РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сон на кургане
 
У чатырох абразох
1
I. У ПУШЧЫ
        
        Восень. Ноч. Лес. Глуха шумяць калыханыя ветрам елкі і сосны; скрыпяць асіны і бярозы; з шэлестам валіцца на зямлю трупяжоўтае лісьце. Паміж трох адвечных дубоў – мохам і гальлём усланы ўзгорак-курган; над ім, зачапіўшыся валасамі за галіны дубоў, вісяць тры русалкі і калышуцца. З усёй мясьціны вее бязьлюдзьдзем, чарам і жудою.
        
Р у с а л к і 
(разам)
 
Гу-та-та, гу-ля-ля,
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Ад сучка да сучка,
Ад куста да куста!
 
Ха-ха-ха! Вось яно,
Вось русалак жыцьцё,
Пушча – сосны, дубы –
Вось і царства усё.
 
Жывём самі сабой,
Самі ўмеем мы жыць, –
Ніхто есць не дае,
Не дае ніхто піць.
 
Днём ляжым, днём маўчым,
Як ня жывы мы днём,
А як ночка прыйшла –
Мы жывём, мы пяём.
 
Так калышамся мы
Ад куста да куста...
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
        
        Чуваць, затрашчалі сухія сукі ад нечыіх ног.
        
1 - я   р у с а л к а 
 
Ці вы чулі, ці не?
Штось трашчыць каля нас.
 
2 - я   р у с а л к а 
 
Чула таксама я,
Вось напроці якраз.
 
3 - я   р у с а л к а 
 
Пэўна, воўк ці мядзьведзь,
Бо хто ж гэтай парой?..
Як вядома, хадзіць
Яны любяць сюдой.
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Стукат толькі дзьвюх ног.
 
2 - я   р у с а л к а 
 
Ну, і што ж там за дзіў:
Ў госьці к нам чалавек,
Не інакш, заблудзіў.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Чалавек, чалавек!
Нездарма пелі мы.
А цяпер хто куды,
Як начніцы, як сны.
(Адчэпліваюцца і разьбягаюцца.)
 
С а м 
(выходзiць, разглядаючыся)
 
Хаджу і блуджу я
Ўжо колькі гадзін
I, дзе ні ступлю я,
Ня бачу пуцін.
 
Дубы ды хваіны,
Бярозы, вязы;
Скрыгочуць асіны,
Шыпяць верасы.
 
Кругом нейкі шорах;
Жуда, пустата;
Па долах, па ўзгорах
Лягла цемната.
 
То нешта сьмяецца,
То нешта пяе,
То кліча, здаецца,
То тут жа снуе.
 
Гоп, гоп! Не чуваці!..
Адказу няма.
Ой, пушча, ой, маці!
Ты зводзіш здарма.
 
Ох, зводзіш здарма ты,
Наслаўшы ламоў!
Я траплю дахаты,
Я траплю дамоў!
(Пайшоў далей,
разглядаючыся.)

 
Р у с а л к і 
(выбегшы з-за кустоў, разам)
 
Ха-ха-ха, вось дык госьць,
Як зь зямлі, як з травы!
Чалавек, як і ёсьць –
З галавой і жывы.
 
Ці сюды, ці туды,
Ад калоды, ад пня.
Ўжо ня выйдзе ад нас
Аж да белага дня.
 
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Аж да белага дня!
 
1 - я   р у с а л к а 
(чапляючыся зноў за сук валасамі)
 
Як люблю я, люблю
Гутатацца вось так!
Як бы дзе на градзе
Зацьвітаючы мак.
 
Помню, гэта было
На зямлі між людзьмі:
Як любіла ж яго
Сэрцам, думкай сваймі!
 
Як бажыўся ён мне,
Што так любіць і ён.
Колькі ночак зьвялі,
Сон ішоў нам ня ў сон.
 
Сон быў гэта, ах, сон.
Зноў зіма па вясьне:
Ён пайшоў за другой;
Ён пакінуў мяне.
 
I тады, ах, тады
Адна сьцежка была –
Ці ў раку, ці ў пятлю...
Ну – ў пятлю я пайшла.
 
I за тое люблю
Гутатаціся так,
Як бы дзе на градзе
Зацьвітаючы мак.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Як бы дзе на градзе
Зацьвітаючы мак.
 
2 - я   р у с а л к а 
(сядаючы пад дубам)
 
Я сядзецьтак люблю, –
Гэта мой трон-пасад:
Бо ж я княжнай была
Таму лет сто назад.
 
Прыгажэй за мяне
Не было наўвакруг;
Шмат пакорных тады
Ў сябе мела я слуг.
 
Найвярнейшы адзін
Зь іх мяне спадабаў:
Як шалёны хадзіў,
У мой бок паглядаў.
 
Знала мукі яго
Я усе навылёт;
Як сьмяшыў, ах, сьмяшыў
Яго сумны паглёд.
 
Тады сэрца ў мяне
Не было ці было...
Княжне меці яго –
Не да твару ішло.
 
Князь багаты, стары
Ажаніўся са мной,
А мой верны слуга
Заручыўся з ракой.
 
Вось за тое й сяджу –
Гэта мой трон-пасад,
Бо ж я княжнай была
Лет таму сто назад.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Бо ж я княжнай была
Лет таму сто назад.
 
3 - я   р у с а л к а 
(ходзячы па капцы)
 
Я снаваці люблю
То сюды, то туды,
Ўспамінаючы свой
Век зь людзьмі малады.
 
Мы жылі удваіх,
Як дзьве рыбкі ў вадзе;
Ён нідзе безь мяне,
Безь яго я нідзе.
 
Як любіліся мы,
Як быў ясен прастор!
Плялі думкі свае
З сонца, месяца, зор.
 
А пасьля ад мяне
Адарвалі яго...
Ў дальню даль павялі,
А за што і чаго?
 
У мяне ж, ах, прыйшло
Дзіцянятка на сьвет;
Хлопчык мілы такі,
Як бы з кветак букет.
 
Стыдна стала ўжо тут
Мне за долю сваю...
Я ў пялёнках яго
Закапала ў зямлю.
 
Як нябожчык, жуда
Мяне ўсю абняла:
Я у горад адтуль
Пабрыла, уцякла.
 
Ну, пасьля гарадскі
Брук мяне адалеў:
Хто мне лепей плаціў,
Ласкі лепшыя меў.
 
Зь віном сьлёзы піла,
Час маланкай ішоў;
Не стрывала і там –
Уцякла ўжо дамоў.
 
Сьцюжай выла зіма,
Сьцежку сьнег засыпаў;
Даплялася сяк-так,
Дзе маленькі мой спаў.
 
Абняла курганок,
Сьлёзы беглі з павек,
I заснула я там,
Ах, заснула навек!
 
I за тое сную
Так сюды і туды,
Ўспамінаючы свой
Век зь людзьмі малады.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Так сюды і туды
Ўспамінаем мы свой
Век зь людзьмі малады.
        
        Чуваць, зноў затрашчалі сукі.
        
1 - я   р у с а л к а 
 
Зноў трашчыць у кустах.
 
3 - я   р у с а л к а 
 
Гэта, знаць, любы мой
Ўжо вярнуўся ка мне
Са старонкі чужой.
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Не, ня твой, але мой
Зьменьнік той ходзе, знаць, –
Зноў мяне палюбіў,
Будзе зноў цалаваць.
 
2 - я   р у с а л к а 
 
І ні твой, ні яе,
А мой верны слуга
Княжну ўспомніў сваю
I ідзе, як мага.
 
3 - я   р у с а л к а 
(як бы сама да сябе)
 
Мо нябожчык сынок?..
 
1 - я   р у с а л к а 
(як раней)
 
Мо татуля сівы?..
 
2 - я   р у с а л к а 
(таксама)
 
Мо стары князь, мой муж,
Ка мне йдзе – як жывы?..
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Ну, ў кусты, хто куды!
Хай жа йдзе маладзец,
Пакуль блуду яго
Не надыдзе канец.
(Разьбягаюцца.)
 
С а м 
(разглядаючыся)
 
Ня слеп я, здаецца,
Здаецца, ня п’ян, –
Зноў гэтае месца,
Той самы курган.
 
I ногі прысталі,
I хочацца спаць,
А сьцежкі, чым далей –
Ня знаць і ня знаць.
 
Ці кінуў хто ў рокі
У кожны тут кут,
Ці ведзьмы ў нарокі
Мяне водзяць тут.
 
Так шумы пужаюць,
Чуць што дзе дрыгне;
А дома чакаюць
Даўно ўжо мяне.
 
Гоп! гоп! Не чуваці,
Адказу няма.
Ой, пушча, ой, маці,
Ты зводзіш здарма!
 
Жартуеш здарма ты,
Наслаўшы ламоў...
Я траплю дахаты,
Я траплю дамоў!
(Ідзе далей.)
 
Р у с а л к і 
(выбегшы, разам)
 
I ня наш, і нічый, –
Так сабе чалавек.
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Для спачынку яму
Я прыдумала лек.
 
2 - я   р у с а л к а 
 
I мне ведама ўжо.
 
3 - я   р у с а л к а 
 
Знаю я. Як ня знаць?
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Вось тут, на кургане,
Яго ўложым мы спаць.
 
(Чапляюцца зноў валасамі
за сукі і калышуцца.)

Ха-ха-ха! Сёньня ўжо
Ён ня выйдзе адсюль.
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-та-туль!
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Ах, успомніла я
Сваё ўлетку жыцьцё;
Пільнавала тады
Я за вёскай жытцо.
 
Ужо сьпелы былі,
Як адзін, каласкі;
Вецер іх калыхаў
Вось так, так на бакі.
 
Ласкаталі так мне
Яны твар, валасы;
Ласкатала іх я
Ад расы да расы.
 
Пільнавала іх я;
Ажно раз, нада днём
К ім кабета ідзе,
Проста йдзе з фартухом.
 
Вочы ўпаўшы ў яе,
Невясёла яна,
I худая уся –
Косьць ды скура адна.
 
Як прыйшла, ды скубець
Каласкі так мае,
I адзін за другім
У фартух, як свае.
 
А я шась! а я ў сьмех!
Зьняў кабеціну страх.
Ды наўцёкі адтуль,
Толькі чула я – ах!
 
Разьвязаўся фартух,
А яна ўсё бяжыць,
I расьсеяла так
Каласкі па мяжы.
 
Ах, як сьмешна было!
Як сьмяялася я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Ах, як сьмешна было!
Ну, яна, ну, сям’я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
 
2 - я   р у с а л к а 
(адчэпліваецца і садзіцца
пад дзеравам)
 
Ўжо нядаўна было;
Пільнавала ў аўсе
Так я грушу адну, –
Бач, хлапца к ёй нясе.
 
Абарваны такі,
Адно зрэб’е на ім;
Босы быў і усім
Тросься целам худым.
 
Як да йгрушы дабег,
А ўжо быў на ёй плод,
Зірнуў, плюнуў ў руку, –
I на йгрушу, як кот,
 
Як да верху далез,
Давай дзіч тую рваць
I за пазуху ўсё
Напіхаці, хаваць.
 
А я тут галінкой
Па камлі грушы хлоп!
Ды вось як: сучком трэсь
(Паказвае.)
Зьляцеў хлопец, як сноп.
 
Летучы, зачапіў
Кашулёнаю сук,
I з-за пазухі ўсе
Грушы кучай стук-стук!
 
Не зьбіраў, паляцеў –
Уцякаў, як быў дуж.
А я ў хохат, у сьмех
I з хлапца, і зь ігруш.
 
Ах, як сьмешна было!
Як сьмяялася я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Ах, як сьмешна было!
Ну, яна, ну, сям’я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
 
3 - я   р у с а л к а 
(адчэпліваецца і снуе
па кургане)
 
Ах, і здарыўся мне
Такжа сёлета сьмех.
Пільнавала лажка,
Дзе быў блізка начлег.
 
Траўка ладна ужо
Ад зямлі адышла
I панаднай была
Для каня, для вала.
 
Меў на воку яе,
Як хто толькі зірнуў;
Аж сьмяльчак раз адзін
Так яе не мінуў.
 
Ночкай цёмна было,
Як на дне у вадзе;
Хмары месяц зьвялі,
Зоркі такжа нідзе.
 
Я ў травіцы сяджу,
Бачу: нейкі бядак
На худзенькім кані
Падцікаецца так.
 
Сядзіць конна, а ўвесь,
Як асіна, дрыжыць;
Падабраўся к лажку,
Як сава, укруг глядзіць.
 
Конь прыпаў да травы
I са смакам скубе;
Вельмі голадзен быў –
А я шась так сабе!
(Паказвае)
 
А конь скок! ды наўцёк
Ува ўсе капыты.
А яздок аб зямлю...
Ўстаў, паплёўся ў кусты.
 
Адну толькі нагу,
Як калеку, валок,
А я ў хохат, у сьмех...
Такі сьмешны быў скок.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Ах, як сьмешна было!
Ну, яна, ну, сям’я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Але ж дзе, але дзе
Гэты наш маладзён?
 
2 - я   р у с а л к а 
 
Мы тут пелі сабе,
А на сьцежку ўзбрыў ён.
 
3 - я   р у с а л к а 
 
Не яму пуціну
Ў гэтай пушчы знайсьці.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Пушча наша для нас –
Яе нашы пуці.
 
2 - я   р у с а л к а 
 
А каб пэўна было,
Пашукаць трэба нам.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Пашукаць, паглядзець
Там і тут, тут і там!
 
1 - я   р у с а л к а 
(па хвілі варочаецца)
 
Ха-ха-ха! блудзе ўсё, –
Разглядае кусткі;
З рук і ног кроў цячэ,
Сумны, бледны такі.
 
3 - я   р у с а л к а 
(выбягаючы)
 
Ха-ха-ха! блудзе ўсё.
То аб пень, то аб лом.
I на неба глядзіць,
Як бы там яго дом.
 
2 - я   р у с а л к а 
(выбягае)
 
Ха-ха-ха! блудзе ўсё,
З сучкоў знакі кладзе,
Каб другі раз ня йсьці,
Перайшоў ужо дзе.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Прыйдзе, прыйдзе сюды,
Хоць бы млеў, хоць бы чэз,
I засьне, ах, засьне,
Як бы ноч, як бы лес.
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Стойце! Чую трэск я.
 
2 - я   р у с а л к а 
 
Ўжо ідзе.
 
3 - я   р у с а л к а 
 
Ах, як кот!
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
А цяпер хто куды!
Песьні ў ход! чары ў ход!
        
        Разбягаюца, толькі зблізу чуваць з трох бакоў іхны сьмех і «гу-ля-ля, гу-та-та».
        
Сам
(змучыўся, чуць ідзе)
 
Ўжо змогся саўсім я,
Змагла мяне цьма,
А сьцежкі-пуцінкі
Няма як няма!
 
Спаткаў і ваўка ўжо –
Зуб ляскаў аб зуб;
Сава праляцела
I села на дуб.
 
З-пад пня выбег заяц
І ў гушчу пабег, –
А гэткі быў белы,
Як вапна, як сьнег.
 
Лізнула гадзюка
Хвастом каля ног,
Пабегла і недзе
Схавалася ў мох.
 
Ах, болей хадзіць, так
Блудзіць не магу!..
I сон не астаўся
Сабой у даўгу.
 
Пара адпачыці,
Дыхнуці пара,
Хутчэй мо на небе
Узойдзе зара.
(Садзіцца на кургане.)
 
Ах, як тут выгодна! –
Узгор, як пакой –
Мох, лісьце, чарнобыль, –
Лес над галавой.
 
Ах, ах, як жа слаўна
Тут можна заснуць!
(Прыслухоўваецца.)
А ўсё нейкі шорах
Як чуць, так і чуць...
(Відам салавее.)
 
Ох, муцяцца думкі,
Павекі – як звон!..
Хацінка... сямейка...
Ах, сон, ты мой сон!..
(Засыпае. Русалкі выходзяць
З укрыцця.)

 
1 - я   р у с а л к а 
(нагінаецца і ўглядаецца на Сама)
 
Ах, прыгожы які!
 
2 - я   р у с а л к а 
(як і першая)
 
I які малады!
 
3 - я   р у с а л к а 
(таксама)
 
I чаго ж, і нашто
Заблудзіў аж сюды?
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Як ён люба злажыў
Ручкі пад галаву!
 
2 - я   р у с а л к а 
 
Як снапок, гэтак лёг
Тут на мох, на траву!
 
3 - я   р у с а л к а 
 
Сам сябе усяго
У клубочак сагнуў;
Як адпаўшы лісток,
Як нябожчык, заснуў.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Ха-ха-ха! як лісток,
Як нябожчык, заснуў!
 
2 - я   р у с а л к а 
 
Цяпер сядзем пры ім,
Як тры кветкі ў акне;
Ціха так, каб ня знаў, –
Ці наяве, ці ў сьне.
 
1 - я   р у с а л к а 
 
I навеем яму,
Пакуль сонца зірне,
Казку долі яго.
 
2 - я   і   3 - я   р у с а л к і 
(разам)
 
Што?
 
1 - я   р у с а л к а 
 
Сон на кургане.
 
У с е   т р ы 
(разам)
 
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Пакуль сонца зірне,
Загадаем яму
Сьніці на кургане.
        
        Садзяцца: дзьве – наабапал – у галаве, адна - у нагах. Ціха, жаласьліва пяюць; шум лесу зьліваецца зь іх песьняй.
        
Сьпі, наш міленькі саколік,
Госьць наш ня званы, ня сланы!
Дням пагубляў ты даўно лік
Долі сваёй неспыняны.
 
Мы над табою, мы – цені,
Поля і лесу начніцы, –
Казкай павеўнай асенім
Думкі твае злыбядніцы.
 
        Гу-та-та, гу-ля-ля!
        Думкі твае злыбядніцы.
 
Сьпі, наш міленькі... Нікому
Гэткага сну не ссылалі:
Будзеш ты дома, за домам,
Будзеш ты бліжай і далей;
 
Сокалам вольным па сьвеце
Будуць павевы насіці;
Вогнікі ўгледзіш на цьвеце, –
Будуць табе іх гасіці.
 
        Гу-та-та, гу-ля-ля!
        Будуць табе іх гасіці...
 
Сьпі, наш міленькі... Далёка
Неба глухога сьвітаньне;
Будзе нялёгка, нялёгка,
Покі дзень новы настане.
 
Мы цябе тутка атулім
Ласкай сваёю і песьняй,
Песьняю – лю-лі, ой, лю-лі!
Гэтак панадна, уцешна.
 
        Гу-та-та, гу-ля-ля!
        Гэтак панадна, уцешна...
 
Сьпі, наш міленькі!.. Вы, сосны,
Елкі, дубы і асіны,
Кіньце шумеці жалосна,
Пейце вясёлай часінай.
 
Выгляні, месяц бяляны,
Сьветач ад веку да веку;
Сьведкаю будзь неабманнай
Гэтага сну чалавека.
 
        Гу-та-та, гу-ля-ля!
        Сьведкаю будзь неабманнай
        Гэтага сну чалавека.
        
        Пад канец песьні падбліжаецца з аднаго боку воўк, а з другога – ліс і аподаль на задніх лапах садзяцца; паміж іх падымаецца да палавіны гадзіна і глядзіць у бок сьпячага; з-пад лазовага куста высоўваецца заяц і разглядаецца. З апошнімі словамі русалчынай песьні паволі апускаецца заслона.
        
        
        
II. НА ЗАМЧЫШЧЫ
        
        Ноч. Старое замчышча ці так сабе палац – калісь, знаць, важны – сягоньня напаўразвалены. На гзымсах паўзрасталі палын і крапіва; каля сьцен дзікія ружы і акацыі памяшаліся з лазой і непрыветліва шалясьцяць. Вокны і дзьверы ўсе наглуха забіты тоўстымі яловымі дошкамі. Ганак (дзе і рэч адбываецца) каменны, на шасьці слупах – па тры з кожнага боку. Пусткай, гнільлём і зьніштажэньнем вее з кожнага боку. Пусткай, гнільлём і зьніштажэньнем вее з усяго замчышча.
        
С а м 
(падцікаецца к парадным дзьвярам
з тапаром уруках)
 
Колькі ўжо ночак, ах, колькі ўжо раз
Стукаўся ў гэтыя сьцены, –
Вечна заходзіла штосьці ня ў час
Мне на дарозе нязьменна.
 
Дзед мой нябожчык, калі уміраў,
Так гаварыў мне і тату:
Скарбы у лёхах замчышча схаваў
Хтось адзін вельмі багаты.
 
Трапіць жа можна ў ноч тую на сьлед,
Як з іх спадае закляцьце;
Толькі пары той ня ведаў і дзед –
Трэба яе адгадаці:
 
Летам, увосень, зімою, вясной
Гэтыя пробую дзьверы;
Штось адпіхае, штось кідае мной,
З рук выбівае сякеру.
(Закладае лёза тапара за дошку і мацуе.)
 
Ч о р н ы 
(паяўляецца ля сьцяны незаметна
і хватаецца за сякеру)
 
Ты зноў сюды лезеш, няшчасны!
Ха-ха-ха! вось так навала!
Напрасна, мой мілы, напрасна
Зноў цябе немач прыгнала.
 
Ня дам я да скарбаў дастацца,
Варту я моцна трымаю;
Хто важыцца з мною змагацца –
Помач я крэпкую маю.
 
Ці просьбай, ці грозьбай, ці стонам
Стукнешся ў гэту мясьціну –
I ўсё назагубу: ня ўлезеш да скону...
Ха-ха-ха! счэзьнеш скацінай...
 
С а м 
(адступае ад дзьвярэй, тапор зь лёскатам
валіцца на ганкавы камень)
 
Так ужо ёмка тапор залажыў –
Меціўся дошку сарваці, –
Бач, як бы сілы ўсе свае збыў;
Млее рука, не спазнаці.
 
Хаты сваёй лягчэй зрушыць зьвяны,
Тут ня йдзе ў лік і ахвота.
Спробую толькі з другой стараны,
Мо спрытней пойдзе работа.
(Закладае тапор таксама з другога боку
дошкі.)

 
Ну, адрывайся, пракляты запор,
До жартаваці са мною!
Сілы, больш сілы! ах, каб цябе мор!
Зноў не пакратаць рукою.
 
Ч о р н ы 
(выбіваючы зноў тапор)
 
Зубамі грызі, війся ў ранах,
Сэрцам бі ў камень, як звонам,
Крывёю парог зьлі цагляны,
Трупам тут ляж безгалоўным,
 
I зь сьвету таго выглянь марай,
Зь небам аплутаўшысь дружбай –
Удар перунамі з-пад хмараў, –
Я не пакіну тут службы.
 
С а м 
(шукаючы тапара)
 
Дома ўжо нельга мне далей так жыць, –
Дом мой магілай халоднай;
Каменем поле сьцюдзёным ляжыць,
Плёны зьмёў вецер халодны.
 
Марна пад кроквай ржавее каса,
Недзе ўчапіці нарога...
Толькі чырвоная ўсюды раса,
Толькі к няўдачам дарога.
 
Гадзіны ўюцца вяроўкай ля ног,
Смокчуць кроў з жылаў піяўкі;
К Богу зьвярнуўся маўчыць нема Бог,
Сьцелючы ў пекле прылаўкі.
 
Людзі!.. Што людзі? Ці ёсьць дзе між іх
Годны адзін хоць у людзі:
Мутнасьцю, трупам нясе ад усіх,
Пошасьцей поўныя грудзі.
 
Ч о р н ы 
 
Ха-ха-ха! Жыць табе трудна,
Цесна, хоць так сьвет вялікі,
Й думцы зь людзямі адлюдна,
Свойскае стала ўсё дзікім.
 
I долю ўжо як абязьвечыў, –
Скарб цябе цягне закляты.
А колькі разоў ад мяне чуў:
Лезеш і тутка здарма ты.
 
С а м 
(знаходзячы тапор)
 
Вось і тапор мой. К рабоце жывей!
Скарб дастаць мушу я гэты;
Ласкай павее тады ад людзей,
Неба і цэлага сьвету.
        
        Замахваецца тапаром у самыя дзьверы; Чорны зноў яго выбівае; Сам, абязьсілены, валіцца на зямлю.
        
Ч о р н ы 
 
Калі ж ты спагоніш ахвоту?..
Вянь павуцінай, травою;
Зьмяшайся з гразёю, з балотам,
Стукай аб мур галавою...
 
Вясёлкай табе скарб сьмяецца,
Вогнікам зводзе бліскучым...
 
(Сам мацуецца ўстаць.)
Што? Зноў табе, квольнік, здаецца,
Што сіл досьць маеш магучых,
Каб мяне тут паканаць, адалеці,
Вываліць дзьверы ў замчышчы.
Не! Перш магілай на сьвеце
Станеш свайго пажарышча,
 
Пакуль сюды ўвойдзеш нязваны.
Кінь свае думкі, дзяціна.
Лепш чэрвем ад рана да рана
Ляж пад гнілою асінай.
 
Ха-ха-ха! і там жджы усходу,
Новага ўсходу – прынады;
Пішчы там, як каня ў пагоду;
Вый, як ваўкі на Каляды.
 
С а м 
(шукае, поўзаючы на каленях, тапор)
 
Мусіць, змацуе гэтая глуш.
Эх ты, мой быт чалавечы,
Ўдзержаць сякеры і то ўжо ня дуж, –
Корчацца ногі і плечы.
 
Як бы тапор ужо толькі знайсьці
Ў гэтай пустошы заломнай...
Дзе ён? Дамоў безь яго ж мне ня йсьці...
Як жа тут цёмна, як цёмна!
(Дастае з-за пазухі смолку.)
 
Маю на ўсякі прыпадак з сабой
Колькі смаляных падпалак,
Толькі запалкі...
(Мацае ў кішэнях.)
Ай, Божа ты мой!
Дома забыўся запалак.
(Шукае і знаходзіць вобмацкам тапор.)
Ну, ўжо і так разачок свой знайшоў...
(Прабуе пальцам лёза.)
Толькі аб камень зьбіў зубы,
Што ж? Так сягоньня пойдзем дамоў, –
Вытачу заўтра, мой любы.
Эх, каб яшчэ ды папробаваць з раз
Гэтых струхлеўшых запораў!
Вось і напаў бы удобры мо час...
Там, эй, ня знаў бы ўжо гора.
(З трудом устае і паглядае на дзьверы.)
 
Ч о р н ы 
 
Ты ўсё ўглядаешся ласа, –
Збыцца ня можаш пакусы;
Дам я табе тут пяпасу,
Толькі гуляй без прымусу
 
С а м 
 
Ціха... Прыпомніў; ёсьць мел у мяне.
(Знаходзіць за пазухай крэйду.)
Ўчора на мысьль мне ўзьляцела...
Чуў, што і поўнач тады не чапне,
Круг абвясьці толькі ўмела!
(Садзіцца пасярод ганка –
бокам к дзьвярам – на кучы друзу
і крэйдай абводзіць каля сябе круг.)
 
Вось мо цяпер і спазнаю усё,
Як знайсьці к скарбу дарогу;
Ў поўнач тут, кажуць, сваё йдзе жыцьцё,
Толькі б ня знацца трывогай.
 
Трэбах оць песьню зьлягка зацягнуць, –
З песьняй сьмялей, кажуць людзі;
Мысьлі благія далей адлятуць,
Шорах так страшан ня будзе.
(Пяе.)
 
Атуманіла ночанька цёмная
Нашы нівы і нашы сялібы
I ўсім песьню пяе непрытомную,
Ў запацеўшыя звонячы шыбы.
 
Ва ўсе сьцежкі блізкія, далёкія
Неспажыты ўплутаўся хвораст,
Сьцяг-прысады стаяць адзінокія,
Агняцьветны ня выгляне пораст.
 
Не заходзіць, ідучы прысадамі,
Падарожны з далёкага краю;
З добрай весткай, з ласкавымі радамі,
Аб жыцьці-небыцьці не спытае.
 
Не заходзіць ніхто к нам са сьветачам,
Як пажар, як агністае сонца,
Неразьвейнага, вечнага сьвету чым
Аслабеўшай уліў бы старонцы.
 
Ходзім, блудзім, снуем без прыстанішча,
Адпраўляем старыя малітвы
На забытым самымі курганішчы,
Дзе сьпяць сьведкі нявыйграных бітваў.
 
Адно ветрам асіны хістаюцца,
Дзе сном слава заснула нязваным,
Ды круччо на пажыву зьлятаюцца
Судзіць суд над жыцьцём закаваным.
 
Гэй ты, гэй! наша ночанька цёмная,
Завагніся ты сонца пажарам,
Распалі нашу долю заломную,
Не пракляцьцем, а божым будзь дарам!
(Перастаўшы пець.)
 
Нейкую кашу, бадай, не з дабром
Ліха ўжо, знаць, заварыла;
Сьвіст, бразгатня, тупаніна кругом.
Што за нячыстая сіла?!
 
Проста рабінава ночка прыйшла!
Жудасьць – дзе вока ні кіне...
Пацераў спробую, можа, імгла
Гэта шыпучая згіне.
        
        Шэпча пацеры. Чорны сьвішча; зьяўляецца чалавек у лёкайскім уборы і, падаўшы жалезны саганок, зьнікае. Чорны запускае ў сярэдзіну саганка руку і, падымаючы адтуль жменю золата, падтрасае яго на далоні; грошы са звонам – як путаў жалезных – валяцца зноў у гаршочак; Чорны зноў іх адтуль бярэ і так усё перасыпае. Сярод ночнай цемры золата блішчыць чырванасмольным жудкім полымем і, як сыпецца, выдае, быццам плыве нейкая крывавая поліўка.
        
Ч о р н ы 
 
Дзын-дзын-дзын, зьвіні, як жалеза,
Золата, звонка-званіста;
Зьвіні па жалезных нарэзах,
Дзын-дзын, зьвіні ў звон ірдзіста.
 
Зьвініце ў звон золата, лозы;
Сыкайце, гадзіны, з гнёздаў;
Зьвініце ў звон золата, сьлёзы;
Бліск свой гасіце вы, зьвёзды.
        
        Вецер усільваецца. Словы Чорнага зьліваюцца ў нейкую дзікую музыку і бразганьнем грошай, шэлестам зарасьлей з скрыпам дошчак забітых вакон і дзьвярэй замчышча. Зьяўляюцца – то з адной, то з другой стараны ганка – відмы; Чорны кідае кожнаму зь іх па колькі чырвонцаў на зямлю, касьцятрупы хціва іх падбіраюць, падыходзяць к Саму і цянююць навокал яго – то падбліжаючыся, то аддаляючыся ад абведзенага мелам круга.
        
< 1 - е   в і д м а > 
 
Зноўты, зноў – ты непакоіш
Наша царства-уладарства;
Зноў ламаці – думкі роіш –
Праўды нашай гаспадарства.
 
Вон адгэтуль, вон з парога!
Скарб пад нашымі замкамі.
Вон, якой прыйшоўдарогай:
Скарб пільнуе цемра з намі.
 
Хто закон наш не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
 
2 - е   в і д м а 
 
Што тут робіш? Хто асьмеліў
Падысьці пад хорам гэты?
За праступ такі на дзеле
Даць адказ свой мусіш мне ты.
 
Не на сьмешкі, не на жарты
Мы вартуем гэтых зломаў.
Скарб пад нашай схован вартай –
Не дадзім чапнуць нікому.
 
Вон адгэтуль назаўсёды!
I ня важся ступіць кроку:
Ўсе выходы і уходы
Наша мае страж на воку.
 
Ахто варты не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
 
3 - е   в і д м а 
 
Зноў на скарб наш вочы лупіш,
Зноў прыбрыў з сваёй пустошы...
Здохнеш перш, чым к яму ступіш,
Тут ня банк, мой ты харошы.
 
Сотні лет і сотні плечаў
З сотні ніў яго тут клалі,
А ты, відма чалавеча,
К яму зубы так аскаліў.
 
Вон адгэтуль! Маё дзела
Ў тым, каб скарбу не пакратаў.
Я ганю цябе, калелы,
Гэтым хорамам заклятым.
 
Хто граніц мне не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
 
4 - е   в і д м а 
 
Скуль тьі ўзяўся? Чаго хочаш?
Кім пасланы, кім пазваны?
Што зь сякерай тут ламочаш –
Па скарб лезеш захаваны.
 
Псуці хочаш нам машыны
Нашай фабрыкі цямрычнай...
Вон адгэтуль! вон, скаціна,
З сваёй думай неабычнай!
 
Вон адгэтуль! Тут крануці
Я нічога не дазволю:
Я ганю цябе акуцьцем
Гэтай хорамнай будоўлі.
 
Хто псуць фабрыку спрабуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
 
5 - е   в і д м а 
 
Ці ты блёкату напіўся,
I залішне перамераў? –
Аж пад мур наш заваліўся
З сваёй востраю сякерай.
 
Не, ня трапіў на пару ты,
Не туды прывёў бог шкляны...
Напаю цябе атрутай,
Аж патомак будзе п’яны.
 
Вот адгэтуль, покі цэлы!
Я ганю цябе законна:
Шкляным звонам, капляй белай, –
Царства нашага аслонай.
 
Хто звадзіць шынк наш спрабуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
 
6 - е   в і д м а 
 
Ну, чаго сюды прыпоўз ты?
Ці табе ня здаў хто рэшты?
Чаго лезеш горш каросты
I гішэфты мне псуеш ты?
 
Тут ня гандаль, тут ня крама:
Няма дзёгцю, няма солі...
Вон! Засядзь клапом пад трамай,
Шукай скарбу ў сваёй столі.
 
Вон адгэтуль! вон са скурай!
Я ганю цябе сьвячніцай:
Вечнай плесьняй гэтых мураў,
Неспажытаю цямрыцай.
 
Хто гішэфты нам папсуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
 
7 - е   в і д м а 
 
Дужа, дужа так нягодна;
Праў сьвянцоных не шануеш;
Гэтай подласьцю выроднай
Сабе пекла прыгатуеш.
 
Скуль ты маеш дазваленьне
Скарбам гэтым карыстаці?
Прэч адгэтуль безадменна!
Ціха сядзь у сваёй хаце.
 
Прэч ад нашага ўладарства!
Я ганю цябе павагай
Найвышэйшай земных царстваў!
Здрадай к сьвету, к цемры смагай.
 
Хто наш голас не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
 
Ч о р н ы 
(звонячы ўсё золатам)
 
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа
Аплятаці шчыльна, жвава
 
Абручамі ўзнак, ня ўзнакі,
Як гадзюкі, як вужакі!
 
В і д м ы 
(сплятаюцца зарукі і, як ланцугом,
ачэпліваюць і кружацца навокал Сама)
 
Як гадзюкі, як вужакі,
Абручамі ў знак, ня ў знакі
Аплятаці шчыльна, жвава
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!
 
Ч о р н ы 
(падымае і стукае аб саганок
абломкамі муру)
 
Гэй, на вырай, гэй, на жніва!
Толькі спрытна, толькі жыва.
 
Улева, ўправа, ўправа, ўлева –
Па насьпелыя пасевы!
 
В і д м ы 
(расплятаючыся і зьбягаючы з ганка –
кожнае ў сваю старану)
 
Па насьпелыя пасевы –
Ўпева, ўправа, ўправа, ўлева!
 
Толькі спрытна, толькі жыва,
Гэй, на вырай, гэй, на жніва!
 
С а м 
(папраўляе ямчэй у руках тапор)
 
Што за дзіва, што за сіла
Тут сьвістала, скавытала,
Штось круціла, штось муціла,
Як вяроўкай, аплятала.
        
        Відмы па хвілі варочаюцца ў тым самым парадку, але кожнае валачэ з сабой – зачапіўшы пятлёю за шыю – таварыша, які, астанаўліваючыся каля Чорнага, кідае яму ў саганок колькі медзякоў; пасьля відма садзіць свайго таварыша на кругу каля Сама, канцом вяроўкі завязваючы рукі.
        
Т а в а р ы ш   1 - г а   в і д м а 
(кідаючы грошы)
 
Дзед і прадзед пахалі
Поле роднае тое,
А цяпер мне сказалі,
Што яно ўжо чужое.
 
З роднай выгналі хаткі,
Як бы ім што я шкодзіў...
Эх, нясу ўжо астаткі,
Бо за праўду мне ходзе.
 
1 - е   в і д м а 
(садзячы таварыша да Сама)
 
Вось таварыш для хаўруса,
Каб ня брала больш пакуса...
 
Сядзьце ціха, сядзьце мірна,
Як мак з макам – так абшырна,
 
Як дамоўкі – так глыбока,
Як злом камня – так высока.
 
Сэрца шэптаў адчурайся,
З тапаром сваім сквітайся.
 
Як ні глянь сюды цікава –
Цемра тут закон і права.
 
Т а в а р ы ш   2 - г а   в і д м а 
 
Як жа, як я стараўся
Сабраць гэтых шалегаў, –
I ў калоды цягаўся,
I падзённа ў двор бегаў...
 
Сьцюжа цісьнецца к хаце,
Жыта ўжо ані жменькі, –
А тут кажуць аддаці
За шнурок свой вузенькі.
 
2 - е   в і д м а 
 
На, і ўчыцеся ахвоты
Шанаваць закляцьця сплёты.
 
Сядзьце роўна і пакорна:
Як калоды – так праворна,
 
Як у пні клін – так свабодна,
Як дамоўкі – так выгодна.
 
Ад граніцы да граніцы
Страж мая тут – паляўніца.
 
Дум згасіце ўсе праявы:
Цемра тут закон і права!
 
Т а в а р ы ш   3 - г а   в і д м а 
К а б е т а
 
Ад усходу да ночы
Так йшла ў постаці зьвінна –
Смольлю пот лез у вочы,
Хоць круці – кашуліна.
 
Атут платы замнога
Кажуць, хоць гэтак мала...
Наце! Што ж? ваша змога,
Наша дзе ні прапала.
 
3 - е   в і д м а 
(з насьмешкай)
 
Вось табе падмога ў працы
Па скарб лезьці у палацы,
 
Дабівацца ў валадарства
Цёмна-ночнага мацарства.
 
Сядзьце квола, асьцярожна;
Гляньце там, тут, а трывожна, –
 
Як пыліны – так забыты,
Як атопкі – так прыбіты.
 
Ажані тапор зь няславай, –
Цемра тут закон і права!
 
Т а в а р ы ш   4 - г а   в і д м а 
А д н а р у к і
 
Як папраўдзе судзіці –
Мне належала б плата.
А тут кажуць плаціці
За якуюсь там страту.
 
Руку рвучы, машына
Сапсавалася, праўда,
Але ў чым жа я вінны,
Калі вінна прылада.
 
4 - е   в і д м а 
 
Ўсё да дружбы, ўсё да большай
Тваім думам збор вясёльшы.
 
Сядзьце роўна, жалязіста,
Мазаліста і крывіста;
 
Як дым гутні – так цягуча,
Як час векаў – так жывуча,
 
Як авечкі – гэтак дружна,
Як падмуркі – так натужна, –
 
Скарб ня будзе тваёй стравай:
Цемра тут закон і права!
 
Т а в а р ы ш   5 - г а   в і д м а 
 
Так усё аплуцілі –
Не найсьці ў сьвеце сьвета,
I ўдабавак пусьцілі
На пакусу звод гэты.
 
Ўзялі ўсё – дам апошкі:
Капля, кажуць, жалее;
Мо хоць трошкі, хоць трошкі
Надушы прасьвятлее.
 
5 - е   в і д м а 
 
Ўжо з пацехай ды вясёлай
К табе йду, мой ты дзябёлы.
 
Сядзьце шумна, як расохі,
Дурнап’ян, чартапалохі;
 
Як звон пляшак – неўгамонна,
Як сама кроў – так чырвона,
 
Як пагібель – так шчасьліва;
Затуманьце ўсе парывы,
Каб ня зводзіў скарб ласкавы...
Цемра тут закон і права!
 
Т а в а р ы ш   6 - г а   в і д м а 
 
Так аплуціў, ачмуціў,
Як чарвяк лісток вішні,
Хоць і знаю, што круціць,
Хоць і знаю, што лішне,
 
Мушу даць, хоць ня штукі:
Зьмёў з тачка і паскрэбы;
Кажуць, лепшай прынукі
Не найсьці – як патрэба.
 
6 - е   в і д м а 
 
На, і доўга не таргуйся,
I па скарб да нас ня сунься.
 
Сядзьце ціха, сядзьце скрыняй,
Як бы мухі ў павуціне.
 
Як кароўка – гэтак дойна,
Як свая цень – так спакойна;
 
Гібка так – як валаконцы,
Так працэнтна – як чырвонцы, –
 
I па скарб ня лезь аблавай:
Цемра тут закон і права!
 
Т а в а р ы ш   7 - г а   в і д м а 
Двое – старая кабета і падростак.
 
К а б е т а 
 
Каб хаця ужо сьвечак
Як найболей разьнеціў,
Каб аж мой чалавечак
На тым цешыўся сьвеце...
 
На імшу на «задушкі»...
За жывёлку таксама...
 
П а д р о с т а к 
 
За памершыя душкі
Майго таты і мамы.
 
7 - е   в і д м а 
 
Для навукі, для прымеру,
Як паступкам знаці меру...
 
Сядзьце складна і прыкладна,
Непакратна і няздрадна;
 
Як фігуркі выразаны,
Як бібулы маляваны,
 
Як грыбы ў сплясьнелай глебе:
Вочы к небу, губы к небу!
 
Ўсе жыцьця здушыце зьявы...
Цемра тут закон і права!
 
Ч о р н ы 
(стукаючы абломкам цэглы
па саганку з грашыма)
 
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа
Аплятаці шчыльна, жвава
 
Абручамі ў знак, ня ў знакі,
Як гадзюкі, як вужакі.
        
        Відмы зноў сплятаюцца між сабой за рукі, ачэпліваючы і кружачыся навокал Сама і пасаджаных пры ім зьвязаных таварышаў. Глуха-шмяліна гудзяць – ня то пяюць; Чорны ў такт ім бразгае абломкам па саганку; скрыпяць дошкі; шалясьцяць зарасьлі; вецер сьвішча ў шчылінах. Усё гэта зьліваецца ў адну нейкую пякельна-шалёную мэлёдыю; нема толькі сядзіць Сам і яго таварышы на друзах замчышча.
        
В і д м ы 
(у адзін голас)
 
Як гадзюкі, як вужакі,
Абручамі ў знак, ня ў знакі
 
Аплятаці шчыльна, жвава
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!
        
        Раптам асвечвае ўсё замчышча пажарны бляск. Момант відмы астанаўліваюцца і дзіка, злавесна глядзяць: вочы іх крывёю наліты, зьверскія, прагавітыя.
        
Ч о р н ы 
(стукаючы абломкам па саганку)
 
Зноў на вырай, зноў на жніва,
Толькі спрытна, толькіж ыва!
 
Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева –
Па насьпелыя пасевы.
        
        Відмы расплятаюцца, кожнае бярэ за вяроўку – між галавой і рукамі – зьвязанага свайго таварыша і ў парадку, у якім прыйшлі, сходзяць з ганка пад звон Чорнага грашыма.
        
В і д м ы 
 
Па насьпелыя пасевы –
Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева.
 
Толькі спрытна, толькі жыва,
Гэй, на вырай, гэй, на жніва!
        
        Чорны сьвішча. Зьяўляецца і забірае саганок з грашыма той самы чалавек, што яго і прынёс.
        
С а м 
(усхапіўшыся зь месца)
 
Што за дзіва, што за сіла
Зноў круціла, зноў муціла?..
 
Скавытала і сьвістала,
Як бы путам аплятала, –
 
Ні то ў яве, ні спрасоньня...
Што за ночка мне сягоньня?!
 
Было цёмна, як у вульлі, –
Хоць бы ў вока пальцам ткнулі, –
 
А тут відна ў гэтых грудах,
Хоць лічы іголкі ўсюды.
(Узіраеццаўтой бок, скуль б’е большы
бляск.)

Што я бачу?.. Ці ж быць можа?
Гэта ж вёска!.. Божа!.. Божа!..
 
Жонка... дзіцё, бацька... матка...
Ах ты, хатка, мая хатка!
(Як шалёны, зьлятае з тапаром з ганка.)
 
Ч о р н ы 
 
Ха-ха-ха-ха!..
        
Заслона

        
        
        
III. ПАЖАРЫШЧА
        
        Досьвітак. Непадалёку ад пажару. Пасяродку стаіць дзікая груша. Валяецца колькі галавешак. Далей – трохі ўправа – пачынаецца палаючая вёска: зь некаторых хат засталіся ўжо толькі печы ды каміны, а па бакох ляжыць асмалеўшае бярвеньне. Пажар падбіраецца пад другі канец вёскі. Калі-нікалі ўзрываецца вецер і даносіць снапы іскраў. Чуваць гул полымя і людскіх галасоў.
        
1 - ы   п а г а р э л е ц 
(цягнучы лаву)
 
Скуль і як яно ўзялося?
З чыёй хаты занялося?..
 
Сплю, як толькі сьпяць уночы,
Чую, лезе дым у вочы;
 
Усхапіўся, паглядаю:
Мора полымя гуляе;
 
Сам ня знаю, ў што ўчапіцца...
Ну, за лаву – прыгадзіцца.
(Ідзе далей.)
 
2 - і   п а г а р э л е ц 
(з андаракам і каптаном бабскім)
 
...Мы з сваёй яшчэ ня спалі:
Дзіцянятка калыхалі...
 
Раптам – відна... Я у дзьверы,
Ды ня ў дзьверы, а ў кут зьмерыў.
 
Сяк-так выскачыў за хат так спакойна;
 
Гібка так
 
ку...
Бачу, косіць ад пачатку
 
Агонь вёску, як памора;
Зноў я ў хатку... ах ты, гора!
 
Сам ня знаеш, што ўхапіці;
Крычу жонцы: бяры дзіце!
 
Сам хапаю сёе-тое...
Чуць з душою, чуць з душою...
 
3 - і   п а г а р э л е ц 
(з матком і шпулькамі)
 
Я так крэпка сплю на печы:
Ажно тут – штурхель у плечы!
 
Глядзь: аж нехта качаргою
Мяне цягне, як дугою.
 
Ужо ўстаю, ужо буджуся,
Злазіць зь печы ўжо лаўчуся...
 
Бух аб землю, як сноп жыта,
Проста бокам аб карыта!..
 
Хтось крычыць: барджэй жа, тата!.
Ломяць, цягнуць усё з хаты...
 
Я – хвацель маток і шпулькі...
(Глядзь за пазуху.)
Ну, а люлька... няма люлькі.
 
Д з я ў ч ы н к а 
(з хлопчыкам, меншым ад сябе;
абое ў адных зрэбных кашулях)
 
Як маланкай, пайшла хатка,
Чаравічкі і апратка.
 
Х л о п ч ы к 
(празь сьлёзы, разглядаючыся)
 
А дзе ж татка? а дзе мама?
 
Д з я ў ч ы н к а 
 
Ціха, братка: я таксама
Вось з табою іх шукаю,
Дзе ж падзеліся – ня знаю.
Ў гэты бок нясьлі кадушку.
 
Х л о п ч ы к 
 
Падсадзі – сарву я грушку;
Хачу вельмі піць і есьці.
 
Д з я ў ч ы н к а 
(падсаджвае хлопчыка, з павагай)
 
Вось уздумаў грушы трэсьці.
Тутка гэткае няшчасьце, –
Не дзівота і прапасьці.
А ён, бач, з сваёй ядою!
 
Х л о п ч ы к 
(саскочыў і грызе сарваную дзічку)
 
Пабяжым цяпер затое.
 
Д з я ў ч ы н к а 
 
Ня лезь толькі ў вочы з плачам:
Татку, мамку недзе ўбачым.
 
Х л о п ч ы к 
(з радасьцю адбягаючы зь дзяўчынкай)
 
Недзе знойдзем, недзе ўбачым!
 
1 - я   к а б е т а 
(цягнучы саху, заплакаўшыся)
 
Што за ночка! што за ночка!
Не пакінуў і ламочка!
 
Як сярпом, зжынае, голе...
А стары прост сходзіць з поля,
 
Галаву саўсім губляе –
Сам ня знае, што хватае;
 
То у хлеўчык матанецца,
То ля пуні апынецца...
 
Ні прыстаньня, ні куточка...
Што за ночка! што за ночка!!
 
2 - я   к а б е т а 
(зь дзіцянём у калысцы)
 
Чуць пасьпела, чуць з душою
Гэта выхваціць малое;
 
Засталася ступа, дзежка,
I пасудак, і адзежка.
 
Мой паехаў з кума братам –
Папрасіў – паехаўсватам, –
 
I ня бачыў, і ня ведаў,
Як гарэла ўсё да сьледу,
 
Мо б што больш уратавалі...
Так, саўсім, саўсім прапалі...
 
3 - я   к а б е т а 
(цягнучы наруках ягнё)
 
...Цягнем з хаты мы ламоцьце,
Зірк на хлеўчык – страху коце.
 
Я у хлеўчык – гнаць кароўку:
Як прывязана вяроўкай –
 
Ані зь месца... тут авечка
З хлева ў полымя, як печку, –
 
Я ягнятка хваць за воўну,
А тут д ыму ўжо поўна...
 
Чуць у дзьверы, чуць папала,
А ўжо хатка дагарала.
 
Я ў р э й 
(з багамольлем і ліхтарамі;
за ім жонка яго і чацьвёра дзяцей)
 
I стадола, і камора
Так яшчэ стаялі ўчора,
 
А сягоньня, як у яму,
Паваліліся і з крамай.
(Да жонкі.)
 
Знаеш, чуў я, у Агаты
Дзіцянё згарэла з хатай.
 
Я ў р э й к а 
(з падушкай і халаю)
 
Мне казалі на прыгумні:
Чалавек звуглеў у пуні.
 
Д з і ц я н ё   1 - е 
(з бляшаным пудэлкам цукерак)
 
Ото ж вочы дым кусае.
 
Д з і ц я н ё   2 - е 
(са скруткам паркалю)
 
Будзе ж крама зноў такая?..
 
Д з і ц я н ё   3 - е 
(са скрынкай зь цьвікамі)
 
Як жа гэта агонь страша!
 
Д з і ц я н ё   4 - е 
(з кульком мукі)
 
А як з козачкаю нашай?
(Ідуць далей.)
        
        Чуваць званкі, пасьля ціхнуць; выходзіць зь левага боку вясельная дружына; маладая ў вянку, малады з кветкай на грудзях, сват перапасаны праз плячо белым ручніком, музыка са скрыпкай, закосьнік, маршалак і дзьве дзяўчыны-дружкі.
        
М а л а д а я 
(асоўваецца бязьсільна
пад грушу, закрываючы рукамі
заплаканыя вочы)
 
Што тут стала? што тут стала?
Ўсё ў дыму, усё прапала!
Дзе ж мы сонейка сустрэцім?
Галавы прыкрыці нечым.
 
М а л а д ы 
(садзіцца ля маладой, абнімаючы,
прытульвае к сабе і супакойвае)
 
Ціха, міленькая, ціха.
Як прыйшло, так пойдзе ліха;
 
Пагаруем, пабядуем...
Дасьць Бог – хату адбудуем...
(Горка ўсьміхаючыся.)
I вясельле дагуляем...
 
М а ч ы х а   м а л а д о й 
(выбягае, задыхаўшыся, з боку пажару)
 
Ах, ах! чым вас прывітаем?..
Чула, чула, галубочкі,
Вашы звонкія званочкі!..
 
Так усе мы вас чакалі:
Каравай прыгатавалі, –
 
А які ж, ах, быў удачны!
Каб вы зналі – які смачны!
 
С в а т 
(п’янаваты, панура)
 
Відно, смачны, бо смалілі,
Што аж хаты ў дым пусьцілі.
 
М а р ш а л а к 
 
Знаць, згуляці захацелі
Без шлюбоўнікаў вясельле.
 
М у з ы к а 
 
Але толькі без музыкі –
Пад пажарныя скавыкі.
 
В о й ч ы м   м а л а д о г а 
(выходзіць з боку пажару з пустымі,
як і мачыха, рукамі)
 
Ну, прыехалі нарэшце!
Вось чым сэрцайка пацешце,
Малады і маладзіца.
 
М а ч ы х а 
 
Мы ў суседавай сьвятліцы
Вас ад шлюбу выглядаем;
Гаманім сабе, чакаем...
 
В о й ч ы м 
 
Як вам ведама – дзе мелі
Адгуляць ваша вясельле.
 
З а к о с ь н і к 
 
У вашых можна б скруціць ногі –
Ні разгону, ні падлогі.
 
М а ч ы х а 
 
А тут раптам у ваконцы
Віднюсенька, як бы ў сонцы!
 
В о й ч ы м 
 
Тут у лямант бабы, дзеці.
 
М а ч ы х а 
 
К сваім хатам мы ляцеці...
Ўратаваці не прыйшлося.
 
В о й ч ы м 
 
Найперш з нашых занялося.
 
М а ч ы х а 
 
Як жа собіла ў час гэткі
Замарудзіць так вам, дзеткі?..
 
С в а т 
(заметна манячы)
 
Мост зламаўся, ну, праждалі,
Покі броду адшукалі.
 
В о й ч ы м 
(панура)
 
Знаем вашыя мы броды:
Гэта так у нас заўсёды.
 
С о ц к і 
(выбягае з парожнім вядром)
 
А вы што тут сталі ў кучы
Ды як мокрыя анучы,
 
Не парушыцеся зь месца?
То ж ня жарты вам, здаецца...
 
Падпаліў ўсіх нейкі злодзей...
Зараз воласьць з прыскам пойдзе.
        
        Маладая свой вянок, сват ручнік, а музыка скрыпку вешаюць на грушы, і ўсе ідуць за Соцкім у бок пажару.
        
С т а р ы 
(зь ім разам старая і іх нявестка з грудным
дзіцём; нясуць стол, начоўкі і калыску)
 
Я казаў вам, што заблізка –
Пачарнела аж калыска.
 
Н я в е с т к а 
 
Ах, забыліся дайнічкі!
 
С т а р а я 
 
Стаўма гэтта каля дзічкі.
 
С т а р ы 
 
А, рабі ўжо, як там знаеш.
 
Н я в е с т к а 
 
Каго толькі не спытаеш –
Адным чынам, што нам хтосьці
Падпаліў сяло па злосьці.
 
С т а р а я 
 
Каб звуглеў як гэта сажа...
 
С т а р ы 
 
Чымся слухаць, што хто кажа,
Лепш папраў дзіцю пялёнкі.
        
        Усе адыходзяць.
        
Н я в е с т к а 
(на выхадзе)
 
Не забыць каб зноў даёнкі.
 
Д з я ў ч ы н к а 
(і хлопчык зь ей – абое ўжо
заплакаўшыся)
 
Дзе ж той тата зьбег сягоньня?
 
Х л о п ч ы к 
 
Мамка ёсьць, але вон гоне.
 
Д з я ў ч ы н к а 
 
Мамку маем і ня маем.
(Ідуць далей, разглядаючыся.)
 
П а д р о с т а к 
(дурнаваты, ведучы сьляпую бабу,
каторая, баючыся, ступае)
 
Зараз, зараз сьвет пазнаем...
 
С ь л я п а я 
 
Ці ня зьбіўся ты з дарогі? –
Дзе ступлю, пячэцца ў ногі.
 
П а д р о с т а к 
 
Ціха, баба, пойдзе гладка;
Не сьпячэшся, як аладка;
 
Як ні бойся – не ўбаішся:
Ўсе сягоньня падпякліся.
(Убачыўшы ламацьцё.)
А, начовачкі і столік!
 
С ь л я п а я 
 
Дзе ж мы гэта, мой саколік?
 
П а д р о с т а к 
 
А пад грушай на узьмежку;
Сядзь пад ёй во, як пад дзежкай.
I глядзі на дым чырвоны
Здаля, як з-пад парасона.
 
С ь л я п а я 
 
А вагонь жа не дастане?
 
П а д р о с т а к 
 
Ці ж асьлепла, ясьне пані? –
Тут і чорт цябе ня чэпіць.
 
С ь л я п а я 
 
А мо далей пойдзем лепей?
 
П а д р о с т а к 
 
Ну, садзіся, будзь спакойна:
Далей, бліжай – усё роўна.
 
С ь л я п а я 
 
Усё роўна, мае дзеткі,
Мне ўжо: сонца, ночка, кветкі.
 
П а д р о с т а к 
(углядаючыся на грушу)
 
А... Ці бачыце, бабуля,
Як зрасьлі на йгрушы дулі:
Хвастач, скрыпка і вяночак?
 
С ь л я п а я 
 
Кпі сабе, мой галубочак!
 
П а д р о с т а к 
 
Даліпан-то не жартую...
(Становіцца на стале і хоча
дастаць скрыпку.)

Вось так зараз запілую.
 
С ь л я п а я 
(выходзіць з ламацьцём; зь ёй стары
і нявестка)
 
Ты чаго на стол узьбіўся?
 
П а д р о с т а к 
(саскакваючы са стала)
 
Ціха, цётка, не сварыся –
Мірам кончым гэту справу:
Я – наўцёкі, ты – пад лаву.
(Саскаквае са стала і адбягае
ўбок.)

 
С т а р ы 
 
Такі воласьць абароняць.
 
Н я в е с т к а 
 
Дзе ж? усіх к ратунку гоняць:
Мяне зь дзіцем – то хацелі.
 
С т а р а я 
 
З двара з помпай плыляцелі:
Людзі ім ваду цягаюць,
Яны кішкаю пускаюць
На закоты, на застрэшкі...
 
С т а р ы 
 
Ну, ідзём, ня ўзялі дзежкі.
(Адыходзяць.)
 
П а д р о с т а к 
(выбегшы з укрыцьця)
 
А цяпер мая ўжо скрыпка,
Толькі лоўка, толькі шыбка.
(Дастае скрыпку і прабуе струн.)
Вось зайграю ва ўсе плечы
Ад запечка ды да печы.
Ад парога да парога...
        
        Выбягае кабета-вар’ятка, сышоўшая з розуму праз пажар, – у зрэбнай спадніцы і кашулі – без каптана; на левай руцэ ў яе – як дзіцянё – абкручана анучамі галавешка, а ў правай – сьціскае ў жмені нож; як выбегла – хлопец адскочыў убок.
        
В а р ’ я т к а 
(размахваючы нажом)
 
Дай гасьцінец, дай дарогу!..
Жыў ніхто тут не залежа:
Ўсіх пазводжу, ўсіх парэжу!
 
Вось так жніва, вось пакоша!
Дзе мой муж, дзе мой харошы?
 
Няма мужа – і так дужа:
Ўсюды пойдзе крыві лужа.
(Углядаецца на сьляпую
пад грушай.)

 
Ты са мной яго жаніла,
Ты яго мне і спаліла...
 
Давай горла, бо іначай
Сьвету боскага ня ўбача
Твой паглёд, зьмяя, вужача.
(Хоча кінуцца з нажом на кабету.)
 
П а д р о с т а к 
(падбягае і хватае ззаду за руку)
 
Штоты, цётка, звар’яцела
Ці мо блёкату пад’ела:
 
К сьляпой лезеш без баязьні,
Як угледзіць, справіць лазьню.
 
Чым людзей тут заразаці,
Лепш пільнуй свайго дзіцяці...
 
В а р ’ я т к а 
(спачатку тузаецца, але пры слове
«дзіцяці» выпускае з рук нож і туліць
к грудзям галавешку)
 
Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!
Лю-лі, лю-лі, сакалочак!
(Дастае грудзі і хоча карміць.)
 
П а д р о с т а к 
(сам да сябе)
 
Проста з поля сышла цётка.
 
В а р ’ я т к а 
 
На, пасьсі, на, дзіцянётка!
Ты ня вер, што кажуць людзі,
Быццам таткі ўжо ня будзе.
 
П а д р о с т а к 
(сам да сябе)
 
Жджы к Пятру сырка, матуля.
 
В а р ’ я т к а 
 
Маеш мамку, а татуля?..
(Неўспадзеўкі к падростку.)
Толькі з табою ажанюся.
(Хоча абняць яго.)
 
П а д р о с т а к 
(сам да сябе)
 
Клёпкі ўсе згубіла, мусіць.
 
В а р ’ я т к а 
 
Толькі як вясельле ўстроіць?
 
П а д р о с т а к 
(сам да сябе)
 
Трэба бабу супакоіць.
(Да вар’яткі, паказваючы скрыпку.)
Я пайграю – ты паскачаш.
 
В а р ’ я т к а 
 
А вянок дзе?
 
П а д р о с т а к 
(паказваючы на грушу)
 
Ці ж ня бачыш?
 
В а р ’ я т к а 
(дастае вянок і кладзе на галаву)
 
А як з сватам і дружынай?
 
П а д р о с т а к 
(сам да сябе)
 
Ну, нявеста! каб лепш згінуў.
(Да яе.)
Я ўсім буду, мая душка, –
Разам – сватам, мужам, дружкай.
(Дастае з грушы хвастач і – як
сват – закручвае сабе праз плячо;
адрывае кусок зь лісьцямі галінкі
і прычэплівае к грудзям.)

 
В а р ’ я т к а 
 
I музыкай, і музыкай.
(Глянула на сьляпую і кладзе
на галаву ёй кусок сухой галіны,
скруціўшы абручом.)

А ты, імасьць, будзь нам свацьцяй!
 
П а д р о с т а к 
 
Час вясельле пачынаці.
        
        Садзіцца на калысцы і пачынае іграць і прыпяваць; вар’ятка, цянюючы каля грушы, падцінае яму на языку.
        
Былі ў бацькі тры сыны,
Гоп-я!
Да ўсе ж яны Васілі,
Гоп-я!
 
Д з я ў ч ы н к а   і   х л о п ч ы к 
(выбягаюць і з плачам кідаюцца
да вар’яткі)
 
Мама! мама! дзе наш тата?
 
В а р ’ я т к а 
 
Вон, ягнята, вон, шчанята!
(Далей прыпявае пад музыку
з падросткам.)

Адзін коні пасе,
Гоп-я!
Другі лапці пляце...
        
        Пачуўся з боку пажару гоман і крык: «Дзяржы моцна! Бі, колькі ўлезе!»
        
П а д р о с т а к 
(прыслухаўшыся, ускаквае)
 
Цяпер, жонка, давай драла,
А то, каб не перапала
I табе, і мне таксама.
(Выбягаюць абое.)
 
Д з я ў ч ы н к а   і   х л о п ч ы к 
(бегучы за вар’яткай з плачам)
 
Дзе наш татка? мама, мама!
        
        Увальваецца гурмам куча людзей, валакучы і тузаючы Сама.
        
С а м 
 
Хоць зарэжце – ўсё мне роўна:
На начлезе быў сягоньня.
 
Пламя ўгледзеўшы з папару,
Ратаваць бег ад пажару...
 
Я ня вінен, хоць зарэжце...
 
1 - ы   г о л а с 
(з грамады)
 
Лжэ, сабака, праўду бэсьце:
Конь згарэў яго у хлеве.
 
С а м 
 
Хоць павесьце тут на дрэве.
На начлезе...
 
2 - і   г о л а с 
(перапыняючы)
 
А зь сякерай,
Зьвёўшы хаты, ў воласьць мерыў?
 
С а м 
 
Як і вы, бег ратаваці
Вас усіх, як сваіх брацьцяў.
 
3 - і   г о л а с 
(кабечы)
 
З тапаром і галавешкай,
Падцікаючыся сьцежкай...
 
4 - ы   г о л а с 
 
Покі што прывяжам к грушы.
 
5 - ы   г о л а с 
 
Хай жа тут мазгі пасуша,
Як агнём агонь гасіці.
 
С а м 
 
Хоць зарэжце, хоць судзіце, –
На начлезе быў я толькі.
 
4 - ы   г о л а с 
 
Ці няма ў каго вяроўкі?
 
3 - і   г о л а с 
 
Ўсе бярвеньні пагарэлі,
А вяроўкі каб ня стлелі?
 
4 - ы   г о л а с 
 
Паяса мо хто пазычыць,
Посьле ўсё на ім палічым.
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
Хто аб поясе тут думаў!
 
3 - і   г о л а с 
 
Я сяджу сабе у кума...
 
5 - ы   г о л а с 
(перапыняючы)
 
Гэта ж пояс свой ён мае.
 
4 - ы   г о л а с 
(да 5-га)
 
Я з табою прытрымаю,
А хай хто яго разьвяжа.
 
3 - і   г о л а с 
 
На вяроўцы ўсё раскажа.
        
        Адвязваюць пояс; пасыпаліся з-за пазухі кускі смолкі.
        
1 - ы   г о л а с 
 
Во, во! гляньце, чым прасьвіста
Ратаваў усіх нас чыста.
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
Нават смолка для падпалкі...
 
3 - і   г о л а с 
 
Пэўна мае і запалкі.
        
        Валакуць і прыціскаюць Сама плячыма да грушы, закручваюць рукі назад і зьвязваюць іх на другім баку грушы.
        
С а м 
 
Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару.
 
1 - ы   г о л а с 
 
Хай да дня тут перастое, –
Там убачым, што якое...
 
4 - ы   г о л а с 
(да сьляпой бабы)
 
А ты май яго на воку.
        
        Хутка ўсе адыходзяць у бок пажару.
        
С а м 
(панура)
 
За няма што на вяроўку,
Як якога арыштанта...
 
П а д р о с т а к 
(выбягае са скрыпкай)
 
Хі! Якога бачу франта...
Вось абняў, як дзеўку, грушу,
Нат рукамі не паруша...
 
Я хоць бабай ажаніўся,
Гэты ж к дрэву прычапіўся.
(Да Сама.)
Дрэнна, дзядзька! Невялічкі
Смак пад дзічкай – ня ўрваць дзічкі.
 
Ну, пушчу цябе на волю,
Вазьмі бабу маю толькі; –
Ўсяго першы дзень жанаты,
А ўжо хоць ідзі вон з хаты.
 
Адно ты мяне ня выдай...
(Хоча разьвязаць пояс, але,
аглянуўшыся, уцякае.)

        
        Старая, за ёй нявестка падбягае, і хмурна ідзе стары, кідаючыся са сьлязьмі к Саму.
        
С т а р а я 
 
А!.. сынок мой, ці ж ты збрыдаў
Хаткай, намі так бяз жалю?
 
С т а р ы 
(панура)
 
Ці то праўда, што казалі?
 
С т а р а я 
 
Ўсё бацькам сказаць павінен.
 
С а м 
(з болем)
 
Хоць зарэжце, я ня вінен:
На начлезе быў... З папару
Ратаваць бег ад пажару,
А яны мяне...
 
С т а р ы 
(перапыняючы)
 
Конь быў дома.
 
С т а р а я 
 
Бег са смолкай і саломай
Ўжо пад воласьць, кажуць людзі.
 
Н я в е с т к а 
(галосячы)
 
Што ж, міленькі, цяпер будзе?
Ў ссылку могуць засудзіці,
А мне хоць ідзі ў сьвет зь дзіцем.
 
С т а р ы 
(глуха)
 
Не жалеў ты бацькі, маці,
Ані жонкі, ні дзіцяці.
 
С т а р а я 
(сьлязьліва)
 
Колькі бедненькаму мукі:
Зьбілі так, зьвязалі рукі.
(Хоча разьвязаць.)
 
С т а р ы 
 
Не чапай бяз часу, маці, –
Гэтым нам не ўратаваці,
 
Толькі можа стацца горай.
Усё роўна ўжо дзень скора:
 
Наверх праўда выйсьць павінна.
Хоць бы мела ўзяць нам сына.
 
Н я в е с т к а 
(уціраючы сьлёзы)
 
Так ці сяк – ня вернем хаткі...
Прынясем пайдзем астаткі.
(Уздыхаючы, адыходзяць.)
 
П а д р о с т а к 
(падбліжаючыся)
 
Нудна, дзядзька! Мамка з таткам,
Ну, і жоначка зь дзіцяткам.
 
Пагасьціўшы, разышліся:
Па апошняе пайшлі ўсе.
 
Пакуль зноў хто прывандруе,
Я на памяць падарую
 
Паясок табе твой, дзядзька,
Пажалею лепш, як бацька.
        
        Разьвязвае Саму рукі, той бязьсільна асоўваецца ля грушы. Падростак садзіцца на стале і пачынае з увагай строіць скрыпку.
        
С а м 
(панура)
 
Усё згарэла, ўсё, дазваньня –
З хатай воля і прыстаньне.
 
Сьлепа стануць сьведчыць людзі, –
Суд у катаргу засудзіць.
 
З усім родным разлучуся...
Не вярнуся, а вярнуся –
 
Уся вёска сходку скліча,
Мне праступкі ўсе паліча;
 
Скажуць: ссыльнага ня трэба...
Зноў бяз хаты, зноў бяз хлеба...
 
Зь дзіцем жонка ў чужых згіне,
А бацькі – у жабраніне...
 
На пагібель, на скананьне
Ўсё згарэла, ўсё, дазваньня.
(Гаворачы ўсё гэта, круціць у руках
пояс, мацуе і мяркуе яго даўжыню
і жудка ўсьміхаецца.)

 
П а д р о с т а к 
(раптам перастаючы строіць скрыпку
і ўглядаючыся ў адзін бок)
 
Зноў сюды прэ мая жонка.
(Саскаквае са стала і ўцякае.)
 
С а м 
(як шалёны, ускаквае на стол
і завязвае за сук грушы пояс)
 
Будзь шчасьліваю, старонка!
(Укладае галаву ў пятлю і вісьне.)
 
В а р ’ я т к а 
(улятае – таксама – з галавешкай
і вянком)
 
Дзе мой нож? усіх парэжу!
Ніхто жыў тут не залежа!
(Хватае, угледзеўшы, тапор.)
Ўсіх парэжу, як авечкі, –
Пасяку ўсіх драбней сечкі!
(Глянуўшы на вісячага Сама.)
На пачатак гэту йгрушку
Ў сама горла трапіць мушу.
        
        Ускаквае мігам на стол і замахваецца тапаром у шыю Сама, але пападае толькі ў пояс і перасякае яго. Сам, яшчэ з знакамі жыцьця, валіцца на зямлю. У вар’яткі выпадае з рук тапор; сыходзіць са стала і пачынае зноў галубіць дзіцянё-галавешку. Сам кашляе крывёй і хрыпла стогне.
        
В а р ’ я т к а 
(снуючы кругом грушы)
 
Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!
Лю-лі, лю-лі, сакалочак!
(Туліць і хоча карміць грудзёй.)
 
С ь л я п а я 
(маўчаўшая дагэтуль)
 
Што тут творацца за дзівы,
Божа ты мой літасьцівы?!
 
Стогнуць, плачуць і рагочуць...
Што ім трэба? Чаго хочуць?
 
Д з я ў ч ы н к а   і   х л о п ч ы к 
(выбягаюць, ужо саўсім зьбедзіўшыся
і асалавеўшы, і чапляюцца за спадніцу
вар’яткі)
 
Мама, мама, дзе наш тата?
 
В а р ’ я т к а 
 
Вон, ягнята, вон, шчанята!
        
        Снуе далей навокал грушы; дзеці ад яе не адстаюць. Выходзяць, несучы лаву і другое ламацьцё, стары, старая і іх нявестка.
        
С т а р ы 
(садзячыся ля стала на зямлі; панура)
 
Ну, цяпер, ужо дажынкі.
 
С т а р а я 
(нагінаючыся над Самам)
 
Адвязаўся, бедачынка,
Сам адплутаўся, міленькі.
 
Н я в е с т к а 
(зь дзіцем на руках, таксама нагінаючыся)
 
А як змучыўся усенькі!
 
С а м 
(ачуняўшы трохі, стогнучы хрыпла)
 
Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару.
 
С т а р а я 
(садзячыся зь нявесткай наабапал яго,
заламаўшы на каленях рукі, маркотна)
 
Штора біці, што чыніці?
 
Н я в е с т к а 
(нагінаючыся над дзіцем)
 
Няма чым і пакарміці:
Як спужалася, заныла,
Малако ўсё...
 
С т а р ы 
(глуха)
 
Усё скасіла,
Прыскам, попелам пакрыла.
 
С а м 
(з сумнай жаласьцю ўглядаючыся на дзіцянё,
каторае працягвае да яго ручачкі)
 
Хіба ты, падросшы, дзетка,
Будзеш бацькі свайго сьведкай.
 
М а л а д а я (уваходзячы з маладым, горка
ўсьміхаючыся)
 
А цяпер вясельле справім.
 
М а л а д ы 
(таксама)
 
Ежай, водкай стол заставім.
        
        Садзяцца на старане, абняўшыся, сумныя.
        
С в а т 
(за ім уваходзяць музыка і дружына)
 
Прыстаў з стражнікамі едзе,
Затрымаўся толькі недзе.
 
М у з ы к а   і   д р у ж ы н а 
(разам)
 
Кажуць, едзе на дазнаньне.
 
С т а р ы 
(панура)
 
Як згарэла ўсё дазваньня!
 
П а д р о с т а к 
(са скрыпкай, разглядаючы ўсіх)
 
Ну, цяпер-то ўжо вясельле
Не такое, як мы мелі
 
Са сваёю маладухай,
Рэзнуць можна ім ад вуха.
(Строіць скрыпку.)
 
М у з ы к а 
(усхапіўшыся)
 
Ты дзе скрыпку ўзяў, псяюха?
        
        Уваходзяць прыстаў, два стражнікі і куча пагарэльцаў за імі. Усе ўстаюць, сядзяць толькі сьляпая, падростак і Сам.
        
П р ы с т а ў 
 
Что, друзья моі, – нешчасьце?
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
Так, так, барынька, прапасьці
Ні на грош усім нам трэба.
 
П р ы с т а ў 
 
Ну, ну! ласкаў Гасподзь зь неба.
Цяпер толькі, мае брацьці,
Ў пратакол усё сьпісаці –
Як і што – я мушу тутка.
 
В о й ч ы м   м а л а д о г а 
 
Гэта пойдзе, барын, хутка.
 
П р ы с т а ў 
(садзячыся на падстаўленай яму лаўцы
і дастаючы торбу з паперамі)
 
Ну, кажыце, як было ўсё.
 
М а ч ы х а   м а л а д о й 
 
Так пайшло, як пачалося...
 
С о ц к і 
 
Што ж, пішыце: ўсё згарэла,
Толькі воласьць ацалела:
Двор памог уратаваці.
 
П р ы с т а ў 
(запісваючы)
 
А зь людзей?
 
Г о л а с   з   г р а м а д ы 
 
Дзіцё ў хаце,
Ну і мужа кабяціны
(паказваючы на вар’ятку)
Гэтай сьпёк агонь.
 
П р ы с т а ў 
 
Прычына?
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
Падпаліў во гэты злодзей.
 
М а ч ы х а   м а л а д о й 
 
Каб яму дна...
 
П р ы с т а ў 
 
Годзе, годзе!
 
В о й ч ы м   м а л а д о г а 
 
Ужо пад воласьць...
 
П р ы с т а ў 
 
Як завецца?
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
Сам.
 
П р ы с т а ў 
 
Пакуль што разьбярэцца,
Трэба ўзяць яго пад стражу.
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
Няхай добра суд накажа!
 
П р ы с т а ў 
 
Дзе бацькі?
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
Ў такога зьвера...
 
П р ы с т а ў 
 
Ё ў мяне для іх папера.
 
С т а р ы   і   с т а р а я 
(падыходзячы к прыставу)
 
Гэта, барынька, мы будзем.
 
П р ы с т а ў 
 
Вота ж тут стаіць вам, людзі:
Даў на вашае прашэньне
Губарнатар разрашэньне
 
I праезд дзяшовы тожа:
Ў хадакі ісьці сын можа
Выбіраць зямлю ў Сібіры.
 
С т а р ы   і   с т а р а я 
 
Дзякуй, барынька, вам шчыра.
 
П р ы с т а ў 
(складаючы торбу)
 
А цяпер бывайце жывы!
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
І вам, барынька, шчасьліва!
 
П р ы с т а ў 
(да стражнікаў, паказваючы на Сама)
 
Забіраць яго з сабою!
        
        Стражнікі ўсьцягваць Сама за рукі зь зямлі.
        
К о л ь к і   г а л а с о ў 
(насьмешліва гледзячы, як Сам,
устаючы, хістаецца)
 
Бач, на ножаньках ня ўстоіць.
 
С а м 
(стогнучы балесна)
 
Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару...
        
        Вядуць яго ўлева; за ім ззаду прыстаў і пагарэльцы. Астаюцца: уся вясельная дружына, войчым, мачыха, старыя, іх нявестка, падростак, вар’ятка і сьляпая. Садзяцца: на зямлі – малады з маладой, абняўшыся; ля іх непадалёку – сват, маршалак, закосьнік, дружкі, музыка, войчым і мачыха; стары – на лаве, зьвесіўшы галаву над сталом. Усе хмурыя, сумныя, некаторыя заплакаўшыся. Гул ад пажару заціх, толькі вецер шалясьціць абтлеўшым лісьцём грушы.
        
С т а р а я 
(валяючыся на зямлі, як падкошаная,
усьлед выводжанаму Саму)
 
Сына роднага забралі!
 
Н я в е с т к а 
(супакойвае затаканае дзіцянё)
 
Над дзіцём ня мелі жалю.
 
С т а р а я 
(сама да сябе)
 
Што тут творацца за дзівы!
Божа ты мой літасьцівы.
 
Стогнуць, плачуць і рагочуць.
Што ім трэба, чаго хочуць?
 
С т а р а ц 
(выйшаў незаметна і стаў ля грушы,
як стуль забіралі Сама. Увесь абвешаны
па-жабрачаму торбамі; стаіць, апёршыся
абедзьвюма рукамі на кій. Загаварыў глуха,
панура і тады толькі зьвярнуў
на сябе ўвагу)
 
З грудзей вырві сваё сэрца, –
Зіму, лета сушы ў печы;
 
А як высахне, смалою
Зьлі жывою сэрца тое
 
Падпалі тады лучынкай,
Каб гарэла безупынку,
 
Як пажар гарэў сягоньня, –
I ідзі ў сьвет, як з паходняй:
 
Праўды йдзі так зь ім шукаці...
Ты ня знойдзеш.
 
Д з я ў ч ы н к а   і   х л о п ч ы к 
(выбягаючы і чапляючыся за вар’ятку,
каторая ўсё снуе то сюды, то туды
з галавешкай уруках і вянком на галаве)
 
Маці, маці!
Дзе наш тата, дзе наш тата?
 
В а р ’ я т к а 
 
Вон, ягнята, вон, шчанята!
 
П а д р о с т а к 
(сядзіць паводдаль на зямлі і пачынае
іграць, паглядаючы на музыку)
 
Былі ў бацькі тры сыны...
        
        
Паволі апускаецца заслона

        
        
        
IV. У ШЫНКОЎНІ
        
        Ноч. Зімой. Шынок у канцы горада; зь левага боку дзьверы; каля сьцен расстаўлена восем столікаў; на сьценах вісіць колькі лубачных малюнкаў; у кутку зь левага боку вісіць абраз – перад ім цепліцца лямпа з алівай; па правым баку буфет і паліцы з бутэлькамі, за буфетам – шынкар; пасярод карчмы, пад сталяваньнем, зачэплена вялікая лямпа; падлога ўся ў гразі і мокрая. Спачатку нікога няма, апрача шынкара і чатырох дзяўчын для паслугі, пасьля пачынаюць сыходзіцца госьці, выгляд маюць усе яны ўбогі, прыбіты, няшчасны. Ад трэцяга абразу прайшло колькі часу.
        
Ш ы н к а р 
 
Гасцей як вымела мятлою,
Хоць і мароз такі сярдзіты,
Бывала, гэткаю парою
Шынок увесь бітком набіты;
 
Таргоўля йдзе – аж глянуць люба –
Паўкварты, кварты, дзе там сотка!
Цяпер жа ўсё ідзе на згубу –
Гніе закуска, сохне водка.
 
А ўсё, ўважаю, вы прычынай;
Гасьцей ня бавіце дарэчы;
Што ўперад вас былі дзяўчыны,
Пры тых ня знаў такой пустэчы.
 
1 - я   д з я ў ч ы н а 
 
Э! Ваша, толькі наракаеш.
 
2 - я   д з я ў ч ы н а 
 
Забыўся, колькі было ўчора.
 
3 - я   д з я ў ч ы н а 
 
Яшчэ сягоньня прычакаеш,
Хай толькі добра сьцюжа змора.
 
4 - я   д з я ў ч ы н а 
(хмура)
 
Як мухаў рой на мухаморы,
Зьбягуцца, пляшкамі зазвоняць;
Пакуль ахвоту ўсю спагоняць,
Пасуду высушаць бяз гора,
Табе кішэнь, як бач, напоўняць.
        
        Чуваць топат на ганку.
        
Д з я ў ч ы н ы 
(разам)
 
А вось і госьць! Ці ж не казалі?
        
        Уваходзяць двое.
        
1 - ы 
 
Што за мароз пячэ сягоньня!
Як прыскам, вочы проста смаліць.
 
2 - і 
 
Ў казіны рог усіх загоне.
        
        Садзяцца ля першага століка зь левага боку.
        
1 - ы 
 
Ану, дзяўчынкі ці кабеты,
Хай там шынкар чаго падсуча.
 
2 - і 
 
А крэпкай так, як мароз гэты;
А як агонь – такой пякучай.
 
1 - я   д з я ў ч ы н а 
(бярэ з буфета дзьве чаркі, паўквартоўку,
на каторую ўскладае на шыйку тры
абаранкі і падае гасьцям)
 
Няхай жа добра вас падсмажа.
        
        Уваходзяць двое.
        
1 - ы 
 
Што за пракляты сівер смажа,
Аж косьці ў крук, як шчэпкі, верце!
 
2 - і 
 
Як воўк авечак, бярэ ў лапы.
        
        Садзяцца ля другога століка.
        
1 - ы 
 
Што ж! Дайце нам таей сусьветнай.
А толькі добра там адмерце.
 
2 - і 
 
Каб аж Люцыпар у праметнай
Разьвесіў, дзіўлячыся, ляпу.
 
2 - я   д з я ў ч ы н а 
(падаючы гарэлку, як 1-я)
 
I ў пекле лепшай не дастаці.
        
        Уваходзяць двое.
        
1 - ы 
 
Гняце і давіць да зарэзу...
Душу у целе не стрымаці.
 
2 - і 
 
Не акуе так і жалеза.
        
        Садзяцца ля трэцяга століка.
        
1 - ы 
 
Няхай жа, ваша, там удружа, –
Шынкар хай толькі знае дзела.
 
2 - і 
 
Каб аж трашчэлі усе путы,
Каб аж сама сталь затрашчэла.
 
3 - я   д з я ў ч ы н а 
(падаючы таксама, як 1-я)
 
Ня знаю што – а трашчэць будзе.
        
        Уваходзяць двое.
        
1 - ы 
 
Прост лёдам кроў сьцялася ў жылах,
Зьледавацелі цэглай грудзі.
 
2 - і 
 
Пячэ, як жаб агнём на вілах.
        
        Садзяцца ля чацвёртага століка.
        
1 - ы 
 
Падай там нам! А каб хапіла,
Аж сівер каб ня змог, як трутняў.
 
2 - і 
 
Каб так нутро ўсё растапіла,
Як топяць шкло у печы гутняй.
 
4 - я   д з я ў ч ы н а 
(падаючы, як і 1-я)
 
Хоць пад свой дом з такім падпалам.
        
        Уваходзяць двое.
        
1 - ы 
 
Абвіўся гадзінай халоднай,
Упіўся ў шыю, як жыгалам.
 
2 - і 
 
Як ястраб птушку рве галодны.
        
        Садзяцца за пяты столік.
        
1 - ы 
 
Гэй, гэй! жывей на стол прынаду –
Зальём атрутаю атруту.
 
2 - і 
 
А каб мацьней была ад яду, –
Як сьмерць сама – так зьвіўнай, крутай.
 
1 - я   д з я ў ч ы н а 
(стаўляючы гарэлку)
 
Кагось ці штось, але атруціць.
        
        Уваходзяць двое.
        
1 - ы 
 
Як перуном страляе ў сьцены,
Кладзе нябожчыкаў ў бяспуцьці.
 
2 - і 
 
Людзей зьядае, як конь сена.
        
        Садзяцца за шосты столік.
        
1 - ы 
 
Таей, што льецца зьменнай хваляй,
Ў шалёным высьвенцанай зельлі.
 
2 - і 
 
Каб аж нябожчыкі ўставалі,
Каб аж крыжы з магіл запелі.
 
2 - я   д з я ў ч ы н а 
(падаючы гарэлку)
 
Хтось запяе, хоць мо ня ўстане.
        
        Уваходзіць Сам – адзін.
        
С а м 
 
На небе сонца зьледаваціў,
Імглою зоры ўсе загаціў,
Зямлю патрэскаў на кургане.
(Садзіцца за сёмы столік.)
Ня будзьце ж толькі скупы ў мерцы, –
А крэпкай так, як кроў жывая;
 
Каб так паліла ў цэлым сэрцы,
Як хата родная палае.
 
3 - я   д з я ў ч ы н а 
(падаючы гарэлку)
 
Крапчэй, як вар сьлязы сірочай,
А вагнісьцей, як крыўды вочы.
        
        У шынку ўсільваецца гоман; дзяўчаты ўвіваюцца, падаючы гасьцям то гарэлку, то піва.
        
П р ы   1 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
(да 2-га)
 
Пі! Што глядзіш, як бы нясьмела?
Пі, каб аж сэрца скрыгатала!
Каб аж душа, як дым, курэла
I дымам вочы засьцілала.
 
2 - і 
(падымаючы з 1-м чаркі)
 
За згубу лепшай, сьветлай долі,
За працьвітаньне чорных хвіляў,
За тых усіх, што мяне гналі,
Пакуль аж тут не утапілі!
 
П р ы   2 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
(да 2-га)
 
Сам галавы сваёй ня вешай:
Табе яе другі павесе...
Пі, каб аж процьму ўсю усьцешыў
I ў гэтай сам струпеў пацесе.
 
2 - і 
(падымаючы чарку)
 
За тыя плецены прылады, –
За тых, што точанаю сталяй
Былі ва ўсіх пуцях завадай,
Пакуль аж тут не прыкавалі!
 
П р ы   3 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
(да 2-га)
 
Што гаеш свой карк, як вол у плузе,
Зямлю капаючы нарогам?
Пі, як канюх расу на лузе, –
Ярмо ты знойдзеш за парогам.
 
2 - і 
(беручы чарку)
 
За тыя пухавы пасьцелі,
За торпы, стогі аж пад неба, –
За тых усіх, што хлеб мой елі,
Пакуль мне тут ня далі хлеба!
 
П р ы   4 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
(да 2-га)
 
Што круціш сумна галавою,
Як касьцяломнаю машынай?
Пі, каб аж трэсла ўсім табою,
Як трасе вецер павуцінай.
 
2 - і 
(падымаючы чарку)
 
За тую комінную сажу,
За сьвіст гудкоў, за дым крывавы, –
За тых усіх, хто мяне пражыў,
Пакуль гарэць тут не заставіў!
 
П р ы   5 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
(да 2-га)
 
Што сеў, як мокрая варона?
Пі, як кроў смокчуць з тваіх косьцяў!
Заліся гараю шалёнай,
Каб аж тапелец пазайздросьціў.
 
2 - і 
(падымаючы чарку)
 
За тыя дзікія напасьці,
За нашу брацкую нязгоду,
За тых, што сьлед закрылі к шчасьцю,
А паказалі сюды ходы!
 
П р ы   6 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
(да 2-га)
 
Не закладай рук, як бы ўсыпаў
У печ апошняе з аруда.
Пі, аж каб вылецелі скрыпы
З грудзей тваіх, як з кол па грудах.
 
2 - і 
(беручы зь першым чарку)
 
За тыя збэшчаныя сілы,
Што самі, чэзнучы ў пракляцьці,
Усе з нас высмакталі жылы
I сюды звабілі смактаці!
        
        Уваходзяць тры дзяўчыны.
        
1 - я 
 
Пусьціў на вуліцу уперад.
 
2 - я 
 
Людское ўсё зьдзёр, апаганіў.
 
1 - я 
 
Цяпер сюды прэ, як у нерат.
 
3 - я 
 
На славы, долі патаптаньне.
        
        Разыходзяцца і прысядаюць к гасьцям.
        
1 - я 
(падсаджваючыся к Саму)
 
Ты што адзін так, небарака,
I чаркі, бачу, не чапаеш?
Са мною выпі, як са ўсякай,
I думай, што з дачкой гуляеш.
 
С а м 
(падымаючы зь дзяўчынай чарку)
 
За тых, хто родны край зьніштожыў
I к цемрам вечным кладкі мосьціць.
За тых...
 
Ш ы н к а р 
(перапыняючы Сама)
 
А што на сьвеце божым
Чутно цікавенькага, госьці?
 
П р ы   1 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
 
Што ж? Народ грэецца, як можа:
Агонь раскладвае усюды.
 
2 - і 
 
З кастры сплясьнеўшай і саломы...
I то ўсё грэюцца прыблуды.
 
П р ы   2 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
 
Масты старыя йдуць на зломы,
Старыя стаў паліць руіны.
 
2 - і 
 
Не збудаваўшы сабе новых –
Мець будзе духу, як з націны.
 
П р ы   3 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
 
Ўжо тлеюць вогнішчы у ровах,
Пяройдуць скора і на горы.
 
2 - і 
 
Пачаў падпал разводзіць зьнізу,
Каб сам прапасьць лепш мог у норах.
 
П р ы   4 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
 
Ста(з радасьцю адбягаючы зь дзяўчынкай)rbr
 
А зь сякерай,
Зьвёўшы хаты, ў воласьць мерыў?
 
i/i(садзячыся на падстаўленай яму лаўцыў класьці ўжо на вокны маты,
Ў куты кладзе абноскі рызаў.
 
2 - і 
 
К вакнам прыладжывае латы,
А дзьверы насьцеж раскрывае.
 
П р ы   5 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
 
А ўсё ж, і ў горадзе і то ўжо
Агонь на вуліцах палае.
 
2 - і 
 
I гінуць самі ў ім, як смоўжы,
Нагой сьляпою растаптаны.
 
П р ы   6 - м   с т о л і к у 
 
1 - ы 
 
Але ахвота змагаць сьцюжу
Усіх з пасьцелі прэ ад рана.
 
2 - і 
 
Ахвотай і надзеяй дужы,
На дзеле ж слабшыя ад мухаў.
 
С а м 
 
Яшчэ бізун замала хухаў,
Замала пёк рабоў пакорных;
А ў думах выхаваны зморных,
Ня знаюць, дзе пячэ, дзе студзіць.
 
М н і ш к а 
(увайшла з двара і, адбіўшы паклон у бок
абраза, абходзіць столікі)
 
На манастыр і на храм божы...
 
З   1 - г а   с т о л і к а 
 
З-пад храмаў лепш ідзі у людзі
Палоці грады, жаці збожжа.
 
З   2 - г а   с т о л і к а 
 
Лепш лён ідзі часаць і прасьці,
Для голых шый лепш кашулёны.
 
З   3 - г а   с т о л і к а 
 
Нясла ж ты помач у няшчасьці
Ў свае радзімыя староны?
 
З   4 - г а   с т о л і к а 
 
У муры чымся зашывацца,
Ідзі лепш к працы на прасторы.
 
З   5 - г а   с т о л і к а 
 
Ня мур павінен храмам звацца,
А цэлы сьвет – зямелька, зоры.
 
З   6 - г а   с т о л і к а 
 
Дзяцей ідзі ленш гадаваці,
На бітву будучую сілы.
 
С а м 
 
Йдзі сонца ўсходу выглядаці
Над сваіх прадзедаў магілай.
        
        Уваходзіць фокусьнік; мнішка зь нічым выходзіць.
        
Ф о к у с ь н і к 
(дастаючы з-пад палы паперыну,
зложаную гармонікам, і кланяючыся
гасьцям)
 
З вашай ласкі, сызваленьня
Даць хачу вам прадстаўленьне,
Каб вас лепш ахвота брала,
Лепш шынкоўня таргавала.
(Паказваючы.)
 
Вось кусочак вам паперы –
I ня белы, і ня шэры –
 
Ў сабе мае моц такую, –
Што захочаце, збудую.
 
Перш, во хата, як ёсьць, хата,
Каля хаты – плот, як крата;
 
Мужычок сядзіць у хаце
I пляце сабе сам лапці.
 
А вось хорам, як ёсьць, дворны –
Пабяляны і прасторны;
 
Хтось ля ганка стаў бяз шапкі
I цалуе пана ў лапкі.
 
Гэта фабрыка ўжо будзе, –
Вось закураны ў ёй людзі;
 
Ў неба з коміна дым валіць.
Як бы душ там гатавалі.
 
Во – шынкоўня, як і наша,
Так галубіць, як і страша;
 
Шынкарочак за буфетам:
Рад гасьцям зімой і летам.
 
Суд – будынак, значыць, гэты, –
Кругом вострыя штахеты:
 
Засядаюць у ім судзьдзі –
Брушкі тоўсты, ў бляхах грудзі.
 
А во! гэты мур цагляны
Нашым братам збудаваны:
 
Ў вокнах краты, тоўсты сьцены...
Ну, – астрог – наш хлеб штодзенны.
 
Тут сібірскія абшары:
Поле пусткай, неба – ў хмарах;
 
Сьцюжа, лес сапуць пакутай,
Як бы звоны вечных путаў.
 
Тутка – могілкі шарамі
Між лазовымі кустамі,
 
Толькі крыжа штось ня відна...
Знаць, яму тут стала стыдна.
 
А вось сельская зноў хата.
Каля хаты плот, як крата;
 
Мужычок сядзіць у хаце
I пляце сабе сам лапці.
 
Далей – тое усё, як казка...
А за працу мне што ласка:
 
З гурту – нітачка, другая,
А ўжо голы пятлю мае.
(Абыходзячы гасьцей з шапкай.)
 
Будаваў без інжынера,
Безь людзей і безь сякеры.
 
К о л ь к і   г а л а с о ў 
(кідаючы медзякіў шапку, пасьля чаго
фокусьнік выходзіць з шынкоўні)
 
Што ж? нядрэнныя паперы.
        
        Па выхадзе фокусьніка Сам пачынае нехаця званіць пальцамі па ліры. Усе зьвяртаюць на яго ўвагу.
        
К о л ь к і   г а л а с о ў 
 
А, лірнік! Што там шэпчаш звонам?!
Грымні, каб чутна ўсім было нам.
 
С а м 
(кладучы ліру на каленях)
 
Канечна, мае голас ліра,
Бы толькі слухалі вы шчыра.
(Грае, манатонна напяваючы.)
 
Ходзіць сьцежкай-пуцявінай
Ад хаціны да хаціны
 
Лірнік зь лірай звонкаструннай,
Паглядаючы ў сьвет сумна.
 
Сонца потам палівае,
Ноч жудою спавівае,
 
Вецер сьвітку рве і шчыпле,
Сьнег у вочы смольлю сыпле.
 
Сыпле ў вочы, як пасеі,
Бараду яго разьвеяў
 
На старонкі на абедзьве –
Ён пляцецца ледзьве-ледзьве.
 
Плечы горб гняце пахіла,
Грудзі ўпалі, як магіла,
 
Чуць-чуць ходзяць ходам ногі
На дарогу, то з дарогі.
 
Ёмка ўжо трасуцца рукі:
Многа мелі, знаць, дакукі;
 
Толькі голас знае дзела –
Дабываюць грудзі сьмела.
 
Чуць ідзе, а звоніць зь лірай
На старонкі на чатыры
 
I старой, і новай песьняй
Так магуча, так балесьне.
 
А калі ж к нам зьмілаваньне
З дальняй далі прыйдзе, гляне?
 
Лад-парадак пазаводзіць,
Думкі песьняй асалодзіць?
 
А калі ж к нам рыцар важны
Прыплыве Дунаем з княжнай?
 
Нас падыме, заахвоціць
К лепшай славе і рабоце?
 
А калі ж к нам прыйдуць весьці,
Што пара усім засесьці
 
На пачэсным на пасадзе
Ў роднай долі, ў роднай радзе?
 
А калі ж мы загуляем
За вялікім караваем,
 
Закалышамся каронай
Ля дубровы ля зялёнай?
 
А калі ж наклеплем косы
На чырвоныя на росы,
 
Што палеткі сушаць нашы, –
Хлеб людзям, а коням пашу?
 
А калі ж пясьняр вялікі
Нашай песьняй пусьціць клікі
 
I гарой, і даліною,
Дрогне небам і зямлёю?
 
А калі ўсё гэта будзе?
Дзе схавана, дзе марудзіць?
 
Ходам ходзіць – не прыходзіць,
А, здаецца, клічам годзіць...
 
Клічам каняй на пагоду
Ад усходу да заходу,
 
Молім, сеем рэчкай сьлёзы
Ад марозаў да марозаў;
 
I нічога, а ўсё толькі
Паганяюць больку болькі,
 
Са старонкі левай, беднай
Маладзік страчаем бледны.
 
Ждуць пасеву горы, долы,
Нашы нівы, нашы сёлы,
 
Няма ж месца ад залома
Ані ў полі, ані дома,
 
Пакрывіла сьцюжа хаты,
Пазьмятала стрэхі з латаў –
 
Пазьмятала, не спытала,
Ў чыстым полі пахавала.
 
З-пад глухога неба хмары
Кветкі губяць на папары,
 
Ўсё палошчуць і дрыгочуць;
Хоць бы йшлі ўжо – йсьці ня хочуць.
 
Хто прагоніць, хто ўбароне,
Крыжам ляжа на загоне?
 
За гарамі, за даламі
Дрэмле сонца наша з намі;
 
Ночка ходзіць, не адходзіць
I сьляпой савой заводзіць.
 
Ад далёкіх, блізкіх ветраў
На жывых напала нетра,
 
На забранай сенажаці
Стогнуць дзеці, плача маці.
 
Ані знаку агняцьветаў,
Праўды-маткі ня шлюць сьвету
 
Жыватворнаю крыніцай
Ад граніцы да граніцы.
 
Лірнік Лазар ходзіць, плача,
I ніхто яго ня бача.
 
Не прыходзіць зьмілаваньне
З важнай весьцю ў добрым стане.
        
        Усе мімавольна паўтараюць апошнія дзьве звароткі пад такт песьні Сама. Пачынаецца напяваньне бяз слоў, каторае паволі ўсільваецца ў нейкую жудка-сумную, прыдаўленую мэлёдыю, становіцца штораз ясьней з чутнымі выразна словамі. Маўчыць толькі шынкар.
        
...Вырвалі шчасьце, вырвалі вочы,
Думы паганяць няславай;
Сьцежкі заслалі цемраю ночы,
Рыюць у процьму канавы.
 
Тутка мы п’яны, ах, п’яны
Вечным пракляцьцем сваім:
Гоячы вечныя раны,
Новыя раны тварым.
 
*
 
Вышай ці ніжай – цемра-пацёмкі:
Ўсходу паходні ня знаці.
Продкі – ў магіле, ў путах – патомкі,
З намі, прад намі – бясхацьце.
 
Тут п’яны мы, як сьляпыя,
Сьлёзы з атрутаю п’ём,
Помнячы петлі старыя,
Новыя путы куем.
 
*
 
Рукі ў аковах, душы ў балоце,
Зьверства спраўляе каляды;
Сьвіст гругановы целам калоце,
Гадзіны сыкаюць здрадай...
 
Тутка мы п’ём, не марудзім,
Вечнай адданы кляцьбе:
Даўніх праступкаў забудзем,
К новым пад’юдзім сябе.
 
*
 
Хто лепш ярмом нас здавіць, прыцісьне –
Б’ём таму ніжай паклоны,
I ненавідзім так бескарысьне,
Як бескарысны усе нашы плёны.
 
Тутка мы п’яны, ах, п’яны...
Як сэрца ядам зьмяі.
Тут, там нам праўда ня знана –
Хто мы: зьвярмі ці людзьмі?
        
        Уваходзіць малады стражнік; шынкар паказвае яму месца пры 8-м, апошнім століку каля самага буфета. Песьня зноў пераходзіць у нямы – бяз слоў – гул. Скора за стражнікам уваходзяць два музыкі – адзін са скрыпкай, другі з гармонікам; як увайшлі, усе перасталі пець.
        
К о л ь к і   г а с ь ц е й 
(разам)
 
Ціха! ўжо прыйшлі музыкі.
        
        Музыкі садзяцца па левай старане ля дзьвярэй і зводзяць скрыпку з гармонікам.
        
З   1 - г а   с т о л і к а 
 
Як добра, што шынкар паклікаў...
Зайграйце, толькі ж не фальшыва –
Як судзьдзі, купленыя медзьдзю.
 
З   2 - г а   с т о л і к а 
 
Няхай маланкай смык паедзе,
А так сьвістуча, так ігрыва,
Як куля, пушчаная ў птушку.
 
З   3 - г а   с т о л і к а 
 
Як аплявухі, рэжце звонам;
Гудзі гармошкай, як кадушкай,
Як бізуном гудзе аконам.
 
З   4 - г а   с т о л і к а 
 
Скрыпніце й скрыпкай, і гармошкай,
А так піскуча, так прымерне,
Як тыя ў фабрыках шасьцерні.
 
З   5 - г а   с т о л і к а 
 
Зьвініце, йграйце п’яна-звонка,
Як шклянкі гэтыя і пляшкі,
Каб аж забегалі мурашкі.
 
З   6 - г а   с т о л і к а 
 
Зьвініце, як ноч гэта звоніць, –
Як на змазоленай далоні
Зьвініць апошняя капейка.
 
С а м 
 
Я чуў шмат лет таму жалейку...
        
        Музыкі, глушачы далейшыя словы Сама, пачынаюць іграць «Ой-ра, ой-ра»; некаторыя з гасьцей выкручваюць п’яна ў такт ігры за столікамі нагамі. Усе гамоняць і ў нос падпяваюць музыкам.
        
С а м 
(як музыкі перарвалі ігру)
 
А каб цяпер – «Волны Дунаю»...
Дунай я часта ўспамінаю.
        
        Іграюць «Волны Дуная»; усе ім падцягваюць; пасьля – як падніманыя зь месца невядомай сілай – пачынаюць у пары зь дзяўчынай круціцца; выгляд кожная пара мае ненатуральны – паўдзікі, пануры, рэшта – па адным пры кожным століку – сядзяць і глуха падпяваюць музыкам. Сам такжа круціцца; стражнік сядзіць. Па колькі мінутах адчыняюцца ў шынку дзьверы і два мужчыны ўцягваюць замёрзшую скасьцянеўшую кабету; усе, не дагледзеўшы гэтага, час нейкі яшчэ круцяцца.
        
Ш ы н к а р 
(такжа не заўважыўшы спачатку)
 
Што гэта? Што? Сьвяты Бог з вамі!
Скуль вы з такою падарожнай?
 
1 - ы   м у ж ч ы н а 
(музыка і гульня ціхне)
 
Замерзла тутка пад вакнамі,
Яшчэ к жыцьцю вярнуці можна.
 
2 - і   м у ж ч ы н а 
 
Мы йшлі сюды шукаць начлегу –
І лядзім – ляжыць, як корч, кабета.
 
Ш ы н к а р 
 
Нясіце сьнегу! Жывей сьнегу!
Сьнег памагае ў разах гэтых.
 
Н е х т а   з   г а с ь ц е й 
 
Так, як нябожчыку палонка.
        
        Усе абступаюцца каля замёрзшай і ўглядаюцца.
        
С т р а ж н і к 
(адскакваючы, як бы спужаўшыся)
 
Моя мамаша...
 
С а м 
(валячыся на калені над замёрзшай)
 
Мая жонка...
        
        
Заслона


Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.