рук прадавачкi i адным ударам адсек канiбалцы чырванавокую галаву. Галава пакацiлася па бруднай падлозе i тры разы ўзапар паўтарыла: «За што?» – «За тое, што ўкрала жончын пярсцёнак з рубiнам!» – адказаў забойца i сарваў залаты пярсцёнак з тоўстага мезенца безгаловай людажэркi.
        
        
        
19. СIНI МАТРОС
        
        На пляжы выратавальнiкi ўсталявалi шыльду: «З 20-00 да 08-00 купацца ў моры катэгарычна забараняецца!». Адпачыннiкi абуралiся, але лазiць у хвалi пасля восьмай вечара пабойвалiся. Толькi не праз шыльду з папярэджаннем яны баялiся начных купанняў, а праз Сiняга матроса. Зрэшты, былi i такiя, што не баялiся. А пачыналася ўсё так… Аднаго разу ўзняўся ў гэтых мясцiнах нечуваны начны шторм. Зямля, вада i чорнае неба ходырам хадзiлi. Наранiцу, калi бура ацiхла, знайшлi на пляжы тапельца – Сiняга матроса. Нiхто так i не даведаўся, калi i з якога карабля той матрос трапiў у мора. Пахавалi пакутнiка на гарадскiх могiлках, а на слупку напiсалi: «Невядомы матрос. Трагiчна загiнуў 1 жнiўня 2005 года». Усё было зроблена з павагаю, проста i па-людску. Толькi Сiняму матросу не ляжалася ў труне. Начамi ён цёгаўся на пляж, плёхаўся ў хвалях i тапiў начных купальнiц. Аматараў з мужчынскiмi полавымi прыкметамi Сiнi матрос адно палохаў да страты мовы i праганяў з берага. Ахоўнiкi парадку ладзiлi паляваннi на Сiняга матроса, але злавiць гада лютага не здолелi. Таму i з’явiлася папераджальная шыльда. Але народ папярэджанне чытаў, а падпарадкоўваўся загаду кепскавата. З-за гэтага ў слiзкiя лапы пачвары i патрапiў адзiн непаслухмяны будаўнiк з Бабруйска. Сiнi матрос напужаў бабруйчанiна i адпусцiў, а той крыўду вялiкую займеў на гарэзлiвага нябожчыка. Даведаўся бабруйскi будаўнiк, дзе магiла-бярлог Сiняга матроса, раскапаў капец да самай труны i засыпаў дошкi з косткамi нягашанай вапнаю. На вапну будаўнiк налiў вады. Засiпела вапна i пайшла сiнiмi пухiрамi, пашумела з паўгадзiны i ачахла. Будаўнiк засыпаў сiнюю жыжку чорнай зямлёю. Пасля такой аперацыi Сiнi матрос больш на пляжы не з’яўляўся, i пра яго пацiху-патроху пачалi забывацца.
        
        
        
20. ШЭРЫ ВОЛАС
        
        У цябе з’явiўся новенькi сотавы тэлефон, i ты – шчаслiвы. I вось твой сотавiк паказвае чатыры нулi, калi часу няма. Ёсць такi час, калi можна сказаць, што яго i няма. Яго называюць 24 гадзiны, цi 12 ночы, а мы назавём так: час, калi часу няма зусiм. Зразумеў? Вядома. У гэты абнуляваны момант табе прыходзiць SMS-паведамленне з простым пытаннем: «Спiш?» – «Не!» – такi твой адказ, бо ты спадзяешся на працяг размовы, i працяг не прымушае чакаць. «Не пераймайся, зараз заснеш!» Ты i не хвалюешся, пакуль не заўважаеш кончык Шэрага воласа, што вытыркаецца з гнязда, у якое ўстаўляецца зараднiк. Ты пазногцямi спрабуеш выцягнуць волас з гнязда. Ён выцягваецца, ты механiчна пачынаеш намотваць на палец Шэры волас i цягнуць яго з тэлефона. Ты не адразу заўважаеш, што Шэры волас не рвецца, што ён моцны, як сталёвая струна. А як толькi ты разумееш, што волас незвычайны, ён ужо абмотваецца вакол тваёй шыi, абкручваецца i пачынае душыць. Пятля Шэрага воласа сцiскаецца, дыханне тваё перапыняецца. Ты спрабуеш парваць волас, намагаешся расцягнуць пятлю – дарэмна. Шэры волас забiвае цябе, i ты засынаеш назаўсёды, як i было паабяцана ў SMS-паведамленнi.
        
        
        
21. РУДЫ ЦВIК
        
        Мужчына атрымаў ключы ад кватэры. Узрадаваўся неверагодна i пабег-паляцеў глядзець новую ўласнасць. У кватэры ўсё было вытрымана ў пяшчотна-шэрых i ласкава-белых танах. Вочы адпачывалi, душа спявала, сэрца цешылася. I толькi ў спачывальнi мужчынскае пiльнае вока зачапiлася за маленечкую расколiну. Мужчына не стрымаўся i калупнуў пазногцем тую трэшчынку, кавалак тынку i адвалiўся. Пад iм была рудая плямка. Мужчына пашкрэб яе i паразглядаў зблiзу брудную пляму: гэта была плешка цвiка. Мужчына прынёс абцугi i з цяжкасцю выцягнуў са сцяны вялiкi пабiты iржою Руды цвiк. Непрывабная, шурпатая i агрэсiўная рэч настолькi дысанавала з шэра-бялюткiм пакоем чыстай кватэры, што мужчына вырашыў адразу выкiнуць цвiк у смеццеправод на лесвiчнай пляцоўцы. Ён выйшаў з кватэры, але не данёс Руды цвiк да смеццеправода, бо паслiзнуўся на сходах i няўдала павалiўся на ўласную руку з Рудым цвiком, якi ўваўшоў у тулава акурат памiж дзвюма рабрынамi i навылёт прабiў гарачае сэрца.
        
        
        
22. ЧЫРВОНАЯ ВАРАЖБIТКА
        
        Чырвоная варажбiтка таму i чырвоная, што бачыла чужыя лёсы праз карты чырвонай масцi. А яшчэ яна супрацьпастаўляла сябе ўсiм iншым варажбiткам, бо прадказвала толькi радасныя падзеi i добрыя здарэннi. Адзiн нядобразычлiвы клiент узяў ды падмянiў карты Чырвонай варажбiтцы. Замест чырвоных паклаў ёй на стол чорныя. Варажбiтка зрабiла выгляд, што не заўважыла злачынства, i пачала зазiраць у будучыню. Карты ў яе руках самым неверагодным чынам з чорных парабiлiся чырвонымi, замест вiнаў сталi чырвамi, а замест хрэсцяў – звонкамi. Нядобразычлiваму клiенту яна прадказала такое вiдовiшча: шмат чырвоных кветак у руках святочна апранутых гасцей, якiя будуць ускладаць букеты на ягоную шыкоўную чырвоную труну. Так яно i здарылася: клiент пачаў пераходзiць вулiцу на чырвонае святло, быў збiты аўтобусам i пахаваны ў труне з чырвоным векам.
        
        
        
23. ЗЯЛЁНАЕ ДЗЯЎЧО
        
        Дзве сяброўкi нафарбавалi адна адну i выбралiся на дыскатэку. Там яны пазнаёмiлiся з хлопцам у нагавiцах з чортавай скуры. Хлопец паскакаў з дзяўчаткамi колькi танцаў i запрасiў пакатацца на матацыкле. Дамовiлiся так: спачатку па начных вулiцах пракоцiцца адна танцорка, а потым i другая палётае. Хлопец надзеў куртку з шаломам i ператварыўся ў Чорнага матацыклiста. Дзяўчына ўскочыла на задняе сядзенне i моцна прыцiснулася да чорнай спiны. Матацыкл зароў i памчаў па сталiчным праспекце. З асветленай трасы матацыклiст накiраваў машыну ў цёмны лесапарк, там скiнуў хуткасць, выцягнуў з-за халявы чорнага бота вялiкi нож i з размаху ўвагнаў блiскучае лязо ў дзявочае тулава. Дзяўчына паспрабавала вырваць з сябе нож. А ў гэты момант матацыкл iрвануў наперад, i яна паляцела на дарожны асфальт. Чорны матацыклiст развярнуўся i пераехаў цяжкiмi коламi яшчэ жывую ахвяру. Вярнуўшыся на дыскатэку, ён сказаў сяброўцы, што дзяўчына папрасiла завезцi яе дамоў, i прапанаваў пакатацца. Захмялелае ад танцаў з алкаголем дзяўчо не адчула небяспекi i села на чорны матацыкл, якi паляцеў у лесапарк, дзе паўтарылася жудаснае злачынства. Пасля гэтага здарэння па сталiцы папаўзлi чуткi пра Чорнага матацыклiста, якi рэжа дзяўчат. Праваахоўныя ворганы спрабавалi адшукаць забойцу-матацыклiста, але не злавiлi, бо ён на нейкi час з’ехаў са сталiчных праспектаў. Упалявала Чорнага матацыклiста зусiм Зялёнае дзяўчо, калi той, вярнуўшыся з хованак, прапанаваў ёй палётаць па начных дарогах. Не паспеў забойца завесцi сваю чортаву машыну, як атрымаў удар у спiну доўгiм шылам. Вострая дзюбка навылёт прапарола матацыклiстава сэрца. Жорсткае Зялёнае дзяўчо скiнула з седала абмяклае мужчынскае цела i, схапiўшыся за стырно, паляцела праз начную сталiцу ў чорную правiнцыю.
        
        
        
24. ШЭРАВОКI ХЛОПЧЫК
        
        Зазвычай, ён – акуратны i чысценькi Шэравокi хлопчык – падыходзiць да чалавека на чыгуначным вакзале, кранае за рукаво i малiнавым голасам просiць адвесцi яго да мамы. Чалавек пытаецца, дзе мама, а хлопчык кажа, што яна на другiм баку вялiкага вакзала, а ён баiцца адзiн iсцi праз падземны пераход. Чалавек, нават калi спяшаецца, вядзе хлопчыка да мамы. Гэта ён думае, што вядзе хлопчыка, а насамрэч – Шэравокi хлопчык вядзе чалавека з добрым сэрцам за вакзал, праз цёмны сквер, за камеры захоўвання рэчаў, каб там чалавека абрабавалi i забiлi.
        
        
        
25. ЧЫРВОНЫЯ ПАНЧОХI
        
        Каханка папрасiла свайго мужчыну падарыць ёй Чырвоныя панчохi. Каханак адгаворваў сваю жанчыну ад такога жадання, прапаноўваў ёй чорныя i белыя панчохi, але каханка настойвала, капрызiлася i нават плакала. Мужчына падарыў ёй Чырвоныя панчохi з чырвоным пасам. Каханка адразу ж прымерала падарунак, i яны пайшлi ў рэстарацыю. Там зайграў ансамбль, i пачалiся танцы. Каханка пратанчыла, не спыняючыся, увесь вечар. А калi музыка сцiхла, яна сказала, што не можа стаяць на нагах. Каханак на руках прынёс жанчыну дамоў. Там яна зняла чаравiчкi i сцягнула з сябе Чырвоныя панчохi. Пятаў у жанчыны не было зусiм, iх цалкам з’елi Чырвоныя панчохi. Мужчына iмгненна разлюбiў жанчыну. Хто ж гэта будзе кахаць калеку без пятаў? Хiба што бязногi…
        
        
        
26. ФОСФАРНЫ ЧЭРАП
        
        Аднойчы глыбокай ноччу самотная жанчына вызiрнула ў вакно. На чорна-сiнiм небе замест яснай поўнi ззяў Фосфарны чэрап. Жанчына завесiла шторы, легла ў ложак, накрылася з галавою i так праляжала да ранiцы. На працы яна паспрабавала расказаць пра начное вiдовiшча, але не змагла. У яе пачаў распухаць язык. Ён так хутка i моцна распух, што жанчыну не ўратавалi, i яна памерла ад удушша. Апошняе, што паспела зрабiць жанчына з распухлым языком, гэта напiсаць на паперы два словы: «Фосфарны чэрап».
        
        
        
27. ШЭРЫ ЛЮК
        
        Жанчына iшла па вулiцы, наступiла на каналiзацыйны Шэры люк i правалiлася. Люк перакруцiўся вакол восi i стаў на месца, нiбыта нiчога i не здарылася. Муж той жанчыны, не дачакаўшыся жонкi, пайшоў ёй насустрач i таксама наступiў на Шэры люк. Мужчына правалiўся ў цёмны лабiрынт, дзе ўбачыў, як водаправодчыкi п’юць гарэлку i закусваюць сырым мясам ягонай жонкi. Мужчына паспрабаваў пазабiваць водаправодчыкаў, ды сiлы былi не роўныя: людаеды перамаглi i з’елi мужчыну. Страшныя дзядзькi-водаправодчыкi з’ядаюць усiх, хто неабачлiва наступае на Шэры люк, а пра гэта нiхто i не здагадваецца.
        
        
        
28. ЧОРНЫ ХЛЕБАРОБ
        
        Хлебароб з жывёлаводам працавалi на адной ферме ў заможнага Фара. Хлебароб насiў гаспадару фермы боханы хлеба, а жывёлавод – кабанчыкаў. Фар плацiў удзячнасцю свiнапасу i зусiм не дзякаваў пекару. Той зазлаваў i забiў жывёлавода. Фар спытаў у хлебароба: «Дзе свiнапас?» – «Я – хлебароб, а не пастух, i я не павiнен нiкога пасвiць!»– «Голас маёй акрываўленай зямлi кажа: ты забiў пастуха!» Нiчога не адказаў хлебароб вялiкаму Фару, ён сышоў з фермы ягонай, пайшоў на землi iншыя i працягнуў чорную справу сваю – сеяў збожжа i пёк хлеб. Цяпер на ўсiх фермах ведаюць, што хлебаробу трэба плацiць павагаю i ўдзячнасцю, яго трэба шанаваць не менш, чым жывёлавода, а iнакш вернецца Чорны хлебароб i навядзе на вашай ферме парадак.
        
        
        
29. БЕЛАЯ ХУСТКА
        
        На золку трамвай выйшаў з дэпо, набраў хуткасць i пакацiўся з гары. Раптам трамвайнiца пабачыла на рэйках жанчыну ў белай хусцы. Трамвайнiца ледзь паспела спынiць машыну, а калi выбегла з вагона, дык на рэйках нiкога не было. Толькi-толькi спынены трамвай паспрабаваў скрануцца з месца, як на дарозе зноў паўстала жанчына, яна махала над галавою Белай хусткай. Трамвайнiца раззлавалася i зноўку вылецела на дарогу. На рэйках ляжала адно Белая хустка, а жанчыны нiдзе не было. Калi трамвайнiца падняла тую хустку, дык пачула дзiцячы плач. Дзiця плакала недзе пад мостам. Трамвайнiца пайшла туды i знайшла зусiм маленькую дзяўчынку, якая ляжала голая на беразе рэчкi i плакала. Трамвайнiца загарнула дзiцятка ў Белую хустку, супакоiла i адвезла ў дэпо. Пазней высветлiлi, што ўначы мацi дзяўчынкi ўцякла з радзiльнi, дзiця паклала на беразе, а сама зайшла ў цёмную рэчку i ўтапiлася. Калi трамвайнiцы паказалi фотапартрэт тапельцы, дык яна адразу пазнала ў ёй жанчыну, што спынiла трамвай i пакiнула на рэйках Белую хустку.
        
        
        
30. ДЗЯЎЧЫНКА З ЧОРНЫМ ЯЗЫКОМ
        
        Яна – зусiм маленькая, гадкоў на шэсць – дзяўчынка – можа падысцi да цябе на людным скрыжаваннi i стаць побач. Ты пачуеш, як яна загаворыць, схiлiць галаву i пачне нешта казаць. Ты нахiлiшся, паспрабуеш разабраць яе словы, але так i не знойдзеш сэнсу ў пачутай абракадабры. Ты падумаеш, што дзяўчынцы трэба дапамога, ты прысядзеш каля яе, зазiрнеш у твар, возьмеш яе за ручку. Тут яна i разявiцца, i яе доўгi чорны язык заслiзгацiць па тваёй шыi, абаўецца вакол яе двойчы i пачне сцiскацца. Чорны язык сцiснецца хутка i моцна, нiбыта гэта i не язык, а сталёвы трос. Твае шыйныя пазванкi захрабусцяць i патрушчацца, нiбыта шкляныя. Твае вочы вырачацца ў пошуках дапамогi. Але мiнакi будуць праходзiць, не заўважаючы тваiх пакутаў. Нават, калi нехта i заўважыць, як цябе душыць Дзяўчынка з чорным языком, дык яму падумаецца, што ўсё гэта няпраўда, а калi i праўда, дык яе лепей не бачыць: такая яна страшная. Тым часам чорны язык схаваецца за маленькiмi вiшнёвымi вуснамi дзяўчынкi, i яна знiкне, а ты застанешся ляжаць на людным скрыжаваннi з расплюшчанымi i невiдушчымi вачыма, у якiх будуць мiргаць чырвоныя лiхтары святлафора.
        
        
        
31. БЭЖАВАЯ РАЗЕТКА
        
        Падчас рамонту мужчына памяняў у кватэры выключальнiкi i разеткi. Рамонт скончыўся, i толькi тады мужчына заўважыў, што ўсе выключальнiкi i разеткi ў яго белыя, такiя, як i куплялiся, а адна – бэжавая. Iсцi ў краму набываць новую разетку мужчына паленаваўся. Жыў сабе з Бэжавай разеткаю i не пераймаўся, ажно пакуль не прыйшла да яго ў госцi жанчына. «Чаму ты не памяняеш сабе Бэжавую разетку?» – спытала яна. «Мяне яна зусiм не раздражняе, дый нiхто i не заўважае, акрамя цябе…» – «А мяне раздражняе. Паглядзi, якая яна паскудная, гэта Бэжавая разетка?! Як гнюсна яна пазiрае на нас чорнымi вочкамi!» Тут i здарылася жудасць. З чорных дзiрак-вочак пасыпалiся блакiтныя iскры, а потым вылецелi дзве белыя маланкi i ўдарылi жанчыну ў грудзi. Тая ўскрыкнула, яе затрэсла, i яна павалiлася на падлогу, забiтая токам. Мужчына закатаў у кiлiм труп патрабавальнай каханкi i завёз яго на гарадскi сметнiк. Кватэру з Бэжавай разеткаю ён хутка i танна прадаў бежанцам з Сярэдняй Азii, а сабе прыдбаў невялiчкую студыю на прывакзальнай плошчы.
        
        
        
32. ШЭРЫ АБЕЛIСК
        
        У шэрай краiне пачалi прападаць выбiтныя асобы. У краiне i раней знiкалi людзi, але не ў такой колькасцi i якасцi. Звычайна прападалi розныя нiкчэмнасцi, кшталту беспрытульных бандытаў ды загульных дзявуляў. А тут у невядомасць сыходзiлi палiтыкi з журналiстамi, i аднойчы прапаў генерал. Хто толькi не шукаў знiклага генерала! I праваабаронцы, i ахоўнiкi правапарадку, i тэлевiзiйнiкi з радыёжурналiстамi, нават замежныя шпiёны шукалi таго генерала, што знiк без звестак. Марна. Жыў-быў генерал, i няма таго генерала-мiнiстра. I нi знаку ад яго, i нi следу. Тады мацi прапалага генерала паехала ў мястэчка, дзе жыў знакамiты прыватны дэтэктыў Iгар Шыш. Яна ўгаварыла дэтэктыва пачаць пошукi яе сына. Той прыехаў у сталiцу, пасялiўся ў гатэлi «Арбiта» i распачаў следства. Не прайшло i тыдня, як дэтэктыў Шыш сабраў прэс-канферэнцыю ў самым цэнтры сталiцы, каля Шэрага абелiска. Ён паведамiў, што ў знiклага генерала была адна заганная рыса – ненатольная прага славы. I таму ён парукаўся з д’яблам, якi паабяцаў, што генеральскiя подзвiгi застануцца жыць у стагоддзях. Паабяцаў i зрабiў! «Паглядзiце сюды, – Шыш паказаў на бронзавы фiгуратыўны рэльеф, што быў замацаваны на Шэрым абелiску. – Бачыце постаць знiклага генерала? Вы пазналi яго?» Прысутныя жахнулiся, бо з Шэрага абелiска на iх пазiраў металiчны твар знiклага суайчыннiка. Раней на абелiску былi рэльефы з невядомымi салдатамi ды афiцэрамi, прынамсi, усе так думалi, але цяпер там, сярод невядомых, стаяў знiклы вусаты генерал у фуражцы з кукардаю. Калi шок ад убачанага прайшоў, прысутныя пачалi шукаць вачыма дэтэктыва, але таго сярод iх ужо не было. Ён знiк з пляца, над якiм узвышаўся Шэры абелiск, але ён не знiк у невядомасць. Проста дэтэктыў Iгар Шыш паехаў на сваiм чорным «мерседэсе» ў роднае мястэчка адпачываць.
        
        
        
33. РУЖОВЫ ТАРТАВIК
        
        У першым сваiм жыццi Ружовы тартавiк займаўся музыкаю. Ён скончыў музвучэльню i бiў у барабаны. Ён працаваў барабаншчыкам ажно ў чатырох ансамблях, але ганарары меў мiзэрныя. На такiя прыбыткi было немагчыма ўтрымлiваць цяжарную жонку. Бедны музыка запхаў барабаны з талеркамi ў кладоўку, а сам пачаў займацца кухарствам. Трэба сказаць, што i бацька, i дзед, i нават прадзед бубнача займалiся вырабам тартоў. Рэцэпты давялося дапрацоўваць згодна з найноўшымi павевамi ў кулiнарнай модзе, дадаваць розныя кiвi з кiтайскiмi грушамi, але аснова засталася старой. Тарты Ружовага кухара зрабiлiся значна больш папулярнымi, чым музыка ансамбляў, дзе ён тарарамiў у барабан. Але гэтыя тарты былi эксклюзiвам. Кухар мог зрабiць толькi адзiн торт за тыдзень для вялiкай урачыстасцi вельмi заможных людзей. Мiнiстры з генераламi, сенатары са старшынямi замаўлялi Ружоваму тартавiку вялiкiя тарты з юбiлейнымi надпiсамi. Жыццё былога бубнача зрабiласся салодкiм i шаўкавiстым. Але тут i з’явiлiся зайздроснiкi, якiя вырашылi выкрасцi фамiльныя рэцэпты ў Ружовага тартавiка. Яны высачылi, калi кватэра была пустою, i залезлi ў яе. Тут i выкрыўся сакрэт паспяховага тартавiка: у свае непараўнальныя на смак шэдэўры ён дадаваў дзiцячую кроў. У лядоўнi стаяў цэлы шэраг рознакалiбравых бутэлечак з халоднай крывёю. Каб не бударажыць грамадства, судовы працэс над Ружовым тартавiком быў закрыты i хуткi. Яго асудзiлi на смерць i неўзабаве застрэлiлi. Але ў размовах на элiтных фуршэтах у шэрай краiне яшчэ доўга шархацелi перашэпты са згадкамi пра непараўнальны смак пяшчотна-салодкiх тартоў ад Ружовага тартавiка.
        
        
        
34. ФОСФАРНЫ ШАР
        
        Паэт часта хадзiў на магiлу да свайго бацькi. Садзiўся каля каменнага крыжа i распытваў у нябожчыка пра наш ды iншы свет. Што б нi казалi пра падобныя дзiвацтвы, але дзякуючы парадам таты-нябожчыка паэт шмат разоў выходзiў са складаных сiтуацыяў. Прынамсi, сам паэт быў у тым перакананы i не слухаў нiякiх пярэчанняў на гэты конт. Аднаго разу паэт заседзiўся на могiлках да ночы, а калi сыходзiў, дык пабачыў Фосфарны шар. Паэт прыспешыў хаду, шар пакацiўся за iм. Каля брамы паэт прыпынiўся i азiрнуўся, Фосфарны шар спынiўся пасярод алеi. Тая алея была выбрукаваная досыць вялiкiмi камянямi. Паэт нахiлiўся, вырваў з зямлi камень i шпурнуў яго ў шар. Шар азваўся голасам паэтавага бацькi: «Што ж ты, сын мой, нарабiў?!» Паэт пералякаўся, i ў яго адняло мову. Фосфарны шар рассыпаўся ў пыл. Некалькi iмгненняў на бруку яшчэ свяцiлася фосфарная пляма, а потым i яна прапала. Больш паэт не хадзiў на бацькаву магiлу, лiрычныя настроi пакiнулi яго, а каб не застацца ў баку ад лiтаратуры, ён пачаў пiсаць мемуары.
        
        
        
35. БЛАКIТНАЯ ПАСАЖЫРКА
        
        Блакiтная пасажырка належала да тыповых дэблоiдаў, агрэсiўных дэбiлаў, што твораць нематываваныя злачынствы. Яна выходзiла на ажыўленыя трасы, галасавала вялiкагрузным машынам. Кiроўцам-дальнабойнiкам падабалася маладая белавалосая жанчына, апранутая ў джынсавы палiтончык. Яна залазiла ў кабiну i за вясёлымi размовамi даставала бутэлечку кока-колы, рабiла выгляд, што наталяе смагу, i прапаноўвала шафёру глыток колы. Той глынаў атручаны напой i засынаў за стырном. Блакiтная пасажырка выскоквала з машыны, якая, страцiўшы кiраванне, перакульвалася або, яшчэ горш, разбiвалася. Рызыкоўныя прыгоды Блакiтнай пасажыркi скончылiся драматычна: за размовамi са смяшлiвым i гаваркiм шафёрам яна неабачлiва сама глынула атручанай кокi. Каўтнула, асалавела i заснула, а дальнабойнiк, пазнаўшы ў ёй легендарную Блакiтную пасажырку, завёз на мост i скiнуў дэблоiдку акурат пад цягнiк, каб – надзейна.
        
        
        
36. СРЭБНАЯ РУКА
        
        Мужчына назапрашаў на дзень нараджэння шмат гасцей. Яны прыходзiлi з кветкамi i падарункамi. Букеты ставiлiся ў вазы, а пакункi з падарункамi складалiся на стол. Толькi на наступны дзень мужчына пачаў разглядаць падораныя рэчы. Сярод iх знайшлася i Срэбная рука, зробленая з пачарнёнага металу. Рука была досыць вялiкая, яна стаяла на чорным эбанiтавым пастаменце. Срэбная рука была павернута даланёю ўгору, i складалася ўражанне, што яна нешта просiць. Мужчына паставiў падарунак на працоўны стол i дзеля жарту паклаў на серабрыстую далонь белую ружу. Некалькi тыдняў рука з ружаю прастаяла на стале, а наранiцу аднаго дня мужчына пабачыў: замест ружы на срэбнай далонi ляжыць залатая манета. Мужчына жыў адзiн, гаспадарку вёў сам, нiхто чужы не мог зайсцi ў кватэру i, забраўшы сухую ружу, пакласцi замест яе манету. Не здолеўшы растлумачыць гэткай праявы, мужчына вырашыў узяць золата i схадзiць у антыкварную краму. Калi мужчыну манета моцна здзiвiла, дык антыквар-ацэншчык вельмi спакойна паставiўся да залатой рэчы. За манету ён прапанаваў мужчыне два месячныя заробкi, i той прадаў знаходку. А калi вярнуўся дамоў, дык Срэбная рука працягвала яму новую манету, удвая большую. Iсцi да антыквара другi раз на дзень мужчына пасаромеўся. Ён нават не стаў забiраць большую манету, а пачаў думаць, што яму рабiць з чароўнай рукою. Непакоiла пытанне: што запатрабуе Срэбная рука за сваё золата? «Паэму!» – пачуў мужчына ўласны голас. Паэму дык паэму, за такiя грошы можна было i эпас напiсаць. Мужчына кiнуў працу, балазе сродкi мелiся, i распачаў складанне паэмы пра чароўную руку, ружы i золата. Калi паэма напiсалася i выдалася асобнай кнiжачкай у дзяржаўным выдавецтве, мужчына набыў асобнiк у «Цэнтральнай кнiгарнi» i «чужым» вокам перачытаў твор. Ён раптам пабачыў усю сваю бяздарнасць i нiкчэмнасць, пошласць i дурноту. Раззлаваўшыся на сябе, ён набраў золата ў Срэбнай рукi i кiнуўся выкупляць асобнiкi, развезеныя па кнiгарнях. Ён купляў i палiў кнiгi. Чым больш ён набываў i знiшчаў гэтых кнiжак, тым больш iх друкаваў друкар i прадавалi крамы. Чым больш ён палiў кнiжак, тым больш iх хвалiлi i прапагандавалi. Нарэшце, паэт змогся. Пайшоў да знаёмага керамiста i расплавiў у печцы Срэбную руку, а чорны металiчны камяк, што застаўся пасля расплаўкi, закапаў пад плотам, на могiлках. На апошнiя грошы мужчына купiў сабе дакументы з новым прозвiшчам i з’ехаў у невядомым накiрунку.
        
        
        
37. БЕЛАЯ МАРОЖАННIЦА
        
        Белая марожаннiца са скрыняй-лядоўняю з’яўляецца ў шматлюдных мясцiнах i прапаноўвае рознакаляровае марозiва. Яно спакуслiвае i прыгожае, як ёлачныя цацкi. Устрымацца i не пакаштаваць празрыста-каляровую смактульку амаль немагчыма. Людзi прагна хапаюць салодкiя ледзяшы. А потым адбываецца жах! Той, хто з’ядае тое марозiва, пачынае знутры вымярзаць, замярзае канчаткова i робiцца крохкiм, як шэрань. Ад самага лёгкага дотыку такi чалавек рассыпаецца ў ледзяны пыл. Таму трэба абыходзiць Белую марожаннiцу сёмай дарогаю. Нават у самую найгоршую i невыносную спёку не трэба купляць яе марозiва. Але ж купляюць, лiжуць, смокчуць, ядуць i рассыпаюцца ў ледзяны попел.
        
        
        
38. ШЭРАЯ ПЛЯМА
        
        У шэрай краiне была шэрая сталiца. У шэрай сталiцы быў шэры праспект. На шэрым праспекце стаяў шэры будынак. У шэрым будынку быў шэры пакой. На шэрай сцяне таго шэрага пакоя была Шэрая пляма. Калi чалавек заходзiў у пакой з Шэрай плямаю, ён знiкаў, а Шэрая пляма шырэла. Людзям надакучыла слухаць пра Шэрую пляму. З усёй краiны людзi прыйшлi на шэры праспект, яны зайшлi ў шэры будынак, яны знайшлi шэры пакой i ўскрылi Шэрую пляму. З Шэрай плямы пацёк шэры гной. Людзi перапэцкалiся ў шэры гной i моцна засмярдзелi, але больш не было Шэрай плямы. Людзi радавалiся, бо верылi: можна не баяцца, што чалавек, якi зойдзе ў шэры пакой, прападзе. Аднаго не ведалi людзi, што на ўскрайку шэрай сталiцы ўжо збудавалi новы шэры дом з шэрым пакоем, на сцяне якога шарэла маленькая пляма.
        
        
        
39. ЖАНЧЫНА З МАЛIНАВЫМ ГОЛАСАМ
        
        Званок. Голас падаецца знаёмым, але ты нiяк не можаш згадаць яго ўладальнiцу. Чым болей яна тлумачыць пра акалiчнасцi вашага знаёмства, тым цяжэй прыгадваюцца вашы стасункi i размовы. Ты вырашаеш прыпынiць гаворку, хочаш выбачыцца i адключыць тэлефон. Але якраз тады ў слухаўцы з’яўляецца Малiнавы голас. Салодкiм i дзiвосна-прыемным голасам жанчына распавядае пра свае гароты i бядоты, пра невылечную хваробу крывi, пра адсутнасць хоць нейкiх сродкаў на лекi. Ты трапляеш у палон да Малiнавага голасу. Ты бярэш адрас у хворай жанчыны i абяцаеш праз паўгадзiны прывезцi ёй грошы. Ты сапраўды наймаеш таксоўку i ляцiш па названым адрасе, бо Малiнавы голас працягвае гучаць у тваёй свядомасцi, ён просiць дапамогi, i ты не можаш адмовiць. Ты звонiш у невядомыя дзверы. Табе адчыняе жанчына з сiнiм тварам i кажа: «Праходзьце i пачакайце! Яна пайшла ў аптэку i вернецца праз дзесяць хвiлiн…» У жанчыны з сiнiм тварам хрыпаты, нiбыта прастужаны голас, але ты праходзiш у пакой, сядаеш за круглы стол пад аранжавым абажурам. Сiнятварая жанчына налiвае табе i сабе гарбаты. Ты кладзеш прывезеныя грошы на плюшавы абрус, робiш глыток духмянай гарбаты i прачынаешся сярод пустых смярдзючых скрынак за нейкiм, невядомым табе, гастраномам. Ты згадваеш Малiнавы голас i сiнi твар незнаёмкi, але адрас яе згадаць не можаш, а тэлефон твой згубiўся. У цябе балiць галава, i адзiнае, што ты хочаш, гэта назаўсёды забыць Жанчыну з Малiнавым голасам i сiнiм тварам.
        
        
        
40. ЧЫРВОНЫ КРАВЕЦ
        
        Майстравiты кравец шыў мундзiры першым асобам. Роўных яму не было, але час плыў, i першыя сталi былымi, а новыя першыя адмовiлiся ад паслугаў старога краўца. Яму цяжка было змiрыцца з адстаўкаю, i ён пачаў усяляк ганiць працу свайго наступнiка, плявузгаў на яго, дзе толькi мог. Каб спынiць брудную плынь, малады кравец прыйшоў да старога i прапанаваў спаборнiцтва. Кожны з iх мусiў пашыць другому нагавiцы, чые нагавiцы будуць лепшыя, той i стане шыць мундзiры першым асобам. Знялiся меркi, выбралiся тканiны, зацвердзiлiся фасоны i пачалася праца. На прымерцы нагавiцаў здарылася драма. Стары кравец пашыў лепшыя нагавiцы, а малады горшыя, але, калi стары зашморгваў мудрагелiстую маланку на новых нагавiцах, дык адрэзаў сабе цэлы чэлес. Пакуль яго везлi ў лякарню, ён сплыў крывёю i сышоў у нябыт. Пасля гэтага спаборнiцтва маладога краўца пачалi называць Чырвоным краўцом. Пачуўшы пра такую мянушку i дазнаўшыся пра здарэнне з маланкаю, першыя асобы адмовiлiся ад паслугаў Чырвонага краўца. Ну хто гэта будзе рызыкаваць сваiмi роднымi ворганамi?
        
        
        
41. ЧОРНЫЯ ШАШКI
        
        Мужчына шпацыраваў у парку. Яго ўвагу прыцягнуў хлопчык, якi сядзеў у альтанцы i гуляў у шашкi. Мужчына зайшоў у альтанку i здзiвiўся, бо на дошцы быў толькi белы камплект шашак. «Каб гуляць, патрэбны не толькi белыя шашкi, але i чорныя!» – хутчэй сабе, чым хлопчыку, сказаў мужчына. «Ты перашкаджаеш нам гуляць!» – адказаў хлопчык. «Каму?» – «Мне i маёй маме, якая гуляе чорнымi. Ты што, не бачыш?» – «А дзе твая мама?» – «Яна памерла, але па суботах прыходзiць у паркавую альтанку, каб пагуляць са мною ў шашкi. Яна заўсёды гуляе чорнымi, а я – белымi. Мама кажа, што ты нам перашкаджаеш. Ты не чуеш?» Мужчыну агарнуў сорам. Ён выйшаў з альтанкi. Праз колькi крокаў мужчына азiрнуўся. Альтанка была пустая.
        
        
        
42. ЖОЎТЫЯ ЗУБЫ
        
        Хлопчык нiколi не ўсмiхаўся, каб нiкому не паказваць свае вялiзныя Жоўтыя зубы. Гаварыў ён цiха-цiха i зусiм крышку адкрываў рот. Аднакласнiкi не любiлi хлопчыка з Жоўтымi зубамi. Аднойчы, пасля ўрокаў, цэлая зграя дзяўчатак i хлапчукоў наляцела на жаўтазубага аднакласнiка. Яны павалiлi яго на падлогу i пачалi казытаць, каб ён засмяяўся i ўсе змаглi зблiзу паглядзець на Жоўтыя зубы. Рот сапраўды раскрыўся, i прысутныя не толькi пабачылi зубы зняважанага школьнiка, але i адчулi iх вастрыню на ўласным горле. Увобмiльг Жоўтыя зубы папарывалi i парэзалi крыўдзiцелям шыi. I нiхто больш нiколi не бачыў няўсмешлiвага хлопчыка з Жоўтымi зубамi.
        
        
        
43. ШЭРАВОКАЕ НЕМАЎЛЯ
        
        У шэрай краiне прынялi пастанову – будаваць лесвiцу ў неба. Вежа-лесвiца мусiла стаць сiмвалам краiны. Яна павiнна была паказаць усяму свету магутнасць i значнасць шэрай краiны i яе кiраўнiкоў. Будоўля вялася шпарка, з агульнанацыянальным уздымам i сапраўдным энтузiязмам. Час шпарка ляцеў наперад. Дойлiдам здавалася, што да завершанасцi засталася адна прыступка, адзiн крок. Але на будаўнiчую пляцоўку насунулася чорная хмара. Вяршыня лесвiцы-вежы схавалася ў шэрай залеве. Калi перуны адгрымелi i навальнiца скончылася, будаўнiкi паспрабавалi выказаць адзiн адному сваю радасць i не змаглi. Нiхто нiкога не разумеў. Кожны гаварыў на ўласнай, незразумелай iншым мове. Пачалiся хаос i мiтусня. Людзi крычалi. Кожны спадзяваўся знайсцi тых, хто зразумее ягонае выкрычанае слова. Разумення не было. Толькi Шэравокае немаўля, што самотна ляжала ў калясцы, разумела ўсiх. Яно ляжала i глядзела на яснае паслянавальнiчнае неба. Нехта, аслеплы ад роспачы i жудасцi, незнарок зачапiў каляску з Шэравокiм немаўляткам. Каляска паляцела ўнiз, па прыступках лесвiцы. I дагэтуль ляцiць…
        
        
        
44. ЧЫРВОНЫ ПАЛЕЦ
        
        Хлопчык, вяртаючыся са школы, убачыў на сцяне невялiкую дзiрку. Ён усутыч надышоў да адтулiны i зазiрнуў туды. Акрамя густой чарнаты там нiчога не было. Тады ён засунуў у круглую дзiрку паказальны палец. Сцяна шчыльна абхапiла палец школьнiка. Ён паспрабаваў дастаць палец, але не змог. Хлопец зрабiў спробу пакруцiць пальцам, але i гэтага не атрымалася. Слёзы пырснулi з дзiцячых вачэй, бо палец пачаў гарэць агнём. Хлопчык iрвануўся ўсiм целам i вырваў апечаны палец з чорнай дзiркi. Тая дзiрка пачала змяншацца, ператварылася ў чорную кропку i знiкла. Палец быў у жудасным стане: без пазногця i скуры. Хлопчык хацеў дастаць з ранца хустачку, каб абгарнуць Чырвоны палец. Але, як толькi ён дакрануўся тым пальцам да ранца, той абвуглiўся i рассыпаўся. Пякучы боль адпусцiў хлопца. Ён падышоў да маладога дрэўца i асцярожна тыцнуў у камель сваiм незвычайным пальцам. Дрэўца згарэла iмгненна. Так рассыпаўся ў пыл i аднакласнiк, якi жартам штурхануў уладальнiка Чырвонага пальца. I тут хлопца ахапiў страх: яму ўявiлася, як ён выпадкова дакранецца вогненным пальцам да ўласнага твара, i той iмгненна счарнее, абвуглiцца i абсыплецца, а замест твару ў яго будзе адзiн белы чэрап. Жыць з чэрапам замест твару хлопчыку не хацелася, i ён вырашыў жыць без Чырвонага пальца. Дома ён узяў сякеру i пайшоў да бальнiцы, дзе на ганку сам сабе адсек палец. Доктар вельмi ўразiўся, пабачыўшы скалечаную руку, а калi апрацаваў рану, дык захацеў на свае вочы паглядзець на Чырвоны палец. Той так i ляжаў на бальнiчным ганку, побач з сякераю. Доктар, пасмейваючыся з дзiцячых страхаў, наважаўся падняць палец, але дакрануўшыся да яго, адразу згарэў. Разам з доктарам згарэў i Чырвоны палец.
        
        
        
45. ЛЮСТРАНЫ ЛIФТ
        
        Ты заходзiш у лiфт. Там – люстэрка. Зазiраеш туды. Заглядаешся на адлюстраванне, а яно заглядаецца на цябе. Ты iм задавальняешся, а яно табою – не. Яно хапае цябе за горла, зацягвае ў залюстроўе, а само вылазiць у лiфтавую кабiну. Калi ж ты наважваешся вылезцi з залюстроўя, адлюстраванне локцем разбiвае люстэрка, i ты расколваешся на крывыя аскепкi. Кабiна спыняецца, дзверы рассоўваюцца, адлюстраванне выходзiць з Люстранога лiфта i падае. Усе думаюць, што смерць знайшла цябе каля лiфта. Нiкому i ў галаву не прыйдзе падумаць пра забойства.
        
        
        
46. ШЭРЫ АХОЎНIК
        
        Шэры ахоўнiк стаяў побач з недатыкальнай персонай. У вакне бiблiятэкi ён заўважыў снайпера. Ахоўнiк цудоўна бачыў, як куля выйшла з рулi, як накiравалася ў бок персоны, як праляцела сотнi метраў i ўвайшла ў сiвую скронь, як вырвала кавалак патылiчнай косцi i занурылася ў зямлю на зялёным газоне. Персона пачала асядаць на падстаўленую руку Шэрага ахоўнiка. Як толькi мёртвае цела падхапiлi iншыя людзi, ахоўнiк пабег праз вулiцу, да бiблiятэкi, дзе ў даўжэзным калiдоры сутыкнуўся з кiлерам. Апошняе, што пабачыў снайпер-кiлер у сваiм кароткiм жыццi, гэта твар Шэрага ахоўнiка, адметны твар – без адзiнага воласа, нават без броваў i веяў. Рыхтык такi ж безвалосы твар меў i сам забойца недатыкальнай персоны.
        
        
        
47. ЧОРНАЕ ПIЯНIНА
        
        Мацi купiла дачцэ Чорнае пiянiна. Дзяўчынка займалася музыкаю i вельмi ўзрадавалася новаму iнструменту. Мама папрасiла дзяўчынку нiколi не граць а дванаццатай гадзiне. Дзяўчынка падумала, што нельга граць уначы, а ўдзень – можна. Аднойчы яна зайграла якраз а дванаццатай дня. У дзверы пазванiлi. Дзяўчынка адчынiла. На парозе стаяла маладая жанчына ў чорнай сукенцы. «Я твая новая настаўнiца музыкi…» Дзяўчынка паверыла прыгожай жанчыне i пусцiла яе ў кватэру. Тая адразу пайшла на кухню. Дзяўчынка спытала ў чорнавалосай настаўнiцы, чаму яна пайшла на кухню, а не ў залу, дзе стаiць iнструмент. «Я заўсёды на кухнi ем дзяцей, якiя а дванаццатай граюць на маiм Чорным пiянiна!» Калi мама з’едзенай дзяўчынкi вярнулася з працы, яна пабачыла, што дачка грае на Чорным пiянiна. Мама вельмi ўзрадавалася, бо так добра яе дачка нiколi не грала. Жанчына ж не ведала, што гэта вядзьмарка перакiнулася ў вобраз дачкi. Уначы, калi жанчына заснула, вядзьмарка падышла да ложка i чорнымi пазногцямi перарэзала ёй горла.
        
        
        
48. ЧОРНЫ ЧОРТ
        
        Мужчына быў настолькi такi сквапны, што перад смерцю сабраў увесь нажыты за доўгае жыццё скарб, прадаў яго за золата, а залатыя манеты праглынуў. Праз гэта, дарэчы, ён i сканаў у пакутах. Пра каго iншага варта было б сказаць, што ён аддаў Богу душу, а пра залатаеда не скажаш такога, бо, як толькi мужчына памёр, да ягонага трупа прыйшоў Чорны чорт. Ён разарваў сквапнiку жывот i падаставаў перапэцканыя крывёю залатоўкi. Ахоўнiку морга, якi бачыў залатадайнае трыбушэнне, чорт загадаў: «Сквапнiка парэжаш на кавалкi i скормiш сабакам, а косткi спалiш! Гэта яму за тое, што не вярнуў мне – Чорнаму чорту – пазыку!» Ахоўнiк на загад чорта знiштожыў растрыбушаны труп сквапнiка, а душа ягоная, непрынятая нi зямлёю, нi небам, i дагэтуль самотна сядзiць на шыльдзе, над ювелiрнай крамаю «Манамах».
        
        
        
49. ШЭРЫ КОТ
        
        Калi з кватэры сыходзiлi ўсе людзi, Шэры кот адчыняў буфет, набiраў лапамi чорных семак, нёс да вакна, адчыняў яго i рассыпаў семкi на падвоканнi. Розныя птушкi прыляталi падзяўбцi пачастунак. Верабейкi, сiнiцы, галубы… Шэры кот адно любаваўся iмi цэлую зiму, а ў першыя днi вясны ён паеў прыкормленых пташак адну за другой: i галубоў, i сiнiчак, i вераб’ёў…
        
        
        
50. БЕЛАЯ ДАМА
        
        Табе хочацца зазiрнуць у iншы свет. Страшна, але жаданне ад страху толькi ўзмацняецца. Ты ў цёмным пакоi чакаеш дванаццатай гадзiны ночы. Бярэш у левую руку невялiкае люстэрка. У правай руцэ ты трымаеш загадзя падрыхтаваную чырвовую даму. Табе карцела, як i ўсiм, узяць вiновую, але ў апошнi момант з калоды выцягнулася чырвоная карта. Ты прыкладзеш да люстэрка чырвовую даму i скажаш тры разы: «Белая дама, выходзь!» Люстэрка напоўнiцца святлом. У святле праявiцца постаць Белай дамы. Яна будзе дзiвосна прыгожая: блакiтныя вочы, залатыя валасы, белая доўгая сукенка з пышнымi рукавамi, карона з дыяментамi, пацеркi i завушнiцы з чорнымi перлiнамi. Табе захочацца сказаць, што яна самая прыгожая з жанчын, але ты стрымаешся. Бо ведаеш: як толькi пахвалiш яе, яна закрыўдуе i задушыць. Ты пачнеш лаяцца на Белую даму найбруднейшымi словамi. Яна, тым часам, выйдзе з люстэрка i стане пасярод пакоя, уздыме руку i пакажа табе тры пальцы. Маўляй, задавай свае тры пытаннi. Ты спытаеш: «Колькi пражыве мая мацi?» Дама адкажа. Ты спытаеш: «Колькi пражыве мая сястра?» I атрымаеш дакладны адказ. Тады спытаеш: «Колькi я пражыву?» Ты паспрабуеш, пачуўшы адказ Белай дамы, запалiць святло i пераканацца, што ўсё чутае i бачанае толькi страшная казка, але не паспееш. Белая дама схопiць цябе за валасы i ўдарыць тварам аб люстэрка. Яна ўдарыць так моцна, што ты нават не паспееш паверыць у праўдзiвасць яе адказу на тваё апошняе пытанне. Ты памрэш так, як i сказала Белая дама: сёння. Нiхто з тых, хто выклiкаў Белую даму, не памiраў заўтра, i нiхто не памiраў учора, усе памiралi «сёння».
        
        
        
51. БЛАКIТНАЯ КРОЎ
        
        У бойцы хлопчыку разбiлi нос. Так ён даведаўся, што ў яго не чырвоная, а блакiтная кроў. Нiякiх iншых выключных адметнасцяў у хлопца не было, i ён спакойна пражыў доўгае жыццё з блакiтнай крывёю ў сэрцы.
        
        
        
52. ФIЯЛЕТАВЫ ПАЗНОГАЦЬ
        
        У жанчыны прапала дачка. Колькi нi шукалi яе, а так i не знайшлi. Праз трынаццаць дзён пасля прапажы жанчына купiла сабе на вулiцы чабурэк. У роце яна адчула нешта цвярдое. Дастала i жахнулася, бо гэта быў Фiялетавы пазногаць. Рыхтык такi, пафарбаваны густым фiялетавым лакам пазногаць мела яе дачка. Жанчына разам з узброенымi мiлiцыянтамi прыехала на месца, дзе купляла чабурэк з Фiялетавым пазногцям. Там нiкога не было.
        
        
        
53. ЖОЎТАЯ ЛЯМПАЧКА
        
        Гарадскi фiлосаф павесiў над сваiм вакном, з боку вулiцы, Жоўтую лямпачку. Яна гарэла цэлыя суткi. Калi лямпачка перагарала, фiлосаф не ленаваўся i мяняў яе на новую. А калi гарадскi мысляр памёр, мяняць перагарэлыя лямпачкi на новыя пачалi ягоныя вучнi. Праз колькi часу стары дом, дзе некалi жыў мысляр, знеслi, каб пабудаваць новы гмах. На сцяне новага гмаха з’явiлася жоўтая пляма. Калi добра прыглядзецца, дык у той пляме можна пазнаць абрысы Жоўтай лямпачкi, а можна не пазнаць i не ўбачыць.
        
        
        
54. ШЭРЫ МЯДЗВЕДЗЬ
        
        У шэрым затуманеным лесе, па шэрых глыбокiх сумётах соўгаецца Шэры мядзведзь. Адна прага ў яго, адно жаданне – паесцi чырванакроўнай чалавечыны. I знаходзiць мядзведзь чалавека, i нападае, i дзярэ-iрве, i наталяецца, i сыходзiць, пакiдаючы пасярод шэрай паляны вялiзную чырвоную пляму. Iдзе шэры снег. Падае сняжынка за сняжынкаю. Праз якую гадзiну-другую запарушваецца, зацярушваецца, закрываецца, хаваецца крывавая пляма. Шэры лес зноўку засынае, накрыўшыся снежна-шэрай коўдраю, а да валачашчага Шэрага мядзведзя пацiху вяртаецца голад.
        
        
        
55. ЧОРНАЯ IГОЛКА
        
        Ты заходзiш, залазiш, засоўваешся, уплiшчваешся ў перапоўнены аўтобус. Дзверы робяць спробу зачынiцца. Ты, разам з астатнiмi пасажырамi, выдыхаеш з грудзей паветра. Дзверы зачыняюцца. У гэты момант ты адчуваеш укол Чорнай iголкi. Ты яшчэ нiчога не ведаеш пра вычварэнку, якая намазала атрутаю iголку, прыйшла на прыпынак у ранiшнi час пiк, убiлася разам з табою ў бiтма набiты аўтобус i паранула смяротнай зброяю тваё сцягно. Яна зрабiла гэта з адной-адзiнай мэтаю, каб выпадковы чалавек праз якiя паўдня сканаў у пакутах. На ролю выпадковага чалавека лёс абiрае цябе. Ты ўскрыкваеш ад болю, але праз iмгненне забываешся на яго, бо трэба пачынаць выбiрацца, прарывацца, прадзiрацца да выхаду, каб не праехаць свой прыпынак. Ты вывальваешся на свежае паветра i бяжыш-ляцiш па сваiх справах. Дзень закручвае цябе ў вiр мiтуснi. Толькi ўвечары ты згадваеш пра боль, разглядаеш пурпуровую азызласць на сцягне, адчуваеш цяжар у целе. Табе цяжка дыхаць. Уначы ты пачынаеш задыхацца, з апошнiх сiлаў выклiкаеш «хуткую дапамогу». Пакуль едуць медыкi, ты памiраеш ад удушша. Перад сконам ты згадваеш твар вычварэнкi, якая забiла цябе. Апошняе, што ты чуеш на гэтым свеце – голас доктара, якi кажа: «Зноў у нас ахвяра жанчыны з Чорнай iголкаю…»
        
        
        
56. ЖОЎТЫЯ ФIРАНКI
        
        На вакне кватэры беднага паэта вiселi жоўтыя ад пылу i тытуню фiранкi. Сястра самотнага творцы зрэдку наведвала брата i прыбiрала халасцякоўскае жытло. Адно, што ёй забаранiў паэт, гэта здымаць Жоўтыя фiранкi. Аднойчы, калi брата не было дома, сястра зняла фiранкi i памыла iх. Яна павесiла на вокны белыя адпрасаваныя фiранкi i ўяўляла, як узрадуецца брат, пабачыўшы чысцiню ў кватэры i вымытыя вокны са свежымi фiранкамi. Яна памылiлася, бо паэт не прыйшоў дамоў нi ў гэты дзень, нi ў наступны. Ён наогул больш не вярнуўся ў сваю маленькую, прыбраную сястрой, кватэру. Паэт прапаў, i яго не знайшлi.
        
        
        
57. ЧОРНАЯ РЫБКА
        
        У бюро рытуальных паслугаў стаяў акварыум са срэбнай рыбкаю. Яна была незвычайным стварэннем. Калi замаўлялася новая труна, рыбка афарбоўвалася ў чорны колер. Чорная рыбка праплывала па акварыуму невялiкае кола i зноўку рабiлася срэбнай. Нiхто не ведаў, адкуль узяўся акварыум з чарадзейнай рыбкаю. Адны казалi, што рыбка была тут спрадвеку. Другiя даводзiлi, што Чорную рыбку вывеў вынаходнiк труны. Трэцiя сцвярджалi, што рыбку прывезлi з невядомай i далёкай краiны. Iншыя высоўвалi версiю пра выбух газавага балона, у вынiку чаго стары акварыум разбiўся, а рыбка неверагодным чынам уратавалася i набыла надзвычайныя якасцi. Выбух газавага балона сапраўды быў, але цi была Чорная рыбка звычайнай рыбiнкаю да выбуху, дакладна нiхто не ведаў. Людзi казалi шмат усяго рознага, але кожны цудоўна разумеў, што сутнасць не ў паходжаннi Чорнай рыбкi, а ў тым, што раней цi пазней рыбка праплыве ягонае чорнае кола.
        
        
        
58. БРУНАТНЫ КАЛОС
        
        На вулiцах шэрай сталiцы пачалi з’яўляцца расцiснутыя трупы. Нябожчыкi мелi такi выгляд, нiбыта нехта неверагодна вялiкi iх растаптаў. Непрыемнае вiдовiшча. У справе расцiснутых следства высветлiла, што ўсе яны мелi дачыненне да стварэння найвялiкшай статуi – Брунатнага калоса. Галоўны следчы знайшоў у архiве пратаколы паседжання мастацкага савета, якi зацвярджаў праект устаноўкi на пляцы скульптуры «Брунатны калос». У пратаколах была зафiксаваная спрэчка аўтара помнiка з членамi савета, якiя настойвалi на непатрэбнасцi капелюша. На думку асобных радцаў, Брунатны калос мусiў быць з непакрытай галавою, а грошы, выдаткаваныя на брунатны капялюш, няхай пойдуць на стварэнне iншых мемарыяльных знакаў. Аўтар помнiка прайграў спрэчку, i Брунатны калос застаўся без свайго ўлюбёнага ўбору. Пакуль вялося следства, былi забiтыя ўсе, хто агiтаваў i выступаў супраць капелюша. Зразумела, што самым галоўным з падазроных быў скульптар, але яго ўжо больш за дзесяць гадоў не было сярод жывых. Падазраваць Брунатнага калоса ў жудасных злачынствах следства не рызыкнула, бо следчыя былi збольшага згодныя з тым, што Брунатны калос меў поўнае права на капялюш.
        
        
        
59. ШКЛЯНАЯ ЛЯЛЬКА
        
        Мацi падаравала дачцэ Шкляную ляльку. Дзяўчынка адразу палюбiла новую цацку i цэлы дзень гуляла толькi з ёй. Увечары яна паставiла ляльку на камод i легла спаць. Уначы цацка ажыла, злезла з камоды, падышла да дзявочага ложка i праспявала: «Прачынайся, прачынайся, смерць прыйшла твая!» Дзяўчынка расплюшчыла вочы i пабачыла, як тонкiя шкляныя рукi цягнуцца да яе горла, каб задушыць. Дзяўчынка скацiлася з ложка, пабегла ў вiтальню, дастала з шафы малаток. Калi Шкляная лялька наблiзiлася да дзяўчынкi, тая ўдарыла яе малатком па галаве i разбiла шкляную галаву. Лялька павалiлася на падлогу i ператварылася ў мацi смелай дзяўчынкi. Цяпер усе думаюць, што дзяўчынка разбiла галаву сваёй роднай мацi, а ў гiсторыю пра Шкляную ляльку нiхто не верыць.
        
        
        
60. ЧОРНЫ ПРАЙГРАВАЛЬНIК
        
        Табе казалi не купляць Чорны прайгравальнiк?! А ты ўсё адно набываеш сабе менавiта чорны. Ты прыходзiш дадому, ставiш плэер на стол i пачынаеш перабiраць кампакты, думаючы, якую музыку паслухаць. Дзiвiдзiплэер пачынае кашляць жалезным кашлям. Ён адкашлiваецца i кажа загадным тонам: «Падыдзi да вакна!» Ты падыходзiш. «Адчынi вакно!» Адчыняеш. «Стань на падвоканне!» Залазiш на падвоканне, становiшся i глядзiш унiз. «Скачы!!!» Ты робiш крок у пустату, падаеш, ляцiш… У Чорным прайгравальнiку гучыць пахавальны марш Шапэна. Ты прайграў…
        
        
        
61. ЧЫРВОНЫ ТРУСIК
        
        У нядзельную ранiцу мужчына-п’янiца прывалокся на кiрмаш. Там ён убачыў гаманкi натоўп. П’янiца прадзёрся праз цiкаўны люд да незвычайнага прадаўца. Той прапаноўваў набыць Чырвонага трусiка. Паводле гандляра, ягоны трусiк можа зганяць з чалавека боль. У мужчыны моцна балела галава, бо ў суботу ён, як зазвычай, шмат выпiў. Гарэлка была кепская, блага адфiльтраваная. Як той казаў, атрута, а не гарэлка. Вось i пакутаваў мужчына з хворай галавою. П’янiца спытаў дазволу, каб дакрануцца да цудадзейнай жывёлы. Толькi ён пагладзiў мякенькую поўсць на спiне маленечкага труса, як боль выветрыўся. Настрой у мужчыны палепшыўся. Ён спытаўся, колькi каштуе Чырвоны трусiк. Названых грошаў у п’янiцы, вядома, не было, i ён пайшоў пiць пiва.
        
        
        
62. ШЭРАЯ ВАДА
        
        Здаецца, робiш звычайную справу – адкручваеш кран, каб напоўнiць гарбатнiк. З крана вылятае шэры струмень. Рука торгаецца, прыбiрае гарбатнiк з-пад бруднага струменя. Ты чакаеш, калi сыдзе каламутная вада i пальецца празрыстая. А яна не змяняецца. Цячэ i цячэ Шэрая вада. Ты спрабуеш закруцiць кран, а ён натурыцца. Тузаеш кран i, незнарок, зрываеш яго. Фантан Шэрай вады б’е ў столь. Ты кiдаеш гарбатнiк на залiтую цёмнай вадою падлогу i кiруешся да тэлефона. Пакуль даходзiш да дзвярэй, у варэльнi набiраецца вады да кален. Ты спрабуеш адчынiць дзверы, але яны не адчыняюцца. Ручка, чорт яе забяры, адломлiваецца. Шэрая вада запаўняе пакой. У Шэрай вады смак талага снегу, i яна сцюдзёная, як лёд. Апошняе спадзяванне – вакно. Ты падплываеш да яго i намагаешся разбiць шыбу. За вакном, як акiнуць вокам, акiян Шэрай вады. Яна скоўвае твае рухi. Пад столлю, каля пагаслай лямпачкi, ты робiш апошнi глыток паветра i пачынаеш тануць. Ты захлынаешся, паветра выходзiць з цябе шарыкамi пустаты. Тваё нежывое цела апускаецца на падлогу i кладзецца побач з гарбатнiкам, поўным Шэрай вады.
        
        
        
63. ШЭРАЯ ПЯТЛЯ
        
        Будзе новы дзень, як дзень, звычайны шэры дзень. А вызначыцца ён з шэрагу будзённых дзён тым, што ты звернеш увагу на нiтку, якая прыляпiлася да рукава. Нiтка, як нiтка. Ты збярэшся выкiнуць нiтку ў сметнiцу, i выкiнеш, не шкадуючы, але заўважыш простую рэч: шнуры за тэлевiзарам, падобныя да нiтак. Табе закарцiць павыкiдаць шнуры, але iх ты выкiнуць не зможаш. Як i шнуры ад тэлефона, i шнуры ад кампутара. Табе стане млосна ад думкi, што ўвесь наш свет аплецены шнурамi, нiткамi, вяроўкамi, ланцугамi i дратамi. Табе стане цяжка дыхаць. Табе ў галаву прыйдзе парадаксальная iдэя. Ты падумаеш, што вызваленне са змяiнага свету вяровак i шнуроў зусiм простае: трэба зрабiць пятлю, накiнуць на ўласную шыю i задушыцца. Ты возьмеш кампутарны шнур, адзiн канец прывяжаш да крука, на якiм вiсiць люстра, на другiм канцы завяжаш Шэрую пятлю. Ты зiрнеш на свет праз крывое кола пятлi i ўбачыш свабоду. Так! Ты ўбачыш сапраўдную свабоду. Ты пойдзеш у свабоду, а нам застанецца лайно твайго трупа. Нам застанецца гной з iншасвету. Нам застанецца жыццё пад Шэрай пятлёю. У нас яшчэ будзе наперадзе будзённы дзень, звычайны шэры дзень з нiткаю на рукаве.
        
        
        
64. ШЭРЫ АГЕНТ
        
        Агент адчуў за сабою сачэнне. Ён быў спрактыкаваным чалавекам, ды й назiральнiкi не надта хавалiся. Шэры агент сеў у чорны «мерседэс» i паглядзеў у люстэрка над ветравым шклом. Сiнi «опель» ветлiва мiргануў фарамi. Агент набраў хуткасць, злавiў «зялёную хвалю» i на ёй даiмчаў да кальцавой. «Опель» не адставаў, ён iшоў за «мерседэсам», нiбыта прывязаны, Шэры агент добра бачыў, што, акрамя кiроўцы, у машыне яшчэ два чалавекi. Азарт ахапiў агента. Даехаўшы да пялёсткавай развязкi, якая аб’ядноўвала кальцавую шашу з аўтастрадаю Брэст–Масква, Шэры агент развярнуў машыну i паехаў насустрач «опелю». Той паспрабаваў ухiлiцца ад лабавога ўдару, але не змог. «Мерседэс» моцна разбiў «опель». Агент выбраўся са скарабачанага аўтамабiля, падышоў да памятага «опеля» i з пiсталета ва ўпор расстраляў агаломшаных назiральнiкаў. Шэры агент быў перакананы, што ў любым выпадку адарвецца ад «хваста», але нахабства назiральнiкаў яго абурыла, i ён пакараў дылетантаў смерцю. З багажнiка ў «мерседэсе» агент дастаў важкi заплечнiк i па адхону спусцiўся ў лесапаласу. Там ён пераапрануўся ў шараговага селянiна i спакойна пайшоў па вузкай сцежцы ў лес. На цiхай паляне агент пагалiў галаву i паходнай лыжкаю павымаў уласныя шэрыя вочы, а на iх месца паўстаўляў сiнiя пратэзы. Цяпер сiнявокi агент ведаў, што ў блiжэйшы час яго не дастануць.
        
        
        
65. ПУРПУРОВАЯ ЛIЛЕЯ
        
        Жанчына купiла ў вакзальнай наркаманкi Пурпуровую лiлею. Жанчына ведала, што наркаманка збiрае кветкi на могiлках, каб перапрадаваць iх у падземным пераходзе сустракальнiкам. Ведала, але Пурпуровая лiлея была такая прывабная, такая незвычайная i свежая, што пакупнiца не ўтрымалася. Яна прынесла лiлею дадому i паставiла ў хрустальнуювазу. Пурпуровая кветка iмгненна выпiла ўсю ваду i ператварылася ў цемнатварую вядзьмарку. Асiплым голасам вядзьмарка запатрабавала вячэру з чырвоным вiном i садавiнаю. Жанчына накармiла i напаiла вядзьмарку-кветку. Тая, не дзякуючы, устала з-за стала, падышла да шафы, залезла ў яе i зачынiлася. Жанчына мыла посуд, калi ў вакно пастукаў дзюбкаю белы галубок. Ён сказаў: «Адчынi шафу! Вазьмi пурпуровую мантыю цёмнаскурай вядзьмаркi i парэж яе нажнiцамi на дробныя шматкi!» Жанчына асцярожна адчынiла шафу, акрамя пурпуровай мантыi там нiчога не было. Яна хутка пашастала тканiну на палосы i шматкi. З гурбы парванай i парэзанай тканiны на адно iмгненне паўстала Пурпуровая лiлея, а потым знiкла, нiбыта нiчога такога i не было. Нават хрустальная ваза неверагодным чынам з падлогi пераляцела на сваё звычайнае месца, у сервант. Праз некалькi дзён у тэлекрымiнальнай хронiцы жанчына пабачыла сюжэт пра забiтую наркаманку, якая на вакзале прадавала кветкi, накрадзеныя з могiлак. Тэлевядучая абуралася, бо злачынства было з найжорсткiх. Невядомы забойца парэзаў i парваў цела ахвяры звычайнымi нажнiцамi. Але не гэта ўразiла аматарку незвычайных кветак, а тое, што твар наркаманкi быў падобны на твар вядзьмаркi – Пурпуровай лiлеi.
        
        
        
66. ЗЯЛЁНАЯ КАРЦIНА
        
        Мужчына збудаваў сабе дом. Ён абставiў пакоi добрай мэбляю. Перад тым, як пераехаць у новае жытло, мужчына схадзiў да мастака i купiў Зялёную карцiну, каб павесiць яе над камiнам. Улазiны спраўлялiся без гасцей. За святочным сталом была толькi сям’я: бацька-гаспадар, мацi, сын i дачка. У першую ноч пасля ўлазiнаў прапала дачка. Як нi шукалi, куды нi кiдалiся, а знайсцi не змаглi. У другую ноч знiк сын, а на трэцюю – мацi. Мужчына застаўся ў вялiкiм доме адзiн. Ён не стаў класцiся спаць, а зрабiў выгляд, што сышоў з дому. Сам ён вярнуўся i праз вокны пачаў сачыць за пакоямi. Апоўначы з Зялёнай карцiны выйшла высокая дзяўчына з тварам вясны. Яна пачала хадзiць па дому, шукаючы гаспадара. Тым часам, на Зялёнай карцiне мужчына пабачыў тое, чаго раней не заўважаў. Там быў зялёны парк, у якiм гулялi апранутыя па-святочнаму гараджане. Сярод iх бацька заўважыў сваiх дзяцей з жонкаю. Ён хацеў разбiць вакно, забегчы ў Зялёную карцiну i вызвалiць сям’ю, але ў гэты час у пакой вярнулася дзяўчына з тварам вясны. Яна пачала лётаць пад столлю. Мужчыну давялося хавацца ў заваконнай цемры. Высокая дзяўчына пачала змяншацца, яна зменшылася да памераў звычайнага матылька i заляцела ў Зялёную карцiну. Малюнак на карцiне адразу ж змянiўся. Замест парку на палатне з’явiлiся простыя геаметрычныя фiгуры: квадраты, кругi i трохкутнiкi. На вулiцы развiднела. Мужчына зайшоў у дом. Зняў са сцяны Зялёную карцiну i пайшоў да мастака. Той уважлiва выслухаў гiсторыю пра дзяўчыну з тварам вясны i паабяцаў намаляваць ёй твар восенi. Увечары Зялёная карцiна вiсела на сваiм месцы – у новым доме, над камiнам. Апоўначы з карцiны выйшла высокая жанчына з тварам восенi, яна жэстам папрасiла людзей пакiнуць парк. Дзяўчынка i хлопчык разам з мамаю выйшлi з Зялёнай карцiны. Жанчына з тварам восенi паспрабавала вярнуцца ў намаляваны парк, але незнарок дакранулася да рамы. Карцiна пахiснулася i ўпала спачатку на падлогу, а потым i ў камiн. У чырвоных пёрах прагнага полымя Зялёная карцiна iмгненна згарэла. Разам з карцiнаю згарэла i жанчына з тварам восенi. Цяпер сцены новага дома не ўпрыгожваюцца карцiнамi, на iх вiсяць адно сямейныя фотапартрэты.
        
        
        
67. ЗЯЛЁНЫЯ ВУСНЫ
        
        Жанчына наняла кватэру. Гаспадар, калi аддаваў ключ, сказаў, што па-суседству жыве малады чалавек, якi часам уключае пасярод ночы гучную музыку. Жанчына паабяцала пагаварыць з меламанам, але забылася. Тыднi са тры нiякай музыкi яна не чула. I раптам жанчыну пабудзiлi незвычайныя гукi. Было такое ўражанне, што ў яе пакоi стаiць нехта нябачны i цiха насвiствае пахавальны марш. Жанчына запалiла святло. Акрамя яе, у пакоi нiкога не было, але востры свiст па-ранейшаму гучаў. Жанчына абышла ўсю маленькую кватэру. Зазiрнула ва ўсе шафы. Нават пад ложкам яна шукала начнога меламана. Нiкога. Адно свiст. Толькi павольны марш, што плыў i плыў з нiадкуль у нiкуды. Жанчына выйшла на лесвiчную пляцоўку i пераканалася, што марш гучыць у яе кватэры, а за дзвярыма ў суседа мёртвая цiшыня. Жанчына вярнулася ў сваю кватэру i ўключыла тэлевiзар. Дыктар хуткагаворкай пераказваў навiны з Фiлiпiнаў, дзе пад дзесяцiметровай хваляю гразi загiнулi тысячы людзей. «Ты перашкаджаеш насвiстваць марш!» – пачула жанчына i нарэшце пабачыла на сцяне Зялёныя вусны. Раззлаваўшыся, жанчына павялiчыла гук тэлевiзара на поўную моц. Ён разбудзiў жыхароў з iншых паверхаў, якiя i знайшлi труп кватаранткi. Зялёныя вусны адарвалi ёй галаву. Адарваная галава стаяла на тэлевiзары, якi абыякава паказваў прагноз надвор’я на блiжэйшы дзень.
        
        
        
68. ШЭРЫ СЦЯГ
        
        У шэрай краiне, на самай высокай вежы з’явiўся Шэры сцяг. Хто, калi i як узняў ды замацаваў той сцяг? Невядома. Але гэта не iстотна. Iншае важна. Была ў таго сцяга дзiўная якасць: кожны, хто глядзеў на яго, бачыў не Шэры сцяг, а сцяг, якi хацеў бачыць. Адны бачылi чырвоны, iншыя – зялёны, некаторыя – белы. Знаходзiлiся асобы, што бачылi чорна-чорны. Пачалiся спрэчкi. Кожны даводзiў, што менавiта сцяг ягонага ўлюбёнага колеру лунаў над краiнай. Каб давесцi ўласную праўду, людзi пачалi фатаграфаваць Шэры сцяг. Але на здымках, зноў жа, атрымлiваўся сцяг, што сiмвалiзаваў перакананнi кожнага з фатографаў. Каб скончыць спрэчкi, прынялi рашэнне – зняць сцяг i паглядзець на яго зблiзу. Шэры сцяг знялi, але гэта нiчога не змянiла, бо нават зблiзку кожны бачыў палотнiшча з уяўным колерам. Даследчыкi з Акадэмii навук спрабавалi вывучыць i растлумачыць таямнiцу. Не змаглi. Доследы засакрэцiлi i здалi ў архiў разам з Шэрым сцягам да лепшых часоў. Нiхто i не падумаў, што iх найлепшы час прайшоў якраз пад Шэрым сцягам.
        
        
        
69. ЧОРНАЯ СВЕЧКА
        
        З чорнага воску i чорнага кнота ты робiш Чорную свечку. Уначы iдзеш на могiлкi, заходзiш у паўразбураную каплiцу, запальваеш свечку i шэпчаш: «Зямля да зямлi, тло да тла, вораг мой да Чорнай свечкi маёй!» Люты вораг твой у гэтае iмгненне памрэ. Адно, чаго нельга рабiць нi ў якiм разе, называць iмя ворага. Чорная свечка сама ведае, каго i калi забiваць.
        
        
        
70. БЭЗАВЫ КОТ
        
        У маладога мужчыны жыў Бэзавы кот. Мужчына любiў i паважаў муркатлiвую ласкавую жывёлу. Вырашыў той мужчына ажанiцца. Нявеста паставiла адну-адзiную ўмову: забiць Бэзавага ката. Мужчына задушыў улюбёнца i закапаў на сметнiку. Сярод ночы ў дом да маладога прыйшоў уваскрэслы Бэзавы кот i перагрыз горла жорсткай жанчыне. На вачах у знямелага мужа кот з’еў ягоную жонку i зрабiўся вялiкiм, памерам з леапарда. На наступную ноч велiзарны кот зноў наведаўся да свайго забойцы. Мужчына паспрабаваў баранiцца ад людажэра. Кот адкусiў яму руку, ажно па локаць. Здавалася, адно iмгненне – i Бэзавы кот загрызе мужчыну. Але паранены, аднарукi малады звычайным сталовым нажом прабiў кацiныя грудзi i выразаў сэрца. Трапяткое, чырвонае i цёплае сэрца мужчына зжаваў i праглынуў. Забiтага ката ён парэзаў на кавалкi, спакаваў у цэлафанавыя пакеты i занёс на сметнiк. Ранiцай малады мужчына пайшоў на кiрмаш i за сiмвалiчныя грошы купiў сабе маленькае Бэзавае кацяня.
        
        
        
71. ЧЫРВОНЫЯ ДРАНIКI
        
        У старой жанчыны была маленькая дачка, якая любiла дранiкi. Мацi дагаджала адзiнаму позняму дзiцяцi i кожную нядзелю частавала ўлюбёнку Чырвонымi дранiкамi. Такiх смачных дранiкаў, як смажыла мацi, дзяўчынка нiдзе не каштавала i не бачыла. Аднойчы яна запрасiла да сябе ў госцi сябровак. Мацi была на працы, дачка вырашыла быць гасцiннай гаспадыняю i пачаставаць сябровак найсмачнейшымi дранiкамi. Яна спусцiлася ў сутарэннi па бульбу. Там, побач з мехам бульбы, стаяла жалезная бочка з чалавечымi мазгамi. Дзяўчынка адразу здагадалася, як i з чаго яе старая робiць Чырвоныя дранiкi. Яна пабегла ў кватэру, каб расказаць сяброўкам пра сакрэтны рэцэпт. Але яе мацi ўжо вярнулася з працы, пазабiвала сябровак i павымала мазгi з дзiцячых галовак. Ад жаху дзяўчынка страцiла мову, а жудасны пераляк адабраў у яе розум. Звар’яцелую дачушку жанчына здала ў лякарню, але кожную нядзелю адведвала яе i доўга кармiла Чырвонымi дранiкамi.
        
        
        
72. ЧОРНЫ ХЛЕБ
        
        Ты – дзiця. Табе тры з паловай гады. Цябе захуталi ў зiмовыя апранахi, толькi вочы пакiнулi, каб глядзець на шэры свет. Ты стаiш у вялiзнай чарзе па хлеб. Мароз люты. З шэрага неба на чорную чаргу сыплецца дробны снег. Ты глядзiш на мядова-жоўтае вакенца хлебнай крамы i думаеш, што там цёпла, што там пахне свежым хлебам, што там – рай. У краму нiкога не пускаюць, бо машына з пякарнi яшчэ не прыйшла. Чарга чакае хлебавоз. Чарга мерзне на шэрым пляцы пад нiзкiм небам. Гаварыць табе забаранiлi, каб не прастудзiцца. Таму ты не можаш нiкому сказаць, што жоўта-мядовае вакенца адчынiлася. Залаты анёл вылецеў з яго i ўзняўся ў снежнае неба. Ты думаеш, што варта расказаць пра анёла ўсiм. Ты спрабуеш сцягнуць шалiк, якi закрывае рот. Чарга ажывае, бо нехта пачуў матор хлебавоза. Машина заязджае на пляц. Мужчыны разгружаюць паддоны з Чорным хлебам. Прадавачка хутка раздае па бохану ў адны рукi. Ты забываешся пра анёла. Ты нюхаеш свой бохан. Асцярожна лiжаш скарынку. Ты нясеш дадому Чорны хлеб.
        
        
        
73. ШЭРЫ ПIСТАЛЕТ
        
        Мужчына выйшаў з дому на вечаровы шпацыр. Ен iшоў праз цёмны парк. На лаўцы, пад старым клёнам ён заўважыў жанчыну ў шэрай сукенцы i шэрых шаўковых пальчатках. Мужчына прысеў на лаўку. «Вы тут часта адпачываеце?» – спытала белатварая жанчына. «Штовечар!» – адказаў сiвавусы мужчына. «Вы тут нiчога не гублялi?» – «А вы нешта знайшлi?» Жанчына дастала з сумачкi Шэры пiсталет: «Ваш?» Пiсталет так спадабаўся сiвабародаму мужчыну, што ён пайшоў на падман: «Мой!» – «Забiрайце!» – жанчына паклала ў мужчынскую руку Шэры пiсталет i сышла. Неадольнае жаданне стрэлiць з пiсталета ва ўласны лоб ахапiла мужчыну. I ён застрэлiўся.
        
        
        
74. ШЭРАЯ КРОПКА
        
        Ты чакаеш i вельмi цьмяна ўяўляеш – чаго i каго ты чакаеш. У цябе яшчэ ёсць спадзеў, што ты дачакаешся нечага iстотнага, што нехта прыйдзе i ўсiх нас павядзе ў найлепшы свет. З кожнай хвiлiнай спадзеў змяншаецца, нарэшце, ён робiцца амаль неадчувальным, i вось тады ты заўважаеш на сцяне маленечкую Шэрую кропку. Ты пачынаеш углядацца ў Шэрую кропку. Чым больш ты ўглядаешся, тым яна робiцца большай. Шэрая кропка расце i расце, яна вырастае i ахоплiвае ўвесь твой невялiкi свет. Табе робiцца ўтульна ў свеце Шэрай кропкi. Ты супакойваешся, ты пазбаўляешся маркоты i гнятлiвага чакання. Ты ведаеш пра выратавальную сiлу Шэрай кропкi, i табе добра.
        
        
        
75. СIНI ШАР
        
        Тата купiў сыну паветраны Сiнi шар i папярэдзiў: «Трымай добра! Адпусцiш: паляцiць i не вернецца!» Хлопчык не паслухаўся бацькi i адпусцiў лёгкi Сiнi шар у высокае неба. Разам з вольным шарам у неба паляцела i хлопчыкава душа. Трыццаць гадоў ён пражыў без душы. Аднойчы у карцiннай галерэi бяздушны чалавек убачыў палатно «Шар паляцеў». Ён згадаў, як адпусцiў нiтку, як Сiнi шар узняўся ў неба, як разам з шарам адляцела яго душа. Ён жа не ведаў пра мастака, якi таксама бачыў узнёслы палёт шара i душы. Той мастак пайшоў у студыю i намаляваў душу хлопчыка, якая разам з Сiнiм шарам уздымаецца над шэрым горадам у белае неба. Мастак намаляваў карцiну дзеля таго, каб праз трыццаць гадоў яе ўбачыў бяздушны глядач i душа вярнулася да яго. Так яно i адбылося.
        
        
        
76. ШЭРЫ ПРАРОК
        
        Чалавеку прымроiўся Усемагутны, якi сказаў, каб чалавек стаў прарокам у сваёй шэрай краiне. «Пра што я мушу прарочыць?» – «Пра пошасць! Ты пойдзеш на тэлевiзiю, выйдзеш наўпрост у эфiр i скажаш, што за непадпарадкаванне Усемагутнаму я нашлю на шэрую краiну жахлiвы паморак!» Чалавек вырашыў не слухацца прымроенага Уладара. Чалавек жыў, як жыў, але аднойчы ўвечары, вяртаючыся з працы, патрапiў не дамоў, а ў турму. Ён спрабаваў растлумачыць праваахоўнiкам, што выпадкова праходзiў па пляцы Свабоды, што да несанкцыяванага мiтынгу ён не мае анiякага дачынення i яго трэба неадкладна вызвалiць. Але нiхто не слухаў чалавека, яго збiлi i завезлi ў турэмную камеру. Там ён сядзеў з такiмi ж выпадковымi людзьмi, прынамсi, яны так казалi. Суткi нiхто не заходзiў у камеру, суткi людзi прасядзелi без ежы i вады. Тады Шэры прарок набраўся смеласцi i сказаў, што ўсе нягоды адбываюцца з-за яго, бо не паслухаў ён Усемагутнага Уладара i адмовiўся прарочыць пра страшэнны паморак. Сукамернiкi не паверылi прароку, але пачалi грукаць i бiць у дзверы, каб сказаць ахоўнiкам, што ў камеры чалавек звар’яцеў. Ахоўнiкi паслухалi Шэрага прарока i выкiнулi з турмы. У калятурэмным скверыку вызваленаму чалавеку зноўку прымроiўся Уладар, якi спытаў: «Дык ты будзеш прарочыць пра пошасць?» – «Не!!!» – выдыхнуў той i памёр на месцы.
        
        
        
77. СВЕТЛА-БЕЛЫ ЧАЛАВЕК
        
        Ты прачнешся, як звычайна. Паглядзiш на будзiльнiк, спраўдзiш час i пойдзеш мыцца. Калi апаласнешся прэснай вадою, тады i зразумееш, што нешта нейкае ў прыродзе не так. Ты падыдзеш да вакна i пабачыш за шклом суцэльную начную шэрасць. Ты яшчэ раз спраўдзiш час, але гэта толькi дадасць апатыi. Ты не станеш есцi, не станеш пiць кавы. Ты сядзеш на ложак i будзеш сядзець, пакуль да цябе не прыйдзе Светла-белы чалавек. Ён павiтаецца i прапануе пайсцi разам з iм. Ты нават не пацiкавiшся: нi хто ён, нi адкуль прыйшоў i куды цябе клiча. А ён пачне распавядаць пра святло i цеплыню, пра сонечныя сады i бруiстыя крынiцы, пра духмяныя кветкi i салодкагалосых пташак. Ён спытаецца, цi гатовы ты пайсцi з iм. Ты адмоўна хiтнеш галавою, i Светла-белы чалавек прападзе. Так паспрабуе надысцi i не надыдзе шэры дзень, твой шэры дзень, дзень тваёй смерцi.
        
        
        
78. ШЭРАЯ ТАТУIРОЎКА
        
        Зайшоўшы ў салон, мужчына доўга выбiраў малюнак i колер для татуiроўкi. Спынiўся ён на выяве шэрага спрута. Майстар патлумачыў, што малюнак узяты са старажытнай вазы, зробленай на выспе Крыт. Фарба для татуiроўкi была выбраная таксама адметная: яе прывозяць з Тайваню, таму тату абыдзецца не танна. Мужчына пагадзiўся на вялiкi кошт, i праз тры гадзiны меў на левым плячы Шэрую татуiроўку. Мужчыне захацелася паказаць абнову сваёй каханай. Ён жа не ведаў, што, як толькi здыме кашулю, Шэрая татуiроўка ажыве, павялiчыцца ў памеры i, ператварыўшыся ў самага сапраўднага спрута, задушыць жанчыну, а потым зноў вернецца ў аблiчча звычайнай татуiроўкi. Схаваўшы мёртвае цела, мужчына вырашыў вярнуцца ў салон i распытаць майстра пра iншыя асаблiвасцi Шэрай татуiроўкi. Толькi майстэрнi на месцы не было, а ў памяшканнi, дзе калолася тату, рабочыя рабiлi рамонт. Нiхто з iх i ведаць не ведаў пра татуiравальны салон. Тады мужчына набыў навакаiн, сам сабе зрабiў навакаiнавую блакаду i звычайнай наждачнай папераю зшараваў з пляча Шэрую татуiроўку. Паперу мужчына спалi ў разам з трупам i кватэраю каханай жанчыны.
        
        
        
79. ШЭРЫ ПАРАШОК
        
        Хлопец з дзяцiнства не любiў гнiллё, вiльгаць i слiзкасць. Ён любiў крышталiчнасць, вогненнасць i зырка-фiялетавыя iскры. Таму нiчога дзiўнага не было ў тым, што з металiчнага парашку, напiлаванага лобзiкам, з магнiя, серкi, газеты, нiтак i запалак хлопец змайстраваў выбуховы пакет. З важкiм пакетам у кiшэнi ён доўга хадзiў па сталiцы, выбiраючы месца для выбуху. Дзе ён толькi не басцяўся! I на закiнутых могiлках, i на авiяцыйнай звалцы, i ў яблыневым садзе… Нiводнае месца не спадабалася выбухнiку-аматару. Ён вярнуўся ў свой дом, сеў у лiфт, дзе i асудзiў сам сябе за нерашучасць. Менавiта ў лiфтавай кабiне хлопец падпалiў пакет з Шэрым парашком. Выбух быў не вельмi моцны, але яго хапiла, каб загарэлася вопратка. Хлопец пачаў скакаць i кiдацца па кабiне, спрабуючы збiць полымя. Ад ягоных скокаў кабiна мусiла спачатку спынiцца, а потым i абрынуцца ў шахту, але гэтага, дзякуй Богу, не адбылося. Лiфт спынiўся на патрэбным паверсе, хлопец выляцеў на лесвiчную пляцоўку i, качаючыся па падлозе, пагасiў полымя. Здавалася б, пасля такога неразумнага здарэння любоў да Шэрага парашку павiнна была выпарыцца, ды не, яна толькi замацавалася. Страсць да выбухаў захапiла душу хлопца цалкам, i ён стаў выбухнiком-прафесiяналам, якi можа з дапамогаю Шэрага парашку ўзарваць што заўгодна i дзе заўгодна. Вядома, калi яму заплоцяць.
        
        
        
80. ЧЫРВОНАЕ ЯЙКА
        
        Жак – велiкоднае Чырвонае яйка. Ты з дзяцiнства памятаеш пра яго верш: «Я – жачак-жачак – / Паўзу, як рачак, / Скачу, як жабка, / Дай яйцо, бабка!» А яшчэ ты ведаеш, што, калi ўзяць падоранае табе велiкоднае яйка ды пайсцi з iм на могiлкi, а там пакачаць яго «крыжам» на капцы блiзкага чалавека, дык той нябожчык зможа ўстаць з магiлы i адказаць табе на адно пытанне. Ты праспяваў верш, узяў Чырвонае яйка i пакачаў яго пад крыжам на магiле свайго дзеда. Той выйшаў з зямлi, выслухаў тваё пытанне i сказаў: «Вярнi сабе зямлю нашу!» Ты падумаў, што дух дзеда не пачуў пытання i паўтарыў яго, але адказ быў той жа: «Вярнi сабе зямлю нашу!» Колькi ты нi пытаўся, якiя пытаннi нi задаваў, дух паўтараў загад пра вяртанне зямлi. Ты пакiнуў Чырвонае яйка на магiле дзеда i вярнуўся да жывых выконваць дзедаў загад.
        
        
        
81. ШЭРЫ ЧАЛАВЕЧАК
        
        Сталiца збiралася на несанкцыяваны мiтынг. Рыхтавалiся ўсе: i апазiцыянеры i ўлада. Шэры чалавечак таксама рыхтаваўся, але ён вёў падрыхтоўку да iншай акцыi. Чалавечак намерваўся абрабаваць кватэру аднаго з кiраўнiкоў… Чалавечку было аднолькава роўна: цi рабаваць апазiцыянера, цi красцi ў дзяржаўнага чыноўнiка. Рабаўнiк выбраў аднаго з нешматлiкiх лiдараў апазiцыi, бо верагоднасць таго, што ўся сям’я апазiцыянера пойдзе на мiтынг, была досыць вялiкая. Дзецi чыноўнiцтва, зазвычай, не любяць дапамагаць бацькам у рызыкоўных справах. Шэры чалавечак спакойна прабраўся ў кватэру апазiцыянераў i напакаваў даволi важкую валiзу рознымi больш-менш каштоўнымi рэчамi. Дзеля тэатральнага эфекту ён зрабiў iмiтацыю невялiкага пагрому, каб апазiцыянеры мелi нагоду абвiнавацiць у крадзяжы прадстаўнiкоў уладных структураў. Але мiтынг быў настолькi людны, а ўлады настолькi жорсткiя, што апазiцыянера арыштавалi, а дзяцей ягоных збiлi i завезлi ў спецразмеркавальнiк. Пра ўсё гэта Шэры чалавечак даведаўся з Iнтэрнэту. Таму ён вырашыў пацiху прабрацца ў абрабаваную кватэру, навесцi там парадак i вярнуць большасць рэчаў на месца. Наяўныя грошы Шэры чалавечак вырашыў пакiнуць сабе ў якасцi заробку за тыднёвае назiранне за аб’ектамi. Шэры чалавечак хацеў вярнуць нарабаванае, каб крышачку падрасцi ў сваiх вачах. Ад думкi пра добры ўчынак ён сапраўды крышачку падрос ва ўласным уяўленнi, а як толькi падрос, дык i перадумаў вяртаць скрадзенае.
        
        
        
82. БЕЛАЯ РУКА
        
        У шэрай краiне, у шэрай сталiцы, у шэрым цэнтральным парку, каля шэрай каруселi, дзе на шэрым канi круцiцца шэры шкiлет, з’явiцца Белая рука. Яна дакранецца да шкiлета, i той рассыплецца ў пыл. Каруселя спынiцца i стане белай. Рука дакранецца толькi да аднаго шэрага дрэўца, i ўвесь парк зробiцца белым-белым. Спачатку парк набудзе бялюткую чысцiню, а потым i ўся сталiца, i ўся краiна пасвятлее. Шэрая краiна прападзе, а на яе месцы ўзнiкне самая белая ў свеце краiна. Цяпер усе даведаюцца пра белую краiну, але амаль нiхто не згадае пра Белую руку, якая, зрабiўшы светлую справу, знiкне ў невядомым накiрунку. Яна знiкне, каб зноў вярнуцца да цябе ў самы чорны, самы найчарнейшы час.
        
        
        
83. БЕЛАЯ ДЗЯЎЧЫНА
        
        Белая дзяўчына закахалася ў хлопца. Убачыла i пакахала. Ды так моцна пакахала, што вырашыла чарадзейным чынам i яго закахаць ў сябе. Белая дзяўчына зрабiла так, што ўначы з’явiлася да таго хлопца ў сне. Яна думала, што спачатку яны пакахаюцца ў снах, а потым пакахаюцца i ў сапраўднасцi. Але яна з’явiлася ў хлапечым сне так раптоўна, прыляцела так нечакана, што хлопец спалохаўся, пабачыўшы празрыста-белы прывiд, i ад страху прачнуўся. Белая дзяўчына не паспела расчаравацца i паўстала перад хлопцам у рэальнасцi. Той ад перапуду ўзяў ды сканаў. Белая дзяўчына не даравала сабе ўтворанага чарадзейнага злачынства i атруцiлася насмерць. Пахавалi iх на адных могiлках, але ў розных i далёкiх магiлах. Праўда, на абодвух капцах штовясну мацеркi нябожчыкаў, не згаворваючыся, высаджваюць зусiм аднолькавыя бялюткiя нарцысы.
        
        
        
84. ЗЯЛЁНАЯ БУТЭЛЬКА
        
        Мужчына любiў прыйсцi ў краму i паразглядаць бутэлькi. Ён старана збiраў калекцыю бракаванага шкла. Рыльца крывое, донца затоўстае, бок пагнуты, карацей, адхiленнi ад нормы прываблiвалi ягонае вока, цешылi душу калекцыянера. У шэрагу стандартнага шклянога посуду калекцыянер шукаў выбiтны характар. I знаходзiў! Гэтым разам ён знайшоў Зялёную бутэльку, яго прывабiў густы колер. Бутэлька з мiнеральнай вадою была ўдвая зелянейшая за ўсе астатнiя. Мужчына набыў яе i прынёс дадому. Там адкаркаваў i глынуў вады проста з рыльца. Глынуў i памёр. Зялёная бутэлька выпала ў калекцыянера з рукi i разбiлася на безлiч густа-зялёных аскепкаў. Такi самы лёс чакаў i ўвесь збор нестандартных бутэлек. Iх выкiнулi на сметнiк, бо нiкога не цешылi крывыя рыльцы, затоўстыя донцы i пагнутыя бакi.
        
        
        
85. ЗАЛАТЫ ЧАЛАВЕК
        
        «Грошы – зло!» – паўтарае i паўтарае бедны чалавек да той пары, пакуль у яго не з’яўляюцца гэтыя самыя грошы. Тады ён ператвараецца ў Залатога чалавека i змаўкае. Шкада, што ў большасцi людзей грошы так i не з’яўляюцца, i яны не могуць ператварыцца ў маўклiвага Залатога чалавека.
        
        
        
86. БЕЛАЯ ЗОРКА
        
        У шэрай краiне ўсе кiраўнiкi шэранькiя. Гэта не азначае, што такiя кiраўнiкi не хочуць панаваць доўга-доўга. Самы блякла-шэранькi кiраўнiк прагне ўлады не менш за чорнага цi чырвонага. Воля да ўлады ў шэранькага кiраўнiка такая ж магутная, як i ў кiраўнiка жоўтага або сiняга. Жаданне ўладарыць у галоўнага шэранькага кiраўнiка настолькi вялiкае, што астатнiя кiраўнiкi лiчаць за лепшае падпарадкоўвацца яму. Час у шэрай краiне плыве няўмольна, як i ў астатнiх дзяржавах. Галоўны кiраўнiк састарэў. Вырасла новае пакаленне дзяцей. Гэтыя дзецi i выйшлi на галоўны пляц сталiцы, бо высока ў небе загарэлася Белая зорка свабоды. Дзецi прыйшлi на плошчу i ўзнялi рознакаляровыя сцягi. Шэранькi кiраўнiк пачуў пра Белую зорку i растрывожы ўся, а разам з iм захвалявалася ўся краiна. Кiраўнiк сабраў шэранькiх святароў з шэранькiмi вайскоўцамi i спытаўся: чаму ўзышла Белая зорка i чаму сцяганосцы выйшлi на пляц? Яму сказалi, што сярод дзяцей ёсць новы кiраўнiк краiны – белы правадыр. Чутка пра зорку i новага правадыра абляцела свет. Шмат хто прыходзiў на пляц, каб паглядзець на белага правадыра. Былi i такiя, што асуджалi дзяцей, але такiх было не многа. Людзi з далёкiх заходнiх i ўсходнiх дзяржаваў таксама прыязджалi i прыходзiлi на плошчу, каб на свае вочы пабачыць мужных дзяцей пад Белай зоркаю. Тры днi i тры ночы шэранькi кiраўнiк думаў, як пазнаць i вылiчыць новага правадыра, каб пазбавiцца ад яго. Галоўны кiраўнiк нiчога не змог прыдумаць, бо кожны, хто стаяў на плошчы, мог быць правадыром. Тады шэранькi кiраўнiк загадаў шэранькiм салдатам збiваць, арыштоўваць i кiдаць за краты ўсiх, хто быў на плошчы. Салдаты паехалi выконваць жорсткi загад. Тым часам залаты анёл з’явiўся ў сне бацьку белага правадыра. Ён паўстаў i загадаў, каб бацька пайшоў на пляц i забраў дзiця сваё, каб схаваць i выратаваць новага правадыра. Бацька паслухаў анёла, пайшоў на плошчу i забраў дзiця сваё. На пляц прыехалi шэрыя машыны. Салдаты пахапалi дзяцей i развезлi па турмах. Па дарозе да турмаў вайскоўцы страшылi дзяцей, крычалi, што вязуць iх расстрэльваць. Дзецi не збаялiся пагрозаў, бо яшчэ перад тым, як выйсцi на пляц, яны чулi ад шэранькiх кiраўнiкоў папярэджанне, што ўсе, хто выйдуць са сцягамi свабоды, будуць залiчаны да тэрарыстаў, якiх чакае суд i смяротнае пакаранне. Шматкроць жахлiвая пагроза гучала па шэрым тэлебачаннi i шэрым радыё. Тэлевiзары i кампутары ўсяго свету паказвалi i каментавалi пагрозу. Таму старэйшыя грамадзяне збаялiся выйсцi на пляц, i на плошчу прыйшлi дзецi, шмат дзяцей, шмат сумленных i прыгожых дзяцей. Тры днi i тры ночы яны прастаялi са сцягамi рознакаляровай свабоды пад Белай зоркаю. Калi iх завезлi ў турмы i асудзiлi на зняволенне, галоўны кiраўнiк пачаў вывучаць спiсы з прозвiшчамi асуджаных. Разам з шэранькiмi святарамi i шэранькiмi вайскоўцамi ён шукаў iмя белага правадыра, iмя будучага кiраўнiка краiны. Шэранькiя ахоўнiкi абыходзiлi турмы i аглядалi зняволеных дзяцей, але не знайшлi белага правадыра. Бо нiкому з iх не дадзена зазiраць у будучыню, дзеля якой i паўстала Белая зорка.
        
        
        
87. ШЭРЫЯ АКУЛЯРЫ
        
        На пясчаным пляжы Менскага мора да цябе падыходзiць дзяўчынка-падлетак i прапаноўвае прымераць Шэрыя акуляры. У цябе на носе выдатныя чорныя супрацьсонечныя акуляры, i табе зусiм не хочацца прымерваць чужыя акуляры, але дзяўчынка ласкава настойвае. Каб адчапiцца ад падлетка, ты пагаджаешся. Як толькi ты надзяваеш Шэрыя акуляры, свет знiкае ў суцэльнай шэрасцi. Ты здымаеш акуляры, але святло не вяртаецца. Свет пачынае губляць гукi, пахi, вагу… Ты падаеш у шэрай цiшынi. Ты яшчэ спадзяешся, што зараз табе дапамогуць, цябе знойдуць, цябе ўратуюць… Не-е-е! Ты пачынаеш рассыпацца на шэры пыл у шэрым тумане. Ты рассыпаешся ў нiшто, а дзяўчынка iдзе далей па пясчаным беразе штучнага Менскага мора. Яна шукае iншага, хто ёй спадабаецца, каб прапанаваць прымераць Шэрыя акуляры на адно iмгненне, толькi на адно iмгненне.
        
        
        
88. ШЭРЫ КЛЮЧ
        
        Позна ўвечары мужчына вяртаўся з працы дамоў. На пустцы яго запынiлi п’яныя падлеткi. Iх было пяцёра. Яны запатрабавалi ў мужчыны гадзiннiк i грошы. Мужчына паспрабаваў пярэчыць. Адзiн з падлеткаў ударыў яго па твары i пабiў акуляры. Распачалася бойка. Падлеткi збiлi мужчыну з ног i ўсёй гурмою навалiлiся на яго. Мужчына схапiў аднаго з падлеткаў, падмяў пад сябе i пачаў яго рваць. Той так закрычаў, заенчыў, загаласiў, што нападнiкi перапалохалiся i разбеглiся. Мужчына адпусцiў крыкуна, устаў i, кульгаючы, пайшоў дахаты. Каля дзвярэй ён абшукаў кiшэнi, але так i не знайшоў ключа. Давялося вяртацца на пустку i шукаць ключ. Без акуляраў, поўзаючы па зямлi, мужчына ледзь не гадзiну шукаў свой ключ, шукаў i знайшоў. З той начной бойкi прайшло шмат гадоў, мужчына даўно памяняў замок, а потым перабраўся ў большую кватэру, але стары Шэры ключ захаваў. Той Шэры ключ стаў рэлiквiяй, сiмвалам ягонай мужнасцi i перамогi. Шэры ключ i зараз вiсiць у кватэры, на сцяне. Калi надыходзяць чорныя часы i роспачныя хвiлiны, мужчына бярэ Шэры ключ, сцiскае яго ў правым кулаку, i прыходзiць палёгка, i вяртаецца ўпэўненасць у сваiх сiлах.
        
        
        
89. БЕЛЫ КЛЮЧ
        
        Наймудрэйшым суддзёю ў шэрай краiне лiчылi Амона. Казалi, што ў старога Амона ёсць Белы ключ, якi адчыняе замкi складаных пытанняў i паказвае шлях да разумных адказаў. Аднойчы да Амона прыйшлi дзве жанчыны i прынеслi дзiця, якому не было яшчэ i трох дзён ад нараджэння. Жанчыны расказалi, што яны ляжалi ў адной радзiльнi i што амаль адначасова ў iх нарадзiлiся дзяўчынкi. Учора ўначы адна дзяўчынка памерла. Кожная з жанчын абвiнавачвала другую ў тым, што тая падмянiла мёртвае дзiця на жывое. Амон сказаў: «Прынясiце мне Белы ключ, якi адчыняе ўсе таямнiцы i дае адказы на ўсе пытаннi!» Служка прынёс меч. «Вазьмi дзiця i рассячы напалам. I аддай адну палову адной жанчыне, а другую палову – другой!»
        
        
        
90. ЗЯЛЁНАЯ РУСАЛКА
        
        Юнак iшоў праз вясновы парк Янкi Купалы. Пасля густой залевы зелянiна ззяла пад высокiм сонцам. У вялiкiх лужынах плылi белыя аблокi i сiнела неба. Юнак спынiўся каля невялiкай круглай лужыны i схiлiўся над нерухомай вадою. Зачараванымi вачыма ён любаваўся сваiм адлюстраваннем. Раптам трава пад вадою захвалявалася i пачала рассоўвацца да берагоў. Юнак паспрабаваў адступiць i не змог. Ад жаху ён скамянеў. З бяздоннага чарноцця, што ўтварылася на сярэдзiне лужыны, выплыла Зялёная русалка. Яна схапiла юнака за руку i зацягнула ў чорны вiр. Трава ссунулася з берагоў да сярэдзiны i захiнула прорву. Вада ў лужыне супакоiлася, i ў ёй зноўку засiнела неба i паплылi белыя аблокi.
        
        
        
91. ЧОРНЫ ВЫРАДАК
        
        Чорны чалавек узняў гумовую палку i ўдарыў па сiвой мужчынскай галаве. Ахвяра аблiлася гарачай крывёю. Чорны пераскочыў цераз нерухомае цела i кiнуўся да дзяўчыны. З усяе моцы ён ударыў яе па плячы. Цэлiў па галаве, але трапiў у плячук. Дзяўчо скурчылася i павалiлася на снег. Чорны схапiў яе за белыя валасы i пацягнуў да шэрай машыны з закратаванымi вакенцамi. У машыне, што iмчала ў турму, ён пляваў у юны прыгожы твар, натужлiва рагатаў i абяцаў расстраляць няскоранае дзяўчо. «Ды не чалавек ты, зусiм не чалавек! Ты – Чорны вырадак! Каб ты здох, каб ты здох, каб ты…» – падумала дзяўчына i страцiла прытомнасць. У трывожным сне дзяўчо бачыла Чорнага вырадка з гумовай палкаю ва ўзнятай руцэ. Ён намерваўся ўдарыць яе, але дзяўчына апярэдзiла злы намер i саданула ў чорнае сцягно электрашокерам. Нападнiк скурчыўся i дробна затросся. Дзяўчо прыбрала шокер. Чорны паспрабаваў замахнуцца палкаю i атрымаў новы ўдар токам. Апрытомнела дзяўчына толькi ў бальнiчнай палаце. Навокал было халодна, цiха i шэра.
        
        
        
92. СIНI ДЗЯДОК
        
        Ён з’яўляецца ў снах. Ты засынаеш, i ён прыходзiць да цябе. З белага туману выходзiць Сiнi дзядок, бярэ цябе за руку i заводзiць у хiсткi туман. I больш ты нiколi не прачынаешся.
        
        
        
93. ЧОРНАЕ СЭРЦА
        
        У аднаго чалавека было Чорнае сэрца, а больш пра яго ты нiчога не даведаешся, бо i так чорна.
        
        
        
94. ШЭРЫ РОМБIК
        
        Сям’я пераехала з правiнцыi ў сталiцу. Бацька атрымаў запрашэнне на лепшую працу i перавёз усiх сямейнiкаў у прасторную кватэру ў новым доме. Нi бацька, нi мацi, нi дачка з сынам не звярнулi патрэбнай ўвагi на маленькi Шэры ромбiк, што быў намаляваны на сцяне ў вiтальнi. У першую ноч бацька знiк. Колькi нi шукалi, не знайшлi. У другую ноч прапала мацi, не знайшлi i яе, так i дачку не знайшлi, калi яна знiкла ў трэцюю ноч. На чацвёрты дзень сын нарэшце заўважыў, што Шэры ромбiк павялiчыўся ўтрая. Хлопец не стаў нiкому расказваць пра сваё адкрыццё, i за гэта Шэры ромбiк пакiнуў яму жыццё.
        
        
        
95. ЛIЛОВЫ ДЭМАН
        
        Перадкалядная ноч. Па горадзе, у глухiм чарноццi крочыць Лiловы дэман. Горад здранцвеў i правалiўся ў цяжкi сон. Дэман iдзе ў радзiльню. Там тоўстая баба крычыць i тужыцца, каб разрадзiцца. Баба пацее, баба хоча разарвацца напалам, каб выдалiць з чырвонай раны камяк чарговага жыцця. Дэман прыходзiць у аперацыйную i схiляецца над змучанай парадзiхай. Яна бачыць вялiзарныя лiловыя вочы, яна пужаецца, яна пудзiцца, як кабыла. Сутарга выгiнае тоўстае цела, i нараджаецца зялёная пачвара, аднаногая, аднарукая, хвастатая i двухгаловая. Лiловы дэман хапае вырадка, загортвае ў чорную пялюшку, цалуе i сыходзiць у бязмесячную ноч.
        
        
        
96. РУЖОВАЯ ТАНЦОРКА
        
        Апоўначы Ружовая танцорка з’яўляецца на тваiх могiлках. Яна танцуе на алеях. Яна танчыць памiж крыжоў i помнiкаў. Яна дастае з вазаў прынесеныя нябожчыкам кветкi i раскiдае на сцежках. Яна кружляе вакол неагатычных каплiц i зачыненага касцёла. Яна ляцiць над каменнымi плiтамi i землянымi капцамi. Яна вiхурыцца пад старадаўнiмi клёнамi, поўнымi сонных птушак. Яна ззяе святлом цнатлiвай ружы. Яна – Ружовая танцорка, якая спрадвеку танчыла на магiлах спарахнелых багоў, цяпер лунае i па-над тваiмi магiламi. Ты бачыш яе, але наблiзiцца не можаш. Цябе спыняе маленькая шыльда, прымацаваная да металiчнай агароджы, шыльда з лаканiчным папярэджаннем: «У начны час аб’ект ахоўваецца службовымi трытонамi!!!»
        
        
        
97. БЕЛАЯ КАРАЛЕВА
        
        Белая каралева паабяцала хлопчыку-паэту падараваць канькi. Хлопчык павiнен быў скласцi з лёду слова «вечнасць» i за гэта атрымаць узнагароду – канькi. Хлопчык склаў «вечнасць», бо яму дапамагла дзяўчынка-спявачка. Яны склалi кавалкi лёду ў слова i пакiнулi палац Белай каралевы. Тая спрабавала знайсцi хлопчыка i дзяўчынку, але не знайшла. I тады Белая каралева вырашыла падарыць канькi самым розным хлопчыкампаэтам. У першы дзень зiмы яна з’явiлася на цэнтральным пляцы сталiцы i ўсiм, хто прачытаў ёй свой верш, падаравала цудоўныя канькi. Паэты з радасцю пахапалi падарункi i пайшлi катацца. Адны пабеглi на рэчку, другiя – на возера. I нiхто з iх не вярнуўся. Спачатку яны шпарка ехалi па тонкiм лёдзе, а потым лёд пад канькамi пачынаў ламаццакрышыцца, i паэты правальвалiся ў сцюдзёную i цёмную ваду вечнасцi.
        
        
        
98. БЕЛЫ ШКIЛЕТ
        
        Доўга-доўга мужчына iшоў па шырокай i шэрай дарозе. Ён iшоў ды iшоў, аж пакуль не заўважыў на шэрым ад пылу адхоне бялюткiя косткi. Ён спынiўся, каб спакойна разгледзець вялiкi крылаты шкiлет. Ён нiколi не бачыў шкiлету анёла. Першым моцным жаданнем было падзялiцца такой навiною. Расказаць каму-небудзь пра шкiлет, пра крылаты i Белы шкiлет. Ажывiць тэлефон i сказаць, што анёл тут заснуў i памёр каля дарогi. Расказаць, як жукi з чарвякамi паелi салодкае смачнае мяса i стачылi шаўковую скуру. Расказаць, як на чэзлай прывялай траве нерухома й самотна ляжыць адно Белы шкiлет. Расказаць, як анёл уступiў у братэрства спакойных i мёртвых, як ён пакiнуў крылы бадзёрым, рухавым, жывым. Толькi нехта спынiў жаданне мужчыны дзялiцца знаходкай. Той – нябачны – прымусiў мужчыну забраць адно крылы, вялiзныя цяжкiя крылы, каб схаваць-закапаць iх. Паслухмяны мужчына закапаў тыя крылы ў пяшчаны дарожны адхон, каб нiхто i нiколi не бачыў шкiлету анёла. Хай каля пыльнай дарогi ляжыць i смяецца такi чалавечы, звычайны i Белы шкiлет, а знямелы мужчына хай крочыць далей i далей па шырокай i шэрай дарозе.
        
        
        
99. РУЖОВЫ КОНЬ
        
        Хлопчык глядзеў на белыя слупы аблокаў. Доўга-доўга глядзеў i пабачыў Ружовага каня. Той праскакаў па белых слупах i знiк у бяздоннай сiнечы густога зiмовага неба.
        
        
        
100. ШЭРАЯ КНIГА
        
        Чалавек верыў у кнiгi. Калi яму рабiлася цяжка, ён разгортваў кнiгу, i знаходзiлася палёгка. Чалавек шукаў у кнiгах адказы на пытаннi, шукаў i знаходзiў. Жыццё таго чалавека пачало хiлiцца да завяршэння, i ён вырашыў знайсцi такую кнiгу, якая распавядзе пра быццё пасля смерцi. Шмат кнiжак распавядалi пра смерць, шмат кнiжак казалi пра Пекла i Рай, але чалавек не верыў у казкi. Ён знайшоў букiнiста, якi за вялiкiя грошы паабяцаў прынесцi Шэрую кнiгу з таемнымi ведамi. Чалавек выкупiў Шэрую кнiгу, прынёс дамоў, зачынiўся на ўсе замкi, закрыў i зашторыў усе вокны, сеў i разгарну ў фалiянт. Вокладка той кнiгi была чыста-шэрая, i ўсе старонкi былi таксама чыста-шэрыя. Колькi чалавек нi ўглядаўся ў старонкi, але не змог разгледзець анiводнага слова i не змог убачыць нiводнай лiтары. У роспачы ён наважыўся сам напiсаць у той кнiзе слова. Узяў асадку i напiсаў «жыццё». Ён яшчэ толькi дапiсваў лiтару «ё», а лiтара «ж» ужо знiкла. Праз iмгненне прапала i ўсё слова цалкам. Чалавек пачаў пiсаць у Шэрай кнiзе iншыя словы з iмёнамi i датамi, але ўсе яны знiкалi, i старонкi заставалiся такiмi самымi чыста-шэрымi, як раней. Чалавека ахапiў адчай, ён схапiў Шэрую кнiгу i пайшоў да букiнiста, каб вярнуць набытак, але той адмовiўся браць назад чароўную рэч з таемнымi ведамi. Ён параiў чалавеку пачакаць новага пакупнiка, якi будзе верыць у кнiгу i захоча валодаць таямнiцаю. Чалавек засумняваўся, што зможа дачакацца такога пакупнiка-вернiка, на што букiнiст сказаў: «Я чакаў i дачакаўся, таму i ты дачакаешся, калi зноў паверыш у кнiгi…»
        
        
        
101. ШЭРЫ ПЕРАМОЖЦА
        
        Вельмi-вельмi даўно, калi дзяды самых старых дзядоў былi яшчэ зусiм малымi дзецьмi, у шэрай краiне ўладарыў Шэры пераможца. Кiраваў ён жорстка i крывава. Народ пакутаваў. I таму ў нетрах прыгнечанага народа нарадзiўся асiлак. Вырас той асiлак i пайшоў на змаганне з Шэрым пераможцам. Той адужаў асiлка. На вежу шэрага замка ўзняўся вяшчальнiк i пракрычаў: «Вораг загiнуў, мы вiтаем пераможцу!» Пасля той бiтвы яшчэ больш жорсткiм зрабiўся Шэры пераможца, i народ стаў пакутаваць яшчэ горай. I ў народных нетрах iзноў нарадзiўся асiлак, i зноў прайграў ён двубой са зненавiдным гадам, i вяшчун пракрычаў з шэрай вежы на ўсю краiну: «Вораг загiнуў, мы вiтаем пераможцу!» Нараджалiся i паўставалi асiлкi, а пераможца забiваў народных герояў, i вяшчун ухваляў перамогi. Здавалася, так будзе вечна. Так i было, ажно пакуль не нарадзiўся вялiкi асiлак. Народ вiтаў нараджэнне свайго новага героя, народ дачакаўся той бiтвы, у якой вялiкi асiлак нарэшце перамог i забiў пачвару. Узрадаваўся народ, пачалося народнае свята, людзi на руках занеслi вялiкага асiлка ў галоўны замак шэрай краiны. Чаго толькi не было ў тым замку!.. Золата, срэбра i дыяменты на кожным кроку. Але як толькi вялiкi волат дакрануўся да тых незлiчоных каштоўнасцяў, ён ператварыўся ў Шэрага пераможцу. Пераляканыя людзi разбеглiся i пахавалiся. Адно вястун застаўся нязменным, ён узняўся на высокую вежу i пракрычаў: «Вораг загiнуў, мы вiтаем пераможцу!» А Шэры пераможца назваў той дзень Днём Перамогi, i загадаў пераназваць галоўную вулiцу сталiцы ў Праспект Перамогi, а найвялiкшы пляц – у Плошчу Перамогi i яшчэ загадаў запалiць на Плошчы Перамогi вечны агонь.
        
        
        
102. ШЭРЫ МЯРЦВЯК
        
        Чалавек памёр, i стаў Шэрым мерцвяком. Яго абмылi, прыбралi ў святочна-белую кашулю i пасадзiлi за стол. Неўзабаве да мерцвяка прыйшлi старыя крылатыя сябры. Яны паселi вакол стала i пачалi гуляць у карты. Яны гулялi ў карты так, нiбыта Шэры мярцвяк быў усё яшчэ жывым чалавекам. Адно, што адрознiвала гэтую гульню ад звычайнай – гулялася яна не на грошы. Белакрылыя сябры прагулялi ў карты з Шэрым мерцвяком паўночы. Яны прагулялi да таго моманту, калi прывезлi труну. Сябры паставiлi труну на стол, паклалi ў яе мерцвяка ў бялюткай кашулi i сышлi. Яны пайшлi гуляць далей. Яны сышлi, каб зноў гуляць на грошы, бо шэраму – шэрае, а жывому – жывое, грэшнае i грашовае.
        
        
        
103. ЧЫРВОНАЯ ЛIСIЦА
        
        Па шэрым горадзе бегла Чырвоная лiсiца. Яна ляцела па заснежаных вулiцах у батанiчны сад. Лiсiца пачула ад людзей, што ў садзе пасярод восенi закрасавала вiшня, а цяпер, пасярод зiмы, на дзiвосным дрэўцы саспелi некалькi ягадак. Чырвоная лiсiца спяшалася пакаштаваць незвычайныя вiшнi. Зазвычай, лiсiца не есць ягадаў, але ж гэта былi чарадзейныя вiшнi. Чырвоная лiсiца з’ела чароўныя ягады, i ў яе выраслi ружовыя крылы. Лiсiца зрабiлася херувiмам, узнялася ў зiмовыя нябёсы i там знiкла. Людзi казалi, што такiм чынам тая Чырвоная лiсiца выправiлася на блаславёную выспу Элiзiюм.
        
        
        
104. БЕЛЫ ГОРАД
        
        У Белы горад прыйшлi пешкi два анёлы. Яны страшэнна стамiлiся i папрасiлi першага сустрэчнага пусцiць iх пераначаваць. Сустрэчны прывёў анёлаў у маленечкую кватэру. Ён пачаставаў iх салодкай гарбатаю i паклаў на сваю канапу адпачываць. Тым часам чутка пра з’яўленне анёлаў абляцела Белы горад. Каля дома гасцiннага чалавека сабраўся натоўп, якi патрабаваў выдаць анёлаў. Натоўп прагнуў дзiвосаў i задавальненняў, якiя маглi б зрабiць анёлы. Чалавек шкадаваў гасцей, але ён баяўся раз’юшаных гвалтаўнiкоў. Анёлы супакоiлi чалавека. Яны сказалi, што гвалтаўнiкi аслепнуць i не пабачаць, як анёлы разам з чалавекам выйдуць з горада. Галоўнае, каб чалавек iшоў i не азiраўся на сваё мiнулае. Чалавек iшоў i слухаў, як у яго за спiнаю падаюць i ўзрываюцца ракеты. Чалавек чуў плачы i енкi, крыкi, стрэлы i выбухi. Чалавек чуў, як гiне родны горад. I чалавек не вытрымаў, ён азiрнуўся i пабачыў полымя i дым. Замест Белага горада гарэлi чорныя руiны. I чалавек пабег у родны горад i загiнуў разам са сваiмi сляпымi белаградцамi. Анёлы цяжка ўздыхнулi i рушылi далей. Яны iшлi па шэрай дарозе i гаварылi на мiлагучнай анёльскай мове. Звычайныя бяскрылыя анёлы абмяркоўвалi свае справы ў наступным горадзе.
        
        
        
105. ШЭРЫ ЧАЛАВЕК
        
        Шэры чалавек падпiльноўвае цябе на шляхах тваiх i робiць брыдкiя прапановы. Ён кажа, каб ты не хадзiў на працу. Табе лянота iсцi на работу, i ты збочваеш у краму. Ён прапаноўвае выпiць таннага вiна. Ты выпiваеш. Ён заваблiвае цябе да маладой блуднiцы. Ён падказвае, што варта курнуць марыхуаны. У скверыку ты пыхкаеш касяком. На вулiцы Шэры чалавек паказвае табе п’янога заможнага грамадзянiна, у якога грошай значна больш, чым у цябе. Ты пачынаеш зайздросцiць сытаму грамадзянiну. Шэры чалавек кажа, што можна пабiць i абкрасцi зненавiджанага грамадзянiна. Ты люта б’еш i рабуеш заможнага небараку. Ад зробленага за дзень ты напаўняешся гонарам за сябе. Шэры чалавек ухваляе тваю пыху. Мярзотная асоба – Шэры чалавек. Але без яго табе сумна жыць. I, Бог мой, табе цяжка ў гэтым прызнацца, але ж ты любiш свайго Шэрага чалавека, любiш Шэрага чалавека ў сабе, любiш усiм сваiм чорным сэрцам.
        
        
        
106. ПРАЗРЫСТА-БЕЛАЯ ЗДАНЬ
        
        У кавярнi ўсе столiкi занятыя. Ты вымушаны папрасiць дазволу i падсесцi да незнаёмай жанчыны. Завязваецца неабавязковая размова пра дзiўныя здарэннi i невытлумачальныя рэчы. «Думаю: кахання не iснуе!» – упэўнена кажаш ты. «Думаеш?» – перапытвае жанчына. На тваiх вачах яна робiцца Празрыста-белай зданню i распускаецца ў паветры. Даводзiцца заплацiць за дзве кавы.
        
        
        
107. ШЭРЫ IДАЛ
        
        Iдзеш ты з жанчынаю… Па жыццi ты з жанчынаю ходзiш. Так зоркi склалiся, такое у цябе цела. I вось, iдзеш i знаходiш на дарозе папяровую купюру. Праз некалькi крокаў падымаеш з зямлi яшчэ адну банкноту, яшчэ раз ты нахiляешся i багацееш на 20 000 беларускiх рублёў. I твая жанчына кажа: «Такое ўражанне, што нехта бяжыць паперадзе цябе i раскiдвае грошы, каб ты толькi падбiраў. У мяне заўсёды была думка, што для адных людзей нехта на дарозе раскiдае грошы, а другiм трэба несупынна працаваць i зарабляць дробныя капейкi. Ты не ведаеш, хто табе грошы кiдае на шляху?» – «Проста я не лянуюся i не саромлюся нахiляцца i падбiраць грошы. Калi ты не будзеш ленавацца, i ў цябе з’явяцца грошы!» – амаль упэўнена кажаш ты. «Не! Не ўсё так проста. У гэтым ёсць нейкая таямнiца. Не хочаш мне расказваць, не расказвай, але нехта бяжыць паперадзе цябе i раскiдвае грошы, бяжыць i раскiдвае!» – «Няма нiякай таямнiцы. Якая можа быць таямнiца. Я бачу грошы i падбiраю iх.» – «Можа, ты некага наймаеш, каб ён бег паперадзе, калi ты iдзеш з жанчынаю, бег i раскiдваў грошы. А ты падбiраеш грошы i выглядаеш у жаночых вачах такiм шанцуннiкам, якому грошы сыплюцца з неба… Хiба не так?» – «Вядома, не так! Нiкога я не наймаю, тэатральныя пастаноўкi з раскiдваннем банкнотаў не замаўляю. Не ў маiм характары трацiць грошы на танныя тэатральныя эфекты», – ты пачынаеш раздражняцца. Жанчына заўважае тваё хваляванне, i вы больш не гаворыце на тэму знаходкi купюраў на дарозе. Глупства, канешне, але ты амаль паверыў у тое, што нехта сапраўды хоча, каб ты багацеў. У лепшае верыцца лёгка, у нешта кепскае паверыць цяжка, а ў добрае – лягчэй лёгкага. Вось чалавек не верыць у смерць. Ён выдумляе ўсякае рознае пра ўваскрашэннi i пераўвасабленнi. У бессмяротнасць душы чалавек верыць, а ў аднаразовасць свайго зямнога жыцця не верыць, цi дакладней – адмаўляецца верыць. Вось i ты паверыў у таго, хто раскiдае для цябе грошы. Паверыў i пачаў яго шукаць. Толькi гэта было зусiм не проста. Знайсцi аб’ект веры цяжка, але ты верыў, што знойдзеш. Ты верыў у сваю зорку i шукаў, шукаў, шукаў. Хто шукае, той знаходзiць! У гэта ты верыў таксама. Ты пачаў распытваць сваiх знаёмых пра знаходкi. О! Чаго яны толькi не знаходзiлi. Гадзiннiкi, кашулi, пярсцёнкi, шапкi, гузiкi, пальчаткi, шалiкi… Адзiн твой знаёмы знайшоў серыйнага забойцу. Так-так, менавiта серыйнага забойцу. Знаёмы служыў у войску пры клубе. Ён добра маляваў, i яго накiравалi афармляць клуб. Аднаго разу яго пабудзiлi пасярод ночы i сказалi намаляваць партрэт. За ўзор яму далi пашпартную фотакартку, парваную напапалам. Ён склеiў картку i намаляваў павялiчаны партрэт. Ранiцай, калi партрэт быў гатовы, афiцэр сказаў, каб салдат пераапрануўся ў цывiльнае i ехаў на выставу дасягненняў народнай гаспадаркi. Ёсць такая ўстанова ў Маскве. Афiцэр патлумачыў, што салдат добра ведае твар, якi маляваў, а таму зможа пазнаць той твар у натоўпе. Ноч не спаць, ранiцай не паснедаць i цэлы дзень блукаць па выставе. Каму такое спадабаецца? Грошай салдату не выдалi. Колькi ён нi шукаў грошай на той выставе, а так нiводнай капейкi i не знайшоў. Голад зрабiў сваю справу, твой знаёмы салдат падышоў да афiцэра ў цывiльным i паказаў на першага сустрэчнага, маўляў, гэта той чалавек, якога я ўначы маляваў. Чалавека схапiлi, а салдат ледзь-ледзь паспеў на вячэру ў сваю вайсковую частку. Якiм жа велiзарным было яго здзiўленне, калi яму далi медаль за паспяховае затрыманне серыйнага забойцы. Але ў гэтым здарэннi ўсё выдатна, акрамя таго, што твой знаёмы за цэлы дзень не знайшоў нi адной капейкi. Аднаго разу табе затэлефанаваў даўнi прыяцель, якi ехаў з Брусэля ў Гомель i на некалькi дзён спынiўся ў Менску. Вы даўно не бачылiся i вырашылi папiць гарбаты з яблычным штрудзелем. Захацелася пасядзець-паўспамiнаць пра вашую маладосць, калi вы разам працавалi ў рэстаўрацыйнай майстэрнi. «А чаго ты з майстэрнi сышоў?» – запытаўся ты ў свайго даўняга прыяцеля. «Зразумеў, што рэстаўрацыя не зусiм мой занятак. Што не веру нашаму настаўнiку. А калi не верыш настаўнiку, цяжка працаваць…» – «I ўсё?» – «Не зусiм… Вось i з табой рэстаўратары абышлiся не лепшым чынам…» – «Са мною? Я сам сышоў. Проста зразумеў, убачыў, адчуў, што больш не хачу хадзiць на работу ў паўразбураны касцёл…» – «Во-во, якраз пра касцёл самае смешнае. Калi ты сышоў, нашы рэстаўратары сабралiся i пачалi абмяркоўваць, як адзначыць твой сыход. I настаўнiк прыдумаў: зрабiць падобнага да цябе iдала, паставiць яго ў касцельных сутарэннях, каб падалей ад чужых вачэй, i прыносiць яму ахвяры. Як толькi ты намерваешся зрабiць нейкую брыднасць, трэба кiдаць твайму iдалу капеечку, каб ён сам супакоiўся i цябе супакоiў…» – «I яны зрабiлi майго iдала?» – «Так, яны проста намалявалi на сцяне шэрай крэйдаю тваю постаць, i атрымаўся Шэры iдал». Вось так ад прыяцеля ты i даведаўся пра свайго Шэрага iдала. Гэта ён ходзiць паперадзе цябе i раскiдвае грошы. Гэта iдал, твой iдал. А што такое iдал? Ты не паленаваўся i зазiрнуў у этымалагiчны слоўнiк. Iдал – чорт! Вядома, хрысцiяне нiчога лепшага не змаглi прыдумаць, i яны абвясцiлi ўсiх старажытных багоў iдаламi, i адпаведна чартамi; але старажытныя грэкi словам «iдал» называлi малюнак. Такi варыянт табе больш спадабаўся. Рэстаўратары проста зрабiлi твой партрэт, малюнак. Зрабiўшы такое адкрыццё, ты не мог не падзялiцца iм з той жанчынаю, што пыталася пра наймiта, якi раскiдвае грошы на тваiм шляху. «Адкуль рэстаўратары ведалi, што твайго Шэрага iдала трэба залашчваць грашыма, а не пароць iголкамi? Звычайна гэтых iдалаў поруць iголкамi i паляць на агнi, а тутака яму грошы насыпаюць…» Такое пытанне зноўку загнала цябе ў тупiк. I ты вырашыў раскапаць глыбей гiсторыю i матывацыi стварэння менавiта грошалюбiвага Шэрага iдала. Ты разгарнуў сваю працоўную кнiжку. Выпiсаў даты прыняцця i звальнення цябе з рэстаўрацыйнай майстэрнi. I ты згадаў! Так, ты згадаў канфлiкт з бухгалтаркай. Быў, быў у цябе канфлiкт у рэстаўрацыйнай майстэрнi. Ты толькi першы месяц у iх папрацаваў, i адразу ж узнiк грашовы канфлiкт. Бухгалтарка, налiчваючы табе заробак, памылiлася i дала на 174 рублi больш. А 174 рублi – стыпендыя студэнта за семестар, вялiкiя грошы. Ты грошы забраў i сышоў. Праз месяцы два тая бухгалтарка спахапiлася, пачала цябе прасiць, каб вярнуў рублi. А яшчэ варта сказаць, што рэстаўрацыйная майстэрня была вельмi рафiнаванай установай, такой звышвыкшталцонай i звышiнтэлектуальнай. Таму тваё адмаўленне вяртаць грошы прагучала як гарматны стрэл. «Як не вяртае? Чаму не вяртае? Хто ён такi, каб не вяртаць? Вы казалi пра суд? Казалi? А ён што? Кажа «падавайце»? Мы падамо на яго ў суд!!!» I яны падалi на цябе ў суд. Паштарка прынесла позву, i ты распiсаўся ў атрыманнi. Па дарозе ў суд ты зайшоў у цырульню i пастрыгся «пад нуль». Ты iшоў у суд i ўяўляў: залю, суддзяў у чорных мантыях i чорных шапачках, пракурора ў шэрым гарнiтуры i адваката ў белым пiнжаку, бухгалтарку з чырвонымi вуснамi, публiку… Каля суда таўклiся людзi, бандзюганы з бандзюганкамi i мамкi iхнiя з п’янымi таткамi. Во-во, падумаў ты, публiка яшчэ тая, адпаведная тваёй лысай галаве. Ты знайшоў нумар дзвярэй, пазначаны на позве, пагрукаў i зайшоў. А там… Там замест вялiзнай залi быў маленечкi кабiнет з адным сталом, а за тым сталом сядзела адна жанчына. Такая прыязная жанчына, падобная да тваёй мамы, бiблiятэкаркi. Глянула тая жанчына ў нейкую паперу i спыталася: «У цябе тата ёсць?» – «Ёсць, – сказаў ты. – У мяне i тата ёсць, i мама». – «Тата з мамаю працуюць?» – «Працуюць!» – «А ты вучышся?» – «Вучуся!» – «Давай зробiм так, ты пойдзеш да таты i папросiш у яго 174 рублi. Тата табе дасць 174 рублi, ты пойдзеш на пошту i пакладзеш iх вось на гэты рахунак, – жанчына, падобная да тваёй мамы, напiсала на паперцы нумар. – Табе дадуць квiтанцыю. З гэтай квiтанцыяй ты прыйдзеш да мяне, аддасi яе, i мы забудзем пра ўсю гэтую гiсторыю…» I ты паслухаўся жанчыну. Пайшоў да мамы, узяў грошы i аднёс квiтанцыю ў суд. Цяпер можна зразумець, якая ў цябе была рэпутацыя сярод рэстаўратараў. Дзякучы суду, рэстаўратары i прыдумалi твайго грошалюбiвага Шэрага iдала. Прынамсi, так яно выглядае для цябе. Можна пайсцi ў рэстаўрацыйную майстэрню, у Бастылiю… Рэстаўратары называюць сваю майстэрню «Бастылiя». Можна спытацца ў бастылiянцаў пра Шэрага iдала. Але ты ведаеш наперад, што яны табе скажуць. «Няма i нiколi не было нiякага Шэрага iдала. Што за глупствы! Няўжо ты паверыў у iдала? Гэта жарт! Мы пажартавалi…» Можна яшчэ паехаць у Мсцiслаў, прабрацца ў сутарэннi кармелiцкага касцёла i знайсцi малюнак. Касцёл вялiкi, малюнак маленечкi, знайсцi яго будзе вельмi цяжка. I калi ты яго знойдзеш, што гэта зменiць? Ты знiшчыш аднаго свайго Шэрага iдала, i што далей? I якi сэнс у тым знiшчэннi? Нiякага. Бо рэстаўратары зробяць iншага Шэрага iдала, яны ж вялiкiя майстры. I новы Шэры iдал будзе iсцi паперазе цябе i раскiдваць грошы на тваiм шляху, а жанчына будзе зноў здзiўляцца.
        
        
        
108. ШЭРЫ ПАЛЕЦ
        
        На левай далонi, крыху нiжэй мезенца ў цябе з’явiлася маленечкая радзiмка. Праз колькi дзён, яна вырасла ў вялiкую бародаўку. Ты спрабуеш здзерцi тую бародаўку пазногцямi. Яна балiць, крываточыць i не зрываецца. Iдзеш да доктара, якi кажа: «Не чапаць, назiраць i зайсцi праз тыдзень.» За якiя тры днi бародаўка вырастае ў цэлы палец з шэрым пазногцям. Табе даводзiцца хаваць ад чужых вачэй брыдкую шасцiпалую руку. Нават у бальнiцу iсцi саромешся. Ты накiроўваешся да вядзьмаркi-варажбiткi, якая зазiрае ў круглае срэбнае люстэрка i кажа: «Гэтай рукою бралася чужое. Таму i вырас на ёй чортаў Шэры палец, каб красцi было спрытней!» Ты просiш варажбiткувядзьмарку, каб яна зрэзала табе Шэры палец. I яна адразае тупымi ржавымi нажнiцамi твой новы шосты палец. Шэры палец застаецца жыць у шкляным слоiку, пад чорнай гумовай накрыўкаю, у шафе, на палiчцы ў спрытнай вядзьмаркi, а ты… Памiраеш ты ад хуткацечнай гангрэны.
        
        
        
109. РУЖОВАЯ ДЗЯЎЧЫНА
        
        Жылi-былi тры браты: Нiф-Нiф, Нуф-Нуф i Наф-Наф. Добра жылi, мiрна жылi, шчаслiва жылi i гора сабе не ведалi. Так яны жылiпажывалi, пакуль у суседнiм доме не пасялiлася Ружовая дзяўчына – Лаў-Лаў. Усе браты, як адзiн, закахалiся ў Ружовую дзяўчыну. Усе дарылi ёй кветкi i каштоўныя рэчы. Усе прапаноўвалi ёй выйсцi замуж, але Лаў-Лаў заставалася абыякавай i да Нiф-Нiфа, i да Нуф-Нуфа, i да Наф-Нафа. Браты пачалi думаць, што Лаў-Лаў – фемiнiстка, i, наогул, яна не любiць мужчын. Так бы яны i думалi, каб на iх вулiцы не пасялiўся мужчына, у якога Ружовая дзяўчына закахалася з першага погляду. Лаў-Лаў пакахала мужчыну адразу i назаўсёды. Яна дарыла свайму абраннiку каштоўныя рэчы i частавала яго рознымi прысмакамi. Нiф-Нiф, Нуф-Нуф i Наф-Наф зайздросцiлi яму i шкадавалi Ружовую дзяўчыну, бо той абраннiк доўгi час быў абыякавы да Лаў-Лаў. Браты пачалi былi думаць, што абраннiк – гей, i ён наогул не любiць жанчын. Так бы яны i думалi, каб Ружовая дзяўчына не абвясцiла пра сваё вяселле. Яна запрасiла на ўрачыстасць i НiфНiфа, i Нуф-Нуфа, i Наф-Нафа. I браты слаўна адгулялi на вяселлi Ружовай дзяўчыны Лаў-Лаў i яе абраннiка – Фак-Фака.
        
        
        
110. ЗВЫЧАЙНА-ШЭРЫ ЧАЛАВЕК
        
        На прыпынку да цябе падыходзiць звычайны чалавек. «Я ўмею лётаць… Вы мне верыце?» Ты насцярожваешся. «Я магу вось тут, перад вамi ўзняцца на паўметра над зямлёю без усялякiх прыстасаванняў. Вазьму i павольна падымуся ў паветра. Верыце?» Табе робiцца нават шкада дзiвака. «Давайце паспрачаемся на мiзэрную суму. Вы нiчога, амаль нiчога не згубiце i пабачыце, як чалавек можа лётаць…» Ён працягвае табе вузкую далонь, i ты абыякава пацiскаеш яе. Спрэчка зафiксавалася. Ён забiрае далонь i павольна ўздымаецца ў паветра. Ты нямееш. Звычайна-шэры чалавек апускаецца на асфальт. «А вы не верылi…» – цiха i паблажлiва кажа звычайна-шэры дзiвак. Ты дастаеш партманетку i аддаеш праспрачаныя грошы. Ён сыходзiць, а ты бяжыш за iм… «Чакайце. Вы – дзiва! Вы маглi б выступаць на стадыёнах! Тысячы, дзесяткi тысяч людзей прыходзiлi б паглядзець на вас! Я ўсё бяру на сябе, я ўсё арганiзую… Афiшы, квiткi, гатэлi…» – «Не! Я не буду выступаць на стадыёнах. У мяне i так усё добра. Проста ў мяне такая работа. Сваiмi палётамi я зарабляю на хлеб. Бывайце…»
        
        
        
111. БРУНАТНАЯ РУКА
        
        У чужым горадзе ты захочаш у прыбiральню. Цябе прыцiсне. Цябе прыхопiць адразу па ўсiх параметрах, i па вялiкiх, i па малых. Ты паляцiш, паiмчыш, пакоцiшся ў пошуках унiтаза. Ты, вядома, знойдзеш яго, ты сядзеш на яго, ты пачнеш… А яна цябе схопiць. Брунатная рука ўчэпiцца сваiмi вострымi кiпцямi ў твае пяшчотныя полавыя ворганы. Усе пяць яе кiпцяў увойдуць сваёю кручкаватасцю ў тваю плоць. Ты зайдзешся немым крыкам. Брунатная рука вырве з цябе нутро ажно да самага страўнiка i схаваецца ў нетрах каналiзацыi, разам з тваiмi вантробамi. А ты застанешся на ўнiтазе, ты будзеш там сядзець, каб сваiмi вырачанымi вачыма i ашчэранай пашчаю напалохаць прыбiральшчыцу да смяротнага палярушу.
        
        
        
112. ШЭРЫ ГАДЗIННIК
        
        Набываеш новы гадзiннiк. Ты верыш – гадзiннiк дапамагае ўпарадкаваць жыццё. Яно кароткае, i табе шкада трацiць каштоўны час на розную непатрэбшчыну i нiшчымiцу. Дарагi наручны гадзiннiк з выразнымi стрэлкамi i чытэльнымi лiчбамi мусiў табе дапамагаць. Але, прыйшоўшы з крамы дамоў, ты пабачыў, што гадзiннiк твой пашарэў. Проста на вачах пазнiкалi лiчбы i стрэлкi. На раменьчыку замест гадзiннiка быў металiчны блiнец роўна-шэрага колеру. Ты вярнуўся да крамнiка, але ў ягоных руках той блiнец стаў добрым гадзiннiкам, тым самым, якi ты i набываў. Ты не ведаў, што сказаць, i прынiжаны пайшоў дахаты. Ты дастаў з кiшэнi чарадзейную рэч. Нi лiчбаў, нi стрэлак, нi цiкання. Шэры гадзiннiк маўчаў. Твой Шэры гадзiннiк маўчаў. Але ў гэтай цiшынi, у гэтым маўчаннi ты пачуў i зразумеў, што гэта менавiта твой Шэры гадзiннiк.
        
        
        
113. ЧЫРВОНАЯ ТРУНА
        
        Думаеш, яна прыкоцiцца да цябе на сваiх маленькiх колцах? Не! Чырвоная труна прытупае на сваiх караценькiх дубовых ножках. Туп-туп i прытупае. Павольна-павольна, але няўмольна-няўмольна. Туп-туп. Чуеш? Яна – Чырвоная труна – нарадзiлася разам з табою. Яна расла i вырасла з табою разам. Ты пра яе забываўся, а яна заўсёды памятала пра цябе. Яна заўсёды iшла да цябе. Туп-туп. Блiжэй i блiжэй. Туп-туп-туп…
        
        
        
114. ШЭРАЯ ПТАШКА
        
        Самалёт узляцеў, i зямля ссунулася за край iлюмiнатара. Шэрыя аблокi хутка паплылi за тоўстым шклом. Чарада птушак прамiльгнула перад вачыма цiкаўнага мужчыны. Ён прыляпiўся да iлюмiнатара ў iмкненнi лепей разгледзець птушак. Адна з iх, самая вялiкая, падляцела зусiм блiзка. Мужчына ветлiва памахаў рукою Шэрай пташцы. А тая нахабна села на крыло i пачала дзяўбсцi светлы метал. Яна дзяўбла так спрытна i шпарка, што праз некалькi хвiлiн палова самалётнага крыла адламiлася i паляцела ўнiз. Пасажыры, што яшчэ iмгненне таму спакойна чыталi свежую прэсу, здрыганулiся ад жаху. Самалёт пачаў падаць. Жудасныя енкi i галашэннi запоўнiлi салон. Чалавечыя целы перамяшалiся з рэчамi i адно з адным. Толькi цiкаўны мужчына застаўся ў сваiм крэсле. Ён да болю сцiснуў зубы, заплюшчыў вочы, учапiўся ў падлакотнiкi, апусцiў галаву памiж каленяў i малiўся. Ён малiўся да канца, да поўнай i глыбокай вусцiшы. I яна неўзабаве надышла, гэтая бязмежная цiша. Чалавек асцярожна абмацаў сваю галаву. Яму падалося, што яна цалкам нармальная. Тады ён павольна расплюшчыў адно вока. Яркае святло разанула балюча i жорстка. Чалавек замiргаў i ўскочыў з крэсла. Самалётны салон быў цалкам пусты. За iлюмiнатарамi чарнела густая ноч. Асцярожна, крадком, на паўсагнутых нагах мужчына пачаў прабiрацца да кабiны пiлотаў. На падлозе каля самай кабiны ён знайшоў кнiгу. Чалавек разгарнуў яе i прачытаў пра сябе, пра Шэрую пташку, пра адламанае самалётнае крыло, пра падзенне, пра сляпучае святло ў пустым салоне i пра знойдзеную кнiгу. Што будзе далей? Пра гэта ў кнiзе не было нiводнага слова. У кнiзе пiсалася толькi пра мiнулае, як у татальнай большасцi кнiг наогул. Мужчына адчынiў дзверы кабiны i зазiрнуў у будучыню. Нiчога суцяшальнага яго ў той будучынi, канешне ж, не чакала. Кабiна была пустая, калi не лiчыць адной, адсечанай каля локця рукi. Тая рука ўчэпiста трымалася за штурвал i кiравала караблём. З мужчыны, неяк сам сабою, выцiснуўся стогн. Рука, нiбыта пачуўшы гэта, кiнула штурвал i па паветры рушыла да чалавека. Той кiнуўся ўцякаць. Ён вялiзнымi скачкамi накiраваўся да запаснога выхаду. Адчынiў люк i з крыкам кiнуўся ў цемрадзь. Белатварая смерць спакойна назiрала, як чалавек падае ў начной вусцiшы. Калi прыгледзецца, дык на бяскроўным твары ўсюдыiснай смерцi можна было заўважыць лёгкую ўсмешку. Мужчына ляцеў i ляцеў. Ён ляцеў так доўга, што перастаў нават разумець: цi ён падае ўнiз, цi ўзлятае ўверх. Рух у нейкае iмгненне наогул спынiўся. Чалавек сцiшыўся ў позе iмбрыёна i прыслуха ўся. Недзе, зусiм побач, журкатала вада. Чалавек расплюшчыў вочы i азiрнуўся. О, дзiва! Ён стаў лiлiпутам, якi ляжыць на жываце у велiканшы. Аголеная белацелая велiканша раскiнулася на беразе акiяна. Чалавек хацеў папрасiць у велiканшы дапамогi. Ён паспадзяваўся, што жанчына пашкадуе яго, абагрэе, аблашчыць i накормiць. Ён думаў, што вялiкай жанчыне будзе цiкава жыць з iм i мець сапраўднага жывога лiлiпута. Ён пабег па яе белым целе – ад улоння, абмiнаючы пуп, мiж грудзей, да малiнавых вуснаў… Раптам вусны расцягнулiся, велiканша пазяхнула, i з яе рота вылецела Шэрая пташка. Так, тая самая пташка, што аддзяўбла самалёту крыло. Яна пранеслася над галавою пераляканага лiлiпута i села на локаць велiканшы. Увобмiльг Шэрая пташка аддзяўбла велiзарную руку. Велiканша заскавытала, ускочыла на ногi. Чалавек упаў у акiян. Спадзеву ўратавацца, выплысцi, убачыць бераг у мужчыны не было. Але ён плыў, плыў i плыў. Свядомасць пакiдала яго, а калi вярталася, ён усё яшчэ плыў. А калi свядомасць вярнулася невядома якi раз, мужчына ўбачыў, што ён плыве па рэчцы, а над рэчкаю навiсае мост. Мужчына выйшаў на бераг i зайшоў на мост. Там, на мосце, ён ашчаперыў галаву рукамi так, каб зацiснуць вушы, i закрычаў. Ён крычаў так, што ўсё наваколле захвалявалася. Хвалi беглi па рэчцы, па акiяне, па ўзгорках i аблоках. А чалавек крычаў i крычаў. Ён так крычаў, што нават смерць – спакойная i абыякавая, не вытрывала i падышла да чалавека. Яна падышла да яго i паказала, што ён абавязаны паглядзець на сваё горла. Чалавек перастаў крычаць i абмацаў сваё горла. Замест гальштука на ягонай шыi целяпалася жаночая рука. Ён асцярожна, па адным, адарваў жаночыя пальцы ад сваёй шыi i аддаў руку смерцi. Тая забрала руку i знiкла. Мужчына спакойным вокам аглядзеў наваколле. Высока-высока ў небе ён заўважыў самалёт, маленькi самалёт, падобны да Шэрай пташкi.
        
        
        
115. ЧЫРВОНАЯ ВАДКАСЦЬ
        
        Мужчына з вялiкай бутэлькi налiў сабе поўную шклянку Чырвонай вадкасцi i хутка выпiў. Ён са смакам аблiзнуў бэзавыя вусны i паўтарыў аперацыю. Калi мужчына трэцi раз напаўняў шклянку, у варэльню зазiрнула жанчына: «Зноў?» – «Што, зноў?» – «Нажыраешся!» – «Маўчы, баба!» – «Сам ты маўчы, вырадак!» Мужчына крыва ўзняўся з крэсла i моцна хiстануўся ўбок газавай плiты. Жанчына злосна зарагатала. Мужчына з нечаканым спрытам нахiлiўся i выцягнуў з-пад плiты пляскатую сякеру для апрацоўкi мяса. Жанчына папярхнулася ўласным рогатам. Мужчына з усяе моцы секануў па маленькай галаве ўласнай жонкi. Тая села на нямытую падлогу i аддала Богу душу. «Гэта не я! – закрычаў забойца. – Гэта яна, яна – Чырвоная вадкасць!!!»
        
        
        
116. ЧОРНЫ ТУНЕЛЬ
        
        Сядаеш ў электрычку i едзеш. Леваруч – мора, праваруч – горы. Мора чыста-зялёнае, горы цёпла-жоўтыя. Электрычка заглыбляецца ў тунель, а ты чакаеш, пакуль iзноў можна будзе глядзець на пяшчотна-блакiтнае неба i мякка-бэжавы пясок. Чакаеш, а тунель не канчаецца i не канчаецца. Спачатку ты верыш у тое, што Чорны тунель вось-вось скончыцца i ты пабачыш сонца. Пазней ты спадзяешся, што Чорны тунель зробiцца светлым. Нарэшце ты супакойваешся i едзеш далей спакойна, бо разумееш, што скончыцца не тунель, а скончышся ты, а Чорны тунель будзе працягвацца бясконца.
        
        
        
117. РУЖОВАЕ СЭРЦА
        
        Табе не спiцца. Ты стараешся заснуць, а не можаш. Ты закахаўся. Тваё Ружовае сэрца любiць, i таму ты не можаш спаць. Ты не можаш есцi. Ты не знаходзiш нiдзе спакою. Iдеш да доктара. Лысы лекар у чорных акулярах задае табе процьму пытанняў. Ён робiць выгляд, што не ведае прычыны тваiх пакутаў. Ён пытаецца i пытаецца, ягоны допыт ператвараецца ў катаванне. Ты на мяжы вар’яцтва. Доктар кажа, што ты ўжо за мяжою вар’яцтва i без аперацыi не абысцiся. Лысы доктар голiць тваю кучаравую галаву. Ты робiшся падобны да доктара. Ён радуецца, што ты рыхтык ён, адно без чорных акуляраў. Сiнiм алоўкам доктар малюе рысу на тваёй галаве. Рыска кладзецца тонкiм абручом, крышку вышэй тваiх акуратных вушэй. Па гэтай рысе доктар адпiлоўвае i здымае верхнюю частку чэрапа. Рукамi ў чорных гумовых пальчатках доктар дастае твае мазгi i кладзе ў белую мiсу. Праз павелiчальнае шкло ён уважлiва разглядае кожную звiлiну, пакуль не знаходзiць маленькае Ружовае сэрца. Пiнцэтам ён выдаляе Ружовае сэрца i выкiдае яго ў вядро з адкiдамi. Так-так, тваё Ружовае сэрца паляцела ў смецце. А доктар засунуў твае мазгi ў пральную машыну. Ён доўга мыў i паласкаў iх, а потым паклаў у тваю галаву i закрыў чарапной накрыўкаю. Доктар забiнтаваў тваю шматпакутную галаву i на развiтанне сказаў, што аперацыя па выдаленнi воргана кахання, аперацыя па знiшчэннi Ружовага сэрца прайшла выдатна. Ты паверыў яму. Ты прыйшоў дамоў. Ты лёг на ложак i адчуў, што не зможаш заснуць.
        
        
        
118. ЗЯЛЁНАЯ СКАЛА
        
        На беразе Мiжземнага мора ўзвышалася Зялёная скала. Iснавала паданне: калi чалавек скочыць з той высокай скалы i даляцiць да сiняга мора, ён стане неўмiручым. Мала каму хацелася жыць вечна, а тыя, хто рызыкаваў скочыць, разбiвалiся аб камянi.
        
        
        
119. ШЭРЫ ПАЛЯЎНIЧЫ
        
        О, як ён – Шэры паляўнiчы – любiў пунсовых анёлаў! Ён ведаў пра iх усё-ўсё i яшчэ крышку больш. Ён ведаў i дзе яны любяць танчыць, i пра што любяць спяваць. Ведаў, дзе яны адпачываюць i дзе чысцяць пёры сваiх шырокiх крылаў. Шэры паляўнiчы мог напiсаць трактат пра пунсовых анёлаў. Ён мог бы абаранiць кандыдацкую i доктарскую працы, i яны, безумоўна, сталi б вялiкiм навуковым адкрыццём, бо нiхто столькi не ведаў пра пунсовых анёлаў, колькi ведаў i памятаў Шэры паляўнiчы. А веды ягоныя былi неабходнасцю, бо Шэры паляўнiчы бiў пунсовых анёлаў са стрэльбы. Так, ён iх забiваў, бо харчаваўся Шэры паляўнiчы выключна анёльскiм мясам. Нiчым iншым ён харчавацца не мог. Спрабаваць ён спрабаваў, але прырода Шэрага паляўнiчага не прымала нiякага iншага харчу, акром мяса з крылаў пунсовых анёлаў.
        
        
        
120. ШЭРЫ МАГ
        
        У невялiчкiм гарадку… Так-так, такая значная падзея адбылася ў зусiм маленькiм гарадку. Паводле логiкi рэчаў, яна мусiла адбыцца ў сталiцы свету, у якiм Лондане цi Нью-Ёрку, а не ў Сiчазе, што пад Барселонаю. Але падзея адбылася там, дзе адбылася. Пачалося ўсё са з’яўлення ў гарадку Шэрага мага. Прыехаў звычайны адпачыннiк з вялiкiм шэрым чамаданам, завiтаў да мэра i прапанаваў адрамантаваць галоўны гарадскi гадзiннiк. Мэр ужо некалькi месяцаў шукаў майстра, каб той узяўся рапараваць гарадскi гадзiннiк. А тутака майстар сам i прыйшоў. Сумневы ў мэра, канешне, былi, ён таму i стаў мэрам, бо нiкому нiколi не верыў, акрамя сябе. Толькi нi мэр, нi хто iншы нiколi не мог бы здагадацца пра дзiва, якое адбудзецца ў iх гарадку. Скажу адразу: гадзiннiк Шэры маг адрамантаваў за тыдзень, i якраз падчас раўнадзенства, а дванадцатай ночы запусцiў яго. I гадзiннiк пайшоў, толькi пайшоў ён у адваротны бок, пасля поўначы не надышла гадзiна, а замест яе стала адзiнаццаць вечара. Час пайшоў насуперак самому сабе. Захад заружавеў, i на захадзе ўзышло сонца. А людзi? Людзi пачалi маладзець. Спачатку жыхары маленькага Сiчаза думалi, што Шэры маг стварыў дзiва толькi ў iхнiм гарадку. Але неўзабаве высветлiлася, што ва ўсiм свеце людзi жывуць не ад маленства да старасцi, а ад старасцi да маленства. Нейкi час усе шукалi Шэрага мага, якi знiк адразу, як толькi пайшоў падноўлены гадзiннiк, а потым забылiся на яго, бо няма вялiкай рознiцы ў тым, што нараджэнне i смерць памянялiся месцамi. Гэта як пiсаць i чытаць кнiгi, можна злева направа, можна справа налева, галоўнае, каб сэнс быў, каб было жыццё i каб гадзiннiк, адрамантаваны Шэрым магам, працаваў. Так-так-так… Чуеш? Ён працуе…
        
        
        
121. ЧЫРВОНЫ КНIЖНIК
        
        Каб пасадзiць рагатага i крылатага д’ябла на ланцуг, трэба мець не толькi спрыт, але i веды. Чырванакнiжнiк пасадзiў на срэбны ланцуг хвастатага драпежнiка i вывеў на гарадскi пляц. Ён думаў, што народ залiчыць яго ў героi. Толькi здарылася адваротнае… Народ, на чале з чарнакнiжнiкамi, абурыўся. Чырвонага кнiжнiка абвiнавацiлi ў сяброўстве з д’яблам. Народ схапiў Чырванакнiжнiка i кiнуў у турму. Нiхто нават увагi не звярнуў на тое, што д’ябал сарваўся з ланцуга i ўцёк. Усё праглi судзiлiшча i пакарання Чырвонага кнiжнiка – «сябрука д’ябла». Спачатку яго распнулi на крыжы i злупiлi з яго ўсю скуру. Чырвоны кнiжнiк, сплываючы крывёю, сказаў катам: «Што робiце вы? Каго караеце? Каго слухаеце? Вы – тыя, хто вызвалiў д’ябла, забiваеце таго, хто д’ябла схапiў i паланiў. Што ёсць справядлiвасць? Што ёсць iсцiна?» Ад такiх слоў народ азлiўся яшчэ больш. Каб супакоiць раз’юшаны натоўп, чорныя кнiжнiкi адсеклi Чырвонаму кнiжнiку галаву, а цела яго i скуру ягоную разам з галавою спалiлi ў вялiкiм вогнiшчы. Калi агонь патух, калi вецер развеяў смурод злачынства, а на горад апусцiлася ноч, усе пачулi грамавы рогат. Гэта д’ябал смяяўся з бязмежнага чалавечага глупства.
        
        
        
122. РУДЫ АНЁЛ
        
        Руды чорт прапанаваў блакiтнаму анёлу глынуць вiскi. Анёл адмовiўся, спаслаўся на тое, што анёлы п’юць адно ваду са святых крынiц. Чорт пачаў прасiць анёла, кажучы, што не хоча пiць адзiн, а яму смерць як трэба пахмялiцца. Чорт казаў: «Ну дзеўбанеш ты, анёл, трыццаць грамаў вiскара, ну што з табой можа здарыцца? Нiчога не можа здарыцца ад трыццацi грамаў. А мне дапаможаш вылекавацца. Зробiш добрую справу. Добрая справа табе залiчыцца ў актыў. Глынi проста з рыльца, тры кроплi!» Блакiтны анёл глынуў вiскi i пабялеў. Калi глынуў другi раз, ён паружавеў, а пасля трэцяга прыкладання да рыльца замест блакiтнага анёла побач з чортам сядзеў Руды анёл, руды, як сам чорт. «Здаецца, я парудзеў?» – «Не пераймайся. Бывае. Наранiцу будзеш як новы!» – чорт спрабаваў супакоiць п’янога анёла, i супакоiў, i спаць паклаў. А ранiцай замест анёла прачнуўся новаперакiнуты чорт. Звычайны руды чорт прачнуўся заместа блакiтнага анёла.
        
        
        
123. ШЭРЫ КЕНТАЎР
        
        Кентаўр злавiў вялiкую рыбiну. У вялiкай рацэ Шэры кентаўр доўга лавiў i нарэшце злавiў залатую рыбiну. «Што ты хочаш?» – спыталася рыбiна ў кентаўра. «Хачу, каб ты навучыла мяне граць на дудзе!» – «Калi я навучу цябе граць на дудзе, ты мяне адпусцiш?» – «Адпушчу!» Залатая рыбiна махнула хвастом i прапала, а замест яе ў руках Шэрага кентаўра з’явiлася дуда. Паспрабаваў Шэры кентаўр граць на той дудзе, i ў яго атрымалася, i з’явiлася музыка, i затанцаваў Шэры кентаўр на ўсiх сваiх чатырох капытах.
        
        
        
124. ШЭРА-ЖОЎТЫ МУЖЧЫНА
        
        Жанчына зрабiла з саломы сабе мужчыну. Набыла нагавiцы, кашулю i шапку i набiла iх саломаю. Атрымаўся Шэра-жоўты мужчына з саламянымi рукамi, нагамi i тварам. Жанчына ела, спала i забаўлялася са сваiм Шэра-жоўтым мужчынам, ажно пакуль у яе не з’явiўся звычайны мужчына. Тады яна вырашыла пазбавiцца ад вялiкай лялькi. Але як толькi жанчына паспрабавала зняць шапку з Шэра-жоўтага мужчыны, той ажыў, схапiў жанчыну ў абдоймы, пстрыкнуў запальнiчкаю i загарэўся. Так жанчына i згарэла ў абдоймах Шэра-жоўтага мужчыны, якога сама сабе i зрабiла.
        
        
        
125. ЖОЎТЫ АТРУТНIК
        
        Скацiна мярзотная гэты Жоўты атрутнiк. А выглядае на прывабнага студэнта. Дзякуючы салодкаму аблiччу, ён уладкоўваецца на працу ў макдональдсы i труцiць кока-колу. Разам з колаю клiенты выпiваюць заразу i захворваюць на жаўтуху. Гэтая казка была б не такая i страшная, каб мае добрыя знаёмыя Алесь i Валянцiна не падхапiлi ў макдональдсах гепатыт. А падхапiлi яны жаўтуху ў розных рэстаранчыках, Алесь на чыгуначным вакзале, а Валянцiна на праспекце Незалежнасцi. Вось табе i намёк, вось такая казка пра Жоўтага атрутнiка.
        
        
        
126. БЕЛЫ АНЁЛ
        
        Аднаму чалавеку пашанцавала, i ён пасябраваў з анёлам. Той дапамагаў чалавеку: папярэджваў бяду, ахоўваў ад гора i нястачы. Але чалавек, хоць i любiў Белага анёла, зайздросцiў яму. Аднойчы, калi анёл спаў, чалавек звязаў яго i адрэзаў яму крылы. «Што ты зрабiў?» – спытаў скалечаны анёл у жорсткага чалавека. «Цяпер мы роўныя! Галоўнае, каб усе былi роўныя!» – «Мы не роўныя…» – прашаптаў анёл i сканаў.
        
        
        
127. ШЭРАЕ ЖАДАННЕ
        
        Ты прыслухоўваешся да сябе, а чуеш яго – Шэрае жаданне. Яно глыбока ў тваiм нутры, i спачатку ты ледзь чуеш далёкi голас. З часам твой слых абвастраецца, i ты ўжо добра чуеш сваё Шэрае жаданне. Пакрысе яно пачынае выцiскаць усе астатнiя жаданнi, яно робiцца галоўным, магутным, неадольным… Тваё Шэрае жаданне – жаданне памерцi, i ты памiраеш. Спакойна памiраеш.
        
        
        
128. ШЭРЫ ВЕТЭРЫНАР
        
        Пацiху-патроху Шэры ветэрынар узбiўся на грошы i збудаваў сабе трохпавярховы катэдж. Зайздроснiкi панапiсвалi на яго даносаў, а падатковая палiцыя завяла справу. Адрозна ад сабак i катоў, Шэры ветэрынар даволi спакойна зрэагаваў на палiцыянтаў з аўтаматамi, якiя прыехалi ператрасаць катэдж. Чарнамасачнiкi перавярнулi палову дома i перавярнулi б другую палову, каб не страх. Жудасны пераляк напаў на палiцыянтаў, калi яны пабачылi ў сутарэннях аграмаднага чорта. Рагаты бамбiза сядзеў у фатэлi i спакойна чытаў свежы нумар газеты «Народ i воля». Пакiдаўшы зброю, палiцыянты разбеглiся хто куды. Шэры ветэрынар папрасiў жонку з домработнiцай не хвалявацца i навесцi ў доме парадак, а сам спусцiўся ў аперацыйную, каб купiраваць вялiкаму чорту хвост .
        
        
        
129. ШЭРАЯ РЫБIНА
        
        У цябе выдатная сетка для рыбалкi. Як нi закiнеш, дык абавязкова выцягнеш поўную. Якой толькi рыбы ты не лавiў сваёй цудалоўнай сеткаю! I залацiсталобых, i срэбнагаловых, i чырванапёрых, i зялёнабокiх, i белахвостых… Сетка! Твая сетка прыносiла шанцаванне. Тваёй радасцi не было мяжы, ажно пакуль не з’явiлася Шэрая рыбiна. Твой човен стаяў на самай сярэдзiне вялiкага возера. На золку побач з чоўнам усплыла казачна вялiкая Шэрая рыбiна. «Я купляю тваю сетку!!!» – прабулькатала рыбiна. Яна закiнула пачак даляраў у човен, накруцiла тваю сетку сабе на хвост i апусцiлася ў вазёрныя глыбiнi. Пералiчваючы грошы, ты падумаў пра новую сетку. Сапраўды, ты пойдзеш i набудзеш некалькi новых сетак. Але наступная думка астудзiла тваю радасць, бо з’явiлася разуменне, што нiколi нiякай сеткаю ты не зловiш Шэрай рыбiны. I больш ты не ходзiш на рыбалку.
        
        
        
130. ШЭРАЯ КАРОБАЧКА
        
        Табе далi сумку з чвэрцю мiльёна. 250 000 даляраў спакойна ляжалi сабе ў валiзе з надпiсам «Пумa». Касары былi спакойныя, а твой спакой прапаў, ты напружыўся. «Пералiчваць не трэба. I яшчэ: вось гэтую каробачку аддасi разам з грашыма…» – табе далi невялiчкую Шэрую каробачку. Менш ведаеш, спакайней жывеш. Толькi якi можа быць спакой, калi ты вязеш з Пiцера ў Маскву 250 ка. 250 касарэй – цяжкi груз, ва ўсiх сэнсах цяжкi. Мiтусня ў аэрапорце цябе нiколi не раздражняла. «Што ў сумцы?» Ты разумеў, ты нават чакаў такое пытанне. У аэрапорце не маглi не задаць пытанне пра змесцiва тваёй «Пумы». «Грошы!» – «Многа?» – «Многа!» – «Пакажыце!» Ты адчынiў валiзу. «Колькi тут?» Праваахоўнiк зазiрнуў у чэрава «Пумы» i ўзмакрэў. А ты падумаў пра Шэрую каробачку i сказаў: «Шмат!» – «Больш за 100?» – «Больш!» – «Больш за 200?» – «Менш!» – невядома нашто ты схлусiў. «Зачыняйце сумку i праходзьце!» Ты нават дзякуй яму не сказаў. Ты бачыў, ты чуў, як ён думаў пра затрыманне, думаў, што за такiя грошы яго i закапаць могуць. Праваахоўнiк вырашыў застацца сярод жывых. Правiльнае рашэнне. Ты зайшоў у самалёт, прыстроiў «Пуму» пад крэслам, зашпiлiў пас бяспекi i падумаў пра Шэрую каробачку. Цiкава, а што ў каробачцы? Можа, пустая? Ты дастаў з кiшэнi каробачку i патрэс. Поўная. Нешта тамака ёсць. Прыгожая Шэрая каробачка крышку меншая за цыгарэтны пачак. «Што будзеце пiць? Вада, сок, кола…» – «Ваду без газа. Чвэрць шклянкi. Я ж сказаў чвэрць…» У Шарамецьева ты злавiў прыватнiка i без прыгодаў даехаў да канторы. «Прывёз?» – «А то!». Ты паставiў «Пуму» на зялёны аксамiт вялiкага арэхавага стала. «237?» – «250!» – «Выдатна! Дзесятка твая. Трымай. Тры я забiраю. Астатняе здай у касу. Што стаiм?» – «Каробачка. У мяне яшчэ Шэрая каробачка ёсць!» – «Давай!» Ты дастаў Шэрую каробачку i паклаў на зялёны аксамiт. «Не адкрываў! Бачу, што не адкрываў! Паслухаў старэйшага i не зазiрнуў у каробку. Малайчына. Забiрай сабе, гэта прэзент!» – «А што ў ёй?» Ты акуратна адчынiў Шэрую каробачку i пабачыў кавалак цёмна-сiняга мыла. «Мыльнiца?» – «Так. Добрая мыльнiца для рызыкоўных падарожжаў. Табе прыдасца…» – «Дзякуй!» – «Дарэчы, яна табе хоць крышку дапамагла?» – «Так!»
        
        
        
131. ЧОРНЫ ЯЙКАКВАДРАТ
        
        Паэт прынёс мастаку прапанову. «У мяне такая прапанова, ад якой ты не зможаш адмовiцца!!!» – адразу пачаў цiснуць на жывапiсца лiтаратар. «А я i не збiраюся адмаўляцца». – «Калi я гэта пабачыў, у мяне вочы зрабiлiся квадратныя! Вочы квадратныя! Трэба намаляваць квадратныя вочы. Ты зможаш намаляваць квадратныя вочы?» – «Змагу!» – «Вось i намалюй квадратныя вочы. Наш твор назавем «Вокаквадрат»!» – «А што ты такое пабачыў, калi твае вочы аквадрацiлiся?» – «Ну-у-у…» Цяпер жывапiсец пачаў цiснуць на лiтаратара: «Можа, нам варта намаляваць не квадратныя вочы, а тое, што прымусiла твае круглыя вочы зрабiцца квадратнымi?» – «Э-э-э…» – «Давай, брат, кажы!» – «Вух! Жонка мая паехала адпачываць у Крым. Адна паехала. Сказала, што адна паехала. А мне сказалi, што не адна яна паехала ў Крым. Я паехаў правяраць. Прыехаў у Крым. Знайшоў белы дамок ля сiняй бухты, дзе жонка жыла, заходжу i бачу яе голую, а на ёй – мужчыну з чорнымi яйцамi! Бiў я iх бiў, лупiў, не шкадуючы, таптаў жорстка. Як не пазабiваў толькi?! Адлупцаваў i з’ехаў. А калi вяртаўся, падумаў пра заквадрачаныя вочы, пра жывапiсальны твор «Вокаквадрат». I цяпер я тут, у цябе, з прапановаю, ад якой ты не маеш права адмовiца!» – «Адмаўляцца я не буду, але прапаную намаляваць чорныя яйцы ў квадратных вачах! Твор назавём «Яйцаквадрат»!»– «I куды мы з гэтым «Яйцаквадрадам» сунемся? Калi на тое пайшло, зробiм не «Яйцаквадрат», а «Яйкаквадрат». Сэкс загонiм у падтэкст!» – «Загонiм!» – «Засунем!» – «Засунем!» Так змовiлiся жывапiсец з паэтам, i замест чорных яец на свет з’явiлася карцiна «Чорны яйкаквадрат».
        
        
        
132. ШЭРЫ ГЛЯДАЧ
        
        Ён любiў сесцi i паглядзець серыял. Шмат хто з нас любiць серыялы, але Шэры глядач любiў толькi адзiн-адзiны серыял. Ён глядзеў яго штовечар, па адной серыi ў дзень. Калi серыял канчаўся, Шэры серыяльнiк пачынаў прагляд фiльма з самага пачатку. Серыял той быў доўгi, а таму, даглядзеўшы яго да канца, глядач ужо цалкам забываўся пачатак, i можна было з цiкавасцю пачынаць прагляд наноў. Даглядзеўшы серыял да сярэдзiны, Шэры глядач ужо зусiм не памятаў, чым там усё скончылася, а таму чакаў новага вечара, каб глядзець чарговую серыю. Ён добраахвотна трапiў у замкнёнае кола свайго бясконцага серыялу. Зразумела, што Шэры серыяльнiк знайшоў сваю вечную насалоду не на нейкай там тэлепраграме, а ў вiдэамагнiтафоне, якi лёгка ўзнаўляў патрэбную частку фiльма ў любую зручную хвiлiну. Дарэчы! Чаго толькi не было ў тым серыяле… Прыватныя дэтэктывы лавiлi маньякаў. Жанчыны ляжалi на захаваннi. Таталiтарныя секты спрабавалi захапiць уладу. Мiлiянеры ўвобмiльг гублялi капiталы. Дзяўчаткi размаўлялi з ценямi мёртвых. Сяляне даглядалi статкi кароў i авечак. Студэнты заўзята бунтавалi. Тэрарысты захоплiвалi закладнiкаў. Пралетарыят пiў. Юнакi кахалi прыгажуняў. Разведчыкi здабывалi каштоўную iнфармацыю ў штабах ворагаў. Папялушкi ператваралiся ў прынцэс. Гелiкоптары падалi ў горных раёнах. Дабро перамагала зло. Ён i яна злiвалiся ў марудным пацалунку… Стоп, стоп, стоп! Нашто я табе пераказваю серыял? Ты i сам усё ведаеш, ты i сам любiш вечарам сесцi i паглядзець шэры доўгi серыял. Ты…
        
        
        
133. ФIЯЛЕТАВЫ ДЭМАН
        
        Чарадзеi сабралiся ў каменным амфiтэатры. Чарнавусыя, сiвабародыя, вялiкавокiя, даўганосыя, малiнавагубыя, яны i абвясцiлi, што Фiялетавы дэман сыходзiць. Навiна так уразiла цябе, што цела тваё зрабiлася лёгкiм, як паветра. Ты паплыў, як той дым. Тутака ты ад жаху i прачнуўся. Папiў вады i зноўку лёг спаць з непагашаным святлом. Заснуў i выспаўся. Устаў ты пасвяжэлы, бадзёры, дужы, нiбыта народжаны наноў. У першых промнях вераснёвага сонца ты адчуў, што Фiялетавы дэман сапраўды сышоў з нябёсаў у мармуровы амфiтэатар, запоўнены доўгавалосымi чарадзеямi ў сiнiх хiтонах. Ён сышоў, каб пасялiцца ў табе.
        
        
        
134. ЧОРНАЯ ГРАНАТА
        
        «Гэта ўсё ты!» – сказаў белатвары рудому. «Не, гэта ты!» – не пагадзiўся з белатварым руды. «А я кажу – ты!» – белатвары перайшоў на крык. «Ты, а не я!» – руды сцiснуў кулакi. «Ты краў, а як адказваць, дык разам?» – «Гэта ты зладзюган рагаты!» – «Я рагаты?» – «Ты рагаты!» – «Сам ты рагаты i хвастаты, сам ты зарослы поўсцю па самыя вочы. У цябе нават з вушэй тырчыць рудая шчэць!» – «А ў цябе шчэць не тырчыць. Шчэцi на табе няма, бо ты голiшся па тры разы на дзень. Ты ажно сiнi ад галення. Толькi рогi не зголiш!» На крыкi рудога i белатварага пачалi збiрацца цiкаўныя. Мужчыны сварылiся i размахвалi рукамi. Вакол iх сабралася вялiкае кола гледачоў. Адны спачувалi рудому, другiя падбадзёрвалi белатварага. Раптам руды выцягнуў з кiшэнi Чорную гранату. I ў гэты момант на каплiцы загучаў звон, абвяшчаючы новы дзень. Прысутныя зрабiлiся празрыстымi i разышлiся па сваiх магiлах.
        
        
        
135. ЧОРНЫЯ БАНАНЫ
        
        У горад прывезлi партыю бананаў. Iх прадавалi танна i на кожным рагу. Людзi пасталi ў даўжэзныя чэргi i панабiралi шмат танных бананаў. Пакупнiкi не ведалi, што гэтыя бананы хутка сапсуюцца. Людзi не паспявалi данесцi бананы дамоў, як тыя пакрывалiся чорнымi кропкамi i проста на вачах чарнелi. Нехта яшчэ спрабаваў каштаваць Чорныя бананы, нехта iх нават еў. Але Чорныя бананы былi нясмачныя, есцi iх было немагчыма. Людзi выкiдалi Чорныя бананы ў сметнiцы. У горадзе з’явiлася шмат сметнiкаў, заваленых Чорнымi бананамi. Усё гэта адбылося з-за таго, што сапсавалася вялiкая лядоўня, у якой зазвычай i захоўвалася садавiна з гароднiнай. Гандляры бананамi арэндавалi трупярню, куды i загрузiлi партыю выдатных бананаў. Але, аказваецца, бананы сярод нябожчыкаў набрынялi водарам смерцi i таму так хутка счарнелi.
        
        
        
136. ШЭРЫЯ ЛЮДЗI
        
        На шэрай планеце, у шэрай краiне цячэ шэрая рэчка. На той шэрай рэчцы стаiць шэры горад. У тым шэрым горадзе ёсць шэры пляц. Пасярод шэрага пляца ўзвышаецца шэры абелiск. Пад тым шэрым абелiскам гарыць вечна-шэры агонь. З вечнага агню ўздымаецца шэры дым. Ён уздымаецца да самых аблокаў. З шэрых аблокаў падае шэры дождж. Пад шэрым дажджом ходзяць Шэрыя людзi. Нiхто не ведае, адкуль i куды iдуць Шэрыя людзi пад шэра-дымным дажджом, у шэрай краiне, на шэрай планеце.
        
        
        
137. ЧОРНАЕ МОРА
        
        У адной сям’i прапаў хлопчык. У бацькоў быў толькi адзiн сын, i яны моцна гэтым перанялiся. Нават калi б у сям’i было дзесяць дзяцей i нейкi з дзесяцi знiк, яны б пакутувалi. Але за свайго адзiнага сына мацi з бацькам перажывалi страшна. Дзе яны толькi не шукалi яго! Па сябрах i знаёмых, па бальнiцах i трупярнях. Нiдзе не было нiякiх слядоў. Бацькi, зразумела, звярнулiся да следчых, але i тыя не змаглi знайсцi iх сына. Тады змучаныя бацькi нанялi прыватнага дэтэктыва. Яму давялося расказаць, што сям’я жыла не дружна. Сын сварыўся з бацькамi. А перад самым знiкненнем ён папрасiў у бацькоў дапамогi, а яны яму не дапамаглi – адмовiлiся даць грошы. Прыватны дэтэктыў знайшоў хлопчыка на беразе Чорнага мора. Хлопчык працаваў памагатым у яхт-клубе. «Што скажам тваiм бацькам?» – спытаў дэтэктыў у хлопчыка. «Скажам, што я вырас, што я ўжо даўно не хлопчык, а свайго маленькага хлопчыка мае бацькi не знойдуць нiколi».
        
        
        
138. ШЭРЫ ПРЫВIД
        
        У горадзе завёўся прывiд. Усе толькi i гаварылi пра яго. Якiх толькi страхаў-жахаў не панавыдумляў народ пра Шэрага прывiда. I дзяцей ён жыўцом есць, i жанчын гвалтуекатуе, i мужчын рабуе-забiвае, i адрэзаныя галовы ў баскетбольны кошык закiдвае. Дзiва, што людзi яшчэ па вулiцах ходзяць! Ну а дзе ты дзенешся? I на працу трэба, i з працы… Адна жанчына ехала дадому зусiм позна, на апошнiм аўтобусе, на край горада. Выйшла яна з аўтобуса, а на прыпынку высокi мужчына стаiць. Жанчына папрасiла таго мужчыну правесцi яе ад прыпынку да дома. «Ведаеце, мужчына, у горадзе прывiд завёўся…» – «Ведаю, усе пра яго ведаюць, усе пра яго толькi i гавораць…» – «Я жах як баюся Шэрага прывiда. Нават не прывiда самога, а катавання-гвалтавання баюся…» – «Не трэба баяцца, я ж з вамi…» – «Дзякуй вам, канешне. Але як жа яго не баяцца?» – «Яго трэба палюбiць!» – «Як жа можна палюбiць Шэрага прывiда?» – «Спачатку ён вам спадабаецца, потым ён вам дапаможа, а потым вы яго палюбiце…» Жанчына ўважлiва паглядзела на Шэрага прывiда i палюбiла яго. Цяпер, калi ў горадзе завялiся два прывiды, усе толькi i гавораць пра тое, што вось-вось у iх народзiцца прывiдзёнак, i ратунку ад яго не будзе нiякага.
        
        
        
139. ЧОРНЫ КАЗЁЛ
        
        З далёкай заакiянскай краiны ў шэры горад прыехаў чорнабароды дзед. Ён захацеў перад смерцю пахадзiць па вулiцах свайго маленства i адведаць магiлы прашчураў. Толькi шэры горад моцна змянiўся за той час, пакуль чорнабароды жыў у эмiграцыi. Ён не тое што вулiц не пазнаў, ён нават ледзь знайшоў тое месца, дзе некалi былi могiлкi з ягонымi продкамi. На тым месцы стаяў вялiзны шэры дом. I раззлаваўся доўгабароды дзед, ды так раззлаваўся, што з чалавека перакiнуўся ў Чорнага казла з вострымi жалезнымi рагамi. I паскакаў той казёл – чорная барада – у шэры дом. I пачаў нiшчыць людзей. Ён распорваў жываты i вантробы намотваў на рогi. Ён таптаў i трушчыў капытамi чалавечыя галовы. Ён рваў зубамi скуру i мяса чалавечае. Ён так лютаваў, што ўсе людзi, хто яшчэ мог, хто не патрапiў пад капыты цi на рогi, разбеглiся з шэрага дома, што стаяў на месцы зруйнаваных могiлак. Пасля лютавання Чорны казёл зноўку стаў старым дзедам. Той чорнабароды дзед з’ехаў з шэрага горада свайго маленства, каб нiколi ў яго не вяртацца.
        
        
        
140. ЗАЛАТЫЯ ЧЫПСЫ
        
        Дзяўчына страшэнна любiла чыпсы. Яна так любiла чыпсы, што называла iх Залатыя чыпсы. Яна любiла чыпсы больш за ўсё на свеце. Нават маму дзяўчына любiла менш, чым Залатыя чыпсы. Ад чыпсаў дзяўчына зрабiлася тоўстай, як тумба. Мацi пачала забараняць сваёй дачцэ есцi чыпсы. Таўстуха не слухала мацi, а храбусцела чыпсамi з ранiцы да вечара. Нават пасярод ночы дзяўчына-бочка магла ўстаць, каб пахрумкаць Залатых чыпсаў. Тады мацi зачаравала дачку-ненажэру. Мацi была чараўнiцаю i зрабiла так, што дачка больш не магла вымавiць слова «чыпсы». Прыйшла таўстуха-тумба ў краму i хацела сказаць «чыпсы», а ў яе атрымалася «фiпсы». Яна паспрабавала яшчэ i яшчэ раз… Кiксы. Факсы. Пiпсы. Дзiксi. Мiксы. Пупсы… Якiх толькi слоў не павылятала з рота ненажэры, але замовiць Залатыя чыпсы яна так i не змагла, толькi прадавачку раззлавала. Тая паклiкала грузчыка, якi надаваў таўстусе кухталёў i прагнаў з крамы. Дзяўчына-бочка здагалася, што яе зачаравала мацi. Уначы дзяўчына легла, але не заснула: паднялася i закалола мацi-чараўнiцу сталёвым прутком для вязання. Як толькi спынiлася працятае прутком сэрца чараўнiцы, таўстуха скiнула чары i закрычала: «Чыпсы, чыпсы, Залатыя чыпсы!!!» Радасная дзяўчына-бомба пакацiлася ў начную краму i набрала чыпсаў, як панесцi. Яна села над мацi-нябожчыцай i пачала жэрцi Залатыя чыпсы. Яна iх трушчыла i трушчыла без перадыху, жэрла ажно пакуль не памерла. Так Залатыя чыпсы знiшчылi два жыццi.
        
        
        
141. ШЭРАЯ ЖАБА
        
        На беразе шэрага возера стаяў шэры музей. У тым шэрым музеi была шэрая зала. У шэрай зале, за шэрым шклом у акварыуме сядзела Шэрая жаба. Яна ела мух: чорных, зялёных, залацiстых – розных. Пакуль Шэрая жаба любавалася возерам i ела рознакаляровых мух, яе любiлi. Але аднойчы жаба праглынула школьнiка. Вучнi прыйшлi на экскурсiю. Яны стаялi каля акварыума i пасмiхалiся з вялiзнай жабы. Казалi, што яна выродлiвая, гнюсная, брыдотная. Адзiн са школьнiкаў прапанаваў: выцягнуць Шэрую жабу з акварыума i выкiнуць з музея ў смярдзючае возера. Жаба пакрыўдзiлася, разявiлася i праглынула гэтага школьнiка. Шэрую людажэрку давялося ўсыпiць.
        
        
        
142. ШЭРАЯ БАРАДА
        
        Мужчыны сядзелi за сталом i пiлi вiно. Яны выпiвалi ўдвох. Перад iмi стаялi бутэлька з херасам, фужэры i попелка. Цёплы вечар з нiзкiм, але яркiм вераснёвым сонцам проста не мог абысцiся без вiна. Так думалi мужчыны. Яны расказвалi показкi, успамiналi жанчын i нахвальвалi духмянасць i алейнасць херасу. Старэйшы з мужчын меў бараду. Таму развагi пра галенне былi невыпадковыя. «Чаму Бога малююць з барадою?» – спытаў безбароды. «Таму, што ён блiзкi да прыроды!» – «Тады атрымлiваецца, што паголены чалавек далёкi ад Бога?» – «Правiльна!» – «Што правiльна? Чалавек таму i чалавек, што голiцца, а не ходзiць зарослы шчэццю, як скацiна!» – «Можа, нам пабiцца?» – прапанаваў барадаты. «Мы не паб’емся…» – прымiрэнча адказаў голены. «Правiльна! Бог жыве ў кожным, нават у паголеным жыве…» – «Калi ты, Шэрая барада, зарослы, дык i Бога ў табе больш?» – «Канешне!» – «Можа, ты – Бог?» – «Можа…» – «Тады, Шэрая барада, зрабi цуд! Бог – той, хто здатны зрабiць дзiва! У нас засталася адна цыгарэта, зрабi нам з адной цыгарэты пяць!» Шэрая барада зрабiў з адной цыгарэты пяць, дапiў свой херас i пайшоў у вечаровы туман.
        
        
        
143. ПУНСОВАЯ КВЕТАЧКА
        
        Ты праходзiў каля царквы. Ганак быў засыпаны пунсовымi пялёсткамi ружы. «I парвалi ружу пунсовую! – падумалася табе. – I парвалi кветачку пун-со-ву-ю…»
        
        
        
1444. ЧЫРВОНАЕ ВОКА
        
        У старым доме пачаўся капiтальны рамонт. Рабочыя доўга мянялi трубы i электрычныя драты, доўга бялiлi столi i доўга фарбавалi сцены. Калi нарэшце рапарацыя скончылася, адна старая вырашыла перафарбаваць падлогу ў сваёй кватэры. Яе раздражня ў травянiста-зялёны колер, яна хацела, каб яе падлога была цёмна-чырвоная. Старая прынесла з крамы фарбу i перафарбавала дошкi. Калi яна адмывала пэндзаль ад густа-чырвонай фарбы, са столi загучаў голас: «Аблi сябе вадою!» Старая ўзняла галаву i пабачыла на столi Чырвонае вока. «Аблi сябе вадою!»– паўтарыла свой загад злое вока. «Нашто?» – прасiпела старая. «Прыйшоў твой час памiраць!» Чырвонае вока мiргнула i прапалiла дзiрку ў старым сэрцы.
        
        
        
145. БЛАКIТНЫ БРЫЛЬЯНТ
        
        Алiгарх паставiў сабе ў зуб брыльянтавую пломбу. I якраз у той самы дзень снайпер застрэлi ў алiгарха. Удава збудавала свайму алiгарху склеп на могiлках. Стаматолаг-пратэзiст прабраўся ўначы ў той склеп, ускрыў труну i вырваў зуб з Блакiтным брыльянтам. Удава, пабачыўшы абрабаваны склеп, наняла дэтэктыва. Той знайшоў рабаўнiка, забiў яго i забраў сабе Блакiтны брыльянт. Удава зноў наняла кiлера-снайпера, якi гэтым разам застрэлi ў дэтэктыва, але колькi нi шукаў, а знайсцi каштоўны камень не змог. Дантыста i дэтэктыва пахавалi на тых жа могiлках, што i алiгарха. Алiгархава ўдава казала, што некалькi разоў чула на могiлках галасы… «Аддайце мой зуб!» – прасiў голас алiгарха. «Аддайце мне Блакiтны брыльянт, мне трэба пломба з Блакiтным брыльянтам. Мне трэба вечная пломба!» – малiў голас дантыста. «Не аддам!» – адгукаўся злы голас дэтэктыва. Пра галасы ўдава казала, але пра тое, што ў яе цяпер толькi адна завушнiца з Блакiтным брыльянтам, яна не казала нiкому, нават свайму новаму мужу – кiлеру.
        
        
        
146. ШЭРЫ ШЛЯХ
        
        Iдзеш па шэрым горадзе. З шэрага праспекта паварочваеш на шэрую вулiцу. Заходзiш у шэры дом i па шэрых сходах падымаешся да шэрага лiфта. Уздымаешся да шэрых дзвярэй i заходзiш у шэрую кватэру. У шэрым пакоi сядаеш на шэрае крэсла. На шэрым стале стаiць шэры кампутар. Запальваеш шэры манiтор. Пстрыкаеш-пстрыкаеш шэрай мышкаю. Прыходзiш на шэры сайт. Знаходзiш шэрую спасылку. Чытаеш шэры постынг. Шэрае рэчыва ў тваёй галаве пачынае чарнець. Так, ты проста бачыш, як чарнее ў вачах твой звыкла-шэры свет. Ты разумееш, што прайшоў да канца свой Шэры шлях.
        
        
        
147. ШЭРЫ МАНЬЯК
        
        «Ты – нямога! – кiнула распуснiца ў твар маньяку. – Нiкчэмнасць, слабак, ануча…» Яна выплёўвала на Шэрага маньяка процьму брудных i абразлiвых словаў. Памiж словамi яна рагатала, заходзiлася ад рогату. Маньяк стаяў, апусцiўшы галаву, нiбыта разглядаў нямогласць i нiкчэмнасць, а потым узняў твар i зiрнуў на дзеўку так, што тая аслупянела. Шэры маньяк дастаў нож, падышоў да ўтрупянелай дзявулi, адрэзаў ёй кончык языка i праглынуў. Ахвяра правалiлася ў глыбокую непрытомнасць. Калi яна прахапiлася, над лесапаркам была глыбокая ноч. Шэрага маньяка нiдзе не было, але i кончык языка прапаў.
        
        
        
148. ШЭРЫЯ ШТОРЫ
        
        Маладая жанчына вырашыла ўпрыгожыць кватэру новымi шторамi. Яе малады муж хацеў, каб шторы былi белыя; а ёй мроiлiся каляровыя. Паспрачалiся яны, паспрачалiся i набылi Шэрыя шторы. Павесiлi новыя шторы i леглi спаць. Пасярод ночы Шэрыя шторы сказалi: «Уставайце!» Муж з жонкаю ўсталi. «Умывайцеся, апранайцеся, абувайцеся i станавiцеся на падваконне!» Жанчына i мужчына паслухалiся: памылiся, апранулiся, абулiся i сталi на падваконне. Шэрыя шторы адчынiлi вакно i выкiнулi iх на вулiцу. Жанчына i мужчына ўпалi з сёмага паверха на зямлю i забiлiся. Людзi казалi, што яны скочылi з сёмага паверха разам ад вялiкага i неадольнага кахання. Пра Шэрыя шторы нiхто i не згадаў.
        
        
        
149. КАЛЯРОВЫ РЭВАЛЮЦЫЯНЕР
        
        Малады рэвалюцыянер лёг спаць. Ён снiў каляровы сон пра бяскроўную рэвалюцыю. Тым часам у кватэру да рэвалюцыянера зайшоў шэры чалавек. Ён падышоў да ложка i вайсковым голасам крыкнуў: «Устаць!» Каляровы рэвалюцыянер ускочыў. «Апранайся!» Хлопец апрануўся. «Пайшлi!» Яны выйшлi на вулiцу. Шэры чалавек пасадзiў барацьбiта за справядлiвасць ў машыну i павёз на край горада. Машына спынiлася каля могiлак. Чалавек павёў змагара за свабоду ў самы цёмны кут кладоў. «Бяры рыдлёўку! Капай магiлу!» На Каляровага рэвалюцыянера глядзела, не мiргаючы, чорнае вочка пiсталета. Рэвалюцыянер пачаў капаць. Ён рыў зямлю i думаў. Змагар думаў пра волю i смерць. Ён капаў, думаў i злаваўся. Ён раззлаваўся настолькi, што развярнуўся i з усяе моцы ўдарыў лязом рыдлёўкi па горлу Шэраму чалавеку. Той павалiўся, скурчыўся i захрыпеў. Рэвалюцыянер узняў рыдлёўку i так секануў Шэраму чалавеку па шыi, што адсек галаву. Труп сапхнуў у неглыбокую магiлу. Прысыпаючы забiтага, Каляровы рэвалюцыянер адчуў змены ў сабе. Ён нават падумаў, што тут уначы на могiлках ён закопвае разам са знявечаным трупам свае iдэалы. Ён прагнаў недарэчныя думкi, кiнуў рыдлёўку i забраў пiсталет. Машыну ён таксама забраў. I грошы, i дакументы – усё пазабiраў. З могiлак ён заехаў на сваю найманую кватэру, хутка сабраў рэчы i пагнаў машыну ў сталiцу. Узыходзiла сонца. Машина ляцела па пустой шашы, да пасвятлелага неба. Каб уцякач мог паглядзець на сябе з боку, дык ён убачыў бы не шчаслiвага маладога Каляровага рэвалюцыянера, а змрочнага чалавека, якi вядзе машыну ў бясколернае нiшто.
        
        
        
150. ЧОРНЫ РОВАР
        
        Бацькi падарылi сыну грошы на ровар. Уручаючы капэрту з падарункам, тата сказаў: «Купi сабе ровар, якi заўгодна, толькi не чорны!» Мацi таксама папрасiла сына не купляць Чорнага ровара. Хлопец пайшоў у спартовую краму. Там прадавалiся самыя розныя ровары, але ён упадабаў чорны. Заплацiўшы, хлопец сеў на Чорны ровар i даехаў да першага скрыжавання. Ён хацеў спынiцца на чырвонае святло. Тармазы не спрацавалi. Чорны ровар уляцеў а-ку-рат пад траў-ма-вай.
        
        
        
151. БЕЛАЕ ДЗЯЎЧО
        
        У адной сям’i нарадзiлася дзяўчо. Усе ўзрадавалiся. Дзяўчо хутка расло, але чамусьцi доўга не пачынала гаварыць. Аднойчы Белае дзяўчо сказала сваё першае слова: «Кот!» З якiм захапленнем мама, тата i брат распавядалi ўсiм пра першае слова ўлюбёнай дачкi i сястры! Здавалася, нават сабака Рудзiк i той радаваўся. Толькi вось кот Мурзацiк праз тыдзень здох. Яго занеслi на сметнiк у скрынi з-пад бацькавых чаравiкаў. Мiнуў яшчэ тыдзень, i Белае дзяўчо сказала: «Сабака!» Не паспелi ўсе парадавацца, як давялося несцi на сметнiк скрынку з-пад мамiнага кампутара з нежывым Рудзiкам. «Тата!» – смеючыся, сказала ўлюбёнка сям’i. Праз тыдзень бацьку пахавалi. «Мама!» – цiха прашаптала дзяўчо. I мацi легла на могiлках побач з бацькам. Засталося Белае дзяўчо з братам. Той з жахам чакаў, што яна скажа «брат» i давядзецца класцiся ў труну. Але Белае дзяўчо маўчала. Брат спрабаваў сябе пераканаць, што ўсе памерлi не ад словаў, прамоўленых сястрою, а ад нейкай хваробы, нейкай новай пошасцi. I калi брат амаль пераканаў сябе ў гэтым, ён убачыў, як Белае дзяўчо збiраецца вымавiць чарговае слова. Яе маленечкi рот раскрыўся… «Бог!» – пачуў брат i знямеў. Ён чакаў, што сонца пачарнее, грымне гром, зямля рассунецца i дом iх правалiцца ў вогненныя нетры. Нiчога такога не адбылося. Дом як стаяў, так i стаяў. Сонца свяцiла, як i раней. А тое, што на драўляным укрыжаваннi, якое вiсела над бацькоўскiм ложкам, у Хрыста з далоняў пацякла кроў, ён i не заўважыў. Праз дзень, ранiцаю, Белае дзяўчо папрасiла брата зварыць ёй аўсяную кашу. Дзяўчо загаварыла, i нiхто ад яе словаў больш не памiраў. I брат вырашыў не забiваць сваю сястру, сваё Белае дзяўчо.
        
        
        
152. ШЭРЫЯ ГАРАДЖАНЕ
        
        Сонечным нядзельным ранкам Шэры гараджанiн вырашыў выправiцца за горад. Яму захацелася прагуляцца пешкi i, як некалi, дайсцi да ўскраiны i палюбавацца жоўтымi палямi i далёкiм блакiтным лесам. Шэры гараджанiн iшоў сабе ды iшоў, але за цэлы дзень так i не выйшаў з горада. Позна ўвечары ён затэлефанаваў знаёмаму i распавёў пра няўдалае падарожжа. Той, у сваю чаргу, расказаў, як сам паспрабаваў выехаць на ровары за горад, як ехаў цэлы дзень, ды так i не патрапiў на ўскраiну. Калi ўначы змучаны веласiпедыст затэлефанаваў сябруку, каб знайсцi хоць нейкае спачуванне, той сказаў, што надоечы цэлы дзень ехаў i не змог выехаць з горада на машыне.
        
        
        
153. ЧОРНЫ КIЁК
        
        Мужчына пайшоў у цырк. Там ён i пабачыў уваскрашэнне мерцвяка. Фокуснiк у зялёным цылiндры падняў з труны нябожчыцу ў белай сукенцы. Ён пастукаў Чорным кiйком па веку труны. Тое адчынiлася, i блакiтнатварая прыгажуня паднялася i расплюшчыла бяздонна-сiнiя вочы. Мужчына ўразiўся так, што пасля паказу пайшоў не дамоў, а да найлепшага сябрука. Адкаркавалi бутэльку гарэлкi «Хлебнае вiно». Мужчына захмялеў i пачаў пераконваць таварыша: маўляў, у цырку адбылося сапраўднае паўстанне з мёртвых. Сябра здзеклiва пасмяяўся з наiўнага гледача. Той азвярэў, схапiў нож i перарэзаў няверы горла. Труп сябрука мужчына завалок у цырк, паклаў у труну, закрыў i пайшоў шукаць фокуснiка. Ён знайшоў артыста ў ложку бяздоннавокай прыгажунi. Мужчына пачаў прасiць фокуснiка вярнуць жыццё чалавеку: «Iдзi i ўваскрасi!!!» – «Ты паверыў?» – «Паверыў!» – «Ты верыш, што нябожчыка можна падняць з мёртвых?» – «Усе вераць!!!» Фокуснiк адмовiўся падымаць з труны зарэзаную ахвяру. Мужчына так раззлаваўся, што схапiў Чорны кiёк, якiм фокуснiк грукаў па веку труны, i гэтым Чорным кiйком паразбiваў цыркавым артыстам галовы.
        
        
        
154. ШЭРЫ ПРЫВIД
        
        Калi заходзiш у дом з прывiдамi, ты альбо сам робiшся прывiдам, альбо гiнеш… Прыкладна так думаў мужчына, iдучы па вулiцы маленькага мястэчка. Яго ўвагу спынiў дом. Белы дом пад чырвонай дахоўкаю выглядаў пустым, але дзверы ў яго былi наросьцегi адчыненыя. Мужчына адчуў неадольную цiкаўнасць i крадком зайшоў у дом. Ён асцярожна прайшоў праз некалькi пакояў. Паўсюль быў iдэальны парадак. Мэбля i рэчы стаялi на сваiх звычайных месцах. Мужчына падышоў да вялiкай шафы, адчынiў яе i зазiрнуў у сярэдзiну. У шафе была адно пустая цемра. Мужчына азiрнуўся i пабачыў, што дом стаў запаўняцца людзьмi. Так! Дом за пару iмгненняў напоўнiўся гасцямi. Усе весялiлiся, елi канапкi, пiлi вiно, танчылi, размаўлялi, абдымалiся… Нехта з прысутных гучна вымавiў iмя мужчыны. Той павярнуўся i пабачыў даўняга знаёмага, якi запрашальна махаў рукою. Халодны пот выступiў у цiкаўнага мужчыны на лобе. Знаёмы, якi высока ўздымаў келiх i шырока ўсмiхаўся, даўно памёр. Сустрэча з жывым нябожчыкам моцна напужала мужчыну, i ён пабег да выхаду. Выбегшы з дому, ён сутыкнуўся з новым сябруком-нябожчыкам, але, у адрозненне ад папярэдняга, гэты быў злы i агрэсiўны. Ён паспрабаваў затрымаць мужчыну. Той адказаў ударам у твар. Нябожчык грымнуўся на зямлю. Мужчына ўскочыў на яго i пачаў разбiваць яму галаву каменем, якi немаведама адкуль узяўся ў руцэ. Дабiць сябрука ў мужчыны не атрымалася, бо з дому пачалi выходзiць людзi… Тых, што выходзiлi з дому, людзьмi можна было назваць толькi ўмоўна… Мужчына шпурнуў скрываўлены камень прэч i выскачыў са свайго жахлiвага сну. Ён выскачыў з таго сну зусiм не ў рэальнасць, а ў казку. Мужчына патрапiў з адной нерэальнасцi ў iншую. Калi ты трапляеш у сон жахаў, у цябе яшчэ застаецца выйсце ў рэальнасць, а калi ты трапляеш у жахлiвую казку, дык з яе выйсця няма, хiба што праз сон… Прыкладна так падумаў мужчына i вырашыў застацца ў казачных лабiрынтах звычайным Шэрым прывiдам.
        
        
        
155. IРТУТНЫ СЛУПОК
        
        Каб выгадаваць свайго Дамавiка, трэба ўзяць яйка з-пад пеўня, пакласцi пад паху i насiць тыдзень. З яйка вылупiцца Дамавiк. Пра гэта ты, спадзяюся, ведаеш. Так усе i вынашваюць сваiх Дамавiкоў. А вось якога Дамавiка можна выгадаваць з градуснiка? О, якi гэта будзе Дамавiк! Дамавiк са шклянымi вачыма! Зiркне ён на злодзея, i той аслупянее. Калi такi Дамавiк будзе жыць у тваёй кватэры, дык не адна трасца ў дзверы не ўлезе, нi адзiн вiрус нi заляцiць у вакно. Не верыш у Дамавiка? Певень не знясе яйка? Добра! Але ж ты, адназначна, верыш у ртутны слупок. Верыш?..
        
        
        
156. ЧОРНЫ КАШМАР
        
        Драўлянаму хлопчыку Бурацiну прыснiўся жахлiвы сон – Чорны кашмар – пра тое, як ягонае жоўта-залатое крапчастае цельца патачыў шашаль.
        
        
        
157. ЖОЎТЫЯ КIПЦЮРЫ
        
        Каля цiхай рэчкi, на высокiм груду стаяў паўразбураны дом. Знесцi яго не знеслi, але i рэстаўрацыю доўга не пачыналi. Гараджане называлi тую руiну «Дом масонаў». Гэта калi рамантычна, а калi па-простаму– «Дом з чарцямi». Неяк уначы зайшоў у той дом малады чалавек. Не паспеў ён i тры крокi зрабiць, як яго абступiлi чарты: сiнiя, чырвоныя, чорныя, зялёныя… Найчарнейшы з чартоў запытаўся, што ён робiць у «Доме масонаў». «Гуляў i сюды загуляў». – «Гуляў i загуляў?» – «Так». – «Сам загуляў? Цi хто паслаў загуляць?» – «Сам загуляў». – «Хлусiць ён…» – засумняваўваўся найчырванейшы з чартоў. «Улады яго падаслалi!» – найчырванейшага падтрымаў найсiнейшы. «Забiць яго трэба! Неадкладна!» – прапанаваў найзелянейшы. «Так! Мы яго на кавалкi парвём! Але спачатку запытаем… Якая карысць ад цябе, начны валацуга, нам, чартам?» Уздыхнуў малады чалавек, уяўляючы, як чарты раздзiраюць яго на шматкi, падумаў i прапанаваў: «Магу вярнуць вас у рай! Вы раней былi анёламi, а цяперака чарты. Гэта значыць, што вы можаце зноў стаць тымi, кiм былi, ну хоць бы ў сне. Я абяцаю вам, што ў сне вы станеце белымi анёламi, зноў гуляцьмеце па райскiх садах i аблоках, слухацьмеце райскую музыку i райскiх пташак…» Спакусiлiся чарты райскiмi снамi. Раздаў малады чалавек кожнаму чорту па белай пiгулцы. Праглынулi яны круглыя пiгулкi i выправiлiся ў свой некалi страчаны рай. А малады чалавек спакойна пакiнуў «Дом масонаў». На другую ноч малады чалавек iзноў заблукаў у дом з чартамi. Ён сказаў, што прыйшоў пацiкавiцца, цi былi яны ў раi. Чарты ўзрадавалiся маладому чалавеку, сказалi, што чулi райскiя галасы ды бачылi райскiя крынiцы, а яшчэ пачалi выпрошваць чароўныя пiгулкi, каб зноўку выправiцца ў светлае мiнулае. «А што вы, чарты кудлатыя, можаце мне прапанаваць за чарадзейныя сонныя пiгулкi?» Прапаноўвалi чарты грошы i золата, дыяменты з брыльянтамi, але чалавек адмовiўся ад тых каштоўнасцяў. Тады паклiкалi чарты свайго найгалоўнейшага рыжага чорта. I той запрапанаваў свае чарадзейныя Жоўтыя кiпцюры. Адзiн – кiпцюр смерцi, а другi – кiпцюр жыцця. Калi кагонебудзь драпануць кiпцюром смерцi, дык ён адразу i памрэ, а калi хворага драпануць кiпцюром жыцця, дык хвароба знiкне, а бадзёрасць i радасць вернуцца. Забраў малады чалавек Жоўтыя кiпцюры, зрэзаныя з чорта, i раздаў чартам чароўныя пiгулкi. Паглыталi чарты пiгулкi, усе, як адзiн, паглыталi. I сiнiя, i зялёныя, i чырвоныя, i чорныя чарты праглынулi па белай пiгулцы. Нават найгалоўнейшы рыжы чорт заглынуў пiгулку. I атруцiлiся ўсе чыста чарты iмгненнай атрутаю, i выправiлiся яны не ў рай, а ў вечна-шэры спакой. А Жоўтыя кiпцюры? Для ачысткi сумлення малады чалавек паспрабаваў iмi ўваскрасiць чартоў, але не ўваскрашалiся яны, бо кiпцюры былi самымi звычайнымi – Жоўтымi кiпцюрамi рыжага чорта.
        
        
        
158. ЧОРНАЯ ЗАПАЛКА
        
        Мужчына прыдбаў кватэру. Здараецца: купляеш памяшканне з усiм начыннем. У гэтай кватэры было ўсё патрэбнае для жыцця… Кававарка. Папера ў прыбiральнi. Мэбля. Сурвэткi. Посуд. Пыласмок. Некалькi камплектаў бялiзны. Тэлефон i тэлевiзар. Лядоўня i мiкрахвалёвая печка. Вiдэльцы, лыжкi, нажы. Зубачысткi i запалкi… Карацей, мужчына прынёс у кватэру свой кампутар i стаў там жыць. Аднойчы ўвечары ён узяў чарговую скрыначку з запалкамi i ўбачыў там усяго адну запалку, адну незвычайную – Чорную – запалку. Ён адклаў скрыначку з Чорнай запалкаю, каб узяць iншую скрыначку, але запалкi скончылiся, засталася толькi адна-адзiная скрыначка, з адной Чорнай запалкаю. Мужчына хацеў зварыць сабе яйка. Так бывае, што табе хочацца з’есцi цёплае, крышку пасоленае яйка з чорным хлебам i маслам. Мужчына вырашыў паспрабаваць выкарыстаць нестандартную запалку. Ён чыркануў ёю аб скрыначку. Запалка засiпела i ўспыхнула. Замест яркага i светлага агню на запалцы затрапятаўся чорны-чорны пялёстак. Агонь быў суцэльна чорны. Ад яго разыходзiлася чорна-чорнае ззянне. А святло, што было ў пакоi, паплыло тонкiмi праменьчыкамi ў тое полымя i пачало ў iм знiкаць. Мужчына, як зачараваны, глядзеў i не мог адвесцi вачэй ад Чорнай запалкi, ажно пакуль полымя лютым холадам не апякло яму пальцы. Мужчына кiнуў запалку, i яна ўпала на кiлiм. Чорнае полымя пабегла па ваўняным кiлiме, усхапiлася на лакаванае крэсла, з якога перакiнулася на шторы i шпалеры. У кватэры пачаўся чорны пажар. Мужчына паспрабаваў тушыць яго вадою, але не змог, бо не бачыў ужо таго лютага полымя ў суцэльнай дымнай i смуроднай цемрадзi. Чорнае полымя разам з паветрам знiшчала святло. I тут мужчыну спаралiзавала здагадка, што з-за ягонай неабачлiвасцi ад Чорнай запалкi згарыць цэлы дом, цэлая вулiца, цэлы горад… Перад сконам мужчына суцешыў сябе тым, што гэта ён, менавiта ён, запалiў чорнае полымя ад Чорнай запалкi.
        
        
        
159. ШЭРЫ КАЛIДОР
        
        Iдзеш па шэрым калiдоры. Ён доўгi i ледзь асветлены. У абедзвюх сценах праз аднолькавыя прамежкi – шэрыя глухiя дзверы. Ты спрабаваў адчынiць iх; усе зачыненыя. Ты iдзеш, бо спадзяешся, што ўсё ж адчынiш адны з гэтых дзвярэй. Не адчыняюцца. Нiхто не адказвае i на твае пастукваннi i пагрукваннi. Дайшоўшы да канца калiдора, ты паварочваеш у такi самы дрэнна асветлены i неверагодна доўгi i вузкi калiдор. I ўсё паўтараеца, i ты паварочваеш, i ты грукаеш у дзверы, ты б’еш па iх кулакамi i нагамi, бо яшчэ спадзяешся знайсцi выйсце. Рэха тваiх удараў коцiцца па калiдоры ў розныя бакi. Яно раскочваецца, i зноўку ў калiдоры западае глухая цiша. Неяк зусiм незаўважна калiдор робiцца ўсё вузейшы i нiжэйшы, i дзверы знiкаюць, i па калiдоры можна толькi паўзцi. Паўзеш, пакуль не захрасаеш так, што паварушыцца ўжо не можаш. I паветра прападае. З апошняй змогi спрабуеш крычаць. Змучваешся. Зацiхаеш. Робiшся маленькi-маленькi. Супакойваешся i прападаеш зусiм.
        
        
        
160. ШЭРЫ КЛЕЙ
        
        У старым падручнiку па хiмii малады чалавек знайшоў лiсток паперы. На пажоўклым аркушы чорным атрамантам быў запiсаны рэцэпт прыгатавання Шэрага клею. Пад рэцэптам дробнымi друкаванымi лiтарамi стаяла прыпiска – «Склейвае ўсё!» Толькi дзеля цiкавасцi i быў прыгатаваны Шэры клей. Ён сапраўды змацоўваў незмацавальнае, злеплiваў незляпляльнае, лучыў незлучальнае. Малады чалавек клеiў шкло да каменю, клеiў жалеза да тканiны, клеiў дрэва да скуры… Усё трымалася мёртва. Злавiўшы жабу, чалавек адарваў i прыклеiў ёй лапу. Жабка паскакала прэч так порстка, нiбыта нiхто ёй лапы не адрываў i не прыклейваў. Адна толькi акалiчнасць моцна засмучала цiкаўнага хлопца: пасля склейвання на рэчах заставалiся брудныя, выродлiвыя i незнiшчальныя швы. Чым больш ён маскаваў тое шво, тым больш выродлiва яно выглядала. Чалавек замаркоцiўся. Днямi навылёт ён блукаў па вулiцах, пад шэрым дажджом, пакуль не зразумеў, што, спрабуючы склеiць i аднавiць старое, робiць фатальную памылку. Трэба з дапамогаю цудадзейнага клея рабiць цалкам новыя рэчы, i тады ён стане роўны прыродзе, роўны… З гэтай думкаю ён i пабег гатаваць чарговую порцыю Шэрага клея. Толькi вось лiсток з рэцэптам некуды прапаў. Чалавек паспрабаваў згадаць рэцэпт. Ён памятаў пра тварожную масу i нашатырны спiрт, памятаў пра памешванне той масы ў рондалi на маленькiм агнi, але сабраць ў адзiн рэцэпт усе iнгрэдыенты, аднавiць метад i паслядоўнасць прыгатавання надзвычайнага клею ён так i не змог. Шэры клей застаўся адно ўспамiнам цiкаўнага маладога чалавека.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.