РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Безназоўнае
 
*** ...О так! Я – пралетар!..
 
У вырай!
 
З Новым годам!
 
Безназоўнае. Паэма
 
Арлянятам
 
Б’юць на трывогу званы...
 
З павяўшай славы...
 
Пазвалі вас
 
Цішку Гартнаму
 
На сьмерць Сьцяпана Булата
 
Адшчапенцам (заходнім)
 
Ваяк
 
А ў бары, бары.... Песьня на ваяцкі лад
 
Ой, вяду бяду.... Песьня на ваяцкі лад
 
Крым
 
Лясное возера
 
Восень
 
Мароз
 
Груган
 
*** Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі...
 
Голад
 
3 польскай – К. Уейскага:
Хаўтурны марш
 
Песьня і казка
 
Бай
 
А зязюлька кукавала...
 
Сын і маці
 
Над калыскай
 
Кароль
 
3 польскай – Ю. Крашэўскага:
Дзед і баба
 
Паэта і цэнзар. Крыху баляда
 
На папасе. Абразок з 1906 г.
*  *  *
...О так! Я – пралетар!..
Яшчэ учорах раб пакутны –
Сягоньня я зямлі ўладар
I над царамі цар магутны!
 
Мне Бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!
 
1924
 
 
 
 
У вырай!
Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!
У вырай! Да сонца вясёлкавым шляхам!
Час сонца схапіці і сонцам ірдзеці
I зьведываць сьветы арліным узмахам.
 
Гэй, вольныя птахі, патомкі крывічаў!
Да неба! Па зоры і гром перуновы...
Час крыльле расправіць – пагудка ўжо кліча,
Ўжо віхры цярэбяць да шчасьця шлях новы!
 
Гэй, вольныя птахі, ўладарнікі песьні!
На шляхі, пад сьцягі красы і свабоды!..
Час вылецець к славе з пагібельнай плесьні
I песьняй агністай дзівіці народы.
 
1920
 
 
 
 
З Новым годам!
З Новым годам, з Новым годам!
З новай песьняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!
 
Кінем покліч гулказвонны
Ад аконца да аконца,
Сьвет паклічам мёртва-сонны
Аж да сонца, аж да сонца!
 
Для унукаў, для праўнукаў
Расьцярэбім сьцежкі-шляхі;
Хай пануюць над прынукай, –
Каб аж к небу лёту ўзмахі!..
 
Над зямлёй зардзіць вясёлка
Посьле бураў, ліхалецьцяў;
Бацьку, маці жыць нялёгка, –
Хай жа лёгка жывуць дзеці!
 
З Новым годам, што крыніцай
Новай пойдзе ў пераходзе,
Беларуская зямліца!
Беларускі наш народзе!
 
[1921]
 
 
 
 
Безназоўнае
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Арлянятам

#I
Гэй, узьвейце сваім крыльлем,
Арляняты, буйна, бурна,
На мінулых дзён магіле,
Над санлівасьцю хаўтурнай!..
 
У маланках перуновых,
З гулкім гоманам грымотаў
Для вякоў дыхтуйце новых
Нечувалыя ясноты.
 
Вам сярпы і косы ў рукі
Ды мячы, каваны з сталі.
Далі буры, завірухі,
Што тут вылі, бушавалі.
 
Цень мінуўшчыны праклятай,
Дзе бізун гуляў з нагайкай,
Зьмеціцё вы, арляняты,
Сваёй новай сілай, байкай.
 
Ужо выбіла часіна
На вялікую прыгоду
Выйсьці з мутнай каляіны
Беларускаму народу.
 
Ў чарадзейным карагодзе,
Ў неабсяжнае свабодзе,
Без аковаў на прывольлі
Ўжо віхрыцца наша доля.

 

#2
Вам на памяць Серп і Молат
Даравала доля,
Каб з вас кожны быў, як волат,
Ня гнуў плеч ніколі.
 
Каб здабытую свабоду
Зналі, шанавалі
I у цяжкую прыгоду
Ўсталі грознай хваляй.
 
Зашумелі, загудзелі,
Як віхор сусьветны,
Не праспалі у пасьцелі
Волі агняцьветнай.
 
*

Вам дасталіся ад продкаў
Сохі і бароны,
Каб вы ў час, пасьля паводкаў,
Выйшлі на загоны.
 
I з'аралі сваю ніву
Шырака, глыбока,
Зерне ўкінулі шчасьліва,
Чыстае, як вока.
 
Каб рунела зерне тое
Весела, яскрава
Побач з вашай маладою,
Сакалінай славай.
 
*

Вам пакінулі прадзеды
Гартаваны косы,
Каб вы зь імі сонца сьледам
Выйшлі на пакосы;
 
Каб касілі да упаду
Пустацьвет і зельле,
Што сваім пякучым ядам
Труцяць кроў у целе.
 
Каб зьвінелі вашы косы
Над зямлёю соннай
Ад начных да раньніх росаў
Звонка, векапомна.
 
*

Вам у спадчыне ад роду
Засталіся песьні,
Каб быць вашай асалодай
У жыцьця прадвесьні.
 
Каб вы пелі, не сьціхалі
Ў радасьці і ў горы,
Гаманілі, нібы хвалі
У бурлівым моры.
 
Каб шоў гоман неспыняны
Ад поля да поля
I людзей, яшчэ скаваных,
Заклікаў на волю.

 
1923
 
 
 
 
Б’юць на трывогу званы...
Б’юць на трывогу званы,
Клічуць да новай вясны,
К новаму Богу завуць,
Б’юць на трывогу званы,
      Б’юць, б’юць!..
 
Час ужо браць тапары,
Косы кляпаць да зары,
Покі ў грудзях жар ня згас,
Час ужо браць тапары,
      Час, час!..
 
Рэж на дарозе дзярно,
Што ногі раніць даўно,
Углыб запускай свой лямеш,
Рэж на дарозе дзярно,
      Рэж, рэж!..
 
Крыж прад вачамі стаіць,
Крыж абвіла помсты ніць,
Процьма удоўжкі і ўзвыш,
Крыж прад вачамі стаіць,
      Крыж, крыж!..
 
Рвуць твае жылы кругом,
Родны раскідалі дом,
Гібель табе скрозь равуць,
Рвуць твае жылы кругом,
      Рвуць, рвуць!..
 
А на трывогу званы
Б’юць на парозе вясны,
К новаму Богу завуць,
Б’юць на трывогу званы,
      Б’юць, б’юць!..
 
1914
 
 
 
 
З павяўшай славы...
З павяўшай славы быўшых дзён,
З магільных прадзедавых крас,
Пад стогн няволі, путаў звон
Мы зложым песьню, зложым сказ,
            А так агністы, як пажар,
            А громкі так, як грому ўдар.
 
І так, каб чуў і брат, і кат
Зь нізін-далін, з высокіх гор;
Ад меж да меж, ад хат да хат
Зайграем сьвету ў дружны хор
            З жыцьцём у тон, зь віхрамі ў тон,
            Пра свой папас, пра свой палон.
 
Хай тое ўсё, што спала ў сьне,
Паўстане яваю жывой,
I сьветам блудным здрыгане,
I панясе скрозь сьветач свой
            Ад краю ў край, між сьпячых сіл,
            Аж там – да бацькаўскіх магіл!
 
1919
 
 
 
 
Пазвалі вас

Эўрапейскія дзяржавы пастанавілі
запрасіць на міжнародную нараду
ў Гэную т. Леніна.
#З газэт 1921 г.

 
Пазвалі вас на пір піроў,
Пазвалі вас за волю стаць,
I далі ўладу путы рваць,
I далі ўладу біць цароў –
Зрабілі з вас гаспадароў.
 
I вы з рабоў пайшлі ў цары...
– О, каб ня ў краты толькі з крат?!
Паклон аддаў вам азіят,
За ім Эўрогіы жыхары
Шлі к вам праз морскія віры...
 
Але ня ваш вітаць шлі сьцяг:
З сваёю воляй шлі на вас...
I не дайшлі – зышлі на час
Празь белы й чорны морскі шлях,
А вам ня страх, а вам ня страх!..
 
Чатыры годы крок у крок
Тварыць вы шлі і кроў лілі
Сваю, чужую па зямлі...
Расьлі магілы... зваў прарок...
Рос вашай моцы блеск і мрок.
 
I ўсё вы ўзялі, усё як ёсьць:
Фабрычны дым, сяўбы загон,
I панскі двор, і царскі трон...
Ды стала ўсё вам гэта ў злосьць –
У хлебе восьць, у горле косьць.
 
Сабою самі ўстаць з руін
Вам не хапіла смагі, сіл,
I вось к вам вылез цень з магіл:
Крывавы грош і «гаспадзін»,
А іх закон адзін, адзін.
 
3-пад ног, з утоптанай нары
Пайдзе ўжо збэшчаны павук
I ў сто, у сто кагцістых рук
Хапае вас, рабы-цары, –
Як бы ўжо вы не ўладары...
 
Вы ўладары... Яшчэ жар-цьвет
Бунтарскіх дум у вас ня згас:
Эўропа кліча ў госьці вас:
Пад рогат піравых пабед
Саветы кліча на «савет».
 
1922
 
 
 
 
Цішку Гартнаму

У пятнаццатую гадавіну яго шчырай
пясьнярскай працы на карысьць
беларускага працоўнага люду


 
Многа поля з добрай доляй,
Нешчасьліва і шчасьліва,
Праляцеў ты, мой саколе,
Па-над роднай нашай нівай.
 
У сьвітаньне, у прадвесьне,
Зь непамернай гордай сілай
Пела бура табе песьні,
Думкі бурныя будзіла.
 
I мацьнелі твае крыльлі,
I мацьнеў дух неўгамонны,
А вясёлкі шлях сачылі,
А маланкі слалі ўклоны.
 
Яснай зоркай з-пад аблокаў
Азіраеш пуцявіну,
Па якой ты ненарокам
Мкнуўся к сонцу без упыну.
 
Нікнуць чары ў пору гэту.
З воч спадае асьляпленьне,
I законы піша сьвету
Людскай праўды вызваленьне.
 
Гэй, ляці, саколе, далей
Па-над буйнай Беларусяй!
Не спыняйся ў векаў далі
I ня гніся, як ня гнуўся!
 
1923
 
 
 
 
На сьмерць Сьцяпана Булата
Задрамаў ты з доляй, з хвалай,
Жвір халодны прыгаруніў...
Ой, скасіла – не спытала...
– Сьні, таварыш, аб Камуне!
          Ты хапаў за косы сонца,
          Думаў думку аб пяруне,
          Што дух збудзе ўсёй старонцы...
– Сьні, таварыш, аб Камуне!
 
Як сіроты, забытымі
Цэп з касой вісяць у пуні, –
Хто ж на ворага іх здыме?!
– Сьні, таварыш, аб Камуне!
          Сьвет узьняўся, схамянуўся...
          Вер, свабодны вецер дуне
          Па ўсёй чыста Беларусі!
– Сьні, таварыш, аб Камуне!
 
Забуяе ў славе буйнай,
Зазьвініць залатаструньне
Родны Край адной камунай...
– Сьні, таварыш, аб Камуне!
          На магілцы-валатоўцы
          Зарунеюць кветак руні;
          Зайдзе сонца, ўзыйдзе сонца...
– Сьні, таварыш. аб Камуне!
 
1921
 
 
 
 
Адшчапенцам (заходнім)
Адкуль і хто яны, адменцы?
Няма у кнігах роду іх;
Імя іх толькі – адшчапенцы,
А гэта ведама й бяз кніг.
 
Узялі крыўдай уладаньне
Над братам бедным і сьляпым
I распасьцерлі панаваньне
Ў чужым дабры, як у сваім.
 
Народ ім хорамы паставіў,
Ральлю капаў для іх, як крот,
Яны ж чужой прадалі славе
Сваю зямлю і свой народ.
 
У звоне золата ўтапілі
Трухлявы душ сваіх абраз
I на прадзедавай магіле
Спраўляюць радасны папас.
 
Гадуюць думы, думы ката
Крывёй другіх на ногі ўстаць
I на плячах скаваных брата
Сваю «ойчызну» будаваць.
 
Забылі ўсё за катнім дзелам,
Сваіх счураліся людзей,
Што корм давалі сваім целам,
Чыю смакталі кроў з грудзей.
 
Зь пянчанай пугай на адводзе,
На лбе зь пячаткаю сьвятой,
Ў чужым распасьвены гародзе,
Яшчэ гарод паганяць той.
 
Законы топчучы сьвятыя,
Стварыў якія чалавек,
Свае распасьвеныя шыі
Ў ярмо нясуць на сьмех і зьдзек.
 
Жывуць, брыдуць, а дзе – ня знаюць
Сягоньня іх начлег, папас,
Адно – народ з пуцьця зьбіваюць
I ў процьму гоняць кожны час.
 
Дакуль жа будзе іхня сіла
Трымаць над намі свой прыгон?
Калі у Бацькаўшчыне мілай
Загосьціць праведны закон?
 
Дакуль іх будзе панаваньне,
А рабства нашае трываць
I аднімаць у нас прыстаньне
I путы вечныя каваць?
 
Калі ударыць на трывогу
Гарт нашых сілаў маладых
I адшчапенцам дасьць дарогу,
Якая жджэ даўно на іх?
 
Хай пранясецца кліч да славы,
Пакліча к іншаму жыцьцю!
Хай помста точыць нож крывавы
На крыўду вечную сваю!
 
[1925]
 
 
 
 
Ваяк
Сеў ваяк на каня,
Ў рукі ўзяў востры меч
I пусьціўся дадня
Пашукаць, каго сеч.
 
Немалы ехаў час, –
Не сустрэўся нідзе,
Аж напроці якраз
Вораг войска вядзе.
 
У яго старану
Гмін вядзе на грабеж;
Перайшлі баразну –
Пагранічны рубеж.
 
Схамянуўся ваяк,
Кроў зайграла ў грудзёх:
Сьціснуў меч у руках,
Конь памчаў з усіх ног.
 
Наляцеў, як пярун,
На разбойніцкі зброд;
Запусьціў меч-кладун, –
Сьцеражыся, народ.
 
Б'е агонь зь дзецюка,
Косіць голавы з плеч,
Не здрыгнецца рука,
Не тупеецца меч.
 
Тысячу ўжо лягло,
Ўжо другую сячэ,
А праціўнік назло
Войска больш валачэ.
 
Гэй, трымайся, дружок!
Не дрыгні ў барацьбе:
Жджэ пахвалы вянок,
Жджэ дзяўчына цябе!
 
На бяду захацеў
Дзеўку ўспомніць ваяк, –
Меч з рукі паляцеў,
Сам зваліўся наўзнак.
 
Рухнуў побач і конь –
Разам жыў, разам лёг;
Неба ясная тонь
Свой паслала палог.
 
Сьпіць ваяк з доляй сам,
Над ім птушка пяе,
А дзяўчыне няўцям,
Што памёр празь яе.
 
1919
 
 
 
 
А ў бары, бары...
Песьня на ваяцкі лад
А ў бары, бары
Тры дарожанькі.
      Гэй, гэй, гэй, тры дарожанькі!
Тудой шоў жаўнер
Наш прыгожанькі.
      Гэй, гэй, гэй, наш прыгожанькі!
 
*

Стаў, глядзіць жаўнер,
Сумняваецца.
      Гэй, гэй, гэй, сумняваецца.
Па якой пайсьці
Надумляецца.
      Гэй, гэй, гэй, надумляецца!
 
*

Па адной пайсьці –
Не пашэньціцца.
      Гэй, гэй, гэй, не пашэньціцца!
Завядзе на ўсход,
Скуль ня вернецца.
      Гэй, гэй, гэй, скуль ня вернецца!
 
*

Па другой пайсьці –
Абняволіцца.
      Гэй, гэй, гэй, абняволіцца!
Бо ў заходні бок
Шлях той коціцца.
      Гэй, гэй, гэй, шлях той коціцца!
 
*

Выбіраў жаўнер
Трэцьцю сьцежаньку!
      Гэй, гэй, гэй, трэцьцю сьцежаньку!
Бо вяла яна
Ў родну межаньку.
      Гэй, гэй, гэй, ў родну межаньку!
 
*

І запеў жаўнер
Той прыгожанькі.
      Гэй, гэй, гэй, той прыгожанькі!
А ў бары, бары
Тры дарожанькі.
      Гэй, гэй, гэй, тры дарожанькі!
 
1920
 
 
 
 
Ой, вяду бяду...
Песьня на ваяцкі лад
Ой, вяду бяду,
А бяда мяне
      Водзіць вечным сьледам;
Гэтак ходзім мы
За адным адно,
      Як той дзед за дзедам;
Гэй, паклічу сход,
Ды зьбяру народ,
      Ды зьбяру жаўнераў,
Хай ідуць вайной
На маю бяду –
      На ліхога зьвера.
На мой кліч на сход
Гмін народу йшло,
      Шоў ваяк з ваякам, –
Кожны сьмел, ахвоч,
Б’е адвага з воч,
      Поле ўслалі макам.
Як той лес, жаўнер
Ля жаўнера стаў,
      Зброя ў сонцы йграе;
Зварухнуўся полк,
А за ім – другі,
      Толькі сьцяг міргае.
Мах за крокам крок!
Войска йдзе ў паход,
      Быццам тая хмура.
Аж дрыжыць зямля,
Як ваякі йдуць.
      Ды пяюць, як бура.
Гэй, выходзь бяда,
Гэй, выходзь, хто нам –
      Непрыяцель – вораг;
Пачастуем так,
Што папомніш век,
      Ды сатром на порах.
Знай, жаўнеры мы,
Выйшлі не на жарт
      Біцца, ваяваці;
Знай, хавалі нас
Поле, бор і лог
      Беларусі-маці!
 
1920
 
 
 
 
Крым

#1
О Крым, нязьведаная казка
Жыцьця мінулага вякоў,
Адным якія былі ласкай,
Для іншых – скрыгатам акоў!
 
У шумным пробегу сталецьцяў
Нішто цябе, Крым, не згняло,  –
Таксама цягнуць рыбу сеці,
Таксама птушка мкне ў сіло.
 
Адвечным ладам шуміць мора,
А зь ім – магнолія, платан...
Аб чым яны з сабой гавораць, –
Спытайся ночку ды туман!

 

#2
На узьбярэжжы крымскіх вод
У неба сінь глядзіць Ай-Петры, –
Над ёй аблокаў карагод,
Пад ёй прапасьцістыя нетры.
 
Глядзіць Ай-Петры ў дол з вышын –
На белы хаты, на палацы,
На стужкі каменных пуцін –
Плады нявольніцкае працы.
 
А я – з далёкіх ніў пясьняр –
Па Гаспры з кута ў кут снуюся.
Гняце мне думкі Крыма чар,
Маркотна мне безь Беларусі.

 

#3
Гаспра, мілы мой прыпынак!
Я ўжо скончыў свой спачынак
          I цябе я пакідаю,
          Да свайго імкнуся краю.
 
Будзь прыветна, будзь здарова,
Як татарка чарнаброва!
          Жыві доўга, як Ай-Петры,
          Хоць і веюць буйны ветры!
 
Вам, магноліі, платаны,
Кіпарысы і каштаны,
          Шлю я шчыра на прашчаньне
          Ад бярозак прывітаньне!

 
1923
 
 
 
 
Лясное возера
Дрэмле абсаджана лесам адвечным,
Цінай засланае возера ў лесе;
Шастае сьціха асока і аер,
Нудныя казкі куст з кустам шапоча.
 
Сосны і вязы, дубы і асіны
Вокала возера вартай пасталі,
Долу ківаюць паклоны нямыя,
Небу малітву таемную твораць.
 
Возера! Возера! Йду к табе смутны
Соннаю пушчай, амшалаю сьцежкай, –
Жоўтае лісьце шасьціць пад нагамі,
Шчокі калючка сасновая шчыпе.
 
Сам з сабой насам пад дубам саджуся, –
Вочы і думкі пабеглі далёка...
Сьцішна над возерам, воблачна ў небе...
Недзе запелі Узьвіжаньне гусі.
 
1919
 
 
 
 
Восень
Села пад пушчаю Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Сьпетых дажынак ёй жаль.
 
Пацеры шчыра шапоча,
Нудную шэпча мальбу;
Творыць паціху уночы
Сьвету сваю варажбу.
 
Склікала вецер і хмары,
Кожнаму дзела дала:
Вецер завыў на папары,
З хмары павісла імгла.
 
Вецер, убраўшыся ў сілы,
Лесам, як вехцем, трасе,
Крыж вырывае з магілы,
Круціць салому ў страсе.
 
Хмара, упіўшыся морам,
Хвошча і хвошча дажджом,
Плача нязьмераным горам,
Жаліць душу, як нажом.
 
Вецер і хмара дахаты
Просяцца, лезуць смалой:
Вецер дзьме ў комін заўзята,
Хмара лье ў вокны залой.
 
Ў шчылінах сьвіст не сьціхае,
Муціць, варожыць, кляне,
Як бы жывы хто ўздыхае
Ў сьлёзнай паўяве, паўсьне.
 
Мокрыя каплі па шыбах
Плюскаюць, хлюпчуць, бубняць,
Быццам людцоў у сялібах
Мецяць патопай даняць.
 
– Скуль вы? Што трэба вам, госьці,
Зваў вас які гаспадар? –
З хаты пытаецца хтосьці
Буйнага ветру і хмар.
 
– Восень сюды вам за кару
Выгнала нас на папас! –
Гэтакі вецер і хмара
Кідаюць хаце адказ.
 
I ўзноў завыў вецер жудка,
Дождж пачаў сьцёбаць сільней...
А там пад пушчай ціхутка
Моліцца Восень далей.
 
Зьнізвае пацеры Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Сьпетых дажынак ёй жаль.
 
1919
 
 
 
 
Мароз
Іду я, сьняжысты, ўсясільны,
Па сьцежках-пуцінах пустых,
I ночкай, і днём безупынна
Пільную абшараў сваіх.
 
Бязьмежна, ўладарна паную
Пад сховаю пушчавых вех,
Каронаю бор мне зялёны,
А тронам-пасадам бел-сьнег.
 
Палац мой – лес буйны, вяцьвісты –
Ірдзіцца брыльянтамі скрозь,
Мне воўк і мядзьведзь у паслугах,
Мне служаць вавёрка і лось.
 
Як пухам, сьняжком пасыпаю
I хвою, і ёлку, і клён;
Хто ў госьці ка мне забярэцца,
Тулю тых, галублю іх сон.
 
I казкі шапчу ім аб шчасьці,
I цемру зганяю з вачэй...
Хадзіце, хадзіце к Марозу!
Хадзіце у госьці хутчэй!
 
1921
 
 
 
 
Груган
Кожнай вясны, як выходжу
        Свой засяваці загон,
Чорны груган вылятае
        Зьнекуль – зь няшчасных старон.
 
Крыльле, як вехі, разьняўшы,
        Страшны затачвае круг:
Крумкае, гракае жудка,
        Жудкі сплятае ланцуг.
 
Сумныя думы абсядуць,
        Ног не павырваць з ральлі.
Млее рука, а сявалка
        Цісьне і цісьне к зямлі.
 
Восень як прыйдзе, і з поля
        Выйду зьбіраці сяўбу, –
Гэты ж груган вылятае,
        Гэту ж вядзе варажбу.
 
Зьвісьне пад хмарамі зданяй,
        Воч не спускае зь мяжы,
Косьці пасеяны ліча,
        Ліча людзей і крыжы.
 
Гляну, і сілы слабеюць,
        К думам сьцікаецца жах,
Сьцісьнецца сэрца ад болю,
        Ноч замігціць у вачах.
 
Гэтак вось кожны год вечна,
        Ў поле як толькі іду,
Зьнекуль груган вылятае
        I наклікае бяду!
 
1919
 
 
 
 
*  *  *
Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі
Да збураных гнёзд на палёх Беларусі;
 
Як «бежанцы» тыя, ганяны тугою,
Да роднага краю плывуць чарадою.
 
А думцы маркотна, а думка ня бачыць,
Як птушка і тая айчынай маячыць.
 
Мкне з выраю птушка, а думка у вырай
Ляцела б, ляцела, а шчыра, так шчыра!
 
1921
 
 
 
 
Голад
Праз поле, праз хаты і сёлы
Ў кароне з касьцей чалавечых
Іду, разбуялы, вясёлы,
З хатомкай мярцьвячай на плечах.
Паклоны б'е стар мне і молад
І дзетак рой босых і голых, –
      Бо Голад я, Голад!
 
З прадсьмертных сьлязінаў і поту
Брыльянты на мне мігацяцца, –
Абвёў іх з крыві пазалотай...
А зь сілай маёю зраўняцца
Ня ў сілах ні сьпека, ні холад;
А шлях мой бяз рыцьваў і плоту, –
      Бо Голад я, Голад!
 
Іду. Прада мной зазірае
Жывым сьмерць галодная ў вочы
I косе ў рад, не разьбірае –
Ў дні белыя, ў чорныя ночы.
Ці слаб хто, ці дужы, як волат, –
Груган яго косьці зьбірае,  –
      Бо Голад я, Голад!
 
Іду. А за мной сьледам-лазам
Паўзуць зьніштажэньні, руіны.
Я – мору тварэц безупынны,
Я – сейбіт бязьмежнай заразы,
Мой скіпетр – лядзянячы молат,
Ім рабству дыктую указы, –
      Бо Голад я, Голад!
 
Пад чорным маім уладаньнем
Сіроцтва гне корна калені,
I ўдоўства галосіць літаньнем
На голым магільным каменьні.
Мне гімны складае вякоў лад –
Мне, сытаму людаў кананьнем, –
      Бо Голад я, Голад!
 
1921
 
 
 
 
3 польскай – К. Уейскага
Хаўтурны марш
Гэтак звоняць! А так звоны
        Рвуць мазгі балесьне!
А ксяндзы – куды пруць роем
        3 гругановай песьняй?
Тут жа блізка, прада мною
        Чорны воз туркоча...
Як мне цёмна! Воз той чорны
        Зацямніў мне вочы.
 
Недзе ў высі крыж ясьнее.
        Мігаюць паходні...
А мяне вядуць пад рукі,
        Так іду выгодне:
Самі ногі йдуць, здаецца,
        Скачанеўшы ногі,
Добра, што вядуць мяне так, –
        Не зблуджу з дарогі.
 
Так іду, плыву, як сьпячы,
        Без чуцьця, бяз волі;
Галаву ды сэрца толькі
        Страшна мучаць болі,
Капцюры іх рвуць якіясь,
        Вострыя, крывыя;
А званы тут цягам звоняць,
        Вараньнё ўсьцяж вые.
 
Чую музыку якуюсь,
        Водгульле нясецца;
Б'е з вачэй жар, а па твары
        Штось зімное льецца.
На мяне глядзяць, а блізка
        Падысці ня сьмеюць;
Мабыць, ё ў маім штось твары –
        Што так страхам веець.
 
А воз цягне дзьве пар коні
        У жалобным строю,
А мяне якаясь сіла
        Цягне за сабою.
Ах, мой Божа! Ка мне пхнецца
        Дамавіна-скрыня!
Там майго загадка быту,
        Там – у дамавіне.
 
За што так мяне скараў ты,
        Богам называны?
                Ах за што, за што?
Уладар зямлі і неба,
        Сонцаў і курганаў,
                Згнёў мяне ў нішто?!
                Дзе той Бог,
                Што так змог?
 
Ці яго звон гэты весьціць
        I той крык варон?
Хай тут стане прада мною
        Ў постаці сьмяячай,
                Ён страшней за ўсё!..
Бо вялікшы я цярпеньнем –
        Хоць нішто ня значу –
        Чымся моц яго!
        Ой, злы ён!
                Ой, злы ён!
 
Гэтым словам б'е звон, вые...
        Як вароны тыя!
Як жа мучыць гэты звон,
        Гэты звон! Звон!
 
*

На атласе заламала
        Ручанькі накрыж,
Усьміхаецца спрасоньня...
        Ах, ты ўжо ня сьніш!
 
Не ўздыхнеш па белых ружах
        На вянку ў жальбе,
Пацалункамі ў галоўку
        Не збуджу цябе.
 
Не глядзіш, што за табою
        Йду я – труп бляды,
Што вяду туды з жалобай,
        Скуль ня прыйдзеш ты.
 
Ці ж на то хавала маці
        Не адну вясну
I кахаў я да астатку,
        Каб клаў у труну?
 
Вось якое мне вясельле?
        I я ў гэткі дзень
Жыці мушу? – Божа! Божа!
        Што пачну я, цень?
 
*

Дабраты была анельскай,
        А любіла як!..
Быццам песьняй, быццам казкай
        Дні плылі нам так.
 
I пры ёй ня знаў я грэху, –
        Дабрату я знаў,
Бо зь яе вачэй і ўсьмешкі
        Бласлаўленьне браў.
 
Для мяне была скарбніцай
        Творчых дум і цнот,
Вёў мяне яе стан гібкі
        Да сьвятых яснот.
 
Дзе ж мяне завёў, урэшце,
        Посьле цяжкіх спроб?
К апраметнай шоў я ў сонцы.
        Праз надзею – ў гроб!
 
Вось якое мне вясельле?!
        I я ў гэткі дзень
Жыці мушу? Божа! Божа!
        Што пачну я, цень?
 
*

Паднялі труну на плечы,
        Панясьлі пасьпешна;
Мяне ўдзержаць хочуць сілай
        Ха, ха! Вось пацешна!
Прэч з дарогі, разявякі,
        3 хлысцьбаю дасужай!
Бо я молад і сярдзіты,
        А кулак мой дужы...
 
Я адзін к ёй маю права,
        А вы прэч, насланьне!
Чорны збродзе! Толькі роўны
        Хай да бойкі стане.
3 вас ніхто майго цярпеньня
        У грудзях ня зьмесьце!..
I ўцяклі ўсе – сам іду я,
        Грозны цар балесьці!
 
Сярод гоману і звону
        Ўсіх званоў бяз ладу,
Сам іду я к дамавіне –
        Да свайго пасаду.
Ты, грабар, на гэтым насьпе
        Ўсьпёрты на лапаце,
За дол для цара такога
        Колькі хочаш, браце?
 
А капай мне дол глыбока,
        Бо сьвет мне – горш нетраў;
Ад тваёй цяжэй зямлі тут
        Гнець мяне паветра.
Прэч з крапілам! І сьвятая
        Яе капля спляме;
Я адзін тут маю права –
        Пакраплю сьлязамі.
 
Здань-рука ка мне вылазе
        З-пад манашых полаў,
Ясна-моцная такая!
        Дух гняце мой кволы.
I мяне яна кранула!
        Пахіліўся, ўпаў я...
І ўзялі мяне й панесьлі,
        А куды – ня знаю.
 
Ах, за колькі капляў шчасьця
        Плацяць людзі сьвету
                Цэлым морам сьлёз!
Ой, дурны сьвет, і нашто ты
        Створаны ў цьму гэту?
                Дзе твой скон? Дзе ўзрос
                Яго рух, –
                То ж мой дух!
 
Я ж – як сэрца, што ў ім б'ецца
        Ён – пусты, як звон!
Ці каго аб тым прасіў я?
        Без маёй хто волі!
                Мне сказаў прыйсьці?
Хоць бы там мяне скавалі –
        Не сяджу ў няволі:
        Маю моц пайсьці.
                Ой, злы ён!
                Ой, злы ён!
 
Гэтым словам б'е звон, вые...
        Як вароны тыя!
Як жа мучыць гэты звон,
        Гэты звон! Звон!
 
1921
 
 
 
 
Песьня і казка
Песьня і казка
Ходзяць у пары,
Сеюць па сьвеце
Дзівы і чары,
 
Будзяць спрасоньня
Думкі дзіцячы,
Як той ураньні
Промень сьвяцячы.
 
*

Песьня і казка
Як у крышталі,
Сьвету пакажуць
Тайныя далі,
 
Шляхі намецяць
К сонцу і зорам
Для людской долі,
Скованай горам.
 
*

Песьня і казка
Ў райскіх праявах
Шчасьце збудуюць
З кветак яскравых.
 
Сэрца атуляць
Вечнаю ласкай...
Слухай жа, сэрца,
Песьняў і казкаў.
 
1921
 
 
 
 
Бай
Бегаў бай па сьцяне
У чырвоным кафтане.
Байку баіў. Ай, лю-лі!
Жылі пчолкі у вульлі...
      Баіць ці не?
      – Баіць!
 
Бегаў бай па сьцяне...
Шла вясна па вясьне,
Жылі пчолкі з году ў год...
Бралі ў соты з кветак мёд...
      Баіць ці не?
      – Баіць!
 
Бегаў бай па сьцяне...
Ніхто пчолак не кране;
Самі мёд зьбіраюць той,
Самі ласваюць зімой...
      Баіць ці не?
      – Баіць!
 
Бегаў бай па сьцяне...
У той самай старане
Пустапасам труцень жыў,
Неяк з пчолкамі здружыў...
      Баіць ці не?
      – Баіць!
 
Бегаў бай па сьцяне...
Труцень кажа: «Дайце мне
Глянуць, пчолкі, у вульлёк,
Паспытаці ваш мядок!..»
      Баіць ці не?
      – Баіць!
 
Бегаў бай па сьцяне...
Ці так добра, ці так не, –
Пчолкі добрымі былі,
Трутня ў госьці прынялі...
      Баіць ці не?
      – Баіць!
 
Бегаў бай па сьцяне...
Труцень пальцам не кіўне:
Пчолкі мёд нясуць да сот,
Труцень есьць ды есьць той мёд.
      Баіць ці не?
      – Не!
 
1921
 
 
 
 
А зязюлька кукавала...
Як на сьвет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, –
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
      Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
      Сьпі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
 
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, –
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
      Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
      Пасі, статак! Ку-ку, ку-ку!
 
Як вялікім вырас Янка,
Як стаў сеяць шчыра, дбала, –
За сяўбою пеў аб долі,
А зязюлька кукавала:
      Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
      Сей палетак! Ку-ку, ку-ку!
 
Як ні сеяў пільна Янка, –
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў – людзі жалі.
А зязюлька кукавала:
      Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
      Жаці будзеш! Ку-ку, ку-ку!
 
Як старым-старым стаў Янка,
Як пазбыўся сілы ўдалай, –
Баіў байкі-казкі ўнукам,
А зязюлька кукавала:
      Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
      Годзе баіць! Ку-ку, ку-ку!
 
Як хавалі людзі Янку, –
Галасілі многа-мала;  .
– А нашто ж памёр ты, сейбіт!..
А зязюлька кукавала:
      Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
      Сьпі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
 
1921
 
 
 
 
Сын і маці
С ы н

– Мамка, мамка, нам сягоньня
      Гаманілі ў школе
Аб якойсьці Беларусі,
      Што жыве на волі.
 
Хоць я слухаў вельмі шчыра
        (Не люблю іначай),
Ды ніяк не мог уцяміць,
      Што ўсё гэта знача.
 
М а ц і

– А вось тое, мае дзеткі,
      Глянь-зірні наўкола:
Бачыш гэтыя сялібы,
      Хаткі нашых сёлаў;
 
Гэта поле – шнур ля шнура –
      Ўзгоркі і лагчынкі,
На узьмежку грушу-дзічку,
      Крыж каля пуцінкі?
 
Бачыш логі, сенажаці,
      А на іх – крыніцы,
Далей – бор зялёны, гонкі,
      Што увысь глядзіцца?
 
А там далей, дзе ўжо вока
      Дасягнуць ня можа,
Тое самае пабачыш, –
      А ўсё так прыгожа!
 
Сотні вёсак і мястэчак,
      Гарадоў нямала,
Рэк бурлівых, пушч гамонкіх
      Зь неапетай хвалай.
 
Там плывуць Дняпро і Сожа
      Ды Дзьвіна і Нёман,
Белавежы, Налібокаў
      Там чуваці гоман.
 
Гарады – Менск, Віцебск, Вільня,
      Магілёў, Гародня
I Смаленск зь сьцяной цаглянай
      Разьляглі выгодне.
 
Аб вялікай нашай славе
      Сьведчаць на сьвет цэлы, –
Як жылі мы, панавалі
      Ў родным краі сьмела.
 
Во ўсё гэта, мае дзеткі,
      Ад межаў да межаў
Беларусяю завецца
      Й да цябе належа.
 
С ы н

– А! Ўжо сьцяміў! Дык багат я,
      Меўшы столькі цудаў:
Гэткім чынам я ніколі
      Служкаю ня буду.
 
Ну, а йшчэ скажы мне, мамка,
      Бо я не разважыў:
Што такое беларусы,
      Як настаўнік кажа?
 
М а ц і

– Ах, які ты йшчэ дурненькі,
      Каб ня скеміць гэта!
Ну, паслухай: усе людзі,
      Што ад лета ў лета,
 
Ад пакон вякоў жылі тут
      I жывуць сягоньня,
Носяць сьвіткі, носяць лапці
      Ды былі ў прыгоне,
 
Ўсе – і ты, і я, суседзі,
      Хто, па-твойму, прусы?
Дык жа ўцям: на Беларусі
      Жывуць беларусы!
 
Ды яшчэ, каб лепей ведаў,
      Мушу табе ўспомніць:
Беларусы беларускай
      Гутаркай гамоняць.
 
С ы н

– Вось яно што. Праўда, мамка,
      Ўжо сабе ўтлумачыў:
Беларус я! Ох, дам пытлю,
      Хто скажа іначай.
 
Ну, але яшчэ ня ўсё тут
      Ясным мне здаецца:
Што такое беларускай
      Гутаркай завецца?
 
М а ц і

– Ой, дурненькая варона,
      Што з табой чыніці!
Як жа йначай беларусы
      Могуць гаманіці?
 
Як жа мы з табой гуторым
      Вось у гэту хвілю?
Як жа я пяю над зыбкай
      Для малой Марылі?
 
Ды паслухай, як на вёсцы
      Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі
      За сваёй работкай;
 
Як бабуля баіць казкі
      Аб нядолі-долі;
Як начлежнікі сьпяваюць
      На начлезе ў полі?!
 
С ы н

– Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!
      Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму сьвету,
      Хто я дый што значу!
 
1921
 
 
 
 
Над калыскай
Калыхала маці сына
У калысцы у ліповай
I пяяла яму песьню
Вось як тутка, слова ў слова:
 
– Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі і сьні вясёлкі-гулі,
Як жа вырасьцеш вялікім, –
Не забудзься ты матулі.
 
Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі, злажыўшы ўкрыж далонкі,
Як жа вырасьцеш вялікім, –
Не забудзься ты старонкі.
 
Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі, як кветка напрадвесьні,
Як жа вырасьцеш вялікім, –
Не забудзься гэтай песьні.
 
Люлі, люлі, мой маленькі,
Набірайся моцы, сілы,
Як жа вырасьцеш вялікім, –
Не забудзь маей магілы.
 
Люлі, люлі, мой маленькі!..
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Сын павырас, на лес гледзя,
А ці помніць песьню маткі, –
Запытайся у суседзяў.
 
1919
 
 
 
 
Кароль
Я кароль над каралямі,
            Пан я над панамі!
Што мне значаць і цары ўсе, –
            Пасудзіце самі.
 
Тругу-гугу! Тругу-гугу!
            Дзьму я ў рог вайсковы:
Гэта знак даю падданым
            З трубы берастовай.
 
Лясь-лясь! Лясь-лясь! – зброяй лясну
            Ўправа, ўлева громка:
Гэта страшу я падданых
            Пугай доўгай, ёмкай.
 
І сабраў сваіх падданых
            І павёў, павёў я
Цераз горы, цераз долы,
            За гай, за дуброўе.
 
Тругу-тугу! Тругу-гугу!
            Зноў трублю сярдзіта;
Лясь-лясь! Лясь-лясь! – сьвішчу зброяй
            Грозна, санавіта.
 
I усеўся я на троне –
            На карчы яловым,
А падданыя падданяць, –
            Не буркнуць ні слова.
 
Толькі – скуб-скуб! Скуб-скуб траўку
            Згодна ды пакорна,
Ажно рэха ад скубаньня
            Коціцца прасторна.
 
Толькі часам мм-у, мм-у! –
            Замычыць цялятка;
Бэ-э, мэ-э! Бэ-э, мэ-э! –
            Забляе ягнятка.
 
Рох-рох, цох-цох! Кві-кві, кві-кві! –
            Пісьне парасятка,
Ды гі-гі-гі? – адыржэцца
            Недзе жарабятка.
 
А я важна, а я пышна
            Сяджу на пасадзе,
На падданых пазіраю,
            Як дзе на парадзе.
 
Сонца косы млоснай сьпекай
            Сьцелюцца на полі,
А ў дуброве штось шапоча
            Ліст зь лістком паволі.
 
Куку-куку! Куку-куку! –
            Кукуе зязюля;
Піць-піць! Піць-піць! – каня кліча,
            Як бы посьле гуляў.
 
Ву-ву! Ву-ву! – загудзеў жук
            Каля вуха сьмела;
Ззынь-ззынь! Ззынь-ззынь! – зь мёдам з кветкі
            Пчолка зазьвінела.
 
Сэрца мне затрапятала.
            I я без прынукі –
Шась трубу сваю на плечы
            Ды жалейку ў рукі!
 
Туль-туль-лілі! Туль-туль-лілі! –
            Граю, не зважаю;
Туля-ляля! Туля-ляля! –
            Птушкам падцінаю.
 
Гуля-ляля! Не кароль жа
            Я над каралямі? –
Я, мой статак, сонца, поле?..
            Пасудзіце самі!
 
1922
 
 
 
 
3 польскай – Ю. Крашэўскага
Дзед і баба
Быў сабе дзед і баба –
Ўжо старыя абое;
Яна мелася слаба,
Ён сагнуўся удвое.
 
Жылі ў хатцы збуцьвелай,
Непачэснай з паглёду;
Адну шыбіну мела,
Адны дзьверцы для ўходу.
 
Жылі згодна, шчасьліва,
Як ня жыці нам гэтак!
А чаму? – няма дзіва:
Бо прывыклі к сабе так.
 
Толькі сумна было ім,
Што памерці ўсё ж мелі,
Што халодным спакоем
Іх магіла разьдзеліць.
 
Дык маліліся ў згодзе,
Каб за Божым прыказам,
Калі сьмерць к ім надойдзе,
Абаіх брала разам.
 
Але так быць ня можа!
Хтось ды ўперад сканае...
– Каб ня ён, мой нябожа...
– Каб хаця не старая...
 
Гэтак баба маяча:
– Штодзень чуць валачуся,
Па мне «ваша» заплача –
З ног я ўперад звалюся.
 
– Ўперад я, мая міла, –
Дзед бабулі гавора:
– Немагота ў магілу
Мяне ўгоне ўжо скора.
 
– Мяне ўперад, – кажу я!
– Вота ж гэтак ня будзе!
– Вашаць хай пабядуе!
– А ты што? – ці ня людзі?!
 
I так далей і далей
Пайшлі ў спрэчку самдзеле;
Той таму прытыкалі,
Ісьці ў прочкі хацелі.
 
Ажно стук нехта ў дзьверы.
– Хто там? – Тут ім на тое:
– Я – сьмерць; даўшы вам веры,
Ўзяць іду вас абое.
 
Дзед сваёй і ківае:
– Адчыні ідзі, баба!
– Не магу, – кажа тая, –
Вельмі чуюся слаба.
 
От лепш ты патурбуйся
За мяне ўжо сягоньня.
– Не, лепш ты йдзі, Кастуся, –
Дзед зноў бабе гамоне.
 
Баба сюд-туд ды жвава
Чмых за печку бяз мукі...
Дзед зашыўся пад лаву...
А сьмерць стукі ды стукі.
 
I так стукала б доўга,
Лет чакала б са дзьвесце,
Каб праз комін дарогу
Не найшла к ім нарэшце.
 
[1921]
 
 
 
 
Паэта і цэнзар
Крыху баляда

Прысьвячаецца быўшым,
цяперашнім і маючым
быць цэнзарам


 
Цяпер ці калісьці – ня ўцямлю,
А толькі ня лгу ні на міг, –
Паэты пісалі паэмы,
А цэнзары рэзалі іх.
 
Паэмы (ужо ж не паэтаў)
Сек цэнзар, як вецьце пастух,
Аж трэскі-паперкі ляцелі
У чыстае поле, як пух.
 
I доўга цягнулася гэта,
Як баіць народная весьць,
На згубу бунтарскіх паэтаў,
На цэнзарскі гонар і чэсьць.
 
I шлі так гады за гадамі
Пад воклікі чорных імшоў,
Ішоў за паэтам паэта,
За цэнзарам цэнзар ішоў.
 
I трэба ж – о дзівы! О цуды!
О слаўны дваццаты наш век!
Паэта прыдумаў паэму,
А цэнзар яе не пасек.
 
А толькі... Паслухайце толькі,
Што з гэтага далей было:
Вы ўбачыце, людзі, як гэта
Ў дабры часам гнезьдзіцца зло.
 
Паэта пад потам крывавым,
Ня сплючы сто ночак падрад,
Паэму згарусьціў, аж міла,
І цэнзару даў на прагляд.
 
А цэнзар меў добрае сэрца,
Што рэдка у нашым вяку, –
Паэмы ня сек і ня рэзаў,
А толькі... пагладзіў крыху.
 
П а э т а пісаў:

О віхры, о вы, бураломы,
Свабодных нябёс жыхары!
Дрыгніце разбэшчаным сьветам,
Збурыце парадак стары!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

О ветры, зефіркі любыя,
Свабодных нябёс жыхары!
Галубце вы сьвет наш набожны,
Шануйце парадак стары!
 
П а э т а пісаў:

Зваліце кароны і троны, –
Ўжо досьць каралёў і цароў!
Хай будзе народу ўладарства
І панства зямлі жыхароў!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

 
Шануйце кароны і троны...
О, чэсьць каралям і царам!
Патрэбна народу прынука,
Патрэбны бізун жыхарам.
 
П а э т а пісаў:

Ўжо досыць прыгону і зьдзеку
I панскага досыць ярма!
Хай будзе раб вольным навекі,
Ён векі цярпеў нездарма!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

 
Ўжо досыць нам з дэмасам ладзіць...
Замала йшчэ меў ён ярма, –
Хай будзе пан панам навекі,
Ён век панаваў нездарма!
 
П а э т а пісаў:

О віхры, о вы, бураломы!
Ударце ў заснуўшы курган!
Хай волаты ўстануць да бітваў
І скрышаць закрэпы кайдан!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

О ветры, зефіркі любыя!
Галубце ласкава курган, –
Там дрэмлюць патульныя душкі
Пакорных, паслушных хрысьцян.
 
Увага ц э н з а р а:

Я крышку вам, пане паэта,
Пагладзіў ваш вершык слабы, –
Бо, бачыце, ў ім я прыкмеціў
Залішне шмат грэшнай кляцьбы.
 
*

Як гэта паэта пабачыў,
Што цэнзар з паэмай зрабіў, –
Заплакаў, заліўся сьлязамі,
Ў кулак, як жабрак, затрубіў.
 
Адзін і другі дзень так плакаў –
На трэці ня вытрымаў ён, –
Узяў і памёр, як належа,
У вечны ахутаўся сон.
 
Прад сьмерцю толькі пакінуў
Таку эпітаф’ю жывым:
«Памёр я праз цэнзара, браткі,
Мяне не вініце ні ў чым.
 
Пакуль мяне цэнзары секлі, –
Ах, то ест паэмы мае, –
Яшчэ я мог вытрымаць неяк, –
Пяяць, аб чым думка пяе.
 
Але як пачалі мне г л а д з і ц ь
Крывёю напісаны твор,
Ня вытрываў, браткі, – каб жыў так!
Узяў я сабе ды памёр».
 
*

I сьпіць у магілцы паэта.
Вяночак на насьпе ляжыць:
То сонца магілку цалуе,
То дробненькі дожджык імжыць.
 
Вясною, у маі вясёлым,
Калі увесь сьвет у красе, –
Дзяўчынка ўздыхне над магілкай,
Хлапец кулаком патрасе.
 
А цэнзар, – чытач запытае, –
Што сталася з цэнзарам тым?
Скажу, як мне людзі казалі:
Пайшоў ў манастыр назусім.
 
Сядзіць там, нічога ня робіць.
Аловак свой выкінуў вон
І моліцца, моліцца шчыра.
За цэнзараў моліцца ён.
 
1919
 
 
 
 
На папасе
Абразок з 1906 г.
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.