РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адпаведны рай
1
        Па ўсім было відаць, што ў Смілавічах добра ставіліся да грамадзян, не маючых пэўнага месца жыхарства. Дакладней, сацыяльная дапамога для гэтых людзей была наладжана смілавіцкай адміністрацыяй на дастаткова высокім узроўні. Бамжы ніколі не хадзілі тут у бруднай вопратцы. Для іх былі арганізаваны спецыяльныя кропкі, куды яны здавалі свае рэчы, а ўзамен атрымлівалі чыстыя. Гэта быў “second hand”, але адзенне заўсёды было якаснае і нават моднае. Да бамжоў ставіліся ветліва і ўважліва. Для іх было арганізавана нешта падобнае да лазні. Зразумела, басейна і саўны там не было, але душ з гарачай і халоднай вадой, бясплатныя мыла і шампунь, аднаразовыя ручнікі, – усё гэта мела месца.
        Усіх без выключэння кармілі ў спецыяльнай бясплатнай сталовай. Медыцынская дапамога была наладжана па лініі аднаго з “крыжоў” (ці то чырвонага, ці то зялёнага) і працавала вельмі актыўна. Для ўсяго кантынгенту, які стаяў на ўліку, прапаноўвалася праца. Хто хацеў, мог працаваць цэлы дзень, хто такога жадання не меў, мог працаваць палову дня. Грошы выплочваліся па заканчэнні дня. Невялікія, але на цыгарэты ды цукеркі хапала.
        Начаваць можна было ў спецыяльным інтэрнаце, у цёплых і ўтульных пакоях, дзе засцілалі свежую бялізну, выдавалі падушкі, коўдры, і можна было нават паглядзець тэлевізар…
        Так я думаў, калі кіроўца аўтобуса “Магілёў – Мінск” усё ж такі выштурхнуў бамжа-небараку з салону і праветрыў смурод, што той пакінуў за сабой. Бомж ехаў з Беразіно, хаваючыся на самых апошніх сядзеннях. Грошай хапіла толькі на квіток да Смілавічаў. Ён вельмі прасіўся праехаць хоць крыху бліжэй да Мінска. Якія ў яго там былі справы – невядома. Чалавек гэты быў не надта падобны на звычайных бамжоў. Вопратка ў яго была больш-менш акуратная. Позірк уважлівы, дапытлівы, і, гледзячы на яго твар можна было падумаць, што ў гэтай дзіўнай асобы маглі нават мецца нейкія творчыя здольнасці. Яшчэ ў час прыпынку на аўтастанцыі ў Беразіно бомж паспрабаваў загаварыць са мной, калі я выйшаў з аўтобуса падыхаць свежым паветрам. З-за яго дэфекту маўлення я зразумеў толькі некалькі словаў, у тым ліку пытанне “На Мінск?” Мужчына паспрабаваў учапіцца за мой рукаў і нешта сказаць яшчэ, аднак я выхапіў руку і пайшоў да газетнага шапіка, думаючы, што гэта звычайны папрашайка збірае грошы на піва…
        Кіроўца яшчэ доўга лаяўся, ні да каго не звяртаючыся, – аўтобус заглох і не хацеў завадзіцца. А бомж застыў на адкрытым участку шашы, спінай да аўтобуса, уціснуўшы галаву ў плечы. Да Мінска заставалася яшчэ кіламетраў трыццаць. Побач на краі асфальта ляжаў пакунак, што кіроўца выкінуў услед за яго гаспадаром. Шалёны вецер шкамутаў вопратку, мокры снег залепліваў твар гэтага чалавека. Можа быць, ён плакаў, можа, яму было сорамна, магчыма, ён пасылаў праклёны, ці наадварот, дараваў камусьці альбо дзякаваў за яшчэ адзін нялёгкі іспыт у сваім лёсе…
        Мая сяброўка, калі прачытала вышэй напісаныя радкі, спыталася: “Ты што, не знайшоў іншай тэмы? Адчуваеш віну, што не даў бедаку пару тысячаў, каб ён даехаў да Соснаў ці да Шабаноў? Можаш суцешыцца тым, што ніхто з пасажыраў таксама не падтрымаў жабрака…” Рэдактар часопіса “М?Д!” выдаў рэзюмэ: “Спадзяешся, што нейкі інтэлектуал, прачытаўшы гэтыя радкі, скажа: “Бач ты, які шляхетны, разважае нават пра лёс бамжа…”? А святы айцец Мікалай з царквы “Новае неба” сказаў, што не толькі людзі, але яшчэ і нехта звыш абавязкова даведаецца ці ўбачыць, што аўтар пры жыцці пашкадаваў небараку, ды прагучыць з нябёсаў прыкладна наступнае: “Не зусім, значыць, страчаны. Залічым яму гэты выпадак у спіс добрых справаў...”
        А я падумаў – не выключаецца, што аповед трапіць да самога галоўнага героя, таго самага бамжа, што здолеў даехаць толькі да Смілавіч. А ён раптам выпадкова апынецца самым граматным, дасведчаным і выбітным з усіх беларускіх бамжоў, сапраўдным інтэлектуалам і крыэйтарам, і прачытае гэтыя радкі з вялікай удзячнасцю да аўтара. Зразумела, гэта можа здарыцца пры пэўных умовах, калі, напрыклад, наш герой здагадаецца завітаць у Інтэрнет-кафэ, якое працуе пры спецыялізаваным цэнтры сацыяльнай дапамогі мястэчка Смілавічы. Цалкам верагодна, што наведвальнік знойдзе гэта апавяданне ў Сеціве, на спецыяльным сайце, які зарэгістраваны смілавіцкай сацыяльнай службай для грамадзян без акрэсленага месца жыхарства…
        Той самай службай, якая хоць на некалькі імгненняў дазваляе патрапіць у рай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.