РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новае неба
 
Вершы
 
Вільня і Менск
 
Парк
1988

 
 
Парк
 
Меліярацыя
 
Верасень
 
Спроба дапамагчы
 
Ліст
 
Успамін
 
Цень
 
Восень
 
Вечар
 
Дынаміка
 
Холад
 
Час
 
Нуль градусаў
 
Размова
 
Горад
 
На прыпынку
 
Карнавал
 
19-30 – калыханка
 
Вечаровае
 
Металургія
 
Жонка
 
Сьвята
 
Рысы
 
Дым
 
Спатканьне
 
Сабака
 
Варона
 
Бык
 
Валун
 
Сьпевы
 
Нараджэньне
 
Кветка
 
Смык
 
Зьмены
 
Чаканьне
 
Ліст да каханай
 
Нацюрморт
 
Зоры
 
Эпітафія каханьню
 
Спакуса
 
На пероне
 
Рух
 
Вяртаньне
 
Лес
 
Хутар
 
Млечны Шлях
 
Таполi
 
Зорка
 
Напамін
 
Аэрадынаміка
 
Прагрэс
 
На станцыі Койданава
 
Брат
 
Сьвiслач-рэчка
 
Рэгіна
 
Бронік
 
Казік
 
Новае неба
 
Шпацыр
 
Да аўтапартрэта
 
Рэзананс
 
Космас
 
Агонь
 
Фотакарэспандэнт
 
Гарадскі вецер
 
Рэкляма
 
Квадры
 
Сталіца
 
Кухня
 
Лiрыка
 
Скрыжаваньне
1993

 
 
Скрыжаваньне
 
Воўк
 
Чарга
 
Атрута
 
Рост
 
Тастамэнт
 
Беларускія краявіды
 
Зімовы лес
 
Бібліятэка
 
Ноч
 
Паплечніку
 
Цыган
 
Сон
 
Браты
 
Сьцяна
 
Слуп
 
Кароль
 
Смутак
 
Аксамітныя танцы
 
Нашчак
 
Развагі
 
Мастак
 
1989. Менск. Траецкае прадмесьце
 
1939. Вiльня. Слова беспрацоўнага
 
Сабака
 
Квадрат
 
Беларускi рух
 
Звышнадзейнасьць
 
Ёсьць
 
Ты
 
Дамоў
 
Спроба малітвы
 
Вершы. Пра каханьне, пра п’янства i сьмерць
2001—2007

 
 
Свабода
 
Вечаровае
 
Лісічкі
 
Ты і я
 
Берэт
 
Партрэты
 
Цішыня
 
Анёлы
 
Раскоша
 
Расстаньне
 
Інтэрнэт
 
Кола
 
Агонь зялёна-сiнi
 
Наказ
 
Мая душа
 
Пустата
 
Гэрой
 
Тры сярожы
 
У нашай Вільні
 
Свабодны
 
Разьвітаньне
 
Начныя словы пра Вільню
 
У Вільні
 
Вечаровы настрой
 
Вяртаньне
 
Полацк
 
Парадак
 
Позьні час
 
Паэты
 
Вясна
 
Запавет
 
Валодзі
 
Наступніку
 
Пытаньні
 
Блуканьні па насалодах
 
Жаданьні
 
Мужыкі i бабы
 
Самасуцяшэньне
 
Профіль
 
Кінадэтэктыў
 
1974. Першы пашпарт
 
Інструмэнты
 
Лён
 
Забаўкі
 
Адзіная Радзіма
 
Трымценьне ў чорным
 
Адліга ў Вільні
 
Паўстаньне
 
Сонца
 
Менск
 
Травень
 
Жвір жыцьця
 
Біяматэматыка
 
Барсэлёна
 
Захмялелая малітва
 
За адно імгненьне да спатканьня
 
Салдат
 
Поўня
 
Сябры
 
Эмігрант
 
Асіна
 
Посуд
 
Каханьне божых матылькоў
 
Сьлед
 
Сьмерць у траўні
 
Новыя вершы
2008

 
 
Згадка
 
Электрык
 
Зялёнае
Вільня і Менск
У Вiльнi сьнег. У Вiльнi цiшыня.
У Вiльнi ўтульна i выдатна сьпiцца.
Мне Беларусь заўсёды ў Вiльнi сьнiцца
заможная, свабодная, мая...
 
У Менску дождж. У Менску мiтусьня.
У Менску тлумна i няма спакою.
Тут не знаходзiш згоды сам з сабою.
Ды толькi ў Менску — на Радзiме я.
 
 
 
 
ПАРК
1988
Парк
На зямлю маскараднае золата скiнулi клёны.
На зiму зачынiлiся атракцыёны.
Штучны рай скончыў працу. Маляр прапакосьцiў арэлi.
У Кiтай чарнагрудыя сiтаўкi пераляцелi.
Састаўны самалёт разабралi мужчыны.
Да вясны карусельшчык узяў адпачынак,
На ланцуг пасадзiў аглядальнае кола.
Галоўбух налiчыў адпускныя i холад.
Уцякла мiтусьня. Засталiся туманы.
Да цяпла абязводзiў сантэхнiк фантаны.
На вадзе плаваў лёдзiк блакiтны i тонкi.
Дзе-нiдзе засталiся на клумбах рамонкi.
Нагадаў iнжынер адключыць асьвятленьне,
Загадаў паздымаць карусельных аленяў.
Пад замкi прадаўшчыцы паставiлi цiры.
Медзякi ды бiлеты надзейна схавалi касiры.
Тонкi дрот павуцiньня аздобiў дашчаныя касы.
На завод павярталiся бочкi з-пад хлебнага квасу.
Гаражы ненадзейны метал ратаваць узялiся.
На дажджы папяровыя шклянкi па шве разышлiся.
За сэзон аблупiлася фарба рэклямнай афiшы.
Белы сон пра сваё красаваньне паклiкалi вiшнi.
Ссох, завяў каля плота высокi дзядоўнiк.
Сьпiлаваў i спалiў нежывыя галiны садоўнiк.
У агнi спакваля жалуды спапялелi.
Цiшынi дачакалiся ўрэшце алеi.
 
 
 
 
Меліярацыя
Паляшучка мяне пацалуе на ўцеху каханьню, –
Расьсячэ далягляд на заходзе iмклiвая каня.
 
Шчупакi плаўнiкамi сьпiлуюць чырвоныя сосны;
Мёд жывiцы ў цыстэрны зьбяруць меднавокiя восы;
 
Цягнiкi, як вужакi, цяжкiя галовы падымуць;
Закiпiць небасхiл i зацягнецца вугальным дымам;
 
Страказа-верталёт прамiне сваю цёплую зорку;
Прыгадае Зямля – час Адама ад яблыка горкi;
 
Абумовiць пяшчота эксперымэнтальныя зьмены;
Чарапаха пакiне самотнаму панцыр каменны;
 
Дыназаўры-бульдозеры спаляць салярку густую;
Здрыгануцца каўшы, экскаватары залямантуюць;
 
Маладая вада загартуе стотоннага латнiка-рака;
На свой цень азiрнецца – забрэша здурэлы сабака;
 
Спруцянеюць ад зайздрасьцi ведзьмы, пачуўшы пра дзiва, –
Паляшучка на долю лiхую дачку нарадзiла.
 
 
 
 
Верасень
Стаю на журботнай пожнi
І ўсё не магу паверыць,
Што скора туман абложны
Пабелiць лiловы верас.
 
 
 
 
Спроба дапамагчы
Не глядзi ў парафiнавы стаў –
Дзе пад лёдам згарэла лiлея,
Над якiм скавытаў i стагнаў
Незашпiлены вецер завеi.
 
Паглядзi на вясновы пясок,
Што цячэ i цячэ праз пальцы;
І паслухай, як шашаль-жучок
Цiха точыць калону ў альтанцы,
Цiха рэжа азьбеставы блок.
 
 
 
 
Ліст
Парывiсты моцны вецер
Па-над хваляваньнем вады
Хiстае тонкае вецьце
Самотнай сiвой вярбы.
 
На блякла-рудым балоце
Вiхурыцца зiмны сьвiст.
У ломкiм сухiм чароце
Спыняецца чорны лiст.
 
 
 
 
Успамін
Дзiця варухнулася ў сьне,
І запалiўся сьвiтанак.
Вярнулiся да мяне –
Вясна i валошкавы ранак.
 
У бэзавае акно
Пастукаў ружовы голуб...
Было тое ўсё даўно,
А зараз – лiловы холад.
 
 
 
 
Цень
На шэра-жоўтым сухiм асфальце
Ляжыць мой сiнi вiльготны цень.
Празрыстыя доўгiя ценевы пальцы
Дрыжаць, як дарэмна пражыты дзень.
 
У цень залятае сухое лiсьце,
Гарыць блакiтна-зялёным агнём;
І думкi, што дымам сплылi калiсьцi,
Вяртаюцца ўсёдаравальным днём.
 
 
 
 
Восень
Салодкi дым гадзiны шарай
На поўдзень крылы птушак нёс.
Блакiтна-попельныя хмары
Цяклi па дрэвах срэбрам сьлёз.
 
У мякка-чорныя калюгi
Плылi апошнiя лiсты;
А ядлаўцовыя кусты
Ішлi
На груд,
Як валацугi.
 
 
 
 
Вечар
Мне даспадобы шарая гадзiна
І мацiцовыя туманы,
Калi санлiва i гасьцiнна
Гараць вяргiнямi парканы;
 
Калi за сiнiя фiранкi
Схавана хатняе цяпло,
А жоўта-белае сьвятло
Чаканьнем сагравае ганкi.
 
 
 
 
Дынаміка
Вецер, выняньчаны шпакоўняй,
На крыле рэактыўных завей
Далятаў да сьцюдзёнай поўнi
І вяртаўся да цёплых дзьвярэй.
 
Ён брахаў скалазубым сабакам,
І на комiне чортам выў,
І завязваў вузламi дым,
За фiранкамi цiха плакаў...
 
 
 
 
Холад
Палае золкае паветра –
Гараць асеньнiя кусты,
Чырвона-цёмныя лiсты,
Сарваныя пякучым ветрам,
 
Ляцяць: на чорныя карэньнi,
Празь ярка-жоўтую зару,
У парудзелую траву,
На дол, на вострыя каменьнi...
 
 
 
 
Час
Учора – гэта канадскiя клёны
На даляглядзе гарызантальным.
Заўтра – сасоньнiк, блаславёны
Надзеямi вертыкальнымi.
 
Сёньня – гэта сэрцалiстая лiпа
З крылатай кнопкай насеньня.
За лiпай трансфарматар усхлiпвае,
Прагнучы ператварэньня.
 
 
 
 
Нуль градусаў
Спадзяваўся на чысьцiню
Маладога iльду i сьнегу.
Спадзяваўся на глыбiню,
Наканаваную небу.
 
Паплыла праз адлiгу вада,
Пахавала маё спадзяваньне.
Агарнула мяне туга,
Што жаданьняў – нiзваньня.
 
 
 
 
Размова
Ты не ў гуморы, я не ў гуморы.
Сядай за стол, мы пагаворым.
Нас аб’яднае агульны вораг.
Мы пагаворым пра наша гора.
 
Ня будзе лепей, ня будзе горай.
Нязьменна белы ня стане чорным.
Ня зьнiкнуць горы. Ня згаснуць зоры.
Дык што мы творым? Нашто гаворым?
 
 
 
 
Горад
Афiшы, перахрышчаныя клеем,
Чытаюцца дзяўчынкай па складах.
Новабудоўлi моцна пахнуць глеем,
Вартаўнiкi сумуюць пры складах.
 
Хлапечае жыцьцё мiкрараёнаў
Заблыталася ў бiтумнай смале.
Будзiльнiкам зялёным, электронным
Мiргае вока часу на стале.
 
 
 
 
На прыпынку
Бяз дай прычыны мне захарашэла.
Канструяваньне прапаведуе зiма.
Галiны сьпяць, устаўленыя ў шэрань.
На шкле крышталiзуецца туман.
 
Мароз малюе ацыдафiлiнам
Рафiнаваны бездакорны рай.
На скрыжаваннi перспэктыўных лiнiй
Уздрыгвае, бясспрэчна, мой трамвай.
 
 
 
 
Карнавал
Надзеўшы пацёрта-хiповую кепку,
Шыбую ў часова расквечаны сьвет.
Навокал зiхцяць размаiтыя кветкi.
Сьпявае, сьмяецца стракаты праспэкт.
 
У хмарах гуляе бананавы месяц.
Навокал рагоча, раве карнавал.
А я, адшукаўшы спакойнае мейсца,
Прыкурваю свой «Беламорканал».
 
 
 
 
19-30 – калыханка
Над мiкрараёнам лунаў
Напеў электронна-дрогкi;
Лавiлi антэнныя рогi
Другi, беларускi канал;
 
Экранная калыханка
Плыла ў папяровым лесе;
Мiгцеў пластылiнавы месяц,
Працяты тэлемаланкай.
 
 
 
 
Вечаровае
Зачыненыя гаражы
Самаўпэўнена маўчалi,
У пекле вогненнай iржы
Яны алейнасьцi жадалi.
 
Гумовакрылыя стрыжы
Самазахоплена пiшчалi,
Раскрэсьлiвалi вiражы
Над сьметнiцай i гаражамi.
 
 
 
 
Металургія
На душы ў мяне металалом,
А не камень двух- цi трохпудовы;
Бо мяняю процьму валуноў
На адну шчасьлiвую падкову.
 
Божа, Божа, што тут гаварыць?
А каму на гэтым сьвеце лёгка?
Дык няхай душа мая гарыць,
Брату выплаўляючы палёгку.
 
 
 
 
Жонка
У сьне сустракаеш другога,
А ўдзень ты ня помнiш яго.
Мяцеш i шаруеш падлогу,
Чакаючы мужа свайго.
 
Крухмалiш, прасуеш кашулi.
Дзiцяцi гатуеш абед,
Намыўшы да бляску каструлi.
Вось так i трымаецца сьвет.
 
 
 
 
Сьвята
Панурым восеньскiм дажджом
Цякла нудлiвая нядзеля.
Ты праз вакно на сьвет глядзела.
Твая душа плыла за шклом
 
І клiкала пакiнуць дом.
Ты нечакана спахмурнела, –
Схапiла за крыло душу...
– Спынiся! – я цябе прашу.
 
 
 
 
Рысы
Зноў пiшу табе астатнi раз.
Адмаўляю знойдзенае слова.
Крышыцца завостраны аловак,
Крэмзаю недапiсаны сказ.
 
Шнар сячэ, i расьсякае шнар –
Зататуiроўваецца аркуш.
На паперы скрэмзанай
Упарта
Праступае
Зьненавiдны твар.
 
 
 
 
Дым
Не хапiла слоў, хапае сьлёз
На матыў адвечнай песьнi песьняў.
Што казаць, такi ўжо выпаў лёс –
Разьвiтацца ў ядлаўцовым лесе.
 
Ты ня ўмееш плакаць па начах,
У пару бяссоньнiцы бязбожнай;
Замярзаюць сьлёзы на вачах...
Хто ж такому гору дапаможа?
 
Я патрапiў у замкнёны круг –
Плача побач iншая жанчына,
А навокал ядлаўцовы дух,
Дымная сiнеча прад вачыма.
 
Мо’ на лёс ня варта наракаць?
Немаўля заснула на руках...
 
 
 
 
Спатканьне
Я сустрэну цябе пад гарою,
Дзе вясна смачна пахне ральлёю,
Загарну ў тваё моцнае цела
Стогн душы сваёй захварэлай.
 
Хай астудзiць твая пяшчота
Горкi водар маёй адзiноты.
Апяку языком твае вусны...
Дужы вецер славянска-русы.
 
Прасьпявае былiну-казку
Пра зеленавокую ласку
Маладой i жаданай вясны,
Што прыходзiць у горкiя сны.
 
Зноў сустрэну цябе пад сасною,
І заплача сасна смалою.
 
 
 
 
Сабака
Жывы камяк рудой кудлатай воўны –
Сабака – бег у шэрай цiшынi
Праз краявiд, iмжы шурпатай поўны,
Дзе ў яблыняў памерзьлi каранi,
 
Дзе жыў за плотам хрусткi зжоўклы сад,
Пад лёдам стыў асфальт дарогi ў горад,
Што мкнула ў незваротны далягляд
Праз вiльгаць у туман i ў холад.
 
Сьцямнела. Ноч, нiбыта сiнi сум,
Ляцiць, лунае, крылы разгарнуўшы...
Сабака, зьнiкшы ў будцы, змоўк, заснуў,
Прыцiснуўшы да цёплай шыi вушы.
 
І я тут быў, калi той час
Ператвараўся ў гэты сказ.
 
 
 
 
Варона
Праз мароз i сьлязу,
У туман i вясну,
На крывую сасну,
На сiвую расу
 
Прыляцела i села варона.
На вароне гарэла карона.
Пахiснулася раптам варона, –
Паляцела i зьнiкла карона
 
У сiвую расу,
Пад крывую сасну,
За туман, за вясну,
За мароз i сьлязу.
 
З тых часоў i гукае варона,
І крычыць: – Дзе кар-р-рона, кар-р-рона?!
 
 
 
 
Бык
Дужыя рогi быка
Цяжкае сонца трымаюць.
Шчыльную чырвань рака
Коцiць. Каменьнi сьпяваюць
 
Хорам глухiх галасоў.
Вецер гарачы хiстае
Поле рудых каласоў.
Стомлены дзень памiрае.
 
Прысак згарэлага дню,
Шарай гадзiнай названы.
Вiльгаць расы ў цiшыню
Сыпле. Прыродай абраны
 
Бык павярнуў галаву –
Падае сонца ў траву.
 
 
 
 
Валун
Камень – валун чырвоны,
Цёплы, зацяты, чуйны –
Слухае крык вароны...
– Камень, паўстань! – крычу я.
 
Спудзiлiся вароны.
Ветры валун паднялi.
Сонцам безабаронным
Камень паўстаў зь зямлi.
 
Крохкiх маланак блiцы,
Ляскат i трэск перуна
Падаюць у навальнiцы.
Чырвань гарыць валуна.
 
Як на вiльготнай глебе,
Камень стаiць у небе.
 
 
 
 
Сьпевы
Я сьпяваю i слухаю песьню,
Выдумляю, складаю казкi,
І надзею на лепшае пешчу,
І чакаю любовi i ласкi.
 
Хмары белыя, песьнi волi
Праплываюць над галавою;
Я iду па бязьмежным полi
І шукаю адно – спакою.
 
Сонца дымна-халодным шарам
Млява плавiцца на даляглядзе –
Чырванеюць, рудзеюць хмары,
І зьнiкае надзея ў паглядзе.
 
Я пад зорамi засынаю;
Толькi ў снах усё роўна сьпяваю.
 
 
 
 
Нараджэньне
Варушыцца, крэкчучы, цемра.
Цярушыцца шолах i шэпт.
Бязьмерным зрабiлася цела
І страцiла пошукi мэт.
 
Навобмацак слухаю сьцены,
Іх стогны ў бязьмежнай iмжы.
Зьявiлiся хiсткiя ценi,
Кранулi за крылы душы
 
Пытаньнем: – Ты хто? І што страцiў?
Чаму не крычыш, а маўчыш?
Першай зьявiлася мацi,
Кiнула ў цемру крыж –
 
Бурыцца цемра маны...
Грукнула сэрца сьцяны.
 
 
 
 
Кветка
Цар-лясун залатымi вачыма
На чырвоную кветку глядзiць,
І хiстаецца кветка няспынна,
Пад сасною крывёю гарыць.
 
Гэта папараць нарадзiла
У цёмным шэпце вiльготных дуброў
На Купальле чароўнае дзiва
Мiж аголеных каранёў.
 
Той, хто знойдзе чырвоную кветку,
Будзе шчасьце трымаць у руках,
І таму на Купальле спрадвеку
Пачынаюць малойцы шукаць;
 
А знаходзяць малойцы красунь,
І рагоча, рагоча лясун.
 
 
 
 
Смык
Зарыпела, запела падлога.
Дзверы грукнулi. Бразнуў замок,
І панесла мяне дарога
Нi назад, нi наперад, а ўбок.
 
У тым баку нават поле з гора
Валунамi даўно зарасло,
І шырока-глыбокае мора
Жорсткiм жвiрам-пяском заплыло.
 
Там ня сыплюцца ветры дажджамi
І ня падае цiхi сьнег.
Там варушацца пад грудамi
Ненароджаны плач i сьмех.
 
І знайшоў я там стрэльбу i штык.
І зрабiў я зь iх скрыпку i смык.
 
 
 
 
Зьмены
І розум перальецца з мовы ў мовы,
І ператворыцца ў траву ральля,
І перавернецца са дня на ноч Зямля,
І я крану чырвоны лоб каровы.
 
А можа, захад цёплы i барвовы,
А можа, чорны аксамiт чмяля,
А можа, колкi востры дрот гальля,
А можа, дух ледзь чутны, палыновы.
 
І раптам ноччу загудзе гадзiньнiк
І пераломiць вецер сiнi быльнiк,
А дождж збудуе краявiд з вады,
 
А сьнег накрые лес, мой дом i дрэвы,
І стануць шэра-белымi груды,
І зьменiць вечнасьць пацалунак Евы.
 
 
 
 
Чаканьне
Давай ня будзем гаварыць
Нi добрага i нi благога,
Каб не пазбавiцца сьвятога,
Давай маўчаць i доўга жыць.
 
А наша слова не згарыць
Памiж руiнамi старога.
На плiтах новага парога
Яго нiкому не скарыць.
 
Калi перамаўчым зацьменьне,
За дымна-папяловым днём
Надыдзе зорнае iмгненьне.
 
Здарожаных мы памянём
За рысай лепшага iсьненьня,
А здраднiка мы праклянём.
 
 
 
 
Ліст да каханай
Наша сустрэча не за гарамi.
Не за лясамi твой пачастунак.
Не за палямi мой пацалунак.
Наша пяшчота не за марамi.
 
Хоць i паблытаны словы вятрамi,
Хоць i, забыўшыся на паратунак,
Панi Маркота кратае струны
Стомленай арфы ў колiшнiм храме.
 
Сумная поўня нам спачувае –
Вузкiя сьцежкi асьвечвае ўпотай,
Хоць i хмурына поўню хавае.
 
Абавязкова горыч самоты
Мы да сустрэчы ператрываем,
Хоць i навокал стогнуць балоты.
 
 
 
 
Нацюрморт
Сьцяна, цьвiкi, вiсяць ватоўкi.
На дроце сьпее цар-кiндзюк.
На шыбцы пастку сплёў павук.
Там, на палiцах: кансароўкi,
 
Бутэлькi, слоiкi, вяроўкi.
Сьвiдруе шафу шашаль-жук.
Дзярэ дзяругу пан-пацук.
Там, па кутах, стаяць рыдлёўкi.
 
Там ноччу ходзiць шэры чорт,
На чорце скача чорны крот.
Там поўны круп стаiць цабэрак.
 
Вiсiць вяндлiны цяжкi кош.
Там мыш дзярэцца на куфэрак.
Сьцяна, тырчыць зламаны нож.
 
 
 
 
Зоры
Ня ведаем,
што будзе...
Што было,
зьнiкае...
Мы будуем сабор,
дзе, можа, будзе
будучае жыць
мiж сьцен мiнулага,
пад купалам прасторы,
i разам зь iм
мiж часу,
на мяжы
узьнiкне зараз
i ўбачыць зоры,
чыё сьвятло
так доўга
да Зямлi
ляцiць.
 
 
 
 
Эпітафія каханьню
На востры кант барвовых дахаў,
Памiж прутоў антэн, на лёд
Упала сонца – зьбiтым птахам...
За ветрам, ў сiнi краявiд,
Мiж велiчы бэтонных гмахаў,
Праз браму ночы вечар зьнiк...
На чорным небе звар’яцелым
Накрэсьлю крэйдай месяц белы.
 
 
 
 
Спакуса
Нас не спыталi, нам далi жыцьцё...
Жаданьне нашае – у целе iснаваць
І разумець сусьвет як адкрыцьцё
Няспыннасьцi, упарта ашчаджаць
Той тэрмiн, дзе зьмясьцiлася быцьцё,
Але iстоту мусяць спакушаць
Бязгучным iснаваньнем па-за целам,
Дзе зноў зьбяромся мы ў бязьмежжы белым.
 
 
 
 
На пероне
Вакзальны дух. Настрой на зьмены скоры.
Як абразок, трымаеш ты бiлет.
Адно што добра – шчыра не гаворым.
Наш пацалунак запаўняе сьвет.
 
Мы пакiдаем дробязi на памяць.
Таго, што ёсьць, ня зломiш, каб хацеў.
Састаў кранаецца, i лiхтары сiгналяць
Рубiнавым агнём у чарнаце.
 
 
 
 
Рух
Быў дзень бяз сонца: мяккае сьвятло,
Ахутваючы, абмiнала формы,
Здавалася, што нерухомае плыло...
Быў вечар млявы, стомлены, бяззорны.
Гублялiся абрысы – навакольле йшло
Да ночы з мокрым сьнегам, зь небам чорным...
 
А ноч была, як дзень празрыста-шары,
Пад нiзкiм купалам бясконцай хмары.
 
 
 
 
Вяртаньне
Узьнiк на даляглядзе горад –
Зацьвiў неонавымi зорамi.
І перад сонным сьвятлафорам
Аўтобус, уздыхнуўшы зморана,
Спынiўся, пахрыпеў маторам
На беразе асфальтавага мора...
 
Я выйшаў на бэтоннае прымор’е.
Стаяла надзвычайнае надвор’е.
 
 
 
 
Лес
Мiж сосен з жоўтаю карою,
Дзе пах смалы стаяў густы,
Дубок галiнаю крывою
Шпурляе зьверху жалуды
На неба ў лужынах рудое,
На белы жвiр каля вады...
 
Сьцямнела – сумна стала ў лесе,
Упаў лiсток сухi на месяц.
 
 
 
 
Хутар
Печ трэснула, i дух пабiтай цэглы
Зьмяшаўся з пахам кветак i грыбоў.
На сьцены, на страху трава i мох узьлезьлi.
Гайдаючы на пер’i матылькоў,
Расьлiны выцягнулiся i леглi
На ганак – царства мух i мурашоў...
 
Паўмежкi зарасьлi. Бульбоўнiк зьвяў.
На крапiве блакiтны жук сьпяваў.
 
 
 
 
Млечны Шлях
Гудзе, гарыць лiхтар блакiтны,
На вежу гул сьвятла лiе.
Твар вежы, жоўты i гранiтны,
Заплюшчыў вочы ў мёртвым сьне.
На небе шара-аксамiтным
Бляшанай поўнi твар плыве.
 
Лiхтар патух, i горад чорны
Пабачыў шлях зялёны, зорны.
 
 
 
 
Таполi
Таполi пад зялёна-шэрым сьнегам
Хiстаюцца ў тумане i рыпяць.
Галiны крохкiя пад нiзкiм цяжкiм небам
Нагадваюць карэньнi. Пташкi сьпяць.
Імжа цярушыцца на горад чорным срэбрам.
Будынкi моўчкi нерухомыя стаяць...
 
Туман апаў, растаў, i цiха-цiха
Сьнег падае, i лёгка-лёгка дыхаць.
 
 
 
 
Зорка
У пакоi, над сталом,
За вакном – дзе ноч над краем,
Над фiранкаю, за шклом
Зорка белая мiргае
У чорным небе: над iльдом,
Нас з табою суцяшае.
 
 
 
 
Напамін
На сiняй вулiцы, пад жоўтым лiхтаром,
У кроках прагучала разьвiтаньне...
Заснула радасьць цiхiм белым сном –
Пералiлася у смугу чаканьня.
Мы будзем слухаць крокi зноў i зноў,
Пакуль не прагучыць у iх спатканьне...
 
Спатканьне, разьвiтаньне i спачын,
Блiскучы камень, надпiс-напамiн...
 
 
 
 
Аэрадынаміка
Ёсьць рэальная фантастыка –
У палёце лёгкай ластаўкi,
Мiж прапелернымi лопасьцямi,
Над дзюралеваю плоскасьцю...
 
Ёсьць маланка электрычная –
У пранiзьлiвай рытмiчнасьцi
Пiску навальнiчнай ластаўкi,
Пад лакатарамi-застаўкамi.
 
Ёсьць нязлоўленая пластыка –
У распнутых крылах ластаўкi,
Як нахiленая рызыка
Тоiцца ў палёце лыжнiка
Да блакiтнасьцi атласнае,
Да аблокаў пенапластавых...
 
Я злаўлю цябе, спрытная ластаўка, –
Начыкрыжу цьвiком цi фламастэрам
У салоне начнога аўтобуса,
На блакiтна-падрапаным пластыку
Падпiсаўшы – малюнак Глёбуса.
 
 
 
 
Прагрэс
На мяжы навукi i прыроды
Здольны перспэктыўны чалавек
Збудаваў пратэзныя заводы,
Каб падзагрымiраваць калек.
 
Разгарнуўся чалавечы гэнiй,
Загулi такарныя станкi,
Зарыпелi штучныя каленi,
Рукi, ногi, пальцы, пазванкi...
 
Дзе пануе мятны водар сьмерцi
У сьвятле стэрыльных устаноў,
Тахкае капронавае сэрца,
Гонiць запазычаную кроў.
 
Засталося простую работу
Зьдзейсьнiць хiрургiчнаму нажу –
Не пашкодзiўшы лязом аорту,
Замянiць сапраўдную душу.
 
 
 
 
На станцыі Койданава
Зачапiлася хмара за комiны над хлебазаводам.
На рамбазе зьвiнела, заходзiлася цыркулярка.
Уздымаўся да неба драўляна-бурштынавы водар.
За касiлкаю сыпала трэск электрычная зварка.
 
Закусiўшы губу, вартаўнiк пэцкаў плот салiдолам,
Праклiнаючы ў думках лядачых чарцей-падшыванцаў.
На яго не зьвяртала увагi сярэдняя школа,
Адпусьцiўшы дадому маленькiя крылы цыратавых ранцаў.
 
Пад дажджом, разгружаючы моўчкi машыну з прычэпам,
Мужыкi пад паветку складалi мяхi з угнаеньнем.
Учарнелае лiсьце спрачалася з ботамi шэптам.
Пахла вулiца хлебам i восеньню да ачмурэньня.
 
 
 
 
Брат
Мы прыедзем дадому,
Зноў падпалiм бульбоўнiк,
І па саду старому
Паляцiць дым-вандроўнiк.
 
Сад гасьцей дачакаўся.
Стаiмо на паўзьмежку.
Чорны клён захiстаўся,
Лiсьце сыпле на сьцежку.
 
Залаты i чырвоны
Быў учора наш сад.
Дрэвы страцiлi кроны.
Я гляджу, як мой брат
 
Моўчкi ходзiць на градах;
Пэўна, слухае ён,
Як у чорных прысадах
Стогне сьсечаны клён.
 
 
 
 
Сьвiслач-рэчка
Сьвiслач-рэчка коцiцца з гары –
Чыстыя крынiцы, цёмныя вiры –
Коцiцца да мора, мора-акiяна,
Бо з гары кацiцца ёй наканавана.
 
Ухапiўшы за белую поўсьць аблачыну,
Я спакойна ляцеў па-над Сьвiслаччу-рэчкай.
Незнарок напаткаў маладую жанчыну,
Што на чорнай хмурыне чакала сустрэчы.
 
Запытаў: «Цi мяне ты, жанчына, чакаеш?»
Адказала з хмурыны: «Чакаю другога».
Я сказаў: «Ты мяне назаўжды пакахаеш
І забудзеш, як сон, кавалера другога».
 
Мы ляцелi ўдваiх па-над Сьвiслаччу-рэчкай.
Я трымаў аблачыну, жанчына – хмурыну.
«Я чакала, чакала цябе цэлу вечнасьць», –
Вось i ўсё, што сказала мне тая жанчына.
 
Сьвiслач-рэчка коцiцца з гары –
Чыстыя крынiцы, цёмныя вiры –
Коцiцца да мора, мора-акiяна,
Бо з гары кацiцца ёй наканавана.
 
 
 
 
Рэгіна
У маёй суседкi
Вырасла на столi
Залатая кветка
Дый згубiла колер.
 
Абмiнулi Рэню
Хлопцы-кавалеры,–
Кветкавы карэньнi
Леглi на шпалеры,
 
Пацяжэлi ценi,
Расплылiся вокны,
Разышлiся сьцены
У чарнаце глыбокай...
 
Мiльганула зорка
У жалобнай слоце.
Уздыхнула горка
Дзеўчына ў самоце.
 
Не тужы, Рэгiна,
Знойдзецца каханьне, –
Чорная вяргiня
Залатою стане.
 
 
 
 
Бронік
Разьятрана, быццам вялiзны бугай,
Раве матацыкл стары i чырвоны –
Дзед Бронiк рулюе дадому праз гай.
Рахманае рэха бубнiць забабоны.
 
Пярэстай цялушкаю неба ляцiць
У чорны палон бугаiнага рыку.
Заглух матацыкл. Дзед Бронiк стаiць,
Ня чуючы ўласнага болю i крыку.
 
Яму падалося, што Ядзя iдзе,
Што жонка, якая памерла тым летам,
Паклiкала цiха яго кагадзе,
А словы Ядвiгi стаяць запаветам.
 
Калянае лiсьце ляцiць на траву,
Вятрыска ламае сухiя галiны.
У кожнай сасьне Бронiк бачыць труну,
А неба зрабiлася колеру глiны.
 
Чырвоная поўня над садам вiсiць,
Чужы матацыкл гудзе на дарозе.
На ганку самотны дзед Бронiк сядзiць,
Ядвiга чакае яго на парозе.
 
 
 
 
Казік
Казік надзеў зялёны капялюш,
Пайшоў у сад зьбiраць сьвiньням ападкi,
А там, у жоўтым шапаценнi груш,
Убачыў Казiк сiнi фартух маткi.
 
Яна iшла праз агрэсту кусты,
Празь мiтусьню камарыкаў-казюрак,
Праз водар яблык, моцны i густы,
Праз кветкi i лiсты рудых настурак...
 
Шасьцелi на паўзьмежках пацукi,
Трымцелi i гулi чмялi, жукi i восы...
Казюк прыпаў да матчынай рукi,
Расьцiснуты здарэньнем, безгалосы.
 
І змоўклi восы, пацукi, жукi,
Чмялi. Як бурачковая агатка,
Сьляза зьляцела з матчынай рукi,
І прыпынiлася на хвiлю ў садзе матка.
 
А можа, й не хадзiў наш Казiмiр
У сад, не сустракаў той любай маткi?
Дый не, стаiць вядро, а ў iм ападкi,
Дый у агатках-сьлёзах шэры жвiр.
 
 
 
 
Новае неба
Неба злоўленае – аконнае,
Магазiнна-пластмасава-новае.
Неба рэдкае, мякка-вясновае,
Як адноўленае iконнае.
 
Неба ранiшняе, вечаровае,
З указальнiкамi рознымi.
Неба гулка-вакзальна-дарожнае
Над маiм чорным роварам.
 
Перуновае-маланкава-ветлiвае,
Страказiнае – дрогкае, нiзкае,
Неабдымнае, дымнае з плiскаю –
Гэта неба салодка-летняе.
 
Неба дзеда Валодзi – вясковае
З матылькамi па-над кароваю.
Недасяжна-бясконца-блiзкае,
Мацiцовае – маё местачковае.
 
Неба густа-вiшнёва-ласкавае,
Самалётна-дзюралева-сiняе,
Аэрафлотна-застылае – зiмняе.
Неба зялёнае з ластаўкаю!
 
 
 
 
Шпацыр
Ідуць каменныя гiганты
На эбанiтавых руках.
Пенабэтонныя атланты
Нясуць урбанiстычны гмах.
 
Над нерухомасьцямi блокаў,
Над пенапластавай гарой,
У паралонавых аблоках
Стракоча верталётны рой.
 
Мэханiстычнае гудзеньне
Перарабляе кожны гук.
Палiраванасьцю адзеньня
Сьпявае глянцавiты брук.
 
Іржа машыннага шыпеньня
Цячэ па вулiчнай хадзе.
Мой цень, акрылены трымценьнем,
То падае, то зноў iдзе...
 
 
 
 
Да аўтапартрэта
Я той, у кiм жыве глыток спакою.
І той, у кiм стаiць агонь пякучы.
І той, хто дакранаецца рукою
Да поўнi, спапяляюча-блiскучай.
 
Я той, у кiм заблыталiся страсьцi,
Хто хоча працай выратаваць хворых,
Хто не пасьпеў пакуль яшчэ упасьцi,
Той, хто зьмяшае разам радасьць з горам.
 
Я той, хто сустракае ля аргану
Свой цень i цень свайго дзiцяцi
І хто свайму няўстойлiваму стану
Апору знойдзе ў простым слове Мацi.
 
Я той, хто ёсьць у гэтым белым сьвеце,
Хто чуе, бачыць, дыхае, кранае,
І той, усьлед каму сьпяваюць дзецi,
Той, хто пякельны водар выракае.
 
Я там, дзе крышаць неба самалёты,
Дзе цягнiкi руйнуюць рэшткi цiшы,
Дзе чалавек пакутлiва-самотны
І дзе ня можа быць нiякi iншы.
 
 
 
 
Рэзананс
Дзе пыл курэў на аўтастрадзе,
На перакуленым адчаi,
Як на цэментнай балюстрадзе,
Сядзела кафельная чайка.
 
З малакаштоўнага металу
Яе халоднае сардэчка
Мэханiстычна грукатала
Памiж дарогай i мястэчкам.
 
Глядзела пудзiла з гарода,
Як за прыватнымi садамi
Жаўцела вежа льнозавода
Над залацiстымi стагамi.
 
Два срэбныя малакавозы
Правуркаталi да сталiцы...
Зьвiнелi пудзiлавы сьлёзы,
Бо чайка мусiла разьбiцца.
 
Памiж сталiцай i мястэчкам,
Памiж кюветам i гародам
Яе латуннае сардэчка
Знайшлi калгасныя льнаводы.
 
 
 
 
Космас
Іду праз боль да разуменьня слова,
Губляю цела, сон i пачуцьцё,
Губляецца астатняя ахова –
Безабаронным робiцца жыцьцё.
 
Халодны, вадкi, цьвёрды, цёплы космас
Стаiць у рухах i над мiтусьнёй...
У вогненных, блiскуча-белых космах
Палае праўда, зьнiтаваная з хлусьнёй...
 
А ён адзiны, той, хто мае права –
Стаяць, не варушыцца, не крычаць.
Ён – космас, i яго над намi слава
Спакоем прымушае ўсё гучаць.
 
І мы гаворым, блытаючы словы,
Сьпяшаючыся зразумець сябе,
Чытаем у падручнiках умовы,
Ня ведаючы, што сказаць i дзе...
 
Ідзе, iдзе праз космас нерухомы
Мой верад – мой пякуча-жорсткi боль,
І кiдаецца ў небыцьцё са стромы...
Крывёю пахне новай думкi соль.
 
 
 
 
Агонь
Ацэтыленавы агонь
На чорна-сьлiзкае жалеза
Паклаў блакiтную далонь –
І засьвiстаў скразьняк з разрэзу.
 
Душа жалезнага быцьця
Стагнала ў гаркаце i дыме,
У асалодзе адкрыцьця –
На тэрмаядзерным уздыме.
 
Шуганьне ветру i агню,
Кананьне ветру i жалеза
Перараблялi цiшыню
На песеннасьць этнагенэзу.
 
У палымянасьцi плылi,
Упарта звонячы мячамi,
Чырвона-шэрыя палi
Над ворагамi й крумкачамi...
 
На даляглядзе чорны конь
Ляцеў празь iрдзяную замець...
Ацэтыленавы агонь
Вярнуў пакрыўджаную памяць.
 
 
 
 
Фотакарэспандэнт
Чорна-белага студзеня
Негатыўнасьцi звычныя,
Бо мой сьвет – фотастудыя
Аналiтычная.
 
Аб’ектывам гартаю
Раскадроўку аблiччаў,
Праклiнаючы зграю
Рэтушораў цынiчных.
 
На рэклямным праспэкце
Я здымаю каханьне,
У чырвоным аспэкце
Кампаную жаданьнi.
 
Пазiтыўна-няярка
Скончу дзённыя справы –
У «Траецкай» кавярнi
Вып’ю кубачак кавы.
 
 
 
 
Гарадскі вецер
Як сьцягi альтруiзму,
Да крухмальных аблокаў
Вецер кiдаў бялiзну –
Навальнiцу палохаў.
 
Ён ляцеў на балконы,
Рваў старыя газэты, –
І круцiла над сьветам
Некралёгi з партрэтамi.
 
Вецер нёс iнфармацыю
Напалову размытую,
Парушаў пунктуацыю, –
Уваскрасалi забiтыя.
 
Усьмiхалiся вусны
На паперы скамечанай,
І здавалiся глупствам
Усялякiя сьведчаньнi.
 
Над крыклiвымi гмахамi,
Над маўклiвымi блокамi
З друкаванымi птахамi
Вецер зьнiк у аблоках.
 
 
 
 
Рэкляма
Няярка гарыць вiтрына.
Струменяцца адлюстраваньнi.
Тралейбусаў плыткiя зданi
Бруяцца ультрамарынам.
 
Анёлы аблокаў з дыкты
Ружовыя, нiбы мальвы,
Блiшчаць самалётнай эмальлю,
Паснуўшы ў палёце звыклым.
 
Завiс парашут парасону
Над цэдлiкам-парашутыстам,
У небе гандлёвай выстаўкi
Зiхцяць матылi з кардону.
 
Маўчаць манекены-Буды,
Нiбы эталоны здраньцьвеньня.
Над iмi шыльда – Адзеньне...
Галантарэя... Абутак.

 
Вiтаю сваё аблiчча
У дранай джынсовай куртцы.
Яно папяросу курыць
І лязгае запальнiчкай.
 
 
 
 
Квадры
Месяц – камень, магнiт астранома,
Несхаваная ў час навагодняя цацка,
Учарашнiя ўсёдаравальныя промнi,
Танны згублены гузiк салдацкi...
 
Маладзiк – маляваны сьвятлом пачынальнiк,
Знак, якi выпадкова пакiнулi продкi,
Чарапочак археалягiчнай знаходкi,
Скрылiк лямпачкi зь бiблiятэчнай чытальнi...
 
Поўня – сродак болесуцiшальны,
Шкельца ад люстраных акуляраў,
Сподак ураўнаважаных шаляў,
Незагнаны ў сiло, шар бiльярдны...
 
Сход – кавалак будзённага дзённага неба,
У лiловай атруце лiмонная долька,
Напамiн, ад якога мне робiцца золка, –
Луста хрумсткага пасьлясьвяточнага хлеба...
 
Ветах – дужка наступнага сказа,
Ад якога пачнецца народная казка,
Алавянага неба iртутная частка,
Утаптаная ў ноч металёвая каска,
 
Камэртон арганiста, пакiнуты брату
На доўгую-доўгую памяць...
 
 
 
 
Сталіца
Мне падабаецца: мiкрараён –
Жалезны дух у канструктыўным целе,
Дзiцячы пляц i школьны стадыён...
Мне падабаюцца шурпатыя панэлi.
 
Люблю мэтро, асьветлены вагон
І колы, што на грукат захварэлi.
Люблю, калi састаў бярэ разгон
У доўгiм, як працоўны дзень, тунэлi.
 
Мне да душы падмуркi ў катлаване,
Абмазаныя ў чорную смалу.
Мне да душы iсьцi па рыштаваньнях
 
На самы найвышэйшы дах. Люблю
Убачыць на дарожным скрыжаваньнi
Рассыпаную з кузава зямлю.
 
 
 
 
Кухня
У цемры стрэлiў выключальнiк, –
Прыпёрся металiчны хрушч,
Сеў на зялёны ў кветкi чайнiк,
Праскрыгатаў: «Лiсты ня руш!»
 
Перагарэў электрачайнiк;
Ператварыўся ў кветку жук.
Галодным застаецца крук!
Зноў моцна ляснуў выключальнiк.
 
 
 
 
Лiрыка
Лiрыка – гэта касьмiчная станцыя,
Здатная ажыцьцявiць узьнясеньне,
Вылепленая зь пялёсткаў акацыя,
Клямка, намацаная ў цёмных сенях,
 
Рытмамi створаная дэкарацыя
Для азарэньня i ўваскрашэньня,
Дадзеныя на хвiлiну вакацыi,
Лiпеньскi водар асфальту i сена...
 
Цiхая лiрыка – гэта прасьветленасьць,
Згубленая на iмгненьне акрэсьленасьць,
Сонечны зайчык на страчаных весьнiцах...
 
Сьцiплая лiрыка – гэта мэлёдыя,
Формула, утвораная асалодаю,
Хлопчыкам выштукаваная лодачка...
 
 
 
 
СКРЫЖАВАНЬНЕ
1993
Скрыжаваньне
Адчынiце ўсе дзьверы,
Паламiце замкi,
Адпусьцiце ўсе душы
На чатыры бакi.
Паляцелi ўсе душы
На чатыры бакi,
Зачынiлiся дзьверы
І ржавеюць замкi.
Я стаю на крыжы
Беларускiх дарог
І ня бачу дзьвярэй,
За якiмi ёсьць Бог.
 
 
 
 
Воўк
Узыдзi на гару,
Абярнiся ваўком
І ляцi праз чатыры гады, –
Сваю мацi забудзеш
І родны свой дом,
Не сустрэнеш нiколi бяды.
 
А яшчэ сорак дзён,
Не шкадуючы ног,
Ты ляцi па пяску, па вадзе,
Па асфальце, па пыле,
Па бруку дарог,
Не спыняйся, крый Божа, нiдзе.
 
А калi на мяжы
Памiж ноччу i днём
Перакулiцца ўвесь белы сьвет,
Будзе ў цемры сьвяцiць
Ярка-чорным агнём
Непатрэбны i воўчы твой сьлед.
 
 
 
 
Чарга
Я стаяў учарзе па хлеб,
Дастаяўся, а тамака соль.
Я прасiў: «Дайце мне мой хлеб!».
Мне далi ўкамянелую соль.
 
Ты стаяў у чарзе па хлеб,
Дастаяўся, а тамака сьпiрт.
Ты прасiў: «Дайце мне мой хлеб!».
А табе налiвалi сьпiрт.
 
Мы стаялi ў чарзе па хлеб,
Дастаялiся, тамака сьмерць.
Мы спыталi: «А дзе наш хлеб?».
Нам у вочы глядзела сьмерць.
 
 
 
 
Атрута
У мяне ёсьць атрута –
Вельмi лёгкая сьмерць.
Можна зьнiшчыць пакуты
Волю-вольную мець.
 
Лепей спаць у закутку
Цi пайсьцi жабраваць,
Лепей выпiць атруту,
Чым людзей забiваць.
 
Не палохайся, дружа,
Самагубства, дальбог –
Гэта зброя для мужных,
А не для рабоў.
 
 
 
 
Рост
Удасканальваюцца мантажы,
За схемай распрацоўваецца схема.
Расьце тэхнакратычная сiстэма,
Вось так на могiлках растуць крыжы.
 
Цiкава ўсё ж, а да якой мяжы
Нас давядзе закона тэарэма,
Калi замест iскрыстай хрызантэмы
Квiтнеюць бiтумныя капяжы?
 
 
 
 
Тастамэнт
Глыну крышталёвай, халоднай атруты,
У студнi-лядоўнi здраньцьвее мой лёс,
І сыдуцца ў кропкi зямныя пакуты.
Труна прыплыве па рыпеньнi калёс.
 
Але пачакайце, ня трэба мне долу,
Ня трэба чаўна машыстовай труны.
Мяне панясiце з ампiрнага дому,
Туды, дзе па хмарах грымяць перуны.
 
Пад небам, на вежы мяне пакладзiце,
Хай вострыя дзюбы арлоў, груганоў
Разблытаюць нэрваў блакiтныя нiцi,
А даўгiя кiпцi iх зблытаюць зноў.
 
Хай велькая зграя чарцей i анёлаў
У трубы i дудкi напружана дзьме,
А ў грукаце сонечна-месячных колаў
Хай лета зруйнуецца ў чорнай зiме;
 
Вясна пераробiцца ў сонную восень,
Планета астыне ў крыклiвай мане.
Калi й застанецца ў шарасьцi просiнь.
Вы там не шукайце нiколi мяне.
 
 
 
 
Беларускія краявіды
На глыбока-блакiтных нябёсах акрэсьлiўся шара-сухi элеватар.
Прыдарожны пануры валун бессаромна квiтнеў лiшаямi.
У высокае шорсткае жыта набегла i стала валошак багата,
Нiбы зорак у жнiўнi. Татарнiк сачыў, як салдат, за палямi.
 
Ядлаўцовыя дрэўцы нiяк не падыдуць адно да другога.
Каляiны лясныя ня здатны пазбавiцца лiпкага, коўзкага мулу.
У лагчыне пяском непралазным разлазiцца ўшыркi дарога.
Люстраныя завоiны раска зялёнай лускою наўсьцяж зацягнула.
 
Курасьлеп, што яечны жаўток, на паляне разьлiўся, расьцёкся.
На далёкiх пагорках сiнее палоса дагледжанай лесапасадкi.
На дарожных адхонах трава закурэла да колеру воўчае поўсьцi.
І ўсё роўна вяскоўцы там пасьвяць свае нешматлiкiя статкi.
 
 
 
 
Зімовы лес
Што нi раблю – адны памылкi спрэс.
Я сам сабе ўтвараю перашкоды,
Працуючы, калi патрэбны продых, –
І праца ў рэшце рэшт губляе сэнс.
 
Зьбяруся i паеду ў зiмнi лес,
Дзе iснуюць гармонiя дый згода,
Спакойна сьпiць зьнямелая прырода,
У белай форме – самы чысты зьмест.
 
Ня ведаю, цi дастаткова слоў,
Каб зьнiкла спрацаванасьць i маркота,
А на душы зьявiлася сьвятло?
 
Але я спадзяюся i прашу:
Лясная цiша, дрэвы i сумёты,
На хвiлю апалiце мне душу.
 
 
 
 
Бібліятэка
490
Мацi

 
Паклiча ў падарожжа таямнiца
Схаваная ў недачытаны твор.
Паклiча да сваёй першакрынiцы
Выдатны i шматтомны кнiгазбор.
 
Пайду да запаветнае палiцы
Праз каталожны доўгi калiдор.
Пайду нясьпешна, нiбы па жывiцу,
У велiчны, сасновы, дзiўны бор.
 
Зноў трапiцца разгорнутая кнiга
Пра мiтусьню, пра марнасьць i настрой
Няўстойлiвы, часовы, як адлiга.
 
І знойдзецца старонка, на якой
Нясе паводка зрушаныя крыгi
У акiян, у бездань i спакой.
 
 
 
 
Ноч
470
Брату

 
Да брата завiтаў пад вечар,
Бо разуменьня не хапала,
Цi спачуваньня не ставала,
А мо’ зычлiвае сустрэчы...
 
Ён гаварыў пра недарэчнасьць
Заўчаснай гiбелi Купалы,
Пра англамоўную навалу,
Пра Дух i кантаўскiя рэчы...
 
Сядзелi мы да позьняй ночы.
Гадзiньнiк бiў працягла глуха,
Спачатку раз, а потым двойчы...
 
Ён разважаў, ды я ня слухаў,
Глядзеў у братавыя вочы,
А ў iх утойвалася скруха...
 
 
 
 
Паплечніку
Нашто, скажы, каму такое трэба –
Каб рагатаў узброены вар’ят,
Калi працуе да зьнямогi кат,
А сквапны самагубца лiчыць срэбра?
 
Ты крыкнеш: «А такое без патрэбы!»
Але з нажом iдзе на брата брат,
Сумленныя глядзяць з-за тоўстых крат,
Няўклюдны блуд ня лiчыцца ганебным...
 
Дык што рабiць, калi i быў, i ёсьць
Нязгасны жах прад пашчаю пачвары,
Калi наўсьцяж ашчэрваецца злосьць?
 
Скажу табе, няхай сабе i марна, –
Змагайся, каб сьвятое не зьвялось,
Ідзi на бой, iдзi самаахвярна!
 
 
 
 
Цыган
Я душу на пясок растаўку,
Не прадам гадам-цмокам волю,
І траву апяку кроўю-сольлю,
Нож халодны аддам жабраку.
 
Упаду пад сухую сасну,
Пад самотную ў чорным полi,
З хрустам сьцiсну кулак да болю,
Вып’ю воцату i засну...
 
Я прайду праз уласны скон,
Як сьвятло працiнае сон
І як падае зь неба камень.
 
Я прачнуся, вятры гудуць...
І зацiсну я голаў рукамi,
Каб сьмяротнага крыку ня чуць.
 
 
 
 
Сон
Засынаю, iзноў засынаю,
Бо надзеi нiякай ня маю,
І ў жыцьцi ўжо нiшто не трымае...
Засынае душа, засынае,
Перарэзаная трамваем;
А вар’яцтва душу абдымае,
Закалыхвае i спавiвае
Чорна-мутарным дымам адчаю...
Сон iзноў не прыходзiць ноччу,
Цемра выела мае вочы,
Пэўна, злыдзень мяне сурочыў.
Зазьвiнеў палахлiвы званочак...
 
Прыпынiўся драпежны трамвай,
Невыносны навокал адчай.
 
 
 
 
Браты
На гары валуны гудуць.
Хмары шарая каламуць
Зьверху падае на зару,
Абдымае, хавае гару.
Пад гарою гарыць агонь.
Праз агонь скача чорны конь.
На канi тым сядзiць салдат.
Пад гарою ляжыць яго брат.
Клiча коньнiк: «Мой брат, устань!
Будзем разам змагацца са злом,
Назавём нашу справу дабром!»
Узьнялася чырвоная здань,
Засiпела зьмяёю зямля,
Брату брат крыкнуў: «Зло гэта ж – я!»
 
 
 
 
Сьцяна
Ляцiць душа –
Гудзе шаша.
Стаiць сьцяна,
Дзьвярэй няма.
Мая душа
Ў сьцяну ўвайшла,
Як чортаў нож.
Чаму наўскос
Ляцiць душа?
Чаму наўпрост
І на пагост
Імчыць шаша?
 
Сьцяна стаiць,
Душа балiць.
 
 
 
 
Слуп
Эх, пайду
Дуб знайду.
Сьсяку дуб,
Зраблю слуп.
 
Слуп стаiць.
Дол грымiць –
Бяда вакол.
Вазьму кол,
Заб’ю бяду,
Кiну ў ваду.
Сплыве вада –
Згiне бяда.
 
Час мiне –
Слуп згнiе.
 
 
 
 
Кароль
Страцiў розум вялiкi кароль
І завыў у парожнюю бочку.
І качаецца ў бочцы гул-боль,
І вiруе i ўдзень i ноччу...
 
Рэха рухаецца: праз замок,
Праз акно, па-над пляцам, на горад...
І грымiць памiж хмар, нiбы рок,
Неразумнай iстоты той рогат.
 
Вушы слухаць стамiлiся вой,
Але цяжка паверыць людзям –
Што ня клiча кароль на бой,
А вар’ят розум крыкам студзiць.
 
І чакае глухая зямля,
Хто ўсiм скажа: «Няма караля!»
 
 
 
 
Смутак
Вецер вые. Вецер стогне,
Вербы хiлiць да вады.
Вецер гонiць мiма поўнi
Хмаркi, поўныя нуды.
 
Вецер стогне. Вецер вые.
У вакне старой царквы
Плачуць сьвечкi залатыя.
Сьвечкi плачуць. Плач i ты.
 
 
 
 
Аксамітныя танцы
Танчыць чорная котка
На кухонным стале.
Аксамiтныя танцы
Падабаюцца мне.
 
Лашчаць лёгкiя лапы
Тонкi глянцавы цень.
У духмянай цямрэчы
Палымнее агмень.
 
На дварэ халадэча,
Сьвет належыць зiме.
Котка, цемра i чарка
Суцяшаюць мяне.
 
 
 
 
Нашчак
Так моцна пахне апельсiнам,
Ажно дыханьне заняло.
Здраньцьвеў язык i згоркла сьлiна –
Так моцна пахне апельсiнам,
 
Што сьвет сьцямнеў – зрабiўся сiнi,
I ўмомант скiвiцы зьвяло.
Так моцна пахне апельсiнам,
Ажно дыханьне заняло.
 
 
 
 
Развагі
Невядома, якую з дарог давядзецца прайсьцi i праехаць.
Невядома, якая пакута-жалоба ў дарозе чакае.
Але ведаю, што не чакаю, ня прагну басяцкай уцехi,
А чакаю сяброўскай сустрэчы, схаванае за небакраем.
 
Не патрэбна сустрэча з анёлам, тым болей, прарокам.
Не патрэбна падтрымка ад моцных, тым болей, вялiкiх.
На сябе спадзяюся i веру пясчаным дарогам.
Спадзяюся на сябра, якога няможна паклiкаць.
 
Непатрэбнае ўчора, назаўтра патрэбным здаецца;
Неабходнае сёньня губляе свой кошт неўзабаве;
Так букеты сьвяточныя ператвараюцца ў сьмецьце;
А насеньне чакае ў зямлi, спадзяецца на травень.
 
Ёсьць дарога, няма ў той дарогi канца i пачатку;
Можа, ёсьць, толькi я iх нiколi ня ведаў, ня бачыў.
Я iду, каб дарога прасьцейшай здавалася брату;
Над пуцiнаю рогат крыжуецца зь енкам i плачам.
 
Неразумна iсьцi i ня бачыць хоць нейкае мэты;
А цi варта iсьцi да сьвятла не свайго, а чужога?
Можа, каменем лепей ляжаць на зямлi запаветнай?
Пэўна, лепей, ды не адпускае цяжкая дарога.
 
 
 
 
Мастак
Ён жыве на прыватнай
Безвыгоднай кватэры.
Ён малюе выдатна
На шалёсткай паперы.
 
Мастаку дастаткова,
На яго разуменьне,
Самы просты аловак,
Аркуш i асьвятленьне.
 
Ён вялiкi аматар
Паспрачацца за словы,
Бо шануе заўзята
Паэтычную мову.
 
Ён ня робiць халтуры,
Зарабляючы грошы.
Як малюе з натуры,
Абыходзiць раскошу.
 
Ён надзiва спакойна
Адмаўляе спакусы.
Ён працуе ў пакоi
Невялiкiм i вузкiм.
 
Ён нiкуды ня лезе
І нiчога ня просiць.
Ён малюе прадвесьне
І графiчную восень.
 
 
 
 
1989. Менск. Траецкае прадмесьце

У 1972 годзе я з аднаклясьнiкамi гуляў
на вулiцы Нямiга i шпурляў каменьнi
ў вокны пустых дамоў.
У 1982 годзе я працаваў на рэстаўрацыi
Траецкага прадмесьця.

 
У Траецкiм прадмесьцi зьбiраюцца вольныя людзi.
Мастакi абгаворваюць вартасьцi новых заказаў.
Музыканты нудзяцца, пакуль вецер каву астудзiць.
Аўтагоншчыкi, нiбы вайскоўцы, трымаюцца разам.
 
Букiнiсты аспрэчваюць кошт факсiмiльных выданьняў.
Прастытуткi жадаюць злучэньня мастацтва з навукай.
Хiпаны апяваюць спакой, талакоўцы – змаганьне.
Лiтаратары апавядаюць пра стан самадруку.
 
Мухi гойдаюцца над агульнахарчоўскай талеркай,
На якой засыхаюць пляскатыя булкi з карыцай.
Прыбiральшчыцы ўпотай гандлююць вiном i гарэлкай.
Пры жаданьнi, калi не выдурвацца, можна й напiцца.
 
Афармiцелi п’юць больш за ўсiх, i чамусьцi з папамi;
Менш за ўсiх п’юць географы сьцiплыя ды iнжынеры.
Рэкецiры любуюцца сьцiснутымi кулакамi.
У Траецкiм прадмесьцi гасьцiнна пагрукваюць дзьверы.
 
 
 
 
1939. Вiльня. Слова беспрацоўнага
Мы яшчэ будзем доўга зацята глядзець з-пад iлба на сумёты,
На бэтонастваралку, насiлкi, рыдлёўкi ды шуфлi...
Па кутах будуць курчыцца, сохнуць, псавацца рабочыя боты.
Памутнеюць i будуць пылiцца ў бытоўцы сьвяточныя куфлi.
 
У цьвiкi, у балты, у шурупы ўваб’ецца, улезе карозiя.
Скарабацяцца бочкi з-пад вапны i вёдры з-пад фарбы парожнiя.
 
Нехта будзе бадзяцца, шукаючы праўду i радасьць у стоме.
Нехта стане малiцца, забыўшыся, што ён ў Бога ня верыць.
Нехта будзе пацiху сьпiвацца, а нехта – канаць у дурдоме...
Толькi прыйдзе адлiга i мы павымаем з-пад лавы цяжкiя сякеры.
 
 
 
 
Сабака
Іржа гарыць на ланцугу.
Няхай гарыць... Што я магу?
Магу скакаць, магу брахаць,
Магу я ўзяць i разадраць!
Магу кроў пiць. Яшчэ магу
Сядзець i выць на ланцугу...
 
Іду туды, куды вядуць.
Бягу туды, куды пашлюць.
Я сплю тады, калi ня б’юць.
Грызу тады, як нацкуюць.
Я ем тады, калi даюць.
Я п’ю тады, калi нальюць.
 
А хто зрабiў зь мяне раба?
Каму сьвярбiць мая бяда?
Я сам аддаў, крый Бог збрашу,
Я сам прадаў сваю душу.
А што я мог яшчэ прадаць?
І дзе мой Друг, каб ратаваць?
 
 
 
 
Квадрат
Як парад без салдат – не парад,
Так квадрат без вуглоў – не квадрат.
Як футболу патрэбны галы,
Так квадрату патрэбны вуглы.
 
У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялiкi цi самы малы,
А ўсё роўна, як нi павярнi, –
У квадрата чатыры вуглы.
 
Нi адзiн, i нi тры, i нi пяць...
Можаш плакаць, а можаш скакаць,
Можаш бiцца аб стол галавой, –
Ты ня зьменiш сiстэмы старой.
 
Так вучылi i будуць вучыць.
Нi зьмянiць, нi стрымаць, нi спынiць
Гэты добраахвотны палон,
Гэты самы грунтоўны закон.
 
У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялiкi цi самы малы,
А ўсё роўна, як нi павярнi, –
У квадрата чатыры вуглы.
 
Час iдзе, час ляцiць, час iмчыць.
Нi стрымаць, нi спынiць, нi разьбiць...
Росквiт вызначыць заняпад.
Застанецца нязьменны квадрат.
 
 
 
 
Беларускi рух
Мы – беларускi рух!
З намi крывiцкi дух.
Покi сумленьне ёсьць,
Мы – беларускi лёс!
 
Я праклiнаю тых,
Хто ачырвонiў штых
Сьмерцю маiх братоў.
Я не дарую кроў.
 
Брат, мой брат – беларус,
Годзе трываць прымус,
Стань пад штандар са мной,
Разам абвесьцiм бой
 
Процi сваёй брыды,
За вызваленьне зь бяды,
Супраць варожых зграй,
За беларускi край!
 
Мы – беларускi лёс,
Покi сумленьне ёсьць.
З намi крывiцкi дух.
Мы – беларускi рух!
 
 
 
 
Звышнадзейнасьць
Звышнадзейна жывуць звышнадзейныя людзi.
Звышнадзейна садзяцца ў вагоны мэтро.
Іх нiхто не аблае, нiхто не асудзiць, –
Не цiкавiць нiкога iх лёс i настрой.
 
Звышнадзейна працуюць маторы i колы.
Звышнадзейна гудуць на сьцяне правады.
Звышнадзейна вядуць звышнадзейнае сола
Звышнадзейныя нэтры тунельнай трубы.
 
Распаўсюджваецца пад зямлёй звышнадзейнасьць.
Парцэлюецца i парцэлюецца рытм.
А за стольлю, у глебе, ляжыць безнадзейнасьць,
Неабходная подзьвiгам нова-старым.
 
 
 
 
Ёсьць
Ёсьць людзi, што пахнуць, як рыбы, вадою.
Ёсьць рыбы, што пахнуць халоднай крывёю.
 
Ёсьць холад, што пахне сьмяротнай атрутай.
А ёсьць яшчэ сьмерць, што касуе пакуты.
 
Ёсьць косы, што пахнуць у садзе пагостам.
Ёсьць сад, што запросiць усiх нас у госьцi.
 
Ёсьць вы, вашы тэлеантэнныя рогi,
І ваш тэлевiзар... Няма толькi Бога.
 
 
 
 
Ты
Ты прыходзiш у цёмна-зялёныя днi.
Ты прыходзiш у цёмна-зялёныя ночы.
Ты прыходзiш, i мы застаемся адны.
У халодным пакоi ратуемся моўчкi.
 
Асалода лунае ў люстэрку крывым.
Асалода, што зрушыла лёс Леверкюна.
Пальцы ў цемры знаходзяць напятыя струны.
Асалода пульсуе ў агульнай крывi.
 
Ты сыходзiш у цемру чырвоных агнёў.
Забiраеш адно безнадзейную стому,
Пакiдаеш падзеньне з высокае стромы.
На паверхнi пульсуе агульная кроў.
 
 
 
 
Дамоў
Ён шукае дарогi да белых палёў,
Над якiмi адно толькi новае неба,
Там уласная сьмерць выглядае ганебнай.
Ён шукае сабор, а прыходзiць дамоў.
 
Ён шукае сьцяжыны да белых лясоў,
Дзе вандроўныя душы знаходзяць прытулак,
Дзе сканала нянавiсьць, а злоба заснула...
Ён шукае спакой, а прыходзiць дамоў.
 
Ён шукае напрамак да чорных грудоў,
Над якiмi стаiць нерухомая поўня,
Там нiхто не будуе вязьнiцы й катоўнi.
Ён шукае любоў, а прыходзiць дамоў.
 
 
 
 
Спроба малітвы
Божа, забяры маё жыцьцё,
Выратуй зьнямелую Айчыну,
Выратуй ахвяры i злачынцаў...
Божа, забяры маё жыцьцё.
 
Ты адзiны вольны i вялiкi,
Ганарлiвым адпусьцi грахi.
Веру – да цябе вядуць шляхi.
Ты адзiны вольны i вялiкi.
 
Я слабы, з атручанай душой,
Брудны гад, скалечаны, нiкчэмны...
Веру ў розум сьветлы i надземны.
Я слабы, з атручанай душой.
 
Божа, забяры маё жыцьцё.
Іншага ня маю, каб адзьдзячыць.
Ну хiба што гэтым цiхiм плачам.
Божа, забяры маё жыцьцё.
 
 
 
 
ВЕРШЫ. ПРА КАХАНЬНЕ, ПРА П’ЯНСТВА I СЬМЕРЦЬ
2001—2007
Свабода
Нарэшце маю свабодны вечар.
Усходзіць поўня над небакраем.
У ціхім парку, ля сьветлай рэчкі
з бутэлькай віскі адпачываю.
 
15.I.2001
 
 
 
 
Вечаровае
Ты любіш перцы, я люблю гуркі.
Ты хваліш яблыкі, а я шаную грушы.
Галоўнае – свабодна і нязмушана
гарэлка льецца зь лёгкае рукі.
 
Ты п’еш за жонку, я п’ю за дзяцей.
Ты за каханьне уздымаеш чарку.
А я, стары, я п’ю за гаспадарку.
Мне так прасьцей. Так сапраўды прасьцей.
 
30.IX.2001
 
 
 
 
Лісічкі
Зьбіраць грыбы?..
Што можа быць прасьцей,
калі зь дзяцінства
ведаеш пра месца,
дзе пад імхом
хаваюцца лісічкі...
Ідзеш
і набіраеш поўны кош.
 
11.X.2001
 
 
 
 
Ты і я
Напісаў для цябе пра Парыж,
пра жывыя і мёртвыя грошы,
пра самоту і бацькаўскі крыж...
Я – харошы.
 
Напішу для цябе: пра любоў
да гарэлкі, пра водар раскошы
пацалункаў, пра вершы Лі Бо.
Я – харошы.
 
Ты напішаш мне словы ў адказ:
пра малюска, хваробу, адрошанасьць,
пра Берніні, Тэрэзу, экстаз...
Ты – разумная і надта харошая.
 
12.XI.2001
 
 
 
 
Берэт
Ты ходзіш па дыяганалі,
а я хаджу папросту.
Мы налівалі, выпівалі
на мосьце і пад мостам.
 
Берэт у рэчку выкідалі
адным шырокім жэстам.
Берэт наш хваля цалавала,
Як жаніха – нявеста.
 
14.XI.2001
 
 
 
 
Партрэты
Намалюю твой партрэт
тушшу на шпалеры,
весялейшы стане сьвет
у пустой кватэры.
 
У каханьня ёсьць сакрэт –
упрыгожваць побыт.
Напішу аўтапартрэт
і пастаўлю побач.
 
19.XII.2001
 
 
 
 
Цішыня
Схадзіў у парк, паслухаў цішыню.
Пакінуўшы ланцуг сьлядоў на сьнезе,
вярнуўся я ў кватэрную шчыгульнасьць,
да кніжак неразумных і разумных,
да сшытка зь дзёньнікам,
каб запісаць
пра цішыню засьнежанага парка...
 
28.I.2002
 
 
 
 
Анёлы
Блакітныя анёлы
блакітнымі алоўкамі
пісалі пад дыктоўку
пра цэрквы і касьцёлы,
пра залатыя сьвечы...
Ўсявышні надыктоўваў
ім гутарковай моваю
кароткі верш пра вечнасьць.
 
9.II.2002
 
 
 
 
Раскоша
Калі бяз розніцы – з кім піць і з кім гуляць,
калі ўсё роўна – хто пазычыць грошы...
Ня дай мне Бог такой дурной раскошы.
Лепш на самоце вершы паскладаць.
 
25.VIII.2002
 
 
 
 
Расстаньне
Мне доўгае расстаньне з Таняй
чарнейшае за чарнату.
Пусьцейшае за пустату
мне доўгае расстаньне з Таняй.
Гарэлкай лекую бяду,
пішу, чакаючы спатканьня:
«Мне доўгае расстаньне з Таняй
чарнейшае за чарнату».
 
28.VIII.2002
 
 
 
 
Інтэрнэт
У інтэрнэтных нетрах
сябра я шукаў...
Ня спаў, чакаў
у інтэрнэтных нетрах.
На ўскрайку інтэрнэтнай апраметнай
я на экране словы напісаў:
«У інтэрнэтных нетрах
сябра я шукаў...»
 
28.VIII.2002
 
 
 
 
Кола
Пойдзеш на захад і прыйдзеш на ўсход.
Рушыш на поўдзень, а зойдзеш на поўнач.
Кола замкнёнае. Ясная поўня
зманліва кліча ў бясконцы паход.
 
31.VIII.2002
 
 
 
 
Агонь зялёна-сiнi
Экзістэнцыйныя настроі:
я вылучыў сябе зь сябе,
пераназваў і перакроіў,
цяпер жыву нібыта ў сьне.
 
Навокал: ватнае бязьсільле
і павуціньне глухаты.
Агонь мігціць зялёна-сіні
на дне душэўнай пустаты.
 
4.IX.2002
 
 
 
 
Наказ
Ня лі гарэлку ў кока-колу.
Пі так. А лепш – ня пі зусім.
Будзь мужны. Не хадзі па колу.
Наўпрост ідзі ў Ерусалім.
 
Цябе чакае Вечны Горад
пад крыжам сьветла-залатым.
Загіне здраднік, згіне вораг –
адзьдзячыць Богу зможаш ты.
 
21.IX.2002
 
 
 
 
Мая душа
Душа – жаданьне жыць,
ігнараваньне сьмерці.
Паверце і праверце:
душа – жаданьне жыць.
Ня змог яе прапіць,
прадаць, прайграць і сьцерці.
Душа – жаданьне жыць,
ігнараваньне сьмерці.
 
7.XI.2002
 
 
 
 
Пустата
Зь нічога атрымаецца нішто.
У пустату пераліваецца пустое.
Хапаешся за гэтае, за тое,
за першае, за трэцяе... Нашто?
 
Нашто трымацца? Хутка час ідзе,
нясе цябе ў халодную магілу.
Такі наш лёс, таварышу мой мілы, –
заснуць і не прачнуцца больш нідзе.
 
22.XII.2002
 
 
 
 
Гэрой
Зажурыўся, замаркоціўся, запіў...
Што яшчэ самотнаму рабіць?
Справы – дрэнь. Паўсюль адны рабы
б’юць рабоў. Гэрою сумна жыць.
 
Захварэў гэрой на гэраін.
Гэраін гэроя перамог.
Жыў адзін, ну і сканаў адзін.
Час не гэраічны, бачыць Бог.
 
22.XII.2002
 
 
 
 
Тры сярожы
Выйшаў з туману хлопец Сярожа,
выняў з кішэні востры свой ножык.
Выйшаў насустрач Сярожу Сярожа,
выняў насустрач ножыку ножык.
 
Кожны Сярожа меў востры ножык,
кожны падумаў – Бог дапаможа!
Ножык аб ножык білі Сярожы.
Мачылі-гасілі кожнага кожны.
 
Рэзаў Сярожа Сярожу бязбожна.
Рэзаў прыгожа Сярожа Сярожу.
На скрыжаваньні, на раздарожжы
пазаразаліся нашы Сярожы.
 
На скрыжаваньне, на раздарожжа
выйшаў з туману трэці Сярожа,
выцягнуў з трупаў нажы асьцярожна
і працягнуў сваё падарожжа.
 
8.I.2003
 
 
 
 
У нашай Вільні
Мароз у Вільні. Дзень цудоўны.
Мой сябра беларускамоўны
п’е брэндзі. Я гарбату п’ю.
У рэстарацыі шыкоўнай
гаворым ціха і тактоўна
пра Вільню, кожны пра сваю.
 
Ён любіць вежы і касьцёлы,
шынкі – дзе дух заўжды вясёлы,
архіў і унівэрсытэт.
А я люблю ў царкве анёлаў,
кірмаш, вакзал і грукат колаў,
калі ў кішэні ёсьць білет.
 
Мароз і сонца. Дзень сапраўдны.
Мы п’ем: я – брэндзі, сябра – каву.
Дап’ем і пойдзем спакваля.
У Вільні нас чакаюць справы.
Яму налева, мне направа,
бо Вільня ў кожнага свая.
 
16.II.2003
 
 
 
 
Свабодны
Сапраўдны мужчына
п’е за Айчыну,
п’е без нагоды,
бо ён – свабодны.
 
19.II.2003
 
 
 
 
Разьвітаньне
Не сумуй безь мяне,
мая любая Вільня.
Праплыве, праміне
час нуды і бязьсільля.
 
Праляціць, прабяжыць
час гаркоты-маркоты.
Я вярнуся, каб жыць
доўга і бестурботна.
 
Ты маўчыш у адказ,
маім словам ня верыш.
Ты стаіш, як абраз.
Што мінула, ня вернеш.
 
19.II.2003
 
 
 
 
Начныя словы пра Вільню
Пачакай, пачакай, раскажы мне пра нашую Вільню,
пра яе цудадзейны, спакойны, гаючы настрой,
пра яе прыгажосьць, пра яе баракальную стыльнасьць,
пра яе непаўторны, карункавы, бэзавы строй...
 
Пасядзі, памаўчы, калі словы згубіліся ў цемры.
Сам табе раскажу: пра таемную веліч муроў,
пра званіцы касьцёлаў і ўночы прапітыя еўра,
пра маіх, выпадкова сустрэтых у Вільні, сяброў.
 
Ні мяне, ні цябе – не чакаюць нас болей у Вільні.
Там чужынцы спраўляюць паганы распусны банкет.
Там нахілены крыж на старой беларускай магіле
зарастае травой забыцьця, і зьнікае наш сьвет.
 
8.III.2003
 
 
 
 
У Вільні
Мастак у Вільні – болей чым масгак,
яму анёлы падмалёўваюць малюнкі...
Паэт у Вільні – болей чым паэт,
яму русалкі дораць пачастункі...
 
У Вільні дойлід – больш чым будаўнік,
яму праекты фінансуе дамавік...
У Вільні дурань адкладае ўсё на потым
і застаецца поўным ідыётам.
 
29.III.2003
 
 
 
 
Вечаровы настрой
Зімовы вечар. Вільня засынае.
Субота дагарае залатая
на вежах. Я яшчэ змагу,
адкінуўшы маркоту і тугу,
дамовіцца з надзейнымі сябрамі,
каб зранку памаліцца ў Вострай Браме
ды папрасіць у Бога дараваць
грахі ўсім тым, хто пойдзе ваяваць
за Беларусь, хто меч сьвяты падыме
і хто здабудзе волю на Радзіме.
 
6.XII.2003
 
 
 
 
Вяртаньне
Бяжыш, каб не любіць, ня браць, ня верыць.
Ляціш, каб не баяцца, не прасіць.
Навокал сьвет турэмны, мёртва-шэры.
Вяртаешся, бо трэба жыць, каб жыць.
 
8.XII.2003
 
 
 
 
Полацк
Піў я гарэлку ў полацкіх кватэрах,
на рок-канцэрце вершы я чытаў,
гуляў у краявідах сьнежна-шэрых
і ў ложку паэтэсы начаваў.
 
28.I.2004
 
 
 
 
Парадак
Ёсьць рэчы: патрэбныя і непатрэбныя,
чужыя, свае, залатыя і срэбныя...
 
Навесьці парадак – такая задача:
пачысьціць, прыбраць і зрабіць справаздачу.
 
Наводзіш парадак, выкідваеш сьмецьце;
свабодна і вольна жывецца на сьвеце.
 
5.III.2004
 
 
 
 
Позьні час
Як жа ня хочацца сыходзіць
у безнадзейна позьні час...
Няўжо каханьне не для нас?
Як жа ня хочацца сыходзіць...
 
Вы на мяне, а я на Вас –
глядзім, глядзім, вачэй ня зводзім...
Як жа ня хочацца сыходзіць
у безнадзейна позьні час...
 
15.III.2004
 
 
 
 
Паэты
Паэты п’юць бязь меры, без выходных,
па-чорнаму, заўжды, як мае быць.
З бутэлек модных і простанародных
пілі і п’юць, як нашы могуць піць.
 
Паэты п’юць, і гэта нам ня дзіва.
Паэты моцна п’юць, і п’юць даўно.
Цячэ гарэлка. Плёхаецца піва.
Ліецца бел-чырвона-белае віно.
 
Паэты п’юць да поўнага зьняменьня,
сыходзяць у глухую чарнату,
правальваюцца ў д’яблаву пустэльню,
каб засьпяваць і зьнішчыць пустату.
 
16.III.2004
 
 
 
 
Вясна
Вясна. Празрыстае паветра.
Звон пташак. Сьпевы капяжоў.
Ледзь чутны, пацяплелы ветрык
гуляе. Сакавік прыйшоў.
 
Дзень падужэў, а ноч аслабла.
Цякуць, ліюцца ручаі...
Бог мой, тады якога д’ябла
нам не жывецца на зямлі?!
 
Вясна зруйнуе, нарадзіўшы.
Краса імгненьняў праміне.
Вясна абновіцца, забіўшы
цябе, яго, яе, мяне,
усіх...
 
16.III.2004
 
 
 
 
Запавет
Пахавайце нас «валетам»
над ракою, пад вярбою,
самай цёплаю парою,
спраўце нам хаўтуры. Летам,
згодна з гэтым запаветам,
ды пад Троіцкай гарою
пахавайце нас «валетам».
Над ракою, пад вярбою,
між агнямі і паветрам,
між зямлёю і вадою,
добра, як сама з сабою,
муза будзе спаць з паэтам.
Пахавайце нас «валетам».
 
19.III.2004
 
 
 
 
Валодзі
Так павялося ў нашым народзе
калі ты ня Слава, тады ты – Валодзя.
 
З прыродай, Радзімай і Богам у згодзе
жылі і жывуць беларусы Валодзі.
 
Мінаюць стагодзьдзі і тысячагодзьдзі,
на нашай зямлі застаюцца Валодзі.
 
1.IV.2004
 
 
 
 
Наступніку
З магчымасьцяў – гнісьці альбо гарэць –
ты, безумоўна, абярэш другую.
Хай не сябе дык іншага ўратуеш
і недарэмна будзеш палымнець.
 
Змаганьне зь цемраю – такі твой будзе шлях
самаахвярны і самазьнішчальны.
Твой час зямны зьядаецца фатальна,
таму адкінеш прэч жывёльны страх.
 
Ты пойдзеш біць маланкай залатой
тых, хто гніе ў засьмечаным балоце.
Тых, хто скавыча ў гнойнай бруднай слоце,
ты пераможаш, мілы вучань мой.
 
21.IV.2004
 
 
 
 
Пытаньні
Скрыня з дыханьнем Хрыста,
дзе яна, наша рэліквія,
наша рэлігія, сьветлая прастата?
Стаю прад сьвятымі лікамі...
 
Дзе любоў да Хрыста? Спачуваньне?
Нічога ня бачу, нікога не слухаю,
на пытаньні грувашчу пытаньні...
А шкло на абразах заседжана мухамі.
 
7.V.2004
 
 
 
 
Блуканьні па насалодах
Уночы гуляю, блукаю па Вільні
у добрым настроі, апрануты стыльна.
 
Рэклямныя панны мяне спакушаюць,
вясёлыя целы настрой уздымаюць.
 
Каханка-бялянка на тонкіх абцасах
прыязнай усьмешкай цугляе Пэгаса.
 
Пэгас, зацугляны распусьніцай сьмелай,
заносіць мяне на духмянае цела.
 
Мы скачам натхнёна да самай вяршыні
і падаем разам на сіняй прасьціне.
 
Разьлік за інтым дужа цешыць бялянку.
Блукаю па Вільні, да самага ранку.
 
17.V.2004
 
 
 
 
Жаданьні
«Можна?» – «Можна!» – «Асьцярожна?» –
«Асьцярожна, можна, можна...» –
«Божа... Божа, дай нам розум
нарадзіць дзіця прыгожае...»
 
17.V.2004
 
 
 
 
Мужыкі i бабы
Мужыкі падоўгу не жывуць.
Іх жыцьцё, прапахлае гарэлкай,
жорстка падкарочана вайной.
Мужыкі вядуць заўсёдны бой
між сабою і з самім сабой.
 
Доўгае жыцьцё належыць бабам,
як ні паварочвай, будзе так.
Бабы нараджаюць і гадуюць,
любяць, лашчаць, песьцяць і шкадуюць,
і хаваюць родных мужыкоў.
 
9.X.2004
 
 
 
 
Самасуцяшэньне
Калі сады любові адцьвітуць,
калі да кроплі вып’ецца ўся слодыч,
і ты памрэш – прачнуцца не забудзь
і пабудзі таго, хто будзе побач.
 
19.VII.2003–04.XI.2004
 
 
 
 
Профіль
Калі мой профіль выб’юць на манеце
і зьявіцца вульгарная любоў,
мне стане сумна жыць сярод рабоў,
у хцівым ды рацыянальным сьвеце.
Тады хай прыйдзе фальшываманетчык,
каб маса грошай выйшла зь берагоў,
калі мой профіль выб’юць на манеце
і зьявіцца вульгарная любоў.
Хай на банкнотах более нулёў,
манеты павыкідваюцца дзецям,
дэнамінацыя зьядае каралёў
каб шлях па коле распачаць наноў,
калі мой профіль выб’юць на манеце.
 
25.XI.2004
 
 
 
 
Кінадэтэктыў
У тэлевізійнай атмасфэры,
пазьбягаючы альтэрнатывы,
кантактуе рэчыва кватэры
з вобразамі кінадэтэктыва.
 
Поўніцца канструкцыя пакоя,
нібы кампазіцыя pop-art(у),
рысамі станоўчага гэроя,
сьціснутага ў фокусе стандартаў.
 
У праграмаваныя сустрэчы,
адназначна, рухаецца злодзей.
Шматсэнсоўна дзейнічае сьледчы
ў трафарэце жанравых паводзін.
 
Ускладняецца мэтафарычнасьць
графікі на плоскасьці экраннай.
Прымітыўна-кволая лагічнасьць
факты выбудоўвае старанна.
 
Мкнуцца зачапіцца за сумленьне
дыялогі на літаратурнай мове.
Бандзюганы ботаюць па фені.
Праўда заўсягды ў апошнім слове.
 
04.VI.1985–06.XII.2004
 
 
 
 
1974. Першы пашпарт
Парасон мне на дзень нараджэньня бацькі падарылі.
З парасонам пайшоў я атрымліваць першы свой пашпарт.
Памяшканьне, прапахлае клеем канторскім,
падалося надзіва ўрачыста-сьвяточным,
бо мне выдалі пашпарт, і я расьпісаўся
па-над тоненькай рыскаю, пад фотакарткай.
Пашпартыстка заўзята мяне віншавала,
ну а я разглядаў яе доўгія зграбныя пальцы,
перапэцканыя ў безнадзейна-вучнёўскі атрамант.
У руцэ – парасон, а ў кішэні – мой пашпарт.
Мусіць, варта хоць неяк адзначыць падзею.
Трэба лодачку ўзяць напракат, ёсьць жа пашпарт...
Дзядзька-лодачнік выдаў дабротныя вёслы.
Плыў я доўга, і плыў я ўсё проці цячэньня.
Ну а потым, як скончылісь сілы, спыніўся
і паклаў на какоры бліскуча-сьлязлівыя вёслы.
Дождж пайшоў. Неба доўга зьбіралася з духам,
каб наш горад засьмяглы памыць і пачысьціць.
Я раскрыў над сабой парасонавы купал
і павольна паплыў, толькі ў іншым кірунку.
 
5.VII.1987–13.XII.2004
 
 
 
 
Інструмэнты
Прываблівае дробная карціна,
калі шрубоўка, а за ёй пінцэт
трапляюць у гадзіньнікавы сьвет –
у механізм, дзе луснула спружына.
 
У арганізм, дзе ціхая гадзіна,
у лябірынт, у нетры, у сакрэт
кругазвароту зорак і планет
заходзяць інструмэнты агрэсіўна.
 
1986–13.XII.2004
 
 
 
 
Лён
Я вярнуўся дадому,
лёг і моцна заснуў;
мне прысьнілася неба
беларускага льну.
 
16.II.1984–28.XII.2004
 
 
 
 
Забаўкі
Падкрадуся да жанчыны,
абдыму яе за плечы,
каб драпежна і злачынна
пакусаць яе за шыю.
А яна не закрыўдуе,
нечакана пачастуе
доўгім смачным пацалункам...
 
18.I.2005
 
 
 
 
Адзіная Радзіма
Твае сябры ў далёкай старане
пра Беларусь маркотна пішуць вершы
і спадзяюцца, што ты ім паверыш.
Ты не паверыш. Ты ня верыш, не.
 
Яны ня выйшлі на астатні бой,
схаваліся, збаяліся загінуць,
і ў прыцемках пакінулі Радзіму.
Мы засталіся, засталіся тут, з табой.
 
Краіна Беларусь, наш родны кут,
наш мілы край, адзіная Радзіма,
мы вызвалім цябе альбо загінем.
Мы назаўсёды застанемся тут.
 
28.II.2005
 
 
 
 
Трымценьне ў чорным
Ты трымцела, я трымцеў.
У трымценьні нашы целы
танчылі у звар’яцелым
рытме... Пэўна, чорт хацеў
чуць пра нашае каханьне,
бачыць нашае трымценьне,
шчыльнае перапляценьне
у экзальтаваным стане
ценяў, рухаў, пацалункаў...
Мы круціліся ў віхуры,
вадкасьці цяклі па скуры
завіхурыстым малюнкам.
Так, каханьне нам ад чорта
дадзена на пэўны час;
незалежны ён ад нас,
час трымценьня шчыльна-чорны.
 
28.II.2005
 
 
 
 
Адліга ў Вільні
Адліга ў Вільні: плавіцца, цячэ дарожны, брудны лёд,
блішчаць каменьні ў цёмна-сінім бруку, ручаіны бруяцца...
У хмурна-белым небе кропачкі птушыных дробных целаў,
нібыта мак на пірагу нясьпечаным, яшчэ жывым і дрогкім.
Карункі плесьні на мурах красуюць, нібы карты капітанаў.
Расхрыстаныя дзеці без пальчатак і бяз шапак, безнагодна
бягуць па лужынах, пускаюць з пырскаў зіхаткія веяры.
Усё навокал пахне божым сокам такой жаданай, блізкае вясны,
карчмар сьпяшаецца памыць вітрыну, быццам не адліга,
а вясна ізноў-наноў у Вільню назаўсёды завітала.
З маленькіх фортачак цякуць мэлёдыі фальклорных перагудаў,
нібыта гудасы зь яўрэямі яшчэ жывуць у беларускай Вільні.
Так, юдасы і гудасы шчэ граюць на скрыпачках і дудачках сваіх.
Так, пан Адам Міцкевіч усё яшчэ чытае Ганне крымскія санэты,
а Юзік Бродскі на маленькай кухні мармыча неразборлівыя словы,
юнак Максім, каторы Багдановіч, шукае безназоўнае каханьне...
Па адліжнай Вільні паэзія цячэ па шчыльнай чырвані дахоўкі,
цячэ па дужых вежах у завузкія, крывыя, нашы вулкі.
Смак слоў яўрэйскіх, польскіх, нашых чуваць у залатым паветры.
У арках прахадных двароў сядзяць каты мурлатыя, як буды,
сядзяць за сантымэтр ад марцаваньня крыкушчага і веснавога.
Жанчыны расшпілілі верхні гузік на футрах і зімовых палітонах.
Мужчыны суцяшаюцца гарэлкай у цемрадзі паўсуверэнных бараў,
яны ня чуюць пах вясны, яны ня ведаюць і пра адлігу ў Вільні.
 
5.III.2005
 
 
 
 
Паўстаньне
Ніжэй магілы не апусьціш
і не прынізіш ніжэй зямлі...
Таму паўстаньне мы пачалі
з халоднай цемры, з чорных пустак,
 
каб выйсьці з мораку на сьвятло,
каб уздымацца да вольнай волі,
каб стаць свабоднымі і ніколі
не патрапляць у д’яблава ярмо.
 
11.IV.2005
 
 
 
 
Сонца
Я вылюблю цябе да донца,
мая ты – радасьць, маё ты – сонца.
Ты вылюбіш мяне дарэшты,
за пацалунак, за гэты вершык.
 
11.V.2005
 
 
 
 
Менск
Горад Менск – горад ікс недалюблены, антымістычны,
дзе нашчадак Пятра прыбіральню вартуе ў «Макдональдсе»,
а калега сьвятой Магдалены з поўным ротам зазвычай моліцца.
Горад Менск – горад зэт, горад мёртва- і чыстастатычны.
 
Горад Менск – горад-сон, горад сонца неэстэтычнага.
Дзе гэроі твае? Дзе сыны-абаронцы, паэты-ўсхваляльнікі?
Замест іх ты напоўнены спрэс пуставока-лупатымі лялькамі.
Колькі можна чакаць інтэрвентаў, ратункаў міфічных?
 
Горад мой, паўставай, ажывай і жыві паўнакроўна,
і ня будзе табе, горад Менск, ні падобных, ні роўных.
 
23.V.2005
 
 
 
 
Травень
Спакойны, сонечны, нядзельны дзень.
Ля возера гуляю ў адзіноце,
там ластаўкі цалуюцца ў палёце
і падаюць на свой шматкрылы цень.
 
30.V.2005
 
 
 
 
Жвір жыцьця
Мы ўсё зрабілі, можна адпачыць,
набыць гарэлкі, добра моцна выпіць,
каб выспацца і зноў нанова жыць,
каб жвір жыцьця са жмені ў жменю сыпаць.
 
Жвір паплыве струменем залатым.
Жвір пабяжыць, нібыта кроў праз сэрца.
Мы зноў паверым у адсутшсьць сьмерці
і ў жвір жыцьця, што вечна малады.
 
13.XI.2005
 
 
 
 
Біяматэматыка
Павярхоўнасьць прагне глыбіні.
Глыбіня сыходзіцца з паверхняю,
не знайсьці прымусу ў тым ані
кроплі... Толькі ёсьць завершанасьць.
 
А ў завершанасьці тоіцца пачатак,
кропля, кропачка, драбок, arche,
нуль, зь якога ў нараджальным сьне
зьявяцца адзінкі, множнасьць, статак...
 
Статкам будзе кіраваць пастух,
пасьвіцьме свой незьлічоны статак,
будзе ў ім прыбытак і дадатак...
На зялёны, сьвежы, росны луг
 
наш пастух пакліча мастака –
маляваць паверхні і глыбіні.
Той напіша вобраз пастуха
і паставіць кропку на карціне.
 
26.VII.2005
 
 
 
 
Барсэлёна
Я пазнаю сваю Барсэлёну ў натоўпе другіх гарадоў
па яе каравэльнай хадзе, па яе карнавальным убраньні.
Я насустрач пайду, да яе шматсаборнага зьзяньня.
Да любові маёй Барсэлёны я рады ісьці, пагатоў...
 
Пагатоў, я гатовы да мілай сваёй Барсэлёны ісьці шмат гадоў.
Бессаромная страсьць Барсэлёны зьдзіўляе прысутных,
як уражвае бляскам маланка над морам, у хмары распнутай.
Я спазнаю маю Барсэлёну ў натоўпе другіх гарадоў.
 
3.VIII.2005
 
 
 
 
Захмялелая малітва
Я малюся бутэльцы
з чырвоным віном.
Я малюся бутэльцы
Зь нявыпітым сном.
 
За бутэльку віна
я ўсё чыста аддам.
За бутэльку віна
каго хочаш прадам.
 
У цябе ёсьць малельня
зь Ісусам Хрыстом.
Ты стаіш на каленях,
а я п’ю за кустом.
 
У маёй галаве
ёсь тубэлька віна.
У маё галаве,
праўда, толькі яна.
 
Больш нічога няма,
толькі шклянка віна.
Боль нічона няма,
токі кропля віна.
 
У маёй галаве
кольтці кропля адна.
У маёй лагаве
шольб нічога мяна...
 
4.VIII.2005
 
 
 
 
За адно імгненьне да спатканьня
Чым сустрэча бліжэй,
тым жаданьне пабачыцца меней.
На каханьне находзіць зацьменьне...
Хто яго зьберажэ?
 
Ты ці я? Ці ніхто?
Хутка слабне сьвятло захапленьня...
Раўнадушна гляджу я на цень твой
праз аўтобуснае акно.
 
8.VIII.2005, 21:21
 
 
 
 
Салдат
Калі ніхто ня скажа: «Выбачай,
даруй, паэт, што я цябе пакрыўдзіў...»,
калі навокал робіцца ўсё крыва,
навокал змрок і роспачны адчай, –
 
больш не патрэбна вашае «прабач»,
не суцяшае больш чужое слова.
У цемры паўтараю, як замову
і як загад: «Ня плач, паэт. Ня плач!»
 
Слабы хай плача, круціцца, як гад
пад цяжкім ботам. Хутка разьвіднее,
і сьлёзы высахнуць, і сэрца скамянее...
Замест паэта – будзе вам салдат.
 
15.VIII.2005
 
 
 
 
Поўня
Іртутная поўня хістаецца ў хвалях няспынных.
Іду, а яна набліжаецца да вадаспаду няўмольна.
Вярба ціха плача над хуткай халоднаю плыньню,  .
ня могучы вычарпнуць з рэчкі чароўную поўню.
 
15.XI.2005
 
 
 
 
Сябры
Каб недарэмна чалавечы век
пражыць пад сінім купалам нябёсаў,
мае сябры працуюць у царкве.
Такая праца ў іх, такія лёсы.
 
Сябры мае малююць на сьцяне
цяжарную Марыю зь Лізаветай,
анёла ў прыадчыненым акне
і голуба ў аблоках сьветла-сьветлых.
 
13.II.2006
 
 
 
 
Эмігрант
Ты кінуў дзіця і жонку,
пакінуў дом свой родны.
Ты езьдзіш па белым сьвеце,
шукаеш адно – свабоды.
 
Ты лічыш сябе выключным,
таленавітым, адзіным...
Табе Радзіма стала замежжам,
але замежжа ня стала Радзімай.
 
13.V.2006
 
 
 
 
Асіна
Так-так, асіна не народзіць апельсіны.
Зьнясіліцца, паломіцца, загіне,
а не народзіць нам з табою апельсіны
дрыготкалістая і горкая асіна.
 
Хай Бог пашле дачку нам, а ня сына.
Яе палюбім і паверым у яе,
бо мы – жывыя, і мы ўсе – свае.
Але ж асіна не народзіць апельсіны...
 
I што з таго? Нашто перажываць?
Нашто душу сваю на долькі рваць?
Ну не растуць на крохкае асіне
салодкія, як сонца, апельсіны!
 
Перажываем, мучымся, гаруем,
маркоцімся, нудзімся і сумуем,
калі глядзім, як бедная асіна
спрабуе нарадзіць нам апельсіны.
 
11.VI.2006
 
 
 
 
Посуд
«Пі да дна!» – сказаў паэт.
«Пі да дна!» – сказаў і выпіў.
«Пі да дна вялікі сьвет!
Выпі сьвет, а посуд выкінь...»
 
16.VII.2006
 
 
 
 
Каханьне божых матылькоў
Ты мяне трошачкі...
Я цябе крышачку...
Трошачкі... Крышачку...
Крышачку... Трошачкі...
 
Ты зь мяне крышачку...
Я ў цябе трошачкі...
Крышачку... Трошачкі...
Трошачкі... Крышачку...
 
Мы з табой трышачкі...
Мы з табой крошачкі...
Крошачкі... Трышачкі...
Крышачку... Трошачкі...
 
24.X.2006
 
 
 
 
Сьлед
Жыцьцё пражыў, а сьледу не пакінуў,
пайшоў, сышоў, нібыта й не было...
Ні дома з дрэвам, ні дачкі, ні сына
не засталося. Чыста ўсё сплыло...
 
Нібыта быў разумны і трывушчы,
нібыта жыў, нібыта працаваў...
Але ня шкодзіў, чарапы ня трушчыў –
дзяцей ня біў, людзей не забіваў...
 
За гэта добрым словам і згадаюць,
успомняць без праклёнаў і кляцьбы.
А не захочуць, хай не ўспамінаюць...
Такі наш сьвет нікчэмны і слабы.
 
19.I.2007
 
 
 
 
Сьмерць у траўні
Дажыць ты зможаш толькі да вясны,
і больш нічога, сапраўды, нічога...
Нядоўгая, на жаль, твая дарога.
Кароткая, як ранішнія сны.
 
Хацеў бы да наступнае вясны
спазнаць паболей слодычы і болю.
Хацеў бы шмат свабоды, прагі, волі...
Ды час прыйшоў табе нярадасны.
 
Бэз пад дажджамі будзе красаваць
і рассыпаць карункавую квецень,
вясна-красна буяцьме па ўсім сьвеце,
а ты заснеш і будзеш мёртва спаць.
 
27.V.2007
 
 
 
 
НОВЫЯ ВЕРШЫ
2008
Згадка
Золата віскі і срэбра гарэлкі
Мы насыпалі шчодрай рукою,
Ад панядзелка да панядзелка
Мянялі багацьце на супакоенасьць.
 
Сьпіліся паэты і леглі ў магілы.
Лепшы заўсёды сыходзіць першым.
Я на самоце знаходжу сілы
Згадаць паэтаў у простым вершы.
 
2008
 
 
 
 
Электрык
Вясковы электрык запойна піў,
Валяўся і спаў на траве.
Запойны электрык русалку забіў,
Каменем па галаве.
 
Замоўклі пташкі, заціхлі зьвяры...
Электрык агонь расклаў,
З тоўстай русалкі ён юшку зварыў,
Паеў, што ня зьеў закапаў.
 
Сыты электрык узьлез на слуп,
Глянуў на вёску сваю,
Падумаў: «Харошы быў сёньня суп!
А вёску я ўночы спалю...»
 
2008
 
 
 
 
Зялёнае
Схадзіў у сквер, паслухаў салаўя
Схаванага ў сьветла-зялёных шатах.
Вярнуўся, павячэраў, п’ю гарбату
Зялёную. Амаль шчасьлівы я...
 
2008
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.